epub
 
падключыць
слоўнікі

Аляксей Кальцоў

Гасцінец

З рускай — А. Кальцова

 

Шлях-гасцінец даўно

Прада мной лёг, ляжыць,

Дый па ім нельга мне

Ні лятаць, ні хадзіць.

 

Хто ж трымае мяне,

Каго кінуць мне жаль,

Што да гэтай пары

Не пушчуся я ўдаль?

 

Ці то доля на свет

Сірацінай прыйшла,

Ці са шчасцем сляпым

Звод, разлуку ўзяла?

 

На гады я не стар,—

Звонка песні пяю,

Поўна дум галава,

Поўна сэрца агню.

 

Скарб нялічаны мой

Пад замкамі ляжыць,

І хадун вараны

Асядланы стаіць.

 

Але волі няхват

Мне у свет паляцець,

У чужой старане

На людзей паглядзець.

 

Дзе падчас — у бядзе —

Сябе ў крыўду не даць,

Проць благіх непагод

Грудзьмі смелымі стаць.

 

Быць вясёлым, скакаць

На бяздоллі сваём,

На загубу пайсці,

Песні пець салаўём.

 

1909


1909

Пераклад: Янка Купала
Тэкст падаецца паводле выдання: Поўны збор твораў. У 9 т. - Т. 2. Вершы, пераклады 1908-1910. - Мн.: Маст. літ., 1996. -342 с. [4] л. іл.
Крыніца: скан