epub
 
падключыць
слоўнікі

Аляксей Карпюк

Чорны кот

Ініцыятыўны дырэктар гарадскога парку ў былой аранжарэі зрабіў маладзёжнае кафэ. Звычайнае шкло ў каркасе замяніў каляровым. У фае мастакі паставілі з фанеры чорнага ката з вусамі, з прыязна задраным хвастом, з зялёнымі пражэктарамі вачэй — хітрага і смешнага. Кожнаму, хто ўваходзіў, ён як бы казаў: давай, давай, братка, смялей, мы цябе даўно тут чакаем!..

Адным словам, атрымалася арыгінальна. Моладзь хлынула ў кафэ на танцы. І хоць назва яго афіцыйная была іншая, сваё новае прыстанішча юнакі і дзяўчаты назвалі «Чорны кот».

Камусьці кафэ не спадабалася, і паступіла скарга ў гарком камсамола. У кафэ завітала адна камісія, другая, але нічога не магла сказаць. Наадварот, камсамольцы яшчэ і пахвалілі:

— Мадэрн, па-сучаснаму!

Тады ў былой аранжарэі з’явіўся самы галоўны пенсіянер. Ён удумліва курыў і доўга глядзеў то на рознакаляровае шкло, то на фанернае стварэнне, то на дырэктара. Затым рэзка кінуў папяросу на падлогу, растаптаў яе абцасам і сказаў:

— Гм — чорны кот! А вы ведаеце, што калісьці была такая банда?!

Дырэктар наіўна здзівіўся:

— Ага, кажуць, была. Ну і што? Якое гэта мае дачыненне да нашага кафэ?

— Як гэта — «што»?! Спачатку ў маладога чалавека гэтае самае кафэ «Чорны кот». Затым — чорныя думкі. А потым і — чорныя ўчынкі! Вось так у нас і з’яўляюцца бандыты! Годзе, каб не было бандытаў заўтра, кафэ трэба закрыць сёння!

— Тава-арыш пенсіянер! — узмаліўся дырэктар.— Навошта такі максімалізм? Гэтак жа сама я мог бы сказаць і пра вас: вось вы зараз тут у мяне кінулі на падлогу недакурак, заўтра можаце кінуць сваю жонку, паслязаўтра...

— Ты яшчэ замалады мяне вучыць! — затупаў стары чалавек нагамі ды ад злосці зрабіўся аж бурачковы.

І з той пары не стала кафэ «Чорны кот».


1962-1977

Тэкст падаецца паводле выдання: Карпюк А. Свежая рыба : Аповесці і апавяданні. Мн.: Маст. літ., 1978. - 368 с.
Крыніца: скан