epub
 
падключыць
слоўнікі

Аляксей Карпюк

Чарцяняка

Быў я камендантам лагера ваеннапалонных ля Вінніцы. Немцы тады жылі амаль на свабодзе, перазнаёміліся з насельніцтвам, некаторыя нават завялі сабе сімпатыі, і ў выніку — адна ўдава нарадзіла ад палоннага дзіця.

Прыйшоў загад — і немцаў пасадзілі ў эшалоны ды адправілі ў Германію. Адправілі нечакана, за адну ноч.

Назаўтра ўбягае да мяне ў кабінет удава, кладзе на стол малога, крычыць:

— Отправыв батька, а ёму шчо робыты?! То бэры вжэ й ёго, бусурманэ ты! Він жэ выростымэ і по-руску поныматы не будэ, як жэ з ным балакаты стану, як він будэ жыть?!

— Акса-ана, што ты вярзе-еш, ці пры сваім ты ро-озуме?! — пачынаю супакойваць украінку.

— Я-то пры своім, а ты — здурів, як фашыст зробывся!.. Нэ мог одну людыну покынуты, дытыну загубыты хочэш!.. Ну, як жэ мэні балакаты з ным, колы выростымэ, як він тут компанію знойдэ?!

Адвёў я ўкраінку дамоў і давай тлумачыць, што малы стане гаварыць так, як гаворыць яго маці.

— Брэшэш?! — недаверліва ўставілася яна на мяне.— Побожысь, шчо нэ підманываеш!

— Дальбо, будзе! Успомні, Аксана, хто з тваіх знаёмых замужам за нярускім — за татарамі, армянамі, грузінамі... Як дзеці іхнія гавораць? Як маці. І твой, дурніца, будзе гаварыць так, як ты, пабачыш!

Кабета ўзрадавалася:

— Ніўжэ? От, добрэ! Бо вжэ ёго я, чэртэняку, люблю більшэ всёго на свіце!


1962-1977

Тэкст падаецца паводле выдання: Карпюк А. Свежая рыба : Аповесці і апавяданні. Мн.: Маст. літ., 1978. - 368 с.
Крыніца: скан