epub
 
падключыць
слоўнікі

Аляксандар Пушкін

Прызнанне

Да Аляксандры Іванаўны Восіпавай

 

Я вас люблю, хаця злую,

Што не магу схаваць у тайне,

І закаханасці адчайнай

Ля вашых ног я не таю!

Мне сорамна ва ўзросце гэтым

Няшчаснай слабасці такой,

Ды пазнаю па ўсіх прыкметах

Хваробу я душы сваёй:

Без вас мне сумна — пазяхаю;

Пры вас самотна — я цярплю;

І сіл няма, сказаць жадаю,

Анёл мой. як я вас люблю!

Калі пачую я з гасцінай

Ваш лёгкі крок, ці сукні шум,

Ці голас чысты і нявінны,

Губляю раптам стройнасць дум.

Убачу вас — мне асалода;

Не ўбачу — цягнуцца вякі;

За дзень пакуты — ўзнагарода

Мне дотык бледнае рукі.

Калі за пяльцамі старанна

Вы седзіце і я застану

Чароўную да забыцця,

Я ў захапленні моўчкі стану,

Гляджу на вас, нібы дзіця!..

Ці вам сказаць маё няшчасце,

Мой сум і мой раўнівы боль.

Калі адна гуляць заўчасна

Выходзіце вы ў дождж і золь?

І вашы слёзы у куточку,

І словы удваіх крадком,

Вандроўкі вашым ў Апочку

І фартэп’яна вечарком?..

Аліна! Стаўлю лёс на карту,

Хоць храбрасці мне не стае.

Магчыма, за грахі мае,

Анёл, любові я не варты!

Хоць ашукайце! Ваш пагляд

Хай прагучыць як доказ важка!

Ах, ашукаць мяне не цяжка,

Бо сам ашуквацца я рад!

 

1826



Пераклад: Васіль Вітка