epub
 
Падключыць
слоўнікі

Аляксей Дудараў

Крыж

Частка першая
Частка другая
Частка трэцяя
Частка чацвёртая
Частка пятая
Частка шостая
Частка сёмая
ЭПИЛОГ


 

ДЗЕЙНЫЯ АСОБЫ

Прадслава.

Богша.

Цівун.

 

Святой Еўфрасінні Полацкай, нябеснай заступніцы Беларусі

 

 

Частка першая

Голас. Бысть князь в граде Полотсце именем Всеслав, той имея сыновы многы. И беше у него меньший сын именем Георгий, от негоже родися сии блаженнаа отроковица. Родителя же ея възрадовастася о рожестве ея со всеми домашними своими. И по днех неколицех повелеста крестити ю, и крестиста ю во имя Отца и Сына и Святаго Духа. И питома бяше доилицею ея, дне от дне растяше отроковица, тело млеком растяше, а душа Святаго Духа наполняшеся. Лучи же ся девици деснаго естества и молитвы плод, и толма бысть любящи учение, якоже чудитися отцу ея о толице любви учениа ея...1

Лета 1121-е ад Нараджэння Хрыстовага.

Бераг Дзвіны пад Полацкам. З’яўляецца Богша, цягнучы на плячах драўляную постаць Збавіцеля, за ім ідзе Цівун з бізуном.

Цівун. Пакладзі ідала на зямлю.

Богша апускае фігуру на зямлю.

На калені!

Богша становіцца на калені.

Усё, што буду казаць, паўтарай... (Б’е бізуном.) Да Цябе, Госпадзі, узношу душу маю!

Богша (стогне). Да Цябе, Госпадзі, узношу душу маю...

Цівун (б’е). Скіруй мяне на ісціну Тваю і навучы мяне, бо Ты Бог збавення майго!

Богша (стогне). Скіруй мяне на ісціну Тваю і навучы мяне, бо Ты Бог збавення майго!

Цівун (б’е). Грахоў юнацтва майго і злачынстваў маіх не ўспамінай!

Богша (стогне). Грахоў юнацтва майго і злачынстваў маіх не ўспамінай...

Цівун (б’е). Табе веру, на Цябе спадзяюся і аніколі не пакланюся ідалу, бо гэта ёсць прытулак д’ябла...

Богша (стогне). Табе веру, на Цябе спадзяюся і аніколі не пакланюся ідалу, бо гэта ёсць прытулак д’ябла...

Цівун. Бяры сякеру...

Богша бярэ.

 

Сячы яго! Сячы на дробныя кавалкі, на трэскі, стружкі, у дробны пыл... Потым прынясеш свечку з Сафійскага сабора і падпаліш ею... Гарачы попел у прыгаршчах будзеш насіць да Дзвіны і тапіць... Сячы!

Богша марудна-марудна падымае сякеру...

 

Богша. Госпадзі! Ты ж ведаеш, што гэта не так... Не рабіў... не рабіў я ідала... З пастом і малітваю выразаў з мёртвага дрэва жывы светлы воблік Твой...

Цівун. Хрыстос павінен быць на крыжы! А гэта ідал у яго вобліку, што насміхаецца над Богам! Сячы!

Богша. Не магу...

Цівун. Богша! Людзі хацелі цябе спаліць! Разам з ім, я ўратаваў цябе ад вогнішча, паабяцаўшы, што ты будзеш пакараны і раскаяны. Сячы!

Богша (кідае сякеру). Не магу...

Цівун. Што табе гэта дзеравяшка?! Святы Пётра ад Хрыста тройчы адракаўся...

Богша. Я не рабіў ідала...

Цівун. Люд веруючы чакае... Калі ты не пасячэш яго, я змушаны буду секчы цябе бізуном да смерці... Сячы! (Б’е.) Сячы! (Б’е.) Сячы! (Б’е.)

З’яўляецца Прадслава.

Прадслава. Пакінь яго!

Цівун. Адыдзі, дзяўчо!

Прадслава. Я не дзяўчо! Я дачка князя!

Цівун. Слухаю князёўну...

Прадслава. Што зрабіў гэты чалавек?

Цівун. Гэты чалавек зрабіў драўлянага ідала. Разгневаны натоўп прывязаў яго да дуба, абклаў хмызняком і хацеў спаліць разам з ідалам. Я ледзьве адбіў! Я яго з агню дастаў, а ён не жадае знішчыць ідала.

Прадслава. Чаму ты лічыш, што гэта ідал?

Цівун. Хрыстос павінен быць на крыжы! І хто паклоніцца іншаму — язычнік.

Прадслава. Як завуць цябе?

Цівун. Яго завуць Богша. Лазар Богша. Полацкі разьбяр і ювелір.

Прадслава. Ты аздабляў алтар Спасаўскай царквы.

Богша. Я...

Прадслава (да Цівуна). Як жа ён мог рабіць ідала.

Цівун. А гэта хто?

Прадслава. Хрыстос...

Цівун. Хрыстос павінен быць на крыжы!

Прадслава. На крыжы Хрыстос быў мёртвы!.. Пасля таго як яго прадалі, адракліся і раскрыжавалі! Але ён быў жывы да Галгофы і праз тры дні пасля Галгофы ўваскрос! І тут ён жывы! І тут ён жывы і кажа: «Любіце ворагаў вашых, бласлаўляйце тых, хто праклінае вас, і маліцеся за крыўдзіцеляў вашых і толькі тады будзеце сынамі Айца вашага нябеснага, бо Ён кажа сонцу Свайму ўзыходзіць над злымі і добрымі і пасылае дождж на праведных і няправедных...» А хіба ён вораг табе?

Цівун. Я... уратаваў яго... Я выпадкова праязджаў...

Прадслава. І ты тут не выпадкова, і я не выпадкова... Паслалі цябе, паслалі і мяне.

Цівун (разгублена). Хто?

Прадслава. Ты ведаеш...

Цівун. Не разумею, князёўна.

Прадслава. Ідзі і скажы ім, каб разыходзіліся. Ёсць Боскі суд і ёсць суд княскі... Хто робіць свой — разбойнік...

Цівун. Слухаю.

Цівун кланяецца і выходзіць.

Прадслава. Балюча?

Богша. Смешна... Хрыстос павінен быць на крыжы... Яны яго некалі і раскрыжавалі для гэтага... Каб маўчаў! Адкуль ты ведаеш, што ён гэтыя словы гаворыць? Менавіта гэтыя?

Прадслава. Дай я перавяжу цябе... (Перавязвае.)

Богша. Рукі ў цябе ласкавыя, князёўна...

Прадслава. Не баліць?

Богша. Не. Каб Цівун не падаспеў... як вепрука падсмажылі б. І за што? Добра, каб хоць самі былі святыя, а то ж... Сто трыццаць гадоў моляцца Хрысту, святкуюць на Яго Ражство, а Каляды, святую Тройцу так не чакаюць, як Купалле... У самы строгі пост любую мярзоту зробяць, а пакажы ім на чалавека і скажы, што ён грэшнік — як зграя галодных ваўкоў кінуцца і загрызуць...

Прадслава. Судзіш...

Богша. Нікога я не суджу! І Бог сведка, што я іх люблю... Кожнага паасобку! Да таго часу, пакуль не саб’юцца ў адну кучу. У народ! А народу сам Айцец Нябесны рады не даваў... Не паспее адвярнуцца, а ён ужо робіць злое перад вачыма Яго... Кожнага з нас трэба пасяліць у пустыню, аднаго, і адразу ж надыдзе Царства Божае.

Прадслава. Даруй ім...

Богша. Каму, князёўна? Каму? Мне іх спачатку падзяліць трэба... Адзін крычыць: «Распні!», а другі шкадуе... Я гатовы аднаму дараваць, а другому падзякаваць. Не! Я ім павінен разам дараваць і разам дзякаваць. І злы схаваецца за спіну добрага, і добры зробіцца яго паплечнікам.

Прадслава. Ты ж ведаеш — іх паслалі...

Богша. Калі пасылаюць туды, куды табе не хочацца хадзіць, куды цябе сэрца не пускае, дык ідзі марудна, накульгваючы... А яны прыбеглі! З радаснымі вачыма. Адны адразу біць пачалі а іншыя ж па майстэрні шнарыць і хапаць дзе што ляжыць. Адзін паскуднік набухаў бражкі ў пацір, што я зрабіў для Спасаўскай царквы, і жлукціць з яго! Прычашчаецца! Ну, дык гэтыя яшчэ нішто сабе... Проста п’яніцы і зладзюгі... А хацелі спаліць і білі сумленныя! Білі ад чыстага сэрца. А за што-о? Сляпы ўбача, не кашчунства гэта! Я ўбачыў Яго лік у вялікім кавалку дубу, што праляжаў на дне Дзвіны не адну сотню гадоў. Я працаваў, не заўважаючы ні дня ні ночы, усё лішняе, усё непатрэбнае лёгка здымаў разак... І з'яўляўся Ён... Добры, спагадлівы, безабаронны... Збавіцель наш. Мая душа спявала райскія песні... І за гэта біць? І за гэта на касцёр? Госпадзі Ісусе Хрысце, Сыне Божы! Колькі людской крыві пралілося ў славу Тваю! Колькі нявінных душ загублена! А сам жа Ты, нават раскрыжаваны, разбойніку рай дараваў... Дык чаму ж мы не ідзём шляхамі Тваімі, Госпадзі?!!

Прадслава. Фрэску святога Георгія ў саборы ты рабіў?

Богша. Я рабіў... (Паўза.) Я не вінаваты, што ён атрымаўся непадобны на князя! Я хацеў зрабіць яго падобным, у мяне не атрымалася... Я не рабіў гэтага знарок! У мяне не атрымалася! Я стараўся! У мяне не атрымалася!

Прадслава падыходзіць і цалуе Богшу.

Прадслава. Я цябе люблю...

Богша (нясмела абдымае яе). Што ты, князёўна, што ты?..

З’яўляецца Цівун.

Цівун. Князёўна, князь загадаў мне, каб я зараз жа прывёў цябе да яго.

Прадслава. Бывай.

Богша. Бывай.

Прадслава выходзіць.

Цівун. Маліся Богу, што яна апынулася тут.

Богша. Малюся.

Цівун. Маліцца толькі перад святымі абразамі і перад Святым Распяццем. Уразумеў?

Богша. Уразумеў.

Цівун (паказвае на выяву Хрыста). Зробіш яшчэ хоць што-небудзь такое — павешу... І не смей, не смей так глядзець на князёўну... Вочы выкалю... (Выходзіць.)

Абняўшы сваю работу, выходзіць і Богша.

 

Частка другая

Голас. И пришедши ей в возраст 12 лет, и нача отец ея глаголати княини своей: «Нама уже лепо дати Предслава за князь». ...Она же глагола ему: «Да како Бог хоще и твоя, княже, воля, тако да будет». Тогда слышавши Предслава, размышляше в собе, глаголющи, паче же реку, от Святаго Духа наплъняшеся мысль ея, и рече в собе: «Како се будет, же отец мой мыслит припрячи мя мужеви? То аще тако будет, то печали мира сего никакоже лзе гоньзнути». Пакы в собе рече: «Что бо успеша преже нас бывшии родове наши? И женишася, посягаша и княжиша, нь не вечноваша; житие их минотече и слава их погибе, яко прах и хужее паучины...»

Лета 1918-е ад Нараджэння Хрыстовага.

Губпалітупраўленне. Уваходзіць Цівун. Звоніць тэлефон.

Цівун (падымае трубку). Слухаю... Скажыце ёй, што налётчыкі затрыманы і па законах рэвалюцыйнага часу імем рэвалюцыі заўтра будуць расстраляны... Дык што ёй трэба? Ёсць мне час з манашкамі валэндацца... Ладна, хай зойдзе...

Уваходзіць Прадслава.

Прадслава. Добры дзень.

Цівун (уражаны). Вы... вы з манастыра?

Прадслава. Так.

Цівун. Як вас завуць?

Прадслава. Завіце мяне проста сястра.

Цівун. Вы надзвычай прыгожая, сястра... Колькі вам год?

Прадслава. Дваццаць два.

Цівун. Пайшлі ў манастыр адразу пасля рэвалюцыі?

Прадслава. Не. Ужо восем гадоў мінула.

Цівун. Восем гадоў? Ці быў у вас бацька?

Прадслава. Быў.

Цівун. І хто?

Прадслава. Князь.

Цівун. Загінуў?

Прадслава. На ўсё воля Бога.

Цівун. І ён змог вас некалі адпусціць у манастыр?.. Такую.

Прадслава. Хто каго можа спыніць, калі Ён пакліча.

Цівун. Што ў вас да мяне?

Прадслава. Нам перадалі, што рабаўнікоў, якія ўчынілі гвалт у нашым манастыры, злавілі.

Цівун. Злавілі.

Прадслава. І вы хочаце іх забіць?

Цівун. Што вы, што вы, сястра! Ніхто іх забіваць не збіраецца... Іх заўтра расстраляюць. Расстраляюць як гвалтаўнікоў-марадзёраў. 3

Прадслава. Усе сёстры моляцца Богу, каб гэтага не адбылося. І я прыйшла прасіць вас аб гэтым.

Цівун. Аб чым?

Прадслава. Хай іх не забіваюць...

Цівун. Кім быў ваш бацька?

Прадслава. Камандзірам крэйсера.

Цівун. Крэйсер «Аляксандраўск»?

 

Прадслава. Так.

Цівун. Як загінуў, ведаеце?

Прадслава. Быў бунт.

Цівун. Паўстанне. Матросы раззброілі афіцэраў, сарвалі з іх пагоны і кожнага прымушалі прайсці парадным крокам па палубе, аддаючы чэсць п’янай камандзе. Тым, хто адмаўляўся, звязвалі канатамі рукі-ногі і кідалі за борт.

Прадслава. Навошта вы мне гэта расказваеце?

Цівун. Гэтыя — былыя матросы крэйсера «Аляксандраўск». (Пау’за.) Вы па-ранейшаму просіце дараваць ім жыццё?

Прадслава. Прашу.

Цівун. І моліцеся за іх?

Прадслава. Малюся...

Цівун. Ну, Бог хай і даруе. Рэвалюцыя не даруе. Ведаеце, сястра, што самае брыдкае... Гэта сволач, даруйце, гэта брудная мярзота палічыла, што калі рэвалюцыя адмаўляе існаванне Бога, значыць, ім можна ўсё: рабаваць, гвалціць, красці, заяўляючы, што мы, як і рэвалюцыя, супраць Бога, што мы — яе дзеці.

Прадслава. Вы так доўга пераконвалі маленькіх, неразумных, непісьменных дзяцей у тым, што яны пачатак пачаткаў у гэтым свеце, што яны самае вышэйшае і самае галоўнае на зямлі, што ўрэшце дзеці вам і паверылі. За што ж іх караць? Яны ж дзеці...

Цівун. Чаю хочаце?

Прадслава. Не. Дзякую.

Цівун. Ваша вера, сястра, на нашай зямлі ніколі не будзе мець ні сілы, ні ўплыву. Праведнымі наракаліся, наракаюцца і будуць наракацца тыя, на каго пакажа ўлада. Так было. Так будзе. Да сканчэння свету.

Прадслава. А пасля сканчэння?

Цівун. І колькі вы яго ўжо чакаеце? І кожнае стагоддзе ў вас адно: «Час блізкі, блізкі час». Памятаеце: «І паслаў князь абвясціць народу: хто не прыйдзе хрысціцца на раку, хай ён будзе багатым або бедным, жабраком або рабом, той мне будзе ворагам». І, пачуўшы гэта, людзі пайшлі з радасцю вялікай. З радасцю вялікай, сястра, яны цяпер і адмаўляюцца. Ім сказалі... і яны топчуць вашы святыя абразы і бураць храмы, як тысячу гадоў таму бурылі капішчы Перуна.

Прадслава. Не забівайце іх...

Цівун. Сястра! Яны ўварваліся п’яныя ў ваш дом...

Прадслава. Не забівайце іх...

Цівун. Свінні сабе не дазволяць рабіць тое, што рабілі яны!

Прадслава. Не забівайце іх...

Цівун. Яны прыйдуць зноў!!!

Прадслава. І я зноў прыйду да вас...

Цівун. Заўтра... Заўтра... Іх выведуць на досвітку за сцены манастыра, паставяць ля муроў, зачытаюць рэвалюцыйны прысуд — і дзесяць чырвонаармейцаў па камандзе «плі!» здзейсняць, кажучы па-вашаму, здзейсняць волю Боскую, а па-нашаму — рэвалюцыйны закон... Гніллё выпальваюць агнём, а не лечаць, сястра... І вы згодная са мной... Згодная, згодная... Дараваць грэшніку, прасіць за грэшніка — гэта ж, па-вашаму, сыпаць гарачы попел на галаву яго, каб Гасподзь пакараў яго больш балюча! Ці не так?! Вы знутры больш жорсткія, больш лютыя, чым мы. Аднак хопіць. Пакіньце кесару кесарава і забярыце ўсё астатняе. Заўтра ўсе паслушніцы і манахіні павінны быць на пакаранні. Чуеце, сястра?

Прадслава. Пакарання не будзе.

Цівун. Пра што гэта вы?

Прадслава. Я выпусціла іх з келлі...

Цівун. Як гэта выпусціла? Там жа вартавыя.

Прадслава. Яны спяць.

Цівун. Што значыць спяць? Дзень жа на вуліцы.

Прадслава. Спяць. (Глядзіць у вочы Цівуну.)

Той пахіснуўся, зрабіў няўпэўнены крок наперад і... як падкошаны, грымнуўся вобзем. Прадслава выходзіць. Цівун апрытомнеў, падпоўз да тэлефона.

Цівун (у трубку). Начальніка каравула! Гэта Цівун... Арыштуйце манашку...

 

Частка трэцяя

Голас. В та же лета бяше княини Романоваа игуменьею. Прииде к той, просящи прияти аггельскаго образа и причтатися ту сущим инокиням, и быти подо игом Христовым. Видевши же она блаженная жена юность и возраст цветущий оней, и смятеся, и нача телом утерьпати и сердцем ужасатися, и лицем на землю преклоньши, восклоньшися, и возревши на юность ея, воздохну и прослезившися, глагола ей: «Чадо мое! Како могу се сотворити? Отец твой, уведев, со всяким гневом возложит вред на главу мою. И еше же юна еси возрастом, не можеши понести тяготы мнишескаго жытиа. И како можеши оставити княжение и славу мира сего?»

Лета 1129-е ад Нараджэння Хрыстовага.

Полацк. Майстэрня. Богша з кружкай.

Богша. Ізноў вайна... Святаславічы пакрыўдзіліся на Ізяславічаў і ідуць на вы ці на мы... Усё адно, на нашу шыю... Самае смешнае, аднаго ж роду-племені, браты... І яшчэ смяшней, аднаму Богу моляцца... І зусім смешнае: служкі Твае, Госпадзі, у Кіеве бласлаўляюць мячы Святаславічаў секчы Ізяславічаў, а ў Полацку мячы Ізяславічаў секчы Святаславічаў. І рэжуць адзін аднаго з імем Тваім на харугвах. І з тымі Бог, і з тымі Бог... А дзе ж тады рагаты? І хоць бы хто з іх сказаў-крыкнуў Тваё: «Не забі!» І спытай Ты каго з іх, што ім трэба... Усё народ вызваляюць, каб вы паздыхалі! Госпадзі, вызваліў бы Ты ад іх саміх народ, а мы б як-небудзь пражылі. Ты ж Сам казаў, калі хто абзаве брата свайго дурнем — таго ў геену вогненную! А яны і не абзываюцца нават, адразу горла брату свайму грызуць! Людаеды... Братаеды... І час жа такі падгадваюць, калі араць-сеяць, жаць-малаціць трэба. Палеткі конямі стопчуць, збажыну спаляць, свірны разграбяць... А ўзімку кармі іх, абаронцаў-вызваліцеляў. І абы-чаго не ядуць! Салодкае давай... Воі! Адзін перад адным пахваляюцца, хто больш крыві выпіў і чалавечыны з’еў. Гультаі... Нічога, апроч таго, што мячом махаць, не ўмеюць і не хочуць... Па мне ўсё адно: ці ты сам па сабе ліхадзей, ці з князем разбойнічаеш... Адно слова — разбойнік. І чым спрытнейшы разбойнік, тым яму большая пашана і ўзнагарода... Людаеды... І хоць бы не чапляліся, заразы... Не-е... Прыйдзе чужы — праклінай свайго, вернецца свой — кляні чужога... А што да мяне, дык ці гэты бот, ці гэты бот; і гэты чорт, і гэты чорт.

З’яўляецца Цівун.

Цівун. Ну што, вядзьмак, варожыш?

Богша. Малюся...

Цівун. Моляцца ў царкве, а не ў хляве.

Богша. Увесь свет храм Божы, дый хлеў за храм не горшы...

Цівун. Прыкусі язык!

Богша. Хрыстос нарадзіўся ў хляве...

Цівун. Што ты вярзеш?

Богша. Выпі віна, страж існай веры... Хто п е замнога, той бачыць Бога... Вып’ем, пастух...

П’юць.

Цівун. Калі вас не пасвіць, вы разбрыдзецеся па лясах, як статак кароў, шукаючы сваіх лесуноў, ваўкалакаў, жыценяў, баннікаў і дамавых... І заместа існага Бога станеце зноў маліцца Перуну... Бо ён грыміць у нябёсах...

Богша. Шчаслівы край, які гоняць у рай... Бізуном.

Цівун. Прыкусі язык!

Богша. Маўчу.

Цівун. Ты апошнімі днямі князёўну сустракаў?

Богша. Не.

Цівун. Я ведаю, што яна заходзіла да цябе!

Богша. Гэта даўно было. Яна прыходзіла заказаць крыжык.

Цівун. Які крыжык?

Богша. Нацельны. З сучка таго дуба, дзе мяне хацелі спаліць...

Цівун. І, каб не я, спалілі б... А нашто ёй крыжык з дрэва... Князі носяць залатыя...

Богша. Скуль жа мне ведаць.

Цівун. Пакажы.

Богша (паказвае). Яшчэ не ўсё дарэзаў...

Цівун. Калі яна прыйдзе па яго?

Богша. Не сказала...

Цівун. Як гэта — не сказала?

Богша. Яна сказала, што будзе ведаць... сама будзе ведаць, калі я скончу работу... Тады і прыйдзе...

Цівун. Адкуль яна будзе ведаць?

Богша. А я знаю!

Цівун. Чаго ж марудзіш... Дарабляй хутчэй.

Богша. Хутка толькі кошкі родзяцца. Гэта крыж.

Цівун. Налі яшчэ віна...

Богша налівае. Цівун п’е.

Ты ўяўляеш — знікла!

Богша. Хто?

Цівун. Князёўна! Прадслава... Другі дзень знайсці не можам. Князь Георгій як цень чорны ходзіць, княгіня валасы на сабе рве... Як скрозь зямлю правалілася... От Рагвалодава адроддзе! Яе прабабка Рагнеда пад мячы і агонь Полацк падвяла, абазваўшы наўгародскага князя рабынічам, цяпер праз гэту ўсяму княству гора-злыбеда будзе...

Богша. Чаго гэта?

Цівун. Чаго-чаго... Налі яшчэ. (П'е.) Мінулым годам Мсціслаў кіеўскі захацеў рушыць на полаўцаў, прыслаў да нас за падмогай. А нашы князі ці то з пахмелля, ці здуру паслалі адказ: маўляў, спраўляйся сам, нам і ў Полацку ёсць што рабіць. Вось ён і хоча расправіцца з Полацкам. Вельмі оскорбяся! І што прыдумаў! Вайны з палачанамі не пачынаць, усіх князёў, толькі князёў, разам з дзецьмі — выслаць. А народ не чапаць. Ну, а калі наш народ не чапаюць, ён з печы не злезе. Хай хоць князёў высылаюць, хоць Хрыста распінаюць. Ніхто на абарону не паўстане. Ледзь паратунак знайшлі... У Мсціслава ёсць любімы пляменнік... Барыска. Выдадзім за яго нашу Прадславу... Хто ж сваякоў высылаць будзе?! Сваты прыехалі, а яна знікла! Налі! (П’е.) Калі заявіцца да цябе за сваім крыжыкам, каб я ведаў... Адразу ж...

Богша. Добра.

Цівун. І калі язык табе яшчэ патрэбны, усё, што я табе расказаў тут, — забудзь.

Богша. Забыў.

Цівун. А Прадслава прыгожая... Праўда? (Паўза.) Во пашчасціць Барыску, га? (Выходзіць.)

Богша. Усё віно выжлукціў, падла... (Выразае на крыжыку.)

Уваходзіць Прадслава.

Прадслава. Мір табе...

Богша. Цябе шукаюць.

Прадслава. Я ведаю.

Богша. Ты чула?

Прадслава. Не. Я ведаю.

Богша. І ведаеш, нашто шукаюць?

Прадслава. Ведаю.

Богша. Табе трэба ратаваць зямлю сваю і сваю Радзіму.

Прадслава. Гэта мая зямля, але не мая Радзіма. І нетвая... І не твая...

Богша. Не, яна мая... Яна мая. (Крычыць.) Цябе хочуць аддаць пляменніку Мсціслава!!! Табою хочуць разлічыцца! За полацкі пасад! За спакой! За мір з Кіевам! За тое, каб пазбегнуць выгнання!!!

Прадслава. Увесь княскі род Полацка пойдзе у выгнанне...

Богша. І ты?

Прадслава. Не. Я застаюся.

Богша. Жонкай Барыскі?

Прадслава. Нявестай Хрыста... У манастыр...

Богша. Прадслава, што ты? Што ты? Ты ж князёўна...

Прадслава. Хіба не князі павінны паказваць свайму люду, як трэба жыць і куды трэба ісці?..

Богша. Ты ж... прыгожая...

Прадслава. А хіба Богу патрэбны толькі ўбогія, хворыя, гарбатыя ды прыпадачныя?!. Я пайду да Яго не па дапамогу, я пайду Яму дапамагаць, бо ў Яго не вераць... Просты люд не верыць таму, што жыве цяжка, брудна, холадна і голадна... Князі не вераць таму, што жывуць лёгка, цёпла і ўтульна... Ходзяць у золаце, апіваюцца і аб'ядаюцца, калі іншыя пухнуць з голаду... Святую царкву зрабілі сваёй служанкай! І абвяшчаюць, што яны намеснікі Бога на зямлі!!! Б’юць самі людзей ды яшчэ водзяць іх на войны і прымушаюць забіваць іншых... У кожным княстве жывуць адны забойцы... Ці дзеці забойцаў, ці іх унукі... А людзей трэба вучыць, прасвятляць іх вочы і ачышчаць розум.

Богша. Каго вучыць? Князёўна, паглядзі на іх...

Прадслава. Я сэрцам бачу тое, чаго не бачыш ты...

Богша. Прадслава, давай сыдзем адсюль... Пойдзем далёка, у паўночныя лясы. Там няма гэтых двухногіх звяроў з нажом у руцэ. Там — рай! Наш халодны паўночны Эдэм! Я люблю цябе...

Прадслава. І я цябе люблю...

Богша. Мы навучым сваіх дзяцей быць новым народам... Прасіць у Бога толькі патрэбнае, нікога не крыўдзіць, ніколі не браць лішняга і ўсё аддаваць... Тут нельга жыць! З імі нічога не зробіш! Яны нават не грэшныя! Яны проста... жывуць... Родзяцца, жэняцца, плодзяцца, паміраюць. Родзяцца, жэняцца, плодзяцца, паміраюць... Іх некалі бізуном загналі на хрышчэнне — яны тупа пайшлі! Іх гоняць забіваць братоў — яны тупа ідуць, у іх адбіраюць апошняе — яны тупа аддаюць, а самі здыхаюць з голаду... Яны ходзяць у царкву хрысціцца, вянчаюцца і не разумеюць, нашто ўсё гэта! «Калі б гэта не было добра, князь і баяры не прынялі б гэтага!» Нейкі князёк занюханы пад Оршай чокнуўся, па-сапраўднаму з глузду з’ехаў, на галаву захварэў... Дык ён загадаў царкву спаліць... Спалілі! Кожны сноп саломы прынёс і кожны свой сноп падпаліў. Мітрапаліт потым пытаецца: «Нашто ж вы паслухаліся хворага, вар’ята?» Дык ён жа князь, адказваюць, мы думалі, на Яго Дух сышоў, думалі, што ён блажэнны... Храм Божы загадвае спаліць, а яго, заместа таго каб у клетку пасадзіць, лічаць блажэнным...

Прадслава. Дзеці часам і пажар робяць, але іх жа ніхто за гэта не судзіць.

Богша. Пойдзем адсюль, Прадслава... Мы знойдзем новую зямлю. Бог, стварыўшы нас на шосты дзень па вобразу Свайму, даваў запавет: пладзіцеся і размнажайцеся, і напаўняйце зямлю...

Прадслава. Гэта да грэхападзення, Богша... А потым было сказана, што дзень смерці лепш за дзень нараджэння і самы шчаслівы той, хто ўвогуле не нарадзіўся... Ты зрабіў крыжык ?

Богша. Зрабіў...

Прадслава. Надзень на мяне яго... (Здымае з сябе залаты крыжык і надзявае яго на Богшу.)

Богша надзявае на Прадславу драўляны. З’яўляецца Цівун.

Цівун. Мне сказалі, што яна зайшла да цябе! (Падыходзіць да Богшы, але Прадславы не бачыць.) Дзе яна?

Богша (разгублена глядзіць спачатку на Цівуна, потым на Прадславу). Хто?

Цівун. Дзе князёўна? Куды ты глядзіш?

Богша. Я не ведаю, дзе яна...

Цівун. Мне сказалі, што яна тут!

Богша. Шукай!

Цівун. Дай мне віна...

Богша. Няма ў мяне віна!

 

Частка чацвёртая

Голас. Уведев же сиа отец ея, скоро иде в монастырь, и жалостно терзаше власы главы своея, и любезно целоваше ю, глаголя: «Горе мне, чадо мое! Почто ми сице сотворила еси, и печаль души моей принесе? Почто ми преже сего мысли сея не явила еси? Люте мне, чадо мое сладкое, жалости сердца моего! О горе мне, чадо мое милое! Како гоньзнет доброта твоя вражые пронырьство? Уже достоит ми плакатися оструплению душею к Господу Богу моему, да внидеши в чрьтог царствия Его». Жалость же бысть всем в дому его о ней...

Лета 1864-е ад Нараджэння Хрыстовага.

Карчма ў Вільні. Уваходзіць Цівун.

Цівун. Сабакі... Не, не сабакі, мы ўсе — свінні. З намі нельга па-чалавечы... Жылі скручанымі ў бараноў рог і былі шчаслівыя. Жылі ціха, як мышы пад венікам. Суседзі ўжо само слова «раб» забылі, а ў нас большая палова народа ў рабстве. Цар свабоду абвясціў! І што? Заместа падзякі народ схапіўся за косы і вілы. Там паўстанне, там паўстанне... Маёнткі паляць, цара бэсцяць. У кожным занюханым маленькім павеце свой цар... Наш цар — прыдурак... Гэта я ціхенька і шэптам... (Смяецца.)

Свабода... Ён даў нам свабоду! Хто выпускае свіней з хлява ? У сад! Усё перарыюць! Лычамі сваімі паганымі... Касіянеры! Канфедэраты... Хеўра балотная... Трэба браць цяжар на сваю душу, каб бяды не натварылі...

Уваходзяць Богша і Прадслава.

Богша. Што вы тут робіце, сястра?

Прадслава. Я прыйшла да цябе...

Богша. Няўжо? Няўжо і ў манастыры існуюць вакацыі і вы ходзіце на спатканне да былых жаніхоў спытацца пра іх здароўе і жыццё?.. Я здаровы, сястра! Жыву, як і жыў, адзін і царкву вашу, якая бласлаўляе забойцаў, а тыранам пяе «многая лета», не наведваю...

Прадслава. Не рабі гэтага...

Богша. Непрыемна? А вы прымайце мае словы з ціхай пакорай, як гэта рабіў я.

Прадслава. Сэрца маё плача ад таго, што твой боль не суняўся, але пройдзе час, і ты мяне зразумееш...

Богша. Не! Не! Не зразумею... І не дарую... Ні табе, ні твайму Богу, якога няма!

Прадслава. Госпадзі, даруй яму...

Богша. Не даруе! Мне, можа, яшчэ і даруе. А вось табе — не! Я разумею, калі з-пад вянца ўцякаюць да каханка. Пошла, канечне, але зразумела... А вось каб з-пад вянца, ад каханага чалавека ўцячы ў манастыр... Гэта нават і не вадэвіль... Скамароства нейкае... Выбрык неразумнага блазна...

Прадслава. Гэта гаворыш не ты...

Богша. Гэта кажу я...

Прадслава. Не... Гэта гаворыць гардыня. Маці граху. Пачатак пачаткаў усяго цёмнага ў гэтым свеце.

Богша. Я цябе любіў, ты разумееш?!

Прадслава. І я цябе люблю...

Богша. Ты любіш сябе! Табой кіруе духоўны эгаізм! Ты для сябе адной ці для сваёй душы будуеш рай! Табе хочацца вечнага жыцця! І дзеля гэтага ты пераступіла цераз сяброў, бацькоў, цераз мяне. Стала нявестай Хрыстовай. Канечне, куды ўжо мне з ім сапернічаць.

Прадслава. Не трэба, прашу цябе...

Богша. Не я да цябе прыйшоў, а ты да мяне! Значыць, слухай... Я вывучаў багаслоўе і ведаю: калі праз тваю ахвяру Богу нехта пакутуе — не трэба Богу такая ахвяра! Не трэба! І скажы, куды, куды сваім прыкладам ты клічаш людзей, якім твой Бог запаведваў напаўняць зямлю? Куды?.. У цесную келлю! У адзіноту! Туды, дзе ніколі не будзе дзяцей! І што, калі ўсе пойдуць па «стезях» тваіх?

Прадслава. Усе не пойдуць...

Богша. Але ж у ідэале ты хочаш, каб яны пайшлі! І што будзе? К пачатку ХХ стагоддзя людзі на зямлі звядуцца. Значыць, гэта мэта Боская і вас, Яго апантаных служак... Дык так і скажыце, што хочаце знішчыць род людскі! Новы патоп зрабіць! На гэты раз без Ноевага каўчэга!

Прадслава. Я вярнуся да цябе, толькі не рабі гэтага.

Богша. Чаго гэтага?

Прадслава. Ты ведаеш...

Паўза.

Богша. А ты адкуль ведаеш?.. Хто цябе падаслаў...

Прадслава. Мяне не падаслаў, мяне прыслаў...

Богша. Хто?!

Прадслава. Не рабі гэтага...

Богша. Адкуль ты пра гэта даведалася?! Хто цябе падаслаў?!

Прадслава. Я вярнуся да цябе...

Паўза.

Богша. Я даў слова гонару...

Прадслава. Адступіцца ад зла — гэта ўратаваць гонар...

Богша. Яны павядуць на шыбеніцу... Касіянера.

Прадслава. Гэта яго шлях.

Богша. Ён змагаўся за нашу свабоду...

Прадслава. Той, хто кліча на бойку, хто перарабляе прылады працы ў прылады смерці, змагаецца не за свабоду, а за рабства... Яшчэ больш жорсткае, больш лютае, больш вытанчанае... Шлях крыві вядзе да крыві, шлях смерці вядзе да смерці... Шлях любові вядзе да Любові, шлях надзеі — да Надзеі, шлях веры — да Веры.

Богша. Вы тысячу гадоў талдычыце адно і тое ж, тысячу гадоў моліцеся, і з вамі моліцца ўвесь народ, тысячу гадоў гоніце на касцёр не толькі тых, хто не верыць, а нават і тых, хто толькі сумняваецца, толькі сумняваецца... І што? Хіба свет зрабіўся дабрэйшы, лепшы? Касіянера павядуць сёння на шыбеніцу... Хоць хто-небудзь з вас, хоць хто-небудзь скажа генералу: «Не убий!»? Нагадае яму, што Хрыстос дараваў разбойніку. Не! Вы ўсё бла-слаў-ляеце! Страшную пачвару, якая тысячы людзей пасылае на дыбу, сячэ нявінным галовы, разбэшчвае чужых жонак і дачок, а сваю атруціць, і вось гэтую нелюдзь вы пасля смерці абвяшчаеце святой толькі за тое, што перад смерцю, абабраўшы свой народ, яна збудавала Сабор... Нелюдзі не баяцца Бога, яны баяцца толькі свайго гаспадара д’ябла і яго зброі...

Прадслава. І ты ўзяў яе?

Богша. Узяў.

Прадслава. Ты яго не ўратуеш.

Богша. Я ведаю. Але хай ведаюць і яны! Калі паляціць пад ногі генералу пякельная машынка, яны зразумеюць: на сілу знойдзецца сіла, на лютасць — лютасць, на кроў — кроў...

Прадслава. Ты ведаеш, што ён будзе ехаць са сваёй сям’ёй?

Богша. А ты ведаеш, што сярод расстраляных паўстанцаў ёсць бацькі малых дзетак, якія цяпер пухнуць з голаду?! І твае адзінаверцы ніколі ім не дапамогуць, бо яны дзеці дзяржаўных злачынцаў першага разраду і ім абвешчаны анафемы.

Прадслава. Не рабі гэтага...

Богша. А што мне рабіць?!

Прадслава. Ты — майстра... Табе Бог даў дар. І праз яго ты абавязаны рабіць людзей лепшымі і чысцейшымі.

Богша. Ды нікому ні я, ні мой дар Боскі, калі ён нават і ёсць, нікому не патрэбны! Стане холадна, і абразамі распаляць у печы, а са срэбных крыжоў зробяць трыццаць сярэбранікаў. Бывай.

Прадслава. Я вярнуся да цябе.

Богша. Не трэба. Я зраблю ўсё, што павінен зрабіць. Скажы лепш, хто цябе прыслаў.

Прадслава. Я ўбачыла гэта сёння ноччу ў сне.

Богша. Бывай.

Прадслава. Ты не зможаш зрабіць гэта.

Богша. Калі ты паклічаш паліцыю, вядома, не змагу.

Прадслава. Я буду маліцца за цябе.

Богша. Маліся за сябе...

Прадслава. Зберажы цябе Бог. (Выходзіць.)

Да Богшы падыходзіць Цівун.

Цівун. Цябе клічуць Богша?

Богша. Богша.

Цівун. Дай мне віна.

Богша. Што?

Цівун страляе.

 

Частка пятая

Голас. Уведев же отец ея, яко утаивши его постриже ю |сестру свою Городиславу|, и възьярися на преподобную Еуфросинию, сердцем горя, приехав к манастыреви и глагола: «Чадо мое, что створи? Приложи ми сетование к сетованию и души моей печаль к печали». И сия ему глаголющу от горести сердца своего, реками слез часто изливаше от оочию своею, любезно дръжа Городиславу и глаголя: «Чада моя, на се ли вас родих, или на се вас мати воспита? Уже ли ваю брак уготовах? Уже ли чертог и брачныя ризы ваю на сетование положих собе? Чада моя милая, что ми воздаста? В радости место горькиа печали сердце мое наполниста?»

Лета 1134-е ад Нараджэння Хрыстовага.

Келля ў Спаскім манастыры. Прадслава схілілася над пергаментам.

Прадслава (чытае напісанае). ...Тады Ісус сказаў вучням Сваім: калі хто хоча ісці за Мною, хай адрачэцца ад сябе і возьме крыж свой і ідзе за Мною, бо хто хоча душу сваю ўратаваць, той страціць яе; а хто страціць душу сваю дзеля Мяне, той знойдзе яе...

З’яўляецца Цівун.

Цівун. Маці ігумення, блаславіце на добрую справу...

Прадслава. На гэта Бог бласлаўляе...

Цівун. Мае людзі толькі што звезлі з манастыра сястру Еўдакію, тваю родную сястру і дачку бацькі твайго князёўну Градзіславу...

Прадслава. Табе загадаў гэта зрабіць князь?

Цівун. Не.

Прадслава. Хто табе загадаў гэта зрабіць?

Цівун. Мой род служыў твайму роду не адну сотню гадоў... Дзед мой быў поруч з тваім дзедам Усяславам Чарадзеем на крывавых берагах Нямігі... Бацька лёг на паляванні пад рогі зубра, ратуючы твайго бацьку, нашага князя... Прыйшоў мой час... ратаваць... Усю сям’ю, увесь княскі род... які ты... ты зводзіш са свету! Ну, захацелася самой святога жыцця, дык жыві! Нашто дзіцёнка спакушаць?! Ты вытрымаеш усё і цераз усё пераступіш, я змалку цябе ведаю! А яна не вытрымае! Яна добрая, ласкавая, пяшчотная... Куды ёй манаскае рыззё? Яна нарадзілася, каб быць маці!! Г Эта ты з пялёнак на зоркі глядзела, а яна ўсё, што пад рукі трапіцца, усё няньчыла і ўсім калыханкі спявала... А-а-а, лю-лі... Яна будзе ні Богу свечка ні чорту качарга. Ты ж калеку з яе зробіш...

Прадслава. Дзе яна?

Цівун. Яе адвязуць у пушчу за Дзвіну... У новае селішча... Там ёсць царква, дзе можна маліцца Богу, але дзе можна і жыць! Звычайна, па-чалавечы... І людзям служыць, і дапамагаць ім, і шкадаваць, і выхоўваць... І дзяцей нарадзіць... І дзяцей нарадзіць!! Не могуць, не могуць усе рабіцца Апосталамі... Не павінны! Бог стварыў нас з духу і плоці. І пакуль жыў чалавек — гэта адно-адзінае і непарыўнае! І хто разрывае гэта чалавеканенавіснік, а значыць, вораг Божы!

Прадслава. Скажы, навошта ты прыйшоў...

Цівун. Князёўна, я прыйшоў цябе забіць...

Прадслава. Цяпер ты ведаеш, хто цябе паслаў...

Цівун. Ты вораг людзей, свайго народа і свайго княства... Княгіню Соф’ю дасталі з пятлі, калі яна даведалася, што ты пастрыгла Градзіславу. Ты адабрала ў сваіх бацькоў сябе, сваю сястру, ты пазбавіла іх унукаў... Ты слепнеш, перапісваючы Святое Пісанне, а хто яго апроч вас чытае і будзе чытаць?! Хто? Твой жудасны прыклад павёў за сабой князёў! Тых, каму наканавана дбаць пра дзяржаву, хто павінен будаваць свой дом! Княства ў заняпадзе, бо князі мараць пра жыццё вечнае... Цябе баяцца!!! Ты зрабілася ідалам Полацкай зямлі! А ідалы — ворагі роду чалавечага на зямлі... Маліся...

Прадслава. Ты ведаеш, на што ідзеш?

Цівун. Ведаю! Бог мне, можа, і не даруе, але зразумець зразумее. Маліся!

Прадслава. Я буду маліцца за цябе...

Цівун. Маліся за сябе!!!

Прадслава. Госпадзі Іісусе Хрысце, Сыне Божы, цябе вялі на страту, а ты прасіў Айца Нябеснага за мучыцеляў сваіх: «Даруй ім, не ведаюць, што робяць...» І я прашу...

Цівун. Ты ж баішся!!!

Прадслава. Прашу: даруй гэтаму чалавеку... і прасвятлі зрок ягоны... Бо белае яму бачыцца чорным і ноч здаецца днём...

Цівун (дастае нож). Госпадзі, даруй мне, грэшнаму...

З’яўляецца Богша.

Богша. Маці ігумення, даруйце, што парушаю малітву вашу... Там сястра Еўдакія прывяла з лесу двух стражнікаў княскіх... Памажыце...

Прадслава. Што з імі?

Богша. Раптоўна аслеплі, і мову адняло абодвум... Яны з ёй разам моляцца ля алтара. Сказала, каб я вас паклікаў...

Прадслава. Зараз іду...

Богша выходзіць.

(Цівуну.) Маліся... Памаліся і ты за іх... (Выходзіць.)

Цівун (тупа глядзіць на нож). Ведзьма...

 

Частка шостая

Голас. Ты, Господи, Сердцевидьче, Благодателю, Боже богом, милостивый Господи, призри на храм Свой, яже создах во имя Твое, якоже рече Соломон: Вышний не в рукотворенах церквах живет. Ты, Господи, призри на мя, на рабу твою Еуфросинию, и на рабыня Твоя сия, яже собрах во имя Твое, да приимше иго Твое легкое на выя своя, поидут в след Тебе, и сътвори я овца двора Твоего, и буди им пастух и двернмк, да ни едино от них не будет въсхыщено волком — губителем дияволом. Буди им, Господи, оружие и забрала, да не приидет нань зло, ни рана не подвижится к телесам нашим, и не погуби нас со безаконии нашими, на Тя бо упование наше положихом, яко Ты еси Бог знающим Тя, и Тобе хвалу воспущаю до последняго моего издыханиа. В веки, аминь...

Лета 1922-е ад Нараджэння Хрыстовага.

Полацкі павятовы выканком.

Богша і Цівун.

Богша. Выклікалі?

Цівун. Выклікаў... Сядайце, таварыш Богша. Учора адбылося пасяджэнне камісіі, якая абмеркавала зроблены вам заказ павятовага выканкома.

Богша. І што?

Цівун. Камісія прыйшла да заключэння, што намаляваныя вамі...

Богша. Напісаныя...

Цівун. Напісаныя вамі партрэты правадыроў рэвалюцыі — з’яўляюцца добра заканспіраванай контррэвалюцыйнай дыверсіяй.

Богша. Чым?

Цівун. Дыверсіяй. Мне каштавала вялікіх намаганняў пераканаць камісію, што гэта не так, што вы таленавіты мастак пралетарскага паходжання і што нават у таленавітых мастакоў здараюцца творчыя няўдачы.

Богша. Вы патрабавалі ад мяне дакладнага падабенства... Так?

Цівун. Так.

Богша. Хіба яны непадобныя?

Цівун. Падобныя.

Богша. Дык у чым жа няўдача... ці дыверсія...

Цівун. Камісія вызначыла адсутнасць у напісаных вамі партрэтах багатага ўнутранага свету... Духоўнасці... Што тут смешнага?

Богша. Я аднаго з іх ведаю... На ім кляйма няма дзе ставіць... Ён пры любой уладзе... Пры любой... павінен знаходзіцца ў адным месцы — за кратамі!

Цівун. Таварыш Богша!

Богша. Рэвалюцыя яго выпусціла з турмы як пакрыўджанага царызмам. Не крыўдзіў яго царызм! Яго пасадзілі ў турму як злодзея і гвалтаўніка... А ён цяпер правадыр... Нічога. Разберацеся — і вы яго пасадзіце.

Цівун. Замаўчыце! Гэта ваша асабістая суб’ектыўная думка... Я выклікаў вас для таго, каб паведаміць: ваша праца кіраўніцтва Полацкага павятовага камітэта не задаволіла і заказ перадаецца іншаму мастаку. Паёк, які вы атрымалі ў якасці авансу, застаецца за вамі...

Богша. Ды вярну я вам назад вашу воблу! Вам нічога сапраўднага, нічога нармальнага не патрэбна... Вы не толькі зладзеяў з турмы выпусцілі, вы і з дурдома ўсіх павыпускалі. Во к прыкладу:

 

Тиран без Тэ.

«Реис тумам донья» —

Али

В Председатели шара земного

Посвящается за стаканом джи-джи.

Разбейся, разбейся,

Мой мозг о грамады народного «нет»,

Полно по волнам носиться

Стеклянной звездою.

Это мне над рыжей степью

Осени снежный кукиш!

 

Гэта напісаў паэт новага часу! Ваш геній! Дзіця і Трыбун рэвалюцыі! А па-мойму — звычайны псіх.

 

Прекрасно в нас влюбленное вино

И добрый хлеб, что в печь для нас садится.

И женщина, которою дано,

Сперва измучившись, нам насладиться.

 

Гэта, па-вашаму, пісаў вораг народа і белагвардзеец, дэкадэнт, выраджэнец. Бывайце. Я магу забраць партрэты?

Цівун. Не.

Богша. Чаму?

Цівун. Іх нельга паказваць...

Богша. Яны ж кожны дзень жывымі паказваюцца. Бывайце.

Цівун. Таварыш Богша... Я ўпаўнаважаны паведаміць вам. што вы ўведзены ў склад камісіі па ўскрыцці і агляду мошчаў Еўфрасінні...

Богша. Агляду чаго?

Цівун. ПІрынята пастанова Народнага камісарыята юстыцыі аб арганізаваным ускрыцці мошчаў цудатворцаў па ўсёй краіне... і адпраўцы іх пасля агляду на атэістычныя выстаўкі... Ускрыццё і агляд прызначаны на заўтра ў Спаса-Еўфрасіннеўскім манастыры.

Богша. Вы апупелі! Ну, я разумею яшчэ, калі вы царкоўныя званы, што адлівалі старажытныя майстры, пераплаўлялі на гарматы, калі абдзіраеце з абразоў залатыя і срэбныя аклады, якім цаны няма, а вы іх на лом, каб купіць за гэты лом пораху... Нават... калі стайні ў саборах робіце... разумею, хоць нейкая карысць. А тут... Нашто?! Гэтыя ж людзі пры жыцці не мелі нават самага неабходнага. Навошта трывожыць іх косці? Вы ж нічога, нічога ў іх дамавінах не знойдзеце!

Цівун. Знойдзем.

Богша. Што?!

Цівун. Менавіта гэта нічога... Ні-чо-га... Мы пакажам усім людзям, усяму свету, што костка ёсць костка і ў святога праведніка яна гніе гэтак жа, як і ў грэшніка! І нельга, носячы ў кішэні замест самапісца, фалангу пальца святога... хоць самага-самага святога,— нельга адчуваць сябе лепшым, здаравейшым, чысцейшым, свяцейшым!! Вы ж мастак, вы ж згодны са мной!! Ну няўжо вам нецікава? Яе пахавалі тысячу гадоў таму...

Богша. Бывайце...

Цівун. Вы ж неаднойчы заяўлялі ўсім, што не верыце ў Бога...

Богша. У Бога — не... А вось у д’ябла пачынаю верыць...

Цівун. Вы адмаўляецеся ад работы ў камісіі?

Богша. Вы апупелі... (Выходзіць.)

З’яўляецца Прадслава.

Цівун. Добры дзень, сястра... Сядайце. Я запрасіў вас, каб паведаміць, што заўтра ў адпаведнасці з пастановай урада ў вашым манастыры павінна адбыцца ўскрыццё і агляд мошчаў Еўфрасінні. Вы па ўзгадненню з губвыканкомам уведзены ў склад гэтай камісіі... Вядома, толькі ў тым выпадку, калі дасце сваю згоду...

Прадслава (пасля паўзы). Я згодная...

Цівун (пасля паўзы). Паверце, сястра, мне самому, хоць я і атэіст, страшэнна непрыемнае гэта мерапрыемства... ці гэта працэдура... Але там, у цэнтры... гарачыя галовы... Пастанова прынятая даўно... Трэба выконваць... Воля урада, урад на родны, значыць, воля народа. Непрыемна! Ваша царква цяпер перажывае цяжкія часіны... Паверце, я не з усім згодны, што цяпер робіцца... Так нельга... Але ў вас ёсць суцяшэнне: Бог карае толькі тых, каго любіць...

Прадслава. Ён не нас карае...

Цівун. А каго?

Прадслава. Вас...

 

Частка сёмая

Голас. И видевши, яко просвети Бог манастыря ея, и въжеле, глаголющи: «Абы ми дойти святаго града Иерусалима и поклонитися Гробу Господню и всем святым местом, видети и целовати, и тамо живот свой скончати».

Лета 1167-е ад Нараджэння Хрыстовага.

Полацк. Прадслава і Богша.

Богша. Птушкі вяртаюцца... І чаму ім не жывецца там, дзе заўсёды цёпла?.. Дзе той Іерусалім?

Прадслава. Далёка...

Богша. Як жа ты дойдзеш?

Прадслава. Дайду...

Богша. І я б хацеў пабыць на той зямлі, дзе Ён нарадзіўся, дзе Ён ператварыў ваду ў віно, дзе адкрываў вочы сляпым, уваскрашаў памерлае дзіця, бесаў з людзей пераганяў у статак свіней, дзе Ён маліўся ў Гефсіманскім садзе...

Прадслава. Тады хадзем са мной...

Богша. Не, сястра... Я не хачу бачыць Галгофу... І камяні там яшчэ помняць, як Яго «прадалі», прыніжалі, крычалі «Распні!», мучылі і прыбівалі цвікамі да Крыжа... А Ён, любячы за нешта нас, прасіў Бога дараваць нам, неразумным... За што? За што Ён любіць нас? Навошта мы Яму? Больш за тысячу гадоў прайшло... нічога... нічога не змянілася.

Прадслава. Змянілася...

Богша. Што?

Прадслава. Мы наблізіліся да Яго прыходу...

Богша. Яго зноў раскрыжуюць... І лепшыя з нас адракуцца ад Яго, як адрокся святы Пётра... А астатнія не заўважаць... Не заўважаць... А мо Ён ужо прыходзіў?

З’яўляецца Цівун.

Цівун. Час, маці ігумення, час... На Дняпры нас чакаюць плыты, на іх мы пойдзем да Кіева і далей... Цябе паўсюдна чакаюць...

Прадслава. Бывай, Богша...

Богша. Бывай, сястра... Я любіў цябе...

Прадслава. І я цябе любіла... Не шукай зброі... Нават дзеля Госпада...

Богша. Я стары, нашто мне зброя...

Прадслава. Яна ў нас ёсць... Зброя наша — цярпенне і Вера...

Богша. Цярпенне і вера...

Прадслава. Вера наша — цярпенне і Надзея...

Богша. Цярпенне і надзея...

Прадслава. Надзея наша — цярпенне і Любоў...

Богша. Цярпенне і любоў...

Прадслава. Бывай...

Цалуе Богшу і выходзіць.

Цівун. Не смей... Не смей так глядзець на святую жанчыну... Быдла! (Выходзіць.)

Богша. Госпадзі, дзе Ты?! Дзе Ты, Госпадзі...

Голас. Благословен Бог, просвещая всякого человека, грядущаго в мир. В векы молюся человеколюбивому Богу, ревнующи Петрову покаанию, еже в отвержении не отчаяша себе, но плакася горко. Господи, приимый того покаяние, приими и мене, недостойную рабу Твою Еуфросинию, молящегося на супротивника своего диявола, да не възглаголет ми на Страшнем Суде ничтоже пред Тобою, Господи, он злый раб, въступих бо ногама своима на змиевую его главу и супротивихся дръзости его оканной, надеющися на Твое человеколюбие, Господи...

 

ЭПИЛОГ

Лета 1922-е ад Нараджэння Хрыстовага. Спаса-Еўфрасіннеўскі манастыр.

З’яўляюцца Прадслава, Богша, Цівун.

Цівун. Протокол вскрытия и освидетельствования мощей Евфросинии комиссией, выделенной согласно постановленню Полоцкого уездисполкома, утвержденному губисполкомом, состоявшегося 13 мая 1922 г. в гор. Полоцке в Спасо-Евфросиньевском монастыре.

ПРИСУТСТВОВАЛИ: от уездисполкома т. Хомяков, от укома т. Лейман, от Союза молодежи т. Пискунов, от женотдела т. Барановская, представители красноармейских частей и представители духовенства...

Прадслава. Радуйся, заступніца, апякунка й малельніца наша! Радуйся, радаваннем Полацкай і ўсёй зямлі нашай! Радуйся, дзева чысціні і ззяння! Радуйся, Прамень Веры нашае!!!

Цівун. В 14 часов коллективно, в присутствии вышеперечисленных игуменьи и монахинь, последние приступили к освобождению мощей от облачения...

Прадслава. Радуйся, асвячэнне любае Беларусі і нашае! Радуйся, пашыральніца дабра, праўды, красы й згоды ў краіне нашай!

Цівун. По наружному виду, в гробу лежит нечто, имеюшее форму человека. Фигура лежит в голубом шелковом ваточнике, видны сложенные накрест руки, в красных ватных перчатках. Ноги обуты в красные шелковые туфли... Под снятой одеждой находится хитон, шелковый, лилового цвета. Из-под сорочки обнажается костяк, завернутый в шелковые лоскуты.

Прадслава. Радуйся, памочніца пакрыўджаных, сумных пацяшэнне! Радуйся, удоў і сірот заступніца!

Цівун. Череп без волос вплотную приложен к туловищу, но с ним не связан. На реплику одного из присутствующих: «Развязывайте скорее» монахиня заявляет: «Тут ничего нет, одни косточки».

Прадслава. Радуйся, усё Хрысту ахвяраваўшая! Радуйся, святых угоднікаў Божых краіны нашае ззянне, веліч і слава! Радуйся, святая Маці нашая Еўфрасіння!

Богша. Блажен сей ты, граде Полоцкый, такову леторасль возрастивый — преподобную Еуфросинию. Блажении людие, жывущеи во граде том. Блажени родители твои, блажена утроба, от нея же изыде преподобнаа госпожа Еуфросиниа.

Прадслава. Блажено рожество ея, блажено воспитание ея, блажен и возраст ея, Еуфросинии достохвалныя. Блажен труд твой и подвизи, яже к Богу.

Богша. Блажении людие, послужившеи тебе. Но, о преблаженая невеста Христа Бога нашего, молися к Богу о стаде своем, еже еси совокупила о Христе, яко Тому подобает всяка слава, честь и покланяние с Отцем и со Святым Духом ныне и присно и в веки веком. Аминь.

Прадслава. Амінь.

Цівун. Амінь.

2001

1 У п’есе выкарыстаны ўрыўкі з «Жыція Еўфрасінні Полацкай».




Беларуская Палічка: http://knihi.com