epub
 
Падключыць
слоўнікі

Аляксей Дудараў

Князь Вітаўт

АКТ ПЕРШЫ
  Сцэна першая
  Сцэна другая
  Сцэна трэцяя
  Сцэна чацвёртая
  Сцэна пятая
  Сцэна шостая
  Сцэна сёмая
  Сцэна восьмая
АКТ ДРУГІ
  Сцэна першая
  Сцэна другая
  Сцэна трэцяя
  Сцэна чацвёртая
  Сцэна пятая
  Сцэна шостая
  Сцэна сёмая
  Сцэна восьмая
  Сцэна дзевятая


ДЗЕЙНЫЯ АСОБЫ

Купала — князёўна Жыцця.

Вітаўт — вялікі князь літоўскі.

Ягайла — вялікі князь літоўскі.

Кейстут — вялікі князь літоўскі.

Кудаш — стражнік Вітаўта.

Амуліч — стражнік Кейстута.

Дамаш — баярын.

Люцень — стражнік Ягайлы.

Алёна — пакаёўка.

Княгіня Анна.

Каралева Ядвіга.

Алясніцкі — біскуп кракаўскі.

Арцыбіскуп.

Вільгельм — прынц аўстрыйскі.

Камандор.

Рамеснік.

Лучнік.

Ваявода.

Першы стражнік.

Другі стражнік.

Беражніцы, дзяўчаты, ратнікі, дружыннікі, прыдворныя, паслы, ганцы.

Дзеянне адбываецца ў Вялікім княстве Літоўскім і ў Польшчы напрыканцы XIV стагоддзя.

 

АКТ ПЕРШЫ

 

Сцэна першая

Лес перад замкам у Гародні. З’яўляецца Купала.

Купала

 

Вось-вось зямлю акрые лёгкі змрок,

І я лясы напоўню пахам мёду

І водарам лясных чароўных траў,

Што робяць кроў гарачай і ўзбуджаюць

Жаданне быць каханым і кахаць,

Жаданне быць каханай і жаданай.

З сівых вякоў у час буяння лета —

Кароткі час паміж змярканнем дня

І ранкам дня наступнага.

Бывае Сонцавароту свята. Светлы люд,

Што паадрокся ад багоў паганскіх,

Нясе даніну мне адной — Купале,

Жыцця князёўне, гаспадыні лесу.

Па ўсіх лясах, гаях і змрочных пушчах

Мяне бялявыя дзяўчаты ў песнях славяць

І ўюць вяночкі з яркіх красак лета.

І вогнішчы па берагах азёр і рэк —

Як кроплі сонца: горача нябёсам.

Зямля паўнютка патаемных гукаў

У гэту ноч. І шорахі, і цені

Па ўсіх лясах спраўляюць летні баль.

З людзьмі жартуюць лесавік і хохлік,

І ў лесе кветка-папараць гарыць

У вочы тым, хто не спазнаў кахання.

Калі ж дзянніца золатам абмые

Дубоў, бяроз і елак вершаліны,

Усіх прымаюць у абдымкі воды. Азёр і рэк.

Так раз на год Купалу люд мой славіць.

Тут духі продкаў водзяць карагоды...

 

З’яўляюцца дзяўчаты. Водзяць карагоды. Спяваюць.

Дзяўчаты

 

У пана Івана

Пасярод двара

Стаяла вярба.

На вярбе гарэлі свечкі,

З той вярбы

Кропля ўпала,

Возерам стала,

У возеры сам бог купаўся,

З дзеткамі, з дзеткамі.

 

 

З’яўляюцца князь Вітаўт і Кудаш.

Кудаш

 

Гэй, князь, зірні! Ой, што за хараство!

Вось постаці, якіх баіцца цемра.

Не ведаю, што свеціцца ярчэй:

У небе — месяц срэбны, круглатвары

Ці грудзі прыгажунь — тваіх падданых.

 

Вітаўт

 

Кінь блазнаваць!

 

Кудаш

 

Раблюся блазнюком

Штогод я на святую ноч Купалля!

 

Вітаўт

 

Вось гэта называеш ты святым?

 

Кудаш

 

А што ж тады святое, любы княжа?

Хрышчоны я і, колькі сіл стае,

Малюся, каб пазбавіцца спакусы,

Але слабы я, грэшны чалавек,

Хоць раз на год дазволь пабыць паганцам.

Магутны Божа...

 

Вітаўт

 

Хопіць! Замаўчы!

 

Кудаш

 

Я потым замалю свае грахі!

Ноч на Купалле — толькі бліскавіца,

А потым цэлы год: даруй! ратуй! прабач!

Не буду... да наступнага Купалля.

 

Вітаўт

 

Як ахрысціць такога вось змаглі?

 

Кудаш

 

Хрысціў Альгерд, Ягайлаў бацька, так:

Усё сяло уздоўж Дняпра паставіў

І меч дастаў. Хто мне не вораг, кажа,

Умэнт змяніць усіх багоў на Бога Адзінага. Збавіцеля Хрыста.

Я першы скочыў з берага ў Дняпро

І першы ахрысціўся. Не хапала,

Каб князь ды быў за ворага ў мяне!

 

Вітаўт

 

Ну а Пярун? За здраду ж пакарае.

 

Кудаш

 

А я маленькі, хіба ж ён пацэліць

З нябёсаў у такога чарвяка?

 

Вітаўт

 

Кудаш, у што ж ты верыш?

 

Кудаш

 

Адкажу —

У Троіцу святую: Бацьку, Сына, Духа,

Таксама ж паважаю Перуна,

Нядобрыка, Лесавіка, Анчутку,

Палудніцу, Ляшэню, беражніц,

Не дай Бог пасварыцца і з Дажбогам.

Ну, там яшчэ Ядрэй і Абілуха,

Без іх паганым будзе ўраджай,

А калі Жыцень поле не вартуе,

То хлеба хопіць толькі да вясны.

Яшчэ сыны Ягі: то Везі, Пузі, Сіні,

Ну, Дамавік, і Баннік, і Дзядзюль,

Нямыцік, Зюзя, Маўка і Шышыга.

 

Вітаўт

 

Ды ратнікаў, напэўна, менш у князя,

Чым у цябе багоў.

 

Кудаш

 

Галоўная ж — Купала,

Царыня наша. Гэта сёння ёй

Спяваюць песні, ладзяць карагоды,

Яна жыве нядоўгае жыццё

Тут, на зямлі... Кароценькая ночка

Ёй дадзена, каб падарыць любоў.

Пасля ж прымае агнявую смерць

На цэлы год, да новага Купалля.

 

Дзяўчаты (спяваюць)

 

Дзядзюль ды Купала

У возеры купаліся,

Дзе Дзядзюль купаўся,

Лес там калыхаўся.

Купала купалася,

Трава рассцілалася.

 

Кудаш

 

Бывай, мой князь, бо хутка прыйдзе дзень,

А ўдзень я, грэшны, каяцца павінны.

 

Вітаўт

 

Кудаш, спыніся!

 

З’яўляюцца беражніцы.

Першая беражніца

 

Бедны, бедны княжа.

 

Другая беражніца

 

Набожны, строгі і жанок баіцца.

 

Трэцяя беражніца

 

Дазволь нам, гаспадыня, паказаць

Дзяўчыну тую, што яго кахае

І шэпча, як малітву, імя Віта-а-ўт...

 

Першая беражніца. Віта-а-ўт...

Другая беражніца. Віта-а-ўт...

Трэцяя беражніца. Віта-а-ўт...

Купала

 

Я дазваляю.

 

Вітаўт

 

Прэч адсюль хутчэй!

Паганствам гэты лес зачараваны,

Тут звіў гняздо нячысцік-ліхадзей,

Што вораг Богу, свету, чалавеку.

Беражніцы абкружаюць князя.

Водзяць карагод. Спяваюць.

 

Беражніцы

 

А ў садзе, а ў садзе ды тры садочкі,

А ў тых садочках ды тры цвяточкі.

У адным цвяточку рута ды мята,

Рута ды мята мне непрыятна.

Ў другім садочку ружова рожа,

Ружова рожа мне непрыгожа.

У трэцім садочку сінь васілёчак,

Сінь васілёчак мне на вяночак.

 

Вітаўт

 

Скавала млявасць цела. Не хачу

Ісці за імі і брыду бязвольна

На заклік грэшны прывідаў лясных.

 

Першая беражніца. Віта-а-ўт...

Другая беражніца. Віта-а-ўт...

Трэцяя беражніца. Віта-а-ўт...

Купала

 

Ах, мілы віцязь! Хай твой зрок патухне,

Ты сэрцам бачыць будзеш яшчэ лепш

І, што пачуеш ад мяне,— забудзеш.

Ты не кахаў, ну а цябе кахае

З чужога княства русая дзяўчына

І за цябе аддасць сваё жыццё.

Ўратуе князя. Стане беражніцай,

Што служаць мне ў кароткі час Купалля.

 

Беражніцы (спяваюць)

 

З прыцемкаў — целы дзявочыя нашы,

Косы — з сівых туманоў,

Вочы мы маем ад зорак, мы скажам

Ўсё, што было і што збудзецца зноў.

 

Першая беражніца

 

Ты хочаш ведаць, хто цябе кахае?

 

Вітаўт

 

Мяне кахае жонка.

 

Другая беражніца

 

Што сілком

Смаленскі князь цябе любіць прымусіў,

За згоду з княствам ён аддаў дачку.

 

Трэцяя беражніца

 

Яна ж з сабой да вас прывезла тую,

Што ўсё сваё кароткае жыццё

Цябе любіць і зберагаць павінна.

Купала хоча так.

 

Вітаўт

 

Што ж, пакажыце,

Трызненне, мроя не грахі прад Богам.

 

Беражніцы прыводзяць з лесу Алёну. Вочы ў яе заплюшчаны. Беражніцы пачынаюць расчэсваць ёй валасы.

Беражніцы (спяваюць)

 

А ўжо выплыла,

А ўжо выплыла

Вутачка з-пад беражка.

А ўжо вынесла,

А ўжо вынесла

Рыбную грабёначку.

Ёсць чым расчасаці,

Ёсць чым расчасаці

Алёначцы галовачку.

 

Вітаўт

 

Алёна?! То ж князёўны пакаёўка!

 

Купала

 

Яна сама князёўна у каханні...

 

Алёна

 

Мой любы, мілы княжа...

 

Вітаўт

 

Супыніся!

Няшчасная, ды як жа ты пасмела...

 

Купала

 

Каханне не карона, храбры віцязь,

Яно зніжае ўладара да смерда,

А ўздыме і жабрачку да багоў...

Дзяўчына гэта воч падняць не смее

На князя цэлы год, а на Купалле,

У лес прыйшоўшы, тут цябе у мроях

Цалуе, песціць, ты яе паслухай.

 

Вітаўт

 

Я не хачу!

 

Купала.

 

Так я хачу — Купала.

 

Беражніцы водзяць каля Вітаўта і Алёны карагод.

Алёна

 

Мой любы! Мой каханы! Мой адзіны!

Далёкі мой і блізкі. Для мяне

Ты слодыч неба і мая пакута,

Ты радасць і пякельная журба,

Жыццё маё і смерць, я гэта знаю.

Малю Хрыста і ўсіх нашых багоў,

Каб адвялі хваробы і напасці

І ад цябе і ад князёўны Анны.

Каб у сям’і тваёй быў лад і згода,

Любоў... што гаспадыня дорыць целам,

Ты не сумуй, бо я люблю душой.

Вой Вітаўт, ты — няўрымслівы агонь,

А я — вада... Мы — родны брат з сястрою.

Нам не сысціся. Толькі на Купалле

Прыйдзі у сне і пацалуй мяне.

 

Беражніцы

 

Прыйдзі у сне і пацалуй яе...

 

Купала

 

Прыйдзі у сне і пацалуй яе.

 

Вітаўт абдымае Алёну.

Беражніцы (спяваюць)

 

Ды на мора, гусі-лебедзі,

Ды на мора на сіненькае.

Там вада халодненькая,

Там трава зялёненькая.

Да шлюбу, маладая дзеванька,

Да шлюбу, маладзенькая.

Там табе ручкі звяжуць.

Там табе праўду скажуць.

 

З’яўляюцца князь Кейстут са світай, Кудаш, Амуліч.

Кейстут. Дзе Вітаўт?

Кудаш. Трошкі адышоўся.

Кейстут. Дык ты ж павінен быць каля яго!

Кудаш. Буду! Калі наваляцца татарын, турак, чорт, яшчэ які ліхадзей — буду! Побач! Заўжды! Як яго ўласная рука — куды ён, туды і я. Але... Вялікі князь... ну як жа тут быць побач, калі на Купалле... малады князь... трошкі... адышоўся.

Амуліч. Вялікі князь! Я раіў табе не раз: прагані ты гэтага юрлівага прахвоста. Заводзіць маладога князя, шэльма! Ад жонкі! Ад Бога! Паслухай старога слугу.

Кудаш

 

Хто хадзіць не можа, кажа: «Асалода — Па-ста-яць!»

Хто стаяць не можа, кажа: «Во, святое — Па-ля-жа-ць».

Грэшны, я хаджу, хаджу.

Грэшны, я стаю, стаю!

 

Кейстут. Вось зараз бізуном як хвастану, дык ляжаш!

Кудаш. Не, мой князь, падскочу!

Кейстут. Каб Вітаўт быў вось тут хоць з-пад зямлі!

Кудаш

 

Дык вось жа ён, на купіну прылёг,

Стаміўся, мабыць. Спіць мой любы княжа.

 

Кейстут

 

Вітаўт! Вітаўт!

 

Кудаш

 

Князь, даволі спаць,

Закалыхалі, мабыць, беражніцы...

Князь...

 

Вітаўт

 

Не чапай, мне вельмі добра тут,

Сярод лясных істот і лёгкіх ценяў.

 

Кейстут

 

Пакіньце нас усе.

 

Усе кланяюцца і адыходзяць.

 

Ты ж падыміся.

Князь на зямлю кладзецца толькі мёртвым.

 

Князь Вітаўт падымаецца.

 

Знядужыўся, няшчасны. Як не брыдка!

Жанаты муж і бацька. Як блазнюк,

Аддаў сябе дзікунскаму абраду!

 

Вітаўт

 

Купалу бачыў я...

 

Кейстут

 

Пакуль ты сніў Купалу,

Твой брат Ягайла, мой пляменнік любы,

Што прысягаў прад Богам на крыжы

Сядзець спакойна ў Віцебску і з намі

Жыць у любові і ў братэрскай згодзе,

Сабраў сабак тэўтонскіх, неспадзеўкі

Напаў на Вільню.

 

Вітаўт

 

Быць таго не можа!

 

Кейстут

 

Не можа? Есць ужо! Вось толькі

Ганец прыбыў з адсечанай рукой!

Яе адсек Ягайла сам, сказаўшы,

Што такое ж з табой і мною будзе,

Калі толькі мячы свае падымем на яго!

 

Вітаўт

 

Дык крыжакі ўжо топчуць нашу Вільню?!

Хутчэй у Трокі!

 

Кейстут

 

Позна! Ён і Трокі

Здабыць паспеў.

І гэта сын Альгерда,

З якім мы будавалі родны край,

Які лічыў каштоўнасцю вышэйшай

Спакой, любоў, лад у Вялікім княстве,

Быў першы сярод роўных. А нашчадак

Стаў братам ворагу і люты вораг брату.

Чаго маўчыш?

 

Вітаўт

 

Не ведаю, што й думаць.

 

Кейстут

 

Дарэмна я цябе паслухаў, даўшы

Пачвары гэтай Віцебскі пасад.

Для злодзея пасад — турма. Карона — краты.

Хто мне крычаў: я веру, веру брату!

Не можа быць братэрства між братамі,

Калі адзін з іх воўк.

 

Вітаўт

 

Дазволь мне

На перамовы ў Вільню зараз ехаць.

 

Кейстут

 

Дазволю войска найхутчэй сабраць

І выгнаць з Вільні вылюдка, што здрадзіў

Зямлі літоўскай, хто братам жадае

Пагібелі. Шчаслівы князь Альгерд!

Ты ў час памёр. Да гэтага дажыўшы,

Ты б дужа шкадаваў, што нарадзіўся.

Збірай дружыны. Руш хутчэй на Трокі.

Я ж — да Андрэя ў Полацк. Мы ўсе разам

Хрыбціну зломім рыцарам тэўтонскім,

Змяцём і ваўкалака-сваяка.

 

Вітаўт

 

Дык гэта ж кроў.

 

Кейстут

 

Калі б не выпадковасць,

Твая з маёй сцякла б з мячоў крыжацкіх

Яшчэ учора. З імі дамаўляўся

Даўно Ягайла.

 

Вітаўт

 

Гэта мне вядома.

 

Кейстут

 

Якой жа ты спалохаўся крыві?

 

Вітаўт

 

Брат супраць брата — страшны грэх прад Богам

 

Кейстут

 

Перад якім? Тэўтонскім? Рымскім? Нашым?

 

Вітаўт

 

Перад Хрыстом!

 

Кейстут

 

Ягайлу гэта скажаш,

Адбіўшы Трокі з Вільняй у яго

І выгнаўшы з зямлі дзядоў чужынцаў!

Дагэтуль хай Хрыстос глядзіць з нябёсаў

На тое, як ліцвін грызе ліцвіна!

Я падстаўляў шчаку пасля удару,

Ён зноў ударыў! Што ж мне падстаўляць?!

Усё! Размову скончым пасля бітвы.

Я ў Полацк. Ты ж з дружынаю на Трокі!

 

Разыходзяцца. З’яўляецца Купала.

Купала

 

3 любові гэты створаны Сусвет,

Любові ж творца — будаўнік Сусвету.

Калі нянавісць, ганарлівасць, зло

Не знойдуць месца ў сэрцы чалавека,

Сыдуцца разам цемра і святло,

Цяпло і холад. Заўтра і учора,

Жыццё і смерць. Пачатак і сканчэнне.

 

(Уваходзіць у адно з вогнішчаў і згарае.)

 

Сцэна другая

Гародня. Пакой у замку Вітаўта. Раніца.

Алёна прыбірае княгіню Анну.

Княгіня Анна

 

Алёна, як сяброўцы, раскажы,

Што ты рабіла ноччу на Купалле?

 

Алёна

 

Пляла вяночкі.

 

Княгіня Анна

 

А яшчэ, яшчэ?

 

Алёна

 

Пад месяц свае грудзі падстаўляла,

Каб поўнымі, як ён, заўжды былі,

Купалася.

 

Княгіня Анна

 

Хто абдымаў?

 

Алёна

 

Не помню.

 

Княгіня Анна

 

Не помніш? Але ж нехта абдымаў?

 

Алёна

 

Ой, не, княгіня, далібог, не помню,

Купальскай ноччу ў галаве туман.

 

Княгіня Анна. Табе ўжо час падшукваць князя.

Алёна. Якога князя?

Княгіня Анна. Жаніха... Хочаш замуж?

Алёна. Не, не хачу.

Княгіня Анна. Чаму ж?

Алёна. Так Бог судзіў... Мой ад мяне далёка, хто ж мкнецца да мяне, ад тых далёка я.

Княгіня Анна. Далёка, кажаш? Дык давай пашлём ганца.

Алёна. Туды ён не даскача. Ах, мая княгіня, калі б ты ведала, як я люблю цябе.

Княгіня Анна

 

І я цябе люблю, Алёна. Усё ж скажы,

Хто замак збудаваў ў тваім дзявочым сэрцы?

 

Алёна

 

Ой, не, княгіня, лепей не пытайся!

 

Княгіня Анна

 

Скажы...

 

Алёна

 

Не трэба!

 

Княгіня Анна

 

Я дапамагу.

 

Алёна

 

Мне дапаможаш ты? Ой, мілая княгіня,

Калі б ты знала...

 

Княгіня Анна

 

Што?

 

Алёна

 

Далёка вельмі ён.

 

Княгіня Анна

 

Запросіць князь яго да нас у княства

Ці выкупіць, калі не вольны ён.

 

Алёна

 

Не, вольны, але выкупіць няможна.

 

Княгіня Анна

 

Жанаты?

 

Алёна

 

Так.

 

Княгіня Анна

 

Прачыстая Марыя!

 

Алёна

 

Любоў да Бога, кажуць. Калі грэх —

Каханне гэта, значыць, грэх ад Бога.

 

Княгіня Анна

 

Алёна, што ты кажаш?

 

Алёна

 

Я кахаю!

Хай гэта грэх.

Дык гэта і збавенне.

 

Княгіня Анна

 

Здаецца, князь.

 

Уваходзяць Вітаўт і Кудаш.

Вітаўт

 

Пакіньце нас з княгіняй.

 

Кудаш і Алёна кланяюцца і выходзяць.

Княгіня Анна

 

Вітаю з ранкам светлым, любы княжа!

Дзе ты правёў святую ноч Купалля?

Ты, можа, кветку-папараць знайшоў?

Ці стрэў Купалу?

 

Вітаўт

 

Гэтая дзяўчына,

Што тут была, адкуль яна?

 

Княгіня Анна

 

Алёна? Яна ж сюды прыехала са мной,

Штовечар сцеліць ложа мне і князю. Прыгожая?

 

Вітаўт

 

Нахабны, дзёрзкі позірк!

 

Княгіня Анна

 

Няпраўда гэта. Не ў гуморы князь,

Алёна тваёй жонцы за сяброўку.

 

Вітаўт

 

Хай Бог нам толькі ворагаў пакіне,

Зратуе ж ад сябровак і братоў.

Бяда у княстве. Брат паўстаў на брата.

Ягайла ў Вільні. Рыцары у Троках,

Зноў гвалт, вайна.

 

Княгіня Анна

 

О, бедны наш народ!

Чым толькі правініўся ты прад Богам,

Каб жыць у акружэнні чорных сіл.

Быць занядбаным, ссечаным, забітым

Тэўтонцам, туркам і рукой сваіх сыноў!

Пашлі ганцоў да бацькі найхутчэй,

Смаленскі князь паможа.

 

Вітаўт

 

Не патрэбна.

Суседа запрашаюць толькі ў госці,

Ў час сваркі трэба дзверы зачыняць.

Зайшоў я развітацца. Еду ў Трокі.

 

Княгіня Анна

 

З дружынаю?

 

Вітаўт

 

Адзін.

 

Княгіня Анна

 

Князь, ты жартуеш!

Каб без мяча ды ў логава ваўка

Ісці?

 

Вітаўт

 

А меч крыві папросіць?

А гэта кроў знясіленых ліцвінаў,

Мы сварымся, а кроў ліюць яны.

Бывай, княгіня. Дзетак пацалуй,

Я веру, што Хрыстос нам дапаможа

Усталяваць спакой ў Вялікім княстве.

 

Княгіня Анна

 

Бывай, мой князь!

 

Выходзяць. З’яўляецца Алёна.

Алёна

 

О, гора! Гора! Гора!

 

 

Сцэна трэцяя

Трокі. Пакой у замку. Князь Ягайла з чарай віна.

Ягайла

 

Калі, хто і нашто кроў параўнаў з віном

І з хлебам цела. Так, віно сп’яняе,

Жывём жа мы, з’ядаючы другіх.

Глынуў хоць раз — і ты п’яны ўжо,

Раз укусіў — і хочаш есці зноўку!

Не пі — тады не будзе мучыць смага.

Не еш — спатоліць голад нельга.

Гэй, Люцень!

 

Уваходзіць Люцень.

Люцень

 

Што князь загадае?

 

Ягайла

 

Яшчэ віна!

 

Люцень

 

Пі на здароўе, князь!

 

Ягайла

 

Сабе налі!

 

Люцень

 

Вялікі гонар.

 

Ягайла

 

Пі!

 

Люцень

 

Бог, блаславі пасад Літоўскі ў Вільні!

 

П’юць.

Ягайла. Што паведамляюць даносчыкі?

Люцень. Кейстут з невялікім атрадам выправіўся ў Полацк да свайго гарбатага нашчадка князя Андрэя.

Ягайла. Навошта?

Люцень. На падмогу, трэба думаць. Проста так ён велікакняскі пасад не аддасць.

Ягайла. Велікакняскі пасад мой! Мой!

Люцень. Хай мне даруе вялікі князь. Я хацеў сказаць: проста так ён не скарыцца.

Ягайла. Чаму не паслаў дружыну напярэймы?

Люцень. Шляхоў багата ў Полацк. Па якім пойдзе Кейстут, не ведаюць і яго ратнікі.

Ягайла. А Вітаўт?

Люцень. Сядзіць у Гародні.

Ягайла. Ратнікаў збірае?

Люцень. Моліцца.

Ягайла. Яшчэ віна!

Люцень. Слухаю. (Кланяецца і выходзіць.)

Ягайла

 

Ты, Вітаўт, нарадзіўся быць другім,

Хаця па ўсім ты першы, мне вядома.

Як дзеўка, што народзіцца прыгожай,

Хоць у шаўкі яе, хоць у рыззё,

Ты хоць памый яе ці так пусці — нямытай,—

Прыгожая! А нейкая другая

Ваюе, каб багоў несправядлівасць

Хоць трошкі выправіць, з прыгожаю зраўняцца.

І мые твар крывёй і малаком,

І акунае сваё цела ў зёлкі,

І косткаю з хрыбта пярэстай стронгі

Расчэсавае нанач валасы.

Ну дык якая ж вартая павагі?

Хто атрымаў нябёсаў падарунак

Ці хто стварае боскае рукамі?

Як гэта я раблю. О не, мой браце!

Табе для першынства ўсё дадзена багамі,

А я рабіў ды і зраблю ўсё сам.

 

Уваходзіць Люцень.

Люцень. Віно для князя. Хай вялікі князь даруе, калі засмучу.

Ягайла. Кажы!

Люцень. Увесь люд у Вільні і ў Троках адракаецца ад прысягі Кейстуту і нанава прысягае вялікаму князю Ягайлу.

Ягайла

 

Ты гэтым засмуціць мяне баяўся?

Я ведаю паскудны свой народ,

Ён прысягне татарыну і турку,

Паляку і тэўтонцу, маскавіту

І Залатой Ардзе. Таму, хто зверху будзе,

Блудніца прысягне таму, хто болей дасць,

А гэты люд — хто абдзярэ дашчэнту.

Хай прысягаюць, бачыць не хачу.

 

Люцень

 

Адзін сказаў: не буду прысягаць.

 

Ягайла

 

Хто ён такі?

 

Люцень

 

Янук Дамаш. Баярын.

 

Ягайла

 

Так і сказаў: не буду прысягаць?

 

Люцень

 

Інакш сказаў: не прысягну Ягайлу.

 

Ягайла

 

Сюды яго!

 

Люцень

 

Ён тут.

 

Ягайла

 

Не, пачакай.

Тры чары бачыш?

З золата. Вось срэбра.

І медзяная. Іх таўрыдскі князь

Прыслаў з паклонам некалі ў дарунак

Князю Альгерду. Мы праверым зараз,

Ці кемлівы ты, Люцень. Адкажы:

Жыццё, хвароба, смерць. Вось тры сястрыцы,

І кожная з сваёй чары п’е.

Якая і з якой?

 

Люцень

 

Падумаць трошкі трэба...

Здаецца мне, што медзь — гэта жыццё,

Хвароба ж болей ладзіцца са срэбрам,

А золата вышэйшае — то смерць.

 

Ягайла

 

Налі ж віна тры чары і сачы,

З якой я вып’ю.

 

Люцень

 

Тое й стацца мусіць.

 

Ягайла

 

Сюды яго.

 

Прыводзяць звязанага Дамаша.

 

Які сабака асмеліўся звязаць таго, хто мае герб?

 

Дамаш. Эх, князь... Не крыўдна, калі вяжуць, крыўдна, і звязанага б’юць.

Ягайла. Люцень!

Люцень. Слухаю князя!

Ягайла (б’е яго). Не датыкай сваіх паскудных рук да чалавека, адзначанага Богам!

Люцень. Даруй, князь, вінаваты!

Ягайла.(б’е). Паважай тытул!

Люцень. Даруй, князь!

Ягайла. Я табе пакажу, як таптацца па тым, хто стаіць зверху, нават калі ён мне закляты вораг! Развязаць! Наступным разам павешу на гэтых вяроўках! Пайшоў прэч, нягодны!

Люцень кланяецца і выходзіць.

 

Дык як завуць цябе, шаноўны мой баярын?

 

Дамаш

 

Янук Дамаш.

 

Ягайла

 

Адкуль ты будзеш?

 

Дамаш

 

З Вільні.

 

Ягайла

 

Дык што, не хочаш, кажуць, прысягаць?

 

Дамаш

 

Я прысягаў аж тройчы за жыццё.

 

Ягайла

 

І тройчы адмаўляўся?

 

Дамаш

 

Толькі двойчы.

Ад Перуна і ўсіх нашых багоў

І ад цябе, вялікі князь Ягайла.

 

Ягайла

 

А верным толькі Кейстуту застаўся?

 

Дамаш

 

Дадай яшчэ Альгерда, свайго бацьку,

І Гедыміна — дзеда, пры якіх

Наш край ажыў, аддыхаўся ад войнаў

І перайшоў к табе адбудаваным

І Кейстутам таксама, тваім дзядзькам.

 

Ягайла

 

Які напад зрабіў у Вільні на мяне,

Пазбавіў волі, княскага пасада

І ў Віцебск адаслаў, як у турму!

Яму вы прысягалі — дараваў я!

Прадалі, як Хрыста, і я забыўся!

 

Дамаш

 

Перажагнайся, князь! Што ты гаворыш?

Не можа быць народзе наш Іудам,

Дый ты ўжо не раўняй сябе з Хрыстом.

 

Ягайла

 

Даруй мне, Божа!

 

Дамаш

 

Ён табе даруе.

Даруе, як і тое дараваў,

Што Кейстута і Вітаўта хацеў ты,

У Вільню заманіўшы, атруціць!

І крыжакам даваў пісьмова клятву,

Што востры крыж тэўтонскі залунае

Ад Вільні аж да Тураўскага княства!

Вялікі князь! Ды як жа свой пасад

Пад ногі падсцілаць паўночнаму суседу?

 

Ягайла

 

I хто ж табе такога вось наплёў?

Вітаўт ці Кейстут?

 

Дамаш

 

Я пячатку бачыў,

Віцязь без твару, меч і тоўсты шчыт

І подпіс: «Вільня, крыж, потым Ягайла»,

Пастаўлены пад тым, што я сказаў.

Калі пячатка гэта не твая —

Ягайлу прысягну жыццём і Богам.

 

Ягайла

 

Жыццём не трэба. Каго з блізкіх маеш?

 

Дамаш

 

Дзяцей і жонку. Маці і дзядоў.

 

Ягайла

 

І дзе ж яны?

 

Дамаш

 

Усіх адправіў ў Полацк.

 

Ягайла

 

Дык а чаму ж тады не з’ехаў сам?!

Застаўся, каб у вочы плюнуць князю?

 

Дамаш

 

Не злодзей я! Навошта мне ўцякаць?

 

Ягайла

 

Уцякаць не хочаш. Прысягаць не мусіш.

 

Дамаш

 

Хрысту сілком прысягу не даюць.

А я даваў, бо князь Альгерд прымусіў!

Пасля прымусам прысягаў табе!

 

Ягайла

 

Чаму ж прымусам?

 

Дамаш

 

Ці ты старшы ў родзе,

Каб сесці на Літоўскі наш пасад?

 

Ягайла

 

Так князь Альгерд жадаў!

 

Дамаш

 

Па просьбе жонкі

Ён перад смерцю здаў табе пасад.

Усім вядома: кволых дзетак любіць

Сапраўдная жанчына.

 

Ягайла

 

Гэта мне

Усё гаворыш ты і не баішся?

 

Дамаш

 

Абрыдла ўсё жыццё баяцца праўды,

Няпраўдзе ж прысягаць і дагаджаць.

 

Ягайла

 

Няпраўда — гэта я?

 

Дамаш

 

Ты так гаворыш.

Ты, князь, прывёў тэўтонцаў да Літвы,

Яны для нас — паўночныя татары!

Ты ў княстве хочаш быць уладаром,

А перад імі поўзаць на каленях.

Маскоўскі князь так робіць прад Ардой,

А нам нашто?

 

Ягайла

 

Даволі, зразумеў я!

Ты думаеш, што княствам кіраваць

Гэтак жа лёгка, як ціхмянай жонкай?

Тут трэба хітраваць і быць вужакай,

Падумаўшы адно — сказаць другое,

А ўрэшце нешта трэцяе зрабіць.

 

Дамаш

 

Ёсць «так» і «не», астатняе — ад д’ябла.

 

Ягайла

 

Не паважаць сумленнасць немагчыма,

Тут можна нават дзёрзкасць дараваць.

Не хочаш прысягаць, то і не трэба,

Хай будзе Бог суддзёй табе і мне.

У кожнага ад Бога свой пасад.

Пі княскае віно. Гэй, дзе ты, Люцень!

 

Уваходзіць Люцень.

Налі віна баярыну.

Дамаш

 

Эх, княжа,

Калі ты атруціць мяне сабраўся,

Атруту вып’ю сам. І без віна.

 

З'яўляюцца Купала і беражніцы.

Купала

 

Жыцця пачатак — першы крок да смерці,

А смерць — акно у новае жыццё.

Жыццё адно жыццё толькі разбурыць,

І смерць заўсёды разбурае смерць.

 

Беражніцы (танцуюць каля Дамаша)

 

Не бойся, віцязь, мы цябе сустрэнем,

Аблашчым, супакоім, зберажом,

Тут гэтак, як і ў вас, спяваюць птушкі.

Сады квітнеюць і цурчыць ручай...

І зорнае святло з усіх бакоў

Тваю душу ласкава абагрэе.

 

Ягайла

 

Чаму ж ты князя лютым зверам лічыш?

Клянуся бацькам, не крануць цябе

Ні меч, і ні страла, і ні атрута,

Пакуль я князь. Вось табе чара. Пі!

 

(Падае яму залатую чару.)

Дамаш

 

Я, князь, бяды табе не пажадаю...

 

(П’е.)

Люцень накідвае яму ззаду на шыю засморгу і душыць. Дамаш асядае долу.

Ягайла

 

Ты хто, халуй?! Яму ж я кляўся бацькам!

 

Люцень

 

Вялікі князь і не парушыў слова,

Ні яд, ні меч яго не закрануў.

 

Ягайла

 

Прэч, ваўкалак!

 

Люцень

 

Як скажаш, любы княжа.

Разыходзяцца.

 

Беражніцы

 

Цябе любоў сустрэне, мілы віцязь.

Пяшчотны пацалунак любай маці

І постаці сівых тваіх дзядоў...

 

Купала

 

Замкнёны круг. Ты да сябе прыйшоў.

 

Беражніцы танцуюць над нерухомым целам Дамаша.

 

 

Сцэна чацвёртая

Кракаў. Сад перад каралеўскім палацам. Уваходзяць прынцэса Ядвіга і прынц Вільгельм.

Ядвіга

 

Паслухай, прынц... То ў каралеўскім садзе

Сірэнкі зараз ціха запяялі,

У іх галасах — і радасць і журба,

А песня іх вяшчуе нам каханне

Ці загучыць, калі прыходзіць смерць.

Ты чуеш?

 

Вільгельм

 

Не. Пачуць зусім не здольны

Нічога я. Пакуль гаворыш ты.

 

Ядвіга

 

Я памаўчу.

 

Вільгельм

 

О не, мая прынцэса!

Твой цёплы голас так мне лашчыць слых

І у душу такі спакой прыносіць,

Што мне здаецца: я яшчэ дзіця,

І на руках ляжу у любай маці,

І веру, што ніколі не памру,

Што свет наўкола добры і ласкавы,

Мяне ўсе любяць. Я усіх люблю,

Ніхто мяне ніколі не пакрыўдзіць.

 

Ядвіга

 

О, прынц! Ты сапраўды яшчэ дзіця,

Хоць і старэйшы за мяне гадамі.

 

Вільгельм

 

Я буду табе мужам, але ты

Сястрой і добрай маці мусіш быці

Для ўсіх вяльмож Аўстрыйскага двара.

Кроў прынцаў — кроў халодная заўсёды,

Наш шлюб без нашых сэрцаў і душы,

І згоды заключаюць у палацах,

У неба не пытаюцца. За што ж

Так Бог мяне узнагародзіў.

Падараваўшы тую, што вышэй

Дзяржавы і кароны...

 

Ядвіга

 

Зноў спяваюць!

Ты чуеш, прынц?

 

Вільгельм

 

Не, я, на жаль, не чую.

 

Ядвіга

 

Сірэнкі зноў журботна заспявалі.

 

Вільгельм

 

Яны вітаць маё каханне рады.

 

Ядвіга

 

Ці смерць старога бацькі-караля...

 

Уваходзяць Арцыбіскуп і біскуп Алясніцкі.

Арцыбіскуп

 

Дзіця маё, кароль вас зараз кліча.

 

Ядвіга

 

Я дзякую.

 

Вільгельм

 

Праводзіць мушу вас.

 

Алясніцкі

 

Вас, прынц, я папрасіў бы тут застацца.

 

Ядвіга выходзіць.

Арцыбіскуп. Сын мой, не будзем ад вас утойваць — Карона страціла свайго гаспадара.

Вільгельм. Кароль Людвік памёр?!

Алясніцкі. Калі ўзыдзе сонца, на Польшчу апусціцца ноч. Раніцай мы асірацеем.

Арцыбіскуп. Кароль жыве апошнія часіны.

Вільгельм. Не ў лепшы час прыехаў я прасіць рукі Ядвігі...

Арцыбіскуп. За горам прыйдуць лепшыя часы, як за святлом заўжды прыходзіць цемра.

Вільгельм. Не, лепш наадварот.

Арцыбіскуп. Усё адно: калі святло зменіцца цемрай, значыць, цемра саступіць святлу. Пачатку тут няма. Ёсць толькі кола. (Выходзіць.)

Алясніцкі. Прынц, вам лепш цяпер пакінуць Кракаў. Заручыны не робяць пры жальбе. Калі ў Польшчы высахнуць слёзы, яна будзе радасна спяваць на вяселлі сваёй дачкі Ядвігі і новага сына Вільгельма.

Вільгельм. Дзякую, ваша вялебнасць. Дазвольце развітацца з прынцэсай.

Алясніцкі. Яе паклікаў развітацца бацька-кароль на незлічона большы тэрмін, чым збіраецеся развітацца вы. Ці варта ім замінаць?

Вільгельм. Кракаў нездарма ганарыцца мудрасцю вашай. Я ад’язджаю.

Алясніцкі. Перадайце каралю аўстрыйскаму, што Польшча заўсёды была яго сястрой, а пасля вашага шлюбу з прынцэсай Ядвігай будзе сястрой крэўнай.

Вільгельм. Дзякую, ваша вялебнасць.

Алясніцкі. Я перадам прынцэсе, што вы па дарозе ў каралеўства Аўстрыйскае, але ваша сэрца адмовілася ехаць з вамі.

Вільгельм. Лепш можа сказаць толькі Пан Бог.

Алясніцкі

 

Хай Ён і бласлаўляе вас. Бывайце.

 

Прынц кланяецца і выходзіць.

 

На жаль, кароль нашчадкаў не пакінуў,

Хто заўтра будзе ў Польшчы каралём?

Хто павядзе цябе, мая Айчына,

Да непрадбачных будучых гадоў?

Жанчына — маці і жыцця пачатак,

А тут цяжкі дзяржаўны карабель.

Сярод Еўропы, дзе вятры і буры,

Штурвал рукой жаночай не ўтрымаць.

 

Уваходзіць Арцыбіскуп.

Арцыбіскуп

 

Няшчасце!

 

Алясніцкі

 

Што? Кароль прадстаў прад Богам?

 

Арцыбіскуп

 

Каб так было, то гэта быў бы смутак

І клопат наш: каму аддаць дзяржаву,

А так ён сам карону перадаў!

 

Алясніцкі

 

Не можа быць! Каму? Няўжо Марылі?

Ці каралеве-маці?

 

Арцыбіскуп

 

Не, не ім!

Ён абвясціў Ядвігу каралевай.

Малодшую з дачок.

 

Алясніцкі

 

Ну, гэта, можа,

Зрабіў у непрытомнасці кароль,

І над уладаром хвароба уладарыць.

Аддаць дзяўчынцы Польшчу?! Гэта ўсё

Вар'яцтвам хваравітым мне здаецца...

 

Арцыбіскуп

 

Панам сказаць такое паспрабуйце

Ці чэлядзі. Адразу ж будзе бунт!

Ён вывеў сам Ядвігу на балкон

І голасам прамовіў уладарным:

«Мне Бог сказаў: вось ваша каралева!»

 

Алясніцкі

 

Сам выйшаў на балкон?!

Прыкуты ж быў да ложка!

Не першы месяц. Тут без дзіўнай сілы

Не абышлося.

 

Арцыбіскуп

 

Д’ябал або Бог

Тут прымяшаўся, нам не гэта важна,

А тое, што Ядвіга — каралева!

А той, хто хутка возьме з ёю шлюб,

Наш будучы кароль і гаспадар!

Не для таго я ўсё жыццё пражыў,

Каб знішчыць Польшчу і зрабіць Карону

Наймічкай у Аўстрыйскага двара.

Вільгельм, як стане польскім каралём,

То Польшчу зробіць Аўстрыяй, бясспрэчна.

 

Алясніцкі. Хто ў Польшчы можа стаць мужам для Ядвігі?

Арцыбіскуп. Для прынцэсы Ядвігі жаніхоў багата, для Ядвігі-каралевы іх няма! Але ў Аўстрыі іх няма таксама! Шлюб Вільгельма і Ядвігі я не бласлаўлю!

Алясніцкі. Дзе ж выйсце?

Арцыбіскуп. У Літве. Трэба неадкладна накіраваць у Вільню паслоў... Прапанаваць вялікаму князю Ягайлу прыняць нашу веру, пасля руку каралевы Ядвігі і польскую карону.

Алясніцкі. Тое, што чуюць мае вушы, не можа ўспрыняць мой розум. Ягайлу ў католікі? Кудлатага пушчанскага зубра ў жаніхі высакароднай, вытанчанай Ядвізе? Дзікуна на каралеўскі пасад?

Арцыбіскуп. Лепш з аднаго дзікуна зрабіць караля-паляка, чым усіх палякаў зрабіць шляхетнымі аўстрыякамі.

Алясніцкі. На Захадзе розум, а на Усходзе ці звычаі дзікунскія, ці страсці. Дык што ж мы выбіраем?

Арцыбіскуп

 

Скарыць заўжды любую страсць магчыма,

А розуму заўжды скарышся сам.

Паслоў рыхтуйце, едзьце у Літву.

 

Алясніцкі

 

А што нам скажа каралева-маці?

 

Арцыбіскуп

 

Што Польшчы трэба будзе, тое й скажа.

 

Уваходзіць прыдворны.

Прыдворны

 

Кароль памёр!

 

Арцыбіскуп

 

Вітаем каралеву!

 

Б’юць гарматы. Усе выходзяць.

 

 

Сцэна пятая

Лес перад замкам у Троках. Уваходзяць Вітаўт, Кудаш і ратнікі.

Кудаш

 

Забегалі па сценах, як мурашкі...

Князь, мы давай падыдзем да варот,

І ты скажы: «Я князь вялікі Вітаўт»

І загадай вароты адчыніць.

Як міралюбца ты паўсюль вядомы,

Народ адчыніць замак прад табой

І здасць табе нягодніка Ягайлу.

 

Вітаўт

 

Ці не занадта часта ён здае

Сваіх гаспадароў без бою і без жалю?

 

Кудаш

 

Такі народ... Ён жыў пад бізуном

Усе часы. Ты толькі лясні пугай,

І ён ужо гатовы прысягаць,

Мяняць, здавацца, каяцца і плакаць.

Я сам такі...

 

Вітаўт

 

Вось гэта праўдай будзе.

Хто там ідзе праз лес? Сюды паклічце.

 

Кудаш

 

Гэй, чалавек! Хадзі сюды! Князь кліча!

 

З’яўляецца Рамеснік. Праходзіць міма.

 

Ты з замка? Стой! Куды ты? Во дзівак!

Зірні: тут князь, вялікі Вітаўт.

 

Рамеснік

 

Мне ўсё адно, няхай хоць сам архангел,

Абрыдлі ўсе! Згары ваша радня!

Век між сабой грызецеся, сабакі,

Каб некаму на сучку першым скочыць?

 

Кудаш

 

Ах ты, халоп смярдзючы!

 

(Б’е Рамесніка.)

Рамеснік

 

Бі мацней!

Сячы наводмаш хоць мячом, хоць пугай,

А хочаш, дык і грудзі разарві,

І сэрца у зубах дастань для князя!

Мне ўжо нічога больш не забаліць.

 

Вітаўт

 

Пакінь яго! Што ж у цябе за гора,

Што нават сэрца болей не баліць?

 

Рамеснік

 

Прыйшоў твой бацька Кейстут і Ягайлу

Абвінаваціў у страшэннай здрадзе:

Як быццам ён хацеў цябе забіць

І княжыць у Літве аднаасобна.

Мой сын пайшоў да вас тады на службу,

І тут вярнуўся з Віцебска Ягайла,

У акружэнні белых крыжакоў.

І хуткі суд пачаўся. Майго сына

Павесілі за рэбры на крукі,

На востры кол унука пасадзілі,

Два дні малую ўнучку мардавала

На загуменні княская гайня

За здраду бацькаву! Каму ж, каму ён здрадзіў?!

Хіба служыў не княству, не Літве,

Не роду Гедыміна? Адкажы,

Вялікі Вітаўт, простаму ліцвіну!

 

Вітаўт

 

Ён у гарачцы, дай яму віна.

 

Кудаш

 

Трымай, зямляк...

 

Рамеснік

 

Пі сам сваё віно.

Я смагу наталіў крывёй сваіх унукаў.

 

(Выходзіць.)

Ратнікі

 

Ягайлу трэба будзе раз'лічыцца!

Вядзі нас, князь! Смерць вылюдкам! Пайшлі!

 

Вітаўт

 

Усім маўчаць! Хто да крыві ахвочы

Ці хоча помсціць дзецям за бацькоў,

Няхай ідзе на службу да Арды,

Да крымскіх ханаў, злодзеем у лес!

У княстве месца для такіх не будзе!

Ну, а каму Хрыста святыя вочы

Глядзяць у сэрца, гэтыя за мной.

 

(Дастае з похваў княскі меч і ўтыкае яго ў зямлю. Дастае з похваў кінжал і ўтыкае яго ў зямлю.) Кудаш і ратнікі робяць тое ж.

 

Са зброяй больш надзейнай, чым булат,

Іду я на цябе, Ягайла,— крэўны брат!

Усе накіроўваюцца да замка.

 

 

Сцэна шостая

Трокі. Пакой у замку. Ягайла з чарай. Уваходзіць Люцень.

Ягайла

 

Што там за шум?

 

Люцень

 

Да князя надта рвецца

Магістр Ліхштэйн — тэўтонскі камандор.

 

Ягайла

 

Пакліч яго.

 

Уваходзіць Камандор.

 

Усіх рыцараў вітае

З удзячнасцю літоўская зямля!

Ваш меч нам дапамог усталяваць

Парушаную ў княстве справядлівасць

І узнавіць законную уладу.

 

Камандор

 

Я прыйшоў

Сказаць: пакінуць сёння Трокі

Ўсе рыцары. Вяртаемся дамоў.

Скажы адкрыць паўночныя вароты,

Праз іх і пройдзе Белы легіён.

 

Ягайла. І ты цяпер пакінуць хочаш Трокі? Цяпер, калі бунтарскія дружыны вядзе з-пад Полацка Кейстут, а з-пад Гародні Вітаўт?

Камандор. Вы — браты... Мы тут чужыя. Калі вы памірыцеся, ва ўсім вінаватыя будуць рыцары.

Ягайла. О, баязлівае племя!

Камандор. Князь! Я — рыцар! І абразы змываю крывёй. Або сваёй, або крыўдзіцеля. Ці не прасіў я цябе пасля таго, як мы здабылі Вільню і Трокі, не дапускаць гвалту і рабункаў над тымі, хто служыў Кейстуту? Ты абяцаў?

Ягайла. Абяцаў.

Камандор. Ці не прасіў я цябе, калі гвалт пачаўся, прылюдна павесіць гвалтаўнікоў, нават калі яны табе браты родныя? Ты абяцаў?

Ягайла. Абяцаў.

Камандор. Зірні, што робіцца і ў Вільні, і ў Троках. Рэжуць сівых дзядоў, гвалтуюць дзяўчатак, малых на колле саджаюць! Учора дзесяць тваіх ратнікаў забаўляліся з цяжарнай кабетай. На вачах ва ўсіх! Тая выхапіла нож і з праклёнам, табе, князь, табе, прапарола сваё запаскуджанае лона! Ты верыш, што гэты праклён не даляціць да вушэй Бога? Ён ужо даляцеў. Сёння ўначы зарэзаны адзін з маіх рыцараў. Просты люд лічыць, што ва ўсім вінаватыя мы, бо мы — чужынцы. Як жа вы так адзін з адным абыходзіцеся, браты?

Ягайла. Наш народ здрады не даруе.

Камандор. А калі вернецца Кейстут, будуць рэзаць тых, хто служыў табе?

Ягайла. Будуць.

Камандор. І таксама за здраду?

Ягайла. І таксама за здраду.

Камандор. Адчыняй вароты. Рыцары пойдуць. Зразумей, князь, просты люд павінен слухаць гаспадара, кім бы ён ні быў. І гэта яго вартасць, а не загана. За гэта трэба хваліць, а не забіваць! Помста — зброя слабых.

Ягайла. У цяжкі час ты пакідаеш мяне, Камандор.

Камандор. Ордэн абяцаў дапамагчы вярнуць табе пасад. Пасад вярнулі. Ордэн не абяцаў быць стражнікам у вялікага князя. Хай твае ратнікі выкажуць мужнасць у бойцы з тваім ворагам. А не з дзявочымі спадніцамі... Загадай адчыніць вароты.

Ягайла

 

Гэй, Люцень!

 

Уваходзіць Люцень.

 

Вароты для тэўтонцаў адчыніць!

 

Люцень. Як? Адчыніць?

Ягайла

 

Хай ціха адыходзяць.

 

Люцень (крычыць)

 

Вароты для тэўтонцаў адчыніць!

 

Камандор

 

Спрыяе князю хай магутны Божа!

Бывай.

 

Ягайла

 

Бывай. Бывай і дзякуй

За ўсё, што ты зрабіў і не зрабіў.

Ніхто не давядзе свой дом да ладу,

Калі ты сам яго не давядзеш.

 

Камандор выходзіць.

 

Люцень!

 

Люцень. Слухаю князя!

Ягайла. Усіх, хто з сённяшняга ранку будзе заўважаны ў рабунках, гвалтах ці забойствах,— імем вялікага князя Ягайлы вешаць! П’яных ратнікаў секчы бізуном! Усім, хто прысягаў Кейстуту,— дараваць! Нарабаванае — вярнуць. Хто там напаскудзіў з цяжарнай?

Люцень. Адзін з сотнікаў.

Ягайла. Імя!

Люцень. Рабыд. З ім яшчэ некалькі ратнікаў...

Ягайла. Самому сотніку і двум ратнікам галовы адсекчы і прыбіць над варотамі.

Люцень. Хай князь даруе, але гэта лепшая сотня ў князя.

Ягайла. Калі я паўтару яшчэ раз, і твая галава будзе над варотамі! Жанчына зарэзалася?

Люцень. Зарэзалася.

Ягайла. Абвясціць люду, што пакаранне за яе. Пайшоў!

Люцень выходзіць. Чуваць шум і спалоханыя выкрыкі: «Вітаўт! Вітаўт!»

Люцень вяртаецца.

Люцень

 

Секчы галовы ўжо няма патрэбы,

Яны і ў бітве з плеч далоў зляцяць,

Падходзіць Вітаўт!

 

Ягайла

 

Вось і ўсё, здаецца,

Без рыцараў зубра нам не стрымаць.

 

Уваходзіць Лучнік.

Лучнік

 

Хай князь даруе. Першы раз такое

Я дзіва бачу. Без мячоў ідуць

І пешкі цераз поле напрасткі,

А дроцікі, мячы, нажы і коп’і,

Як голы лес, паўстаў здалёк сцяной,

І коні засталіся за спіной.

 

Люцень

 

Я адчуваю: хітрасць Вітаўт ладзіць.

Гэй, лучнікі! Са сценаў дружны залп!

Хай ведаюць, што мы не паддадзімся!

 

Паляцелі стрэлы.

 

Ну, што цяпер?

 

Лучнік

 

Ідуць, як і ішлі,

З-пад ног паднялі стрэлы нашы. Ломяць.

 

Люцень

 

Прыгатаваліся!

 

Ягайла

 

Нікому не страляць!

Адкрыць вароты! Ўсім стаяць на месцы.

 

Люцень

 

Князю, мы здамо сябе на міласць?

Другі раз на няславу і на ганьбу?

Сабе ты здрадзіў, я табе не здраджу!

Хай гэта кожны будзе ў княстве знаць!

 

(Страляе з арбалета.)

Ягайла выхапіў меч і б’е плашмя Люценя.

Ягайла

 

Сказаў жа ўсім: нікому не страляць!

 

Уваходзіць Вітаўт са сваім атрадам.

Вітаўт. Ты вольны забіць мяне адразу і вольны выслухаць.

Ягайла. Гавары.

Вітаўт. Калі тое, што я скажу, не кране твайго сэрца, ты павінен будзеш мяне забіць. Калі ты не зробіш гэтага, некалі цябе заб’ю я, брат мой. Калі ж словы мае душа твая прыме, ты пойдзеш у поле і прынясеш мне мой меч! Бо я першы раз і воляй вольнаю ўваткнуў яго ў зямлю.

Ягайла. Гавары.

Вітаўт. З часоў сівога Рагвалода і пакутнай Рагнеды не ведаем ні шчасця, ні спакою. Нашы жонкі нараджаюць для смерці і пакут! Зірні наўкола: гэта не балоты дыхаюць пад нашымі нагамі — гэта зямля набрыняла крывёй ліцвінаў і продкаў іх. Хто нас пракляў і за што? Там туркі, там татары, там тэўтонцы, там маскавіты, там Польшча. З нашых целаў і з нашых душ зрабілі рысталішча, дзе цкуюць адзін аднаго! Мы абязлюдзелі, сцяклі крывёй, наш гонар, наша годнасць пад конскімі капытамі чужынцаў. Ліцвін-дзіцёнак крычыць, выходзячы з жаночага лона, бо адчувае, што нарадзіўся для пакут, прыніжэння і здзекаў! Князь Ягайла! Прыйдуць часы, калі прыгожыя ліцвінкі згубяць здольнасць насіць жыццё пад сэрцам. Наша семя змярцвее! Ты гэтага хочаш?

Ягайла. Гэтага я не хачу...

Вітаўт

 

Чаму ж ты сёння памагаты тым,

Хто выкрасліць з жыцця ліцвінаў хоча?

Ты меч падняў. І ты пачаў вайну.

І з кім? З сабой. Бо ты ўнук Гедымінаў,

Як Кейстут і Альгерд. Як я і як яны!

Што ж сёння? Брат гатовы рэзаць брата!

Татары мала рэзалі, дык мы

Паможам ім народ свой перарэзаць?

 

Ягайла

 

Паўстаў абараніць я свой пасад,

Што Кейстут захапіў гвалтоўна і знянацку!

 

Вітаўт

 

Дадай: калі ты змову вёў супроць

Дзядзькі і брата з ордэнам Тэўтонскім!

Ты абяцаў абодвух нас забіць,

З тэўтонцамі зрабіць адну дзяржаву

І паўнаўладна ёю кіраваць.

 

Ягайла

 

Ты ж ведаеш, што я пісаў няпраўду!

Хто шчыры у палітыцы, дык той

Што немаўля і кіраваць няздольны

Ні княствам, ані войскам, ні людзьмі!

 

Вітаўт

 

Сказаць усё раней было б патрэбна.

Адразу, калі гэта напісаў!

І я б паверыў, зразумеў бы й Кейстут.

 

Ягайла

 

На жаль, сказаць я гэта не паспеў,

Вы разам з бацькам захапілі Вільню.

 

Вітаўт

 

Ну, а цяпер ты захапіў яе...

А заўтра Кейстут зноў яе здабудзе!

Кроў, кроў і кроў! І вось табе: прыходзь,

Хоць рыцар, хоць татарын, і утульна

Садзіся на скрываўлены пасад!

З прыдуркаў жа ліцвінаў пацяшайся,

Яны ў сябе табе адваявалі

Прастору і уладу. Так ці не?

 

Ягайла

 

Няпраўду, Вітаўт, ты казаць няздольны.

 

Вітаўт

 

Калі так лічыш — прынясі мой меч.

 

Ягайла

 

Вось мой бяры, хай твой зямля трымае,

Як горкі напамін, ад брата брату,

Каб не губляў братэрскую любоў.

 

(Аддае меч.)

Вітаўт прымае.

Кудаш

 

Вялікія князі! А што рабіць падданым?

Нашы мячы таксама у зямлі!

Яны заўжды рыжэлі ад крыві

Літвы і княства ворагаў заклятых,

А вось цяпер зрыжэюць ад расы!

 

Лучнік

 

Вось мой бяры. Я твой знайду у полі.

 

Ратнікі Ягайлы з паклонам аддаюць мячы ратнікам Вітаўта. Абдымаюцца.

Ягайла

 

Усе ў Вільню! Змацаваць спакой і мір

Віном патрэбна! Ўсіх завём на пір!

 

Люцень

 

Мір — гэта час, калі ўсе точаць зубы

Для новай бойкі і для новай згубы.

 

Трубяць у рог. Усе разыходзяцца.

 

 

Сцэна сёмая

 

Крэва. Стан дружын Кейстута. Уваходзяць Кейстут і Амуліч.

Амуліч

 

Вялікі князь,— ганцы.

 

Кейстут

 

Адкуль?

 

Амуліч

 

Прыслаў Ягайла.

 

Кейстут

 

Ягайла? Да мяне?

Ганцоў? Што ён уздумаў?

Меч і страла ганцы яму цяпер.

І ўсё ж пакліч.

 

Амуліч

 

Заходзьце, князь чакае!

 

Уваходзіць Люцень.

Люцень. Вялікі князь Ягайла вітае вялікага князя Кейстута, жадаючы свайму дзядзьку здароўя і славы!

Кейстут. У княстве салаўі ўжо не спяваюць.

Люцень. Даруй, князь, я кажу чужыя словы.

Кейстут. Чые?

Люцень. Князя Ягайлы.

Кейстут. Ён успомніў, што мы родзічы?

Люцень. Разам з князем Ягайлам цябе вітае твой сын — вялікі князь Вітаўт.

Кейстут. Дзе Вітаўт?

Люцень. Пакуль ты вядзеш у Вільню ратнікаў, яны ў Вільні п’юць віно: Ягайла з мядзянай чары, Вітаўт са срэбнай, а залатая чакае цябе.

Кейстут. Брэшаш!

Люцень. Не. Кажу чужыя словы: залатая чара чакае цябе! У княстве — мір. Перад Вітаўтам адчыніліся вароты Трокаў, і Ягайла аддаў яму свой меч. Ратнікі абодвух князёў змагаюцца з бочкамі і падаюць п’янымі адзін на аднаго, як пры лютай сечы... Калі ты прывядзеш сваіх, у Вільні не хопіць віна...

Кейстут. Што гэта? Варажба? Ці Боскі цуд? Вітаўт змог адзін узяць Трокі?

Люцень. І Вільня адчыніла перад ім свае вароты.

Кейстут. Ягайла здаўся на міласць?

Люцень. Ягайла аддаў свой меч.

Кейстут. Іх ратнікі піруюць разам?

Люцень. О, гэта раней былі ратнікі Ягайлы і Вітаўта, а цяпер гэта войска п’янтосаў.

Кейстут. Падман!

Люцень. Вось грамата ад сына. Руку і пячатку Вітаўта князь, спадзяюся, ведае.(Падае грамату.)

Кейстут чытае.

Кейстут. Паверыць не магу.

Люцень. Калі не верыш мне, што зразумела, не верыш вачам сваім, што зразумела менш, можа, паверыш вушам і вачам адначасова?

Уваходзіць Кудаш.

Кудаш

 

Я рады, што вітаю бацьку-князя!

 

Кейстут

 

Дзе Вітаўт? Неадкладна адкажы!

 

Кудаш

 

Калі я ад’язджаў, то быў забіты!

 

Кейстут

 

Забіты?

 

Кудаш

 

Так. Зарэзаны віном,

Ляжаў, як сноп. Вось так. Са срэбнай чарай,

Абліты, як крывёй, густым напоем.

І нават не стагнаў, а толькі хроп.

Ягайла той і ўвогуле не можа

Аджыць. І толькі п’е расол.

Калі вайна заўжды такою будзе,

Я ўсё жыццё гатовы ваяваць.

 

Кейстут

 

Аддаў Ягайла меч?

 

Кудаш

 

Аддаў, вядома.

І нават мне свой нехта перадаў

З паклонам. Я ж згубіў па п’янцы недзе.

 

Кейстут (перачытвае грамату). «Адсылай назад полацкае войска, бо ўжо няма ў ім патрэбы. Чакаю цябе ў Вільні. Вялікае княства жадае, каб ім кіравалі супольна. Хай будзе мір для ўсіх ліцвінаў! Вітаўт». Рыгор!

Уваходзіць Амуліч.

Ад майго імя загадай ваяводам, каб здымалі лагер і вярталі войскі. Скажы, што полацкія ратнікі перамаглі Вільню пад Крэвам, не падымаючы мячоў. У княстве — мір.

Амуліч. Дзякуй табе, Божа! (Выходзіць.)

Кейстут. Ну, а добрым вешчунам — добрага віна!

Кудаш. Эх, ваяваць дык ваяваць!

Люцень. Вялікая падзяка князю, толькі я павінен скакаць у Вільню, каб не адзін вялікі князь быў з добрай весткай.

Кейстут. Ад чаркі весялей паскача конь.

П'юць віно.

А што робяць тэўтонцы ў Вільні?

Кудаш. Не ведаю, бо з імі я не піў. Лучнікі казалі, што яны адмовіліся браць удзел у бойцы і збеглі праз паўночныя вароты.

Кейстут. Значыць, Ягайла застаўся адзін без падтрымкі Ордэна?

Кудаш. Выходзіць так.

Кейстут. І толькі пасля гэтага аддаў свой меч Вітаўту?

Кудаш. Выходзіць так. Мы ўваткнулі свае мячы ў зямлю на вачах ва ўсіх і падышлі да Трокаў, не зважаючы на стрэлы.

Кейстут

 

А хто вам загадаў прыехаць да мяне,

Прасіць, каб з Крэва войска павярнула?

 

Кудаш

 

Прасіў Ягайла, Вітаўт — загадаў.

 

Кейстут

 

Усё зразумела! Дагані слугу.

Скажы, што я загад свой адмяняю!

У Вільню пойдзе войска!

 

Люцень

 

Не, не пойдзе.

 

Кудаш

 

Ты што, здурэў? Пярэчыць будзеш князю?

 

Люцень Люцень

 

Загад, мой князь, не трэба адмяняць!

 

(Забівае мячом Кудаша.)

Кудаш

 

Тут здрада! Князь, хутчэй... хутчэй ратуйся!

 

(Падае мёртвым.)

Кейстут

 

Вось, Вітаўт! Вось твая спагада

І дабрыня. Вужака, ты памрэш

Ад гнеўнае рукі старога князя!

 

(Б ’ецца з Люценем.)

Люцень выбівае ў Кейстута меч.

Люцень

 

Рукой старэчай, княжа, трэба гладзіць

Свае даўно сівыя валасы.

Мячамі ж хай махаюць маладыя!

 

Кейстут

 

Кроў бацькава, мой сыне, на табе!

 

Люцень

 

Крыві баішся? Дык яе не будзе!

Хай Вітаўт твой заўжды спакойна спіць.

 

(Накідвае на шыю Кейстуту засморгу і душыць.)

Кейстут

 

Рыгор, сюды! На дапамогу князю.

 

(Памірае.)

Люцень

 

Слуга аддасць загад і прыйдзе у пару,

Каб у нябыт пайсці служыць гаспадару.

 

З’яўляюцца Купала і беражніцы.

Купала

 

Хто ад сябе смяротную стралу

Адпусціць у другога чалавека —

Той сваім сэрцам стрэне яе сам,

Калі мінулым стануць цьмяныя стагоддзі

І ўсе забудуць бойкі, сваркі, звадкі,

Ўвап’ецца ў сэрца здзіўленых нашчадкаў.

 

Беражніцы (спяваюць)

 

Устань і пойдзем з намі. Ты не князь,

Не дзед, не бацька і не мужны віцязь.

Зямля, якой служыў, аддаўшы сілы,

Цябе да нас нарэшце адпусціла.

 

(Танцуюць над нерухомым целам Кейстута.)

 

Сцэна восьмая

Вільня. Двор замка. Ратнікі балююць. Уваходзяць Вітаўт і Ягайла.

Вітаўт

 

Павер, мне ўсё адно, хто з нас вялікі князь,

Было б адно: мір у Вялікім княстве

I моц яго. Каб жыў наш родны край,

Квітнеў і рос для будучых нашчадкаў.

 

Ягайла

 

П’ю за тваё здароўе, добры брат!

Хай шмат мы для Айчыны нашай здзейснім.

 

П’юць.

Вітаўт

 

Ганцы не прыбылі яшчэ з-пад Крэва?

 

Ягайла

 

Няма яшчэ. Павінны б прыскакаць,

Ці мо ўжо недзе ў Кейстута гуляюць?

 

Уваходзіць Ваявода.

Ваявода

 

Вялікі князь! Тут польскія паслы.

 

Ягайла

 

Каго з князёў вялікіх яны хочуць?

Мяне ці Вітаўта?

 

Ваявода

 

Сказалі, што цябе.

 

Вітаўт

 

Твой абавязак княствам кіраваць,

А я пайду з дружынай баляваць.

 

(Выходзіць.)

Уваходзяць Алясніцкі і паслы.

Алясніцкі. Каралеўскі сойм Польшчы вітае вялікага князя Ягайлу! Хай Пан Бог не пазбаўляе ласкі тваё княства.

Ягайла. Дзякую. Чаму ваша прывітанне толькі ад каралеўскага Сойма? Хіба кароль не вітае Вялікае княства Літоўскае?

Алясніцкі. Спадзяюся, што ён моліцца за яго, укленчыўшы перад самім Панам Богам.

Ягайла. Кароль Людвік памёр?!

Алясніцкі. Тры дні, як мы сіроты. Каралеўскі сойм упаўнаважыў нас зрабіць вялікаму князю прапанову.

Ягайла. Я слухаю.

Алясніцкі. Калі вялікі князь Ягайла прымае нашу веру...

Ягайла. Каб я... дый стаў католікам? Вось гэта прапанова!

Алясніцкі. Хай вялікі князь даслухае. Прыняўшы каталіцызм, вялікі князь Уладзіслаў...

Ягайла. Хто такі Уладзіслаў?

Алясніцкі. Гэта імя ў новым хрышчэнні вялікага князя Ягайлы. Прыняўшы новую веру, князь Уладзіслаў бярэ шлюб з дачкой караля Людвіка.

Ягайла. Я і так вялікі князь. Навошта мне яшчэ рабіцца прынцам?

Алясніцкі. Хай вялікі князь дазволіць мне скончыць. Польскім прынцам вялікі князь, на жаль, не зможа стаць. Кароль перад смерцю перадаў карону адной з дачок. Польшча мае каралеву, а той, хто стане мужам каралевы...

Ягайла. Кароль... І якая ж з дачок носіць карону? Марыля?

Алясніцкі. Ядвіга.

Ягайла. Малодшая?! Ядвіга?!

Алясніцкі

 

Так. Яна.

 

Ягайла

 

Нябёсаў залатых чароўнае стварэнне!

Я згодны! Тут уладу перадаць

Мне давядзецца брату або дзядзьку?

 

Алясніцкі

 

Як перадаць уладу? Князь, ты што?

Жаніх заўжды павінен быць з палацам.

Ну а нявеста мае свой пасаг.

Пасаг Ядвігі — Польская Карона,

А твой пасаг: Літва, Жамойць і Русь.

Як-небудзь тут з братамі разбярыся,

Мы ж адступнога жаніхам дамо.

А іх у каралевы... ой, багата!

Літва патрэбна Польшчы. Польшча — ёй.

Табе ж патрэбны Польшча і Літва

З чароўнаю Ядвігаю ў дадатак.

Прымай рашэнне зараз, бо чакаць

Не мае часу наша каралева.

Вільгельм, аўстрыйскі прынц, стаіць пасля цябе.

 

Ягайла

 

Калі у Кракаў мне патрэбна ехаць?

 

Алясніцкі. Чым хутчэй, тым лепш. Там з нецярпеннем чакаюць жаніха Польскай Кароны. Прымі ад сваіх будучых падданых гэтыя сціплыя дарункі. Залаты пярсцёнак і залаты палаш.

Паслы з паклонам падносяць дарункі Ягайлу. Ягайла здымае з шыі амулет.

Ягайла. Перадайце польскай каралеве.

Алясніцкі. Што гэта?

Ягайла. Зуб сівога пушчанскага зубра. Хай павесіць на шыю і не здымае нават у лазні.

Алясніцкі. Каралева будзе надзвычай рада.

Ягайла. Зубра здабыў мой прадзед. Гэты зуб ратуе ад хвароб, адганяе нячысцікаў...

Алясніцкі. О, літасцівы Божа!

Ягайла. ...Адводзіць пошасць і праклёны... Скажыце чароўнай Ядвісі, што я гатовы кінуць да яе ног і княства, і ўвесь свет, а аддаю пакуль самае дарагое, што маю. Вас адвядуць у лепшыя пакоі...

Алясніцкі. Удзячны мы табе, вялікі князь, але тваю згоду чакае ўся Польшча, і мы павінны прывезці яе найхутчэй. Няхай жыве Вялікае княства Літоўскае!

Ягайла

 

Няхай жыве Польшча!

 

Паслы кланяюцца і выходзяць.

 

Я пазаўчора віцебскім быў вязнем,

А ўчора мог загінуць ад мяча.

І раптам сёння я жаніх Ядвігі,

А заўтра ў Польшчы уладар-кароль...

Я ведаю, што зоркі мне спрыяюць

І ўсе мяне навалы абмінуць.

 

Уваходзіць Ваявода.

Ваявода. Вялікі князь! Аднекуль з’явіўся паранены ратнік. Нож у грудзях тырчыць, дастаць не дае, шукае Вітаўта...

Лучнік і ратнікі прыводзяць скрываўленага Амуліча.

Амуліч. Вялікі князь! Скажы, дзе Вітаўт... Я даскакаў жывым яго пабачыць...

Ягайла

 

Адкуль ты?

 

Амуліч

 

З Крэва.

 

Ягайла

 

Дай дастану нож!

 

Амуліч

 

Не трэба. Ён душу ў грудзях трымае.

Дзе Вітаўт, адкажы, вялікі князь?

 

З’яўляецца Вітаўт.

Вітаўт

 

Хто мяне кліча?

 

Ягайла

 

Гэты мужны ратнік.

 

(Вырывае з грудзей Амуліча нож.)

Амуліч павіс на руках у Лучніка.

Вітаўт

 

Рыгор Амуліч? Бацькаў верны стражнік?

Найлепшы ён у Кейстута. Што з ім?

 

Ягайла

 

Не ведаю. Прасіўся да мяне,

Скрываўлены, вось нож з яго грудзей

Дастаў я, каб хутчэй перавязаць.

 

Вітаўт

 

Няма ўжо сэнсу. Зараз ён памрэ.

Нож не даваў крыві ракою ліцца.

 

Амуліч (апрытомнеў)

 

Ратуйся, Вітаўт! Каля Крэва бацька

Задушаны рукой яго слугі,

І верны твой Кудаш мячом забіты

Пасля таго, як войскі адаслаў

Назад у Полацк князь вялікі Кейстут,

Як ты прасіў у грамаце сваёй...

Даруй, што не збярог слуга старога князя...

 

(Памірае.)

Ягайла

 

Усё ён трызніць!

 

Вітаўт

 

Гэта не трызненне.

Здаецца мне, што трызніў толькі я,

Калі пачвары гэтакай паверыў!

Дзе Люцень твой, паўзучая змяя?!

 

Ягайла

 

Ён звар’яцеў! Схапіць яго, дружына!

 

Вітаўт

 

Смерць лютую хай схопіць найхутчэй

Усё тваё асінае гняздо!

 

(Кідаецца з мячом на Ягайлу.)

Лучнік становіцца паміж імі і прымае ўдар на сябе.

Лучнік

 

Князі! Князі! Пакуль жывыя мы,

Хай брат не забівае свайго брата...

 

(Памірае.)

Вітаўт б'ецца з ратнікамі Ягайлы. На яго навальваюцца і адбіраюць меч.

Ягайла

 

Звязаць і патаемна звезці ў Крэва.

Ён захварэў.

 

Вітаўт

 

Ты ж здохнеш без хвароб!

Дружына, да мяне!

 

Ягайла

 

Паслухай, Вітаўт...

Твой брат не вінаваты прад табой.

 

Вітаўт

 

Ты брат змяі, што прагна паядае

Дзяцей сваіх, усіх, каго народзіць!

 

Ягайла

 

Калі загінуў князь вялікі Кейстут,

Хто ў гэтым вінаваты, той заплоціць.

Альгердам я клянуся, сваім бацькам!

 

Вітаўт

 

Цябе ваўчыца некалі радзіла!

І бацька твой — пушчанскі люты воўк!

 

Ягайла

 

У Крэва! І трымайце пад аховай,

Нікога да яго не падпускаць!

Праз колькі дзён прыеду — разбяруся.

Што тут пачулі — зараз жа забыць!

Я б сам па мужным Кейстуту заплакаў,

Няма калі, мяне чакае Кракаў.

 

Звязанага Вітаўта выносяць. Усе разыходзяцца.

 

 

АКТ ДРУГІ

 

Сцэна першая

Гародня. Пакой у замку Вітаўта. Алёна расчэсвае княгіні Анне валасы.

Алёна (спявае)

 

Белая бяроза не цярэблена,

Суччайка, веццейка не падберана.

Хлопчыкі, малойчыкі, падцерабіце,

Суччайка, веццейка падбярыце,

А мая княгенечка не прыбрана,

Русая косачка не зачасана.

Дзевачкі, падружачкі, прыбярыце,

Русую косачку зачашыце.

 

Княгіня Анна

 

Што праспявала зараз ты, Алёна?

 

Алёна

 

А гэту песню ў нашым родным краі

Пяюць, як прыбіраюць маладую.

Ёй косы расплятаюць, гладка чэшуць...

 

Княгіня Анна

 

Адкуль ты родам?

 

Алёна

 

З Полацкага княства.

Наш князь маіх бацькоў вам падарыў.

 

Княгіня Анна

 

А ў нас інакш спяваюць.

 

Алёна

 

Гэта праўда,

Колькі людзей, то й столькі галасоў,

Колькі мясцін, то й столькі добрых песень.

 

Княгіня Анна

 

А вось паслухай, як у нас спяваюць.

 

Алёна

 

Спяваць княгіням не да твару, кажуць.

 

Княгіня Анна (спявае)

 

Дзевушкі, мае падружкі,

Вазьміце мяне пад ручкі,

Пасадзіце мяне на дзяжу,

Чашыце маю галаву.

Ціхонька галоўку чашыце,

З русых кос валасоў не рвіце,

Ета, ой, косанька расчасоная,

Піўцом галава мачоная...

У вас чым косы мажуць маладой?

 

Алёна. Мёдам.

Княгіня Анна. А ў нас півам.

Алёна. Півам?

Княгіня Анна. Півам.

Алёна

 

Ну, мёдам, каб салодкая была.

А півам?

 

Княгіня Анна

 

Каб сп’яняла целам мужа!

 

Смяюцца. З’яўляецца Купала.

Купала (да Алёны)

 

Твой сын, твой брат, твой бацька, твой каханы

Паранены і звязаны ляжыць

У Крэве і чакае паратунку.

Князёўну ў падарожжа прыгатуй,

Ратуй яго, ратуй яго, ратуй...

 

Княгіня Анна

 

Алёна, што? Чаму ты ўся збялела?

 

Алёна

 

Я маю дар ад продкаў адчуваць

Хваробу і няшчасце чалавека

Мне блізкага. Хоць на краі зямлі

Няхай ён будзе, а калі бяда,

Яна у маім сэрцы адгукнецца.

 

Княгіня Анна

 

Няўжо цяпер цябе здалёк гукае

Брат ці сястра? Ці маці?

 

Алёна

 

Муж твой — Вітаўт.

У Крэве ён паранены ляжыць,

Цябе й мяне чакае у цямніцы.

 

Княгіня Анна

 

Князь Вітаўт у цямніцы? Смешна мне.

І чым жа блізкі ён табе, Алёна?

 

Алёна

 

Той, хто, як маці, любіць гаспадыню,

Не можа не любіць гаспадара.

Хутчэй у Крэва!

 

Княгіня Анна

 

Вітаўт жа у Троках!

 

Алёна

 

Княгіня, я малю, мяне паслухай!

Не маніць аніколі сэрца мне.

 

Княгіня Анна

 

Ну, добра, добра, заўтра мы паедзем.

 

Алёна

 

Не заўтра! Сёння! Як мага хутчэй!

Бо заўтра быць патрэбна нам у Крэве,

Каб князя для цябе уратаваць!

 

Княгіня Анна

 

Мо ты й напраўду з роду ведуноў,

Бо я ўжо адчуваю хваляванне

І у грудзях халодны неспакой.

 

Алёна

 

Прывесці коні загадаю я!

 

Княгіня Анна

 

Мы найхутчэй павінны быць у Крэве!

 

Выходзяць.

Купала

 

Ў каханні сэрца дзівіць і вяшчуе,

А без яго не бачыць і не чуе.

 

(Раствараецца ў прасторы.)

 

 

Сцэна другая

Кракаў. Касцёл. Арцыбіскуп і Ягайла на каленях

Арцыбіскуп

 

Усё, сын мой, цяпер перахрысціся,

У новай веры — новы чалавек.

Ягайла хрысціцца па-каталіцку.

 

Ягайла

 

Нязвыкла... Адкажы, святы айцец,

Як Бог...

 

Арцыбіскуп

 

Пан Бог.

 

Ягайла

 

Ну хай сабе і Пан!

Як Ён не ўсталяваў адзін парадак?

Адзін закон і веру для людзей?

Хрысту і Рым, і праваслаўе служаць,

І ўсё ж здаўна грызуцца між сабой.

Ад Захаду — антыхрысты на Усходзе,

А ад Масквы — вы ворагі Хрысту.

 

Арцыбіскуп

 

Не вы, а мы, мой сыне Уладзіслаў,

Ад гэтых дзён і ты ужо католік.

У праваслаўі, сын мой, больш паганства,

Чым веры хрысціянскай. Іх папы

На святароў языцкіх больш падобны,

На ведуноў, што служаць Перуну.

 

Ягайла

 

Тут папа, там папы, а дзе ж Ісус Хрыстос?

Да нашых душ Ён так і не прырос.

 

Арцыбіскуп

 

Ідзі! Цябе чакае каралева.

 

 

Сцэна трэцяя

Кракаў. Каралеўскі палац. Алясніцкі і Ядвіга.

Алясніцкі

 

Дзіця маё, цябе абраў сам Бог —

Айчыну нашу, Польшчу узвялічыць.

 

Ядвіга

 

Святы айцец, каб нешта узвялічыць,

Няўжо сябе трэба стаптаць у бруд?

Вільгельма я люблю, а не Ягайлу!

 

Алясніцкі. Вільгельма ты магла любіць прынцэсай! Для каралевы пачуцці — раскоша. Гэта абавязак і цяжкі крыж.

Ядвіга. Я не здолею яго несці.

Алясніцкі. Айцец наш нябесны ніколі не ўскладзе на чалавека той цяжар, які чалавеку не пад сілу. Цябе ніхто не думаў рабіць каралевай. Каб не Яго воля, ты б была ўжо жонкай Вільгельма і прынцэсай аўстрыйскай.

Ядвіга. Гэта была воля майго бацькі!

Алясніцкі. Хто памірае, вуснамі таго сам Бог гаворыць.

Ядвіга. Няўжо Бог хоча, каб я пайшла ў абдымкі дзікуна?

Алясніцкі. Гэты дзікун — уладар Вялікага княства. Княства, аб якое разбіваюцца хвалі татарскай навалы. Ваша вялікасць, няўжо вы не хочаце, каб гэта княства называла сябе Каронай? Ці вы не дачка Польшчы?

Ядвіга. А ці ўсё павінна рабіць дачка дзеля маці сваёй?

Алясніцкі. Дзеля маці не ўсё, дзеля Айчыны — усё.

Ядвіга. Я павінна пабачыць Вільгельма.

Алясніцкі. Няма патрэбы. Прынцу яшчэ ўчора паведамлена, каб ён не спадзяваўся на руку польскай каралевы.

Ядвіга. І на сэрца?

Алясніцкі. Сэрца каралёў у руцэ Боскай. Ты возьмеш на сябе смеласць распараджацца тым, што трымае Ён? Скарыся Яго волі і зрабі Айчыну шчаслівай.

Ядвіга

 

А што, калі адмовіцца я мушу?

 

Алясніцкі

 

Тады кроў Польшчы будзе на табе!

Мы лічым, што Пан Бог цябе абраў

Дзяржавы служкай і анёлам веры,

Што панясе яе ў пушчанскі край

І між ліцвін паганскіх распаўсюдзіць

Збавіцеля адзіны існы вобраз

І веры каталіцкай светлы дух!

Ты вольная абраць усё людское,

Жыць для сябе! Вільгельму ўсё аддаць!

І песціць сваё цела ў асалодзе!

Тады для Польшчы будзе Боскай карай,

Выпрабаваннем, крыжам на плячах

І заняпадам твой пасад, Ядвіга!

Ты — выбірай, мы прымем... Усё ад Бога.

 

Ядвіга (падае на калені)

 

Даруй мне, о, даруй, святы айцец!

 

Алясніцкі

 

Ядвіга-каралева, падыміся.

Ядвіга-маці і сястра — заплач.

 

Ядвіга падымаецца.

 

Будзь мужнай, цябе просяць твае дзеці,

Ты сёння сваё цела аддаеш,

Як мудрая ваўчыца, ваўчанятам

На ростанях спустошанай зямлі,

Каб выжылі і каб далей пайшлі!

 

(Выходзіць.)

Ядвіга

 

Маці Боска! Памажы! Ці ж я стрываю?!

Што сэрца адмаўляе — я прымаю...

 

Уваходзіць Ягайла.

Ягайла

 

Сястру вітае брат! Князь — каралеву.

І ўкленчыўшы, уся Літва, Жамойць і Русь

Вітаюць вас, чароўная Ядвіга!

 

Ядвіга. Я буду вашай жонкай, князь. Няма маёй волі, ды тое, што напісана на нябёсах, не нам перапісваць.

Ягайла

 

Я не хачу быць вам агідным мужам,

Дазволь мне толькі быць тваім рабом!

Клянуся пушчай, сонцам і зямлёю —

Ні дотык мой, ні позірк, ані слова

Цябе ні ў чым ніколі не абразяць.

Ты — вольная любіць каго захочаш!

Дай служкаю любові гэтай быць...

 

Ядвіга

 

Даволі, князь! Спыніцеся!

 

Ягайла

 

Я сам употай ноччу прывяду

Абранніка. І буду вартаваць

Каханне ваша. Як сабака верны

Спакой гаспадароў вартуе ля дзвярэй.

 

Ядвіга. Князь Уладзіслаў! Я дачка караля! І мне вядома, што такое абавязак!

Ягайла

 

Што абавязак закуе і звяжа,

Дык сэрца вызваліць, адпусціць і развяжа!

 

Ядвіга. Я не абяцаю вам кахання, але вернасць і павагу захаваю да смерці. Карона — ваша.

Ягайла

 

Не трэба ні карона, ні пасад,

Ні золата, ні срэбра, ні алмазы!

Дай толькі побач жыць з табой і дыхаць

Паветрам, тым, што вусны цалавала

Найлепшага стварэння Пана Бога!

 

Ядвіга. Даволі!

Ягайла

 

Каханая! Цябе адну чакаў,

Чакаю і чакаць да смерці буду!

Хай рай мне прапануюць без цябе —

Адмоўлюся! Не варта звацца раем

Усё, што не асвечана табой.

Тваёй усмешкай, постаццю, вачыма.

 

Ядвіга. Князь!

Ягайла

 

Я сам у пекла лютае пайду

І прашапчу закляцце, як малітву.

Імя святое для мяне Яд-ві-га.

 

Ядвіга. Князь, вы грэшнік!

Ягайла

 

I ў гэтым пекле з’явяцца святло,

Любоў, і радасць, і маё збавенне,

Каханая! Ты для мяне — закон.

Скажы, каб знік,— я назаўсёды знікну.

І рэштку дзён у пушчы правяду.

Скажы забіць сябе — я пракалю

Кінжалам сэрца, у якім твой вобраз.

Не пашкадую сэрца! Пашкадую,

Што разам з сэрцам вобраз згіне твой.

 

Ядвіга

 

Князь!

 

Ягайла

 

Я пайду...

 

Ядвіга

 

Падайце, рыцар, мне сваю руку.

 

Ягайла бярэ руку Ядвігі, цалуе і падае ў непрытомнасці.

 

Сюды! Дапамажыце! Князю дрэнна!

 

Прыбягаюць варта і Алясніцкі.

 

Збялеў увесь! Ляжыць, як нежывы!

 

Алясніцкі

 

Што ён зрабіў?

 

Ядвіга

 

Руку пацалаваў.

 

Алясніцкі

 

Пацалаваў руку і змаху вобзем?!

Гарачы муж. Падайце нам віна!

Ад шчасця, каралева, не ўміраюць.

У сэрцы князя закіпела кроў.

 

Ягайла (апрытомнеў)

 

Аджыў я, каб памерці зноў і зноў...

 

(Цалуе руку Ядвігі.)

Усе п’юць віно.

 

Сцэна чацвёртая

Крэва. Перад уваходам у замак. Уваходзяць стражнікі і княгіня Анна з Алёнай.

Першы стражнік. Хто тут? Хто каля замка ноччу ходзіць?

Алёна. Прыехала вялікая князёўна Анна з Гародні. Чаго ты ўстрывожыўся?

Другі стражнік. Трывожна, дзеўка... З самага Купалля на Крэва не ўпала ані кроплі дажджу. Хмары ходзяць кругамі, ліюць дажджы на ўсё наваколле, а над Крэвам неба як страха. Вычарпаны ў замку калодзежы, ваду ў ручаях выпіла зямля, сабакі выюць ад смагі.

Першы стражнік. Мой дзед гэткага не помніць. Пярун на зямлю пакрыўдзіўся.

Алёна. Перуна няма! Ёсць Бог.

Першы стражнік. Пярун ці Бог, а ўсе мы во-ох!

Княгіня Анна. Дзе Вітаўт?

Другі стражнік. Гэтага не знаем. Кажуць, што ў Вільні спрэчка між братамі ўсчалася. Пасля яе Ягайла з’ехаў у Кракаў, а Вітаўт знік некуды. Усіх ратнікаў паднялі на ногі Крэва ахоўваць, а ад каго ахоўваем — немаведама.

З’яўляецца Люцень.

Люцень

 

З кім каля замка варта размаўляе?

 

Княгіня Анна

 

Са мною.

 

Люцень

 

Ваша справа вартаваць

Вароты ад няпрошаных чужынцаў,

А не часаць аб зубы языкі!

 

Княгіня Анна

 

Маўчаць, халоп! Перад табой княгіня!

Стань на калені і закрый свой рот,

Каб словамі мне вушы не паскудзіў!

 

Алёна

 

Скарыся, вой. Аднойчы не скарыўся

Адзін...

 

Люцень

 

Дык што?

 

Алёна

 

Цяпер гарбатым ходзіць.

 

Княгіня Анна

 

Вядзі мяне да Вітаўта. Да мужа.

 

Люцень

 

Даруй, княгіня. Гэта не змагу.

Загад Ягайлы надта строгі маю —

Нікога да яго не падпускаць.

 

Княгіня Анна

 

Ты да яго нікога не падпусціш.

Ён — гэта я, а я ўся — толькі ён!

У Пісанні Богам так занатавана.

 

Люцень

 

Скараюся... Не быць жа мне гарбатым.

Гэй, стража! Хай княгіню адвядуць

Да Вітаўта ў пакой!

 

Княгіня Анна і Алёна накіроўваюцца да ўвахода.

 

Ты куды?

 

Алёна

 

Ну як куды? Іду служыць княгіні.

 

Княгіня Анна

 

Ці, можа, ты мяне там будзеш распранаць

І ложа падрыхтуеш мне і князю?

 

Люцень

 

Няхай княгіня дзёрзкасць мне даруе.

Хто служыць — паслухмяным мусіць быць.

Праводзьце іх да Вітаўта ў пакоі.

 

Усе разыходзяцца.

 

Сцэна пятая

Пакой у замку. Вітаўт нерухома ляжыць на шкуры зубра.

Вітаўт

 

О, літасцівы Божа! Ну, няўжо ж

Хто хоча міру людзям і спакою,

Як ты, павінен узысці на крыж,

На плаху легчы, у агні згарэць

Ці быць закатаваным у цямніцы?

 

З’яўляецца Купала.

Купала

 

Пад месячным святлом натоўп гуляе,

Ад промняў сонца люд мой уцякае.

Праславіць тых, хто бурыць, забівае,

Забудзе тых, хто любіць і стварае.

 

Вітаўт

 

У пастку, як дурное зубраня,

Я трапіў праз даверлівасць да брата.

Забіты бацька, страчаны пасад,

Пагібель сёння княству пагражае!

Збавіцель! Колькі ж трэба дараваць

Разоў таму, хто саграшыць і здрадзіць?

Ты патрабуеш сем разоў па сем...

Але ж майго жыцця тады не хопіць.

 

Уваходзіць Ваявода.

Ваявода. Дзе загадае вялікі князь паставіць віно і ежу?

Вітаўт. З сабачых лапаў вялікі князь есці не будзе.

Ваявода. Дарма крыўдуеш, князь... Супраць цябе на маім сэрцы няма злога. Я служу Ягайлу гэтак жа, як бы служыў табе, каб Бог распарадзіўся быць тваім служкай. Дзе паставіць віно?

Вітаўт. Пайшоў прэч!

Ваявода. Я ведаю, што сам ты не п’еш і не ясі... аднак княгіню накарміць ты мусіш.

Уваходзяць княгіня Анна і Алёна.

Княгіня Анна

 

Мой князь!

 

Вітаўт

 

Княгіня Анна! Пачакай!

Пакуль тут будзе паслугач Ягайлы,

Я пальцам да цябе не дакрануся.

 

Ваявода

 

Я выйду. Хай мне слова дасць княгіня,

Што не пакіне яду ці кінжал

Для князя.

 

Княгіня Анна

 

Я клянуся Перуном:

Нічога тут яму я не пакіну.

 

Ваявода

 

Княгіні слова — лепшая ахова.

 

(Выходзіць.)

Вітаўт

 

Як ты дазналася, што я у Крэве?

 

Княгіня Анна

 

Алёна нам у гэтым памагла.

Яна — вядзьмарка. Чуе за паўсвету

Таго, каго палюбіць. Так ці не?

 

Алёна

 

Так.

 

Княгіня Анна

 

Ну, дык вось, калі цябе схапілі

У Вільні і у Крэва павязлі,

Яна мяне прымусіла прыехаць

Сюды. Каб свайго князя ўратаваць.

А як яго адгэтуль уратуеш?

 

Алёна

 

Не ведаю.

 

Княгіня Анна

 

Тут стражаў — як сабак.

На ногі ўсіх паўсюль падняў Ягайла,

Дзіўлюся, як цябе ён не забіў.

 

Вітаўт

 

Кроў Кейстута і Вітаўта не вып’еш

Адразу. Трэба трохі адпачыць.

 

Княгіня Анна

 

Падай віна для князя. Потым — выйдзі.

І за дзвярыма крыху пачакай.

Ты што, аглухла?

 

Алёна

 

Небяспеку чую.

Хай светлая княгіня пацярпіць,

Усё вельмі хутка скончыцца павінна.

Сюды ідуць!

 

Уваходзіць Ваявода.

Ваявода (Алёне). Скажы князю і княгіні: прыбыў ганец. Праз колькі часу павінен прыехаць Ягайла са сваёй каралевай. Ён цяпер польскі кароль і католік. Палякі аддалі яму сваю Ядвігу. Хай княгіня развітваецца з князем і ад’язджае на бацькаўшчыну. Баімся гневу Ягайлы.

Алёна. Дай ім разам пабыць колькі часу, добры Ваявода. Немаведама, ці стрэнуцца муж з жонкай. Скажу па сакрэту: княгіня хоча нарадзіць і зоркі цяпер спрыяюць гэтаму. Я стану вось тут у кутку і буду маліцца, а ты прасачы, каб грэшныя вушы не слухалі тое, што ніхто, апроч двух, слухаць не павінен. Бог узнагародзіць цябе.

Ваявода. Хай так будзе. Я адвяду ад дзвярэй стражнікаў. Можаш выйсці і ты.

Алёна. Калі я малюся, я нічога не чую і не бачу... Да таго ж гаспадыня прывыкла, што я заўсёды побач.

Ваявода. Як ведаеш. Часіна ёсць у іх.(Выходзіць.) Алёна нервова пачынае скідваць з сябе вопратку.

Алёна

 

Мой любы, мой каханы, мой адзіны,

Далёкі мой і блізкі для мяне...

 

Княгіня Анна

 

Ты з глузду з’ехала! Спыніся! Што ты робіш?!

 

Алёна (распранаецца)

 

Ты слодыч неба і мая пакута,

Ты радасць і пякельная журба...

 

Княгіня Анна

 

Князь, не глядзі! З ёй водзіцца нячысцік!

 

Алёна

 

Цяпер, мой княжа, распраніся ты,

Мы тут з табой мой шлюб смяротны справім...

 

Княгіня Анна

 

Вар’ятка! Ведзьма!

 

Вітаўт

 

Анна, памаўчы!

Сам Бог яе паслаў мне на збавенне.

 

(Пачынае распранацца.)

Мяняюцца вопраткаю.

Алёна

 

Малю Хрыста і ўсіх нашых багоў,

Каб адвялі хваробы і напасці

І ад цябе і ад княгіні Анны,

Каб у сям’і тваёй быў лад і згода,

Любоў...

 

Княгіня Анна

 

Даволі! Ні глядзець, ні слухаць

Я болей не магу і не хачу!!!

 

Алёна

 

Князь! Стань у кут і ціха там маліся.

Табе ж, княгіня, зараз давядзецца

Абняць мяне на ложы, як яго!

Я на хвіліну стану табе мужам!

 

Вітаўт апускаецца на калені ў куце. Княгіня Анна і Алёна кладуцца на шкуру зубра.

 

Трымай мяне ў абдымках вельмі моцна,

Калі яго шчэ хочаш патрымаць.

І словы мне пяшчотныя кажы!

 

Уваходзіць Ваявода.

Княгіня Анна

 

Мой князь! Мой муж! Мой любы, слаўны Вітаўт...

 

Ваявода

 

Ягайла блізка!

 

Княгіня Анна

 

Дзверы зачыні!

І вочы апусці, каб не аслепнуць!

 

Ваявода

 

Даруйце мне! Ягайла пад’язджае.

Даволі, што ў яго ў палоне Вітаўт.

Навошта ж тут і ўся яго сям’я?

 

Княгіня Анна

 

Мы развітаемся! Звярні да сценаў вочы!

 

Ваявода

 

Я не гляджу.

 

Княгіня Анна

 

Бывай, бывай, мой муж!

Бывай і ведай, што тваю душу

Я панясу з цямніцы ў сваім лоне!

 

(Цалуе Алёну. Шэптам.)

 

За князя — дзякуй. Гэта ж ад мяне!

 

(Б ’е яе далоняй па твары.)

 

За пацалункі ўночы на Купалле.

 

(Гучна.)

 

Алёна, ўстань! І з князем развітайся!

Маліцца і ў Гародні будзе час.

 

Вітаўт падыходзіць да Алёны і схіляецца перад ёй.

Алёна

 

Бывай, мой князь, бывай.

 

Княгіня Анна

 

А ты, Алёна,

На развітанне князя пацалуй.

 

Вітаўт абдымае Алёну.

 

Даволі! Ўсё! Вядзі нас, Ваявода!

 

Ваявода

 

Сюды, за мной. Даруй, вялікі князь...

 

Княгіня Анна

 

Ідзі, ідзі! Хай Бог табе даруе.

 

Ваявода, княгіня Анна і Вітаўт у вопратцы Алёны выходзяць.

Алёна

 

Ну вось і ўсё. Бывай, мой любы Вітаўт...

 

З’яўляюцца Купала і беражніцы.

Купала

 

Сястра, рыхтуйся да мяне прыйсці

Празрыстай, чыстай, лёгкай беражніцай

З касою доўгай светлага туману,

Каб, жывучы нябачнай для людзей,

Аберагаць усіх маіх дзяцей...

 

Беражніцы (водзяць вакол Алёны карагод)

 

Каліна-маліна

Бліз тыну стаяла

Ды на тын галлё клала,

Красою красавала,

Расою ападала.

Малада Алёначка

Расою ападала.

Малада Алёначка

Расою ўмывалася,

Касою ўціралася,

Да шлюбу прыбіралася.

 

(Танцуюць вакол Алёны.)

 

Сцэна шостая

Другі пакой у Крэўскім замку. Ягайла і Ваявода.

Ягайла. Хай усе ліцвіны ведаюць: з гэтых часоў у Вялікім княстве Літоўскім веры паганскай няма. Той жа, хто паклоніцца Перуну або возьме ўдзел у брыдкіх абрадах Купалы,— той не ліцвін і вораг князю.

Ваявода. Ну, з Перуном яшчэ сяк-так можна зладзіць, а вось Купалу з ліцвінаў ніколі не вытравіш.

Ягайла. Вытравім. Апроч таго, ва ўказе паведаміць, што вялікі князь Ягайла, стаўшы каралём польскім Уладзіславам, прысягнуў усіх ліцвінаў, як мужчын, так і жанок усякага стану, роду і чыну, каторыя жывуць у граніцах Літоўска-Рускай дзяржавы, да якой бы ні належалі веры,— упрасіць, угаварыць, прызваць, а калі трэба, нават прымусіць прымаць веру каталіцкую!

Ваявода. Князь! Нельга так часта мяняць багоў! Вера ад гэтага слабне.

Ягайла. Бог — адзін. І вера павінна быць для ўсіх адна.

Ваявода. Нават пеўні ў Крэве кукарэкаюць інакш, чым у Гародні. Дзе ўжо прымусіць люд аднолькава маліцца?

Ягайла. Не будуць аднолькава маліцца — будуць аднолькава стагнаць. Што Вітаўт?

Ваявода. Пад аховай. Не есць і не п’е. Маўчыць. Даруй, што асмельваюся даваць параду: трэба памірыцца з братам і знайсці забойцу Кейстута. Іначай не будзе табе спакою ні на княскім пасадзе ў Вільні, ні на каралеўскім у Кракаве. Вітаўта любіць смерд, любяць жыды, рамеснікі і гандляры. Я баюся, каб ён не памёр. Хто нам паверыць, што не мы яго забілі?

Ягайла. Прывесці яго.

Ваявода. Слухаю князя.

Ягайла. Не слухаю князя, а слухаю, ваша вялікасць.

Ваявода. Даруйце, ваша вялікасць. (Выходзіць.)

Ягайла

 

Гэй, Люцень!

 

Уваходзіць Люцень.

 

Ты мне зможаш адказаць,

Як, і калі, і кім забіты Кейстут?

 

Люцень

 

Змагу, кароль.

 

Ягайла

 

I скажаш мне дакладна?

 

Люцень

 

Хіба твой верны служка памыляўся

Хоць раз?

 

Ягайла

 

Дык хто ж забіў? Кажы!

 

Люцень

 

Той, хто калісьці князем быў Ягайлам

І веры праваслаўнай.

 

Ягайла

 

Замаўчы!

 

Люцень

 

Даўно твае загады Люцень слухаў

Не з вуснаў і вушамі, а з душы.

І з сэрца. Надта ганаруся...

Што здагадаўся: золата і смерць —

Адно. І з гэтай чары нежывыя п'юць.

 

Ягайла

 

Крумкач!

 

(Б'е яго кінжалам.)

Люцень

 

Бывай, бывай, кароль мой любы,

Цябе я дачакацца мушу там.

Адно жыццё з табой — адзіны дар,

Адзіны лёс, адзіны гаспадар.

 

(Заціскаючы рану, выходзіць.)

Ягайла

 

Цяпер мне можна з братам гаварыць.

 

Стражнікі прыводзяць Алёну ў вопратцы Вітаўта.

 

Вітаю брата! Маю спадзяванне,

Што ты ўжо супакоіўся. Як мог

Ты толькі уявіць сабе такое,

Што я падняў на Кейстута руку,

Табе свой меч прылюдна перадаўшы?

Цяпер кароль я польскі. І табе

Пасад хачу аддаць ў Вялікім княстве.

Чаму ты адвярнуўся?

 

Уваходзіць Ваявода з ганцамі.

Ваявода. Князь, ганцы!

Ягайла. Прэч! Ці галава ўжо муліць плечы?!

Ваявода. Выслухай іх, потым можаш секчы галовы.

Ягайла. Гэй, стража!

Ваявода

 

Здаліся Трокі толькі што.

 

Ягайла

 

Каму?

 

Першы ганец

 

Іх захапіў твой брат, вялікі Вітаўт.

 

Ягайла

 

Мой брат? Князь Вітаўт? Трокі захапіў?

 

Другі ганец

 

Тэўтонцы з ім.

 

Ягайла

 

О, бедны я, няшчасны!

А Вітаўта пабачылі хоць вы?

 

Першы ганец

 

Так, як цябе.

 

Ягайла

 

Дык, вылюдак, памры!

Бо Вітаўт — вось ён, у маім палоне!

 

(Забівае першага ганца мячом.)

Ваявода

 

Князь, супыніся!

 

Ягайла

 

Я не князь! Кароль!

 

Першы ганец

 

Дарма ўзяў грэх ты на сваю душу.

Я Вітаўта там бачыў. Паміраю.

 

(Памірае.)

Ваявода

 

Ты ўсё пачуў! Хто ж перад смерцю хлусіць?

 

Другі ганец

 

Калі я вінаваты ў тым, што бачыў,

Забі й мяне!

 

Ягайла

 

Хто ж тут тады стаіць?!

 

(Паварочвае тварам да ўсіх Алёну ў вопратцы Вітаўта.)

 

Тут здрада! Здрада! Варта, да мяне!

 

Збягаюцца стражнікі.

 

Сцэна сёмая

Двор у замку. З’яўляюцца два стражнікі. Яны вядуць Алёну.

Другі стражнік. ...І тады яна перакінулася ў перапёлку, прыляцела ў замак і ўвайшла ў цела Вітаўта... І ў адным целе дзве душы атрымалася. Адна — бабская, другая — мужчынская. Разумееш?

Першы стражнік. Не. А ты разумееш?

Другі стражнік. І я не разумею. Гэта цуды Купалы!

Першы стражнік. А што далей?

Другі стражнік. Потым з гэтага цела Вітаўтаву душу яна, канечне, выпхнула, ператварыла гэту душу ў сокала і загадала ляцець у Гародню. Там ён перакінуўся зноў з сокала ў Вітаўта, сабраў войска і рушыў на Трокі.

Першы стражнік. Дзіва дзіўнае!

Другі стражнік. І за гэта вядзьмарства яе зараз будуць паліць. Трэба назбіраць трэсак. Тыя дровы, што кінеш у агонь, на якім пячэцца ведзьма, чэрці дастануць з-пад цябе, калі будзеш смажыцца ў пекле.

Першы стражнік. А хіба мы трапім у пекла?

Другі стражнік. А то куды ж?

Першы стражнік. Тады пайшлі па трэскі.

З’яўляецца Ягайла.

Ягайла.

 

Можаш сказаць, што хочаш, прыгажуня?

 

Алёна

 

Хачу сказаць: шчаслівая... кахаю...

 

Ягайла

 

Ты на Літву наклікала вайну!

Я б з Вітаўтам даўно ўжо памірыўся

І перадаў бы ў Вільні свой пасад,

Каб тут ён быў.

 

Алёна

 

Купала, памажы!

 

Ягайла.

 

А зараз ён збірае ваяроў,

І ўсе ліцвіны зноўку будуць біцца,

Паліць, бурыць, спустошаваць зямлю!

Скажы, хто дапамог табе?

 

Алёна

 

Купала.

 

Ягайла

 

Цябе за гэта спаляць!

 

Алёна

 

І няхай,

Я пасля смерці стану беражніцай.

Наша Купала кожны год гарыць,

Наступным летам прылятае зноўку.

 

Ягайла

 

Язычніца! Вядзіце!

 

Першы стражнік

 

Што ж... пайшлі.

Пайшлі, дачушка, з Богам сустракацца.

Пад кожным, мабыць, будуць свае трэскі,

І свой агонь нам выпаліць грахі...

 

 

Алёна падыходзіць і цалуе Ягайлу.

Алёна

 

Я дзякую табе, мой любы браце...

Што ты любоў у сэрца дапусціў.

Цяпер абодвух зберагаць я буду.

 

Ягайла

 

Вядзіце!

 

Стражнікі выводзяць Алёну.

 

Затрымцела ўсё ўва мне,

Які салодкі пацалунак ведзьмы!

Яна напраўду, мабыць, чараўніца.

 

Уваходзіць Ваявода.

 

Што скажаш, Ваявода?

 

Ваявода. Скажу, хай здохне, не пакінуўшы нашчадкаў, той, хто забіў Кейстута. У княстве разбурэнне, заняпад. Вітаўт у Троках рыхтуецца пайсці на Крэва. Сяляне кінулі палеткі і точаць на нас косы! Рамеснікі ўзяліся за мячы! Вялікі князь, кароль! Памірыся з братам! Хопіць таго, што ты падзяліў нас на праваслаўных і католікаў. Не дзялі на сваіх і Вітаўтавых. У мяне сын у Троках. Што, калі ён прысягнуў Вітаўту і заўтра я сыдуся з ім меч на меч? Не стрывае зямля, і расколюцца нябёсы.

Ягайла. Колькі зможа пратрымацца Крэўскі замак?

Ваявода. Палякі не паспеюць падысці. Дый ці пойдуць яны? З Вітаўтам просты люд: рамеснікі, гандляры, хутаране. З Вітаўтам — крыжакі!

Ягайла. Сам Камандор?!

Ваявода. Сам Камандор... Дапамагаў усталёўваць справядлівасць табе, цяпер ваюе за справядлівасць на баку Вітаўта... Даруй, князь... Даруй, кароль... Ліцвіны лічаць, што ты задушыў Кейстута, і за гэта перадушаць усіх тых, хто цяпер у Крэве і служыць табе.

Ягайла. Што каралева Ядвіга?

Ваявода. Спачывае.

Ягайла. Хай спачывае. Дай мне адзінаццаць ратнікаў. Тых, хто не баіцца пакласці галаву на плаху.

Ваявода. Досыць будзе і дзесяці. Я сам пайду з табой.

Ягайла. А хто застанецца з войскам і з каралевай?!

Ваявода. Калі вернемся, дык вернемся, а не... Вітаўт ваяводу знойдзе і каралеву не пакрыўдзіць.

Ягайла. Застанешся ў Крэве! Калі праз дзень я не вярнуся — адчыняйце вароты і прысягайце Вітаўту.

Ваявода. Тады ведай, што нікому, апроч цябе, вароты ў Крэве не адчыню! Пакуль дастане сілы, буду біцца!

Ягайла. Калі не шкада галавы — ідзі.

Ваявода. Той не п’яніца, што шкадуе золата, і той не ваявода, хто шкадуе галавы. (Выходзіць.)

Ягайла

 

Бывай, мая каханая, бывай,

Ты жонкай не паспела стаць Ягайлу,

І нехта іншы ўвойдзе да цябе,

Каб на зямлі ды ў светлы рай патрапіць.

Я ж, каб з душы і сэрца плямы сцерці,

Сам палячу ў абдымкі лютай смерці.

 

(Выходзіць.)

 

 

Сцэна восьмая

Трокі. Двор у замку. Уваходзяць Вітаўт і Камандор.

Камандор

 

На Крэва пойдзе першым легіён.

Свой строгі строй тупой стралой зрабіўшы,

Яшчэ завуць яго заўжды свіннёй,

Бо, як дзіка, яго спыніць няможна.

Багата гарадоў ключы здавалі,

Угледзеўшы, як горда і няўмольна

Ідзе на іх крыжастая страла.

 

Вітаўт. Ты і на Кейстута выпускаў гэтую свінячую стралу?

Камандор. Ах, князь! Калі хочаш парадку ў сваім доме, пільна сачы за тым, каб парадак быў і ў суседа. Бунт — як чума. Калі ўскочыла да суседа, улезе і ў тваю дзяржаву. Я толькі дапамагаю навесці парадак, бо самі вы яго ніколі не наведзяце. Вы добра ўмееце ваяваць і грызці адзін аднаму глоткі, а жыць вы не ўмееце.

Вітаўт. І, апроч парадку, Тэўтонскаму ордэну нічога не патрэбна?

Камандор. Толькі парадак.

Вітаўт. Першымі на Крэва пойдуць мае дружыннікі.

Камандор. Князь!

Вітаўт. Першымі пойдуць дружыннікі! А ўсе твае свінні ўслед.

Уваходзіць дружыннік.

Дружыннік. Вялікі князь! Да цябе пасол з Кракава.

Вітаўт. Кліч!

Уваходзіць Алясніцкі.

Алясніцкі. Каралеўскі сойм вітае князя Вітаўта...

Дружыннік. Вялікага князя...

Алясніцкі. ...Вялікага князя Вітаўта і жадае, каб Пан Бог спрыяў яму.

Вітаўт. Дзякую...

Алясніцкі. Каралеўскі сойм мусіць папярэдзіць вялікага князя Вітаўта, што вялікі князь Уладзіслаў з ласкі Боскай кароль Польшчы...

Вітаўт. Ну дык што?

Алясніцкі. ...І што ваяваць з ім — значыць ваяваць з Польшчай.

Вітаўт. Я ваюю з Ягайлам! З забойцам свайго бацькі і клятваадступнікам! І не ведаю ніякіх каралёў Уладзіславаў! Калі ў вас у Кракаве на каралеўскім пасадзе братазабойца — гора вам і вашай дзяржаве. Калі Польшча абараняе забойцу майго бацькі — буду ваяваць з Польшчай! Так і перадай, поп, свайму каралеўскаму сойму!!

Алясніцкі. Я не поп, я — біскуп...

Вітаўт. Ды ўсе вы аднолькавыя! Сёння прапаведуеце Хрыстова «не забі», а заўтра бласлаўляеце мячы ратнікаў секчы слабых суседзяў. І толькі за тое, што яны чужынцы і хочуць жыць па-свойму. А ці не казаў Хрыстос, што няма ні элінаў, ні іудзеяў і што ўсе мы дзеці Боскія?

Алясніцкі. Ці не сабе ты гэта гаворыш, вялікі князь? Зірні: твой госць надта задаволены. Калі мы перагрызёмся, ён лёгка паставіць свой крыж і на Вялікім княстве Літоўскім, і на Польшчы. Сын мой...

Вітаўт. Ідзі, святы айцец, я не католік.

Алясніцкі. Хай судзіць цябе Бог, але дазволь Богу судзіць і твайго брата... (Выходзіць.)

Вітаўт

 

Дружыны хай наперад зараз выйдуць!

А рыцары за імі пойдуць следам.

На Крэва ўсе!

 

Дружыннік

 

Вялікі князь! Ягайла

Да замка падыходзіць ад ракі!

 

Вітаўт

 

Ах, дык ты сам прыпоўз сюды, сабака!

За сценамі не варта нам сядзець!

Адкрыць вароты! Выйсці ўсім у поле!

 

Дружыннік

 

Там гэткая дружына, што стрымаць

Любую колькасць войска зможа лёгка.

 

Вітаўт

 

Цяпер мяне ніхто стрымаць не зможа!

 

Дружыннік

 

Дванаццаць іх. І без мячоў ідуць.

Так некалі і ты ішоў на Трокі.

 

Вітаўт

 

Пусціце іх...

 

Уваходзіць Ягайла са сваімі ратнікамі.

Ягайла

 

Даруй мне, крэўны брат,

За ўсё, у чым я вінен і нявінен.

Жыве ў душы святло і чарната,

Хто ў думках саграшае — той забойца,

Хоць і загад забіць не аддаваў.

Падумай толькі злое, выканаўца ж

Сам знойдзецца і зробіць для цябе

Усё, што ты ў душы паганай песціў!

Забойцу, брат мой, я ў душы забіў

І чарнату нікчэмнаю рабой зрабіў,

Хоць быў учора сам яе рабом.

Вось галава забойцы князя-бацькі

І дзядзькі майго Кейстута.

 

(Выкідвае з мяшка галаву Люценя.)

 

Халуй,

Пачуўшы ад мяне, што медзь — жыццё,

Хвароба — срэбра, золата — пагібель,

Рашыў, калі я з золата падам

Каму віно, то гэта не пашана,

А тайны знак яму, што гэтага — забі!

У Вільні ўсе мы Кейстута чакалі

І чару залатую для яго

Трымалі. Каб за мір ён з намі выпіў.

Вар’ят жа ў Крэве Кейстута забіў.

 

Вітаўт

 

Чаму ты не прывёз яго жывым,

Каб твае словы ён для нас пацвердзіў?!

 

Ягайла

 

Я ў гневе не ўтрымаўся і зарэзаў

Пачвару гэту. А цяпер — рашай,

Мой лёс, маё жыццё рашай ты, Вітаўт,

Калі я вінаваты — засячы. А не —

Хай прынясуць мой меч. Ён там, у полі,

На тым жа месцы твой калісь тырчаў.

Адзін прыму я смерць ці мір. Адзін.

Хай больш ліцвіны між сабой не б’юцца.

 

Вітаўт

 

Ягайла, я табе заўсёды верыў,

А гэта вера несла кроў і смерць!

Баюся, што і зноўку будуць біцца

Ліцвіны ўсе, як лютыя звяры,

Каб выправіць твой грэх і крывадушша

Перад зямлёю роднай і прад Богам!

Хай гэтым разам толькі Ён рашае

Твой лёс і мой. Прынесці меч сюды!

Мы будзем зараз біцца, і калі

Ты не ўтрымаеш меч велікакняскі,

Дык гэта будзе верны знак з нябёсаў,

Што ты забойца Кейстута! Што зноў

Ты хлусіш! І тады, Ягайла,

Я засяку цябе. Калі ж

Свой меч мне утрымаць не стане сілы,

Я на калені стану прад табою,

Да смерці мушу быць тваім рабом!

 

Ягайла

 

Хай будзе так.

 

Вітаўт

 

Меч князю прынясіце!

Ягайлу прыносяць меч.

 

Ягайла

 

Мы пачынаем!

 

Вітаўт

 

Дык судзі ж нас, Бог!

 

Б’юцца.

(Выбівае ў Ягайлы меч.)

 

Нябёсы падалі свой верны знак,

Аднак хачу пачуць яшчэ прызнанне!

Ты загадаў, каб Кейстута забілі?!

 

Ягайла

 

Сячы! Калі нябёсаў блаславенне

Ты атрымаў, нашто мне гаварыць?

 

Вітаўт падымае меч. З’яўляюцца княгіня Анна і каралева Ядвіга.

Княгіня Анна

 

Спыніся, Вітаўт! Хіба хочаш ты,

Каб твой народ лічыў цябе за ката ?!

Ты Бога спакушаў турнірам гэтым!

І ці не д’ябал знак табе падаў?

 

Ядвіга

 

Мой брат! Няўжо сваю сястру,

Што яшчэ мужа нават не спазнала,

Маркотнаю ўдавою зробіш ты?

Пасварыш Польшчу родную з Літвою?

 

Ягайла

 

Сячы! Ці даспадобы прыніжэнне

Найлепшай і цудоўнейшай з жанчын?!

 

Ядвіга

 

Даруй усім, і Бог табе даруе,

Я на калені стану: зберажы

Спакой і лад у дзвюх сваіх дзяржавах,

Не стань братазабойцам.

 

Вітаўт

 

Уся Літва

Схіляецца прад вамі, каралева.

 

(Ломіць свой меч і параньвае руку.)

 

Мой брат, ты бачыш, я руку парэзаў

Абломкам вострым княскага мяча.

Бяры яе...

Ягайла ломіць свой меч і параньвае руку.

 

Ягайла

 

А вось табе мая...

Тут кроплі ёсць Рагнеды, Рагвалода,

Міндоўга, Гедыміна, і ў цябе

З рукі сцякаюць гэтакія ж кроплі.

Давай іх злучым.

 

Вітаўт і Ягайла злучаюць рукі.

Дружыннікі

 

Хай жывуць браты!

Вялікія! У вялікім нашым княстве!

 

Ягайла. З сённяшняга дня і назаўсёды вялікае княжанне ў Вільні, пасад дзядзькі свайго, вялікага князя Альгерда, і бацькі свайго, вялікага князя Кейстута, возьме вялікі князь Вітаўт! Вялікаму княству Літоўскаму надаюцца правы незалежнай дзяржавы! Гэта мае ўказы як вялікага князя і як караля Польшчы.

Дружыннікі

 

Бог, блаславі нам Вітаўта на княства!

 

Ягайла

 

Здабыты мір! Хай будзе ён да скону!

Усе ў Вільню! Прымяраць табе карону.

 

Трубяць у рог. Усе разыходзяцца.

 

Сцэна дзевятая

Вільня. Катэдральны сабор. Вітаўт на каленях у акружэнні народу і духавенства.

Вітаўт

 

Жыві і веруй, мой святы народ,

Ты ўсклаў на галаву маю карону

І абавязак княства зберагчы,

Абараніць людзей ад злых напасцяў,

І з ворагаў сяброў сабе рабіць,

І сябру дараваць, калі ён — вораг.

Скарацца, адбівацца, нападаць

І церабіць мячом сваю дарогу!

Як цяжка князем быць і верыць Богу...

 

З’яўляюцца Купала і Беражніцы.

Купала

 

I будзе тое, што калісь было,

А што было на гэтым свеце — будзе.

Тры чары ўсе адвеку людзі п’юць,

Медзь, золата і срэбра баль свой правяць!

Хто родзіцца, той мусіць паміраць,

Памрэ ж затым, каб зноўку нарадзіцца.

Ўсё бурыцца, каб зноў нам будаваць,

Будуецца затым, каб разбурыцца.

Ты сёння плачаш, каб смяяцца заўтра,

А потым зноўку будзеш слёзы ліць.

Вайна прыходзіць, каб чакалі міру,

А мір — чаканне новае вайны.

Замкнёны круг да часу да пары,

Гараць, гараць купальскія кастры.

 

Купала ўскладае на галаву Вітаўта карону. Вакол князя танцуюць беражніцы.




Беларуская Палічка: http://knihi.com