epub
 
падключыць
слоўнікі

Аляксей Карпюк

Балада пра вавёрачак

Гэты дом творчасці размясціўся ў сасновым бары.

Некалькі гадоў таму назад яго дырэктарам стаў дзейны адстаўнік, які меў сабе макулу* — разводзіць вавёрак. У сваю макулу чалавек уклаў шмат энергіі ды сэрца, абараняючы першых звяркоў ад браканьераў ды катоў, покуль яго падапечных не распладзілася столькі, што яны стварылі адпаведны экалагічны мікраклімат са сваёй сістэмай сігналізацыі і ўжо нават аб ежы клапаціліся самі.

З той пары для ляснога будынка, які носіць імя народнага пісьменніка, настала як бы новая эра — хто б у ім ні жыў, адразу трапляў пад чары хвастатых істот.

Знайшліся людзі, што з-за рыжанькіх звяркоў нават пуцёўку бралі не на мора, а ў гэты дом творчасці.

Дзеці і ўнукі пісьменнікаў знайшлі радасную забаву — частаваць вавёрачак арэхамі.

Вядомая аўтарка, назіраючы за жвавымі стварэннямі праз акно, напісала некалькі апавяданняў.

Другі аўтар прынадзіў іх да сябе на веранду і ў выніку — вавёркі далі яму тэму на цэлую кніжачку...

Раптам у доме замянілі дырэктара. Памянялі і загадчыка гаспадаркі. Ім стаў малады энергічны хлопец, якому — што там дом творчасці! — першым чынам захацелася паказаць сябе ў вачах дзяўчат, якія загаралі ля рэчкі. Дзеля гэтага хлопец не прыдумаў нічога лепшага, як справіць сабе з вавёрчыных шкурак... плаўкі.

На незвычайную абнову заўгасу пайшло адзінаццаць звяркоў, і, кажуць, эфект на пляжы быў каласальны.

Тады загадчык гаспадаркі з такога ж матэрыялу вырашыў пашыць і куртку.

Не хачу затрымліваць увагу чытачоў падрабязнасцямі, як малады гіцаль лавіў звяркоў і які ў яго потым быў выгляд — з магнітафонам ды ў рыжай куртачцы з дваццаццю пяццю вавёрчынымі хвосцікамі. Скажу толькі, што ўсё гэта рабілася на вачах перапоўненага дома творчасці.

Зрэшты, нагаворваць лішняга на людзей не стану, жыхары слаўнага дома ўсім гэтым абураліся.

Аўтарка некалькіх апавяданняў пра вавёрак мелася ўжо нават ехаць у горад, каб паскардзіцца на гіцля ў Саюз, але якраз у машыне заставалася мала бензіну ды адпачынак у гэтым годзе яна мела кароткі. Яна пашкадавала траціць цэлы дзень немаведама на што ды псаваць сабе настрой.

Аўтару ж кніжачкі пра вавёрак жонка не дазволіла думаць пра тое, што рабілася за сценамі, бо пры хваляванні ў яе мужа павышалася кіслотнасць, здавалі нервы, а прафесар ёй казаў, што клеткі нерваў болей не аднаўляюцца. Жонка ледзь уталкавала яму, што надта смешна рабіць дабро кожны дзень, яшчэ нават — і ў час адпачынку; жыццё чалавека даражэйшае за нейкіх там смярдзючых катоў, сабак ці нават — вавёрак!

Толькі афіцыянтка Зіна спрабавала дзейнічаць.

Бачачы, як загадчык гаспадаркі вынішчае апошніх вавёрачак, а ніякія ўгаворы на яго не дзейнічаюць, Зіна спадарожным «рафікам» адправілася ў Саюз, каб паскардзіцца на сучаснага варвара.

У горадзе, на жаль, афіцыянтка нікога не застала. Дзяжурны сакратар Саюза ў той дзень, кажуць, быў якраз на пасяджэнні Камітэта па ахове прыроды.

* Гэтае слова ў маёй вёсцы азначала тое самае, што англійскае «гоббі».


1962-1977

Тэкст падаецца паводле выдання: Карпюк А. Свежая рыба : Аповесці і апавяданні. Мн.: Маст. літ., 1978. - 368 с.
Крыніца: скан