Бура мглою неба крые,
Віхры снежныя ляцяць:
То як звер яна завые,
То заплача як дзіця,
То саломаю трывожна
На страсе зашамаціць,
То, як позні падарожны,
У акно загрукаціць.
Наша хатка невяліка,
Непрытульна, цёмна ў ёй.
Што, старэнькая, панікла,
Агарнулася журбой?
Ці стамілася, мой дружа,
Слухаць буру уначы?
Ці ўздрымнула ты, нядужа,
Белу нітку прадучы?
Вып’ем, любая галубка, —
Што ўздыхаць і слёзы ліць!
Вып’ем з гора, дай мне кубка,
Сэрца будзем весяліць.
Заспявай мне, як сініца
Ціха ў выраі жыла,
Як дзяўчына па вадзіцу
Рана-раненька ішла.
Бура мглою неба крые,
Віхры снежныя ляцяць:
То як звер яна завые,
То заплача як дзіця.
Вып’ем, любая галубка, —
Што ўздыхаць і слёзы ліць!
Вып’ем з гора, дай мне кубка,
Сэрца будзем весяліць.