Анатоль Тычына (1897–1986) – адзін са стваральнікаў беларускай кніжнай графікі ХХ стагоддзя, які адыграў вялікую ролю ў станаўленні беларускага нацыянальнага мастацтва. З яго імем звязана развіццё такіх відаў графікі, як кніжная, станковая, газетна-часопісная, экслібрыс. Графіка Тычыны – гэта выразныя рэалістычныя формы, кантраст колеру і аб’ёму і ў той жа час непаўторны нацыянальны каларыт. На тэрыторыі Беларусі сапраўдны росквіт экслібрыса надышоў у 20-я гады ХХ стагоддзя. "Exlibris’ы А. Тычыны" былі выдадзены ў 1928 г. дзякуючы Беларускаму таварыству бібліяфілаў тыражом усяго 200 экзэмпляраў. У "Exlibris’ах А. Тычыны" сабраны яго кніжныя знакі ў натуральную велічыню. Усяго – 16. (Ілюстрацыям папярэднічае гісторыка-біяграфічны нарыс А. Шлюбскага).