epub
 
падключыць
слоўнікі

Аляксей Бацюкоў

Спакойныя вочы, таропкія рухі

Стары і маладая дзяўчына пакляліся адно аднаму ў вечным каханьні. Твар старога быў зьедзены зморшчынамі, скура дасягнула той нежывой белі, калі вены і сухажыльлі пакідалі на тыльным баку далоні доўгія жоўта-сінія разводы. Дзяўчыне было дваццаць чатыры гады. Яны зьнялі кватэру на старой вузкай вулачцы, у старым рыпучым трохпавярховіку і сталі там жыць. Стары ўжо нідзе не працаваў, ягонае пэнсіі ледзьве хапала на ежу і новыя відэакасэты - дзяўчына любіла галасы старых фільмаў і зрэдчас фантастыку. Найбольш яны ляжалі на канапе. Дзяўчына распраналася, і на гладкіх выгінах ейнага цела гралі водбліскі тэлевізіі, стары лашчыў рукой гэтыя водбліскі, дрыготка сьціскаючы пальцамі смочкі, і часам прыкладаў свой твар да ейнага шырокага пляскатага жывата. Яны не любілі захінаць фіранкі ўвечары, і аднойчы іх заўважыў малады чалавек, які паліў на бальконе насупраць. Выпадкова кінуўшы позірк у асьветленае акно, ён адразу адвярнуўся, але потым паглядзеў ізноў. Яны ляжалі нерухома, бляклыя лапаткі старога тырчэлі ўверх з той самай разьняволенасьцю, што й расслабленыя грудзі дзяўчыны. Стары разглядаў сваю руку. Дзяўчына гуляла са сваімі валасамі. Так ляжалі яны ўвесь вечар, малады чалавек выходзіў паліць кожныя паўгадзіны і назіраў за імі. А першай гадзіне ночы сьвятло ў пакоі згасла: стары ўзьняў руку над ложкам і, не адразу намацаўшы кнопку, выключыў бра.

Скрозь цёмнае акно малады чалавек яшчэ згледзеў, як стары прыўзьняўся, абапіраючыся на локаць, і нахіліўся над дзяўчынай. Ягоны профіль выразна адбіваўся на фоне падсьветленай вулічнымі ліхтарамі сьцяны. Празь некалькі хвілінаў пачуўся дзявочы стогн. Малады чалавек выкінуў цыгарэту, каб не выдаваць сябе агеньчыкам, і застаўся стаяць на бальконе. Стогн чуўся яшчэ колькі разоў.

Назаўтра малады чалавек, вярнуўшыся ўвечары дадому, адразу выйшаў паліць. Яны ляжалі, абдымаючы адно аднаго, дзяўчына вяла рукой уверх па руцэ старога. На яе твары ўздрыгнулі мускулы, калі пальцы дасягнулі пляча, і яна павяла руку ўніз. Некалькі разоў малады чалавек заўважаў, што яго б'юць дрыжыкі.

Аднойчы раніцай малады чалавек пабачыў старога на вуліцы, каля пошты. Той пералічваў атрыманую пэнсію. Юнак зьдзівіўся, наколькі нэрвовыя былі ягоныя рухі. А пабачыўшы праз увесь зморшчаны твар чырвона-сінюю пляму, малады чалавек папросту спалохаўся. Гэтым вечарам ён ледзьве дачакаўся цемры, каб яшчэ паглядзець на дзіўную пару.

Калі ўключылася сьвятло, стары нерухома ляжаў. Дзяўчына, быццам падуладная гэтай нерухомасьці, быццам зьнесеная нетаропкай, цяжкой плыньню некуды бясконца далёка, глядзела ў акно, а пасьля схавала твар у парослых сівым валосьсем грудзях старога. Цяпер яны не выключалі сьвятла ўсю ноч, толькі стары прыхаваў вочы рукой. Поза, у якой ляжала дзяўчына, зьмянілася аднойчы - яна пагладзіла старому шыю і апусьціла галаву на ягоную руку.

Яшчэ чатыры дні малады чалавек, не хаваючыся, сачыў за імі з балькону. Ён запомніў целы старога і дзяўчыны, усю веліч розьніцы паміж імі і, вяртаючыся пасьля працы да акна, ужо мог прадбачыць, як яны будуць ляжаць і як грудзі дзяўчыны мякка і крыху бязвольна ссунуцца ўніз, утрыманыя локцем альбо пальцамі старога. Ён мог прадбачыць, як водбліскі тэлевізіі ўсклізнуць па аголеных сьцёгнах і прыкрытых павеках. На пяты дзень нечаканая трывога прымусіла маладога чалавека ўглядацца ў асьветленае акно ўвесь вечар - яны ляжалі гэтак сама, як ён запомніў іх зь мінулае ночы, нерухомай засталіся нават коўдра, прасьціна і рэшткі віна зь ежай на століку побач зь дзяўчынай. Днём сонца ва ўсю неспакойную моц залівала акно, малады чалавек ледзьве дачакаўся вечара і застаў іх у той самай позе. Назаўтра днём ён памахаў рукамі і нават пагукаў, ледзь-ледзь выглядаючы праз водбліскі на шкле няясныя твары. Дзяўчына глядзела, здавалася, у самыя вочы, але ніхто ў пакоі не варухнуўся. Стары нібыта яшчэ больш скамянеў. Тады малады чалавек пайшоў званіць ім у дзьверы. Ён прыдумаў, што папросіць запалак. Ніхто ніяк не азваўся. Маладому чалавеку стала ніякавата. Яшчэ дзень, напружаны й разгублены, ён назіраў за кватэрай і нарэшце ўначы прыйшоў ускрыць замок.

Калідор быў асьветлены з пакою. Расчыненыя кухня й прыбіральня азваліся на асьцярожныя крокі ціхім пуставатым рэхам. Пад нагамі зашархацелі дрэнныя жаночыя боцікі, малады чалавек ссунуў іх са шляху і прайшоў у пакой. Бра на сьцяне пакідала ў паўзмроку ці ня ўсе куты, адкідаючы шырокую сьветлую пляму толькі на ложак. Тэлевізар ужо не працаваў, відэамагнітафон быў уключаны, зь яго тырчэла касэта. Стаяў цяжкі аміячны смурод. Усьцяж пакою нетаропкай хваляй ад уваходу да акна цягнуўся пыл. На процілеглай ад ложка сьцяне віселі некалькі малюнкаў, нібыта зробленых дзіцячай рукой: лініі нярэдка не сыходзіліся, падалі за край аркуша. Малады чалавек паглядзеў на ложак і заўважыў, што ня можа засяродзіць пагляд на целе старога, яно нібыта распаўзалася ў вялікую белую пляму, не губляючы сваёй сухасьці. Малады чалавек крануў руку старога - той быў мёртвы і амаль вывальваўся з абдымкаў дзяўчыны. Яна спала, хоць аднойчы, здалося, прыадкрыла вочы. Малады чалавек выходзіў на кухню, зачыняў дзьверы - разумеў, што ніяк ня можа спыніцца на адным месцы. Нарэшце ён вярнуўся ў пакой і паспрабаваў паклікаць дзяўчыну, каб паказаць ёй, што стары памёр. Спакваля яму падалося, што поціск ейных рук аслаб, яна дыхала гэтак жа мякка, але ўжо нібыта ўважліва. Малады чалавек счакаў яшчэ. Паціху прайшла ўсякая ахвота перашкаджаць дзяўчыне спаць, адначасова вярнулася лёгкая зайздрасьць, затым злосьць. Цяпер малады чалавек ня так добра разумеў сам сябе. Найперш, ён нікуды не зьбіраўся паведамляць пра сьмерць старога, наадварот, яму хацелася стаіць яе і наагул закрыць гэтую кватэру ад любога пранікненьня. Гэта было самае простае з таго, што адчуваў малады чалавек. Усьведамляючы, што гэтаму цяжка будзе знайсьці апраўданьне, ён падняў старога й занёс у ванны пакой, у саму ванну. Цела старога азывалася разьняволенай паслухмянасьцю, холадам, але чамусьці прыемна было трымаць гэты вытанчаны цяжар.

Перш чым вярнуцца ў пакой, малады чалавек доўга мыў рукі, шыю і твар проста вадой, бо мыла нідзе не знайшлося. Ваду ён пакінуў уключанай.

Дзяўчына цяпер ляжала ў ложку зусім ня так, яна завяла рукі на вызваленае месца і зьлёгку ўздрыгвала, цягнучыся тварам туды. Ціха, асьцярожна, але вельмі хутка малады чалавек распрануўся і лёг побач, пад самыя рукі. Дзяўчына застыла, не раскрываючы вачэй і стрымаўшы подых. Вусны зьдзіўлена загулялі. Сваімі вуснамі малады чалавек наблізіўся да іх і тут толькі адчуў водар віна. Ужо цяпер сьмела ён пачаў лашчыць яе плечы і грудзі таропкімі, асьцярожнымі рухамі, потым жывот. Раптам дзяўчына раскрыла вочы, і тады малады чалавек наваліўся на яе зьверху, упіўшыся губамі ў шыю, знаходзячы свой шлях і сваю першую асалоду. Яна схапіла яго за валасы, упілася пазногцямі ў сьпіну, ён адкінуўся, ледзьве стрымліваючы ўскрык, і тут толькі пабачыў на палічцы над самым ложкам фатаздымак у рамцы: там быў стары і гэтая дзяўчына - у цёмных акулярах, зь белай тонкай палачкай у руках, як звычайна ходзяць сьляпыя. Зьвязаўшы гэты здымак і застылыя нерухомыя вочы дзяўчыны, малады чалавек нечакана адчуў лёгкія канвульсіі ўнізе і адскочыў. Дзяўчына выпусьціла яго, пакінуўшы некалькі драпін на сьпіне, і засталася так ляжаць, разгорнутая, набраклая, з адкрытымі павекамі. Чаканая спустошанасьць разьлілася па ўсім целе маладога чалавека, і яна ж, нібы бурбалка ў вадзе, выцягнула яго ўверх з ложка і з пакою. У калідоры малады чалавек спатыкнуўся аб пустыя бутэлькі. Дзяўчына толькі цяпер загаварыла:

- Саша? Саша?

Малады чалавек выбег на лесьвічную пляцоўку, павагаўся і схаваўся дома. Гэтым днём ён не прыслухоўваўся ні да якіх гукаў, увечары сышоў і зрабіў усё, каб два дні запар не вяртацца дамоў. Ад суседзяў потым даведаўся, што старога знайшлі ў ваньне, поўнай вады, і што ён памёр ад сэрца. Пра дзяўчыну не казалі нічога. Ён болей ніколі яе ня бачыў, але часам узгадваў.


2002

Тэкст падаецца паводле выдання: Наша Ніва, № 21 (283), 7 чэрвеня месяца 2002 г.
Крыніца: Наша Ніва, № 21 (283), 7 чэрвеня месяца 2002 г.