epub
 
падключыць
слоўнікі

Аляксандар Пушкін

Прарок

Духоўна стомлены зусім,

З дарогі я ў пустыні збіўся, —

І шасцікрылы серафім

На раздарожжы мне з'явіўся.

Нячутным дотыкам, як сон,

Павекаў ледзь крануўся ён.

Адкрыліся мае зяніцы,

Як у спалоханай арліцы.

Маіх вушэй крануўся ён, —

І іх напоўніў шум і звон:

Пачуў я неба хваляванне,

Завоблачных анёлаў лёт,

І гадаў пад вадою ход,

Лазы ў даліне прарастанне.

І каля вуснаў ён узнік,

І вырваў грэшны мой язык,

І пустасловы, і каравы,

І джала мудрае змяі

У вусны ўклаў і загаіў

Сваёй дзясніцаю крывавай.

І грудзі мне рассек мячом,

І сэрца трапяткое выняў,

І жар, палаючы агнём,

Ён назаўжды ў грудзях пакінуў.

Як труп, ў пустыні я ляжаў,

Ды голас боскі загадаў:

«Устань, прарок, як у дазоры,

І словам з іскрамі надзей,

Абходзячы зямлю і моры,

Запальвай сэрцы у людзей».



Пераклад: Сяргей Грахоўскі