Там, дзе мора вечна б’ецца
У крутыя берагі,
Там, дзе месячык снуецца
Ў хмарах цёплае смугі,
Дзе ў гарэмнай асалодзе
Ночку бавіць мусульман,
Чараўніца ў добрай згодзе
Мне ўручыла талісман.
І ласкава гаварыла:
«Зберажы мой талісман:
Таямнічая ў ім сіла,
І каханне, і падман.
Ад хваробы, ад магілы,
Ў буру, ў грозны ураган
Галавы тваёй, мой мілы,
Не ўратуе талісман.
І багаццямі Усходу
Ён не зможа адарыць,
Паднявольныя народы
Не здалее пакарыць;
Ні ў сяброўскае улонне
І ні ў спадзявання зман
Ён цябе на поўнач з поўдня
Не замчыць, мой талісман...
А калі красуні вочы
Раптам на цябе зірнуць
І нагайца рукі ўночы
Здрадна шыю абвіюць —
Дружа любы! дасць ён рады
Ад сардэчных новых ран,
Ад падману і ад здрады —
Зберажэ мой талісман!»
1827