epub
 
падключыць
слоўнікі

Аляксей Карпюк

Белая Дама

ЧАСТКА ПЕРШАЯ
  Раздзел першы
    Нячыстая сіла і яе хеўра
    Дзіва на Купалле
    Прывід у манастыры і галасы на стадыёне
    Прывід усплывае зноў
    Таямніца сімпатычнай манашкі
    Новыя звесткі пра Белую Даму
    Тлумачэнне цёткамі нячысцікавых фігляў
    Чалавек у чорным дае сястры Ганне вестку
    Сястра Сафія дае адпор
    Асколачкі чалавецтва і бязлітасны свет
  Раздзел другі
    Жахлівы скарб і некампетэнтны прафесар
    Два разы праз тую самую рэчку не пераходзяць
    Лагер ваеннапалонных у Бяла Падляска
    Крывавыя гульні
    Бунт смяротніка і расправа
    Сумныя разважанні аб лёсе нашага салдата
    Тэорыя аўтара не знаходзіць пацвярджэння
    Так яно і не зусім так
ЧАСТКА ДРУГАЯ
  Раздзел першы
    Старажытныя муры зноў адкрываюць скарб
    Як адлюстроўваць даўнія часы?
  Раздзел другі
    Хто такая аўтарка і яе келля
    Кацярынін дом, радня і быт
    Першае ўпамінанне пра чары і вядзьмарак
    Бацькі і тагачаснае выхаванне
    Аднакашнікі брата і зноў вядзьмаркі
    Кацярынін шлюб
    Матчыны старанні і надзея
    Змаганне за сына і палон
  Раздзел трэці
    Яе сын — «вечна малады»
    Нават мой Стэфан праслязіўся
    Фрасанюкова і пра тое, як пазнаюць вядзьмарку
    Інфармацыя Фрасанюковай і роздум Кацярыны
  Раздзел чацвёрты
    Галгофа
    Сяброўка. Будні паланянак
    На месцы. Першыя экзамены
    Гандаль жывым таварам
    Сумота па дому
  Раздзел пяты
    Успаміны, успаміны...
    Арабскае вяселле
    Два сябры
    Упарты дзядзька Герасім
ЧАСТКА ТРЭЦЯЯ
  Раздзел першы
    Гаспадарлівы Яўхім
    З-за чаго да Ганны Рыгор прыходзіў і жабы рахаталі
    Пра тое, як Ганна збіралася на той свет
    Лячэнне
    Вердыкт арабскага доктара
  Раздзел другі
    Першае ўпамінанне пра галернікаў
    Хто такі Стэфан Валковіч і Мустафа з пітонам
    Падслуханае
    Садык-бей і яго дабрата
    А ў гэты час на судне...
    Змоўшчыкі
    Бунт галернікаў
    Апошняе спатканне з нявенчаным мужам
    Эйфарыя першай перамогі
  Раздзел трэці
    Выгляд старажытнага горада з акна кляштара
    Ашалелая стыхія
    Пасля буры
    Разважанні паланянкі пра боскую мудрасць
    На лодцы
    Каб не адчуваць голаду, самі сабе загаварваюць зубы
    Зноў на беразе
    Уратаваныя
ЧАСТКА ЧАЦВЁРТАЯ
  Раздзел першы
    Мядовы месяц у Рыме
    Дамоў
    На радзіме
    Бяздумныя выдаткі
    Рыхтаванне да прадаўжэння роду
    Боская кара
    Провады рыцара на вечны спачын
  Раздзел другі
    Разгульны мужанёк
    Першы суд і пакаранне
    «Не дасі яму памерці, то ён...»
    Пакаранне былога мужа
  Раздзел трэці
    На валасок ад смерці
    У чаканні
    Падрыхтоўка да смерці
    Зноў уратаваная
  Раздзел чацвёрты
    Цяга па родным кутку
    Да родных каранёў
    У гасцях у дзяцінства
    Канец


 

ЧАСТКА ПЕРШАЯ

 

Раздзел першы

 

Нячыстая сіла і яе хеўра

Мне сказалі, што ў былым уніяцкім кляштары з’яўляецца прывід. Але я, вядома, адно пасмяяўся. Бо меў на гэта падставы. Хопіць, рознай дурноце верыў у дзяцінстве.

Пра аднаго чорта-нячысціка колькі наслухаўся ды пападрыжэў.

Звычайна прыкідваўся ён бараном. Прадаўшы парсюка і накупіўшы поўны палукашак падарункаў, ехаў, напрыклад, дзядзька з Бераставіцы дамоў па Алекшыцкай грэблі, і раптам да яго з кустоў тоўсценькі, кучаравы ды чорны як смала, звітны баранчык — шмыг! Фурман той адразу — гоп з воза.

«Базя, базя, ба-азечка!..»

Баранчык не надта ўцякаў, але і ў рукі не даваўся.

Канчалася нечаканае спатканне заўсёды аднолькава. Дзядзька раніцой, ушчэнт скусаны камарамі, прачынаўся на багне каля Свіслачы па пахі ў вадзе. Прадраў вочы і бачыць — у руцэ ў яго замест чаркі шышка яловая, воз па самыя восі ў дрыгве, а ў бліжэйшай вёсцы пеўні кукарэкаюць. Ад падарункаў у палукашку — ні следу. Згаладнелы конь з заблытанымі нагамі паныла абгрызае лазу ды звоніць цуглямі. Недзе далёка галёкае сыч ды ўзрадавана стракочуць сарокі.

Калі ж я набраў столькі гадоў, што і за дарослымі пачаў заўважаць грахі, з’ява разгадалася вельмі проста. Дзядзька, вядома, быў удрыз п’яны — тоўсценькія баранчыкі лайдаку мроіліся.

А над усё мяне ўражвала, што на страту падарункаў абуралася не кожная жонка. Смейся з іншай колькі сабе хочаш, а маладзіца ўпарта цвярдзіла сваё — суджанага добра ведае. Ён чулы бацька і залаты муж, яшчэ і руплівы гаспадар. Але ж надта даверлівы — бы іншае дзіця, таму паддаўся, дурань, на зман.

У багну завалок яго, вядома, чорт: усе ведаюць, гэтыя нячысцікі для сваіх хітрыкаў балоты ды багны і трымаюць. П’янага ў такім месцы адразу і падхопяць.

Нячысцік чалавека мог тыцнуць носам у дрыгву ды ўтапіць альбо яго ўласнай папругай павесіць на суку. Вядома, цвярозы чалавек здагадаўся б перахрысціцца, на гэтым усё і скончылася б, але ж ці п’яны такое змікіціць? П’янаму і ў галаву не прыйдзе. Яшчэ дзякуй богу, што хоць так абышлося — магло быць куды горш. Трэба мужыка зараз жа везці да знахаркі — чары знімаць.

Нячыстая сіла мроілася многім.

Ноччу, каб вартаваць вёску, некаторыя мужыкі нават надзявалі кашулі навыварат, а жанкі іншым у кішэні піхалі высушаныя карэнцы дзягілю, ляшчыны, чартапалоху, бо адно тады нячысцікі не могуць нічога кепскага зрабіць.

Затое тыя вартаўнікі «на ўласныя вочы бачылі», . як чэрці бедным перастаўлялі калодзежныя журавы, як, пырскаючы іскрамі, свавольна рагочучы, бытта іх пад пахамі хто казытаў, выляталі рагатыя ў багацеяў праз комін, ад чаго ў вартаўнікоў так звінела ў левым вуху, што людзі глухлі.

Чаго іх туды д’ябальская сіла перла, спытаеце?

Насілі багацеям мяшкі золата.

Ад няшчасных удоў, мацярок ды сіротак збіралі ў катлы слёзы, ад касцоў ды аратых — пот, далівалі чалавечай крыві, насыпалі пялёсткаў з балотнай лотаці. Пераварвалі ўсё гэта, старанна перамешвалі, і атрымліваліся ў іх жоўтыя манеты.

Потым тое золата і сыпалася багатым з печаў на падлогу — яшчэ гарачае, аж дымілася! Толькі дай яму крыху астыць ды падбірай. А не можаш чакаць ад нецярпення, спрабуй вызбіраць манеткі праз палу...

Бабкі малявалі, як неахвотна, скрыгічучы зубамі ды скуголячы, бы пабітыя сабакі, нячысцікі выходзілі з хворых, калі знямоглага чалавека крапілі свянцонай вадзіцай ды шапталі над ім «Верую». Яшчэ тады нават вятры ўздымаюць, маланкі бліскаюць ды перуны смаляць.

Наслухаўся я і пра Мацер Божую з Ісусам Хрыстом, што з'яўляліся перад старымі, калі тыя пасвілі ў начным коней альбо з маткамі лыка прадзіраліся праз хвойнік.

Урэзаліся ў душу апавяданні пра хітрых вужоў, якія быдла даілі, а ў той момант луска на іх гнуткіх целах са слізглай скурай пералівалася сталёвым бляскам.

Наслухаўся пра агідных рапух, што ранкам выпаўзалі з нораў і з вымяў тых самых красуль высмоктвалі малако — усё да кроплі.

Ледзянела, абмірала сэрца, будзіла фантазію падрабязнасць пра папараць-кветку.

Гэта падзея сваёй вобразнасцю зацьмявала ўсё.

 

Дзіва на Купалле

У Святаянскую ноч сярод змрочнага пошуму лістоты і еркатання ваўкалакаў хмары раптам чырванелі ад жару, а ў збажыне заміралі з перапуду дзеркачы.

Узнімалі сык мядзянкі ды яшчарыцы.

Працяжна пачыналі гукаць совы.

Сіпла шапталі зеленавокія ўпыры-пераверацені.

Штосьці бармытала Баравая Цётка.

Ярка пачыналі мільгаць светлячкі ды зіхацець залатыя ражкі на кароне Змяінага цара.

Спалохана кідаўся ў цемру белы лунь.

Панічна несліся некуды кажаны.

Кляшчы ды павукі ў кары старых сосен узнімалі шолах, забіваючыся, чым глыбей, у шчыліны.

Моўклі ад страху цвыркуны.

Сарокі з варонамі ўзнімалі дзікі вэрхал.

Бурлілі халодным і светлым хмелем рэчкі.

Зеленавокія ведзьмакі, у якіх кроў сіняя, адлівалі сінім колерам.

Дрэвы нават саскоквалі са сваіх пнёў, збіраліся да гурбы ды адзін раз за ўвесь час чалавечымі галасамі выкладвалі адно аднаму свае крыўды.

Ядлоўцы дробненькімі галаскамі сварыліся з соснамі, што тыя засцяць ім сонца.

Дубы басам нападалі на асіну-лайдачку, што не мае ні шышак для вавёрак, ні жалудоў дзікам, ні ягад на лякарства людзям, а толькі шапялява балбоча дзень і ноч лістотай, з-за чаго ні адна птушка не адважваецца на ёй нават гнязда віць.

І ўсе дружна вымаўляюць елкам: хітруні вельмі плытка пускаюць свае карэнні, з ляснога чарназёму выбіраюць найбольш пажыўныя ды смачныя сокі.

А ў гэты час баранчыкі з адрэзанымі галовамі скакалі дрэвам да крон і пырскалі на іх бруснічным сокам.

Вядзьмаркі, агірачыўшы мётлы, адна за адной перліся да Лысай гары1. Лясун на старым воўку з высалапленым языком сігаў за імі праз кусты. Упалыя яго бакі ад худобы змакрэлі, а з языка адвальваюцца шматы пены. Звер толькі цяжка дыхае ды бліскае зялёнымі слепакамі.

Змеі з адмысловымі выкрутасамі кідаюцца ў абдымкі ды цалуюць адна адну у джала. На Змяіным цару ад радасці ўся луска адлівае цёмным бляскам.

Над лесам стаіць галас, скрыгат, стогн, плач і лямант.

У азёрах гучаць званы затопленых гарадоў...

Цягнецца такая какафонія да самага ранку. А калі толькі пачне сутанец і ў неба выгляне цьмяны рог месяца — на вёсцы пракрычаць першыя пеўні. Тады ўсяго землятрусу як і не было. Ужо толькі чуваць, як у халаднаватай цішы расце трава, поўзаюць казурка тонкім серабром дзенькаюць крыніцы, ацяжалелая збажына адлівае сізай расой, рэшткі якой — усю да кроплі — уцягнула з поля пыльная глеба, ды ўсё выразней відаць, як на ўсходзе сонца раскідвае свой залацісты веер.

З тых маляўнічых ды жудасных гісторый да сённяшняга дня засталіся актуальнымі для мяне хіба што апавяданні старых пра фосфарныя агеньчыкі, што ноччу часамі мільгаюць на могілках. На маю думку, з’ява такая мае матэрыяльнае абгрунтаванне, бо старыя, напэўна, назіралі самае звычайнае разлажэнне арганічнага рэчыва ды выхад газаў ад хімічнай рэакцыі. Усё ж астатняе даўно стала прыгожым і рамантычным, часамі вельмі ж наіўным фальклорам. Таму зараз, пачуўшы пра неверагодную гісторыю са з’яўленнем здані, прыняць яе ўсур’ёз і не падумаў. Толькі сам сабе адзначыў:

— Яшчэ адна байка пра белага бычка.

Не спадзяваўся, што банальная казка прымусіць потым добра паламаць галаву, што з-за яе давядзецца кідацца ў роспыты і сляпіць вочы над рэшткамі старажытных дакументаў з сівымі легендамі маёй Наднёманшчыны, што за гэтымі размовамі хаваецца надта ж заблытаная чалавечая трагедыя і скончыцца ўсё для мяне пакутлівым пісаннем гэтай кнігі.

А пачалося ўсё вось як.

 

1 Бываючы зрэдку ў сваім Страшаве, кожны раз за сабой назіраю заўсёды тое самае.

Нейкая магутная сіла мяне там піхае на край поля, за хату хроснага бацькі Аўдакіма Парэмскага. Адбіваючыся ад камароў, лезу там на Лысую гару ды адчуваю, як кожная клетачка майго цела, кожная малекула ва мне бытта пачынае гаварыць пра даўніну. Адразу зашчыміць маркотна сэрца. Раблюся ўжо сур’ёзным ды дзіўлюся, як праз такія быліцы ўсім сваім філагенезам я навечна з’яднаны з продкамі, з гэтымі камарамі, з хвойнікам, лесам ды тарфяніскам, якое ад гары распасціраецца да Гарадка, Міхалова, Меляшкоў і, напэўна, злучаецца з Палессем. А забраўшыся на гару, я там усё шукаю і шукаю слядоў шабашу тых вядзьмарак.

Я — матэрыяліст і адукаваны чалавек, дасканала ведаю, што да чаго, але з’яўляюся ў Страшаве наступным разам і з такім жа хваляваннем зноў лезу на Лысую гару...

Прывід у манастыры і галасы на стадыёне

Крочыў я ў той дзень па Замкавай вуліцы. Стаяла ціхае лета. На Савецкай плошчы якраз цвілі таполі. Белыя кудзелькі напаўнялі паветра, лезлі ў вочы, забівалі нос, спараджаючы ленасць і курортны настрой. Перад вачыма так і паўставаў заліты сонцам жоўты пляжны пясочак, абхазскія пальмы ды марская сінега.

Каля жаночага манастыра трапіўся насустрач заклапочаны Грыша Ламака. Працаваў ён у медінстытуце па гаспадарчай частцы. Мы з ім партызанілі ў адным атрадзе і лічыліся даўнімі сябрамі.

— Рыгор, паглядзі! — павітаўшыся, кіўнуў я на сумёты далікатнага, як белае павуцінне, рэчыва. Ветрык нагнаў кудзелек яшчэ і ўздоўж тратуараў, утвараючы за бардзюрчыкамі цэлыя сумёты.— Ведаеш, таполя, аб чым нядаўна я вычытаў, б’е ўсе рэкорды па колькасці насення ад аднае расліны: 28 мільёнаў зярнятак запакавана ў пуху аднаго дрэва, можаш сабе ўявіць? Во клопат аб нашчадках, во страхоўка! І ён, мабыць, цёплы!

Я нагнуўся, зачарпнуў жменькай пухкага рэчыва ды спрасаваў у камячок.

— Дакраніся — нават гарачы! Праўда, праўда, гарачы! Нездарма пажарнікі яго не любяць! Во — цуд прыроды, а ты смурны! Чаго нос на квінту павесіў?

— Ат! — адмахнуўся сябар.

Змрочны будыначак жаночага манастыра з трыма цыбулінамі купалоў ужо на сабе крыжоў не меў.

Ламака кіўнуў у яго бок:

— Чуў, нядаўна закрылі.

— І, кажуць, раней быў уніяцкі.

— А я не надта разбіраюся, у чым розніца. Толькі ведаю, што пры уніятах установы такія называюцца кляштарам, а ў праваслаўных — манастыром.

— Ха, я нават і гэтага не ведаў — дзякуй за інфармацыю!

— Во-во, дылетанты мы абодва.

— Але, ты бачыш, захаваўся аж да нашых дзён! Колькі страсцей недзе кіпела вакол яго, колькі з ім людскіх лёсаў звязана,— усё мінула, а ён стаіць!

— Адслужыў сваё і ён.

— Адслужыў.

Хвіліну мы памаўчалі. Я спахапіўся, што сябар мае яшчэ нешта сказаць.

— Закрылі, і што?

— Гэта табе бяда малая!

— Хіба табе — не?

— У тым-та і справа. Разумееш, для інстытуцкага інтэрната атрымалі мы дваццаць келляў. Вузкіх. Змрочных. Халодных. А яшчэ ў дадатак — сыраватых, бо ізаляцыі на фундамент калісьці не здагадаліся манашкі пакласці. Як яны ў іх жылі — алах адзін ведае. Уявіць сабе нават страшна, што ў такіх канурках вутленькім жанчынкам даводзілася нават спаць — тыднямі, месяцамі, гадамі.

— К чаму ты гэта вядзеш?

— Слухай! Інстытуту набор у гэтым годзе павялічылі ўдвая,— куды падзець першакурснікаў? Гэтая праблема — на маёй галаве. І я пасяліў дзяўчат у келлі.

— Добра зрабіў.

— Ага! Ноччу дурніцам здалося, бытта ў памяшканні Белая Дама ходзіць, а за вокнамі нейкія коні тупочуць ды гігікаюць, шчэ й колы траскацяць. Камсамолкі, называюцца!

Ад яго слоў хацелася зарагатаць на ўсю вуліцу, ды якраз з гарадскога стадыёна даляцела дружнае:

«Го-о-о!»

Там наша каманда «Хімік» сустракалася з «Гомсельмашам». Выбух людскіх эмоцый быў такі магутны, што галасы, прабіўшыся цераз завесу з тапалінага пуху, перакаціліся магутным рэхам паміж дрэвамі, а з дрэў успырхнулі перапалоханыя галкі, якія дагэтуль млелі ў дрымоце на галінках.

Увагу Рыгора футбалісты адцягнулі толькі на момант.

— Валакуся ў інстытут ды ламаю галаву — што рабіць. Халера яго душу ведае...

«Го-о-о!»

Чалавек абурыўся:

— Цьфу, раскудахталіся на ўвесь горад, бытта работы іншай не маюць!

Сіла калектыўных эмоцый на стадыёне перадалася і мне. Тое, пра што Ламака расказаў, здалося яшчэ менш значным. Я без пераканання паспрабаваў сябру паспачуваць:

— Грыша, пакінь людзей у спакоі! Хай сабе павар’ююць, сёння ж — суббота!

— І то праўда.

— А ты, калі пачаў, то ўжо кажы ўсё да канца, не абрывай на самым цікавым месцы, бо ўнукі заікацца будуць, як у нашай вёсцы казалі!

— Шчэ як цікава. Слухай. Праз некалькі дзён з’ява паўтарылася — от што. Адная дзеўка апісала мне свае ўражанні гэтак: «Раптам паказалася перада мной, бы ў тумане, постаць. Высокая. Белая, як з батысту, сукенка на ёй аж да самых пятак фалдамі спадае. Не то ходзіць па калідоры, не то плыве, не то ляціць і трасецца, бы ад холаду, не то адбіваецца ад пчол ці камароў; на пальцах тады ў яе пярсцёнкі блішчаць — аж агнём гараць! Крокаў не чуваць — бы дух лунае! За сцяной якісьці лёскат касцяны і тупанне!.. Ад страху — ледзь не памерла!»

— Ха-ха-ха-ха!

— Во-во, пасмейся яшчэ.

— Ну і насмяшыў жа ты мяне! Ха-ха-ха-ха!

— Давай, давай, рагачы!

— Слухай, мо студэнтка ненармальная?

— I я падумаў спачатку гэтак. Прыглядаўся да яе з аднаго боку і другога. Пацікавіўся нават у яе асабовай справе. Разглядзеў даведку ад урачоў.

— Даведку магла ліпавую атрымаць!

— А што думаеш?

Праз хвіліну:

— Ды, ведаеш, калі б толькі той прывід адной паказаўся — тое бяды было б! Чалавек пяць апавядала!..

Мяне пачала разбіраць цікавасць:

— А-а, ты паглядзі!

Па нейкім часе сябар зноў:

— Ведаеш, сучасная моладзь — не нашае пакаленне. Масавы ў іх псіхоз ці якое ліха...

— О-о, мы ні чорта, ні д'ябла не баяліся, што праўда, то праўда.

— Во-во! Цяпер больш — маміных дочак і сыноў, якіх і камарык не ўкусіў. Але слухай далей. Адным словам, дзеўкі мае — у паніку кінуліся, ды яшчэ якую. За пару дзён усе да адной паўцякалі з таго інтэрната, разумееш? Некаторыя паадракаліся нават ад сваіх клункаў — серай, кажуць, прасмярдзелі наскрозь ды расплаўленым воскам. Іншыя і канспекты нават пакідалі, свае халацікі...

— Ха-ха-ха-ха!

— Табе смех, а...

«Го-о-о!!!» — зноў на высокай ноце заекаталі дзесяткі тысяч балельшчыкаў.

Але Ламака на екатанне стадыёна не зрэагаваў. Пачакаўшы, калі супакоіцца рэха, павёў далей пра свой клопат:

— І мне ламай зараз галаву. Перавесці туды з Замкавай вуліцы хлопцаў, ці якое ліха?

— О, і будзе справе канец!

— Ага! Пачні пераводзіць, а яны заўпарцяцца і перабірацца не стануць? Пойдзе разбірацельства, выявіцца, што ў нас пануюць яшчэ забабоны і цемрашальства, выхаваўчая работа з моладдзю слаба вядзецца, што атэізм не на вышыні! Рэктар за жабры возьме, што спараджаю яму канфліктную сітуацыю, а іх у нашым інстытуце хапае і так: рэктар толькі і ведае адбівацца ад правяральшчыкаў. То з нашага народнага кантролю едуць, то з мінскага, то з маскоўскага, то з міністэрства...

— Гм, прабле-ема! — паківаў я галавой ды ўспомніў: — А памятаеш, што было калісьці на вёсцы? Якіх толькі баек не прыдумвалі, асабліва бабы, чаго мы толькі не баяліся?!!

— Узровень ведаў у людзей быў адпаведны. Але ж цяпер — пры агульнай адукацыі спаткаць такое?

Сябар паціснуў плячыма:

— Халера ведае што тут прыдумаць.

Мяне раптам кранула здагадка. Выразна нагадаліся тыя самыя гісторыі з фосфарнымі агеньчыкамі. Агні бытта бы выходзілі з магіл ноччу. Мая бабуля, калі прыставаў да яе з роспытамі, тлумачыла з’яву гэтак:

«Як пачне чалавек у магіле гніць, то з яго выпаўзае слупок паветра — белага, бытта сінькай падсіненага. Бы ў тумане якім-небудзь чалавек тады перад табой маячыць, хістаецца ды трасецца як ад ліхаманкі. А пабяжыш ты — і ён за табой пасунецца. Колькі ні бяжы, а ён не адстае. Таму, калі ты ўжо, унучак, убачыш ГЭТА, то стой і — ні з месца, покуль не згіне!»

Поўная аналогія з апавяданнем студэнткі.

Яшчэ ў нас цвярдзілі, чэрці пры такіх агеньчыках грошы сушаць, якіх наадбіраюць за ноч у п’яных людзей.

П’яны мужык з суседняй з маім Страшавам — вёсачкі Бялявічы, адкуль мая маці, пачаў ад такого цяпельца нават прыкурваць. Але неўзабаве спахапіўся. Ураз ацверазеў ды — ходу. Прыляцеў дамоў і глядзіць — да люлькі яго рублі прыліплі! Узрадаваўся вельмі — зінгераўскую машыну купіў дачцэ ў пасаг і яшчэ нешта. Але шчасця дачка ўсё роўна не мела. Чаму? Бо бацька не здагадаўся крыж над агеньчыкам зрабіць.

— Слухай, Рыгор, гэта ж усё так проста! На падворку твайго кляштара-манастыра, відаць, нябожчыкаў хавалі. Напэўна, хавалі ды — не аднаго. Мо якраз з каторага ў той момант фосфар выходзіў, бы на вясковых могілках у нашых вёсках, як апавядалі старыя. От табе і ўвесь фокус!

Сябар пакруціў пальцам каля скроні:

— Часамі ты — не таго?

— Падумай!

— Шчэ раскажы мне байку пра курчавага баранчыка, што ў балоце лайдакоў валок, пра папараць-кветку раскажы, якая квітнее ў Святаянскую ноч!

— А ты не злуй! Чаму выпадку з фосфарам не магло быць? Магла і ў кляштары-манастыры такая падзея выдарыцца, як на могілках, гэта ж — банальна!

— Во-во, банальна, аж надта!

Ламака штосьці сказаў яшчэ, але новае екатанне стадыёна словы яго заглушыла. Сябар аж вылаяўся:

— А тыя заразы сваё!..

— Тады — твой клопат, ты і разбірайся, бо я — пас. Толькі паспачуваць магу.

— Усе вы так...

На гэтым мы і развіталіся. Пра смешны выпадак я пастараўся забыць, хоць гэта і было не проста.

Тупаў праз горад, а вясёлае здарэнне з галавы не выходзіла.

Пачало разбіраць і сумненне.

Вядома, цяперашнім дзяўчатам можа паказацца ўсё — які ў іх жыццёвы вопыт? Акселераты — дзеці яшчэ, што начыталіся танных кніжачак. Але ж і ў будынку, каторы прастаяў на скрыжаванні гістарычных падзей, сляды перажытага таіцца будуць ды напамінаць аб сабе яшчэ доўга, вылазячы часамі вось так на паверхню, каб напалохаць тых, у каго кволыя нервы.

Толькі — што можа ў такіх калідорах вылезці канкрэтнае, свет жа матэрыяльны, цяпер пра гэта ведае нават кожны піянер?!

Чаму Ламака не прымае версію «фосфару»? Менавіта такі кволы газавы «агеньчык» студэнтка — вясковая дзяўчына, носьбіт народных легендаў ды вясковых комплексаў — прыняла за жаночую постаць.

«Сукенка, як з батысту ці марлі... Бытта ад пчол ці ад камароў адбівалася...» — ігра фантазіі ў перапалоханага вясковага дзяўчаняці.

Цьфу, ліха на яго, як мы ахвотна часамі паддаёмся на зман. Бытта нявольнікі, а доказы ды сучасныя веды нам нішто.

 

Прывід усплывае зноў

Мінула гадоў з десяць. Нечакана тая самая Белая Дама пачала напамінаць аб сабе часцей.

Здарылася гэта так.

У разгары застою мяне раптам зрабілі дырэктарам музея гісторыі рэлігіі і атэізму, хоць адпаведных дадзеных для такой пасады я, напэўна, не меў. Нават Бібліі толкам не чытаў. Выгадаваны ў сям’і бязбожнікаў, да ўсяго, што звязана з культам, адносіўся паблажліва, як да дзівацтваў старых і хваробы пэўнай катэгорыі людзей — слабых характарам, пакрыўджаных лёсам. Адным словам, для новай пасады кандыдатурай быў не адпаведнай, але прыняць мяне прымусілі, тлумачачы, што іншага чалавека міністэрства культуры не мае.

Для шматлікіх фондаў, экспазіцый і лекцыйных залаў гарвыканком выдзеліў комплекс менавіта таго самага кляштара, дзе медінстытут ладзіў свой інтэрнат. У старых будынках студэнты так і не прыжыліся. Старыя сцены, набрыняўшы вільгаццю, абраслі бярозамі ды лазой. Прыйшоў у поўнае запусценне, пакрыўся шчыльнай коўдрай лебяды і лапухоў падворак...

Набраў я ў штаты навуковых супрацоўнікаў — нядаўніх выпускніц школ ды інстытутаў. Калі перазнаёміліся і крыху абжыліся, пачалі мы ламаць галаву, з чаго ж гэты самы музей пачынаць. Выразна было адное — нас чакае навал работы, і такі, што страх да яе было падступацца.

На адной з планёрак супрацоўніцы мне і пасыпалі:

— У вуглавым склепе, дзе бытта бы раней змяшчаліся кляштарныя склады, было зусім што іншае! Учора к канцу дня рабочыя пачалі выкопваць чалавечыя косці — чэрап і дзве бярцовыя косткі. Я стрымала работы ды пазваніла ў медінстытут! З кафедры анатоміі прафесар Габузаў са студэнтамі ідуць! Хай манашкі нам вытлумачаць — як магло там апынуцца чалавечае цела!

— Ой, нават паэтэсу сваю мелі! Яна і цяпер яшчэ жыве на ўскраіне горада!

— Мне ж падказалі гараджане — тутэйшыя манашкі былі заядлымі вышывальшчыцамі. Ігуменша кожны год выставу іхніх работ наладжвала. Нават было спаборніцтва паміж манастырамі. Наш кляштар заўсёды атрымліваў прызы за першае месца — багатыя іконы, дараносіцу. Кажуць, перад самым ад’ездам усе вышыўкі старанна замуравалі ў сцяну, каб мірскім не дасталіся. Хай манашкі скажуць, у якім месцы клад,— мы спецыяльную экспазіцыю з вышывак наладзім!

— А яшчэ кажуць, ноччу тут штосьці палохала!

— Ого!

— А я чула, у гэтых калідорах ноччу і зараз яшчэ прывід Белай Дамы з’яўляецца!

— Ага. І тады касцятрупы рэбрамі ляскочуць!

— А пярэварацені шыпяць — ш-ш-ш!..

— Як у Альшанскім замку!

— Бяры вышэй — як у Ёркшырскім!

— Во гэта — да-а!..

— А вы, хлопцы, не смейцеся, надарэмна людзі не трапалі б языкамі!

Другая супрацоўніца нясмела дадала:

— А мне такіх жахаў намалявалі, што я баялася вам і апавядаць! Бытта бы, калі толькі надыходзіць поўнач, прывід тут так і трымціць у калідорах! То на адным паверсе, то на другім! За сцяной тады жалеза ляскае, грукочуць колы і капыты па бруку — цок-цок! цок-цок! цок-цок! Яшчэ тады нешта енчыць ды надта вішчыць — панічна, адчайна ды так, што за душу хапае!

— А касцятрупы, ведаеш, што тады робяць? Рэбрамі — лясь-лясь! лясь-лясь!

— Ты ўжо аднойчы сказаў, не паўтарайся! І не перашкаджай, я сур’ёзна дырэктару дакладваю!

— Глупства пляцеш!

— Кажу, што чула!

— Байкі. Карлсан жыве ў нас на даху, а ноччу ахунаецца прасцірадлам і носіцца па калідорах!..

Покуль маладыя гэтак спрачаліся, мне нагадалася размова з Ламакам — ты бачыш, казка тая, аднак, і цяпер бытуе. Яшчэ і падрабязнасцямі абрасла.

Вызначылі, каму запрашаць да нас манашак ды з асцярожнай далікатнасцю выпытаць у іх пра сховішча вышывак. Тады я пацікавіўся пра дзіўную легенду: дзе, што, хто і ад каго чуў.

Зрабіўшы невялікі допыт, высветліў неўзабаве — дзяўчаты мае і хлопцы вестку атрымалі з дзвюх крыніц. Адным расказвалі былыя студэнткі медінстытута, каторыя начавалі калісьці ў манастырскіх келлях, а іншым перадалі тыя самыя манашкі.

Калі з кляштара жыхарак перавозілі ў другі горад, дзевяць ці дзесяць кабет ехаць катэгарычна адмовіліся, як іх ні прымушалі. Старыя патупалі на ўскраіну ды пасяліліся хто ў бацькоўскі дом, хто ўладкаваўся, дзе змог. Супрацоўніцы паспелі з імі нават і перазнаёміцца ўжо.

Я ад дзяўчат запісаў адрасы старых ды намерыўся ісці на свае роспыты — трэба глянуць на бабуль больш сталаму воку. Мушу прызнацца, у маім сэрцы ў той момант абудзіліся даўнія хваляванні ды неспакой.

Справа ў тым, што да манашак тых сякое-такое дачыненне я ўжо меў.

 

Таямніца сімпатычнай манашкі

Вакол старажытнай царквы Барыса і Глеба з XII стагоддзя, гродзенцамі празванай Каложай, цяпер тырчаць рэдкія дрэвы гарадскога парку: камсамольцы кожны год бяруцца давесці яго да ладу, але парк дзічэе яшчэ больш. Калісьці на яго месцы буяў вялізны кляштарны агарод. Там манашкі запасілі сабе харчы на цэлую зіму, таму старанна агарод вартавалі.

У галодны пасляваенны час студэнты педінстытута, калі добра сцямнее, адпраўляліся на Каложу, каб пажывіцца. Сабак кляштар чамусьці не трымаў, і жанчын абдурыць было даволі проста. Адзін студэнт пачынаў з вартаўніцамі дражніцца ды палохаць, і кабеты адразу ляцелі да вартаўніцы з падмогай.

Калі ўзбуджаныя манашкі збіваліся да купы і ў малітвах клікалі дрыжачымі галасамі на падмогу Госпада Бога, рэшта хлопцаў ныралі ў густую зеляніну і набівалі сабе торбы галоўкамі капусты, гуркамі і памідорамі. Кляштарная агародніна была вышэйшага гатунку — смачная і сакавітая.

Папрасі тых кабет добра, і, мабыць, гародніны далі б і самі, але нас цягнула дабываць іх са скандалам і азартам, каб потым яшчэ і хваліцца перад дзяўчатамі пра тое, чаго не было.

Гадоў з пятнаццаць пасля вайны я кіраваў мясцовым літаб’яднаннем. Да нас зачасцілі мінскія пісьменнікі. Заўсёды яны прасілі завесці іх у царкву гэтага самага кляштара — у адзіную, мабыць, такую ўстанову на ўсю Беларусь. Комплекс кляштарных будынкаў тады быў у ідэальным стане. У чысценькім падворку прыгажэлі вялізныя кусты ружаў і бухматых вяргінь пунцовага колеру. Панавала атмасфера павагі, спакою, ладу. Паветра было насычанае размаітымі пахамі. Высокія муры не прапускалі аніякіх гукаў.

Сярод манашак выдзялялася самая маладая. З-за кліраса яна заўсёды кідала ў наш бок доўгі, поўны журботнага суму позірк цёмных вачэй і затоенай надзеі — так нам, прынамсі, тады здавалася. Калі ж заўважыла, што ёю цікавяцца, было нам выразна відаць, як тыя самыя вочы загарэліся жывым бляскам, а сама станавілася адразу жывой і рухавай.

Нябожчыку Міколу Т. манашка па нейкім часе так спадабалася, што празаік потым прыязджаў з-за яе яшчэ не адзін раз ды хадзіў у царкву. Я рабіў выгляд, бытта не здагадваюся, куды Мікола Т. з гасцініцы знікае.

Не памятаю, як мы даведаліся, што манашку зваць — сястра Ганна. Імя падабалася і ўміляла.

Бывала, стаім на малебне. Зладжана гучыць невідочны хор — галасоў на пяць. З кадзіла свяшчэнніка цячэ сінусоідай струменьчык сіняватага дымка ды ляніва купаецца ў шырокіх праменнях, што коса перасякаюць пустую пройму царквы. Ужо распушаныя сіняватыя струменьчыкі паднімаюцца да акенцаў пад вялізным, бытта спецыяльна пабудаваным для не абы-якой астранамічнай абсерваторыі купалам, але нашая ўвага прыкавана да іншага.

Дакладна таксама, як Міколу Т., таямнічая асоба хвалявала і астатніх.

Гледзячы на яе мяккія абрысы, маладзенькае цела, густоўна запакаванае, няйначай як у шаўковыя цёмныя накідкі ды гэтак адмыслова накладзеныя адна на адну, што жаночая постаць вабіла яшчэ больш, гледзячы на яе белы і мілавідны тварык, набрынялыя не то мацярынскай ласкай, не то дзявочым сумам вялізныя вочы, перапоўненыя анельскай ласкай, ловячы пад чорным каптурам гарэзлівы, яшчэ і з прыхаваным какецтвам нахіл галавы, так і цягнула кінуцца ёй на падмогу ды абараняць ад усяго нядобрага.

А як жа іначай? Гэта ж трэба, каб у самым звычайным кляштары ды ў глухой правінцыі, дзе здавалася б няма адкуль нарадзіцца і вырасці чаму-небудзь талковаму, з’явілася гэткая чароўнасць! А ўсё, мабыць, з-за таго, што душа яе надта стамілася ад шэрасці, засумавала па дасканалым, прыгожым і па гармоніі да такой ступені, што і сярод пустыні ўсё тое вымушаная была радзіцца з самой сябе, пераўтварыўшыся ў прывабную крыніцу творчай сілы і натхнення.

Мы дружна ўздыхалі — ну і манашка!

Мікола Т. аднойчы кінуў услых:

— Такую і ў Саюз пісьменнікаў варта было б прыняць, каб асвяжыла ў нас атмасферу, праўда, хлопцы?

Нам, бывалым ды неаднойчы бітым, таму надта ж і асцярожным абармотам, парушыць граніцу ўстаноўленых нормаў паводзін не дазвалялі ўмоўнасці таго часу (як ты потым сваю сімпатыю ды цікавасць да «цемрашалаў ідэалагічнага фронту», якія бытта бы маюць сувязь з «замежнымі дыверсійнымі цэнтрамі», вытлумачыш свайму, напрыклад, парторгу, калі ён пачне цябе выклікаць?). Сваю бездапаможнасць стараліся прыкрыць здагадкамі, охамі ды ахамі. Калі ж адыходзілі ад кляштара, з абурэннем меркавалі — якія гэтыя святары са сваёй рэлігіяй нелюдзі. Падумаць толькі, у век прагрэсу ды росквіту навук калечыць такія нявінныя душы! Падумайце, з-за чаго? З-за старадаўніх вымыслаў, розных небыліц і шаблонаў, з-за дурных забабонаў!

Калі трапляўся сярод нас чалавек новы, ён яшчэ абавязкова дэкламаваў з Максіма Танка:

 

...Нат пад журботнай вопраткай чорнай

Ты адгадаеш стан непакорны,

Ножкі, якімі б на карнавалах

І захапляла б і чаравала,

Смуглыя рукі, грудзі тугія...

 

Такім чынам, тупаў я да багамолак. Ішоў да людзей, з якімі наш музей меўся весці дуэль.

Дзіўная была дуэль.

З аднаго боку — тысячы пераканаўчых экспанатаў, кніжак, часопісаў з разумнымі артыкуламі вучоных і журналістаў, слайды, электронныя праектары і магнітафоны, відэакасеты і дасканалыя каляровыя фільмы, а з другога — нейкія малапісьменныя бабулі з наборам банальных міфах, быліц і звычак,— старыя, што ўпарцяцца, аднак, бы дзеці.

Цікава, якая ў іх унутраная патрэба для такога супраціўлення прагрэсу, на што яны спадзяюцца? Адкуль чэрпаюць сілы для барацьбы у так неспрыяльных для сябе ўмовах? Што за механізмы імі кіруюць? Гэта — з аднаго боку.

Бо з другога боку я быў перакананы — для тлумачэння іхніх паводзін дастаткова лагічных аргументаў на людскую дурноту, якая, як даўно вядома, не мае граніц.

Зрэшты, чорт яго ведае, мажліва, яны валодаюць ісцінай, якую зразумець я не дарос? Мне ж не спасцігнуць ужо азоў вышэйшай матэматыкі альбо таямніц сучаснай квантавай фізікі і застаецца толькі пакланяцца людзям, якія з гэтым запанібрата.

Адным словам, калі спатыкаюся з царкоўнікамі, кожны раз сабе думаю — ну, цяпер ужо іхнюю закавыку, напэўна, раскушу. Быць таго не можа, каб зноў нічога не выйшла.

 

Новыя звесткі пра Белую Даму

Былых манашак я застаў у саборы — працавалі там прыбіральшчыцамі.

Набліжаўся вялікдзень. За пузатымі падсвечнікамі, у якіх над густым частаколам свечак тырчэлі залатыя матылькі агеньчыкаў,— шырозныя сталы з боханамі пірагоў, з кошыкамі яек — чырвоных, сініх ды стракатых; іх веруючыя навалаклі для асвячэння.

Дабро на сталах зводдаль вартавалі апухлыя дзве бабулі з абросшымі шэрым пушком падбародкамі, у аднолькавых халатах, з аднолькавымі ўхваткамі. Вартаванне ім не перашкаджала зладжана, ва унісон рэцытаваць акафіст:

— Ангелов творче и Господи сил, отверзи ми недоуменный ум и язык на похвалу пречистого Твоего имени, якоже глухому и гугнивому древле слух и язык отверзь еси и глаголаша зовый таковая. Иисусе пречудный, Ангелов удивление! Иисусе пресладкий, патриархов величие! Иисусе преславный, царей украшение! Иисусе любимый, пророков исполнение!..

Пад пінжаком у мяне быў мікрафон ад службовага дыктафона. Каб не страціць ні аднаго слова малітвы, апарат я незаўважальна ўключыў ды пакінуў так для запісу ўсяе размовы, якую давядзецца мне весці ў саборы.

Перада мной і былі тыя самыя манашкі — сёстры Марыі. Я пачакаў, калі яны скончаць акафіст, затым папрасіў прабачэння ды звярнуўся з просьбай.

Бязлікія бабулі выслухалі мяне пакорліва, але выказвацца не спяшаліся. Нейкі час перапалохана зыркалі адна на адну, і выцягнуць што-небудзь з іх было немажліва.

Толькі паступова жанчын удалося менш-больш супакоіць і дабыць з іх вось што.

Апошняя ігуменша манастыра, матушка Ганна, была яўрэйка (манахіні з гарадскога прытулку ўзялі падкідыша, выхавалі на паслушніцу, потым пастрыглі).

Абедзве старыя шэптам пацвердзілі, што вышывалі. А рабілі гэта са здавальненнем. Ігуменша потым наладжвала выстаўку такіх вышыванняў — праўда і гэта.

Лепшыя работы забіраў архімандрыт з суседняга мужчынскага манастыра. Калі ж стаў архірэем, работы ўсе перавёз у сталіцу, а манашкі гэтым надта ганарыліся. Дзе ляжыць зараз той клад у шматлікіх ды заблытаных закамарках напаўразбуранага манастыра, бабулі сказаць не маглі, мажліва, не хацелі.

Толькі адчапіцца ад мяне цяпер было не проста. Я прыклаў усе свае намаганні. Языкі ў бабуль паступова развязаліся. І вось ужо, паддаючыся прыемным успамінам, адна Марыя пахвалілася:

— Калі восенню пачынала цямнець, напаліўшы добра торфам печы, мы адразу — за шыдэлкі, за ніткі і пяльцы ды сядалі вакол лямпы, бы начныя матылькі. Яшчэ дзесьці і цяпер у мяне хусцінка з таго вышывання.

Кабета палезла пад старэнькі халат і вывалакла засціраную лапіну. Ага, гэта ўжо бліжэй да справы. Ну, ну, паказвай, што там у цябе?

Я спадзяваўся ўбачыць не менш як слуцкі пояс, таму не мог не выказаць расчаравання:

— Гм, то і на вясковых пасцілках такія самыя ўзоры!.. Яшчэ мая маці, памятаю, такія ткала... На старых андараках дакладна такія і на сценах Каложы нават!.. А чаму ў вас тут усё вышыта толькі чорна-белымі краткамі?!

Другая старая на момант як бы стала звычайнай збядованай бабуляй з вёскі. Яна ўздыхнула, паклала локаць на руку, а шчаку падперла кулаком другой рукі ды задумалася.

Праз хвіліну растлумачыла:

— Бо такі наш свет. Гляньце, то ўраджайны рок, то няўраджайны. То бяда ў цябе і хваробы, то адпусціць, каб ты крыху падыхаў. То цёмная сіла верх бярэ, то анёлы...

Другая Марыя ўставіла:

— І от, скажыце, у царквах, кляштарах ды манастырах кожны божы дзень, кажнюткае свята чытаюць пропаведзі. У іх гавораць, як людзям жыць, як любіць адзін аднаго. Пропаведзі чытаюць, а — як былі грэшнікі, так іх і цяпер поўна. Чаму так, га? Ці гэта яшчэ адная боская таямніца?

Першая не адрэагавала. Толькі, хвіліну падумаўшы, упэўнена да мяне загаварыла:

— Яшчэ вы пытаецеся. У жызні, пане-таварышу, дабро са злом так перамяшаліся, што і сэрцы нашыя парабіліся нават у кратку, а не толькі пасцілкі ды андаракі з вышываннямі. Гэта, бы той казаў, дрэва нашага жыцця.

Я са здзіўленнем паглядзеў на старую — ну і паралелі выдала бабуля, хоць і манашка!

Ужо без пераканання я іх папракнуў, што прасядзелі лепшыя свае гады ў манастыры — у гэтым чорным і сумным прыстанішчы смерці, бытта нельга было занятак знайсці цікавейшы.

Першая бабуля цярпліва растлумачыла:

— Нідзе не адчуе сябе чалавек так патрэбным, як у гэтым месцы, і ніколі не будзе так блізкі небу. Не-е, кепскага ў абіцелі не спазналі. Што вопраткі багатай на сабе не мелі? Смак нашага прабывання ў абіцелі — ва ўнутраным жыцці. Толькі не ведаю, ці зразумееце. Бо гэта, бы мёд, калі чалавеку гаварыць, што ён салодкі. Не даць такому мёду пакаштаваць,— ён і не паверыць.

Твар яе зноў набраў выраз набожнай пакоры і сціплай рахманасці.

Іншая дадала:

— Да поўначы часамі вышывалі — покуль ЯНА не з’яўлялася. А ўжо, калі аб’явіцца,— годзе, тады не да вышывання было.

— Так пажадана было Госпаду.

— Воля ЯГО святая.

Я насцярожыўся:

— Хто-хто з’яўляўся?!

Старыя трывожна пераглянуліся, вырашаючы — казаць мне ці не казаць. Памаўчалі.

Нарэшце адна адважылася:

— Вядома, хто ж яшчэ. Здань вялікай грэшніцы, магнаткі Кацярыны Валковіч, супакой, Гасподзь, яе душу на тым свеце. З’явіцца, і нам тады ніякае вышыванне ўжо не ідзе — не да вышывак было, куды там.

— О-о, не навышываеш тады, не-е! — затрасла катэгарычна галавой, успамінаючы штосьці грознае і прыкрае, другая.

— Я і кажу. Збіваліся тады ў свае келлі, бы тыя оўцы палахлівыя, што ваўка пачуюць, ды ад страху калаціліся, як асінавыя лісточкі. Адно маліліся ўголас, маліліся ды маліліся, каб тыя крокі заглушыць, ды вусны кожная сваім крыжыкам прыціскала, каб нячысцік цераз рот не пралез, калі чалавек, не дай божа, знячэўку зяўне.

— Ага. А прыглядзішся, прыслухаешся — з палічак маліцвеннікі падаюць, свечкі лётаюць ды вяночкі сухіх кветак, а ў двары ржыць штосьці, падковамі па камянях ляскоча ды зубамі скрыгіча — не разабраць дакладна! Паскача гэтак, паскача, паляскае, паляскае, тады ўздыхне, якойсці карболкай засмярдзіць, і ўсё сціхне. На цэлую ноч заціхае ўжо.

— І я не раз чула тыя крокі ды конскі тупат і бачыла, як табурэткі пераязджалі з месца на месца. З тым і засынала, калоцячыся ад страху.

— Богу было так пажадана.

— Госпаду відней, што рабіць.

— Але, відней.

Хвіліну зноў памаўчалі.

— А памятаеш, хаваючыся, каб матушка не бачыла, пасолім свянцоную ваду, пакропім, пакропім назаўтра калідоры і з месяц спокуй маем.

— А пасля пачынаецца ўсё спачатку!

— Бо моц святой вады за гэты час растворыцца!

— За месяц, мы праверылі.

— Скажыце, а нашто свянцоную ваду яшчэ было саліць, якое гэта мае значэнне? — вырвалася з мяне наіўнае пытанне.

З важнасцю, з якой людзі аб’яўляюць адны адным інфармацыю толькі глабальнага значэння, бабуля растлумачыла:

— Сваіх апосталаў Хрыстос соллю называў.

Другая дадала:

— Яны пагромцы д’ябла ды ўсяе нячыстае сілы.

— Унь што-о!..

Гаварылі мне ўсё гэта, здаецца, цалкам нармальныя цёткі. Цяпер я ўжо і не ведаў — зарагатаць на ўвесь сабор ці камедыю весці далей.

Пастаяў, памаўчаў.

 

Тлумачэнне цёткамі нячысцікавых фігляў

Калі я так маўчаў, у гэты момант кабеціна перад заладаванымі свянцоным лаўкамі, узнімаючыся з калень, ускінула ўверх рукі ды з болем і сумам прастагнала, а голас яе адбіўся рэхам ад сцен пустога сабора:

— Дзеткі мае, дарагія, чады мае адзіныя! Прашу вас, пачуйце мяне там, на Небе! Малю вас, у гэты святы дзень надзеі і ўваскрасення наведайце дом бацькоў сваіх ды адзначце разам са мною і родным вашым таткам дань павінавення! Прыходзьце — мы вас чакаем і чакаць будзем! А цябе, о, усемагутны Божа і Цар Нябесны, молім не абысці нас сваёю міласцю, як і тых не абысці, хто адважыўся Цябе не паслухацца! І Ты, Царыца Нябесная, Маці Божая, адзіная і чыстая, дапамажы, бо ў гэтым адзіная наша спадзева! Скажы Ісусу, што ўсе мы Яго любім ды помнім! Мацуйцеся там, дзеткі, і ўсміхайцеся,— мы таксама неўзабаве там будзем! Амін!

У мяне раптам не толькі знікла ўсялякая весялосць — мароз па скуры прайшоў і, здавалася, сам я нават паменшаў ростам.

— Сястра Марыя, скажыце, а чаго тая здань магла да вас з’яўляцца, што ёй ад вас у манастыры трэба было? — прамовіў я ўжо як мага далікатней.— І пра якую магнатку вы мне тут усё гаварылі?

Надта здзіўленыя маёй неінфармаванасцю бабулі зноў пераглянуліся.

— Калі вучаныя, павінны ведаць пра яе самі. У кніжках, напэўна, усё напісана.

— Пра такую стаіць не ў адной кніжцы!

— Не спатыкаў.

— ?!.

— Кажу вам чэсна — не маню. Раскажыце, прашу, калі ласка, мне надта цікава!

Бабкі яшчэ раз пераглянуліся, бытта адна адной сказалі — ладна, так і быць.

— Грэшніца такая жыла калісь у манастыры нашым, калі ён быў яшчэ уніяцкім кляштарам. Прадала душу чорту. Пагналася за золатам і прадала. Пасля і свайго мужыка забіла. Мужыка забіла, усіх ублажыла, а сама потым распустай занялася.

— Ага, вы яшчэ і ў чорта верыце? — вырвалася ў мяне міжволі.

Бабуля не пакрыўдзілася:

— Хто не верыць у нячысціка, не прызнае і Госпада. А я ў пана Бога веру ды з гэтым не хаваюся. Я са сваёй верай хоць у агонь магу ісці. Нават зараз.

— То верце сабе на здароўе. Але давайце разбярэмся ў тым, што расказалі. З’яўленне белай здані, па-вашаму,— чортавыя выхадкі, так?

— Пэўне!

— А чаму Гасподзь дазваляе нячысціку рабіць такія фіглі, чаму не дасць яму па вушах, каб не фокуснічаў, для Госпада ж няма нічога немагчымага?

Бабулі паўзіраліся на мяне сярдзіта:

— Вядома, Гасподзь і зараз мог бы пазбавіць нячысціка сілы ды выбавіць чалавечую душаньку ад пакут, але з-за сваёй нявыказанай ды недаступнай для нашага разумення справядлівасці, гэтага не робіць. Так гаворыцца ў Бібліі. А ўсё сказанае ў Святой кнізе — Боская воля і не нам яе абгаворваць ды вышукваць у ёй чагосьці і сумнявацца, бо гэта — грэх.

— То выбачайце, я не ведаў. Ну, ладна. А што далей было з Валковічыхай?

— Начмуціла, начмуціла, а потым адумалася. Надзела на сябе паясы пакуты1, дзень і ноч крыжам ляжала перад Дзевай Марыяй. Яшчэ на сябе пасты клала. У Жыровіцы хадзіла. Але душу яе на Неба ўсё роўна Гасподзь не прымаў.

— Не прымаў? — падыграў я бабулі.

— Не. І куды ёй было дзецца, падумайце? Днём забівалася ў шчыліну якую-небудзь ды мардавалася там ад нудоты са шчурамі і прусакамі, бедная, а ноччу выплывала на волю, каб хоць крыху пабыць на свеце божым ды на людзей глянуць хоць адным вокам!

— Унь яно што!

— Вядома! — першая Марыя пацвердзіла гэтак, бытта ніхто не меў права нават сумнявацца ў яе легендзе.

Сястра з ёю згадзілася:

— Супроць Госпада не папрэш. Няма такой сілы, каб пайшла супроць ЯГО.

— І толькі яму дадзена лёс наш вырашаць ды ўсё-ўсенька бачыць! Гэта так думаеш, што ніхто ведаць не будзе, калі змахлюеш. ЁН на небе ўсенька бачыць і запамінае!

— Ба-ачыць! — як рэха паўтарыла напарніца.

 

1 Ляжаць гэтыя прылады ў фондах музея. Вузкая металёвая пласцінка з вострымі шыпамі, пакутніцы ёю падпяразваліся. Гледзячы на яе, страх і падумаць, як гэтая халодная штуковіна ўпівалася ў далікатнае жаночае цела. I дарэмна будзеш шукаць на калючках якіх-небудзь слядоў тых колішніх пакутніц — метал табе нічога не гаворыць, каб нават глядзеў у мікраскоп.

Чалавек у чорным дае сястры Ганне вестку

Сястра Марыя мяне ўсё павучала:

— А найбольшую ласку ў ЯГО заслужыш, калі кожны ўчынак свой дабром канчаць будзеш.

Другая зараз жа дадала:

— І малітвай.

Адным словам, падзівіцца было з каго. Мне ж не цярпелася даведацца пра ўсё, звязанае з дзівам. Я пастараўся бабуль вярнуць бліжэй да справы:

— І калі ж, па-вашаму, тое ўсё з Кацярынай Валковіч здарылася, перад вайной ці пасля?

— Даўно,— праказала першая.

— Ой, даўно надта! — дадала другая і ўдакладніла: — Мо сто гадоў, мо тысячу была воля гасподня, каб учыніць такое.

— Адкуль жа вы пра ўсё ведаеце, яшчэ нават з такой дакладнасцю?

Самая спраўная бабуля прызналася:

— Ад сястры Ганны. Ішла тая аднойчы каля могілак, дзе пахаваны манастырскія ігуменшы,— ляжаць яны радочкам у першым кутку кляшторнага падворка, ад ракі. Цяпер пляц вы там зрабілі, бы стол, роўны, і машын наставілі. Сястра Ганна крочыць каля магілкі апошняй нашай ігуменшы, а тут з-за крыжа выйшаў чалавек у чорным адзенні з паперкай у руках ды працягнуў яе сястры Ганне. Якая сястра Ганна была ў нас адважнай, але і яна перапалохалася ды паперку хапіла. Чалавек знік, нібы прывід, а сястра Ганна адбеглася і паднесла да вачэй паперу. Прыглядзелася добра, а там напісана:

«Кацярыну Валковіч за грахі ды распусту Гасподзь пакараў гэтак аж да другога прышэсця. Сваёй зданню недарэчны страх і праклён будзе ў людзей выклікаць ды напамінаць усім людзям, каб не грашылі. Ад гасподня вока, што ўсё бачыць, ратунку няма».

— Прачытала ўсё гэта сястра Ганна, глядзь! — а паперкі ўжо няма!

Бабуля ў зашмальцаваным шэрым халаціку прыбіральшчыцы казала ўсё з павагай і ўпэўнена, як старыя апавядаюць дзецям быліцу, яшчэ і павучаюць іх.

Другая сціпла ўздыхнула, дадала:

— Госпаду Богу відней, каго і як караць.

Дзесьці лёталі нашыя касманаўты. За сцяной снавалі шыкарныя лімузіны. Па тратуарах крочылі тысячы разумных і прыстойных людзей. Цераз дарогу ва універсітэце нашыя вучоныя ў аўдыторыях правілі студэнтам пра высокія матэрыі. Ад усяго гэтага бабуліна байка прагучэла да смешнага прымітыўнай і дзяцінай, аднак мне, па-ранейшаму, было не да смеху.

— Сястра Ганна — маладая і прыгожая?

— Маладымі калісьці былі мы ўсе.

— Не сумняваюся. І прыгожымі, вядома. Але ж я ведаю мужчын, якія аж з Мінска прыязджалі, каб адно толькі глянуць на яе, а дзе Мінск, дзе нашае Гродна, уяўляеце? Ведаю напэўна, бо кожны раз мусіў вадзіць іх у манастыр.

— Ах, які вялікі грэх перад Госпадам, што ўводзілі мы людзей у спакусу ды аж такую страту! Мабыць, каторы раз сястра праз няўвагу спаць клалася не на левае вуха. Спакусіцель якраз тады і нашэптвае чалавеку сваё!

— О-о, з-за гэтага я ніколі не кладуся на правае! — сур’ёзна адзначыла другая.

Зрабілася смешна. Бабулі ані крыхі не сумняваліся — на жаночыя чары здольныя і яны.

— Што вы, мы не ў крыўдзе былі! Вам яшчэ тады даравалі, не перажывайце! Мажліва, яна якраз і хацела пакахаць?

Старыя з жахам пераглянуліся.

Праз хвіліну, павучаючы мяне зноў, адна сказала:

— Святы апостал Павел наказваў нам клопат аб целе не пераўтвараць у цялесны блуд. Мы трымаліся вучэння святога апостала. А Кацярына ЯГО не паслухала. Затое і мэнчыцца.

Другая мсціва дадала:

— А што яна сабе думала? Цяпер доўга будзе так!

— Каб толькі яна — тае бяды. Але ж яны іншых таксама мэнчаць! Бачыце, і цяпер, кажуць, з’яўляецца ды ўсіх палохае! А сястра Ганна ведала, асалода цялесная — тленная ды мімалётная, таму спакусе не паддавалася.

— Цяпер, кабеткі, мне ўсё ясна. Дзякуй, растлумачылі. Але дзе тая Ганна зараз?

— У тым манастыры, куды вывезлі з ігуменшай, як усіх высылалі. У Жыровіцах яна, за Слонімам. Не стала манастыроў цяпер, кажуць, увогуле. І зараз, напэўна, манашка ў тых Жыровіцах, бо не было чуваць, каб Гасподзь да сябе яе забраў. Дый век у яе яшчэ зямны...

Напарніца ўздыхнула:

— Даўно-даўно сястру Ганну не бачылі! Жывая надта была і непаслушная, але мы яе любілі. Дзякуем, што напомнілі,— маліцца будзем сёння за яе.

Што-небудзь выціснуць ад бабуль больш не ўдавалася.

Я перадаў просьбу рэстаўратараў. Папрасіў хоць адну з іх схадзіць да нашых хлопцаў. Тады накіраваў да трэцяй манашкі — сястры Сафіі, уставіўшы пакрыёму ў дыктафон новую бабіну.

 

Сястра Сафія дае адпор

Гэтая старая кабета была зусім іншая. Аніякай прыбітасці, ні комплексу. Нават апранутай была зусім іначай. На сабе мела сачок з чорнай цыгейкі, а на галаве — шаляноўку з тоўстай шэрай воўны. Скуласты яе твар з мясістым кірпатым носам ды маленькія непрязныя вочкі нічога добрага не абяцалі.

Я даў жанчыне дзень добры. Назваў сябе. Каб задобрыць, купіў аж шэсць тонкіх свечак. Яшчэ купіў пару просвірак, на што яна груба кінула:

— Мужчына, толькі гэтыя просвіркі — не да піва!

— Што вы, што вы! — разгубіўся я, адразу зразумеўшы,— кабеце, чыя крама знаходзілася на цэнтральнай вуліцы горада, неаднойчы даводзіцца гэтак талкаваць маладым дурням, якія ў святым сімвале бачаць першым чынам арыгінальную закусь — з малюначкам нейкай маладзіцы з дзіцем на руках.

Паказаўшы ёй, што выдатна ведаю, для чаго служаць просвіркі, прыступіў да роспытаў:

— Сястра Сафія, ці помніце выпадкі, калі ў калідорах вашага манастыра ці кляштара, які так і гэтак у горадзе называюць, з’яўлялася калісьці Белая Дама?

Манашка нічога не зразумела.

Я дадаў:

— Здань такая. Бытта ноччу, ахутаная ў белае, трымцела перад вамі, блішчэла пярсцёнкамі на пальцах...

Цяпер вочкі з-пад выцвілых брывоў апяклі мяне варожым агнём. Кабета буркнула:

— Наша абіцель высвечаная ў даўнія часы самім супрасльскім архірэем. Уладыка Аляксей, у міру Дубовіч, скрапіў яе свянцонай вадой. Таму Гасподзь бярог нас ад рознай нечысці і такога, што вам нехта наплёў, мы чуць ці бачыць не маглі.

— Не-е?!

— Не было і не будзе такога! Нават гаварыць пра гэта — ерась!

От табе і маеш.

Выдаваць сясцёр Марыяў штосьці перашкаджала. Хвіліну я думаў, з якога боку падступіцца да кабеты зноў.

— А вы ў манастыры знаходзіліся ўвесь час? Не магло так быць, каб вас не было ў ім год ці два?

Кабета пытанне збыла маўчаннем.

— Бо і студэнткі, якія пасля вас жылі ў келлях, гавораць якраз пра нейкую здань, што ноччу з’яўлялася перад імі — трымцела ды хісталася ў калідоры, бы п’яная.

Старая ад абурэння аж пачырванела.

— Яны і не такое маглі сказаць! Бо вашыя студэнткі, як адная, бязбожніцы ды гулякі! Ім толькі танцы з трындамі-рындамі ды розныя кіны наўме былі! У боскай абіцелі бессаромныя распусніцы хадзілі з аголенымі рукамі, са спадніцамі да калень ды гігікалі, мужыкоў зазываючы! Цьфу, цьфу, цьфу! Апостал Павел казаў: «Цела нам дадзена не для блуда, для Госпада!» Гэтага дурніцам у вашых інстытутах ніхто не ўталкоўвае, і яны толькі сорам ды пустоту насілі ў сваіх душах, а замест галавы мелі качаны капусты на плячах! Вядома, да чаго магло гэта давесці — Гасподзь цярпеў, цярпеў ды і паслаў на іх пакаранне страхам! Шчэ не тое будуць мець — недарма чортавай пячаткай усе адзначаныя!

І яшчэ збіралася штосьці выліць на студэнтак, але я слоўны яе фантан абарваў:

— Сястра Сафія, сястра Сафія, навошта гаварыць так пра маладых, яны ж — дзеці нашыя!

— Але, але, вашыя! Бо я дзяцей сваіх, дзякуй Богу, не мела, мае не грашылі!

Тут мяне ўзарвала:

— А-а, то вы і ў манастыр, мабыць, пайшлі, каб не пабрудзіцца і адразу ў рай трапіць, так? Вы, хітрая, выбіралі, дзе лепш! Але ж былі б такой добранькай у міру, прыносілі б карысць грамадству, не хаваючыся ў сваю абіцель на гатовенькі хлеб, не чакаючы ўзнагароды ад архангелаў у небе,— напэўна, цяжэй было б!

Надзіва, кірпатую бабулю гэтым не абразіў ані крыхі.

Якраз павалілі багамолкі па свечкі.

— Хлебам мяне кармілі не вы. Дабывала яго ў кляштары сваімі рукамі. Мазалямі ўласнымі яго дабывалі ўсе — жылі там не беларучкамі, бо паводле Святога пісання: «Хто працаваць не хоча, той і не есць!» — кінула непрыязна.

Крыху падумаўшы:

— Чаму гэтым небыліцам не веру? Бо перад ноччу пра такія справы гаварыць не хачу і не буду — такое паскудства, як вядома, не спіць! Такую агіду перад ноччу лепш не чапаць!

Манашка таропка перахрысціла сябе, затым дзелавіта зморшчыла свой мясісты, са старэчымі лішаямі лоб, робячы старанна падлікі за тавар. Пра мяне забылася.

Больш не было чаго тут тырчэць.

 

Асколачкі чалавецтва і бязлітасны свет

Збіраўся я пакінуць сабор ды ў прытворы натрапіў на манашку, што да рэстаўратараў не пайшла. Маючы часу дастаткова, адчуваючы ўсё нядосыт ад разведкі, вырашыў яшчэ і з ёй пагаварыць:

— Прабачце, зноў мушу звяртацца да вас. Сястра Сафія кажа, белай здані ў манастыры ніколі не было. Нават, кажа, і быць не магло, бо абіцель вашая самімі архірэямі высвечаная. Бытта бы так не бывае, каб пасля высвячэння ў будынках манастырскіх з'яўляліся ўпыры розныя ды нячыстая сіла. А яшчэ сястра Сафія заявіла, нават гаварыць пра такую з’яву — ерась.

Маленькая старая на хвіліну як бы задумалася, падбіраючы словы. Затым зыркнула туды, дзе прылавак са свечкамі, ды з абурэннем пыхнула:

— А яна такая! Калі служылі ў абіцелі, хадзілі па бальніцах. Бачыш, што старая ўжо канчаецца, а ў яе нікога няма, прыстаеш да такой ды дапамагаеш адысці ў іншы свет. Бо так цяжка паміраць адзінокаму чалавеку. Ісус з’яўляўся на зямлю, каб навучыць людзей любіць адзін аднаго! Ігуменша вучыла нас запальваць лампаду любві да бедных і пакрыўджаных. Абкружаныя спагадай, бабулі і адыходзілі на той свет. Сафія з намі ніколі не хадзіла. «Я не служанка ім!» — казала яна. Яна ніколі ні ва што не верыла, нікога не шкадавала, ні з кім не сябравала. Не верыла нікому калісьці, не дае веры, не шкадуе і цяпер! А найбольшая ерась — не верыць у справы чарадзейныя, не даваць веры людзям!

Старая не супакойвалася:

— Як гэта — «не магла з’яўляцца», што яна вярзе? Магнатка Кацярына Валковіч святое месца апаганіла, таму і святасць у абіцелі страціла сваю моц,— на сабе кожны дзень адчувалі ды заўсёды гаварылі аб гэтым! А думаеце, чаму мірскія нас лёгка так адтуль выселілі? Дзе такое відна, каб святое месца можна было закрыць проста так, калі толькі ўздумаецца каму-кольвек! Лёгка выселілі з-за гэтай самай прычыны! Нават гром не грымнуў! Нашая ігуменша, царства ёй нябеснае, збіралася абіцель высвяціць другі раз, я добра памятаю пра яе намер, але матушцы ўсё рукі не даходзілі. А тут і войны пайшлі — адна, другая, трэцяя... Што зробіш, гэтак было ўгодна Госпаду, хай свяціцца імя яго вавекі, аман.

Мы хвіліну пастаялі.

Падвялы, увесь у пушку тварык старой раптам распрамянеў ад прыемных успамінаў.

Далей загаварыла з уміленнем:

— Так вам цікава пра наш манастыр?

— Як бачыце.

— І пра здань пыталіся... Даўнінай цікавіцеся... Мо вы і вершыкі складваць умееце, бо такія людзі і гэтым займаюцца? Мая Ніна, што пайшла ў ваш музей трапезную інжынерам паказваць, ладныя вершыкі таксама стварала!

Старая адвяла мяне крыху ад людзей, прадоўжыла:

— Вы нас пакінулі пасля гутаркі і сабе пайшлі да Сафіі, а мне ўспомнілася ўсё. Вершы яе на вум прыйшлі. Адзін сястра прыдумала спецыяльна для мяне, зараз і вам прачытаю. Бо, ведаеце, у міру мы родныя сёстры. Толькі я — Оля, а яна — Ніна. Шчэ ў царскую вайну нас ігуменша, царства ёй нябеснае, падабрала аднаго ранку. На вуліцы каля Гараднічанкі знайшла, бы калісьці на бруку падабралі і самую матушку ігуменшу, царства ёй нябеснае яшчэ раз. А калі Ніна навучылася рабіць вершыкі, прыдумала і пра мяне. Так файно сачыніла, так гладка, бо ўсе людзі кажуць, складальніца з яе вельмі здатная. У той самай трапезнай, якую мы ўпаміналі, я сёстрам і расказвала. Ды не адзін раз вершык той ім расказвала...

Яна расчуліла сябе да слёз.

— На памяць нават умела, потым зноў забылася... Ведаеце, плакалі, слухаючы мяне, ды хусцінкамі выціраліся...

— То не плачце зараз хоць вы! — я пачаў кабету, залітую слязьмі, суцяшаць.

Паступова манашка ўзяла сябе ў рукі. Выцерлася ды зачытала з памятай ушчэнт паперкі:

 

Я, малютка Вольга,

Госпаду спаю,

Песнь благадарэння

За судьбу сваю.

 

Як прыйшла ў абіцель,

Як шэсць лет былі,

Бог сірот любіцель

Узяў мяне сюды.

 

Блізкія радныя

Адказалісь усе,

Старыцы святыя

Прынялі к сабе.

 

Наша добра матушка

Узяла васпітаць,

Любіць і лялее,

Як родная маць.

 

Паэтэса, што і казаць.

Тым не менш агарнула невыносная жальба да гэтага асколачка чалавецтва, якому так не пашэнціла ў жыцці.

Калі б яна была адна. За бабуляй згадваліся мільёны гэткіх самых пакутніц — затурканых, запалоханых, абмежаваных, якія так і не спазналі мацярынскага шчасця, сямейнага цяпла, ні поўнай радасці ад працы сваіх вольных рук. Прагаравалі ў вечнай мітусні, працьмілі ў якіхсьці ілюзіях ды самаашуканстве.

Не дзіва, што часта звычайны нахабнік браў над імі верх.

Яшчэ і на маёй памяці былі апосталы-прафесіяналы — валявыя, самаўпэўненыя, якіх і дурнямі не назавеш. Хоць бы галоўны «ільінец», сектант Ломнік, апісаны мной у рамане «Вершалінскі рай» з натуры. Паслухаеш, як даваў інструктаж сваім апосталам, адпраўляючы на вёску агітаваць за прарока Альяша Клімовіча з Грыбоўшчыны, і толькі галавой паківаеш.

«Гаварыць вам слова божае, брацця і сёстры, давядзецца сярод людзей розных,— павучаў на поўным сур’ёзе.— Пытанні задаваць могуць вам усялякія ды адказваць на іх вам, напэўна, не заўсёды стане зручна».

Ломніка апосталы перабівалі:

«Бывае такое! Што тады рабіць, айцец? Не раскрываць нават рота, дабы не асквярніцца?»

Галоўны «ільінец» сурова:

«А гэта, дзеці мае, рабіць — ні ў жадным выпадку. Паства зразумее няправільна. Яшчэ людзі і пасмяюцца — апостал, а не ў курсе справы. Во будуць цешыцца! Слухайце. Калі пытанне сумніцельнае і не ведаеш, што адказаць, вазрыся на Неба, бытта просіш ва ўсявышняга ратунку. І добра вазрыся! Потым з вытрымкай ды значна так і кажы: «Сіе, мілыя, аднаму Госпаду Богу вядома». Альбо: «Усе мы ў руках яго. Заўсёды ўпавай на Госпада і трымайся шляху яго, а ён цябе вывядзе кожны раз на дарогу правільную». Яшчэ можаш і так: «Бог паруганым не бывае, што хто ні гаварыў, і шляхі гасподнія неіспавядзімыя». «Гасподзь усемагуч, як яму да спадобы будзе». «Пытаешся, колькі раз чытаць «Верую»? Колькі сам захочаш — ад паўтораў малітва не псуецца». Даю вам прыклады прыблізныя. З гэтага выбірайце на свой густ, што вам падыходзіць, ды гаварыце — выбар багаты! Ды не сумнявайцеся, ніхто не пойдзе і не падасць за такое на вас у суд, у паліцыю таксама не заявіць — гарантую!»

І апосталы дабіваліся свайго.

Гэткія словы ў вуснах іншага нахабніка сваёй прымітыўнай благасалодкасцю ў простых ды наіўных душах, бы сясцёр Марыяў, падпарадкоўвалі розум — клетку з клеткай, клетку за клеткай, падпарадкоўваючы паступова і волю.

Ход думак, перажыванняў у адной і другой Марыі — дакладныя, бы ў першых нявольніц-хрысціянак, якіх валаклі з рымскіх катакомбаў на арэну, каб выпусціць на іх згаладнелых ільвоў, а асуджаныя на страшэнныя мукі нявольніцы ўпарта стаялі на сваім.

Марыяў выхавалі пакорна верыць у бога. На працягу іхняга беднага жыцця ўсё было з ім звязана, і сёстры іначай бытаваць баяліся. Вера для іх раўназначна з сумленнасцю, страціць якую азначае заваліць апору, на якой трымаюцца іхнія непатрабавальныя душы.

Да таго бабулі ўжо закарэлі ў пераконаннях, што ніякія словы развагі да іх не дойдуць.

Зрэшты, не надта зручна і лезці да іх. Ім і так добра, нічога лепшага не хочуць.

Разабрала злосць на людскую блізарукасць і пакору.

Адным словам, дуэль покуль што весці не было з кім — адсутнічаў партнёр.

Пасля апошняй вайны Галандыя славілася тым, што ў яе на трыста душ дзейнічаў адзін касцёл. Зараз у Нідэрландах пакінулі толькі трыццаць храмаў, бо людзі перасталі ў іх хадзіць. Гэта адбылося без агітатараў-атэістаў, само сабой. Замест таго каб маліцца ды жыць байкамі, ілюзіяй, галандкі і галандцы, выйшаўшы на пенсію, рынуліся ў турыстычныя падарожжы на Кубу і Гаваі, у Маскву і Бангкок у той час, калі нашыя некаторыя бабулі мусяць год збіраць грошыкі, каб хоць на магілку да мужа ці дачкі з'ездзіць.

Апошні ідыёт, хто, жадаючы працэс паскорыць, не стварае бабулям адпаведных умоваў, а бурыць бязлітасна манастыры, перасяляе вунь манашак ды гэтак здзекуецца з іх.

Не можам даць бабулям нічога лепшага — няхай сабе дажываюць у ілюзорным свеце продкаў. Няшчасныя асколачкі майго шматпакутнага народа, якія напаткалі ў жыцці толькі жорсткую нядобразычлівасць, паступова адыдуць у небыццё са сваёй суровай эпохай. Будзем жа міласэрнымі. Весці з імі ідэалагічную ці якую-небудзь іншую вайну — не разумна і не гуманна.

 

Раздзел другі

 

Жахлівы скарб і некампетэнтны прафесар

Пасля сабора я набліжаўся да свайго музея ды падбіраў словы супрацоўніцам.

— Ну, радуйцеся, праверыў — манашак дапытаў і некаторыя пра Белую Даму пацвердзілі! Праўда, адна з’яву высмеяла, але прыслухаемся да большасці. Такім чынам, будзем лічыць, што здань у кляштары-манастыры — прапісана! Здань наша ўласная, ніхто яе не можа адабраць ад нас! Усіх вас цяпер чакае вялікі поспех — нават з-за мяжы паваляць турысты. Будуць ехаць, ісці, валам валіць, а вы, дзяўчаткі, адно рыхтуйце як след экспазіцыі, збірайце экспанаты! Збірайце ды павялічвайце фонды! Вывучайце літаратуру, самі вучыцеся, сваім хлопцам спуску не давайце, каб не адставалі ад вас — справа зараз толькі за вамі!

Але ў музеі чакала другая навіна.

Мой даўні знаёмы, прафесар анатоміі з медінстытута — Армэн Мікалаевіч Габузаў — з радасцю, бытта справа ішла пра знойдзеныя горы золата, аб’явіў здалёк:

— У вас тут, дарагі, склад касцей адкрылі, куды вы зніклі?! Гэтага дабра цэлыя завалы ў вас ляжаць, уяўляеце сабе? Я прыкінуў — чалавек шэсцьсот пахавана ў склепе! У засеку метраў дзесяць на дзесяць, а вышынёй — на два паверхі! Трапляліся косці свежыя, з даваенных часоў, але большасць — з пахаванняў у два, тры стагоддзі таму ды ўсе амаль жаночыя!

Я насцярожыўся. Не хапала яшчэ клопатаў, каб мець справу з крыміналістамі.

— Не-е, крымінальнай сенсацыі не чакайце, мой дарагі! — зразумеў адразу маю трывогу прафесар.— Ніхто нікога тут не расстрэльваў і не рэзаў! Хутчэй за ўсё, натуральнай смерцю памерлі. Няма на іх слядоў ад куляў, стрэлаў, толькі зрэдку — звычайныя бытавыя траўмы ды пераломы.

— Вы ўпэўненыя?

— У гэтым разбіраюся, можаце не сумнявацца. І дзіцячыя не спатыкаюцца. Лічба страшнай на першы погляд здаецца. Калі па два целы туды класці ў адзін год, то за трыста — акурат столькі і набярэцца, арыфметыка простая.

Выгляд незвычайных «экспанатаў» мяне загіпнатызаваў. Я не адводзіў ад іх вачэй.

— Не ведаю, прафесар. І не могуць адказаць на гэтае пытанне мае супрацоўнікі.

— Мажліва, так прынята ў манастырах?

— Пра гэта ведала ігуменша, а дзе ты яе цяпер возьмеш?

— Даведацца — ваш клопат, мой дарагі, вы і пацікаўцеся. Умовы для целаў тут ідэальныя, таму косці і не рассыпаліся, з гэтага боку ўсё натуральна.

— Армэн Мікалаевіч, як вы гэтак спакойна можаце разважаць! — абурыла мяне.— Гэта ж — не камяні! Усе костачкі былі калісьці людзьмі — вы іх вечны сон патрывожылі!

— Для навукі, мой дарагі, для навукі! І вы толькі паўзірайцеся, якія чысценькія! Нават без найменшага знаку разлажэння — малюначак, а не косткі! Ведаеце, дзякуючы вам экспанатамі цяпер я забяспечаны на сто гадоў, а то і болей! Зараз напоўнім усю тару, завалачэм да сябе на сцелажы і стану самым багатым загадчыкам кафедры анатоміі ў рэспубліцы,— ай да я! А ўсё — дзякуючы вам! Вы, вядома, не супроць, каб мы іх забралі адгэтуль?

— Зрабіце ласку!

— Так і думаў!

— Буду рады, калі падчысціце месца!

— Як бачыце, ужо дзейнічаю!

І праўда, яго студэнты ў белых халатах складвалі ў адныя скрынкі косці бярцовыя, у другія голеневыя і тазабедраныя,— усе сухія, лёгкія і звонкія. У белую стружку старанна пакавалі жаўтавата-арэхавыя, зграбнай канфігурацыі і невялічкія чарапы. Ды рабілі гэта ахвотна, з азартам. А мне, не прызвычаенаму да такога відовішча, і далей страшна было на «экспанаты» ўзірацца — на жудасны аскал зубоў і вялізныя цёмныя правалы ў месцах вачэй.

Кожная костачка насіла на сабе калісьці чалавека, які гэтак жа, як ты, дыхаў, радаваўся, перажываў, да нечага імкнуўся, кахаў, змагаўся ды, напэўна, не мала цярпеў. І ад так багатага мінулага — хоць бы слядочак.

Што за сіла гэтак усіх зраўняла?

Ад маўклівай таямніцы, што дыхала на мяне з жаўтавата-арэхавых і аж палакіраваных крывулін ды распісаных зігзагаватымі радочкамі швоў на бліскучых чарапных гарбузіках, замірала сэрца, а цела агортвалі дрыжыкі.

Покуль хлопцы рыхтавалі ношу, іхні прафесар з выразным армянскім акцэнтам, з заразлівымі маладымі агеньчыкамі ў вачах колеру пераспелай вішні павёў са мной гутарку:

— Гэтыя будынкі службы вашыя збіраюцца доўга рэстаўраваць?

— Гадоў з шэсць.

— Жартуеце?!

— Ані крыхі.

— Ха, Гасподзь Бог за шэсць дзён увесь свет стварыў, а вы так размахнуліся?!

— Стварыў-то стварыў, Армэн Мікалаевіч, толькі ж і браку дапусціў многа — усе пакаленні боскае тварэнне паляпшаюць ды паляпшаюць. І работы такой, напэўна, хопіць яшчэ нават праўнукам нашым, калі і не на далей.

— Ха-ха-ха-ха! Хвалю за дасціпнасць, ха-ха-ха-ха! Вядома, рэстаўраваць — не разбураць, зараз часу давядзецца пакласці нямала!

— Я і кажу.

— Але ж пра стварэнне свету сказалі трапна, ха-ха-ха-ха! Нічога, адбудуеце! Сцены манастыра яшчэ здаровыя, як у замку якім! І скажыце, мой дарагі, умелі калісьці людзі ды любілі будаваць — на вечнасць, не тое што зараз!

— Яшчэ пані Моніка заўважыла: каб тыя майстры замкі будавалі гэтак, як цяперашнія дамы, што атрымалася б з нашай культурай, Армэн Мікалаевіч?

Гарбузаў зарагатаў зноў, паказваючы ўсе свае залатыя масты на месцы зубоў.

Адным словам, добры настрой прафесара аж распіраў. Мне ж з ім не хацелася весці слоўную пікіроўку, бо галаву меў поўную клопатаў.

Тут мяне і кранула здагадка.

Калі ў падвале столькі целаў ляжала, то пры разлажэнні мусілі выходзіць з іх газы. Напэўна, бо куды ж ім падзецца? Яшчэ колькі выходзіла.

Я ледзь не падскочыў ад адкрыцця:

— Ах, ву-унь адкуль бралася тая зда-ань!! — вырвалася паміма волі ў мяне.

Прафесар насцярожыўся:

— Пра што вы?

— Некаторыя манашкі, Армэн Мікалаевіч, тут часта бачылі, уяўляеце сабе, здань Белай Дамы. Ды і вашыя студэнткі неаднойчы палохаліся, калі Рыгор Ламака ў манастыры інтэрнат для іх спрабаваў тут наладзіць, але ў яго так нічога і не атрымалася. Вас тады ў Гродне яшчэ не было. Спытайцеся ў свайго намесніка рэктара па гаспадарцы, ён пацвердзіць. Тым часам атрымліваецца — з трупаў у той момант фосфар выходзіў. А яны, дурніцы, светлыя язычкі газаў за людскую постаць прымалі. От — фантазёркі! Шчэ і прыдумалі — «трымціць, нібы ад пчол адбіваецца альбо ад камароў, і чутно, як коні тупочуць капытамі, як калёсы грымяць па бруку...»

Прафесар паўзіраўся на мяне, бы на вар’ята. Затым, як чалавек глыбока перакананы, аб’явіў, паступова сябе распаляючы:

— Байкі вы кажаце, мой дарагі!

— Чаму байкі?

— Байкі вашыя агеньчыкі! Байкі! Байкі!

— Вы пра што?

— Пра фосфарныя агеньчыкі!

— Хіба ж гэта няпраўда?

— Як такое можаце гаварыць вы, дырэктар музея, інтэлігентны ды нават бывалы чалавек?

— Усе пра іх гавораць!

— І вы чулі?

— Колькі разоў!

— Казка пра белага бычка, якога ніколі не бывае! Міфалагічныя агеньчыкі з-над магіл, мой дарагі,— не даказаныя навукай! Гэта ўсяго фальклор ды казкі для дзяцей! Забудзьце раз і назаўсёды пра іх, мой дарагі, і нікому ніколі даросламу не паўтарайце, калі не хочаце асмяшыцца, добра? Сваім унукам толькі можаце гаварыць пра гэта, калі пойдзеце на пенсію!

Я быў ашаломлены, збіты з панталыку.

Чалавек мяне дабіваў:

— Не сумнявайцеся ў тым, што вам кажу! На кафедры нашай крыміналістыкі ні ў адной кніжцы не знойдзеце гэтаму пацвярджэння — ні ў адной!

— Вы — што?!

— А так! Няма іх і ў працах замежных аўтараў! А навуковая бібліятэка ў нас самая багатая ў рэспубліцы, ведайце! Схадзіце ў яе ды пачытайце — выбераце сабе там кніжкі на любой мове, але і ў іх вы не знойдзеце пацвярджэння гэтаму!

— А вы ўпэўнены?

— Ні слова не знойдзеце!

— Пачакайце, Армэн Мікалаевіч, але ж фосфарныя агеньчыкі над магіламі людзей — даўно вядомая ісціна!

— Даўно вядомая хлусня, мой дарагі! А ўсялякая хлусня, як устарэе, для некаторых жалезнай праўдай становіцца! Яшчэ Гебельс заўважыў — калі брахню часта паўтараць, людзі яе пачынаюць прымаць за праўду, на гэтым Гебельс будаваў прапаганду сваю!

— Не маленькі, прыклад з Гебельсам даўно сам ведаю, але ж пры чым тут фосфарныя агеньчыкі?

— Такая самая хлусня!

— Ну-у, прафесар, ведаеце?! Гэтага я не выдумаў, а — народ, і казаць так пра яго...

— А што — народ? Ён з людзей складаецца, мой дарагі, чаго вы ўпарціцеся! Я ведаю, што кажу!

— Аж так упэўнены?

— Так!

І ўсё роўна чалавек мяне не пераканаў. Бытта я пачуў ад яго святатацтва, таму на асобу са старэчымі карычневымі блёскамі на твары, ілбе, шыі і руках, паўзіраўся, як на маладушнага альбо непісьменнага хулігана.

Скажыце, калі ласка, што ж гэта за навука, калі не прымае відавочнага факта. Пра з’яву такую вядома нават кожнай бабулі, а ледзь не кожны дзед ва ўсіх вёсках ды вёсачках ад Гродна да Брэста, Мінска, Віцебска, Магілёва ды Гомеля пацвердзіць табе, што хоць адзін раз у жыцці сваім бачыў такое дзіва на ўласныя вочы — пасучы ў начным коней, ідучы цераз могілкі. Яшчэ нават старыя размалююць, як усё адбывалася. Раскажуць з такімі дэталямі, што прадумаць іх, напэўна, немагчыма.

Калі б з’ява была вядома толькі нашым старым.

У Францыі для яе існуе нават спецыяльны тэрмін feu follets, ён перакладаецца — «блукаючыя аганькі». Калі пакапацца, знойдзецца адпаведны тэрмін, напэўна, і ў немцаў, чэхаў, англічан...

Няма нічога пра гэта ў інстытуцкіх кніжках? От аргумент. Трэба даўно дапісаць.

Яшчэ вучонымі называюцца — ну і ну. За што ім званні даюць і вялікія грошы плацяць.

 

Два разы праз тую самую рэчку не пераходзяць

Неўзабаве выпадак ткнуў мяне носам у новы пераканаўчы факт, што — на маё здзіўленне — Габузаў меў рацыю. Толькі здарылася гэта за граніцай і раскажу пазней.

Покуль што заставалася яшчэ сімпатычная манашка, сястра Ганна, каторая потым пераехала ў другі манастыр. Да яе адправіўся спецыяльна, адчуваючы нават даўно забытае хваляванне.

Нарэшце дабраўся да тых самых Жыровіц, дзе за прыгожым ставочкам з чысценькай вадой ды рэдкім трысцягом размясцілася чатыры храмы. І гэта — у адной вёсцы. Ды ўсе цэлыя і прыгожыя.

Купалы цэркваў, вежы званіц сярод пагоркаў і буйнай зеляніны ўтваралі маляўнічы куточак не кранутай яшчэ прамысловым будаўніцтвам беларускай зямлі, поўнай першабытнай чароўнасці, спакою і тугі. Мажліва, таму ўсё брала за душу, бо адразу на ўспамін прыйшлі сотні, тысячы цётак і дзядзькоў, якія аж пяцьсот гадоў, з пакалення ў пакаленне, ехалі сюды на рыпучых фурманках, валакліся пешшу, паўзлі на каленях, несучы Мацеры Божай на Грушы сваё калецтва, бяду і боль, надзею і сімвалічныя падарункі — вышытыя ручнікі, фартухі, паясы, шнурочкі ды палявыя кветкі.

Калі літаратура — вопыт чалавецтва, чаму ж тыя шматлікія пілігрымы не пакінулі ў ёй следа і нашыя кніжкі найчасцей гладкія, бы тыя кляшторныя косткі, падабраныя Габузавым? Падзеі тыя чакаюць сваіх аўтараў.

А мяне ў Жыровіцах чакала расчараванне.

На вялікі жаль, няўмольны час зрабіў сваё. Замест анёла — прывабнага, сімпатычнага і жвавага — спаткаў я мясістую, сярдзітую старую, што дакладна гэтаксама, бы сястра Сафія, прадавала каля прыхода Успенскага сабора свечкі ды гэтаксама нядобразычліва гыркала на бабуль, выдаючы ім рэшту. Калі ж пачуў яе рыпучы, нібы ў бабы-ягі, голас, гутарыць з ёю адразу расхацелася, хоць дзеля гэтага тросся ў разбітым аўтобусе сто семдзесят кіламетраў.

І на самай справе, пра што ў яе пытацца? Напэўна, яна больш развітая за траіх манашак з Гродна і пра словы апостала Паўла, што цела дадзена чалавеку не для блуду, казаць не стане. Нават я менш-больш уявіў сабе нашую з ёю размову.

«Кепска,— кажу,— калі чалавек закахаецца без узаемнасці. Але ж, мабыць, трагедыя ўсё жыццё прайсці некаханым і нікога не кахаць. Асабліва жанчыне. Праўда, сястра Ганна?»

А яна ўпэўнена:

«Вельмі памыляецеся. Усе мы тут, паводле Святога пісання, жывём часова, і яшчэ ў ім сказана, што нашыя жаніх і нявеста — Ісус Хрыстос ды царква».

Тады я прыводжу ёй у прыклад любоўныя сцэны з Песні песняў. Напамінаю Саламона, прыгажуню Суламіф з Бібліі ды кідаю апошні козыр:

«Жанчына самой прыродай створана, каб даваць пачатак наступным пакаленням».

Тут яна і пырсне:

«А колькі іх ад родаў памірае, вы забываеце? І чалавека яны пачынаюць у блудзе ды смуродзе, у цяжкіх муках нараджаюць! Потым кормяць малое з бядой і трывогай! Гэтак жа абуваюць, адзяюць ды гадуюць у вечным страху, бо з малымі цёнгле што-небудзь здараецца — то ўлезуць куды не трэба, то калечацца, то падаюць! Дзеці хварэюць і паміраюць, а вырастуць — бойся, каб у турму не трапіў каторы ці на вайне не загінуў! Да ўсяго, муж можа трапіць кончаным лайдаком, п’яніцай і казнакрадам!.. Мы тут нічога не маем? Так! Але нашая беднасць, напэўна, куды лепшая, чым цяжарнасць, якой канчаецца кожная зямная любоў!»

А пра Белую Даму, ведаю, скажа прыкладна так:

«Казалі, што з’яўляецца, але я не бачыла. А што, магла і з’яўляцца. Бо апаганілі наш кляштар дзве жабрачкі — да крыві пабіліся каля кліраса на вялікдзень. Ігуменша, матушка нашая, царства ёй нябеснае, намервалася высвяціць храм зноў, ды не паспела — прыехалі мірскія нас высяляць».

Адным словам, вяртаўся я вечарам дамоў, а на душы такую адчуў непапраўную страту, што лепш бы нікуды не ехаў ды сэрца не трывожыў.

Праўду людзі кажуць — два разы праз тую самую раку перайсці нельга.

 

Лагер ваеннапалонных у Бяла Падляска

Мінуў год ці два.

У складзе ветэранаў на гадавіну вызвалення Польшчы ад нямецкай акупацыі прыбыў я ў ПНР. У Варшаве раздзялілі нас на групы ды адправілі па розных маршрутах. Мне дасталося падарожжа ў Бяла Падляска — недалёка ад нашай граніцы.

У тым горадзе нам уручылі густоўна, з чыста польскай элегантнасцю зроблены вянок ды павялі на братнюю магілу савецкіх байцоў. Знаходзілася яна на месцы лагера палонных.

Увесь той жах, у якім з голаду і хвароб каналі мільёны савецкіх мужчын з тых, хто ў Вялікую Айчынную вайну, калі па справядлівасці разабрацца, меў няшчасце не па сваёй волі трапіць немцам у лапы, яшчэ чакае сваіх апісальнікаў, а я збольшага перадаю адно тое, што бачыў і аб чым думаў у Бяла Падляска. Бо гэта якраз мае адносіны да адкрыцця, якое мяне там чакала, ад чаго байка пра Белую Даму ўскладнілася.

У Бяла Падляска немцы загналі савецкіх палонных з разбітых нашых часцей у Заходняй Беларусі, а галоўным чынам — ля Брэста ды паабапал шашы Брэст — Мінск. Для лагера адвялі за горадам вялізны квадрат — кіламетр на кіламетр — поля, абгарадзілі трохметровай сцяной з калючага дроту, а наверсе парабілі засекі.

Па ўсім перыметры агароджы паставілі вартаўнічыя вежы з кулямётамі і пражэктарамі, ў драты пусцілі ток.

Ні будынкаў, ні зямлянак за агароджай не было, і рабіць іх палонным спачатку не дазвалялі. Няшчасныя нашыя людзі — у гімнасцёрачках, шынялях ці цывільных пінжачках, хто паспеў на якім-небудзь хутары пераапрануцца, свайго канца меліся чакаць пад адкрытым небам — у дождж і снег.

З першых дзён існавання лагера фельдфебель вывеў за драты каманду абарванцаў з лапатамі ды загадаў выкапаць даўзёрны роў, не хаваючы ад палонных, для чаго ён паслужыць.

Тое месца і было цяпер брацкай магілай.

Такім чынам немцы падрыхтаваліся, каб усе вязні сканалі ад голаду. Маўляў, мы іх спецыяльна і не расстрэльвалі, а што гэткай навале не змаглі забяспечыць камфорту, ад чаго яны падаходзілі, на тое і вайна.

Гісторыя не данесла, колькі дакладна палонных акалела ў першыя месяцы акупацыі, а на 10 жніўня 1941-га налічвалася іх там 50 000 чалавек.

К таму часу на тэрыторыі лагера нельга было ўжо ні адной травінкі знайсці, ні карэньчыка, ні лісточка. Паступова паварылі ўсе рамяні, скураныя часткі абутку і нават капыты ад здохлых коней і быдла, якое знайшлі ў ямах.

Не кожная варона адважвалася паказацца над лагерам, бо і птушак знімалі на ляту з прымітыўных лукаў і прашч.

Вайсковая махіна гітлераўцаў на Усходнім фронце і ў Афрыцы якраз атрымлівала перамогу за перамогай, і караблі саюзнікаў у акіянах ішлі адзін за адным на дно. Прапагандысцкія фанфары Гебельса трубілі ва ўсю глотку аб трыумфальным паходзе непераможных нямецкіх часцей, размалёўвалі яго на ўсе лады, як вясёлую, рамантычную ды надта карысную для кожнага арыйца прагулку.

Зрэшты, так было тады і на самай справе. Немцам якраз шанцавала, куды б яны ні накіроўвалі свае сілы.

Лагернай ахове не цярпелася далучыцца да сваіх войск ды паспытаць ап’яняючую асалоду пераможных маршаў. Салдаты не маглі ўжо дачакацца сканання падапечных. Сумныя, цягучыя дні службы стараліся ўразмаіціць.

Вось як гітлераўцы забаўляліся.

 

Крывавыя гульні

Набліжаўся пасля службы той ці іншы яфрэйтар — наадэкалонены, у адпрасаваным, з іголачкі, новенькім мундзіры да агароджы ды цэлымі гадзінамі з пыхлівай араганцыяй, пакурваючы араматычныя цыгарэткі «Юньён», назіраў за морам чалавечых зданяў, што перад ім сноўдаліся.

Глядзелі яны так на зняволеных, а сэрцы поўніліся пыхлівым гонарам.

Іншым разам сышлося іх гэтак з пару дзесяткаў. Прыглядваліся цераз драты, гергеталі і нарэшце паклікалі пятнаццацігадовага Васіля. Кім хлопчык быў і адкуль родам, ніхто так мне і не мог сказаць, толькі вядома, што ўзялі яго ў палон з апошняй групай абаронцаў Брэсцкай крэпасці. У лагеры любілі яго — ведаю ад даўняга сябра, сёння нябожчыка — гродзенскага стаматолага, Вячаслава Васільевіча Гарызонтава, якому нейкім трафам пашэнціла прайсці тое пекла і выжыць. Шчасліўчыкі, каго выводзілі за драты ў горад на работы, прыносілі хлопчыку хто кавалак хлеба, хто сухарык, а хто моркаўку, і ён быў менш-больш пры целе.

Калі пабачыў зараз, што менавіта яго клічуць, Вася інстынктыўна адчуў небяспеку. Першым рэфлекторным імкненнем малога было — нырнуць у гушчу палонных. Але ж немец з добранькай і прыязнай усмешкай паказаў канцястую, бы цагліна, буханку хлеба. Хлопчыка пацягнула да яе, як магнітам, і малы нічога ўжо не мог з сабой зрабіць — да немца пайшоў.

За дратамі толькі ён утапіў зубы ў скарынку ды пачаў аплятаць хлеб, як той самы немец буханку раптам выбіў ды здзяліў яго ботам. Вася адляцеў, але на нагах утрымаўся. Затым хлопчык нырнуў туды, дзе яму здалося, салдат менш.

Немцы з жывёльным рогатам адкінулі малога назад ды пачалі ім іграцца, бы з футбольным мячом.

Неўзабаве гульня ім абрыдла. Ахвяру выпусцілі з кола. Хлопчык узрадаваўся ды з усіх ног драпануў у поле.

Дарма малы стараўся.

Па рухомай, жывой цэлі пачалі біць з пісталетаў. Іхнія «вальтэры» і «парабелумы» змайстраваныя былі дасканала, бой мелі старанна адладжаны, а кулі буйнакаліберныя неўзабаве падзюравілі падлетка на рэшата.

Прыкладваў старанні, каб сваім салдатам скрасіць службу і галоўны камендант «Крыгсгэфангэн-Штамлягэр-307, блок В». Гэты немец выкідваў яшчэ больш адмысловыя фіглі.

З лагера выводзіў з дзесятак яўрэяў і столькі ж палонных славян ды выстрайваў адных супроць другіх. Славянам раздаваў вінтоўкі з адным патронам і загадваў страляць у яўрэяў. Тыя адмаўляліся. Тады ён вінтоўкі загадваў перадаць тым, хто стаяў насупраць, і каманду паўтараў.

Немец потым вельмі ж цешыўся, калі які-небудзь рускі страляць адмаўляўся, а яўрэй яго забіваў — рагатаў аж заходзіўся. Затым расстрэльваў усіх да аднаго ды загадваў валачы новую дзесятку рускіх і грузін.

Як вядома, канчаткова згаладнелыя чалавечыя істоты трацяць усялякія нормы людскіх паводзін. Яны тады без агіды ядзяць тое, на што людзі звычайна і глядзець не могуць, бацьку невыносна цяжка падзяліцца кавалкам хлеба з сынам, маці з дачкой, і над усё — такія тады звярэюць.

Аднойчы выстраіў свой гарнізон камендант уздоўж дратоў ды праз рупар аб’явіў — палонныя зараз атрымаюць харчы. Няшчасныя ўмомант выпаўзлі з абжытых нораў, ямаў, бярлог ды збіраліся каля варот у шматтысячны натоўп. Выдзеленыя фельдфебелем вахманы к таму часу прыгналі фурманку, заладаваную бручкай, галоўкамі капусты і бульбай. Каня з прывязанай да хваста пакляй правялі праз вароты і паднеслі да паклі запальнічку.

Калі прыпякло, жывёліна рынулася наперад.

Некалькі хвілін ашалелы конь насіўся па лагеры, покуль не ўграз у натоўп. Даведзеныя да дзікага стану чалавечыя істоты, сярод якіх спатыкалася ўжо нават людаедства, зараз палезлі адзін на аднаго, каб хоць што-небудзь схапіць.

Покуль палонныя адбіралі адныя ў другіх агародніну, а потым раздзіралі на кавалкі каня, за паводзінамі «унтэрмэншэн»1 з-за дратоў сачыла ўся ахова.

Немцам, бачыце, было ж надта весела. Некаторыя ледзь паспявалі шчоўкаць «лейкамі». Іншыя для большай пацехі, ускідвалі аўтаматы ды пасылалі чэргі ў суцэльную масу звар’яцелых ад галоднага азарту людзей.

У яму таго дня звалаклі тысячы целаў.

Як вядома, разумная чалавечая дзейнасць вядзе нас да адрознення дабра ад зла, карысці ад шкоднага, прыстойнага ад нягоднага. Розум наш не прымае здавальнення, што выцякае толькі ад імкненняў да заспакаення жывёльных інстынктаў.

Вы як сабе хочаце, а я нават у словах малапісьменнай манашкі Марыі, якімі пераказвала мне думку апостала Паўла, знаходжу элементы чалавечай прыстойнасці. Не скажу, як выглядае справа з навуковага пункту гледжання, бо з жыццёвага вопыту ведаю напэўна — цывілізацыя нарадзілася перш за ўсё з рацыі тлумлення жывёльных інстынктаў, з падспуднай чалавечай прагі к дасканаласці і душэўнай гармоніі. Менавіта таму гітлераўцаў называць цывілізаванымі людзьмі язык не паварочваецца.

Але вернемся да лагера.

І ўсё ж такі тыя людскія цені аднойчы знайшлі сілы на спантанны бунт.

 

1 Людзей непаўнацэнных (ням.).

Бунт смяротніка і расправа

Здарылася гэта ў першае ваеннае лета 1941 года. 10 жніўня ў 21 гадзіну 30 мінут мясцовага часу, калі ўжо прыцямнела. Па свістку капітана Аляксея (прозвішча не ўстаноўлена) і яго зычным ды адчайным воклічы: «Впере-ед, р-р-ребя-ата!!» — узняліся тыя, хто мог яшчэ хадзіць.

Са свайго горкага вопыту добра ведаю, нават даведзены да крайнасці, ушчэнт згаладнелы чалавек можа ў адчаі ўстрапянуцца яшчэ ды паказаць, на што здольны, толькі няхай блісне перад ім праменьчык хоць бы якой надзеі.

У адзін момант з усіх куткоў ды закамаркаў лагера, трымаючы падрыхтаваныя для гэтага выпадку коўдры, анучы, драбінкі, дошкі ды бэлькі, у замызганых шынеліках ці ў падраных і гнілых гімнасцёрачках з адчайным крыкам «Ура-а-а!!!» вялізны людскі мурашнік рынуўся на драты — адно шэсць чалавек не пайшло за ўсімі!

Што тут пачалося! Жывы людскі вал умомант абляпіў агароджу. Адныя замыкалі ток, абкладвалі калючкі коўдрамі, анучамі, абмоткамі і дошкамі. Іншыя бэлькамі прыпаднімалі знізу драты ці прыціскалі іх зверху.

І ўсе стараліся хутчэй выбрацца на волю.

З вышак вахманы запусцілі ракеты. Затым з чатырох бакоў па жывой і шчыльнай людской масе секанулі, сталі людзей касіць кулямёты, а пражэктары крываваму жніву падсвечваць.

Жніво гітлераўцы мелі багатае.

Байцы на ляту перакульваліся, падалі ды хрыпелі ў перадсмяротных сутаргах, але гэта ніколі астудзіць не змагло. Жывыя пераступалі цераз нерухомыя целы і паўзлі, беглі, лезлі.

У той вечар сто дваццаць пяць вязняў з Бяла Падляска «Крыгсгэфангэн-Штамлягэр-307, блок В» вырвалася на волю.

Неўзабаве некаторых высачылі сабакі. Іншых выдалі потым у вёсках раўнадушныя людзі.

Але большасць прасачылася за Брэст — у Гута-Міхалінскі лес. На жаль, уцекачоў там чакалі не медалі, каторымі з даўніх часоў узнагароджвалі народы сваіх герояў, хто вырваўся з варожага стану.

Сына «правадыра і настаўніка народаў» немцы ў той час таксама марынавалі ў палоне (старшы лейтэнант, артылерыст Якаў Іосіфавіч Джугашвілі трапіў у лагер Богушэ пад Граева, затым немцы яго направілі пад Берлін у Араніенбург, дзе ён і загінуў), а да партызанскіх камандзіраў дайшла «геніяльная» інструкцыя Галоўнакамандуючага — палонных нашых у ворагаў няма, там толькі здраднікі.

Мароз праходзіць па скуры, калі ўспамінаю знаёмага генерала. Алкаголік і бабнік былых лагернікаў, якія прыбягалі да яго, апантаныя адзінай прагай — ваяваць з гітлераўцамі, расстрэльваў пачкамі. Іншым нават сякерай адсякаў на пнях галовы перад строем, хоць сам якраз паходзіў з абкружэнцаў.

Але вернемся да апісанага выпадку.

У наступны дзень пасля тых уцёкаў роў каля лагера запоўніўся дванаццаццю тысячамі новых целаў. Свежыя трупы пасля бойні цэлы дзень сцягвалі: з лагера, з-за платоў, з-за дратоў, з кустоў, бліжэйшых ямаў. З поля і з лесу не валаклі. Іх стачылі чэрві, над імі віліся потым птушыныя віры чорных крукоў, галак і варон, а сабакі і лісы потым доўга цягалі іхнія костачкі, бытта былі гэта не людзі, а — падліна.

Праз шэсць дзён адбыўся палявы суд над тымі, каго злавілі за дратамі, аб’явіўшы іх завадатарамі. Няважна, што людзі трапіліся выпадковыя і да таго падстрэленыя.

«Орднунг мусс зайн, донэрвэтэр!»

У архівах Бяла Падляска ляжыць дакументацыя з таго «герыхта» (суда) над уяўнымі арганізатарамі пабегу. Той суд — рэдкі выпадак. Немцы старанна заціралі ўсялякія сляды масавага забойства палонных вермахтам і ніякай дакументацыі не вялі — у даным выпадку было чамусьці не так.

Зачыншчыкаў бунту 16 жніўня 1941 г. прывезлі на судовае паседжанне да разыгралі камедыю. Суддзямі былі: старшыня («фэльдгандлюнгсгэрыхтсратляйтэр») доктар Прызэ, яго памочнік («фэльдкрыгстэрыхтсрат») доктар Вайсбэргэр і стралок Буяк. Прадстаўнікамі абвінення («фэртрэтэр дэн анклягэ») Муравскы. Ды інспектар палявых судоў («фэльдюстыцінспектар») Штагман.

Як гаварылася ў акце абвінавачвання, за арганізацыю актыўнага бунту, за абразу гонару нямецкай арміі, якая, маўляў, выявілася ў тым, што «фэрфлюхтэ руссэ» ўздумалі ад вермахта ратавацца, дзевятнаццаць палонных прыгаварылі да пакарання смерцю. Генерал-лейтэнант і оберфэльдкамендант-393 прысуд той зараз жа падпісалі.

Хлопцаў павалаклі да рова яшчэ ў той самы дзень. Расстраляных кінулі ў агульную яму.

Пасля бунту немцы палонным дазволілі выкапаць зямлянкі, пабудаваць сякія-такія баракі, але расстрэльвалі цяпер ужо калонамі. Целамі байцоў, скошаных кулямі, як і тых, каго валіў тыфус, неўзабаве яма напоўнілася да самых краёў.

За калючыя драты ў Бяла Падляска прыганялі палонных яшчэ ў 1942, 1943 і ў 1944 гады. За мінулы час слой трупаў значна патанчэў, улёг — таму ў тую самую яміну змяшчаліся ўсё новыя і новыя целы. Калі трупам не стала месца хапаць, вывернулі побач такую ж самую яміну другую.

Агулам за вайну лягло сюды 80 ці 100 тысяч, бо дакладна ніхто не лічыў. Зараз байцы пакоіліся ў вечным сне на двух прастакутніках памерам у тры метры шырынёй ды сто даўжынёй.

 

Сумныя разважанні аб лёсе нашага салдата

І вось мы, паклаўшы на даўзёрныя магілы элегантныя польскія вяночкі, стаім ды маўчым, узіраючыся на страшнае месца. За столькі пасляваенных гадоў, здавалася б, уражанні аб той пары павінны былі б прытупіцца, а ў мяне — наадварот. Усяго разбірала ды хапала за галгітку. У цяжкім ды сумным маўчанні тырчу і з якойсьці пакорай разважаю.

Падумаць маю аб чым.

Перада мной у мяккім змроку магіл — месца, дзе ў росквіце мужчынскай сілы стлелі нашыя байцы і камандзіры. Ім не дадзена было памерці ў запале бою, у азарце пачэснага змагання за лёс блізкіх і сваёй краіны. Мала таго.

Палонныя — шматпакутнікі, цярпенне якіх не параўнаць з бытам на фронце, у партызанах ці ў мазалістых днях тылу. Народы свету тысячагоддзямі праяўлялі да такіх пашану, жаласць, міласэрнасць, а таму, хто ўцёк з палону, давалі медалі і тытулы, як за подзвігі на перадавой.

У нас жа атрымалася ўсё наадварот. Тым, хто нейкім цудам перажыў нават лагер у Бельска Бялай, ці Бяла Падляска, бо мясціну называюць і так і гэтак, крыўдныя абвіненні труцілі потым яшчэ рэшткі і так цяжкіх дзён,— былых нямецкіх палонных адпраўлялі за калючы дрот пад Магадан.

Сталін выдаў страшны загад нумар 227, паводле якога не толькі той, хто трапіў да немцаў, станавіўся здраднікам ды нёс пакаранне,— падлягалі рэпрэсіі і члены яго сям’і. Усё гэта неяк вязалася б, калі б і сам быў бязгрэшны.

Абвінаваціў сваіх байцоў, камандзіраў той, хто якраз, маючы пераканаўчыя дадзеныя разведчыкаў, аб якіх нашыя саюзнікі маглі адно марыць, не пабудаваўшы новай лініі абароны, загадаў разбурыць тую, якая была да 1939 года, свае войскі давёў да стану, калі вораг застаў байцоў на пагранзаставах у кальсонах, з вінтоўкамі Мусіна ўзору 1891/1930 гг., з даўзёрнымі штыкамі, якія зняў з узбраення сваёй арміі, мажліва, яшчэ Напалеон, а супроць варожых танкаў хлопцы нашыя маглі выставіць толькі кулакі, бо супроцьтанкавую артылерыю 45- і 75-міліметровых гармат зняў з вытворчасці.

У часы, калі перадавыя арміі свету мелі ўжо на ўзбраенні аўтаматы, мінамёты, а гарматы ўсіх калібраў перамяшчаліся найчасцей пры дапамозе механічнай цягі, Чырвоная Армія ўсё тапталася на месцы.

Сваіх байцоў і камандзіраў абвінаваціў той, хто не пагутарыў ні з адным перабежчыкам, нямецкім палонным ці абкружэнцам, хто на перадавой не бываў і блізка, а ўсё дыханне вайны ведаў, як і калгаснае жыццё,— са спецыяльных фільмаў, якія яму рыхтавалі падхалімы.

Немцы нашых засталі з разабранымі супроцьтанкавымі гарматамі нават тымі, якія ў нас на ўзбраенні яшчэ былі, з вынішчанымі вопытнымі камандзірамі, замест каторых «мудры Правадыр і Настаўнік усіх народаў» у спешцы панастаўляў людзей безаблічных ды бесхрыбетных, а даўно вядома, нават найбольшая колькасць ільвоў на чале з бараном — бесталковы гурт.

Я з трывогай чакаю, калі падрасце ўнук ды прыстане з пытаннем:

«Дзеду, у тваіх паперах вычытаў, што ў апошнюю вайну загінула шэсць мільёнаў немцаў. Так? Тры мільёны лягло пад развалінамі будынкаў ад бамбёжак саюзнай авіяцыі. Паўтара мільёна — на франтах Заходняй Еўропы і ў Афрыцы. Выходзіць, што на Усходні фронт застаецца паўтара мільёна. Нашых жа загінула больш як дваццаць мільёнаў! Але з іх пяць адносіш на страты цывільных, расстраляных ды спаленых немцамі, а для савецкіх вайсковых ты пакідаеш пятнаццаць мільёнаў».

«І чаго ж ты, хлопча, нездаволены?»

«Не перабівай! Сёння на ўроку гісторыі нам казалі, у першую сусветную рускімі войскамі кіраваў «гнілы цар са сваёй камарыльяй». Ладна, цара мне не шкада, хай будзе «гнілы». Але ж тады на аднаго забітага немца загінула два рускіх, бо страты ў Германіі на рускім фронце два мільёны, а ў Расіі — чатыры. У Вялікую Айчынную на аднаго забітага немца, выходзіць, нашых клала галаву аж дзесяць! Дзеду, скажы чэсна, як вы там ваявалі? І чаму пакінулі нам музеі Славы і Доблесці, а не — Бяды, Няшчасця, Смутку і Гора?»

Што дасціпнаму хлопцу адкажаш? Вядома, ён потым і сам разбярэцца, дойдзе да ісціны, хто гэтаму вінаваты.

Народ наш ваяваў ледзь не стыхійна (лозунг «За Сталіна!» служыў яму ўсяго сімвалам, як бацькам нашым — «За веру, царя и Отечество!», і гучэў ён часцей за ўсё ў вуснах палітрукоў). Людзі ад Архангельска, Карэліі, Ленінграда, Масквы, Сталінграда, Каўказа і аж да Варшавы, Берліна, Прагі і Бялграда густа ўсеялі зямлю касцямі, і менавіта таму рэшта савецкіх людзей дачакалася так жаданай Перамогі.

А покуль што ўнуку магу сказаць пэўна — байцы нашы баязлівымі балбесамі не былі. Не віна іх, што мелі спутаныя рукі, ногі і душы. Як і гэтыя, што тут каналі на польскай зямлі, агорнутыя самай страшнай бядой, якая магла трапіць мужчыну на яго жыццёвым шляху,— адчуваннем поўнай бездапаможнасці і бяссілля.

Голад не цётка.

Не віна іх, што байцы нашыя, бы жабракі, прымалі бульбіны, кавалкі хлеба, сухарыкі і галеты ад полек, палонных французаў, югаславаў, англічан, часта наклікаючы на іх гэтым смяртэльную небяспеку, замест таго каб паднявольным Гітлера несці самім дапамогу. Не віна, а бяда палонных, што былі даведзеныя да стану, калі ў лагеры існавала людаедства.

Не іхняя віна, што пасля заканчэння вайны палонных саюзнікаў сустракалі як нацыянальных герояў — з аркестрамі, кветкамі, падарункамі, а нашых, пад грубыя воклічы канваіраў, заладавалі ў таварныя эшалоны з калючым дротам на акенцах ды адправілі ў Сібір.

А хто памёр тут, немцы ўсіх пакідалі ў абедзве ямы, панішчыўшы, бы шкодных прусакоў. І столькі сюды лягло, колькі налічвае мужчынскае дарослае насельніцтва добрага горада.

Дзіва, як для такой агромністай людской масы спатрэбілася мала пляца. А ўмовы тут не такія, як пад дахам кляштара-манастыра, у сухім пясочку — нават іхнія костачкі тут патлелі ўшчэнт.

Кожны з няшчасных пад дзёрнам быў паўнакроўнай жывой істотай. Таксама думаў, любіў, змагаўся, цярпеў, радаваўся, і ўсё згасла раптам тут разам з ёю. Пагаслі жывыя цяпельцы двухногай істоты, а зрабілі з імі гэта тыя, каму ўніжаць другога, расстрэльваць, заціскаць пятлю на шыі чалавеку, жывога ў агонь кідаць гэтак жа натуральна, як для нас — маніпуліраваць гальштукам.

Закапалі, і канец іхняму духоўнаму багажу. Цяпер нават невядома, хто тут ляжыць. З 80-ці ці з 100-тысячнай масы інжынераў, рабочых, калгаснікаў і студэнтаў захавалася толькі імя арганізатара бунту, Аляксея, хлопчыка Васі і прозвішчы асуджаных на смерць, калі не лічыць нябожчыка стаматолага Гарызонтава. Ага, асуджаныя недзе ў маёй кішэні — усе дзевятнаццаць. Шкада, не пакажаш іх Гарызонтаву — мо каторага ведаў...

Урачыстасць ушанавання загінуўшых ішла поўным ходам. Палякі рабіць гэта — мастакі. Атрымалася і на гэты раз у іх з рамантычнай выдумкай і прыгожа — брала за душу, выціскала слязу.

Асцярожна выняў я паперку і ў такт духавому аркестру ды хвалюючай пераклічцы рускіх імён пачаў сам сабе чытаць, адчуваючы, як камяк не то залішне сентыментальнага, не то звычайнага болю і спагады да сваіх хлопцаў мяне хапае за горла:

Сяргей Пілінскі. Васіль Петрык.

Клім Антоненка. Андрэй Федарэнка.

Пятро Калеснічэнка. Мікалай Франко.

Зіновій Гусеў. Мікалай Піскуноў.

Васіль Каўрыкін. Іван Мялецкі.

Зіновіў Яркін. Іван Котаў.

Мікалай Карбцмахер. Сямён Дзячэнка.

Іван Ціценской. Павел Марчэнка.

Андрэй Лазоўскі. Іван Кулініч.

І ўсё. Ад цэлага мора чалавечых істот. Каб расставіў іх на квадратным метры па аднаму, занялі б 8—10 гектараў. А змясціліся ў дзвюх ямах.

У цокале нашага музея, як потым мы разабраліся, быў звычайны «осрай» — так у салідных манастырах і кляштарах называецца месца захавання эксгумаваных касцей. Целы памерлых манашак закопвалі ў пясок ды трымалі іх там, покуль руплівыя чарвячкі не зробяць сваю справу. Затым падсохлыя муміі пераносілі ў склеп ды складвалі роўнымі радамі на паліцы з грубых дубовых дошак. Рэшткі газаў ад разлажэння мумій, відаць, і выяўлялі сябе нечым у калідорах начамі, палохаючы людзей. А Белая Дама, грукат колаў, іржанне коней і лёскат касцей — плён фантазіі.

З такой брацкай магілы гэты самы «фосфар» за чатыры дзесяцігоддзі мусіў выходзіць клубамі. Перла яго, напэўна, з-пад зямлі дзень і ноч — летам, зімой. Перла пры добрым надвор’і, у дождж, снег і завею.

Тут мяне бытта хто ўкалоў: я ж пра ўсё гэта магу зараз дакладна даведацца!

Як толькі скончылася ўрачыстасць, я ледзь не пабег з усяе сілы да бліжэйшага хутара, абкружанага старымі ліпамі, сярод якіх на мураванках віднелася маркоўнага колеру дахоўка. Не сумняваўся — менавіта там зараз пачую пацвярджэнне сваёй здагадкі ды пастаўлю кропку.

 

Тэорыя аўтара не знаходзіць пацвярджэння

На маё шчасце, гаспадар хутара — пажылы, інтэлігентнага выгляду паляк у гэтым доме і нарадзіўся. А ў вайну, як і належыць маім аднагодкам, матляўся па ўсім свеце, ваяваў. З 1946 года жыве ў бацькавай хаце зноў. Брацкія магілы байцоў у яго ўвесь час на віду — днём, ноччу, зімой, летам.

Бывалы паляк зразумеў мяне адразу:

— Не, пане, ніякага фосфару ці метану, ніякага агню ці хоць якіх-небудзь агеньчыкаў, ніякіх іскрынак не бачыў тут ні я, ні хто іншы — ні раніцой, ні вечарам, ні апоўначы. Дый колькі жыву, не траплялася бачыць мне ў такіх мясцінах чагосьці падобнага, а свету, пане шаноўны, пракалясіў кавал.

Не без пахвальбы пачаў загінаць пальцы ў мяне перад носам:

— Пад камандаваннем Францішка Клеберга прымаў удзел у апошнім баі нашых войск пад Клецкам — раз. У складзе войск Уладзіслава Андэрса ваяваў у Палесціне — два. Пад Тобрукам — тры, Монта Касіна — чатыры. Затым з жабрачай торбай павандраваў па Англіі, Канадзе і Аргенціне, а там спатыкаў такое, што, пане шаноўны, чалавек цяпер сам сабе не верыць!

Хвіліну падумаў.

— Не, не памятаю, каб і калегі мае хваліліся, што падобнае назіралі.

— Не?

— Ніхто, прошэн пана, і ніколі — ані разу. Бо агеньчыкаў такіх, мабыць, не бывае ўвогуле. Да і, дарагі савецкі калега, магу цвёрда сказаць — напэўна, не бывае. Нават — гарантую!

Зрабілася перад палякам няёмка.

Мне ж самому даводзілася не раз, не два і не тры хадзіць цераз могілкі — у розную пару сутак, зімой і летам. На фронце ў час наступлення начаваў на могілках неаднойчы, але ненатуральнага агню не заўважаў нават і ценю.

Вядома, па-рознаму бывае. Са мной магла атрымацца выпадковасць — проста не трапіў на такое дзіва. Але ж не бачылі чагосьці падобнага і нашыя хлопцы.

А найбольш пераканаўчы факт побач.

Калі б гэта было, як баюць старыя, то выхад агеньчыкаў з вялізных дзвюх братніх магіл не заўважыць тутэйшыя людзі аніяк не маглі б.

Крыкні на нашым стадыёне, а на Савецкай плошчы не пачуе цябе ніхто. Голас да плошчы не даляціць, калі б ад натугі ты і пачырванеў, бо адлегласць паміж адным і другім месцам — добры кіламетр. Але ж сам бываў сведкам, як сустракаецца наш «Хімік» з прыезджымі футбалістамі. У вялізнай чашы стадыёна, калі зараве дваццаць, а то і ўсе трыццаць тысяч, цесна збітых, галава к галаве, бы тыя семкі ў сланечніку, балельшчыкаў «Го-о-ол!!!», то спантанны выбух людскіх эмоцый далятае нават да Савецкай плошчы. Рык той гэтак грыміць, што з таполяў панічна ўсхопліваюцца галкі — бытта па дрэвах смальнулі з дубальтовак.

А бывалы паляк не супакойваўся, пераконваў:

— Альбо возьмем, шаноўны пане, такі факт. У касцёле адная кабета перажагнаецца, і рухаў яе рук не чуваць. Не пачуеш і тысячы рук, праўда? А ў зэшлым року на Блонях Кракоўскіх адначасова жагналіся два мільёны каталічак перад папежам, то, пане ласкавы, шолах ад іхніх рук стаяў бытта летні дожджык праляцеў над зямлёй — сам назіраў, як бога кохам! Можаш сабе, пане, уявіць, які стаяў бы тут слуп агню, калі б байка мела матэрыяльнае абгрунтаванне.

— I я пачынаю гэта разумець...

— Буйда ўсё гэта, пане шаноўны, выкінь яе, пан, з галавы!

 

Так яно і не зусім так

Адным словам, легенда з фосфарнымі агеньчыкамі на могілках — таго самага гатунку, як і пра кучаравага баранчыка. Калі б так было, як баюць старыя, над брацкай магілай не толькі ў Бяла Падляска праявіўся б «эфект стадыёна». Здарылася б такое цуда і над тысячамі мясцін, пакінутых нам гітлераўцамі ў доказ сваёй людаедскай натуры.

Немцы закоўвалі свае ахвяры рознага полу, узросту, фізічнай кандыцыі ды кідалі іх у пясок, гліну, камяніцу ці балота ды багну. Над такімі могілкамі, паводле элементарнай логікі, павінны б цяпер бруіцца ўжо не аддзельныя фосфарныя агеньчыкі — страляць павінны цэлыя феерверкі ды фантаны крывавых агнёў, ад чаго сюды страшна было б нават падыходзіць.

Каля брацкіх магіл, а як жа, часамі агні цяпер гараць, але з прыроднага метану,— таго, што нашчадкі правялі трубамі і падаюць з Цюмені.

Падумалася так, і мяне агарнула адчуванне непапраўнай страты. Было такое адчуванне дакладна, якое паспытаў аднойчы ў юнацтве, калі пераканаўся, што легендарная папараць-кветка ніколі не квітнее, а ў Святаянскую ноч дрэвы з пнёў сваіх не зыходзяць, ядлоўцы з елкамі тады не сварацца, а ў лесе гэтаксама ціха ўсё ды спакойна,— адно тонка бзынчаць камары, гудуць, як бамбавозы, майскія жукі, ды шалпочуць пра нешта сваё, патаемнае, лісты тае самай асіны, на якой — так ніхто і не можа разгадаць чаму — птушкі не хочуць віць сабе гнёздаў.

Такім чынам, Габузаў са сваёй навукай меў рацыю,— я перад ім паўставаў у надта смешным выглядзе. Старыя людзі і ў даным выпадку жаданні выдавалі за праўду, ствараючы прыгожую байку сабе і ўнукам на пацеху.

Што ў французаў ёсць свае «блудныя агеньчыкі» — таксама не аргумент: паміж народамі дзейнічае закон спалучаных сасудаў.

Кожнаму з нашых старых, вядома, давялося перажыць шмат, але ж замала продкі мелі ведаў, каб рабіць правільныя высновы. Затое майму пакаленню дасталося на поўную катушку, а ўзровень чалавечага мышлення ўзняўся настолькі, што мы куды больш дакладна можам назваць чорнае чорным, белае белым, а кошку кошкай. Менавіта нам аб гэтай з’яве судзіць.

Стоп, а як жа тады вытлумачыць з’яўленне Белай Дамы ў калідорах кляштара-манастыра? Здань бачылі розныя людзі...

От табе і раз!

Штосьці за ўсім гэтым таіцца, ліха яго вазьмі. Напэўна, нешта хаваецца за гэтым дзівам, але — што?

 

ЧАСТКА ДРУГАЯ

 

Раздзел першы

 

Старажытныя муры зноў адкрываюць скарб

Мінула пару месяцаў пасля маёй паездкі ў ПНР, і — на табе! — новая сенсацыя. Не, вышывак рэстаўратары покуль што не знайшлі, а — куды больш цікавае.

За гэты час сярод рабочых рамонтнай брыгады распаўзлася чутка — манашкі, маўляў, у абіцелі нахавалі мяшкі пярсцёнкаў з брыльянтамі. Пранырлівыя хлопцы ў заляпаных растворам каўбоечках выстукалі ў сцяне падвала малаточкамі поласць ды ўзрадаваліся — нешта ёсць! Калі не брыльянты, то залатыя ліхтары ды іконы ў сярэбраных акладах! А то і залатыя дараносіцы!

Ад прагнасці, нічога нікому не кажучы, рабочыя нецярпліва абабілі стары раствор са сцяны ды ломікамі выважылі некалькі ружовенькіх і рабрыстых «пальчатак».

У XVII стагоддзі для таго, каб раствор лепш трымаў цэглу, уздоўж мокрай глінянай загатоўкі майстры джэргалі агрубелай пяцярнёй, утвараючы ў пластычнай гліне паўдзесятка раўчакоў, і толькі тады садзілі загатоўку ў печ. Цэглу з такімі баразёнкамі ад пальцаў прынята называць «пальчаткай».

Па такой дэталі археолагі, гісторыкі і вызначаюць час будоўлі.

Цагліны выважылі, і перад мужчынамі, сапраўды, адкрыўся чорны зеў з якімісьці прадметамі. Узбуджаныя хлопцы нецярпліва пасунулі рукі ды з расчараваннем намацалі якіясьці тамы ды сшыткі з цвёрдай паперы ў мешкавіне, але — ні металу, ні дрэва з акладамі, ні брыльянтаў.

Толькі тады рамонтнікі зрабілі ласку — паклікалі да скарба навуковых супрацоўніц.

Прыляцелі нашыя дзяўчаты з ліхтарыкамі і не паверылі сваім вачам. У мураванай нішы ляжалі, пакіданыя навалам, старажытныя кніжкі ў скураных пераплётах з меднымі засцежкамі — цалкам у добрым стане, за іх, скупляючы ў мясцовага насельніцтва, супрацоўніцы мусілі плаціць вялікія дзяржаўныя грошы, а тут — бяры ды валачы ў фонды, бібліятэку.

На жаль, і гэтыя фаліянты былі багаслоўскага зместу — усё далёкае ад сучаснасці, даўно спецыялістам вядомае і нецікавае. Затое ў старых сшытках, хоць не надта выразна, аднак дастаткова, каб разабраць словы і зразумець тэкст, стракацелі радочкі самых звычайных чалавечых успамінаў, пералік падзей, фактаў і імён. Успаміны былі ўжо мне знаёмай ад манашак асобы, але пададзеныя цалкам у іншым выглядзе.

Мяне, празаіка, грубая папера, спісаная акуратным жаночым почыркам, перанесла адразу ў дні суровага мінулага, абудзіла творчую фантазію, прымусіла падумаць і добра пахвалявацца.

Адным словам, трапіў мне ў рукі каласальны дакумент эпохі, аб якой дагэтуль я меў цьмянае ўяўленне — папулярных выданняў пра даўніну чамусьці ў нас не багата.

А ўвогуле знаходжанне ў сцяне кляштара папяровага скарба асаблівых пытанняў не выклікала. Выклікала роздум.

Навуковыя супрацоўнікі ўстанавілі ўжо дакладна, што ў старажытныя гады ў кляштары, зрэшты, як і ў манастырах, адбываліся частыя сваркі паміж свяшчэннікамі, манахамі і манашкамі з-за прынцыпаў веры і рытуалаў, з-за святкавання таго ці іншага дня, прызнавання ці не прызнавання якога-небудзь святога, з-за крыжа з адной, дзвюма ці трыма перакладзінамі.

Калі ж перавесці ўсе тыя звадкі на сённяшнія меркі, то выйдзе, што фактычна і тады ішла самая звычайная барацьба за гегемонію. Прыкрытае шырмай веры ці рытуалу, бытавала банальнае падседжванне адзін аднаго ды такая ж, як заўважаем яшчэ і сёння, прага адных захапіць уладу над другімі.

Карысталіся пры гэтым нават непрыстойнымі сродкамі — абы узяць верх.

«Браты» і «сёстры», напрыклад, якім на бліжэйшы час удавалася над апанентамі захапіць верх, бесцырымонна аб’яўлялі апошніх не менш як крамольніцамі, ворагамі веры ды слугамі нячысціка ці намеснікамі Люцыпара. Такіх потым бязлітасна кідалі ў цямніцы, палілі на вогнішчы, выганялі з роднага краю, а ўсе іхнія атрыбуты і маёмасць накіроўвалі для экзекуцыі альбо дзялілі паміж сабой.

Экзекуцыі прымяняліся дваякія.

У адным выпадку рэчы апанентаў з адпаведным рытуалам ды багатым рэпертуарам праклёну таксама палілі публічна на вогнішчы альбо тапілі ў Нёмане. У другім — з тым жа рытуалам замуроўвалі ў сцяне манастыроў, кляштараў, замкаў ці проста выкідвалі на сметнік, а больш каштоўныя рэчы, як узнагароду, перадавалі таму, хто выявіў ерэтыка.

Кніжкі і дзённікі, намі знойдзеныя, колішнія паборнікі веры і нораваў, на нашае вялікае шчасце, паддалі якраз другому гатунку экзекуцыі.

Каюся. Атрымаўшы рэдкія экспанаты ў пісьмовай форме, перш чым перадаць іх спецыялістам, я над імі выкарыстаў сваю ўладу спаўна. Узяўшы тыя сшыткі, замкнуўся ў лабараторыі ды парабіў з іх фотакопіі. Затым на пару тыдняў адключыўся ад іншых клопатаў і адбіткі пачаў штудзіраваць, адчуваючы ўздым ды цікаўнасць шкаляра, які ўпершыню схапіў «Рабінзона Круза» ды зашыўся з ім у кусты.

Зрэшты, хвалявацца было чаго, як і цікавіцца. Было над чым і паразважаць, з-за чаго паперажываць. Мяркуйце самі.

Дзённік пачынаўся гэтак:

«Я велька гжэшніца Катажына Волковіч зачэнлам тэн зешыт в Гродне Кворта Фэбруары року 1659 од народзэня Сына Божэго в кляшторнэй цэлі зопісаня жывота мэго длясына едынака. Ктуры мамушкен своён напэвно знойдзе в сутане чы в могіле моей люб в костніцы кляшторнэй. Агды знойдзе то зась вшыстко пшэчыта і од мамушкі своей контэнт бэндзе бо напэвно кволітіс мамушка Твоя дрогі Сынку дужо мяла. Жэ ты Сынку сень однойдзеш поведзяла мне вружка з Верцелішэк а тэ прэазэрые пшэцеж сень вэрыфікуён. Жэбы вружба сень звэрыфіковала я цо вечур до дэнбу бегалам...»1

Адным словам, незнаёмая, кранутая бядой кабета вылівала на паперу свае перажыванні — старонка за старонкай, сшытак за сшыткам.

Польская мова, якой пісала большасць маіх беларусоў, ад пачатку да канца ў Кацярыны Валковіч была густа перасыпана словамі лацінскімі, французскімі, літоўскімі, рускімі і нават арабскімі ды ліха ведае якімі яшчэ — я не змог вычытаць іх ні ў якіх слоўніках. Многія словы мелі грубыя арфаграфічныя памылкі. Літары зліваліся, налазілі адна на адну, а са знакаў прыпынку аўтарка прызнавала толькі кропку і то рэдка, таму тэкст чытаўся месцамі як рэбус.

Часамі аўтарка забывалася, падзею перадавала другі і трэці раз, дадаючы новыя дэталі, альбо апісвала яе інакш. А то звярталася да сяброўкі Ганны, якая, як выразна было відаць з папярэдняга апісання, даўно не жыла і аддавала богу душу ў Кацярыны Валковіч на руках — забыць такое чалавек не можа. Таму адразу ўзнікае пытанне — як такое зразумець? У аўтара такі літаратурны прыём? Была ў яе яшчэ адна сяброўка Ганна?

У многіх месцах увогуле нельга было ўцяміць, чаго тая самая Кацярына Валковіч хоча. Але наогул, калі пачынала выкладваць свае падзеі, перадаваць каларыт эпохі, малюнкі колішніх людзей ды іхнія звычкі, норавы, пераконанні і быт, рукапіс чытаўся ўжо з захапленнем.

Уразіла і бываласць незнаёмай зямлячкі. Я сябе лічу чалавекам таксама бывалым, а таго, што перажыла Кацярына Валковіч, бачыць і не снілася,— зайздрошчу.

Вялікая каштоўнасць — асабістыя ўражанні аўтара. Чытаючы такі матэрыял, ты ўсяму верыш, бо кожнае слова, факт кранае твой розум і сэрца рэчаіснасцю.

Перада мной было «золата, пераворанае ў гарніле душы» — сумленнай, багатай, як мой народ, і для свайго часу адукаванай ды развітой.

А яшчэ са старых і цьмяных радкоў прабівалася месцамі нежаночая логіка, уласцівая толькі мужчынам дасціпнасць і нават гумар, уменне карыстацца паралелямі, а звыш усяго прабіваўся не абы-які талент назіральніка. Калі б жыла тая асоба ў наш час, з яе, напэўна, выйшла б другая Эліза Ажэшка ці Святлана Алексіевіч, ды нават за гэты рукапіс я рэкамендаваў бы яе ў Саюз пісьменнікаў.

 

1 Я, вялікая грэшніца, Кацярына Валковіч, пачала гэты сшытак ў Гародні чацвёртага лютага 1659 года ад дня нараджэння Сына Божага ў кляштарнай келлі з апісання свайго жыцця для адзінага сына, які матулю сваю, напэўна, знойдзе ў сутане, ці ў магіле, альбо ў кляшторным «осараі». А калі ён знойдзе, то ўсё прачытае і будзе матуляй здаволены. Бо, напэўна, добрая была Твая матуля, сынку. Што ты, сынок, знойдзеш, сказала мне варажбітка Расол з Верцялішак, а варажба спаўняецца.

Каб споўнілася варажба напэўна, я кожную ноч лётала да дуба...»

Як адлюстроўваць даўнія часы?

Праштудзіраваўшы сшыткі раз і два, мне збольшага ўдалося выявіць, пра што кабеціна хацела сказаць. Аднак складаны для друку ды крыху занудлівы для свецкага чытальніка тэкст цытаваць збіраюся рэдка, а менш цікавае апішу.

Галоўныя моманты, апісаныя кабетай, перадам яе ж замалёўкамі, толькі перакажу мовай сучаснай. Са знойдзеных матэрыялаў пастараюся вывудзіць дух эпохі, бо нас усё ж такі раздзяляе каласальная дыстанцыя часу. Спадзяюся на інтуіцыю ды ўласны вопыт. Матывы для гэтага наступныя.

Мо я не ведаю тагачаснага «вышэйшага свету» — выгляду і быту тых вяльмож? Гэта не зусім так. Калі каму-небудзь на вуха ў XVII стагоддзі сядала муха, ён, каб сагнаць яе, дакладна гэтаксама, як робяць людзі сёння, трос галавой.

І прыблізна такія самыя былі ўхваткі ў жанчын — лёгка сабе ўявіць па дакументах. Напрыклад, адная вяльможная пані яшчэ з III стагоддзя пісала сяброўцы так: «Я абавязкова ў цябе пабываю, бо зрабіла дакладна такую саму прычоску, як у каралевы Тэрэзы на талеры, хачу ў ёй да людзей паказацца!»

Зрэшты, напэўна, і тады былі людзі самыя розныя. Ды больш простыя, чым некаторыя зараз сабе ўяўляюць. Напрыклад, польскі летапісец XV стагоддзя Ян Длугаш, чамусьці раззлаваны Казімірам Ягелончыкам (сынам Уладзіслава Ягелы), ускочыў дамоў і пад гарачую руку пра свайго караля чыркануў для гісторыі такія словы:

«Ах, так? Ну, я ж табе пра татку твайго зараз напішу, і будзеш ты ведаць! Бацька боўдзіла і сын такі самы прыдурак (pólglówek) а яшчэ маю іх шкадаваць? Ну, не-е!!.»

Сходы Луўра ў XVII стагоддзі служылі і месцам туалета, гэта праўда. Але ж Людовік XIII, кароль Францыі, паламаную карэту сам рамантаваў і мог адліць гармату невялікага калібра.

Англійская каралева любіла даіць кароў. А як Пётр Першы валодаў сякерай, раскажа табе кожны піянер.

Шведскі кароль Карл XII быў высокім і нават прыстойным, ды надта ж любіў лаяцца, быў таксама (як і Пётр Першы) скоры на расправу — свой доўгі і востры рапір ужываў часта, паглыбляючы яго ў жывое цела. Рукі меў брудныя і такія ж манжэты. Валасы расчэсваў выключна пяцярнёй. Коні яго не ведалі стайні, зімой начавалі пад адкрытым небам, таму поўсць мелі доўгую, хвасты злямчаныя. А начаваў кароль па вёсках у курных хатах. Калі ж спаў, гунька служыла яму матрацам і коўдрай.

Яго сваяка, польскага караля Зігмунда Аўгуста, таксама не назавеш беларучкай — пальцамі мяў кілішкі, разгінаў падковы, галіну браў за чаранок і выціскаў сок, начаваў у курных хатах таксама, а, спаборнічаючы з Пятром Першым, хто вып’е больш, не паддаваўся цару, з-за стала не ўставаў суткі і больш.

Рэлігійнага фанатыка, распусніка і свайго сучасніка Яна Казіміра Вазу малюе трапна сама Кацярына Валковіч, чым значна спрасціла мне працу.

А як жылі людзі прасцейшыя, патраплю апісаць і сам — падставы для гэтага маю. Бо добра памятаю, як жылі пад саламянымі стрэхамі, хадзілі ва ўсім саматканым.

Ды не толькі гэта запала ў душу.

Як і сёння ў людзей сядзіць цяга, каб выказаць свой духоўны стан у танцы, рытме ды меладычных гуках, так і раней патрэба такая бытавала.

Таму, спаткаўшы ў старажытным тэксце апісанне, як маіх продкаў у самыя неадпаведныя моманты цягнула спяваць, што зараз, напэўна, выклікала б здзіўленне, з тых людзей не смяюся і да мясціны ў тэксце адношуся як да верагоднага дакумента. Механічных ці электронных скрыначак і скрынак тады не ведалі, таму свой душэўны голад на меладычныя гукі народ здавальняў як мог.

Добра памятаю, як мама, падмятаючы падлогу, круцячы калаўротак ці скрабучы нават бульбу, што-небудзь спявала, накшталт:

 

Ой, іграйце ж, музыкі,

Мае лапцікі вялікі!

А мне бацька іх плёў,

Ад каляд да пакроў.

Іх мне маці падшыла,

Каб здарова насіла!..

 

Хлопец, ідучы за плугам, пад нос сабе выводзіў:

 

Чтэры міле за Аршавон

Там выдалі сёстрэн замонж.

Дано, дано за Гэнрыка,

За старшэго разбуйніка!

 

Жнеі цягнулі сваё:

 

Дужыя рукі

Мільгаюць лоўка,

Дажалі жыта,

Выгналі воўка!

 

Жменя да жмені,

Сноп да снапочка,

Мокрай ад поту

Стала сарочка!..

 

Бабы з дзяўчатамі, вяртаючыся з поля, таксама пяялі ды гэтак, што дай паслухаць сённяшняму маладому — не паверыць.

Спявалі пастушкі.

Не абыходзілася без песні ні адна сходка моладзі...

Гэтая з’ява з практычнага боку абгрунтавання бытта бы і не мела. Бы тая любоў даваеннага мужыка да каня, па выгляду якога сталіністы пасля Верасня 1939 года часта вызначалі колькасць кулакоў на вёсцы.

Дзядзька мог валодаць адным-двума гектарамі зямлі, не мець нават цэлых парток, удосталь не наядацца, дзеці яго гадамі маглі не бачыць цукру, затое конь у яго быў пародзісты, аўса яму заўсёды мусіла хапаць. Крыж звер меў у яблыках, а на баках — панскую збрую.

Іншы мужык так даражыў сваім гнядым ды лысым, што, везучы з поля мяшкі бульбы, на вазок не даваў пачапіцца нават дзіцяці, уздыхаючы аб тым часе, калі да цяжкой работы дзяды запрагалі ў ярмо пару валоў.

Гэта не альтруізм.

І ў даным выпадку, бы ў тых песнях, беларус праяўляў сябе так, як творца, селекцыянер, фантазёр, эстэт — менавіта ў гэтым душа яго знаходзіла сабе выйсце.

А ўсё тое адбывалася толькі шэсцьдзесят гадоў таму. Цяпер памнож такія перамены ў пяць разоў, перанясіся ў апісаную Кацярынай Валковіч эпоху ды ўяві сабе, на колькі розніца ў бытаванні людзей адных і другіх стане большай.

Страх пра такое і падумаць.

Гэта на першы погляд.

У даным выпадку, я ўпэўнены, год на год не прыходзіцца, таму на мінулае можна глянуць іначай.

Бурлівыя перамены выпала паспытаць адно апошнім пакаленням, жыццё колішніх людзей мянялася вельмі ж паволі. Зараз за адзін год назіраем зрухаў куды больш, чым бедалагам тады даводзілася перажываць на працягу цэлага пакалення. Усё было тады размеранае і сталае, даўно ўсім вядомае.

Як хто, а я такому спакою і стабільнасці зайздрошчу.

У некаторых жа выпадках на першародныя з’явы ляглі напластаванні, надаючы з’яве іншае значэнне. Напрыклад, калі мы цяпер гаворым, што нехта страляе з Калашнікава, нам і ў галаву не прыходзіць пытанне: чаму ж тады са ствала аўтамата вылятаюць не стрэлы. Дзеяслоў гэты трыста гадоў таму, калі стралялі з лука, дзеянне выражаў больш дакладнае.

Карацей кажучы, узяўшы за аснову знойдзены тэкст і яго стыль, усё пастараюся перадаць сваімі словамі. Маю вопыт і сябе праверыў. Галоўнае — валодаць дакладнымі фактамі, бытавымі дэталямі, тады душой адразу пераносішся ў патрэбны перыяд, адчуваеш сябе ў ролі героя і можаш верагодна маляваць падзеі ды незнаёмых людзей. Так стварыў не адну аповесць, раман, эсэ і — атрымалася.

Адным словам, і цяпер стану кіравацца Дзям’янам Бедным:

 

Хотя писал я правду-матку,

Все ж привлекал порой догадку,

И опыт жизни, и чутье,

Когда обрывками,

В раскладку,

Вносилось медленно в тетрадку

Повествование мое.

 

Далей выкладваю цярністы шлях той самай Кабеты.

 

Раздзел другі

 

Хто такая аўтарка і яе келля

«Простая ежа. Спакойны сон уначы. На душы спакой і слодыч ад радасці, што летапісанне, за якое так горача і натхненна ўзялася ды вяду каторы год — душакарысная, богаўгодная справа, што рабіць гэта ніхто мне не перашкаджае і перашкодзіць не зможа, бо тут я — сама сабе гаспадыня.

Вакол мяне — рахманыя паслушніцы і сціплыя манашкі.

Нізкая столь ды цішыня да звону ў вушах.

З цэглы, пастаўленай тырчма, падлога.

Стол з маімі паперамі і чарніліцай, а над ім палічка з драўляным грэбенем.

Драўлянае вядро ў кутку з вадой, венік, ды цепліцца агеньчык перад іконай.

Сяды-тады далятае харавое пенне малітвы. З царквы даходзяць пахі расплаўленага воску, кадзільнага дымка.

Усё даўно знаёмае, мілае сэрцу будзіць у памяці забытае, кранае за душу, хіліць да разважанняў ды ўспамінаў, а часу цяпер у мяне — вечнасць.

У цёплую пару ад гукаў зрэдку ўздрыгваюць яшчэ сцены ды хістаюцца фіранкі, але даўно прызвычаілася і да гэтага, таму нават не заўважаю такой драбязы.

Слаўнага на ўсю Гродню маем панамара.

Як толькі летам дзе загрыміць, як толькі набліжаецца навальніца ці збіраюцца хмары на град, адразу цягае за вяроўкі — б’е і б’е ў званы. Вядома, апошні час нехрышчоных дзетак столькі памерла, тапельцаў столькі было, вісельнікаў усялякіх без ліку, а яны і пасылаюць на людзей грамы ды навальніцы з градамі, перунамі ды бліскавіцамі. Бронзавае рэха тады ад нас ляціць над палямі і лесам, нясе людзям шчодрую боскую міласць, збавенне і ратунак — далёка, на ўсю акругу, а нам кожны ўдар волатаў перадаецца праз цэглу ды палатно на вокнах.

Што ж, нават і дурню вядома — званы магутным і знаёмым голасам не толькі абвяшчаюць бяду, радасць, спакой ды трывогу. Пры благавесце пасля трэцяга ўдару ўся бесавая сіла правальваецца ў пекла.

Ад іхняй галасістасці залежыць надвор’е.

Яшчэ і Мацер Божая апускаецца часамі на зямлю ад іхняга звону, таму ў кляштары ўсе мы панамара шануем, а металёвыя выбухі прымаем з прагнасцю.

Езуіты бяруць ад кожнага кмеця за святы голас па чатыры снапы. Францішканцы — па тры. Наш панамар — чалавек людскі, бярэ адно па снапочку і то не выбірае, як іншыя, а чакае, калі яму гаспадар падасць. Аднак хлеба кляштару аж надта хапае. І увогуле харчамі я забяспечаная да самай смерці. Адзін агарод пад Каложай дае столькі, што восенню не ведаем, куды дабро дзяваць.

У такіх умовах, у гэткім ладзе паміж душой і целам жыву, думаю і памаленьку пішу. А робіцца сумна, адразу аб’яўляю ігуменшы ды тупаю ў дуброву альбо да сваіх Путрышак. З выхадам у нас строга, але мне, багатай ды слаўнай шляхцянцы, якой была ў міру, і цяпер усё дазваляецца. Не хочацца нікуды валачыся, адхіляю фіранку на патаемным акенцы ды гляджу на вуліцу. Узіраюся доўга, аж да нудоты, як вось зараз.

Уздоўж нашай сцяны чырванеюць кветы. Па дарожцы каля іх ад званіцы тупае кудысьці вялікімі, касалапымі ступакамі ў замшавым абутку панамар.

У замак скачуць рыцары ў чорных шаломах, напатыльніцах і з апушчанымі на пераносіцы стрэлкамі; у аднаго палатном з бурымі плямамі перавязаная шыя.

А з гары рыцарам насустрач у мяшках вязуць злачынцаў тапіць у Нёман. Фурманы маглі б уважыць апошнія хвіліны асуджаных, але твары ў іх вясёлыя — бытта і не памытыя вадой святога хрышчэння.

Даруй, Велькі Божа, злачынцам грахі іхнія — Твая міласэрнасць не ведае межаў! Няхай і гэтыя няшчасныя спазнаюць царства нябеснае, ва імя Айца, Сына і Святаго Духа, амін!

Фурманка з жывымі мяшкамі мыляе запрэжаныя валамі мужыцкія вазы. Упіраючыся ў ярмо, парыпваючы непрыемна калёсамі, валы дзень у дзень гэтак валакуць наверх для абнаўлення муроў валуны, вапну, кулі саломы, дубовыя бэлькі.

Вязуць бочкі з квашанай капустай, каровіны тушы, прыкрытыя ад мух і пылу рагожай.

А во, зараз добра відаць, як у кустах за пунцовымі кветкамі хлапец падлабуньваецца да дзяўчыны. Яна аж кіпіць. Зусім маладзенькая і, вядома, яшчэ дурная...

Зрэшты, дурні добрыя абое. Ну, пажэніцеся, а далей што станеце рабіць? Ты, хлопча, зможаш забяспечыць быт сваёй сямейцы? Закаханасць ваша — распуста, першародны грэх, неўзабаве выветрыцца — цалкам і без следу. Цябе забяруць на каралеўскую службу, а жонка з малымі што будзе рабіць? Ад голаду зубы на паліцу стане класці, мэнчыцца ды ўсё праклінаць.

Учора дакладна з такой маладзенькай ажаніўся князь Друцкі і новым сваяцтвам дабавіў сабе яшчэ мянушку Любецкі. Так князь Друцка-Любецкі дзяцей ужо ўладкаваў, унукаў завёў, маёмасць сваю пашырыў для нашчадкаў, то і гэтая жоначка будзе ў яго, як у пана Бога, жыць за пазухай...

Усё гэта так! Але ж я, грэшная, бы на споведзі, выкладваць Табе збіраюся зусім пра іншае.

Пачну ад нашых каранёў».

 

Кацярынін дом, радня і быт

«Мы — з русінскіх ліцвінаў1, якія гавораць па-тутэйшаму, літары выводзяць па-польску, а калі і па-руску, то пішуць лацінкай. Цяпер мы часова пад Каронай, але нашыя тата з мамай і брат любілі свабоду, хоць больш маўчалі, трымаючыся ў цяні, ды акуратна выпаўнялі, што ўлады патрабавалі ад іх. Няхай Табе будзе вядома — усе тутэйшыя і цяпер любяць у цяні трымацца,— гэта ў нас у крыві. Дый сама лепш сцярплю, прамаўчу, потым зраблю па-свойму, мне і самой лягчэй дзесяць разоў даць, чым раз прасіць, бо над усё люблю незалежнасць і спакой.

Дзядзька Твой, сынок «па кудзелі»2, Нічыпар, скончыў езуіцкі калегіум у нас, у Гародні. Нават відаць той будынак з нашага кляштара, адно з другіх акон. Набіраюць сюды зараз таксама. Бяруць васьмігадовых, трымаюць дзесяць гадоў, а каб дзіця не распускалася, увесь час не выпускаюць нават на лета дадому.

Паводле статута Таварыства Ісуса вучань гэтай школы павінен быць паслухмяны, як труп альбо як посаг старога. Аднак калі Твой дзядзька Нічыпар выйшаў з езуіцкай школы, католікам ад гэтага не стаў3. Толькі яго неўзабаве пастараліся ажаніць, вядома, на шляхцянцы з Вільчыц.

Зямлі мы мелі вельмі многа — пясчанай і лёгкай. Каб невядома якая ліла навальніца, а пройдзе дождж і лужаў — ні следу, бо вада праходзіла праз жвіравыя пяскі, бы праз рэшата. Такая глеба ахвотней радзіла камяні, чым зерне. І камянюкі гэтыя як ні выбірай, а выпірала знізу і выпірала — бы пабітыя верцяхі ды збанкі, якія цёнгле вылазяць з грунту на Замкавай гары. Пра посуд — не скажу, адкуль на Замку бярэцца, а пра камянюкі — ведаю напэўна. Гэта — старыя косці зямлі. Пад пяском штосьці іх трушчыць, выкідвае прэч, а ў зямлі потым замест іх новыя костачкі нарастаюць — нібы зубікі ў груднога дзіцяці.

Такой глебы аднаму зайцу, каб выжыць, трэба было б тысячу дзесяцін і то, бедны, мусіў бы яшчэ красці, каб не акалець з голаду — любілі жартаваць наш тата. Хлопкі ведаць гэтага не хацелі і дзяцей раджалі паводле правіла — адное ў пушку, а другое ўжо ў трыбушку. З боскай волі большасць малых неўзабаве памірала, таму пракарміцца людзі ў нас сяк-так маглі.

Зрэшты, такі быў і корм.

Вясковыя бабы сваім дзецям піхалі ў рот тое, што самі елі: рэпу, клёцкі, капусту, гарох, панцак, збольшага перажаваўшы ў роце, а іншыя, што самі пілі, тое і ў раты малым улівалі. Пакарміўшы гэтак ды напаіўшы, потым запіхвалі на цэлы дзень у печ. Па пяць і шэсць галэпусаў там сядзела, покуль печ выстывала, покуль бацькі не вернуцца з работы.

Лячыць малых, вядома, ніхто не лячыў. І не з-за канчатковага дзікунства. Нашыя хлопцы дзякуючы бязбрэжным паствіскам мелі і па два кані, 3—4 каровы, яшчэ і па пары валоў, кожную суботу мыліся ў балейцы, ведалі мыла, а некаторыя мелі нават нужнікі, але разважалі так — лепш занесці ў карчму, чым у аптэку. Куды больш клапаціліся аб сваёй цельнай карове, чым аб цяжарнай жонцы, якую за мала-веле лупцавалі, бо былі перакананыя — ядловец не дрэва, курыца не птушка, а баба — не чалавек. Бывала, аж чорная ад ботаў ці палена стане. Потым плача, горкімі слязьмі абліваецца. А ён, адумаўшыся, соллю сінякі бабе пасыпае ды супакойвае:

— Ну, хопіць, Сонька, хопіць румзаць, сці-іхні! Бачыш, лячу цябе ўжэ!

На брата не крыўдую. У пасаг мне адпусціў многа лесу, балота ды нівы, каб не выпадак з Табой.

З другога боку, калі разважу,— а што ён, мужчына, які вечна валачыўся па войнах, меў рабіць з Табой тады, сынку? Перш за ўсё — мусіў запэўніць хоць якую табе будучыню, што і зрабіў. Забяспечыў, мажліва, і не блага.

Я ўвогуле не маю крыўды ні да кога. Што зробіш, калі так вядзецца на свеце, што адных апякуюць анёлы, другіх — чэрці. А як усё выдарылася, апішу далей. Прачыстая Дзева Марыя, спадзяюся, адпусціць мне патрэбную колькасць дзён для гэтага. Толькі май цярпенне мамулю выслухаць».

 

1 Так у XVII ст. называлі сябе карэнныя жыхары Заходняй Беларусі.

2 Гэта значыць — па мацерынай лініі. «Па мячы» — па бацькавай.

3 Дзённіку можна верыць. Дакладна такі ж самы калегіум на Поўдні скончыў прыблізна ў той самы час і Багдан Хмяльніцкі, застаючыся праваслаўным.

Першае ўпамінанне пра чары і вядзьмарак

«Абвіненне мяне ў вядзьмарстве — няслушнае, сынку. Хлусня такая на мяне навалілася ад цемры ды забабонаў, якія пануюць у нашым краі.

Вядзьмарка, сыне, не я, а Бусліха з нашых Путрышак. Яна ў чарах добра разбіралася. Умела дзецям хваробу накінуць, каровам малако адняць аж да ацёлу і нават на шынкі шкодзіла. А такое рэдкае зелле мела, што перад кожным судом апраўдвалася, каб невядома што на яе валілі сведкі самыя розныя.

Бусліха мне прызналася, ведае дакладна, пры поўні ці пры маладзіку яго рваць трэба і ў якую пару дня мачыць. А як мае тое зелле, то ніхто рукі на яе не можа падняць, ніякі суддзя не страшны, і такое яшчэ слова ведае, што чалавека забіць можа.

Скажа чалавеку слова і — канец.

Яе сын на катаваннях заявіў, што маці верхам на мятле лётае да Лысай гары, а калі што каму зробіць, назад перарабіць не магла. Ды вельмі ж любіла вычаўпляць людзям шкоду.

Зачэрпвала, напрыклад, з маладога віна пены, шмаравала суседзям бочкі і шаптала:

— Бы пена гэтая шуміць, хай шумяць і людзі тыя, цьфу, цьфу, цьфу, амін!

Адразу ўсе за чубы браліся, а Буслісе гэтага і трэба.

Як памерла, насыпалі бабе на грудзі маку. Покуль грызла ў магіле маленькія зярняткі, вёска і адпачыла крыху.

У вядзьмарак, як ведаеш, сынку, уся сіла ў валасах. Але Бусліху чамусьці пры пахаванні не пастрыглі — забыліся, мабыць. У яе неўзабаве скончыўся той мак, і пачаліся ў вёсцы чары зноў.

Тады хтосьці з самых разумных мужчын здагадаўся насыпаць ёй у мёртвы рот цёртай цэглы, каб смактала і да людзей не чаплялася. Але народ ужо так паспела запалохаць, што доўга яшчэ ўсе не верылі, кожны баяўся ды насцярожана чакаў.

Нарэшце запанаваў-такі спокуй.

Такая была Бусліха, але — я?

Калі вернешся з Еўропы жывы-здаровы, глядзі ж, Аляксандр, каб Ты прытрымліваўся нашых законаў, звычаяў і трымаў у сабе сумленне чыстым, бо яно — глас Божы ў чалавеку. А сам ведай — няпраўду людзі пра мяне потым сказалі.

Абгавор такі паклалі, крыўдны, несправядлівы,— што, як вядома, людзі могуць учыніць.

Умею толькі падзьмухаць, калі хто жыватом хварэе. І вядзьмарку магу пазнаць, як урачэ мяне каторая-небудзь. Гэта проста. Лью малако праз напаленае жалеза і тады яе бачу.

Яшчэ карысна глядзець у віры пад млынова кола. Невыразна тады бачу, нібы праз дым, але мне дастаткова і адразу скажу — хто гэта, не выкруціцца аніяк.

Нават Цябе, сыне, магла б усяму навучыць, каб пад бокам жыў.

А бабскія хваробы лячу так: бяру тры яйкі, выпускаю з іх жаўткі, а бялкі адліваю ў аддзельны посуд.

Такую вадзіцу потым пырскаю на бервяно ў хаце, калі перайду першы парог,— адразу дапаможа маладзіцы.

Толькі ўсе мае веды — ніякія не чары. Пра такі спосаб кожнаму дурню на вёсцы вядома. Прызнаваў яго нават электар пры допыце ды першы руку нават да паперы прыклаў, пячатку паставіў і абвіненне з мяне зняў.

Баба Пухава з Капліцы Велькай на тартурах не пацвердзіла, што я бытта бы чаравала яе дачку. Электар не прызнаў і байкі, бытта ад майго позірку загарэўся стог сена ў той жа Капліцы Велькай, а ў Малой — свіран.

Пан Рацейка, няхай яго душанька трапіць у рай на тым свеце, хай над ім і там анёлы маюць святую апеку, як яго ні мэнчылі, ні дапытвалі праз калёнае жалеза, як на коле ні расцягвалі, а не прызнаваўся, што яго чаравала, і таму мяне аблапваў за ногі.

Буйду такую потым пусцілі па вёсцы.

Нічыпар завёз тады мяне ў Гародню на баль. Пасля, калі ля варот сядалі ў карэты, нахабныя чаляднікі з панічамі мацалі нас ды ціскалі — для гэтага пазнімалі ўсе паходні з дзяржальняў ды пагасілі ў лужах, ад чаго стала цёмна, хоць у вока калі. Баба, прыстаўленая на вечар свяціць, чамусьці аніяк не магла знайсці крэсіва — а мо і не хацела — ды запаліць паходні другія. Усе здаволена вішчэлі, а хлопцы, вядома, як хлопцы, аж іржэлі, і ніхто да карэт не спяшаўся.

Пану Рацейку тады ўздумалася маладым патураць — і ён давай таксама карыстацца цемрай...

Але пры чым тут мае чары? Хай атрымліваў бы за сваё. Маю падазронасць, ён перад сваёй жонкай стараўся быць чыстым ды на мяне зваліў. Спадзяваўся — пройдзе так. А перад лаўнікам і прысягай на святое Евангелле адумаўся, не захацеў браць на душу вялікі грэх,— тапіць мяне не стаў.

Затое Рацейка пацвердзіў, што ноччу да дуба бегала, нажом у ім калупала і да дзірак тых нешта гаварыла.

Што было, то было, адпірацца дарэмна не стану. Але рабіла гэта, сынок, толькі з-за Цябе, таму не крыўдуй на сваю мамуську — мацяркі ўсе такія. Ды і пачалося тое беганне значна пазней».

 

Бацькі і тагачаснае выхаванне

«У Путрышках жылі мы з татам і мамай. Былі яны гаспадарлівыя. З дзяцінства абкружалі мяне рэчы моцныя і дабротныя, зробленыя ці пашытыя з запасам, бо калі выразалі нават у нас кій, то — чым больш важкі.

Немцамі нас з-за гэтага празывалі.

Тата корчыць з сябе пана не любілі і часамі самі малолі на жорнах грэчку, таўклі ў ступе ячмень на панцак, абутак рамантавалі, латалі нам адзенне і нават калясо ад фуры ладзілі, бо і стэльмаха маглі замяніць.

Кожны загончык тата самі даглядалі, а бывала, адно пачне каласіцца збажына ці збярэцца расаваць, на досвітку тата голыя аббягалі кожны палетачак,— каб іржа потым на зерне не ўпала.

Ды і мама нашая, нічога што цэлы фальварак мелі, гэтаксама, як кожная прасталюдзінка, ткалі, пралі, каб дваровыя дзеўкі іх не абдурвалі, што рабіць тыя ўмелі лоўка.

З даёнкай мама нават да кароў хадзілі, а ў жніво — да жыта. Тата купілі ім у гродзенскіх гандлёвых галях у немца Ганса складаны — бытта кішанковы ножык — серп з касцяной ручкай, і мама прыладай гэтай ганарылася надта.

Яшчэ яны вельмі былі набожнай. Верылі ўсяму ды ведалі, што і як трэба рабіць. Ні разу не плюнулі на правы бок, дзе ў чалавека заўсёды анёл стаіць, а — на левы, дзе — чорт. І спаць клаліся на левую шчаку, каб твар мець павернутым да анёла. Ваду заўсёды накрывалі, каб не залез нячысцік. Малако, калі не дошчачкай, то кіёчкамі накрыж прыкрывалі. І рот заўсёды жагналі пры зяванні.

Нашаму Нічыпару ў езуітаў жылося не соладка, але ў страху ды пакоры трымалі і мяне. Ой, у якім страху ды падпарадкаванні. Да сённяшняга дня памятаю Параску з Капліцы Велькай, кім мяне тата з мамай заўсёды палохалі.

Зрэшты, палохацца сапраўды было чаго — і зараз па вёсках пра той выпадак гавораць ды малых ім страшаць.

Параска з сяброўкай заглянулі ў путрышскую карчму і давай з незнаёмым кавалерам танцаваць. Паніч здаўся такім шляхотным, ладным, і дзеўка аж два дні з ім выкаблучвала ды весялілася.

А потым разам і вылецелі праз комін.

Адышоўшы ад смяротнага жаху, людзі выглянулі за імі — дзе там! Толькі мільгануў уверсе вышыты фартушок, матнуўся яго рыжы хвост, ды смуродам серы адтуль павеяла, і аж дых людзям забіла. Там раптоўна раз і два грымнула, ды агністая хмара пару праглынула — бытта ўжо нікога і не было на тым месцы.

Зірнулі людзі на падлогу, а на ёй — сляды ад капытоў, нібы іх выпаліў хто распаленым жалезам на дошках.

З той пары пра дзеўку — ні слыху ні дыху.

Ой, як тады чэрці сачылі за кожным, страх і ўспомніць — не тое што цяпер. Бывала, не хоча баба мужыка ды ўскрыкне, не памятаючы сябе:

«Лепш нячысціку аддалася б, чым табе, абармоту!» — а рагаты ўжо тут ды віхуру ўздымае.

Каб Табе, сынок, тыя быліцы не здаваліся звычайнымі прымхамі цёмных, поўных забабонаў людзей, раскажу яшчэ пра што мама мая апавядалі.

Былі яны дзеўкай спраўнай, і бацькі ім цвярдзілі заўсёды адное — высцерагайся, дачушка, ой, высцерагайся. А мама таксама не паслухаліся.

Непаслушэнства мама выказалі раз, другі — да пэўнага моманту.

Ехаў аднойчы праз Путрышкі паніч у карэце — малады, кучаравы, белы, высокі. Карэта нямецкая, біч у яго цыганскі, конь гладкі, вушкі стрыгуць. Паніч нават у капелюшы ды пальчатках. А мама і не ведалі, што нячысцікі ў горадзе прызвычаіліся так рогі ды кіпцюры хаваць.

І пачаў ён ласкавыя словы казаць. Мама з ім і паехалі.

Ужо мама з ім сабе едуць, едуць, але іх пачынае разбіраць якісьці страх. Прыглядваюцца яны панічу збоку лепш, а ў таго — ні броваў, ні веяў!

Мама хацелі кідацца з карэты, ды — позна.

Паніч той прывозіць іх у лес, плясь у далоні — і тры нячысцікі з ядлоўчыкаў адразу і выскачылі. Вакол воза лётаюць, але — от дзіва! — ні адзін ценю на траве не пакідае!

Паніч тады ўжо зусім іншым голасам пытае маму — прадасі сваю душу?

Ах, не?!

Нячысцікі адразу кінулі маму на пень спіной уверх, загалілі ім спадніцу ды пачалі біць, сячы белае цела бізунамі. А паніч той стаіць над імі з усмешкай ды пытае, ці не адумаліся.

Мама аніяк не хацелі адмовіцца ад сваёй веры і бацькоўскіх наказаў — колькі іх ні секлі.

Тады нячысцікі завязалі ім спадніцу над галавой, каленам стукнулі — ідзі куды хочаш, калі такая гордая, пабачым, як будзеш корчыцца і вішчаць, калі мурашкі цябе аблепяць ды змеі з ног да галавы абкруцяць.

На шчасце, бортнікі маму спаткалі на дарожцы ды выбавілі ад бяды. Яшчэ перапынілі каля пераправы карэту і накінулі мяшок на паніча, каб прывалачы ў вёску на расправу, але раптам бліснула ды пярун смальнуў. Бортнікі прыйшлі ў сябе, а на дарожцы на месцы карэты — толькі сіні дым клубіцца!

За таго часу, каб невядома што мне давалі, незнаёмага я нават і блізка да сябе не падпусціла б і з ім не размаўляла б нават. Ды вось знайшліся, сынок, такія, што падабралі спосаб, каб да мяне падступіцца. Спрытна ўсё ўладзілі. Нават тату ашукалі, маму, брата. Яшчэ ўсё падстроілі гэтак нявінна. Ты толькі паслухай, як усё падладзілі».

 

Аднакашнікі брата і зноў вядзьмаркі

«Адразу пасля каляд завітала да нас пара гасцей з чэляддзю. Прыбыў Нічыпараў сябар па езуіцкім калегіуме — Ян Рудніцкі з Жалудка, а з ім — Рыгор Скамароха. Але ўсё мушу выкласці Табе адразу і пра другога госця, бо далей, сынок, не будзе Табе зразумелым, што да чаго.

Яшчэ ў мінулым годзе цяжарная жонка гэтага самага Яна Рудніцкага, Надзея, зайшла да сваёй суседкі Марыі, жонкі Рыгора Скамарохі — сябра Рудніцкага, з каторым Ян і завітаў да нас. Зайшла Надзея да суседкі, дала «дзень добры» і абмянялася з ёю пытаннямі аб здароўі. Надзея бабай была ўладалюбівай, уздумала адразу ў чужым доме наводзіць парадкі. Скамарочыха цярпела, цярпела, а тады клікнула цівуноў, загадала скандалістку паваліць на лаву ды па голым месцы ёй — кіем! кіем! кіем!

У той адразу — выкідыш.

Калі неўзабаве ў Надзеі яшчэ паваліла з рота кроў ды і сама маладзіца сканала, усім стала ясна — Марыя нячыстая, уракла яе тая самая Бусліха, што столькі людзям шкоды навычаўпляла, а народ так папаплакаў.

Вядома, потым Марыю ўсе шкадавалі: у Рыгора бабы — маленькая дачка падрастала, малады і працавіты муж, ацалелы ад вайны, але нічога ўжо нельга было перайначыць.

На першым катаванні Марыя прызналася, што бабе Рудніцкага давала толькі піць зелле.

Скамарох мужчына быў адважны. Стаяў за дзвярыма ў падвале і стараўся Марыю выгарадзіць, хоць яго за такую дзёрзкасць схапіць маглі таксама.

Другія тартуры ёй былі свечкамі. Цяпер прызналася, што апранала мужчынскае адзенне, хадзіла на задах Рудніцкага ды кідала загавор, каб яго Надзея высахла на трэску, а дзіця радзілася нежывое. Але ліцвін быў надта ўпарты, і на гэты раз яе выгараджваў — адважна крычаў праз дзверы да яе, што жонка пляце на сябе глупства.

І зноў суддзі не звярнулі на яго ўвагі.

На трэцім катаванні — гарачай смалой, Марыя ні да чога не прызнавалася, таму і не ведалі, што з ёю рабіць: не прамовіла ні слоўца, як яе ні мэнчылі.

Невядома, чым бы ўсё тое скончылася, калі б не выпадак з мужыком.

Кажуць, Рыгор назаўтра ўстаў з-за стала, падышоў да парога, каб у покуці вады напіцца, а зверху кроплі яму на рукаў — кап! кап! кап!..

Мужык, здзіўлены, расцёр тое малако ў пальцах ды па драбінцы — на гару!

Залазіць, а там вялізныя, як кныры, і валасатыя, бы мядзведзі, павукі ўмываюцца, скаляць іклы, бліскаюць рысінымі вочкамі, яшчэ і здаволена мурлыкаюць.

Толькі цяпер муж канчаткова зразумеў — скалдавала баба і яго: выходзіць — вядзьмарка такі, людзі казалі недарма.

Адразу ўспомніў відзенне, як пайшла аднойчы яго Марыя з даёнкай у хлеў. Заглянуў праз хвіліну туды і ён нечага. Увайшоў, спыніўся, ды вачам сваім не паверыў — жонка малако доіць не з вымя, а з кароўяга хваста!

Стаіўся, пачаў назіраць — што ж будзе далей.

А яго Марыя выйшла з поўнай даёнкай ды капцом белай пены, паставіла асцярожна ношу на мурог і давай збіраць трэскі. Рыгор дзівіцца — ён жа нанасіў ёй сухіх дроў і нашчапаў асінавых дранак, для чаго ж Марыя яшчэ збірае?

А жонка, набраўшы два пучкі трэсачак, пасунула сабе іх пад пахі. Нешта прамармытала, затым расхіліла рукі, і з-пад іх ва ўсе бакі з піскам лятучыя мышы пырснулі!

Яшчэ Рыгор успомніў, як спрабаваў колькі разоў на ноч завесці ў стайню казла, каб нячысцікі коней не псавалі, і Марыя заўсёды звечара адкрывала ў стайні дзверы ды рагатага барадача забірала ў хлеў. Ды і рота ніколі не жагнала, калі зявала...

Цяпер Рыгор пра ўсё гэта падумаў, і яго разабраў такі вялікі страх, што ён кінуўся з падворка прэч.

Калі беларусін прыляцеў да электара, то, казалі, яго аж калаціла і зуб на зуб не трапляў. Электар хутчэй пасунуў яму ладышку з вадой.

Адно тады чалавек супакоіўся, як расказаў пра тлустых павукоў з вузкімі, бы ў рысі, вачыма, пра даёнку і лятучых мышэй.

Сумленнага мужыка пахвалілі. А Марыі адразу выбілі пярэднія зубы, каб не магла больш ні на кога кідаць словы вядзьмарскага праклёну. Тады абстрыглі авечымі нажніцамі на голае калена ёй галаву, валасы пачапілі на вушак, а самую павялі да вогнішча.

І што Ты думаеш, сынок?

Адразу ўзняўся вятрыска ды жалезны лёскат. Але электары трапіліся вопытныя, не зважалі ні на што. Толькі дабавілі солі ў свянцоную ваду ды пакрапілі ёю ўсё навокал. Крыху пачакаўшы, каб чорныя сілы супакоіліся і confessaty1 прадоўжылі, бо гэта было ім не ўпершыню.

Неўзабаве сабраўся і народ. Калі вядзьмарка ў агні заенчыла, людзі аж заскакалі ад радасці, бо, вядома, такое відовішча лепш за ўсе лякарствы ачышчае людскія душы, а чалавеку тады адразу робіцца лягчэй.

Дакументы тае confessaty падпісалі: Адам Казакевіч, пісар Геранім Кучынскі ды электар Войцех Гарадзенскі — усе трое вылучаныя Яго высокасцю для правядзення confessaty.

Маладыя ўдаўцы — Ян Рудніцкі з Рыгорам Скамарохам — дружылі і далей. Ды вось, як ужо сказала, адразу пасля каляд завіталі да нас у Путрышкі — пад самую Гародню. Чым гэта магло скончыцца, ніхто з нашых дома і не падумаў, бо мне ішоў толькі шаснаццаты год.

Да глыбокай ночы тата з мамай і братам частавалі гасцей. Для іх з Гародні нават жыдкоў-цымбалістаў з кабзаром-немцам прывязлі і мадзяра-скрыпача.

Дагаджаючы нашаму Нічыпару, тата з мамай гасцей дарагіх кармілі, паілі ды Забаўлялі, а раніцой з той жа музыкай выправілі чужакоў у дарогу — аж да гасцінца праводзілі».

 

1 Гэта слова азначае працэс допыту, суд і пакаранне ахвяры, якую абвінавацілі ў вядзьмарстве.

Кацярынін шлюб

«Пад вечар сабакі ўзнялі брэх зноў. Тата з Нічыпарам пасля гасцей спалі яшчэ глыбокім сном, мама не змаглі дабудзіцца ды паклікалі на сваю бяду мяне, чаго потым усё жыццё не маглі сабе дараваць. Я накінула братаву бікешу на кашулю, выйшла з сяней на ганачак паглядзець, чаго ўзнялася такая звяга.

І ў гэты момант мяне схапілі паўпол, як чэрці грэшную душу, адарвалі ад зямлі мужчынскія дужыя і чужыя рукі. Захуталі мяне ў мядзведзеў тулуп ад пят да галавы, кінулі папярок каня ды галопам паімчалі ў снегавую каламуць.

На лясным прагале чакалі нас сані.

Але і не думай, сынку, што і гэта была работа нячысціка. Ян Рудніцкі — Твой татка — так аддзячыў Нічыпару і маім бацькам за гасціннасць і сэрца.

Два сябрукі ў лесе давай мяне дзяліць — бытта яны татары, а я ў іх бранка. Дамовіліся, стану жонкай таго, хто хутчэй ўпалюе аленя. Пакуль я, хутаючыся ў мядзведжы тулуп, калацілася ад страху, яны слугам загадалі раскласці вогнішча ды гатаваць бігас. Самі адправіліся на паляванне.

Сахаты трапіў Рудніцкаму, але Рыгор не здаваўся — даводзячы, што жонку ён страціў праз Марыю Яна. На ўсялякі выпадак паставілі мяне на караля ды падкінулі ўгару барацінку1.

Зноў Рудніцкаму выпала дабыча.

Трэці раз варажыць не сталі.

За канец ночы, дзень і вечар наступнага дня заперлі мяне аж у Жалудок і адразу — да касцёла. Пробашч яшчэ спаў. Старога вывалаклі з пасцелі ды загадалі даць шлюб.

— Не магу, сыне, рабіць гэтага без ранейшага абвяшчэння з абвоны! — аб’явіў пачцівы стары, струхлелы са страху.

Ян са звонам выхапіў з похвы шалю:

— Не пярэч мне, пень стары, покуль я ў добрым гуморы, не чакай, покуль зазлую!

І пробашч нас абвянчаў. За сведку Ян выставіў праваслаўнага Скамароха.

Я, сынок, тады зусім не супраціўлялася. Нам, бабам, самім Усявышнім наканавана — падпарадкоўвацца ды цярпець. Мяне яшчэ мама гэтаму навучылі, убіўшы нават мне ў косці, што такая ўжо нашая бабская доля і не нам яе адмяніць.

Зрэшты, не стану прыбядняцца.

Калі адышла ад страху, сыне, калі супакоілася ды прыглядзелася зблізку свайму наканаванаму — маладому, звітнаму і адважнаму зуху,— адчула нават радаснае здавальненне ды ціхае шчасце. А радасць, развага мне яшчэ падказалі:

— Кацярына, замуж усё роўна трэба выходзіць — рана ці позна. Незнаёмы рыцар не каго-небудзь, а менавіта цябе выбраў з многіх за жонку, не зважаючы нават на тое, што галавой можа паплаціцца за дзёрзкія ўчынкі. У Путрышках зараз пра цябе толькі і гавораць — старыя і малыя, а равесніцы зайздросцяць — яшчэ як. Дый муж — добра прыглядзіся — трапіў удалы! Чаго табе, дзеўка, трэба яшчэ? Мама падабралі б за зяця якога-небудзь здэхлю з тытулам, вялікім статкам быдла, коней ды свіней, хіба ж было б табе лепш?

Шлюб прыняла, стоячы перад алтаром босая ўсё ў той жа, прывезенай братам з Кракова, мадзярскай бікешы ды ў начной кужэльнай кашульцы.

Праз два дні па слядах нашыя мяне знайшлі. Але — позна, ужо была прыпячатана да мужа боскім сакрамантам і разлучыць цяпер магло нас толькі неба альбо святы апостал у Рыме. Няважна, што з Янам Рудніцкім у сэрцах насілі розныя веры — Госпада Бога мелі таго самага, як і Божую Мацер ды яе Сына.

Тата з братам узялі натарыуса, вырабілі паперу на пасаг, прыклалі да яе рукі. Рудніцкі добра яшчэ іх напаіў, таксама выставіўшы за Путрышкі музыкантаў — цымбалістаў, кабзара, скрыпача, басэтлю, і гэта палічылі маім вяселлем, пасля чаго ў тым самым Жалудку я і надзела чапец замужняй.

Праз пару дзён прыехалі мама. Прывезлі чатыры металёвых кубачкі, дзве плыткія талеркі, з паўкапы гліняных місак, збанкоў ды верцях, два мядзяныя падсвечнікі. Прывезлі заадно шэсць абрусаў, пасцель, дзве коўдры з тафты і пакрывала, выгафтаванае ў грэчаскія ўзоры. Жыві сабе, дачка!

З той пары мамы я ўжо больш і не ўбачыла, бо муж неўзабаве адправіўся на Падоле да Ярэмы Вішнявецкага атрымліваць абяцаны князем жолд — «пяць грывен ад пікі» ды ваяваць з туркамі і казакамі, а мяне, цяжарную, павалок з сабой.

Лічу, гэта і была мая фатальная памылка.

Жыццё там мелі мы зусім таннае, бо надта ж ураджайныя землі. Найлепшы бычок каштаваў 40 грошаў, баран — 16, кабан — 14, гарнец піва — 6 грошаў, мёд па 15, кварта гарэлкі — 20, і Янавага жолду хапала аж занадта, бо ў грыўне, як Табе вядома, 48 грошаў, але ж не хлебам адным жыве чалавек, як гаворыцца ў Бібліі.

Мне трэба было ўпарціцца ды застацца ў Жалудку, тады ў нас з Табой, сынок, жыццё зусім іначай пацякло б, і я зараз галубіла б, напэўна, унукаў, а не кісла б у кляштары, а ты, дарагі сыне, не прападаў бы невядома дзе.

Нічога ўжо не адменіш».

 

1 Грашовая адзінка. Была ў абыходзе на Гродзеншчыне. З аднаго боку мела адчаканенае адлюстраванне караля Яна Казіміра Вазы, з другога — «Пагоні». Яшчэ ў абыходзе былі талеры, злоты і грошы.

Матчыны старанні і надзея

«Нарадзіла Цябе, сыночак, у Львове. Калі аднойчы прыйшоў на свет, не білі ў Цябе з галоўкі два праменьчыкі, як у прарока Майсея, і не гарэлі на лобіку свечачкі. Але ў гэты дзень Аксана — Твая нянька — бачыла над нашым домам белую галубку.

Нарадзіўся Ты ў мяне ружовенькім, крыклівым ды жвавым. Адразу прыдумала для Цябе слаўнае імя — Аляксандр, што на грэчаскай мове азначае абаронца людзей. Яно здалося найлепшым з мужчынскіх імён, бо такім хацела Цябе бачыць. У час хрышчэння кум — слаўны рыцар са сваёй жонкай, кумой, Тваёй ножкай дакрануліся да алтара, прыклалі да роціка шнур ад галоўнага звана ды правялі па Святой Кнізе.

Як толькі змагла падняцца, абышла ўсе храмы і перад алтарамі паклала столькі манет, колькі набраць магла ў жменю. У саборы Святой Ганны знайшла мудрага грэка-астролага і дала яму падарунак свякрушын, пачцівай і працавітай кабеты,— пярсцёнак з бурштынам, у якім Гасподзь Бог, відаць, за страшную кару ці па другой, невядомай нам прычыне навекі замураваў мушку.

Грэк адразу закрыўся на цэлую ноч пад купалам, паназіраў за ходам нябесных свяціл ды прыкінуў, які ўплыў яны маюць і мець могуць на лёс майго сына. Затым заглянуў у гараскопы, складзеныя яшчэ калісьці князю Льву ды Аляксандру Македонскаму. Мудрэц таксама зірнуў у дом жыцця і смерці, у скапленне рухаў — праз чорнае, ружовае і белае шкло. Усё-ўсё паказвала, што не ў прыклад іншым, Цябе, мой сыне, чакала вялікая будучыня.

Ведай, надзея гэтая не згасла ў маім сэрцы да сённяшняга дня. Яе і зараз пешчу, з ёю кладуся і ўстаю, з ёю і жыву.

І Ты рос добрым ды ласкавым, бы дзяўчынка.

Памятаю, як аднойчы шыла, а Ты каля мяне гуляў. Укалола палец, і выступіла маленькая чырвоная кропелька. Ты так за мяне перажываў, што перад вачыма і зараз стаіць Твой засмучоны тварык ды жаласлівыя вочкі.

Сваімі шчокамі і цяпер памятаю Твае пацалункі — нясмелыя, даверлівыя і далікатныя, бы матылёк кранае крыльцамі кветку ці ластаўка чыркае па вадзе.

Божа, аж расплакалася, пішучы пра гэта, аж аддалася благасці слёз умілення. Але — хопіць. Бяру сябе ў рукі, сыне, і прадаўжаю сваю быліцу.

Такім Ты быў. Бацьку Твайму не давала Цябе ткнуць нават пальцам, бо Саламон вучыў — дзіця лупцоўкай не выправіш, крывое дзерава бі ці не бі, а толку не будзе: лепш прыглядзіся да яго, ад чаго яго крывіць.

Не веру, каб надарэмнымі былі мае мітрэнгі.

Стары араб у Палестыне мне аднойчы сказаў: толькі ў дзецях абнаўляецца рака чалавецтва. Напэўна, казаў праўду, і боская ісціна ды нябесная сіла прымушалі мяне старацца, каб Ты быў варты сваіх дзядоў ды іхніх палеткаў.

Я ўбівала табе на кожным кроку ў галаву, каб любіў людзей, бо хто сагрэты любоўю к людзям, не астыне вечна. Бы Маці самаго Ісуса Хрыста, Табе цвярдзіла і цвярдзіла: стань добры для іх, будзь карысны, не насі за пазухай ні да кога зла і не палай да людзей чорнай зайздрасцю.

Вучыла яшчэ, каб не ленаваўся, бо калі ж гультаю, сам падумай, справамі займацца ды прыдбаць што-небудзь? Зімой яму сцюжна, восенню лужна, а летам і часу няма. Ляніства — ваўняная коўдра, прыкоўвае к ложку, нежыць чалавека ды робіць бездапаможным.

Ягамосць такі потым нікому не патрэбен — ні бацькам, ні сям’і, ні людзям, ні каралю, ні Богу.

Магчымасці, сыне, чалавечыя бязмежныя і бяздонныя, як неба. Я малілася, каб Ты вырас кімсьці.

З маленькага Цябе загартоўвала і зёлкамі паіла, каб не чапляліся да Цябе ніякія чары. Над Тваёй галоўкай, роднай і мілай так майму сэрцу, заўсёды бачыла залаты венчык.

Не, не магло здарыцца, каб усе тыя малітвы, старанні ды помыслы Уладарыня Усемагутная, Багародзіца Дзева Святая не пачула і не ўважыла».

 

Змаганне за сына і палон

«Рудніцкі аб’явіўся, як Ты скончыў якраз чатыры гады і з маленькага лука, што спецыяльна змайстраваў наш гайдук, метка пасылаў трысцёвыя стрэлы ў яблык на дрэве альбо ў вераб’я на плоце.

Не, скардзіцца на мужа не магу, што кінуў з дзіцём на чужбіне.

Навала казакаў з татарамі адагнала войскі Яго Высокасці князя Вішнявецкага на захад, і нават мы не заўважылі, калі засталіся ў глыбокім тыле. Ян быў якраз на каралеўскай службе ў Збаражы, а замак той перажываў лютую асаду. Пару месяцаў мы жылі ў вечным страху ды бядзе, не будучы ўпэўненымі ў бліжэйшым дні, гадзіне.

Ян з асады вышмыгнуў. Не добраахвотна, вядома. Уцекачоў там было многа, кат такім, каго злавілі, адразу абцінаў рукі і ногі. Яну ж у замку даручылі завезці ў Варшаву пісьмо. За валам ён злавіў татарына ды авалодаў яго скакуном са збруяй і вуздэчкай. З чырвоным аксамітным чапраком і з расшытым золатам сядлом — з дарагой насечкай, з каштоўнымі каменьчыкамі. Конь спачатку чужому не даваўся, але Ян здагадаўся апрануць вопратку забітага ворага, і тады скакун прызнаў новага гаспадара, падпарадкаваўся.

За пару начэй з-пад Збаража муж прыскакаў употай да нас, каб перад дарогай на Варшаву набрацца сілы. У замку ад галадухі пералавілі даўно ўсіх катоў, сабак, пацукоў і пачалі пускаць на ежу пергамент ад царкоўных старых кніжак, гатаваць рамяні ад сёдлаў, узяліся есці нават свечкі. Дабіраліся да падліны і трупаў на шыбеніцах. У Яна ад усяго гэтага аж зубы павыпадалі — худзёрным зрабіўся ды аброс, бы якая малпа.

Зверам ён быў і да гэтага, а на вайне адзічэў цалкам.

Калі, паклаўшы сабе пад галаву сядло, адсыпаўся на гарышчы, а праз акенца на даху вартавала я, Ты, сынок, падлез да таты, вывалак з жупана ліст палкоўніка Станіслава Лянцкаронскага, які кіраваў абаронай Збаража ды прасіў караля грошай на жолд воям, а таксама збройнай дапамогі. Паперку тую Ты вывалак, пачапіў на крокву ды пастраляў з лука.

Убачыў Твой татка падзіраўлены дакумент і хацеў адсячы Табе пальцы. Дзякуючы найсвяцейшай Дзеве Марыі, якая ў момант той кінула на мяне сваім вокам ды зразумела, што робіцца, дадала мне спрыту і сілы, каб я выбіла з яго рук крывы татарскі цясак.

Тады раззлаваны мяснік аб калена паламаў Табе руку.

Во такі быў.

Памятаю, як у Жалудку караў хлопа. Чалавек, перасыпаючы на баржу жыта, па зерні ступаў не босымі нагамі — пасталы зняць паленаваўся. Назаўсёды запала мне ў вочы, як стаіць Ян над вяскоўцам ды лічыць. Чалавек стогне на козлах, бізун у гайдуковай руцэ раз за разам свішча, а ён ляніва, яшчэ пазяхаючы, кажа:

— Пятнаццаць, шаснаццаць...

Пад канец бытта бы збіваецца ды крычыць гайдуку:

— Пачынай, хлопе, спачатку лупцаваць, бо я заблытаўся! Ды прыпячы, каб я чуў выразна кожны ўдар! Будзеш яго адно казытаць, сам атрымаеш!

Не, наш тата, брат, мама ці нават я, будучы ўжо гаспадыняй, калі прысуджалі каму, колькі належыць бізуноў, вінавайца столькі ж і атрымліваў. Таму людзі і паважалі нас за справядлівасць, за любоў да парадку — просты народ, я даўно заўважыла, цаніць гэта ўмее.

Як бачыш, Твой татка чалавекам быў зусім іншым.

А якія сінякі пакідаў у мяне на персях пасля ночы, колькі болю ад яго пацярпела, здзеку ад дурных выхадак, колькі слёз праліла!

Ты ўсё яго прасіў жывое ваўчаня, ласяня. Кожны раз абяцаў і так і не выпаўніў абяцання!..

Не любіла яго і радня. Свякруха — добрая, замуленая клопатамі кабета — аднойчы мне прызналася па сакрэце: калі нарадзіла Яна, адразу ёй у вуха шапнуў нейкі голас:

— Бяду, кабета, на свет пусціла! Лепш было б, каб яно і не нарадзілася ў цябе!

Так і выйшла, як бачыш.

Костачкі Твае, сыночак, кепска зрасліся. Вазіла Цябе па кастаправах, але лячэнне давесці да канца не паспела. Таму ў Цябе зараз, мабыць, і рука крывая,— справіцца з шабляй, з лукам ці бердычам ужо ніколі не зможаш. Гэта надта добра, я не вельмі і ўбіваюся. Яшчэ тады падумала, стары грэк напрарочыў майму сыну вялікую будучыню і, напэўна, не вайсковую.

Так яно і атрымалася.

Раздзялілі нас з Табой татары.

У сямейным лагеры жонак каралеўскіх рыцараў было тады надта шмат ды амаль у кожнай па трое, пяцёра, а нават і па сямёра дзяцей. Спачатку татары адабралі ў нас вопратку, золата, серабро, а ў дварах і палацах сабралі посуд, паздзіралі са сцен нават абіцце. Усім гэтым заладавалі нашыя ж карэты, вазы ды адправілі ў арду і толькі тады заняліся ясырам. Выбіралі для яго маладых і маладзенькіх, а хлопчыкаў — гадоў з васьмі.

Напалі ноччу, калі ніхто не чакаў. Хлопчыкаў з васьмі гадоў меліся выхаваць на янычар. Іх аддзялілі і адразу кудысьці павялі, а нас усіх давай паласаваць нагайкамі — куды папала. Панаганялі страху, сталі вязаць.

З тае жахлівай ночы па Божай волі і нясу цяжкі крыж».

 

Раздзел трэці

 

Яе сын — «вечна малады»

«Вярнуўшыся з Аравіі на радзіму, я, сынок, даведалася, што Цябе са Львова забраў Твой дзядзька Нічыпар, аддаў чалавеку, які скупляў хлопчыкаў, рабіў іх «вечна маладымі»1 ды прадаваў манастырскім, кляштарным, княжаскім, каралеўскім, а то купецкім хорам.

Чэсна гаворачы, скажу: як тады выпадак з рукой, так і гэтая вестка не надта мяне прыбіла.

Такая кастрацыя — не еўнухаў жа рыхтавала для якога-небудзь арабскага шэйха. Яна, як усім вядома, учыняецца на хвалу Усявышняму, прыбліжае да Нябеснага Трону, дзе бытуе Нявеста ненявесная, Уладарыня Усемагутная, Прачыстая Дзева Марыя. Менавіта «вечна малады» мае і сярод знаці потым пашану ды послух, а за працу яму плацяць так, што жыццё спевака забяспечана аж да самай смерці ды яшчэ потым і сваякам дабра дастаецца.

Варта ім так плаціць — сама пераканалася.

Вяртаючыся са Стэфанам — пра якога Табе раскажу потым — з Аравіі, трапілі мы ў Рыме на выступленне Сіксцінскай капэлы. Памятаю, яшчэ нават дзівілася, чаму перада мной усе харысты як адзін гладкія, грудастыя ды гэтак высокія. А мой Стэфан хмыкнуў:

— Гэтыя горы сала і тлушчу? Бо яны ўсе вылегчаныя, хіба ты не здагадваешся?

Штосьці дадаў яшчэ здзеклівае, але я ўжо заслухалася салодкімі цёплымі галасамі.

Ну і слухавіска было! Калі ж альты і сапрана пачалі выконваць яшчэ свае пасажы, калі іхняе трапяткое серабро злілося ў акорды, ірванула ў вышыню, завіравала пад вялізным купалам з Божым Дзіцяткам і Светазарнай Багародзіцай, калі адтуль нябесная гармонія, поўная магутнай чароўнасці і раскошнай пекнаты, абрынулася на людскія галовы ды запоўніла да краёў вялізны, бы цясніна Русалак у Аравійскім моры, гмах храма, здарыўся цуд.

 

1 Так называлі некалі кастратаў.

Нават мой Стэфан праслязіўся

Заліліся слязьмі загартаваныя ў баях і на жыццёвых дарогах нашыя рыцары.

Сама бачыла, як самлела каля мяне ўся ў золаце ды брыльянтах вяльможная сеньярына і асунулася пад дубовую лаўку, а служанкі яе скроні націралі спірытусам.

Потым я вылічыла — у тую пару Табе ішоў чатырнаццаты. У такім узросце пасля шматгадовай вучобы гармоніі, кантрапунктаў, кампазіцыі, тэорыі гукаў якраз і набіраюць тых хлопчыкаў у капэлы. Але ж не падумала і не гадала, што сярод харыстаў з салодкімі, цёплымі, анёльскімі галасамі тымі быць магла і найдаражэйшая для мяне істота.

Аднак прызнаюся Табе, як перад канфесіяналам1 на споведзі, якісьці чарвяк мяне грызе, свідруе, трывожыць да сённяшняга дня і нікуды ад яго не магу падзецца. Хачу, угаворваю сябе так і гэтак, але нічога не атрымліваецца. А таму, бо сэрца маё адчувае штосьці няладнае.

Толькі пасля стала мне вядома, што не ўсе «вечна маладыя» робяцца здольнымі да спеву — не ў кожнага праразаецца адпаведны голас. Найчасцей пройдзе хлопчык усе тыя мітрэнгі і — дарма.

У гэтым — як Бог дасць. Чысты голас выяўляецца толькі, кажуць, у аднаго на дзесяцярых, а мо нават на сотню, праўда, сынок? Бо ў гэтым Ты цяпер разбіраешся лепей. Астатніх бытта бы чакала ганьба, забыццё і гібель у нэндзы, сярод насмешак ды здзекаў.

Падумаўшы такое, адразу ўспамінаю мудрага добрага грэка Андропаліса са Львова ды пачынаю сябе пераконваць — менавіта па гэткай дарозе астролаг прарочыў будучыню майму адзінаму дзіцятку. Чалавек узяў жа пярсцёнак, не адмовіўся ад падарунка, бо не адчуваў граху. Нябеснай Сілай закалдаваная ў пярсцёнку істота, напэўна, змухляваць яму не дазволіць. Дый яго цёмныя вочы — бы пераспелыя дзве масліны — былі гэтак прыязныя, твар пачцівы, а сам чалавек упэўнены ды спакойны.

Такія людзі, сынок, Бога баяцца, праўду адно гавораць, як Багалюб Златавусны, дабро толькі робяць і трымаюцца строга Дзесяці Запаветаў.

Прыляцеўшы ноччу ва Львоў, Рудніцкі прынёс мне мяшочак біжутэрыі. Калі яшчэ са Збаража нашыя воі рабілі вылазку, закалоў казацкага вытажку, і мяшочак чаляднік з Жалудка знайшоў яму ў трафейных падсумках.

Я не жадная. Я аж дзесятую долю таго дабра адразу раздала жабракам ля цэркваў і касцёлаў, і каб Ты, сынок, бачыў, якую зайздрасць выклікала ўчынкам у знаёмых, хоць нікога бедным не назавеш. Што ж, кінь костку галоднаму сабаку, то і сыты абавязкова заскуліць.

А жабракам раздала, каб за Цябе маліліся, бо людзі бедныя — бліжэй да Бога, гэта даўно заўважана. Ён лепш іх слухае. Дый сама маліла Усемагутную Царыцу Нябесную ды ўсіх святых. Маліла — калі толькі магла, дзе ні бываючы.

Няўжо ўсе тыя старанні недарэчныя?!

Як перабяру ўсенько ў памяці сваёй, як разважу гэтак, прыходзіць на дум, што Усемагутны Гасподзь Бог у сваёй бязмернай дабрыні ды справядлівасці за адно тое, што пры жывых бацьках Ты столькі рос сіратою, зараз Цябе, напэўна, так узнагародзіў — іначай, сынку, і не можа быць,— сабе такога не ўяўляю.

Цяпер Ты сваім салодкім сярэбраным голасам цешыш, я ведаю, знатных дамаў, князёў у прыдворных пакоях, выкладзеных паркетам, а вяльможы — самыя славутыя ды важныя — даюць майму дзіцяці кайстру дукатаў, сольдаў, баратынак і злотых, ад чаго маё Дзіця бязмерна багатае, слаўнае ды шчаслівае.

А каб сэрцам перажыць усё, што давялося Табе спазнаць, я ў такога ж самага харыста з езуіцкай капэлы паспрабавала выпытаць, як і калі тое з хлопчыкамі робяць. Падштурхнуў мяне на гэта пачцівы Яўхім, наш панамар, каб Гасподзь Бог і Дзева Марыя далі яму многа здароўя за дабро, што чалавек гэты чыніць людзям.

Пачцівец аднойчы на мяне накрычаў:

— Чаму ты, сястра, якога-небудзь харыста не пашукаеш?! Такога самага, якім можа быць цяпер твой сын?

Нават спачатку не скеміла, пра што гаворыць, але панамар не адставаў:

— Абавязкова знайдзі, бабо, адпаведнага харыста! Даведайся ад яго пра ўсё — не будзеш так мэнчыцца і адразу супакоішся! Сама пераканаешся, яшчэ і дзякуй мне скажаш!

 

1 Спецыяльная будка ў кляштарах, касцёлах, у якой ксёндз прымае споведзь.

Фрасанюкова і пра тое, як пазнаюць вядзьмарку

Харыста я падвартавала, але нічога не стаў мне выдаваць. Маўчаў, як закляты.

Тады пашукала яго бацькоў.

Ой, гора мела з імі. Спачатку прыкідваліся дурнямі. Затым пачула ад іх байку, бытта не асцераглі малога і, маўляў, дзікі кабан сына ў лесе гэтак пагрыз.

Потым спрабавалі мяне зноў пераканаць, бытта ў каралеўскім парку каля Гараднічанкі хлопчыка пакалечыў так ашалелы лебедзь.

Пра ўсё гаварылі ўпэўнена, з падрабязнасцямі.

Адно, калі сунула бацькам залаты дукат, языкі ў іх развязаліся. Расказалі пра ўсё, што ведалі.

Бедныя, мусілі карміць купу дзяцей — душ з адзінаццаць. Для ратавання малых вырашылі вывесці такім чынам у людзі старэйшага ды мець самім забяспечаны быт у старасці.

Свайго хлопчыка, бы наш Нічыпар Цябе, прадалі таксама. І паказалі нават жанчыну, у каторай жылі тыя калекі. Жылі, покуль адбывалася з імі ўся мітрэнга, покуль выздараўлівалі ды разбіралі іх, гатовенькіх ужо для рэдкай спецыяльнасці, покуль разбіралі паводле густу настаўнікі музыкі, спеву.

Паказалі мне на Фрасанюкову з Юрыздыкі1, і я пайшла да Яўхіма па параду, бо ведала напэўна, з бабай самой не справіцца, толькі насцеражу яе ды справу сапсую.

Яўхім цырымоніцца не стаў.

Панамар заманіў Фрасанюкову абяцаннем добрай пажывы ў званіцу. Там у нас таксама склеп з каморамі. Бабу туды піхнуў ды замкнуў на ключ.

Тры дні сядзела яна без ежы і вады. Глядзела ўпарта ў сцяну, але казаць што-небудзь адмаўлялася наадрэз: маўляў, не ведаю пра гэта нічога, і ўсё.

Жанаты Яўхім быў толькі першы раз ды сябе адчуваў, нібы перажыўшы жонак ужо з чатыры — так разбіраўся ў кабетах. Ён мяне пацешыў:

— Пачакай, Кацярына. Неўзабаве выспевае нам усё, ты толькі не хвалюйся!

Так і здарылася.

Панамар адправіўся на Юрыздыку. Фрасанюкова жыла там у хаціне, чорнай ад копаці, дзе дымаходам была не печ, а дзірка ў столі. У суседак хітра выпытваў, што Фрасанюкова вечна сварылася з нявесткай — ела яе поедам. А калі маладзіца з сынам перабіраліся ў новы дом, перад тым як у ім пасяліцца, укінула для праверкі новай кватэры пеўня. Людзі бачылі, як звечара, рассыпаючы вогненныя стрэлы іскраў над дахам, у хату праз комін уляталі нячысцікі, а таго пеўня на другі дзень знайшлі на падлозе акалелым, бо адзін кур супроць цэлай зграі нячысцікаў не мае моцы.

І гэта было не ўсё.

Прыгледзеўся панамар да яе хаціны, а яна па язычаскім звычаі пабудавана. Пастаўлена так, каб у кожную пару года першыя прамяні сонца падалі на дзве сцяны ўсходняга нарожніка.

Адна суседка нават чула, як нявестка, сварачыся, дапытвала ў сваёй свякрухі — якія чары тая кінула на новую кватэру яшчэ, чаго маладзіцы з дзецьмі высцерагацца. І тады Фрасанюкова нявестцы прызналася:

— Ва ўсе куткі забіла чатыры кліночкі ды валасяніцы на іх павязала.

Яўхім адразу вярнуўся на званіцу, каб сабранымі навінамі напалохаць старую, ды бачыць — сцяна, куды баба пяліла свае вачыскі, уся інеем абсыпана. Бачыце, ужо бралася нават у кляштары штосьці вычаўпляць.

Чалавека агарнула злосць.

Ён бабе і аб’явіў — пойдзе зараз да лаўніка выдаваць яе за вядзьмарку і ератычку-язычніцу, а лаўнік ураз на чыстую ваду выведзе, ён з такімі ўмее абыходзіцца.

У нас цяпер, сынок, гэтак баб правяраюць — з дапамогай вады твораць суд боскі. Кідаюць з моста ў Нёман ды цікуюць. Калі адразу патоне, выходзіць, надарэмніцу на яе плялі, і дазваляюць на могілках ужо хаваць. Але, сынок, такія трапляюцца рэдка, бо людзі языкамі мянціць быле што не любяць, а вада, яшчэ калі яе крыху падкрапіць свянцонай, табе кожную дрэнь наверх выпіхне адразу,— каб яна невядома што рабіла, выкручваючыся. Выштурхне, каб невядома як упарцілася, каб зубамі нават за дно трымалася. Калі ж такая з вады пакажацца, з берага яе багром чапляюць ды валакуць на тартуры, адтуль — на агонь.

Яўхім Фрасанюковай і сказаў пра лаўнікаў. Ад сябе ж дадаў, што нават ведае, чаму ў яе сярод хаты пастронак вісіць — малако з яго цыркае ў дайніцу ды прадае гарадскім яўрэям.

А яшчэ чалавек дабавіў, на усенашнай у час хрэснага ходу не змагла, як не можа кожная іншая вядзьмарка,— тры разы абысці храм з бабамі. Абышла кляштар толькі два разы, а далей, хітруня, сябровак чакала на цвінтары ля брамкі, дзе протаіерэі пахаваныя. Панамар на ўласныя вочы бачыў, бо ўважліва сачыў увесь час за ёю са званіцы.

Тут старая змікіціла, што ёй цяпер аніяк не выкруціцца, і ад бяссілля ўпала на салому, стала біць яе кулаком, ірваць на сабе валасы, а тады расплакалася. Параўла, параўла, затым кінулася цалаваць нам рукі і ногі. А пасля пачала выкладваць пра ўсё-ўсё, што ведала і чула».

 

1 Назва вуліцы ўздоўж Гараднічанкі.

Інфармацыя Фрасанюковай і роздум Кацярыны

«Баба і размалявала, як Ты, сынок, у яе жыў да дзесяці гадоў, як заязджаў аднойчы Нічыпар, прывёз табе торбачку арэшкаў. Ты яму ўсміхнуўся, а ён Цябе ласкава ўшчыкнуў за шчочку. Баба галаву на памяць мела яшчэ добрую, памятала, шэльма, нават, якімі Ты хварэў болькамі.

Пералічыла і ўсе тыя зёлкі, што Табе бытта бы настойвала на кіпені і давала. Упамянула, якімі мазямі націрала, загавораным хлебам ад шалёных сабак карміла.

Было такое ці напляла? Бо знаёмыя з гэтага ўсяго смяяліся, раілі не даваць веры і мне апавядалі, якая з яе махлярка ды скупярдзяга.

Прынесла ад суседкі бытта бы грамнічную свечку, каб запаліць над паміраючым мужам святы агеньчык. Той, як на тое, доўга не адыходзіў, і яна з усяе сілы закрычала яму ў вуха, бо стары ўжо мала што і чуў:

— Ну, канай, халера на цябе! Хутчэй канай, бо свечка пазычаная, сам ведаеш!

Стане такая на зёлкі траціцца.

Найхутчэй летам заганяла вас гусей пасвіць, свіней даглядаць на выгане ці коз, а на зіму пасылала да млынара пад Кульбакі ці Ласосну мяшкі выбіваць. Альбо перла да мяшчан — дзяцей няньчыць ці на шабас у печы яўрэям паліць.

Зрэшты, мо дарэмна грэх бяру на душу, мо і трацілася...

Каб не памыліцца, я на ўсялякі выпадак за тое лячэнне і догляд сына заплаціла. І, вядома, не паскупілася. Крыўдзіцца не павінна. Аддзячыла залатым пярсцёнкам з заімглёным ізумрудам. Другі — за фатыгу дала нашаму панамару, бо што я, няшчасная ды слабая кабеціна, даведался б без яго? Мужчына ёсць мужчына, нядарма ўсе мы залежныя ад іх.

Баба мне і расказала, як у той дзень Цябе ды яшчэ пяцярых дзевяцігодкаў пачалі накачваць вываркамі з маку, а тады паклалі ў карыта з гарачай вадой. Венгр, каторы ў мяшчан з Юрыздыкі кайстраваў бычкоў, коней і кныроў, вечарам павыразаў вам жолудзікі ды так, нібы вы нічога не чулі.

Вядома, гэта адно гаворыцца — «амаль нічога», праўда, сынок?

Што ж, такая Божая воля была на гэта, і ніхто не ў сілах супраціўляцца ёй. Але ведай, каб магла, усю тую боль, напэўна, узяла б на сябе, абы хоць крыху лягчэй Табе стала. Што і казаць, я б Тваю мэнку тую перанесла б як найвялікшую асалоду, толькі, сынок, Небам мне не было дадзена.

Цяпер хочацца ўсё навярстаць, бо адно зараз разумею, што дзіця — твая вечная мітрэнга, але ж галоўная надзея. Бо нікому, апрача яго, чалавек не перадасць свае мары, імкненні, сакрэты, боль. І няма каму, апрача яго, перадаць канчатковага завяршэння тваёй місіі, што, так і глядзі, абарвецца.

Няма каму, апрача дзіцяці.

Так ужо вядзецца, чым больш жывеш, тым больш ведаеш. А чым болей табе вядома, тым мацней цябе грызе ды ные сэрца. Таму і кажуць,— найлягчэй жывецца дурню.

Часамі не знаходжу сабе месца, гадаючы, што з Табой зараз і дзе Ты знаходзішся. У такім выпадку адразу кідаю грэйзаць свае паперы і думаю, думаю, думаю.

Не, з Цябе, сынку, напэўна, выйшаў толк — хлеб пазнаюць па ўсходах, дзіця — у калысцы, любілі казаць у Путрышках. Нават ужо тады — у калысцы на Цябе паказвала. Ды і свечкі пры маім вянчанні ў жалудоцкім касцёле не гаслі — ні адная, а была халадзіна, зуб на зуб не трапляў.

Усе гарэлі да канца, хоць агеньчыкі і хісталіся.

Гэта — першая прыкмета.

Зараз, сынок, налічваеш амаль 20 гадоў — дарослы мужчына. З-за двайнога калецтва лёс Цябе збярог ад таго, чым займаўся Твой даражэнькі татка, дзякуй за гэта Найсвяцейшай Багародзіцы Прачыстай Дзеве Марыі ды ЯЕ адзінаму Усемагутнаму Сыну!

Каб хоць Мацер Божая не надта на мяне не загневалася, каб хоць у Цябе прарэзаўся той самы голас, з-за чаго столькі давялося перанесці нам усім, каб хоць Ты не застаўся сярод тых дзевяноста няшчасных, пазбаўленых Вышэйшай Сілай голасу, не стаў ад гэтага таксама, як іншыя, папіхайлам ды пасмевіскам сярод гараджан за сажнёвы рост ды безвалосы падбародак.

А мо ў Цябе паявіўся зараз пісклявы галасок, і ён цяпер тоне ў магутным касцельным хоры пад арганы дзе-небудзь у Цэнтральнай Польшчы альбо ў Кракаве?

Ці Цябе ўсё ж возяць па Францыі, па Германіі ды паказваюць, як тое заморскае дзіва, Цябе слухаюць з захапленнем ды асалодай, а каралі з каралевамі, графы ды князёўны плацяць высокія стаўкі, даюць дарагія падарункі, частуюць Цябе, і ты карыстаешся поспехам нават у самых чароўных дамачак, бо тыя, шэльмы, вядома, збліжэння з такімі не баяцца.

Я ўжо старая і знямоглая бабуля — мне ўжо амаль сорак і кроў мая стыне.

Ой, чаго грашу, цяпер у мяне няма ўзросту, даруйце мне Божа міласэрны і Царыца Нябесная, мірскія слабасці ды звычкі. Я зараз перапоўненая грахамі, як паршывая авечка калючкамі, нічым не магу сябе ўжо супакоіць. Сяджу калом у сваёй келлі і, калі не пішу, гляджу праз патайное акенца на свет Божы. Альбо хаджу па сваім вузкім пакойчыку ўзад і ўперад ды ўсё разважаю ды разважаю.

Пра Цябе толькі думаю ды ў сэрцы пешчу надзею.

Мажліва, Аляксандр, ты на падмостках тэатраў выступаеш?

Можа быць і гэта.

Кажуць, цяперашні рымскі папа забараніў жанчынам з’яўляцца на сцэне ў спектаклях. Напэўна, меў слушнасць, выдаючы такі вердыкт. У тэатры гэтак жа не можа кабета захаваць сваю нявіннасць, як не можа не памачыць ног той, хто скочыць з берага у Нёман пакупацца. Таму і слушна, жаночыя ролі ў спектаклях Еўропы зараз іграюць толькі «вечна маладыя».

Вось і гадай, з каторай зямлі, з якога краю чакаць мне звесткі. Ты ж яшчэ зусім маладзенькі і не ўсталяваны. Каб расці, чалавек патрабуе пахвалы, падбадзёрвання ды заахвочвання. Хто Табе заменіць маці для гэтага?

Дзе Цябе шукаць?!.

Птушкай бы стаць — паімчала б на пошукі.

А найхутчэй за ўсё, гэта нязбыўная мара. Ды што зробіш, калі адно ў марах і знаходжу ўцеху, калі не лічыць майго пісання. Веру, да апошняга дыхання буду верыць у прароцтва старога грэка Андропаліса.

Зрэшты, гэта толькі і застаецца.

...Прадоўжу, сыне, сваю сумную і часта неверагодную гісторыю. Бо Табе абавязкова трэба пра ўсе мае пераплёты ведаць — як трапіла мамуська ў Аравію і чаго, як там жыла, што перацярпела, як выжыла, як шляхі мае Светлазарная Радзіцелька дзіўна перапляла з дарогай высакароднага рыцара Валковіча Стэфана, чаму зараз і нашу яго прозвішча, што з перапляцення гэтага вынікла ды чаму мяне потым аж так пакаралі. Усё гэта будзе надта доўгае ды месцамі нуднае, затое, калі пра ўсё даведаешся,— цалкам зразумееш. А як зразумееш, то, вядома, мамушцы сваёй даруеш».

 

Раздзел чацвёрты

 

Галгофа

Яшчэ калі з нянькай Аксанай у пялюшках выносіла пад цень платанаў львоўскага старога парку сына, Кацярына не раз і не два чула, як такія ж прасталюдзінкі, бы яе Аксана, выгульваючы каля іх панскіх сабачак па алеях, з сумам цягнулі:

 

За річкою вогні горят,

Там татары полон ділят,

Сіло наше запалылы

І багацтва разграбылы.

Стару няньку зарубылы,

А міленьку в полон взялы.

А в долыні бубны гудут,

Бо на зарыз людей вэдут.

Коло шыі аркан вьется,

І по ногам ланцуг б’ется...

 

Але і ў галаву тады не прыходзіла, ні разу і не снілася нават, што русінкі пяюць акурат пра яе.

Колькі татары валаклі іх на поўдзень, ёй і не вызначыць. Бо дні адразу зліліся з начамі, а тыдні з месяцамі. Усё змяшалася ў адзін жах і якоесьці крывавае месіва. У памяці запалі адно аддзельныя віскі, бяссільны жаночы енк, адчайны лямант над пасечанымі шаблямі целамі, свіст нагаек ды дзікія выкрыкі заваёўнікаў, пасля якіх чалавек, не паспеўшы нават што-небудзь зразумець, бяздумна кідаўся ўбок, уперад, назад, а то і падаў на зямлю там, дзе стаяў, абхапіўшы галаву рукамі, утуліўшы шыю, з заміраннем сэрца чакаючы ўдару — таго, апошняга.

Яшчэ запамяталася Кацярыне, як цягнулі свае вузкія, бы змеі, галовы, пучылі пранізаныя сонцам, вачыска, дыхалі ў нос гарачынёй утробы, нездаволена чагосьці скалілі ў зялёнцы зубы, круцілі башкой, бытта і яны пералічвалі паланянак,— татарскія звітныя конікі з гнуткімі спінамі.

Запамяталіся голад, слабасць, закарэлы бруд, смага ды лёсавы пыл, пыл, пыл і пыл.

Яго пёр вецер.

Пыл валіў на іх клубамі з-пад шматлікіх босых ног ды капытоў скакуноў, адкормленых на паўднёвых травах, на якіх пад рыпенне сёдлаў і екатанне селязёнак гарцавалі вакол ашалелыя ад адчування сваёй сілы, маладога азарту, непакаральнасці ды неабмежаванай улады татары.

Пыл засціў вочы, лез за каўняры, трашчаў на зубах, забіваў спрасаванай затычкай насы, горлы, забіваючыся аж у душу. Побач з імі скрыпелі і гэтаксама ўздымалі пыл двухкалёсныя павозкі альбо карэты, наладаваныя іхнім жа дабром з абрабаваных кватэр — посудам, абіццем пакояў, ходнікамі і дыванамі.

Часамі рукі бранкі мелі свабодныя — калі гналі іх табуном, бы гурт авечак,— тых, хто нядаўна прызвычаены быў да шыкоўных сукенак, белых пальчатак, выгоды ды меў ласае да заморскіх прысмакаў паднябенне.

Найчасцей яны былі павязаныя.

Чым іх толькі не вязалі!

Скручвалі канаплянымі вяроўкамі. Вінаграднай лазой. Ланцугамі. Больш за ўсё, мабыць,— звычайным лыкам. Сырамятнымі рамянямі. Вязалі нават перавяслам з трысцягу ці з саломы.

Было найгорш, калі іншы татарын скруціць рукі цецівой ад лука, і яна табе ўвап’ецца ў цела да жывога мяса.

А валаклі іх, звязаных, дакладна гэтак, бы калісьці цягнула за крыло Кацярыніна Аксана індыка да калодкі, і птушыная галава з чырвоным грэбенем падскоквала на камянях, але дзеўцы і бяды не было — усё роўна індыку канец.

Валаклі, як другая Кацярыніна дзеўка са швайкай у руках перла за нагу на кухню парася і яно ўжо не толькі трапятацца не здолела, але і вішчэць.

А ўсё тварылася ў гаме ды енку, калі часамі не разбіраў чалавек нават сваіх слоў.

І гэта адбывалася з жывымі людзьмі не ў часы Садома і Гаморы, нават не ў дапатопныя гады, а ўжо ў 7157 годзе ад дня стварэння свету і ў 1649 — ад нараджэння Ісуса Хрыста, Сына Усявышняга, калі яго вера разышлася ўжо па ўсім свеце.

Шчасце іхняе, чалавек, калі яшчэ малады, надта жывучы. Ніхто з іх і не ведаў, што можна аж столькі выцерпець.

Пад канец тае галгофы ім зрабілася ўсё роўна. Былі даведзеныя да такога стану, калі чалавечая істота пачынае ўзірацца на сябе ўжо бытта на чужога — глядзела на падзеі як бы збоку ці з гары і толькі слаба-слаба кумекала,— аднак усё, што бачыць, адбываецца наяву і менавіта з ёю, са знаёмымі дочкамі, жонкамі, нявесткамі ротмістраў, паручнікаў, харунжых,— кабетамі, якія яшчэ нядаўна жылі ў дастатку, спакоі, ездзілі ў шыкоўных карэтах, запрэжаных для форсу ў дзве, у чатыры пары коней з лёкаем на прыступках. Іншая ленавалася нават ступіць на ганак сваімі выпешчанымі ножкамі, змалку прызвычаеная, каб гайдук, бы якую лялечку, выносіў з карэты.

І от цікава, хоць ездзілі ўсе яны дагэтуль упамянутымі карэтамі, жылі па-панску, але ж не маглі не бачыць і не чуць, як іхнія бацькі, жаніхі, браты і мужыкі секлі нагайкамі палонных, да крыві каралі халопаў і чаляднікаў.

Ці ж толькі гэта бачылі?

Наглядзеліся ўдосталь на галодных і трупы.

Папаўзіраліся на заткнутыя для страху на тычкі войскамі Вішнявецкага ўздоўж гасцінцаў казачыя галовы з цьмянымі вачыма. І такія ахвяры мелі яшчэ шчасце — памерлі адразу.

Сённяшнія паланянкі ў свой час наглядзеліся на мужыкоў з паабразанымі вушамі. На падсмажаных на малым агні, затым убітых на кол ды яшчэ жывых запарожцаў. На табуны зняволеных украінскіх сем’яў, якіх, тлумячы гэтак бунт, атрады пана Патоцкага і Любамірскага прадавалі татарам у ясыр.

Таму кожная з іх у душы, напэўна, ставіла сябе на месцы тых няшчасных, прымяралася і на ўсякі выпадак палону і чорных дзён чакала. Бо праз які тыдзень усе паступова прыцярпеліся да новага бытавання, пакорна прымаючы свой лёс. Прынамсі, ні тапіцца, ні ўцякаць ніхто не спрабаваў.

Што было далей?

 

«Ведаеш, сыне,— як з вады паўстаюць птушкі і рыбы, а дрэвы пад націскам сокаў ды сонечных праменняў выштурхоўваюць з сябе лісты, кветкі і фрукты, так рана ці позна людзі пачынаюць выдаваць з сябе чарвякоў, гнідаў ды вошай.

Якраз, бы тыя чэрці гразкае балота, нас усіх апанавалі вошы. Ніколі і не падумала б, што такія дробныя істоты могуць быць страшнейшымі за львоў.

Хоць ты з-за іх аб сценку галавой біся, вынік — адзін.

Спачатку мы скрабліся. Але ад гэтага толькі іх больш пладзілася. І тады, бы путрышскія бабы, вярнуўшыся ў нядзелю з царквы ці з касцёла, робяць гэта кожную нядзелю на камянях перад плотам, сталі адна ў адной і мы шукаць у галаве. Абы толькі выдарылася адпаведная хвілінка, адна адной клалі на калені галаву, тая схілялася над спадарожніцай і дрэнь гэтую лузала».

 

А іхнім заваявацелям да гэтага ніякай не было справы. Рабаўнікам, якія жылі толькі з воен і набегаў, галоўнае — захопленых жанчын усіх, да аднае, даставіць на месца.

 

Сяброўка. Будні паланянак

З першага дня няволі Кацярына спаравалася з другой жонкай Рыгора Скамарохі — з Ганнай. Мажліва, таму зблізіліся, бо вёска яе, Верцялішкі, была за мілю ад Кацярынінай.

Рыгор, пасля таго як спалілі яго першую жонку, Марыю, хварэў і толькі праз год захацеў ажаніцца. А быў багаты. Парассылаў ва ўсе бакі сватоў і чакаў.

Ад кандыдаткі на маладую з Верцялішак прынеслі яму панчошку ды апісанне вонкавага выгляду нявесты. У паперцы вопытны гродзенскі зводнік нашрайбаваў:

«Вочы ў яе вялізныя, больш анёльскія, чым людскія, лоб гладкі і ладны, нос просты, шчокі ружовыя і надзеленыя прыроджанай сарамлівасцю, зубы белыя і надта роўныя. Персі снежнай белізны, а рук прыгажэйшых за яе не бывае і быць не можа. У руках і голасе чароўнасць...»

Рыгор ведаў, у апісанні многа вады, аднак з усіх кандыдатак выбраў менавіта гэтую.

Ці была сапраўды прыгожай? Кацярына не сказала б.

Ганна мела якраз пукаты лоб. Пухлыя вялікія вусны і шэрыя вочы, выраз якіх увесь час мяняўся. Але, напэўна, была добрай, а галоўнае для Кацярыны — сваім чалавекам. Ёй можна было даверыцца. Яна магла паспачуваць і дапамагчы.

Кацярына Ганну вельмі палюбіла.

А трэба ведаць, што больш, чым лёсавы пыл, чым нават раны на чырвоных ад запалення руках, парэзаных цецівой, болей, чым нават голад і вошы, маладзіцам напрыкрылі прыставанні ахоўнікаў.

Во была боская кара!

Бывала, прыпіралі паланянак для начлегу пад якую-небудзь мадзярскую вёску на майдан ці да рэчкі. Дзесятнікі пасярэдзіне майдана ўтыкалі ў зямлю бунчукі з конскімі хвастамі, побач клалі свае трубы, катлы і бубны. Два-тры татарыны аднекуль прыпіралі папярок сядла пакладзеных бараноў ды выбіралі некалькі жанчын гатаваць вячэру, астатнім ля рэчкі ці калодзежа дазвалялі памыцца. Покуль кожная даводзіла сябе да парадку, азіралі адна ў адной болькі, была гатовая вячэра, і заваёўнікі пачыналі баляваць.

Неўзабаве, разрываючы мяса зубамі, дапамагаючы яшчэ сабе і нажом, з жывёльнай хцівасцю глыталі татары тлустыя кавалкі смажанага барана ды запівалі ежу з кубачкаў, бо ніякіх лыжак, талерак ці місак не прызнавалі.

Пад’еўшы, распраўлялі свае чорныя бароды ды шарылі па маладзіцах прагнымі вачыма, абціраючы аб калені затлушчаныя пальцы. І той, каторая трапіла яму ў вока, татарын шпурляў на траву пад ногі недаедак. Даваў дапіць з кубачка, пасля чаго вёў яе ў цемру.

Іншыя і днём гвалцілі. Толькі паспрабуй адхіліцца ад натоўпу па пыльнай і вытаптанай сцежачцы сярод вінаградніку — вынырне аднекуль, што і не заўважыш, заступіць дарогу, бліснуўшы белымі ды моцнымі зубамі, скрывіць рот у драпежнай усмешцы ды кіне на сухую зямлю плячыма. І ўжо на нізкіх хмарах над паланянкай рытмічна мільгалі водбліскі далёкага пажару. Сапло на ёй дужае мужападобнае страшыдла з целам, якое не мылася ад нараджэння. А яго ахвяра цярпела ды меркавала — ці не зарэжа, насыціўшыся.

Першы раз, калі давялося ёй гэта перажыць, Кацярыне стала так агідна, што намервалася павесіцца ці разбіць галаву аб скалу. Але Ганна накрычала на яе і ўгаварыла, што мае недзе сына, які яе патрабуе, што іхнія каты не людзі, трэба пра гэта заўсёды памятаць і адпаведна да іх ставіцца.

— Не панікуеш жа ты, калі лізне цябе сабака? — тлумачыла.— Выціраешся, ды справе канец!

Што праўда, то праўда.

І далей ад смярдзючага кіслай анучай і церпкім конскім потам кавалера з нямытым хрышчонай вадой тварам і з затлушчанымі рукамі, ад паху сырамятнай скуры, конскага поту, усю аж выварочвала яе навонак. Рабілася сама сабе агіднай. Потым доўга не магла дакрануцца да ежы і не знаходзіла сабе месца. Аднак скарылася, пацяшаючы сябе, што з іншымі паланянкамі абыходзяцца яшчэ горш.

Вось прыганялі іх для начлегу зноў на бераг ракі — абы не на чужую стаянку і зводдаль ад іншых. Бабы тоўпяцца збітай гурбой. Нехта ўжо высякае іскры на трут сталёвым агнівам, а малады татарын раптам разгоніць каня, закіне той, каторая спадабалася, аркан, каня крутане ды вырве ахвяру з гурбы. Добра, калі валасяная вяроўка абхопіць ахвяру за рукі, а калі ляжа на шыю?..

Часамі брылі па шляху. Русінкі паныла цягнулі на два галасы сумную мелодыю. Над разагрэтым стэпам дрыжэлі хвалі паветра, і голас у іх тануў, бы ў вадзе, а яна крочыла сярод іх ды гаравала аб сыне. Ганна нахілялася ля яе ды кідала:

— Перастань мэнчыцца, Каця! У нашых Верцялішках жартавалі як, ведаеш:

 

Салому таўкуць,

Бліны пякуць,

Сена смажаць,

Бліны імі мажуць!

 

А так дражняць ластавачак, калі тыя ў разгар лета сядзяць на жэрдачцы пад хатай ды шчабечуць:

 

А гэты пастух

Такі абжартух,

У хаце жарэ,

У поле бярэ,

Абы да варот,

Зноў хлеба ў рот,

А з попкі рыпі-іць!..

 

— А ў Путрышках так гавораць? Успомні, бо мне цікава!

Скажы такое глупства ў іншых абставінах, чалавек не павядзе і вухам. На далёкай чужбіне сказанае сяброўкай адразу будзіла балюча-радасныя ўспаміны. Ад пят да галавы агортваў шчымлівы сум, і бяда здавалася ўжо не так страшнай. Ужо чалавек верыў, што ў няволі ён часова, неўзабаве ўсё скончыцца і ён на радзіму вернецца.

А тая гэтым часам перамогу замацоўвала:

— Слухай, Кацька, а хто, па-твойму, тут усё стварыў, як думаеш? Чыя гэта работа?

— Што ты, Ганна, маеш на ўвазе? — яшчэ не разумела яна, куды тая хіліла.

— Азірніся навокал ды сама змікіць! Падумай ды адкажы!

— ?..

— Не датумкаеш, сяброўка? Бо мне здаецца, не Гасподзь Бог, а сам чорт гэтых фігляў навыкідваў!

— Аніяк не ўразумею, чаго ты, Анюта, хочаш...

— Зірні унь туды! Бачыш, якія на пляцёнках кавуны і дыні павыганяла? Абэржы цэлыя! Але ткні добра — і расколюцца з трэскам! А ў маіх Верцялішках ды і ля тваёй вёскі дубы гэткія магутныя, а жалуды на іх — маленькія-маленькія! Затое здатныя — адзін у адзін ды цвёрдыя — у мушкет можаш іх замест куляў запіхваць!

— А-а, ты пра гэта...

— Зараз у нас халаднавата і дождж ілье як з цэўкі, каб усё потым буяла, каб дыхала, асалоду мела і радасць, а тут? Адная спёка пякельная! Унь пясок зрабіўся як прысак, і на небе за ўвесь час мы з табой не бачылі ані разу хмаркі! Каб хоць капелька якая ўпала! Цяпер ты мне скажы, па-чэснаму, чыя гэта работа?

— Я ўсё не разумею...

— Вядома, нячысціка!

— Анька, не напамінай яго надарэмна!

Але тая павярнулася ўжо да ахоўніка.

Яны ніколі не чулі, каб татары спявалі хорам. Затое песні паланянак некаторыя прыцягвалі іх, бы чары. І гэты татарчук, ведучы за павадок каня, крочыў на крывых ножках побач з сяброўкамі ды паныла і зладзеявата слухаў паланянак, час ад часу адбіваючыся ад зялёных мух. Трупныя бойкія мухі ўвіхаліся над сярэбранай дзяржальняй ад крывой шаблі са слядамі засохлай крыві, яшчэ і нахабна лезлі яму ў нос.

— О, Кацька, цікуй, зараз буду мець яшчэ аднаго ўхажора!

— Нашто табе здаўся?

— На ўсялякі выпадак!

— Грэх так сябе паводзіць, сяброўка.

— Яны ж — не хрышчоныя! Дурная, завядзі сабе з тузін і ты! Ухажораў, ведай, заманіць проста!

— Не ўмею.

— Навучыць?

— Позна ўжо гэтаму вучыцца.

— На ўсялякі выпадак запамятай, што табе скажу! Слухай. Ім, бы на вёсцы курам, насып жменьку зярнятак і не палохай, толькі цярпліва чакай!

— Дурніца!

— Не верыш? Глядзі!

Ганна крадком з-за пазухі выняла паліраваную пласцінку, што служыла ёй за люстэрка, ды зірнула ў яго. Затым скубанула пучок травінак, кінула іх татарчуку на вялізную, бы буслінае гняздо, капну чорных валасоў і выставіла да ахоўніка белыя зубы. Той адразу з твару змякчэў і выскаліў ва ўсмешцы зубы свае — гэтаксама белыя, толькі шырокія, бы лапатачкі.

І стала адразу відаць, што ахоўнік зусім маладзенькі ды яшчэ і бянтэжыцца. Татары жылі з воен, рабавалі як маглі ды страшна пілі, хоць Каранам ім забаронена, але гэты яшчэ не быў аж так сапсаваны.

Далей ужо татарын з сярэбранай дзяржальняй у шаблі ад іх не адставаў. Зайшоў за куст, старанна вычысціў ад крыві сваю зброю, а затым дагнаў сябровак зноў. Стала відочна — яго прыклеіла да іх ужо якаясьці вышэйшая сіла, супроць якой ваяр бездапаможны.

Але хітруня прыкінулася ўжо, што чорнабародага не бачыць.

Сваім грудным голасам, які браў аж за душу, дапамагла цягнуць бліжэйшым русінкам:

 

Горыць вогонь, горыць вогонь

За водою,

А я й нэ віжу, я й нэ чую

За бідою!

Горыць вогонь, горыць вогонь

За лясамі,

Я й нэ віжу, я й нэ чую

За слязамі!

 

Любіла Кацярына сяброўку. І надта да яе прывязалася. Іншыя сёстры не прыліпаюць адна да адной гэтак, ад чаго сталі нават адна на адну падобныя. Іх нават палічылі блізнятамі.

 

На месцы. Першыя экзамены

Татары вялі іх адно некалькі тыдняў, хоць паланянкам і такі тэрмін здаўся вечнасцю. Здарылася, што ў тыя самыя дні шляхі маладзіц часамі саўпадалі з шляхамі хлопчыкаў, якіх валаклі абучаць на янычараў. Малых вязлі ў лазовых кошыках — па двое паабапал каня ці мула. Пры начлезе захопнікі дазвалялі браць малых да сябе, каб абмыць іх ды абласкаць.

Ва ўспамінах Кацярына не знаходзіла слоў для апісання таго енку, віску, плачу і мітусні, які выбухаў, калі кабетам нечакана выпадала такое шчасце.

Затым усіх паланянак перадалі турэцкім воям. Але розніцы ў абыходжанні ніхто не адчуў. Зноў іхні цяжкі дзённы шлях трываў ад рэчкі да рэчкі, дзе спыняліся на ноч.

Неўзабаве апынуліся яны аж у Грэцыі. Некаторыя надта дзівіліся,— там усюды праваслаўныя храмы. Толькі нікога з паланянак у іх не пусцілі — папёрлі далей.

Пераправілі ўсіх цераз Басфорскую цясніну на судне і праз месяц прыгналі аж у Палесціну — тую самую, апісаную ў святой Бібліі. Але радасці з гэтага кабеты таксама мелі мала. Былі яны паланянкі. Ад таго, што апынуліся ў Святым месцы, нічога ў іхнім жыцці не перамянілася.

Усіх заперлі ў вялізны будан, сплецены з лазы. У яго летам ад спёкі заганялі гурты авечак.

Было ўжо каля Новага года, а надвор’е стаяла такое, бытта на Гродзеншчыне пад канец жніва. Нават і трава месцамі гэтаксама пажухла. У авечай кашары дазволілі ім адсыпацца. Прынеслі харчоў. Каб лепш зацікавіць пакупнікоў, паланянкам ад’есціся далі ўволю.

І здарыўся цуд.

Іхнія загарэлыя, як у прасталюдзінак, твары, шыі ды рукі неўзабаве акрэплі ды акругліліся, вочы наліліся жывым бляскам, плечы, грудзі і клубы раздаліся — Кацярына выразна адчула, што нават сама сабе пахне загарам, а па целе расплывалася пругкая радасць.

Галоўны араб штодня правяраў нават іхнія рукі — ці мяккія, ці дастаткова чыстыя. Нават прымушаў каля рэчкі пяць разоў з мылам ногі мыць.

Цяпер у прапаленых сонцам маладзіцах можна было зноў пазнаць колішніх шляхцянак.

Кабеты адразу ажывіліся, бо галоўная небяспека мінавала. Стала відочна — жыць будуць, аб іх клапоцяцца, бо яны, відаць, камусьці вельмі патрэбныя.

Неўзабаве паланянак агарнула прыемная чутка, што ў туркаў паніка, бо за морам зноў аб’явіўся Юлій Цэзар. Маўляў, рымскаму імператару цяпер, як таму Ною, тысяча гадоў, але ён яшчэ моцны. Юлій Цэзар сабраў легіёны ды вырашыў адбіваць у туркаў ясыр. Трэба было адно крыху пацярпець.

Казалі, легіянеры не толькі непераможныя воі, а ладныя кавалеры, кожны з іх нават носіць бутэлечку з пахучай вадой, таму ад яго заўсёды пахне.

У паланянак гэта выклікала ажыўленне і цікавасць.

Ад такіх ды іншых чутак усіх агарнула непрыстойная весялосць, покуль не абсёк яе еўнух.

Ён спытаўся, хто ўмее пісаць. Сярод усяго жаночага гурту такіх знайшлося з дзесяць. Для іх прынеслі грыфельныя дошкі, пёры з трыснягу з чарніліцамі, паперу і загадалі кожнай паказаць пробу пісьма.

Выглядала ўсё надта камічна, бо пісьменных жанчын мала і на Гродзеншчыне, а там увогуле такіх амаль няма. Паланянак адразу абкружылі арабы, дзівячыся,— жанчына, а дакладна гэтаксама, бы мула ці які бай, умее пакідаць на грыфельнай дошцы ці паперы сляды чалавечых слоў. Астатнія паланянкі стаялі зводдаль і пісьменным зайздросцілі, цікуючы, як сяброўкі па няшчасці старанна выводзяць літары. З іх была сапраўдная Вавілонская вежа — харваткі, балгаркі, кіяўлянкі, полькі і літоўкі. Адныя выводзілі кірыліцай, іншыя лацінкай.

Пісалі яны, пісалі, адна да другой заглядваючы, покуль не з’явіўся старэнькі мула. Кінуў учэпістым вокам на пісанне ды нездаволена буркнуў — дураць яму, маўляў, галаву. Усё напісана не літаркамі, падобнымі на мурашоў, што бегаюць каля Путрышак па лясных дарожках,— не арабскай вяззю.

Мула азірнуў усіх падазрона і гідліва скрывіўся. Узняўшы белыя далоні, прашаптаў малітву. Затым правёў касцістымі і выпеленгаванымі пальцамі сабе па барадзе, прамовіў у неба:

— О меч іслама, храніцель ладу і спакою! Салам табе, цар надзеі, дабраты і парадку!

Ды патупаў прэч.

Паланянкі яшчэ з адрабінай надзеі кінуліся да старых нявольніц пытацца, што араб сказаў. Але іх стрымалі. Еўнух паадбіраў грыфельныя дошкі, чарніліцы, яшчэ і сцебануў кожную бізуном.

Староннія пасмяяліся, бытта паланянкі ўздумалі мухляваць, але не ўдалося.

Тады ўсім выдалі якіясьці дзіўныя сеткі ў дробную клетачку. Нанізалі, бы пацеркі, каго за шыю, каго за руку, на даўзёрныя шаўковыя шнуры ды, як у Гародні мяснікі вядуць на бойню быдла, падганяючы дубчыкам, папёрлі на базар. Было паланянак так многа, што іх нават брала сумненне — а ці хто-кольвек з маладзіц застаўся там, на Радзіме? Здавалася — усіх татары вылавілі.

Свядомасць агульнай бяды супакойвала — як усім будзе, так і мне, што ўжо зробіш.

 

Гандаль жывым таварам

Зямля на базары тым была ўсланая аслінымі пляцкамі і авечымі кругляшамі.

Там загадалі ўсім паздымаць адзенне, а на голае цела прымусілі панацягваць тыя самыя сетачкі. Некаторыя ўздумалі ўпарціцца, але бізуны еўнухаў зараз жа падпарадкавалі і іх.

У знак таго, што яны толькі што з волі, а на праданне выведзеныя ўпершыню, кожнай жанчыне вапнай памазалі нагу ды пасаджалі на лаўкі чакаць пакупнікоў.

Калі ж усе расселіся, галоўны араб узлез на спецыяльнае ўзвышэнне з дошак ды на ўсю плошчу абвясціў:

— Алах вялікі і імя яго святое, амін! Слухайце, прававерныя, мы прапануем вам свежых нявольніц — адных прыгажунь! Жывы тавар прапануем! Усе здаровыя, простыя і няхітрыя, ласкавыя і чыстыя, толькі што прыведзеныя нашымі слаўнымі воямі з Літвы і Польшчы, аддаём амаль дарам!

Сталі да іх падыходзіць мужчыны, прыпаднімаць халаты, разглядваць целы, нават прынюхвацца, цокаць языком, пробаваць на язык іхнюю скуру. Жывы тавар яны старанна шчупалі, заглядалі кожнай жанчыне ў зубы ды паміж сабой нешта жыва, на ўвесь базар абгаворвалі і спрачаліся — горача, дапамагаючы сабе жэстыкуляцыяй рук.

Адразу над базарам узняўся гвалт, бы на пажары, а кожная з паланянак адчувала — ад гэтых галасістых і незразумелых спрэчак менавіта залежыць яе лёс. Толькі што яны маглі зрабіць. Сядзелі ды цярпелі, бо былі ўсяго таварам, хоць і дастаўленым на праданне сваім ходам.

Надзіва, тыя паланянкі, што нядаўна аніяк не хацелі браць сетачак, бытта пераадолеўшы ў душы сваёй нейкі плот, неўзабаве з пакупнікамі ўжо заігрывалі ды какетнічалі, выстаўляючы напаказ сваю ўсю прывабнасць — у тых самых абціслых сетачках. Што ж рабілі ўсё гэта жанкі, сёстры гарадзенцаў не з распусты. Адчайнымі жартамі, гумарам вісельніка і скрозь слёзы перамагалі ў сабе страх, безабароннасць ды набіраліся сілы, каб адважна ўзваліць на сябе тое, што наканавана лёсам.

Багатае на выдумкі і надта ж жывучае жаночае племя!

На базары за грошы куплялі іх мала. Ахвотней паланянак мянялі на авечак ды бараноў.

Таксама бараноў, авечак, коз і падсвінкаў ахвотна мянялі на славянак.

За прасоленыя скуры іх аддавалі. За воўну, сякеры і мяшкі цыбулі.

Мянялі на лукі ці жмені стрэл — каму што было патрэбна і як было выгодна, так пакупнік і браў,— дзівіцца з гэтага там ніхто і не думаў.

Калі ўсіх жанчын нашых разабралі і лаўкі апусцелі, прывялі новую партыю паланянак — ужо толькі дзяўчат. Цана на іх была значна большая, дзень перад гэтым іх адбірала па кашарах старая арабка. Зноў галоўны араб узлез на тумбу, каб хваліць тавар, толькі цяпер гармідар на базары ўзняўся яшчэ большы — арабы бытта павар’яцелі.

Яшчэ чакаючы ракавога дня, калі выведуць іх на праданне, паланянкі стараліся разгадаць сваю будучыню. Кожная марыла пра сваё і, вядома, укладвалі будучыню, як каму хацелася. Аднак мара ва ўсіх пераважала адна.

Бранкі1, якіх татарскія ватагі без бою захапілі на Падолі і прыпёрлі аж у Палесціну, вельмі жадалі трапіць у гарэм да якога-небудзь шэйха, дзе, маўляў, лёгка ў тлуме такіх самых згубіцца. Там жыві сабе прыпяваючы на ўсім гатовым, і, глядзіш, твой мужанёк, бацька ці брат праз купцоў цябе нашчупае да выкупіць, тым больш што на такі выкуп іх заахвочвалі. З-за выкупу пераважна ўсіх і пёрлі аж у Палесціну.

Іншыя аднекуль паспелі ўжо даведацца, што тутэйшыя яўрэі падладжваюцца да мясцовых звычак, нораваў і заводзяць таксама па тры-чатыры жонкі. Такія паланянкі надта хацелі, каб іх купіў менавіта такі яўрэй, бо ён, што ні кажы,— амаль хрысціянін, свой чалавек, і нават карыстаецца той самай Бібліяй, толькі чамусьці не прызнае, дзівак, святога Евангелля, не пакланяецца Прачыстай Дзеве Марыі ды Сыну Божаму.

А толкам свае будучыні не ведаў ніхто.

Кацярыне ж старая нявольніца, якая з-над Нёмана трапіла гэтаксама бранкай у Палесціну гадоў з дваццаць таму і ўжо забываць пачала сваю мову, шэптам сяк-так уталкавала, што і арабы — людзі, што жыць з імі таксама можна. Што трэба найбольш баяцца тых арабаў, каторыя міла да цябе ўсміхаюцца ды выглядаюць беларучкамі.

А наогул, сказала Кацярыне старая зямлячка, сярод арабаў трапляюцца вельмі людскія і нявольніцам нават спрыяюць. Што адзіны ратунак у даных умовах — маліцца ды прасіць Прачыстую і Светлазарную Дзеву Марыю збавення, бо і першыя хрысціяне ўзрадзіліся якраз сярод абяздоленых ды пакрыўджаных — Усявышні і Царыца Нябесная іх нарэшце паслухаліся ды ўзялі пад апеку.

Яшчэ раз зямлячка напомніла Кацярыне пра араба з мілай усмешкай. Адно потым, спахапіўшыся, Кацярына зразумела, што нешчаслівая кабета мела на ўвазе.

Ці таму, што яна з Ганнай сталі ўжо стараватымі, а хапала маладзенькіх ды свежанькіх славянак, ці ўжо ў абедзвюх доля такая, толькі ні гарэм іх не прыняў, ні да багатага, ні да беднага шэйха не ўзялі. Не ўзялі іх чамусьці за жонак і яўрэі.

Трапілі ў вялікі гурт славянак, якіх закупіў багаты араб ткаць дываны.

З базару прыпёрлі іх у такі самы лазовы будан, каля якога струменіў арык з халоднай, бы лёд, вадой, у якую нібы разбавілі некалькі кропелек малака, яшчэ вілася вінаградная лаза.

Як рабіў, мабыць, гэта на сваіх вярблюдах, багаты араб і кожнай новай нявольніцы ў будане паставіў на сцягне распаленым жалезам таўро — вішнёвы лісточак з зорачкай.

І пачаліся ў тым лазовым будане гады іхняга ткацтва.

 

1 Так называлі жанчын, якіх у ясыр бралі.

Сумота па дому

Сказаць, што яна мела цяжкую работу, Кацярына не магла. Хіба што — занудлівую. Дзень у дзень — адное і тое самае. Вяжы ды вяжы вузялкі — тысячы на дзень, звар’яцець можна. Над ніткамі яна карпела разам з Ганнай. Разам елі, спалі ды так спараваліся, што ноччу бачылі нават аднолькавыя сны, бы сапраўдныя сёстры-блізняткі.

Ото ж яны ў тым шалашы нагаварыліся!

Пра што гутарылі? Пра тое самае. Нядарам кажуць, для чалавека найдаражэйшы той куток, дзе адрэзаны твой пупок.

Дом найчасцей успамінала Ганна. Прыставала, напрыклад, з пытаннямі.

— Чай і лазня ў іх у пашане, гэта добра,— я люблю. А заўважыла тутэйшыя птушкі?

— Птушкі як птушкі, чаго ты ад іх хочаш.

— Што ты, Кацярына! Прыглядзіся,— шэрыя, дробныя, лянівыя! І галоўны ў іх арол. А каму з яго карысць? Царом птушыным у нас глушэц, так мяса яго чалавеку розуму дабаўляе, як наш тата заўсёды цвярдзілі!

— Але, птушак тут не багата...

— Хіба ж толькі — гэта?! Ты ўспомні рэчкі нашыя! З завадзямі, чародкамі рыбак, з жабурэннем у затоках і з раскай, а тут, глядзі? Калі дзе і трапляецца, то хіба ж рэчкай яе назавеш? Між сухіх берагоў імчыць шалёная вада з камянямі, бытта хто запруду спусціў, і таму на ёй ні жабаў, ні плытоў, а лодак тут і не ведаюць, бо як жа на ёй паплывеш? Адразу перакуліць! Ніякія збаночкі на ёй не ўтрымаюцца, ні раска, ні водараслі — стрыміна з ног збівае камянямі ды жвірам, калі мыем дываны!

— Затое арыкі тут...

— І ў іх нічога жывога не заводзіцца!

Кацярына дзівілася з яе назіральнасці — як жа так, і яна таксама глядзела на рэчку, а да такога не дадумалася!

Ганна ж вяла сваё далей:

— Цяпер — чэрвень. У нас там усё зараз аж буіць! На падворку унь тут усюды пясочак, як прысак гарачы — курыца яйка знясе, і яно адразу спячэцца, альбо голы ток, а ў Верцялішках цяпер на нашым падворку — суцэльны дыван з рамонку, а пахне як, а зеляніць! Там такі зараз пах, што галава кругам ходзіць, праўда?

Кацярына адразу сабе ўявіла і свой падворак.

Сяброўка яе ўсё распаляла:

— Уяві сабе, як зараз там жылістыя лісты падарожніку з усіх бакоў травы душаць! «О-ей!» — крычыць на дрэве і птушаня беднай сінічкі, бо растлусцелае, бы жонка шэйха, зязюльчаня бесцырымонна выпіхвае якраз малое з уласнага гнязда катам на пацеху! Падворак з візгам пракалясіць ластаўка, чыркане крыльцам па ізумруднай гладзі ставочка ды разаб’е халоднае срэбра вадзянога люстэрка. Потым сядзе на жэрдачку і шчабеча:

 

А гэты пастух, такі абжартух,

У хаце жарэ, у поле бярэ,

Абы да варот...

 

— А неўзабаве...— уцягнутая Ганнай у гульню ўспамінаў, ужо захацела дабавіць і Кацярына.

Сяброўка не дала:

— А праз пару месяцаў будзе зноў хлюпаць слата! Затым «сэрца зімы» настане аж на дзевяноста дзён! Мерзнуць пачне цёмна-зялёная хвоя, а касматыя Лесуны пад вывараты елак заб’юцца — побач з бярлогамі мядзведзяў. Сыпане снегам, заенчаць на розныя галасы галіны. У полі Падвой гуляць пачне, а вецер біць у дахі, як у бубен, выць і свістаць у засланках. Але ж для нас, Кацька, усё гэта цяпер — толькі недасяжныя мары!

— Што ты зробіш!

Але яна ўжо прызнавалася:

— Ах, Кацярынка мая, як хочацца акраец чорнага хлеба, пасыпанага соллю!

Кацярына падхапіла:

— Што куплялі тата ў Балі Сольнай над Нёманам, куды немцы на лодках прывозяць яе з Прусіі!

Дзе яны зараз жылі, солі, мабыць, увогуле не ведалі. Янычары, ведучы бранак,— Кацярына сама неаднойчы назірала,— пілі кроў, бо яна саланаватая. Дабіраўся такі ахвотнік да каровы, бычка ці каня і прыліпаў вуснамі да ранкі, як п’яўка.

Так гэта — туркі, татары.

Паланянкам не дадзена было і такой магчымасці сталіць патрэбу. Усе ад недахопу солі спачатку паслаблі, кожная ежа смак мела травы. Памалу неяк прызвычаіліся і аднавілі сілы, але аб солі памяталі, як аб галоўным прысмаку. Марылі аб ёй.

Ужо Ганна вяла сваё:

— М-м-м! Пасыпала б, бы ў дзяцінстве, самай зярністай на лусту, каб аж хрумсцела пад зубамі!!!

Прызналася і Кацярына:

— I я! Здаецца, каб дапусцілі да яе, лыжкай бы ела! Села б над салявым мяшком і покуль не насыцілася б, ніхто мяне не змог бы скрануць з месца!

— А яшчэ чаго хочацца мне, Кацька, паслухай,— аўсянага кісялю!

— Ага, і мне! Гарачанькага-гарачанькага! Кіслага-кіслага! З чорным хлебам!

— А як абрыдла гэтая гарачыня! Так ужо хочацца апрануць кофту, нацягнуць на ногі панчохі, абуць пантофлі модныя ды пайсці ў іх, як чалавек, да цэрквы!

 

Раздзел пяты

 

Успаміны, успаміны...

Аднаго разу да ткання іх не павялі — забралі прыслужваць на вяселлі. У Аравіі таксама для вяселляў, бы над Нёманам, дзён не лічаць — расцягвалі іх, як толькі маглі.

Сяброўкі прыслужвалі на ім дзень, другі, трэці. У чацвёрты — у самы разгар — пабылі адно да абеду. Ганна з ночы кепска сябе адчувала, абедзвюх адвялі ў кашару.

Прачнулася Кацярына ад пасляабедзеннай дрымоты ды пачала азірацца — дзе сяброўка.

— Глядзі! — кінула тая.

Праз плеценую лазовую сетачку, цераз дубцы вінаградніку Ганна штосьці разглядвала.

Прыпала да шчыліны і Кацярына.

На падворку сядзела двое старых з белымі чалмамі на галовах. З-за кашары тырчэлі зады іхніх аслоў — аблезлыя і ў калючках. Худыя істоты адбіваліся хвастамі ад мух, але сяброўка не гэта мела на ўвазе.

Побач лазілі мурзатыя дзеці. Чорныя і бліскучыя валосікі на галовах дзяўчынак былі заплеценыя на многа тоненькіх косак. Гнуткія і карычневыя дзіцячыя пальцы, якімі хлопчыкі трымалі шчанюка на вяровачцы, здаліся Кацярыне роднымі, і сэрца яе сціснулася шчымлівым болем. Худое і шэрае ад пяску сабачаня з усяе сілы цягнулася да чаропкі, але дзеці ўпарціліся, вяровачкі з тонкіх пальчыкаў не выпускалі,— іх надта цікавіла кашара, бо Кацярына з Ганнай даўно іх прынадзілі дынямі ды кавунамі.

Дзеці — гэтая рака чалавецтва, як называюць іх арабы, і там былі такія ж дасціпныя ды жывыя. Толькі вопраткі не ведалі. Хадзілі зусім-зусім голыя, затое ад сонца былі карычневыя, бы ляшчынавыя арэшкі.

Малыя адразу нагадалі Кацярыне сына, нагадалі вёску, ды так, што ёй хацелася расплакацца.

Вось адзін падшыванец штосьці сябрам паказаў. Кацярына здагадалася — кузурка. Яна прабегла ў канец яго пальца, разгарнула крыльцы і паляцела. Малы адразу прыйшоў у захапленне, бытта быў гэта незямны цуд.

Кацярына вынесла ім ласунак. Вярнулася ў кашару ды з уміленнем стала прыглядацца, з якой прагнасцю смокчуць яны кавалкі дыні, як топяць насы ў кавуны.

Азвалася Ганна:

— Памятаеш, як і мы гэтак лёталі, тараторачы:

 

На грушу лежу,

Грушу трашу,

Карасі падаюць,

Шмятану падбіраю!

 

От пацешна ж было!

Кацярыне адразу на памяць прыйшлі путрышскія каламбуры. У Львове дапамагала сыну завучыць іх на памяць:

 

Пасеяў я канаплю,

А выраслі ракі.

Зырк, а вароны зацвітаюць!

А там каровы бабу дояць!

Возера ўспырхнула, паляцела,

Качкі ж засталіся!

А лыка, мужыком падперазанае,

Па балоце ходзіць і ходзіць!

 

Кацярына з Ганнай неяк нервова, бы скрозь плач, парагаталі ды ўспомнілі сваё дзяцінства.

Аднолькавае было ў той і другой, як дзве кроплі вады. Яго спакой парушалі толькі ваўкі, што зімой дабіраліся да авечак праз стрэхі засыпаных снегам хлявоў, а потым людзі дружна гаварылі пра выпадак да самай вясны, дабаўляючы ўсё новыя і новыя падрабязнасці.

Летам узнімалі паніку цыганы. Начавалі табарам на выгане і пакідалі сляды вогнішчаў.

Яшчэ цыганы пакідалі дзіўныя пахі ды асколкі ад ладышак, жбанкоў, верцех, а часамі нават і чырвоную стужачку, якой абвязана было цыганскае жарабя за шыю супроць чараў. Мажліва, сляды былі ад таго самага табара, бо ад Кацярыніных Путрышак да Аніных Верцялішак — адна міля.

Прывязаўшы гэтаксама да шнурочка шчанюка, лазілі і яны па выгане, прынюхваючыся да слядоў. Падбіралі трафеі ды дзівіліся, прыглядваючыся.

Калі ж у такой кампаніі траплялі ў лес, заміралі іхнія сэрцы ад прагі пабачыць падперазаную дзеразой і з кошычкам у руках Баравую Цётку. Мармычучы сабе пад нос штосьці сваё, лясное, яна магла завесці ў хатку на курыных ножках і пачаставаць смажаным гарохам. А магла і калматаму Лесуну аддаць, чорных баранчыкаў пасвіць ды жыць пад вываратамі. За грахі і непаслушэнства бацькам магла ў ядлавец заманіць альбо ў мухамор, бо, бы тая вядзьмарка Расоліха, магічнае слова ведала.

Першыя мацнейшыя ўражанні ў душах сябровак пакінулі вяселлі ў сваякоў ды суседзяў. Кацярыніна след пакінула малы, бо атрымалася як бы крадзенае. Ганна выходзіла хоць і за ўдаўца, але Рыгор справіў вяселле гучнае, са сванькамі і сватамі, са шматлікімі сябрамі і сваякамі да сёмага калена, з цэлым народным рытуалам.

Толькі, вядома, куды і Рыгораваму вяселлю раўняцца да гэтага, на якім Ганна з Кацярынай у той дзень прыслужвалі.

 

Арабскае вяселле

Адбывалася яно як ў байцы.

Высокія, велічныя палаткі з рознакаляровага шоўку, з егіпецкімі цыноўкамі, персідскімі дыванамі, кітайскімі шаўковымі тканінамі. Адны нявольнікі, апранутыя ў атласы, замёрлі, выстраеныя ў роўныя радочкі — асобна нявольнікі чорныя, асобна белыя і жоўтыя, чакаючы занятку, а ланцужок іншых валок пазалочаныя табурэткі. Трэція — махалі апахаламі, трымалі балдахіны.

Цівуны ляскалі бізунамі сабе па халявах, наганяючы ўсім страху.

Чытальнікі Карана галасілі суры,— распеўна хвалячы Алаха.

Госці з цырыманіяльнымі паклонамі апускаліся на залатыя табурэткі.

Покуль у катлах закіпалі баранавыя кірдзюкі з рысам, нявольнікі гуськом унеслі падрумяненыя пляцкі, смажаных фазанаў і качак, нашпігаваных фісташкамі. Валаклі вэнджаную рыбу, вялены вінаград ды іншыя фрукты.

Прыпёрлі і жбаночкі са смятанай, мёдам і віном, бо багатыя мусульмане пілі таксама, хоць і раз баўлялі віно вадой,— сяброўкі самі бачылі.

Віначэрпій з кубачкаў зняў атласныя сурвэткі. Кожны посуд напоўніў ружовай вадкасцю. Прыгубіў для пробы ды з паклонам падаў шэйху. Зняў старанна яшчэ пробу з кожнага кубка — і баль пачаўся.

Служба час ад часу ўсім насіла толькі пахучую ваду для ўмывання рук.

Неўзабаве парадак парушыўся, бо ад вінных пароў захмялелі і нявольніцы, але не на столькі, каб нічога не бачыць.

І Кацярына прыглядалася ва ўсе вочы.

Усё было пышнае, цырыманіяльнае. Чалавек аж не верыў таму, што было перад ім — напэўна, Радзівілы, а то і каралі не лепш праводзілі вяселлі, як гэты звычайны шэйх.

А тая, з-за каго пачаўся ўвесь вэрхал,— амаль дзіця. Такіх горкіх дзяўчатак увялі ў палату з дзесяць. Кожная — пакрытая хусткай з галавой, з-пад яе звісалі толькі ленты, абшытыя меднымі і сярэбранымі манеткамі.

Сцягнулі з нявесты пакрывала, а яна адразу сарамліва закрылася рукамі.

У гандлёвых галях на гродзенскай плошчы, каля бернардзінскага касцёла, дакладна гэтак немцы, яўрэі і армяне паказвалі пакупніку тавар. З той розніцай, што сувоі сукна не ўпарціліся, як іх гандляры ні перакочвалі.

Дварэцкі рукі нявесты развёў ды клікнуў маладога. Той не без цікавасці падскочыў з вясёленькай усмешкай, глянуў у тварык суджанай, за якую шэйх даў бацькам сто нявольніц і пяцьдзесят бараноў. Малады, здаволены, кіўнуў. Разумей так — яму спадабалася. Затым хапіў маладую жонку за руку, падвёў да стала, дзе Кацярына, падаючы для пары фрукты, і прыглядзелася нявесце як след.

Кольца на пальчыку з брудным пазурыкам.

Шкляная бранзалетка на запясці.

Сяброўкі нявесты ўсе ў маністах. Некаторыя і з залатымі кольцамі, прадзетымі праз ноздру. Іншыя з чырвонай кропкай над пераносіцай — тыя былі з племені пуштунаў.

Усе як адна дрыжэлі ад страху і ўзбуджанасці. Аднак усміхаліся — з робленымі і насцярожанымі ўсмешкамі, паказваючы белыя пацеркі зубоў — дробных, нібы зярняткі рысу.

А перад палаткамі бушаваў вэрхал. Юнакі гарцавалі на конях, вярблюдах, ішаках. Білі ў барабаны і палілі ўверх з доўгіх, як жэрдкі, стрэльбаў.

Грымела музыка. Бубнелі катлы. Жыхароў мясціны — мала большай за Путрышкі, агарнуў якісьці дзікі ўздым і непакой.

Глядзела на ўсё гэта Кацярына ды думала:

«Зрэшты, няма чаго дзівіцца. Хіба ж у нашых вёсках не адбываецца нешта падобнае, калі ў якой-небудзь хаце спраўляюць вяселле? Толькі людзі вар’ююць — кожны па-свойму».

Ганна здагадалася, пра што сяброўка думае, і ўслых разважыла:

— Вядома, Кацярына, багаццем нас пры жаніцьбе яны абскакалі. Але ж свабоды і шчасця ў нас больш. Таму і вяселлі больш шчырыя, чалавечыя, як мяркуеш? Мне так і лезуць у галаву тыя прыпеўкі ды гульні з прытупам:

 

Ой, на печы пры лучыне

Дзеўкі грошы палічылі.

Налічылі паўталера

Ды купілі кавалера!..

 

Альбо:

 

Бегла сучка рогам,

Й села пад парогам!

Сваха думала, што маці,

Давай сучку цалаваці!..

 

— Так у беларускіх ліцвінаў. У палякаў толькі крыху інакш:

 

Ой, сяно, сяно-о,

Под сянэм во-ода,

Дзе сень подзя-ала

Моя ўро-ода?!.

 

Кацярына ўслухалася, але не чула, бо перад вачыма паўставаў свой клопат. Чамусьці ўспомніла, што любімы сынок гаспадара — самы меншы брат жаніха — за сталом вычаўпляў.

Шэйхаў пястун Кацярыне надта напомніў сына. Хлопчык не злазіў з калень у мужчын. Варта было ўбачыць яму ў каго-небудзь лепшы кавалак мяса, малы вырываў яго адразу з рук, а чалавеку піхаў свой, абмусолены.

Кацярына сабе адзначыла:

«Каб такое вычаўп мой малы пры гасцях, нават Ян не выцерпеў бы, папёр бы яго спаць!»

Тым часам шэйх глядзеў на конікі свайго наследніка ў шаўковым халаціку з захапленнем. Яшчэ пераможна азіраючы гасцей, з уміленнем пахваліўся:

— Бачыце такога зуха? Не, вы толькі паўзірайцеся! Спраўны шэйх у мяне расце!

І наогул Кацярына не пераставала дзівіцца з таго, што вакол яе людзі жылі зусім іначай.

Маладая з сяброўкамі-пуштункамі пабыла за сталом толькі пару хвілін, адно пакаштавала пілаў з міндалем ды чылаў са слівамі, і адразу ўсю іхнюю кампанію павялі на жаночую палавіну, куды не толькі не заглядвалі староннія,— нават вецер, мабыць, не адважваўся туды залятаць.

Ну і жыццё чакала нявестку шэйха — тое дзіця. Адтуль цяпер і носа не пакажа. Вядома, Анюцін Рыгор не анёл. Сяброўка апавядала, дзяцей з ім мець не магла,— усё Рыгору першая жонка, Марыся, мроілася. Яе Ян не муж і не бацька таксама. Але ж абодва звіхнуліся пасля. А гэтыя...

Парадак яны сабе завялі такі.

О Светлазарная Багародзіца Дзева Марыя, Ісусе Хрысце, няўжо Вы не бачыце там, на высокім Небе, што тут творыцца, адбываецца гэткае дзікунства не перад Патопам, а ў сем тысяч з чымсьці годзе пасля стварэння Госпадам Богам свету, у адна тысяча шэсцьсот пяцідзесятых з дня нараджэння Сына Божага?!

Так сабе паразважаўшы, Кацярына падумала, што іхні лёс — той, калі жылі яшчэ не паланянкамі, куды шчаслівейшы. Яна зараз цвёрда ведала — каб магла вярнуць усё перажытае, то ўжо ведала б, як карыстацца воляй.

Стала б сапраўднай паняй.

Не, над мужам верх не брала б, бо дурная тая дамова, дзе вала бадзе карова. Але і не забывала б, што гаспадар — адзін куток у доме, гаспадыня — тры.

На зборах рыцараў слыла б каралевай. І, напэўна, такой была б. Ужо ва Львове пачынала за сабой заўважаць, як на балях і званых абедах умее для гасцей стварыць спрыяльныя ўмовы. І нічым асаблівым. Звычайнай ласкай, падэйсцем, сціплым выглядам, сардэчнай увагай пасяляла б у іх адчуванне свабоды. Бо пры гасцях можна радавацца, але нельга ўпадаць у цялячае захапленне. Можаш сабе нават злаваць, толькі не крычы, з сябе не выходзь да крайнасці і ні ў якім выпадку людзей не абражай.

Калі ж сама адпраўляешся ў госці, у цябе павінна быць адпаведная пастава. Не, сэнс зусім не ў тым, каб людзям здавалася, што ты праглынула дрыль1, ад гэтага нават спіш стоячы,— у больш далікатным сэнсе.

Самае лепшае адзенне, найбагацейшыя сукенкі загінуць, а тваё золата на пальцах, на шыі ды ў вушах будзе выглядаць звыклымі бразготкамі, калі ў цябе не будзе гэтай самай паставы.

Не зыркай сяды-тады ў люстэрка.

Не папраўляй то фалды сукенкі, то прычоску.

Не плюй на абутак і не расцірай сваіх пантофелек пальцамі, каб блішчэлі.

Ты, вядома, царыца балю. Яго каралева. Усе пад тваім наглядам. Аднак найлепш, калі пры гэтым зможаш паказаць сябе, як нясмелую нявіннасць.

Замры і — ані мру-мру.

Але ж стой не так, бы намаляваная святая Барбара. Калі трэба пачырванець, пачырваней — раз, другі, трэці. Шчыра збянтэжся. Будзь уважлівай да кожнага глупства, з якім звяртаецца да цябе госць — слаўны ці звычайны. Бо менавіта гэта самая моцная зброя, якой уразіш мужчын.

Такім прамудрасцям трэба навучыцца змалку, сэрцам умець карыстацца ды ведаць, дзе што ўжыць.

Кацярына пэўнай была, цяпер — у далёкай ад берагоў Нёмана Аравіі — ведае ўсё выдатна.

 

1 Кол (мясцовае).

Два сябры

Яе разважанні Ганна абарвала зноў.

— Хадзі! — шапнула.

Белабародыя і з такімі ж светлымі чалмамі старыя, што сядзелі за лазовай сценкай на абломках скал, пра нешта гутарылі. Тутэйшыя старэйшыны апрача таго, што ўсе маламоўныя ды гордыя, бы елкі, якія раслі на бліжэйшых вяршынях, яшчэ і надта мудрыя, іх слухаць — адно здавальненне.

Прыставіла вуха да лазовай пляцёнкі і Кацярына.

Сяброўкі ўжо разабраліся — старых выклікалі на суд ды загадалі да вечара чакаць. Абодва знайшлі сабе ціхі цянёчак над арыкам, ішакам далі калючак ды бавілі час разважаннямі. Абодва не маглі не ведаць, што хтосьці ў кашары праз дубчыкі ўсё чуе. Але перад гараднічанкамі сядзелі мусульмане, якія іх і за людзй не лічылі, бо не іхняй веры.

За пару гадоў няволі Кацярына з Ганнай па-арабску больш-менш ужо разумелі, таму цяпер замяніліся ў слых.

— Абдуле шанцуе, таму імам1 і тоўсты,— сказаў першы стары.— Бо найвялікшае шчасце на зямлі — добрая кабыла, каторая прыводзіць многа здаровых жарабят, ды пладавітая і разважлівая кабета. Фаціма яго — акурат такая. Паглядзі, як у яе ўсё ладзіцца, як у руках трымае маладзейшых жонак імама, а сыноў яму колькі дала!

— Сам Алах наказвае праз Каран пладзіцца ды размнажацца. А на сыноў імаму пашэнціла, гэта — так, радзіліся, бы па заказу. Пра яго Фаціму нічога не скажу. Толькі нам няма чаго Абдуле зайздросціць: тлустая качка памірае хутка, бо ў яе слабое сэрца,— не згаджаўся з сябрам араб.

— Але ў качкі яно зусім слабое.

— Усім вядома. А ты, бачу, на дэрвіша2 цягнеш — высах на трэску ды белы ўвесь, як чайка!

Прамы, з прасмажаным на сонцы ды высушаным, поўным маршчын тварам стары вочы меў упалыя, але ў іх блішчэлі яшчэ ды свяціліся, як жывыя, агеньчыкі.

— Белыя мы ўжо абодва.

— Воля Алаха. У чалавека, калі народзіцца, бялеюць зубы, потым — галава, затым — косці.

— Во-во. А нечага мітусімся, чагосьці дабіваемся. Чаго мы зараз з табой прыехалі сюды? Судзіцца за вярблюда. Калі ў пясках забялеюць нашыя костачкі, а ў вачах застынуць сонечныя іскрынкі, непатрэбныя будуць не толькі гэтыя вярблюды ды ішакі. Нават жонак тут пакінем.

— Мы з табой прававерныя. Алах забярэ нас у рай, а вярблюды там лішнія, бо караваны па небе не ходзяць — пустыні ды барханы толькі на грэшнай зямлі.

— Затое і сонца там не будзе так пражыць і цені знойдзеш на кожным кроку!

— А хто яго ведае...

— Не верыш? Ценю там многа! О-о, усё там у садах — густых, пладаносных! Яшчэ там гурыі3 будуць. Многа гурый — бяры, каторую сабе хочаш! Глядзі ды выбірай!

— Навошта табе яны спатрэбяцца там?!

— Як гэта — навошта?!

— Хіба цябе да іх яшчэ цягне?

— Ну...

— Кажы, кажы!

— Не толькі гурыі... Не адныя яны будуць, вядома, я гэта табе гавару так...

— Давай, давай, растлумач, як ты сабе тое ўяўляеш!

— Ну, мяса. Нюхальнай табакі будзе ўдосталь, а яшчэ...

— Выкладвай, усё выкладвай!

— Яшчэ фінікаў, колькі хочаш — хоць ты еш, хоць у мяшок набірай.

— А яшчэ?

— У рэках там віно — прыемнае на смак... Ачышчаны мёд яшчэ... Шашлыкоў — колькі хочаш... І кумыс, напэўна, будзе...

— Гэта — нішто, гэта я прымаю. Толькі ж мяса, шашлыкі самі сабой не прыбягуць там у твае рукі — баранчыкі гадаваць трэба. А хто табе ў садах эдэмскіх стане іх пасці, паіць, стрыгчы, свежаваць, а потым яшчэ і смажыць?

— Ну, вядома, хто.

— Ведаеш? Кажы!

— Хто... хто...

— Але!

— Нявольніцы-славянкі.

— Як яны там апынуцца?

— А ты сумняваешся ў магчымасці Алаха, так? Няўжо ты не верыш у яго?

— Гэтага не сказаў!

— Так выходзіць!

— Бо ты гэтак тлумачыш!

— Там бараны ў яго, думаеш, растуць гэтак, бы ў цябе? З’яўляюцца туды гатовымі для ежы і нават смажанымі ужо! Толькі зялёную прыправу кожны падбірае сабе, бо яе там, у эдэмскіх садах, поўна — нагніся ды выбірай, якую любіш!

— Няхай будзе так.

— Усё не верыш. І чарнавокія гурыі з шаўкавістымі косамі, далікатнай скурай там заўсёды гатовы даць табе ласку, спатыкаюць цябе, як належыць,— нават з цёплай вадой і ручнікамі. Прыгалубяць ды ўсё астатняе зробяць! І гэта не ўсё! Бо самае вялікае здавальненне для прававерных — духоўнае. На Небе — спатканне з Усявышнім. У параўнанні з гэтым здарэннем усе плоцкія прыемнасці падобны кроплі поту побач з акіянам!

Другі араб спахапіўся:

— Але скажы, ці будуць там коні?

— У малітвах стаіць, што скакун звязаны з чалавекам на добрае і на кепскае да апошняй яго гадзіны.

— Э-э, пра гэта сам ведаю! Каран — кніжка высакародная, пра рай і коней там нічога не гаворыцца!

Другі араб здаўся:

— Але, няма. Толькі баюць — коні там белыя, як соль, лётаюць, як птушкі, ды гавораць чалавечымі галасамі, але ж ці так?

— Калі гавораць, то, можа, і лётаюць!

— Але, але...

Старыя задумаліся.

Кацярына ўжо мела час заўважыць, што кожны араб прападаў за канём. Хлявоў і стаўняў у Аравіі не будавалі. Затое скакуноў на ноч накрывалі дарагой папонай, часамі расшытай залатымі ніткамі. А вуздэчкі ў іх упрыгожаныя дарагімі каменьчыкамі, нагруднікі ды сёдлы — адмысловыя.

— Вах, а хто дакладна пра гэта можа сказаць? — загаварыў стары араб зноў.— Пра тое, што пасля нашай смерці будзе, мы з табой, Ахмед, ведаем не больш, чым нашыя ішакі.

Напарнік уздыхнуў:

— Але, напэўна, штосьці абавязкова будзе. Літасцівы Алах стварыў чалавека, навучыў Карану, то яшчэ зробіць многа, толькі б не ўгнявіць яго.

— Машалла!4

— Машалла!

І тут з мінарэта даляцеў голас мулы, які склікаў прававерных да пасляабедзеннай малітвы:

— Алла акба-ар!5

Абодва старыя імгненна разаслалі дыванчыкі і скінулі акасцянелыя ад старасці апоркі. З-пад халатаў дасталі флаконы з высушаных гарбузікаў, пырснулі сабе на рукі вады і зрабілі амыванне твару, галавы, шыі і ног. Затым тыцнулі каленямі на дыванчыкі, адвесілі ў бок Мекі паклоны ды пачалі маліцца, як згаварыўшыся, аб адным і тым самым:

— Няхай вусны мае славяць найлітасціўшага бога пана, які прабачае нашыя прамашкі і грахі, пакуты нашыя прымае, скаргі і карае няверных!

— Хай праслаўляюць усе Бога адзінага і творцу ўсемагутнага, чый маестат абкружаюць анёлы, вялікасць яго хай апяваюць ды моляць для нас міласэрнасць!

— Калі я што зрабіў не так, даруй мне, няўмеламу!

— Няхай у дзень Апошняга Суда і я прачнуся ў ліку праведнікаў і атрымаю царства нябеснае!..

Сяброўкі такое назіралі па пяць разоў на дзень — было ўжо ім нецікава. Ганна задумалася аб нечым сваім, а Кацярыне нагадалася сцэнка з яе Путрышак.

Гэтае здарэнне яна назірала, калі жыла яшчэ ў мамы. Цяпер надта здзівілася — да чаго ж усё падобнае! Падумаць толькі, дзе Палесціна, дзе яе вёска, а людзі, іх учынкі, паводзіны амаль такія самыя.

Усе бытта згаварыліся і нават падобнымі словамі размаўлялі.

 

1 Настаяцель манастыра.

2 Жабрак (арабск.).

3 Прыгажуні, якіх іслам абяцае сваім прававерным у загробным жыцці.

4 Не дай бог (арабск.).

5 Алах усемагутны (арабск.).

Упарты дзядзька Герасім

Яшчэ да таго, калі яе ўкраў Рудніцкі, цёплай вясной Кацярына з аднагодкамі пайшла на вёску. Мама яе да прасталюдзінак пускала, і ў Кацярыны сярод вясковых дзяўчатак завялася сяброўка — Надзея, дачка бязногага Сарокі Юрка, што для цэлай вёскі стругаў каўшы, а для касцёлаў выразаў анёлаў, святых і чорцікаў.

У той момант каля хаты соцкага сядзеў звязаны Кошка Герасім — путрышскі мужык. Дзядзька забіў бабра ў лесе пана Браніцкага і выклікаў гнеў графа. Штрафніка вартавалі з кіямі путрышскія мужыкі, а падлеткі, абляпіўшы валуны, зводдаль насцярожана цікавалі — што з усяго атрымаецца.

Дачка каўшара заадно прыладзілася карміць хлопчыка ў расхлыстанай кашульцы — латанай, пералатанай і да таго бруднай. Надзея малому талкавала:

— На параную рэпу! Паеш яе! Свежая, сёння варылі! Паўрэшата табе прывалакла!

Насцярожаны малы ўпарціўся.

— О, Езу, які ты ў мяне мурзаты — бы нашу сучку ссаў! Дай спачатку вытру, і тады пад’ясі! Падстаўляй сваю мысу, падстаўляй, не хавайся — нічога з ёю не станецца, і носа не адарву!

Хвіліну яны змагаліся — хто каго. Нарэшце Надзя свайго дасягнула:

— Во, цяпер і ты на чалавека падобны!

Малы падкідыш каторы дзень лазіў па вёсцы, але ніхто не хацеў яго ўсынавіць — баяліся, зачараваны. У Абухаве калісьці аднаго малога гэтак пашкадавалі ды прынялі, то ён пасля ваўкалакам стаў. Пагрыз гаспадара, пакусаў яго дзяцей ды ў лес уцёк. Гаспадар адразу памёр, а дзеці спачатку сталі чамусьці баяцца вады, затым, пырскаючы пенай,— на людзей кідацца. І вёска мусіла сабрацца, пабраць калы ды іх дабіць, тады закапаць — глыбока, каб зараза не вылезла.

Пасля таго выпадку каму зараз была ахвота наражаць сябе на небяспеку?

Дзе хлопчык хаваўся на ноч, ніхто не ведаў. Зрэшты, ніхто і не цікавіўся. Мажліва, і праўда, спаў у якой-небудзь сабачай будзе, абняўшыся з бобікам, каб цяплей было.

Малы меў, напэўна, столькі годзікаў, як Кацярынін сын, калі яго маму татары вывозілі са Львова ў ясыр. Але чамусьці толькі яшчэ пачынаў гаварыць. Усе яго білі, таму, калі прыбліжаўся мужчына, сірата калаціўся ўвесь і скрозь слёзы панічна штосьці лепятаў, што прыблізна азначала:

— Больс не буду, дзядзечка, не бі-і, я больс не буду!!

Зараз Надзея яго пыталася:

— З’еў?

— Узо.

— Малайчына. А цяпер скажы — каша.

— Шака.

— Ка-аша, скажы, дурань, ка-аша! Гавары, ну?

— Ц-ц-ц! — малы з закарэлым і струпастым тварам зацокаў язычком, паказваючы, якая каша смачная. Затым падумаў ды паказаў на хату Сарокі:

— Там!

Надзя ўзрадавалася:

— А-а, жабяня, ве-едаеш, адкуль учора прыносіла табе ў місцы панцаку, не дурань, нябось не забыўся! Зараз во прыедуць графскія слугі і цябе, падкідыша, аддамо. Чаго тут аднаму табе мэнчыцца? Ім аддамо! Толькі ты не бойся, у графа будзеш мець файно, ох, файно — я б сама туды ахвотна пайшла! У дворніцкай даюць не толькі параную рэпу з кашай! Там нават хлеба ўдосталь кладуць на сталы, тата казалі! Адно пасып соллю ды еш, колькі сабе хочаш — і сальніцы пастаўлены! Слугам нават часамі мяса трапляецца! Будзеш там працаваць, дадуць табе!

Малы ўважліва слухаў, раздзіраючы на руцэ струп.

— А работу такім падбіраюць лёгкую — з другімі такімі падшыванцамі гусей пасвіць, а гэта ты ўжо зможаш! Калі ж падрасцеш, граф цябе нават да свайго войска возьме. У яго кожная рота мае іншыя мундзіры, а каб не пэцкаліся, ім нават палатняныя накідкі выдаюць — нашыя мама шылі іх, калі яшчэ дзеўкай былі!.. Зараз ад графа з’явяцца па дзядзька Герасіма, заадно і цябе возьмуць! Толькі ж давай зноў вытру!

— О! — ажывіўся хлопчык ды паказаў на дзяцей, якія са шчанюком, бы галапузыя арабчаняты перад кашарай, гуртам з’явіліся таксама пад путрышскі плот.

Але якраз загаварылі мужыкі з кіямі. Кацярына з Надзеяй адразу забыліся на малога, пераўтварыўшыся ў слых.

Сяляне сталі Герасіма пацяшаць. Дзядзька іх слухаў неахвотна. Яны не адставалі, і ён рубануў:

— Ат, нашто тут мне зубы загаворваць, я ж не маленькі! Што з воза ўпала, то і прапала, фарфал! Хай адсякаюць башку — раз казе смерць!

— І адсякуць, думаеш, пашкадуюць?

— Мне яе не шкада!

— Так толькі гаворыш!

— Што табе застаецца цяпер казаць?

— Але гаварыць так мусіш!

— І нашто патрэбна была табе тая выдра?

Герасім шчыра прызнаўся:

— Чорт паблытаў.

— О-о, яны і не на такое могуць падбіць чалавека, толькі зайдзі да іх у балота!

— Пра гэта трэ пану сказаць, мо адпусціць!

— З-за чорта? Яшчэ пасмяецца!

— Такі чалавека не пашкадуе, факт!

— Балда, нашто прызнаваўся?! — папракнуў дзядзьку Герасіма барадаты Сарока.

— Не мог змухляваць? — накрычаў іншы.

— За язык цягнулі, ці што?

— Дурань яловы!

— Як ты не прызнаешся, Юрко? — асуджана ўзняў на каўшара сумленныя і здзіўленыя вочы чалавек. У іх была такая бываласць, што, здавалася, чалавек гэты ведае пра ўсё на свеце.

— Шчэ й упарціцца, бачыш?!

— Не разумее — сам на сябе прысуд падпісаў!

Герасім паўзіраўся на іх з абурэннем:

— Калі допыт рабілі, я ж не што-небудзь, а Евангелле цалаваў! Пасля цалавання Святой Кнігі маю казаць — гэта не я, гэта зайцы кабылу з’елі?

Надзінаму тату на паляванні мядзведзь адгрыз нагу, і дзядзька Юрко цяпер замест яе выстаўляў драўляную. Ад абурэння ён аж стукнуў дзеравяшкай аб валун:

— І праўду людзі кажуць — у дурняў таксама вырастаюць зубы мудрасці, а дурні ад гэтага разумнейшымі чамусьці не становяцца. Цьфу! Ну і што, калі яе цалаваў? А хто ведаў бы? Бог не сабака, каб бегаць па ўсіх вёсках, вёсачках ды хутарах за кожным чалавекам, прыслухоўвацца і паглядваць, дзе хто што скажа і вычаўпе! У яго райскіх спраў хапае!

Дзядзька Герасім паўзіраўся на яго са шкадаваннем.

— Чаго глядзіш так — мо няпраўда?

Асуджаны паківаў галавой ды паказаў на Надзю:

— Дачка ў цябе унь дарослая, Юрко, а сам пляцеш немаведама што. Не сабака, вядома, каб лётаць за кожным з нас. Але ж ты не бойся, ён на Небе там бачыць усенька і ведае — нічога, што высока!

Надзін тата апусціў галаву.

Мужыкі заківалі галовамі.

— У Каўбасіне Гаўрылін Стах парушыў прысягу, памятаеш, што было? Чума потым выкасіла на вёсцы ўсіх — і старых, і малых нават. Э-э, столькі народу мы з табой тады фурамі завезлі пад путрышскі лес ды закапалі на беразе Нёмана, хіба ж ты забыўся? Што, хочаш, каб зноў так?

Мужыкі Герасіму дапамаглі:

— За такое Багародзіца каменныя дажджы пасылае на народ!

— О-о, шчэ якія!..

— Альбо нашле хмары варон з жалезнымі дзюбамі і стальнымі кіпцюрамі! Унь спытай ідзі ў жыдоў, і яны табе раскажуць! Разгневалі аднойчы свайго Ягову, то параскідаў іх па ўсянюткім свеце, а землі іхнія туркам аддаў ды хрысціянам! З той пары і туляцца па зямлі, бы цыгане.

— Што было, тое было, халера на яго, праўда твая,— неахвотна здаваўся дзядзька Юрко.

— Ага, а ты мне кажаш. Аб гэтым каго хочаш спытай, тое самае пачуеш.

Мужыкі зноў задумаліся.

Герасім спадылба зыркнуў на аднасяльчан і цяжка ўздыхнуў:

— Лепш я адзін зраблю непрыемнасць сваёй плоці. Лепш сам нашлю на яе пагібель во зара, бо ўсё роўна паміраць калісьці трэба. Загіну цяпер, акраплю зямлю і я, бы Хрыстос наш Спасіцель акрапіў яе каштоўнай сваёй суравіцай. Затое душу ўратую, а гэта мне важней за ўсё. Я вам — не пустальга якая.

Мужыкі паўзіраліся на яго сур’ёзна, бы на святога. Нехта заўважыў:

— Раз так вырашыў, то, вядома...

— Шчэ там у рай трапіш...

— Гэта хай ён вырашае. Яму відней.

— Можа, і трапіць, а што думаеш? Хіба Герасім наш шкоду каму зрабіў хоць малую?

— Мухі не пакрыўдзіў!

— Пра гэта ўсім вядома!

— О-о, спытай каго хочаш, кожны скажа!

— Можа, і з самім Богам спаткаецца ды гутарыць будзе...

— Бога не пачуеш.

— Чаму?

— Гаворыць надта ціха і па-латыні. Альбо па-стараславянску. Герасім ні так, ні гэтак не зразумее.

— А-а...

— Затое зажыве там па-сапраўднаму, бо тут што меў?

— Нават бабы не нажыў.

— А от цікава, мужыкі, як там наконт гэтага?

Хвіліну сур’ёзна ўсе думалі.

— Якось яно е-е, не кажы!..— праказаў дзядзька, чэшучы патыліцу.

— Не можа быць, каб і на гэта не прыдумалі там рады!

— І з нашымі неўзабаве спаткаешся, каторыя даўно пайшлі на Той Свет.

— Мажліва, і спаткаецца...

— Цікава, змяніліся яны там з выгляду?

— Напэўна. Твары белымі пасталі. І рукі, бы ў паноў, без работы.

— Памаладзелі недзе ўсе здорава!

Зноў змоўклі надоўга.

Затым буркнуў барадаты:

— Хто яго ведае, як там яно будзе. Пра тое, што робіцца на зямлі, не ўсё ведаем, а ўжо, што на Небе адбываецца, ведаем менш, чым мая кабыла.

— Дальбо, праўда. Пэўне, хіба што адное: хата твая дзецям ды ўнукам застаецца, калі ты іх, вядома, паспеў нажыць. Душа чорту перападзе. А грэшнае цела — чарвякам.

Дзядзька Герасім раптам з адчаем і візгліва агрызнуўся:

— А калі тое, пра што ўсе гавораць і што ў Святым пісанні стаіць, праўда, га? Калі там яно на Небе ўсё е ды чакае нас?

Ён пераможна абвёў маўклівых мужыкоў вачыма:

— Мне тады будзе лепш!

— О-о, тады ты выйграеш, напэўна! — згадзіўся з ім і Надзін тата.

Зноў памаўчалі.

— А хто мае гэто рабіць? — нехта пацікавіўся.

Соцкі, цікуючы на дарогу, адным вухам прыслухоўваўся да іхняй гаворкі. Ён буркнуў:

— Не памятаю. Бо ў яго такое халернае прозвішча, што з марозу і не вымавіш!

Праз хвіліну мужыкі зноў загаманілі:

— Адно вочы закрый, калі кат будзе гэто рабіць.

— І скажы, хай сячэ адразу.

— Вядома, каб не мучыўся доўга.

— Сам ведаю. Толькі ж хіба панскаму цівуну загадаеш — адразу ці не адразу?

— Калі на кол убіваюць, то спецыяльна расцягваюць гэто надоўга. Яшчэ нават зеллем пояць розным, каб канаў не адразу і доўга вочы ім цешыў.

— Забаўляюцца, як кот з мышай.

— Як панскаму паслугачу ў галаву стрэльне.

— Гэтым не загадаеш.

— І не адпросішся, не выпрасіш.

— Але ж — паспрабуй!

— Паспрабаваць, вядома, можна.

Зноў запанавала маўчанне.

— І за што, падумайце, чалавека губіць — за бабра смярдзючага. Каб хоць была карова ці конь які...

— О-о, нашых жызняў яны не цэняць ані крыху, факт!

— Да ямаў, Герасім, хай цябе вядуць.

— Во-во. Там якраз гэто і рабіць — не заходна, пясочак знойдзецца адпаведны, побач долы, каб спецыяльна ямы не капаць.

— Але пахаваем цябе на могілках, ведай.

— Вядома, хіба станем ленавацца.

— То — дзякуй.

— А ты могілкамі не хваліся — шчэ як граф дазволіць: панская воля.

— Але, як яму ў галаву стрэльне.

— Будзем прасіць.

— А як забароніць наадрэз?

— Вядома, можа і забараніць. Шчэ загадаць можа — кінуць у лужыну на балоце, дзе канаплю вёска мочыць. І што, спрачацца з ім станеш? З-за гэтага і ў Аршаву не паедзеш. Ты, Герасім, тады даруй нам, зла на вёску не трымай на Тым Свеце.

— Але, не карай адтуль, шкадуй сваіх мужыкоў.

— Што вы мне трэліце, хіба ж я маленькі, сам не разумею?!

Праз хвіліну дзядзька ўспомніў:

— Юрко, ты з садка ў мяне шчэпы забяры. Дзецям яблыкі добрыя мецімеш.

— Ладна, выкапаю.

— Файныя шчэпы мецімеш.

— Дзякуй, Герасім, перасаджу, не клапаціся.

— Але, ты ўжо не турбуйся, мы тут усё-ўсё зробім як трэ, будзь пэўны!

— Кажуць, у Нямеччыне бабулі травы ведаюць, каб сцаліць пасечанага.

— Гэта — у Нямеччыне, а хто табе такую траву тут пакажа?!

— Што ўжо будзе.

— Але, воля боская.

Покуль мужчыны гэтак паважна і спакойна гутарылі, соцкі — Іван Кабыла — насцярожана кагосьці чакаючы, стаяў усё зводдаль, але болей удзелу ў размове не прымаў.

Да малых паступова пачало нешта даходзіць.

Дзядзька Герасім хоць жыў бабылём, чалавекам быў добрым. Малым прыносіў зайчанят, малых вавёрачак. Майстраваў ветрачкі ды прыбіваў таму, хто прасіў, на канёк хаты. Майстраваў і млынчыкі з дранак, а пасля навальніц ставіў разам з імі ў каляіны ды радаваўся, бы той малы, калі млынчык шалёна пачынаў круціцца.

Цяпер Кацярына з Надзяй зразумелі — менавіта гэтаму пачціваму чалавеку збіраліся ўчыніць штосьці кепскае. Якраз падкідыш шмыгнуў да дзяцей са шчанюком, але на дзяўчат-падлетак надышоў ужо такі страх, што на малога яны і забыліся.

Паказаліся графскія слугі.

Соцкі раптоўна ўстрапянуўся — нават адразу ўспомніў складанае прозвішча ката:

— О, пан Гедройц едзе нарэшце!

Парыпваючы новенькімі рамянямі сёдлаў і збруі, коннікі наблізіліся. Пярэдні страшны вусач, вымаючы з похвы шаблю, нездаволена моршчыў твар нібы ад таго, што яму — гэтак добраму ды шляхотнаму чалавеку — дасталася аж такая паганая работа.

Покуль яго сярдзіты конь стараўся разгрызці цуглі, Гедройц верхам пальца паспрабаваў вастрыё. Тады сіплаватым, мабыць, з перапою голасам, кінуў:

— Дзе тут той бандыт?

— Во ён, найяснейшы пане! — соцкі схапіў з галавы мегерку, нізка пакланіўся, тады тыцнуў кіем ды ўсім выразам твару даў зразумець, што таксама асуджае ўчынак браканьера.— Кошка Герасіма, ласкавы пане!

— А-а!..

На твары ката з’явілася грымаса гідлівасці:

— Ты, галгане?

Герасім прамаўчаў.

— Цябе пытаюся ці каго іншага?!

Герасім — зноў ні слова.

Сяляне, бытта не разумеючы, што кат з ахвярай іграецца, нібы кот з мышай, дружна пацвердзілі:

— Ён, пане, ён!

— Гэты самы чалавек!

— А хоць ведаеш, недарэка нямытая, за што цябе буду зараз паддаваць экзекуцыі?

Герасім, не спяшаючыся, узняўся з бервяна. Даволі спакойна ўзглянуў на Гедройца, але зноў прамаўчаў.

Суседу хорам дапамаглі няпрошаныя памочнікі — каб не гнявіць ката, каб не было бяды яшчэ большай:

— Так!

— Чаму не разуме-е!

— Так, найяснейшы пане! — падтакнуў і соцкі.

— Не чую ад яго самога, адвакаты мне не патрэбныя! — зазлаваў ужо коннік.

І дзядзька зрабіў яму ласку. Вымавіў:

— Ну.

— То і добра! Будзеш цяпер ведаць, галгане, як парушаць нетыкальнасць князевага бору! Бачылі вы, гаўно смярдзючае,— прысудзіў сабе права князевых ловаў, ха! Хто ты такі, каб аж гэтак нахабна сябе паводзіць?!

Распаляючы сябе, Гедройц крануў повад каня, і той як шалёны, разганяючы курэй і парасят, развярнуўся на адным месцы, дзіка бліскаючы вачыма.

Спыніўшы скакуна супроць дзядзькі, кат прадоўжыў:

— Вядома, ужо не ты будзеш ведаць! Іншыя на тваім прыкладзе стануць вучыцца, як паважаць законы! Яшчэ нават унукам сваім закажуць не браканьерыць!

— Да сёмага калена памятаць будуць! — падказаў Гедройцу напарнік.

Гэтак распаляючы сябе, кат крутануў скакуна зноў, накрычаў на дзядзьку Герасіма яшчэ, гыркнуў на мужыкоў, на сваіх чаляднікаў ды паказаў канцом шаблі на яму, адкуль цэлай вёскай бралі гліну для печаў.

— Кабыла, туды мне яго давай!

— Слухам, найяснейшы пане!

— Мігам!

— Я ўмомант!

Соцкі рынуўся да асуджанага:

— Ну, пайшоў! А вы, мужыкі, чаго тут з кіямі прыстаўлены? Вядзіце!

Кацярыну і Надзю агарнуў смяротных страх, але да валуноў ногі іхнія бытта прыраслі. Аніяк не маглі адарваць зачараваных вачэй ад дзядзькі Герасіма.

Паспелі яшчэ ўбачыць, як падаў ён над ямай на калені. Як выцягваў шыю, водзячы падбародкам, бытта яму муляў каўнер. Як пытаўся ў вусача, ці зняць яму шапку. Як вусаты і страшны чалавек чамусьці ад усяго гэтага раззлаваўся яшчэ больш ды гыркнуў мацней. Як злезшы з сядла, замахнуўся з усяе сілы шабляй ды крэкнуў:

— Э-эк!!

Толькі цяпер дзяўчаткі сыпанулі з усіх ног у канец вёскі.

 

ЧАСТКА ТРЭЦЯЯ

 

Раздзел першы

 

Гаспадарлівы Яўхім

«Учора я апісала Табе, сынок, як з Анютай стаяла каля лазовай сценкі ды слухала старых арабаў, а на дум прыйшоў бедны дзядзька Герасім з Путрышак, з якім нашы таты выраслі. Зараз апішу, што ў той дзень выдарылася яшчэ страшнае, зірну толькі праз акенца на Замкавую вуліцу.

На дварэ — глыбокая зіма. Рухомы мост перад замкам узняты, таму вуліца пустая, бо па горадзе прайшла ўжо варта. Пратрубіла сігнал — гасіць святло ды зачыняць брамы і дзверы. Рэчка яшчэ не стала. Выразна чуваць злавесны сык крыгаў, якія на сваіх магутных плячах прэ Нёман.

На дрэвах — гаматная навісь снегу. Белая рыза пакрывае схілы Замкавай гары.

На выслізганай палазамі дарозе цямнеюць утаптаныя капытамі конскія яблыкі.

А пад нашай сцяной, дзе летам пунсавелі кветкі, сіратліва тырчаць сані. Накрыты гунькай, пушысты ад інею конь жуе з торбы аброк і чакае раніцы, падымаючы наперамену то адну нагу, то другую,— холадна небараку.

З саней тырчаць шкляныя бутлі ад тэрпенціну. Але вязуць іх не са смалярні.

Гэта наш Яўхім запанібрата з нячысцікам — у склепе гоніць з брагі гарэлку. Ён прадае сялянам навакольных вёсак, а то мяняе яе гандлярам на воск для свечак — нейкі дзядзька, мабыць, за таварам да яго на санях якраз і з’явіўся.

А што? Зрабіў чалавек добры інтэрас і рэжацца зараз недзе ў карты з панамаром. Гульні ў косці, карты забараняе каралеўскі закон, але ж ён не датычыць нашага Яўхіма. І на ноч заставацца нельга мужыку ў горадзе, ды дзяцюк меў уплывовага абаронцу.

На днях — усеначная. Ісці на яе за так нікому не хочацца. Каб людзі на ёй не драмалі, ноч правялі ў малітвах, каб хоць дружна на яе з’явіліся, некаторыя гарадзенскія касцёлы ды цэрквы вымушаны абяцаць у час службы на ўсеначнай кожнаму прыхаджаніну паўкварты. Для гэтага гарэлкі яны ў Яўхіма заказваюць па пяцьдзесят і болей бутляў.

Матушка ігуменша гаспадарлівая, прыкрывае на ўсё вочы. Бо хоць у кляштары і грэх важдацца панамару з нячыстай сілай, але ад Яўхімавых гешэфтаў і нашаму кляштару перападае не мала, за што панамара цэнім мы ўсе і шануем.

Зрэшты, бог з ім, няхай сабе Яўхім камбінуе — сапраўдны мужчына не можа хадзіць па простай дарожцы ды не прырабляць набаку, а я пачну далей крэмзаць на паперу пра свае прыгоды, якіх, сыне, мабыць, хапіла б не на аднаго бывалага чалавека. Што зробіш, такая ўжо мая доля.

А во — са склепа вылез і сам панамар ды ідзе да бутляў. У руцэ нясе жалезны каганец, з яго падаюць доўгія, агністыя слёзы смалы і, напэўна, у снезе сычаць...»

 

З-за чаго да Ганны Рыгор прыходзіў і жабы рахаталі

Покуль Кацярына ўспамінала беднага Герасіма Кошку, сонца над кашарай перавалілася за небасхіл. У Палесціне не тое што пад Гародняй, калі раўнадушная да людскіх клопатаў цемра ды поўная цішыня сваім царствам вялікага спакою і таямніцы паступова агортвала Путрышкі ды навакольныя лясы.

Там цямнее адразу.

Тады яшчэ больш на адной ноце ўзнімаюць свае зыкі цыкады. І вакол Кацярыны зараз стаяў такі звон, што не стала чуваць цюрчэння арыка і аж трымцела паветра. Палавінка месяца, якая дагэтуль цьмяна тырчэла на небе сіратлівай долькай мандарынчыка, яшчэ і пакрытага плесенню, раптам заззяла, і ўсю пустыню навокал заліло святло. Нават і ён, месяц, там вісеў зусім іначай — спінкай уніз, а святло ад яго расплывалася ярка-серабрыстае, з сінявой і здавалася жывым ды цёплым.

Пазіраючы ўдаль праз шчыліну, толькі цяпер Кацярына вымавіла ўслых пра тое, што збіралася сказаць сяброўцы даўно:

— Глядзі, Гануся, хіба ж па такім бубне, адкрытым з усіх бакоў, мог Ісус Хрыстос хадзіць?

Сяброўка не адказвала.

— Не магло тут быць такога здарэння, праўда?

Ганна і на гэты раз прамаўчала. Але Кацярына не адставала:

— Дзе ж тут, скажы, ад людзей ён мог адасобіцца, каб рабіць свае незямныя таямніцы — дзяліць рыбу і віно на пяць тысяч галодных? Кожная людзіна тут пры ззянні да рэзі ў вачах ва ўсіх навідоку, ты тут — бы на згалу якім! Пры такім святле толькі карэньцы любчыку з гарачай малітвай шукаць, райскім птушкам ды анёлам лётаць!

Сяброўка зноў не адказала.

— Не, ён для мяне застаецца далёка, ля нашага Нёмана. Там ноч настае, а з ёю і царства духаў. Там з кошычкам грыбоў ходзіць ўсё тая самая Баравая Цётка, падперазаная дзеразой. Поўзаюць вужакі з лускаю з зялёнай касці. Ды сярод агню, цемры той ды бліскавіц ездзяць на палымяных калясніцах, запрэжаных чортамі, Перуны, а вакол іх завіхаюцца іншыя рагатыя нячысцікі, прывіды ды вядзьмаркі.

— ...

— Ганна, а дзе тут нашыя салаўі? — не вытрымала Кацярына зноў.— Яны ж сюды кожны год на вырай ляцяць!

— Не ведаю...

— А жаўрукі нашыя дзе?

— Мне сёння рэхат нашых жабаў сніўся...

— Ні аднаго мы дагэтуль чамусьці не бачылі, праўда?

— ...

— Ці тут яны іншымі птушкамі робяцца?

— Мне ўжо ўсё адно.

— Цікава было б даведацца, куды дзяваюцца,— яны ж восенню ляцяць ад нас цэлымі хмарамі!

— ...

— І райскія птушкі з доўгімі хвастамі павінны тут лётаць, але ні адной мы не бачылі, колькі жывём! Як думаеш, чаму? Мо для гэтага мы грэшныя?

Сяброўку як завялі:

— Мне ўжо ўсё адно.

Кацярына і далей не прыдавала значэння Анінаму настрою і вяла свае дзяціныя разважанні:

— І ты мне, Анюта, яшчэ скажы свае меркаванні унь пра што. Мы з табой столькі пляліся, столькі нас гналі — праз палі, горы, рэкі, даліны і народы, потым вязлі морам, а сонца свяціла над намі адное. Усё адно, адно і адно! Як магло так быць, не ведаеш? Чаму так, як мяркуеш?

— Адкуль мне ведаць...

— Мо кожны раз на небе яго падмяняюць, бо тут яно, мне здаецца, не такое, праўда?

— Мне ўсё адно.

— Тут гарачэйшае, чым у нас. Праўда?

— ...

— Я ж цябе пытаюся, адкажы!

— Не дуры галавы.

— А я хачу, сяброўка, пачуць і тваю думку!

— А я адказала — мне ўсё адно, ты глухая? Мне рэхат жабаў сніўся!

— От заладзіла!.. Мне здаецца, не можа быць, каб усюды яно было тое самае!

— ...

— І нячысцікаў тут чамусьці столькі не відаць. У нас пакладзі прасніцу з верацяном на лаву, адыдзі на хвіліну,— малыя чарцяняты так і раскудлачаць табе кудзелю ды ніткі паблытаюць!

Зноў сяброўка — ні слова.

— Але, е, вядома, тут і яны. Не раз бачыла, як часамі вецер крутане пяском і чэрці тады гэтаксама спраўляюць вяселле ў пыльнай заварусе. Але рэдка такое бывае. Мабыць, таму, бо няма балот, а нячысцікі ў балоце толькі водзяцца, праўда?

— ...

— Ну, адкажаш ты мне нарэшце, ці будзеш адно стаяць, бы слуп солі?

— Кацярына, паслухай, я хутка памру,— раптам ні з таго ні з сяго сяброўка абарвала плынь Кацярыніных прыставанняў ды адвярнулася да плеценай сценкі.

Толькі цяпер яна ўбачыла — Аня не толькі не слухала — яна і не магла яе слухаць, бо аж так змянілася з твару. Стала схуднелай, брыдкай і як бы іншай. Кацярына сама сябе папракнула: як раней гэтага не заўважыла?!

Пачулася, як у горах зацята грызуцца шакалы. Мабыць, зноў выкінулі ім труп нявольніка.

Аня неяк асабліва прыслухалася да дзікага зацятага віску, аб нечым паразважала ды абыякава кінула:

— Памру я, Кацярына.

— Як гэта?! — вырвалася ў сяброўкі здзіўленне.

— Як усе паміраюць.

Тут яна кіўнула на горы:

— А тыя паскуды здзекавацца гэтак і над маім целам будуць.

Кацярына рассмяялася:

— Што ты ме-елеш, Аню-утачка?!

Сяброўка заставалася паважнай, Кацярыніны словы збыла маўчаннем.

— Ну скажы, што жартуеш!

Ганна загаварыла ў задуме:

— Сёння зранку, як цябе тут не было, мой Рыгор наведваўся. Сказаў — скора разам будзем.

Кацярыну бытта аблілі халоднай вадой:

— А ты, Анюта, пры сваім розуме?!

Тая не звяртала ўвагі:

— Я яму адказала — хоць зараз. Пасадзіла яго унь там на табурэтку, пачала частаваць, а ён мне дапамагае. Стараецца так, як адно можа... Кроіў мяса, кроіў ды раптам з яго рук нож на зямлю выпаў. Я — хутчэй нагінацца, каб падняць, а ён як закрычыць, залямантуе, зараве:

— Не чапай, сам вазьму!

— Але позна сказаў. Нагнуцца паспела ўжо ды з жахам убачыла на яго нагах капыты.

— Пра што ты гаворыш?!

— Ведаеш, Кацька, бы ў гадавалага жарабяці такія: жоўтыя і крэпенькія, як падпаленыя. Узняла вочы, а ў яго няма дзюрачак у носе! Як табе такое падабаецца? Толькі я ўжо ані крыху не спалохалася — і не падумала нават.

Кацярына слухала сяброўку і вушам сваім не верыла — няўжо перад ёю тая самая Ганна, яе апора? Аднак усё адбывалася не ў сне, а наяве.

Анюта памаўчала крыху, памаўчала, затым надта ж разважліва ды спакойна прадоўжыла:

— Разгінаюся з нажом, а ў кашары — пуста. Стаю сярод кашары ды трымаю венік з рысавай саломкі. Ненарокам зыркнула ў люстэрка, а там, ведаеш, зноў ён стаіць! З капытцамі, без дзюрачак у носе, шчэ і ўсміхаецца!

Кацярыну ўсю аж затрэсла:

— Хлусня! Выдумляеш! Трызніш! Не можа быць такога!!!

— А ты ўсё на верыш?

— Ну, скажы, што ўсё няпраўда?

— Не даеш ты веры. Э-эх, а яшчэ сяброўкай называешся! Праўда, мілая, праўда.

— Ніколі не паверу!

— Зірні пад сцяну на сляды ад капытцоў! Унь туды, за куфар, пад люстэрка!

— Не-е!! — з жахам рынулася Кацярына ў другі бок.

Супакоіўшыся, папрасіла:

— А што было далей, Анюта?

— Пасля люстэрка? Неўзабаве еўнух цябе прывёў, каб весялей хворай было. Больш відзення не мела.

Праз хвіліну, надта спакойна ды разважліва:

— Забіла майго чалавека на вайне, клікаць прыходзіў мяне на Неба.

Збітая з панталыку Кацярына віскнула ад сцяны:

— Глупства кажаш! Глупства! Намалола языком! Гародзіш чортведама што!.. Анютачка, мілая, родная, залаценькая, прызнайся, што ўсё тут нагарадзіла на сябе!

І кінулася цалаваць сяброўцы ногі. Тая не давалася:

— Супакойся, Кацярына. Ведаю, што кажу. І ведаю, куды лепш, чым ты. Не думай, не звар’яцела і белай гарачкі не маю. Во, прыкладзі руку да майго лба, бачыш?

— Не, галава не гарачая...

— Сама пераканалася. А ты памяркуй, чаго мне рэхат жабаў нашых прысніўся? Не было, не было ніколі такога, а ў гэтую ноч — калі ласка, з’явіліся прыгажуні! Ды такі рэхат наладзілі! Сумны, галосны — яшчэ ў вушах стаіць!

— Але пры чым тут рэхат?!

— А што сны з жабамі прыносяць? Сама ведаеш! Я ўжо, Кацярына, нават Бога бачу і анёлаў.

— Не-е! Ты разумееш, што трэліш? Мо на цябе чары арабка накінула, трэ нам праверыць! Пазаўчора, калі дываны мылі на рэчцы, на цябе яна пяліла вачыска, як сава якая, сама заўважыла! Пяліла слепакі ды штосьці мармытала! З завываннем такім! Яшчэ я здзівілася — чаго ад цябе хоча, ці мо без’языкая? А яна — унь!!.

Кацярына сяброўку абняла:

— Ты, Анютачка, апамятайся і лепш памаліся — на іконку маю, яна памоцная! Увесь час была пры мне, таму я й выжыла! І падумай аб сабе, мажліва, ты прыхварэла, але не здавайся, Анька! Ну, занемагла крыху, здала ад гэтай гарачыні,— з кім не бывае, а я ў цябе на што? І чары здыму, пабачыш! Бо як жа тут адной на чужбіне мне заставацца?!

— Ты мне не раўня.

— Адкуль ты ўзяла?!

— Ведаю, калі гавару. У цябе сын е. Ты маеш пра каго думаць, на што спадзявацца і аб чым марыць, а гэта вялікая сіла. О-о, каб такое я мела таксама! У мяне ж быў адзіны Рыгор. Яго падчарыца — зусім чужы чалавек, мы з ёю раней не маглі знайсці падэйсця адна да адной, то ўжо зара, калі падрасла,— да яе нават не сунься. Усё Рыгора чакала — думала, выкупіць, там яшчэ і дзеткі ў нас народзяцца. Нікому, нават табе не прызнавалася пра свае мары. Бадзёрылася, выпендрывалася перад табой, мондрай прыкідвалася, вясёлай ды бесклапотнай, а сама ўсё чакала і чакала. Ажно дачакалася — маеш. Няма каму ўжо грошы туркам слаць — не падчарацы ж рабіць гэта, малалетку. Адпала, Кацярына, апошняя мая надзея ды ратунак, адышла. Засталася для мяне тут пакута да апошніх дзён і смерць. На шчасце, Рыгор на той свет паклікаў. А, бачыш, памятаў там пра мяне, не забываў, нездарма яму вернай была.

Праказала ўсё спакойна і ўпэўнена, бытта з кніжкі якой прачытала, бытта паўтарыла за кім.

 

Пра тое, як Ганна збіралася на той свет

Паводле меркаванняў Кацярыны, ад недахопу руху, ад таго смуроду, скучанасці ды сквапных баб — у кашары і на рабоце, калі яны адна ў адной вырывалі любую ношу ці даручэнне, каб толькі не швэндаць з пустымі рукамі, каб не сцебануў за гэта еўнух бізуном — у чалавеку скаплівалася надта многа шкодных сокаў. Супроць іх патрэбная была добрая знаходка, але ж — дзе ты яе возьмеш у Палесціне.

А Кацярына, і праўда, хоць сын за душой сядзеў, мела аддушыну. Дый не абыякую — з такой і смерць была б краснай.

Бывала, убачыць здалёк караван вярблюдаў на барханах ды ўяўляе сабе, як малы пытае:

— Мамка, мам, а чаму тыя конікі па два разы згорбіліся?

Убачыць змяю і бытта чуе анельскі галасок:

— А завязаць вузялком, мам, ты яе мозас?

Трапіць на вочы афганец з валасатай грудзінай і зноў ёй мроіцца сын:

— Ой, якія вусатыя грудзі ў дзядзькі! І на нагах вусы, і на плячах!.. Ма-ам, брытвы ў яго няма, праўда?

З балючай шчымлівасцю Кацярына ўспамінала бездапаможныя ды родныя пальчыкі, якія абдымалі яе, калі малы шукаў абароны. З найвялікшай асалодай успамінала першыя яго кашулькі, сандалікі, цацкі і першыя словы, якія разумела толькі яна адна. Часамі ж закрывала вочы, і ёй здавалася — Алесік побач, чуе яго пах, дыханне, мяккасць валосікаў. Калі ж вочы адкрывала ды спахоплівалася, што вакол адбываецца, надта ўжо радавалася — дзякуй Богу, малога побач няма і гэтых жахаў бачыць не можа.

Яна часта плакала. Уцяшэннем для яе была думка, што раскажа сыну калісьці пра ўсе перажыванні. Уяўляла, як смяюцца з яе да слёз, а сын называе маці панікёршай.

У зорныя ж ночы, калі здавалася, ва ўсім свеце толькі — малы ды яна, Кацярына гадзінамі прастойвала каля лазовай сценкі — назірала праз шчыліны за небам. Бачачы, як падаюць леаніды, хутчэй загадвала, каб сын яе рос здаровенькім, шчаслівым і добра яму там недзе жылося. Нават сабе ўяўляла, як папраўляе коўдрачку, каб лепш яму спалася.

І тут раптам паляціць з неба залатая зорка. Ёй ужо здаецца, сляза яе ўніз пакацілася — гарачая і агністая ад любві да малога. А праз момант з яе ўжо цурком ліліся сапраўдныя слёзы — крылы малітвы і віно анёлаў.

Усё гэта давала ёй новыя сілы, супакойвала, і пасля яна мела шчаслівыя сны.

Хай нязбыўныя былі тыя жаданні. Толькі ў іх знаходзіла вялікую асалоду. Калі ж у душы адчувала, што яе мары ўсяго сон, не спяшалася з прабуджэннем, і ёй было цярпіма.

А бяздзетная Анюта нічога такога не мела. Маўляў, гніль у ёй капілася, капілася дый заразіла кроў ад пят да галавы. Таму зараз Кацярына нарэшце зразумела, што сяброўка не жартуе, не храбрыцца і не прыбядняецца. Што кажа цалкам сур’ёзна, бо думае гэтак і адчувае.

Кацярына надта ж устрывожылася.

А хворая яе атакавала:

— Кацька, я ведаю, за што Бог мяне так карае.— Божа,— малілася я, нягодніца,— калі Ты ўсё можаш, а на Небе сваім усё чуеш, Ты выслухай і мяне,— я ж ні чым перад Табой не зграшыла! Гасподзь пакрыўдзіўся, што засумнявалася ў Яго справядлівасці і пасылае кару. Кацька, мілая, калі надарыцца цуд, калі цябе выкупяць адгэтуль і дамоў забяруць, зрабі апошнюю паслугу. Вызбірай у горах мае костачкі ў мяшочак ці рукаў які, забяры з сабой і ў Верцялішках пахавай на могілках за вёскай, каля нашых!

— Шчэ што выдумай!

— Малю цябе на каленях, во!

— Уставай! Устань, сяброўка, зараз жа, што ты выдумала! Перастань ныць!

— Кацечка, даражэнькая, абяцай выканаць просьбу! Я табе рукі-ногі за гэта расцалую, толькі абяцай, Кацярынка мая! Падумай адно, я болей ні пра што прасіць цябе ніколі-ніколі ўжо не стану — апошняе маё пажаданне выпаўні, падруга, а?

— Аня, мы вернемся разам!..

— Годзе, падруга,— я ўжо анёлаў бачу. Ты мне зубоў не загаворвай.

Кацярына, абяссіленая, змоўкла.

— Я ж з-за гэтага не панікую, і супроць Госпада Бога не іду, волю яго прымаю пакорна ды панясу дастойна, я ж не маленькая. Я так хацела дзетак нарадзіць, і Бог мне не даў, бо, мабыць, велькая ў яго грэшніца.

Зноў прыстала да Кацярыны:

— Малю цябе яшчэ — калі паміраць буду, прачытай нада мной нашую адыходную — верцялішскую ці сваю, з Путрышак.

 

Лячэнне

Назаўтра і шэйхавыя слугі заўважылі: Ганна захварэла ўсур’ёз. Каб выздаравела, еўнух адразу нявольніцу высек — гэта і сцябанне крапівой там лічылася першым лякарствам.

Кацярына з жахам глядзела, як ад бізуноў і крапівы Анюта счахла яшчэ больш.

І яна тады рашыла пусціць з хворай кроў. Але покуль сабралася, кроў у сяброўкі пайшла носам сама — хусцінка адразу зрабілася цяжкой, бы мяшочак з чорнай вадой.

Гэта менавіта Кацярыну нарэшце канчаткова пераканала: справы з Ганнай сапраўды кепскія.

Кацярыну агарнуў адчай. Растапіла крыху воску з агарка свянцонай свечкі, якую ўдалося пранесці цераз усю галгофу. Растопленае наліла ў халодную ваду, каб даведацца, што ў сяброўкі за хвароба і каб хоць убачыць тую бабу, што кінула каля рэчкі чары.

Воск нічога не паказаў, таму зрухаў на лепшае ў хваробе не было чаго чакаць.

Тады Кацярына ўспомніла, як мама лячылі тату ад суматухі, ды ўзялася да справы па-сапраўднаму.

Спатрэбіліся сырыя яйкі. Але тут нясушкі выпускаюць іх на распалены пясок, яйкі адразу робяцца крутымі, бы каменьчыкі.

І ўсё ж такі чатыры маленькія яечкі раздабыла. Далей было прасцей.

Трэба было ўзяць трыццаць вугалькоў у лазні ды, нічога нікому не кажучы, ні да кога не адзываючыся, каб цябе нават родны бацька пра што-небудзь пытаўся, каб нават маці аблівалася слязамі, клічучы цябе ды заклінаючы, мусіш маўчаць. Павінен лічыць ад дзесяці да аднаго і тупаць па ваду. Каля калодзежа, кінуўшы тыя вугалькі ў поўны посуд, выпускаеш бялкі, старанна калбычаш кіёчкам жаўток. Затым бярэш рэшата, прапускаеш праз яго бялок на парог ды прыгаворваеш:

— Як гэтая вада не трымаецца рэшата, хай так і ўрокі ды ўсялякая шкоднасць адстануць ад хворай! Уся пошасць хай пойдзе за Путрышкі і Сіняе Мора ды згіне, цьфу, цьфу, цьфу!

Але ж паспрабуй такое ўчыніць, калі кожны твой крок пад наглядам многіх вачэй. Усе такія ветлівыя, усміхаюцца, спачуваюць нават, а што ў іх наўме?

Аднак над Анютай гэта Кацярына ўчыніла — суседкі дапамаглі: полькі, славачкі, харваткі.

Учыніць яна, вядома, усё ўчыніла, а хворай нічога не дапамагло. Мажліва, яйкі тыя недастаткова моцы мелі, бо ў арабаў куры — бы наднёманскія вераб’і.

Тады яна пачала хворую карміць галубамі. Птушаня спачатку кідала ў вар, ірвала яго на кавалачкі. Затым трымала на агні, покуль галубяня не разварвалася на кашку. Для гэтага нават солі раздабыла. Крушынкі пасоленага ружовага мяска піхала шчыпчыкамі ад брывоў ёй у рот.

Бедная і гэтага ўжо не прымала — усю выварочвала.

Скура Анюты была як з цеста першагатунковай мукі, прасеенай цераз кісяю, замешанай на кароўім масле, а зараз цалкам збялела. На Анюце засінела кожная жылачка, валасы збіліся раптам у дробныя кудзёркі. А Кацярына добра ведала, валасы заўсёды так збіваюцца, калі ў мазгах палае антонаў агонь, як і ведала пра тое, чым гэта канчаецца.

Нічога не заставалася, як выклікаць лекара.

Сляды ад бізуноў на сяброўцы Кацярына старанна вымазала бальзамам з абляпіхінага алею нанач. Раніцой прысыпала пудрай.

І сталі яны чакаць. Кацярына старалася знайсці Анюце словы пацехі, але хворая, мабыць, нічога не чула. Была яна як святая. Глядзела кудысьці ўдалечыню, з вачэй ішло ненатуральнае святло, поўнае радаснай мудрасці і спакою.

 

Вердыкт арабскага доктара

Прыйшоў той самы лекар.

Малады прыгажун з чорнай бародкай і моцнымі ды такімі белымі зубамі, бытта цэлы ранак іх націраў мелам, старанна шліфаваў, а больш нічога сёння і не рабіў, з усмешкай зазірнуў хворай у вочы. Тады прыпадняў за раснічку века адное, другое і з той жа ўсмешкай, бытта збіраючыся Анюце падарыць залаты пярсцёнак з брыльянтам, безбародаму еўнуху аб’явіў:

— Гулям, слухай. Будзеш тры дні карміць яе капустай. Не дапаможа — забіць. Больш мне не дуры галавы.

— Будзе выканана, эфендзі! — пакланіўся да зямлі яму негр-еўнух.

І Кацярына пракляла тую Палесціну.

Божа, пры чым тая капуста, скажыце?!

Яна ж так на яго спадзявалася, чакаючы прыходу славутага лекара. Напэўна, таіла надзею і Ганна. Бо там, адкуль паходзілі сяброўкі, прызванне лекара — несці людзям міласэрнасць, даваць ім анёльскі спакой.

Да ўсяго — Юдава ўсмешка з белымі-белымі зубамі ды халодны бляск як бы не чалавечых, як бы вылітых з бялка ад курынага яйка вачэй з вялікімі карычняватымі зрэнкамі.

У Путрышках і зараз кажуць — бойся жанчын, каторыя гавораць скрозь слёзы. Так, жанчыны часамі хітруюць ды за слязамі старанна хаваюць сваю слабасць. А ў Палесціне бытавала такая пагаворка пра мужчын.

У Каране многа ад Бібліі. Гаворыцца ў ім і пра Ісуса Хрыста. Але скажы арабам, што Сын Божы, паводле Евангелля ад Лукі, у Нагорнай пропаведзі наказваў: «Будзьце міласэрныя, як і міласэрны Айцец наш»,— у галовы іхняе такое і не дойдзе. Будуць надта дзівіцца — пра што гэта гаворыцца?!

Разважаючы так, Кацярына падумала: шчасце, што бестыяў тых стрымлівае хрысціянства з палкамі адважных рыцараў. Сваімі жудасцямі залілі б яшчэ і Прынёманшчыну, бытта мала там сваіх бед.

Адным словам, мела рацыю старая нявольніца з-пад Нёмана, яе папярэджваючы,— во каго трэба было найбольш баяцца. Што ж, Анюта была ўсяго нявольніцай таксама. Зрэшты, правы там мелі ўсе яны аднолькавыя.

Карацей кажучы, роўна праз тры дні ў чужой Палесціне развітаўся з жыццём самы блізкі Кацярыне чалавек. Як гэта адбылося, яна не назірала. Толькі чула за плеценай сценкай слабы Анюцін ускрык ды бачыла, як чорны еўнух з залатым кольцам у носе над медным тазам потым адмываў кроў на руках, як белым ручніком выціраў свае па-жаночы пухлыя рукі, а пасля гідліва кіўнуў нявольнікам — выкіньце цела.

Неўзабаве негр з’явіўся з вярблюдам. Апусціў яго на калені, узваліў Анюту паміж махнатымі гарбамі, яшчэ і прывязаў да гарбоў вяроўкаю ды павёў вярблюда туды, дзе пачыналіся горы.

І ўсё. Больш Ані не было, яна ўжо не паўторыцца ў сваіх дзецях,— ланцужок яе роду абарваўся назаўсёды.

З тае пары Кацярына засталася на чужбіне адная-адзіноткая. Не было ўжо каму яе выслухаць, падбадзёрыць, пашкадаваць ці падказаць. Не стала жывой душы, перад якой можна было выплакацца, каму аддаць частку сваіх турбот, з кім падзяліцца надзеяй ды параіцца. Цяпер толькі сын заставаўся ў яе сэрцы і пан Бог з Прачыстай Дзевай Марыяй на высокім Небе.

 

Раздзел другі

 

Першае ўпамінанне пра галернікаў

Далей у паперах Кацярыны ішло апісанне чалавека, якога, на яе думку, Мацер Божая паслала ёй на ратунак, і жанчына стала насіць новае прозвішча.

Стэфан Валковіч — з-пад Аўгустова. Ад яе Путрышак — дзень вярхом скакаць. На Падолі туркі яго моцна пасеклі. Ворагі думалі, атрымаюць вялікі выкуп. Маладога гяўра выхадзілі ды з ясырам адправілі ў атаманскую імперыю.

На няшчасце, Ян Казімір Ваза не толькі не меў звычкі адказваць на чые-небудзь прывітанні. Заняты дынастычнымі клопатамі ў Швецыі, пыхлівец у Кароне мала аб чым клапаціўся. Паводле Кацярыны, сабака быў яму мілейшы, чым паляк ды літовец, чыім лічыўся каралём, а вояў з палону выкупляць і не думаў. Нават сваім рыцарам не плаціў жолду. Каралеўскія эмісары ездзілі па краіне, выпрошвалі ў шляхты сярэбраныя талеркі, залатыя келіхі, пакідалі квіты, а нажабраванае гэтак дабро хутчэй адпраўлялі ў манетны двор на пераплаў. Але і атрыманыя такім чынам грошы, кароль умудрыўся спляжыць да апошняга шэлега. Блізкіх жа сяброў, якія замест караля маглі б паклапаціцца аб палонных, Стэфан не меў.

Туркі ўбачылі, што вылечанага гяўра выкупляць ніхто не збіраецца, прадалі яго ў Аравію галернікам. Перад гэтым, вядома, прапанавалі прыняць іслам.

— Бо толькі мусульмане — людзі чаго-небудзь вартыя! — аб’явіў Стэфану ўладальнік нявольнікаў.

З пыхлівай важнасцю цурбанаваты турак з султанчыкамі паўліных пёрак на белым турбане, з сівізной, якая праступала нават і скрозь чырвоную фарбу на барадзе, з белай павязкай хаджы, якая гаварыла, што хадзіў у Меку, дадаў:

— Ну, вырашай! Алах стварыў воя ісламу — лепшае з яго тварэнняў, можаш і ты стаць не абыякой апорай зялёнага сцяга і множыць славу яго!

Каторыя з палонных на такую прапанову паддаліся, з тых адразу і пута знімалі. Адзін з такіх Кацярыне прызнаваўся, што яму хтосьці бытта дзень і ноч на вуха зараз шэпча — «адрокся ты ад Бога, прадаў сваю веру, будзь жа пракляты навек!» Чалавек шукаў цяпер смерці.

Але Стэфан быў горды ды цвёрды. Такія якасці ўмеюць захаваць толькі людзі, што зрасліся з родным асяроддзем ды глыбока перакананыя ў вялікай яго вартасці. Таму вера ў Магамета для яго здалася раўназначнай з прыняццем прапановы пакланяцца багіне Ізыдзе і богу Азірысу.

У адказ турку ён далікатна прызнаўся:

— Не магу схіліць карак, эфэндзі. Не магу палюбіць тое, што нівэчыў. Не магу пачаць цяпер нішчыць усё, чаму пакланяўся. У гэтым мой Бог.

Да размовы прыслухоўваўся шэйх. Ён здзівіўся:

— Ты, гяўр, выходзіць, да сваіх спадзяешся вярнуцца? А як? Мо спадзяешся, забіць янычара ды ўцячы? Глупства надумаў. Паслухай прытчу:

Падарожнічаў аднойчы Прарок, і ахоўнікі яго адсталі. Калі Магамет стаміўся, зняў зброю, павесіў на дрэва, а сам прылёг на траву ў цяньку. З кустоў выскачыў курд і зняў з сука яго меч. Наском бота прыпадняў Магамету галаву, спытаўся:

— Хто мне забароніць забіць Цябе?

— Бог,— адказаў той спакойна.

І раптам з’явіўся архангел Гаўрыіл. Ён лёгкім кіўком паваліў курда, з паганых рук вырваў зброю, прыставіў яму вастрыё да горла, а нагу апусціў на грудзі ды спытаўся:

— Хто мне забароніць забіць цябе?

— Ніхто,— пакорна вымавіў курд ды прыняў іслам.

— Так і з табой будзе, гяўр. Скорышся і станеш больш за другіх біць агідных ерэтыкаў і смярдзючых сабак славян. Мы людзі розных краін, але станем адной веры. Пастарайся заслужыць міласць Алаха, бярыся нішчыць з намі няверных! У нашага султана вялізнае войска, пад зялёным сцягам яно змагаецца па-львінаму, месца ў ім знойдзецца і для цябе!

Стэфан яму адказаў:

— Эфендзі, я не з такіх. І нічога са мной не зробіш. Можаш мяне нават забіць, але не адбярэш у мяне душы.

— Шкада мне цябе. Ты, гяўр, як асот. Бытта і колецца, але кожны асёл яго з’есць.

— Маеш рацыю, ты мяне з’еў. А прымушаць да вашай веры сілком нельга, бо гэта звязана з крыўдай. Нельга рабіць зло, каб было добра, праўда?

Багаты араб прыкінуўся, што слоў нявольніка пра асот не пачуў:

— Воля твая, гяўр, ніхто плакацца не будзе, калі яе і не прымеш.

Гордым быў гэты чалавек. Кацярына была пэўнай, што на судна Стэфана прывяло яе сэрца.

Галеры для нашых нявольнікаў былі горшымі за смерць. Вораг, каб знерухоміць судна перад тым, як яго захапіць, першыя стрэлы, першыя грэчаскія1 агні цаляў менавіта ў няшчасных весляроў. Калі ж судна збіралася ўступіць у бой, надзіральнік загадваў галернікам браць у зубы драўляныя грушы, якія заўсёды звісалі на раменьчыках у кожнага з шыі. У такім стане, калі ўвап’ецца страла, альбо загарыцца на галерніку бітум, крычаць ён не змог і не збіваў з панталыку абаронцаў судна.

Усё ў іх было прадугледжана.

Да таго кожнага весляра прыкоўвалі да лавак. Танула галера, на дно разам ішлі і яны. Не хацелася тапельцам быць — старайся, каб судна захаваць на плаве. Нават тады, калі нападалі свае, яны мусілі не паддавацца.

 

1 Кавалак запаленага бітуму.

Хто такі Стэфан Валковіч і Мустафа з пітонам

К таму часу Кацярыну ў арабаў купіў турак Садык-бей ды завёз аж у Александрыю. Яна лічылася ў турка пятай жонкай, а імя ён даў ёй егіпецкае — Аіда.

Садык-бей на сваю галаву, а на Кацярыніна шчасце наладаваў у галеру тавару, і яны паплылі ў Стамбул. Муж трапіў ёй багаты. Судна было ў яго вялізнае — на сорак галернікаў — па дваццаць з кожнага боку, і да таго мелі яшчэ два ветразі.

На судне тым у кадушках стаялі пальмы, таму Кацярына адчувала сябе на ім, бы ў райскім агародзе.

Тады яна і звярнула ўвагу на земляка, які потым стаў гэтак Кацярыне блізкім, ды прадоўжыцца памяць аб ім на зямлі за тое, што вызваліў няшчасную з няволі, ды будзе яму царства нябеснае, што знайшоў прымяненне затоенаму дагэтуль гарачаму полымю яе вернага сэрца.

Кацярына была пэўнай, каб рыцар Стэфан жыў, яе сын хадзіў бы каля яго ў паслушэнстве, як Ісус Хрыстос ля ўяўнага бацькі Язэпа-цесляра. Надта шкадавала, што іхнія шляхі на гэтым свеце не перасякліся. У запісках сыну маліла выслухаць яе ды ўшанаваць хоць памяць рыцара.

Стэфан паходзіў з багатага і старажытнага роду мясцовых беларусінаў. Валковічы яшчэ ў князя Вітаўта, кажуць, даводзілі харугвямі — двума ці трыма. Адзін з іх праславіўся нават пад Грунвальдам, дзе павярнуў частку літоўскай дружыны, калі яна паддалася чагосьці паніцы і праз лес уцякала ад крыжакоў.

Стэфана пачалі акаталічваць разам з Нічыпарам — братам Кацярыны ды з сынамі князя Хадкевіча з Гарадка, што прытаіўся, бы «бусел на балоце» над Супраслю пад Блудаўскай пушчай,— у тым самым езуіцкім калегіуме, якога кожны дзень зараз Кацярына магла бачыць з акон свайго кляштара, калі выходзіла ў калідор.

Калі яны спаткаліся, Стэфан лічыў сябе і палякам і беларусам. Яна нічога не мела супроць — з многімі рыцарамі такое тады здаралася, а чалавечыя якасці не ў яго рэлігіі, як і не ў назве племені, з якога паходзіць.

Кацярына потым не раз задумвалася, чаму адной веры і з адной мясцовасці людзі бываюць такімі рознымі. Не ў прыклад першаму мужу — мясніку і зверу, царства яму нябеснае і, Божа літасцівы, пашкадуй там, у пекле, яго слабую душачку,— гэты мог чалавеку і паспачуваць, пабедаваць разам і пасмяяцца.

Усе кажуць, сапраўднымі людзьмі робяцца толькі тыя, хто перажыў уніжэнне, паспытаў нэндзу, адведаў каханне ды вайну. Пра каханне — Кацярына не ведала, відаць, для гэтага Ян быў увогуле не здатны. Затое астатняе ўсё бацьку яе сына дасталося спаўна, але лепшым чалавек ад гэтага не зрабіўся, бо праўда, мабыць, і тая — да чорта якім ты не гавары языком, а ён усё будзе глядзець быком.

Чым прыцягнуў яе Стэфан? Мажліва, загаварыла ў ёй звычайная бабская жаласць ды мацярынская прага кім-небудзь апекавацца, каму-небудзь дапамагчы. Бо галернікі веславалі ў такіх умовах, што наўрад ці вытрывала б жывёла. Прыкаваныя наглуха да вёсел, не маглі ні памыцца, ні пацягнуцца, ні выпрастацца, ні па-чалавечы нават выспацца.

Галернікаў увесь час, калі не пражыла сонца, то заліваў пот. Лахманы толькі крыху прыкрывалі непрыстойныя часткі цела. Над гэтымі не то дзядамі, не то жабракамі, не то калекамі ці вар’ятамі стаяў моцны смурод, бо нават апраўляцца весляроў не выводзілі.

Рана і вечарам з жывым пярэстым пітонам на плячах і шыі, з завушніцай у левым вуху, бо правае пад корань меў адсечанае, тоўсты боцман Мустафа абыходзіў іхнія рады. А быў яшчэ таму страшнейшы, бо вочы меў выбалачаныя, бялкі з крывавым падмесам, і калі злаваў, а гэта з ім здаралася часта,— вачыска гарэлі, як вугалькі, прашываючы чалавека наскрозь.

Абыходзіў раніцой і вечарам Мустафа іхнія рады і з вядра кожнаму галерніку піхаў у зубы па кавалку ежы.

Яшчэ клаў на лаву па некалькі апельсінаў ці мандарынаў, тады даваў запіць сняданне ці вячэру віном.

Праца галерніка цяжкая. Хто выбіваўся з сілы, таму боцман піхаў па два кавалкі. Калі ж не дапамагала, з чалавекам не цырымоніліся. Аслабеламу адразу здымалі ланцугі, дроцікам пратыкалі жывот, бралі за рукі ногі ды змаху з палубы — плюх у ваду! — а на месца бракованага прыводзілі з ніжняга трума ды закоўвалі ў тыя самыя кайданы нявольніка свежага.

Каб валасы не лезлі нікому ў вочы, не тамавалі рухаў, ад ілба да патыліцы галава была ў кожнага перахопленая сырамятным раменьчыкам.

Яшчэ час ад часу каля іх з’яўляўся з квачом той самы карнавухі Мустафа. Усе тады раменьчыкі знімалі, а ён мазаў галернікам калматыя галовы і злямчаныя бароды нафтай. Тыцкаў тым самым квачом пад пахі. Бо сачыў, каб яго каманда не разводзіла вошай.

Такія ў турка і былі клопаты пра няшчасных. Адкуль у Стэфана бралася сіла, цярплівасць, каб у веслярах на галерах пратрымацца аж чатыры гады, Кацярына не ведала.

Напэўна, значную палёгку яму прыносілі яе аб’едкі, фінікі ці кавалкі дыняў, якія ёй удавалася крадком піхнуць яму ў рот. Тым лягчэй было гэта рабіць, бо гняздо земляка-галерніка знаходзілася акурат супроць люка, праз які вылазіла яна з галоўнага трума.

Часамі, нібы пільна разглядваючы ў клетках папугайчыкаў, пальмавым лістом яна зганяла з яго мух і аваднёў. А то з-пад халата выхоплівала мокрую анучку ды выцірала крадком лоб, твар ды шыю. Зямляк тады цішэў, бянтэжыўся ды кракцеў ад задавальнення. А яна, каб схаваць да яго сімпатыю, насцярожана азірнуўшыся, тое самае рабіла яшчэ з адным-двума бліжэйшымі галернікамі.

Усе яны мяняліся пры яе з’яўленні.

Так памалу ўвайшла да рыцара ў давер. Тады і папрасіў ён якую-небудзь зброю.

Ноччу, калі яны стаялі на якары, а галернікі, накрыўшы галовы анучкамі, драмалі, Стэфану ў лахманы яна і піхнула свой маленькі кінжал.

— Цудоўна! — надта ўзрадаваўся зямляк. Затым перахрысціўся ды кінжал пацалаваў.— Вітай, дружа, мы цяпер дужыя! А спадарыню няхай Усявышні і Светлазарная Дабрадзейка ўзнагародзіць,— буду маліцца за яе дзень і ноч!

Яшчэ захацеў напільнік. Яна не абяцала, бо адкуль ёй такое дастаць на судне.

Зрэшты, што б ён напільнікам там рабіў? Каб распілаваць жалеза, патрэбен час і адпаведныя ўмовы, а галернікі болей мінуты без пільнага і выбалачанага вока Мустафы ці яго спадручных не заставаліся.

 

Падслуханае

У той вечар, калі аддала Стэфану зброю, Кацярына, поўная дрыготак ад хвалявання, яшчэ раз прашмыгнула на палубу туды, адкуль магла незаўважанай слухаць шэпт нявольнікаў. Галернікі, накрытыя анучкамі, драмалі не ўсе. Бліжэйшыя да Стэфана ціха абменьваліся думкамі. Былі яны землякамі. Яна ўжо ведала некаторых прозвішчы і людзей пазнавала па голасе.

Якраз прынёманскі Лаўрэн Барысевіч прызнаваўся сябрам:

— Я, спадары, не раз задумваюся, як гэта выходзіць, што кінеш стралу наперад, з найбольшай сілай махнеш яе, а ўпадзе яна зусім недалёка. Нават за пяць крокаў у сцяну не ўваб’еш, як ні напінайся! Затое пакладзі на цеціву, і што? Здавалася б нітка, тоненькі шаўковы шнурочак, а што атрымліваецца? Тую самую стралу ад тае самай рукі так далёка панясе, што не ўбачыш, куды і ўпадзе!

Хтосьці з незнаёмых шэптам пацвердзіў:

— О-о, яшчэ не было такога вока, якое б прасачыла за палётам стралы!

Лаўрэн узрадаваўся, што думку яго падтрымалі, загаварыў галасней:

— Панцыр тады нават прабівае на адлегласць ста крокаў! Адкуль раптам у яе такая моц? Як гэта адбываецца і чаму — аніяк не ўцямлю!

Самы набожны з іх Гуз Мікалай кінуў:

— Боская таямніца.

Хтосьці з пашанай да нябеснай сілы прашаптаў:

— І нам яе не зразумець ва векі вякоў!

— Забабоны! Даруйце, вацьпаны, я надта не люблю, калі ўсё зводзяць да іх! Лічыцца, напрыклад, калі ты выязджаеш у паход і твой конь спатыкнецца,— кепскі знак.

— Бо Мацер Божая цябе так папярэджвае,— упарціўся Гуз.

— Дык кінь, вацьпан! — не здаваўся Лаўрэн.— Проста пад ногі каню трапіла груда, якую гняды не заўважыў! Пры чым тут знак — добры ці кепскі?

— Можа і ад груды спатыкнуцца, чаму не...

— Я не адмаўляю! Вядома, боская сіла існуе — на ёй і свет трымаецца! Але праяўляецца, напэўна, не ў гэтым. Гняды, найхутчэй за ўсё, спатыкнуўся, бо не глядзеў сабе пад ногі! Так і з усім астатнім! І дручок у возе мог паламацца, бо гнілы быў, а не скапуціўся — як кепскі знак. Тут для мяне ўсё ясна! На прыкладзе ж з цецівой ламаю галаву — у чым тут сакрэт! Чалавеку дадзена многія з’явы зразумець, як жа ўцяміць гэтую?

Сказанае Лаўрэнам, мужчыны ў змроку хвіліну перажывалі моўчкі.

Кацярыне надта ж карціла выйсці з-за кадушкі з пальмай ды прыняць удзел у зямляцкай размове — нават у тым, у чым яна не разбіралася. Падараваны кінжал даваў ёй на галернікаў якоесьці права. І ў той час яна разумела, што для знаёмства яшчэ не адпаведны момант. Таму сабрала ўсю сваю сілу волі і не рухалася з месца.

Сяброў рассудзіў Стэфан:

— Вядома, боская сіла тут ні пры чым. Справа ў тым, што лук майстры робяць не з якой-небудзь елкі ці ляшчыны, а з дубу, грабу. У такім дрэве, панове, таіцца сіла быка, яна і стралу пасылае чортведама куды!

Лаўрэн не здаваўся:

— Ну, добра, спадар Стэфан, няхай будзе так. Але вазьміце гэты самы кавалак дубу, навастрыце канец і паспрабуйце ім панцыр прабіць. Не праб’еце! А страла, пушчаная канцамі лука ды цецівой, яшчэ калі яна са свежага шоўку, прашывае навылет!

Нехта са змроку заўважыў:

— Вацьпаны, каб гэта зразумець, трэба папаламаць галаву!

Барысевіч згадзіўся:

— Да ўсяго мусова галаву прыкласці, але ў даным выпадку — думай ці не, а вынік адзін!

Так і не вырашыўшы пытання, Стэфан уставіў сваё:

— Я, вацьпаны, яшчэ скажу аб стрэлах. Мяне надта дзівіць, што людзі словы страляць, абстраляць, расстраляць, перастраляць, гэта значыць выканаць дзеянне звязанае з лукам і цецівой, неяк незаўважальна пераносяць на рушніцы, мушкеты, гарматы, пісталеты! І з іх мы ўжо страляем, хоць з жалезных дулаў вылятаюць у нас не стрэлы, а кулі алавяныя, чыгунныя гранатнікі!

Зноў усе пасмакавалі сказанае:

— А і праўда, бытта ў нашых продкаў не хапіла слоў, каб вызначыць зусім іншае дзеянне...

Стэфан адказаў сабе сам:

— А ўсё таму, бо людзі, мабыць, гэтак спрошчваюць сабе жыццё. Навошта ім ламаць язык яшчэ адной назвай, калі ёсць абкатаная для падобнага дзеяння? Так у іх і атрымліваецца, што замест па ворагу з мушкетаў алавянымі кулямі куляць, гавораць тое, да чаго прызвычаіліся даўно — страляць!

Зноў згадзіўся нехта невідочны:

— Гэтак тлумачэнне знойдзеш усяму, толькі галаву паламай!

Азваўся неўпапад Хведар Грэсь:

— Я, рыцары, са свайго вопыту даўно заўважаю, што і на ворага ідучы, рабіць усё трэба з галавой! Калі ты скачаш, напрыклад, на праціўніка, нават не старайся пікай трапіць яму ў бок ці ў плечы,— спераду найлепш заязджай! Тады хуткасць твайго каня і яго скакуна складуцца, удар атрымаецца страшны! Нават калі пасля няўдалага бою ў цябе з-за недахопу адпаведнага дрэва грот надзеты на звычайную тычку ад хмелю! Ад удару, вядома, тычка зламаецца, але прашыеш яго хоць трэскай!

Барысевіч дадаў:

— А ведаеце, гэтаксама і з шабляй! Калі даганяеш праціўніка, абавязкова старайся заехаць яму наперад і секануць насустрач. Тады сіла тваёй рукі з клінком складваецца з імпэтам твайго каня і скакуна ворага,— тнеш яго страшна! Аднойчы я так пад Цацорай наляцеў на малдаваніна на дэрашу1. Вельмі ж заманліва было пацягнуць яго па спіне, але я сябе стрымаў. Шабля мая тады яго адно пагладзіла б. Я мамалыжніка аперадзіў, развярнуўся ды паскакаў дэрашу насустрач. Як секануў, то ледзь чалавека не распалавініў! Калі потым мае чаляднікі яго раздзявалі, усе прыходзілі дзівіцца, такі страшны выгляд мела цела. Не верылася, што такое я мог учыніць, сам сабе не верыў! Мне зайздросцілі, захапляліся маёй сілай, а я не прызнаваўся, ў чым сакрэт,— моўчкі супакойваў трафейнага каня.

Апавяданне ў Барысевіча прагучэла крыху няскромна. Каб заняць няёмкасць, у цемры заўздыхалі.

— Эх, колькі чалавеку давялося наглядзецца на войнах!

— Было б пра што ўнукам апавядаць, калі б жывым і цэлым дамоў вярнуўся!

— О-о, столькі перад вачыма перамільгнула, у душу запала!..

Пачулася, як у пярэднім труме заенчыў негр. Дапамагаў кухару і штосьці недазволенае з’еў. Садык-бей вызначыў яму кару, і Мустафа яе негру адмерваў.

Калі крыкі ахвяры сціхлі, Лук’ян Кошачка ўвярнуў сваё пісклявым голасам:

— А мяне найбольш уражалі вось такія штрафнікі. Наш князь Любамірскі марадзёраў караў надта проста. Конніку загадваў заарканіць яму ногі ды галопам валачы вакол лагера! Конь імчыць, галава і тулава на грудах, каменнях падскокваюць, чалавек енчыць вось так нямым голасам!.. Адзін круг коннік зробіць і вопратку з марадзёра як таркай здзярэ, але той яшчэ ўсё жыве! На другім крузе скура і мяса губляюцца, а ён ужо маўчыць. За чацвёртым разам — толькі шкілет на вяроўцы целяпаецца — наце, сабакі, абгрызайце!

— Ды ну яго, вацьпаны, пачалі тут пра такое!

Якія яны здаліся Кацярыне дарагія!

Як да іх цягнула!

 

1 Дэраш — конь чорна-белай альбо чырвона-белай масці.

Садык-бей і яго дабрата

З Александрыі плылі нядоўга.

На трэці дзень прысталі да нейкага вострава. Перад імі ляжала пустая бухта. Толькі зводдаль каля берага тырчэла заякаранае судна. Было яно бязлюднае, а на рэях, аблепленыя сцярвятнікамі, боўталіся трое павешаных. Гэтак на моры караюць матросаў за непаслушэнства. Наглядзелася Кацярына на такое. Бачыла не толькі ў Александрыі. Трупы ўздрыгвалі, круціліся, бо чорныя птушкі з голымі шыямі, мабыць, ірвалі іх.

Садык-бей узяў пару дзесяткаў янычар ды загадаў суправаджаць сябе на бераг. Трымаючы апахала, Кацярына адправілася следам за мужавым паланкінам, а новыя бранзалеткі на яе босых нагах суха зашчаўкалі ў тахт крокаў — да бранзалетак і такога шчаўкання яшчэ не прызвычаілася.

Кацярына жонкай у Садык-бея была самай маладой і свежай. Ёй адно і ўдзяляў увагу, выклікаючы ў астатніх чатырох лютую зайздрасць і злобу. Аднак Кацярына вінаватай сябе не лічыла, хоць і ведала — грэх перад богам быць такой жорсткай да людзей.

Бранзалеты Садык-бей выменяў у Александрыі на дзве нявольніцы — сенегалкі і падарыў Кацярыне раніцой, калі тая зайшла да яго націраць муксусам і амбрай шахматы. У каюце, заладаванай мяшэчкамі з талеркамі, скрынямі душыстага мыла, парфум і пахучай гарэлкі, ад тавару было аж цесна.

Там на палічках былі акуратна расстаўлены пугіналы з рубінамі і дыяментамі. Асобна — з дыядэмамі. А ў нішах ляжалі папяровыя скруткі і вузенькія палоскі пергаменту, спісаныя арабскай вяззю. Пра дыяменты, дыядэмы, рубіны Кацярына ведала дакладна — кожную прыгажосць прымярала на сабе неаднойчы, калі Садык-бею прыходзіла на дум іх пераацэньваць.

Ляжалі там жа скрыначкі з магаметанскімі ружанцамі на 33, 66 і 99 пацерак, сярэбраны посуд, медныя тазы, шнуркі ўкраінскіх каралавых пацерак, залатыя ланцужкі — вялікія і малыя.

Фігуркі яго шахмат былі вытачаныя са слановай касці ды расстаўленыя на століку, пакрытым скурай, расшытай адмыслова залатымі ды сярэбранымі ніткамі, утыканыя дарагімі каменьчыкамі...

Адным словам, Кацярынін Садык-бей вельмі ж захапляўся моднымі1 штуковінамі. Спаў толькі на мяккіх пярынах, пакладзеных адна на адну, накрываўся атласнай коўдрай, багата аблямаванай.

Зараз ён, выгодна рассядаючы на атласных падушках у паланкіне, трымаючы перламутравыя пацеркі ружанца, не зводзіў са свайго падарунка — бранзалетаў вачэй ды рабіў ва ўме нейкія падлікі. Тлусты, з коратка пастрыжанымі вусікамі твар яго ласніўся ад гарачыні ды расплываўся ад здаволенай усмешкі дабрадзея, што Кацярыну аж гэтак ашчаслівіў. Цёмныя, бы мокрыя масліны, вочы ад задавальнення гарэлі, бо ў турка так усё ладзілася — у Стамбуле чакала новая нажыва, а сам быў яшчэ ў росквіце сілы.

Як патрабаваў звычай, Кацярына крочыць старалася мелкай хадой — жанчынам даецца гэта лёгка.

— Вай, якая грацыя жывой асалоды, што за раскошная пяшчота хаваецца пад гэтай тканінай! — праказаў самаздаволена Садык-бей з невыноснай аж да прыкрасці для яе ўсходняй ветлівасцю.

З перабольшаным здавальненнем чмокаў вярхі трох пальцаў, складзеных, як да хрышчэння, дадаў:

— Ва-ах, персік! А вочы твае, як зорачкі! Ты мяне, Аідачка, у бога пераўтвараеш сваёй анельскай істотай — прысягаю на сонечныя прамені, кажу чыстую праўду! Ва-ай, вай, раскоша мая, ненаглядная!

Здаволеную ўсмешку на яе твары ён усё ж такі выклікаў. Хаваючы яе, Кацярына пакланілася. Яна і сама не ведала, адкуль у той момант узяліся адпаведныя словы ды ў тон пацяклі з яе вуснаў, як вада, яшчэ і шчабятлівым, птушыным голасам:

— Я не вартая твайго захаплення, высакародны гаспадар і апора мая надзейная. Хай прадоўжацца дні жыцця твайго, а сам ты хай прабудзеш у шчасці і здароўі!

— Не скромнічай!

— Шчыра гавару, уладар мой!

— Не скромнічай, паўтараю!

— Я ад сэрца, уладар!

— Хвалю тваю сціпласць, зарнічка мая, ненаглядная! Ну, яшчэ раз хачу ад цябе пачуць — падабаецца мой невялічкі падаруначак, сястрычка радаснага сонца?

Зрэшты, калі шчыра гаварыць, то ён быў чалавекам не так і кепскім у параўнанні з астатнімі. Вядома, да маладых жанчын, а найбольш да нажывы — ласы. Калі не сядзеў з Мустафой над шахматамі, прымяраў і прымяраў на ёй брыльянты, дыядэмы, завушніцы, пацеркі і ўсё меркаваў, колькі за іх узяць. Вечна важыў ды пераважваў сярэбраныя лыжкі, залатыя кубачкі, крышталь, парцэляну ды, нахілены над лічыльнікамі, шчоўкаў ды шчоўкаў касцяшкамі са слановай косці. Зараз тыя ж лічыльнікі нават з сабой валок — ляжалі каля яго ног. Што зробіш, у іх там усё не так, бы ў славян. Падобнае бачыла Кацярына яшчэ ў немцаў, яўрэяў, армян...

Але ж няхай яны ўсе там са сваімі звычкамі і жывуць ля Міжземнага мора, калі так ім падабаецца. Кацярына ў паперах сваіх не надта над гэтым гаравала — прадаўжала пра свае прыгоды.

Якраз у той дзень, яна лічыла, Царыца Нябесная, відаць, вырашыла ўзяць апеку над Кацярынай ды падказала, што ў горад за туркам ісці нельга аніяк, бо на судне здарыцца штосьці важнае. Таму і валаклася за мужавым паланкінам неахвотна.

Адным словам, перад ёй Садык-бей распушыў пёркі, а хочаш мець яйкі, як вучыла яе Анюта, дай курыцы пагдакаць. І Кацярына асцярожна, далікатна, вельмі баючыся, каб сябе, барані божа, не выдаць, каб турак яе заўчасна не раскусіў і не спахапіўся, сціпла апусціўшы галаву, яму адказала:

— Падабаецца мне тое, бясцэнны мой уладар, што падабаецца табе. Усім жыццём я рада паслужыць свайму прававернаму пану.

— Пахвальна, мая Аідачка, пахвальна!

— Дзякуй табе, валадар, што мяне ацаніў.

— Ай, якое паслушэнства!

— Яшчэ раз, дзякуй, гаспадар.

— Скажы, а чаму, трапяткая сарначка мая і сонечная радасць дня вясенняга, ты такая сёння вялая ды засмучоная?

Кацярына разгубілася — рызыкаваць ці не?

— Галоўку сваю анельскую апусціла, вочкі згаслі...

— ...

— Радуйся быццём, жоначка мая! Цела тваё — сама дасканаласць, твар у цябе прыгажэйшы за месяц!

— Галава баліць крыху, мой уладар.

— Вай, галава?!

Кацярына ўся насцярожылася ды сказала, як больш нявінна:

— Нічога, пройдзе. І гэта не так важна. Няхай неба трымае апеку над табой, маім дабрадзеем!

Яе адказы Садык-бею спадабаліся яшчэ больш. Ён з уміленым шкадаваннем ківаў з вышыні паланкіна галавой з чорнай фескай, на якой зверху матляўся чырвоненькі кутасік:

— Вах, непрыемнасць якая!

— Я ўжо сказала — нічога страшнага!

— Аднак ты выдала сябе! Чаго ж ты церпіш, дзяўчынка мая? Ты ж у мяне не з чорных жонак — іх у мяне хапае! На чорных кладзецца ўвесь цяжар бруднай работы ды штодзённых клопатаў, а ты ў мяне — першая, таму можаш сабе і пахварэць! Ты ж у мяне ні разу яшчэ не хварэла, ні разу не заікалася нават пра гэта!

— Не хацела турбаваць свайго гаспадара.

— Надарэмна, сонца маё! Можа, паслаць табе, ружа мая пахучая, лекара? Я гэта — імгненна!

Кацярына перапалохалася:

— Ой, толькі не яго!

— Але ж чаму-у?!

— Дзякуй табе, уладар, за клопаты. Дзякуй за шчодрасць бязмерную, але лекараў я не люблю! Няхай за чулае сэрца ўзнагародзіць цябе Алах!

— А ўсё ж такі паслаць?

— Прашу цябе — не трэба!

— Ты — шчыра?

— Малю! Я лекара бачыць не хачу!

— Ты сябе не абмяжоўвай ні ў чым, ведаю тваю сціпласць! Ты — мая жонка! Прысягаю на анёлаў, якія выконваюць вырак Усявышняга там, на высокім і ясным Небе, ажаніўся з табою толькі для таго, каб дзень і ноч клапаціцца аб радасці дзён тваіх!

— Мне прыемна чуць гэта, уладар.

— Сама бачыш, слухаць і здавальняць твае жаданні — адзіная мая асалода, дарагая!

— Прыемна мне чуць гэта, уладар.

— Клянуся сваёй маёмасцю!

— Веру і так, уладар.

— Клянуся самім Алахам!

— Веру, уладар.

— Тады не трэба за мной ісці, радасць мая, бо яшчэ занядужаеш у горадзе, і што тады мне рабіць?

— Не дай Бог, каб такое здарылася!

— Лепш заставайся на судне. Дазваляю!

— Як скажаш, уладар мой.

— Ты хацела і — заставайся. Тваё жаданне для мяне — закон!

— Шчодрае ў цябе сэрца, уладар,— адказала Кацярына з рытуальным паклонам, ледзь сябе стрымліваючы, каб адразу не кінуцца з усяе сілы бегчы назад, каб яе «ўладар», не дай Божа, не перамяніў хвілёвага капрызу.

— І няхай Алах раскіне над табой на судне там чулае крыло сваёй апекі, Аіда!

— Хвалю найсвяцейшае імя яго і нізка пакланюся яму, мой добры гаспадар.

— Падарунак на базары пашукаю табе сам, мой праменьчык ранняга сонца!

— Дзякуй, уладар.

— І багаты-багаты! Будзь спакойна, выберу сам, зоранька мая ясная!

— Ведаю выдатна тваю шчодрасць, уладар. Каб ты жыў ды здаровы быў вечна.

Кацярына надта баялася перабраць гэтую балбатню і дзяціную камедыю, якой там гэтак прыдавалі значэнне, і адчула — ну, мілая, хопіць нітку цягнуць — абарвеш, і ўсё прападзе, таму — прыкусі цяпер язык!

Яе турак не адставаў:

— Аіда, праменьчык мой вясенні, жонка мая апошняя, пачакай яшчэ хвілінку!

— Слухаю цябе, уладар.

— Ты падарунак мой знімі! Давай, знімай! Я вярнуся і надзенеш яго зноў на свае анельскія ножкі! Надзенеш, будзь пэўная, я ніколі не шкадаваў і не пашкадую табе, маёй красуні адзінай!

І да такога яна паспела прызвычаіцца.

Ані крыху не дзівячыся, Кацярына хутчэй сцягнула з адной нагі, з другой белыя абручыкі і, як робяць жонкі шэйха, што яна не раз бачыла, раней прыклала іх да вуснаў і лба ды з нізкім паклонам цацкі падала мужу не ў рукі, а сціпла паклала на самы край паланкіна — штосьці ў ёй падказала зрабіць менавіта так.

Яна ведала, гэтага было мала. Таму ўсё не паднімаючы вачэй, гэтак жа пакорліва і аддана прамовіла:

— Вялікае дзякуй табе, гаспадар мой, за асалоду, якую я паспытала, іх носячы. Няхай будзеш ты для ўсіх нас здаровы ды бадзёры. Няхай спаткае цябе вялікі поспех там, куды кіруеш свае стопы, мой уладар дарагі. Няхай сам Алах мае цябе пад сваёй апекай на векі вечныя.

У Садык-бея на пальцах сінела біруза і блішчэлі алмазы. Прыклаўшы бранзалеткі да шчакі, Садык-бей, бытта хлопчык, здзіўлена ўскрыкнуў і пагладзіў пульхнымі пальцамі:

— Гм, яны яшчэ цёплыя!

— Даруй мне, уладар, што я, нявартая тваіх шчодрых падарункаў, нагрэла іх сваім грэшным целам.

— Вай-вай, скромніца мая!

— Прыемна мне слухаць пахвалу тваю, уладар.

— Клянуся малаком маёй мацеры, зоранька мая брыльянтавая, іх неўзабаве атрымаеш зноў! Калі не знайду на базары што іншае, вартае цябе, абавязкова прынясу і аддам, і ты зноў надзенеш іх на анельскія ножкі!

— Веру, мой гаспадар.

— То вяртайся!

— Як загадаеш, гаспадар.

— Хачу, каб ты вярнулася!

— Я твая нявольніца. Што мой бясцэнны валадар скажа, тое і выканаю.

— Я ведаю. Ідзі!

— Падпарадкоўваюся.

Толькі цяпер даў ёй спокуй.

Апошняе, што Кацярына бачыла пры тым развітанні, запомнілася, як яе нявенчаны заморскі мужанёк піхнуў нагой, абутай у зялёны тапак, яшчэ і адзяліў зверху бамбукавым кіёчкам па галаве крайняга кучаравага негра, на чыім плячы ляжаў дручок паланкіна, як чатыры маладыя і мускулістыя афрыканцы пакорна ды асцярожна, бытта цяжарную бабу альбо дзяжу з рашчыненым цестам, павалаклі каштоўную ношу, стараючыся крочыць у нагу, ісці роўна і прама.

Кацярына потым не раз меркавала, што магло атрымацца, калі б тады паддалася спакусе яшчэ на адзін сувоец кітайскага шоўку, ці новае галандскае люстэрка, альбо якія-небудзь егіпецкія парфумы ды пайшла за ім.

Божа, Мацер Прачыстая і Царыца Нябесная, як лёс чалавека часамі залежыць ад звычайнай выпадковасці!

 

1 З запісак Кацярыны Валковіч аўтар аповесці са здзіўленнем даведаўся — слова «мода», «моднік», «модніца» і «модны» былі ў абыходзе ўжо больш як трыста гадоў таму.

Гэтаксама былі ў абыходзе многія іншыя словы, што гучаць зараз для нашага вуха гэтак па-сучаснаму.

Таму аўтар просіць не дзівіцца, калі ў тэксце чытач спаткае падобныя словы яшчэ.

А ў гэты час на судне...

Покуль яна праводзіла свайго Садык-бея на базар, боцман семярых самых здаровых і працалюбівых галернікаў адкаваў ад галер. Каб не перашкаджалі пры рабоце, свабодныя канцы ад нажных кайданаў загадаў Мустафа да пояса прывязаць сырамятнымі раменьчыкамі ды павёў мужчын вывалаківаць з трума на палубу скрыні з таварам.

Сышоўшы з трапа на судна, Кацярына выразна пачула, як Мустафа з галернікаў пакпіў:

— Во, гяўры, зараз сваімі бруднымі рукамі будзеце насіць тое самае багацце, з-за якога вядзеце з намі войны!

Галернікі прамаўчалі.

Боцману сказанага здалося мала:

— Надараецца вам якраз аказія патрымаць яго ў руках і зважыць! Насыцьце, насыцьце сваю прагу ўдосталь, бо мы, гяўры, ваюем за веру і славу!

Стэфан не вытрываў:

— Што ж, кожны ваюе за тое, чаго не мае, шаноўны наш уладар.

Палонныя ад такой дзерзасці замерлі.

Падкавыкі турак не зразумеў ці прыкінуўся, што не пачуў. Трымаючы на сабе таго самага пітона, яшчэ раз расталкаваў, што і куды несці ды ставіць, бліснуў сваімі страшнымі вачыскамі і ўпэўнена пакрочыў, паскрыпваючы няшчыльна пакладзенымі дошкамі насцілу. Мужчынам быў надта мажным, ды і гад на ім цягнуў пуды на паўтара.

— Ну і абсёк пан палкоўнік яго! — хтосьці прамовіў з захапленнем.

Стэфан, убачыўшы, што Кацярына гэта чула, хітра ёй падміргнуў. А сябры яго апусцілі галовы, чакаючы з пашанай, покуль пройдзе жонка Садык-бея.

У трум яна не спяшалася і зрабіла выгляд, што разглядвае лісты пальмы. У хвілёвай цішыні пачула, як за ёю нехта кінуў:

— Адвязалі цябе, і радуйся, дурню!

Рыцары падхапілі:

— Ага, бы той конь, што хваліўся другому: «Гаспадар мяне распрог і путае ўжо — значыць, на свабоду зараз выпусціць за плот».

— Спутаным.

— Пашчыпаць траўкі на выгане.

— І камароў пакарміць.

— Аж да раніцы.

— Ведаючы, што ў такім стане ўцякаць не будзеш.

— Вылез чорт з балота, пайшоў бы ў вёску на вяселле, ды папа з крыжам страшна!

Нехта ўздыхнуў:

— Мы заўсёды чагосьці баімся. Нашаму беларусу-бацвінніку спутанаму — не прывыкаць.

— На гэта мы здольныя — цярпець ды маўчаць!

— Замест таго каб узбрыкнуць.

— Ды з гаспадаром пацягацца.

— А карысці з такога цягання многа? Каза з ваўком цягаліся, адны капыты засталіся!

— Халера, хто нас толькі не путаў, хто па нас не ездзіў! І менавіта крывёю такіх дурняў Карона заўсёды ваенныя пажары пасылала гасіць.

— А парадку ў ёй не было і няма!

— Толькі ў той краіне дабро і лад, дзе клопаты аднолькавыя — у караля і яго падданых. А ў нас? Усё якраз наадварот.

— Гаспадара няма.

— І не хутка, мабыць, будзе.

Жылі яны далёка ад роднага краю, але пра тое, што тварылася ў ім, ведалі дакладна ад палонных і бранак, якіх увесь час прыбывала і прыбывала. Падзеі на Радзіме чамусьці за морам усіх палонных хвалявалі куды мацней. Не дзіва, што цяпер, маючы аказію, землякі пра іх горача загаварылі.

— Панове, кароль Ян Казімір правіць яшчэ замала, каб даваць яму канчатковы вердыкт!

Увесь наструнены, як цеціва, Стэфан катэгарычна заявіў:

— І на выбарах урачыста шлюбаваў сваім падданым, як шлюбавалі ў час элекцыі мы яму! Зрэшты, кароль — толькі сімвал для нас! Вы думаеце, у французаў лепшы? А ў маскалёў?.. Памазанец божы, якога мы хоць і не любім, сцягвае нас да купы, а гэта дадае нам сілы! Той наносіць шкоду Кароне, Літве і Жмудзі, разбурае фундамент нашай Рэчы Паспалітай, хто зараз займаецца ачарненнем Яна Казіміра, замест таго каб глядзець у будучыню! Не дыспутамі, якія нічога не даюць, займацца нам трэба!

Стэфан меў нейкі сур’ёзны намер. Быў увесь рашучы і наструнены. Зыркнуў на бакі, пераканаўся, ці не падслухвае хто, аб’явіў:

— Панове рыцары, слухайце ўважліва, што вам тут скажу я — найстаршы па званні! Праз хвіліну — уцякаем!

У мужчын выцягнуліся твары. Ваўкавата азірнуліся ў бакі і яны.

Стэфан давай іх пераконваць:

— Альбо зробім гэта зараз і станем вольнымі, альбо застанёмся тут гэтак во спутанымі ды загінем марна на чужбіне, не пакінуўшы нават слядоў!

Кацярына ўскочыла ў трум, прыпала да акенца ды ўся ператварылася ў слых.

— Настаў той самы шанц! Толькі цяпер можам вызваліцца! Варункі стварыла самое Неба! Ахова зараз малая — бей на бераг забраў галоўныя сілы! Гэтых васьмярых гаўрыкаў пераб’ём, перасячэм канат з якарам і з суднам — ходу!

Усю гэтую сямёрку Кацярына ўжо менш-больш ведала. Як і Стэфан, былі яны з гарадзенскіх харугваў і нават у адным баі трапілі туркам у лапы. У палоне стараліся як маглі быць разам, дапамагаць адзін аднаму, што іх і ратавала.

Толькі Валковіч лічыўся амаль палякам. Астатнія беларусіны яшчэ з праваслаўя не паперахрышчваліся і нават не ўмелі добра гутарыць па-польску. Каб не калечыць мовы, часамі гаварылі па-латыні, якой, як усе рыцары на службе караля, валодалі выдатна.

Кожны з іх прайшоў агні і воды, даўна стаў бывалым чалавекам — поўным ведаў і вопыту. Кацярына вельмі паважала землякоў — сяброў па няшчасці. Пішучы ў кляштары свае ўспаміны, яна адкрыла страшную несправядлівасць.

Чаму па ўсіх наднёманскіх кляштарах ды манастырах хранікёры заносяць старанна ў кніжкі кожны прыезд у Гародню караля, князя ці іншага вяльможы, запісваюць нават цану на сена ды авёс, пародзістых кабыл, ганчакоў, шаблі і панцыры, а пра гэткіх асоб, з якіх кожная перажыла і бачыла столькі, што нават дзесяцярым каралям не снілася,— ні слоўца.

Ужо сама не ведала, як дагэтуль магла існаваць без сваіх ліцвінаў. Ёй надта хацелася, і ў паперах яна сына прасіла, каб ён збольшага хоць запамятаў тых слаўных вояў, што выбавілі яго мамуську з пекла. Каб памянуў іх сяды-тады добрым словам, калі ж загляне ў царкву ці касцёл, каб абавязкова памаліўся за наступных:

Лаўрэна Барысевіча з вёсачкі Прынямонь, што ляжыць каля самага Нёмана. Прайшоў агні, воды і медныя трубы, а потым у Італіі, беднага, падкасіла звычайная чума.

Грышка Багдановіча з Індуры. Калі потым ноччу на судне нёс варту, пачуў песню русалак. Скочыў, дзівак, да красунь у ваду, і болей яго ніхто не бачыў.

Міколу Гуза з Сапацкіні. Рыцар гэты даваў зарок есці, піць, спаць толькі стоячы і суровы зарок выконваў да самага палону на працягу двух гадоў, а з-за таго, бо пакрыўдзіў нейкую жанчыну. Худы, высокі, жылісты летуценнік. З-за пальмы Кацярына падслухала, як ноччу выліваў сябру свае адчуванні:

— Толькі на вайне моцна так любяць, не? Любіш да плачу. Калі бачыш, што змагаешся за незалежную справу, а вакол цябе б’ецца родная кроў, ці ж ты можаш устрымацца ад слёз умілення, не? Тады — да плачу любіш!

«Не» вымаўляючы як «нэ»,— ад немцаў пераняў звычку сапацкінец, няйначай.

— ...Глыбокае, салодкае пачуццё жаласлівай самаахвярнасці тады напаўняе тваё сэрца, калі бачыш друга, які падставіў варожым пікам, шаблям ці стрэлам сваё цела, каб споўнілася воля Усявышняга, не? І ты ўжо гатовы з ім пайсці на смерць. Калі ж застанешся жыць, не пакінеш яго ніколі! Тады табе вядома такое пачуццё захаплення і ўдзячнасці, якога не можа ўявіць сабе той, хто не спазнае сам, бо яго не перадаць ніякімі словамі, не? Ты ўваходзіш у такую сілу і акрыленасць, што забываеш нават, дзе знаходзішся, не?

Гуз Мікалай, дзякуй старанням Царыцы Нябеснай, вырваўся з няволі. Выплыў і з бурлівых хваляў, калі патанула потым нашае судна,— здавалася, уратаваны. Ад галадухі піў марскую ваду і зышоў крывёю каля самага берага. Кацярына потым усё збіралася распытаць рыцара, з-за якой жанчыны ён дзівачны зарок даваў не спаць у ложку,— так і не паспела.

Кацярына ў паперах яшчэ наказвала сыну запамятаць Ігната Жалну з Гудзявіч — мясціны, што прытаіліся ў лесе за Луннай. Калі магнітная гара каля Краснага мора выцягнула іхняе судна на скалы, з вады рыцар не выплыў.

Яшчэ яна для сына запісала Івана Знака з Гнойніцы — з вёсачкі ля самай Гародні. Знік тады разам з Жалною. Калі не патанулі, трапілі абодва, напэўна, у палон да тых самых туркаў, і адправілі рыцараў ворагі на галеры зноў.

Было ў той кампаніі і два харунжых: Лук’ян Кошачка з Гібуліч ды Хведар Грэсь са Свіслачы.

Абодвум рыцарам лёс спрыяў.

Першы вой быў высокі і мажны, з калматай грывай пышных валасоў на галаве, з шырокім ілбом, лапацістай барадой, кусцістымі выгаралымі брывамі ды шырокім насіскам. Але натура з чалавека бязлітасна насмяялася. Мабыць, нічога дурнейшага нельга было прыдумаць ёй, як такому льву называцца Кошачкай ды яшчэ мець тоненькі, пісклявы галасок.

Затое яго свіслачскі сябар — Хведар Грэсь — быў сухенькім і дробным, гаварыў басам, меў магутныя ды жорсткія, бы вусы ў майскага жука, бровы і валодаў вялікай сілай. Выпушчаная ім страла, казалі, прабівала ворагу панцыр яшчэ там, дзе ў іншых канчала свой палёт.

Кацярына сама бачыла, як Хведар з чаранка свежазламанай галіны выціскаў сок, бы з мокрай бялізны баба ваду.

Падрабязна так малявала яна ў сваіх паперах пра двух апошніх вояў, бо адно ім дадзена было Госпадам Богам Усемагутным і Светлазарнай Уладарыняй вярнуцца на радзіму ды атрымаць ад караля заслужаную ўзнагароду. Абодва, дзякуй Усявышняму, жылі яшчэ доўга, былі здаровымі ды рухавымі, а калі прыязджалі потым з жанкамі ў Гародню на кірмаш, пра яе ніколі не забывалі. Абавязкова заходзілі да Кацярыны ў кляштар з гасцінцамі, навінамі, а яна была вельмі рада.

Але вернемся да падзей на судне.

 

Змоўшчыкі

Так выйшла, што Кацярына падслухала, як Стэфан запрапанаваў сябрам уцякаць. Потым і дурню было зразумела,— прапанова правільная, а тады некаторыя пачалі яе аспрэчваць.

Па бляску вачэй і зубоў, па інтанацыі галасоў Кацярына цяпер дакладна разглядзела, што яны ўсе — зусім маладыя ды надта ж гарачыя. А над усіх — Стэфан.

Шчасце іхняе, туркі не разумелі, аб чым палонныя за раскладзістымі пальмамі ў вялізных кадушках так раптоўна зашапталіся і чаму ваўкавата азіраюцца.

Ворагі паводзілі сябе занадта неабачліва. Парушылі цвёрды закон заборцаў — ні ў якім выпадку не здымай адначасова ланцугоў з ног, якія належаць людзям адной веры, аднаго роду і племені, не пакідай іх адных, бо нявольнікі, напэўна, гэта выкарыстаюць і быць не абы-якой бядзе.

З-пад нахіленых галоў над скрыняй чуўся голас Івана Жалны:

— Пане Валковіч, што пан уздумаў?! Я, напрыклад, за Гудзявічамі плаваў толькі ў балейцы па яме, дзе каноплю мочаць! А было тое здарэнне, калі без парток бегаў, сабак ганяючы! Мы ж усе скончаныя сухапутнікі, абсалютна не ведаем навігацыі!

Жалне дапамог Кошачка.

— А мне даводзілася адно пераплываць Віслу, трымаючыся ў каня за хвост, калі ад сваіх канфедэратаў уцякалі! — прапішчэў ён.— І то — патануў бы, каб у апошні момант калегі з дапамогай не паспелі.

Загаварылі іншыя:

— Судна — не кляча, што запрог у аглоблі ды кіруй куды ўздумаў!

— Во-во! Судна пану не скакун, на якім усё ж такі можаш пераадолець вадзяную паласу! Перад намі — неаглядная марская даль без арыенціраў, па якіх дарогу вызначаюць!

— А яшчэ на моры трапляюцца чортавыя мясціны, знаўцы іх здалёк мінаюць! З-за рыбных касякоў кіль не можа прабіцца скрозь жывыя спіны! Мы ж мясцін такіх не ведаем, а спытацца, дзе, што і як, ні ў кога не зможаш!

— Бы ў нас чарцей на балоце, гэтак поўна сірэн і драконаў тут! Яны так і вартуюць на галеры! Уздымем надарэмна бунт — толькі сябе знявечым усіх адразу!

— А жыць покуль што можна!

Свіслачанскі Грэсь пакпіў:

— Во-во, у нашага братка беларуса заўсёды так — абы ціха! Навошта рызыкаваць і выхіляцца, бунтаваць навошта, праўда?!

Валковіч адразу падхапіў горкае прызнанне свіслачанца Грэся:

— Нягожа нам тут зараз рабіць разлікі! І нягожа здавацца нам, здаровым хлопам, загартаваным не ў адным баі! Сорам надзеяцца толькі на Усявышняга! Пане Лук’яне, зарыфіць касы ветразь на бушпрыце не зможам? Але ж — смех! Напэўна, здолеем паставіць любы! Я прыглядзеўся, як гэта робіць Мустафа, і на вум за два гады катаргі сабе ўзяў! Ведаю, як узнімаць, як правілам правіць, як астатняе ўсё рабіць!

У Стэфана вочы аж гарэлі:

— Навігацыя для нас невядомая? А для чаго галовы на плячах носім! Толькі набрацца рашучасці трэба, каб вырвацца на волю ды ўратаваць гонар!

— Я пратэстую! Сядзелі б на сваіх надзелах ды хадзілі б на паляванне на глушца, але, бачыце, караля ў Аршаве гонар таксама заеў! Аж з Індуры кароль папёр мяне на чортавае Падоле, якое я век не бачыў бы!

— Маеш пан рацыю! Палі нашыя пустуюць, а нас панесла нялёгкая чужыя землі таптаць, бо ўздумалася так нашым панам ляхам у Аршаве! Мы з крывічаў і яцвягаў, хочам жыць сваім розумам!

— З праваслаўнай веры смяюцца, абзываюць яе мужыцкай! Для дурняў яшчэ й уніяцкую прыдумалі, каб лепш абдурыць, бо ні ў грош не ставяць! А як прыпрэ, адразу пра нас успамінаюць, і эмісары ўжо па-русінску з намі гавораць!

— Тады ўспамінаюць, што гэтай мужыцкай верай жылі грэчаскія цары, імператары Канстанцінопаля ды апосталы на ёй прамовы свае пісалі!

— І з Госпадам Богам анёлы на царкоўнай мове гавораць!

— Як панове ў данай сітуацыі можаце гаварыць пра такое, траціць час на дробязныя разлікі?!

Валковічу супярэчылі ўжо не так упэўнена:

— Хіба, няпраўда?!

— Дурылі нас, як маленькіх...

Стэфан насцярожана азірнуўся яшчэ раз. Суцішана і цераз зубы загаварыў ужо з горкім папрокам:

— Адзін пень гарэў, а другі плечы грэў, а што было далей? Ведае кожны дурань — іскра ўпала ды з ім тое ж стала! Літва з Польшчай павязаныя адной вяровачкай яшчэ з часоў Ягелы! Таму мы і існуём, што разам трымаемся, і гэта трэба памятаць!

— Во-во! З тых часоў і спрабуюць нас перакаваць на свой лад, а мы самастойнасці, нарэшце, хочам!

— Ах, самастойнасці! Князю Вітаўту немцы свабоду давалі, і што? Пакаштаваўшы, адмахнуўся ад яе, як чорт ад кадзіла, бо пераканаўся — толькі згода ды еднасць нас ратуюць!

Стэфану дапамаглі:

— Таму і перамогу атрымалі пад Грунвальдам!

— Так ест! Настаў час і для нас дзейнічаць купай, панове, а ўсялякія саперацыі — смерць! Зрэшты, не збіраюся з вацьпанамі ўступаць у палітычныя дэбаты, бо не тое месца і час неадпаведні! Але ж зразумейце, панове, уцячы ад гэтых паганцаў патрабуе ад нас і самая элементарная чалавечая годнасць! Каб пан спытаў зараз у сваёй жонкі, сына таго, што вырасце, суседа, калі той з галавой, пачуў бы тое самае і ад іх!

Крыкуноў аргумент азадачыў.

Крыху ўсе памаўчалі, насцярожана азіраючыся. Зрабілі выгляд, бытта мяркуюць, як падступіцца да скрынь.

Загаварылі ўжо больш спакойна:

— Маеш, вацьпан, рацыю, годнасць гэтага патрабуе,— першым здаўся Гаўрылін.— Не гібець жа нам тут за вёсламі ў сваім гаўне, чакаючы, покуль карнавухі Мустафа з ласкі сваёй суне гнілы кавалак бараніны табе ў зубы і дасць хлябнуць перакіслага віна.

Ужо і Хведар Грэсь яго падтрымаў:

— А гэта, мабыць, тое самае, што гонар. Аднак слушна сказаў палкоўнік, ратавацца трэба, напэўна. Ды рабіць мусова гэта ўсім адразу. У гэтым, вядома, будзе рызыка, але ж рыцарская справа — рызыкаваць.

— Ратавацца і толькі ратавацца, але ж — як? Адным махам такое дрэва, куды нас завалаклі, не зваліш, можа выйсці звычайная авантура!

— Галоўнае — не спаць у шапку! І не ашукваць сябе пустой надзеяй! Памятайце, мы і тут — воі! Покуль пад Каронай, яе ворага будзем лічыць і сваім ворагам ды адпаведна сябе паводзіць!

Стэфан памаўчаў хвіліну, чакаючы, хто яшчэ што скажа. Пярэчанняў больш не было.

— Ну, адчуваю, вацьпаны ўжо перакананыя, як і я,— бярэмся за святую справу! Манархія наша абяскроўленая, выкупіць ніхто нас не зможа! Калі аб сабе не паклапоцімся самі, хто клапаціцца стане аб нас?

— Вядзі нас, вацьпан! — адказалі хорам.

— Згода! Але ад таварышаў-рыцараў патрабую для справы аднаго — пароль!

— Пароль! — зноў дружна адказалі яму.

— І яшчэ ад вас патрабую жалезнай дысцыпліны — ідзём на штурм! Не трусіць, брацца разам і адначасова — усе як адзін! Уважайце на мяне!

— Слухаемся! — шэсць чалавек яшчэ раз адказалі ў адзін голас.

— Да справы, наднёманскія воі, на святы ўчынак, разам, атлеты божыя!

Праз хвіліну землякі, вельмі насцярожаныя ды сабраныя, паскрыпваючы масніцамі, бытта бы з вялікай ахвотай насілі скрыні, крадком хрысціліся ды шапталі пацеры.

Некаторыя, таксама поўныя рашучасці, сабе пад нос зацягнулі гадзінкі, бо рыхтаваліся да не абыякога чыну, а фактычна — на смерць.

Чакалі толькі сігналу.

 

Бунт галернікаў

Кацярыне аж не верылася, што дагэтуль маўклівыя, як нямкі, аброслыя па самыя вочы ды з калматымі бародамі галернікі, ад якіх заўсёды непрыемна пахла, могуць гэтак перамяніцца. Што ж, яна не адзін раз пераконвалася,— толькі бяда і незвычайная сітуацыя даюць чалавеку поўную магчымасць раскрыцца па-сапраўднаму ды паказаць, на што хто здольны.

А на беразе па-ранейшаму ўсё было ціха і спакойна.

Паказаўся аб’ючаны вослік. Ушчаперыўшыся яму ў хвост, на базар валокся нейкі стары ў доўгім халаце.

Далей бабы на сабе валаклі кашы з садавінай.

Сцярвятнікі з белымі шыямі гэтаксама дзяўблі пакойнікаў, якія віселі на рэях пустога судна...

Каля збраёўні стаяў вартаўнік з заіржаўленым маскоўскім бердышам. Вартаўнік твар меў рассечаны праз левае вока, ад чаго яно было заўсёды прыжмураным і слязлівым. Затое правае здавалася бачыць кожнага нявольніка наскрозь. Але зараз ён задумана накручваў сабе завіток барады на палец ды глядзеў уніз.

Несучы з трума скрыню, Стэфан спачатку азірнуўся крадком, каб пераканацца, што ўся дружына з ім, тады бытта ненарокам выпусціў турку на ногі свой цяжар так, каб скрыня ўпала кантам. Вартаўнік з енкам схапіўся за пабітае месца ды затанцаваў на адной назе, як шалёны.

Рыцар яго ў гэты момант заштылетаваў.

З другога боку перагародкі поркаўся Мустафа. Пачуўшы праз сценку нейкі вэрхал, каб лепш разабрацца, ён да абрубка вуха прыставіў рострубам далонь. Багдановіч аглушыў яго ззаду кувалдай.

Галернікі адразу ўзброіліся. Дапамагаючы адзін аднаму, паздымалі з ног кайданы.

Пяцёра янычар нічога гэтага не бачылі. Усе бялявыя. Напэўна, з тых самых хлопчыкаў, якіх вывозілі ў кашах татары з Падоля. Але былі гэта ўжо закаранелыя ворагі — не ведалі да палонных літасці. Іхняя пяцёрка і далей спакойна разглядвала бераг, абапёршыся на поручні, заадно прыслухоўваліся да голасу боцмана з трума, дразніліся з ім ды смяяліся. Гарадзенцы напалі на янычар з тылу, перамяшаліся з туркамі, як кажуць воі, бы авёс з сечкай, і ўмомант ворагаў адолелі.

З трумаў выскачылі яшчэ шэсць туркаў — заспаных і ўстрывожаных, але і гэтых каго пасеклі, каго звязалі.

Доўга адбіваўся, лютаваў і аж пырскаў слінай боцман. Адолелі ды звязалі і яго.

— Пане харунжы, адсякай пан якар! — закрычаў разлютаваны Стэфан.— Унь сякера!

Свіслачанец з пляча ўдарыў сякерай па нацягнутым, як струна, якары ў месцы, дзе ён ляжаў на поручні, і судна ледзь прыкметна ўздрыганула.

Праз хвіліну ўсе ўбачылі, як перад імі паплыў прычал, бо дзьмуў лёгкі ветрык, а плошча бартоў была вялізнай.

— Гайда-а, пае-ехалі!

— Удало-ося!

— Гура-а!

— Эх, захлябніся душа — як файна ў баі-і!

Стэфан закрычаў:

— Спакойна, панове! Слухаць усім мяне — дысцыпліны1 патрабую жалезнай! Вызваліць з ланцугоў усіх астатніх славян!

Тады загадаў двум чалавекам лезці наверх ды апусціць ветразь.

Прынямонскі Барысевіч ды індурскі Багдановіч, як вавёркі, узлезлі на мачты, развязалі на рэях шнуркі і з тоўстага кітайскага шоўку ветразі пад уласнай цяжкасцю паляцелі ўніз, дасталі канцамі палубы — іх адразу замацавалі.

— Гатова! — узрадавана закрычаў Грэсь, завязваючы апошнюю вяроўку.

А на пустым беразе яшчэ не было відаць непакою, і гарадзенцам покуль што ўсё ўдавалася сапраўды. Апушчаныя ветразі ўмомант хапіла паветра, судна адразу нахілілася, яго ледзь прыкметна і памаленьку пачало адносіць ад прычала.

— Няўжо плывём?!

— Плывё-ём! Плывё-ём!!

— Гура-а!

Ад радасці ўсе аж скакалі.

Горай было з Кацярынай.

Ад свежых трупаў, відоку шабель, з якіх цюрком сцякала пунцовая кроў, ад саладкаватага і ліпкага, бы на бойні, паху крыві, у яе пачаліся рвоты.

Толькі на такія дробязі ніхто не звяртаў увагі. Землякі забыліся пра жанчыну ўвогуле. Паланянка не крыўдавала — мужчынам сапраўды было не да яе.

Гарадзенцы павялі рэй, што рабіць з палоннымі. Некаторыя прапанавалі ўсіх зараз жа перакалоць, але Стэфан не дазволіў.

— Адно тых, хто паранены і не можа трымаць вёсел,— закамандаваў.— Астатніх закаваць да галер — няхай цяпер яны папацеюць, панове, за нас!

— Так ест!

Зноў на палубе закіпела. Раздаліся крыкі, стогны, енкі ды некалькі хвілін панавала мітусня.

Не могучы аніяк супакоіцца, бушаваў, пакідаючы на дошках палубы, пунцовыя сляды, скрампаваны вяроўкамі і з разбітай галавой боцман Мустафа.

— Пане, палкоўнік, што рабіць з гэтым бугаём? Унь як, зараза, брыкаецца!

— Што пан сам прапануе?

— Халера, з гэтага д’ябла шуму многа, а шэрсці не настрыжэш ніякай!

— Тады навошта пытацца, што рабіць! Трэба хутчэй даць яму памерці! Вацьпан не дасць яму памерці зараз, то бычок гэты потым пану жыць не дасць, гарантую!

— Гэта праўда!

Стэфану дапамаглі астатнія:

— Канчай з ім!

— Здохлыя сабакі не кусаюцца!

Паляцела за борт, чмякнула ў ваду, што толькі пырскі раздаліся, і магутнае цела Мустафы.

Нашыя людзі ўжо цалкам пазбыліся страху, набылі ўжо сілы, акрыленасці і нават зухаватасці.

Задоўга да Кацярыны Мустафа на Цэйлоне набыў пітона Агу. Абвіўшыся кольцамі змяі ад пояса да галавы, боцман любіў страшыць падняволеных — падносіў маленькую галоўку гада да струхлелага весляра і загадваў яго гладзіць. Нявольнік адхіляўся з жахам. Боцман рагатаў, але не адставаў, покуль не дамагаўся свайго.

Зараз любімец Мустафы грэўся на канатах, звярнуўшыся ў тры баранкі, як здалося, абсалютна раўнадушны да таго, што адбывалася на судне. Барысевіч хапіў бусак, падскочыў да паласатай пачвары, падчапіў яе металёвым гакам, увесь напружыўся ды вываліў пакручаную, як сук старога дуба, Агу ў мора:

— І ты, паскуда, валяй за гаспадаром!

Гнойніцкі Іван Знак з трума сябру параіў:

— Шчэ папугайчыкаў боцману павыкідай з клетак — усё весялей яму там будзе!

Але клетак з птушкамі чапаць ужо не сталі. Толькі Знак Іван сарваў з галавы раменьчык, які прытрымліваў валасы, і кінуў у мора. Як па камандзе пазрывалі ды пакідалі ў ваду свае раменьчыкі астатнія. У ваду паляцелі і дзеравяныя грушы.

Разам з раскаванымі славянамі іх цяпер было чалавек з трыццаць — сіла значная.

 

1 Таксама даўняе слова.

Апошняе спатканне з нявенчаным мужам

Адно цяпер да берага прыляцеў з янычарамі ўжо без паланкіна Садык-бей і давай уцекачоў маліць, каб спыніліся. На судне рассмяяліся ды наставілі яму фігі.

Турак не здаваўся:

— Мая царыца прыгажунь, залатая Аідачка, затрымай гяўраў, я ім усё дарую, адно ўгавары іх стрымацца!

Яму нехта пракрычаў:

— Скура хутчэй вырасце на камені!

Бей не здаваўся:

— Ну, пажартавалі высокапастаўленыя воі, і хопіць! Выкінулі адчайную штуку, і годзе! Здорава вы гэта зрабілі, хвалю! Дзёрзкія ўчынкі таксама цаніць умею! Усемагутным Алахам клянуся, што ўсім дарую свабоду! Усіх да аднаго на волю адпушчу!

Індурскі Грышко Багдановіч, што гэтак нечакана для ўсіх потым скочыў да русалак, пакпіў:

— А ты, наш вялікі дабрадзей, уладар магутны і мудры абаронца, пакляніся яшчэ і тым голубам, які гарошыну з вуха Магамета выняў, калі прарок спаў пад пальмамі!

Рыцара адзін імам доўга рыхтаваў для прыняцця іслама, вой шмат чаго памятаў і цяпер выкладваў свае веды:

— Шчэ пакланіся гарбом свяшчэннага вярблюда, на якім ездзіць любіў!

Грышко, вядома, пракрычаў па-беларуску. Садык-бей зразумець нічога не мог і цягнуў сваё:

— Няхай аслепнуць мае дзеці і хай зараз жа паўміраюць! Хай майго ценю не стане на зямлі! Хай не стане касцей маіх продкаў, калі я вас ашукаю!

— Яшчэ давай, яшчэ!

— Клянуся на сваю душу і таго, хто яе ўдасканаліў!

— Ма-ала!

— Клянуся на вялікага Іскандэра, заваёўніка міру! На анёлаў усіх клянуся, якія выконваюць волю неба! На святых памочнікаў Алаха клянуся!

— А сваіх бараноў чаму не ўспамінаеш?

— Папугаяў з Агой, Мустафу?

— І яго адсечанае вуха?

— І яшчэ на хмары, што дождж прыносяць, пакляніся!

— Паслухайце!..

— Ага, плачаш ужо?

— Не прападзеш, чорт цябе не возьме — лічыльнікі захапіць здагадаўся!

— І жонак у цябе яшчэ багата!

— Ханам нашым клянуся!

— Слухаць цябе, пусты гарбуз, моташна!

— А хану, Іслам Герэю, брату Сонца і Месяца, сакратару Люцыпара, гаспадару Вялікай Арды ды вялікай Кіпчацкай правінцыі, сталіцы Крыма і Александрыйскаму казалупу і зладзюзе, жыццё якога і шчаслівае ўладанне існуе вечна, перадай ад паршывай сучкі з-пад Нёмана прывітанне!

— Султанам Магамедам клянуся табе, Аідачка!

— А тому ценю Бога на зямлі ды плюгаваму сабацы, які ўсё яшчэ валодае правінцыямі Грэцыі, Аравіі і Персіі, найсвяцейшаму князю ды разніку Халдзеі і Турцыі, лютаму кату Егіпту ды Дамашку, Сірыі ды Бейрута, вурдалаку Мултана і Трансільваніі перадай, што ён пустабрэх, свінячая морда і татарскі сагайдак, бы яго еўнухі! Нават бараны ў нас больш чалавечныя ды разумныя! Неўзабаве будзе ён свіней пасвіць!

— І яшчэ перадай свайму султану, што яму жадаем, каб з туркаў крыві столькі выцекла, як вады ў гэтым моры! І больш чаго сказалі б, але часу не маем, амін!

Чаго толькі воі ў добрым настроі не крычалі яшчэ, а бей усё не здаваўся. Араб упарта і распачліва з берага цвярдзіў:

— Клянуся ўсімі караблямі, якія барозняць мора, гарой Сіная клянуся, што ўсіх вас узнагароджу падарункамі і на радзіму зараз жа адпраўлю!

— Са скуры абадраўшы!

— Шчэ і пасоліш, скуру зняўшы!

— Га-га-га-га!

— Калі ж не паслухаецеся, султан пашле вояў на вас!

— Бяжы, дакладвай!

— І султану скажы: не сабраць яму столькі катлоў, каб накарміць тых салдат, што наш кароль на яго прывядзе!

— Га-га-га-га!

— Правам Алаха патрабую, каб ты, Аіда, судна зараз жа павярнула назад!

— Дохлы шчур, а думаеш, што леў!

— Так цябе збаімся і павернем, а як жа!

— Горла надарвеш!

— Крычы, крычы, пустая бочка заўша галосная!

— Кінь ты гэтых быдлякоў-інаверцаў! Калі не паслухаешся, падлінай і цябе зраблю! Будзеш і ты чарвей карміць каля дарогі, а шакалы косці твае развалакаць стануць!

— Злаві раней!

— Убачыш яе, як сваё вуха!

— Га-га-га-га!

І праўда, патрабаванні яго, роспач і пагрозы гучэлі надта ж пацешна.

Чаму не пасмяяцца з таго, што смешна?

І рыцары весяліліся, нібы раптам заразіліся такой хваробай.

 

Эйфарыя першай перамогі

За гэты час месцы семярых гарадзенцаў за вёсламі занялі новыя галернікі. Цяпер на лаўках апынуліся свежыя рукі, і галернікі набралі адпаведны рытм.

Разгорнутыя ўжо два ветразі глытнулі як след ветрыка, і судна ад прычала пачало аддаляцца шпарчэй — напружанасць сярод уцекачоў пачала спадаць.

На палубах стала больш дзелавітасці, кожны гарэў вялікай прагай перамогі і ўсё тым жа самым азартам адчування атрыманай нечакана волі.

Прыбегшы з Садык-беем, янычары пальнулі з ручніц і цалкам ахунулі сябе парахавым дымам, а смурод спаленай серы данесла аж да гродзенцаў. Стала выразна чуваць, як некалькі кулек гулка, бы ў барабан, ударылі волавам у борт, і гэта выклікала ў нашых новую хвалю рогату — вораг паліў пану Богу ў вокны.

Аддаліліся яны ад ворагаў на тры палёты стралы, і нават мушкеты цяпер рабіліся ім нястрашныя. Над імі плыла чарада вясёлых хмарак, бы летнім днём дзе-небудзь каля Нёмана, і дадавала сілы яшчэ болей.

За гэты час Кацярына паспела ўжо нахлябацца з вядра вады, цалкам прыйшла ў сябе ды памалу асвоілася. Азарт паступова ахапіў і яе. Хоць не пераставала шаптаць да Прачыстай Дзевы малітвы, але сачыла за кожным рухам на судне, лавіла кожнае слова ці выкрык ды пераможна сачыла за берагам.

Лагодным ветрыкам іх чамусьці зноў панесла ўздоўж прычалаў па спакойнай, лазуровай тафлі вады. Яна кажнюткай сваёй жылкай адчувала — Стэфан стаіць высока над ёю, стараецца разабрацца, як правіць належным чынам штурвалам — удвух з індурцам дужаліся з вялізнай бэлькай-правілам, а яе варочаць пад сілу хіба што мядзведзю. У думках маліла Бога і Усемагутную Уладарыню, каб Нябесныя Сілы рыцарам моцы дадалі і вытрымкі.

У якісьці момант стала відаць, як да судна з павешанымі на рэях матросамі ляцяць на злом галавы фігуркі людзей, а з трупаў неахвотна ўзнімаюцца груганы з голымі шыямі.

Нашыя закрычалі:

— Гнацца за намі хочуць!

— Нічога ў іх не атрыма-аецца!

— Праспа-алі, туркі!

— Го-одзе!

— Эх, пальнуць бы з гарматкі па гэтых — «лепшых тварэннях ісламу» адгэтуль!

— Спакойна, панове! — пачуўся зверху голас Стэфана.— І без нашай гарматы ў іх нічога не выйдзе! Покуль адвяжуць лодкі і дабяруцца да судна, покуль паднімуць якар, разбяруць вёслы ды паставяць ветразі, будзем далёка! Нам зараз адное — не збаўляць тэмпу!

— Слушнасць мае вацьпан!

— Націскай на вёслы, хто свабодны, атлеты божыя!

— Слухаем, палкоўнік!

— У імя айца, і сына, і святага духа, узялі!

Поўныя напружанасці але і без перашкод некалькі хвілін яны сунуліся ўздоўж берага, сяк-так абмінаючы мелі. Рыцары дадавалі адны адным адвагі кпінамі:

— Не спаць на мосціку!

— А пан чаго трасецца, бы той колас на ветры?

— Фебра ў мяне.

— У такую спёку?

— Янычар, зараза, нажом пырнуў!

— Глыбока?

— Ну. І гарачка ў мяне ад гэтага.

— Прыткні, пан, халоднае жалеза, бо лепш гарэць на гэтым свеце, чым на тым,— ратуйся пан!

— Дзе ж халоднае тут узяць — сонца напаліла!

— Зямлі прыкладзі, вацьпан!

— На моры яе знойдзеш?

— А ў кадушцы? Зараз пану я перакулю пальму, залезеш у пясок па шыю!

— Гэта — можна!..

З-за апошніх будынкаў на мысе выскачыў камандзір янычар. Раптоўна асадзіўшы паджарай масці каня, падняў яго на дыбы. Сонца аж гарэла ў афіцэра на латах, блішчэла на жалезных наканечніках і прылобку, а ў каня над лысінкай тырчэлі чуйныя вушкі.

Афіцэр шпагай паказаў сваёй камандзе, куды станавіцца. Але — позна. Цяпер іх ніхто не баяўся, бо судна ўстойлівым курсам ішло ў адкрытае мора. З бакоў бухта ўсё больш пашыралася, марская даль перад імі блішчэла да рэзі ў вачах рознакаляровымі блікамі, але дыхала прыязным спакоем — бытта гарадзенцаў клікала, запрашала на сваё ўлонне.

Праз некалькі хвілін на капітанскім мосціку нехта здагадаўся зрабіць акаваную скрыню ды выграбці бярэма доўгіх, як трубачкі, прыладаў. Нашыя прабавалі ў штуковіны дзьмуць. Спрабавалі іх на зуб. Калупалі пазногцямі. Так і гэтак прыглядаліся, покуль не змікіцілі: у рукі ім трапілі французскія люнеты. Іх Садык-бей валок у Стамбул султанаваму войску — на поспех у гандлі імі і разлічваў Кацярынін турак.

Умомант усе трубачкі, хто быў свабодны, разабралі ды з цікавасцю пачалі разглядаць праз іх бераг.

Хтосьці піхнуў такую прыладзіну ў рукі і Кацярыне ды загадаў паўзірацца праз шкельца. Яна паднесла трубачку да вачэй і прыглядзелася.

Раптам Кацярына ўбачыла свайго Садык-бея яшчэ раз. З янычарамі ён мітусіўся па прыбярэжным пяску чамусьці дагары нагамі. І ўсе там гэтак дзіўна стаялі1.

Нават дрэвы глядзеліся кронамі ўніз. Бы пры ціхай вадзе ў ставочку адбіваецца другі бераг.

Калі ж Кацярына прызвычаілася да перавернутага адлюстравання, то выразна ўбачыла, як яе былы муж і валадар, падляцеўшы да сваіх вояў, то падаў перад імі на калені ў пясок, то біў сябе кулаком, то валасы рваў і трос у бок судна, а над чорнай фескай матляўся малінавы кутасік.

Што ж, з кожнай хвілінай больш і больш аддалялася ўсё яго багацце і прападала беспаваротна. Але Кацярына не шкадавала мужа ані крыху. Успомніла, як мяняючы нявольніц на бранзалеты, паводзіў сябе з сенегалкамі.

Трэцяя дзяўчына цалавала яму рукі і ногі, аблівалася слязьмі ды маліла, каб не разлучаў з сёстрамі, а ён бязлітасна паласаваў яе маладое цела бамбукавым кіем.

Нехта з глыбіні судна пракрычаў:

— Пане палкоўнік, але ж Садык-бей злы на нас — як напільнік на жалеза!

Стэфан з капітанскага мосціка кінуў:

— Дазваляю вацьпану цяпер і паспачуваць турку! Зараз — гэта няшкодна! І раю спаласнуць рукі — кроў на іх засохла!

— Бог не брыдзіцца крыві паганых.

— Воля вацьпана. А я ўсё ж такі памыў бы!

— Будзе зроблена, палкоўнік!

— Ну, цяпер ніхто не шкадуе, што ўсё гэта мы пачалі?

— Не-е!

— Давайце не будзем хваліцца, яшчэ можа быць усё!..

Бей з яго янычарамі больш нікога не цікавіў. Прыглядаліся да жанчын, якія мылі ўздоўж берага бялізну. Надта ж дзівіліся ды не маглі аніяк надзівіцца, што ўсе тыя кабеты стаяць ды ходзяць таксама дагары нагамі. Але скажы ты — от фокус! — спадніца ні ў адной не спадае, як ні прыглядайся!

Нарэшце настолькі аддаліліся ад берага, што нічога нельга было разабраць і ў люнету. Нават чайкі ад іх адсталі. У цішыні бяскрайняй прасторы грудзі ў гарадзенцаў ад радаснай перамогі аж распірала.

Радасць бязмерная патрабавала хоць якога-небудзь выйсця.

Фарбаў у каюце Садык-бея было поўна, і розных. За гэты час Мікола Гуз паспеў намаляваць на кавалках шоўку ды выставіць над мосцікам прапары: адзін з «Пагоняй» на бела-чырвона-белым фоне, а другі з арлом — на чырвоным.

Стэфан аглядзеў прапары ды раптам зацягнуў гімн, які рыцары Літвы і Кароны спявалі перад кожным боем з часоў Грунвальда.

 

Богуродзіцо, дзевіцо,

Богем славёна Марыя!

Твэго сына, господзіна,

Маці зволенна Марыя!

        Зышчы нам, спусьці нам,

        Кыр’я элейсон!

Твэго дзела хшысціцеля,

Божыца!

Слышы глосы пэлнэ мыслі чловечэ!

Даць рачы, якож просімы!

        Кыр’я элейсон!2

 

Такое штосьці Кацярына чула ўпершыню. Адразу сабе ўявіла, як прапрадзеды «па мячы» і па «кудзелі» ішлі пад Грунвальдам на крыжакоў. Паддалася агульнаму настрою і выразна адчула, як вырастаюць крылы і ў яе.

Для Кацярыны гэта былі самыя шчаслівыя хвіліны.

 

1 У першых падзорных трубках адлюстраванне было перавернутым.

2 Светлазарная Дзева Марыя!

Сына свайго, Дабрачынная Маці!

Дапамажы нам і адпусці!

Слава Усявышняму!

                Уладарная Радзіцелька святая!

                Пачуй людскія галасы,

                Поўныя просьбаў і мараў,

                I дай усё ім гэта,

                Слава Усявышняму! (Польск.)

Раздзел трэці

 

Выгляд старажытнага горада з акна кляштара

«Як Ты там маешся, сынок? Што ў Цябе зараз кепскае, што ў Цябе добрае?

Калі б даведацца, для мяне аднолькава важнае. Ад таго, што не магу каго-небудзь распытаць, мне невыносна баліць.

Колькі бо я тут, у нашым кляштары?

Ой, збілася з панталыку,— аніяк не дайсці да толку. Восем ці дзесяць гадоў. Мажліва, дзевяць...

Душа часта ва мне яшчэ бунтуе, але ж я далёка не тая, калі магла пайсці супроць усіх. Тут, воляй-няволяй, мушу бытаваць паводле прымаўкі: па людзях жыві, па ветры вый.

Пад купалам неба золак засцяць дымныя туманнасці.

З астаткаў пелены дасвечвае круглы, як пугачова вока, месяц. Між галін змрочна чарнеюць гнёзды гарадзенскіх галак, іх аніяк не зблытаеш з чужымі, а каля замкавай вежы ўжо шнуруе чагосьці кажан.

Днее, адным словам.

Рухомы мост апусцілі, і з замка па ім сані вязуць у дубовых калодах да могілак вояў, што паўміралі ад ран. Побач верхам скача капелан — добры прапаведнік. Толькі, калі пачне гаварыць, адразу і плача чамусьці, але ўсе з гэтым змірыліся — а як іншыя заікаюцца? Бачыш, мог бы ён калоды адправіць з чаляднікам, але ж — службісты надта. Старанна выконвае свой абавязак: быць з воямі пастыру да апошняй хвіліны.

Адчуваючы ўнутраную здаволенасць ад таго, што раблю дабро людзям і Хрысту, хаджу часамі з манашкамі ў замак даглядаць пакалечаных на вайне. Нашу ў мяшэчку серу ў парашку, каб раны пасыпаць, прасмажаны лямец і чыстыя стужкі кужалю для перавязак.

Ведала і гэтых, у калодах. Хадзілі з князем аж пад Смаленск, дзе маленькія вавёрачкі з хмараў сыплюцца, снег ад пакровы да вялікадня з палёў не сходзіць і ўвесь час ходзяць людзі ў вывернутых кажухах. .

З ваўкавыскай харугві загінуў там кожны дзесяты, а з нашых толькі гэтых пакалечыла. Аднаго рагацінай прапаролі, другому ў галаве страла завязла. Той, з прабітым бокам, яшчэ паспеў нам расказаць, як ноччу ў час паходу ўварваліся да князя ў палатку, паднялі вяльможу з ложка і давай за бараду тузаць, каб жолд выдаваў. Траслі датуль, покуль шэлегі не знайшліся.

Яшчэ чакаюць недзе жоны, мацяркі, а ў вояў ужо счэзла памяць бацькоў і свечкі быцця згаслі.

Царства нябеснае і вечны спакой іхнім душачкам дай Царыца Нябесная!

Пахавальная каманда дае дарогу чацвёрцы коней, якія на гару валакуць упаляванага зубра — князевай дружыне на харч. Што ж, людзей трэба карміць, а ў нашым замку стаіць цэлая харугвія.

За таўшчэзнымі мурамі, выкладзеныя сасновымі плошкамі — кругляком уніз — вулачкі і сонныя хаты, поўныя вояў. Адтуль далятае толькі брэх сабак ды пераклічка вартавых вояў, бо муры ўзвышаюцца высока і князеў гарадок ляжыць бытта ў калодзежы.

Галас далятае толькі з пасада. Там на Кажамяцкім, Ганчарным, Кушнерскім, Зброевым завулках — добры мурашнік майстроў кальчуг і шаломаў, бляхараў, наладчыкаў карэт і лукаў, краўцоў, кушняроў і жупаннікаў. Усе паўставалі, таму людскі гвалт вецярок заходні даносіць і адтуль.

Паджары лясны волат яшчэ не свежаваны — у санях не змяшчаецца. Выстае зад, ногі, капытцы з маленькіх і кароткіх ног ды злямчаны клін барады пад мыскай.

Трэба, мабыць, паслаць Яўхіма, шкуру зубра выкупіць. Усю падлогу закрые — ногі не будуць стыць.

Каб кабета не бурчэла, і нашай матушцы загадаю купіць такі самы — з другога завозу. Бы той казаў, няма ў нашым кляштары бога, акрамя ігуменшы і прарока яе Яўхіма,— залатвіць панамар умомант.

Ладна, цяпер крыху пагрэюся і — за работу, як учора, як кожны дзень — пішу, пішу, потым гляджу — не так. Перапісваю нанова, і калі трэба — па сем разоў.

Ах, як добра разгарэліся сасновыя дровы. Як запахла ў келлі смалой!

У зімовыя вечары, сынку, прысеўшы на дубовы чурбанчык, гадзінамі магу сядзець гэтак перад печкай, глядзець у жывыя агеньчыкі полымя, удыхаць пахі смалы ды распаленай гліны, а тварам, шыяй, рукамі, каленкамі адчуваць прыемнае цяпло ды ўспамінаць, успамінаць і ўспамінаць. У гэты час на месцы фіранкі лёгка свеціцца прарэз акна. У глухой цішыні ледзь чуваць анельскі хор малітвы, якую на хвалу Госпада Бога і Дзевы Марыі спяваюць нашыя. У печы бадзёра патрэскваюць дровы...

Чаго ў такія моманты ў душы не перавернеш!

Аднак хопіць, трэба і ўсё астатняе выкладваць на паперу. А куды падзела свае акуляры?

Ага, тут яны. Даўно ў мяне вывальваюцца з аправы. Сказаць мушу Яўхіму, каб занёс да майстра і адрамантаваў. Заўтра, каб не забыць, завяжу вузялок.

Свярбіць цела. Мушу схадзіць вечарам у лазню. Перад гэтым трэба на Сенным рынку купіць яек, каб перад лазняй жаўткамі пасмараваць валасы.

Другі вузялок завязваю, каб не забыцца пра рынак.

Як прызвычаілася ў арабаў да лазні, так без яе ўжо аніяк не магу. Яўхім справіў нам добрую, ды нашыя не надта прападаюць у ёй. Таксама ходзяць у лазню кожны тыдзень, але кашуль там не знімаюць...

Выводжу Табе, сынку, пра тое-сёе, можа, і не так, але ж для Цябе розніцы аніякай — усё роўна праўда. Ды от дзіва, пішу ў цяпле і дастатку, літары выводжу толькі трыма перстамі, а ноччу перад сном, ці Ты, сыне, паверыш, так усё цела ные, бытта цалюткі дзень ад Каложы да Замкавай вуліцы з агарода мяшкі капусты валачыла. І чаму так, каб хто сказаў?

Яшчэ адная боская таямніца.

Як далей уцякалі ад Садык-бея, добра памятаю, хоць потым столькі давялося перажыць новых жахаў, турбот і няўдач, што і сама сабе зараз не верыш — няўжо з табой, мілая, магло аж такое выдарыцца, няўжо ўсё тое перажыла?!

Ладна, бліжэй да справы».

 

Ашалелая стыхія

Судна гарадзенцы захапілі раніцой — толькі-толькі сонца набірала сілу. Пад вострымі, аднак ласкавымі промнямі, якія прабіваліся паміж хмарак, плылі яны цэлы дзень, і ніхто па дарозе ім не трапляўся, хоць Стэфан пасадзіў галерніка з люнетай на мачту выглядаць — у «бочку», як матросы тое месца чамусьці называюць, але Кацярына лічыла, больш было б справядлівым, калі б назвалі яго «бусліным гняздом».

Ноч для судна прайшла спакойна, толькі дабра не прынесла. Рыцары тады і пачулі сярод начы прывабныя песні тых самых сірэн. Але скочыў да іх у мора толькі індурскі Грышко Багдановіч — янычары, прыкаваныя да вёсел, бачылі тое скаканне дакладна.

Яшчэ янычары гарадзенцаў дружна папярэдзілі — сірэны вабілі недарэмна, і калі ўцекачы зараз жа не павернуць назад, быць вялікай бядзе.

Так яно і атрымалася — лічыць Кацярына. А яны, дурні, не паверылі. Хітрыя туркі, маўляў, ашукваюць, бо аб свае шкуры дбаюць.

Пад вечар другога дня аднекуль з’явіліся рваныя хмары і мокры вецер, на моры ўзняліся валы, а судна пад вагой цяжкіх удараў хваль стала трэсціся, бы лупінка.

— Так, так, надвор’е не мёд — чарцям у такі час толькі нараджацца! — як мага спакайней, каб яго каманда не панікавала, сказаў Стэфан.

І загадаў спусціць ветразі. Іх сяк-так звярнулі, але на здзіўленне, гэта не дапамагло. Гарадзенцаў усё роўна пачало гойдаць. Яшчэ і кідала ды ставіла судна грудзьмі супроць хваль, то кармой, але і гэта яшчэ была не бяда.

Неўзабаве стала іх паварочваць да хваль то адным бокам, то другім. Судна ўжо кідала, бы бездапаможнае карыта. Вадзяныя глыбы з цяжкім грукатам разбіваліся аб барты, і людзей абдавала салёнымі пырскамі, збіваючы з ног.

Нечакана перад імі штосьці паказалася. Бытта на Ніле паказаліся мокрыя спіны бегемотаў ды перагарадзілі ім дарогу. А гэта былі вялізныя, аблізаныя хвалямі валуны. Судна ляцела проста на іх, бытта цягнулі яго туды вяроўкамі.

Рыцары насцярожыліся.

Ад першага ўдару на судне ўсё перамяшалася і ўзнікла неразбярыха. Закаваныя янычары маглі вызваліцца ад вёсел і бунтароў перарэзаць. Таму ўсіх вольных Стэфан папёр на палубу, загадаўшы добра ўзброіцца. Падбадзёрыў:

— Трымацца там, панове! І памятайце, на моры пры такіх умовах нават яшчэ ваююць ды атрымліваюць перамогу, ад нас жа патрабуецца толькі — утрымацца на плаве!

Але неўзабаве і гэтых людзей давялося вярнуць, каб адусюль выліваць ваду.

Ото ж была работа! Хто вычэрпваў яе вёдрамі, хто бочачкай, хто выліваў шаломам ці міскай, а рыцар Гуз Мікалай вычэрпваў нават ботам.

Старанні былі надарэмныя.

Да ўсяго наляцелі нізкія дажджавыя хмары. Узнялася ўжо віхура, а рэзкія і пякучыя зігзагі вогністых маланак густа ўспаролі ўсё неба. Як узвар’яцеўшы, бура гэтак стагнала і раўла, што не стала чуваць і вадзяных валоў. Гарадзенцаў толькі сляпілі бліскавіцы ды па тварах іх секлі вострыя кроплі.

Кацярына яшчэ ніколі не чула, ніколі не бачыла, каб аж так білі перуны ды мільгалі да рэзі ў вачах маланкі. Яна добра ведала — маланка ў час буры страляе зусім не ў чалавека, а ў нячысціка, які ў той момант за цябе хаваецца, але ж колькі трапляе так памылкова ў людзей, бо і Пярун — тая самая нячыстая сіла, толькі пасланая Богам, смаліць не надта разбіраючыся.

Тады магнітная гара і пацягнула судна на скалы.

Калі іхнюю чаропку хвалі загойдалі і яна затрашчала, бы скарлупіна ад арэха пад коламі, з Кацярыны так пачало рваць, што яна думала — нутро выверне.

— Багародзіца Дзева Марыя, Царыца Нябесная, не дай мне загінуць, ты ж сама бачыла, колькі я выцерпела, сына выглядаючы! — ускрыкнула яна, упала на калені ды пачала абяцаць Усявышняму, калі застанецца пасля гэтага пякельнага землятрусу жывой-здаровай, абавязкова павесіць на ікону Прачыстай Нявесце ў гарадзенскім кляштары сярэбранае сэрца. Самае вялікае, якое толькі знойдзе ў майстроў.

І Мацер Божая над ёю бытта бы і праўда неўзабаве злітавалася. Бо калі заматалася хусткамі з галавой, каб нічога не чуць, не бачыць і ні пра што не ведаць, нават забылася на дошках у якойсьці цягучай дрымоце. Мабыць, ад перапалоху.

Апамяталася чамусьці ў каюце Садык-бея, хоць сама ў яе — ведала напэўна — не заходзіла. Але галавы ламаць над загадкай не было калі.

Прачнулася там ад страшэннага трэску, скрыгату, мітусні ды якогасьці злоснага сыку ашалелых вадзяных вадападаў скрозь шчыліны ў сценках і падлозе, шыпення пены і адразу зразумела — навісла новая бяда над імі.

Не паспела нават выскачыць на палубу, як судна раптоўна развалілася, бытта склеенае з гнілых ражноў. Дошкі аселі, пад ёй разышліся. Кацярына некуды правалілася. Плюхнула хваля, забіла дых, засціла вочы, і яна апынулася ў вадзяной купелі.

 

Пасля буры

Як яна потым хапілася за бервяно ды яшчэ ўспаўзла нават на нейкі плыт і адкуль той плыт перад ёй узяўся, сказаць потым не магла, але хацелася верыць — з-за яе малітваў да святой Багародзіцы плыт той падагнала ў час, учапіцца надавуміла і спрыту дадала Прачыстая Дзева Марыя.

Колькі плыла пад дажджом, таксама сказаць не здолела б. Адно запала ў душу, як выбілася з сілы.

Яшчэ цьмяна прыпамінала, як, учапіўшыся за самую тоўстую бэльку, плыла, бажылася ды клялася апісаць таму самаму кляштару нават палавіну сваёй зямлі, калі Прачыстая Багародзіца будзе ласкава выратаваць яе і на гэты раз.

Вісела на бэльцы доўга. Потым прыпамінала, што мільганула тады ў яе нават думка,— калі загіне на тым бервяне, то хоць не ўпусціць трэба той самы момант, як пачне з быцця зямнога пераходзіць у вечнае. Але адбылося ўсё крыху прасцей.

Яна раптам правалілася зноў у якуюсьці змрочную ды сырую яму, і для яе ўсё астатняе як бы перастала існаваць.

Добра запомнілася, як потым бытта прачнулася з якогасьці доўгага сну ці кароткай смерці. Бокам стала паступова адчуваць мулкасць ад дрэва ды радасць, што жыве, што жыць будзе, што мае недзе нават маму, тату і сына.

У гэты якраз момант высока над ёй, бытта на хмары, з’явіўся раптам Стэфан. Нібы цераз сон, бытта скрозь слой вады пачула, як мужчыны са шкадаваннем разважалі:

— Ледзьве зіпае.

— Аднак — жывая, здаецца.

— Хоць і калоціцца ад холаду.

— Ці страху.

— Абвяла зусім.

Стэфан над ёю нахіліўся ды назваў яе так, як на Гарадзеншчыне звярталіся адны да адных яшчэ нядаўна ўсе шляхотныя людзі:

— Спадарыня, прачніцеся!

— Спадарыня, вы ўратаваныя!

З-за нейкай абыякавасці і бяссілля яна не адказвала. Ёй не хацелася адказваць.

— Спадарыня Кацярына!

— Яшчэ не чуе.

— Нічога. Паступова прыйдзе ў сябе!

— І чаго так аслабла? Мы ж яе адразу на плыт выкінулі — абсыхай, бабо!

— Розныя мы па гарту!

— Колькі ёй трэба!

— Кабыле брод, а курыцы патоп!

А ў позірках мужчын яна прачытала зняважлівасць да дробязнай небяспекі, з-за чаго аж так скісла.

Стэфан разважыў:

— Так і не так, спадары. Бездапаможнай курыцай здаецца на першы погляд. Гэтая істота можа збаяцца крыві, абамлець, але яна таіць у сабе вялікую ўпартасць, невідочную і ціхую сілу, міласэрнае сэрца!

Ох, як прыемна было такое чуць!

Толькі цяпер спахапілася — ад холаду ў яе зуб на зуб не трапляе. Але ўсё было няважным. Яе пахваліў той, хто сярод рыцараў быў найбольш учынным, адважным, разумным, і гэта было для яе найвялікшая ўзнагарода.

— Ну, асцярожна, бярэм!

Стэфан з мужчынамі яе, ссінелую, абвялую, хапілі за рукі, ногі ды валасы. Хвіліну патрымалі гэтак носам уніз ды патраслі, каб адусюль вада з яе вылілася. Затым беражліва перанеслі ў вялізную лодку з надта узнятым носам і кармой, ад чаго яна здавалася вельмі няўклюднай. У Александрыі па Ніле ходзяць лодкі такія. Кацярына на іх наглядзелася.

Убачыўшы, што яна расплюшчыла вочы, рыцар пацешыў:

— Усё, дарагая спадарыня! Выпадак з магнітнымі горамі, лічыце,— апошні ўдар капытом мула, які здыхаў. Паскуда акалеў нарэшце, хвала Усявышняму, і цяпер здаецца, мы ўратаваныя — цьфу, цьфу, цьфу, спадары, пастукаем, на ўсялякі выпадак, касцяшкамі пальцаў па дрэве. Толькі ж, пся крэў, надта мала нас засталося ў гэтай лодцы. Зараз палічым — адзін, два, тры...

Успомніў, колькі ўратавалася на другой і трэцяй лодках. Гаварыў штосьці яшчэ, але яна не слухала. Ёй раптам на душы зрабілася хораша-хораша.

Праз хвіліну яна ўзмацнела так, што ўжо сама, без дапамогі, выгодней уляглася на дне дошкі. Мора відочна супакоілася. Хвалі былі ўжо не страшныя — кацілі хоць і панура, але без надзеі, без той злосці і як бы пад прымусам.

Ляжала яна побач з распісанымі адмысловай інкрустацыяй куфэркамі ды пугіналамі Садык-бея з золатам. Сярод мяшкоў з харчамі валяліся ды выплёўвалі з сябе марскую ваду — Лаўрэн Барысевіч з Прынямоння, Мікалай Гуз з Сапацкіні, Лук’ян Гаўрылавіч з Гібуліч, а са Свіслачы — Хведар Грэсь.

Добра яшчэ памятала, як нястомны Стэфан на іх накрычаў:

— Бабы вы, прошэн панства! Канчай займацца глупствам — дома будзеце дасыпаць ды вылежвацца!

Але сябры заставаліся ляжаць. Толькі Гуз Мікалай слабым голасам прамовіў:

— Нашрайбаваць бы запіску ды з бутэлькай пусціць па моры, людзі хоць даведаліся б пра нас, не?

Стэфан падаць духам не даваў:

— Такія паперкі ў залякаваных бутэльках выкідваюць толькі тыя, хто гіне і не мае ратунку, а мы — уратаваныя! Да работы, панове! Усім брацца за вёслы, бо не адолела нас магнітная гара, то лодку хвалі перакуляць, калі ёй сталы кірунак не будзем даваць! Пане харунжы, прашу, вазьміце люнэту і пазірайце час ад часу на мора! Уважліва прыглядайцеся! Не можа быць, каб усе тры лодкі так раскідала, што адзін аднаго не знойдзем!

— Слухаю, пан палкоўнік!

Неяк выйшла само сабой, сябры гэтае званне надалі Стэфану, і ён не пярэчыў.

 

Разважанні паланянкі пра боскую мудрасць

Што было праз паўдня, апісваць Кацярына не бралася, бо нічога не магла ўспомніць, хоць і напружвала памяць. Толькі выразна ўбачыла, што мора менш-больш супакоілася і пад яго праменнямі заблішчэлі хрыбты лагодных хваляў. А хутка сонца нават абагрэла, і яна ў кампаніі сваіх верных землякоў адчувала сябе шчаслівай.

Адышоўшы ад цягучай дрымоты, прыслухалася.

Ва ўключынах рытмічна паскрыпвалі вёслы. Гібулічскі Гаўрылін услых ляніва меркаваў — як размнажаюцца сірэны, таксама з ікрынак? Калі б такой ікры прывезці ў індурскія ставы, прыжыліся б? А чым тады русалак лавіць? Прывёў бы дадому такую хвастатую, з ёю яшчэ пяць меншых такіх самых з хвосцікамі, ну ж і раззявілі б бабы раты, і гаварыць мелі б аб чым!

Мужчыны адразу падхапілі:

— Фо, прыдумаў жа вацьпан! Яшчэ не хапала, каб такое паскудства і ў нас завялося — не дай божа!

— Не бойся, пан, не завядзецца. Русалкі могуць жыць толькі ў салёнай вадзе!

— А ў нас яна з тарфяным настоем. Мо ім якраз і спадабалася б!

— О-о, гэтага дабра ў нас да халеры — тарфяныя балоты ды багна!

— А дзе сушэй — пяскі ды камяніца!

— Я не раз думаў, як нашым людзям удаецца на такой зямлі выжыць?

Азваўся Барысевіч Лаўрэн:

— На гэта здольны толькі беларусы. Кажуць, калі Бог аддзяліў ваду ад сушы, насяліў свет і сеў пад смакаўніцу прыдумваць назвы рыб, птушак і звяроў, да яго прыімчаў запыханы архангел ды выпаліў:

«Пане Божа, над Нёманам Ты недаглядзеў і пакінуў усё, як было да стварэння Свету: камарыльню, крэкаць, валуны ды хмызнякі, хто ж там цяпер жыць зможа?»

А Госпаду якраз лень было ляцець туды ды разбірацца. Ён архангелу і аб’явіў:

— Нічога, братка, не хвалюйся. Пашлі туды беларусаў. Яны выжывуць там, яшчэ і дзяцей нараджаць стануць, каралям ды князям падаткі плаціць змогуць ды розным рабаўнікам пажыву давацімуць не малую».

— Так яно і выйшла.

Лаўрэнаву байку падхапіў гібулічскі Гаўрылін:

— А ведаеце, што было далей? Першы, хто трапіў беларусам на вочы ў новым месцы, быў чорт. Тыя надта ўзрадаваліся, што ім бытаваць у крэкаці і камарыльні не адным, і спыталіся:

«Ты заўсёды тут сядзіш ці выпадкова трапіў?»

«А вы?!» — агрызнуўся чорт.

«Нас Гасподзь Бог паслаў сюды пры Стварэнні Свету».

Чорт палагоднеў і прызнаўся:

«А я шмат дзе пракалясіў, покуль не асеў тут, у балоце. Думаў, вы праганяць мяне з’явіліся».

«Ладна, мы беларусы, людзі лагодныя і памяркоўныя, жыві сабе, хопіць месца і нам!»

— З той пары людзі нашыя і бытуюць побач з нячысцікамі і нават ладзяць.

— Яшчэ і дзяцей разам хрысцяць!

— А да іншага дзядзькі прыглядзіся, не разбярэш, хто ён. Рукі, бы капыты. Увесь аброслы. Толькі рогі не тырчаць!

Нехта з палёгкай уздыхнуў:

— Хвала богу, лічыце — уратаваныя!

Думку падхапілі:

— Вось-вось бераг пакажацца!

— Толькі б не турэцкі зноў!

— Ага. Хай жывуць на ім тыя самыя чэрці нават, абы не гэтыя бусурмане!

— Будзе крыўдна, калі яшчэ раз трапім да іх у лапы!

— Скуру з нас з-злу-упяць і на плот павесяць!

— Яшчэ і раны пасоляць!

— Не для гэтага Усявышні выбавіў нас з галер!

— Не ведаю, як хто, а я душой у сваім доме. Вітаюся з жонкай, дзецьмі!

— І я. Каб толькі ў іх было ўсё ў парадку — вось пра што трывожуся! Нават сабе запланаваў, калі выйдзем на бераг, пасланца адправіць на радзіму!

— Каб не атрымалася так, спадару Лаўрэне, бы ў той байцы. У нас адпаведнюю гісторыю апавядаюць. Толькі, цур, няхай гэта будзе не пра пана сказана, цьфу, цьфу! Паслухайце, спадары.

Вырваўся з палону адзін рыцар і ўжо не мог ісці ад слабасці, таму спыніўся ў знаёмага шляхціца. Наказаў дадому, каб за ім прыехалі. Чакае сабе ў выгодзе, далечвае раны, ад’ядаецца і ўяўляе ўжо сабе, як стане дома раскашавацца.

Нарэшце прыязджае па яго чаляднік — маламоўны, пануры дзяцюк. Рыцар першым чынам пытаецца:

«Што новага?»

«Нічога»,— бомкае той.

«Ну-у, за толькі часу і — нічога? Не паверу!»

«Ножык, халера на яго, зламаўся, а так — ніц».

Рыцар грэбліва паўзіраўся на недарэку ды палез у фуру. Уладкаваўся сяк-так у саломе, едуць. Ужо засынаючы, пытаецца яшчэ раз:

«А як жа ты нажа зламаў?»

«Шкуру з вашага дэраша здымаў, і лязо паляцела»,— зноў абыякава бубніць парабак.

Рыцар устрапянуўся:

«Што, мой дэраш, мой лепшы конь загінуў?»

«Угу».

«Ад чаго?!»

«Ад пажару. Не хацеў ніяк выходзіць з агню і задыхнуўся. Мусілі дарэзаць, каб астатнія паслухаліся».

«Ты што, стайня згарэла?!» — жахнуўся ваяр.

«Ага».

«Я-ак?!»

«Быў вецер. Іскры сыпанулі з палаца і запалілі».

«То і палац гарэў?»

«Але».

«Мо і згарэў?»

«Ляснуў, пане, адно печы абсмоленыя тырчаць».

«Не можа быць!»

«Так, пане».

«Якім чынам?»

«Ад пакойніцы. Ваша пані ляжала ў велькім пакоі, а вакол яе гарэлі свечкі. Ноччу псаломшчык заснуў каля яе з псалтыром у руках, а вокны былі адчыненыя. Вецер дзьмухнуў ды запаліў фіранку. Ад свечкі. Усё і пайшло тады...»

«То і жонка мая памерла?!» — усхапіўся з саломы рыцар.

«А так, прошу пана. Нарабілася там да халеры. Але ў мяне адна навіна — ножык зламаўся».

Мужчыны стрымана пасмяяліся.

Ад гэтай свецкай балбатні, ад напамінанняў пра родныя мясціны Кацярына прачнулася ад замрачэння канчаткова.

Астатніх дзвюх лодак яны так і не спаткалі. Нават страцілі надзею ўбачыць іх, таму перасталі выглядаць.

Кацярыне далі паесці, і яна аджыла яшчэ больш. Пачала нават захапляцца відам мора, бытта ўпершыню яго ўбачыўшы. Зрэшты, так яно было і на самай справе. Бо зараз глядзела на мора вольным чалавекам.

Яно здалося казачным. Кацярына, хоць у яе для гэтага не было таленту, пастаралася мора для сына апісаць. Зрабіла гэта пры дапамозе трапнай паралелі.

Калі яшчэ ткала арабу дываны, трапілася ёй стараславянская кніжка, прынесеная ў ясыр балгаркай. У пятніцу, сумуючы без работы, з Ганнай яны вычыталі ў ёй парады для майстроў парцэляны.

Нейкі кітаец цвярдзіў у кніжцы гэтак:

«Посуд такі павінен быць сінім, як неба пасля дажджу у праменнях хмарак. Павінен быць бліскучым, як люстэрка. А яшчэ павінен быць гладкім ды зіхатлівым, як спакойнае возера ў сонечны дзень».

Захаплялася з лодкі цудосамі мора і падумала: дакладна такое, бы апісаная кітайцам парцэляна!

А яшчэ Кацярынай валодала радасная ўпэўненасць: калі ўцяклі ад самага страшнага, то шанцаваць павінна ж і далей, бо, відаць, такая воля Бога. Цалкам, мажліва, менавіта Усявышняму і Царыцы Нябеснай было даспадобы зрабіць ўсё так, а не іначай. Тым больш што Гасподзь усё можа.

Ты толькі прыглядзіся да яго тварэнняў.

У безгранічнай шчодрасці сваёй ён жа не толькі паправодзіў рэчкі цераз вечны горад Рым альбо Кацярыніну Гародню, а паклапаціўся нават для гараджан пра гатовыя зімнія дарогі па льду,— мясціны, дзе можна дабыць і рыбу для харчавання.

Прамудры Усявышні пусціў яшчэ рэчкі і рэчачкі цячы ды бруіцца цераз кожную вёску, вёсачку і асаду, каб людзі мелі дзе быдла паіць, калёсы мачыць ды кашулю памыць, а каб не мыліся ў іх і чэрці ды не брудзілі вады, каля кожнай малой і вялікай рэчкі паставіў вартаўніком анёла — не падпускаць рагатых нават да берага блізка.

Затое не даў многа рэк туды, дзе пяскі ды скалы, бо там ад гарачыні вада толькі марнавалася б.

А людзей ён выдзеліў ад жывёлы і кожнаму чалавеку даў не чатыры нагі, а толькі дзве, столькі ж і вачэй, рук і вушэй, бо інакш — нас засмяялі б.

Колькі паскудны д’ябал прыдумаў хвароб на людзей, столькі ж усясільны Гасподзь, дзякуй яму ад усяго люду, цераз знахарак ды дактароў адкрыў і лякарства, каб тыя хваробы перамагчы.

А сонейку нашаму, якое пад канец летняга дня да таго стоміцца, што вісіць на небасхіле, бы замуленая барацінка, усемагутны ды мудры Гасподзь дае ноччу адпачынак. Таму раніцой свяціла гулліва ды пад звон жаўручкоў пырскае нам вясёлую радасць праменняў зноў, бы той здаровенькі хлопчык, каторага маці толькі што выцягнула з ложка да снядання.

Вось чаму мы ўсе да яго молімся і к яму прыпадаем.

А над усё Кацярына была шчаслівай, што імі верхаводзіў Стэфан ды не даваў яе нікому ў крыўду.

 

На лодцы

Разбілі іх магнітныя скалы. Сяк-так выбраліся яны з салёнай каламуці, і Кацярыніны рыцары, покуль сушылася вопратка, горача памаліліся, на каленях падзякавалі Усявышняму за цудоўнае ўратаванне. Кожны кляўся пакласці дарагую ахвяру ў Дом Божы, будучы ўпэўнены — самае страшнае мінула.

Адаспаўшыся на абодва бакі ды адагрэўшыся на сонцы, голыя да пояса рыцары — усе ў карычневых шрамах і шрамінах ад шабельных парэзаў, ад слядоў пік і гротаў, з далікатнымі зборачкамі ружовенькай, як у дзіцяці, скуры там, куды да цела воя дабраўся грэчаскі агонь, з дзіркамі ў вушах, праз якія прадзявалі вяроўкі, калі палонных гналі на праданне,— бавілі час успамінамі. Завялі размову вакол ваенных прыгод. Слухала іх, і ў беднай Кацярыны аж мароз па скуры праходзіў, а сэрца поўнілася спачуваннем — чаго толькі людзі не перажылі!

Землякі не толькі парабіліся бадзёрымі, але і мудрымі. Чаму так бывае, Кацярына не ведала, толькі не адзін раз заўважала,— мудрасць найбольш прабіваецца ў мужчын побач з цяжкімі хвілінамі акурат там, дзе яна ўпадала ў паніку ды рабіла глупствы.

І ўвогуле было б усё цудоўна, калі б кожнаму гродзенцу зноў не хацелася есці. Мяса ў мяшках выявілася чарвівым. Можна было б яго перабраць, пашкоджанае выразаць ды чарвякоў выкінуць, але хтосьці пад добры настрой — мы ж зараз, праз гадзіну-другую, да сушы прыстанем і наямося ўволю! — мяшкі тыя гідліва шпурнуў у мора.

Зрэшты, і Кацярына не магла зжыцца з думкай, што гэтаму мору канца і краю не будзе — у галаве яе такое не ўкладвалася. Была ўпэўнена, плыць засталося з паўдня, найбольш — дзень, тэрмін такі можна выцерпець і без ежы.

Засталіся яшчэ марскія сухары. Ад іх мучыла прага, а забартовую ваду піць не ўсе маглі. Каб не дражнілі сухары вачэй, паляцелі ў мора і яны.

А неўзабаве нават такому харчу былі б ужо надта радыя. Пачалі высвятляць ды сварыцца — каму першаму стрэліла ў галаву тапіць харчы, хто зрабіў такое злачынства.

Ніхто не прызнаваўся.

Ноччу — нішто, голад тамаваў сон. Днём не было ад яго ратунку.

Цяплынь стаяла і далей. Наступныя дні гэтаксама прамяні Ярылы ліліся з высокага Неба — ласкава, не пяклі, а толькі прыемна грэлі. Апусціш рукі за борт лодкі, а вада — бы сырадой. З-за гэтага хоць крыху забывалі голад ды адчувалі сябе весела і свабодна — бытта сышліся ў Путрышках цёплым летам да Кацярынінага бацькі на адкрытую веранду.

Толькі сапацкінскі Мікалай ціха мучыўся з жыватом — стагнаў ды ўкладваўся так і гэтак. Затое астатнія, рытмічна паскрыпваючы ўключынамі, націскалі на вёслы і давалі волю языкам.

Лаўрэн Барысевіч, стараючыся не глядзець на сапацкінца, ведаючы, што нядобра пры такім цярпенні сябра гутарыць аб глупствах, загаварыў пра сваіх сокалаў. Маўляў, накармі іх добра вантробай, дай ім падрамаць, каб жываты ежу пераварылі, ды і адпраўляйся на курапатак ці ліса.

Але ён, вярнуўшыся дамоў, пачне не з гэтага.

Стаў Лаўрэн хваліцца, як пабраўшы потым ганчакоў, паскача ў Магілянскія горы на аленяў. Яшчэ бажыўся, калі залезці там на елку, то з самай высокай гары выразна відаць Беласток, Ваўкавыск і Гародню.

Нехта пакпіў:

— А як жа, паскачаш, паскачаш.

— Хто мне перашкодзіць? — успыліў Лаўрэн.— Я на сваім маёнтку, што хачу, тое і раблю!

— Як кароль дазволіць! Такі пан пэўны? Нас, мажліва, даўно новы прызыў чакае!

— Пасля галер — пяць гадоў дам сабе волю і скажу эмісарам: «Казімір Ваза — у Аршаве кароль, толькі не ў мяне ў маёнтку пад Індурай!»

Лаўрэну хваліцца больш не далі — на Кацярыну перанеслі ўвагу.

Гібулічскі Лук’ян не знайшоў нічога лепшага як падкузьміць яе:

— І адну белагалову, спадары, лёс нам падкінуў!

У няёмкай паўзе падумалі, што дадаць.

— Рыцары, хто адкажа, чаму кабет на свеце больш, чым нас, мужыкоў? — азваўся Кошачка.

— У маёй вёсачцы любяць паўтараць — дабра заўсёды меней бывае,— падтрымаў няўдалы жарт харунжага Хведар Грэсь.

На землякоў за гэта Кацярына крыўдаваць і не думала. Добра памятала, як кожны з іх стараўся яе выратаваць, вынесці, супакоіць, дапамагчы, накарміць ды абагрэць. Адчула нават прыемнасць, што мае на іх уплыў зноў, як тады на галерах. Гаварылі насмешліва ды грубавата, бо хацелі зблізіцца з ёю, выказаць сімпатыю. Не віна іх, што лепш не ўмелі.

— Прызнаемся сабе, без спадарыні Кацярыны нам тут было б сумнавата,— упарта вёў сваё Лук’ян.— Лічыце, з гэтым нам здорава пашэнціла!

— Мужчыну на раду напісана ваяваць ды цярпець ад ран, няволі, уцёкаў, празмерных намаганняў, але ж не далікатным істотам,— адумаўся ўжо і Лаўрэн.— Спадары, ці ж справядліва, што цяжкі крыж валачэ з намі і гэтая нябога?

І тут рэй павёў Стэфан:

— Я вам скажу, шаноўныя рыцары,— як бы мы тут ні выхваляліся, а сваёй свабодай абавязаны толькі ёй. Давайце чэсна, шчыра так і скажам!

— Спадар Стэфан перабольшвае! — аднеквалася яна.

— Ані крыху! Фінікі, што піхала пані мне ў рот, адразу паднялі ва мне дух, спадарыня нават не ўяўляе сабе, якое гэта мела ўздзеянне! І менавіта штылетам пані я адправіў на той свет каля збраёўні янычара,— ніхто не мае права пра гэта забываць!

Рыцар ёй пакланіўся:

— Дзякуем, шаноўная спадарыня, я слуга ваш — да самай смерці!

Мужчыны дружна падхапілі:

— І мы застаёмся вернымі для пані — да магілы!

— Распараджайся, спадарыня, мной, бы сваім чаляднікам!

— Нічога я не зрабіла, кожная хрысціянка на маім месцы ўчыніла б тое самае!

— А мы гаворым не пра кожную! Гаворым менавіта пра спадарыню Кацярыну! Толькі вашая адданасць, адвага нас і ўратавала — а не іншых нявольніц-славянак! Бо пані мае багатае сэрца — адважнае, як у ільвіцы, а шырокае, бы гэтае мора!

Лаўрэну дапамог Стэфан:

— Што — фінікі, апельсіны, штылет! Калі б спатрабавалі, напэўна, і галаву Садык-бея спадарыня нам выдала б! Яшчэ і паднесла б на сярэбраным падносе, як біблейская Юдыф — галаву Алаверна выдала родзічам сваім, ці ж не так?

— Напэўна, выдала б!

— Шчэ і з радасцю!..

— Але ж і адвага ў гэтай кабеты!..

Мужчыны пракрычалі ёй «віват». Нават праспявалі «Сто лят». А Кацярына першы раз у жыцці адчула сябе аж так шчаслівай. Ёй здалося, і жыла яна ўсе гады, цярпела, пераносіла смерці, хваробы, страту сына, сваёй самай лепшай сяброўкі толькі дзеля гэтага шчаслівага моманту.

Рыцары тысячу разоў мелі рацыю. Мацер Божая, Царыца Нябесная, Ісусе Хрысце, ды яна ж не толькі Садык-бея — галаву самога султана Магамеда IV, калі б толькі змагла, дабыла б такім шляхотным і сваім воям, ні хвіліны не задумваючыся над карай, якая за гэта яе чакала б!

Аддавалася яна тады ў лодцы такім узнёслым і прыемным разважанням, а яны ўсё стараліся перад Кацярынай быць лепшымі, разумнейшымі, шчырымі ды чулымі.

— Затое схуднела як, шаноўная радзіцелька! — паспачуваў свіслачскі Грэсь.

— Столькі клопатаў перажыць, уга! Памятаеце, як бедуіны любілі гаварыць? Толькі той мае тлустую кабету, хто сядзіць на адным месцы. Хто качуе, мае затое тлустае быдла. Ніякага быдла мы покуль што не маем, але спадарыня здалася!

— Худоба спадарыні да твару! — падлізваўся за няўдалы жарт харунжы.

— Які-небудзь бей сказаў бы на яе — стройная ды прыгожая, бы маладая вярблюдзіца, ва-ах, ва-ах!

Парагаталі.

— Параўнанні ў іх дзівачныя, нічога не скажаш. Але вярблюд, панове, і праўда, ходзіць плаўна ды лёгка, бытта ва ўсім целе — ні адной костачкі, а шыя — лебядзіная!

— Ф-ыэ, смурод аблезлы!

— А ўсё ж такі!

Расказаў Стэфан:

— Аднаго разу я папракнуў старога араба, што такім кампліментам абражае маладзіц. А ён мне:

«Ты, гяур, дурань, захавай цябе Алах на карысць нашаму султану. А таму дурань, бо не любіш думаць і глядзець. Ты не датумкаеш нават, якая гэта каштоўнасць, таму і пляцеш, чаго не трэба. Вярблюд нас возіць, поіць, корміць і адзяе. А сам? Валочыць на сваім гарбе нават найбольш праслаўленага імама, а харчуецца ўсё той самай вярблюджай калючкай. Мачой яго мыем галаву. Памётам абаграваем свае дувалы. З яго шэрсці нашыя кабеты ткуць адзенне і дываны, робяць коўдры ды палаткі, а майстры збіваюць войлак. Паленым войлакам прысыпаюць нашыя воі сабе раны, каб зажывалі. Вярблюд служыць увесь без астатку. Затое мы і цэнім яго. Хутчэй кожны з нас кіне чалавека ў бядзе, чым свайго вярблюда. Запамятай добра, дурны гяур, захавай цябе Алах на карысць нашаму султану, такое параўнанне для жанчыны — вялікі гонар!»

Рыцары пасмяяліся зноў.

Тым часам Лаўрэна Барысевіча з вёсачкі Прынямонь, якога пад Рымам потым, беднага, так недарэчы загубіла чума, маладая сіла аж распірала — нават скрозь голад.

Лаўрэн падаў голас:

— Эх, у нас цяпер на зайца з сокалам паляванне добрае! Раніцой выйдзеш з дому падрыхтаваны, а сакольнікі з рукавіцай на левай руцэ стаяць ужо ў рад і цябе чакаюць!

— Ты ўжо гаварыў пра іх, давай пра што-небудзь яшчэ! — не вытрываў сябар.

— Яшчэ? Прайсці б зараз, спадары, па цаліку пару гоняў, тропячы кабана! Упаляваць яго і на добры агонь! Засмажыць бы спачатку вантробу, затым лапатку, м-м-м!

Ад раптоўнага наплыву радасці, Лаўрэн ужо ўскочыў, развёў кулакі ды закрычаў на ўвесь свет:

— І цяпер — будзе гэта! Будзе! Дайце толькі час — будзе, будзе і будзе!

— Трэба спадзявацца, што так, толькі навошта гэтак бурліва,— спрабаваў супакоіць яго сусед.

Лаўрэна гэта не стрымала:

— Будзе! Будзе! У лясное гала на глушца, на аленя, на зубра сходзім! Адведаем раскошнай смажаніны — з дымком, падгарэлай, прапаленай ядлоўцам, м-м-м!!.

Лаўрэн затрос кулакамі:

— Што, стралялі па нас, бусурмане? Стралялі, а чаго дабіліся? Мы гэтаксама жывыя! Вязалі, путалі, у ланцугі закоўвалі, а мы — вольныя! Во, гэтая нага і гэтая — без путаў! Русалак падсылалі ды іншую заразу — жывыя! Танулі ад магнітнай гары — выплылі ўсе з каламуці! Жылы з нас цягнулі на галерах — жывыя! Здзекі над намі строілі — выцерпелі! То цяпер будзем, як Ной, жыць да дзевяцісот гадоў, а то і болей! Перажывём, напэўна, і гэта! Так і глядзі неўзабаве бераг з’явіцца — няўжо гэтай цёплай лужыне канца-краю не знойдзецца? Быць такога не можа!

— Не кажы гоп, пане Лаўрэне, покуль не пераскочыш! — смеючыся, праказаў Стэфан.

— А я, пане палкоўнік, наперакор усяму, кажу і казаць буду — гоп! гоп! гоп! Чаму мне цяпер гэтага не гаварыць, пане Стэфан? На людзях — і смерць не страшная! Цяпер мы — як у баі! Я крычу — гоп! гоп! гоп!

Зноў лодка пад імі захадзіла і прымусіла ўсіх гарадзенцаў хапіцца за барты.

— Ведаеце, чаму Ягела столькі ўдалых воен правёў і да глыбокай старасці дацягнуў? Бо перад тым як пераступаць парог, кожны раз саломінку тры разы пераламваў і пяць разоў на пятцы перакручваўся. Прызнаюся вам, як на споведзі,— штосьці падобнае і я практыкую, таму нічога мяне не бярэ! І не возьме, ведаю, напэўна!

— Выдай, пан, сакрэт.

— Э, не-е, мая таямніца! Мне бацька яе паведаў! Зрэшты, калі ласка, магу яе адкрыць! Чортапалох, калючую траву з нашага падворка ўвесь час нашу ў кішэні! Таму і бяда мяне мінавала! Гэ-э, няхай зараз лезуць на нас, прошэн бардзо! А покуль што, выратаваныя ўсе мы! Чуеце? Вы-ыратаваныя! Уцяклі! Уцяклі-і! Ай да мы, ай да ціхоні, малапрыкметныя, мала кім заўважаныя якіясьці там бацвіннікі-беларусы з-пад захудалай Гародні, дзе апельсінаў з мандарынамі ніхто і не нюхаў! А хто ўцёк, скажыце вы мне?

У вачах Лаўрэна гарэў пераможны агонь, а сам быў адна рашучасць. Закрычаў:

— Ха-ха, тыя, хто пальмаў ніколі і не бачылі, толькі ядлоўчыкі ў сасонніку! Рэпаеды! Бацвінняеды! Спадары! Так нас абзываюць, а мы — во! Бо яшчэ князь Вітаўт на паляваннях вучыў нашых прадзедаў упартасці, практыкаваў у іх вытрымку і згуртаванасць, цярпення і гарту, бы ў тых зуброў! Хэ-э, недарэкаватымі мы толькі прыкідвацца любім! Ці вам зразумела, беі, шэйхі, імамы і султаны чортавыя, еўнухі і прававерныя са сваімі муламі? А фігу вам! Думалі, нас ужо пакаралі цалкам ды парабкамі ўжо зрабілі? А мы вывелі ўсіх вас у дурні, во!

Ад выхадкі воя лодка захісталася яшчэ мацней, і ўсе мусілі хапіцца за борт.

— Ціха, ціха, пане харунжы, вады чарпанём. Мала пану было смяротнай небяспекі?

Але вой гэтаксама раптоўна абсеў ужо і сам — бытта скончыўся ў ім завод.

Надта гарачы быў прынямонец.

 

Каб не адчуваць голаду, самі сабе загаварваюць зубы

Ужо ў спакоі і ладзе мужчыны прадоўжылі ўспамінаць пра дзівацтвы з жыцця арабаў.

Гаворку пачаў Грэсь:

— А я чуў, як там гавораць сваім яшчэ і так: «У цябе, дзяўчына, вочы цудоўныя, як у баранчыка». Сказаў бы такое сваёй кабеце ў Свіслачы, было б ад яе нямала.

Пасмяяліся.

— А ў маім Аўгустове, спадары, кажуць «паненка ма півнэ очы», але ніхто гэтаму не дзівіцца. Што край, то і звычай. Хоць я, як і ўсе, найбольш люблю — свой. Адная нашая рэчка чаго вартая. І паслухайце, панове, як гучыць назва: Чорная Ганча, Чорная Ганча, Чорная Ганча — бы песня чароўная!

— Пся крэў, не ведаю, як вам, але мне есці ахвота ды так, што з’еў бы вала, паўбарана ды чатыры качачкі і гаршчочак кашачкі, а, здаецца, усё яшчэ галодны быў бы! Арабы, халеры, нас мэнчылі, жылы выцягвалі, мы іх пракліналі за гэта і правільна рабілі, але ж яны хоць што-небудзь раніцой ды вечарам у рот піхалі ды яшчэ кіслым віном давалі запіць, пся іхняя маць!

— Давалі, як самі нажаруцца!

— У маіх Гібулічах сабакі, калі насыцяцца, гатовы адзін аднаму костку аддаць.

— Абгрызеную.

— Я і кажу.

— Такая бытуе на зямлі справядлівасць, пся крэў!

— Так ест, справядлівасць сабачая. Бо ўсё падпарадкавана чамусьці толькі грубай сіле, холера ясна. Большасць людзей заўсёды на яе баку, і сіле падпарадкоўваюцца, не надта задумваючыся, чаму гэта робяць. Мажліва, таму, бо сілу лёгка пазнаць, яна відочная і бясспрэчная. Людзі чамусьці, пся маць, аніяк не могуць зрабіць гэтак, каб справядлівасць была сільнай, а імкнуцца ўсё сільнае лічыць справядлівым!

— Во-во!

— Але ж, спадары, хіба гэта па-хрысціянску? Дзіка такое называць, столькі ж ужо часу мінула ад Дня Стварэння Свету! А выходзіць, мы і зараз аніяк не вырвемся з падпарадкавання статуту бобіка, хоць і выгляду адзін аднаму не падаём,— мыдлім вочы прыстойнасцю!

Нехта падказаў:

— Спадар палкоўнік не дагаварыў.

— Прошэн бардзо. Бобікаў статут сцвярджае: ліжы руку, каторую не можаш укусіць!

— Так ест!

З сумам усе памаўчалі. Хвіліну панавала цішыня. Маўчаў нават хворы сапацкінец.

Лук’ян зноў вярнуўся да свайго:

— У маіх Гібулічах яшчэ кажуць — бобік ніколі бліноў не пячэ, жарэ цестам. Эх, халера, хоць бы, здаецца, такога цеста зараз хто даў і то быў бы шчаслівы!

Свіслачскі Грэсь прызнаўся:

— А я, спадары, покуль трапіць на галеры, прыстаўлены быў да пекара ў Каіры. Над самым Нілам. Вада цякла ў нас каля парога. Ох, і рэчка — куды большая за наш Нёман, разоў мо з дзесяць шырэйшая! А ў канцы вясны разліваецца як!... Толькі я не пра яе хачу... Мясілі хлеб у дзежах і елі гэтае самае цеста. Нават я праз тыдзень навучыўся яго жэрці, як іншыя. Наядаўся ўволю, бы мае напарнікі. А скажу вам чэсна — смачнае нават і спажыўнае, бы мяса, калі прызвычаішся. Для галоднага чалавека смачнае, вядома. Адразу і сіла ў мяне аднекуль з’явілася, а скулы з майго цела бытта хто рукой згарнуў, нават следу не пакінуўшы! Але ж пекар, зараза, адной раніцы нас такі падлавіў. Ох і скандал быў! Адмераў кожнаму па дваццаць пяць бізуноў, а тады панадзяваў нам спецыяльныя наморднікі, бы сабакам, калі да дзежаў станавіліся, і ўся пажыва на гэтым скончылася.

— Та-ак, хоць бы цеста сырога...

— Пару дзён пагаладалі і раскіслі. Спадары, Ноя з сынамі, нявесткамі і ўнукамі сорак дзён і начэй мора насіла!

— Затое ў каўчэзе былі звяры па пары. Многа зверыны. Карова малако, напэўна, давала. Ланя, авечка, касуля ці пярэстая маглі ацяліцца, даць прыплод, і Ной цяля, ягнятка на харч пускаў, не кажучы пра малодзіва.

— Ад кабылы кумыс мог атрымаць. Брынзу ад авечак.

— Куры, гусі яйкі, напэўна, няслі...

— Але, Ною, напэўна, было лягчэй. Хоць, скажу вацьпанам, страху таксама яго сямейка наелася! Калі ўлічыць, што на судна малых з сабой узялі!

— Яшчэ колькі мелі страху! Нас бура паўдня матляла і то ўсе дыхі выцягнула, а то — сорак сутак!

— Яшчэ й з малымі!

— Цікава, як тады львы ды ваўкі не зжэрлі капытных, каб хто мне растлумачыў.

— Мабыць, наморднікі стары Ной ім таксама надзяваў.

— А як, па-вашаму, іх зберагчы, каб не грызліся?

— Кожную пару ў асобную клетку пасадзіў.

— Многа клетак трэба было мець.

— Ну і што?

— Столькі клетак нарабіць?

— Для такой справы? Калі спатрэбілася, мусіў і нарабіць!

— А я вам скажу — глупства ўсё гэта! Ніякіх клетак яму і не спатрэбілася!

— А як сабе вацьпан гэта ўяўляе?

— Звычайна! Успомніце, панове, разлівы нашых рэчак! Плывуць тады спакойна на адным бервяне заяц і воўк, ліса і мыш! І не чапаюць адны адных — рахманыя такія ўсе, мірныя!

— І я назіраў такое, дальбо!

— На то воля боская.

— Так ест, усе ў яго моцы.

— Але Ной быў богалюбівы, як Аўраам. Той на адно боскае скіненне хацеў любімага сына Ісаака ў ахвяру Богу прынесці. Верыў Ягове бязмерна і гэты стары, нездарма Вышэйшая Сіла выбрала яго аднаго з усіх людзей для размнажэння. Мы можам пахваліцца такой адданасцю, як Ісаак, і верай, як Ной?

У канцы лодкі гутарылі пра іншае:

— ...Слухайце, спадары, і ў арабскіх гарадах жывуць усе з рабаўніцтва ды ашуканства, бо і там, як і ў нашых гарадах, няма ні хлявоў, ні гумен, ні свірнаў, ні стагоў!

— О-о, колькі дабра ад нас выцягнулі, колькі людзей у ясыр прыгналі!!

Усе задумаліся, паўспаміналі.

Загаварылі скрозь задуму:

— Халера, плывём, плывём — і куды плывём?

— Мо па Сахары нас ужо носіць. Мо нячыстая сіла даўно перад намі пясок пераўтварыла ў ваду, мо нам толькі здаецца, што па вадзе плывём?

— А што? Я на свае вочы бачыў у Сахары сярод пяску лодку з засушанымі людзьмі! Наш араб нам тлумачыў — чорт грэшнікаў з мора запёр аж сюды!

— Бр-р-р!

Зноў стала чуваць, як Гуз ціха енчыць.

Сапацкінец паенчыў, паенчыў ды прастагнаў:

— Ратунку! Языкі антонавага агню дакаляюць маю душу! Не пабачу я вас больш, не пабачу, мілыя, мае, о-ой! Прашчайце ўсе-ўсе! І ты, жоначка, нявенчаная, і дзеткі мае, ненароджаныя! Прашчайце, пушчы цёмныя пад Сапацкіняй — мне не хадзіць больш пад вашымі кронамі! Прашчайце, гоні незагараныя, мне не таптаць вас сваімі нагамі! І збажына буйная, і травы росныя, і паплавы, і выганы, і сэрвітуты, прашчайце! Прашчайце, коні мае нецярплівыя, больш вас мне не кілзаць і не запрагаць! Прашчайце, родныя мае, вас больш ніколі не ўбачу аж да Страшнага Суда! Мацер Божая, Царыца Нябесная, усе святыя, майце над маімі апеку — бацькам і маткай, калі яны там жывыя, сёстрамі ды братамі, а мяне прыміце на вечны пакой — пасылайце нябесных кратоў вырыць яшчэ адну магілу!

Праказаў гэта голасам страшным.

Гарадзенцы, струхлелыя, паслухалі яго, у душы пашкадавалі ды паўздыхалі — дапамагчы рыцару не мог ніхто, і нельга было хоць частку яго болю ўзяць на сябе. Нават ксяндза не маглі да яго паклікаць. Няшчасны чалавек канчаўся якраз ў такі момант, калі, адчувалася, ратунак недзе блізка.

Стэфан спахапіўся:

— Што мы тут, спадары, блюзнім на сваю галаву! Святы Ян аж трое сутак быў у жываце кіта, а з Божай дапамогай вырваўся! Вышэйшая боская моц і нас уратуе! Як мы не раз пераканаліся — увесь час мы ў яе на прыкмеце! Дак памолімся ж давайце патрону рыцараў — архангелу Міхаілу, бо дзякуючы яму мы ворага ў дурні вывелі! Толькі ў яго бязмежных сілах яшчэ выратаванне і шматпакутнага калегі Мікалая,— адважнага рыцара і вернага сына Бацькаўшчыны, які ўсё жыццё прысвяціў барацьбе з нявернымі і з-за гэтага не шкадаваў жывата свайго!

Нехта кінуў цішэй, з палёгкай уздыхаючы:

— Хто нас выратаваў учора, выратуе і заўтра — але, лепш яму памолімся.

Зноў пасталі на калені, горача зашапталі малітву, жагнаючыся, хто на каталіцкі лад, хто на праваслаўны.

Кацярыне ж так было шкада земляка, што яна нахілілася над ім ды шапнула:

— Спадар Мікалай, кладзіцеся на тое самае месца, дзе я ад вады да прытомнасці прыходзіла! Яно шчаслівейшае, напэўна! Дайце, дапамагу пасунуцца...

— Дзякуй, спадарыня, за чулае сэрца.

 

Зноў на беразе

Нарэшце вада іх адной раніцы ціха і спакойна прыбіла да незнаёмага берага, калі ў лодцы стомленыя ды згаладнелыя ўшчэнт весляры спалі покатам.

Пасля глыбокага сну Кацярына адкрыла вочы ды пачала са здзіўленнем азірацца.

Дзе яна, што здарылася?

Ужо сутанела. Навокал стаяла такая цішыня — толькі анёлам лётаць. На Небе ў адным месцы Гасподзь Бог з усімі Святымі, мабыць, умываліся Краснай Вадзіцай і ад свежай прыгажосці тае не адарваць было вачэй.

А іхняя лодка з сундукамі, куфэркамі, пугіналамі і мяшкамі Садык-бея, уткнуўшыся ў прыбярэжны халаднаваты пясочак, сабе спакойна стаяла, перакошаная на карму. Аб бакі яе ціха плюскала вада.

Сапацкінскі Гуз ужо не дыхаў. Яго доўгае і худое цела са шчаціністым тварам паспела нават адубянець. Ён мусіў адысці на той свет сярод ночы.

Кацярына перапалохалася ды ў паніцы пачала штурхаць у бок крайняга рыцара:

— Уставайце!!

— Што, да берага прыбілі, няўжо?! — яшчэ не прыдаў значэння падзеі, таму не надта ўзрадаваны, спытаўся Лаўрэн ды пацягнуўся: — Э-эх!.. Го, панове, канчай начаваць, сапраўды, мы прыбылі на месца!

Адразу на лодцы ўзняўся ажыўлены рух і таўкатня.

— Пане Мікалаю, пане Мікалаю! — нахіліўся нехта над нябожчыкам ды апекся: — Э-э, эх, дайшоў, небарака!

А золак святлеў ды святлеў.

Калі ўзышло сонца, яны закрылі рыцару Мікалаю вочы. Сапацкінца перажагналі. Сказалі над ім пацеры і доўгае цела вывалаклі на бераг. Выбралі месца, дзе пясчаны грунт. Разагналі яшчарак, якія масціліся ўжо грэцца на сонцы, узяліся за работу.

Хто рукамі, хто паленам, памалу вывернулі яміну. Неглыбокую, каб лёгка мог выбрацца з цела на волю ноччу фосфар, каб усё чалавечае не тамілася ў зямельцы, бо астатак душы рыцара потым тут не даў бы нікому спакою.

На дно ямы насыпалі травы, на яе асцярожна паклалі шматпакутлівага земляка. Затым застылы твар пакрылі таксама травой. Памаліліся над рыцарам і старанна яго засыпалі.

Каб менш пакідаць слядоў, магілкі рабіць не сталі — месца зраўнялі ды загладзілі галінкамі, скрапілі яшчэ і вадой.

Над сумным месцам, моўчкі, паўздыхалі, памаліліся. Яшчэ і памеркавалі, як цяпер ноччу над гэтым пясочкам пачне з’яўляцца сіні агеньчык ды палохаць тутэйшы народ, але нікому і ў галаву не прыйдзе, што менавіта тут ляжыць слаўны вой з-над Нёмана, які з-за шляхотных, адно яму вядомых намераў перад палонам шлюбаваў, а потым аж два гады шлюб свой выконваў — еў, піў і спаў толькі стоячы.

— Адразу да раю яго душа пайшла! — уздыхнула Кацярына ўголас.

Нехта яе падтрымаў:

— Пэўне. Столькі маліліся мы за яго!

Адно тады гарадзенцы пацікавіліся, куды ж іх занесла. Выглянулі за бліжэйшы пагорак.

Якісьці стары ў лахманах непадалёку пас гурт авечак, а каля яго, адбіваючыся ад мух, перабіраў моцнымі капытцамі буры асёл.

Кустамі гарадзенцы асцярожна да яго падабраліся, паназіралі. Стары быў схуднелы, як смерць, з адубелай скурай на зморшчаным, бы кара ад старой сасны, бы шыя ў яшчаркі, тварам.

Яны прытаіліся, пачалі насцярожана гадаць.

Мо нячыстая сіла ці бес, зачараваны ў дзеда? Бо русалкі, якія завалаклі да сябе ў халодныя марскія нетры індурскага Рыгора Багдановіча, на самай справе, як гарадзенцам растлумачылі галернікі-туркі, былі зачараванымі рымскімі легіянерамі, таму нават увесь ніз целаў у тых прыгажунь шчыльна пакрыты панцырнай лусачкай — свежанькай і бліскучай.

Воі прысудзілі — на разведку ісці жанчыне, а іншым зводдаль яе з нажамі прыкрываць.

І Кацярына набралася адвагі — тым больш, што падбадзёрваў яе Стэфан. Падкралася яна да страшыдла ды на хвіліну замерла. Затым асяніла яго хрэсным знаменем — раз, другі, трэці, прашаптала «Верую», прыглядзелася да страшыдла лепш.

Не імецца.

Аж сем разоў учыніла гэта — тое самае.

Чалавечая істота спакойна і далей палівала сабе з вядра нафтай дровы, каб распаліць, відаць, агонь для снядання.

Тады Кацярына сабралася з духам ды загаварыла да дзіўнага стварэння. Не чуе. Мацней гукнула яшчэ раз, яшчэ — тое самае. Перад ёю было якоесьці мёртвае палена.

І асмялелая Кацярына ўстала на поўны рост — што мае быць, няхай будзе.

Калі ж яе нарэшце дзіўная істота ўбачыла, адразу ўстрывожылася ды па-знаёмаму, як робяць усе без’языкія, замычэла, перапалоханая, адступаючы задам У лазу.

— Нямко! — ужо свабодна крыкнула сваім.

Імгненна ўсе прыляцелі.

Прыгледзеліся да мужчыны лепш, а на бруднай ды зморшчанай, як у старой чарапахі, шыі — каталіцкі крыжык. Кацярына нахілілася, каб лепш разглядзець, а ён — з Мадоннай і Божым Дзіцяткам нават!

Узрадаваліся ўсе, бы малыя дзеці. Адразу пападалі на калені, узнялі рукі да Неба ды пачалі адзін перад адным горача, са слязамі дзякаваць пану Богу, Прачыстай Дзеве Марыі ды Сыну Божаму за цудоўнае ўратаванне.

А так усё гэта акрыліла, што ў гарадзенцаў, згаладнелых і змардаваных перажываннямі, зноў сілы аднекуль узяліся. Як шалёныя, усе кінуліся старога цалаваць.

 

Уратаваныя

З чалавекам тым ні аб чым пагаварыць не змаглі. Затое ад’еліся ў яго хлеўчыку як мае быць, затым вярнуліся да лодкі.

Гадзіну-дзве адпачыўшы, што мелі цяжэйшае ды не так каштоўнае, запіхнулі ў вялізныя ладушкі ды закапалі на беразе, каб вярнуцца сюды потым з коньмі.

Параіліся, як быць далей.

Існаваў стары, як свет, закон. Паводле яго, тавар і людзі з разбітага судна належаць жыхарам берага. Яны знаходзіліся на беразе пустынным, але ж сведку высадкі на бераг мелі.

Ці нямко не зразумеў, адкуль яны з’явіліся? Вось і гадай цяпер.

Мужчыны заспрачаліся — выдасць пастух іх ці не. Усім не хацелася брудзіць крывёю гэтак радасны дзень. Дзе закопвалі ладышкі, стары ўбачыць не мог, як і скеміць не мог, адкуль тут людзі з'явіліся. Чаму лодка іхняя прыплыла менавіта з разбітага судна, а не з якога-небудзь вострава?

Не, ніхто не хацеў браць граху на душу, таму вырашылі — пакінуць старога жывым-здаровым, а Усявышні ацэніць гэта ды будзе спрыяць далей.

Ад нямка падаліся ў апостальскую сталіцу — шчаслівыя, сытыя, з сушанай баранінай, з авечымі сырамі, з сушаным вінаградам і фінікамі ў мяшэчках, з бутлямі віна, аплеценымі саломкай, ды з цяжкімі інкруставанымі куфэркамі: неслі іх на дручках, канцы якіх воі паклалі сабе на плечы.

У Рыме, як і падабае прыстойнаму ды сумленнаму палкоўніку войск Кароны і Літвы, Стэфан золата з куфэркаў Садык-бея ўзяў адно палавіну. Астатняе — усё да кроплі — раздзяліў чэсна і акуратна паміж рыцарамі.

Без спрэчак Кацярыну залічылі да вояў таксама і адвалілі роўную долю.

Гледзячы на тое, што яму дасталося, Барысевіч пакруціў, пакруціў галавой, заклапочана пашкрабаў патыліцу ды з прыхаванай усмешкай кінуў:

— Не думаў жыць багата, а — прыйшлось, ну і ну!

Такім вой гэты перад чумой і запомніўся Кацярыне, а яго апошнія словы гарадзенцы перадалі потым яго сям’і, калі долю трафеяў завязлі бацькам рыцара.

 

ЧАСТКА ЧАЦВЁРТАЯ

 

Раздзел першы

 

Мядовы месяц у Рыме

«...І скажу Табе, Анюта, дарагая мая сяброўка, жыццё для нас адразу стала бы ў казцы.

Бытта мы другі раз нарадзіліся, бытта сталі бытаваць на іншым свеце.

Парабіўшыся раптам багатымі, покуль што ніхто галавы не траціў. Занадта дорага дасталося тое багацце, каб траціць яго. Перш-наперш зрабілі жалобны хлеб па тых, хто ўтануў, трапіў на русалак, застаўся ў няволі.

Тады ўсе паляцелі на рынак набываць коней з сёдламі, выбіраць зброю і палаткі.

Каб было ў чым ехаць дамоў, набывалі абутак, каптаны, сюртукі і кашулі.

Адзенне ўсё стараліся купіць моднае, а за столькі гадоў яно змянілася цалкам. Перамены адразу кінуліся гарадзенцам у вочы не толькі ў вопратцы.

Халявы, напрыклад, мужчыны цяпер насілі з пасачкамі, а на іх — сярэбраныя спражкі, дыяменты нават.

І шаблі мелі крыху іншы выгіб.

Мужчыны нават іначай стрыглі свае чупрыны.

Калі ж гаварыць пра кабет...

А трэба Табе, сяброўка, ведаць, якраз пасол Рэчы Паспалітай, пан Ежы Асалінскі нас там вельмі праславіў. Мала было яму ездзіць па вуліцах вечнага горада ў жупане, расшытым брыльянтамі,— магнат наш выкінуў не абы-які фартэль. Скакуну свайму пападбіваў падковы са шчырага золата, Ты можаш сабе ўявіць? Ды так падмайстраваў, што на самай люднай вуліцы конь падковы тыя пагубляў. Уяўляеш, што выклікала гэта ў вялізным горадзе, дзе цэлыя мурашнікі жывуць абарванцаў, а не толькі вяльможных?! Усе мяшчане з кіямі, віламі, пікамі кінуліся разварушваць на вуліцах конскія яблыкі і векавы гной!

Пасля выпадку адразу тыя, хто з Літвы ды Кароны, пасталі ў Рыме надта пажаданыя. Ад купцоў і дарадцаў мы ледзь адбіцца маглі, тым больш што ніякіх крэдытаў не патрабавалі і векселяў падпісваць не збіраліся, бо грошай сваіх хапала — аж надта.

Мною там, сяброўка дарагая, авалодаў якісьці дэман, і я бытта звар’яцела. Вядома, не з-за багацтва.

Прызнаюся Табе, Анечка, як на святой споведзі. Стэфана я адразу пакахала. Разумееш, яго нельга было не пакахаць, я ў гэтым ані крыху не вінаватая перад панам Богам! Ён узвышаўся над Янам на цэлае Неба, узвышаўся над астатнімі рыцарамі!

Пускала яго яшчэ да нашага шлюбу, хоць і ведала, які гэта грэх. А ў выпадках такіх паводзіла сябе кожны раз дакладна гэтак, як Стэфан, смеючыся з мяне, казаў паводзяць толькі набожныя рымлянкі. Калі ноччу ўздумае такая сіньярына з мужам гэта рабіць, старанна занавешвае абавязкова лік Мадонны, а потым кожны раз падае перад іконай на калені, б’е сябе кулаком у грудзі, горача просіць прабачэння за грэх ды са слязамі раскайваецца.

Дамоў усе так ірваліся, але міналі дні і тыдні, а ніхто не ад’язджаў і ад’язджаць штосьці не збіраўся, бо вельмі ж нам у Рыме пасля няволі спадабалася, не маглі нацешыцца.

Віла, у якой размясціліся, мела садок з персікавых дрэў, сваю лазню і нават басейн з мармуровымі сходкамі. А тут яшчэ дабавілася добразычлівасць ды пашана гараджан з-за выбрыку гэтага магната з Пултуска, пана Ежага Асалінскага. Толькі падумай, сяброўка, якую чалавек той меў фантазію!..

Мінуў месяц-другі. Я дала згоду і ўзяла са Стэфанам шлюб у касцёле — пышны такі, з некалькімі ксяндзамі, з аршакам цэлым сяброў, а падставы, каб лічыцца ўдавой, не мела.

Нават і думкі ў галаву не дапускала, каб яму адмовіць.

І на гэты раз шлюб узяла перад каталіцкім алтаром, хоць у душы русінскай праваслаўнай веры не адраклася, не адракуся і ўжо, напэўна, пратрываю з ёю да самага скону.

Кожны з нас маліўся свайму Богу, а нязгоды з-за гэтага паміж намі ніколі не ўзнікала.

Ведала, Анютачка, я аж надта, выходзячы другі раз замуж,— раблю найбольшае злачынства, але той самы дэман і вар’яцтва кіравалі і далей усімі маімі помысламі ды ўчынкамі.

Ведала, раблю няправільна, паддаюся спакусе д’ябла, а не стрымлівалася. Стрымацца не мела сілы.

Пасля шлюбу адразу пачала гарэць зайздрасцю — дробязнай, як цяпер падумаю, дурной — да жанчын, якія трапляліся Стэфану, напрыклад, у таверне, што прыслужвалі нам у час начлегу, а нават — смех перад Табой, сяброўка дарагая, прызнавацца! — пераходзілі перад намі вуліцу ці вызіралі з акна,— выглядваць з акон жанчыны там надта любяць.

Скажы мне, магла Ты падумаць, што я стану аж такой паскудай?

Золата дасталося мне лёгка, таму і не даражыла ім. Пачала выдаваць на ўборы, мазі і пахнідлы. Праўда, новы муж — не Садык-бей, каштоўнасцей сваіх не замыкаў у сундучкі, нічога мне не шкадаваў яшчэ і са свайго.

У Рыме, Анюта, не магла нацешыцца касцельнымі малявідламі. Пэўны час імі я нават хварэла. Але што казаць, было там з-за чаго траціць галаву.

Ты, сяброўка, хоць бы на іх вокам глянула!

Тымі малявідамі я ўпівалася, бы чалавек з засмяглымі вуснамі, што тыднямі поўз цераз пустыню, дапаў нарэшце да жыццёдайнай плыні і не можа аніяк ад яе адарвацца. Бо ў арабскіх і турэцкіх мячэцях, як мы з Табой заўважылі, не толькі не запісваюць дзён нараджэння і смерці малога прыхаджаніна, але і выгляд Дамы Алаха маюць бедны, ад чаго здаюцца надта сумнымі ды нецікавымі. У іх, як памятаеш, віднеюцца толькі арнаменты, бо іслам, як нам тлумачылі, забараняе рысаваць што-небудзь жывое — людзей, птушак, звяроў. За такія рысункі маляра там кінулі б адразу ў яму з нягашанай вапнай, а то з жывога шкуру здзерлі б.

У сталіцы апостальскай затое ўсё пекнае, хвалюючае, прывабнае, жывое, чыстае і жыццярадаснае. Глядзі сабе ва ўсе вочы ды атрымлівай асалоду.

У касцёле Дзевы Марыі дзівіліся мы на ключыцу Лівія. Магутная, выкрутастая, даўзёрная.

Але найбольш захапляліся зубам святога Хрыстафора. Велікамучанік той быў волатам, бо зуб яго — бы добры збанок. Калі насілі вакол святыні, было відаць здалёк.

Іменем гэтага святога, як нам расказалі, у Генуі бацькі ахрысцілі свайго хлопчыка. Так хроснік той потым іспанскаму каралю Амерыку адкрыў, а каралеве нават цэлую флатылію караблёў, заладаваных залатым пяском, прыпёр,— каралева Ізабэла з тае пары стала самай багатай ва ўсім свеце.

Люцыпар таксама, бы нам, грэшным, падсылаў наперарэз караблям Хрыстафора буры, перуны, сірэн з песнямі, смокаў марскіх, папярок ставіў магнітныя скалы, водарасці, запускаў страшныя віры і касякі рыбін, што іншым не прабіцца праз іх, але Хрыстафор так быў на прыкмеце ў Царыцы Нябеснай, так яму нябесныя сілы спрыялі, што намер выканаў.

Даведалася пра ўсё тое ды адразу падумала: свайго сыночка я таксама назвала не абы-як. Імя яму выбрала пачэснае. Патронам у Яго на Небе — Аляксандр Македонскі. Іскандэра не маглі пакарыць ва ўсім свеце.

Да зуба хадзіла двойчы — Стэфана вадзіла. Мужу таксама было дзіўна. Прыглядаўся да яго так і гэтак ды толькі ківаў галавой.

А яшчэ мы з ім у тым самым касцёле знайшлі намаляваныя дакладна такія ж пякельныя пачвары, сцэны з грэшнікамі ў катлах са смалой, бы ў касцёлах гарадзенскіх.

Мабыць, усё гэта і праўда адбываецца на Небе, калі па ўсім свеце аб ім гаворыцца!

У Рыме я на кожным кроку шкадавала, што побач няма Цябе, сяброўка дарагая,— не можаш таксама пацешыцца такой пекнатой ды ўволю насыціць свае вочы і душу. Затое той самы дэман прымушаў мяне рабіць Стэфану і ў касцёлах скандалы, калі мой муж позірк затрымліваў хоць крыху даўжэй на галоўках нявінных мадон. А іх там многа, усе маладзенькія, бы лялечкі. Як толькі ўбачу, што вачэй не зводзіць, так і кідалася на яго.

Але і скандалы тыя, ці Ты паверыш, былі па душы.

У адным месцы нават карціну з русалкамі бачыла — тымі самымі, з-за якіх індурскі Грышко Багдановіч, дуралей, на марское дно добраахвотна пайшоў.

Хітрыя такія. Хвасты ў вадзе трымаюць, а самі вышэй бёдзер голенькія-голенькія, як маці нарадзіла, над хвалямі ўзнімаюцца, выставіўшы пупікі.

Толькі скажу Табе, сяброўка, шчыра,— і праўда, яны ўсё ж такі прыгожыя. А над усё — маладзенькія. З распушчанымі валасамі — цёмнымі — як у сенегалак, светлымі — як часамі бываюць у нашых, і нават адна рыжанькая.

У іх яшчэ нават каляровыя стужачкі ў валасы ўплеценыя, валошка з незабудкамі наўтыканая, адна ж — фіглярна так, бытта нядбайна, у роціку трымае за хвосцік ружу.

Ветразі распусціўшы, ляціць судна ўздоўж берага з пальмамі, а крайняя русалачка ў неба вочкі ўжо і закаціла, бытта паміраць збіраючыся, адно што не крычыць — мужчыны, ратунку! Іншая таксама млее ўся і вось-вось упадзе. Некаторы дурань за борт адразу і сігане такую ратаваць, бы наш Грышко, не разумеючы, што ўсё гэта бабскія хітрыкі.

Калі ж ніякага судна не відаць — кабета, якая карціну вартавала, нам апавядала,— русалкі надта сумуюць у цішыні падводнага царства. Самыя гарэзлівыя тады, кажуць, тапельцамі забаўляюцца. Абхопяць такога Грышка, казычуць яго ды рагочуць-рагочуць. Ведаюць слова такое, каб тапельца ажывіць. Ажывяць яго ды яшчэ інакш забаўляюцца.

Так могуць забаўляцца тапельцамі з раніцы да самюткага вечара, і не доўжыцца ім.

Свайму карціну глядзець забараніла.

Яшчэ, сяброўка, маю Табе паведаць пра тэатры. Але пра іх апішу іншым разам.

Стаялі мы біваком над рэчкай Цібр — бы наш Нёман, сярод зялёнай лістоты, такой сакавітай, што, здавалася, пырні ў яе чым-небудзь вострым і адразу на цябе брызне ды з ног да галавы абдасць.

Спраўляла для рыцараў ролю гаспадыні. Выязджала ў сталіцу апастольскую кожны дзень.

Ох, сяброўка, колькі тут цынамону, перцу — рознага-рознага, шафрану, імбіру, апельсінаў, фінікаў, гарбузоў і дынь, а ўсялякага вінаграду!..

Бытавалі мы гэтак цэлы год. Я столькі паспытала тады ўражанняў, што ў памяці маёй яны змяшаліся ў адну цудоўную песню ці малітву і выдзяліць для апісання што-небудзь з таго зараз, сяброўка, не так проста.

Пад канец шчаслівага года Стэфан мой загадаў на беразе Неапалітанскай затокі паставіць на самым відным месцы вялізны камень з надпісам:

«Тут шляхціч Валковіч абвянчаўся са шляхцянкай Кацярынай Рудніцкай і яны паспяхова правялі свае мядовыя месяцы».

 

Дамоў

«А з Рыма ехалі мы аж тры месяцы. Не, ніякіх воен па дарозе не спатыкалі — мы проста з вяртання зрабілі сабе прыемнасць. І дарога не доўжылася ані крыху. Нанялі добрага кватэр’ера з нямецкага войска. Скакаў наперадзе нас ды падбіраў для начлегу мяшкане.

Рабіў гэта з фантазіяй і старанна.

Па дарозе дзякуючы кватэр’еру гасцявалі ў грандаў, князёў і мадзярскіх баронаў. Бароны прымалі нас ахвотна — як жа іначай, наш слаўны кароль Стэфан Баторы таксама быў мадзяр. Таму, калі мы пад’язджалі да якога-небудзь замка, у наш гонар палілі з гармат.

Было нам весела, прыемна і радасна.

Успомніла зараз, як калісьці з татам і мамай вярталіся з фэста з якой-небудзь Вільні, Беластока ці Жыровіц. Схуднелыя, з упалымі бакамі, але бадзёрыя коні нечакана скубалі тату за сукману, церлі аб іх галаву, вышчаралі адзін да аднаго жоўтыя зубы, дружна пырскалі ды лёгкім трухтам беглі па роўнай дарозе праз Капліцу Велькую, Капліцу Малую альбо праз Твае, сяброўка, Верцялішкі. Бо ведалі, падлы, куды імчаць.

Іншы фігляр пырсне ды яшчэ кусне суседа — гэтак заахвочвалі самі сябе да бегу.

То зноў прытуляліся адзін да аднаго, беглі — храпа ў храпу, нага ў нагу, стрыгучы вушамі,— мабыць, апавядаючы так сабе нешта прыемнае і цікавае, па-конску.

На гэты раз скакуны нашыя ў бок Нёмана не рваліся — хоць былі і чыстакроўнай арабскай крыві, але для Прынёманшчыны чужыя. Па меры прыбліжэння рвацца туды сталі нашыя сэрцы».

 

На радзіме

«У Варшаве, сынок, чакала нас зноў радасць.

Не толькі рыцараў, хто калісьці ўцёк са Збаража ды прынёс патрэбную вестку ў сталіцу, чакала ўзнагарода — ладны маёнтак (ад чаго і разбагацеў Твой татка) ды шляхецкі тытул. Кароль быў няўдалым. Мала цікавіўся сваім народам і яго клопатамі. Дапусціў краіну да вайны на тры бакі. Аднак і далей мусіў падпарадкоўвацца парадкам, устаноўленым у Рэчы Паспалітай да яго, яшчэ за Ягайлам.

Вось чаму, сыне, каралеўства ў нас пры ўсіх бедах не бусурманскае, за што ўсе мы яго шануем, служым яму, падпарадкоўваемся, хоць часта і бурчым.

І тым героям, якім пашэнціла вырвацца з чужога стану ды гэтак праславіць айчынную зброю, а ўсяму свету паказаць напал духу ў Айчыне трох народаў — польскага, беларускага і літоўскага, як у праваслаўных, так і ў католікаў, лютэран ды уніятаў, каралеўскія эмісары загадалі зараз жа выдаць па маёнтку не меншым. Таму, хто шляхціцам яшчэ не быў, атрымліваў цвёрдае абяцанне, што бліжэйшая сесія сейма тытул яму зацвердзіць.

Гаўрылін Лук’ян з Гібуліч ды Хведар Грэсь са Свіслачы землі атрымалі аж на Мазоўшы, а мой Сцяпан, як часамі сама мужа называла,— паміж Аўгустовам ды Гродна, паабапал рэчкі Ганча. Проста да старога надзелу яму прырэзалі яшчэ адзін, толькі куды большы.

— Да гузіка мне новы жупан прышылі! — смяяўся рыцар.

Узамен мы Найяснейшаму Маестату — каралю, падарылі маленькі гадзіннічак. Маючы гадзіннікаў розных з цэлага свету поўныя пакоі, як хлопчык, ён узрадаваўся і нашаму. Яе Высокасці падарылі каралі. Спадары Гаўрылін з Грэсем таксама нешта далі, таму развітваліся мы з дваром надта цёпла.

Покуль муж вырабляў на падараваную зямлю адпаведныя паперы, я і даведалася, што Твой татка, сынок, жывы-здаровы. Не дачакаўся мяне з ясыру, зрабіў куды прасцей — ажаніўся яшчэ раз.

Галоўным абавязкам такога чалавека, здавалася б, павінен быць клопат — выкупіць жонку з няволі, калі ўжо яна па яго віне трапіла татарам у лапы,— як рабілі ўсе іншыя рыцары. Яму і ў галаву не прыходзіла такое.

Перасылаў грошы майму шэйху ў Палесціну цераз вандроўнага яўрэя наш Нічыпар. Брат з татам ды мамай мяне прагна і выглядалі з далёкага краю, покуль выпадкова не даведаліся, што пасланца на Валыні зарэзалі бандыты.

Другі раз Нічыпару пасылаць выкуп не мела сэнсу — упушчаны быў шанц.

Цяпер, сынок, як на споведзі, буду перад Табой каяцца ды ўсё-ўсё па парадку выкладваць. Таямніцы страшнай на Той Свет ад роднага сына забіраць не магу — не па-хрысціянску было б. Што з таго, калі перад вачыма адзінака прадстану агіднай пачварай ды злачынцам. Хіба ж лепей будзе, калі ён потым пра ўсё даведаецца на Небе ў час Страшнага Суда!

Кажуць, жанчынам вопыт нічога не дае. Мажліва, з большасцю так і адбываецца. Я ж вынесла са свайго грэшнага быцця непахісную ісціну ды перадаю Табе, як наказ, сынок,— злачынства хавай ты не хавай, а вышэйшая боская сіла, тая на чым свет трымаецца, усё роўна дабудзе наверх ды вытрасе перад усім народам якраз у такі момант, калі чалавек найменш спадзяецца.

Людзі толькі спачатку ахаюць — адкуль з’явілася страшная чума. Чаму град пабіў пасевы, на свіней паморак напаў ды чаму на тую ці другую вёсачку Багародзіца наслала хмары з камянямі ды змеямі. Потым тыя самыя людзі спакойна разбяруцца. Гасподзь Бог адкрые ім вочы, і ніхто ўжо не дзівіцца з нечаканай бяды,— як слушна заўважыў калісь дзядзька Герасім перад тым, як сапацкінскі кат, пан Гедройц, павалок яго адсякаць галаву да ямы.

Старыя ў нашых Путрышках заўсёды любілі казаць:

— Аліва заўша наверх выплыва!

Таму лепей мне адкрыцца самой — спакайней так будзе ды хоць крыху ўбаўлю гнеў Усявышняга».

 

Бяздумныя выдаткі

Што і як далей адбылося, будзе ніжэй відаць з аўтарскага пераказу.

Прыехаўшы са Стэфанам пад Аўгустоў над Чорную Ганчу, яна не кінулася адразу яшчэ і ў Гродна, каб шукаць роднага сына — сваё адзінае дзіця. Кацярына не піша пра гэта, але выходзіць,— пра сына тады нават не падумала.

У ёй сядзеў усё той самы д’ябал, камандаваў ды піхаў яе на адпаведныя ўчынкі.

Кажуць, калі кахае мужчына, заўсёды глядзіць на Бога, а калі трапіцца такое з жанчынай — яна бачыць толькі мужыка. Так прыблізна атрымалася і ў Кацярыны.

Грэх быў мацнейшы за сына і, мажліва, за смерць.

Першым чынам, Стэфану яна наладзіла быт. Адшыкавала іхні палац.

Усе апавядалі: ваявода сандамерскі Крыштаф Асалінскі пабудаваў каля Апатава палац, у якім было трыста шэсцьдзесят пяць вокнаў, пяцьдзесят два пакоі, дванаццаць залаў, а Кацярына, вядома, зрабіла сабе меншы.

Аднак і ў сваім замест столі ў адным зале нямецкім майстрам загадала наладзіць акварыум. На падворку разбіла ставок. Майстры наладзілі каля яго фантан, вакол расставілі мармуровыя фігуркі дакладна такія, якія яна бачыла ў багатых рымлян. Расставілі альтанкі.

Усё агарадзіла высокім плотам ды за плот запусціла, каб бегалі, давячыся ад злобнага брэху, ваўкадаваў.

Цяпер, калі запрашала на абед суседзяў ці гасцей з Гародні, у вялікай хаце выстаўляла для агляду ўсе свае пугіналы з брыльянтамі, серабро Садык-бея і кітайскую парцэляну, якую паспела ўжо купіць у Круляўцы. Выстаўляла флаконы з касметыкай ды парфумай — усе з золата. Клала ўсё на сталы — няхай шляхціцы ведаюць і бачаць, з кім маюць дачыненне.

У куфэрку выстаўляла талеры, каб госці самі маглі паспрабаваць куфэрак на вагу, узяўшыся за дзержакі, каб адчуць маглі ды вызначыць, колькі там золата.

Але найбольш Кацярына выкладвалася на пачастунак, бо ведала, як праз жывот можна дайсці да таго ці іншага чалавека.

Па свеце яе папакідала, патравы рыхтаваць ужо навучылася.

Выстаўляла качкі, нашпігаваныя арэшкамі. Сметанны сыр, упрыгожаны фруктовай мармеладай. Студзень мясны з салатамі. Кавалкі мяса ў белым соусе з муштардай. Літоўскія калдуны. Маладзенькіх парасят з моркаўкамі ў лычыках і галубоў.

За ўсім гэтым падавала валоўю вантробу з соусам садавіны. Французскія пірагі з мігдаламі. Дзічыну па-венгерску. Паштэты і мяса з кукелкамі.

А тады загадвала чаляднікам несці суп перцавы, смажаныя бажанты ды піражкі, спечаныя па-гішпанску.

Давала гасцям крыху адпачыць, затым зноў загадвала несці мясное. І слугі валаклі капланы, абкладзеныя саланінай. Мясны студзень у гаршчочках. Трусоў ва ўласным соусе. І вясельны пірог па-неапалітанску, у які загортвала мёд і цукар.

Тады неслі курапаткі з кіслымі яблыкамі. Варэнне з садавіны ды піражкі. Віно.

Затым перад гасцямі загадвала класці замежныя смажаныя каштаны, раскладзеныя шахматным парадкам.

А на заканчэнне падавала ім старую неапалітанскую страву з далікатнага цеста, пасыпаную цукрам.

І вядома, да ўсяго яшчэ — белае віно ды гатаваны мёд з карэньцамі. Ды па-ўсходняму слугі ў медных місах, вычышчаных да залатога бляску, насілі пахучую ваду для ўмывання рук, ручнікі — пасля кожнага пачастунку.

Кацярына ў запісках прызнавалася, што ад нячысціка насіла ў сабе многа душ. Маўляў, таму яна магла быць добрай, чалавека любіць, але магла зараз жа загадаць цівуну хвастаць кухарку — проста так, каб толькі чуць яе крыкі. Такія крыкі яе цешылі, служба ўся пра гэта добра ведала, таму старалася.

Яе падносы, збанкі, лыжкі і нажы былі начышчаныя да зіхатлівасці. Службу прымушала вылізаць кожны куток у памяшканні перад такім абедам.

І старалася яна, каб госці бывалі часта. Кожны тыдзень з Гародні, Беластока ці нават аж з Вільні запрашала артыстаў і хор. А калі Стэфан занядужваў часамі — ад прастуды ці злога вока — і валяўся днём у ложку, у суседнім пакоі грала яму музыка.

Яна ні на крок ад Стэфана не адставала. Дагаджала яму, вартавала ды раўнавала — да непрыстойнасці.

А яшчэ была цёнгле ў страху, разумеючы аж надта добра, што Стэфану, маладзейшаму за яе прытым, калі войны павыбівалі мужыкоў, яна застарая.

 

Рыхтаванне да прадаўжэння роду

Якраз зацяжарыла і вельмі ж захацела нарадзіць яму сына. Горача сябе ўгаворвала, што Стэфан у яе па-людску сумленны, разумны, богабаязлівы, за быле дзяўчом гнацца не павінен — не з тых мужыкоў, ветрагонаў, і наследнік яго, напэўна, прывяжа да жонкі. Аднак супакоіцца не магла.

Тады з галавой ахунулася ў падрыхтоўку: стварала ўмовы для развіцця плода.

Брала ў парадзіх і піла іхняе малако.

Ад дваровых дзевак у верцеху пускала кроў, раніцой і вечарам умывала ёю твар.

Ела вантробу дзікіх галубоў.

Трэба было падумаць і аб душы.

Заўсёды ўмела выкраіць нешта для жабракоў, калек, салдат, што вярталіся з няволі. Давала ялмужу для бедных студэнтаў. У гарадзенскі сабор падарыла накрывала, гафтаванае шоўкам у размаітых колерах, атарочанае аксамітам, яшчэ размаляванае сярэбранай сетачкай з залатымі фрэндзалямі.

У цёплую пару, захапіўшы з сабой дваровую службу, пехатой ды босай адправілася на маленне да іконы Мацеры Божай на Грушы ў Журовіцкі уніяцкі кляштар.

Даўно, даўно таму на землях спадара Солтана Аляксандра пастухі знайшлі на грушы маленькую іконку з Мацер Божай і Святым Дзіцяткам1. Салтан забраў яе ў двор, а іконка назаўтра — зноў на той самай грушы вісіць!

Калі дзіва такое паўтарылася тры разы, спадар Солтан паверыў, што ікона святая. Загадаў на тым месцы паставіць храм, а святое адлюстраванне павесіць у ім на пачэснае месца.

Храм потым згарэў, але іконка са Святой Сямейкай бытта і не была ў агні — стаяла сабе на валуне сярод папяліска. Людзей гэта ўразіла яшчэ больш. Цяпер яны пабудавалі для рэліквіі ладны, вялікі і мураваны сабор Успення Божай Маці. Вялікі князь Літоўскі Сапега сабору падарыў многа багацтва. Смаленскі кашталян, спадар Мялешка Ян, са сваёй спадарыняй Аннай Фурсаўнай прывязлі ў яго базіліян. І гэты уніяцкі ордэн зрабіў усё, каб слава пра абіцель разышлася па Літве і Кароне.

Святая іконка ў новым храме зараз была ў самым цэнтры. Людзі валілі да яе натоўпамі. Ехалі фурманкамі. Плылі Нёманам і Шчарай. Затое адтуль вярталіся здаровымі і шчаслівымі. У абіцелі пабывалі каралі Уладзіслаў IV, Ян Казімір ды маліліся, лежачы крыжам перад Дзевай Марыяй з Дзіцяткам за дабрабыт народа.

Разам з іншымі і Кацярына прыбыла ў Журовіцы, дакранулася вуснамі да рэліквіі ды папрасіла дапамогі пры родах.

Догляд яна мела добры, а плод усё ж такі яе даканаў. Кацярына распухла і счарнела, пакрылася рыжымі кропінкамі. Покуль насіла дзіця, выкрышыліся ў яе астатнія зубы — усе да аднаго.

Але не гэта яе хвалявала. Страх, што можа страціць Стэфана, па-ранейшаму ні днём ні ноччу не даваў спакою.

У тых кабет, хто перажыў ясыр альбо пабываў у гарэме, хто яшчэ адбыў такую дарогу, дзяцей, вядома, увогуле не бывае — цудоўнае таінства запладнення здарылася толькі з ёю.

Напэўна, і далей ішло б усё як належыць, калі б, на думку Кацярыны, яна, грэшная нягодніца, не парушыла клятвы шлюбу, хоць і даную пад прымусам у Жалудку, у касцёле, каб не разгневала пана Бога і Мацер Найсвяцейшую, не ўзрадавала Люцыпара з усімі яго нячысцікамі.

Апісвала ў дзённіку ўсё па парадку.

У цішыні і спакоі, які панаваў у іхнім двары над Чорнай Ганчай, яна часамі нібы забывалася. Калі пра нешта і думала, то — пра самае для яе галоўнае.

Як вядома, з родамі так: адная кабета свой плод выдасць на свет у вялікіх муках ды цярпенні, а другая — бы семку выплюне. Толькі ні адна загадзя не ведае, як яно будзе.

І Кацярына вырашыла — будзе няхай так, як быць мае.

Дзень і ноч толькі малілася Царыцы Нябеснай. Пасылала зноў у царкву, касцёлы і сінагогі міласціну жабракам. Раздавала ім з парога, а ўсю аж падмывала,— так хацелася ўзрадаваць Стэфана ды падарыць яму абавязкова сына. Гэта абаіх іх радніла. Адно без аднаго ўжо жыць не маглі.

Паказаў Стэфан сябе і на гэты раз сапраўдным рыцарам — стараўся дапамагчы, як адно мог. Толькі і клопату меў — як жонцы дапамагчы.

З’ездзіў у Вільню. Купіў там ды прывалок ёй спальню. Калі слугі мэблю расставілі, не магла надзівіцца.

Вялікі ложак з выразанымі фігуркамі з пазалочанага дрэва. Пакрытыя сінім шоўкам матрацы. Падушкі ды коўдры, абшытыя залатымі шнурочкамі. Над ложкам — балдахін з ружовага аксаміту і белага атласу абапіраўся на чатыры калонкі — тонкія ды здатныя.

Перад балдахінам Стэфан загадаў паставіць дыванчык, абшыты залатой карункай. Сцены яе пакояў абабіў зялёнай матэрыяй — 70 локцяў яе патраціў.

Калі ж надышоў галоўны момант, не давяраючы парабкам ды чаляднікам, муж сам паадвязваў ад слупоў кароў і коней.

Авечак і свіней выпер у поле.

Лахматых ваўкадаваў, якія ля будаў вішчэлі ад нецярпення ды рваліся з ланцугоў, паадчапляў таксама, і яны паразбягаліся, як шалёныя.

Павымаў набоі са стрэльбаў ды пісталетаў.

Апаражніў калчаны са стрэлаў.

У доме паадчыняў вокны, дзверы ды пазакладваў іх кіёчкамі, каб вецер зноў не пазакрываў.

 

1 У 1480 годзе.

Боская кара

Дарэмныя былі Стэфанавы старанні.

Усё выглядала на тое, што і на самай справе пан Бог сваім страшным, але святым і справядлівым гневе дасягнуў вялікую грэшніцу караючым мячом нябесным і ў лясной глушы над Чорнай Ганчай. Не дапамаглі ёй і Дзева Марыя з Ісусам Хрыстом, бо, выходзіла, малітвы з нячыстых вуснаў святой Багародзіцы і Сына Божага абсалютна не кранаюць.

Хлопчык нарадзіўся, але мёртвы — з вадзянкай у галоўцы.

На другія роды спадзявацца ўжо не магла. Цяпер лішнімі здаліся яе старанні ўпарадкаваць палац з акварыумамі, паркі з фантанамі і скульптурамі. Яна апынулася ў сітуацыі тае бабулі з разбітым карытам.

І ўсё ж такі, калі паправілася, адчула ў сабе яшчэ хоць і слабую, але якуюсьці надзею — у яе ж быў Стэфан! Толькі злыбяда ніколі адной не бывае — ходзяць злыбяды касякамі.

Наступную навяла гарэлка. Вядома, усе шляхціцы яе любілі,— у Рудніцкага ж ад розных вінаў, мёдаў і гарэлак галава заўсёды была ў чадзе.

Праз нейкі час на сейміку ў Гародні яе Стэфан у карчме «Роскаш» спаткаў п’янаватага Яна. Выпадкова, вядома.

Ян адразу ўзрадаваўся:

— А-а, я вацьпана даўно выглядваю!

— Та-ак? Чым магу быць пану карысным? — неахвотна спыніўся Валковіч.

— Гэта я вацьпану хачу зрабіць паслугу!

— О-го?!

— Так ест!

— Ахвотна яе прыму, калі не шмат будзе каштаваць.

— Вацьпан, сам ацэніш!

— Ну, ну, слухаю?

— Ці ведае, шаноўны рыцар, што яго белагалова распусніца і ганьбіць імя вацьпана?

— Вунь як?!

— Так ест!

Рыцар ані хвіліны не вагаўся. Перад тым як адысці, Стэфан грэбліва кінуў:

— Вольно курце і на Божэ мэнкі шчэкаць!

Рудніцкі яго не адпускаў:

— Але ж — так, шаноўны пане! Зачакай, пан, і паслухай! Пан, напэўна, яшчэ і не ведае, што яна хавае дарослага сына перад вацьпанам!

Стэфан вярнуўся, ударыў яго па твары ды кінуў:

— Не мялі, вацьпан, языком пра тое, чаго не пытаюць! І не ўводзь мяне ў гнеў, бо горай будзе!

Удар быў такі, што Рудніцкі паляцеў на зямлю. Толькі ўзняўся, Стэфан пляснуў ў шчаку другі раз:

— А гэта на тое, каб вацьпан ведаў, як блюзніць шляхотных кабет!

І пайшоў.

Але ж гэты мяснік з мяснікоў, Рудніцкі, выхапіў сваю славутую шаблю з дамаскай сталі ды кінуўся ўздагон. Дагнаў Стэфана і з тылу рассек яму галаву.

Рыцар адразу зваліўся мёртвым.

Атрымаўшы вестку пра выпадак, Кацярына адчула, як бы штосьці ў ёй абарвалася. Але не заплакала і не загаласіла. Сама сабе цвяроза ды надта спакойна сказала:

— Што ж, мілая, супроць лёсу свайго, што табе на Небе запісана ў святыя кнігі самім панам Богам, не папрэш, а на свеце чамусьці часта так здараецца, калі ў змаганні галаву кладзе найперш чалавек прыстойны, а быдлякі, як не прыкра, амаль заўсёды застаюцца.

Падумала так Кацярына ды ўзялася за пахаванне.

 

Провады рыцара на вечны спачын

Адразу разаслала пасыльных з жалобнай весткай — рыцар адышоў у смяротную цень.

Труну заказала дубовую, а зверху цынкавую — усе высланыя аксамітам, упрыгожаныя залатымі грыфамі, ільвамі ды лілеямі.

Значную суму адваліла для ўпрыгожання касцёла ў Віграх, куды вырашыла везці для адпявання цела.

На пахаванне з’явілася восем біскупаў і архірэяў, трыццаць канонікаў, дзвесце пяцьдзесят ксяндзоў і бацюшак — лёгка сабе ўявіць, колькі каштаваў адзін іхні прыезд. Затое было на што паглядзець і запомніць.

Калі працэсія крочыла да касцёла, сонца гарэла на пазалочаным адзенні духоўных.

Пяцьдзесят спіжовых гармат і столькі ж гакаўнік палілі ўгару — хоць затыкай вушы.

Енчылі і пясок на галовы сыпалі ды размазвалі яго па заплаканых тварах, ірвалі на сабе кофты восемдзесят плакальшчыц, прывезеных з Гародні, Беластока і Аўгустова.

За труной з духавенствам, за плакальшчыцамі і сваякамі вялі Сцяпанавых скакуноў, захутаных крэпам, з-пад якога тырчэлі толькі вушы, храпы ды хвасты.

Чэлядзь уздоўж усяе працэсіі трымала сотні чорных штандартаў, абшытых бахрамой.

У касцёле Стэфана чакала таксама расшытая золатам і ўся ў жывых кветках ды знамёнах — з «Пагоняй» ды бела-чырвона-белымі палоскамі, з арлом на чырвоным фоне — палатка. Вакол тоўпіліся сотні мужыкоў ды баб, якім эканом паабяцаў пад канец службы раздаваць грошы і па кварце гарэлкі. Бо каб не гэта, мала хто з іх у храм заглянуў бы,— хлопы ўсе ваўком глядзелі, пашаны да сваіх дабрадзеяў выказваць так і не маглі навучыцца.

Але Бог з імі — з хлопамі, будзем аб пахаванні.

Калі над труной скончылі гаварыць пра слаўныя чыны нябожчыка ды пералічваць яго заслугі, у касцёл уварваўся на кані Хведар Грэсь ва ўсім баявым рыштунку.

Рыцар ролю сваю споўніў як належыць. У натоўп Хведар уварваўся на кані, звер дзіка хроп ды бліскаў шалёнымі вачыма. Перад каменным парогам рыцар скакуна раптам узняў на дыбы. Тады з трэскам паламаў аб луку піку ды з усяе вышыні, звонячы бліскучым панцырам ды похвай шаблі, грохнуўся на каменную падлогу, тады зароў — і так страшна, што ў кожнага, хто чуў гэта і бачыў, валасы сталі дыбам, па скуры прайшоў мароз.

Ах, як харунжы ўсіх уразіў!

У той момант, калі Хведар падаў, астатнія рыцары адначасна ўдарылі далонямі па дзяржальнях, са звонам выхапілі шаблі ды салютавалі вою бляскам баявой сталі.

Кацярына баялася, каб шляхта не перапілася ды не павялічыла ў бойках колькасць нябожчыкаў, таму памінкі спраўляла па мужу толькі чатыры дні.

І то былі пасечаныя ды паколатыя, але яна не стала разбірацца, каго пасеклі, каму што прабілі — пакінула гэта павятовай уладзе.

На магілу Стэфану зафундавала гранітную пліту з баявым шаломам, жалезнымі рукавіцамі і мячом, а над ёй паставіла з мармуру плакальшчыцу, як жывую. Маладзіца аберуч трымалася за галаву ды так лямантавала, што кожны, хто б ні праходзіў, ні праязджаў каля могілак, мусіў спыніцца, паглядзець ды змахнуць слязу.

Усё для Стэфана Кацярына ўчыніла.

Сама ж, як патрабуе звычай, не распранаючыся, не здымаючы нават з галавы каптурыка, а з ног абутку, месяц правалялася ў ложку, сумуючы. Хоць і непрыстойна было непагамаванай жаласцю гэтак супраціўляцца Божай волі, але ж так у падобных выпадках паводзілі сябе багатыя русінскія дзяды ды бабулі, таму грэх на душу сваю вырашыла ўзяць і яна.

Гэтак прыгожа і ўчынна пахаваўшы мужа, адбыўшы пасля яго ў ложку пакуту, Кацярына ўспомніла пра сына. Толькі цяпер адправілася на роспыты, вынік якіх ужо вядомы.

На мужавай смерці абарваўся і шэраг яе жыццёвых поспехаў. Усё ў тым жа 1650 годзе дарогу зноў перайшоў Рудніцкі.

 

Раздзел другі

 

Разгульны мужанёк

Кацярына была ўпэўнена, каб даць старонняму паглядзець яе пісаніну, чалавек падумаў бы — баба да Рудніцкага прыдзіраецца. Але яна пераконвала ў запісках свайго Алеся, што апісвае ўсё па-чэснаму, піша не са злосці і не на шкоду яму, як і не на шкоду каму-кольвек іншаму. Піша, як было.

Амаль без гневу дзень і ноч апісвала кепскае і добрае, што давялося перажыць і перацярпець. Таму, на яе думку, усё павінна выходзіць справядлівым з-пад яе гусінага пяра, якія гэтак лоўка ўмеў вастрыць пачцівы спадар Яўхім,— няхай Прачыстая Дзева Марыя дасць яму яшчэ больш здароўя.

Кацярына клікала Мацер Божую ў сведкі, што апавядае сыну адно праўду. Апісвала ўсё, бы той чалавек, які на тую праўду меў права, расказаць яе мог і ўмеў, бо нават у Бібліі гаворыцца — вяршыня духа дастаецца толькі чалавеку адзінокаму, які гады свае прайшоў цярністай дарогай, чыё быццё — смутак, віна ды пакута. А што часамі прабівалася ў яе злосць на Яна, Кацярына была ўпэўнена,— папракнуць яе ніхто не меў права.

Аднаго калецтва сына не даравала б яму ні адная маці. Перабіраючы ў памяці мінулае, яна з жахам сама сабе казала — Божа, ці ж толькі адзін быў той выпадак!

Сын яе гуляе на падворку. Вясёленькі. Распрамянёны. Жвавы і ап’янелы ад забавы. Яна займаецца вышываннем, але кожнай драбніцай свайго цела адчувае малога, ведае, дзе ён, што з ім, і радуецца.

З’явіцца аднекуль той звер ды кіне:

— Ну і зух расце — праз пару гадоў на вайну пачну з сабой яго браць!

А хлопчык вечарам і захварэе. Бо ў яго таткі былі надта шкодныя вочы. Ух і шкодныя — бы ў знахаркі Расоліхі! Каб такі позірк мела баба, яе даўно на кастрагу спалілі б.

Не раз і не два цвярдзіла — не хвалі малога. Не выклікай бяды, бо ліха не спіць. А той — сваё.

Стане сына карміць. Зноў свой паскудны язык усуне, і малое неўзабаве ўсё і вырыгае.

Бытта шкадаваў ды зайздросціў — не раз заўважала. Але ж шкадаваў і зайздросціў каму? Роднаму сыну.

Хіба ж гэта бацька?

Адным словам, яшчэ тады ўбачыла, які гэта чалавек, колькі бяды ад яго мела ды будзе яшчэ мець, але несла на сабе цяжкі крыж, бо выйсця іншага не бачыла.

Добра ведала, доля бабская — цярпець ды пільнаваць жаночай справы, у чым жанчыну ніхто не заменіць.

Вялікае яе шчасце, у маладыя гады жыла з Янам коратка. Але і за такі час яго раскусіла аж занадта.

Звычайныя людзі хвіліну ляніства мусяць добра зарабіць, а ён?.. Апінію магла выдаць дакладную: мог толькі піць, жэрці, транжырыць грошы ды выкідваць конікі — калі не быў на вайне.

Бы той сляпой курыцы часам трапіць зярнятка, так і гэтаму чалавеку лёс падараваў збаражскі выпадак. Болей дзесяці гадоў яму лесцілі, захапляліся яго бравадай і спрытам, кемлівасцю і адвагай, вернасцю каралю ды шляхоцкаму гонару, а дзецям і ўнукам размалёўвалі неверагодныя ўчынкі на Падолі, якія зрабіў бясстрашны рыцар Ян Рудніцкі на хвалу сваёй Айчыне, на славу Кароне ды на карысць каталіцкай веры.

У адным месцы, маўляў, прыкідваўся жанчынай і гэтак пераадольваў варожыя парадкі.

Ляцеў па Небе, раздабыўшы сакаліныя крыллі.

То зноў, бы які крот, прабіваўся пад зямлёй.

А шаблі свае бытта вастрыць так умеў, што адным махам пяцярым янычарам галовы сцінаў, бы качаны капусты, таму ворагаў налаташыў цэлыя горы, крыві іхняй праліў — рэкі.

Султан бытта бы баяўся яго больш, чым усяго войска праціўніка, і падсылаў да караля пасланцоў з караванамі вярблюдаў, заладаванымі кітайскім шоўкам ды ўсходнімі прысмакамі, каб тавар выменяць на аднаго Рудніцкага.

Прапанаваў бытта бы за такога ваяра нават Бесарабію з Крымам у прыдачу.

Усяму верылі.

Дзесяць гадоў у шляхты ён быў кумірам баляў, сеймікаў ды размаітых мужчынскіх таварыстваў — вычаўпляў на рыцарскіх турнірах, паляваннях, звыклых папойках.

А былі ўсе гэта вартыя жалю выглупы1. Прынамсі, ей, кабеце, якая прайшла агні і воды на Чорным ды Міжземным з сапраўднымі рыцарамі — упартымі і шляхотнымі, не менш ваяўнічымі, але добрымі і сардэчнымі людзьмі, было б няёмка глядзець, як такі стараваты ягамосць перад п’янай кампаніяй сцінае шабляй агеньчыкі са свечак, на ляту — муху, рассякае яйка на галаве струхлелага ад смяротнага страху чалядніка альбо стрэламі з пісталета абрывае нітку ды ўганяе кулю ў кулю на сцяне.

Аднак шляхецкага песту жадалі бачыць за абедзеннымі сталамі ў князёў, ваявод, біскупаў, архірэяў, заморскіх купцоў, а не адная самая пышная прыгажуня, аслепленая яго славай, слалася яму пад ногі пластом.

Так усё тое выглядала.

Вось і выйшла, што ўсе, хто толькі мог і як мог, убівалі ў Янаву не надта разумную башку, бытта ён незвычайны, непаўторны і ўсё яму дазволена. Ён і паверыў.

На колькі ў башцэ таго паганца перавярнулася нават тое, што ў ёй было натуральным, паводле Кацярыны, сын не мог меркаваць сам, а яна апісвала Алесю толькі некаторыя татавы ўчынкі.

Яшчэ да яе прыезду з Рыма Рудніцкі напаў на дом беларускага шляхціца пад Саколкай — спадара Грынкевіча Самуіла. Уламаўся да Грынкевічаў з бандай п'яных гайдукоў, украў яго падчарыцу — маладзенькую Зосю — ды гэтаксама, бы калісьці Кацярыну, сілай абвянчаў на сабе — на гэты раз пад Беластокам, у касцёле Васількова.

Такое, вядома, не магло прайсці бяскарна.

Суд вынес самадуру пакаранне смерцю цераз адсячэнне галавы. Але ў нашай Рэчы Паспалітай законы што павуцінне: верабей праз іх праб’ецца і толькі пчала загіне.

Добра пра тое ведаючы, бандыт зараз жа адправіўся ў Варшаву да Яна Казіміра. А кароль з-за абыякавасці да парадкаў у сваёй дзяржаве, яшчэ і сам вялікі хабарнік, а так бязглузды распуснік ды гуляка, што каралеўскаму двару і харчы даводзілася браць у доўг у варшаўскіх гандляроў, ва ўчынку шляхціца ўбачыў, вядома, штосьці нават сабе блізкае па духу — выдаў Рудніцкаму даравальны вердыкт. Толькі абавязаў буяна выстаяць у панцыры і з шабляй нагала імшу ў касцёле. Яшчэ папярэдзіў — сам будзе глядзець на такую сцэну ў час набажэнства ды пакажа сваёй Людвіцы Марыі — каралеве.

Што мог вычаўпці пасля гэтага Алесеў татка, калі пашэнціла ўжо выкруціцца?

Сын ніколі не здагадаўся б.

Пакрасаваўшыся ва ўсёй зброі ды амуніцыі перад паненкамі і панямі ў час набажэнства ў варшаўскім касцёле Святога Крыжа, Ян адразу паімчаў у Саколку і беларуса-цесця прымусіў з’есці з патрахамі сырога цецерука. Тады сваяка яшчэ абрабаваў ушчэнт. Нават бочкі з кіслай капустай ды свіныя карыты загадаў чаляднікам ладаваць сабе на фурманкі, а зверху накідаў цесцевыя цапы, вілы, косы, матыкі ды граблі.

Вядома, смяротны прыгавор суд вынес яму зараз жа другі. Але праз кароткі час стараваты зух даравальны глейт раздабыў яшчэ адзін ужо ў каралевы — Людвікі Марыі. Праўда, цяпер з шабляй мусіў выстаяць ў касцёле ўжо чатыры імшы. Месяц пасціцца. Паўгода не спаць у ложку. А кляштару францішканаў, які ў той час пашыралі, выдаць тры тысячы злотых.

 

1 Непрыстойныя выхадкі (мясцовае).

Першы суд і пакаранне

Калі Алесеў татка ўбачыў Кацярыну пасля дзесяцігадовай разлукі, пра сына свайго сказаць нічога не мог. На яе настырныя роспыты не павёў і брывом — так збыдлеў.

Ад таго, што Кацярына была ў пашане ды замужам за прыстойным чалавекам, яго аж белая гарачка разбірала. Нічога лепшага не прыдумаўшы, развязаў сабе рукі. Падстроіў для сваёй маладзенькай Зосі пастрыжэнне ў Супрасльскі манастыр. Тады давай прыставаць да Стэфана.

Мы ўжо ведаем, чым прыставанне тое скончылася.

Яму і гэтага здалося мала. Падаў на Кацярыну ў суд на той падставе, што, бачыце, выйшла замуж за Валковіча, ашукала яго першай. Маўляў, ён панёс вялікую страту, таму ўсю яе маёмасць, суддзі, канфіскуйце на яго карысць.

Яшчэ судоў ёй не хапала.

Кацярына не разумела тых, хто пасля братавай смерці не мог сам падзяліць хамутоў, церассядзельнікаў, гуняк, гаршкоў, парасят і быдла, абавязкова брудную работу ўзвальваў на суды, прыцягваючы да справы людзей яшчэ і старонніх. У гэтым знаходзіла нешта нізкае, ганебнае.

Калі б Рудніцкі звярнуўся да яе па-харошаму, яна, мажліва, што-небудзь адступнага і дала б, бо нечакана стала гаспадыняй абшараў, мабыць, большых, чым валодаў сам гетман Хадкевіч. Акрамя таго, што правяла пышнае пахаванне і так патрацілася, мела яшчэ золата і біжутэрыю, а былы яе першы мужанёк сваё ўсё паспеў растрандзіць. Яму пагражала цяпер скаціцца ў катэгорыю галадраных шляхціцаў, якія страву канапляным алеем ды смажанай цыбуляй запраўлялі. Але ж ці хацеў гэтага ён? Яму спатрэбілася ўчыніць яшчэ адзін скандал, каб у Рэчы Паспалітай зноў пра яго загаварылі.

«Сынок, ведай,— пісала Кацярына сыну,— той ягамосць, хто не мае ў душы Бога і ні ва што не верыць, толькі і гарыць жаданнем валодання і ў думках адно смакуе, як стане падпарадкоўваць ды таптаць цябе, як настрашыць іншых.

Прага ўлады — ненасытная і без межаў, калі яшчэ, не дай Бог, трапіць у душу, якая сабой не валодае.

На гэты раз, дурань, не ўлічыў, што з яго скаргі можа атрымацца.

У далёкай Аравіі мы са Скамарошынай Анютай смяяліся, калі судзілі знаёмага бедуіна за пакражу каня, і прысуд быў прасцей простага: стукнуць злодзея сем разоў кулаком у вуха левае, затым — стукнуць гэтак жа ў правае, і справе канец. У нас покуль што, дзякуй Богу, такога на судах не здараецца. Вядома, калі не ўмяшаюцца ў працэс сам кароль ці каралева».

Праўду Кацярына пісала, суддзі адразу пачалі разбірацца, хто ж такі Рудніцкі, а хто яна. Калі ж даведаліся пра дзіўную смерць яшчэ і манашкі з Супрасльскага манастыра — у міру Зосі Грынкевічанкі, якую рыбакі вылавілі ў Супраслі з пастронкам на шыі, справай зацікавіліся як след.

За парушэнне шлюбнага сакрамэнту, за другое замуства пры жывой жонцы і жывым мужу іх абаіх забралі ў Беласток. А такое злачынства, як вядома, спрадвеку каралася смерцю. Касцёлы за гэтым сачылі ды спуску не давалі.

Кацярына ўжо была гатовая прыняць развітанне з жыццём, ды той самы гібулічскі Лук’ян са свіслачанскім Хведарам аж з Мазоўша прыскакалі верхам у Варшаву і выпрасілі ў караля для яе памілаванне.

Рудніцкі з просьбай звярнуўся да Людвігі Марыі. Яна — да караля. Той адразу выдаў праз каралеву дараванне віны таксама. Яшчэ нават і пасмяяўся,— маўляў, Казімір Вялікі ўзяў шлюб трэці раз пры жывых жонках неразведзеных, то няўжо слаўнаму рыцару, герою збаражскай эпапеі, нельга гэтага зрабіць адзін раз.

Такія парадкі панавалі пры двары. Не дзіва, паслы ў сейме часамі так разыходзіліся, што ў залу да шляхціцаў біскупы ішлі з крапіламі, каб сварку размінаць свянцонай вадой. Але і гэта не заўсёды дапамагала.

 

«Не дасі яму памерці, то ён...»

Так ужо выйшла, што з Беластока, дзе сядзелі яны ў замку са зладзеямі, бандытамі, ерэтыкамі, канакрадамі ды мацяркамі, што прыдушылі сваіх нежаданых дзяцей, Кацярына ехала ў Гародню з Рудніцкім разам.

Жах як апусціўся гэты чалавек.

Дробненькі, як абшарпаны пеўнік. Спіты ды надта ад ляніства пастарэлы. Лоб і шыя маршчыністыя. На сонцы іскрыла рыжае шчацінне — на шчоках, падбародку. Яго цела было, як у ашпаранага парсюка, якога гаспадар збіраўся смаліць.

А што за вопратка! Жупан паношаны, зашмальцаваны, але распісаны зігзагамі з замызганых шнурочкаў — усё, што засталося ад колішняга бляску. Ды і шнуркі гэтыя месцамі былі паабрываныя. Абцёпканыя канцы неахайна звісалі — так і цягнула Кацярыну ўзяць нажніцы ды паабразаць.

Шапка аблезлая і завялікая, мабыць, чужая...

Нармальны чалавек з гадамі не траціць прыгажосці — з твару яна ў яго пераходзіць на сэрца. У гэтага на тым месцы, дзе памяшчаецца ў людзей яно, была якаясьці бурхаўка. Такому сумленны гаспадар нават свіней пасвіць не даверыў бы.

Адным словам, яе першы мужанёк, гэты майстра ўсё разбураць і не здольны хоць што-небудзь прыдбаць ці стварыць, палез да Кацярыны ў карэту, бытта паміж імі нічога і не здарылася. Брудны, смярдзючы, паспрабаваў яе аблапіць. Калі ж яна не далася, давай палохаць — бы той шалёны сабака паказаў выскал.

А праз хвіліну абяцаў ужо залатыя горы. Стаў, быдляк, зноў заляцацца ды прыставаць.

Адным словам, намерыўся хапіць яе за горла. І яна тады сабе падумала:

«Багародзіца Дзева Марыя, Ісусе Хрысце, Тройца Святая, я — грэшная і нягодная. Гэта ведаю аж надта нават сама. Галоўнае ў сямейным жыцці па запавеце нашых продкаў — цярпенне ды пакора.

Мала ж, хіба, я гэтага праявіла? Хоць з дзесятую долю такога цярпення выказаў ён? Ці ж незамнога на мяне кары нябеснай, даруй, Усявышні з усімі Святымі, мне, што пачынаю браць пад сумненне слушнасць Тваіх учынкаў? Колькі яшчэ стагнаць ад гэтай брыды? Калі ж усё нарэшце скончыцца і буду мець спокуй?!»

Яна падумала, што ёсць людзі, якім за перажытыя гады належыць тытул заслужанага крывапійцы — менавіта такім быў Ян. Тут на памяць ёй прыйшоў тоўсты Мустафа ды тое, што пасля бунту галернікаў на судне крыкнуў яе Сцяпан Грышку Багдановічу, калі той пытаўся, што з боцманам рабіць:

«Не дасі яму памерці, то ён табе жыць не дасць!»

Акурат такі самы выпадак. Нікуды яна не падзенецца ад гэтага вырадка і не схаваецца, каб старалася невядома як. Знойдзе яе нават пад зямлёй. Напэўна, не дасць спакойна пашукаць сына.

Усё гэта Кацярыне падказала мудрасць менавіта таго Змія, якому так пакланяюцца на Усходзе.

У Кнізе Быцця са Святога пісання гаворыцца, як Гасподзь стварыў сярод палявых звяроў і Яго.

Змій адразу ўчыніў свінства — падказаў жонцы Адама пакаштаваць яблык. Тады Бог яму аб’явіў:

— За тое, што спакусіў Еву, якая, пакаштаваўшы плода, падбіла на грэх Адама, поўзаць цяпер будзеш на чэраве сваім, а жэрці прах станеш ва ўсе дні жывата свайго, і ўсё жывое палохацца цябе будзе, як страшыдла.

І крыллі ў яго адразу адпалі. І ён не змог больш лётаць.

Менавіта з тае пары змеі на зямлі праклятыя. Нават маленькаму дзіцяці, якое яшчэ нічога не кеміць, пакажы гада, і малое адразу перапалохаецца ды так, што аж устрапянецца, хоць ад вераб’я ці зайчаняці радавацца стане і пляскаць у далонькі.

Але ж за столькі стагоддзяў пакуты яны сярод звяроў сталі самыя хітрыя ды вопытныя, з-за чаго народ і пагаворку склаў — мудры, як Змій!

Кацярына апісвала сыну гэтую прытчу, параўноўвала сябе з тым самым Зміем, бо лічыла, што і яна ведала жыццё дасканала,— к пазнанню ішла праз вопыт уніжэнняў, пакут, каштаванне таго самага грахоўнага яблыка, гузы ды сінякі.

Адным словам, тады ў карэце па дарозе з Беластока яна і вырашыла — возьме грэх на сваю душу, так і быць. Яшчэ падумала — адным больш, адным менш, розніца для яе ўжо малая. Усё роўна і так Прасвятая Мацер Божая выкіне яе з ліку жывых, выкрасліць са сваёй кніжкі жывата вечнага, кіне ў лік праклятых.

Дый няўжо яна даруе паганцу ўсё тое, што перацярпела? А смерць Стэфана абыдзецца яму за так?!

 

Пакаранне былога мужа

Рудніцкага тады абласкала. Гэта ён прыняў за чыстую манету,— адразу абмяк ды пачаў выхваляцца. Хваляцца людзі пераважна ад чаго? Калі адчуваюць сваю малавартасць — набіваюць сабе такім чынам цану.

Толькі на гэты раз яго ашуканства было патрэбным. Як любіла гаварыць сяброўка Ганна:

— Гдакай, курка мая, гдакай, — на табе яшчэ зярнятак, цып, цып, цып!..

Калі прыехалі ў яе палац, службе зараз жа загадала — у дальнім пакоі добра напаліць печ.

Выставіла госцю гарэлку — колькі знайшла ў склепе. Выставіла самую лепшую закусь ды з нізкім паклонам прыйшла да яго і яму аб’явіла:

— Просім міласці, зрабіце зашчыт і пакаштуйце мой пачастунак! Чым багаты, тым рады спатыкаць шаноўнага госця!

Яго адразу пацягнула да бутэлек.

Навошта паліць у печах — дзівіліся дзеўкі, бо хоць была восень, але яшчэ стаяла цяплынь.

Кацярына загад паўтарыла.

Калі не стала ў печах полымя і бялелі ўжо толькі раскаленыя вуглі, ацяжэлага ад абжорства і п’янага быдляка павалакла яна спаць. А ён раптам заўпарціўся. Прабарматаў нават — ведае, што з ім намерваюцца ў лясной глушы зрабіць. Папрасіў яго пашкадаваць. Паабяцаў узяцца за розум.

Яна падтаквала, а сама думала пра іншае.

Сіла чалавека — у сэрцы. Рыба гніе ад галавы, а двухногія істоты загніваюць якраз ад яго. Сэрца ў Рудніцкага згніло дарэшты. Гэта цяпер, пішучы пра ўсю тую гісторыю, з-за дурной бабскай слабасці шкадавала яго ды сябе нават цешыла, што хоць смерць меў лёгкую. Бо тады якраз старалася так усё падстроіць, каб не толькі ён заснуў — каб душа, а за ёю цела пацягнулася за вечным сном, каб нічога ўжо не змагло яго ўратаваць.

Тады ў ёй кіпеў той самы Змій, які столькі нацярпеўся, насмерць абураны, няўмольна мсцівы ды разважліва халодны: пра шкадаванне не было і гаворкі.

Рабіла ўсё тое нават з прагнасцю.

Калі нарэшце яго завалакла на месца, нежаданы госць, як таго яна і чакала, зваліўся папярок пярын у адзенні ды захроп. А як заснуў глыбокім сном, службу адаслала ды ўласнай рукой старанна пазакрывала пячныя засланкі. Яшчэ раз і яшчэ праверыла, ці печы закрытыя наглуха, ці добра ідзе чад у памяшканне.

Рабіла ўсё з вялікім помслівым задавальненнем.

Атрымлівай, шэльма! А Ты, літасцівы пане Божа, адпусці яму грахі!

Рудніцкі, вядома, раніцой, не прачнуўся — назаўсёды развітаўся са сваёй душачкай.

З Путрышак адразу паклікала Нічыпара ды пра ўсё расказала — як на святой споведзі яму выклала.

— Зрабіла і — ладна, туды яму, звярузе, і дарога, а дохлы сабака кусацца ўжо не будзе! — падсумаваў брат.— Падумаем давай, што табе далей рабіць!

Хоць збіраўся на новую вайну, клопатаў меў па самыя дзюркі ў носе, але пастараўся ёй дапамагчы. Параіў, каб зараз жа апісала ўсё дарэшты свае і Сцяпанавы землі, будынкі, жывёлу, коней, інвентар ды мужыкоў якой-небудзь абіцелі. Найлепш новаму кляштару базіліянак, які толькі што ў Гродне адкрыўся, і там ахвотна прымаюць дары. Каб і сама ў яго пайшла — бытта бы да канца дзён сваіх замальваць цяжкі грэх. Нічога, жывуць у манастырах, кляштарах таксама, і нават не кепска.

— Каб цябе суд не засудзіў насмерць за выпадак, ігуменша цябе возьме на парукі. Толькі гэтак, Кацярына, здолееш уратаваць сваю галаву ды панасіць яшчэ на плячах, другога выйсця не бачу. Ты да гэтага аднясіся сур’ёзна! — прадасцярог Нічыпар.— Для пэўнасці яшчэ — дай што-небудзь ігуменшы, каб захацела размаўляць са мной, паеду яе ўламваць!

Пад рукой знайшоўся абрус для дамовага алтара, выгафтаваны грубым золатам. Яшчэ мела пергаментны імшал з залатымі мініяцюрамі, апраўлены ў аксаміт ды з сярэбраным акуццем,— усё гэта яму таксама запакавала ў дарогу.

Покуль з натарыусам яны спехам пісалі адпаведныя паперы для перадачы рэштак свайго і Сцяпанавага надзелу таму самаму кляштару базіліянак, покуль Нічыпар задобрываў ігуменшу, каб зрабіла ласку — узяла пад сваё крыло новую паслушніцу — скандальную на ўсю акругу, покуль манашкі з яе матэрыялу шылі Кацярыне расу, манціі і парамонд, нечакана выбухнула новая бяда. Але тут аўтар аповесці лічыць неабходным зноў слова даць Кацярыне.

 

Раздзел трэці

 

На валасок ад смерці

«Толькі пачала я прызвычайвацца да свайго стану манашкі, толькі ўжылася ў расклад абіцелі, як мяне раптам звязалі і зноў павязлі ў той самы Беласток. Там павалаклі пад чорныя ад копаці з паходняў нізкія замковыя скляпенні, над якімі ўзвышаўся палац Браніцкіх. У склепе пад сводамі сцены былі абцёртыя, месцамі аж выглянцаваныя бакамі тых няшчасных, хто дагэтуль апускаўся па выбітых прыступках.

У склепе завалаклі за абабітыя жалезам з вялікімі, як сподачак, шляпкамі цвікоў дзверы, ды кінулі на касмылі аўчын ды жмуты старой, вільготнай саломы.

На гэты раз справа ўзнялася не з-за Рудніцкага. Надарэмна высцерагалася, ніхто караць за яго мяне і не збіраўся. Ён абрыд усім, бы горкая рэдзька, і нават сваякі смерць быдляка прынялі з палёгкай — цішэчкам завезлі на вясковыя могілкі ды пахавалі. Пляменнік у апраўданне мне заявіў:

— Не дай бог свінні рог, а хаму панства!

Яшчэ паведаў пра дзіўны выпадак. Вярталіся, маўляў, з пахавання, і перад імі нечакана адкрылася старая магіла. З яе высунулася рука з лістом.

Паперку паспелі выхапіць. Адбегліся ды прачыталі, а там напісана:

«Раздаць жабракам па дзесяць баратынак, а кляштару Францішкана пераслаць 3000 злотых, бо дастану вас з таго свету».

Пляменнік запэўніў — на паперцы выразна былі каракулі Яна. І зараз пляменнік ламае галаву, адкуль узяць такія грошы — жабракоў тырчыць каля храмаў цьма.

Верыла былому сваяку і не верыла. Аднак паабяцала прыехаць да Рудніцкіх пазнаваць почырк, каб выдзеліць патрэбныя баратынкі і злоты. Не паспела, звязалі.

Худую, бяззубую, шматгрэшную нявольніцу Божую, ледзь не саракагадовую паслушніцу, сынку, на гэты раз забралі, абвінавацілі ў чарадзействе. Ніякае пастрыжэнне чалавека ў нас супроць гэтага, як вядома, не абараняе.

Вось і дажылася, што мяне чакала confessata1. Адным словам, жыццё маё павісла на тоненькай нітачцы. На валасінцы.

Некалькі дзён мяне не чапалі, аднак было надта страшна. А тут яшчэ глухую цішыню ў замкавым склепе час ад часу раздзіраў дзікі жаночы не то енк, не то лямант,— бытта знячэўку камусьці ў дзвярах прышчамлялі пальцы.

А гэта вішчалі вядзьмаркі, пасаджаныя на ноч у бочкі, калі над імі забівалі дэка2. Бо адно тады, сыне, нячысцікава жонка траціць чарадзейскую сілу, калі не даць ёй, заразе, сутыкнуцца з зямлёй. Чаму вішчаць ды калоцяцца? Бо ў гэты момант праз іхнія паганыя вусны ашалелы нячысцік штосьці гаворыць д’ябальскае — кідае на людзей праклён. Гэтак крычаць, кідаюць свае праклёны, але да першых пеўняў. Бо магутная птушка певень — ні адная д’ябальская сіла яму не ўстаіць.

Страх, як разраслася ў нас пляга гэтай брыдоты. Чортавых жонак знаходзілі на кожным кроку. Знаходзілі амаль у кожнай вёсцы, вёсачцы, а ў мястэчках ды гарадах — па дзве, па тры на адну вуліцу і адразу валаклі на допыт.

Вось і да мяне ўпіхнулі якраз такую пачвару нанач. Яе, вядома, раней апускалі ў кадушку з салёнай вадой, працэджанай цераз прасцірадла. Праверка нічаго не дала, confessate tortyrate3 адклалі на заўтра і кінулі ў склеп чакаць раніцы.

Нават мне было яе шкада. Чорт яе паблытаў. Дзе слабой бабе змагацца з ім. Ну ж і мэнчылася яна. Стагнала ноччу, стагнала, але пачулася першае «кукарэку» і сціхла. Падумала я — ну, дзякуй богу, заснула нябога. А яе задушыў нячысцік. Яшчэ да пеўняў паспеў.

Д’яблы нябось сваю выратавалі ад мук!

Ладна, гэта выдарылася з бабай, каторая прадала душу нячыстай сіле. А во кепскія людзі нагарадзілі заадное і на мяне, і давялося трапіць у адную кампанію з такой пошасцю. Бо я, дальбог, таго вартая. Не трымалася бацькоўскага запавету — Богу маліся, але не гняві і чорта.

У наступны дзень і павалаклі мяне па шляху вядзьмарак — бытта і я ў змове з нячысцікамі.

Пякло, сыне, мне ў пальцы. Пякло ў ногі, калені. У персі. Страх як балела».

 

1 Пакаранне смерцю.

2 Накрыўка.

3 Допыт пры дапамозе тартур.

У чаканні

«На першых тартурах, свечкамі, я ні да чога не прызналася. Адно заявіла ім,— а як жа, бегала да дуба вымольваць у Мацеры Божай роднага сына. Такое на маім месцы, напэўна, рабілі б таксама іхнія мацяркі. Ці ж можна гэта лічыць злачынствам?

Яшчэ на confessacie сказала, увогуле ведаю мала спосабаў на чароўнае лячэнне. Далёка не столькі, як іншыя. Напрыклад, толькі чула, бытта сухотнікам трэба есці жабіну вантробу. І тых вантробаў мусова праглынуць надта многа.

Мама казалі, каб маладому сухотніку выкарабкацца ад гэтай заразы, лекаў такіх трэба вызбіраць не з аднаго балота.

І яшчэ на допыце прызналася — я таксама магу дапамагчы пры бабскіх недамаганнях. Бо гэта вельмі ж проста.

Калі занядужае мая дваровая дзеўка, бяру тры яйкі — найлепш дапамагаюць ад белай куркі. Жаўток выпускаю, а бялок са скарлупінамі адліваю ў асобны посуд. Ваду такую пад малітву да Багародзіцы Дзевы Марыі выліваю на бервяно ў хаце, пераступаючы парог, і ўжо ведаю напэўна — дзеўка на другі дзень устане, бытта і не хварэла. Устане здаровай, як рыба! Не атрымалася ў мяне такое лячэнне Анюты, бо ў Палесціне яйкі ад курак не маюць тае сілы.

Хто скажа, што гэта чары? Правераны ў нас спосаб, а не д’ябальскія штучкі якія-небудзь. Яго і зараз, сынку, Табе пацвердзіць кожная кабета з Путрышак ці іншай вёскі з-пад Гародні.

Калі пасля мной сказанага я чараўніца, то я баб усіх з Путрышак трэба валачы на тартуры, затым — на вогніска.

Пра жабіну вантробу для сухотнікаў, пра бялок са шкарлупінамі, на вялікае маё шчасце, выдатна ведалі ад сваіх мацярок ды бабуль Яго Міласць Лаўнік горада Яго Каралеўскай Мосці, пан Пётр Павел Шыдлеўскі. Ведалі і езуіты, якія ў той момант прысутнічалі на confessacie. Таму словам маім далі веры.

Здавалася, усё ідзе на лад. Толькі ад перажыванняў, ад тартур мяне кінула ў фебру. Калаціла адзін дзень, калаціла другі, але я цярпела, бо грахоў за душой мела шмат, яшчэ ніхто з лаўнікаў пра іх не ведаў, і я загарэлася надзеяй, што адпусцяць,— заставалася адно заплаціць за прабыванне ў замку, за тартуры, за свечкі, салому і страчаны час Лаўнікамі яго Каралеўскай Мосці, але выдаткі былі для мяне — глупствам.

Замала ведала Шыдлеўскага. Нездарма ён, казалі, прачытаў сем разоў Біблію ды ў агонь паслаў да мяне з тысячу вядзьмарак,— мабыць, найбольш з усіх інквізітараў1.

Раптам ён выкапаў яшчэ гісторыю з крывёю дзяўчат, якой умывалася, калі была цяжарнай.

Надарэмна чакала сумленнай удзячнасці ад дваровай службы — выпадак усе як адна дзеўкі мае пацвердзілі. Яшчэ сказалі ўсё нават пад прысягай на Евангелле — таіць і не думалі. Відаць, да іх я была задобрай — мала лупцавала.

Дзеўкі з жалем паказалі нават шрамы ад тых драпін — зноў пад прысягай.

Дзявацца не было куды.

Паслугачы Яго Мосці лаўніка і Яго Каралеўскай Мосці валаклі ўжо салому для другіх катаванняў. Захадзіў горн, распаляючы жалезныя шворны ў руках памочніка.

У катавальні рыхтавалася ўсё на маіх вачах, і мяне, сынок, агарнуў упершыню жудасны страх — няма ратунку цяпер, і годзе. Была я ў страшэнным адчаі, гледзячы, як іншыя каты прымяралі мне на галаву папяровы каўпак з намаляванымі д’ябламі — у клубах чорнага дыму належала цяпер з імі падняцца ў Неба. Заглядвалі ў рот, шукалі хоць з аднаго зуба, каб выбіць. Нават спыталіся, якое маё апошняе жаданне перад смерцю.

Цяпер у маёй душы як бы штосьці абарвалася. Не стала раптам жадання ратавацца. Было ўсё роўна.

Ужо без ніякай надзеі ды нават без ахвоты, а толькі таму, бо Мацер Божая зірнула ў мой бок і зноў надавуміла, каб я падумала яшчэ пра адное выйсце,— адправіць пасыльнога да верных сяброў з просьбай ратунку.

Якраз па дарозе з Мазоўша заязджалі да мяне на днях спадары Лук’ян Гаўрылін і Хведар Грэсь. Прывезлі нават у падарунак дзесяць свечак, што самі загараюцца, а ў бутэлечцы — маленечкай, бы наперснічак — малако Прачыстай Дзевы Марыі. Абое збіраліся ўпаляваць зубра ля Белавежы. Але ішоў лістапад, у зуброў якраз быў гарачы юр, няўжо бывалыя паляўнічыя рыцары стануць цяпер звяроў трывожыць? Не падобнае на іх. Сезон для палявання — ад піліпаўкі да грамніц, часу яшчэ хапала.

Аб’явіла суду апошнюю просьбу.

Мяне ўважылі — і адразу адправілі ў Свіслач і Гібулічы гайдукоў, каб паклікалі напарнікаў з турэцкай няволі. Самую ж запіхнулі зноў у сыры склеп.

Падкупіла паслугача, каб паклікаў і Яўхіма».

 

1 Аўтарка дзённіка памыляецца. Паводле Паўла Ясеніцы пратэстанцкі суддзя ў Ліпску да 1669 г. паспеў прачытаць Біблію 53 разы, а на агонь паслаў дваццаць тысяч вядзьмарак.

Падрыхтоўка да смерці

«Выратуюць мяне высакародныя рыцары другі раз ці не, а тым часам даволі спакойна стала рыхтавацца, сынок, прыняць суровы прысуд. Падумала — потым жа абкладуць маіх сваякоў падаткам за confessatiu. Вылічаць за дровы, спаленыя на маім вогнішчы пяць разоў болей, чым былі вартыя, здзяруць за марныя харчы ў замку, за пасланцоў, страчаны час на маім допыце лаўнікамі, чэляддзю, катамі і вартаўнікамі. Пры такіх падліках заўсёды бессаромна махлююць — дапісваюць, чаго і быць не магло.

Падатак набярэцца не малы, а каму спадабаецца яго плаціць.

Яшчэ падумала — і на народ апошні раз трэба выйсці не лахманкай. О не, такой мяне не ўбачаць! Я вам не з таго манастыра, дзе манашкі платным каханнем сабе на хлеб зарабляюць!

Аўтадафэ сваё мушу правесці так, каб цэлыя пакаленні гарадзенцаў, каб усе яго летапісцы і пра гэтае здарэнне гаварылі, як апавядаюць падрабязна яшчэ і цяпер пра смерць каралёў у Гародні — Казіміра Ягелёнчыка і Стэфана Баторыя.

Захацелася вам бачыць маё знішчэнне? Прагнеце нацешыцца маім уніжэннем? Ах, так!

Прадстаўленне вы атрымаеце! Толькі папярэджваю — прыемнага меці-меце вельмі мала. Ад зайздрасці некаторыя з вас і ў магіле потым будзеце варочацца.

Такое спаленне бачыла не раз. Добра да іх прыглядзелася. Маладую вядзьмарку ледзь не голую прывязваюць да слупа і абкладваюць да пояса сухім хворастам. Стараюцца плотна абкласці, каб агонь адразу ўгарэўся. Ільняная кашулька на ёй ад такога полымя адразу ўспыхне ды імгненна згарыць. Чортавая нявеста потым яшчэ доўга свеціць галізной і енчыць, а чэрнь гагоча.

Натоўп заўсёды ў захапленні ад таго, хто бярэ верх, і цешыцца над няшчасцем чыім нават больш, чым радаваўся б, калі б перад ім уваскрос новы святы.

Але я вам не бязродная вядзьмарка-прасталюдзінка. Са мной так не выйдзе. Пачакайце, мяне ж вы запомніце, я вам абяцаю! Пастараюся, каб мяне запамяталі!

Сукенку пашыю з чорнага аксаміту. Да самых пятак зраблю яе і прычаплю каўнерык з белых карункаў. На рукі нацягну вышываныя перламі чорныя пальчаткі. Але пальцы, каб было відаць фамільныя кольцы, паабразаю. Вакол шыі ў пяць віткоў наматаю каралавых пацерак — не ўкраінскіх, а — кітайскіх. На грудзі сабе пачаплю вялізную брошку з крупнымі брыльянтамі ды што не лепшымі сапфірамі з куфэрка Садык-бея!

Вакол вогніска загадаю пакласці ўсе свае дываны — па іх буду крочыць. Бы каралева, ад самага замка аж на пляц хопіць мне, каб іх выкласці,— Яўхім трымае іх у надзейным месцы.

Ад папяровага каўпака, напэўна, адкуплюся.

За добры пачастунак пакінуць мне і валасы. Быць таго не можа, каб не пайшлі на гэта. Як паабяцаю залатыя дукаты — растапнеюць адразу. Тады на галаву прыкалю самую лепшую дыядэму, падарунак Стэфана,— мажліва, яе насіла яшчэ жонка егіпецкага фараона дзве тысячы гадоў таму ці болей. Старажытная дыядэма мае знізу дзірачкі, бо на яе чаплялі фату, але я ім — не ўсходняя кабета, твару закрываць і не думаю!

Павязку на вочы загадаю зрабіць з пунцовага аксаміту і расшыць золатам!

І дроў сама пашлю купіць — сухой сасны. Каб разгарэліся як след, са смалістым пахам гарэлі. А над усё, каб яшчэ далі гарачы жар і добра ўсё выпалілі — каб нават усе дываны вакол майго аўтадафэ злізала!

Цяпер вядзіце мяне і на вогнішча. Яшчэ не імгляцца вочы, не застыла мая кроў у жылах, і галаву трымаціму горда, а крокі буду ставіць роўна!

Як заззяю ўсімі шляхотнымі агеньчыкамі — на галаве, на шыі, пальцах, у вушах — вы ж паслепнеце ад зайздрасці і паралюш усіх вас хопіць!

Акамянее, бы ў рот вады набраўшы, і чэрнь. Апамятаўшыся, дзікі і басаногі натоўп рынецца на злом галавы грэбацца ў попеле. Пачне вугалькі перабіраць старанна ды — надарэмна, бо ўсе мае кляйноты парай і дымам у Неба зыдуць!

Эх і грызціся стануць у бяссільнай злосці, бы тыя сабакі, якія костку ўнюхалі, а яна ім не дасталася. Во так вам і трэба! Бо спаліць вы мяне можаце. І пасячы цела на кавалкі. Але ж ніколі не падпарадкуеце маю душу, амін!

Чорны аксаміт ды ўсё астатняе дабудзе праз Фрасанюкову панамар. Яму ўсё дакладна расталкую, няхай толькі з’явіцца. На непрадбачаныя выдаткі маю яшчэ, дзякуй богу, столькі, што і не адная князёўна можа мне пазайздросціць — хіба дарам прайшла я праз Рым, Крым ды медныя трубы?

Няшчасную ахвяру злавілі!

Я вам не з галадраных манашак, каторыя з салявых мяшкоў шыюць сабе гаматныя рызы ды ўсю зіму босыя па снезе лазяць. Сын мой, мажліва, з імператарамі ды каралямі ў адной карэце ездзіць, за адным сталом абедае, і сама я не хто-небудзь, а — беларуская спадарыня і шляхцянка з той Літвы, якая добраахвотна супольнічае з Каронай, мае свой сцяг і знак, ды і я гонар свой маю!

Вось так, сынок, я тады разважыла сама з сабой, і на душы адразу зрабілася лёгка-лёгка. Ад страху — ні следу.

Яўхім з’явіўся ў наступны дзень. Пад старасць рабіўся вельмі цяжкі — ледзьве на кані мог уседзець,— але на галаву быў яшчэ моцны і на пад’ём скоры. Панамар надта насмяшыў. Калі расталкавала, што мне купіць і дзе ў кляштары трымаю замураваны скарб, чалавек узрадаваўся, бы той вярблюд, якому ў спякотны дзень паказалі ў пустыні калодзеж з вадой.

Пастаралася сябе супакоіць — не абрабуе. Пачцівец радуецца, што ў патроні не ўсё страчанае».

 

Зноў уратаваная

«Дзякуючы Усявышняму і Прачыстай Дзеве Марыі, сынку, ахвяры маёй і на гэты раз не спатрэбілася.

Шляхотных вояў гайдукі, на маё шчасце, засталі яшчэ ў бацькоўскіх дварах — абодва акурат і чакалі тае піліпаўкі. Верныя сябры кінулі адразу ўсе пільныя справы ды зараз жа паскакалі на ўсю конскую моц у горад над Белкай.

Яшчэ нават у той самы дзень былі на месцы.

Пад урачыстай прысягай на Святое пісанне рыцары пацвердзілі, што дакладна гэтак ад маршчын лечацца і мадзярскія баранесы — адданыя рымскай царкве багамолкі, а яны каталічкі большыя за самога рымскага папу.

Яшчэ рыцары паказалі — тыя высакародныя дамы гэткім спосабам ратуюць нават сваіх нявестак-парадзіх ад бясплоднасці. Кроў падліваюць у страву. Робяць гэта на людзях, усе бачаць, аднак шаноўных баранес і верных каталічак у вядзьмарстве за гэткія чыны абвінавачваць ніхто і не думае. Ды і ад служанкі пасля гэтага з адрабінай крыві душу ж ніхто не адбірае,— дзеўкі толькі здаравейшыя потым робяцца!

Маўляў, менавіта такое лячэнне абодва шляхціцы бачылі на ўласныя вочы, калі вярталіся з турэцкай няволі пару гадоў таму назад. А ў доказ, што кажуць чыстую праўду, сумленныя рыцары пацалавалі крыж з кавалкам дрэва ад дамавіны, у якой пахавалі Сына Божага, яшчэ і пакляліся на сваіх дзетак.

Такія словы спатрабавалі занесці ў пратакол ды прыклалі да яго пальцы, бо не ўмелі пісаць.

Так, сынок, верныя сябры павярнулі, здавалася б, ужо зусім безнадзейную справу.

Пашэнціла мне яшчэ, мажліва, і тым, што раптам загаварылі ўсюды пра вайну. Якраз ноч раней падкінулі да нас бабу, на гэты раз — з прастрэленай нагой.

Супрасльскія паляўнічыя з турэцкай рушніцай пайшлі на дабычу за рэчку. Шыбавала да гнязда гуска, паляўнічы па ёй пальнуў ды збіў. Палез адзін мужчына ў трысцёг па трафей, а там замест гускі — гэтая самая баба за нагу трымаецца. Дабраўся да гнязда ды бачыць — поўна яек у ім. Паляўнічы разбіў крайняе — і што ўгледзеў? Замест бялка ды жаўтка — густая, але яркая кроў. Адно за адным пабіў астатнія — тое самае.

Збегліся супрасльскія дзяды. Падзівіліся. Успомнілі — і калісьці на вайну так паказвала. Прыглядзеліся бабе лепш, а ў яе яшчэ і абутак пераблытаны: левы лапаць на правай назе, правы — на левай.

Пераапранутага за бабу нячысціка людзі адразу звязалі ды прывезлі ў замак.

Адпіралася толькі з паўдня. Потым як міленькая прызналася ў вядзьмарстве таксама.

І яна пра вайну загаварыла.

Прайшло некалькі дзён, як забралі на спаленне нячысцікаву жонку, але мяне вадзіць на тартуры перасталі. Бо не толькі абаранілі мяне рыцары,— стала ўсім вядома, што з поўначы валіць шведскі «патоп».

Густаў Ваза ішоў на нашага Яна Казіміра Вазу. Хоць наш і лічыўся дынастычным каралём шведаў, готаў і вандалаў, а на грудзях польскага арла дзяржаўная пячатка мела тры шведскія кароны.

Замест таго каб паднімаць усіх супроць ворага, няўдалы наш Ян Казімір аб’явіў:

— Спакойна, панове шляхта! Не такі швед страшны, як баязліўцы яго малююць!

На шчасце, гэта нікога не супакоіла. Бо ўсе ведалі аж надта, Рэч Паспаліту атрымаў у спадчыну і трактаваў яе, бы чужую. Утрыманне Кароны і княства Літоўскага перарастала яго здольнасці, а вораг валіў суровы.

Кароль Густаў у пачатку лета 1655 года сваім воям аб’явіў:

— Жалеза прырода нам не пашкадавала! Пры дапамозе яго за морам дабудзеце сабе золата. Наперад, за мной!

Пераплыўшы ў гарачы ліпень Балтыку, вораг адразу пачаў раздаваць сваім генералам землі кляштараў, рабаваць касцёлы, двары і дабро адпраўляць па Вісле на поўнач. Каб мець добры сплаў, мужыкам загадаў на рэчках разбурыць грэблі і млыны.

Свайму вою кароль Густаў жолд клаў марны. Хлеб выдаваў мокры, асцісты і то на вагу ды цвярдзіў:

— Астатняе дабывайце пры дапамозе шведскага мяча, ён у вас востры!

І паўночныя воі рабавалі, дзе маглі і што маглі.

У Варшаве не згледзеліся, як шведы атабарыліся вакол Кракава ды аблажылі кароннага абознага Стэфана Чарнецкага. На бок іхні спачатку перайшоў Януш Радзівіл, за ім іншыя князі ды магнаты — мяняючы Казіміра Вазу на Густава Вазу, бытта на галаве — шляпы. Нашыя ж воі, якім даўно ўвогуле не плацілі жолду, ваяваць адмаўляліся і сталі таксама братацца з ворагам.

Мала было на сваіх надзеі.

Калі вораг заняў і Вавель, абрабаваў яго і дабро адправіў на поўнач, у Чэнстахове манахі паўліны сталі збіраць складчыну на выкуп, каб вораг, калі зойме горад, у касцёле на Яснай Гуры не ставіў хоць коней.

Покуль наш кароль маліўся па храмах ды меркаваў, як дадушыць праваслаўе там, дзе яно яшчэ захавалася, справу ратунку бралі ў свае рукі нашыя сумленныя гетманы і ваяводы.

Работа перад імі стаяла не лёгкая.

У пяць разоў выраслі цэны на зброю — нагвалт спатрэбіліся грошы. Патрэбны былі яшчэ яны і воям, якія напагатове трымаць шаблі задарма адмаўляліся,— кідалі рубяжы дзяржавы ды скакалі дамоў. І таму ад шляхціца да шляхціца, як у склепе беластоцкага замка апавядалі мне слугі, заспяшалі эмісары гетманаў, збіраючы зноў серабро ды залатыя келіхі для манетнага двара. У каго ўдавалася, здзіралі за два-тры гады наперад падаткі, пакідаючы ўзамен квіткі.

А наш граф Браніцкі аж з Галандыі прывёз чараўніка, які з вядомай яму малітвай сем разоў апаясаў палац суровай ніткай. Каб вораг не спаліў ды не разбурыў будынкаў, гэтак жа ніткай апаясаў і гарадзенскі замак.

А тут праз дзень-два прыляцела новая вестка — пайшоў вайной і цар маскоўскі. Заняў Вільню, уехаў у горад карэтай, запрэжанай у шаснаццаць коней, якія перабіралі нецярпліва нагамі па вуліцах, выкладзеных чырвонымі дыванамі.

І гэта было яшчэ не ўсё.

На Украіне мужыкі паўсталі супроць паншчыны. На Падолі з’явіліся казацкія загоны Багдана Хмяльніцкага.

Некаторыя казакі пачалі рэзаць сем’і шляхціцаў, а яўрэяў перад гэтым, для смеху, апраналі ў вопратку біскупаў ды вадзілі па вуліцах.

Казакі з нянавісцю тапталі святыя дары чужой ім веры, пілі віно з імшальных келіхаў. З магіл і склепаў выкідвалі трупы. У выніку — паніка і там. Хто заставаўся жывы ўцякаў як мага хутчэй да Кароны.

Казакі, шведы, маскалі ад нас былі бытта бы і далёка, але ж і тут запанавала трывога не на жарты. Мабыць, узрадзілі яе натоўпы пехацінцаў, якіх ротмістры пачалі ганяць па полі, выкрыкваючы каманды:

— Першы дзесятак — налева і на калена! Другі дзесятак — шлюсуй ім з тылу!

Стаяла ўжо лета, а на палі людзі баяліся і выходзіць. Аднекуль з’явіліся вялізныя чароды птушак — чорных, крыклівых, як бывае заўсёды перад крывавай разрухай. Усё часцей тонка ды працяжна, як чмялі, гулі званы беластоцкіх касцёлаў ды цэркваў, а напалоханыя прыхаджане беглі да крыжоў на ростанях ці ў свае храмы, ставілі і ставілі свечкі, а тады падалі перад іконамі ніцма ды маліліся, маліліся і маліліся.

Каб змора не выкасіла быдла, свіней, валоў ды авечак, дзень і ноч, сыне, у канцах вёсак мужчыны палілі кастры, абкурвалі дымам з сухіх лістоў дуба і чарнобыля свой дастатак.

Званы сатрасалі паветра з тыдзень, а вецер развейваў доўгія бароды званароў. Часамі спіжавыя волаты пачыналі біць і без людзей. Спадар Яўхім казаў, не раз здаралася такое і ў нашым кляштары.

Гром бомаў патрасаў сцены абіцелі, як пры пажары. Панамар узбіраўся на званіцу, а там — нікагутка. Языкі самі ўзад і ўперад ходзяць ды з усяе сілы лупяць у бронзу. У спадара Яўхіма ад убачанага ад страху аж мароз праходзіў па скуры!

Гараджане ўсё ставілі свечкі ды маліліся, каб уцалець. Знахары прадавалі рыцарам паперкі з магічнымі словамі, якія мелі ўберагчы іх ад стрэл і пік. А на замак да нас даляцела чутка, што рассылаюць ужо і віці для народнага апалчэння.

Людзі збасурманелі. Адныя сяляне плялі ў запас лыкавыя лапці, каб мець іх па некалькі пар у дарозе, а хітрэйшыя нагвалт пачалі закоўваць коней, каб не забралі да войска. У нас, я ведаю, былі такія мастакі, што аніяк цівун не мог іх падлавіць на шкодніцтве. Затое закаваны мужыком скакун з месяц быў няздатны ні да чога,— якраз у момант, калі коней тых кожны рыцар з чаляднікамі павінны былі мець з тузін ды трымаць напагатове за кароткі повад, яшчэ мець і коней абозных.

Перапалоханаму кліру, які дагэтуль забаўляўся чараўніцамі ад няма чаго рабіць, раптам стала не да нас. Бо нават і святароў, каго змаглі, паперлі збіраць карты мясцовасці, шукаць картографаў, даводзіць да ладу замкі, крэпасці,— высякаць перад імі садкі, паліць хаты ды хлявы, каб з-за абаронных муроў мець абстрэл добры з гакаўніц ці гармат.

Падзеі для мяне, сыне, павярнулі справу яшчэ і тым бокам, што, як неўзабаве выявілася, шведы і казакі выступаюць супроць барацьбы з вядзьмаркамі, высмейваючы яе, лічачы яе хлуснёй.

Вось так і здарылася, што мае мучыцелі раптам мусілі думаць ужо аб сваёй шкуры.

Такім чынам, да другіх тартур, дзякуй Богу і Найсвяцейшай Дзеве Марыі, нават не дайшло, мая confessata torturata і liberata на гэтым скончылася. Лаўнікі з канцылярыстамі яшчэ крыху пацягалі на допыт і хоць неахвотна, але мусілі мяне адпусціць, бо і саміх папёрлі ўмацоўваць муры Беластока.

Аднак і ў той неразбярысе езуіты свайго не ўпусцілі.

Хочаш не хочаш, Сцяпанаў надзел мусіла праз таго самага натарыуса перапісаць на будоўлю касцёла святога Роха ў Беластоку — бытта бы за патрачаныя святой інквізіцыяй кошты на маё катаванне, за ўтрыманне ў замку, неаднаразовы перавоз з месца на месца і за пасыльных, нібы я ва ўсім была вінаватая.

У выніку той пісаніны нашаму беднаму кляштару засталіся толькі Путрышкі ды іншая драбяза.

Табе, сынок, не дастанецца, як бачыш, нічога, і Ты сваёй мамушцы прабачыш. Але ведай, не толькі двары і замкі, землі і балоты, рэкі і лясы адпісала б Табе, калі б змагла,— Неба нахіліла б ды сонца наблізіла б!

А наогул, як падумаю пра ўсё, прыходжу да высновы: у апошнія гады было так, што нават багацела, але сытасці на душы ніколі не паспытала.

Ані разу.

Вядома, багацце прыносіць выгоду, але ж з уласных перажыванняў ведаю, як дадае смагі мець яшчэ больш, таму, здаецца, заўсёды яго мала і мала. Толькі журбота, смутак і клопаты штодзённыя заспакойваюць нашыя сэрцы.

Гэта, сынок, наматай сабе на вус.

Якая Твая мамуська — цяпер нарэшце менш-больш ведаеш. І злая вярблюджая калючка, покуль акасцянее, таксама была мяккай, зялёненькай і шаўкавістай: так і са мной. Страшна ад думкі, што вось-вось настане самы галоўны момант, пасля якога цябе больш не будзе. Бо хоць неверагодным было маё жыццё, але ж для мяне адзінае, а ўсё астатняе міраж.

Калі не будзе Небам дадзена Табе развітацца са мной за жыцця і Бог душаньку маю з целам раздзеліць раней, пашукай магілку. Лёгка знойдзеш. Дамовіліся з Яўхімам і нават заплаціла ўжо спадару нашаму, каб на мармуровай пліце змясціў надпіс, якога не будзе ні ў кога. Прынамсі, спадзяюся, што такога не будзе. Па надпісу і знойдзеш. Вось ён:

 

Кім Ты естэсь, я былам.

Кім я естэм, Ты бэндзеш.

Вэстхній до Бога і помысль.

 

Калі зможаш, перавязі мае костачкі ў той магільны склеп, куды і сам збіраешся на вечны спачын, рана ці позна,— будзем ляжаць разам.

І не перажывай, што размінуліся на гэтым свеце — на Небе існавацімем вечна. Там нагаворымся і сабой нацешымся — ох, як ссумавала па такім моманце!

А покуль што блаславі Цябе, пане Божа, а Царыца Нябесная, Маці Яго Сына — праваслаўнага і каталіцкага, уніяцкага і лютэранскага ці іншага,— трымай над Табой апеку.

Амін».

 

Раздзел чацвёрты

 

Цяга па родным кутку

«З кляпсыдры1 маёй жоўценькі пясок выцек ужо дарэшты ў вечнасць — не засталося за шкельцам ні зярнятка. Сама дзіўлюся, як затрымалася на гэтым свеце. А сшыткі мае столькі ляжалі некранутымі, што паспелі запыліцца. Засохлыя пялёсткі наднёманскіх кветак ды лістоў, пакладзеныя мной паміж старонак, усе набралі ружовенькага колеру і ад лёгкага нават дакранання рассыпаюцца зараз на попел. Паглядзіце, людзі, а я ўсё яшчэ існую!

Сёння вычытала з Бібліі Франціска Скарыны ўзнёслыя ды гэтак вялікія словы, што разгарнула апошні сшытак, дзе засталося чыстае месца, ды ўпісала Табе сказанае доктарам медыцынскіх навук, каб параскашаваўся імі і Ты.

Вось яны. Чытай памалу, удумаўшыся:

«Понеже от прирождения звери, ходящие в пустыни, знают ямы свая; птицы, летающие по воздуху, ведають гнезды своя; рыбы, плывающие по морю и реках, чують виры своя; пчелы и тым подобныя боронять ульев своих, тако и люди, игде зродилися и ускормлены суть по бозе, к тому месту великую ласку мають».

Перачытала іх раз, другі, дзесяты ды ўсё больш і больш імі захаплялася. Бытта з ног да галавы абдало мяне жыватворнай вадой крынічнай.

А летні дзень выдарыўся надта прыгожы. У кляшторных мурах не выседзець.

Раптам пацягнула на вёску, ды так, што не ўтрымацца. Захацелася завалачыся на сялібу ў Путрышкі, упасці слабымі грудзямі на высахлую ад спякоты зямлю, удыхаць яе пахі ды слухаць соннага чмяля з бардовым жывоцікам і руплівы шолах рознай драбязы. Вядома, нікудышне слабой стала, але сябе ўгаварыла — ну і што, хадзьба — першае для мяне лякарства.

Для апошняга падарожжа ў «виры своя» выбрала самую новенькую, самую любімую рызу, а на яе накінула шаўковую мантыю. Абутак толькі захапіла стары, стаптаны, затое выгодны. Парамонд узяла на руку, а сукасты кіёчак у далонь ды памаленьку патупала.

Вярнулася позна ўжо, калі над уваходам у кляштар гарэла лямпа, звязаная з лазовых дубчыкаў з устаўленай туды тоўстай свечкай, вакол яе ўжо вілася млечная хмара машкары.

Вярнулася надта засмучоная і, каб супакоіцца, успомніла паперкі. Вырашыла ў наступны дзень у пасланні да Цябе, сынку, дабавіць пра тое, як там на вёсцы ўсё выглядала».

 

1 Пясочны гадзіннік (грэчас.).

Да родных каранёў

«Валакуся ў свае Путрышкі ды вачэй не магу адарваць ад зубчатага краю цёмнага бору. На памяць прыйшлі і застралі ў горле даўкія словы:

 

А ў бары-бары зязюлька кукуе,

Ніхто ўжо той зязюлькі не чу-е!..

 

Зараз жа нагадала палянку ў нашым лесе ды так выразна, бытта на самай справе яна ў мяне перад вачыма.

Мама каля сваіх кароў сядзелі на траве, нюхалі сабе ландыш і мяне пытаюцца:

— Ну, Каця, паела? То папасі тут з дзяўчаткамі быдла, папасі, як маеш ахвоту, а я вярнуся дамоў. Бычкі пачалі басціся, але іх не чапай — не падлазь нават, бо падраслі ўжо і дзічэюць. Падужаюцца ды супакояцца самі!..

І я так маме ўдзячная, што даюць мне свабоду!

А яны не супакойваюцца:

— Глядзі, і цяляткі пыскамі нешта вышукваюць, дурненькія, у траве!.. Ну, ну, нюхайце, пазнавайце богавы былінкі, каб малачко потым добрае давалі!..

Як тут хораша, Каця, чыста як, пахне ўсё, а неба якое! Зрэшты, глядзі туды, але памятай тое, што галоўнае,— у нас! Расці, дачушка, і набірайся Яго!

Мне добра і не хочацца іх распытваць, як гэта Тое ў нас — што, неба? Хіба яно можа быць у чалавеку? А яны ўжо ўздыхнулі, набралі якіхсьці клопатаў ды пайшлі.

За апошнюю вайну столькі выгінула на вёсках люду. Памятаю, калі першы раз дабіралася да Путрышак, з пустых халуп у Капліцах Велькай і Малой сабакі яшчэ вывалакалі страшныя чалавечыя астанкі. З-за гэтага, вядома, і лес адзічэў — у яго мала ходзяць, бо няма каму. Мажліва, на тую палянку прыводзіць толькі зараз мядзведзіца сваіх дзяцей маліннік сусліць.

Трэба было б і туды заглянуць, але ж не маю сілы валачыся дый заблудзіцца магу — галава закружыцца ў лесе, і канец.

Яшчэ, здаецца, зусім нядаўна так пражыла летняе сонца, а ўжо восень насоўваецца — ой, як у маім узросце хутка бяжыць час! На небе клубіліся яшчэ астаткі навальнічных хмараў, але балоты ўжо аж стракацелі вялізнай чарадой буслоў. Даючы над маёй галавой круга, з лёгкім посвістам крылляў апускаліся і апускаліся туды клекатуны новыя.

Далёка на азярку бялелі святыя птушкі — лебедзі. А з-над лесу далятала шчымлівае «курлы-курлы».

Калі вяртаюцца журавы з выраю, у людзей загараецца надзея, яны радасна задзіраюць галовы ды з агеньчыкамі ў вачах сочаць за палётам птушыных ключоў. А чуючы журавоў цяпер, галаву чамусьці апускаеш, тваё сэрца сціскаецца ды на душы ўзнікае шчымлівы жаль і смутак, бытта ад цябе штосьці назаўсёды адбіраюць.

Сенажаць пажаўцела. Апрача буслоў на балоце — нікагутка. Адно каля самай рэчкі — пара валоў. З іх сцягнулі ярмо ды пусцілі на пашу — паешце сабе травы.

А бліжэй, з галовак позняга маку ў чыімсьці агародзе ўзняўся легкакрылы матылёк: чысты, даўно-даўно знаёмы — божа, аж плакаць хочацца.

Над усёй ваколіцай стаяў бадзёры звон кавалёў у кузні, за якім згадваліся са скуранымі фартухамі ўспатнелыя кавалі, хлопчыкі ім паслужліва раздзімалі мяхі.

Ажывае памалу і мая вёска: хто з прускай няволі ўцёк, каго з турэцкай выкупілі, хто ў прымы прыстаў...

Ускрай гоняў крочыла нейкая постаць і размерана махала правай рукой. Хто ж гэта? Сейбіт, мабыць. Цікава, што цяпер сеюць? На жыта яшчэ зарана...

Дзіўна.

Найхутчэй, нячысцік асот, свірэпку ды куколь рассявае па палях. Што ж, нідзе — ні душы, а гэтыя паганцы не дрэмлюць, так і цікуюць, каб нашкодзіць.

Чарцям цяпер тут, вядома, якраз раздолле. Да нашых бязбрэжных балот столькі дабавілася пасля воен пакінутых хат, руін, пустых скляпоў, свірнаў ды ямаў засталося, нікому не патрэбных печаў!

А колькі новага багна развялося, якія нават ласі мінаюць!

Ноччу над дрыгвой блудныя агеньчыкі мільгаюць — так пакутуюць душачкі памерлых няхрышчаных дзетак, душы грэшнікаў ці тапельцаў, бо іх па прычыне, якая нам не даступная для разумення, а вядомая толькі самаму Госпаду Богу і Усім Святым, на Небе таксама не прымаюць, і яны, бедныя, зажываюць сабе свабоды толькі пасля заходу сонца. Але днём кудысьці ўсе хаваюцца, заміраюць і — во, па ўсім балоце адно буслы стракацяць.

Зазвінела ў левым вуху — гэта, напэўна, праляцеў нячысцік здаваць сатане грахі нейкага чалавека, зробленыя ім за ўчарашні дзень. Зараз рагаты вернецца, каб чакаць выпадку для новай спакусы...

А унь там на рэчачцы — разваліны млына ў кустах. Толькі кусты ўжо вымахалі, з-за іх нічога і не разглядзець. Той, каму невядомая страшная гісторыя, будзе дзесяць разоў глядзець, а нічога кепскага і не падумае аб тым месцы.

А там — млынар з жаднасці забіў роднага брата. Паехалі на кірмаш у Гародню прадаваць адкормленае на муцэ быдла, і каб не дзяліцца грашыма, выняў ад воза кланіцу ды забіў. Калі дома яго спыталіся, дзе той падзеўся, ён гэтаксама, бы Каін, гыркнуў:

— Адкуль я ведаю! Што — я слуга брату? Не абавязаны вартаваць яго!

Не прызнаўся і на святой споведзі.

Тады Гасподзь Бог прымусіў братазабойцу ўтапіцца. Неўзабаве кары такой Госпаду здалося мала — яе дабавіў.

З той пары душа злачынцы кожную ноч мусіла круціць саматугам млыновае кола, а днём у рэчцы на дне адсыпацца разам з ракамі.

Тата казалі — на ўласныя вушы чулі не раз і не два, як пад ракітай да самай раніцы зычна Лясун рагоча, гукаюць сычы, дудзіць і дудзіць той самы дзесяціпудовы камень.

Напэўна, і зараз пад вадой млынар сабе адсыпаецца. Цікава было дачакацца ў каго-небудзь на вёсцы глыбокай ночы і паслухаць, ці гудуць тыя камяні зараз...

І от крыўда — гэты стары млын з начным грукатам цяжкіх колаў, выцесаных з літога граніту, і тая ракіта з Лесуном ды сычамі, і балота з блуднымі агеньчыкамі ды камарамі, машкарой, цені памерлых, што ноччу пераходзяць тут гэтую дарогу, енчаць ды просяць знак святога крыжа — усё-ўсё так і застанецца, а цябе, нябога, не стане. І больш сюды не прыйдзеш, нічога гэтага не ўбачыш!..»

 

У гасцях у дзяцінства

«На вёсцы са знаёмых — толькі бязногі Юрко Сарока.

Чалавек доўга да мяне прыглядаўся, зняўшы шапку, набожна пацалаваў мне руку, але не пазнаў. Гэта і лепш, бо не хачу, каб да мяне збягаліся з жаласлівымі роспытамі ды дзівіліся, што з мяне засталося — і сама ведаю. Страх, як не люблю гэтага.

Надзі Юрка не было. Апошні раз бачыла яе ў карчмара.

Калі Надзеі споўнілася шаснаццаць, Юрко аддаў яе путрышскаму Мэндалю, каб зарабіла сабе на пасаг. Я аднойчы зайшла да яе ў карчму. Якраз нейкі пан, што спыніўся начаваць, спатрабаваў ад Мэндаля кабету. Для гэтага ў карчмара служыла жонка Сара, але ягамосцю гэтаму яна здалася застарая, таму яе прапёр.

Карчмар загадаў ісці Надзі. Поўную хвалявання ад таго невядомага, што яе чакала ў ложку з незнаёмым, я сяброўку і застала. Надзея то хіхікала, то рабілася сур’ёзнай, то плакаць збіралася ды звала маці. У гэты час Мэндаль у баковачцы манатонна бубніў малітву:

«Барух ата Аданой элохэйну мелех гасям, ойцер ор уворай...»1

Цяпер Надзея Юрка, добра ведаю, замужам даўно ў Абухаве. Дачакалася нават унукаў,— дай ім Божа здароўя і шчасця. Але распытваць старога не было ахвоты, бо да Надзеі не цягнула ўжо. У дзяцінстве мы сябруем больш з тымі, хто бліжэй нас, хто якраз пад рукой, а не блізкі па характары, таму сябры такія потым намі лёгка надта забываюцца.

І Путрышкі, і вёскі навокал пасталі кляштарныя, манастырскія ды графскія. Толькі наўрад ці перамянілася жыццё ў іх ад перамены гаспадароў. Зрэшты, Яўхім наш — чалавек памяркоўны, занадта шкуру з мужыкоў не дзярэ, дамовіцца з ім можна заўсёды.

З нашай сялібы не засталося нічагутка. Будынкі ўшчэнт згарэлі яшчэ пры шведскай навале. Асмолкі ды печышчы даўно размылі дажджы.

Сёстры мае параз’язджаліся, укаранелі ў свае сем’і, і ці каторая з іх жыва, дакладна не ведаю. Зрэшты, былі намнога маладзейшыя за мяне, мала іх памятаю.

Нічыпар не вярнуўся з апошняга паходу на казакаў, а ў якой сечы разлучылі яго цела з душой, дапытацца ні ў кога так і не змагла. Добра, калі загінуў адразу. Маглі ўбіць на кол, каб цьмяныя вочы клявалі потым гурганы. Маглі яшчэ якой страшнай смерцю пакараць. Мог і ў палон куды трапіць і там свой жывот скончыць.

Вяскоўцы мінулы раз казалі, калі выязджаў у дарогу, каля варот пад ім конь спатыкнуўся. Мама і жонка, якія скончылі класці ў воз вяндліны, крупы, сушаныя грыбы, грушы, ягады, ставілі якраз клетку з пеўнікам, каб раніцой было каму рыцара будзіць. Мама ў той момант кінулі вокам на каня і ўбачылі, як ён спатыкнуўся. Абое адразу пачалі адгаворваць рыцара — маўляў, Нікіфар, калі так, пачакай пару дзён, не едзь, знак невыпадкова — яго Неба пасылае! Але ён — ай, бабскія забабоны. Вядома, ці такі стане патураць жанчынам?

Забудова яго пайшла таксама з дымам. Жонка забрала дзяцей ды падалася ў Скідаль да сваіх бацькоў.

Тата з мамай памерлі...

На тым месцы, дзе калісьці жыла, працавала ды радавалася так шчаслівая, здавалася б, вялікая наша сямейка — чысцюткае цяпер поле, гладкае, як бубен.

Нават і знаку не знайшла, дзе стаяў наш калодзеж. У ім была такая вада, што ў летнюю спёку, бывала, тата прызнаваліся, што паўдня цярпелі, каб потым яна ламала зубы, забівала дыханне і каб напіліся яны са смакам. Калі ж на кірмаш адпраўляліся, налівалі сабе ў бурдзюк.

На колішнім нашым падворку красавалася толькі груша — як не стравіў агонь і яе, ведае адзін Бог і Прасвятая Мацер Божая. У садок да сябе яе ніхто не ўзяў — каму патрэбная дзічка,— стаіць самотна, яшчэ больш адзічэлая.

Дрэва нават нечым нагадала мне сябе, і я абняла адзінага, жывога сведку дзіцячых маіх гульняў, а сэрца зашчыміла ад успамінаў. Нават здалося, мае пальцы адчуваюць выразна, як пад шарахаватымі лусачкамі цёплай кары бруіцца татава ды маміна дыханне. І я горка-горка расплакалася.

Супакоіўшыся, дрэву пазайздросціла.

Груша надта старая — з аб’едзенай тлёй ці іншай машкарой лістотай, з балюча пакручанымі сукамі, як у іншае бабулі рукі ад працы, а пень — таксама ў адных гузах і дзірках — скразных, праз іх відаць было неба. Наканавана ёй убіраць сонечныя прамяні, жыццедайныя кроплі навальніц пад грымотныя бліскавіцы, а з кроны восенню губляць для дзікоў ці надворных путрышскіх свіней прорвы маленькіх грушак яшчэ гадоў з пяць-дзесяць.

Тады памрэ, стоячы, засохне.

Дрэва яе падыходзіць і на чашу, і на лыжку, і на іканастас. І божы лік можна на ім намаляваць. Ведаю, напэўна, не для парахна жыве.

З Путрышак прычыкільдае неўзабаве кульгавы каўшар — Юрко Сарока. Дрэва ссячэ ды з грушавай калоды выстругае супроць голаду, вайны, граду, пажараў, паморкаў на свіней, быдла і людскіх хвароб ладную постаць Царыцы Нябеснай з Яе Дзіцяткам. Старому ўжо, напэўна, восемдзесят, але фігуркі яшчэ ў яго атрымліваюцца як жывыя, а прасіць яго, каб выразаў, не трэба.

Божую сямейку Юрко з малітвай укапае на ростанях. І дрэва са святымі фігуркамі прастаіць каля вёскі на пачэснай службе людзям ды пану Богу, мажліва, да новага Патопу альбо і да самага Канца Свету.

Боская фігурка, хоць і марна зробленая, але мілая пану Богу, а што ўжо казаць пра тыя, якія выходзяць з рук Юрка. Некалькі святых нядаўна для нашага кляштара выразаў, таму і ведаю.

Шчаслівай можа лічыць сябе наша дзічка.

Мне ж, здэлі, якая ледзьве-ледзьве наскрабла сілы, каб прытупаць з Гродна да Путрышак, ды з жахам думае, як вярнуцца цяпер у абіцель, не дадзена лёсам, каб паслужыць Усявышняму і Усемагутнай Уладарыні і гэтак.

Хоць плач, хоць цэлымі днямі маліся ды накладвай на сябе пасты, любыя вярыгі надзявай, хоць скачы і са шкуры вылазь, а не зраўнаешся з нашай грушай.

Падумала сабе гэтак і зрабілася, сынок, прыкра.

Напэўна, праз крыўду такую гаворыць ва мне тая самая гардыня, з-за якой і ў абіцелі мяне цураюцца, не любяць надта ды баяцца, а ўсе ігуменшыны падлізы за вочы гатовы мяне зжэрці. Усё-ўсё бачу, выдатна разумею сама, ды што ты зробіш, калі я, грэшная, менавіта, такая.

Зрэшты, няхай прыкусяць языкі. Не з якіх-небудзь падкідышаў галадраных, бы іншыя. І не яны мне ласку зрабілі, што разам жывём пад адным дахам. Няхай лепш прыглядзяцца і ўбачаць, што нават усемагутная нашая матушка лічыцца са мной ды разважае, як з роўнай. Мае з-за чаго.

За адное золата Садык-бея абіцель набыла іканастас аж у самім Афоне.

Купленую за мае грошы дараносіцу тысячы людзей неслі аж з Пачаева.

Катлы для трапезнай я сама заказала, а Яўхім прывалок аж з Крулеўца.

А новыя званы прывезла я сама з-пад Кракава ад самога людвісара Яблонскага, ад чаго пра кляштар адразу загаварылі людзі па ўсёй Прынёманшчыне, і на адно месца паслушніцы ў нас цяпер — сто і болей жадаючых.

З-за Сцяпанавага надзелу кляштар і па абшары зямлі зраўнаўся з брыгідскім, бернардынскім, францішканскім, святадухаўскім манастырамі.

Не надта вялікую зробяць мне ласку зайздросніцы, калі і прамаўчаць».

 

1 «Госпадзі Божа наш, Уладыка Усяленнай, асвяці душу маю і развей змрок...» (Ідыш.)

Канец

Такі прыблізна змест я вычытаў у пашарпаных, вільгаццю моцна паднішчаных старых сшытках, знойдзеных нашымі рэстаўратарамі ў мурах старажытнага кляштара базіліянак, які рыхтуем пад рэстаўрацыю. Прачытаўшы яго невядома каторы раз, тэкст перапісаў начыста і толькі тады ўздыхнуў з палёгкай.

А потым і задумаўся.

Паразважаць ёсць над чым.

Ведзьмароў ды вядзьмарак спатыкаем мы і цяпер, а як жа. Яшчэ колькі. Але ў выглядзе стылізаваных фігурак ды смешнага выгляду пачвар на сценах нашых кватэр.

У некаторых усе сцены імі ўвешаны!

У Каўнасе ёсць нават спецыяльны музей чарцей. Каля шасцісот розных нячысцікаў: з парцэляны, слановай косці, гліны, дрэва, металу і саломы. Нячысцікі паказаны ў разнастайных жыццёвых сітуацыях — п’юць з мужыкамі гарэлку ў карчме, надарэмна стараюцца схаваць пад цыліндры рогі, пераапранутыя за яўрэйскага цадзіка, спрабуюць сфігляваць штосьці таксама. Яны там з самых розных краін — з Літвы, Беларусі, астравоў Фіджы, Ямайкі, Лібану.

Антанас Змудзінавічус пачаў збіраць іх яшчэ восемдзесят гадоў таму, і цяпер яго калекцыю наведвае дзесяткі тысяч людзей у год!

Адным словам, што напаўняла колішнія пакаленні жудасным страхам, кіравала іхнімі ўчынкамі і помысламі, ламала людзям жыццёвыя кар’еры, калечыла душы, зараз нас смяшыць, надта забаўляе і дае матэрыял для роздуму, а іншым — для творчасці.

Невядома, і, найхутчэй, ніколі не даведаемся, абвінавачаная ў ерасі трэці раз ці зноў удалося магнатцы адкупіцца? Адказу, прынамсі, зараз няма.

Падумалася пра іншае.

Харошай маёй зямлячцы з далёкай эпохі — спадарыні Кацярыне Валковіч — перажыць давялося не менш, чым той ці іншай беларускай маладзіцы альбо дзяўчыне, якую варвары ХХ стагоддзя вывезлі ў часы акупацыі на катаргу ў сваю Гітлерляндыю, ды адтуль трапіла напрыклад, у французскае Супраціўленне.

З такім жа поспехам яна магла яшчэ трапіць і ў польскую Армію Краёву ці нават да генерала Андэрса, затым — у засценкі гестапа, каб, нарэшце, апынуцца дзе-небудзь за Уралам — у адным са сталінскіх лагераў, падпісаўшы раней на сябе паперу не менш страшную ды абсурдную, чым у часы чароўнай спадарыні Кацярыны Валковіч падпісвалі на сябе тысячы няшчасных вядзьмарак.

Адным словам, калі паўзірацца на людзей, як пласты пакаленняў у гістарычным разрэзе, чамусьці атрымліваецца нейкая замкнутая сінусоіда — хоць розная па часе, аднак па форме, па напале цярпенняў, колькасці перажытых бед, глыбіні чалавечага гора, памераў жорсткасці, моры пралітай нявіннай крыві — зусім-зусім падобная.

Думка ўзрадзілася ў мяне, напэўна, не новая, але ж адна справа, калі пра гэта толькі чуеш ад старонніх людзей ды ісціну прымаеш на веру, а зусім іншы набывае справа адценак і сэнс, калі ткнешся ў аголены жудаснай яскравасцю, алагізмам і бессэнсоўнасцю факт, уласным носам.

Але — от дзіва! — чамусьці аж трыста гадоў невытлумачальным трафам захоўваецца ды жыве ў народзе легенда пра эфемерную здань Белай Дамы ў горадзе, які цяпер ужо называецца Гродна. Здань бытта пры святле дня хаваецца ў шчылінах ды закамарках, а ноччу пахаджвае свабодна, напамінаючы людзям аб сабе, у калідорах былога кляштара на вуліцы Новазамкавай.

Нібы тыя фосфарныя агеньчыкі, што ноччу з’яўляюцца над вясковымі могілкамі!

Няважна, калі ўсё гэта не мае пад сабой матэрыяльнага абгрунтавання. Менавіта пры дапамозе так адмысловай і рамантычнай фантазіі знаходзіць сабе выйсце народная памяць, а дакладней кажучы — памяць пакаленняў. І з гэтым, хочацца каму ці не, звязана ў нас надта многае.

Напэўна, быліцы пра фосфарныя агеньчыкі з магілак, цудосы Святаянскай ночы з падперазанай дзеразой Баравой Цёткай, Белыя Дамы, Самотныя Рыцары ў калідорах старых кляштараў, манастыроў, касцёлаў, капліц і замкаў, партызанскія гісторыі фарміруюць адную супольнасць, а легенды пра Нібелунгаў, Жанну д’Арк, Смочую яскіню, акамянелых Рыцараў пад Вавелем ды падрабязнасці тых самых дзесяці няшчасцяў, пасланых богам на злога фараона і выхад прыгнечанага народа з Егіпта, альбо заваяванні адважных канкістадораў, ці ўчынкі прававернага Магамета — фарміруюць супольнасці цалкам другія. А ўсе яны надта важныя для росту чалавека. Таму нездарма пасля таго як усвядоміў усю нерэальнасць чутак пра «фосфарныя агеньчыкі» над магіламі, я адчуў сябе непрыемна ўражаным ды расчараваным, бытта атрымаўшы вестку аб смерці роднага мне чалавека.

Значыць, яны для нас вельмі патрэбныя, іначай прырода не закладвала б чалавеку ў генетычны код здольнасцей для ўсіх гэтых перажыванняў!

Вось адкуль мы родам.

Адтуль ідуць і напевы нашых вершаў, паэм, сюжэты аповесцяў, п’ес і раманаў...

Як сабе вы хочаце, а я здымаю шапку перад перламі нашай народнай творчасці. Наднёманскія легенды для мяне святыя, сэрцу мілыя і жыць без іх — як без кіслароду.

Каб мог, я на ўсе гэтыя сівыя быліны пачапіў бы таксама ахоўныя дошкі, якія вісяць на помніках культуры ды на старажытных культавых будынках!

Толькі для данага выпадку знакі такія парабіў бы з чыстага золата!

Гродна

1987—1988 гг.


1987-1988

Тэкст падаецца паводле выдання: Карпюк А. Белая Дама: Аповесці. – Мінск, Мастацкая літаратура, 1992. – 447 с.
Крыніца: скан