epub
 
падключыць
слоўнікі

Аляксей Карпюк

Хайкель з Індуры

Ён паходзіў з такой бядноты, якая «хвост селядца тыдзень смактала». Але па натуры шавец Хайкель — упарты, сумленны і заядлы. Уступіў у падпольную Кампартыю, паліцыянты яго не раз запіралі ў турму. Не маючы ні кала ні двара, ажаніўся на такой жа беднай Голдзе і пусціў на свет пяцярых малых.

Калі ў верасні 1939 года вызвалілі Заходнюю Беларусь, мнагадзетнаму Хайкелю і яго жонцы выдзелілі добрую кватэру ды самую лепшую памешчыцкую карову: жыві ў цяпле, браце, ты гэтага варт, кармі малых і пасылай іх у школу.

Раніцой пайшла шчаслівая Голда ў хлявок, надаіла поўнае вядро малака. Столькі ж карова дала ў абед, столькі ж і — вечарам. Хлопцы наперабой сталі пасвіць яе на толькі ім вядомых межах, адзін перад адным валаклі ёй бярэмы лістоў чужой капусты ды з захапленнем глядзелі, як Красуля з трэскам іх умінае; на ноч клалі ёй канюшыну...

Цяпер узрадаваная і шчаслівая сям’я стала піць малако як ваду, бяліць ім страву, гатаваць — хто гэта бачыў! — зацірку на чыстым малацэ! — а яго яшчэ і заставалася.

Кіслым і салодкім праз пару дзён запоўнілі ўсе каструлі, банкі ды міскі.

Голда не ўмела рабіць ні сыру, ні масла. Яна дала нарэшце вядзерца сырадою старэйшаму сыну, дала ў другую руку кварту ды адправіла яго прадаваць малако:

— Збярэш сабе і братам гэтак на школьныя ранцы, Люсічак!

Крочыць здаволены Хайкель дамоў на абед праз плошчу і сваім вачам не верыць: яго Люсік пад навесам разам з бабкамі, якія прадавалі яблыкі ды семкі, квартай адмервае пакупнікам малако. Шавец папёр сына дамоў.

— Ганьбаваць мяне ўздумала! — напаў ён на жонку.— Людзі нам дабро зрабілі, а ты нажыцца хочаш на гэтым?

— Хайкель, так жа псуецца малако! — перапалохана баранілася Голда.— Куды ж нам яго дзяваць?

— Ха! Не будзь скнарай! Надаі столькі, колькі адно можаш выпіць ці з’есці: трэба табе шклянку, ідзі і надой шклянку, трэба каструлю — надаі каструлю, а не будзь прагнай, як кулачка, не забывай, што я — камуніст!

Жонка паслухала: пачала даіць Красулю, як загадаў муж.

Праз тыдзень у каровы прапала малако. Голда збегала да ветэрынара, і бедны шавец павёў Красулю здаваць на мяса: не будзеш жа гэткую абжору дарма карміць да новага ацёлу.


1962-1977

Тэкст падаецца паводле выдання: Карпюк А. Свежая рыба : Аповесці і апавяданні. Мн.: Маст. літ., 1978. - 368 с.
Крыніца: скан