epub
 
падключыць
слоўнікі

Аляксей Дудараў

Палачанка

Полацкая легенда

АКТ ПЕРШЫ
  Карціна першая
  Карціна другая
  Карціна трэцяя
  Карціна чацвёртая
  Карціна пятая
  Карціна шостая
  Карціна сёмая
АКТ ДРУГІ
  Карціна першая
  Карціна другая
  Карціна трэцяя
  Карціна чацвёртая
  Карціна пятая
  Карціна шостая
  Карціна сёмая
  Карціна восьмая
  Карціна дзевятая
  Карціна дзесятая
  Карціна адзінаццатая
  Карціна дванаццатая
  Карціна трынаццатая


 

 

ДЗЕЙНЫЯ АСОБЫ

Рагвалод — князь полацкі.

Рагнеда — князёўна полацкая.

Уладзімір — князь наўгародскі.

Дабрыня — дзядзька Уладзіміра.

Блуд.

Любава.

Мамулька.

Браціла.

Скамарох.

Селянін.

Палясоўшчык.

Дружыннікі, слугі, дзяўчаты.

Дзея адбываецца ў 978 годзе ў Полацкім і Наўгародскім княствах.

 

 

АКТ ПЕРШЫ

 

Карціна першая

Ноўгарад. Пакой у крамлі. Уваходзяць Дабрыня і Браціла.

 

Браціла. Ганец да князя з Кіева!

Дабрыня

Пакліч.

Браціла прыводзіць Блуда.

Блуд

Віват табе, шаноўны ваявода!

Дабрыня

Якія весткі ты прывёз?

Блуд

На жаль,

Я засмуціць павінен буду князя...

У бойцы з печанегамі загінуў

Князь Святаслаў...

Дабрыня

Як гэта адбылося?

Блуд

Там, на Дняпры, каля парогаў самых,

Знянацку наляцелі печанегі.

Дружына была стомленай...

Дабрыня

І што?

Блуд

Пабілі ўсіх... А князю галаву

Адсеклі. З чэрапа зрабілі сабе чару,

І з чары гэтай іхні п’е важак...

Дабрыня

Што ў Кіеве?.. Хто сеў там на пасад?

Блуд

Там Яраполк цяпер, бо ён старэйшы...

Па бацьку трызну робіць... Загадаў

Сваім братам малодшым, каб усе

Прынеслі Перуну сваю ахвяру —

Ахвярай быць павінен чалавек,

Юнак прыгожы... Самы смелы воін...

Ён будзе Святаславу ТАМ служыць...

І гэта для Ўладзіміра — загад...

Дабрыня

Але Ўладзімір кляўся наўгародцам

Ахвяр людскіх багам больш не прыносіць.

Як жа цяпер парушыць слова князю?

Блуд

Парушыць нешта трэба... Альбо слова

Ці волю брата... Кіеўскага князя...

А гэта... ўжо да бацькі непавага,

Да мёртвага! Да князя Святаслава...

За гэта можна і пасад згубіць...

Дабрыня

Ці не страшней згубіць людзей павагу...

Блуд

Ды хіба людзі могуць паважаць,

Любіць ці шанаваць таго, хто зверху?

Яны баяцца могуць... Як сабакі...

Ты моцны — любяць... Слабы — загрызуць.

Дабрыня

Я ў чарку нават золата насыплю,

Каб не ахвяраваць багам людзей...

Блуд

Ахвяраваць кагосьці давядзецца.

А хрысціяне ў Ноўгарадзе ёсць?

Дабрыня

Так, ёсць...

Блуд

Хто-небудзь з іх ахвяраю хай будзе...

Дабрыня

Але Ўладзімір абяцаў...

Блуд

Няхай

Разам з усімі стане і Ўладзімір

Пад жэрабя ахвярнае...

Дабрыня

Ты што?

А калі выпадзе?..

Блуд

Не выпадзе! Падумай...

Падумай! Скамароха падкупі,

Хай ён сляпым прыкінецца

І цягне... сумленна да ахвярнага слупа

Таго... каго ты скажаш...

Дабрыня

Але князь

Не пойдзе на падман...

Блуд

Навошта ж

Яму ўсё ведаць? Гэта толькі мы...

Мы — слугі княскія, хлусіць заўжды павінны,

Мы — грэшныя, а князь заўсёды чысты,

Сумленны, светлы... і для ўсіх як бог...

А што б без нас ён, гэткі чысты, змог?

А тут... ён першы прыклад паказаў,

Пад жэрабя ахвярнае сам стаў...

Высакародства дурні так шануюць...

Забі іх потым, ўсё табе даруюць.

Ах, нешта ў горле смажыць і гарыць,

Ты абяцаў насыпаць ці наліць?

Дабрыня

Я за цябе усіх багоў малю.

Хадзем, мой брат! Насыплю і налью...

Выходзяць.

Зацямненне

 

Карціна другая

Полацк. Палац Рагвалода.

Уваходзіць Рагнеда. Мамулька нясе на руках Любаву.

Рагнеда

Кладзі сюды і прынясі ёй мёду.

Мамулька выходзіць.

Здымай сарочку! Вось табе ручнік.

Стань ля цяпла і хутка расцірайся.

Любава распранаецца.

Ссінела ўся! Дрыжыць...

Любава

Я не магу...

Рагнеда

Давай сюды!

(Расцірае Любаву ручніком.)

Любава

А дзе я?

Рагнеда

У палацы...

Любава

А як цябе зваць?

Рагнеда

Мяне завуць Рагнедай...

Любава

 

Князёўна наша?!

Рагнеда (падае Любаве сарочку)

Гэта апрані...

Любава

Я ў княскае? Не, не...

Рагнеда

Тады будзь голай...

Ану, нясіце мёд хутчэй сюды!

Уваходзіць Мамулька. Любава хутка апранаецца. П’е мёд.

Мамулька

Я б тых, хто топіцца, спачатку ўратавала,

Дала б па срацы сотню бізуноў,

Пасля б дурную утапіла ў цэбры.

Рагнеда

Сагрэлася? Як ты ў Дзвіну нырнула?

Любава

Мяне туды мой бацька падпіхнуў.

У цівуна шмат грошай ён пазычыў

І мною разлічыцца захацеў,

Дачкою роднай...

Рагнеда

Замуж хацеў выдаць?

Без тваёй згоды — гэта страшны грэх...

Перад багамі... Ды і перад князем...

Мамулька

Няможна без кахання зацяжараць —

Ярылу крыўда... Ён за гэта ўдарыць!

Любава

Цівун жаніцца хоча...

Рагнеда

Гэта гвалт...

Мамулька

Скажы, як называць цябе?

Любава

Любава...

Рагнеда

Любава... Ты задумала ўтапіцца?

Мамулька

Раней пары прыйсці да Мары ў госці...

Грэх вельмі цяжкі...

Любава

Што ж было рабіць?

Пакуль жывая, дык цівун паскудны

Ад бацькі не адчэпіцца ніколі.

Ён супакоіцца, як толькі я памру...

Мамулька

Ты выйдзі замуж і зрабі што-небудзь,

Каб ён раней пары сам акалеў...

Стары кабель, а бач ты! Хоча дзеўку!

Рагнеда

А ты кахаеш іншага?

Любава

О, не!

Раней з Ярылам трэба ажаніцца

Дзяўчыне... А кахаць хлапцоў пасля...

Мамулька

Усё зладзіцца... Усё будзе сваім часам.

Рагнеда

З табой мы да Ярылы пойдзем разам.

Зацямненне

 

Карціна трэцяя

 

Ноўгарад. Гара. Пантэон ідалаў. Уваходзяць князь Уладзімір,

Дабрыня і народ.

Дабрыня

Будзь, Уладзімір, мужным... і багі

Зробяць усё, што будзе нам патрэбна.

Звярніся да народу.

Уладзімір

Наўгародцы!

Народ адважны! Вольны, светлы люд!

Па просьбе вашай я цяпер тут княжу.

Заўсёды слухаў мудры голас веча,

Заўжды рабіў, што вам паабяцаў...

Вы верылі мне, вы мяне любілі...

Пачціва, нізка кланяюся вам!

За вас, мой люд, сваё жыццё аддам!

Народ

Гонар і слава, князь наш Уладзімір!

Дабрыня (адводзіць убок Скамароха, пераапранутага ў старца)

Убок адыдзі, чакай, пакуль паклічуць.

Вось золата... Глядзі не памыліся,

А то напраўду зробішся сляпым...

Скамарох

Усё зраблю...

Дабрыня

Вунь той... Стаіць за князем...

Скамарох

А-а, ведаю... Ён моліцца Хрысту...

Прыгожы хлопец...

Дабрыня

Прэч пайшоў! Браціла!

Скамарох выходзіць. Да Дабрыні падыходзіць дружыннік.

Ён справу скончыць, скончыш ты яго...

Князям па смерці, трэба й скамарохі.

Адыходзяць.

Уладзімір

У Кіеве загінуў Святаслаў,

Мой бацька родны. Ён прыслаў мяне

Да вас на княства. Гэта маё гора...

Але на вас звалілася бяда...

Кіеў ад нас ахвяру патрабуе,

Каб князю ў княстве мёртвых паслужыць,

Я абяцаў, што болей аніколі,

Пакуль я князь, ахвяр такіх не будзе.

А Яраполкаў Кіеў патрабуе

Крывавую даніну заплаціць...

Я ў роспачы! Парайце, што рабіць...

Маўчанне.

Тады я сам, як князь, прыму рашэнне...

Князь Святаслаў — мой бацька, і як сын

Служыць яму я лепш за іншых буду...

Сябе ў ахвяру лепей прынясу,

А слова не парушу...

Дабрыня

3 глузду з’ехаў!

Дружына! Людзі добрыя! Народ!

Высакародства князя нас штурхае

На ганьбу! На бясслаўе... Няўжо мы

Князя свайго ды пусцім на пагібель?

На страту... Намі ж будуць пагарджаць!

Народ

Не! Не! Не!

Дабрыня (шэптам дружынніку)

Браціла, гавары,

Што пойдзеш замест князя як ахвяра...

Браціла

Гатовы я пайсці!

Народ

І я пайду! І я! І я!

Уладзімір

Браты мае, я плачу... Мае слёзы

Не слабасць, а бязмежная падзяка

Вам за любоў... Я разам з вамі стану

Пад жэрабя ахвярнае...

Народ

Не! Не! Не!..

Не рызыкуй, ты князь!

Уладзімір

Маўчаць, дружына!

Дабрыня

Усім маўчаць і слухаць свайго князя!

Уладзімір

Мой лёс — ваш лёс, жыццё — ваша жыццё.

Я роўны вам, бо вы мае браты.

Я буду поплеч з вамі тут стаяць,

І хай багі з усіх нас выбіраюць...

Маўчанне.

Дабрыня

Хай будзе так... Пярэчыць князю нельга.

Вядзіце старца! Людзі, ён сляпы...

І перад кім, нямоглы, ён укленчыць,

Той пойдзе да ахвярнага слупа,

Хоць гэта князь, хоць смерд. Вядзіце старца!

Прыводзяць Скамароха. Той, прыкідваючыся сляпым, ходзіць паміж людзей. Усе знямелі. Скамарох спыніўся каля Уладзіміра.

Скамарох

Тут... Тут... Я чую гэта... тут!

Браціла

Ён князя выбера...

Дабрыня

Паскуда, што ён робіць?

Скамарох укленчыў перад хлопцам, што стаяў побач з Уладзімірам, і абняў яго за калені. Радасныя крыкі. Усе кідаюцца да хлопца, зрываюць з яго адзенне і цягнуць да ахвярнага слупа.

Зацямненне

 

Карціна чацвёртая

Паляна ў лесе каля Полацка. Драўляная выява бога. Дзяўчаты распранаюцца і спяваюць.

Дзяўчаты (спяваюць)

 

Блаславі, Ярыла,

Каб было шчасліва

На добрыя роды,

На многія годы.

А-а-ах!

Блаславі нас, божа,

На добрага мужа,

Каб любіць-кахаці,

Каб было дзіцяці.

А-а-ах!

Блаславі, маці,

Свайму дзіцяці,

Каб было жытліва,

Да веку шчасліва,

А-а-ах!

 

(Знікаюць.)

Уваходзяць Селянін і Палясоўшчык.

Селянін. Лепш мець лішнюю карову, чым дачку-дзеўку... (Кліча.) Любава! Любава! Нядаўна тапіцца бегала і зноў некуды знікла. Дзе яна можа быць?..

Палясоўшчык. Мінулым летам Ярылу ладзілі на гэтай паляне... Вось тут скідалі адзенне, тут на досвітку рэзалі галовы белым пеўням, вымазвалі іх крывёй сабе грудзі і жываты... І вадзілі карагод вакол ідала... І ўсе так стогнуць, стогнуць...

Селянін. Мая яшчэ малая была...

Палясоўшчык. Значыць, падрасла...

Селянін. Ая думаў, куды белы певень падзеўся... Такі галасісты быў...

Палясоўшчык. Адкукарэкаў... Крывёй ягонай голыя жываты мажуць...

Селянін. Хаця б які-небудзь дзяцюк ёй уласную кроў не пусціў... голай...

Палясоўшчык. Што ты! На гэтае відовішча ніякага хлопца на вяроўцы не зацягнеш... Ярыла не даруе таму, хто паглядзіць на дзявочыя ахвяры яму... Кажуць, што як толькі зірнеш... адразу... шась! Як адрэжа... на ўсё жыццё. Так што... лётаюць, скачуць голымі, колькі захочуць. Мужчыны баяцца вокам кінуць.

Селянін. А ты ж глядзеў.

Палясоўшчык. Эх, браце... Мне ўжо ані Ярыла, ані Пярун... з гэтым... нічога не зробяць... Я сваё адкукарэкаў...

Селянін. Ой, багоў багата. І з кожным трэба ладзіць... І ўсе есці хочуць. Холадна — нясі ахвяру Дажбогу, каб сонца даў, засушыла — рэж ягня перад Макрынай... А там яшчэ Стрыбог, Хорс... А нячысцікаў колькі! З імі ж таксама па-добраму трэба... І іх падкармлівай, і ім давай... Во сёння дзеўка пеўня знесла Ярылу... І што зробіш... Не намажаш крывёю грудзі і жывот... пустыя ўсё жыццё будуць...

Палясоўшчык. Гэта што! Наш Рагвалод хоць людзей перад ідаламі рэзаць забараняе... А ў Кіеве, у Ноўгарадзе... Толькі бяда якая страшная наваліцца... кідаюць жэрабя на самых гожых маладых хлопцаў і дзяўчат... На каго выпала, цягнуць няшчаснага да слупа, рэжуць... і крывёю з усіх бакоў ідала мажуць...

Селянін. І чалавечыну багі любяць...

Палясоўшчык. Яны нічым не грэбуюць... Хоць хлеб, хоць мяса, цыбуля, малако, мёд... Усё ядуць... А от наш цівун казаў, што ёсць такая зямля, дзе Бог адзін... Адзін.

Палясоўшчык. Ідзі ты!

Селянін. Клянуся Перуном! На ўсіх адзін і на ўсё адзін...

Як князь... Хрыстос!

Палясоўшчык. Не можа быць... Не справіцца ён адзін...

Селянін. Ая табе кажу...

Палясоўшчык. Стой! Тут выварацень... Не пераступі яго глядзі! А то нас лесавік да рання па лесе вадзіць будзе...

Выходзяць. Гукі паляўнічага рога. З’яўляюцца Уладзімір і Дабрыня.

Дабрыня

Прыпынімся... Далей пайшла града.

Урочышча... Мяжа чужога княства,

Там уладанні князя Рагвалода.

Уладзімір

Што ж наш алень збег у чужое княства.

Дабрыня

Іх княства — ўсе лясы.

Уладзімір

А мо дагонім?

Дабрыня

Багата сёння здабылі дзічыны.

Вунь сонца ружавее, хутка ноч.

Дружына заслужыла адпачынак

І чарку мёду. Абвясці прывал.

Уладзімір

Прывал!

Дабрыня

Прывал!

Вось тут, пад гэтым схілам!

На беразе ракі разбіце стан.

Засмажце вепрука і дзве казулі,

Рыхтуйце для вячэры пышны стол.

Ну, а цяпер прывальную для князя!

Выходзяць. З’яўляюцца дзяўчаты. Водзяць карагод вакол ідала. Спяваюць. Вяртаюцца Уладзімір і Дабрыня.

Уладзімір

Што яны робяць?

Дабрыня

Жэняцца з Ярылам.

Каб потым лепш з мужамі жыць было.

Каб муж жадаў яе і быў жаданым.

Уладзімір

А кроў адкуль?

Дабрыня

Скруцілі пеўню шыю...

І богу выдаюць як за сваю,

Як быццам толькі страцілі цнатлівасць,

Сваю дзявоцкасць аддалі яму...

Уладзімір

Такі абрад я ў Кіеве не бачыў.

Дабрыня

Тут люд больш дзікі, хоць і больш сумленны. Пайшлі, пайшлі...

Уладзімір

Ідзі, я пагляджу...

Дабрыня

Ну, добра... Будзь супернікам Ярылу...

(Выходзіць.)

Уладзімір назірае нейкі час, потым збіраецца ісці і сутыкаецца з Рагнедай.

Уладзімір

Ці ты з людзей, ці дух лясной багіні?

Рагнеда

А ты адкуль? Ты бог ці чалавек?

Уладзімір У л а д з і м і р

Святлее ўсё наўкол...

Рагнеда

Дзень надыходзіць.

Уладзімір

Але ж нядаўна наступіла ноч!

Сваім з’яўленнем ты яе прагнала,

Я сонца бачу...

Рагнеда Не, не падыходзь!

Не на дабро я тут цябе сустрэла.

Але сустрэць усё жыццё хацела... Не трэба, не!

Уладзімір

Чаму?

Рагнеда

Глядзіць Ярыла.

Я гэтай ноччу жонка для яго...

Уладзімір

Калі разумны, хай не падглядае... (Цалуе яе.)

Рагнеда

Што ты зрабіў?! Ён люта пакарае... (Выбягае.)

Уладзімір

Няхай карае! Хай хоць і заб’е.

Я пакахаў. Я пакахаў яе.

Куды ты? Пачакай! Скажы сваё імя!

Маёю будзеш. Ды ты ўжо мая! (Выбягае.)

Дзяўчаты (спяваюць)

 

Блаславі, Ярыла,

Каб было шчасліва,

На добрыя роды,

На многія годы.

А-а-ах!

 

Зацямненне

 

Карціна пятая

Лес. Уваходзяць Селянін і Палясоўшчык.

Селянін. Ночка добрая, ночка светлая, а не люблю... Палясоўшчык. Чаму?

Селянін. Пасля яе дзень пачынае карацець.

Палясоўшчык. Ну дык што?

Селянін. Не люблю...

Убягае Уладзімір.

Уладзімір

Я— князь! Сюды! Патрэбна дапамога.

Селянін

Пачціва, нізка кланяемся, князь.

Палясоўшчык. І чым дапамагчы мы можам князю?

Уладзімір

Ці не сустрэлі толькі што дзяўчыну?

Селянін

Ды сёння іх тут, княжа, поўны лес.

Я сам дачку згубіў, цяпер шукаю...

Уладзімір

Тутэйшыя вы?

Палясоўшчык. Так, з Полацка. Хлопы Рагвалода...

Селянін. А ты, князь, каго згубіў?

Уладзімір. Дзяўчыну...

Селянін. Як завуць?

Уладзімір. Не ведаю.

Палясоўшчык. А скуль?

Уладзімір. Невядома.

Палясоўшчык. А якая яна?

Уладзімір. Не помню.

Селянін. Абавязкова знойдзеш, калі так...

Уладзімір. Яна незвычайнай прыгажосці...

Селянін. Тады гэта мая жонка... Праўда, яна была такой гадоў трыццаць таму. Калі мела грудзі і не мела злосці, а зараз наадварот. А ўвогуле ўсе дзеўкі полацкія прыгожыя, і я, любы княжа, з задавальненнем выпіў бы піва за здароўе той, якую вы шукаеце...

Уладзімір

Вунь, каля рэчкі, паляўнічы стан —

Туды ідзіце. Вас там пачастуюць.

І піце хоць да раніцы. Пайду,

Сябе згублю, але яе знайду...

Селянін

Мой княжа! Мы да раніцы і ўдзень,

I ўвечар, і ўначы... Хоць цэлы тыдзень

Піць за здароўе добрай дзеўкі рады!

Выходзяць. З’яўляецца Рагнеда.

Рагнеда

Ён пацалункам сонца запаліў...

Гарыць агонь ў маіх грудзях дзявочых.

Ярылаву нявесту загубіў,

Забраў ў палон купальскай ціхай ноччу...

Ты чый? Ты хто і як цябе завуць?

Бягу я прэч, але іду насустрач —

Лель з Ладам у душы маёй пяюць...

Ты святам стаў, астатняе ўсё — пустач...

Святы Ярыла! Можа, гэта сон?

І хутка я у Полацку прачнуся...

Не, не! Не трэба! Хай не знікне!

Ён! Няхай я сплю... Прачнуцца я баюся. (Выходзіць.)

Зацямненне

 

Карціна шостая

Ноўгарад. Пакой у крамлі. Уладзімір, Дабрыня, слугі, дружыннікі, скамарохі.

Дружыннікі (спяваюць)

 

Гэй вы, слугі верныя,

Налівайце чары поўныя,

Адну чару — зелена віна,

А другую — піва п’янага,

А трэцюю — мёду пеннага.

Налівалі чары поўныя,

Налівалі піва п’янага,

Налівалі мёду пеннага.

Пазлівалі чары поўныя,

Пазлівалі ды ў адзіную.

Стала чара мераю ў вядро,

А вагою ў паўтара пуда,

Падносілі Уладзіміру,

Сонца — князю наўгародскаму.

На срэбным падносе падаюць чару Уладзіміру.

 

Уладзімір

За наўгародскі люд!

Дабрыня

За князя!

Дружыннікі. Слава! Слава!

Уладзімір і Дабрыня п’юць.

Дабрыня

У добры час прыйшлі паслы у Кіеў

І папрасілі князя для сябе,

І ў добры час ты пагадзіўся, княжа.

Старэйшыя твае браты на поўдні

Каторы год грызуцца між сабой...

А Ноўгарад мацнее з кожным годам

У багацці, у пашане і ў святле...

Уладзімір

Аднак яшчэ даніну ў Кіеў шле.

Дабрыня

Хвошч іншым разам і вышэй за дуба,

Ды дуб расце... І пустазеллю — згуба.

Уладзімір

Даволі! Прэч з вачэй!

Дабрыня

Пакіньце князя...

Слугі выходзяць.

Ты змрочны і як воўк галодны, злы...

Уладзімір

Я і напраўду з голаду памру,

Калі яе яшчэ раз не пабачу.

Ты абяцаў знайсці яе...

Дабрыня

А як? Ты загадаў, зрабі, як я жадаю!

А што жадаеш, ты не знаеш сам!

У тых мясцінах дзесяць палачанак

Мы скралі для цябе — ты адсылаў,

За перапуд узнагароду даўшы.

Любая з іх здаволіць Перуна.

Суніцы спелыя, а для цябе не тыя...

Ты, перапіўшы мёду, можа, трызніў?

Ці беражніцу дзікую сустрэў?..

Уладзімір

Як з князем размаўляеш ты?

Дабрыня

Як дзядзька.

І як тваёй матулі родны брат,

Што ў Кіеве цябе калісьці няньчыў.

Уладзімір

Я ўспомніў!

Дабрыня

Ну, нарэшце...

Уладзімір

Вочы, вочы!

Дабрыня

Што вочы?

Уладзімір

Як у мацеры былі.

Яны ласкава ў сэрца мне глядзелі...

Дабрыня

Малуша вельмі ясны позірк мела.

А колеру якога?

Уладзімір

Я не ведаю...

Дабрыня

У чым яна апранута была?!

Уладзімір

Ні ў чым, здаецца...

Дабрыня

Так, было ж Купалле...

Уладзімір

Знайдзі яе...

Дабрыня

Паслаў я два атрады.

Каб ведалі яны, каго шукаць,—

Знайшлі б даўно...

І тым не менш шукаюць.

Уладзімір

Знайдзі яе...

(Выходзіць.)

Дабрыня

Зямля і неба ведаюць...

Ад дзеўкі можна сэрцам захварэць,

Але каб гэтак... гэтак ачмурэць —

Не варта смерда, што й казаць пра князя.

Уваходзіць слуга.

Слуга

Дабрыня, да цябе дзівосны госць,

Не называецца, ў хусціне твар хавае.

Дабрыня

Хай зойдзе, я чакаю... Прынясі

Віна, дзве чары і для госця стравы.

А да мяне нікога не пускаць.

Нікога, апроч князя... Хай заходзіць.

Слуга выходзіць. Уваходзіць Блуд з завязаным хусцінай тварам

Блуд

Вітаю дзядзьку лепшага на свеце!

Дабрыня

Мой Блудзе верны! Дай цябе абняць...

Адкуль цяпер?

Блуд

Я з Кіева.

Дабрыня

Да нас?

Блуд

Да вас па сэрцу... Службай к Рагвалоду...

У Полацк весткі важныя вязу.

Аднак сябрам раней іх трэба ведаць,

І я, загнаўшы вернага каня,

Праз Ноўгарад скачу да Рагвалода,

Для ног — даўжэй, ды карацей для сэрца.

Дабрыня

Прымі нашу любоў, мой верны дружа.

Князь Уладзімір для цябе як сын...

Блуд

Я спадзяюся, ён і сам так лічыць.

Дабрыня

Не сумнявайся. Вып’ем за цябе,

Бо ў Кіеве — ты лепшы наўгародзец.

Для князя Яраполка ты — слуга,

А князю Уладзіміру ты — бацька.

І неўзабаве прыйдзе час такі

Як бацька будзеш ты і ўшанаваны.

Блуд

Віват!

Дабрыня

Віват! А зараз пі і еш...

Мы пра навіны пагаворым потым.

Зацямненне

 

Карціна сёмая

Лес перад Полацкам. Драўляны ідал запырсканы крывёю. Уваходзяць Селянін і Палясоўшчык.

Селянін. Буду ахвяраваць. Палову біклагі вып’ем, палову хай п’е Ярыла. Ён маю дачку ўпадабаў... Пасля той ночы, як яна жанілася з ім і мазала жывот і ўсё астатняе крывёю пеўня... у мяне ўсё пайшло на лад.

Палясоўшчык. Налівай.

Селянін (налівае). Каб жыта ўрадзіла і скот даў прыплод!

Палясоўшчык. Ярылу капні...

Селянін. Канечне... (Вылівае з біклагі пад ідала.) Госпадзі! О ты, што корміш нас, зрабі яшчэ раз ласку і пакажы шчодрасць люду свайму. (Палясоўшчыку.) Ну што, ты ўжо жлукціш? Стань на калені.

Палясоўшчык. Ага, ага...

П’юць.

(Рэжа мяса.) На, вяндліны...

Селянін. Ярылу адрэж.

Палясоўшчык. Ага...

Селянін. Пасля той ночы, калі Ярыла стаў маім зяцем... тры радасці ў хату... Жонка захварэла, сын зламаў нагу, і дачку забралі...

Палясоўшчык. Налівай...

Селянін (налівае). Каб у ручкі, і ў ножкі, і пасярэдзіне трошкі!

Палясоўшчык. Ярылу...

П’юць. Палясоўшчык рэжа мяса.

Селянін. Ярылу...

Палясоўшчык. Ага... Дык, кажаш, тры радасці... Ну, жонка захварэла, яно зразумела. Хворая баба дабрэе і не так грызе мужыка. Астатнія радасці не разумею...

Селянін. Рагвалод набіраў весляроў на адзін са сваіх стругаў. Адабралі майго сына, а ён паламаў нагу. Паплылі без яго. На Дзвіне струг перакуліла... Усе весляры захлынуліся ў вадзе... А мой сын папраўляецца. Гэта радасць ці гора?..

Палясоўшчык. Шчасце...

Селянін. Дачку забралі...

Палясоўшчык. Гора...

Селянін. Пачакай... Забрала князёўна ў палац. Яна ёй цяпер пасцель сцеле. А мне далі віру.

Палясоўшчык. Што далі?

Селянін. Віру...

Палясоўшчык. Што?

Селянін. Ну, як адкупнога, быццам...

Палясоўшчык. Не разумею...

Селянін. Ну, вось мы з табой нап’ёмся бражкі, пасварымся, і я цябе заб’ю.

Палясоўшчык. Ну...

Селянін. За тое, што я цябе забіў, мушу выплаціць тваёй жонцы віру... Мне ж заплацілі за тое, што дачку забралі ў палац. Я, дурны, хацеў яе за даўгі замуж аддаць за старога пляшывага цівуна, а мне князёўна — грошы (паказвае грошы). Во, зірні... Доўг вярнуў, і яшчэ засталося... За гэта можна новую хату паставіць і купіць каня...

Палясоўшчык. Дык выгадна...

Селянін. А я табе што кажу...

Палясоўшчык. Налівай...

Селянін. Не, не... Перад трэцяй два разы трэба павольна абысці вакол ідала...

Палясоўшчык. Ага...

Выходзяць. З'яўляецца Рагнеда.

Рагнеда

Каторы раз прыходжу да цябе

І плачу каля ног тваіх, Ярыла...

Каго той ноччу ты мне падаслаў?

Чый пацалунак сэрца маё сушыць?

Хай знойдзецца, калі ён чалавек,

А калі дух, няхай душу пакіне.

Ён мне і бог цяпер і уладар,

Прымі, Ярыла, сціплы гэты дар.

(Здымае срэбныя завушніцы і кладзе іх да падножжа ідала. Выходзіць.)

Вяртаюцца Селянін і Палясоўшчык.

Селянін. Мы прыйшлі сюды... Так?

Палясоўшчык. Так.

Селянін. Палову біклагі вырашылі выпіць... Так?

Палясоўшчык. Так.

Селянін. Палову біклагі вырашылі прынесці ў ахвяру Ярылу... Так?

Палясоўшчык. Так.

Селянін. Засталася роўна палова біклагі...

Палясоўшчык. Гледзячы, якая палова засталася... Ці тая, якую мы выпілі, ці тая, якую трэба аддаць... Думаю, што тут тая, што мы выпілі, а, значыць, наша...

Селянін. Калі гэта палова наша, што застанецца Ярылу? Палясоўшчык. Вяндліна з аленя...

Селянін. Скажы, палачанін, ты, калі не п’еш, закусваеш?

Палясоўшчык. Не.

Селянін. Чаму ж ты лічыш, што бог дурнейшы за цябе? Што ён будзе рабіць з аленінай без бражкі?

Палясоўшчык. Што ж рабіць?

Селянін. Будзем думаць.

Уваходзяць Браціла і Уладзімір.

Браціла

Тут князь! Ідзіце прэч, халопы.

Уладзімір

Пакінь іх... Хай ахвяру прынясуць.

Бо да багоў па-за чаргой не ходзяць.

Палясоўшчык

Вітаем шчыра князя.

Уладзімір

Гэта вы?

Сябры старыя! Рады вас пабачыць...

На жаль, без палявання сёння я,

Пачаставаць няма чым... (Дружынніку.)

Дай ім грошай.

Селянін. Добры княжа! Ці знайшоў ты тую, якую згубіў...

Уладзімір. Не, не знайшоў...

Селянін. Тады шукай... і абавязкова знойдзеш. Бо мы летам так выпілі за яе здароўе, так выпілі, што жыць ёй гадоў трыста, не меней... А за трыста гадоў можна абысці ўвесь свет і памацаць кожную дзеўку...

Уладзімір. Выпіце і сёння за яе.

Селянін. Княжа! Мы, два палачаніны, прыйшлі сюды ахвяраваць палову біклагі бражкі Ярылу... Так?

Палясоўшчык. Так.

Селянін. Наш князь Рагвалод кажа, што пасля багоў самыя на зямлі важныя — князі... Так?

Уладзімір. Так...

Селянін. Князь! Дазволь прынесці ахвяру... палову біклагі бражкі заместа Ярылы табе... А ты рабі з ёй што хочаш... Хоць і выпі...

Уладзімір

Прымаецца ахвяра, а цяпер

Я ёй распараджуся, як жадаю...

Хадзі сюды... Вось гэтая біклага

Вам праз мяне дарунак ад багоў...

Палясоўшчык

Святы Ярыла! Цуда! Цуда здзейсніў!

Што аддалі — вярнулася назад.

Пайшлі, сусед...

Выходзяць.

Уладзімір (дружынніку)

Зірні, зірні! Што гэта?

Браціла

Там завушніцы срэбныя. Дарунак

Ярылу ад дзяўчыны...

Уладзімір

Дай сюды!

Браціла

Князь, пашкадуй і загадай, што хочаш —

З абрыву скокнуць, пераплыць Дзвіну...

Мячом жывот разрэзаць... Я ахвяру

Чапаць не буду... Не чапай і ты...

Уладзімір

Я іх пазнаў... Яна была тут! Богі!

Удзячны вам, вы падалі мне знак!

Браціла

Князь, не чапай! Ярыла пакарае!

Уладзімір

Калі ж караў Ярыла за любоў?

Скачы дадому і скажы Дабрыню,

Што я яе знайшоў, чакаю тут

І дачакаюся, хоць сто гадоў хай пройдзе!

Чаго стаіш? Пайшоў!

Браціла

Я не пайду!

Уладзімір

Што ты сказаў?! Пярэчыць свайму князю!

Прэч, раю! Заб’ю! Заб’ю!

Браціла

I забівай!

Тады адзін ты тут і застанешся!

А я цябе пакінуць не магу!..

Я не пайду.

Уваходзіць Дабрыня.

Дабрыня

Дружыннік, да мяне!

Хто князю супярэчыць, тых караюць!

Ідзі. Я тут. Цяпер князь не адзін.

Браціла

Хай князь даруе мне непаслушэнства.

Дабрыня

Цябе караць, дружыннік, буду я

І за непаслушэнства і за вернасць,

Ты ўсё зрабіў.

Браціла

Хай мне даруе князь.

Уладзімір

Ты мне даруй...

Браціла

Я гэтага не чую...

Дабрыня

Ідзі.

Браціла выходзіць.

Ты князь, альбо блазнюк?!

Паехаць аднаму ў чужое княства

І праганяць апошняга слугу?

Ды ты за наўгародскі край адказны,

І за табою тысячы людзей!

А ты развёў тут гуленькі, каханне...

Ты хто, Ўладзімір? Князь ці скамарох?

Над княствам набрыяла небяспека,

Ну, а табе тут соладка дурэць?

Шукаці дзеўку, што пабачыў голай?!

Уладзімір

Маўчы!

Дабрыня

Ды не! Не буду я маўчаць!

Я вырас з тваёю маці ў прыніжэнні,

Ёй пагарджалі, кпілі... Сапраўды,

Хто паважаці ключніцу павінен?..

Нават тады, калі яе любіў сам князь!

Уладзімір

Ты маці не чапай!

Дабрыня

Мая сястра!

І твая маці нарадзіла князя!

Цябе! Ды князем трэба стаць,

Таму што князь ты толькі напалову.

Ад Святаслава — князь, з Малушы ключнік.

Уладзімір

Так, ключнік! Ключнік! Ключнік, як і ты.

Дабрыня

Ды не, пляменнік, я даўно не ключнік.

Я праз цябе вяльможай стаў... І я

Зраблю усё, каб ты зрабіўся князем.

Уладзімір

Што адбылося?

Дабрыня

Брат твой, Яраполк, прыслаў ганца

Да князя Рагвалода.

Уладзімір

Дык што?

Дабрыня

Яго дачку за жонку хоча ўзяць...

Уладзімір

Няхай бярэ.

Дабрыня

Ды ты зусім звіхнуўся!

За Яраполкам — поўдзень, а цяпер

Ён замахнуўся і на нашу поўнач...

Далучыць Кіеў, Полацк да сябе...

І Ноўгарад калі-небудзь далучыць.

Пакуль ганец у нас, табе патрэбна

Паслаць сватоў да князя Рагвалода.

Раней зрабіць патрэбна прапанову

За Яраполка...

Уладзімір

Усё! Пакінь мяне...

Дабрыня

Ты разумееш...

Уладзімір

Хто тут князь?! Даволі!

Жаніцца трэба?! Дык жаніся сам!

Мне жонка зусім іншая патрэбна!

Дабрыня

Хто ж галаву табе так задурыў?!

Уладзімір

Яе чакаць... яе чакаць тут буду... (Выходзіць.)

Дабрыня (услед)

На беразе раскінуты шацёр...

Там вогнішча... Глядзі не застудзіся!

Заявіцца куды-небудзь каханне —

І там бязладдзе уладарыць стане...

 

Блуд

Дабрыня, я чакаць больш не магу.

Я затрымаўся... Яраполк спытае,

Чаму ў яго такі марудны сват...

Я ўсё, што мог, зрабіў і расказаў...

Паеду ў Полацк...

Дабрыня

Дзякую...

Блуд

Яшчэ...

Загад ад Яраполка строгі маю...

Усё расказаць пра нараджэнне князя,

Каб Рагвалод мог ведаць, хто была

Ўладзімірава маці...

Дабрыня

А навошта?

Блуд

Ён так настроіць хоча Рагвалода,

Каб той і на парог вас не пусціў...

Дабрыня

Ах, Яраполк... Ты ж родны брат па бацьку...

А можаш ты не выканаць загад?

Блуд

Ты хочаш, каб мне ссеклі галаву?

На ёй жа вашы вушы й вашы вочы,

Каб чуць і бачыць Кіеў...

Дабрыня

Гэта так...

Не ў час, не ў час Ўладзімір закахаўся.

Выходзяць. Уваходзіць Рагнеда.

Рагнеда

Святлее небакрай, спяваюць птушкі,

А на душы маёй халодны змрок.

Уваходзіць Любава.

Любава

Князёўна светлая!

Дамоў вяртацца трэба.

Па вёсках пеўні ўжо даўно крычаць...

Рагнеда

Пабудзем яшчэ трошкі...

Любава

Можна й болей...

Аднак ці будзе з гэтага карысць ?

Мы правялі з табой тут колькі ночак.

І ўсё дарма...

Рагнеда

Ён прыйдзе...

Любава

Можа быць...

І з’явіцца, ды я ўжо пасівею...

Зраблюся страшнай стараю каргой...

Мяне тады й лясун не пакахае.

Рагнеда

Мне сэрца шэпча: недзе блізка ён.

Любава

Князёўна мілая! Ды я табе дзіўлюся...

Бо ты ж заўсёды строгаю была...

І так размякла...

Рагнеда

Я й сама дзіўлюся.

У тумане ўсё... Я некуды плыву...

Любава

Павер, мужчыны гэтага не любяць...

Ад холаду жаночага — гараць.

Ад нашай цеплыні адразу ж гаснуць...

Калі пагрэцца хочаш — астудзі.

Сама ж не разгарайся, ён астыне.

Я коні прывяду...

Рагнеда

Так, ехаць час...

Зноў без яго дзень новы надыходзіць.

Любава выходзіць.

Святы Ярыла! Пуцявіны нашы

Звядзі хутчэй, хай спраўдзяцца ўсе сны...

А калі не, мне, мабыць, давядзецца

Ляжаць на дне сцюдзёнае Дзвіны.

З’яўляецца Уладзімір.

Святы Ярыла...

Уладзімір

Ён цябе пачуў!

І нас з табою звёў у гэтым лесе...

Рагнеда

Каханы мой, скажы, скажы мне, хто ты?

Уладзімір

Той, хто цябе кахае...

Рагнеда

Скуль ты? Чый?

Уладзімір

Я — твой...

Рагнеда

А дзе жывеш?

Уладзімір

Не жыў яшчэ. Дагэтуль быў я мёртвым.

Рагнеда

Мяне твой пацалунак атруціў...

Уладзімір

Ну, дык вяртай назад маю атруту... (Цалуе яе.)

Рагнеда

Ты ўсё на гэтым свеце засланіў...

Уладзімір

Мая... мая... салодкая пакута...

Якія вочы! Вусны... валасы...

Цябе багі на шчасце мне стварылі,

Адзіная мая, на ўсе часы,

Хай нас з табою зорны лес акрые.

Выходзяць. З’яўляецца Любава.

Любава (спявае)

 

Дзеўка коніка паіла,

На яе напаў Ярыла.

Кажа дзеўка: «Закрычу»,

А Ярыла: «Я хачу».

Кажа дзеўка: «Грэх прад небам!»

А Ярыла: «Трэба, трэба».

Кажа дзеўка: «Не губі!»

А Ярыла: «Палюбі».

Кажа дзеўка: «Будуць біці»,

А Ярыла: «Палюбіць ме».

Дзеўка коніка паіла

І Ярылу палюбіла.

Блаславі, Ярыла,

Каб было шчасліва,

На добрыя роды,

На доўгія годы,

А-а-ах!

 

Зацямненне

 

АКТ ДРУГІ

 

Карціна першая

Полацк. Палац Рагвалода. Уваходзяць Рагвалод і Блуд.

Блуд

Пасля таго як згінуў князь Алег

І Яраполк — старэйшы Святаславіч —

Паўсюль аднаасобна уладарыць,

Ён цесныя стасункі хоча мець

З табою, Рагвалод...

Рагвалод

Ці азначае гэта,

Што ён і Полацк хоча ўзяць пад Кіеў?

Блуд

Не, што ты, не! Зусім наадварот,

Бо ў Полацка і Кіеў пад уладай...

Цяпер ужо.

Рагвалод

Як гэта разумець?

Блуд

Наш Яраполк прачуў, што ты хаваеш

Зброю у цераме... Ты з ёю захапіць

Без войска зможаш Кіеўскае княства.

Князь Яраполк таму здаецца сам

На тваю літасць... Пашкадуй яго.

Хай Полацк будзе ў Кіеве, а Кіеў У Полацку...

Рагвалод

Дык пра Рагнеду рэч...

Блуд

З мяне сват, адчуваю, атрымаўся!

Так, пра Рагнеду. Князь наш хоча знаць,

Ці варта прысылаць сватоў сапраўдных,

А не разведчыка, якім з’яўляўся я.

Рагвалод

Пытанні ёсць...

Блуд

Я тут, каб адказаць...

Рагвалод

А князь у Полацку для Кіева намеснік?

Блуд

Сам па сабе...

Рагвалод

І не дае даніну?

Блуд

Сям’я адна... З каго ж даніну браць?

Яно, канечне, калі гора прыйдзе,

Хазары узбунтуюцца, тады

Ты войскам Яраполку дапаможаш...

А калі тут бяда... Паможа Кіеў...

Адна сям’я...

Рагвалод

Браты князь Уладзімір з Яраполкам,

Ды цяжка іх назваць адной сям’ёй.

Так касавурацца... нібы чужога роду.

Блуд. Які ж свой род, князь Рагвалод... Яраполк старэйшы, чыста княскага роду... Законны князь і наследнік... А Уладзімір... Іх бацька Святаслаў неяк пасля паходу, добра мёду выпіўшы, пазабаўляўся з ключніцай сваёй маткі княгіні Вольгі... Пазабаўляўся як воін, а тая не дурніца... узяла дый зацяжарала... Бух княгіні ў ногі: маўляў, князя, унука твайго, у пузе нашу... А Вольга да той пары ў Канстанцінопалі ахрысцілася і ўсіх шкадаваць пачала... Пытае ў сына: быў з ёй... Ну, а што... ці мала з кім воін не быў... Калі так, загадала Вольга, будзе расці як твой сын... Так што калі Уладзімір і ад Святаслава, дык і то напалову ключнік, напалову князь... А калі Малуша схітравала, то Ноўгарадам цяпер уладарыць скамарох... Яны церліся каля дзеўкі...

Рагвалод

Даволі! Нецікава гэта мне...

Блуд

Ён твой сусед...

Рагвалод

Пяройдзем лепш да справы.

Блуд

Два княствы, аб’яднаныя ў адно

Тваёй дачкой,— магутнейшая сіла.

Хто нас застрашыць? Пераможа хто?

Суседзям трэба будзе далучыцца

Альбо табе і нам плаціць даніну.

Рагвалод

Наддзвінне пражыве і без даніны.

Якая ў Яраполка прапанова?

Блуд

За жонку хоча ўзяць тваю дачку

І мець цябе за цесця... і за друга.

Рагвалод

Нам полацкія правілы дыктуюць.

Пра гэта запытацца і ў князёўны...

Гэй, хто там!

Уваходзіць Мамулька.

Няхай да нас князёўна зараз выйдзе...

Мамулька

Няхай даруе князь, але князёўны

Цяпер няма ў палацы.

Рагвалод

Дзе ж яна?

Мамулька

На капішчы багам ахвяры робіць...

Блуд

Князь Яраполк набожнасць ухваляе.

Для жонкі якасць першая... Дык што

Мне перадаць яму?

Рагвалод

Маю падзяку...

За гонар найвялікшы і няхай

Да нас сватоў пад восень засылае...

Блуд

Лепшых навін я ў Кіеў не прывозіў!

Дазволь руку табе пацалаваць

Як будучаму цесцю Яраполка.

(Цалуе руку Рагвалоду.)

Рагвалод

За стол цяпер! Там нас чакаюць чары.

З наддзвінскім мёдам і дарамі лесу...

Выходзяць.

Мамулька

Хутка Рагнедачку ды ў Кіеў павязуць.

Саспела ягадка... Цяпер цябе з’ядуць.

Зацямненне

 

Карціна другая

Лес. Капішча. Выява ідала. Уваходзяць Селянін і Палясоўшчык.

Селянін. Смажыць...

Палясоўшчык (трасе біклагу). Пуста...

Селянін. Ну не ваду ж з Дзвіны піць?

Палясоўшчык. А што?

Селянін. А можа...

Палясоўшчык. Ну?..

Селянін. Пазычыць...

Палясоўшчык. У каго?

Селянін (паказвае на біклагу каля падножжа ідала). Вунь у яго...

Палясоўшчык. Ты з глузду з’ехаў... Калі ахвярнае мы возьмем, нас жа...

Селянін. Хто табе сказаў, што возьмем?! Пазычым... Потым аддадзім... Святы Ярыла, ты ж нас разумееш?.. Раз табе носяць бражку — значыць п’еш... А калі п’еш, ведаеш як паскудна, калі смажыць... Дазволь трохі ўзяць з гэтай ахвярнай біклагі... Аддадзім потым... Паспрыяй людзям тваім... А калі ты супраць — хай проста зараз гром грымне... хоць і неба чыстае... (Паўза). Пералівай... Бачыш, усё ціха... Дзякуй табе, добры бог...

Пераліваюць вадкасць з біклагі ў біклагу і выходзяць. З’яўляюцца Рагнеда і Уладзімір.

Рагнеда

Здаецца, што на ўсёй, на ўсёй зямлі

Спакой і радасць...

Уладзімір

А хіба ўжо ранак?

Як хутка ноч мінула...

Рагнеда

Ехаць час...

Уладзімір

Дазволь яшчэ цябе пацалаваць.

(Цалуе.)

Рагнеда

Час... ехаць час... ды як жа развітацца?

І як цябе не бачыць і не чуць?

Не адчуваць, як апякаюць вусны вусны,

Каханы мой...

Уладзімір

Каханая...

Уваходзіць Любава.

Любава

Ну, ўсё!

Я думаю, што нас ужо шукаюць,

Бо бацька твой дружыннікаў паслаў.

Уладзімір

Дай развітацца нам!

Любава

А колькі можна?

Ды з усім светам можна развітацца

За гэты час... Князёўна, ачуняй!

Ты сёлета ў ахвяру нас прынесла.

Князь за цябе мне галаву ссячэ!

Рагнеда

Бывай...

Уладзімір

Бывай... Давай паедзем разам...

Рагнеда

Не, што ты, нельга...

Уладзімір

Што ж прыдумаць мне,

Каб побач трошкі болей затрымацца?..

Рагнеда

Ды ты не побач, ты жывеш у сэрцы.

Ты мною стаў, і ты заўжды са мной,

Бывай...

Уладзімір

Бывай... Не! Трошкі пачакай.

Любава

Усё спачатку! Што ж гэта за гора?

Не толькі дзень, надыдзе так і старасць...

«Бывай — бывай» і зноў «бывай — бывай».

Гэтак з жыццём развітвацца трэба.

Дык, пэўна, аніколі не памрэш...

Уладзімір

Абдымемся апошні раз...

Рагнеда

Апошні?

Уладзімір

Пакуль сваты, заручыны, вяселле...

І урачысты абыход Ярылы,

Злучыўшы рукі... Разам нам не быць...

Любава

Я зараз закрычу...

Рагнеда

Бывай, мой любы...

Уладзімір

Чакай мяне...

Рагнеда

Я ўсё жыццё чакала...

Рагнеда і Любава выходзяць.

 

Уладзімір

Жыццё табе, Ярыла, ахвярую

За гэту ноч, за шчасце, што ты даў.

Ува мне нават і княскага нямнога,

Я ж зараз адчуваю сябе богам...

(Выходзіць.)

Зацямненне

 

Карціна трэцяя

 

Лес. Дабрыня і Блуд.

Дабрыня

Як Рагвалод сустрэў цябе?

Гасцінна...

І згоду даў?

Блуд

А хто б яе не даў?

Дачка — княгіня Кіеўскага княства.

Яму спакойна можна паміраць.

Цяпер будзе каму дагледзець Полацк

І вырасціць малых яго сыноў...

Ён пад крылом у Кіева... час ехаць...

Бывай, Дабрыня...

Дабрыня

Весткі падавай...

Ты ў Ноўгарадзе госць заўжды чаканы,

Не забывай... Як зможаш — прыязджай...

Вось наш табе гасцінец на дарогу.

Лёгкага шляху...

Блуд

Дзякуй...

Дабрыня

Бывай...

(Перадае яму кошаль. Выходзіць.)

Блуд

Калі служыць двум ворагам сумленна,

Здабудзеш перамогу несумненна,

Хто б з іх у рэшце рэшт ні перамог...

Аддзячыць, бо яму ты дапамог... (Выходзіць.)

Зацямненне.

 

Карціна чацвёртая

Полацк. Палац Рагвалода.

Рагвалод і Рагнеда.

Рагвалод

Багі твае ахвяры ўпадабалі,

За частыя малітвы па начах,

І за бяссонне у лясах наддзвінскіх,

Цябе узнагародзілі...

Рагнеда

Мяне?..

Рагвалод

Цябе, мяне і полацкі ўвесь люд!

Старэйшы Святаславіч Яраполк,

Што ў Кіеве цяпер вялікім князем,

Вялікі гонар Полацку зрабіў

Сваім жаданнем парадніцца з намі.

Чаму збялела ты? Няўжо не рада?

Рагнеда

Мне млосна, бацька... Можна, я пайду?

Рагвалод

Ты захварэла?

Рагнеда

Я пайду...

Рагвалод

Рагнеда!

Па полацкіх законах трэба мне

Спытацца і ў дачкі пра яе згоду...

Сваю я згоду Яраполку даў...

Рагнеда

Раней мяне?

Рагвалод

Цябе тут не было,

Дый што з таго? Адмовіць было нельга.

Тут княства лёс... Дзяржаўны інтарэс...

А ён за ўсё... за ўсё заўжды вышэйшы.

Рагнеда

Не, не за ўсё! Ёсць нешта і вышэй...

Рагвалод

Я не пачуў... Скажы больш зразумела...

Рагнеда

Нам сэрца, бацька, дадзена багамі,

Каб слухаць іх загады...

Рагвалод

Ну дык што?

Рагнеда

Маё цяпер ірвецца і крычыць:

«Не! Не!»

Рагвалод

Што «не»?

Рагнеда

А тое, што ніколі

Для Яраполка жонкай мне не быць.

Ты паспяшаўся згоду даць...

Рагвалод

Спыніся!

Ты з бацькам размаўляеш!

Рагнеда

Ты — з дачкой...

Не прымушай грашыць яе...

Рагвалод

Што чую?!

Рагнеда

Для Яраполка жонкай мне не быць!

Рагвалод

Дык бацька твой, выходзіць, проста хлус?

Ці балбатун?! Ці пустазвон дурненькі?

Не гаспадар для слоў і абяцанняў?

Рагнеда, ты жартуеш недарэчна...

Рагнеда

Укленчыўшы, прашу цябе: даруй...

Даруй мне дзёрзкасць і непаслушэнства,

Але сваё рашэнне адмяні...

Рагвалод

Я згоду даў, а, значыць, гэта згода...

Твая таксама!

Рагнеда

Бацька, пашкадуй!

Не разбурай Ярылы падарунак,

Ад гэтага слязьмі зальёмся мы...

Рагвалод

І што ж падараваў табе Ярыла?

Рагнеда

Каханне...

Рагвалод

Ах, дык вось тут што... Каханне...

Князёўна ты! Халопкі хай кахаюць.

Дурноту гэту выкінь з галавы...

Хто б ён ні быў... Цябе чакае Кіеў...

Рагнеда

Мяне не дачакаецца ніхто!

Апроч яго...

Рагвалод

Нахабніца! Маўчаць!

Распесцілася ад любові бацькі!

І яшчэ будзеш голас падымаць?!.

Рагнеда

Усім святым малю...

Рагвалод

Даволі! Стража!

Уваходзяць стражнікі і Мамулька.

Князёўну ў верхні церам адвядзіце

І там пастаўце варту... Каб ніхто...

Не змог зайсці туды... дазвол не атрымаўшы.

Ідзі рыхтуйся! Бо сваты прыедуць...

Рагнеда

Праз слёзы бачу я адчай і беды,

Апошні раз прашу...

Рагвалод

Усё, ідзі!

(Да Мамулькі.)

А ты яе служанку прывядзі...

Мамулька

Пайшлі, Рагнеда... Слухаць бацьку трэба...

Рагнеду выводзяць.

Рагнеда

Праз слёзы бачу я адчай і беды...

Рагвалод

Вось! Ад дачкі адна для бацькі радасць...

Як ні хавай яе — спакусяць і украдуць.

Мамулька прыводзіць Любаву.

Любава

Я слухаю пачціва свайго князя...

Рагвалод

Усё, што толькі ведаеш, кажы...

Любава

Ды я і больш сказала б... Толькі што?

Рагвалод

Куды з князёўнай ездзілі?

Любава

Маліцца...

Рагвалод

І хто маліцца вам дапамагаў?

Любава

Няхай даруе князь — не разумею...

Рагвалод

Кажы: з кім сустракалася Рагнеда?

Ці мне паклікаць грыдня з бізуном?

Любава

Князь, пашкадуй! Рагнеда мне як маці.

І як сястра... Як мне яе прадаць?

Мамулька

Няшчасная! А ён хто? Печанег?

Ці бацька родны?

Рагвалод

З кім яна была?

Хто-небудзь з палачан?

Любава

Князёўна хай даруе...

Рагвалод

Прасі багоў, каб дараваў і я...

Любава

Яна сустрэла ўлетку выпадкова...

Калі дзяўчаты жэняцца з Ярылам.

Прыгожага і знатнага хлапца.

Рагвалод

Хто ён такі?

Любава

Не ведаю...

Рагвалод

Кажы!

Любава

Не ведаю. Апрануты быў чыста.

Сватоў сваіх паабяцаў прыслаць...

Рагвалод

Калі сваты прыедуць да мяне,

Замест яе ты ім і скажаш: «Не!»

Зацямненне

 

Карціна пятая

Ноўгарад. Палац Уладзіміра. Уладзімір, дружыннікі, слугі, скамарохі, гусляры.

Дружыннікі (спяваюць і танцуюць)

Налівай мёду, налівай,

Праслаўляй князя, праслаўляй,

Слава Ўладзіміру!

Слава Ўладзіміру!

За тваё княства і за нас

Выпівай чару, светлы князь,

Добры наш бацюхна!

Добры наш бацюхна!

Уладзімір

Усім віна! І п’ём за палачанку!

Дружыннікі

Віват! Віват!

Уладзімір

За светлую князёўну!

Браціла

А як завуць?

Уладзімір

Дазнаешся яшчэ...

Яна тут хутка будзе гаспадыняй.

І калі жонка ёсць у Перуна,

Дык наша ёй ніколькі не саступіць.

Браціла

За палачанку! Жонку Перуна!

Уладзімір

Яе не аддамо і Перуну!

Браціла

Сам Перуном стань...

Уладзімір

Пахмяліся, грэшнік!

Уваходзіць Дабрыня.

Дружына! Перад дзядзькам на калені!

Я ж на каленях чару паднясу...

(Становіцца з чарай на калені.)

Дабрыня (ціха Уладзіміру)

Ты адурэў, Ўладзімір!

Што ты робіш?!

Князь на каленях...

Уладзімір

Слухаць! Бо я князь!..

Як князь і гавару перад дружынай,

Быў дурнем, што не слухаўся цябе...

А надалей, клянуся, буду слухаць...

Хоць загадай хадзіць на галаве...

Дабрыня

Устань і не саром мяне...

Уладзімір

Не, выпі!

Да дна за палачанку...

Дабрыня (хутка выпівае)

Уставай!

З якой нагоды зладзіў ты гулянку?

І за якую піў я палачанку?

Няўжо знайшоў? І хто яна?

Уладзімір

Князёўна...

Дабрыня

Па прыгажосці, можа, і князёўна.

А род які?

Уладзімір

Род княскі... Прыгажосцю ж

Яна не роду княскага... Багіня...

Дабрыня

Няўжо гэта Рагнеда?

Уладзімір

Так, яна...

Дабрыня

Дык я магу у сваты зараз ехаць?

Уладзімір

Злуюся, што ты ўчора не паехаў...

Але у гэтым вінен толькі я...

Дабрыня

Дазволь мне дзейнічаць?

Уладзімір

І як мага хутчэй...

(Выходзіць.)

Дабрыня

Браціла, да мяне! Пакінуць чару!

Сядлаць каня! І па шляху на Кіеў!

Скачы без адпачынку дзень і ноч... Дагоніш Блуда...

Браціла

Што тут госцем быў?

Дабрыня

Так, той...

Папросіш завярнуцца,

А не пагодзіцца, то затрымай сілком.

У Кіеў не павінен ён даехаць

З той весткаю, якую атрымаў...

Ад Рагвалода...

Браціла

Ўсё зраблю...

Дабрыня

Вазьмі

З сабой атрад і лепей упрасі...

Скажы, я заклінаю на каленях

Яго на тыдзень госцем затрымацца,

Аддзячу я, і князь яму аддзячыць.

Скачы!

Браціла выходзіць.

(Другому дружынніку.)

Ты ж зараз на каня,

Імчы у Полацк, скажаш Рагвалоду,

Што дзядзька Уладзіміра, Дабрыня,

З важным візітам мусіць хутка быць

Ля ног яго з вялікай прапановай.

Яна змацуе наша з іхнім княствы.

Скачы!

Другі дружыннік выходзіць.

Збірайце скуры лепшых гарнастаеў,

Куніц! Баброў! І золата! І срэбра!

Грузіце бочкі грэцкага віна!

Надзеньце заўтра лепшыя апраткі. Пачысціць зброю! Вычасаць каней!

Сабе княгіню едзем здабываці!

Есць бацька ў Ноўгарада! Хутка будзе маці!

Зацямненне

 

Карціна шостая

Полацк. Палац Рагвалода. Рагвалод і Мамулька.

Мамулька

Сваты ідуць! Усё як на Каляды:

Музыкі, скамарохі, гусляры

Кідаюць грошы, пояць жабракоў,

Даюць усім багатыя дарункі... Рагнеду славяць!

Рагвалод

Прывядзі яе...

Мамулька выходзіць.

Ты тут, Любава? Выйдзі да мяне...

Уваходзіць Любава.

Любава

Я слухаю...

Рагвалод

Ты ўсё дакладна зробіш?

Ты ўсё запомніла?

Любава

Даруй мне, любы князь...

Пусці мяне і іншай загадай...

Рагвалод

Усё зробіш ты!

Любава

На сэрцы маім жах!

І прадчуванне жудасці і гора...

Рагвалод

Ідзі і праз хвіліну будзь гатовай.

Пасля чакай, калі цябе паклічуць.

Любава

Хай мне багі грэх гэты не залічаць. (Выходзіць.)

Уваходзяць Рагнеда і Мамулька.

Рагвалод

Ты чуеш, колькі гоману і шуму?

Гэта сваты па Полацку ідуць...

Рагнеда

I да каго яны?

Рагвалод

Ды да цябе...

Рагнеда

Нашто?

Я ўжо даўно сасватана Ярылам...

Рагвалод

Але законы Полацкага княства

Прыняць сватоў гасцінна патрабуюць.

І даць адказ ім...

Рагнеда

Што ж, даю адказ:

Я аніколі не паеду ў Кіеў!

Хутчэй Дзвіна на поўдзень пацячэ

І за зімой надыдзе злая восень

Замест вясны, а потым зноў зіма...

Рагвалод

Сваты не з Кіева...

Рагнеда

А скуль яны?.. Уладзімір!!!

Каханы мой! Дзе ж гэтулькі ты быў?!

Я удвая за тыдзень пастарэла...

Сюды! Сюды, мой любы, я — твая...

Хай лішніх слоў сваты твае не трацяць...

З табой! З табой! Вязі, куды захочаш...

Не павязеш, я следам пабягу...

Каб толькі побач быць і цябе бачыць!

Рагвалод

Вар’ятка! Завядзіце яе ў церам!

Яе дурманам нехта апаіў...

Рагнеда

Што будзе заўтра, княжа мой, не знаю,

Але цябе кахаю і чакаю...

Рагнеду выводзяць.

Мамулька

Князь... Сэрцам адчуваю: тут каханне...

Усіх змяце, хто супраць яго стане...

Рагвалод

Ідзі адсюль і апранай Любаву...

Кахае княскі род толькі Дзяржаву!

Зацямненне

 

Карціна сёмая

Вуліца Полацка. Дабрыня і Браціла.

Браціла

Сячы маю, Дабрыня, галаву...

Я Блуда не дагнаў...

Дабрыня

Ты прамарудзіў!

Браціла

Скакалі дзень і ноч... Здыхалі коні...

За княствам, ля дубровенскіх гаёў,

Там, дзе Дняпро зварочвае на поўдзень,

Яго атрад даўно чакалі стругі...

Паднялі ветразі (папутным вецер быў),

Ды па цячэнню... Як нам па балотах

Дагнаць было па беразе?..

Дабрыня

Няхай!..

Няхай вязе, што толькі абяцалі...

Пакуль прыедуць — ўсё тут разабралі...

Памыйся! Бо у княстве хутка свята

І на ўсю поўнач радасці багата!

Зацямненне

 

Карціна восьмая

Палац Рагвалода. Рагвалод і Дабрыня.

Дабрыня

Мы заблудзіліся ў тваіх лясах і пушчах

І прамачылі ногі у Дзвіне...

Дазволь нам, княжа, трошкі прасушыцца.

У горле суха, ломіць у спіне...

Дружыннікі (спяваюць)

 

Мы з дарогі збіліся,

Коні прытаміліся,

Ці не пусціш ты нас

Ў добры час...

 

Рагвалод

Полацк гасцям заўсёды вельмі рады.

За стол прашу... Гэй, слугі, ўсім віна!

Гасцей шаноўных добра пачастуйце!

Вас, госцейкі, прашу мне расказаць,

З якога краю будзеце і хто

Цяпер за князя ў вашым родным краі...

Дабрыня

Мы з Ноўгарада-горада, стаіць

Той горад каля возера Ільменя,

Князь Уладзімір сёння княжыць там,

Ён Святаслава сын, і сын малодшы.

І вось не так даўно... Па нашай просьбе

Прыйшоў на наўгародскі наш пасад...

Жывём цяпер шчасліва і багата,

Ды нешта князь пачаў наш сумаваць...

Рагвалод

Што ж здарылася з ім?

Дабрыня

Аднойчы ехаў

Ён каля Полацка і нешта ўпадабаў

У тваім княстве і за гэта «нешта»

Гатовы княства роднае аддаць,

З людзьмі, з багаццем, з возерам Ільменем.

Вазьмі ўсё гэта, добры Рагвалод,

А нам аддай ты толькі гэта «нешта»...

Дружыннікі (спяваюць)

 

Табе славу пяюць нашы волаты,

Мы заплацім табе срэбрам-золатам,

Лепшы мёд, лепшы стол Наўгарода,

Для гасцей, для сыноў Рагвалода...

 

Рагвалод

Ці не маю кабылу князь ваш хоча?

Дабрыня

Ён дасць табе іх тысячу...

Рагвалод

Дык што ж?

Яшчэ мядзведзі ёсць на ланцугах...

Дабрыня

Іх шкурамі да нас твой шлях пасцелем...

Рагвалод

А мо мой меч?

Дабрыня

Гэй, дзецюкі, сюды!

Зброю ў дарунак князю паднясіце...

Дружыннікі падносяць Рагвалоду зброю.

Ад Уладзіміра ў дарунак як суседу...

За «нешта» ж зусім іншым будзе кошт...

Рагвалод

Ну дык скажыце, што гэта за «нешта»?

Дабрыня

Тое, што бацька больш за ўсё шануе,

Так любіць-песціць, але ўсё ж аддасць.

Калі надыдзе час... і будзе рады...

Што гэта «нешта» некаму аддаў...

Дружыннікі (спяваюць)

 

Чулі ўсе, чулі ўсе праз паўсвета:

Ёсць у князя дачушка Рагнеда...

І прыслаў, і прыслаў сюды нас

Малады, малады, светлы князь!

 

Рагвалод

Разгублены я трохі...

Дабрыня

Нам вядома...

Сватоў яшчэ у князя не было...

Князёўна свайго слова не казала...

Дык скажа хай...

Рагвалод

Па полацкіх законах...

Яна павінна з сватам размаўляць...

Пры бацьку... Хай астатнія ўсе выйдуць,

На вуліцы для ўсіх багаты стол...

Усе, апроч Дабрыні, выходзяць.

Цяпер сюды князёўну пазавіце...

Уваходзіць Любава ва ўбранні князёўны Рагнеды.

Дабрыня

Я свайго князя зараз разумею,

Тут можа загарэцца нават лёд,

І старац мудры зможа розум страціць...

Рагвалод. Рагнеда! Князь наўгародскі Уладзімір аказаў вялікі гонар Полацкаму княству і табе... Ён просіць цябе стаць яго жонкай і княгіняй наўгародскай... Пытаюся: што скажаш ты пасланніку князя Уладзіміра і свату?

Любава (ва ўбранні Рагнеды).

Хто бацька Уладзіміраў быў?

Дабрыня. Князь кіеўскі быў... Слаўны Святаслаў, сын Ігара і Вольгі...

Любава

Ну а маці?

Дабрыня

А маці была простаю дзяўчынай,

Цнатлівай, сціплай... Князь яе любіў...

І сына гадаваў ў сям’і як князя...

Любава

Па старадаўнім

звычаі я мушу

Прад шлюбным ложам мужа разуваць...

Ды як мне разуваць рабыні сына?..

Дабрыня

Ён князь... І Святаслава сын...

Любава

Як Яраполк...

Але ў таго была княгіняй маці...

Была княгіняй маці і ў мяне...

Вярба каля вярбы расці павінна,

Дуб каля дуба... Ля сасны сасна...

Дабрыня

Мне... гэта... князю... так і перадаць?

Ён жа цябе... Ён жа цябе... кахае,

Рагнеда, ён жа трызніць... Ён не спіць.

Ты для яго вышэй багоў і сонца.

Любава

Даруйце, я пайду...

Рагвалод

Ідзі, дачка...

Любава выходзіць.

Яна ўсё шчыра сэрцам гаварыла...

Дабрыня

Разбіла толькі сэрцы нам усім...

Туман паўсюдна, знікла сонца з воч...

І ва ўсім свеце... гаспадарыць ноч...

(Выходзіць.)

Зацямненне

 

Карціна дзевятая

Бераг Дняпра ў дубровенскіх гаях. Уваходзяць Дабрыня і Блуд.

Блуд

Вітаю дзядзьку!

Дабрыня

Дзякуй, што прыехаў...

Блуд

Чаму ты змрочны?

Дабрыня

Змрочны? Ды не змрок!

Цяпер на маім сэрцы злая цемень

І чарната... Нам наплявалі ў твар!

Прынізілі і жорстка растапталі...

Як жабракоў прагналі са двара!

Паслаў мяне Ўладзімір да Рагнеды...

Блуд

Адмовіла?

Дабрыня

Сказала, што ён раб!

А разуваць раба яна не будзе!

Я да цябе прыехаў па параду...

Ён ад яе здурэў... Ён закаханы!

Дазнаецца, то распачне вайну!

Мой верны Блуд, парай, што мне рабіць?

Блуд

Усё раскажы, дый больш напрыдумляй!

Каб князь адчуў абразу як мужчына!

Каб уваччу ад злосці памутнела,

Каб сам Пярун у сэрцы загрымеў,

Тады адчуе ён сябе зубром,

Той за сяброўку рогі свае зломіць

Ці скруціць шыю ворагу...

Дабрыня

А Кіеў?

Блуд

Вам Яраполк цяпер зусім не страшны,

У Кіеве ніхто яго не любіць,

Чакаюць, каб там княжыў Уладзімір,

Ён, як народ, пайшоў сам пад ахвяру...

На роўных з простым людам... Ён — герой!

Пачне вайну? Няхай і пачынае!

Ўсім закаханым бог дапамагае...

Дабрыня

Бывай...

Блуд

Бывай...

Дабрыня

А за параду дзякуй.

Блуд

(Выходзіць.)

Два княствы, два браты і два сябры...

Адна Рагнеда... Побач два зубры!

Хай б’юцца, будзем мы дапамагаць,

Таму, хто будзе ўсіх перамагаць.

(Выходзіць.)

Зацямненне

 

Карціна дзесятая

Полацк. Каля палаца. Уваходзяць Рагвалод, Любава. Мамулька і слуга нясуць непрытомную Рагнеду.

Рагвалод

Што з ёю?

Любава

Мы з пятлі яе дасталі...

Мамулька

Адрэзала нажом сваю касу

І з валасоў спляла сабе вяроўку...

Каб я туды выпадкам не зайшла...

Рагвалод

Дачушка... Што ты? Чуеш?

Рагнеда

Уладзімір...

Рагвалод

Нясіце як хутчэй яе ў палац!

Любава

Яна з тугі па ім памерці можа

Ці кінецца ў Дзвіну... Князь, я прашу...

Рагвалод

Нясіце! І дружынніка сюды!

Любава і слуга выносяць Рагнеду.

Мамулька

Князь, ёсць закон багоў... Закон адвечны:

Каханню супярэчыць небяспечна.

Рагвалод

Любы закон парушыць можна князю,

Каб толькі слова княскае стрымаць!

Мамулька

Утопіцца...

Рагвалод

А я ўтаплю цябе!

Мамулька

За што?

Рагвалод

Што недагледзела князёўну!

Нідзе яна не дзенецца, астыне.

Каханне з часам ад разлукі згіне!

Мамулька

Ой, князь, глядзі, каб не было бяды.

Рагвалод

Ідзі адсюль! Дружынніка сюды!

Мамулька выходзіць. Уваходзіць дружыннік.

У Ноўгарадчыны і там скажы,

Што я хачу Уладзіміра пабачыць,

Абмеркаваць з ім важныя пытанні.

Хай прыязджае ў госці найхутчэй

Ці ў Ноўгарадзе сам мяне сустрэне.

Зацямненне

 

Карціна адзінаццатая

Ноўгарад. Палац Уладзіміра. Уладзімір і Дабрыня.

Уладзімір

Не! Не! І не! Ніколі не паверу!

Няхай не толькі ты, а ўсе багі

Перада мной засведчаць яе словы —

Ўсё гэта будзе страшнаю хлуснёй!

Напраслінай! Яна не гаварыла!

Дабрыня

«Я разуваць рабыніча не буду...

Бяроза хай расце каля бярозы,

Дуб каля дуба, ля сасны сасна...»

Не роўня ёй...

Уладзімір

Маўчы!

Дабрыня

Я памаўчу...

Крычыць маё скрываўленае сэрца...

І сэрца тваёй маці... Прыніжэнняў

Багата ёй і ў Кіеве было...

А гэта твая полацкая сучка

Змагла яе і мёртвую прынізіць:

«Не буду разуваць рабыні сына».

Не князь ён! Смерд і раб! Чарвяк паганы

Надумаўся папнуцца ў жаніхі...

Так зганьбіць княства наша і цябе!

І выбраць Яраполка...

Уладзімір

Яраполка?!

Дабрыня

Яна сказала так...

Уладзімір

Няпраўда! Не! Няпраўда!

Дабрыня

Навошта мне маніць? Хіба не я...

Маліў, каб ты сватоў паслаў у Полацк?

Паспеў ёй нейкі нелюдзь расказаць,

Хто нарадзіў цябе і кім была Малуша...

Паскудны княскі гонар і ўзыграў...

І пацягнуў яе да Яраполка...

Яна яго разуе перад тым,

Як будзе ногі падымаць у ложку...

Уладзімір

Я — раб! Я — раб! Я — раб і сын рабыні...

Рабам не дазваляецца кахаць!

Яны каханне здабываюць сілай!

І твораць бессаромна на вачах

Жыцця для ўсіх святую таямніцу...

Я — раб! Я — раб! І я хачу князёўну!

Яна мяне не хоча разуваць...

Я і абуты ёй абрэжу косы...

На Полацк! Пад мячы ўсё! Пад агонь!

Хай гэты горад у пакутах згіне!

Рагнеду — мне! Астатняе — дружыне!

(Выходзіць.)

З’яўляецца Браціла.

Браціла

Там з Полацка ганец прыбыў да князя.

Дабрыня

Забі яго! Бо з Полацкам вайна.

Зацямненне

 

Карціна дванаццатая

Полацк. Пажар. Гвалт. Уваходзіць Уладзімір. Два дружыннікі цягнуць Рагвалода.

Рагвалод

Аддай мой меч! Я буду з табой біцца!

Уладзімір

Я — раб! Я з князем біцца не магу!

У церам! У пакоі да князёўны —

Там прывязаць і хай на ўсё глядзіць!

Як раб з князёўнай будзе забаўляцца.

Папросіць смерці — зараз жа забіць!

А не папросіць — хай жыве да скону!

Рагвалода выводзяць. Дабрыня і Браціла цягнуць Любаву.

Дабрыня

Князь, вось яна!

Уладзімір

Ды гэта не яна!

Яе служанка!

Дабрыня

Што?! Яе служанка?!

Уладзімір

Шукаць яе! Усім шукаць Рагнеду!

(Выбягае.)

Дабрыня (Любаве)

Дык ты служанка? Што ж, ідзі да слуг!

Бяры яе... Хай пройдзе страшны круг...

Выходзяць. Шум бітвы.

Уваходзяць Селянін і Палясоўшчык.

Селянін. Куды вы гледзіце, ідалы?! Нашто стварылі нас?! Каб мучыць?.. Праклятыя... Ненажэрныя! Крыві вам мала! Ахвяр! Даўбешкі вы, а не багі! Крывасмокі! І князі вашы дурныя!

Палясоўшчык. Маўчы! На, выпі...

Селянін. Не хачу!

Выходзяць. Браціла цягне за валасы Рагнеду. Убягаюць Уладзімір і Мамулька.

Уладзімір

Гэй, раб, сюды! Аддай рабу князёўну!

Мамулька

Не руш яе!

Браціла

Ану, вядзьмарка, прэч!

(Забівае яе.)

Мамулька

Каб вас Пярун спаліў!

Бывай, мая дачушка...

(Памірае.)

Рагнеда

Звяры паганыя!

Уладзімір

Са зверам ляжаш спаць!

Вядзі ў пакой! Здзяры з яе сарочку!

Я спраўлю табе рабскае вяселле!

Рагнеда

Што ж яшчэ можа справіць брудны раб? (Плюе яму ў твар.)

Уладзімір

Вядзі яе!

ВЫХОДЗЯЦЬ.

Зацямненне

 

Карціна трынаццатая

Полацк. Пажарышча. Цішыня.

Уваходзяць Селянін і Палясоўшчык.

Селянін (плача). Чым? Чым я вінен, што князь мой абразіў князя чужога... Чым вінаватая дачка мая, што ў нас гордая князёўна... За што яе замардавалі... За што яе грудзі парэзалі?.. Сына засеклі... Хату спалілі... Каб вас Пярун спаліў... Сына засеклі... Грудзі парэзалі...

Палясоўшчык. На, выпі...

Селянін. Праклятыя...

Палясоўшчык. Маўчы! Княскую сям’ю захапілі... князёўну пры бацьку, пры дружыне, на вачах ва ўсіх... Рагвалод сам смерці папрасіў... Усіх пасеклі...

Уваходзіць Браціла.

Браціла. Вы! Прэч адсюль... Тут хутка будзе князь...

Палясоўшчык. Хадзем, чаго сядзіш...

Браціла. Ты што, не чуеш?

Селянін раптам кідаецца на Брацілу і б’е яго нажом. Браціла падае.

Палясоўшчык. Ты ачумеў! Хутчэй, бяжым хутчэй!

Селянін. Не, пачакай... Я горла перарэжу...

Выходзяць. Уваходзяць Рагнеда і Любава.

Рагнеда

Ты, Уладзімір, раб! І сын рабыні...

У тваім сэрцы звер, а не любоў.

Аддай мяне дружыне, толькі ведай:

Я твайго сына потым нараджу,

Ён будзе запаскуджаным...

Любава

Князёўна...

Князь загадаў з табой нас вартаваць.

Нас не зачэпяць...

Рагнеда

Полацкая кроў,

Што у Дзвіну цяпер сцякае, выйдзе

З тваіх нашчадкаў... Я іх праклінаю...

Хай будзе смага ў іх на кроў братоў,

Бацькоў, сясцёр, сваіх сяброў і блізкіх...

Хай не спатоліць гэту смагу час...

Ні заўтра, ні пазаўтра, аніколі...

Не мець ім шчасця, ні дабра, ні волі...

Любава (спявае)

 

Блаславі, Ярыла,

Каб было шчасліва,

На добрыя роды,

На доўгія годы

А-а-ах!

 

Зацямненне

 

 

Ад аўтара. Уладзімір... Пасля знішчэння Полацка захапіў Кіеў, забіў свайго брата Яраполка, а жонку яго зрабіў сваёй наложніцай. Праз дзесяць гадоў гвалтам увёў на Кіеўскай Русі хрысціянства.

Кананізаваны Рускай праваслаўнай царквой як роўнаапостальны святы.

Памёр у 1015 годзе.

Рагнеда... Была першай жонкай Уладзіміра пад славянскім імем Гарыслава. Праз дзевяць месяцаў пасля знішчэння Полацка ў яе нарадзіўся сын Ізяслаў. Пасля замаху на жыццё Уладзіміра разам з сынам выселена з Кіева ў Заслаўль. Памерла ў 1000 годзе хрысціянкай пад імем Анастасія...

 

К а н е ц

 

1997


1997

Тэкст падаецца паводле выдання: Дудараў, Аляксей Ануфрыевіч. Князь Вітаўт : п'есы / Аляксей Дудараў. - Мінск : Мастацкая літаратура, 2006. - 318с.
Крыніца: скан