epub
 
падключыць
слоўнікі

Аляксей Карпюк

Акупанты

1
2
3
4
5
6
7
8
9


1

У Ізабеліне — ні то вёсцы, ні то маленькім мястэчку паміж Ваўкавыскам і Ружанамі,— у мясціне, названай так некалі магнатам у памяць дачкі Ізабелы,— немцы трымалі гарнізон. Ён мясціўся ў школе і налічваў усяго 20 салдат. Пры ім яшчэ былі на ўліку пару чалавек паліцаяў родам з бліжэйшых вёсак.

Паліцаі жылі ў прыватных кватэрах, а салдаты змяшчаліся ў класным пакоі. Іхнія двухпавярховыя нары, абвешаныя біклажкамі, ранцамі ды скаткамі, мог разгледзець і нават палічыць праз вокны кожны прахожы — немцы ў пачатку вайны былі бяспечныя, адчувалі сябе як дома, пра партызан у гэтых мясцінах тады яшчэ ніхто і не чуў.

Другія класы яны абсталявалі пад склады з радыёпрыёмнікамі ды паляўнічымі стрэльбамі, што зняслі людзі па загаду, пад стаянку веласіпедаў, арыштантскую ды жыллё для амтскамісара — лейтэнанта Вернера.

Былую настаўніцкую акупанты абсталявалі сабе пад клуб. Дырэктарскую амтскамісар зрабіў сваім кабінетам.

Мінулай ноччу Вернер вадзіў гарнізон у засаду на савецкіх парашутыстаў. Цяпер яго салдаты, выставіўшы перад камендатурай на пост паліцая, адсыпаліся, а ён сам, адпачыўшы толькі пару гадзін, у кабінеце пісаў даклад начальніку Ваўкавыскага крайскамісарыята — капітану Шумму.

Амтскамісар — сын сярэдняга баўэра з Заходняй Прусіі — прыбыў у Ізабелін на адпачынак пасля баёў за Кіеў.

Гэты высокі трыццаціпяцігадовы мужчына належаў да тых афіцэраў вермахта, якія з педантызмам адносіліся да свайго вонкавага выгляду і да абавязкаў, бо ў гэтым бачылі галоўны закон нямецкай ваеннай традыцыі.

Добра падагнаны і заўсёды свежы мундзір «фэльдграў» каменданта гарнізона ўпрыгожвала чырвона-бела-чорная істужка жалезнага крыжа ў пятліцы. Шырокая тулія яго фуражкі выгіналася элегантнай седлавінай. Боты блішчалі. Твар афіцэра быў старанна паголены і свежы, а ён сам — падцягнуты, спружыністы і дзелавіты.

Гледзячы на амтскамісара за сталом, ніхто не сказаў бы, што гэты чалавек цэлую ноч правёў без сну.

Вернера аж распірала ад гонару за маштабы тых грандыёзных перамог, якія тварылі яго суайчыннікі ў даны момант у шырокіх стэпах Украіны, у камарыных Велікалуцкіх балотах, у высушаных на пыл лясках Афрыкі і бязмежным прасторы Акіяніі. Душой ён быў там, са сваімі бясстрашнымі камрадамі, адчуваў іх намаганні і напружанне: іх поспехі напаўнялі яго ўзнёслым настроем і не давалі спакою. Адначасна ён быў перапоўнены гонарам ад сваёй місіі ў глухой вёсачцы.

«Дарагая Роза,— пісаў ён сваёй сяброўцы.— Ты сабе не можаш уявіць, якія вы там шчаслівыя, на Захадзе. Чалавек тут вымушаны сутыкацца з такімі людзьмі, ад прысутнасці якіх валасы становяцца дыбам. Ад усяго рускага, польскага і яўрэйскага нясе гноем. Толькі тут я канчаткова пераканаўся, што адно мы з’яўляемся панамі, а рэшта — сапраўды Untermenschen. Гэтыя дзікуны, якім невядома, што такое лазня, і летам усе як адзін ходзяць босыя, валодаюць магутнай біялагічнай сілай размнажацца, выжываць у цяжкіх умовах і тояць патэнцыяльную небяспеку для Германіі.

Я б ахвотна згадзіўся быць на перадавой, але і тут трэба некаму несці крыж. Шкода, закончаць вайну без мяне!..

Сёння ноччу вартавалі парашутыстаў, расстралялі двух камісараў. Зараз падрыхтаваў рапарт шэфу, дзе прыкінуў, колькі народу трэба адгэтуль тэрмінова выселіць, дзе на пясчаным полі пасадзіць лес, закласці дрэнаж, дзе пазбіраць каменні і пусціць пад ворыва.

Не, тут я не хачу браць надзелу — не спадабаецца тутэйшая зямля і табе. Наш Вульф з дывізіяй на Украіне, я чыркнуў яму, каб тэрмінова напісаў, якая там зямля, быдла, вазы, батракі... Усходняя кампанія да восені скончыцца, возьмем на Украіне надзел і паедзем з табой туды...»

Вернер быў тыповым афіцэрам вермахта пачатку вайны з Савецкім Саюзам. За нястомную дзейнасць і прыкладныя паводзіны за тыдзень у Ізабеліне салдаты паспелі пранікнуцца да яго павагай, крыху баяліся і слухалі без усякіх пярэчанняў. Заваёваны ж раён быў для амтскамісара res nullies (нічыя рэч), як цвердзіла сярэдневяковае права аб краінах варвараў ды паганаў, для якіх не існавла ніякіх ні законаў, ні этыкі, а толькі — воля пераможцы.

 

2

Калі ізабелінскія немцы на ўзгорку пад лесам чакалі з начнога неба міфічных «чырвоных камісараў», у Ізабеліне заставаліся на варце салдаты Гофман, Брумель ды обер-яфрэйтар Ліке.

Ноччу ўсе яны ўмудрыліся выспацца і цяпер, адпрасаваўшы свае мундзіры, сумавалі ў клубе. Яны перачыталі старыя газеты да аб’яў з чорнымі крыжыкамі аб «гэфаленэн фюр фюрэр унд фатэрлянд» (пра загінуўшых за правадыра і бацькаўшчыну). Разгадалі ўсе рэбусы і шарады. Перагаварылі анекдоты. І вось цяпер, пакурваючы цыгарэты «Юньён», балабанілі пра ўсё, што прыйдзе ў галаву.

— Калі ўставіць чалавеку ў вуха рулю і выстраліць — вочы павыскакваюць з арбіт, як корак! — дзяліўся сваімі франтавымі назіраннямі Брумель і кончыкам пальца манерна збіў попел у банку з-пад кансервы, якая служыла папяльнічкай.

— Го, колькі мы гэтак адправілі на той свет партызан у Полацку, майн гот! Я з прыемнасцю браўся за такую работу!

Гофман слухаў абыякава, чаго нельга было сказаць пра яго таварыша.

Обер-яфрэйтар прыбыў на Гродзеншчыну з Даніі. У арміі ён ужо пяты год, паспеў скончыць школу малодшых камандзіраў і атрымаць нашыўкі, але сапраўдных смерцяў яму бачыць не давялося. Адчуваючы, як яго агортваюць нейкія дрыготкі жаху і адначасова цікавасці, обер слухаў салдата з затоенай зайздрасцю і павагай.

— Але больш за ўсё нам давялося перастраляць камуністаў у Смаленску. Адны заходзілі на чацвёрты паверх бальніцы і выкідвалі іх праз акно, а мы цалялі ў людзей на ляту. О была пацеха, доонэр-вэ-этэр!.. Тысячамі адпраўлялі гэтых насякомых на ўлонне Аўрама!.. Тыя, хто застаўся жывы, назаўтра абміналі нас. Пачуе каторы мярзотнік нашыя крокі, адразу сходзіць з тратуара і пакорліва здымае шапку. Толькі так з імі можна. А з яўрэямі што вытваралі!.. Там яны носяць зоркі на вопратцы — адну спераду, другую ззаду, бы ў нас палякі ў Генералгубернатарстве...

 

3

Калі тры салдаты так сабе балабанілі, з кабінета выйшаў Вернер. Кампанія не ведала, што іхні начальнік быў на рабоце. Усе трое разгублена ўскочылі і выцягнуліся на «смірна».

Лейтэнанта аж распірала прага дзеяння. Ён уважліва прыгледзеўся да падуладных.

Вернер зразумеў адразу, што салдаты бяздзейнічаюць, і ведаў, як гэта для іх шкодна. Ды чым іх заняць? Да вонкавага выгляду не прыдзярэшся. Учора вечарам праверыў з імі ўсе ранцы і рэчавыя мяшкі — лішняе выкінулі, астатняе перамылі, адрамантавалі і вычысцілі да бляску. На бліжэйшыя тыдні гарнізон быў забяспечаны боепрыпасамі, лекамі, паперай, харчамі ды дровамі для кухні, а два хлявы завалены калючым дротам і бочкай з гаручым. Даклад ён збіраўся паслаць фельдпоштай.

Падумаўшы хвіліну, афіцэр кінуў старшаму па званню:

— Обер-яфрэйтар Ліке!

— Слухаю вас, пан камендант! — яшчэ больш выцягнуўся падначалены.

— Бярыце салдат, перакладчыка, праедзеце па амтскамісарыяце!

— Яволь!

Камісар улавіў у голасе обера нерашучасць і адразу адрэагаваў:

— Што яшчэ?

— Мэта нашай паездкі, пан камендант?

Гофман з жахам глянуў на сябра. Брумель усміхнуўся: дзівак, яшчэ і пытаецца. Камісар жа цярпліва паўзіраўся на обера, даў яму магчымасць авалодаць сабой.

— Без лішніх слоў!

— Яволь! — вінавата адказаў Ліке, хоць яшчэ ўсё, здаецца, не зусім разумеў, чаго ад яго патрабуюць.

— Выязджайце!

— Цу бэфэль!..— стукнуў ён абцасамі і загадаў салдатам: — Комэн!

На варце перад камендатурай у той час стаяў якраз паліцай Мікалай Буднік.

— Ніколяс! — выглянуў у адчыненае акно і закрычаў Вернер.— Збірайцеся ў дарогу, паедзеце з обер-яфрэйтарам Ліке перакладчыкам!

Амтскамісар мог гэтага Будніку і не гаварыць — Ліке і сам забраў бы паліцая. Але афіцэр выказваў хлопцу асаблівую ўвагу. У ім ён бачыў прадстаўніка народа, якога перамог. І па той жа прычыне, па якой заўзяты кат-прафесіянал знаходзіць патрэбу і асалоду пагаварыць са сваёй ахвярай і давесці ёй, што адсячэне галавы — бытта дабро для няшчаснага, так і Ліке ўсе тры дні, якія Мікалай знаходзіўся на службе ў амтскамісарыяце, не прапускаў ні хвіліны, каб не весці разумную гутарку з паліцаем аб сіле і пачэснай місіі нацыянал-сацыялізму.

Вернер маляваў Мікалаю жахі, якія нясуць чалавецтву разбэшчаныя французы, скнары яўрэі, плутакратыя на чале з Англіяй ды наследнікамі ўсходніх дэспатаў — бальшавікі-камісары.

Вернер з захапленнем расказваў аб адраджэнні краіны Зігфрыда, аб свяшчэннай місіі Германіі і крыжовым паходзе, які распачаў фюрэр у інтарэсах культуры і прагрэсу супроць дзікага Усходу і гнілога Захаду.

— Яволь, гэр шэф! — пачуў амтскамісар у адказ голас паліцая.

Вернер пачакаў ля акна, пакуль чатыры веласіпедысты выехалі на вуліцу. Тады, зірнуўшы на гадзіннік, лейтэнант паклікаў дзеншчыка і загадаў будзіць салдат.

 

4

У Біскупцах ля крайняй хаты маладзіца карміла грудное дзіця. Падзяліцца навінамі да яе падсела поўная старая з мехам зелля. Хоць і так іх ніхто не мог пачуць, суседкі трывожна азіраліся і гаварылі пра тое, каго немцы арыштавалі, дзе забралі карову, у каго проста з воза ўзялі кошык з маслам і сырамі. Гаварылі, што хутка вернецца памешчык і стане адбіраць землі, што тады на людзей прыйдзе пагібель.

З боку Ізабеліна на веласіпедах выскачылі тры салдаты з нейкім цывільным. Маладзіца прыціснула да грудзей дзіця і з жахам прашаптала:

— Ах, цё-отачку, далібог, яны!

Суседка таксама перапалохалася. Калі салдаты загамавалі ды пачалі злазіць з веласіпедаў, старая ўскочыла, закінула мех на плечы.

— Нінка, гэта твой певень?! — знарок закрычала яна.— Ах, ліха на яго, палез ужо агарод мне палоць, я яму зара!.. Кыш, каб на цябе паморак, халера ты! — замахала яна рукой і хутчэй пайшла прэч.

Ліке хацеў папрасіць у маладзіцы халоднага малака са склепа, але ён нават не згледзеў, калі маладая маці знікла следам за старой.

— Фэрфлюхтэ гундэ! — вылаяўся обер.

Яму ўспомнілася Данія. Аднойчы ён ехаў на машыне ў Капенгаген і дагнаў сям’ю. Бацька з маткай па асфальце вялі дваіх дзяцей. Усе чацвёра добра чулі за сабой машыну, але і не думалі сысці з дарогі. Ён пасігналіў раз, другі — яны нават не азірнуліся. У Ліке ўзнікла жаданне наехаць на іх. Але ад таго, што зрабіць гэтага не мог, што давялося аб’язджаць гэтую жывую перашкоду, обер-яфрэйтара аж закалаціла, і ён цэлы дзень быў не ў гуморы.

І ў паводзінах гэтых басаногіх жанчын обер-яфрэйтар адчуў такое ж непаважанне да сябе, варожасць і выклік. Захацелася крыкнуць, вярнуць нахабніц, толькі стрымлівала самалюбства — зводдаль глядзеў паліцай-перакладчык.

Злаваў яго і гэты пракляты беларус.

Обер быў надта незадаволены Буднікам. Перакладчык паводзіў сябе так, бытта рабіў вялікую ласку, што служыць у паліцыі.

Зрэшты, паліцай сваёй прысутнасцю раздражняў і астатніх. Бо немцы свае радасці і клопаты не жадалі паказваць перад абарыгенам, які, як назло, аказаўся адукаваным, разумным, дужым ды чамусьці станавіўся любімчыкам іх шэфа Вернера. Усё гэта прымушала як бы выцягвацца перад ім, паводзіць сябе са штучнай ветлівасцю, што вельмі іх злавала. З маўклівай згоды паміж сабой немцы за ўсю дарогу паслугай перакладчыка ні разу не карысталіся, хоць знешне і былі карэктныя.

Каб не паказаць перад салдатамі, што ён спыніўся з-за гэтых паршывых бабаў, Ліке прыставіў машыну да плота, выняў ключ ды пачаў рэгуляваць педаль. Салдаты расшпілілі мундзіры, пачалі абціраць пот. Перакладчык разглядаў пажарышча.

З падворка выбегла шчаня, павалілася на спіну, выставіла блыхасты жывоцік.

— Фі-у, фі-у, фі-у!..— пасвістаў Брумель, як свішчуць на сабак толькі немцы — з дзвюма адрывістымі нотамі — сі і ля дыез. Салдат хацеў палашчыць шчаня, але яно спалохана вільнула куртатым хвосцікам і ўцякло.

Ліке схаваў ключы, азірнуўся.

Быў спякотны летні дзень. Праз дрэвы прабіваліся промні гарачага жнівеньскага сонца. Спакойна лазілі па вуліцы парасяты, куры. Цьмяна блішчалі шыбы. Цераз платы прабівалася запыленая крапіва, цягнуліся ўверх мальвы, сланечнікі. Пахла разапрэлай саломай і гноем. Сярод абгарэлых пнёў ліпы тырчала напаўразбураная печ са слядамі сажы, за ёй нейкі дзед у белым, нібы істота з іншага свету, вязаў кошык і нават не павярнуў на немцаў галавы. Затое з-за веснічак, вуглоў і з-за калодзежаў насцярожана сачылі за кожным яго рухам перапалоханыя да смерці хлапчукі.

— Трэба зазірнуць да старасты! — прамовіў чырвоны як рак Гофман, якога заліваў пот.— Ведаю, дзе ён жыве, у яго і нап’ёмся!

— Давай! — згадзіўся обер.

Немцы пабрылі па вёсцы з веласіпедамі ў руках.

Крануўся і Буднік.

Услед за імі, трымаючыся дыстанцыі, ішлі, паланёныя жудаснай цікавасцю і страхам, хлапчукі.

За знешняй карэктнасцю ў кожным позірку немцаў Буднік адчуваў да сябе недавер і пагарду. Ён яшчэ не верыў, што незвычайную службу суджана несці яму доўга. Ён увесь час парываўся ўскочыць на свой «дюркопф» ды пакаціць у свае Зелянкевічы. Але што зробіш? Трэба было прывыкаць да свайго новага і чужога для сябе абавязку.

Буднік аж надта бачыў, як раздражняе немцаў, як яны змаўкаюць пры ім або гавораць зусім не пра тое, што хацелі б. Ды бегчы наперадзе немцаў і выслужвацца, як гэта рабілі іншыя паліцаі, было не ў яго характары.

Між іншым, праз многа месяцаў, калі начальніку Ваўкавыскага крайскамісарыята капітану Шумму ён прынёс атрыманыя ад дэсантнай групы Марцірасяна дакументы на фольксдойча, самастойныя і незалежныя паводзіны ў мінулым сыгралі яму на руку: пацвердзілі, што ён сапраўды з расы выбраных. Але покуль што жыццё для яго было суцэльнай невыноснай пакутай.

Адным словам, Буднік, які яшчэ не знайшоў патрэбнага такту, не прыцёрся да немцаў, адчуваў нейкую няёмкасць нават перад біскупіцкімі хлапчукамі і паныла валокся, як палонны, за немцамі ды насцярожана чагосьці чакаў.

Уперадзе была лужа. Уздоўж плота па цянёчку, фарсіста закінуўшы хвост на спіну, трусіў сабака. Спаткаўшы людзей, ён спыніўся і падумаў: абыходзіць іх ці не? Тады трэба лезці ў ваду. Тузік пачухаў лапай пераноссе, чхнуў ды вярнуўся назад.

Не выпускаючы з рук веласіпеда, Брумель імгненна зняў з пляча карабін.

Аглушальна прагрымеў стрэл.

З кудахтаннем паляцелі ва ўсе бакі куры. Заскуголіў, у прадсмяротных сутаргах забіўся на пяску сабака. Хлапчукі з вуліцы сыпанулі ў падворак. Гофман і Брумель зарагаталі. Толькі твар обера быў непарушны.

Буднік, вядома, не мог не адчуць, як Ліке разгубіўся. Яму трэба было аблаяць салдата. Але Ліке ў паводзінах сябра ўбачыў франтаватую зухаватасць. Обер нават захапіўся яго спрытам: трымаючы карабін адной рукой, амаль не цэлячы, трапіць у рухомую мішэнь — трэба ўмець.

— До-онэр-вэ-этэр! — вылаяўся ён са здзіўленнем.

 

5

Старасты дома не аказалася. Яго жонка — яшчэ не старая і нават прыемная з выгляду — на кухні рыхтавала свіням корм.

— Яйкі?! Млеко?! — з парога спытаўся Брумель.

— Нэ-эй, паночку! — узмалілася жанчына.— Яйкі муж у горад павёз мяняць на соль!.. І кароў яшчэ не даіла, а кіслае выпілі нядаўна!

— Маслё?..

— І ма-асла — нікс!..

Пакуль яны таргаваліся, Ліке агледзеў памяшканне.

Дзверы былі адчынены ў вялікі пакой, і там ён убачыў дакладна такую ж абстаноўку, якую назіраў тут у кожным доме. Па сцяне між вокнамі — рамкі з фатаграфіямі. Обера непрыемна ўразілі сярэбраныя зігзагі на каўнерыках мардатых польскіх салдат і фарсістыя фуражкі з царскімі кукардамі. У кутку ззяў пасярэбранай паперай радочак ікон. Пад іконамі бялеў накрыты сурвэткай стол. Уздоўж сцен ішлі дзве лавы. Ложак з горкай высокіх падушак...

Успамінаючы малюнак са школьнай хрэстаматыі, ён не без пагарды заўважыў сабе:

«Як у нас было сто гадоў таму назад!.. Бачыш ты, нахабнікі,— і фатаграфіі сваіх вайсковых паразвешвалі, яшчэ не хапае толькі — партрэтаў камісараў!..»

Старасціха, не спаласнуўшы нават цеста з рук і прыкідваючыся надта напалоханай, пачала соваць салдатам шчарбаты збанок з вішнямі. Паскардзілася, што на кухні многа мух. Ліке заўважыў, што хітрая ведзьма спецыяльна выстаўляе брудныя рукі і дэманструе сваіх мух, каб выклікаць агіду, пазбавіцца гасцей.

Обер абурыўся, але прамаўчаў.

Патаптаўшыся крыху ў старасты на кухні, пакаштаваўшы цёплай вады і з жоўтымі кропінкамі мушыных слядоў вішань, накіраваліся зноў на вуліцу.

Хутка, ні то раззалаваны старасціхай, ні то галодныя, ні то прагныя дапасці да добрай вады, апынуліся яны зноў у канцы вёскі. У суцэльным зялёным масіве дрэў воддаль ад дарогі патанаў хутар.

— О, там вулляў многа! — прамовіў Гофман.— Едзем туды, паспрабуем мёду!

— Эўрыка! Я аднойчы так быў пажывіўся! — успомніў Брумель.

— Давай! — дазволіў Ліке.

 

6

На хутары ў гэты час панаваў спакой і парадак.

Пад хлявом сохлі акуратна складзеныя кастрагі дроў.

Пад акапам Грыцук у белай кашулі выпілоўваў планкі для рамак у вуллі. Ля яго ног ляжаў вялізны кудлаты сабака і ляскаў зубамі на надакучлівых мух.

Сярод падворка ля бетоннага калодзежа ў лужыну пчолам была насыпана сечка, і над ёй калясіў цэлы рой. На шчыце свірна быў прымацаваны ветрачок. Пад акном вялікай хаты цвілі вяргіні. Дах з ацынкаванай бляхі блішчаў на сонцы, як з серабра.

У чатырохкутніку паміж домам, свірнам, хлявом і гумном увесь падворак парос сакавітым зялёным дываном з дробнай мазаікай трыпутніку і рамонку.

У агародзе за плотам цвіў мак, буялі буракі, памідоры, гуркі і тычковая фасоля. Грыцучыха з нявесткай наводзілі там парадак — прарэджвалі расаду, а вырванае зелле кідалі свіням. Тлустыя пародзістыя парасяты, не спяшаючыся, выбіраючы сабе самыя смачныя лісты, плямкалі ратамі. Побач паўтарагадовая Тася стукала каменьчыкамі, яе сястра ў баразёнцы «пякла» з пяску аладкі.

За вогненнай ракой маку пад грушамі і яблынямі стаялі радочкі жоўтых, сініх і зялёных вулляў.

Райскую ідылію першы парушыў сабака. Ён нешта пачуў ды насцярожыўся: няйначай, што чужыя.

Гыркаючы, сабака кінуўся да брамкі.

Гаспадар узняў галаву ад верстака, убачыў немцаў і высокага ізабелінскага паліцая. Нязваныя госці ўжо ставілі пад плот веласіпеды.

— Нанесла іх аднекуль зноў, халера! — прабурчаў Грыцук і неахвотна адклаў нажоўку.— Рэкс, да буды!

Мужчына з планкай у руцэ накіраваўся да брамкі. Злавіўшы сабаку за аброжак, ён, шкадуючы, ударыў яго пару разоў планкай па кудлах, прывалок да буды, пачаў прывязваць на ланцуг.

Не павітаўшыся, немцы ўваліліся на падворак і адразу накіраваліся да калодзежа, дзе на бетонным крузе грэлася на сонцы вядро вады. Гофман выняў хустачку, пачаў выцірацца, а Брумель прыставіў да калодзежа карабін і ўсунуў у вядро палец.

— Оу-оу-у, абер, вун-дэр-ба-ар! — закрычаў ён з захапленнем ды пачаў расшпільваць мундзір.

А обер і тут быў нездаволены. Яго сябры, калі вярталіся з такой паездкі па раёне, заўсёды прывозілі цэлыя сумкі масла, сыру, яек і самагонкі, а ён з салдатамі нават паесці нідзе не змог — давядзецца, вярнуўшыся ў Ізабелін, брацца зноў за агорклы гарохавы суп, гуляш ды пудзінг. Яшчэ гэты доўгі паліцай паводзіць сябе, бы граф Валенрод!..

На хутары яго ўсё раздражняла. Не падабаўся і сам гаспадар, які зумысна доўга вазіўся з сабакам. Загарэлы і спакойны твар гаспадара ды закасаныя па локці мускулістыя рукі проста прыводзілі обера ў шаленства. У той час калі ён, Ліке, з такой тонкай і багатай, яшчэ нікім не адкрытай душой вымушаны цярпець такія нягоды, гэты вось грубы суб’ект з закасанымі да лытак парткамі радуецца тут сабе жыццём, бы на курорце...

Злаваў обер і на Брумеля — ён многа сабе дазваляў. І яшчэ яму здавалася, што салдаты ў душы насміхаюцца з яго, бяздарнага камандзіра.

— Ком, ко-ом! — нейкім сухім і злым голасам паклікаў Брумель гаспадара ды паклаў мундзір на рамонак.

Мужчына, не спяшаючыся, падышоў і спыніўся перад гасцямі. На яго шырокі лоб звісалі спатнелыя пасмы. У валасінках на разапрэлай грудзіне засела пілавінне. Разумныя шэрыя вочы глядзелі незалежна, але насцярожана.

На немцаў, што спыніліся ля калодзежа, з трывогай сачылі дзве жанчыны: маці і жонка Грыцука.

Злавіўшы на сябе позірк немца, спалоханая маладзіца сцягнула жменяй паркалёвую сукенку з вялікім выразам, патупілася, але сачыла краем вока за няпрошанымі гасцямі. Яе свякруха, адчуўшы сэрцам бяду, сагнала злосць на парасятах. Яна лупцавала іх фартухом і крычала:

— Ксю-уля!.. Хале-ера на вас, ксю-уля!..

Гофман зазірнуў у калодзеж. На ланцугу ў цёмную халаднаватую адхлань была апушчана банка з малаком. Ён пакратаў ланцуг, прыўзняў банку.

Брумель узяўся за край акутага вядра, усадзіў у яго галаву па самыя вушы, пусціў бурбалкі. Тады страсянуў мокрыя валасы і зарагатаў. Выцерся, паказаў гаспадару на вуллі ды патрабавальна кінуў:

— Геніх!.. Эсэн!..

Мужчына адразу зразумеў, чаго ад яго хочуць,— такія сцэны на падворку разыгрываліся кожны дзень. Ён ужо гатоў быў частаваць мёдам і гэтых прышэльцаў, каб толькі адчапіліся: вынесці міску з сотамі на табурэтцы — жарыце, чорт вас бяры.

Але ён прыкінуўся, што не разумее, і цягнуў час для парадку.

— Што-о? — спытаўся.— Нікс фэрштэйн...

— Гэніх!.. О, ням, ням!.. Бж-ж-ж!..

Немец яшчэ не скончыў фразы, як другі салдат нязграбна павярнуўся і заблытаўся ў ланцуг, якім было прымацавана вядро да калаўрота. Вядро з ляскатам перавярнулася і абліло першага. Той адскочыў ды ўлез у лужу з сечкай, адкуль пчолы бралі ваду. Патрывожаная пчала з налёту ўджаліла немца ў патыліцу.

— О-оу, мэншэзкі-інд!.. О-оу, сакрамэ-энт, фэ-эрфлюхтэ! — зароў ён, пляснуў сябе па патыліцы і закруціўся як ашалелы.

Гофман зарагатаў.

Засмяяўся і гаспадар.

Звар’яцелы ад болю і абразы Брумель падскочыў і смальнуў яму па твары.

Грыцук спачатку здзівіўся, а потым закіпеў ад злосці. Ён, не спяшаючы, як і прывык усё рабіць, левай рукой схапіў салдата за грудзі, а правай узняў над немцам планку. Новая вайсковая кашуля, якую ён згроб на грудзях у салдата, затрашчала адразу ў некалькіх месцах.

— Ай, То-олечка, ай, сыно-очак, што ты ро-обіш, апамятайся! — праз плот узмалілася маці.— З кім ты ду-ужаешся, што ты ўзду-умаў!

Грыцук апусціў руку. Ён толькі стаяў і цяжка дыхаў.

Тое, што здарылася, на нейкі час аж ашаламіла немцаў. Брумель ад здзіўлення ажно раскрыў рот.

Але хутка ім траім прыйшло ў галаву, што гэты тубылец дазволіў сабе нечуваны жэст — узняў руку на нямецкага салдата — і таму павінен быць пакараны.

— Гэнуг! — зларадна сказаў Гофман, бытта толькі такога выпадку і чакаў. Ён сунуў у кішэню мокрую хустачку, падышоў да Грыцука, вырваў у яго планку і аб’явіў: — Ду біст — комуніст!.. Ду біст — большэвік!..

Обер-яфрэйтар Ліке раптам адчуў, якія слаўныя ў яго хлопцы, і злосць яго адразу прайшла. Ён ужо згаджаўся, што перад ім сапраўды небяспечны камуніст. Уся злосць, якая накапілася ў ім за цэлы дзень, раптам знайшла сабе высце.

— Ком!— обер кіўнуў Грыцуку пальцам і паказаў на брамку.— Форвэртс!.. Лёс!.. — з кожным словам ён усё больш і больш сябе распальваў, пераходзіў на віск.— Абэр шнэлер, фэрфлюхтэ, лёс!..

— Гэй!— штурхануў прыкладам Грыцука Гофман.

— Ну і пайду, што ты мяне палохаеш, думаеш, надта збаяўся?!.— узбуджаны, не разумеючы яшчэ таго, што з ім збіраюцца рабіць, сказаў Грыцук з выклікам.

Ля сцяны стаяла рыдлёўка. Гофман даў яе Грыцуку ў рукі і загадаў:

— Мітнэймэн!

Брумель паспешліва апранаў мундзір, бытта яго чакала штосьці вельмі вясёлае і цікавае.

У гародзе заенчылі жанчыны, узнялі плач дзеці.

Ля буды хрыпеў, ірваў ланцуг раз’юшаны Рэкс.

 

7

За брамкай устрывожаны Буднік сказаў жанчыне:

— Цётку, вы не енчыце, а лепш прасіце за сына ў немцаў — яшчэ час!.. Каб вы мелі што сунуць ім у лапы...

Пакуль немцы выходзілі з падворка, разбіралі веласіпеды і кіравалі на сцежачку, цераз грады падбегла да іх Грыцучыха. Не разбіраючыся ў нямецкіх рангах і адзнаках, палічыўшы Брумеля за старшага, яна кінулася немцу ў ногі:

— Ах, пано-очку, за што-о ж вы яго?! Ах, зо-олатца, ён жа і мухі не пакрыўдзіць, адпусці-іце!..

— Капу-ут, капу-ут!..— зларадна заявіў ёй немец.

— То-олечка, куды-ы яны цябе вяду-уць?! — абнімаючы малых, здалёк, жаласліва і чула, бытта яна тут адно з мужам і дзецьмі, спыталася маладзіца.

— Не паказвай гэтага дзецям! — загадаў ёй яшчэ ўсхваляваны стычкай і поўны рашучасці муж.— Вядзі іх дамоў!

— Лёс, лёс, абэр лё-ос, фэрфлюхтэ! — стукнуў яго колам веласіпеда ніжэй пояса Гофман.

Усе рушылі са сцежачкі. Ліке ішоў апошнім, а за ім з веласіпедам — Буднік.

Обер заўважыў, як паліцай пра нешта дамаўляўся з жанчынамі. Слоў ён не разумеў, але і так было ясна — пракляты паліцай з гэтымі басаногімі бабамі заадно. Заўважыўшы, як збялеў акамянелы Буднікаў твар, обер адчуў мсцівую асалоду — нарэшце настаў час правучыць гэтага смярдзючага тыпа і даць яму добра зразумець, з кім мае справу.

Ліке вёў веласіпед і рабіў выгляд, што нават не заўважае паліцая. Вочы яго спыніліся на крайнім гумне. Стрэху абляпілі разамлелыя ад спякоты вароны. Пры набліжэнні людзей птушкі паспрабавалі падняцца, нават узмахнулі крыллямі, але тут жа іх апусцілі — відаць, не чакалі ніякай небяспекі.

Ля дарогі рос тытунь, а паміж ім і гумном чарнела свежая ралля. Обер успомніў здымак расстрэлу партызан, які бачыў на стале ў Вернера. Саломай крыты рускі хлеў з такімі ж варонамі на страсе. Побач — свежая яма. На краі ямы — голы мужчына і белыя, як цеста, целы жанчын. З пісталетамі, настаўленымі ў патыліцу асуджаных, вясёлыя салдаты...

Ліке надта пашкадаваў, што не захапіў апарата.

— Гін! — обер махнуў рукой у бок гумна.

Немцы прыставілі веласіпеды да жэрдак, якімі быў агароджан тытунь, і накіраваліся да паказанага месца. На дарозе застаўся адзін паліцай — ён бытта думаў і вырашаў, што яму рабіць.

Грыцук ішоў спакойна і ўпэўнена, яму яшчэ не хацелася і верыць, што болей ніколі не ўбачыць гэтага расцёртага на муку сотнямі пакаленняў і высушанага на попел дарожнага пяску, выгаралай травы, што апошні раз дакранаўся да яловых жэрдак, якімі сам гарадзіў яшчэ ўчора тытунь.

Грыцук сябе суцяшаў: не можа быць, каб яго расстралялі. Ён жа адзіны мужчына дома, гаспадар, як жа будзе жонка з дзецьмі, са старой маці?.. І рамкі для вулляў не паспеў зрабіць, цяпер мéдабранне якраз!.. Вечарам з Замкавага лесу меліся прыйсці на хутар тры байцы, што хаваліся два месяцы ў гушчары.

Грыцук яшчэ не ведаў, што двое з іх мінулай ноччу напароліся на ізабелінскіх немцаў, якія сядзелі ў засадзе, і загінулі.

Хлопцы прасілі, і ён падрыхтаваў дзесяць галовак квашанай капусты... Учора і ліпу спілаваў на клёпкі!..

Немцы не дурні, не павінны за нішто ўзяць ды і расстраляць здаровага мужчыну, яны ж ад яго карысць могуць мець. Нічога не зробяць, напалохаюць і пусцяць...

Грыцук быў і рэалістам. Адначасна ён бачыў і разумеў, што сапраўды вядуць яго на расстрэл. Успамінаючы падобныя выпадкі ў суседніх вёсках, ён адчуў — няма ратунку.

Што рабіць?

Стукнуць таго, якога пчала ўкусіла, рыдлёўкай па галаве, вырваць карабін, перастраляць здыхлякоў і — да рэчкі, у кусты! Покуль ізабелінскі паліцай зніме вінтоўку, покуль пачне паліць — да альшынкі дабяжыш, адтуль — у Замкаў лес!.. А куды падзецца Галі з дзецьмі?.. А Біскупцы?!. Хіба не так было ў Шаўлічах, за што потым знішчылі ўсю вёску?..

Няўжо няма выйсця?! І няма!

Грыцука агарнула жудасная трывога, у галаве ліхаманкава паўставалі абрыўкі вобразаў.

Учора вечарам вярнуўся ён з лесу ад хлопцаў, а Тася ўжо спала з маткай. Перакладваючы малую да бабкі, ён заўважыў — яна трымае нешта. Расшчаміў кулачок, а з яго выпала фасолька...

Прасіцца ў немцаў?.. Ліха іх бяры, дзеля дзяцей трэба застацца жыць...

— Шнэлер, гунд! — Гофман стукнуў яго ў плечы кантам акутага прыклада, а ў голасе пачулася такая варожасць, што ў Грыцука прапала ўсялякая надзея.

Цяпер ён не прасіў бы літасці, калі б расстрэльвалі і цэлую сям’ю,— усё роўна дарэмна. Калі Грыцук набліжаўся да паказанага месца, сэрца яго абліваў халодны страх.

Брумель пабег наперад. Вось ён спыніўся і з маўклівай згоды обера пачаў крэсліць ботам на мяккай зямлі квадрат: два метры на паўтара.

Ліке падвёў Грыцука і загадаў:

— Гір грабэн! Лёс!..

У обера злосць паволі праходзіла. Яму гэты мужчына станавіўся нават сімпатычны. Чалавек так спакойна і незалежна ўзяўся капаць сабе магілу, як гэта адно рабілі французскія камуністы перад расстрэлам, што паказвалі ў кінахроніцы. А як гэты мужык схапіў загрудкі выскачку Брумеля?! Гэтаму чалавеку тут можна паставіць помнік — Ліке лічыў сябе культурным чалавекам, паважаў гордых і смелых ворагаў.

Але обер-яфрэйтар быў перапоўнены пачуццём абавязку, а сімпатыі да гэтага селяніна былі не такімі моцнымі, каб адпусціць яго. Ліке быў цвёрда перакананы — перад ім сапраўдны вораг, а вораг мусіць быць бязлітасна знішчаны, гэта ясна. Нечуванае нахабства! Што атрымаецца, калі кожны паршывы славянін пачне кідацца на нямецкага салдата з кіем?! Толькі кулю і бізун заслужваюць гэтыя насякомыя, адно так можна іх выхаваць і прыручыць, каб былі нам карысныя!

Пра тое, што Брумель мужчыну абразіў, Ліке і не ўспомніў: па цвёрдым перакананні обера, не мог той пратэставаць, хто на гэта не меў права.

Аднак, обер-яфрэйтар быў ужо часткова задаволены і ранейшай злосці да чалавека не адчуваў. Цяпер ён мог бы нават выканаць яго апошняе пажаданне, паказаўшы сваю велікадушнасць: завязаць яму вочы перад расстрэлам, даць пакурыць цыгарэту ці чаго-небудзь напіцца, але не было часу. Ды і з падворкаў за імі напружана сачылі дзесяткі пар вачэй. Не то што Ліке іх вельмі баяўся, але хацелася хутчэй скончыць гэты спектакль.

Недалёка ад іх пасвілася прывязанае да коліка пярэстае цяля. Устрывожанае крыкам, яно падняло сваю вільготную мысачку і нявіннымі вачыма здзіўлена глядзела на людзей ды пускала сліну.

«Цікава, пра што яно думае?» — спытаў сам сябе Ліке, але зараз жа выкінуў гэта з галавы.

Яму здалося, што ў яго цяпер вельмі маляўнічы выгляд. Усё яшчэ адчуваючы на сабе напружаныя позіркі вясковых людзей, Ліке нагнуўся да мяжы, сарваў васілёк і панюхаў. Знаёмы з дзяцінства пах... Эх, каб убачылі яго ў гэткай ролі родныя!.. Фэрфлюхтэ, як шкада, што не захапіў фотаапарата, атрымаўся б цудоўны здымак!.. Ладна, наступны раз будзе разумнейшы... Хацелася есці. Мабыць, даўно пара абедаць. Каторая гадзіна?

Обер па звычцы зірнуў сабе на руку, але там бялеў незагарэлы след ад раменьчыка. Адно цяпер ён успомніў, што збіраўся ехаць у ваўкавыскае гета к яўрэю па адрамантаваны гадзіннік — жыць без яго нельга. Ваўкавыск побач, вярнуўшыся ў Ізабелін, абавязкова папросіць у лейтэнанта дазволу, толькі змазаць трэба будзе заднюю вось у веласіпедзе, нешта заядае.

Ліке ўявіў сабе, як вяртаецца ў гарнізон. Дакладвае па форме амтскамісару пра выпадак, кладзе на стол планку. Амтскамісар з той няўлоўнай ваеннай грацыяй і спрытам, якія былі ўласцівыя толькі Вернеру, падносіць да казырка руку і ўхваляе яго ўчынак. Затым з маўклівай павагай сустракаюць яго астатнія: пакуль яны адсыпаліся, яму ўдалося знішчыць таго, хто кінуўся на нямецкіх салдат з кіем. Такі потым ліха ведае што мог бы натварыць — поезд узарваць ці машыну!.. Зайздрасць сяброў для Ліке — проста шчасце. Ён цэлы дзень ходзіць з узнёслым настроем. Вернер абавязкова пусціць яго ў Ваўкавыск. У Даніі ён з сябрам злавіў яўрэя, то яны атрымалі па тыдню пабыўкі... Вярнуўшыся вечарам з ваўкавыскага гета, ён сядзе пісаць дамоў. На гэты раз будзе што апісваць. Але ж як гэта ён не захапіў апарат, паслаў бы заадно і фота, доннэрвэтэр!..

Тым часам Гофман, трымаючы карабін напагатове, умудрыўся разглядаць сябе ў люстэрачка з фатаграфіяй дзяўчыны ў купальніку і, здавалася, нікога больш не бачыў. А Брумель, прычасаўшы мокрыя валасы, пачаў церці ўджаленае месца. Гэта не дапамагло, таму ён выцягнуў з похвы плоскі штык і паспрабаваў прыкласці да патыліцы халоднае жалеза.

А Грыцук усё так жа моўчкі капаў яму.

Вось і жоўценькі пясок. Рыдлёўка прывычна ўлазіла ў мяккую вільготную зямлю, і чалавек рытмічна выкідваў яе наверх. Ад таго, што з вёскі глядзелі людзі, яму было як бы лягчэй. З імі яго яднала варожасць да немцаў і ўпартая зацятасць. Гэтае пачуццё было магутным, у ім ён бачыў працяг сваёй сутнасці, якая мала мела адносін да таго, будзе ён жыць ці не. Толькі часамі ў яго ад страху млела цела, аднімаліся ногі, перасыхала горла, і чалавеку многа каштавала, каб не выдаць сябе.

Халаднаватая і вільготная яма была ўжо яму па калена.

Грыцук раптам спахапіўся, што ў яго зусім мала часу. Няўжо так і не ўбачыць нікога са сваіх?! Баючыся, што не паспее пра ўсё нават падумаць, ён пачаў ліхаманкава ўспамінаць. Перад вачыма паўстала Галя — яна абнімае дачку.

«І трэба ж было мне на яе так напаследак накрычаць!» — папракнуў ён сябе.

Пад ногі шлёпнулася жаба. Грыцук падчапіў істоту на рыдлёўку, узяў у жменю і пусціў на раллю. Упершыню да гэтага стварэння не паспытаў агіды і адчуў, якое халоднае, моцнае і трапяткое ў яе цельца...

Ад хутара, выбіваючыся з апошняй сілы, цяжка бегла маці. Убачыўшы яе, Грыцук адчуў аблягчэнне і надзею. Зямлю стаў выкідваць павальней.

 

8

Сына старая ўжо застала ў яме па пояс.

— Пано-очку, за што-о вы яго?! — кінулася маці к Брумелю і ўпала перад ім на калені.

— Вэг! — вызверыўся салдат, запіхваючы штык у похву.

— Што ж гэта ро-обіцца?! Пашкадуйце вы хоць мяне-е — ён адзіны ў мяне, адзінае ў мяне дзіця!.. І ў вас недзе ж таксама е мацяркі!.. Сын мой пагарачыўся, так з кім гэта не бывае!.. Не пралівайце нявіннай крыві, дзеці, што вы ўзду-умалі?!

Раззлаваны салдат накіраваўся да старой і замахнуўся на яе падкутым ботам. Грыцук выскачыў з ямы. Гофман і Ліке кінуліся яго пераняць.

Калі старую з рассечаным тварам жанчыны адвалаклі на бліжэйшы падворак, Брумель ужо пра яе забыў. Але жанчына крычала на яго і адтуль:

— На, на, антыхрыст, страляй і ў мяне!.. Каб ты свету не бачыў! Вылюдак няшчасны, хай праклятай будзе твая маці, такога нарадзіўшы!.. Пусці, Тэкля, я яму слепакі выдзеру, сіла ў мяне шчэ е-е!.. Я задушу гэтага гада, пусці, Тэклечка!..

— Сціхніце, мама!.. Прыйдзе час і на іх! — крыкнуў ёй сын.— Даглядайце дзяцей з Галяй!..

— Швайгэн! — абрынуўся на яго Ліке.

Гофман выбіў нагой у Грыцука рыдлёўку.

 

9

Грыцуку загадалі павярнуцца тварам да ямы. Брумель прыставіў яму рулю карабіна да вуха.

Жанчыны і дзеці на падворках залямантавалі.

— Бах! — у сухім паветры грымнуў стрэл, чалавек асунуўся ў яму.

З гумна ўзняліся вароны. Цяля парвала вяроўку і, задраўшы хвост, панеслася да рэчкі.

Людзі прыціхлі і пахаваліся.

Брумель паклікаў да ямы сяброў, і яны ўсе хвіліну глядзелі ўніз. Затым немцы накіраваліся да дарогі.

Буднік заўважыў, што ішлі яны бадзёра, а ў іхніх вачах з’явілася нешта новае: у іх свяцілася калі не радасць, то нейкая самаздаволенасць: пачуццё выкананага абавязку.

— Біттэ! — Гофман з паважаннем перадаў планку обер-яфрэйтару.

— Данке! — адказаў той, засаджваючы кавалак дрэва за папругу.— Абфарт!

Пералазячы праз жэрдку, немцы неяк занадта велікадушна запрасілі Будніка не адставаць, разабралі веласіпеды і паехалі не азіраючыся.

Але Буднік застаўся.

Да ямы пакуль што ніхто не падыходзіў. На гурбачцы жоўтага пяску там сядзела Грыцучыха. На каленях у звар’яцелай жанчыны ляжала сынава галава. Растрапаная, з рассечаным і акрываўленым тварам маці старанна вытрасала з абсмаленых сынавых валасоў пясок, скідвала з аголеных грудзей пілавінне, дзьмула ў крывавыя ямы вачніц, як дзьмуць малому на драпіны, і ласкава, цярпліва пыталася:

— Табе, сынок, баліць?.. Нічо-ога, Толічак, пацярпі!.. Хутка з Ваўкавыска вернецца татка з доктарам... А покуль што я табе загавару: лішай-лішай, агонь мяшай!.. Лішай-лішай, агонь мяшай!.. Цьфу, згінь, Ярыла!..

Амярцвелы Буднік доўга глядзеў на дзікі малюнак. Затым сеў на веласіпед ды націснуў на педалі. Ехаў і думаў: гэтага акупантам ён не даруе ніколі.


1962-1977

Тэкст падаецца паводле выдання: Карпюк А. Свежая рыба : Аповесці і апавяданні. Мн.: Маст. літ., 1978. - 368 с.
Крыніца: скан