epub
 
падключыць
слоўнікі

Аляксей Карпюк

Бабуля

У аўтобус пнецца з кіёчкам сагнутая старая кабеціна. З тратуара бачыць яе намаганні малады рослы сержант. Ён падлятае, бярэ старую на рукі ды лёгка і беражліва ўносіць, як малую, у машыну, прыгаворвае:

— О-о, та-ак, бабуля, та-ак! Цяпер мы вас сюды паса-адзім ля акенца, а кіёчак тут во пастаа-авім, і вы сабе памаленьку паедзеце! Ну, бабулечка, шчасліва!

Зрабіўшы добрую справу, сержант спрытна выскоквае на тратуар, пнеўматычныя дзверы зачыняюцца.

Аўтобус ужо едзе. Пасажыры жыва абмяркоўваюць выпадак ды кажуць, што вось якія трапляюцца добрыя маладыя людзі, а то іншы, зараза, не толькі не паможа, не ўступіць месца, а шчэ табе і папіхне старога чалавека.

Не прымае ўдзелу ў размове толькі старая; цьмяныя вочы яе глядзяць некуды ўдаль, застылы твар — без выразу.

— Цётко, то чаго ж вы яшчэ такая нездаволеная? — звяртаецца да яе праз два рады нейкая маладзіца.— Ён жа вас на руках нёс, так культурна абыходзіўся, бабулечкай назваў...

У аўтобусе ўсе змаўкаюць і з чаканнем узіраюцца на старую.

— Э-э, мілая, чаго тут радавацца? — раптам адзываецца яна глухім і абыякавым голасам.— Каб гэта ён назваў мяне дзе-евушкай!..


1962-1967

Тэкст падаецца паводле выдання: Карпюк А. Свежая рыба : Аповесці і апавяданні. Мн.: Маст. літ., 1978. - 368 с.
Крыніца: скан