epub
 
падключыць
слоўнікі

Аляксей Карпюк

Бацька і сын

— Ідзі сюды, буду цябе лупцаваць!

— О-ёй, та-атачка, баюся!

— А я кажу — хадзі! Кладзіся!

— О-ой, міленькі, не трэ-эба!

— Сам не ляжаш? Дык я табе памагу! Шчэ і брыкаеш, упіраешся? Нічога не памо-ожа, пакладзём цябе сюды во та-ак!.. Ну, трымайся цяпер, шэльма, будзе табе зараз нямала!

— Ой, ой, родненькі!..

— А што «ой», што «ро-одненькі», калі ты гэтага заслужыў?! Я ж табе, паганец, пакажу цяпер за ўсё! Я нават не пагляджу, што ты такі худы! Ну, паехахалі — раз! два! тры!..

— О-ох! о-ох! о-ох! А та-атачка, а мі-іленькі, а ро-одненькі, ужо хо-опіць, не вы-ытрываю!

— А навошта кацячай бабцы акно мячом учора пабіў?!

— Я ж ненаро-окам, тата!.. Мішка Баксёр мяч падаў, а я...

— Шчэ і Мішку Баксёра сюды ўблытваеш? А двойку па англійскай ад мамы хто ўтаіў? На табе за гэта! на! на!..

— Уй-й, уй-й! Аж дыхаць не маю чым, так пячэ!.. Та-атачка, я не таіў, мамка сама не спытала ў мяне пра англійскую!.. Ой, не магу болей, не магу, не магу!..

— Не спыта-ала? А пяцёркай па фізкультуры нябось пахваліўся? Такі з цябе будаўнік камунізму расце?! Ах, хітрун ты. На! на! на! на!.. Павярніся на другі бок, шэльма, я з цябе блін зраблю!

— Ужо хо-опіць, не магу болей цярпець!

— Кажу — павярніся, я лепш ведаю, колькі табе ўсыпаць! О так! А на! а на! Будзеш болей хітраваць?

О-ёй! о-ёй! Чэснае піянерскае, не буду!

— Ладна, паверым! Тады злазь, чаго прыліп да лаўкі, як банны ліст?! А зараз на, сячы мяне!.. Што ты мух ганяеш, добра лупцані, каб аж скура ў бацькі сшорхла!.. Мацней, кажу, яшчэ! яшчэ! яшчэ!.. Ну, пастарайся!..

— Я стара-аюся, тата!..

— А ты яшчэ націсні, сын! Бі свайго бацьку, не шкадуй яго, абармота! Бі за тое, што мала табой займаецца, не карае цябе!.. Што адзіны раз зайшоў у тваю школу і то пераблытаў класы — не ведаў, у якім займаецца сын, бачыў ты такога? Бі, што ў рэйсах доўга затрымліваецца і мамцы мала памагае!..

— Я б’ю, тата!.. Толькі мне стра-ашна, ты ўвесь бурачковы!..

— А ты не бойся — так яму і трэба!.. О так яго! та-ак! та-ак!.. Ніжэй, ніжэй лупі яго, не шкадуй і не лянуйся!..

— Я не лянуюся, тата!..

Праз паўгадзіны я іх убачыў ужо ў вестыбюлі. Вялізны і няўклюдны, як мядзведзь, дзяцюк з мокрымі валасамі прадзіраўся праз чаргу і вёў дзевяцігадовага хлопчыка са стрыжанай галавой. Яны былі так задаволены сабой, што нічога навокал не заўважалі. Малы ў сетачцы нёс голы дзяркач — усё, што засталося ад бярозавага веніка, каб на мокрыя дубцы падзівілася мамка ды ўявіла сабе, як мужчыны яе адзін аднаго лупцавалі. У распаранага на кроў з малаком хлопчыка блішчалі ад шчасця вачаняты; ён, бы на вежу, задзіраў на бацьку галаву ды з захапленнем пытаўся:

— Уй-й-й, та-ата, як ты церпіш такую пару?! Я на тры паліцы ніжэй ляжаў, і мне аж у вухі пякло!..


1962-1976

Тэкст падаецца паводле выдання: Карпюк А. Свежая рыба : Аповесці і апавяданні. Мн.: Маст. літ., 1978. - 368 с.
Крыніца: скан