epub
 
падключыць
слоўнікі

Аляксандр Падлужны

Рэформы беларускай мовы не будзе. Будзе толькі ўдакладненае і выпраўленае новае выданне правіл правапісу, якія дзейнічаюць зараз

Было апублікавана ў газэце "Зьвязда" № 117-118

Тэкст падаецца паводле архіву Зьмітра Саўкі.

Нядаўна вядомы тэлевізійны палітолаг-скептык Міхаіл Лявонцьеў у сваёй не менш вядомай праграме «Однако» з іроніяй «павіншаваў» жыхароў Расіі: маўляў, мала нам Чачні і прыродных катаклізмаў — яшчэ адна навала пагражае — рэформа рускай мовы! На працягу добрых дзесяці хвілін вядучы расказваў гледачам пра тое, які ўрон будзе нанесены «великому и могучему» маючымі адбыцца зменамі ў ім і якую матэрыяльную і маральную шкоду нанясуць гэтыя змены простым грамадзянам. Гаварыў палітолаг пра тое з уласцівым яму скептыцызмам, але досыць пераканаўча.

Таму, пачынаючы гаворку з акадэмікам, дырэктарам Інстытута мовазнаўства імя Якуба Коласа Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі Аляксандрам Падлужным аб маючых адбыцца зменах у нашым, беларускім, правапісе, не магла тую перадачу не ўспомніць і не задаць пытанне: можа, і ў нашых журналістаў ёсць нагода паіранізаваць і пабедаваць аб стратах, якія панясе родная мова?

— Я таксама глядзеў тую перадачу, — адказаў Аляксандр Іосіфавіч. — Калі ўжо загаварылі пра яе, павінен выказаць сваю думку. Лявонцьеў гаварыў часам такую лухту, што сорамна было слухаць. Напрыклад, ён успамінаў акадэміка Ліхачова, які нібыта гаварыў пра непапраўныя страты, якія нанесла рускай мове бальшавіцкая рэформа 1918 года. Не ведаю, што там гаварыў Ліхачоў: адносіны з савецкай уладай у яго былі спецыфічныя. Але ж рэформа, пра якую ішла гаворка, была падрыхтавана не ў 1918-м, а ў 1904 годзе. Але акадэмікі тады проста не змаглі дамовіцца. Адзін з іх кінуў такую фразу: «Калі мы выкінем з азбукі «ять», як тады адрозніш чалавека пісьменнага ад непісьменнага?». Гэтага было дастаткова, каб рэформу заваліць. Бальшавікі проста прынялі тое, што задумана было даўно. Ужо ў 40-х гадах ўся «белая» руская эміграцыя карысталася правапісам, прынятым бальшавікамі. Гэта яшчэ адно сведчанне таго, што грамадства адназначна ацаніла і ўспрыняло рэформу, значыць, неабходнасць у ёй была... Цяпер рускія лінгвісты рыхтуюць невялікія ўдакладненні, і наколькі ёсць патрэба ў іх, — зноў жа пакажуць адносіны да іх у грамадстве...

У нас сітуацыя зусім іншая. Сёння мы прапануем не рэформу, а ўдакладненні ў існуючым правапісе. Рэформа звязана з вялікімі матэрыяльнымі затратамі — новыя падручнікі, даведнікі і г.д. Да таго ж пакаленне, якое засвоіла існуючую арфаграфію, вымушана перавучвацца на нешта абсалютна новае. Ідэя рэформы беларускага правапісу была прапанавана не навукоўцамі, не лінгвістамі, — яна прапаноўвалася палітыкамі. Гэта была нават не рэформа (у сэнсе: нешта новае), рэфарматары проста прапаноўвалі вярнуцца да правапісу Тарашкевіча.

— Можа, яны мелі рацыю: Тарашкевіч стаяў ля вытокаў нашага мовазнаўства...

— Тарашкевіча трэба ацэньваць правільна. Ён прыдумаў цудоўныя прынцыпы нашага правапісу, якія захаваліся і цяпер. Прынцыпы тыя простыя: галосныя трэба пісаць так, як вымаўляеш (фанетычны прынцып), а зычныя — так, каб адна і тая ж марфема была ў розных словах падобная або цалкам супадала (марфалагічны прынцып). Для нашай мовы гэтыя прынцыпы падыходзяць ідэальна: галосных у нас няшмат, словы можна прачытаць і без іх, асноўная сэнсавая нагрузка прыпадае на зычныя. Прыклад, вядомы з гісторыі, — татарскія Аль-Кітабы. Тэксты па-беларуску напісаныя арабскім пісьмом, у якім не прадугледжана графічнае абазначэнне галосных. Але ж тэксты тыя чытаюцца, яны зразумелыя. Ды вось прыклад, які прыводжу на лекцыях студэнтам: напішыце без галосных фразу «жылі-былі дзед і баба каля лесу» — і вы яе прачытаеце беспамылкова, хіба што засумняваецеся: «жылі» ці «жалі». А вось калі тэкст напісаць аднымі галоснымі — не зразумееш нічога... Праўда, Тарашкевіч сам жа ад сваіх прынцыпаў і адступаў. Напрыклад, карэннае «я» захоўваецца дагэтуль, незалежна ад таго, у якім складзе перад націскам ці пасля яго яно стаіць. Мы ж пішам «заяц», «пояс», «дзевяць», хоць маглі б пісаць і «е». Такіх слоў вельмі шмат, іх правапіс трэба проста запамінаць. З зычнымі ж было наадварот: безліч адхіленняў у бок фанетычнага прынцыпу (той жа мяккі знак паміж зычнымі). Язэп Лёсік яшчэ ў сярэдзіне 20-х называў гэты правапіс «ламігалоўкай». Да 1940-га, калі з’явіўся першы невялікі артыкул па беларускай арфаэпіі, лічылася, што вымаўленню ў нашай мове вучыць не трэба, бо ўсё перадаецца на пісьме.

— Тым не менш, як бы там ні было, лічыцца, што сумна вядомая моўная рэформа 33-га зрабіла шмат, каб наблізіць нашу мову да рускай, каб сцерці яе асаблівасці...

— Пра тое, што Тарашкевіча трэба правіць, многія лінгвісты гаварылі ўжо ў сярэдзіне 20-х. Вынікам гэтага стала навуковая канферэнцыя 1926 года, на якой разглядаліся пытанні азбукі і правапісу. Да гонару ўдзельнікаў трэба зазначыць, што яны аднадушна прагаласавалі за тое, каб застацца на кірыліцы, і гэта ў той час, калі ўсе рэспублікі тагачаснага СССР пераходзілі на лацінку. Нават усе мусульманскія рэспублікі, у якіх спрадвеку было арабскае ці персідскае пісьмо, і тыя замянілі свае алфавіты на лацінскі. У нас жа нават спрэчак не было. Кірыліца была прынята афіцыйна яшчэ ў 1914 годзе «Нашай нівай» пасля даволі шырокага абмеркавання (дарэчы, Янка Купала тады актыўна выступаў у абарону гэтага алфавіта)... Што датычыцца змяненняў у правапісе, да згоды ўдзельнікі канферэнцыі не прыйшлі, адзначыўшы толькі, што мяняць яго неабходна, і стварыўшы рабочую групу, якая павінна была распрацаваць праект рэформы. Над праектам працавалі Язэп Лёсік, Сцяпан Некрашэвіч, Вацлаў Ластоўскі. У 1930 годзе быў выдадзены праект новага беларускага правапісу — даволі салідная брашура. Дарэчы, іменна гэты праект прапаноўваў адмовіцца ад мяккіх знакаў паміж зычнымі, перадаваць яканне толькі ў першым складзе перад націскам, упарадкаваў напісанне слоў іншамоўнага паходжання, у якіх аканне прапаноўвалася перадаваць значна шырэй, «э» захоўвалася толькі ў шэрагу слоў... Але аўтараў праекта ў тым жа 30-м забралі па абвінавачванню ў «нацдэмаўшчыне». Займацца рэформай не стала каму...

— ...А пасля з’явілася рэформа 33-га, якая была крокам хутчэй палітычным.

— Палітычным крокам яе называюць найбольш таму, што ў прэамбуле пастановы падкрэслівалася, што праводзіцца рэформа з мэтай барацьбы з усё той жа «нацдэмаўшчынай». Але за яе аснову быў узяты праект... групы Некрашэвіча, якая ўжо адбывала тэрмін па абвінавачванню ў нацыяналізме: выкінулі мяккі знак, дзе ён не апраўдваецца марфалагічна, прапанавалі перадаваць яканне толькі ў першым складзе перад націскам, амаль так, як і ў праекце 30-га, прапаноўвалі пісаць запазычаныя словы. Дадавалася і тое-сёе новае, што, канешне, можна разглядаць як палітычны крок. Скажам, было выдзелена 11 інтэрнацыянальна-рэвалюцыйных слоў, якія не падпадалі пад аканне: «комуніст», «піонер», «советы»... Мяккі знак у сярэдзіне слова ставіўся толькі пасля «л»: «Ільіч», «лье», усе астатнія словы пісаліся з апострафам: Лавуаз’е, кан’як. Імя Уладзімір прапанавалася пісаць «Владзімір», а ўсе Восіпы сталі Іосіфамі.

Недарэчная папраўка датычылася прозвішчаў: калі Церахаў, напрыклад, рускі, яго прозвішча трэба было пісаць праз «т» — «Терахаў», калі беларус — пакідалася без змянення. Цікавая і адначасова абсурдная дыскусія разгарнулася ў 1940-м з нагоды напісання закліку «Пралетарыі ўсіх краін, яднайцеся!». У першапачатковым варыянце было «злучайцеся». Потым нейкі «знаўца» мовы знайшоў у гэтым слове нешта непрыстойнае, і тады стала «яднайцеся». Але на гэтым не скончылася. Другі разумнік дадумаўся, што пры пераносе апошняга слова можа ўзнікнуць такое чытанне ў радку: «Пралетарыі ўсіх краін, яд-...». І тады слова «яднайцеся» было залічана ў выключэнні з прынцыпу якання і стала пісацца праз «е»...

— Але ж рэформа 1959 года выправіла гэтыя недарэчнасці...

— У 1951-м была яшчэ адна спроба ўнесці змены ў правапіс. Праект, пад якімі стаялі подпісы Коласа і Крапівы, прапаноўваў адмовіцца ад перадачы якання на пісьме — пісаць «весна», а таксама змяніць цвёрдыя «д» і «т» у запазычаных словах на мяккія — «дзірэктар», «цеатр»... Можна гаварыць, што такім чынам спрабавалі яшчэ больш наблізіць нашу мову да рускай, але гэта не так: яны спрабавалі наблізіцца да народнай мовы. Бо ні адзін дыялектолаг не зафіксаваў вымаўлення «партызан» — толькі «парцізан», «дзірэктар» або «дзілектар», а не «дырэктар». Але мова народная і мова літаратурная адрозніваюцца заўсёды і ва ўсіх народаў... Той праект хуценька, гэтак жа як з’явіўся, знік. А ў 1957 годзе быў узаконены той правапіс, якім мы карыстаемся і па сёння. Змен у ім за гэтыя сорак з лішнім гадоў не адбылося ніякіх, хіба што ўдакладнілі напісанне ў родным склоне слоў «камунізм» і «сацыялізм»: сталі пісаць «камунізму», «сацыялізму»...

— А калі і як наспела неабходнасць мяняць беларускі правапіс цяпер?

— У разгар «перабудовы». Тады гэта пытанне ўзнялі некаторыя пісьменнікі і журналісты. У 1993 годзе была створана камісія па ўдакладненню правапісу беларускай літаратурнай мовы. Узначальваў яе Ніл Гілевіч, уваходзіла ў яе каля сарака навукоўцаў і грамадскіх дзеячаў.

У верасні 1994 года камісія апублікавала высновы свайго даследавання: ніякай рэформы не трэба, трэба толькі ўдакладніць і падкарэкціраваць правапіс 1959 года.

Акадэміі навук і Міністэрству адукацыі было даручана да 1995 года падрыхтаваць адпаведны праект. Але ў 1995 годзе ў новым Савеце Міністраў не стала людзей, якія б займаліся пытаннямі мовы, і справа пакрысе заціхла. І толькі два гады назад Міністэрства культуры выдзеліла сродкі на распрацоўку гэтага праекта. Была створана рабочая група, у якую, акрамя мяне, увайшлі вядомыя філолагі П. Т. Шуба, М. С. Яўневіч, А. Я. Міхневіч, А. А. Крывіцкі. Праект ужо фактычна гатовы, у верасні мы мяркуем вынесці яго на пасяджэнне Прэзідыума Нацыянальнай Акадэміі навук Беларусі, потым на калегію Міністэрства адукацыі. Спадзяёмся, што актыўна падключацца Міністэрства культуры і Дзяржкамітэт па друку.

— Дык якія канкрэтна змены чакаюцца ў беларускім правапісе?

— Не будзе выключэння ў перадачы якання: прапануецца пісаць «дзявяты», «дзясяты», «сямнаццаты», «васямнаццаты». Упарадкавана напісанне літар «е» і «э» пасля зычных у запазычаных словах. У сучасным правапісе напісанне гэтых літар пасля зычных наогул не ўпамінаецца, а перанесена практыка іх ужывання ў рускай мове. У рускай мове пасля зычных напісанне «э» забаронена. Вось і мы сталі следам за гэтым пісаць: «экземпляр», «бізнес», «тунель». Цяпер прапануецца пісаць «э»: «экзэмпляр», «бізнэс», «тунэль», «сэрвіс». Праўда, тут у кожнага слова свае асаблівасці, звязаныя з яго паходжаннем, таму будзе выдадзены арфаграфічны слоўнік, які дапаможа разабрацца, дзе пісаць «э», а дзе па-ранейшаму «е».

Упарадкавана напісанне вялікай літары. Так, слова «прэзідэнт» у сэнсе: кіраўнік дзяржавы, прапануецца пісаць з вялікай літары ў любым кантэксце. Няважна, пра прэзідэнта Беларусі, ЗША ці Паўднёвай Афрыкі ідзе размова. Слова «бог» будзе пісацца з вялікай літары толькі калі азначае вышэйшую сілу — зноў жа няважна, пра Бога якой канфесіі будзем пісаць. А вось у прымаўках, застыўшых выразах, кшталту «не дай бог» рэкамендуецца пісаць з малой.

Прапануецца істотна спрасціць правілы пераносу. Калі раней нельга было адрываць ад корня слова зычныя, пакідаючы іх з прыстаўкай на папярэднім радку, цяпер гэта можна будзе рабіць. Скажам, слова «абстраляць» пераносілася як «аб-страляць», то цяпер можна будзе і «абс-траляць», і «абст-раляць». Па-ранейшаму нельга пераносіць толькі зычныя ці адну літару і дзяліць літары «дж» і «дз», калі яны абазначаюць адзін гук. Мяркуецца, што гэта наблізіць школьныя правілы пераносу да практыкі ў сучасных выданнях... Унесены і некаторыя іншыя змяненні.

Ну, і нарэшце, былі ўпарадкаваны самі правілы: іх падзялілі на тры асноўныя часткі: правапіс галосных, правапіс зычных і правапіс некаторых марфем.

— Аляксандр Іосіфавіч, канчатак, канешне, не марфема, але, здаецца, іменна гэта частка слова патрабуе асаблівай увагі і выклікае найбольш пытанняў. Як, напрыклад, пісаць: «па горадзе» ці «па гораду», «па плану» ці «па плане»? Ці будуць у новым правапісе нормы, якія адлюстроўваюць гэтыя нюансы?

— Канчатак — гэта, безумоўна, марфема, якая служыць для сувязі слоў у сказе і мае граматычнае значэнне. Але мы з вамі гаварылі ўвесь час пра арфаграфію — звод абавязковых правілаў напісання літар у слове, парушэнне якіх — заўсёды памылка. Канчаткі — гэта вобласць граматыкі, а ў граматыцы магчымыя варыянты. Праз некалькі гадоў, спадзяюся, з’явіцца і ўпарадкаваная граматыка, у якой спрэчным канчаткам будзе ўдзелена належная ўвага.

— Сёння на Беларусі не вельмі шмат людзей умеюць пісаць і гаварыць па-беларуску без памылак. Ці не станецца так, што з уводам зменаў у правапісе такіх людзей стане яшчэ менш?

— Я яшчэ раз хачу падкрэсліць: гэта будзе не рэформа, а ўдакладненне правапісу. Яно будзе датычыцца невялікай колькасці слоў, таму цяперашняй вучэбнай літаратурай можна будзе карыстацца. Да таго ж новыя правілы будуць уводзіцца паступова, як гэта зрабілі немцы, збіраюцца зрабіць рускія. Магчыма, на працягу некалькіх гадоў дапусціцца напісанне і згодна з цяперашнім правапісам, і згодна з новым, і ні адзін з варыянтаў напісання не будзе лічыцца памылкай.

Гутарыла Алена ЛЯЎКОВІЧ.

P.S. Ужо калі вычытвала матэрыял, спытала ў Аляксандра Іосіфавіча, як новы правапіс прапануе пісаць такое частаўжывальнае слова як «камп’ютэр». Зменіцца толькі адна літара: кіруючыся аканнем, будзем пісаць «камп’ютар».


2001?

Тэкст падаецца паводле выдання: "Зьвязда" № 117-118
Крыніца: архіў Зьмітра Саўкі