epub
 
падключыць
слоўнікі

Аляксей Карпюк

Дно

У 1973 годзе ў нашым горадзе адбыўся суд над пяццю былымі паліцаямі. Рэлікты гэтыя прытаіліся сабе ў ціхіх куточках краіны ды пражылі трыццаць гадоў бязбедна і спакойна, покуль работнікі дзяржаўнай бяспекі не вывелі іх на чыстую ваду.

Перад судом разам са сведкамі — цудам ацалелымі ахвярамі гэтых падонкаў — прайшло і дванаццаць былых паліцаяў, якія ў свой час адбылі кару ды цяпер сведчылі на пецярых былых саслужыўцаў.

Шасцідзесяцігадовы мужчына неакрэсленага выгляду цяжка ўздыхае ды суду гаворыць:

— Дзяцінства маё прайшло без бацькоў — сірата я, грамадзяне прысутныя! Таму і маленства ў мяне было цяжкое. Пас кароў... Усё па чужых... Прыйшлі немцы — куды дзецца? — паціскае плячыма.— І пайшоў я ў паліцыю. Памыліўся, грамадзяне суддзі! Вельмі памыліўся, зглупеў!.. Затое потым чэсна прызнаўся, і радзіма мне ўсё даравала. Я надта вінаваты перад бацькаўшчынай, але яна, як маці родная, усё мне спісала і сказала — жыві сабе, Мікалай, на здароўе!.. Грамадзяне прысутныя, выхоўвайце сваіх сыноў і дочак адданымі радзіме, каб яны ніколі не пераходзілі на бок ворагаў.

У зале некалькі жанчын запляскалі ў далоні.

— Што вы тут кранаеце святыя імёны — на апладысменты зарабляеце? — абарваў яго пракурор.— У паліцыі вы ў кашаварах хадзілі? Вы ж разам з іншымі расстрэльвалі дзяцей, жанчын ды старых бабуль, рабавалі ды палілі, білі людзей ды глуміліся над імі!.. Хіба ж гэта даруецца?! Вы ж нават свайго апошняга дзядзьку з Зеляневіч паддалі на расстрэл за адно тое, што вам некалі надраў ён вушы за яблыкі. Мо няпраўда?

Рэпліка з залы: — Расстраляў усіх сваіх ды яшчэ крычыць — пашкадуйце мяне, сірату!

Едкі смяшок збіў паліцая з панталыку, куды падзелася яго бадзёрая найгранасць.

Тым часам пракурор агаляў яго зусім:

— У вас, як выявілася сёння на працэсе,— медаль за храбрасць. За што вы яе атрымалі? Напомнім. Прачэсвалі лес ля вёскі Бяляны і надышлі на сонную радыстку. Дваццацігадовае дзяўчо з рацыяй пасля дальняй дарогі заснула пад елкай на голым снезе. Перад тым, як здаць немцам на расправу, вы дзяўчыну згвалцілі!

— А потым? — прадоўжыў пракурор.— Вось вы вялі праз Гута-Міхалінскі лес затрыманых лесарубаў. Вам здалося, што яны хочуць уцячы, і вы давай іх расстрэльваць! Дзядзька адзін стаў перад вамі на калені, аднак вы са сваім калегам,— пракурор кіўнуў на лаўку падсудных,— стрэлілі яму ў рот! У чатырнаццацігадовай дзяўчынкі вырашылі раней сцягнуць боты і кінулі сябру вашаму цынічны жарт са свайго лексікону: «Каб не папсаваць, бо буду цэліць у грудзі, а траплю шчэ ў халяву!» Затым вы хадзілі паміж тымі, хто шчэ варушыўся, і дабівалі. Ваш калега толькі што паказаў, як вы ля самай дарогі прыкончылі маладую жанчыну — лёгка параненую. Дастрэлілі?

Пасля хвіліны цягучага маўчання паліцай ні то з абурэннем, ні то з жалем, ні то з выклікам заявіў:

— А чаго яна ўздумала якраз у той момант спадніцу на калені нацягваць? Хто б ведаў, што жывая?!.

— Ах-х!..— па зале пракаціўся выбух абурэння.

На лаўцы падсудных — пяць тыпаў. Камандзір узвода карнікаў, трое радавых ды спераду, з апушчанай галавой, кулямётчык Кнап з Зеляневіцкага гарнізона. Худзенькі смяцюх у светлым пінжачку. Яго маладая адвакатка мне расказвала: «Зайду да яго ў камеру, а ён плача. Дам цукерачак, і ён адразу супакойваецца ды робіцца ласкавы, бы дзіця...»

Давала ўжо паказанні пяцідзесяцігадовая жанчына:

— І мяне, дзеўку, выгналі туды ў лес на работы. Як пачалі яны па нас страляць, так кінулася ўцякаць ад бобікаў і я! А гэты, што сядзіць унь сперадзі ды зыркае воўкам, па мне ўсё разрыўнымі — бах! бах! бах!.. Трапіў! Два гады пластом ляжала і аніяк не магла памерці!.. Кішачкі наверсе ўвесь час сінелі, усё скурай ніяк не зацягвала!.. Ведама, бедна жылі, не было нават солі!.. Здавалася тады — наесца бы ўволю солі і — зажыве!..

Сведка зацягвала сваё паказанне непатрэбнымі дэталямі, і пракурор яе далікатна стрымаў:

— А вы добра памятаеце, што гэта быў менавіта Кнап? Столькі часу прайшло, можаце і памыліцца!

— Ці ж я магу такое не памятаць, таварыш пракурор? Ён жа з гарнізона часта да нас п’яны прылазіў, нават заляцаўся да мяне!.. Гэта ён тут, перад намі, такі смірненькі, бы тая авечка, а каб вы бачылі, які нахабны быў тады!.. Нічога, што маленькі — ніколі сваю бляшаную шапку не здымаў: нацягне яе аж па вушы!.. А калі нас гналі, усё стараўся мяне аблапіць...

— Падсудны Лапуста,— звярнуўся да былога камандзіра ўзвода пракурор.— Карысталіся вы тады разрыўнымі кулямі? На «акцыі» ездзілі ў касках?

З-за канваіраў усхапіўся мажны мужчына і бытта з крыўдай на тое, што яго хочуць тут улічыць у бракаробстве і нядобрасумленнасці, удакладніў:

— Калі адпраўляліся мы на заданне ці праводзілі «акцыі», грамадзянін пракурор, усе дыскі і магазіны ладавалі толькі разрыўнымі, а кулямётчыкам яшчэ выдаваліся і каскі, так точна!

У камандзіра ўзвода — чорная густая шавялюра, укладзеная пад польку. На ім цёмны касцюм, сам ён пад гальштукам... (Паводле слоў адваката, з хаты яму пішуць родныя: «Сцеражы сябе ад скразнякоў, Фёдар, усё з’ядай, што даюць, і не пі сырой вады; напішы нам, якога табе лякарства лепш прыслаць, якіх дастаць вітамінаў...»)

Расказваў ужо наступны сведка — былы паліцай з Зеляневіч:

— Нічога ўжо не засталося ў галаве, грамадзяне суддзі. Адно памятаю, што ішлі, ішлі і бачым — вёска. Падпалілі, пастралялі ды адправіліся да іншай.

— Гульня для іх была гэта! — дзівіцца нехта ў зале.

Пракурор паліцаю напомніў:

— Потым на пажарышчы пасля вас заставаліся абгарэлыя трупы жанчын і дзяцей, прывязаныя да сцен дротам. Навошта ж вы іх прывязалі, хіба не разумелі, што ад гэтага іх чакала страшная смерць у пакутах?

Паліцай сцішыў голас:

— Бо загад быў такі, грамадзяне суддзі!.. Што вы ад мяне, простага чалавека, хочаце? Пытайце ў начальнікаў!.. Я пры паляках служыў панам, а прыйшлі немцы, і пры іх стаў служыць! Што загадалі, тое і рабіў, хіба ж я вінаваты ў гэтым?

— Шчэ адзін сірата! — рэпліка з залы.

У час перапынку выйшаў я ў калідор.

Прабіраючыся цераз шчыльны натоўп узбуджаных гараджан, я пашукаў паліцаяў, каб пагаварыць з кім-небудзь з вока на вока. Не цярпелася даведацца, як цяпер такі чалавек адносіцца да страшнага перыяду сваёй біяграфіі і да сваіх учынкаў, бо не толькі важна, якую кару адмерае яму закон, галоўны суддзя чалавеку — ён сам.

Я доўга не мог знайсці патрэбнага мне сведку.

Нарэшце ля туалета, у падвале, надышоў я на сходку якіхсьці людзей. На бочках ад піва і тары з-пад бутэлек сядзелі ні то грузчыкі, ні то землякопы. А былі яны ўсе якіясьці памятыя, шэрыя, невыразныя з твараў; цьмяныя вочкі гэтых мужыкоў неспакойна бегалі па баках.

Прыгледзеўшыся лепш, я раптам пазнаў нядаўніх сведкаў-паліцаяў — тых, хто былі на свабодзе. Тут ім ніхто не перашкаджаў, яны былі самі сабой і спакойна гутарылі. Я выцягнуў блакнот, ручку і шмыгнуў у цень.

— Не выпусцілі б тады гэтай дзеўкі з «сінімі кішачкамі» жывой, і зараз не было б каму на нас капаць! — сцвярдзіў «сірата».

— Ды трэці ўзвод якраз кінуўся сцягваць барахло з бабаў! — з абурэннем дадаў яго сусед.

— Бытта не паспелі б! — заўважыў той, хто казаў «...ішлі, ішлі і бачым — вёска. Падпалілі...».

А незнаёмы мне паліцай, паказанні якога я правароніў, пахваліўся:

— Адзін наш Кнап у той час аказаўся на вышыні! Мішка хапіў «дзягцяр», упаў каля пня і з двух дыскаў паклаў усіх... Потым немец нас паслаў дабіваць тых, хто шчэ варушыўся!..

— Ну! Загадаў — і куды дзенешся?..

— І трэба ж было ёй чапаць гэтую спадніцу! Было там на што глядзець, было б у яе што прыкрываць — адны жылы! — абураўся забойца.— А скажы якія гэтыя бабы жывучыя — бы тыя кошкі! Ідзі, заткні цяпер ёй рот!

— Чаго яны тут да нас чапляюцца? — абураўся нехта невідочны для мяне.— Мы падстрэлілі там адно пару чалавек, астатнія былі ўжо ўсе трупы, праўда, братва?.. Няхай Кнапа цяпер і судзяць за яго работу!

— У «бляшанай шапцы», пхі-хі!..

— А я скажу вам от што — па савецкаму закону за адну справу два разы не судзяць! Нас жа судзілі ўжо пасля вайны, і мы сваё адпакутавалі! Хто ім дасць права парушаць савецкія законы? — з глыбокім перакананнем пытаўся яшчэ нехта.

І тут яны толькі ўбачылі мяне ды спалохана змоўклі.

— Не рабей, рабяты! — са штучнай бадзёрасцю кінуў «сірата» ды палез у кішэню: — Давай закурым!

Гэтыя тыпы яшчэ нават цяпер былі тымі самымі паліцаямі. Іх не грызла ніякае сумленне, а мучыў толькі жывёльны страх за свае шкуры.

Пра што з імі гаварыць?

 

1979


1979

Тэкст падаецца паводле выдання: Карпюк А. Выбраныя творы. У 2 т. Т. 1. Данута: Аповесць. Апавяданні. Публіцыстыка / Прадм. У. Калесніка.— Мн.: Маст. літ., 1991.— 463 с.
Крыніца: скан