Духоўна стомлены зусім,
з дарогі я ў пустыні збіўся, -
і шасцікрылы серафім
на раздарожжы мне з'явіўся.
Нячутным дотыкам, як сон,
павекаў ледзь крануўся ён, -
і іх напоўніў шум і звон:
пачуў я неба хваляванне,
завоблачных анёлаў лёт
і гадаў пад вадою ход,
лазы ў даліне прарастанне.
І каля вуснаў ён узнік
і вырваў грэшны мой язык,
і пустасловы, і каравы,
і джала мудрае змяі
ў вусны ўклаў і загаіў
сваёй дзясніцаю крывавай.
І грудзі мне рассек мячом,
і сэрца трапяткое выняў,
і жар, з яшчэ жывым агнём,
ён назаўжды ў грудзях пакінуў.
Як труп - ў пустыні я ляжаў,
ды голас боскі загадаў:
«Устань, прарок, як у дазоры,
і словам з іскрамі надзей,
абходзячы зямлю і моры,
запальвай сэрцы у людзей».