epub
 
падключыць
слоўнікі

Аляксандар Пушкін

Руслан і Людміла

Прысвячэнне
Песня першая
Песня другая
Песня трэцяя
Песня чацвёртая
Песня пятая
Песня шостая
Эпілог


Прысвячэнне

 

Для вас, душы маёй царыцы,

Для вас, кpacyні, для адных

Часоў мінулых небыліцы,

Парой спачынкаў залатых,

Пад шэпт даўніны гаварлівай,

Пісаў я вернаю рукой;

Прыміце ж працы плён гуллівы!

Не трэба мне хвальбы людской,

Я шчасны ўжо надзеяй светлай,

Што, можа, ўпотайку свае

Дзяўчына вочы кіне ветла

Нa песні грэшныя мае.

 

Ля лукамор’я дуб зялёны;

На дубе залаты ланцуг:

І днём і ноччу кот вучоны

Па ланцугу вядзе свой круг;

Ідзе направа – спеў заводзіць,

Налева – казку распачне.

Там цуда скрозь: лясун там ходзіць,

Русалка між галін мільгне;

Там на нязведаных дарожках

Звяроў дзівосных след ляжыць;

Хацінка на курыных ножках

Без вокан, без дзвярэй стаіць;

Праяў там повен лес, даліны;

Там на світанні хвалі хлынуць

На прыбярэжныя пяскі,

І трыццаць віцязяў плячыстых

Чаргой выходзяць з хваль празрыстых,

І з імі дзядзька іx марскі;

Там каралевіч мімаходам

Палоніць грознага цара;

Там чараўнік перад народам

Цераз лясы і цераз воды

Нясе асілка са двара;

Ў цямніцы там царэўна тужыць,

Ёй шэры воўк аддана служыць;

Там ступа з Бабаю Ягой

Ідзе, брыдзе сама сабой;

Там цар Кашчэй над скарбам чахне;

Там рускі дух... Там Руссю пахне!

 

І там я быў, і мёд я піў;

Ля мора бачыў дуб зялёны;

Пад ім сядзеў, і кот вучоны

Свае мне казкі гаварыў.

Адну я помню: казку гэту

Цяпер і раскажу я свету...

 

Песня першая

 

Падзеі дзён даўно былых,

Паданні старыны глыбокай.

 

У грамадзе сыноў сваіх,

З сябрамі, ў цераме высокім

Ўладзімір-сонца баляваў;

Малодшую ён выдаваў

Дачку за храбрага Руслана

І з цяжкай шклянкі мёд духмяны

За іx здароўе выпіваў.

Паволі елі продкі нашы,

Паволі кругам за сталом

Абходзілі каўшы і чашы

З кіпучым півам і віном.

Яны бяседу весялілі,

Шыпела пена па краях,

Іх важна чашнікі насілі

Гасцям – з павагаю ў вачах.

Зліліся словы ў шум няроўны;

Гудзе гасцей вясёлы круг;

Пачуўся раптам спеў цудоўны

І звонкіх гусляў беглы гук;

Прымоўклі, слухаюць Баяна:

І славіць ён, пясняр-мудрэц,

Красу-Людмілу і Руслана

І Лелем звіты ім вянец.

 

Пачуццем палкім змардаваны

Руслан сумуе, закаханы;

На друга мілага глядзіць,

Злуе, ўздыхаючы, гарыць,

Вус шчыплючы ад нецярпення,

Ён лічыць кожнае імгненне.

Тры віцязі за іx сталом

Сядзяць з нахмураным чалом,

Адны, сумуюць маладыя;

Маўчаць перад каўшом пустым,

Забылі кубкі кругавыя,

Частункі непрыемны ім;

Не чуюць вешчага Баяна,

Спусцілі долу свой пагляд:

То тры сапернікі Руслана;

У сэрцы тояць страшны яд ­

Нянавісці й кахання чад.

Адзін – Рагдай, ваіцель смелы,

Мячом рассунуў ён надзелы

Багатых кіеўскіх палёў;

Другі – Фарлаф, крыкун фарсісты,

Герой на балях урачыстых,

Ды воін сціплы між мячоў;

Апошні, повен думы бурнай,

Ратмір – хазарскі хан, юнак.

Утрох сядзяць тужліва, хмурна,

Не весяліць іx баль ніяк.

 

Вось і канец; усталі госці,

Бязладна, ў шумнай весялосці

Ідуць; глядзяць на маладых:

Нявеста вочы апусціла,

Як быццам сэрцам затужыла,

І светлы радасны жаніх.

Ды цень абняў усю прыроду,

Час поўначы глухой прыйшоў;

Баяры, дрэмлючы ад мёду,

З паклонам рушылі дамоў.

Жаніх гарыць, і ў захапленні

Ён уяўляе ў летуценні

Дзяўчыны любай прыгажосць;

З таемным сумным заміленнем

Вялікі князь з задавальненнем

Благаслаўляе маладосць.

 

І вось нявесту маладую

Вядуць на шлюбную пасцель;

Агні патухлі... і начную

Запальвае лампаду Лель.

Збыліся палкія імкненні,

Кахання спраўдзіліся сны;

Спадзе раўнівае адзенне

Праз хуткі час на дываны...

Вам чутны шэпты закаханых,

Гук пацалункаў, еднасць душ,

Пярэчанні усхваляванай

Апошняй боязні?.. І муж

Шчаслівы момантам жаданым;

Вось ён настаў... Ды ўміг чаму ж

Гром грымнуў, бляск святла ў тумане,

  Лампада тухне, дым бяжыць,

Вакол цямнее, ўсё дрыжыць,

Душа замерла у Руслана...

Ўсё змоўкла. Ў грознай цішыні

Пачуўся двойчы кліч нязнаны,

І нехта ў дымнай глыбіні

Ўзляцеў чарней імглы туманнай…

Зноў апусцеў палац, заціх,

Устаў спалоханы жаніх,

З аблічча льецца пот застылы;

Дрыжыць, халоднаю рукой

Пытае змрок ён, сам не свой…

Бяда: няма сяброўкі мілай!

Паветра ловіць ён дарма,

Людмілы ў цемрадзі няма,

Украдзена нязнанай сілай.

 

Калі ты лічыш дні свае

У страсці марнай і тужлівай,

Хоць цяжка жыць, сябры мае,

А жыць, аднак, яшчэ мажліва.

Пасля ж гаротных, доўгіx год

Абняць любімую дзяўчыну —

Прадмет сваёй тугі, журбот,

І так раптоўна, за хвіліну,

Навек згубіць... які дакор,

Вядома, лепш бы я памёр!

 

Аднак жыве Руслан няшчасны.

Ды што вялікі князь сказаў?

Бядою ўражаны дачаснай,

На зяця гнеў свой скіраваў,

Яго і двор свой князь склікае:

«Дзе, дзе Людміла?» – ён пытае

З чалом жахлівым, агнявым.

Руслан не чуе. «Дзеці, дзеці!

Не жыць ужо мне больш на свеце,

О, злітуйцеся над старым!

Скажыце, хто з вас згодзен будзе

Мне ў цяжкім горы памагчы?

Чый подзвіг смелы ўславяць людзі,

Таму – злачынец, плач, крычы!

Не мог ты жонкі ўберагчы! –

Таму аддам яе я ў цвеце,

З паўцарствам прадзедаў маіх.

Хто ж адгукнецца, дзеці, дзеці!..»

«Я», – сумна вымавіў жаніх.

«Я! я! – усклікнулі з Рагдаем

Фарлаф і радасны Ратмір, –

Мы зараз коней асядлаем;

Мы ўсёй зямлі аб’ездзім шыр.

Кароткім будзе час разлукі;

Не бойся: едзем за княжной».

Стары з удзячнасцю нямой

У слёзах прасцірае рукі,

Увесь замучаны тугой.

 

Учацвярых ідуць сумесна;

Руслан, бы хто яго прыбіў;

За долю згубленай нявесты

Яго цяпер дакор мярцвіў.

На коней селі і імкліва

Ля берагоў Дняпра шчаслівых

Лятуць, клубіцца хмарай пыл;

Схаваліся за небасхіл,

І не відаць ужо іx болей...

А доўга ўсё яшчэ глядзіць

Вялікі князь у далеч-поле

І думкай ім услед ляціць.

 

Руслан таміўся, быў маўклівы,

Ён сэнс і памяць пагубляў.

А ехаў поруч ганарліва

Фарлаф, з дакорам паглядаў

На невясёлага Руслана.

Казаў ён: «Прычакаў пары,

На волю вырваўся, сябры!

Ці хутка з волатам паганым

Спаткаюся? Пальецца кроў,

Гарачым будзе міг расправы!

Павесяліся, меч мой, зноў,

Павесяліся, конь мой жвавы!»

 

Хазарскі хан, ён пачуццём

Ужо Людмілу абымае,

Ледзь ён не скача над сядлом,

Бо кроў гуляе маладая.

Агнём надзей пагляд гарыць:

То ён удаль стралой ляціць,

То для забавы ён крутога

Каня паставіць на дыбкі,

Ці зноў імчыцца па дарогах.

 

Рагдай пануры. Лёсу злога

Баіцца, стаў негаваркі.

Ён стомлен рэўнасцю дарэмнай,

І неспакойны штосьці ён,

Часцей пагляд яго страшэнны

За князем слаўся наўздагон.

 

Сапернікі адной дарогай

Сумесна едуць цэлы дзень.

Дняпра цямнее бераг строга;

З усходу льецца ночы цень;

Туманы над Дняпром глыбокім;

Перадыхнуць даць коням час.

І шляхам пад гарой шырокім

Тут перасекся шлях якраз.

«Раз’едземся, пара! – сказалі, –

Нязнаны лёс спаткае нас».

І кожны конь памчаўся далей

Сваёй дарогай ў гэты час.

 

Што робіш ты, Руслан тужлівы,

Адзін, дзе векавая ціш?

Людмілу, шлюбны дзень жахлівы,

Здаецца, ты, гаротны, сніш.

Насунуў медны шлем на бровы,

З рукі магутнай кінуў повад,

Ты ціха едзеш між палёў,

Ў душы тваёй пакутнай зноў

Надзея, вера згаснуць скора.

 

Ды раптам віцязь стрэў пячору;

Ў яе нясмела ён зайшоў;

Пячора даўняе пароды,

Равесніца самой прыроды.

Што ж бачыць віцязь прад сабой?

Там дзеда ўбачыў ён з даўгой

Густою белай барадой;

Лампада перад ім гарыць;

За кнігай дзён былых сядзіць,

Яе уважліва чытае.

«Заходзь, будзь ласкавы, мой сын! –

Сказаў з усмешкай ён Руслану, –

Ўжо дваццаць год я тут адзін

Ў імгле жыцця старога вяну;

Ды ўрэшце дзень прыйшоў ка мне,

Што я калісь яшчэ прадбачыў.

Злучыла доля нас, няйначай,

Сядай і выслухай мяне.

Руслане, страціў ты Людмілу;

Твой цвёрды дух губляе сілы;

Не век пакутваць у бядзе,

Да часу следам зло ідзе.

З надзеяй, вераю, разважна

Ідзі на ўсё, смялей ступай.

Наперад! Ты мячом адважна

Свой шлях на поўнач прабівай.

 

Ты знай, Руслане, зневажае

Цябе страшэнны Чарнамор,

Крадзе красунь, ў гарах хавае.

Ён уладар паўночных гор.

Яшчэ ў яго палацы дальнім

Ніхто не быў да гэтых пор,

А ты, зласлівых спраў знішчальнік,

Ты будзеш там – і вораг твой

Загіне ад рукі тваёй.

І гаварыць не трэба болей:

Твой лёс і добры твой настрой

Залежыць ад уласнай волі».

 

Наш віцязь перад ім упаў,

Руку ад радасці цалуе.

Перад вачыма свет заззяў,

Пакута ў сэрцы менш пануе,

Ён ажывіўся: раптам зноў

Прыбегла сумная хвіліна...

«Пазнаў тваёй журбы прычыну;

Сум хутка пройдзе, як прыйшоў, –

Сказаў стары, – цябе пужае

Каханне ведзьмара; дый не –

Яно дарэмнае і, знаеш,

Зусім не страшнае княжне.

Ён зоры зводзіць з высі яснай,

Ён свісне – месяц задрыжыць;

Але супроць законаў часу

Яго навука не ўстаіць.

Раўнівы, злосны ён ахоўнік

Замкоў бязлітасных дзвярэй,

Ён толькі мучыць, безумоўна,

Душу нявольніцы. Як змей,

Наўкол яе маўкліва бродзіць,

Клчне ён лёс суровы свой…

Ды, віцязь добры, дзень праходзіць,

А трэба ўсё ж табе спакой!»

 

Руслан на мяккі мох кладзецца

Прад заміраючым агнём;

Заснуць жадае моцным сном,

Але не можа, сэрца б’ецца,

Адплюшчыць вочы, уздыхне:

«Не спіцца, бацька, штосьці мне!

Я захварэў, відаць, душою,

І сон не ў сон, як нудна жыць.

Дазволь мне сэрца асвяжыць

Тваёй гаворкаю святою.

Пытанне я задам табе,

Прызнайся: хто ты, дабрадзейны, –

Люзей няшчасных друг надзейны?

Ў пустыню хто загнаў цябе?»

 

Стары, з усмешкаю маркотнай,

Свой даў адказ: «Любімы сын,

Не помню я свой край гаротны

Айчыны дальняй. Кроўны фін,

У полі, нам адным вядомым,

Ганяў я статак сёл знаёмых

І з дзён юнацтва толькі знаў

Лясы дрымучыя, палянкі,

Пячоры, раўчукі між траў

Ды дзікай беднасці гулянкі.

Пабыць у гэтай старане

Нядоўга давялося мне.

Тады ад вёскі недалёка,

Як быццам кветка, адзінока

Жыла Наіна. Між дзяўчат

Яна грымела пекнатою.

Аднойчы ранняю парою

Ганю свой статак ля прысад,

Я на дудзе сваёй іграю;

Перада мной шуміць паток.

Адна красуня маладая

На беразе пляла вянок.

Прыйшла шчаслівая хвіліна...

Ах, віцязь то была Наіна!

Я да яе ўраз падышоў,

Адным ахоплены жаданнем,

Душой тады пазнаў любоў

З яе нябесным красаваннем,

З яе тугой, што паліць кроў.

 

Мінула года палавіна;

Сказаў, хвалюючыся, ёй:

«Люблю, люблю цябе, Наіна».

Але нясмелы голас мой

Яна душой не адчувала,

Любіла больш за ўсё сябе;

І раўнадушна адказала:

«Пастух, я не люблю цябе!»

 

І ўсё мне дзіка, змрочна стала:

І родны лес, і цень дуброў,

І гульні жвавых пастухоў –

Нішто тугі не сунімала.

Ў самоце сэрца сохла, вяла.

Тады і думкі мне прыйшлі

Пакінуць фінскія палі;

Сабраць адважную дружыну,

Марамі ўдалеч плыць і плыць,

І славай бітвы заслужыць

Увагу гордае Наіны.

Я клікнуў смелых рыбакоў

Шукаць і золата і сховаў.

І ціхі край маіх бацькоў

Пачуў змагання гул суровы

І шум узброеных чаўноў.

Надзеяй поўны, плыў я ўдалеч

З гурбой бясстрашных землякоў;

Мы дзесяць год на снег і хвалі

Лілі людзей варожых кроў.

Баяліся цары чужыны

Mаіx нападаў, слых не ціх;

Іx гордых воінаў дружыны

Ўцякалі ад мячоў маіх.

Не адступалі мы ні разу,

Дзялілі дань, ішлі удаль,

І з пераможанымі разам

Спраўлялі свой вясёлы баль.

Ды сэрца, поўнае Наінай,

Ў час балявання ці баёў,

Мяне цягнула да дзяўчыны,

Шукала фінскіх берагоў.

Пара дамоў, сказаў я, другі!

Мы скінем жорсткія кальчугі,

Павесім іx пад родны дах.

Сказаў – і вёслы зашумелі;

Пакінуўшы на моры страх,

Дадому, з радасцю ў вачах,

Мы горда й весела ляцелі.

 

Час надыходзіць залаты, –

Збыліся палкія жаданні!

Хвіліна мілага спаткання,

І для мяне бліснула ты!

Прынёс да ног сваёй Наіны

Каралі, золата, тканіны;

Меч акрываўлены паклаў;

І перад ёю, зачарован,

Сярод зайздрослівых сябровак,

У сковах страсці я стаяў;

Стаяў нявольнікам паслушным,

Ды што ёй быў дарунак мой!

Яна сказала раўнадушна:

«Я не люблю цябе, герой!»

 

Нашто расказваць, добры сын,

Што расказаць не хопіць сілы?

Ах, і цяпер адзін, адзін,

Душой заснуўшы, ля магілы,

Я помню горасць, і парой,

Як пра былое прыгадаю,

Па барадзе маёй сівой

Сляза цяжкая працякае.

 

Ды слухай: на зямлі бацькоў

Спакон вякоў між рыбакоў

Адна навука працвітае.

Сярод лясоў, каля ракі,

У ціхай глушыні далёкай

Жывуць здаўна чараўнікі;

Валодаць мудрасцю высокай –

Кірунак думкі іх такі;

Ўсё чуе голас іx суладны,

Было што – і што будзе зноў,

Іх волі грознай падуладны

І дамавіна і любоў.

 

І я, так прагнучы кахання,

Рашыў у смутку й спадзяванні

Наіну чарамі схіліць

І ў сэрцы любай чараваннем

Агні кахання запаліць.

Спяшаўся я на шлях свабоды,

У адзінотны змрок лясоў;

Там я ў навуцы ведзьмароў,

Правёў нябачаныя годы.

Настаў даўно жаданы міг,

І тайну страшную прыроды

Я светлай думкаю спасціг:

Пазнаў я сілу заклінанняў.

Вянок каханню і жаданням!

Цяпер, Наіна, ты мая!

Я перамог! Так думаў я.

Але другая злая воля

Перамагла – мая нядоля.

 

З надзеяй ў сэрцы маладой,

З жаданнем палкага спаткання

Раблю паспешна заклінанні,

Дух клічу – ў цемені лясной

Страла прабегла грамавая,

Віxор чароўны ўзняў развой,

Зямля ўздрыгнула пад нагой...

І раптам бачу – прада мной

Сядзіць бабулька, ледзь жывая,

Запалі вочы, ўся сівая,

З гарбом, з трасучай галавой,

Журботнай старасці карціна.

Ах, віцязь, то была Наіна!..

І я жахнуўся і маўчаў,

Вачыма здань страшную мерыў,

Я сумняваўся і не верыў,

І тут заплакаў, закрычаў:

«Наіна, ты?! Ах, немажліва!

Скажы, дзе ўзлёт красы тваёй?

Няўжо нябёсы так жахліва

Цябе змянілі, дружа мой?

Скажы мне, я пакінуў вас,

Расстаўшыся з душой і мілай,

Даўно ўжо?..» – «Сорак год якраз», –

Пачуў жахлівы я адказ, –

«Сягоння семдзесят мне біла.

Што мне рабіць? – пішчыць яна. –

Гады гурбою праляцелі,

Прайшла мая, твая вясна,

Абодва пастарэць паспелі.

Ты, дружа, не лічы бядой

Юнацтва здрадлівага страту.

Цяпер я стала ўся сівой,

Мажліва, трохі і гарбатай;

Не тое, што калісь была,

Як кветка дзіўная цвіла;

Але ж (прыбавіла пляткарка)

Адкрыю тайну: я вядзьмарка!»

 

Было на самай справе так.

Нямы, застыглы перад ёю,

Я дурань быў, а не мастак,

З усёй прамудрасцю маёю.

 

Ды вось жахліва: як на злосць

Якраз збылося чараванне.

Сівая гэта прыгажосць

Аж палымнее ад кахання.

Скрывіўшы ўхмылкай страшны твар,

Магільным голасам пачвар

Мармыча мне сваё прызнанне.

Ад страху я збялеў дазвання!

Панурыўшыся, я дрыжэў;

Яна праз кашаль не ўнімала

Сваёй гаворкі нараспеў:

«Так, сэрца я цяпер пазнала;

Яна, мой верны друг, у нас

Для чулай страсці ў добры час;

Гараць пачуцці, я палаю,

Жаданні здзейсні ўсе свае...

Прыдзі ў абдымкі ты мае...

О мілы, мілы! паміраю…»

 

А паміж тым яна, Руслан,

Мігала цёмнымі вачамі;

А паміж тым за мой кафтан

Штосіл трымалася рукамі;

А паміж тым – я заміраў,

Пагляд жахлівасць засцілала;

Цярпець больш сілы неставала;

Я з крыкам роспачы ўцякаў.

Яна ж услед: «О, недастойны!

Ты ўсхваляваў мой век спакойны,

Парваў нявіннай дзевы сны!

Дасяг кахання ты Наіны

І зневажаеш – вось мужчыны!

Заўсёды здраднікі яны!

Але тут больш маёй віны;

Прывабіў ён мяне няшчасны!

Я гіну ад парываў страсных...

Ды разлічуся я з табой!

Дрыжы, блядней, мучыцель мой!»

 

Так развіталіся мы з ёй.

І з той пары я ў беспрасвецці

Жыву з разбітаю душой;

Уцехай мне адно на свеце –

Прырода, мудрасць і спакой.

Магіла ўжо мяне гукае;

Пра пачуццё сваё ж ані

Не забываецца старая,

Кахання позняга агні

З дакукі ў злосць ператварае.

Душою чорнай у кляцьбе

Старая ведзьма ўжо бясспрэчна

Узненавідзіць і цябе;

Ды гора на зямлі не вечна».

 

Наш віцязь з смагаю прымаў

Апавяданні дзеда; вочы

Дрымотай ён не закрываў,

І ціхага палёту ночы

Задумлівы не адчуваў.

Ды вось і дзень прыемны ззяе...

Ўздыхнуўшы, віцязь абдымае

З падзякай дзеда-ведзьмара;

Багата мар, надзей, дабра

Ў душы яго... Нагамі сціснуў

Руслан каня. І ўдалячынь

Ляцець гатовы ўжо, прысвіснуў.

«Мяне, мой бацька, не пакінь!»

І скача ён пустой далінай.

Сівы мудрэц, як быццам сыну,

Крычыць услед: «Бывай, бывай!

Даруй, кахай сваю дзяўчыну,

Парад маіх не забывай!»

 

Песня другая

 

Сапернікі ў майстэрстве бою,

Не знайце міру між сабой;

Насіце горда вашу зброю

У захапленнях барацьбой!

Хай перад вамі свет смуткуе,

Хай дзівіцца суровым дням:

Ніхто ўжо вас не пашкадуе,

Ніхто не перашкодзіць вам.

Сапернікі другога роду,

Вы, рыцары парнаскіх гор,

Вы не смяшыце лепш народу,

Суцішце свой сварлівы хор;

Спрачайцеся – ды толькі ў меру!

А вас няхай разлад міне,

Сапернікі ў каханні верным!

Сябры мае, паверце мне:

Каму дзявочае каханне

Належыць лёсам да сканання,

Назло той будзе між уцех;

І тут злавацца смех і грэх.

 

Калі Рагдай неўгамаваны,

Глухой трывогай змардаваны,

Пакінуўшы сяброў сваіх,

У край пусціўся адзінотны

І ехаў між пустынь лясных,

Спавіты думаю журботнай, –

Злы дух трывожлівы ўладаў

Яго тужліваю душою,

І невясёлы князь шаптаў:

«Заб’ю!.. Ўсё знішчу прад сабою...

Мяне пазнаеш ты, Руслан!

Цяпер дык дзеўчына паплача…»

Крануў каня і між палян

Ужо назад штосілы скача.

 

А ў гэты час салодкі сон

Апанаваў Фарлафа, ён

Схаваўся ў цень, каб не смаліцца

На яркім сонечным агні.

Паспаўшы, ён каля крыніцы,

Абедаць стаў у цішыні.

І раптам бачыць: нехта ў полі,

Як бура, мчыцца на кані;

Не марнаваўшы часу болей,

Фарлаф, пакінуўшы абед,

Кап’ё, кальчугу, шлём, пальчаткі,

Сеў у сядло і без аглядкі

Ляціць – а той за ім услед.

«Бягляк, спыніся, вераломны! –

Крычыць Фарлафу незнаёмы. –

Нягоднік, дай сябе нагнаць!

Дай галаву з цябе сарваць!»

Фарлаф, пазнаўшы крык Рагдая,

Каня яшчз хутчэй пагнаў,

Ад страху ўвесь аж замірае, –

Ён вернай смерці ўжо чакаў.

Так толькі заяц баязлівы,

Штоcіл, напуджаны, імкліва

Бяжыць праз поле, праз лясы,

Калі за ім імчацца псы.

На месцы слаўнага пабегу

3 растопленага сонцам снегу

Шумліва раўчукі цяклі

Па векавых грудзях зямлі.

Да рову конь прыбег імклівы,

Махнуў хвастом і белай грывай,

Заціснуў цуглі між зубоў

І пераскочыў цераз роў;

А коннік наш уверх нагамі

Зляцеў нязграбна ў гразкі роў,

Свет пацямнеў перад вачамі,

Быў смерць сваю прыняць гатоў.

Рагдай да яра падлятае,

Ужо чуваць і меча звон;

«Смерць баязліўцу!» – абвяшчае...

Тут пазнае Фарлафа ён;

Гдядзіць, і рукі абамлелі;

Здзіўленне, прыкрасць, крыўда, гнеў

На твары раптам заблішчэлі;

Герой сцяў зубы, анямеў,

І ўжо з панурай галавою

Хутчэй ад яра скіраваў,

Шалеў ажно… ды ледзь не стаў

Ён сам смяяцца над сабою.

 

Тады спаткаў ён пад гарой

Бабулечку ледзь-ледзь жывую,

Гарбатую, зусім сівую.

Яна дарожнаю клюкой

Яму на поўнач паказала.

«Ты знойдзеш там яго», – сказала.

Рагдай вясёласцю ўскіпеў

І к вернай смерці паляцеў.

 

А наш Фарлаф? Ляжыць, бядуе,

Дыхнуць баіцца; сам не свой.

І толькі думае: жыву я?

Куды ж уцёк сапернік мой?

І раптам чуе над сабой,

Нібы з магілы, кліч старой:

«Устань, малойчык; ціха ў полі;

Нікога ты не стрэнеш болей;

Каня свайго хутчэй прымай;

Мяне паслухайся, ўставай».

 

Фарлаф, збянтэжаны, міжволі

Паўзком пакінуў брудны роў;

Мясцовасць ціха аглядае,

Ўздыхае й радасна гукае:

«Ну, дзякуй богу, я здароў!»

 

«Павер! – старая зноў сказала, –

Людмілу цяжка адшукаць;

Яна далёка дзесь прапала;

Не нам з табой яе дастаць.

Па свету ездзіць небяспечна;

Ты, мілы, будзеш сам не рад.

Параду я даю сардэчна:

Ідзі паціханьку назад.

Пад Кіевам, у аддаленні,

Ў сваім уласным пасяленні

Застанься жыць, у добры час:

Людміла не ўцячэ ад нас».

 

Сказаўшы, знікла. Ў нецярпенні

Герой не доўга разважаў,

Дадому шлях свой скіраваў,

Забыў аб славе ён магутнай

І пра княжну не ўспамінаў;

І шэпт дубровы ледзьве чутны,

Палёт сініцы, рокат вод

Яго кідалі ў жар і пот.

 

Між тым Руслан ляціць стралою;

Ў глушы лясоў, сярод палёў

Прывычнай думаю сваёю

Ён да Людмілы прагне зноў,

І кажа ён: «Ці адшукаю?

Цябе, каго я так кахаю?

Ці ўбачу ясны твой пагляд?

Ці ўчую слоў пяшчотны лад?

Ці, можа, лёс, каб чарадзея

Ты век нявольніцай была,

Каб вечнай дзевай ў ліхадзея

Ў цямніцы змрочнай адцвіла?

Альбо сапернік прыйдзе мужны?

Не, не, ніколі, мілы дружа:

Яшчэ пры мне мой верны меч,

І галава не ўпала з плеч».

 

Аднойчы, цёмнаю парою,

Каменным берагам крутым

Наш віцязь ехаў над ракою.

Заціхла ўсё. І ўраз за ім

Стралы імклівае трымчанне,

Кальчугі звон, каня іржанне

Ды тупат па траве густой.

І раптам грымнуў голас: «Стой!»

Ён азірнуўся: ў полі чыстым,

Кап’ё падняўшы, мчыць са cвіcтам

Шалёны коннік, і стралой

Князь паляцеў яму настрэчу.

«Ага! дагнаў цябе! пастой! –

Гукае коннік, сам не свой: –

Рыхтуйся на ліхую сечу;

Цяпер тут вечна спачывай;

А там нявест сваіх шукай».

Руслан дрыжаў, кіпеў ад гневу;

Пазнаў ён майстра спраў ліхіх.

 

Сябры мае! а наша дзева?

Пакінем віцязяў на міг;

Пра іx я зноў успомню скора,

А то даўно пара ўжо мне

Падумаць крышку аб княжне

І аб жахлівым Чарнаморы.

 

Маіх лятункаў часты госць,

Няхай часамі і не скромны,

Я расказаў, як ноччу цёмнай

Людмілы нашай прыгажосць

Ад ап’янелага Руслана

Схавалася сярод туману.

Княжна! Калі ў імгле начной

Злачынец дужаю рукой

Цябе сарваў з пасцелі шлюбнай

І, як віхор, да хмар густых

Узняўся з прагай душагубнай

І хутка ўцёк да гор cваіx –

Ты ў страху страціла прытомнасць.

Праз змрок паветра, цяжкі дым

У замку ведзьмара страшным

Ты апынулася у момант.

 

Я летняй наглядаў парой,

На прызбе седзячы сваёй,

Калі за курыцай труслівай

Султан куратніка пышлівы,

Мой певень па двары скакаў

І трапятлівымі крыламі

Ужо сяброўку абдымаў;

Над імі хітрымі кругамі

Курыны злодзей з даўніх пор,

Каршун насіўся ў небе шэры,

Прыняўшы здрадлівыя меры,

Ён, як маланка, ўпаў на двор.

Узвіўся і ў кіпцях страшэнных

У край бяспечны і таемны

Зладзюга бедную памчаў.

Дарэмна певень скрозь гукаў,

Халодным страхам апантаны,

Сваю каханку... Ён наўкруг

Страчаў адзін лятучы пух,

Лягучым ветрыкам нагнаны.

 

Да самай раніцы княжна

У цяжкім забыцці ляжала,

Як быццам ёю жудасць сна

Цяпер навек апанавала.

Ды ўсё ж, прачнуўшыся, устала

Ўся ўсхваляваная яна;

Ляціць душою ў летуценні,

Кагось шукае ў захапленні;

Пытае ўслых: «Дзе мілы друг?»

Ды тут агонь вачэй патух.

Глядзіць з пужлівасцю наўкруг.

Людміла, дзе твая святліца?

Дзе ложак радасці тваёй?

Адна, з жахлівай цішынёй

Ляжыць, сумуе маладзіца

Сярод падушак пухавых,

Пад гордым ценем балдахіна;

Заслоны, пышная пярына

Ва ўзорах яркіх, агнявых;

Тканіны ўсюды дарагія;

Скрозь яхант жарам зіхаціць;

Кругом курыльні залатыя

Ад іx духмяны пах стаіць;

Даволі... Што мне за прынада

Апісваць замак, ўсё адно

Ужо мяне Шахеразада

Ў тым апярэдзіла даўно.

Ды светлы церам нам не радасць,

Калі там друга не відно.

 

Тры дзевы, пекнаты прывабнай,

Ў адзенні лёгкім, дзіуна зграбным

Тут да Людмілы падышлі,

Паклон аддаўшы да зямлі.

Так прывітаўшы маладую,

Адна бліжэй з іx падышла;

Касу Людмілы залатую

Рукою лёгкай запляла

З майстэрствам, нам цяпер не новым,

І абвіла вянком пярловым

Навокал бледнага чала.

Тут падыходзіць і другая,

Свой погляд сціпла апускае;

Блакітны, пышны сарафан

Убраў Людмілы стройны стан;

Пакрыты кудры залатыя,

І плечы й грудзі маладыя

Фатой празрыстай, як туман.

Убранне зайздрасна хавае

Людмілы полымны парыў,

Абутак лёгенька сціскае

Дзве ножкі, дзіва сярод дзіў.

Дзяўчына трэцяя Людміле

Жамчужны пояс падае.

Між тым нябачны голас мілы

Ёй песні весела пяе.

Але ні прыгажосць караляў,

Hі сарафан, ні перлаў рад,

Ні спеў ліслівасці ў запале

Не радуюць яе пагляд.

Дарэмна люстра ёй малюе

Яе красу, убор і строй

Спусціўшы долу позірк свой,

Яна маўчыць, яна сумуе.

 

Хто праўду любіць шанаваць

І ў сэрцы цёмным дне чытае,

Вядома, той павінен знаць,

Што раз жанчына забывае

Як-небудзь, у самотны час,

На злосць развазе і звычаю,

У люстра глянуць хоць-бы раз –

Дык сумна ёй ужо без краю.

 

Ды вось Людміла зноў адна.

Не знаўшы, што пачаць, яна

Пагляд журботны не знаходзіць

Абрысаў роднае зямлі.

Па ёй няведамай зямлі.

Ўcё мёртва. Снежныя раўніны

Наўкол, як дываны, ляглі;

Стаяць панурых гор вяршыні,

І аднастайна ночы, дні

У вечнай дрэмлюць цішыні;

Нідзе тут не відно ні сёлаў,

Ні спадарожніка ў снягах,

І паляўнічы рог вясёлы

Не трубіць у пустых гарах;

Парою толькі з сумным свістам

Віхор бунтуе ў полі чыстым

І, дзе віднее небакрай,

Хістае саматлівы гай.

 

У слёзах роспачы Людміла

Свой твар спалоханы закрыла.

Што ёй рабіць, як ёй тут быць!

У дзверы срэбныя бяжыць;

Яны пад музыку і спевы

Раскрыліся, і наша дзева

У садзе ўжо; а сад тут ззяў

Цудоўней ад садоў Арміды

І тых, якімі уладаў

Цар Саламон, ці князь Таўрыды.

Шумяць, гукаючыся ў лад,

Прад ёй цудоўныя дубровы,

Прысады пальмаў, лес лаўровы,

Пахучых міртаў стройны рад,

І кедраў гордых верхавіны,

І залатыя апельсіны, -

Ў люстэрку вод блішчаць яны.

Ляскі, прыгоркі і даліны

Ажыўлены агнём вясны;

Лагодны ўецца ветрык майскі

Між зачарованых далін,

І свішча салавей кітайскі

У змроку трапяткіх галін;

Фантаны ў неба паўскідалі

Алмазы пырскаў; тут і там

Пад імі статуі пасталі,

Нібы жывыя; Фідзій сам,

Любімец Феба і Палады,

У захапленні пад канец

Свой зачарованы разец

З рук выпусціў бы, як ад звады.

Аб мармур дробячыся, ззяюць

І вогненнай дугой спадаюць

Уніз шумліва вадаспады;

І ручаі ў цішы лясной

Пляскочуць хваляй залатой.

Прытулак ахалодзе рады,

Скрозь зараслі кустоў густых

Альтанкі светлыя мільгаюць;

І над сцяжынкамі звісаюць

Галінкі ружаў агнявых.

Але няўцешная Людміла

Ідзе, ідзе і не глядзіць;

Раскоша чараў апастыла,

Хоць светлы край, а сумна жыць;

Па садзе доўга ўсё блукае,

Куды ідзе, сама не знае;

Стрымаць не можа гopкіx слёз

І сумны позірк узнімае

Да неразгаданых нябёс.

Знянацку погляд ажывіўся;

Ўся ўсхвалёвана яна,

Здалося, страшны нарадзіўся

Тут замысел... Яна адна,

Масток высокі над патокам

Вісіць на скалах, як гарбах;

Яна ў самотнасці глыбокай

Бліжэй падходзіць — і ў слязах

На воды шумныя зірнула,

І перапоўніў грудзі жаль,

Сканаць рашыла ў змроку хваль —

Аднак жа ў воду не нырнула,

Пайшла дарогай зноў удаль.

 

Мая прыгожая Людміла,

Па сонцу бегаўшы ўвесь час,

Прыстала, слёзы асушыла,

Ў душы падумала: якраз!

На траўку села, і раптоўна

Над ёй шацёр шаўковы ўраз

З’явіўся з халадком цудоўным;

Абед багаты перад ёй;

Прыбор з бліскучага крышталю;

У садзе дзіўнаю красой

Нябачна арфы зaігpaлі.

Глядзіць нявольніца княжна,

Ды ўпотай думае яна:

«Адной, без мілага, ў няволі,

Нашто мне жыць на свеце болей?

О ты, запал чый у грудзях

Пагібельнаю страсцю вее,

Мне ўлада ведзьмара не страх,

Людміла і памерці ўмее!

Не трэба мне тваіх шатроў,

Ні нудных песень, ні піроў —

За ежу не прымусіш сесці,

Памру сярод тваіх садоў!»

Падумала — і стала есці.

 

Княжна ўстае, і ўміг шацёр

І ў бляску золата прыбор,

І гукі арфы... ўсё прапала;

І як было, ўсё ціха стала;

Людміла ў гэтай цішыні

Ізноў адна з тугой дзявочай;

Між тым у сіняй вышыні

Плыў маладзік, царэвіч ночы.

Паўзе імгла з усіх старон,

Сцяжынкі змрочнасцю закрыла;

Княжну міжволі хіліць сон,

І невядомая ёй сіла,

Лягчэй, чым весні ветрык той,

Яе ў паветра падымае,

Нясе ў палац чароўны свой

І асцярожна апускае

Скрозь фіміям у ціхі кут

На ложак смутку і пакут.

Тры дзевы мігам падляцелі,

Тут да Людмілінай пасцелі,

Каб зняць убор, ды прад княжной

Хаваюць хмуры погляд свой,

А прымусовае маўчанне

Употай будзіць спачуванне,

Дакор бяссільны долі злой.

Ды паспяшаем: іх рукой

Раздзета сонная княжна;

Ўся у прыгожасці бязмежнай,

Ў адной сарочцы беласнежнай

Кладзецца адпачыць яна.

І, развітаўшыся з палоннай,

Тры дзевы выбеглі з паклонам,

Паспеўшы дзверы зачыніць.

Але нявольніца не спіць!

Дрыжыць, як ліст, дыхнуць баіцца;

Імгненны сок з вачэй бяжыць.

З нямой трывогай маладзіца

У цемру страшную глядзіць...

Скрозь глуха, змрочнасць наплывае,

Ды толькі сэрца не сціхае...

Здаецца, ціша шапаціць;

Ідуць... да ложка падступаюць;

Княжна стаілася, дрыжыць.

І раптам... жах!.. Сапраўды тут

Пачуўся шум; як цудаў цуд,

Цьма ночы бліснула агнямі;

Тут дзверы насцеж, і радамі,

Падняўшы шаблі ганарліва,

Арапы чынна і маўкліва

Да ложка дзеўчыны ідуць,

Ды на падушках беражліва

І асцярожна, як мажліва,

Сівую бараду нясуць.

А ўслед за гэтай барадою

Паважнай гордаю хадою

Ідзе гарбаты чарадзей:

Ягонай галаве пабрытай,

Высокім каўпаком пакрытай,

Належыць тая барада.

Ужо ён блізіцца... бяда!

Княжна - з пасцелі і штосілы

Сівога карла за каўпак

Рукою жваваю схапіла,

Ўзняла дрыжачы свой кулак

І ў страху запішчэла так,

Што ўсіх арапаў аглушыла.

Дрыжыць і корчыцца бядак,

Больш, чым княжна, перапужаўся,

Заткнуўшы вушы, ён збіраўся

Ўцячы хутчэй, ды ў барадзе

Заблытаўся, упаў і б’ецца;

Ўстае, упаў; у той бядзе

Арапаў чорны рой снуецца;

Шумяць, піхаюцца, бягуць,

Хапаюць ведзьмара ў ахапку

І прэч разблытываць нясуць,

Пакінуўшы ў Людмілы шапку.

 

Што робіць добры віцязь наш?

Ці ж вы не помніце сустрэчу?

Бяры свой хуткі карандаш,

Малюй, Арлоўскі, ноч і сечу!

Пры месячным святле ўначы

Два князі люта біцца сталі;

З іх кожны праг перамагчы,

Ужо і коп’і пакідалі,

Паломаны ужо мячы,

Крывёй кальчугі іх пакрыты,

Шчыты трашчаць, ушчэнт разбіты...

Яны схапіліся штосіл,

Узняўшы ў неба чорны пыл;

Пад імі ў шале коні б’юцца;

Байцы, прыпаўшы да сядла,

Друг друга збіць з каня імкнуцца,

Іх злосць абодвух спавіла;

Перапляліся, камянеюць;

Агонь па жылах іх бяжыць;

І сэрца ў кожнага дрыжыць —

І вось хістаюцца, слабеюць —

Хтось упадзе... Ўміг віцязь мой

Ўскіпеў, жалезнаю рукой

З сядла ён конніка зрывае,

Трымае момант над сабой

І ў хвалі з берага кідае.

«Загінь! — пагрозліва гукае, —

Памры, зайздроснік люты мой!»

 

Вы здагадаліся, ў чым справа,

З кім біўся смелы наш Руслан:

То быў шукальнік дзей крывавых,

Рагдай, надзея кіяўлян,

Паклоннік рэўнасны Людмілы,

Ён ля дняпроўскіх берагоў

Шукаў саперніка слядоў;

Знайшоў, нагнаў, ды толькі сілы

Руслана здолець не хапіла,

І Русі ўслаўлены баец

Ў пустыні свой знайшоў канец.

І было чутна, што Рагдая

Тых вод русалка маладая

Рукой халоднай абвіла,

Прылашчыла, пацалавала,

На дно са смехам павяла.

Пасля таго начэй нямала

Навокал ціхіх берагоў

Здань волата адна блукала,

Пужала смелых рыбакоў.

 

Песня трэцяя

 

Дарэмна ў ценю ты таіўся

Для мірных, блізкіх мне людзей,

Мой верш! О, ты не засланіўся

Ад гнеўных зайздрасці вачэй.

І ёй ў паслугу ўсё не змоўкне

Мой злосны крытык, што спытаў:

Нашто Русланаву сяброўку,

Як бы ў насмешку мужу, зноўку

Княжной і дзеваю назваў?

Ты бачыш, мой чытач спаважны,

Тут злосці чорная пячаць!

Скажы, Заіл, скажы, прадажны,

Ну як і што мне адказаць?

Зачырванеўся, бог з табою!

Цяпер спрачацца не хачу;

Я не крывіў сваёй душою,

І я пакорліва маўчу.

Ўсё зразумееш ты, Клімена,

Апусціш томна погляд свой,

Ахвяра сумнага Гімена...

Я бачу: след слязы тваёй

На маім вершы, сэрцу чулым;

Пачырванела, позірк згас,

І моўчкі цяжка уздыхнула!

Раўнівец: бойся, блізка час;

Амур з Зласлівасцю нядаўна

Ўступілі ў смелы дагавор,

Для галавы тваёй бясслаўнай

Падрыхтаваны мсцівы ўбор.

 

Сцюдзёна раніца заззяла

На цемені паўночных гор;

А ў дзіўным замку ўсё маўчала.

Стаіўшы крыўду, Чарнамор

Без шапкі лёг, адпачывае.

На ложку злосна пазяхае.

Ля барады яго аддана

Рабы снаваліся, яны

Маўкліва грэбнем касцяным

Яе расчэсвалі старанна;

На вусы доўгія між тым

Густым струменем залатым

Ліліся Ўсходу араматы,

І кудры хітрыя віліся;

Як раптам, скуль тут не вазьміся,

Ў акно ўлятае змей крылаты;

Грыміць жалезнаю луской,

У кольцы быстрыя сагнуўся

І тут Наінай абярнуўся

Ён перад здзіўленай гурбой.

«Цябе вітаю я, — сказала, —

Здаўна, сабрат шаноўны мой!

Дасюль я Чарнамора знала

Адною гутаркай людской;

Цябе таемны лёс злучае

Цяпер з варожасцю маёй;

Табе няшчасце пагражае,

Навісла хмара над табой;

Пачуцці крыўдныя мае

Да помсты клічуць нецярпліва».

 

Руку ёй карла падае,

Ды хітра так, ды так лісліва,

І кажа: «Дзіўная Наіна!

Тваё сяброўства берагу.

Зняславім мы каварства Фіна;

Яго падкопы я змагу:

Слабых заўжды мы пераможам;

Пазнай ты лёс цудоўны мой:

Сваёй выдатнай барадой,

Глядзі, я нездарма ўпрыгожан.

Пакуль мне валасоў сівых

Не адсякуць мячом варожым,

Ніводзін з віцязяў ліхіх,

Ніхто з смяротных не зніштожыць

Найменшых замыслаў маіх;

Маёю будзе век Людміла,

Руслан асуджаны на скон!»

І змрочна ведзьма паўтарыла:

«Загіне ён! загіне ён!»

І потым тройчы прашыпела,

І тройчы тупнула нагой,

І чорным змеем паляцела.

 

Вядзьмар у рызе залатой,

Старой натхнёны чараўніцай,

Павесялеў, рашыўся зноў

Да ног панесці маладзіцы

Пакорнасць, вусы і любоў.

Прыбраўся карлік барадаты

І зноў ідзе ў яе палаты;

Мінуў даўгі пакояў рад.

Княжны няма. Падаўся ў сад.

Прайшоў ля агароджы сада,

Ля возера і вадаспада,

І дзе ён толькі ні шукаў ­

Княжны няма, і след прапаў!

Хто выкажа яго здзіўленне,

Разгубленасць і абурэнне?

Са злосці дня не бачыць ён.

Пачуўся карлы дзікі стогн:

«Сюды, нявольнікі, бяжыце!

Вы - носьбіты маіх надзей!

Людмілу зараз прывядзіце!

Шукайце, чуеце? Хутчэй!

А не — жартуеце са мною —

Ўсіх задаўлю вас барадою!»

 

Чытач, ці расказаць табе,

Куды красуня запрапала?

Ўсю ноч яна кляла ў журбе

Свой горкі лёс і — рагатала.

Было ёй страшна барады,

Ды карлу знала дасканальна,

Ён смешны быў, а ўжо заўжды

І смех і жах несумяшчальны.

Насустрач золаку уміг

Пасцель пакінула Людміла,

Пагляд міжвольна свой спыніла

На люстрах чыстых, дарагіх;

Міжвольна кудры залатыя

З лілейных плеч яна ўзняла,

І валасы свае густыя

Рукой нядбайна запляла;

Свае ўчарашнія уборы

Выпадкам у кутку знайшла

І, апрануўшы іx, ад гора

Паціху плакаць пачала;

Аднак жа з люстранога шкла

Вачэй не зводзіла, і скора

На розум дзеўчыне прыйшло

Паспрабаваць, што б ні было,

Прымераць шапку Чарнамора.

Скрозь ціха, спіць яшчэ народ;

Ніхто на дзеўчыну не гляне...

А дзеўчыне ў семнаццаць год

Якая шапка не прыстане!

Прыхарашыцца самы час!

Людміла шапкаю вярцела;

Круціла так і сяк, якраз

Наадварот яна надзела.

І што ж? о цуда дзён былых!

У люстры дзеўчына прапала;

Перавярнула шапку — ўміг

Людміла зноў у люстры ззяла;

Назад надзела — зноў няма;

Зняла — і ў люстры! «О, як дзіўна!

Вядзьмар, палохаеш дарма!

Цяпер твая не страшна хціўнасць;

Цяпер з тваіх я выйду крат!»

Княжна ад шчасця чырванее,

І шапку злога ліхадзея

Адзела перадам назад.

 

Давайце ўспомнім, дзе ж герой?

Бо ці не сорам нам займацца

Так доўга шапкай, барадой,

Пра лёс Руслана забывацца?

Бой люты скончыўшы з Рагдаем,

Праехаў вечныя бары;

Прад ім прасторы выплываюць

У бляску ранішняй зары.

Дрыжыць наш віцязь мімаволі:

Даўнейшай бітвы бачыць поле.

Пустая далеч; у кустах

Жаўцеюць косці; па буграх

Раскінуты калчаны, латы;

Шчыты, пакрытыя іржой;

Тут меч ляжыць; аброс травой

Там шлем пасечаны калматы,

І чэрап парахнее ў ім;

І волата касцяк там цэлы

Ляжыць у полі тым нямым

З яго канём; кап’ё і стрэлы

Прабілі дрэваў карані,

І мірны плюшч іх абвівае...

Нішто маўклівай цішыні

Ў пустыні тут не парушае,

І сонца з яснай вышыні

Даліну смерці асвятляе.

 

Ўздыхнуўшы, князь наўкол сябе

Дзівіцца сумнымі вачамі.

«О поле, поле, хто цябе

Усеяў мёртвымі касцямі?

Чый быстры конь цябе таптаў

Ў апошні час крывавай бітвы?

Хто тут са славаю сканаў?

Чые тут чуліся малітвы?

Навошта, поле, змоўкла ты

І парасло палын-травою?

Часоў ад вечнай цемнаты

Навісне цень і нада мною!

Магчыма, ў полі тым нямым

Паставяць ціхі прах Русланаў,

І струны зычныя Баянаў

Не будуць гаварыць аб ім!»

 

Ды хутка ўспомніў віцязь мой,

Што меч спатрэбіцца герою

І нават панцыр; а герой

Ў апошняй бітве абяззброен.

Абходзіць поле ён наўкруг;

Сярод касцей параскіданых,

У кучах тлеючых кальчуг,

Мячэй і шлемаў паламаных

Сабе шукае зброю ён.

Прачнуўся гул і шыр нямая,

Узняўся ў полі трэск і звон;

Ён шчыт іржавы падымае,

Знайшоў і шлем, і звонкі рог;

Адно мяча знайсці не мог.

Даліну бітвы аб’язджае,

Мячэй знаходзіць многа ён,

Ды кожны лёгкі, нетрывалы,

А князь з прыроды быў не вялы,

Не то, што віцязь нашых дзён.

Каб чым заняцца ад дакукі,

Кап’ё стальное ўзяў у рукі,

Надзеў кальчугу ён як след,

І зноў далей падаўся ў свет.

 

Ужо знікаў закат румяны,

Над стэпам слаўся змрок густы;

Дымяцца сінія туманы,

Ўзыходзіць месяц залаты;

Сцямнела. Сцежкаю выгарнай

Ў задуме едзе наш Руслан

І бачыць: праз начны туман

Чарнее ўзгорак велізарны,

І нешта страшнае хрыпіць.

Ён падбіраецца да ўзвышша

І чуе: ўзвышша быццам дыша.

Руслан прыслухаўся, глядзіць,

Адважна, са спакойным духам;

Ды, стрыгучы трывожна вухам,

Конь упіраецца, дрыжыць,

Трасе упартай галавою,

І грыва ўздыблена гарою.

Узгорак раптам яснатою

Ад промняў месяца заззяў;

Князь на страмёнах аж прыўстаў ­

Ён цуда бачыць прад сабою.

У стэпе змрочным і глухім

Жывая галава прад ім.

Вялізны вочы сном абняты;

Храпе, хістае шлем пярнаты,

І пер’і ў цёмнай сіняве,

Як цені, ўюцца, ходзяць жвава.

Ў сваім жахлівым харастве

Над стэпам змрочным, як праява,

Яна ўздымаецца, маўчыць,

Пустыні вартаўнік адданы,

І перад віцязем стаіць

Гарою грознай і туманнай.

І у здзіўленні хоча ён

Парушыць таямнічы сон.

Аглядваючы гэта дзіва,

Аб’ехаў галаву кругом

І перад носам стаў маўкліва;

Ласкоча ноздры ён кап’ём,

І галава тут пазяхнула,

Адкрыла вочы і чыхнула...

Віхор падняўся з грозным гулам,

Узвіўся пыл; з павек, з вусоў

З брывей зляцела сотня соў;

І абудзіўся лес маўклівы,

Чыхнула водгулле — імклівы

Конь заіржаў і заскакаў,

Ледзь яго віцязь утрымаў,

І ўслед раздаўся голас шумны:

«Куды ты, віцязь неразумны?

Хутчэй назад, не жарты, ну!

Нахабніка я праглыну!»

Руслан з пагардай азірнуўся,

Стрымаў каня у старане

І з гордым выглядам ўсміхнуўся.

«Чаго ты хочаш ад мяне? —

Тут галава як закрычала. —

Вось госця доля мне паслала!

Паслухай, прэч хутчэй ідзі!

Я спаць хачу, ўжо ноч, глядзі,

Бывай!» Ды віцязь наш славуты,

Пачуўшы грубасць, не стрываў

І з важнасцю ускрыкнуў лютай:

«Маўчы, пустая галава!

Што ж, чуў я ісціну бывала:

Хоць шырак лоб — мазгоў жа мала!

Я еду, еду, не свішчу,

А як наеду, не спушчу!»

 

Тады, ад злосці анямеўшы

І ярасцю успалымнеўшы,

Надзьмулася яна; з вачэй

Паліўся гнеў крывавым жарам;

І хлынула раптоўна пара

З дрыжачых вуснаў і вушэй ­

Тут галава, што сіл хапала,

Дзьмуць так насустрач князю стала,

Што конь спалоханы дрыжыць,

Заплюшчыў вочы і пужліва

Праз цемень ночы, шквал бурлівы

У шлях няпэўны зноў бяжыць;

Нібы сляпы, спавіты страхам,

Увесь знясілены ён жахам,

Імчыцца ўдаль, каб адпачыць.

Ды зноў вярнуцца віцязь хоча —

Адбіты зноў, надзей няма!

А галава услед сама

Як звар’яцелая, рагоча,

Грыміць: «Ай, віцязь! ай, герой!

Куды ты? цішай, цішай, стой!

Гэй, віцязь, шыю зломіш дарам;

Ці, можа, страх цябе праняў?

Парадуй хоць адным ударам,

Пакуль каня не змардаваў».

І паміж тым яна героя

Дражніла страшным языком.

Руслан у сэрцы прыкрасць стоіў,

Маўкліва грозіць ён кап’ём,

Трасе яго рукой свабоднай,

І раптам ён булат халодны

Ткнуў у гарэзлівы язык.

І кроў з раз’юшанага зева

Ракою палілася ўміг.

І ад здзіўлення, болю, гневу,

У момант шал згубіўшы свой,

На князя галава глядзела,

Жалеза грызла і бляднела.

Вось так здараецца парой,

Спыняючыся сярод сцэны,

Няўдалы вучань Мельпамены,

Раптоўным свістам збіты ўраз;

Людзей не бачыць доўгі час,

Бляднее, ролю забывае,

З апушчанаю галавой

Ён заікаецца, змаўкае

Перад насмешлівай гурбой.

Застыла галава ў здранцвенні,

І князь, не трацячы імгнення,

Ляціць, як ястраб, да яе

З узнятай, грознаю рукою,

І рукавіцаю цяжкою

Ён па шчацэ з размаху б’е;

І поле ўдарам прагрымела;

Кругом расістая трава

Крывавай пенай заблішчэла,

І, задрыжэўшы, галава

Перавярнулася, зляцела;

Чыгунны шлем загрукацеў.

Тады на месцы апусцелым

Меч волатаўскі заблішчэў.

Руслан, узрадаваны, смела

Яго схапіў і к галаве

Па акрываўленай траве

Бяжыць з намерам паквітацца,

Паадсякаць ёй вушы, нос;

Ужо гатоў Руслан змагацца,

Ўжо меч над галавой занёс -

Ды раптам у здзіўленні ён

Пачуў яе самотны стогн...

І ціха меч ён апускае,

Ў ім гнеў суровы замірае,

І помста свой спыніла лёт

Ў душы, пакоранай маленнем:

Так на даліне тае лёд,

Сагрэты сонечным праменнем.

 

«Ты правучыў мяне, герой, —

Ўздыхнуўшы, галава сказала, —

Твая рука мне даказала,

Што вінен я перад табой;

Цяпер вось я табе паслушны;

Ды, віцязь, будзь вялікадушны!

Мой лёс — ён варты спачування,

Героем быў і я ў змаганні!

У грозных бітвах супастата

Сабе я роўнага не знаў;

Шчаслівы быў, каб не спаткаў

Сапернікам свайго я брата!

Каварства злога Чарнамора

Жахлівых бед маіх віной!

Сям’і няшчаснай нашай гора,

Ад роду карла, з барадой;

Мой дзіўны рост ад юных дзён

Не мог ён бачыць без пакуты,

Ў душы сваёй за гэта ён

Мяне стаў ненавідзець люта.

Я быў заўсёды крышку простым,

Ну, а мой брат наадварот -

Хаця і вельмі куцы ростам,

Злы і разумны, нібы чорт.

Прытым жа, знай, к маёй бядзе

Ў яго цудоўнай барадзе

Таіцца сіла незямная,

Ён ўсім на свеце пагарджае

І — покуль ходзіць з барадой —

Не будзе знацца ён з бядой.

Вось неяк ён нібы па дружбе,

«Паслухай, — хітра мне сказаў, —

Ад важнай не адмоўся службы:

Я ў чорных кнігах адшукаў,

Што за усходнімі гарамі,

На ціхіх морскіх берагах,

У склепе скрыта, пад замкамі

Схаваны меч — і што ж? О страх!

Пазнаў я ў цемры чараўнічай,

Што воляй лёсаў таямнічых

Той меч вядомы будзе нам;

Абодвух ён пагубіць нас;

Я страчу бараду, зараз

Ты галаву; мяркуй жа сам,

Як важна мець нам для збавення

Злых духаў дзіўнае стварэнне!» —

«Ну, што ж? Не трэба лішніх слоў, —

Сказаў я карле, — я гатоў;

Хоць на край света йду з табою».

І на плячо сасну ўзваліў,

А для парады на другое

Ліхога брата пасадзіў;

Пусціўся ў дальнюю дарогу,

Ішоў, ішоў і, дзякуй богу,

Прароцтву нібыта назло,

Спачатку добра ўсё ішло.

За невядомымі гарамі

Знайшлі той склеп, як ён казаў,

Я раскапаў яго рукамі

І таямнічы меч дастаў.

Ды не! Так доля захацела:

Між намі сварка закіпела —

Было аб чым, было чаму —

Мячом валодаць тым каму.

Я не ўступаў, ён хваляваўся;

Спрачаліся, і пад канец

Прыманку выдумаў хітрэц,

Заціх, як быццам мне ён здаўся.

«Пакінем спрэчку ў старане, —

Сказаў паважна карла мне, —

Мы гэтым наш саюз зняважым,

Ці ў нас не будзе больш сустрэч?

Хай доля вырашыць і скажа,

Каму належыць гэты меч,

Прыложым вуха да зямліцы

(Што не прыдумае лісіца!),

І хто пачуе першы звон,

Ў таго хай меч і серабрыцца».

Сказаў і на зямлю лёг ён.

Я зману гэтаму паддаўся;

Ляжу, а звону не чуваць.

Я думаў карлу ашукаць,

Ды сам сурова ашукаўся!

Цішком пракляты ліхадзей

Прыўстаў і да мяне хутчэй,

Падкраўся ззаду, размахнуўся;

Як бура, свіснуў востры меч,

Раней, чым я тут азірнуўся,

Ўжо галава зляцела з плеч —

І невядомая ў ёй сіла

Адразу дух жыцця спыніла.

Касцяк мой цернямі аброс;

Ў краіне дальняй і нязнанай.

Сатлеў мой прах непахаваны;

Ды хцівы карла перанёс

Мяне у гэты край туманны,

Дзе вечна я аберагаў

Той меч, што ты сягоння ўзяў.

З табою, віцязь, лёс героя,

Вазьмі ты меч, і бог з табою!

Мажліва, на сваіх шляхах

Ты чарадзея напаткаеш,

Ах, толькі ты яго пазнаеш, —

Адпомсці, знішчы зло і жах!

І я тады шчаслівы буду,

Спакойна век дакончу свой —

І, ўдзячны шчыраю душой,

Навекі твой удар забуду».

 

Песня чацвёртая

 

Уранку ўстаўшы, кожны раз

Я дзякую сардэчна богу

За тое толькі, што ў наш час

Чараўнікоў не так і многа.

К таму ж — і чэсць і слава ім! —

Бяспечныя жаніцьбы нашы...

Мужам, дзяўчатам маладым

Іх замыслы не так і страшны.

Ёсць чарадзеяў іншых шмат

Іх ненавіджу я ўсёй сілай:

Ухмылка, ветлы іх пагляд,

Прывабны стан і голас мілы.

Не верце хітрым ім і лютым,

І так, як я, у добры час,

Не знайце іхняе атруты, —

Хай цішыня агорне вас.

 

Паэзіі цудоўны геній,

Пясняр таемнага натхнення,

Кахання, мараў і чарцей,

Жыхар магіл і рая даўні,

І музы вольнай дабрадзей,

Пястун, ахоўнік і настаўнік!

Даруй, паўночны, мне, Арфей,

Што я ў аповесці маёй

Цябе часамі пераймаю

І ліру музы маладой

Ў хлусні прыгожай выкрываю.

 

Сябры, вы чулі, як з самоты

Злачынца ў дні часоў былых

Сябе прадаў спачатку, потым

Прадаў чарцям дачок сваіх;

Як ён у шчодрых падаяннях,

Малітвай, верай, а затым

Пастом і шчырым пакаяннем

Знайшоў заступніка ў святым;

Як ён памёр, і як заснулі

Дванаццаць дочак маладых:

І нас прывабілі, жахнулі

Малюнкі вобразаў начных,

І гэтыя праявы-цені

І змрочны чорт, і божы гнеў,

Жывыя грэшніка мучэнні

І прыгажосць чароўных дзеў.

Мы з імі плакалі, хадзілі

Навокал замкавай сцяны,

І сэрцам чулым мы любілі

Палон і ціхія іх сны;

Душой Вадзіма заклікалі,

Віталі абуджэнне іх,

Не раз манашак маладых

Ля бацькавай труны страчалі.

І так магчыма?.. нам салгалі!

Ды ці скажу вам праўду я?

 

Ратмір, хазарскі хан, штосілы

На поўдзень гнаў свайго каня,

І думаў ён да змроку дня

Нагнаць прыгожую Людмілу.

Барвовы дзень ужо знікаў;

Дарэмна хан перад сабою

Удалеч пільна паглядаў:

Было ўсе пуста над ракою.

Зары апошні промень ззяў

Над пазалотай лесу яркай.

Ля чорных скал ён праязджаў,

І, стомлены яздою шпаркай,

Начлегу паміж дрэў шукаў.

Ён на даліну выязджае

Ды бачыць: замак на гарах

Муры зубчастыя ўздымае;

Чарнеюць вежы па кутах;

І дзева па сцяне высокай,

Бы ў моры лебедзь адзінокі,

Ідзе, асветлена зарой;

І спеў дзяўчыны маладой

Ледзь чутны ў цішыні глыбокай:

 

«Ад хваль падзьмулі халады;

Кладзецца ў полі цемра ночы.

Заходзь, вандроўнік малады!

Схавайся ў церам наш дзявочы.

 

Тут ноччу цішыня заўжды,

А днём і шум і баляванне.

Прыйдзі на дружнае спатканне,

Прыйдзі, вандроўнік малады!

 

Дзяўчаты ў нас, прыходзь сюды,

Адчуеш ласку іх, каханне.

Прыйдзі на тайнае спатканне,

Прыйдзі, вандроўнік малады!

 

Зайграе рань на ўсе лады,

Напоўнім збан на развітанне.

Прыйдзі на мірнае спатканне,

Прыйдзі, вандроўнік малады!

 

Ад хваль падзьмулі халады;

Кладзецца ў полі цемра ночы.

Заходзь, вандроўнік малады!

Схавайся ў церам наш дзявочы».

 

Яна гукае юнака;

І ўжо наш віцязь пад сцяною;

Спаткаць гасця-вандраўніка

Дзяўчаты выбеглі гурбою;

Пад гоман ветлівасці госць

Акружак быў; з яго не зводзяць

Сваіх вачэй яны; і вось

Дзве дзеўчыны каня адводзяць;

Ідзе ў святліцу хан, чаргой

За ім дзяўчаты — мілы рой;

Адна здымае шлем крылаты,

Другая кованыя латы,

Хто пыльны шчыт бярэ, хто меч,

А хто здымае зброю з плеч;

Але раней чым весяліцца,

Ратміра юнага вядуць

У лазню рускую памыцца.

Ўжо хвалі дымныя цякуць

Ў яе сярэбраныя чаны,

І веюць халадком фантаны;

Дыван багаты перад ім;

На ім стамлёны хан кладзецца,

Над ім празрыста пара ўецца;

З ласкавым поглядам нямым

Напаўадзетыя дзяўчаты

З усёй руплівасцю сваёй

Навокал рыцара заўзята

Снуюцца жваваю гурбой.

Адна махае па-над ханам

Галінкамі бяроз жывых,

І пыша жар ад іx духмяны,

А сокам ружаў веснавых

Другая стому праганяе

І ў водарнай вадзе купае

Яго густыя валасы.

І юны хан ад захаплення

Забыў у гэтае імгненне

Пра ўзлёт Людмілінай красы;

Адным агорнуты жаданнем,

Пакутліва пагляд блішчыць,

І, поўны страснага чакання,

Ён сэрцам растае, гарыць.

 

Ды вось ён выйшаў з лазні чынна,

Адзеты ў пышныя тканіны,

Ратмір, сярод прыгожых дзеў,

За стол багаты потым сеў.

Я не Гамер, а ён высокім

Уславіць вершам мог адзін

Абеды грэчаскіх дружын

І звон і пену чаш глыбокіх.

Не, па слядах Парні, мілей

Мне славіць ліраю шматструннай

І страсны шэпт ў цяні начэй,

І дзеваў палкі пацалунак!

Заліты месяца святлом,

Я церам бачу ў аддаленні,

Дзе віцязь млосны, ў запаленні

Спакойна спіць салодкім сном;

Яго чало, яго ланіты

Імгненным полымем гараць;

Гатовы вycны паўадкрыты

Пяшчоту тайную прыняць;

Глыбока віцязь уздыхае,

Ён бачыць іх — і ў палкім сне

Да сэрца коўдру прыціскае.

Ды вось хтось дзверы адчыняе,

Рыпіць пад ножкай нецярплівай

Падлога ў цішыні раўнівай,

І ў бляску месяца гулліва

Мільгнула дзева. Сон крылаты,

Прэч адлятай з яго чала!

Прачніся — ноч твая прыйшла!

Прачніся — дарагі міг страты!..

Яна падходзіць, ён ляжыць,

Ў салодкім сне адпачывае;

Павольна коўдра апаўзае,

Агнём чало яго гарыць.

Маўкліва дзева перад ім

Стаіць нязручна і аддана,

Нібы двудушная Дыяна

Прад мілым пастарам сваім;

І вось яна на ложак хана

Каленам туліцца адным,

Ўздыхнуўшы, твар к яму схіляе

З гарачым подыхам сваім

І сон шчасліўца абрывае

Цалункам палкім і нямым...

 

Сябры, саромлівая ліра

Замоўкла пад маёй рукой;

Слабее ціхі голас мой —

Пакінем юнага Ратміра;

Спяваць цяпер аб ім не час:

Руслан цікавіць болей нас,

Руслан, наш віцязь беззаганны,

Каханак верны і адданы.

Яго стаміў упарты бой,

Пад волатаўскай галавою

Ён сон салодкі бачыць свой.

Але ўжо ранак над зямлёю

Яснеўся ціхаю зарой;

Ўжо промень жартаўлівы

Касматы шлем стаў залаціць.

Руслан устаў, і конь імклівы

Ужо яго стралой імчыць.

 

І дні бягуць; жаўцеюць нівы;

Спадае з дрэваў кволы ліст;

Ў лясах асенні ветра свіст,

Напевы птушак заглушае.

Пахмуры і цяжкі туман

Пустыя ўзгоркі абвівае;

Зіма не за гарой — Руслан

Свой шлях настойліва трымае

Далей на поўнач; з кожным днём

Ён перашкоды сустракае:

То б’ецца з волатам на злом,

То з ведзьмаю, то з веліканам,

То бачыць яснай ноччу ён,

Як быццам праз чароўны сон,

Акружаны сівым туманам,

Русалкі на галлі сядзяць,

З усмешкай на яго глядзяць;

Яны, не кажучы нічога,

Чаруюць князя маладога...

Ды ў сэрцы сіл таемны рой

Збярог яго ў спакусе той;

Ў яго душы жаданне тае,

Не бачыць іх, не заўважае,

Людміле верны ён адной.

 

А што ж у гэты час рабіла

Мая прыгожая княжна,

Мая цудоўная Людміла?

Схаваная чароўнай сілай

Вядзьмарскай шапкі, ўсё яна

Маўкліва сумная гуляла

Сярод прысад, сярод садоў,

Пра друга думала, ўздыхала,

Ці, волю даўшы марам зноў,

Да родных кіеўскіх палёў

У летуценнях адлятала;

Братоў ды бацьку абдымала,

Сваіх сябровак маладых

І мамак пазнае сваіх —

Палон забыўшы і разлуку!

Ды хутка бедная княжна

Зноў у палоне церпіць муку,

Ізноў, гаротная, адна.

А ведзьмара рабы няспынна

І ўдзень і ўноч па пуцявінах,

Па замку, ў садзе, поўны зла,

Княжну палонную шукалі,

Хадзілі, голасна гукалі,

Ды марнай праца іх была.

Людміла смехам іx страчала:

У садзе, ў зараслях алей

Без шапкі, раптам узнікала

І клікала: «Сюды, хутчэй!»

І ўсе кідаліся за ёй;

Людміла ўбок - нябачнай стала,

Яна нячутнаю хадой

Ад рук драпежных уцякала.

Усюды часта заўважалі

Яе мінутныя сляды:

То залацістыя плады

З галін шумлівых прападалі,

То кроплі чыстае вады

На луг патоптаны спадалі:

Тады напэўна ў замку зналі,

Што есць альбо што п’е княжна.

На голлях кедра ці бярозы

Ўсю ноч хавалася, яна

Шукала хоць на момант сна —

Ды толькі пралівала слёзы,

Гукала мужа і спакой,

У цяжкім смутку пазяхала.

І рэдка, рэдка прад зарой,

Прынікшы к дрэву галавой,

Дрымотай кволаю драмала;

Радзела ледзь начы імгла,

Яна пад вадаспад ішла

Памыцца свежаю вадою:

Сам карла ранняю парою

Аднойчы наглядаў з палат,

Як пад нябачанай рукою

Гулліва плёскаў вадапад.

З сваёй звычайнаю журбою,

Да новай ночы, зноў і зноў,

Яна блукала між садоў;

І часта ў змроку пазнавалі

Яе прыемны галасок;

І часта ў лесе падымалі

Ці ёю кінуты вянок,

Ці шалік колеру нябёс,

Ці хустку, мокрую ад слёз.

 

Суровай палкасцю натхнёны,

Дакукай, злосцю засмучоны,

Вядзьмар нарэшце загадаў

3лавіць княжну — ўсе кінуць справы!

Так Лемнаса каваль кульгавы,

Калі вянец ён шлюбны ўзяў

З рук Цытарэі велічавай,

Раскінуў сець яе красам,

Адкрыў насмешлівым багам

Кіпрыды чулыя забавы...

 

А наша бедная княжна

Ў альтанцы мармурнай сядзела;

Праз голле хісткае яна

Самотным позіркам глядзела

На поле, на квяцісты луг.

Тут чуе — клічуць: «Мілы друг!»

І бачыць вернага Руслана.

Яго хада, аблічча, стан;

Ды бледны ён, ў вачах туман

І на бядры жывая рана —

Зайшлося сэрца ў ёй. «Руслан!

Руслан!.. Ды ён жа!» І стралою

Да мужа бедная бяжыць,

Ад слёз і радасці дрыжыць:

«Ты тут... ты ранен... што з табою?»

Ужо дабегла, абняла:

О жах... то прывід, ён знікае!

Людміла ў сетцы; і з чала

Тут шапка ўміг на дол спадае.

Знямеўшы, чуе грозны крык:

«Яна мая!» — і ў той жа міг

Ведзьмар прад ёю вырастае.

Пачуўся дзевы кволы стогн,

Ад страху падае — і сон

Над ёй свае крыло ўздымае.

 

Што будзе з беднаю княжной!

О страх глядзець: вядзьмар пахілы

Ласкае зморшчанай рукой

Прывабнасць юнае Людмілы!

Няўжо шчаслівы будзе ён?

Ды раптам тут пачуўся звон,

І хтосьці карлу выклікае.

Са страху бледны чарадзей

На дзеву шапку надзявае;

Ды трубяць зноў; гучней, гучней!

І ён на заклік выбягае,

За плечы бараду ўскідае.

 

Песня пятая

 

Якая мілая княжна!

Яе натуру паважаю:

Яна чуллівая здаўна,

Пра мужа думка ў ёй адна;

Крыху свавольная... Бывае!

Тым цікавейшая яна.

Заўсёды прыгажосцю новай

Умее нас зачараваць;

Скажыце: можна параўнаць

Яе з Дэльфіраю суровай?

Адной — паслала доля дар

Пагляд і сэрца зачароўваць;

Яе усмешка і размова

Навейваюць кахання жар.

А тая — нібыта гусар,

Вусоў і шпор ёй не хапае!

Шчасліў, каго пад вечарок

У зачарованы куток

Людміла слаўная чакае,

І назаве: «Друг мілы мой».

Але не менш шчаслівы й той,

Хто ад Дэльфіры уцякае

І нават не знаёмы з ёй.

Ды справай зоймемся сваёй.

Трубіў жа хто! Хто чарадзея

На сечу грозную пазваў?

Хто ведзьмара перапужаў?

Руслан. Ён помстай палымнее,

Дасяг ён замка ліхадзея.

Ужо ён пад гарой стаіць,

Рог, нібы бура, завывае,

І нецярплівы конь кіпіць,

Снег моцным капытом капае.

Чакае карлу князь. Ды вось

Па шлему ўдарыў па стальному

Нябачнаю рукою хтось;

І быў удар падобен грому;

Руслан зірнуў у высь-прастор

І ўбачыў ён — над галавою

З узнятай страшнай булавою

Круціўся карла Чарнамор.

Шчытом прыкрыўся ён, нагнуўся,

Мячом патрос і замахнуўся;

Ды той пад хмары ўзвіўся ўміг,

На момант знік — з вышыняў тых

На князя зноў ляціць ён з жахам.

Наш віцязь хутка адляцеў,

І нечакана ў снег з размаху

Вядзьмар упаў — ды там і сеў;

Руслан — з каня далоў, без страху

Яго за бараду хапае,

Вядзьмар жа тужыцца, пыхціць

І ўміг з Русланам узлятае...

Ў трывозе конь услед глядзіць;

Ужо вядзьмар па-над палямі;

На барадзе герой вісіць;

Лятуць над змрочнымі лясамі,

Лятуць над дзікімі гарамі,

Лятуць над прорваю марской;

Руслан нямее ад натугі,

Але ж за бараду зладзюгі

Як след трымаецца рукой.

Вось ведзьмара слабеюць pyxі,

Ён сілай рускаю здзіўлён;

І ўрэшце гордаму Руслану:

«Паслухай, князь, — гаворыць ён, —

Табе я шкодзіць перастану;

Тваю я мужнасць прызнаю,

Дарую крыўду ўсю сваю,

Спушчуся — толькі з угаворам...» —

«Маўчы, закляты вораг мой! —

Сказаў наш віцязь. — З Чарнаморам,

За кпіны з жонкі дарагой,

Руслан не знае дагавора!

Мой грозны меч адпомсціць скора.

Ляці да зорак, хоць куды,

А быць табе без барады!»

Страх забірае Чарнамора;

У злосці, ў горасці нямой

Дарэмна доўгай барадой

Стамлёны карла устрасае;

Руслан яе не выпускае

І шчыпле валасы парой.

Два дні вядзьмар героя носіць,

На трэці літасці ён просіць:

«О злітуйся, князь, нада мной;

Я дыхаць не магу ўжо болей;

Пакінь жыццё, ў тваёй я волі;

Куды цябе спусціць, скажы?..» —

«Цяпер ты наш, цяпер дрыжы!

Скарыся грознай рускай сіле!

Нясі мяне к маёй Людміле».

 

Заціх, скарыўся Чарнамор;

Дамоў ён з віцязем крануўся;

Ляціць — і мігам апынуўся

Сярод сваіх жахлівых гор.

Тады Руслан адной рукою

Ўзяў меч славутай галавы,

Схапіўшы бараду другою,

Адсек яе, як пук травы.

«Знай нашых! - ён сказаў сурова, —

Ну як, драпежнік, без красы?

Без сілы?» І на шлем сталёвы

Сівыя вяжа валасы.

І кліча ён каня ліхога;

Вясёлы конь стралой прымчаў;

Наш віцязь карлу ледзь жывога

У торбу за сядло паклаў.

Каб часу не прайшло багата,

Бяжыць наверх гары крутой,

Дасяг і з радаснай душой

Мчыць у чароўныя палаты.

Шлём запрыкмеціўшы калматы,

Знак перамогі удалой,

Прад ім арапаў дзіўны рой,

Гурты нявольніц баязлівых,

Як прывіды з усіх старон,

Бягуць — хаваюцца. А ён

Сваю княжну шукае мкліва,

Гукае голасна яе, —

Ды рэха тых палат маўклівых

Руслану голае падае;

Усхваляваны, нецярпліва

Ён адчыняе дзверы ў сад —

Ідзе, ідзе — і не знаходзіць;

Навокал позіркам абводзіць —

Ані душы сярод прысад,

Ў альтанках пуста; на вяршынах,

Каля крыніцы, у далінах

Няма Людмілы — знік і след.

Нічога вуха не ўспрымае,

Ўміг князя холад абдымае,

Ў вачах яго цямнее свет,

Трывожна думкі набягаюць:

«Палон... няволя... хто там знае…

Быць можа... хвалі... роспач... жах!»

З нямой пакутлівай журбою

Панікнуў віцязь галавою;

Яго гняце міжвольны страх;

Стаіць, нібы акамянелы;

Слабее розум памутнелы;

Атрута роспачнай любві

Ужо цячэ ў яго крыві.

Здалося — цень княжны любімай

Крануўся вуснаў маладых...

І раптам, жудасны, нястрымны,

Пабег ён па садах густых;

Людмілу гучна заклікае,

І скалы з гор крутых скідае,

Знішчае ўсё сваім мячом,

Пад корань лес густы ссякае;

Масты у пене хваль ныраюць,

Стэп агаляецца кругом!

Далёка гулы адбіваюць

І рык, і трэск, і шум, і гром;

Меч люта свішча па абшарах,

Край апустошаным ляжыць —

Шукае люты князь ахвяры,

Ад нецярплівасці дрыжыць,

Мячом паветра рассякае...

І раптам — нечаканы ўдар

З княжны нябачнай ён збівае

Апошні Чарнамора дар...

У момант знікла чараў сіла:

Прад ім адкрылася Людміла!

Паверыць ён вачам не мог;

Узрушан шчасцем нечаканым,

Наш віцязь падае да ног

Сяброўкі любай і адданай,

Цалуе рукі, сеці рве,

Лье слёзы, мілую заве,

Але яна спіць моцным сном,

Вачэй і губ не раскрывае,

І мары палкасным агнём

Ёй грудзі лёгка падымаюць.

З яе не зводзіць воч сваіх,

Не знае ад тугі спачыну...

І раптам кліч у гэты міг

Пачуў ён дабрадзея Фіна:

 

«Мужайся, князь! Ў зваротны шлях

Збірайся з соннаю Людмілай;

Напоўні сэрца новай сілай,

Каханню жыць у новых днях.

Гром гулкі ў небе адгукнецца,

І запануе ціш адна —

І ў светлым Кіеве княжна

Прад Уладзімірам прачнецца

Ад зачарованага сна».

 

Пачуўшы з радасцю такое,

Ў абдымкі ён бярэ княжну,

І з гэтай ношай дарагою

Уніз ідзе гарой крутою, —

Не траціць хвілю ні адну.

 

Маўкліва, з карлай за спіной,

Дарогай едзе ён сваёй;

Ў яго руках ляжыць Людміла,

Прыгожая, нібы вясна,

Асілку на плячо яна

Свой твар даверліва схіліла.

У кольцы звіты валасы,

Спакойна ветрык іх калыша;

Як часта грудзі яе дышуць!

Аблічча, поўнае красы,

Імгненна ружаю палае!

І летуценні і любоў

Русланаў вобраз нараджаюць,

І вусны шапатліва зноў

Імя Руслана вымаўляюць.

У забыцці ўсё ловіць ён

Яе чароўнае дыханне,

Усмешку, слёзы, ціхі стогн,

Грудзей Людмілы хваляванне...

 

Між тым, па долах, па гарах,

І ў белы дзень, і па начах

Наш віцязь едзе, змардаваны.

Яшчэ далёк рубеж жаданы,

А дзева спіць. Але аднак

Няўжо стамлёны князь-юнак,

Пакутнік вечны, беззаганна

Людмілу толькі вартаваў,

Няўжо стрымаў ён парыванні,

Узлёт няскромнага жадання,

І ў гэтым шчасце адчуваў?

Манах, каторы захаваў

Патомству вернае паданне

Аб слаўным віцязі маім,

Запэўнівае нас у тым:

І веру я! Няма без згоды

Прыемнай, любай асалоды:

Ўдваіх мы шчасныя заўжды.

Пастушкі, сон княжны прыгожай

Не схожы быў на вашы сны,

Парой тужлівае вясны,

Ў цяньку пад дрэвамі. Мурожны

Маленькі помню я лужок

Сярод бярозавага гаю,

Я помню цёмны вечарок,

І сон я Ліды памятаю...

Ах, першы пацалунак мой,

Пяшчотны, лёгкі, трапятлівы,

Не разагнаў хвілінай той

Дрымоты дзеўчыны цярплівай...

Ды хопіць казак жартаўлівых!

Нашто ўспаміны пра каханне?

Яе уцеха, гараванне

Забыты мною з даўніх пор;

Цікавіць больш апавяданне,

Княжна, Руслан і Чарнамор.

 

Прад імі сцелецца раўніна,

Дзе зрэдку стрэнецца сасна;

І грозны выгляд кургана

Чарнее круглаю вяршыняй

У яркай неба сіняве.

Руслан глядзіць — і здагадаўся,

Што пад’язджае к галаве;

Хутчэй імклівы конь памчаўся;

Ўжо блізка цуда; у прастор

Яно глядзіць застылым вокам;

А валасы, як чорны бор,

Парослы на ілбе высокім;

Жыцця ланітам нестае —

Свінцовай бледнасцю пакрыты,

І вусны страшныя адкрыты,

І зубы сціснуты ў яе...

Над амярцвелай галавою

Ужо апошні дзень згасаў,

Тут віцязь да яе прымчаў

З Людмілай, з карлай за спіною.

«Дзень добры, галава! — крычыць. —

Я тут! Твой здраднік пакараны!

Зірні: вось ён, вядзьмар паганы!»

І словы гэтыя — глядзіць —

Яе раптоўна ажывілі.

На міг пачуцці разбудзілі,

Ачнулася, нібы ад сна,

Зірнула, страшна застагнала...

Пазнала віцязя яна

І брата з жудасцю пазнала.

Надзьмула ноздры; на шчаках

Агонь барвовы нарадзіўся,

І ў паміраючых вачах

Апошні гнеў яе адбіўся.

Ў шаленстве ўзрушаным, нямым

Яна зубамі скрыгатала,

Халодным языком сваім

Дакоры брату мармытала...

Ужо яе ў той самы час

Навек пакута пакідала:

Агонь чала імгненны гас,

Слабела цяжкае дыханне,

Ў вачах прамень апошні знік,

І хутка князь і чараўнік

Страшное ўбачылі скананне...

Яна заснула вечным сном.

Маўкліва віцязь аддаліўся;

Дрыжачы карлік за сядлом

Не смеў дыхнуць, не варушыўся,

Чароўнай моваю цішком

Старанна дэманам маліўся.

 

На схіле цёмных берагоў

Якойсьці рэчкі ціхацечнай,

Ў прахладнай змрочнасці лясоў

Стаяла хата між адвечных

Высокіх сосен і дубоў.

Павольнаплынная рака

Прытулак ціxі рыбака

Санлівай хваляй амывала

І ледзьве чутна булькатала

Пры лёгкім шуме вецярка.

Ляжала цёмная даліна

У гэтых хмурыстых мясцінах;

Здавалася, там цішыня

З пачатку свету панавала.

Руслан спыніў свайго каня.

Было ўсё ціха, глуш маўчала;

Ад расцвітаючага дня

Даліна з саматлівым гаем

Ірдзела праз світання дым.

Руслан з сядла княжну здымае,

Садзіцца ля яе, ўздыхае

З салодкім смуткам і нямым;

І раптам бачыць прад сабою

Ён парус ў веях вецярка,

І чуе песню рыбака

Над ціхабруйнаю ракою.

Па хвалях невад раскідаў

І веславаў рыбак няспынна,

Да берага ён падплываў,

Да ўласнай згорбленай хаціны.

І бачыць добры князь Руслан:

Спакойна човен прыплывае;

А з цёмнай хаты выбягае

Насустрач дзева; стройны стан,

Каса распушчана нядбала,

Усмешка ціхая вачэй, —

Усё ў ёй проста чаравала;

Нічога не знайсці мілей!

Рыбак абняў сваю дзяўчыну.

Садзяцца там, дзе хваля б’е,

І час шчаслівага спачыну

Для іх з любоўю настае.

Але ў здзіўлёнасці маўклівай

Каго ж у рыбаку шчаслівым

Наш юны віцязь пазнае?

Хазарскі хан, абраны славай,

Ў каханні і ў вайне крывавай

Яго сапернік малады,

Ратмір, пра славу і Людмілу

Забыўся ў гушчары глухім

І здрадзіў ён навекі ім

Ў абдымках жонкі сваёй мілай.

 

Герой наблізіўся, і ўміг

Пустэльнік пазнае Руслана,

Ўстае, ляціць. Раздаўся крык...

І абдымае віцязь хана.

«Што бачу я? — спытаў герой, —

Чаму ты тут, чаму пакінуў

Трывогі долі баявой,

І меч, што ты ўслаўляў няспынна?» —

«Мой друг, — пачуу ён у адказ, —

Калі за славай у змаганні

Ганяўся я, мінуў той час.

Дай веры: дружнае гулянне,

Дубровы мірныя, каханне

Мілей за ўсё — у сотню раз —

Цяпер, згубіўшы прагу бою,

Не рызыкую галавою,

Здаволен верным шчасцем, брат.

Пра ўсё забыўся я, друг мілы,

І нават пра красу Людмілы». —

«Шаноўны хан, я вельмі рад! —

Сказаў Руслан, — яна са мною». —

«Ці праўда? Доляю якою?

Што чую? Руская княжна...

Яна з табою, дзе ж яна?

Дазволь... ды не, баюся здрады, —

Яна мне сэрца ўскалыхне;

Сяброўка мілая ў мяне,

Я падзяляю з ёю радасць.

Яна — жыццё мне, шчасце, слава!

Яна вярнула мне ізноў

Юнацтва згубленае нават,

І мір, і чыстую любоў.

Дарэмна шчасце абяцалі

Усмешкі вуснаў маладых;

Дванаццаць дзеў мяне кахалі:

Я для яе пакінуў іх;

Вясёлы церам іx пакінуў,

У пушчы з любаю зажыў;

Свой цяжкі меч і шлем закінуў

І славу й ворагаў забыў.

Пустэльнік мірны і нязнаны,

Застаўся ў ветлівай глушы,

З табой, друг мілы, друг адданы,

З табой, святло маёй душы!»

 

Пастушка мілая стаяла,

Лавіла гук размовы іх,

І ветлівых вачэй сваіх

На момант з хана не спускала.

 

Рыбак і князь на берагах

Да цёмнай ночы прасядзелі

З сяброўскай шчырасцю ў вачах —

Хвіліны хуткія ляцелі.

Чарнее лес, маўчыць гара;

Ўзыходзіць месяц — ціха стала;

Герою ўжо ў паход пара —

Напяўшы ціха пакрывала

На дзеву спячую, Руслан

Ідзе і на каня садзіцца;

Задумліва маўклівы хан

Душой услед яму імчыцца,

Руслану шчасця, перамог,

Кахання, славы ён жадае...

І ўзлёты юных дум, трывог

Міжвольным смуткам ажыўляе...

 

Чаму ж бы долі не паслаць,

Каб мог на ліры ў захапленні

Адно геройства я ўслаўляць

І з ім (якіх цяпер не стрэнеш)

Любові, дружбы даўні след?

Я, горкай ісціны паэт,

Чаму павінен для патомства

Злосць і заганы агаляць

І змрок падкопаў вераломства

Ў праўдзівых песнях выкрываць?

 

Фарлаф, Людмілы недастойны,

Які ўжо славы не шукаў,

Каго б ніхто і не пазнаў,

Ў пустыні дальняй і спакойнай

Сядзеў, Наіну ўсё чакаў.

І урачысты час настаў.

Прыйшла вядзьмарка і сказала:

«Ці знаеш ты мяне, герой?

Сядлай каня, ідзі за мной!»

І ведзьма кошкай раптам стала;

Конь пад сядлом, яна памчала;

Між змрочных дрэў па сцежках ён

За ёю скача наўздагон.

 

Даліна дрэмле, заціхае,

Ў начны адзетая туман,

Паціху месяц праплывае

Між хмар імглістых і курган

Халодным бляскам асвятляе.

Маўкліва перад ім Руслан

Сядзеў з звычайнаю журбою

Перад любімаю княжною.

Цяжкую думу думаў ён,

Ляцелі мары чарадою,

І непрыкметна веяў сон

Над ім халоднымі крыламі.

На дзеву смутнымі вачамі

Ў дрымоце ціхай ён зірнуў

І стомленаю галавою

Схіліўся да яе, заснуў.

 

І сніцца вешчы сон герою:

Ён бачыць, быццам бы княжна

Над страшнай прорвай, глыбінёю,

Стаіць у сполаху яна...

І ўміг Людміла прападае,

Адзін стаіць над прорвай ён...

Знаёмы кліч, прызыўны стогн

Ад жонкі любай далятае...

Руслан імчыцца ўслед за ёй;

Кулём ляціць у цьме глыбокай...

І раптам бачыць прад сабой:

Ўладзімір, ў цераме высокім.

Між блізкіх ветлівых людзей,

І між дванаццаццю сынамі,

З гурбой запрошаных гасцей

Сядзіць за поўнымі сталамі.

Князь ганарліва гнеў нясе,

Як і ў хвіліны расставання.

Сядзяць, маўчаць зацята ўсе,

Ніхто не абарве маўчання.

Заціх вясёлы шум гасцей,

Не ходзіць чаша кругавая...

І бачыць ён сярод гасцей

Ў баі забітага Рагдая:

Забіты, як жывы, сядзіць;

Ён прагна з пеністага збана

Вясёлы п’е і не глядзіць

На задзіўлёнага Руслана.

Князь бачыць маладога хана,

Сяброў і ворагаў... Тут ён

Раптоўна чуе гусляў звон

І голас вешчага Баяна,

Забаў, герояў песняра.

Фарлаф у церам тут заходзіць,

Людмілу за руку прыводзіць;

Сум не кідаў гаспадара,

Маўчыць ён, галаву схіляе,

Маўчыць князёў бліскучы рад,

Пачуцці у душы хаваюць.

І знікла ўсё — санлівы чад

І холад князя абдымаюць.

Ў дрымоце цяжкай доўга ён

Лье слёзы жалю і пакуты,

Ён адчувае: гэта сон!

Але, праявай злой закуты,

Прачнуцца ўсё ж не ў сілах ён.

 

Ледзь месяц свеціць над гарою,

Гаі спавіты цемнатою,

Даліна ў мёртвай цішыні...

І здраднік едзе на кані.

 

Прад ім раскрылася паляна;

Ён бачыць хмурысты курган;

Ля ног Людмілы спіць Руслан,

І ходзіць конь вакол кургана.

Фарлаф спалохана глядзіць;

Ў тумане ведзьма прападае,

Замёрла сэрца ў ім, дрыжыць,

З рукі ён повад выпускае,

Крадзецца ціха, нібы звер,

Гатовы віцязя без бою

Рассекчы папалам цяпер...

Пад’ехаў блізка. Конь героя,

Пачуўшы ворага, ўскіпеў

І заіржаў. Але дарэмна!

Руслан не чуе, сон страшэнны

Заслонай па-над ім вісеў!..

Натхнёны ведзьмаю старою,

Тут здраднік подлаю рукою

Ўваткнуў герою ў грудзі сталь...

І мчыцца баязліва ўдаль

З сваёй здабычай дарагою.

 

Ўсю ноч без памяці Руслан

Ляжаў у змроку пад гарою.

Гадзіны беглі. Кроў ракою

Цякла з яго глыбокіх ран.

І толькі заўтра раніцою

Адплюшчыў крыху вочы ён,

Прыўзняўся, выдаў слабы стогн,

Зірнуў, схіліўшы галаву, —

І ўпаў без памяці ў траву.

 

Песня шостая

 

Ты мне загадваеш, друг шчыры,

На лёгкай і нядбалай ліры

Пра дні мінуўшчыны спяваць,

І музе вернай прысвячаць

Спачынкаў слаўныя часіны...

Ты знаеш, мілая дзяўчына:

Не ў лад з гаворкаю людской,

Твой друг, у шчасці і пяшчоце,

Забыў і працу ў адзіноце,

І гукі ліры дарагой.

Ад гарманічнае забавы

Я, зачарованы, адвык...

Табой дышу — і гордай славы

Не дораг мне прызыўны крык!

Мяне пакінуў тайны геній

Салодкіх думак і натхнення;

Уцеха толькі і любоў

Цяпер маю хвалююць кроў.

Ды слухаць некалі любіла

Мае апавяданні ты,

Паданні славы, пекнаты;

Асілак мой, мая Людміла,

Ўладзімір, ведзьма, зданняў рой,

Старога Фіна засмучэнні

Твае займалі летуценні;

Ты, байкі слухаўшы, парой

З усмешкай ветлаю драмала;

Але часамі позірк свой

На песняра мілей кідала...

Пачну; ўлюбёны гаварун,

Крануся зноў лянівых струн;

Я каля ног тваіх сядаю

І зноў пра віцязя спяваю.

 

Ды што сказаў я? Дзе Руслан?

Ляжыць ён мёртвы ў чыстым полі;

Ўжо кроў яго не льецца болей,

Над ім крыляе злы груган,

Замоўкнуў рог, застылі латы,

Шлем не варушыцца калматы!

 

Наўкол Руслана ходзіць конь,

Схіліўся гордай галавою,

Ў яго вачах прапаў агонь!

Няўцешны, грывай залатою

Ён не трасе, не скача ён,

Чакае, покуль князь ачнецца...

Але прагнаць халодны сон

Не хутка князю давядзецца.

 

А Чарнамор? Ён за сядлом,

У торбе, ведзьмаю забыты,

Не знаў, што робіцца кругом;

Стамлёны, сонны і сярдзіты,

Майго героя і княжну

З нудоты лаяў ён маўкліва;

Не знаючы пра навіну,

Ён з торбы выглянуў — о дзіва!

Сном вечным, бачыць, віцязь спіць;

Ў крыві затоплены ляжыць;

Няма Людмілы, пуста ў полі;

Ад шчасця ліхадзей дрыжыць

І думае: я ўжо на волі!

Ды ён дарма так разважаў.

 

Між тым, Наінаю натхнёны,

Ліxі Фарлаф з Людмілай соннай

Пад стольны Кіеў пад’язджаў:

Надзея й страх яго абнялі;

Прад ім дняпроўскія ўжо хвалі

Сярод знаёмых ніў шумяць;

Ўжо дахі горада відаць;

Фарлаф па гораду ўжо едзе,

І шум на плошчах паўстае;

Усхваляваны люд снуе,

Бяжыць, каб конніка угледзець,

І князя-бацьку ўзвесяліць:

Ды вось там здраднік сам стаіць.

 

Ў душы засмучаны бясконца,

У гэты час Ўладзімір-сонца

Ў высокім цераме сваім

Taміўся думаю тужлівай.

Баяры, віцязі пры ім

Сядзелі з важнасцю маўклівай.

Ды раптам на двары сваім

Ён чуе крыкі, гул і гоман;

Тут дзверы насцеж: перад ім

Стаіць ваяка невядомы;

Быў стрэты шэптам ён глухім,

Ды ўcіx тут радасць акрыліла:

«Фарлаф... няўжо?.. з табой Людміла!»

Змяніўся князеў сумны твар,

Падняўся з крэсла гаспадар,

Спяшаецца цяжкой хадою

Да дочкі роднае свае,

Бацькоўскай ласкавай рукою

Стараецца абняць яе;

Яна ж тых ласк не адчувае,

Ляжыць, нібыта нежывая,

Ў руках забойцы — ўсе глядзяць

На князя здзіўлена ў чаканні:

Князь неспакойна пазіраць

Пачаў на віцязя ў маўчанні.

Да вуснаў палец той прыклаў:

«Людміла спіць, — усім сказаў, —

Я так знайшоў яе нядаўна

Ў пустынных мурамскіх лясах

У злога лесуна ў руках;

Там скончылася справа слаўна;

Я тры дні біўся; не сціхаў

Наш люты бой і ноччу цёмнай;

Мой вораг не ўстаяў і паў,

Княжна мне дасталася соннай;

І хто парушыць дзіўны сон?

Калі настане абуджэнне?

Не знаю — лёсу то закон!

А нам надзея і цярпенне —

Адно цяпер задаваленне».

 

І хутка навіна кругом

Стралой па гораду ляцела;

Народ збіраецца гуртом,

Гаворкай плошча закіпела;

Адкрыты ўсім палац стаіць;

Натоўп хвалюецца, бяжыць

Туды, на ложы дзе высокім

Ляжыць на коўдры залатой

Княжна Людміла ў сне глыбокім;

Князі і віцязі пры ёй

Стаяць панурыя; гук трубны,

Цімпаны, рогі, гуслі, бубны

Грымяць над соннаю княжной;

Стары, знясілены тугой,

Да ног Людмілы сівізною

Прыпаў з маўкліваю слязою;

Фарлаф збянтэжаны пры ім

Стаяў з раскаяннем нямым,

Дзе ж зніклі дзёрзкасці ліхія?

 

Настала ноч. Шумлівы Кіеў

Бяссонных воч не закрываў;

Народ вёў шумную гамонку,

Пра цуда кожны штось казаў;

Муж верны маладую жонку

Ў святліцы сціплай забываў.

Ледзь толькі месячык двухрогі

Знік перад ранішняй зарой,

Ўвесь Кіеў новаю трывогай

Абуджан. Крыкі, шум, развой

Узніклі ўсюды. Кіяўляне

На гарадской сцяне стаяць...

З сцяны у ранішнім тумане

Шатры за рэчкаю відаць;

Шчыты, як зарыва, бліскаюць,

У полі коннікі мільгаюць,

Узняўшы ў далях чорны пыл;

Ізноў прачнуліся набегі,

Гарыць агнямі небасхіл.

Бяда: паўсталі печанегі!

 

А ў гэты час Фін — уладар

Магутных духаў, тайных чар —

У дзікім і пустынным полі

З душой спакойнаю чакаў,

Каб дзень, што вызначаны доляй,

Даўно прадбачаны, настаў.

 

У глушыні палёў спякотных,

За дальняй, дзікаю гарой,

Жыллё вятроў і бур грымотных,

Куды і ведзьма погляд свой

У позні час баіцца кінуць,

Таіцца дзіўная даліна,

І ў той даліне дзве крыніцы:

Адна цячэ вадой жывой;

Другая між кустоў бруіцца

Па жвіру мёртваю вадой;

Наўкола ціха, ветры спяць,

Вясновы халадок не вее,

Сталеткі-сосны не шумяць,

Не ўюцца птушкі, лань не смее

У спёку піць з таемных вод;

На ўлонні міра духаў пара

З пачатку света, у абшарах

Вартуе бераг ад нягод...

З двума збанамі тут пустымі

З’явіўся вешчы Фін прад імі;

Спынілі духі даўні сон

І, страху поўныя, прапалі.

Схіліўся, апускае ён

Збаны ў някранутыя хвалі;

Напоўніў і ў паветры знік,

І апынуўся чараўнік

Ў даліне, дзе ляжаў Руслан

Ў крыві, без памяці ад ран;

І стаў над рыцарам стары,

І пырснуў мёртваю вадою,

І рана кожная гарыць,

І труп дзівоснаю красою

Расцвіў; тады вадой жывою

Стары героя акрапіу.

Адчуў ён новых сіл прыліў,

Жыве ў ім сэрца маладое;

Ўстае Руслан, на ясны дзень

Вачамі прагна паглядае,

Як недарэчны сон, як цень,

Прад ім мінулае мільгае.

А дзе ж Людміла? Ён адзін!

Ў ім сэрца зноўку замірае.

Але тут раптам вешчы Фін

Руслана кліча й абдымае:

«Збылася доля, о мой сын!

Цябе шчаслівы час чакае;

Цябе крывавы кліча бой;

Твой грымне грозны меч бядою;

У Кіеў прыйдзе супакой,

І будзе там яна з табою.

Вазьмі пярсцёнак, тайны дар,

Крані ты ім чало Людмілы,

І чар вядзьмарскіх згінуць сілы,

Збянтэжыць ворагаў твой твар,

Мір прыйдзе, згіне ліхалецце,

Хай шчасце вам абоім свеціць!

Бывай надоўга, віцязь мой!

Руку дай... толькі на тым свеце

Мы ўжо спаткаемся з табой!»

Сказаў і знік ён. Захапленнем

Агорнут палкім і нямым,

Руслан удзячна ў заміленні

Ўздымае рукі ўслед за ім...

Ды не чуваць нічога болей!

Руслан адзін у ціхім полі;

Гарцуе, з карлам за сядлом,

Руслана конь нецерпялівы,

Бяжыць, іржэ, махае грывай;

Ўжо князь гатоў і ўжо вярхом

Ляціць жывы ён і здаровы

Цераз палі, цераз дубровы.

 

Ды як жа Кіеў гаратлівы

Сустрэнуў ворага прыход?

Там, пазіраючы на нівы,

Ў знямозе роспачнай народ

Стаіць на вежах, на гарах,

І кары жудаснай чакае;

Нясмелы лямант у дамах,

Спалоху цішыня нямая;

Адзін, каля дачкі ізноў,

Ўладзімір з горкаю малітвай;

Гурт гордай славы ўладароў

З дружынай вернаю князёў

Рыхтуецца да лютай бітвы.

 

І дзень крывавы надышоў.

І вораг рушыў з-за бугроў;

Неўгамаваныя дружыны

Навалай хлынулі з раўніны,

На кіяўлян пайшлі гарой;

На плошчах трубы загрымелі,

Байцы адважна паляцелі

Насустрач раці баявой,

Спаткаліся — пачаўся бой.

Пачуўшы смерць, кіпелі коні,

Пайшлі грымець мячы па броні;

Са свістам хмара стрэл ляціць,

Раўніна ад крыві гарыць;

Імчацца коннікі няспынна,

Перамяшаліся дружыны;

З’яднанай, дружнаю сцяной

Сячэцца там са строем строй;

Там пешы з конным лезе біцца;

Там конь спалоханы імчыцца;

Там рускі ўпаў, там печанег;

Той кліча ў бойку, той пабег;

Той пераможан булавою;

Той лёгкай ранены стралою;

Другі, прыціснуты шчытом,

Шалёным стоптаны канём...

Цягнуўся бой да цёмнай ночы;

Ніхто не выйграў гэты бой!

І за крывавых цел гарой

Байцы свае закрылі вочы,

І моцным быў іх цяжкі сон;

І зрэдку толькі ў полі бітвы

Быў чуцен паўшых ціхі стогн

І рускіх віцязяў малітвы.

 

Знікае ранні лёгкі цень,

Ў патоках хваля срэбрам ходзіць, —

Няпэўны нараджаўся дзень

На затуманеным усходзе.

Яснелі ўзгоркі і бары,

На небе — водблескі зары.

Яшчэ ў бяздзейным супакоі

Драмала поле баявое.

Знік раптам сон: варожы стан

З трывогай шумна ўсхваляваўся;

Заныла сэрца кіяўлян;

Бягуць раскіданай гурбою,

Глядзяць: між ворагаў стралою

Ляціць, увесь нібы ў агні,

Цудоўны воін на кані.

Як бура мчыцца, б’е і коле,

Гудзе у рог прызыўны ў полі...

То быў Руслан. Як божы гром,

Ён наляцеў на басурмана;

Ён скача з карлам за сядлом

Сярод спалоханага стана.

Дзе ні засвішча грозны меч,

Дзе ні прамчыцца конь стралою, —

Лятуць галовы ўсюды з плеч,

І падае там строй за строем;

І ўмомант быў зялёны луг

Гарой крывавых цел пакрыты,

Жывых, расціснутых, пабітых,

Грамадай коп’яў, стрэл, кальчуг.

На трубны гук, на голас бою

Дружыны конныя славян

Памчалі наўздагон герою...

Загінь, пракляты басурман!

Жах ахапляе печанегаў;

Сыны ўлюбёныя набегаў

Тут коней спуджаных завуць,

Працівіцца не смеюць болей,

І з дзікім крыкам пыльным полем

Ад кіеўскіх мячоў бягуць,

Асуджаныя на скананне;

Наш меч прынёс пакаранне!

Героя Kіeў сустракае;

Вось ён па гораду ляціць;

Ў руцэ магутны меч трымае;

Кап’ё, як зорка, мігаціць;

З кальчугі меднай кроў сцякае;

На шлеме барада трымціць;

Ляціць, акрылены надзеяй,

Па вуліцах у княжы дом.

Народ, усцешаны надзеяй,

Шуміць і тоўпіцца кругом,

І князя радасць ажывіла.

Ідзе у церам наш герой,

Дзе спіць цудоўным сном Людміла;

Ўладзімір, з думаю цяжкой,

Ля ног яе стаяў панылы.

Ён быў адзін. Яго сяброў

Вайна пазвала ў бой крывавы.

Але Фарлаф пры ім. Ён славы

Цураўся гэтак, як баёў,

Ён не любіў трывогі стана,

На варце ля дзвярэй стаяў.

Ледзь ліхадзей пазнаў Руслана,

Увесь ад страху задрыжаў,

І анямела ён упаў

Перад Русланам на калені...

Чакаў, што люты суд сустрэне.

Руслан — далей; таемны дар

З яго чаруючаю сілай

Паднёс ён хутка да Людмілы, —

Крануў пярсцёнкам мілы твар...

І цуда: юная княжна

Адплюшчыла, ўздыхнуўшы, вочы!

Здалося, быццам бы яна

Дзівілася даўжэзнай ночы;

Здавалася, што нейкі сон

Няяснай мараю трывожыў,

І ўміг пазнала — гэта ён!

І князь ў абдымках у прыгожай.

Ажыўшы полымнай душой,

Не бачыць ён не заўважае,

А бацька ў радасці нямой,

У слёзах, мілых абдымае.

 

Чым скончу доўгі свой расказ?

Ты здагадаешся, друг мілы!

Старога князя гнеў пагас;

Фарлаф прад ім і прад Людмілай

Ля ног Руслана расказаў

Пра сорам свой і ліхадзейства;

Руслан Фарлафу дараваў;

Пазбаўлен сілы чарадзейства,

Ў палац прыняты карла быў;

Канец няшчасцям наступіў,

Ўладзімір ў цераме высокім

Забаляваў сярод сваіх.

 

Падзеі дзён даўно былых,

Паданні старыны глыбокай.

 

Эпілог

 

Так, жыхар свету раўнадушны,

На ўлонні лёгкай цішыні

Я славіў ліраю паслушнай

Паданні пра былыя дні.

Спяваў і забываў пра крыўды

Заклятых ворагаў сваіх,

І здрады ветранай Дарыды,

І шэпты плеткароў дурных.

На крылах вымыслу мой розум

Ляцеў за край зямлі маёй;

Між тым нябачнаю пагрозай

Звісала хмара нада мной!..

Я прападаў... Святы ахоўнік

Пары бурлівай маладой,

О дружа, ўцешнік ты цудоўны

Душы расслабленай маей!

Ты умаліла непагоду,

Ты сэрцу зноў вярнула мір;

Ты захавала мне свабоду,

Юнацтва палкага кумір!

Забыты ўвагаю людскою,

Пакінуў неўскіх хваляў плынь,

Цяпер жа бачу прад сабою

Я гор Каўказскіх высачынь.

Над іх вяршынямі крутымі,

На схіле хмурых верхавін,

Жыву пачуццямі аднымі

І дзіўным хараством карцін

Прыроды дзікае і сумнай;

Як і раней, душа ўвесь час

Тамлівай апавіта думай —

Ды жар паэзіі пагас.

Дарма шукаю захапленняў:

Прайшла пара вясёлых сноў,

Кахання, вершаў, чулых слоў,

Пара сардэчнага гарэння!

Адплыў уцех кароткі дзень

І знікла ад мяне, як цень,

Багіня ціхага натхнення...



Пераклад: Андрэй Александровіч