epub
 
падключыць
слоўнікі

Аляксей Карпюк

Бабка і шафёры

Спатрэбілася чагосьці старой у суседнюю вёску. З транспартам цяпер проста, і пешшу ходзяць мала. Бабка затрымала саўгасны аўтобус і едзе. На жаль, машыне трэба неўзабаве зварочваць.

— Дзякую богаві, мой саколік, што ты хоць крыху падвёз мае старыя косці! — кажа яна шафёру, нязграбна выбіраючыся з аўтобуса.

Маладому хлопцу хочацца парысавацца перад пасажырамі. Ён па-блазенску дзівіцца:

— То каму ж ты, бабка, дзякуеш? Хто цябе вёз — бог ці я?

У аўтобусе смяюцца.

Тэпае пакрыўджаная старая далей, але больш машын не затрымлівае.

Старую даганяе аўтобус з санаторыя. Шафёр не нацешыцца сваім новенькім «рафікам». Яму яшчэ не абрыдла падбіраць па дарозе ўсіх, без разбору. Убачыўшы бабку, хлопец спыняе машыну сам:

— Садзіся, бабка!

Прыязджаюць на месца. Бабка на гэты раз выбіраецца з аўтобуса моўчкі.

— От некультурная старая! — лаецца шафёр.— Нават не падзякавала! У-у, ведзьма, баба-яга! Каб я другі раз такую браў — хай на мятле ездзіць!


1962-1967

Тэкст падаецца паводле выдання: Карпюк А. Свежая рыба : Аповесці і апавяданні. Мн.: Маст. літ., 1978. - 368 с.
Крыніца: скан