epub
 
падключыць
слоўнікі

Аляксандар Пушкін

Прыгажуні, якая нюхала тытунь

Няўжо? заместа руж, Амурам блаславёных,

      Цюльпанаў, ганарыста нахілёных,

Духмяных ландышаў, язмінаў і лілей,

      Якія ты заўжды любіла

      І кожны дзень раней насіла

      Ты на грудзях, што мармуру бялей. —

      Няўжо, цудоўная Клімена,

У гусце дзіўная такая перамена!..

Не кветку раннюю панюхаць любіш ты,

      А з д’ябальскай травы зялёнай

            Злы парашок, натхнёны

            Штукарствам цемнаты!

Няхай ужо сівы прафесар Гетынгена,

Над кафедрай сагнуўшыся дугой,

Уткнуўшы ў лацінізм глыбокі розум свой,

      Тытунь, каб кашаль збіць нязменны,

Піхае ў доўгі нос знямоглаю рукой;

      Няхай ужо драгун вусаты

      Світальным часам ля акна

      З абрыўкамі скупога сна

Заморскай люлькаю дым гоніць шараваты;

І прыгажуня хай шасцідзесяці год,

З каханнем адстаўным і ў адпачынку ў грацый,

Краса, з якой і на падстаўках не ўтрымацца,

Дзе збіліся маршчыны ў карагод,

      Няхай яна пляткарыць і зявае

І з верным тытунём свой смутак забывае... —

А ты, цудоўная!.. калі тытунь табе

Так падабаецца — о лёгкасць уяўлення! —

      Дык хай бы я на свеце не гібеў,

      А з табакеркі, з захапленнем,

Трапляў у пальчыкі, як гэты парашок,

      Каб да грудзей у радасным трымценні

Мне пад шаўковы сыпацца платок

І нават... можа быць... Ды што! пустая мара.

      Ніколі не бываць таму.

      Зайздроснік-лёс, як злая хмара!

      Чаму ж я не тытунь, чаму!..



Пераклад: Васіль Зуёнак