epub
 
падключыць
слоўнікі

Аляксей Карпюк

Было і так

Германія, Памеранія. Перадавыя часці пайшлі праз лес далей, а на палянцы разбіў палаткі ды выставіў варту медсанбат.

У гушчары чатыры немцы здаліся ў палон сержанту з гаспадарчага ўзвода. Восем раз паранены і кантужаны, сержант служыў цяпер у гаспадарчым узводзе медыкаў. Убачыўшы немцаў, ён даў для страху ўверх чаргу з аўтамата, а тады паадбіраў у былых грозных ворагаў біклажкі са шнапсам ды да адной добра прыклаўся. Праз якой паўгадзіны ці менш галодны сержант ужо не мог ісці...

Медсанбатаўская варта ўбачыла паміж дрэў фігуры немцаў, узняла на паляне трывогу.

Перад вачыма насцярожаных урачоў і сясцёр праз хвіліну з’яўляецца каларытная працэсія. На паляну выходзіць унтэр-афіцэр і на выцягнутых руках трымае савецкі аўтамат.

Абвешанага біклажкамі сержанта вядуць пад рукі два немцы.

Убачыўшы медыкаў, унтэр-афіцэр крычыць здалёк:

— Не страляць! Не страляць!.. Пан сержант узяў нас у палон! Дзе рускі палон?


1962-1977

Тэкст падаецца паводле выдання: Карпюк А. Свежая рыба : Аповесці і апавяданні. Мн.: Маст. літ., 1978. - 368 с.
Крыніца: скан