epub
 
падключыць
слоўнікі

Аляксей Карпюк

Цана славы

Расказвае маскоўскі карэспандэнт.

Сталіца сустракала аднаго з першых касманаўтаў. На аэрадроме — стометровая істужка чырвонага дывана, сотні карэспандэнтаў з цэлага свету, апараты для здымак у кіно і тэлебачання. Потым — імклівы караван новенькіх «Чаек», абкружаных ганаровым эскортам матацыклістаў. Уздоўж высланых кветкамі Ленінградскай шашы і вуліцы Горкага — сотні тысяч шчаслівых і гордых, бытта яны ўсе пабывалі самі ў космасе, масквічоў. Людзі — на балконах, у вокнах і нават — на дахах, а хлопчыкі абляпілі нават галіны таполяў.

На прыёме ў Крамлі прысутнічалі карэспандэнты. Пасля ім дазволілі ўзяць у героя інтэрв’ю.

Толькі журналісты падрыхтавалі пытанні, раскрылі свае блакноты, як крыху захмялелы ўжо ад віна, славы і перажытага касманаўт ім і гаворыць:

— Прыкладна ведаю, чаго вам трэба. Гэтыя пытанні ваш брат мне задаваў дзесяткі разоў яшчэ ў Байкануры! Давайце зробім зараз іннтэрв’ю наадварот — спачатку спытаю я вас. Няхай кожны з вас скажа, што найбольш запала яму ў душу ад сённяшняй сустрэчы. Толькі цур, угавор: гаварыць шчыра!

Пасыпаліся адказы.

Аднаго карэспандэнта ўразіла колькасць кветак, з якімі людзі сустракалі герояў,— ён і не думаў, што такую масу цюльпанаў, гладыёлусаў ды ружаў можна сабраць за адзін дзень у Маскве. Другога ўразілі маладыя матацыклісты ў белых касках і з такімі ж белымі рукавіцамі да самых локцяў: вельмі ж прыгожа яны выконвалі свой абавязак, не парушаючы строю ні на міліметр. Трэцяга — рабочыя, што, як гронкі, павіслі на страле будаўнічага крана ля Беларускага вакзала ды махалі касманаўту каскамі.

Дайшла чарга да аднаго сівога журналіста. Ён яшчэ ў 1935 бачыў трыумфальны прыезд у сталіцу Папаніна, а затым — Чкалава і чэлюскінцаў. Тады сустракаць герояў таксама выходзіў увесь горад, толькі замест матацыклаў паабапал машын ехалі коннікі, а замест кветак з балконаў і вокан сыпалі паперкі: дзесяткі тысяч белых галубоў кружылі над галовамі герояў ды клаліся ім пад ногі.

— Мяне,— кажа карэспандэнт,— найбольш уразіў стары Папанін. Надта ж кранула ды прымусіла над многім падумаць тое, як ён, сціснуты на Краснай плошчы ў натоўпе тысяч масквічоў, выцягвае шыю ды стараецца вас разгледзець.


1962-1977

Тэкст падаецца паводле выдання: Карпюк А. Свежая рыба : Аповесці і апавяданні. Мн.: Маст. літ., 1978. - 368 с.
Крыніца: скан