epub
 
падключыць
слоўнікі

Аляксандар Пушкін

Палтава

ПЕСНЯ ПЕРШАЯ
ПЕСНЯ ДРУГАЯ
ПЕСНЯ ТРЭЦЯЯ


 

Прысвячэнне

 

 

The раvег and glory of the war,

Faithless, as their vain votaries, men

Had passʼd to triumphant Czar.

 

В у r о n 1

 

 

 

Табе — ды голас музы цёмнай

Ці закране твой чуткі слых?

Ці ўловіш ты душою скромнай

Палёт сардэчных дум маіх?

Ці прысвячэнне ад паэта,

Як і калісь яго любоў,

Пакінеш зноў ты без прывета

I не прызнаеш яго слоў?

 

Пазнай жа хоць былыя гукі —

Калісь была ты рада ім —

I думай, што і ў дні разлукі

У лёсе зменлівым маім

Твая сумотная пустыня,

Апошні гук тваіх размоў —

Адзін мой скарб, адна святыня,

Мае душы адна любоў.

 

 

1 Магутнасць і слава вайны, зменлівыя, як і іх суетныя паклоннікі – людзі, перайшлі на бок трыумфуючага цара. Байран.

ПЕСНЯ ПЕРШАЯ

 

Багаты, слынны Качубей,

Яго лугі — разгон прастору;

Там табуны яго каней

Пасуцца вольна, без прызору.

Вакол Палтавы хутары

Яго атулены садамі.

Жыве ў раскошы і ў дабры,

I пʼе і есць на серабры,

I шмат багацця пад замкамі.

Ды Качубей багат і горд

Не даўгагрывымі канямі,

Не золатам, данінай орд,

I не фамільнымі дварамі,

А ганарыцца Качубей

Красуняй дочкаю сваей.

 

I сапраўды: ў Палтаве ўсёй

Няма красы, Марыі роўнай.

Яна свяжутка, як вясной

Прывабны цвет цішы дуброўнай.

Як топаль кіеўскіх вышынь,

Яна страйна. Яе парывы

Нагадваюць то рэчкі плынь,

То лебедзі ход між глыбінь,

То быстрай лані бег імклівы.

Як пена, персь яе бяла.

Вакол высокага чала,

Як хмары, локаны чарнеюць.

З яе вачэй зоры глядзяць;

Як ружа, вусны яе рдзеюць.

Ды не адна красы пячаць —

Імгненны цвет! — пагудкай шумнай

Прызнана ў ёй, ухвалявана:

Усюды славіцца яна

Дзяўчынай скромнай і разумнай.

Затое знатных жаніхоў

Ёй шле Украйна і Расія;

Ды ад вянца, як ад акоў,

Бяжыць пужлівая Марыя.

Адмоўны сказ ўсім жаніхам —

I вось сватоў шле гетман сам.

 

Стары ён, змучаны гадамі,

Вайною, клопатам, трудамі,

Пачуцці ж ў ім кіпяць, і зноў

Мазепа пазнае любоў.

Імгненна сэрца маладое

Гарыць і гасне, і мілосць

У сэрцы тым не новы госць —

Штодня пачуцце ў ім другое.

Не так паслушна, не злягла,

Не так раптоўнасцю запала

Палае сэрца старыка,

Што плынь гадоў загартавала.

Упарта, спакваля яно

Праходзіць палкасці гарно,

Ды позні жар яго не стыне,

Хіба з жыццём ужо пакіне.

Не серна ў потайнае места

Бяжыць, арла пачуўшы лёт,

Адна стаілася нявеста,

Дрыжыць, чакаючы прыгод.

 

I, ўся паўнютка абурэннем,

К ёй маці йдзе і з дрыгаценнем,

Схапіўшы руку, кажа ёй:

«Дзе стыд яго! старызна хцівы!

Ці можна?.. Не, пакуль мы жывы

Не, ён не ўчыніць намер свой!

Павінны быць аховай дружай

Свае хрышчэнніцы, а ён —

Варʼят! — на схіле сваіх дзён

Уздумаў стацца яе мужам!»

Марыя дрогнула. Вакол

Ёй свет заслаўся цьмой магільнай

Пахаладзела і бяссільна

Упала дзеўчына на дол.

 

Яна ачнулася, ды зноўку

Закрыла вочы і ні слоўка

Не кажа. Бацька з маткай ёй

Шукаюць сэрца заспакоіць

I разагнаць ліхі настрой,

Трывогу, смутных думак рой.

Дарма. Цалюткія два дні

Была Марыя, бы ў агні,

I не піла яна, не ела,

Хадзіла плачучы, як цень,

I не сплючы. На трэці дзень

Яе святліца апусцела.

Ніхто не знаў, калі і як

Сышла яна. Адзін рыбак

Чуў конскі тупат а той ночы,

Казацкі голас і дзявочы,

Ды ранкам след васьмі падкоў

Адбіўся на расе лугоў.

 

Не толькі пух юнацкіх шчок

Ды кучмы русыя, вітыя,

Падчас і старца строгі зрок

I валасы яго сівыя

У мары палкае красы

Кладуць прывабу галасы.

 

I вось да слыху Качубея

Прыйшла, як з грому, навіна:

Забыла гонар, стыд яна —

Яна ў абнімках ліхадзея!

Ганьба!.. Бацькі — ды як жа ім

Паверыць гутаркам людскім?

I толькі зараз праўда гэта

Раскрыта ў жудасці сваёй.

I толькі зараз зразумета

Душа бяглянкі маладой.

I толькі зараз стала яўна,

Чаму ўнікала самапраўна

Яна замуства, як акоў,

Тамленнем тайным уздыхала

I ўсе залёты жаніхоў

Маўчаннем гордым сустракала,

Чаму так ціха за сталом

Яна за гетманам сачыла,

Калі бяседа гаманіла,

Як чаша, поўная віном;

Чаму яна заўжды спявала

I тыя песні, што ён сам

Складаў, няведамы людзям,

Калі і слынь яго не знала;

Чаму не з дзеўчаю душой

Яна любіла конны строй,

Ваяцкі звон літаўраў, клікі

Прад бунчуком і булавой

Яго, Украіны ўладыкі.

 

Багаты, знатны Качубей,

Даволі ёсць яго людзей.

Сваю абмыць ён можа славу,

Падняць ён можа ўсю Палтаву;

Раптоўна срэдзь яго харом

Набегчы можа ён, як гром,

I помстай бацькі ліхадзею

Ён можа вернаю рукой

Ўсадзіць... ды намысел не той

Хвалюе сэрца Качубею.

 

Была то цяжкая пара,

Калі Расія ў змогах сілы,

Яшчэ разгортваючы крылы,

Мужнела з геніем Пятра.

Суровы быў у справе славы

Настаўнік дан ёй. Не адзін

Урок нягаданы, крывавы

Задаў ёй шведскі паладзін.

Але ў іспытах доўгай кары

Акрэпла Русь, знёсшы удары.

Так цяжкі молат на свой лад,

Бʼючы шкло ў друз, куе булат.

 

Вянчаны славаю бясплоднай,

Над багнай Карл ступаў халоднай

Ён шоў вайною на Маскву

I гнаў расійскія дружыны,

Як гоніць віхар пыл даліны

I хіліць пыльную траву.

Ён шоў дарогай, дзе ў дні нашы

Больш сільны вораг кінуў след,

Адпіўшы боль з падзення чашы

I загубіўшы славы цвет.

 

Быў неспакой на Украіне.

Пажару іскра ў ёй не стыне.

Сябры крывавай старыны

Народнай прагнулі вайны

I, патрабуючы пыхліва,

Каб гетман волі даў прастор,

Чакаў на Карла нецярпліва

Іх легкадумнасці задор.

Вакол Мазепы разліваўся

Мяцежны гул: «Пара! пара!»

Ды стары гетман заставаўся

Адданым служкаю Пятра.

Захоўваючы, як звычайна,

Суровасць, ведаў ён Украйну,

Нібы нічога не зважаў.

I раўнадушна піраваў.

 

«Што ж гетман? — моладзь гаманіла:—

Ён аслабеў, ён дужа стар,

Гады, турбота загасіла

Былы агонь яго і жар.

Нашто дрыгучаю рукою

Яшчэ ён носіць булаву?

Цяпер бы грымнуць нам вайною

На ненавісную Маскву.

Калі б стары той Дарашэнка,

Ці Самайловіч малады,

Ці наш Палей, ці Гардыенка

Ды мелі сілу, дык тады

У снезе дальняе чужыны

Не прападалі б казакі

I нашай сумнае краіны

Ужо вызваляліся палкі».

 

Так у свавольнасці запала

Бунтоўна моладзь наракала

I небяспечных прагла дзён,

Забыўшы гнёт былы, палон

Свае Айчыны, яе гора,

Багдана бітвы, дагаворы

I часаў дзедаўскіх разгон;

Ды старасць ходзіць асцярожна

I падазронасці паўна:

Чаго дзе нельга і што можна

Не зразу выкажа яна.

Хто сойдзе ў глыбіню марскую

Пад цяжкім сховам ледзяным?

Хто вострым розумам сваім

Пранікне ў бездань патайную

Душы няшчырай? Думкі ў ёй,

Плады развагі волі злой,

Ляжаць, стаіўшыся глыбока.

I намысел пары былой,

Быць можа, спее адзінока.

Як знаць? Ды чым Мазепа злей,

Чым сэрца ў ім хітрэй, фальшывей,

Тым з віду ён яшчэ жычлівей

I ў абыходжанні прасцей.

Як ён умее самаўладна

Прывабіць сэрцы, адгадаць,

Валодаць думкамі дарадна,

Чужыя тайны разглядаць!

З якой даверлівасцю хцівай,

Як дабрадушна на пірах

З старымі, старац гутарлівы,

Шкадуе ён аб прошлых днях.

Сваволю славіць са свавольным,

Улады ганьбіць з недавольным,

З зацятым слёзы ліць гатоў,

З глупцом падзеліць час размоў.

Не многім, можа быць, вядома,

Што дух яго неўгаманім,

Што рад адкрыта, патаёма

Ён шкодзіць недругам сваім,

Што крыўды ні адной ніколі,

Як ён жыве, не забываў.

Што ў далеч намер злое волі

Старык пыхлівы закідаў;

Што ён не ведае святыні,

Што ён не помніць міласціны,

Што ён не даражыць нічым,

Што кроў гатоў ён ліць, як воду,

Што не шануе ён свабоду,

Што для яго Айчына — дым.

 

Здаўна ўжо намысел жахлівы

У сэрцы тоіць злы старык,

Але зрок востры, абурлівы

Варожы зрок яго пранік.

«Не, злы драпежнік, не, гад подлы

Скрыгоча ў мыслях Качубей: —

Я не крану змяінай кодлы,

Цямніцы дочухны маей.

Не стлееш ты сярод пажару,

Ты не падохнеш ад удару

Казацкай шаблі, люты гад:

У рукі возьме цябе кат.

Ў крыві, у марным запіранні,

На дыбе ў жорсткім катаванні

Ты праклянеш і дзень і час,

Калі дачку хрысціў у нас,

I пір, калі пачосткі чашу

Табе я споўна наліваў,

I ноч, калі галубку нашу,

Стары каршун, ты закляваў!»

 

Так! былі часы: з Качубеем

Дружыў Мазепа, і тады,

Як за сталом соль, хлеб з алеем,

Дзялілі радасці плады.

Не раз іх коні ў бой суровы

Імчалі побач праз агні,

I часта доўгія размовы

Сам-насам ткалі ў цішыні.

Прад Качубеем гетман прагны

Сваёй душы мяцежнай багны

У тых размовах адкрываў,

Аб надыходзячых змяненнях,

Перагаворах, абурэннях

У цьмяных словах намякаў.

Так, было сэрца Качубея

У той час прыязна яму.

Цяпер у ім жар злобы спее,

Цяпер жаданню аднаму

Яно паслушна. Ён галубіць

Адну мысль днём і ўцемачку:

Ці згіне сам, ці яго згубіць

I возьме помсту за дачку.

Але палаючую злобу

Ён моцна ў сэрцы захаваў,

Бяссілле, гора і жалобу

Цяпер ён к смерці скіраваў.

Ён зла Мазепу не жадае;

Віна ўсяму — дачка адна.

Ён і дачцэ грэх адпускае:

Хай Богу дасць адказ яна,

Свой дом зняславіўшы ганьбою,

Забыўшы неба і закон...

 

Між тым, заняты барацьбою,

Сярод сваіх шукае ён

Сабе таварышоў адважных,

Выпрабаваных, непрадажных.

Прызнаўся жонцы ён ва ўсім —

Даўно ён марыць аб адным

I ўжо данос цішком рыхтуе.

Жаночай злосці ўся паўна,

Гарыць той помстай і яна,

Ад мужа помсты патрабуе

У час начны, на ложы сну,

У сэрцы песціць мысль адну —

Пра кару шэпча, дакарае,

I слёзы горка лье старая,

I клятвы трэбуе святой —

I Качубей клянецца ёй.

Удар абдуман. З Качубеем

I смелы Іскра заадно.

Абодва думаюць: «Здалеем,

I вораг зрынецца на дно.

Ды хто ж агнём запалымее,

Гарлівасць маючы к дабру,

Данос на сільнага зладзея

Непракананаму Пятру

Да ног паложыць, не знямее?»

 

Паміж палтаўскіх казакоў,

Дзяўчом няшчасным непрызнаных,

Адзін даўно, з малых гадоў

Кахаў яе самааддана.

Вячэрняй, ранічнай парой

На роднай рэчцы, пад гарой,

У цені вішань ці чарэшань

Бывала ён яе чакаў

I ў тым чаканні гараваў

I быў спатканнем з ёй суцешан.

Ён без надзей кахаў яе,

Не дакучаў ён ёй мальбою:

Знявагі б ён не знёс свае.

Калі наплылі чарадою

К ёй жаніхі, ён з іх радоў,

Панылы, сумны, аддаліўся.

I вось калі між казакоў

Ганебны слых аб ёй расплыўся

I безжалосна гамана

Яе са смехам шальмавала,

I тут над хлопцам захавала

Правы абыклыя яна.

Але калі хто, хоць выпадкам,

Пры ім Мазепу называў,

То ён бляднеў, згрызаўся ўкрадкам

I вочы ў землю апускаў.

 

Хто ў зорнай чуткай цішыні

Так позна едзе на кані?

Чый гэта конь няўтомны, ладны

Бяжыць па стэпе неаглядным?

 

Казак на поўнач шлях дзяржыць,

Казак не хоча адпачыць

Ні ў чыстым полі, ні ў дуброве,

Ён вір прайсці напагатове.

 

Як шкло, булат яго блішчыць,

Мяшок за пазухай бразчыць,

Не спатыкнецца конь імклівы,

Бяжыць, памахваючы грывай.

 

Чырвонцы — помач для ганца.

Булат — пацеха малайца,

Імклівы конь — пацеха зноў жа,

Ды шапка для яго дарожай.

 

За шапку ён пакінуць рад

Каня, чырвонцы і булат.

Аддасць ён шапку толькі з бою,

Дый то з удалай галавою.

 

Чаму ён шапкай даражыць?

Таму, што ў ёй данос ляжыць.

Данос на злога ліхадзея

Цару Пятру ад Качубея.

 

Гразы не чуючы, між тым,

Не патрывожаны нічым,

Мазепа здрайства не спыняе.

З ім разам езуіт, і ён

Мяцеж народны учыняе

I хісткі суліць яму трон.

У цьме начной, у тайным зборы

Вядуць яны перагаворы

I здраду цэняць між сабой.

Складаюць цыфр універсалаў,

Гандлююць царскай галавой,

Гандлююць клятвамі васалаў.

Сюды ў палац якісь дзядок,

Жабрак таемны, скулься ходзіць,

I Орлік, гетманаў дзялок,

Яго прыводзіць і выводзіць.

Усюды сеюць тайна муць

Яго падкупленыя слугі:

На Дон яны ў казаччы кругі

Мяцеж з Булавіным нясуць:

Там абуджаюць орд адвагу;

Там, за парогамі Дняпра,

Пужаюць вольную ватагу

Самадзяржаўнасцю Пятра.

Мазепа ўсюды зазірае

I пісьмы шле ад краю ў край,

Пагрозай хітра падымае

Ён на Маскву Бахчысарай.

З ім польскі круль інтэрас мае,

З ім і ачакаўскі паша,

У станах Карл і цар. Не знае

Граніц праступная душа.

Ён думкай думку развівае,

Вярней рыхтуючы удар.

У ім не слабне воля злая,

Неўгаманім праступны жар.

 

Ды як ён дрогнуў, як ускочыў,

Калі прад ім раптоўна ў вочы

Нібы скаціўся гром. Яму,

Расіі ворагу таму,

Вяльможы рускія прыслалі

Ў Палтаве пісаны данос,

I замест праведных пагроз,

Як той ахвяры, спачувалі.

Цар, заклапочаны вайной,

Данос той лічачы маной,

Яго пакінуў без увагі,

I сам ён Юду суцяшаў

Ды злобу шумам карнай плягі

Надоўга сцішыць абяцаў.

 

Мазепа ў болесці прытворнай

Цару шле голас свой пакорны:

I знае Бог і бачыць свет —

Ён, бедны гетман, дваццаць лет

Цару служыў душою вернай,

Яго шчадротаю нязмернай

Асыпан, высака паднят...

Бязглузда, слепа зло людзіны!..

Ці ж ён пры дзверах дамавіны

Пачне учынкі чорных здрад

I будзе цьмяніць сваю славу?

Хто ў абурэнні Станіславу

Адмовіў, помачы не даў?

Ён адхіліў вянец Украйны,

А дагаворы, пісьмы, тайны

Цару законна адаслаў.

Хіба не ён намовам хана

I цараградскага султана

Быў глух? Стараннем гаручы,

Каб царскіх ворагаў змагчы,

Заўсёды рад быў меч крывавіць,

Турбот жыцця ён не жалеў,

I зараз вораг злобны смеў

Яго сівіны так зняславіць.

I хто? хто? Іскра, Качубей!

Так доўга будучы сябрамі!..

I з крыважэрнымі слязамі,

У жорсткай дзёрзкасці сваей

Іх смерці прагне ліхадзей.

Чыей... старык ліхі, зацяты!

Чыю ж дачку ласкае ён?

Але без жалю гоніць вон

Ён сэрца голас непрыняты.

Ён кажа: «Не! у той цяжбе

Няроўна сілы, неразумны!

Ён сам, гардлівец неадумны,

Тапор сам вострыць на сябе.

Куды бяжыць, закрыўшы вочы?

На што надзеі класці хоча?

Або... ды доччына любоў

Жыцця бацькоўскага не купіць.

Любоўнік гетману саступіць,

А не — мая пральецца кроў».

 

Марыя, мілая лілея,

Краса ўкраінак маладых!

Ці знаеш ты, якога змея

Ласкаеш на грудзях сваіх?

Якой жа ўладаю нязнанай

Ты моцна так прыцягнена?

Каму ў ахвяру аддана?

Яго кучматыя сівіны,

Яго глыбокія маршчыны,

Яго бліскучы зрок-пагляд,

Яго размоў падступных чад

Табе за ўсё, за ўсё дарожай —

I маці ты забыць магла,

I за спакуслівае ложа

Ты родны дом свой аддала.

Сваімі дзіўнымі вачамі

Цябе старык прычараваў,

Сваімі ціхімі славамі

Тваё сумленне пахаваў.

Ты на яго ў зачараванні

Узводзіш свой аслеплы зрок,

Табе ў зняслаўленым каханні

Салодкім стаўся горкі сок.

Ты ў безразважным захапленні

Ім як цнатлівасцю гарда.

Прыгожасць дзеўчага стыда

Ты страціла ў сваім падзенні...

 

Што погалас? што сорам ёй?

Што для яе людскія словы,

Калі ён, гетман сам суровы,

Прад ёю нікне галавой,

Калі ён з ёю забывае

I свайго лёсу клопат, шум,

Ці тайнасць смелых, грозных дум

Ёй, кволай дзеўчы, адкрывае?

I дзён нявінных не шкада,

Ды сэрца ёй адна нуда

Падчас, як хмара, зацямняе:

Яна панылых прад сабой

Айца і матку уяўляе;

Яна праз слёзы бачыць іх,

У горкай старасці адных,

I нібы скаргі іх чытае.

О, калі б ведала яна

Аб тым, што знала ўся Украйна!

Ды ад яе яшчэ адна

Захована ліхая тайна.

 

 

ПЕСНЯ ДРУГАЯ

 

Мазепа хмур. Адум яго

Трывожаць мары чорным роем.

Марыя з ласкай, з непакоем

Глядзіць на гетмана свайго,

Шчакой прынікшы да каленяў,

Каб сум пяшчотамі суняць.

Дарма: панурых яго ценяў

Яе каханню не сагнаць.

Не кранут ён яе адданнем,

Няўважна ў дол утупіў зрок,

I ёй на ласкавы папрок

Нямым адказвае маўчаннем.

Пачуцці лепшыя яе

Зняважыў ён. Яна ўстае

I кажа з гнеўным хваляваннем:

 

«Паслухай, гетман: для цябе

Забыла я пра ўсё на свеце,

Каханню верная, кляцьбе,

Адно і мела я на мэце:

Тваё каханне. З-за яго

Я шмат утраціла чаго,

Ды ні аб чым я не шкадую.

Ты помніш — ноч? У той цішы

Спазнаў ты жонку маладую...

Хіба ж не кляўся мне, скажы?

Чаму ж мяне ты не кахаеш?»

 

М а з е п а

Мой друг, несправядліва ты,

Пакінь варʼяцтва чмут пусты —

Дарма сама сябе згрызаеш.

Не, душу палкую тваю

Хвалююць, асляпляюць, здрады.

Марыя, вер: цябе люблю,

Кахаю болей славы, ўлады.

 

М а р ы я

 

Няпраўда: мне ты кажаш казкі —

Раней былі мы неразлучны,

Цяпер табе не мілы ласкі,

Цяпер яны табе дакучны.

Ты цэлы дзень паміж старшынь...

Піры, разʼезды — я забыта;

Ты доўгай ноччу ці адзін,

Ці з жабраком, ці ў езуіта.

Любоў пакорная мая

Адну і ведае суровасць.

Ты піў нядаўна, знаю я,

За Дульскую. Мне гэта новасць.

Хто гэта Дульская?

 

М а з е п а

 

Пакінь!

Ці ж мне, скажы, у мае годы

Шукаць падобнае прыгоды —

Пышлівых ласк пустых княгінь?

Ці стану я, старык суровы,

Як нейкі блазан уздыхаць,

Насіць ганебныя аковы,

Жанчын прытворствам спакушаць?

 

М а р ы я

 

Ты мне кажы без адгаворак,

Адказ праўдзіва, проста дай.

 

М а з е п а

 

Твой непакой душы мне горак,

Дык ведай праўду ўсю і знай:

Даўно замыслілі мы справу,

Цяпер яна кіпіць у нас.

Ды не на ўцеху і забаву,

А на змаганне спее час.

Без мілай вольнасці і славы

Узняць не смелі галавы

Мы пад апекаю Варшавы,

Пад самаўладнасцю Масквы.

Ды незалежнаю дзяржавай

Украйне быць ужо пара,

I штандар вольнасці крывавай

Я падымаю на Пятра.

Гатова ўсё: у перамовах

Са мной абодва каралі,

I можа я ў баях суровых

Пастаўлю трон свае зямлі.

Сяброў я маю за сабою:

Княгіню Дульскую, а з ёю

Заруку дзвюх яшчэ галоў.

Яны мой план к канцу прыводзяць

Праз рукі іх ка мне даходзяць

Наказы, пісьмы каралёў.

Прызнанне важнае, нябога.

Давольна ты? Твая трывога

Ці уляглася?

 

М а р ы я

 

Мілы мой!

Ты будзеш цар зямлі сваёй!

Тваім сівінам так прыгожа

Карона прыйдзецца.

 

М а з е п а

 

Пастой!

Не ўсё прыйшло, і ўсё быць можа

Дзе кіне след нага мая?..

 

М а р ы я

 

Каля цябе няма мне страху.

Ты так магутны!.. Знаю я,

Ты споймеш трон.

 

М а з е п а

 

А калі плаху?

 

М а р ы я

 

З табой на плаху, калі так:

Цябе ж кахаю, сам ты знаеш...

Ды не: ты ўлады носіш знак.

 

М а з е п а

 

Я люб табе?

 

М а р ы я

 

I ты пытаеш?

 

М а з е п а

 

Скажы: табе хто даражэй —

Ці муж ці бацька?

 

М а р ы я

 

Пажалей.

Нашто пытаеш так? Трывожыць

Пытанне гэтае. Сямʼю

Забыць стараюся маю,

Я стала ёй ганьбой. Быць можа

(I думаць страшна мне аб тым!)

Айцом я проклята сваім,

А за каго?

 

М а з е п а

 

Дык я дарожай

Табе айца? Маўчыш?..

 

М а р ы я

 

О Божа!

 

М а з е п а

 

Адказвай жа!

 

М а р ы я

 

Рашы ты сам...

 

М а з е п а

 

Паслухай: ну, вось калі б нам,

Яму ці мне, прыйшлося згінуць,

А ты суддзёй бы нам была,

Каго б ў ахвяру аддала,

Каго хацела б ты пакінуць?

 

М а р ы я

 

Ах, годзе! Сэрца не згрызай!

Спакуснік ты.

 

М а з е п а

 

Адказ давай!

 

М а р ы я

 

Ты бледны. Гутарка сурова...

О, не сярдуй! На ўсё гатова!

Я ўсё аддам табе, павер!

Ды страшны словы мне такія.

Даволі!

 

М а з е п а

 

Памятай, Марыя,

Што ты сказала мне цяпер.

 

Лагодна ўкраінская ноч.

Празрыста неба. Зоры ззяюць.

Паветра веек сонных воч

Раскрыць не хоча. Чуць хістаюць

Лісцём таполі ў цішыні.

Спакойна месяц з вышыні

Над Белай Цэрквай бляск раняе

I пышных гетманаў сады

I стары замак асвятляе.

I ціха, ціха ўсё кругом.

Ды ў замку шопат, замяшанне.

У цёмнай вежы пад акном,

У цяжкім, горкім разважанні,

Закуты, Качубей сядзіць

I ў неба, пахмурны, глядзіць.

 

Назаўтра смерць. Але без страху

Ён мысліць аб крывавым жаху,

I аб жыцці не плача ён.

Што смерць яму? Жаданы сон.

Гатоў ён легчы ў змрок магілы.

Змагае сон. Ды Божа мілы!

Да ног злачынцы пасці ў прах,

Як тое немае стварэнне!

Царом адданым быць — о, жах! —

Царову здрадніку ў ганьбенне!

Згубіць жыццё, з ім гонар свой.

Сяброў на смерць вясці з сабой,

Чуць над труною іх праклёны,

Нявінным лёгшы пад тапор;

Варожы стрэўшы прыгавор,

Упасці ў смертныя заслоны,

Не заказаўшы нікаму

Адпомсціць ворагу свайму!..

 

I ўспомніў ён сваю Палтаву,

Абыклы круг сямʼі, гасцей,

Мінулых дзён багацце, славу

I песні дочухны сваей,

I дом стары, дзе ён радзіўся,

Дзе ведаў труд і ціхі сон,

I ўсё, чым жыў і весяліўся,

Што дабравольна кінуў ён.

I для чаго?

Ў замку іржавым

Ключ загрымеў — і знікнуў сон.

Няшчасны думае: вось ён!

Вось па шляху маім крывавым

Мой правадыр у смертны час,

Духоўнай болі ўрач-цаліцель,

Слуга Хрыста — ён, наш збавіцель,

Быў на крыжы распят за нас.

Яго святую кроў і цела

Прыносяць дух мой падкрапіць,

Каб смерці час прыняць мне смела

I да збавення далучыць.

I ў скрусе, з болесцю сардэчнай

Гатоў няшчасны Качубей

Прад усясільным і спрадвечным

Раскрыць тугу жальбы сваей.

Ды не пустэльніка святога,

Ён пазнае гасця другога:

Зноў люты Орлік перад ім

З агідным допытам сваім.

Пакутнік з горыччу пытае:

«Ты тут, ліхі мучыцель, шпег?

Нашто апошні мой начлег

Яшчэ Мазепа парушае?»

 

О р л і к

 

Не скончан допыт. Дай адказ!

 

К а ч у б е й

 

Я ўжо адказваў, і не раз.

Пакінь мяне.

 

О р л і к

 

Яшчэ прызнання

Пан гетман хоча.

 

К а ч у б е й

 

Але ў чым?

Даўно прызнаўся я ва ўсім,

Што вы хацелі. Паказанні

Мае — хлусня, я — вінават,

Я зло чыню, а гетман свят.

Чаго ж вам болей?

 

О р л і к

 

Нам вядома,

Што ты быў безлічна багат,

Што ты хаваеш скарбаў шмат

Каля Дзіканькі патаёма.

Цябе ж чакае смерць. Яна

Тваё багацце ўсё спаўна

Пацягне ў касу вайскавую,

Такі закон. Я ж указую

Табе на доўг апошні твой:

Дзе скарбы схованы табой?

 

К а ч у б е й

 

То праўда, так: тры скарбы-дары

Мне спацяшалі ў жыцці мары.

I першы скарб мой — чэсць была.

Скарб гэты пытка адняла.

Другі быў скарб непараўнаны —

Чэсць дочухны маёй каханай,

Я дзень і ноч над ім дрыжаў.

Мазепа гэты скарб украў.

Ды захаваў я скарб апошні,

Мой трэці скарб — помсту сваю.

I скарб той Богу аддаю.

 

О р л і к

 

Пакінь пустыя разгалосні!

Стары! твой блізак ужо час.

Жывіся мысляю суровай

I не жартуй. Давай адказ,

Калі не хочаш пыткі новай:

Кажы, дзе грошы?

 

К а ч у б е й

 

Злы халоп!

Ці будзе край бязглуздым сказам?

Счакай крыху. Дай легчы ў гроб,

Тады ідзі з Мазепам разам

Набытак мой, дабро лічыць

Рукамі, кроўю залітымі,

Мае падвалы ўсе бурыць,

Паліць сады, будынкі з імі.

Хай вас вядзе дачка мая:

Яна сама пра ўсё раскажа,

Сама ўсе скарбы вам пакажа.

Ды імем Бога малю я —

Пакінь цяпер мяне ў спакою.

 

О р л і к

 

Дзе сховы скарбаў? Пакажы!

Не хочаш? Грошы дзе, скажы,

А не — дык здарыцца не тое.

Падумай: вызнач месца, час.

Маўчыш? Гэй, кат, сюды! — I ўраз

Зʼявіўся кат...

О ноч пакуты!

Але дзе гетман-ліхадзей?

Куды ён збег, злачынец люты,

З змяінай совесцю сваей?

Святліца ўтульная маўкліва.

Дзяўча, няведаннем шчасліва,

Спакойна спіць, а побач з ёй

Сядзіць, панікшы галавой,

Мазепа, ціхі і пануры.

Над ім, як тлумны гоман буры,

Віюцца думкі ўсё гусцей:

«Загіне марна Качубей.

Не ўратаваць яго. Чым бліжай

Да мэты гетман, тым больш ён

Павінен свой трымаць закон,

Тым перад ім схіліцца ніжай

Павінен вораг — такі свет:

Даносчык і яго клеўрэт

Памруць». Ды, глянуўшы на ложа,

Мазепа думае: «О Божа!

Што будзе з беднаю дзяўчой,

Калі пачуе лёсаў кары?

Цяпер спакойны яе мары,

Але застацца патайной

Не можа справа. Удар жудкі

Сякеры ката загрыміць

Па ўсёй Украйне. Шум пагудкі

Вакол яе загаманіць!..

Эх, бачу я: каму прыпала

Снаваць свой шлях у барацьбе,

Той стой адзін перад навалай,

Не зазывай дружка сабе,

Упрэгчы ў воз адзін няможна

Каня і трэпеткую лань.

Забыўся я неасцярожна:

Цяпер плачу варʼяцтва дань...

Усё, што ў свеце найдарожай,

Усё, жыццё чым так прыгожа,

Галубка мне прынесла ў дар,

Мне, старцу злоснаму,— і Божа!

Які рыхтую ёй удар!»

I ён глядзіць: на ціхім ложы

Як соладак яе спакой!

Як песціць сон яе любоўна!

Раскрыты вусны, і так роўна

Дыханне персі маладой.

А заўтра, заўтра... Ў садраганні

Адводзіць гетман свой пагляд,

Устае і ў цяжкім разважанні

З святліцы ціха ідзе ў сад.

 

Лагодна ўкраінская ноч.

Празрыста неба. Зоры ззяюць.

Паветра веек сонных воч

Раскрыць не хоча. Ледзь хістаюць

Лісцём таполі ў цішыні.

Але дзіўныя мары-сны

Мазепу томяць. Зоры ночы,

Нібы дакорлівыя вочы,

Глядзяць з насмешкай на яго.

I немаведама чаго

Таполі шчыльнай грамадою,

Як суддзі, шэпчуць між сабою,

I цеплыні начной разлог

Мазепу душыць, як астрог.

I раптам... крык... ледзь чутны стогн

Нібы дзесь з замка чуе ён.

Ці то быў голас уяўлення,

Ці звера вой, ці плач савы,

Ці нейкі іншы гук жывы,

Але ніяк свайго ўзрушэння

Перамагчы не мог старык

I на слабы працяглы крык

Другім адклікнуўся — тым крыкам,

Якім калісь у шалу дзікім

Ён поўніў бітваў майданы,

Калі з Забелам, з Гамалеем

I — з ім... з тым самым Качубеем

Імчаўся ў полымі вайны.

 

Абрусам золакавых кос

Дзянніца сцеле схіл нябёс.

Заззялі ўзгоркі, долы, нівы,

Вярхі гаёў і хвалі рэк.

Ачнуўся ранак гаманлівы,

I абудзіўся чалавек.

 

Яшчэ Марыю сон чаруе

I дрэма песціць, і вось чуе

Праз лёгкі сон, што нехта к ёй

Вайшоў і ног яе крануўся.

Раскрыла вочы, ды ў міг той

З усмешкай зрок яе самкнуўся

У ззянні коскі залатой.

Марыя рукі працягнула

I з ціхай ласкаю шапнула:

«Мазепа, ты?» Ды голас ёй

Другі адказвае... О Божа!

Глядзіць і бачыць: быць не можа:

Прад ёю маці!

 

М а ц і

 

Цс! Маўчы.

Не загубі нас. Я ўначы

Сюды пранікла асцярожна

З адзінай слёзнаю мальбой.

Сягоння смерць. Табе адной

Адвесці лютасць іх і можна.

Ратуй айца!

 

Д а ч к а (з жахлівасцю)

 

Якая смерць?

 

М а ц і

 

Ці ж ты нічога

Яшчэ не знаеш? Не, нябога,

Ты не ў пустыні. Мусіш знаць,

Як можа гетман страх нагнаць

I як ён ворагаў карае,

Як слых яму сам цар схіляе.

Але гаротную сямʼю

Ты адкідаеш для Мазепы,

Цябе я ў сне тут застаю,

Калі суд чыняць люты, слепы,

Калі чытаюць прыгавор

I бацьку ставяць пад тапор.

Як бачу, мы цяпер чужыя.

Дачка, апомніся! Марыя,

Бяжы, ўпадзі да яго ног.

Ратуй айца! Будзь ангел, Бог.

Твой зрок забойцам рукі звяжа,

Адвесці можаш ты тапор.

Малі — і гетман слова скажа:

Ты для яго забыла двор

I чэсць і Бога.

 

Д а ч к а

 

Што са мною?

Айцец... Мазепа... смерць — з мальбою,

I маці ў замку тут мая...

Ці розум страціла свой я?

Ці гэта мары?

 

М а ц і

 

Бог з табою,

Не, не — не мары і не здань.

Няўжо не ведаеш — ты ж глянь,—

Што бацька, крыўдаю зацяты,

Ганьбы дачкі свае не знёс

I, помсты прагнасцю узняты,

Цару на гетмана данёс —

Што ў катаваннях сам, нявінны,

Прызнаўся ў намысле злачынным

Ў стыду і праз паклёп пусты,

Што ён, ахвяра праваты,

Мазепе выдан галавою,

Што прад вайсковай Грамадою,

Калі Усявышняга рука

Яго ад кары не заслоніць,

Над плахай сёння голаў склоніць,

Што тут пакуль што бедака

У вежы томяць.

 

Д а ч к а

 

Божа, Божа!..

Няшчасны, бедны мой айцец!

I дзеўча падае на ложа,

Як раптам падае мярцвец.

 

Стракоцяць шапкі. Сцягі веюць.

Бʼюць бубны. Скачуць сердзюкі,

У строях лад бяруць палкі.

Бурляць натоўпы. Сэрцы млеюць.

Дарога, як змяіны хвост,

Народу поўна, мітусіцца..

Срэдзь поля жудасны памост,

На ім гуляе, весяліцца,

Ахвяры прагне свае кат.

То ў рукі белыя, як хват,

Бярэ тапор у гульні дзікай,

То кіне жарт у тлум бязлікі.

Усё злілося ў шум адзін:

Жаночы крык і смех і грукат.

Вось голас жудасных навін.

I сціхла ўсё, і толькі тупат

Пачуўся конскі ў цішыні:

Там са сваімі сердзюкамі

Вяльможны гетман з старшынямі

Скакаў на вараным кані.

А там, па кіеўскай дарозе,

Павозка йшла. Туды ў трывозе

Глядзелі тысячы вачэй.

У ёй, з усімі пагаднёны,

Гарачай верай узмацнёны,

Сядзеў нявінны Качубей.

З ім Іскра, ціхі, безгалосы

I як ягня пакорны лёсу.

Павозка стала, і затым

Маленне гучна пачалося.

З кадзіл узняўся ўгору дым.

За душы іх у марным лёсе

Маўкліва моліцца народ,

Як за пакутнікаў. I вот

Ідуць яны, ўзышлі. На плаху

Кладзецца крыжам Качубей.

Як у труне, змоўк тлум людзей,

Сякера бліснула з размаху,

I адляцела галава.

Ўсё поле вохнула. Другая.

Ёй следам коціцца, мільгае,

Крывёй акроплена трава.

Звярынай радасцю шчаслівы,

За чуб злавіў іх кат маўклівы

I ў натужэнні руку ўзнёс

Ды над натоўпам іх патрос.

 

I кончана. Народ нядбайны,

Рассыпаўшыся, йдзе дамоў

I пра штодзённы шлях звычайны

Павесці гутарку гатоў.

Пусцее поле, заціхае.

I вось — жанчына і другая

Бягуць, паспешнасці паўны.

У пылу, стомлены яны

I к месту жудаснай падзеі

Нясуць трывогі і надзеі.

«З а п о з н а!» — хтосьці ім сказаў

I ў поле пальцам паказаў.

А там памост ужо ламалі,

Маліўся ў чорных рызах поп,

I на павозку падымалі

Два казакі дубовы гроб.

Адзін прад коннай чарадой

Мазепа грозен аддаляўся

Ад месца кары. Ён згрызаўся

Страшэннай нейкай пустатой.

Ніхто насустрач не спяшаўся,

I сам ён слова не казаў.

У пене конь яго імчаў.

Дамоў прыехаў. «Што Марыя?» —

Спытаў Мазепа, і не ў тон

Адказы чуюцца глухія...

Міжвольны страх бярэ ў палон;

У дом ідзе, глядзіць — святліца

Адна, пустая, ні душы.

Ён — ў сад. Шнуруе між куп ніцых,

I каля сажалкі ў глушы,

I на прагалах санцавейных —

Няма нідзе яе слядоў.

Сышла. Ён кліча слуг надзейных,

Сваіх прыдворных сердзюкоў.

Яны бягуць. Хрыпяць іх коні.

Пачуўся дзікі клік пагоні,

Вярхом — і скачуць малайцы

Наўскапыта ва ўсе канцы.

 

Бягуць імгненні дарагія,

Ды не вяртаецца Марыя.

Ніхто не ведаў, не чуваў,

Куды і як яна прапала.

Мазепа моўчкі скрыгатаў,

I чэлядзь, сціхнуўшы, дрыжала,

Атруту ў сэрцы несучы,

Запёрся гетман на ключы

I там пры ложу ў цемры ночы

Сядзеў і хоць бы самкнуў вочы,

Боль цяжкіх мук зазнаючы.

На ранні высланыя слугі

Назад вяртаюць па начы.

Ледзь коні сунуцца. Папругі,

Аброць, падковы, чапракі —

Было ўсё пенаю пакрыта,

Ў крыві, пагублена, пабіта,

Але аб дзеўчы ні адзін

Ніякіх не прынёс навін.

I след яе, знак існавання,

Прапаў, як гук у цьме пустой,

I адна маці ў мрок выгнання

Панесла гора з ліхатой.

 

 

ПЕСНЯ ТРЭЦЯЯ

 

Душы глыбокі сум і жаль

Імкнуцца з думкай дзёрзка ўдаль,

Аднак Мазепе не мяшае,

I, цвёрды ў намысле сваім,

Ён мыслі носіць аб адным

I з Карлам зносін не спыняе.

Між тым, каб лепей ашукаць,

Адвесці вочы падазрэнню,

Ён дактароў пачаў склікаць

На ложы ўяўнага мучэння.

Ён стогне, просіць аб сцаленні.

Плады турбот, вайны, трудоў,

Хірлявасць, болесці і жалі —

Ганцы ўжо смерці — прыкавалі

Яго к пасцелі, і гатоў

Ён хутка тленны свет пакінуць.

I ён звычай святы ўжо чыніць,

Ён архіпастыра заве

К пасцелі мнімае канчыны,

I на хітрэцкія сівіны

Алей таемнічны плыве.

 

Ды час ішоў. Масква дарэмна,

Гасцей чакаючы нядрэмна,

Срэдзь воражых старых магіл

Хаўтуры шведам ладзіць тайна.

Раптоўна Карл змяніў ухіл

I перанёс вайну на Ўкрайну.

 

I дзень прыйшоў. Устаць пара.

Мазепа, страднік той пахілы,

Той труп жывы, што, як мара,

Ужо ступаў на край магілы,

Стаў грозным ворагам Пятра.

Цяпер ён жвавы, прад палкамі

Паводзіць гордымі вачамі,

Махае шабляй — і к Дзясне

Ён на кані праворна мкне.

Так хітры кардынал, сагнёны

Турботай, цяжкасцю гадоў,

Здабыўшы папскую карону,

Стаў молад, крэпак і здароў.

 

I весць на крыллях паляцела.

Украйна глуха зашумела:

«Ён перайшоў, ён здраднік стаў!

Ён Карлу свой бунчук аддаў,

Пад ногі кінуў». Агонь пыша,

Плыве крывавая мара

Вайны народнай.

Хто апіша

Той абурлівы гнеў Пятра?

Грыміць анафема ў саборах,

Мазепаў від катуе кат

I чыніць Рада ў вольных зборах

Другому гетману пасад.

З пустынных далеч Енісея

Ўжо семʼі Іскры, Качубея

Паспешна вернуты Пятром.

Ён з імі слёзы пралівае,

Ён іх ласкае, адарае

Пашанай новай і дабром.

Мазепаў вораг, коннік слаўны,

Старык Палей, як паўнапраўны,

Паклікан з ссылкі ў царскі стан.

Дрыжыць мяцеж асірацелы,

На пласе гіне Чэчаль смелы

I запарожскі атаман.

I ты, кумір ваяцкай славы,

Для шлема кінуўшы вянец,

Твой блізак час, і вал Палтавы

Здалёк угледзеў пад канец.

 

I цар туды ж дружыны рушыў.

Яны, як бура, наплылі.

Абодва станы чутка вушы

I вочы востра напраглі.

Не раз пабіты ў схватцы смелай,

Зараней кроўю апʼянелы,

З байцом жаданым пад канец

Так грозна сходзіцца баец.

У злосці бачыць Карл магутны

Ужо не той натоўп бяспутны

Няшчасных нарвскіх беглякоў,

А шнур палкоў бліскучых, стройных

Паслушных, быстрых і спакойных

I непахісны рад штыкоў.

Ды ён рашыў: узаўтра бой.

Спіць шведскі стан, як ноч, сурова,

А пад палаткаю адной

Вядзецца шэпатам размова.

«Не, бачу я, не, Орлік мой,

Мы паспяшылі недарэчы:

Разлік хоць дзёрзкі, ды не той —

Не будзе толку, чалавеча.

I мэта згінула мая.

Што зробіш? Промах даў я важны,

Падашукаўся ў Карлу я.

Ён хлопчык смелы і адважны.

Сутычкі дзве-тры разыграць,

Вядома, здолен ён з паспехам,

Знянацку ворага застаць,

На бомбу адгукнуцца смехам,

Не горш за рускага стралка

Прабрацца ў ноч к чужому стану,

Зваліць, як сёння, казака

I памяняць на рану рану,

Ды не яму — ён не дарос —

Змагацца з рускім веліканам:

Як полк, вярцецца ён свой лёс

Прымусіць хоча барабанам.

Ён слеп, упарт, нецерпяліў,

I легкадумен, і пыхліў,

Якому толькі шчасцю верыць!

Яму развагі нестае,

Ён поспех прошлым толькі мерыць.

Эх, зломіць рогі ён свае!

Саромлюся: пустым брадзягай

Як захапіцца ў старасць мог!

Аслеплен быў яго адвагай

I плыўкім шчасцем перамог,

Як дзеўча скромная».

О р л і к

Развязкі

Счакаем мы. Час не сышоў.

Дабіцца можна царскай ласкі,

Калі ў саюз пайсці з ім зноў:

Пабіты намі, без сумнення,

Цар не адкіне пагаднення.

 

М а з е п а

 

Не, позна. Рускаму цару

Са мной мірыцца немагчыма,

Даўно азначан нерушыма

Мой лёс навек. Даўно гару

Зацятай злобай. Пад Азовам

Аднойчы я з царом суровым

У стаўцы ноччу піраваў.

Паўны віном кіпелі чашы,

Кіпелі з ім размовы нашы,

Я слова смелае сказаў.

Заціхлі госці маладыя.

Цар чашу ў злосці ураніў,

I ён за вусы за сівыя

Мяне з пагрозаю схапіў.

Тады, пакорны ў марнай злобе,

Сабе кляцьбу адпомсціць даў.

Насіў яе, бы ў той утробе

Дзіцёнка маці. Час настаў.

Так, аба мне напамінанне

Захоўваць будзе да канца.

Паслан Пятру я ў пакаранне,

Я — цёрн ў лісці яго вянца.

Гатоў ён вотчыны і дворы

I лепшы міг жыцця аддаць,

Каб мець Мазепу у пакоры

Ды зноў за вус яго трымаць.

Ды лёс азначыцца па ночы.

Хто пабяжыць, рашыць зара...

 

Замоўк і закрывае вочы

Ён, здраднік рускага цара.

 

Гарыць усход дзянніцай новай.

Ужо на ўзгорках, па далах

Гурчаць гарматы. Дым ружовы

Клубамі ўсходзіць у прасцяг

Праменням ранічным на шлях.

Палкі рады свае самкнулі.

У баявым шнуры стралкі.

Бушуюць ядры, свішчуць кулі.

Навіслі холадам штыкі.

Сыны, ўзгадованыя славай,

Ў акопы шведы рвуцца лавай.

Як хвалі, конніца ляціць.

Пяхота рушыцца за ёю

I цяжкай цвёрдасцю сваёю

Імкненні конніцы мацніць.

I грознай бітвы поле тое

Грыміць, палае тут і там,

Ды яўна шчасце баявое

Спрыяе, служыць ужо нам.

Пальбой адбітыя дружыны

Бягуць і падаюць у прах.

Адходзіць Розен праз цясніны,

Складае зброю Шліпенбах.

Мы ціснем шведаў раць за раццю,

Сцягоў іх славу крые мрок,

I Бог вайны сваёй пячаццю

Наш адзначае кожны крок.

 

I вось тады з нябёс натхнёны

Пачуўся голас, клік Пятра:

«Да справы з Богам! Час». З шатра,

Гуртком любімцаў атачоны,

Выходзіць Пётр. Яго пагляд

Гарыць агнём. Яго від страшны.

Ён сам — імклівасць. Ён — дзень ясны,

Ён — грому Божага раскат.

Ідзе. Яму каня падводзяць.

Імкліў, лагодзен верны конь

Дня счуўшы суднага агонь,

Дрыжыць, вачыма коса водзіць

I, горды коннікам сваім,

Імчыцца ў праху баявым.

 

На поўдні сонца. Жар палае.

Як рольнік, бітва спачывае.

Сям-там гарцуюць казакі.

Раўненнем лад бяруць палкі.

Маўчыць гамонка баявая,

На ўзгорках, прыпыніўшы рэў,

Глядзіць гармат галодных зеў.

I вось раўніна ажывае.

Дзесь далеч грымнула «ура»:

Палкі загледзелі Пятра.

 

Ён праімчаўся прад палкамі,

Магутны, радасны, як бой,

Ён поле паядаў вачамі.

Нясліся ўслед за ім гурмой

Гнязда Пятрова арляняты —

У зменах, лёс чым так багаты,

У справах царства і вайны

Яго сябры і пестуны:

I Шарамецеў, друг паходны,

I Брус, і Боур, і Рэпнін,

I шчасця балаўнік бязродны,

Як уладарны царскі сын.

 

I перад сінімі радамі

Сваіх гартованых дружын,

Нясёны вернымі слугамі,

У гушцы, бледзен, нерушым,

У болях раны Карл зʼявіўся.

Яго ваякі шлі за ім.

Ён ціха ў думу углыбіўся,

I зрок збянтэжаны адбіў

У ім нязвыклае ўзрушэнне.

Здалося, Карла прывадзіў

Жаданы бой у недаўменне...

I раптам — слабы ўзмах рукі:

На рускіх рушыў ён палкі.

 

I з імі царскія дружыны

Сышліся ў дыме срэдзь раўніны;

I грымнуў бой, Палтаўскі бой!

Пад градам куль, агнём разлітым.

Жывой людской сцяной адбіты,

За паўшым строем свежы строй

Штыкі змыкае. Цяжкай лавай

Налёты конніцы рухавай

Жах смерці сеюць. Згарача

Ў сутычках рубяцца спляча.

I, паваліўшы целаў груды,

Клубкі чыгунныя усюды

Між імі рвуцца, грукацяць,

Прах рыюць і ў крыві сіпяць.

Швед, рускі — рэжа, рубіць, коле

Бой барабанны, крык, скуголле,

Гарматаў гром, іржанне, стогн,

I пекла й смерць з усіх старон.

 

Сярод трывогі і ўзрушэння

Спакойна, поглядам натхнення

Правадыры на бой глядзяць,

За рухам ратніцтва сачаць,

Прадбачаць ход і лёсы бою

I думкі дзеляць між сабою.

Ды хто паблізу ўладара?

Хто воін той пад сівінамі?

Двума падтрыман казакамі,

Гарлівец рускага цара,

Ён вокам практыка-героя

За мітусеннем сочыць боя.

Ды на каня не ўскочыць ён —

Змарнеў Палей стары ў выгнанні,

I казакі на кліч: к змаганню! —

Не паляцяць з усіх старон!

Але чаму бліснулі вочы

I злосцю, нібы мрокам ночы,

Яго заслалася чало?

Што абурыць яго магло?

Ці згледзеў ён праз дым, туманы

Мазепу — ворага, і ён

Сваім гадам і свайму стану

У гэты міг паслаў праклён?

 

Мазепа ў цяжкім задуменні

Глядзеў на бітву ў акружэнні

Сваіх мяцежных казакоў,

Радні, старшынь і сердзюкоў.

Раптоўна — стрэл. Ён азірнуўся —

У Вайнароўскага ў руках

Мушкетны ствол дымком крануўся.

Забіты ў некалькіх сажнях

Казак скрываўлены валяўся.

А конь у пене і ў пылу,

Пачуўшы волю, паімчаўся

I знік у вогненным далу.

Казак на гетмана імкнуўся

Праз бітву з шабляю ў руках,

З шалёнай ярасцю ў вачах.

Падʼехаў гетман, азірнуўся,

Спытаў. Але казак-яздок

Ужо канаў. Пагаслы зрок

Гразіў шчэ ворагу Расіі.

На твар сон смерці наплываў,

I імя любае Марыі

Язык ледзь чутна называў.

 

Ды блізка, блізка перамога.

Ура! Мы ломім шведа злога!

О слаўны час! о слаўны від!

Яшчэ напор — і вораг біт.

І следам конніца ў пагоню,

Забойствам тупяцца мячы,

I паўшымі пакрыты гоні,

Як роем чорнай саранчы.

 

Піруе Пётр. I горды, светлы,

I славы поўны зрок яго.

I царскі пір, як сонца, ветлы

Пры кліках воінства свайго.

Ён у шатры сваім частуе

Сваіх ваяк, ваяк чужых,

Палонных гонарам трактуе

I за настаўнікаў сваіх

Прыязных тостаў не шкадуе.

 

Але дзе першы званы госць?

Дзе першы грозны наш вучыцель,

Чыю нястомленую злосць

Палтаўскі сцішыў пакарыцель?

I дзе Мазепа? дзе ён, змей?

Куды схаваўся Юда ў страсе?

Чаму кароль не між гасцей?

Чаму прадажнік не на пласе?

 

Вярхом праз шыр стэпоў глухіх

Кароль і гетман мкнуць галопам.

Бягуць. Звязала доля іх.

Пагоня, блізкая іх тропам,

Даруе сілу каралю.

Ён рану цяжкую сваю

Забыў. Панікшы галавою,

Ляціць, не спынены нічым,

I слугі верныя гурмою

Чуць паспяюць услед за ім.

 

Акідваючы вострым зрокам

Стэповых далечаў прастор,

З ім гетман мкне непадалёку.

Вось хутарскі прад імі двор.

Чаго ж Мазепа ў непакою?

Чаго ўзбоч хутара стралою

Ён паляцеў? Куды? Чаго?

Ці двор узрушыў так яго,

I гэты сад, і дом самотны,

I дзверы з зяўраю пустой

Расказ забыты і журботны

Яму напомнілі сабой?

Губіцель святасці нявіннай!

Ці пазнаеш ты кут гасцінны,

Вясёлы колісь гэты дом,

Дзе ад віна жывы, румяны,

Сямʼёй шчаслівай шанаваны,

Ты жарты сыпаў за сталом?

Ці пазнаеш прытулак скромны,

Дзе мірны ангел бытаваў,

I сад, адкуль ты ноччу цёмнай

Увёў у стэп... Пазнаў, пазнаў!

 

Хавае змрочнасць ценяў землю.

Паўзбераг сіняга Дняпра

Між дзікіх скалаў чутка дрэмле

Расіі вораг і Пятра.

Шануюць мары сон героя.

Урок Палтавы ён забыў.

Ды сон Мазепаў цяжкі быў.

Дух цёмны ў ім не знаў спакою.

I раптам — ціш і глуш кругом —

Яго ж завуць! Ён абудзіўся.

Глядзіць — хтось, грозячы пярстом,

Над ім ціхутка нахіліўся.

Ён дрогнуў, як пад тапаром.

Прад ім з развітымі касамі

Стаіць, паблісквае вачамі,

У рвані ўся, худа як цень,

I на ёй месяца прамень.

«Ці ж сон? Марыя! ці ты гэта?»

 

М а р ы я

 

Цішэй, цішэй! вось толькі што

Айцец і маці сышлі з свету...

Пастой... пачуць нас можа хто!

 

М а з е п а

 

Марыя, бедная Марыя?

Апамятуйся, што з табой!

 

М а р ы я

 

Паслухай: хітрыкі якія!

Што за расказ у іх... Пастой.

Яна за тайнасць мне сказала,

Што бацька мой на плаху лёг.

I мне ціхутка паказала

Сівую галаву... о Бог!

Куды ўцякаць нам ад зласлоўя?

Падумай, штука якава:

Не чалавечча безгалоўе,

Была ж то воўча галава!

Чым ашукаць мяне хацела!

Нашто мяне ёй катаваць?

I для чаго? Каб я не смела

З табой сягоння уцякаць?

Як можна?..

З горыччу балеснай

Любоўнік слухаў бессардэчны,

Ды, віхрам дум закружана,

«Аднак жа,— кажа зноў яна,—

Я помню поле... гоман тлумны,

Народ і... мёртвыя... я шла...

На свята маці павяла...

Ды дзе ж ты быў? З табой парозна

Чаго блукаю ў ночы я?

Хадзем дамоў!.. хутчэй, бо позна...

Ах, чую, галава мая

Узбунтавана, ды з пустога:

Я палічыла за другога

Цябе, старык. Я не твая!

Пакінь мяне. Твой зрок нягожы,

Пачварны ты. А ён прыгожы:

З яго вачэй глядзіць любоў,

А ў гутарках такая нега,

А вусы,— ну, бялей ад снега,

А на тваіх застыла кроў».

 

I з дзікім смехам завісчэла...

I лягчэй серны маладой

Яна ўзнялася, паляцела

I знікла ў цемрадзі начной.

 

Зыходзіў мрок. Усход святлеў.

Агонь казачы палымнеў.

Пшаніцу казакі варылі;

Драбанты ўжо каля Дняпра

Каней расседланых паілі.

Прачнуўся Карл. «Пара! пара!

Ўставай, Мазепа, час — світае».

Ды гетман сам не спіць даўно.

Нуда, нуда яго згрызае,

I сэрца горычы паўно.

I моўчкі ён каня сядлае

Ды мчыцца з беглым каралём.

Рубеж свой родны пакідае,

I страшны зрок гарыць агнём.

 

Прайшло сто год — што ж засталося

Ад сільных, гордых тых людзей,

Так поўных воляю страсцей?

Іх род мінуўся ў марным лёсе,

I знікнуў з ім крывавы след

Намогі, гора, цяжкіх бед.

Ў жыцці паўночнае дзяржавы,

У яе лёсе, барацьбе

Адзіны ты, герой Палтавы,

Пакінуў помнік па сабе.

У краю тым, дзе рад крылаты,

Як стража мірная, млыноў,

Бендэр вартуе валы-скаты,

Дзе буйвал шворыцца рагаты

Вакол магілаў-курганоў —

Сляды апошняе прыгоды,

Тры заняпалыя ў зямлі,

Заросшыя імхамі сходы

Аб шведскім сведчаць каралі.

З іх адбіваў ён, неадумны,

З натоўпам слуг, пад грозны гук,

Турэцкай раці прыступ шумны

I кінуў шпагу пад бунчук.

I дарма там чужак панылы

Шукаў бы гетманскай магілы:

Забыт Мазепа з даўніх пор,

I толькі святасцю царкоўнай

Яму пракляцце красамоўна

У год адзін раз шле сабор.

Ды захавалася магіла

Нявінных страднікаў дваіх:

Між праведных магіл старых

Іх мірна цэрква прытуліла.

Цвіце ў Дзіканьцы цэлы гай

Дубоў, сябрамі ўзгадаваных;

Аб продках, смерцю пакараных,

Вядуць унукам яны бай.

Але дачка... аб ёй паданні

Маўчаць. Пакуты і блуканні,

I лёс яе, і марнасць чар

Непранікальнай цемнатою

Ад нас закрыты. Ды парою

Сляпы украінскі пясняр,

Калі ў сяле перад народам

Ён песні гетмана бранчыць,

Аб грэшнай дзеўчы мімаходам

Казачкам юным гаманіць.


1907; 1937-1940; 1951

Пераклад: Якуб Колас
Тэкст падаецца паводле выдання: Якуб Колас. Т. 11