epub
 
падключыць
слоўнікі

Аляксей Карпюк

Дзіця планеты

1
2
3
4
5
6
7
8
9
10
11
12
13
14


1

У той час Оля мела 39 кг вагі. Ды і ростам яна не выйшла, усяго — 151 см.

Оля, напэўна, гублялася б сярод прахожых, як вучаніца другога класа. Яе ж заўважалі здалёк. Оля, бы каралева, раздавала налева і направа ўсмешкі, ад чаго людзям рабілася адразу цяплей на душы. Не адзін чалавек, які спаткаў яе на вуліцы, дома хваліўся:

— Бачыў Корбут!! Іду сабе ў магазін, ні пра што не думаю, ды раптам насустрач — яна! Дробненькая, звычайная, а ты толькі глядзі, як прымусіла свет пра сябе загаварыць!..

О, чалавечыя слабасці!

У абласной бальніцы я міжволі стаў сведкам характэрнай сцэнкі. Прафесар В. браў паліто. На пытанне гардэробшчыцы, чаго В. так рана пакідае студэнтаў-практыкантаў, мажны мужчына, масціты хірург, паважаны ў вобласці чалавек раптам зрабіўся звычайным хвалько. Бытта перад спатканнем з якім-небудзь прэзідэнтам, са шчаслівым бляскам у вачах і маладым хваляваннем шапнуў:

— У спецпаліклініку на кансіліум еду. Будзем даваць Олі Корбут кансультацыю перад спаборніцтвамі ў Англіі.

Што ж, яшчэ ніхто з жыхароў Гродна, як стаіць яно на высокіх нёманскіх берагах, не праславіў так свой горад, як гэта хударлявая дзяўчынка. Ніхто не прынёс землякам і столькі радасных эмоцый, не даў такую колькасць тэм для застольных размоў, не разбудзіў столькі захаплення ды звычайнай зайздрасці.

Нямногія людзі нават зямной кулі могуць пахваліцца Олінымі дасягненнямі: усяго шэсць гадоў спатрэбілася ёй, каб прайсці дыстанцыю ад першай трэніроўкі ў гімнастычнай зале гродзенскага стадыёна да звання чэмпіёнкі Алімпіяды ў Мюнхене.

У свае семнаццаць вёсен Оля спазнала сусветную славу, выявіла фанатычную адданасць спорту, уменне сабраць у кулак волю,— выявіла ўсе магчымасці, што тояцца ў чалавеку.

Дзяўчына — феномен сучаснага спорту з яго незвычайна высокімі нагрузкамі ды гэткімі ж высокімі вынікамі. Яна ведала яго штодзённую цяжкую працу: «качаць сілу», «расцягваць звязкі», выпрацоўваць неабходныя рэфлексы гімнаста, памнажаючы ўсё на натхненне.

«Вольга Корбут — дзёрзкасць, адвага, вынаходлівасць. Гэта — сплаў безразважнай смеласці і грандыёзнай хвацкасці, хлапечая зухаватасць і схільнасць да рызыкі, дакладнасць і чароўнасць, бліскучая рамантыка. Яе гімнастыка — вялікі крок наперад!» — сказала заслужаны майстар спорту Л. Латыніна.

З газет, тэлеэкранаў Оля скочыла проста ў сэрцы чалавечыя, запаланіла людскія душы ледзь не ў кожнай сям’і, і павалілі на стадыён «Чырвоны сцяг», дзе Оля трэніравалася, ва універсітэт, студэнткай якога была, на вуліцу Каліноўскага, 5, дзе жыла, патокі пісем.

Корбут даўно стала з’явай сацыяльнай. Такое ж значэнне набылі пачуцці і думкі, выказаныя ў пісьмах Оліных паклоннікаў ды паклонніц, таму няхай яны мне даруюць, што абнародую асобныя вытрымкі з іх асабістай карэспандэнцыі. Каб не прычыніць нікому шкоды, прозвішчаў называць не стану, адрасы скарачу да мінімуму.

 

2

Чаго толькі Олі не пісалі!

Вучаніца 8-га «В» класа, г. Перм:

«Я надта люблю гімнастыку. А яшчэ больш палюбіла яе, калі ўведала Вас. З 4-га класа займаюся ў школьнай секцыі, якая носіць Ваша імя. Мы ўсе бяром з Вас прыклад: цярпенню, вытрымцы і стойкасці вучымся таксама ў Вас...»

 

Азербайджанская ССР, станцыя Худзят-База, Марына С.:

«Мне вельмі падабаецца гімнастыка. Уся наша група хварэла ўвесь час за цябе, Оля... Трэнер па акрабатыцы ў нас надта добры. Нядаўна мы прыдумалі з ім, каб надрукаваць латарэйныя білеты ды прадаваць іх па 20 капеек і за гэтыя грошы пабудаваць спартыўную залу ў нашай школе...»

 

Петрапаўлаўск-Камчацкі, Мікалай І., былы выхаванец дзіцячага сада № 6:

«Оля, ты, напэўна, выхоўвалася ў нашым дзетсадзе (такіх пісем з розных канцоў Савецкага Саюза з фатаграфіямі дашкольніц, дзе супадаюць узрост, імя і прозвішча, аўтар эсэ знайшоў чатыры). Пасылаю табе фатаграфію яго выхаванцаў, паўзірайся на сябе. Ты стаіш трэцяй з правага боку, пад акном...

Прышлі мне абавязкова свой аўтограф!»

 

П/с Панцеляймонаўка, Данецкая вобл., Валя Л.:

«Оля, буду з Вамі шчырай: у мяне ёсць сшытак — звычайны школьны сшытак у касую лінейку, але ён мне надта дарагі. Вы першая, каму адкрываю яго таямніцу. Сшытак мае загаловак: «Спорт». Існуе ўсяго тры гады. Спортам я займаюся з-за Вас, але высокіх вынікаў яшчэ не дасягнула. У сшытку пішу пра ўсе падзеі. Мой ідэал: Вольга Корбут з яе дэвізам:

«Без рызыкі няма гімнастыкі!»

Далей у сшытку ідзе раздзел:

«Будні Каралевы Рызыкі...»

 

Ташкент, праспект Горкага, Марына К.:

«Я даведалася з «Комсомольской правды» пра Вашы поспехі. Я Вас падтрымліваю ўсёй душой. Толькі так, Олечка, толькі так! Ой, якая Вы малайчына!»

 

Масква, абаненцкая скрынка № 465, Эрнестру Л.:

«Ведаю, што ў Вас, Оля, няма часу адказваць на пісьмы, таму чакаць яго не збіраюся. Пішу аб справе.

Я не ў захапленні ад Вашага інтэрв’ю ў газеце. У пагоні за аб’ектыўнасцю вольна ці не вольна карэспандэнт нанёс Вам душэўную траўму. Магчыма, тут у яго свайго роду палітыка і глыбокі разлік, аднак мне гэта не падабаецца...

Я ўрач-псіхолаг і хачу Вам даць параду.

Сёння, у час Вашага выступлення па Цэнтральным тэлебачанні я яшчэ раз меў магчымасць назіраць Вашу незалежнасць і псіхалагічную індывідуальнасць — яна мне сімпатычная. Аднак, прыгледзеўшыся ўважліва да таго, як рэагуеце на публіку і адносіцеся да заўваг трэнера, сябровак, я адзначыў, што Вы надта ж лёгкаранімая натура. Вам абавязкова трэба пагаварыць з псіхатэрапеўтам: гэта пазбавіць Вас, Оля, ад многіх непрыемных перажыванняў, зберажэ сілы, дасць магчымасць узняцца яшчэ вышэй,— паверце мне, вопытнаму спецыялісту-псіхіятру!.. Між іншым, усе вядомыя спартсмены ГДР гэтак робяць».

 

Прыморскі край, Міхайлаўскі раён, с. Крымава, вул. Саўгасная, Ірыне Т.:

«Оля, я займаюся ў гуртку мастацкай гімнастыкі. Вучуся ў пятым класе на «добра» і «выдатна». Оля, дапамажыце мне, калі ласка, атрымаць гімнастычную форму ці хоць купальны касцюм, бо ў нас тут гэтага купіць нельга...»

 

«Прывітанне, Оля! Мы, маракі флагманскага судна «Альбатрос», якое знаходзіцца далёка ад Радзімы, прачыталі ў «Камсамолцы» тваё інтэрв’ю — яно здорава кранула нашы марскія душы. Нам спадабалася тое, што выступаеш на спаборніцтвах не дзеля медалёў і тытулаў, а — дзеля рамантыкі, рызыкі і таго, каб глядач атрымаў здавальненне!

Экіпаж супрацьлодачнага карабля «Альбатрос» жадае табе і далей такога ж поспеху!»

 

Будаўнікі БМУ, г. Орша:

«Оля, мы вельмі просім цябе ўсе, колькі нас ёсць — 684 чалавекі,— выступі ў нас на «Огоньке». Як толькі атрымаем тваю згоду, зараз жа адправім па цябе ў Гродна машыну «Волгу» з шафёрам першага класа, а на сцэну ўнясём на руках.

Прыязджай абавязкова!»

 

Прыкладна ў такім жа стылі напісаны і сотні іншых пісем ад нашых хлопцаў і дзяўчат, пенсіянераў і вучоных, лётчыкаў і канструктараў, геолагаў і ўрачоў, калгасніц і салдат.

 

3

Для папулярнасці спартсменкі тэлебачанне зрабіла цуд. Оліна майстэрства на Алімпіядзе ў Мюнхене ўбачыла 800 мільёнаў тэлегледачоў, дзяўчына адразу перасягнула нацыянальныя межы ды «жалезныя заслоны» і

 

Крупная державная ответственность

Рухнула на маленькие плечи.

(Роберт Раждзественскі)

 

Да спартсменкі не проста пайшлі пісьмы, яны хлынулі бясконцымі патокамі і з-за мяжы, часам з такімі лаканічнымі адрасамі на рознафарматных, рознакаляровых канвертах:

«СССР, Олі Корбут».

«Беларусь, Олі Корбут».

«Расія, Вользе...»

У пісьмах з Варшавы, Сафіі, Лейпцыга ды іншых мясцін сацыялістычнага лагера Оліны балельшчыкі і балельшчыцы размаўлялі са спартсменкай, як з роўнай, пісьмы іх мала чым розніліся ад савецкіх, прыведзеных вышэй. Затое ў пасланнях балельшчыкаў і балельшчыц з-за «жалезнай заслоны» відаць, што Оліны выступленні на многіх людзей падзейнічалі як выбух, узрушылі людскія душы.

 

Дэйв Браўн, Тэхас, 79925, ЗША:

«Дарагая Оля! Пішу табе восьмае пісьмо. На зямлі, поўнай войнаў, нянавісці, цяпер так многа людзей патрабуюць тваю цудоўную ўсмешку і чароўнасць, што я вырашыў цябе патрывожыць яшчэ раз...»

 

Майк А., Клінтон, Іова:

«...Я спадзяюся, што ты правяла добра час у ЗША. Калі ты выступала і цябе паказвалі па тэлебачанні з Белага дома, я заўважыў, што вы, рускія, маеце таксама пачуццё гумару. Мы гэта цэнім, бо ў ЗША мы ўсе заўсёды жартуем...

А ведаеш, раней калі з сябрамі я гуляў у школе ў «вайну», мы звычайна «ваявалі» толькі супроць рускіх. Пасля ж твайго выступлення ўжо мы ўсе гаворым пра рускіх, як пра сяброў...»

 

Арле, Тэхас, Жэнне С.:

«Дарагая Оля! Пішу табе не толькі таму, што захапіўся тваімі спартыўнымі дасягненнямі,— я зацікавіўся тваёй краінай. У мяне адзіная праблема цяпер — не дазваляюць ездзіць у некаторыя краіны з-за таго, што мой тата на адказнай рабоце. Яго праца такая важная, што калі б я нават толькі прыблізіўся да тваёй краіны, мяне, відаць, ЦРУ адразу схапіла б. Мама мяне абзывае камуністам за тое, што цікаўлюся тваёй краінай.

Што я хачу сказаць — вось яно: жадаю прыехаць у тваю краіну і як мага хутчэй. Быў бы вельмі рады, калі б ты мне ў гэтым дапамагла. Цяпер я ўжо ў такім узросце, што магу думаць самастойна (аўтару пісьма... 15 гадоў! — А. К.). Калі ты думаеш, што гэта жарт,— вельмі памыляешся. Для мяне ўсё гэта надта сур’ёзна.

Калі ласка, пастарайся дапамагчы мне, калі ты можаш, а калі не можаш, то адпішы, буду шукаць іншыя сродкі, каб дабрацца да вас, і ад свайго не адступлюся».

 

Джэк У., Пітсбург, штат Пенсільванія:

«Я заўсёды падтрымліваў амерыканцаў і лічыў, што ніколі не змагу стаць на бок рускіх. Гэта было да Вас. Ваша выступленне на Алімпіядзе ў Мюнхене было сенсацыйным! Я спахапіўся, што падбадзёрваю Вас, плачу з-за Вас і, нарэшце, станаўлюся надта ўзбуджаным пры Вашай перамозе!

...Адчуванне, што палюбіў рускую за яе выключнасць і індывідуальнасць, запоўніла мяне надоўга і дала магчымасць зразумець рускіх і іншыя народы».

 

Л. Драйв, Мэрпорт, Нью-Йорк, 11768, ЗША:

«Оля, Вас любяць моцна амерыканцы і мільёны іншых людзей ва ўсім свеце не проста з-за Вашых спартыўных здольнасцей... У многіх народаў гэтаксама ёсць людзі, якія ўмеюць рабіць лепш, чым іншыя. Вы ж уся напоўненая нейкай чароўнасцю, што магнітам прыцягвае чалавека.

...Вы перавярнулі ўсё маё жыццё дагары нагамі. Усе мае пачуцці і светапогляд з-за Вас перамяніліся. Цяпер нават сорамна прызнавацца ў тых поглядах, якія ў мяне былі раней. Падумаць толькі — яшчэ год таму назад я быў антыкамуністам! Не мог нават уявіць сабе, што камуністычнае грамадства можа быць карыснае людзям, рабіць дабро свайму народу. Я быў упэўнены: вайна і забойствы ў В’етнаме неабходны, «каб уратаваць в’етнамцаў ад тыраніі камунізму». Вы адкрылі мне вочы на многае, аб чым я не меў ніякага ўяўлення. Мне нават і ў галаву не прыходзіла, што можна знайсці штосьці харошае ва ўсіх людзей. Цяпер разумею: лідэры Вашага грамадства робяць усё для таго, каб не даводзілася цярпець адным, а другія мелі з гэтага сабе карысць. Яны не спрабуюць падняволіць свет, а сацыялізм і грамадская ўласнасць у многіх адносінах стаяць вышэй за капіталізм».

 

Айова, Брэйтлі, 1316:

«...Яшчэ год таму назад і падумаць я не мог, што напішу калі-небудзь рускай, бо «чырвоныя» ўсе былі мае ворагі, а я легкадумна і напавер успрымаў байкі пра рускіх, пра тое, якія яны халодныя, бессардэчныя і крыважэрныя. Ды раптам з’яўляецца дробненькая руская дзяўчынка Оля Корбут, якая смяецца, плача, махае рукой натоўпам, і ў ёй — усё што хочаш, толькі няма бессардэчнасці, чапурыстасці і холаду...

І цяпер я разумею: нельга прымаць на веру тое, што табе гавораць іншыя, асабліва калі гаваруны ведаюць гэтак мала пра тое, пра што брэшуць. Які тупы дурань я быў. Некаторыя людзі і цяпер, аслепленыя сваёй недасведчанасцю і забабонамі, усё яшчэ носяць у сабе злосць да народа, якога не разумеюць, пра якога ні шыша не ведаюць і ведаць абсалютна не хочуць.

Оля, я цябе люблю. Твой Чэк Г.».

 

Марк П., Уэйн, Нью-Йорк:

«Девушка из Гродно» (падрадкоўнік з англійскай)

 

ОДА

Дитя света и добра,

Ты излучаешь любовь,

Которая согревает тех,

Кого коснулся луч твоей улыбки.

А может, это просто поворот головы

или взмах руки.

Вся природа преклоняется перед

Естеством твоей грации.

Твой дар души и тела

Рожден из света и боли,

И наградой за это будет

Не золото и серебро,

А ответная людская любовь

За все, подаренное тобой.

 

 

4

На пасланні, накрэмзаныя абы-як звычайнымі алоўкамі, старанна выведзеныя фламастэрамі ці рознакалібернымі ручкамі, надрукаваныя на машынках шматлікіх фірм з цэлага свету, адціснутыя ратапрынтамі, рататарамі і капіравальнымі машынамі на розных мовах, спартсменка, каб і хацела, усім адказаць не здолела б. Для гэтага Олі трэба было б трымаць немалы штат паліглотаў, мець сродкі на паштовыя выдаткі, якія мае толькі салідная арганізацыя.

З Олінага дазволу пошту яе выкарыстоўвалі настаўнікі гродзенскіх школ і педагогі ВНУ. Вучні на ўроках англійскай, нямецкай і французскай моваў пісалі некаторым балельшчыкам адказы ад імя спартсменкі, выконвалі хатнія заданні; студэнты на Оліных пісьмах рыхтавалі курсавыя работы.

Пісьмы да Олі выкарыстоўвалі сацыёлагі ды розныя іншыя вучоныя. Я рабіў эксперымент: наўгад пытаў выпадкова спатканых выкладчыкаў гродзенскіх ВНУ — медыцынскага і сельскагаспадарчага інстытутаў, універсітэта,— кожны з іх не мінаў пахваліцца, што для сваёй штодзённай работы ён адабраў некалькі соцень найбольш характэрных пісем да слаўнай спартсменкі ды лічыць, што яму здорава «пашэнціла».

Чалавеку, які ўмее думаць і рабіць вывады, іншыя пісьмы да Олі даюць багацейшы матэрыял для роздуму. Прачытаўшы іх, чалавек спачатку з заклапочаным здзіўленнем, напэўна, скажа:

— Не можа гэтага быць! Існуюць жа на свеце граніцы, нацыянальная адасобленасць і непаўторнасць! Існуюць, урэшце, псіхалагічныя бар’еры, створаныя мікракліматамі сацыяльных сістэм!

Затым, памірыўшыся з фактамі, ён, гэты чалавек, неўзабаве адчуе азарт першаадкрывальніка, а на тую ці іншую праблему, напэўна, паглядзіць ужо іншымі вачыма.

Мяркуйце самі.

Перад намі тры пісьмы ад 19—21-гадовых юнакоў. Адзін з іх жыве ў Віцебску, другі ў Разані, а трэці — у Паўднёвай Асеціі. Арджанікідзец піша так:

«Прывітанне, Вольга! Мяне завуць Толік. Стукнула 19. Па нацыянальнасці — асецінец. Вучуся на другім курсе сельгасінстытута, грызу ўпарта навуку, а ў вольны час займаюся спортам. Яшчэ люблю і эстрадную музыку, але не пра гэта хачу табе расказаць. Запаветны сакрэт свой выношваю даўно, ды толькі зараз, 12 кастрычніка 1974 года ў 15 гадз. 32 мін. маскоўскага часу, я сабе сказаў:

«Хопіць мучыцца! Сёння ці ніколі!»

Дык вось: я цябе кахаю.

Кахаю даўно — аж два гады і за табой езджу, калі толькі магу, туды, дзе ты выступаеш. Я разумею, з твайго пункту гледжання ўсё гэта глупства,— і няхай! Я ж кожную секунду, кожную гадзіну думаю пра цябе, здабываю грошы на раз’езды і, прачытаўшы ў газетах, куды ты адпраўляешся, зноў у дэканаце выпрошваю на тыдзень звальненне для «пахавання цёткі» ці іншай сваячніцы, бягу купляць білет і адпраўляюся за табой.

А ты не смейся — я ад цябе нічога не патрабую і толькі хачу, каб пра ўсё ведала! Зараз, калі ўсё выклаў на паперу, павер, на душы зрабілася так лёгка, быццам з грудзей маіх знялі вялізны валун».

Разанец за Толіка на два гады старэйшы, а віцебчаніну роўна 20. Незалежна адзін ад другога яны таксама абодва вырашылі нарэшце прызнацца, што закаханыя ў спартсменку.

Адзін і другі кідалі вучобу і адпраўляліся ў Маскву, каб адно пабачыць, як Оля выступае ў Лужніках. А Коля Сініцын з Разані «...хоць і ведаў, што з гэтага нічога не атрымаецца», аднак патраціў цэлую стыпендыю, прыехаў потым яшчэ нават у Гродна. З газет запомніў адрас, заглянуў на вуліцу Каліноўскага ў дом нумар 5, на кватэру 4, ды Олі, на жаль, яшчэ не было з паездкі, а нейкі сярдзіты «дзядзька з пашкоджанай рукой» (Олін бацька — інвалід, аб гэтым размова яшчэ будзе.— А. К.) не стаў з ім нават размаўляць — ну і ладна! Абодва хлопцы таксама нічога не хочуць, а толькі — няхай Оля ведае, што закаханыя рыцары жывуць ёю і ім хораша і цудоўна.

І вось у вялізных кіпах, у мяшках, чамаданах і сетках, поўных канвертаў са стракатымі маркамі — з каралямі, прэзідэнтамі і герцагамі, арламі, рымскімі папамі ды крыжамі,— мне пашэнціла знайсці гэткія ж самюткія пісьмы з Англіі, Швецыі і ЗША ад падобных трох юнакоў. Два — бытта люстраныя адбіткі пісем віцебчаніна і хлопца з Арджанікідзе, толькі перакладзеныя на замежныя мовы.

Гэтак жа Ульф Г.— швед і Лерры Н.— англічанін пішуць да Олі, што і яны безнадзейна ў яе закаханыя, што праўдамі і няпраўдамі здабываюць грошы на кніжкі пра Олю, на паездкі ў гарады, дзе яна выступала з Людмілай Турышчавай у час замежных турнэ. Абодва, барані божа, нічога ад яе не хочуць, а толькі аднаго — каб яна ведала, што юнакі жывуць ёю. Амерыканец жа пад ініцыяламі Б. Дж. Г.— не без паэтычнага даравання — падобнае пісьмо заканчвае ўзнёслым лірычным зваротам на дзвюх мовах — рускай і англійскай:

«Мая самая дарагая Оля!

Ты — цудоўная!

Ты — сонца і месяц ды ўся краса пад іх промнямі!

Ты святая і нявінная — самая каштоўная кветка ў саюзе бога, дасканаласць усяго, што прыгожае ды чароўнае!

Ты будзеш заўсёды натхненнем у маім тлумным жыцці!

Я ніколі і нікога не буду так кахаць, як цябе!

Я цябе кахаю і з гэтым каханнем пераадолею ўсе нягоды, вятры, буры і агонь! О! Адзін бог ведае, як я цябе кахаю, і толькі цябе!..»

Аднойчы летам мы з брэсцкім таварышам сядзелі ў гарадскім скверы ля фантана, і я бавіў сябра гродзенскімі навінамі. Стаяла цёплая летняя ноч. Перад намі з ціхім мяккім плюскатам ліліся сярэбраныя веерчыкі...

Паваліла з танцаў моладзь. Адзін хлапец раптам адлучыўся ад кампаніі і проста ў касцюме ды гальштуку плазам бабахнуў у ваду, паплёхаўся ў ёй, затым выбраўся на асфальт, абтросся, і кампанія з рогатам пакрочыла далей.

Праз мінуту-другую ішла наступная група юнакоў, і паўтарылася дакладна тое самае. І з гэтай кампаніі аддзяліўся высокі хлапец. Затым, бытта падштурхнуты тым самым вясёлым чортам, юнак нырнуў таксама з галавой у ваду і выскачыў на асфальт. У хлопцаў нават смех гучаў дакладна гэтаксама, бы ў першай кампаніі.

Пасля таго як мне ўпершыню давялося пазнаёміцца з вышэй працытаванымі пісьмамі, я са здзіўленнем падумаў чамусьці пра звычайны аспірын, якім лечаць і мяне, і цябе, і негра, і Ракфелера, і англійскую каралеву, ды прыпомніў раптам сцэну ў скверы ля фантана.

А яшчэ да мяне ўпершыню дайшла ўся мудрасць слоў Саадзі, што красуюцца, кажуць, у ААН на самым відным месцы:

«Чалавек — частка суцэльнага чалавечага цела».

 

5

Праз гродзенскую пошту да Олі Корбут перавальвала да 20 000 пісем і пакетаў у год. Каб мець візуальнае ўяўленне, многа гэта ці мала, я падлічыў: пакладзі такую прорву малых і вялікіх, вузенькіх і шырокіх, сініх і жоўтых, звычайных, заказных ды авія з рознакаляровымі штэмпелямі канвертаў адзін каля аднаго, то за год утварылася б дарожка на 5 кіламетраў!

Бывалі дні, калі гродзенскія паштары пісьмы і пакеты на вуліцу Каліноўскага былі вымушаны везці спецыяльнай машынай.

У час замежных выступленняў Оліну пошту ў мяшках звальвалі проста пад дзверы нумара, дзе яна жыла,— маўляў, разбірайся, мілая, з ёю сама!

 

Пяціхатка, Савецкая, 3:

Оля, я вельмі хачу атрымаць ад Вас аўтограф з фатаграфіяй. Прышліце мне, калі ласка. Толькі — абавязкова, я чакаю. Ваша паклонніца, Галя М.»

 

Каролім, 12, Прынса. Дублін. Айрланд:

«Дір Ольга! Здрастуйце! Я Кароляйн Уэнны й Иреландите (так па тэксту.— А. К.). Я кахаюся ваша гімнастык. Это есть очен очен очен корошо. Я хочу очен иметь Ваша фото и афтогрофф, вышліце міне, пліз...»

 

Мілорыгука. Ашыя-шы Гыото, 659, Японія:

«Дарагая панна Корбут! Спадзяюся, што Вы мне даруеце нечаканае маё пасланне к Вам. Я надта засмучаная, што Вы хварэеце. Як Вы цяпер адчуваеце сябе? Жадаю Вам хутка выздаравець. Між іншым, хварэла і я, але стала ўжо на ногі. Я збіраю Вашы фота і ўжо іх маю 21 штуку. Вы б паглядзелі, якія! Прышліце мне яшчэ адно, я хачу мець персанальна ад Вас!..

О, зусім забылася! Я маю хлопца! Моніко — пятнаццаць, і ён таксама японец, ходзіць у каледж. Пасылаю Вам яго фота. Падабаецца? Сімпатычны, праўда?

Чакаю ад Вас пісьма з фатаграфіяй. Толькі абавязкова вышліце. Ваша паклонніца — Саторы Сіто».

 

Рафаэль Е., Каліфорнія, 91106, ЗША:

«Калі ласка, не стаўце мне ў віну, што я грамадзянін ЗША. Я, як і вы,— студэнт і спартсмен. Я цаню прыгажосць ва ўсіх яе праявах. Напішыце мне што-небудзь. Пісьмо ад Вас паслужыла б мне добрым стымулам для таго, каб я захацеў рыхтавацца да Алімпіяды-1976...»

 

Навала пісем да Олі — з малюначкамі, якія кранаюць душу сваёй немудронай шчырасцю, са зварушлівымі падаруначкамі, з адкрытачкамі ды пустымі канвертамі, на якіх віднеецца ўжо і зваротны адрас,— найбольш менавіта такіх. Тысячам дзяўчатак і хлопчыкаў, юнакам з Варонежа і Казахстана, з-пад Фудзіямы і з Тэхаскіх прэрыяў, з Парыжа і Дубліна, з-пад Торуні і Варны — белым, чорным, жоўтым і мулатам — раптам неадкладна спатрэбіліся фотаздымкі гродзенскай спартсменкі ды яе аўтограф.

Іншыя пасылалі да Олі ўжо дзевятае, пятнаццатае пісьмо і прасілі, малілі, клянчылі, хітрылі, спасылаючыся на аднолькавы з ёю ўзрост, на ідэнтычнасць прозвішчаў, на ўяўнае сваяцтва са спартсменкай (такіх аўтар нарыса спаткаў некалькі дзесяткаў!), на сімпатыю да яе краіны, на сумесную быццам бы вучобу ў школе, прабыванне ў адным дзіцячым садзіку, піянерскім лагеры,— усе яны патрабавалі фатаграфію ды аўтограф, як бы без яго і дня ўжо не змаглі б выжыць.

Наіўныя хітрыкі балельшчыкаў.

Хоць такой тоненькай і ўяўнай нітачкай яны хацелі далучыцца к славе, поспехам і дасягненням сваёй равесніцы. Малады эгаістычны снабізм? Балельшчык мае магчымасць адчуваць сябе пераможцам, не прымаючы ўдзелу ў барацьбе. Кожны раз, калі мы ствараем сабе ідэал, мы сябе самасцвярджаем. Мы як бы ўваходзім у долю і становімся пайшчыкам яго славы і аўтарытэту: застаючыся прафанамі, мы набываем права разважаць ды меркаваць аб рэчах, якія раней былі нам недаступныя.

«Паду-умаеш, Оля Корбут! Каб адно захацела, стала б і я такой — мы нават равесніцы, і пісьмо, унь, мне прыслала, і фота!..»

«А ў нас дак і прозвішча аднолькава!..»

«Доўга люблю спаць, ну і што? Прачнуся і таксама буду слаўнай, варта толькі захацець!..»

Ва ўсім гэтым яшчэ — наяўная спроба своеасаблівага самасцвярджэння юнакоў і дзяўчат з розных кантынентаў, цяга да гераічнага, да таго, з каго можна браць прыклад, на каго можна маліцца, каму ў жыцці шанцуе, каму можна, напэўна, верыць, ускласці на яго свае надзеі і мары.

Адным словам, усім праціўнікам станоўчага героя ў мастацкай літаратуры для моладзі раю пакапацца ў пошце слаўнай гродзенскай спартсменкі, і, я ўпэўнены, яны знойдуць тысячы пераканаўчых прыкладаў таго, як не толькі савецкая моладзь, але хлопцы ды дзяўчаты ўсяе зямлі такога героя прагна шукаюць і потым, бы да паветра, цягнуцца да яго. Бо ў маладых душах — і халодных скандынаваў, і разважлівых немцаў, і адчайных амерыканцаў, і гарачых паўднёўцаў, і савецкіх камсамольцаў,— ва ўсіх, незалежна ад тэмпераменту, тлее заўсёды невынішчальная прага да незвычайнага і гераічнага, бо прагу гэтую мудрая прырода незалежна ад нас акуратна перадае ў храмасомах па бясконцым ланцужку пакаленняў, а часта не віна маладых, што побач з імі няма свайго Корчака, Сухамлінскага... Кныша,— але гэта ўжо зусім іншая тэма.

 

6

Оля раптам спатрэбілася не толькі юнацтву.

Каб толькі разам сфатаграфавацца ды ў адной кампаніі са славутай спартсменкай трапіць на старонкі папулярных і ўплывовых газет, з нашай малышкай пачалі нагвалт шукаць сустрэчы відныя імпрэсарыо ды кінаактрысы, прынцы і прынцэсы, міністры і сенатары. Для падняцця аўтарытэту ў разгар «Уотэргейтскай справы» прыняў Олю ў сваёй рэзідэнцыі нават сам прэзідэнт ЗША Рычард Ніксан, і пра гэта варта сказаць асобна.

Ратуючыся ад беззямелля і галечы, на працягу двух стагоддзяў, да самага 1939 года эмігравалі ў ЗША дзесяткі тысяч прынёманцаў шукаць шчасця. Што стала з імі? Усе яны згарэлі на чужыне, бязлітасна выкарыстаныя маладой буржуазіяй для самай чорнай работы пры закладцы падвалін капіталістычнай махіны. Толькі нямногім удалося ўзняцца да сярэдніх гандляроў, уладальнікаў рэстаранаў ды гасцініц — мяжа мараў дабрабыту эмігрантаў (калі быць больш дакладным, адзін гродзенец сваімі «здольнасцямі» ўразіў нават усю Паўднёвую Амерыку: гангстэр Меер Ланскі).

Нагадваючы цяпер тыя сумныя факты, мне бачыцца надта сімвалічным, што ў самай магутнай капіталістычнай дзяржаве, дзе цяпер не знойдзеш і магіл тых нешчаслівых эмігрантаў з Прынёманшчыны, прэзідэнт Злучаных Штатаў Паўночнай Амерыкі (няхай сабе і падмочаны), аддаючы пашану дасягненням савецкіх спартсменаў,— на ўзроўні ўрадавай дэлегацыі прымаў гродзенцаў у сваім Белым доме, частаваў бутэрбродамі і кавай, затым уручыў Олі вялізнага плюшавага мішку, а яе трэнеру — бурштынавыя запінкі.

На старонках некаторых замежных газет разыгралася трагікамічная барацьба за нацыянальную прыналежнасць Олі.

Пра яе раптам загаварылі мацёрыя нацыяналісты.

Белапалякі ў лонданскай «Газеце Нядзельнай» залічылі Олю сваёй. Украінцы ў «Гомане Украіны» аб’явілі яе ўкраінкай. Літоўцы напісалі, што яна чыстакроўная літоўка. Латышы-эмігранты прысвоілі Олю сабе. Рускія белагвардзейцы назвалі спартсменку рускай і напісалі, што яна паходзіць з былой дваранскай сям’і. І ўсе яны празвалі Олю «Эльфам, які гуляе з сонечнымі промнямі».

У журналісцкіх колах найбольш аплочваліся інтэрв’ю, узятыя ў Олі Корбут. Назвы артыкулаў у асноўных газетах капіталістычных краін часта складаліся з адных клічнікаў:

«Oh, Oh, Oh, Olga!»

А рэклама на выступленні нашай спартсменкі, напрыклад, у Японіі, выглядала так: на вялізных шчытах — толькі два словы:

«ОЛЬГА Ў ТОКІО!!!»

За гонар прымаць у сябе спартсменку спрачаліся найбольш вядомыя бургамістры і мэры. У час турнэ па сямі асноўных гарадах ЗША паездка савецкіх гімнастак у Чыкага прадугледжана спачатку не была. Тады з Паўночнай Амерыкі ў СССР паляцела тэрміновая тэлеграма. Яна гучала як крык роспачы:

«Пану Аляксею М. Касыгіну. Масква. Крэмль.

Лічу магчымым прасіць Вас, пан прэм’ер-міністр, пасадзейнічаць, каб каманда гімнастак СССР з Вольгай Корбут... пабывала ў Чыкага, што было б справядлівым для грамадзян другога па велічыні горада ў Злучаных Штатах Паўночнай Амерыкі і садзейнічала б замацаванню сяброўскіх адносін паміж нашымі вялікімі народамі...

Са шчырай павагай і надзеяй Рычард Дзік Эйлі. Мэр Чыкага».

Што з гэтага выйшла, варта далей паслухаць галоўнага трэнера алімпійскай чэмпіёнкі Рэнальда Кныша:

— Як толькі Оля ўзышла на памост аграмаднай, на 16 тысяч гледачоў, залы «Чыкага стадыён», дзяўчына літаральна сумелася ад разгубленасці — так крычалі, свісталі і бурлілі трыбуны. Аднак варта Олі было прыкласці толькі палец да вуснаў, выразам вачэй папрасіць цішыні, каб сабрацца перад выступленнем, як усё раптам замерла, цішыня настала так нечакана, быццам у долю секунды застыў сам Ніягарскі вадапад.

Далей Р. Кныш гаворыць:

— Тлумачыцца гэта надта проста. У Амерыцы, дзе гэтак шмат ненатуральнага і найгранага, дзе лёгка прадаюцца і купляюцца харчы, рэкорды, слава, вейкі, дружба, эмоцыі, здароўе,— як лекі, людзям спатрэбіліся ўжо чысціня пачуццяў і натуральнасць спорту. Такія «лекі» Амерыка якраз і знайшла ў дробненькай, адкрытай, непасрэднай ды гэтакай не «галівудскай» у парыве сваіх перажыванняў дзяўчынцы з коскамі-хвосцікамі, у якой няма нічога штучнага і завучанага. І прыехала да іх гэта натуральная дзяўчынка аж з далёкага якогасьці беларускага Гродна.

Потым галоўная чыкагская газета адзначыла:

«У гледачоў захапіла дыханне, калі міс Корбут выконвала свой непаўторны элемент — сальта з рознавысокіх брусоў. Яны гулам захаплення сустракалі кожны рух алімпійскай зоркі, якая важыць усяго 84 фунты».

«Крыстан сайенс монітор» ад 23 сакавіка:

«Корбут стаіць, як крылаты чароўны эльф, і чакае выхаду. «Вольга! Вольга! Вольга!» — скандуюць паклоннікі яе абаяльнасці, і спартсменка адказвае ім шчырай, цудоўнай усмешкай».

У выніку паездкі па ЗША дзень 26 сакавіка па прапанове мэра Чыкага Рычарда Эйлі быў аб’яўлены «Днём Олі Корбут». Мэр накіраваў у Маскву тэлеграму ўжо другога зместу:

«...Самая шматлікая аўдыторыя, якая калі-небудзь збіралася ў нашым горадзе, а мажліва, і ва ўсіх Злучаных Штатах Паўночнай Амерыкі, каб паглядзець гімнастычную праграму, горача вітала і захаплялася прадстаўленнем, паказаным камандай савецкіх гімнастак. Гэтыя цудоўныя дзяўчаты ўнеслі велізарны ўклад у справу паглыблення дружбы і разумення паміж Вашай краінай і насельніцтвам Злучаных Штатаў!»

«Нью-Йорк Таймс»:

«Вольга Корбут і руская жаночая каманда гімнастак закончыла сваё турнэ па ЗША ўчора вечарам, растапіўшы астаткі варожых ільдоў з часоў халоднай вайны».

Пасля выступлення ў «Мэдысон сквер-гардэн» тэлевізійная кампанія Эй-бі-сі спыталася ў гледачоў усёй Амерыкі, хто лепшы спартсмен года. Першае месца заняў не свой, не амерыканец Марк Спіц, які ў Мюнхене адхапіў за плаванне аж сем залатых медалёў, а менавіта дзяўчынка з беларускага Наднямоння. Олі амерыканцы і ўручылі прыз года.

Тады ж амерыканскія газеты змясцілі інтэрв’ю з віднымі сваімі спецыялістамі па гімнастыцы. Трэнеры аднагалосна падзялілі сваю гімнастыку на перыяды:

1). BO (Before Olga — да Олі).

2). AO (After Olga — пасля Олі).

 

7

Гродзенцы прыехалі ў ЗША ўпершыню, і некаторыя бакі жыцця той краіны здаліся ім проста дзікімі. У дзённіку Олінага трэнера Р. Кныша, напрыклад, ёсць такія мясціны:

12 сакавіка. Лос-Анжэлес.

«Оля захварэла, на трэніроўку не ідзе. Зрабілі ўкол вітаміну С. Зайшоў доктар, перш-наперш спытаў:

— Хто падпісвае чэк?

Павітаўшыся з тым чалавекам, доктар толькі тады стаў вітацца з намі. Хворую ён глядзеў дзве-тры мінуты, затым выпісаў чэк на 96 долараў і спытаў зноў:

— Укол зрабіць мне ці самі зробіце?

Спалоханая наша перакладчыца заявіла, што — самі, бо тады доктару трэба было б плаціць яшчэ 35 долараў. Ён дзелавіта паклаў у кішэню наш чэк і пайшоў...»

14 сакавіка.

«...Ля ўвахода ў будынак палаца мы нечакана сустрэлі славутага рэкардсмена Алімпіяды-68 Роберта Бімона. Калісьці ён скочыў на фенаменальную даўжыню — 8,90 метра! Яму ігралі амерыканскі гімн, а ўвесь свет паўтараў, што Роберт дасягнуў мяжы чалавечых магчымасцей. Зараз Бімон — апушчаны, худы, у дзіравых кедах і парваных нагавіцах, нездаволены жыццём, сядзеў пад пальмай. Экс-чэмпіён ахвотна пазіраваў нам для здымкаў і расказваў аб сваім горкім лёсе беспрацоўнага.

У кафэ даём інтэрв’ю. Оля забылася пра ўсё, чаму яе вучыў, выручыла яе перад карэспандэнтамі Турышчава. Прачытаў нешта з паперкі і Бімон, а за ім астранаўт Армстронг расказаў пра палёт на Месяц. Бімон папрасіў што-небудзь паесці, але яму прапанавалі за абед заплаціць. Славуты спартсмен нешта пракрычаў і дэманстратыўна пакінуў залу.

Бедны негр застаўся галодны...»

«Нью-Йорк Таймс» паспрабавала ў даволі адкрытай форме вытлумачыць прычыну поспехаў савецкіх спартсменак, якія з гэткім трыумфам выступалі ў ЗША. І вось што ўплывовая газета вымушана была сказаць на ўсю Амерыку:

«Прадстаўляючы Олю Корбут, гэту 17-гадовую савецкую гімнастку, ад выступленняў якой замірае дыханне, як суперзорку, сродкі масавай інфармацыі ЗША пазбягаюць закранаць пытанне (інакш яно, вядома, узнікла б) пра тое, як у СССР, ГДР і іншых сацыялістычных краінах удалося выхаваць гэтак многа выдатных спартсменаў сусветнага ўзроўню.

Сапраўдная прычына безупыннага ўдасканалення майстэрства і здольнасцей савецкіх спартсменаў,— дадае газета,— крыецца ў адносінах да спорту ў Савецкім Саюзе. Там дзеці атрымліваюць спартыўную падрыхтоўку бясплатна у спартцэнтрах, школах і лагерах, чые выдаткі аплочваюцца Міністэрствам асветы і прафсаюзамі. Усе спартыўныя пляцоўкі і абсталяванне знаходзяцца ў распараджэнні школ бясплатна на працягу цэлага дня па дэкрэту дзяржавы, і моладзь трэніруецца пад наглядам вопытных спецыялістаў. Такія ж мажлівасці існуюць і ў іхніх інстытутах.

На савецкіх заводах адводзяць спецыяльныя мінуты для размінкі, што з’яўляецца кантрастам у параўнанні з умовамі, у якіх знаходзяцца рабочыя нашай краіны. У выніку паскоранага тэмпу і доўгіх гадзін работы амерыканскія рабочыя прыходзяць дамоў стомленыя, а ў час адпачынку на рабоце (калі такі дзе і заведзены) ім няма чаго рабіць, як толькі стаяць ды піць каву».

Ад слоў адной з вядучых амерыканскіх газет нічога не адымеш. Шкада, што «Нью-Йорк Таймс» не можа зірнуць на парадкі ў сваім грамадстве яшчэ і вачыма савецкага трэнера.

 

8

Пасля выступленняў нашых спартсменак у ЗША там адразу з’явіліся тысячы клубаў Олі Корбут. Стаў рэгулярна выходзіць часопіс — орган «Клуба балельшчыкаў Олі Корбут», а кампаніі, якія пастаўлялі спартыўны інвентар, не паспявалі ўжо завозіць брусы, турнікі, накладкі для рук, гімнастычныя касцюмы і тапачкі-чэшкі для дзяўчатак і хлопчыкаў.

У скульптараў і мастакоў узнікла пільная патрэба рабіць Оліны партрэты на палатне, у гіпсе і бронзе.

Пайшла красавацца прычоска «а-ля Оля Корбут», кашулі з партрэтамі нашай зямлячкі на грудзях і плячах, з надпісамі «ай лав ю, Вольга!», «май дарлінг, міс Корбут!».

Друкарні выпусцілі сотні тысяч каляровых плакатаў з фігурай Олі Корбут, якімі абклейваліся цэлыя гарады і краіны.

Фірмы выкінулі на прылаўкі пласцінку з песняй пра нашу спратсменку.

У друку з’явіліся «оды» і «санеты» для Олі Корбут.

У многіх штатах збягаліся натоўпы Оліных паклоннікаў ды паклонніц — яны вар’явалі і раўлі «марш Вольгі Корбут», стрымлівалі вулічны рух, і паліцыя не магла нікому даць рады...

Пасля Амерыкі Оля з сяброўкамі працягвала свае паездкі па крывізне зямнога шара і ўсюды ўзбуджала людзей, а яе прыезд быў заўсёды не абы-якой сенсацыяй.

У час яе выступленняў у Англіі ўяўленні аб брытанцах. як аб людзях стрыманых ды халодных, развеяліся як дым. Спартсменка мела магчымасць на кожным кроку пераканацца, што тэмперамент англічан ані не ўступае энтузіязму амерыканскіх балельшчыкаў. І там газеты на ўсю паласу змясцілі фота Олі на фоне Крамля з кідкімі надпісамі:

«Оля дорыць сваю чароўную ўсмешку пяцідзесяці мільёнам брытанцаў!»

«Усе англічане атрымаюць магчымасць убачыць найвялікшую гімнастку нацыі!..»

«Нарэшце здзейснілася — Оля ў Лондане!!!»

«Такое бывае толькі раз у стагоддзе!!!»

«Цуд з коскамі-хвосцікамі на беразе Тэмзы!!!»

Тады на Даўнінг-стрыт, 10, у сваёй рэзідэнцыі, вымушаны быў прыняць славутасць нават тагачасны прэм’ер-міністр Вялікабрытаніі Эдвард Хіт, якога ў сімпатыях да нашай краіны, мякка кажучы, не западозрыш. Бытта які гід, ён трыццаць пяць мінут вадзіў Олю разам з іншымі нашымі спартсменкамі па старажытных залах, паказваў выдатныя гістарычныя помнікі былой імперыі, тлумачыў, што да чаго, між іншым заўважаючы:

— Памятайце, ледзі: нямногім выпаў гонар пабываць на Даўнінг-стрыт, 10, бачыць гэтыя гістарычныя пакоі, але я вас тут прымаю з асаблівай прыемнасцю!

Пад канец паездкі па Вялікабрытаніі англічане таксама ўручылі нашай зямлячцы кубак з надпісам:

«Лепшай гімнастцы Англіі за 1974 г.».

З такім жа поспехам гараднічанка выступала ў Італіі, ФРГ, Японіі, Аўстраліі ды іншых краінах (нават — у Сінгапуры!), а газеты і там не знаходзілі слоў для, як яны напісалі, «Брыжыт Бардо сучаснай гімнастыкі».

Французская «Экіп» з’яўленне Корбут у гімнастыцы назвала «эпохай буры і націску», газета сцвярджала, што Оля прынесла ў класічную дысцыпліну экспрэсію ХХ стагоддзя. Агенцтва «Асошыэйтэд Прэс», на аснове апытання спартыўных журналістаў, выбрала Олю за яе цудоўную спартыўную форму «Жанчынай-Атлетам» цэлай зямной кулі, а ў завяршэнне Олінага трыумфу ЮНЕСКА прысудзіў ёй ганаровае званне — Пасла Міру за 1974 год.

 

9

«Шчодра надарыўшы чалавека пры нараджэнні, прырода гэтым не здаволілася. Яна ўдыхнула ў кожнага жаданне стаць лепшым за іншых, быць вядомым, быць аб’ектам здзіўлення, жаданнем праславіцца і такім чынам усклала на самога чалавека апеку аб сваім удасканаленні. Розум у непасрэднай дзейнасці сіліцца атрымаць пашану, узвысіцца — і ўсё чалавечае племя ідзе ад дасканаласці к дасканаласці, і дзе гэтаму мяжа?»

М. Лабачэўскі. З прамовы на выпускным вечары ў Казанскім універсітэце, жнівень, 1825.

Аўтару гэтых радкоў чэмпіёнка прызналася: яна надта хацела перамагчы Турышчаву, а карэспандэнту «Комсомольской правды» заявіла:

— Медалі і званні мяне зусім не цікавяць, за іх я не змагаюся. Мне патрэбна захапленне публікі. Калі з публікай мне ўдаецца ўстанавіць кантакт, поспех забяспечаны. Люблю выступаць перад балельшчыкамі, што не шкадуюць далоняў.

Калі ж адкінуць ад Олі гэтыя прыроджаныя маторы, якія па Лабачэўскаму, закладзены ў кожным чалавеку, ды яшчэ калі зняць з яе ўвесь арэол славы, незвычайнасці і шуміхі, створаны вакол спартсменкі сучаснымі сродкамі інфармацыі і прапаганды, калі паглядзець на яе як на звычайную дзяўчыну па прынцыпу — «усе мы створаны з таго самага цеста»,— то варта задумацца: у чым жа той сакрэт дасягненняў нашай спартсменкі? Выяўляецца, сакрэтаў тут няма і рэцэпт поспеху надта просты, хоць і не для кожнага заманлівы.

Крыху інфармацыі з галіны фізіялогіі.

Прырода, аказваецца, паклапацілася пра нашы магчымасці. Косць галёнкі ў чалавека, напрыклад, мае ледзь не дваццаціразовы запас моцнасці. Толькі ж мы з вамі выкарыстоўваем ад сілы якія-небудзь дзесяць працэнтаў скарбу, закладзенага прадбачлівай натурай у нашы органы, а малады спартсмен, калі ён настырны ды ўпарты, паказчык гэты павялічвае ў некалькі разоў. Увесь фокус у тым, каб знайсці ў сабе цярпенне, настойлівасць і, нягледзячы ні на што, дасягнуць пастаўленай мэты.

Працоўны дзень Олі (апрача заняткаў у школе, а потым, калі яна стала студэнткай,— у інстытуце) працягваўся ад пяці да сямі гадзін, праведзеных у напружаным руху, на брусах, турніку, батуце і коўдры. Калі першы раз мне давялося ўбачыць Олю на трэніроўцы, уразіла наступная карцінка.

Спацелая спартсменка ў перапынак, механічна выціраючыся вафельным ручніком, нічога навокал не заўважаючы, падышла, як п’яная, да графіна і з прагнасцю стала глытаць ваду шклянку за шклянкай — ну, дакладна бы лесаруб, які толькі што перавыканаў норму, ці доменшчык, што выпусціў плаўку.

Што ж, за трэніроўку Оля часамі траціла да пяці працэнтаў сваёй вагі!

Упартасць, непераадольная прага да працы і рамантычнага прыгодніцтва, лютая нянавісць да аднатоннасці і суму — у той час, калі многія яе равесніцы не ведалі, што з сабой рабіць,— ды яшчэ жаданне дабіцца свайго і стаць лепшай за саперніцу зрабілі цуд.

Кажуць, каб вялікаму Ньютану прапанавалі апісаць словамі «пятлю Корбут» на брусах ды яе сальта на бервяне, славуты вучоны, напэўна, сказаў бы, што такія фіглі супярэчаць законам фізікі, таму яны немагчымы, як немагчымы, з пункту гледжання халодных лічбовых выкладак якога-небудзь абсалютнага знаўцы супрамата, выпадак, апісаны Алесем Адамовічам у яго рамане, калі кволая гарадская жанчына ў гета, ратуючы ад гібелі сваё дзіця, нетрэнірованымі белымі пальчыкамі хапіла ў адчаі жалезныя прэнты агароджы ў палец таўшчынёй, расхіліла іх, бы ляшчынавы плот, ды выпхнула хлопчыка на волю: наступіў у кабеты «выбух мышц», калі працуюць абсалютна ўсе клеткі цела.

Маленькая, упартая дзяўчынка адважвалася на такое, што ў зале заміралі ўсе людзі, не верачы сваім вачам. Тую самую «пятлю Корбут» цяпер унь выконваюць сотні дзяўчатак у кожным значным горадзе, дзе маецца добрая гімнастычная зала (гэта не значыць, што «пятлю Корбут» выконваць стала цяпер лягчэй: зрабіла сваю справу сіла прыкладу куміра, пракладзеная ім дарожка!), а яе ж спачатку не прызнавалі самыя аўтарытэтныя, самыя кампетэнтныя міжнародныя камісіі, не прызнавалі ледзь не па прынцыпу — гэтага не можа быць, бо гэтага ніколі не бывае.

Каб дасягнуць такога, трэба бязлітасна, да аскетызму, ахвяраваць сябе мэце і ўсю волю накіраваць на здзяйсненне свайго жадання,— трэба «выціснуць» з астатніх 90 працэнтаў нескарыстанага запасу моцнасці арганізма ўсё, што толькі можна.

Оля мне неяк прызнавалася: яна ў той час не памятала, каб калі схадзіла ў кіно дзеля «проста так». Не памятала і выпадку, каб прайшлася куды-небудзь з кавалерам, хоць дзесяткі патэнцыяльных жаніхоў — барадатых і вусатых, чорных, бландзінаў і рыжых — стараліся дабіцца яе прыхільнасці і не толькі бамбілі пісьмамі; Оля проста не мела часу, каб іх заўважаць.

Гэты малы і ўпарты краменьчык жыў з адзінаццацігадовага ўзросту ў чотка зададзеным рытме: трэніроўка — вучоба — педпрактыка ў школе (у апошнія два гады!) — трэніроўка і, нарэшце, шчаслівы сон. Характар у спартсменкі складаны, ладзіць з Оляй умеў толькі Р. Кныш.

 

10

Вось што пісаў славуты трэнер у сваім дзённіку:

Варна, 1974 г., 18 кастрычніка.

«...Вечарам апрабаванне на памосце. Зрабіў ёй масаж. Пачала даволі ўпэўнена. На бервяне — канфлікт.

Прыйшлі негры. Оля доўга на бервяне практыкуецца, упала. Ускочыла венгерка, а за ёю і Оля. Абедзве стаяць, адна адной не ўступаюць. Уся зала глядзіць насцярожана. Ліха на яго, настроіць супроць сябе прысутных і шмат на гэтым страціць.

Сяк-так прымусіў яе злезці. Венгерка Хэпік ды іншыя толькі ківаюць галовамі. Потым яшчэ счапілася з Растоцкім. Гэта — у разміначнай зале...»

19 кастрычніка.

«...Параіла мне паехаць у Варну, ды не маю ўжо грошай. Зацікавіла, што ж яна збіраецца адна рабіць, дзяўчаты на выходны паперліся ўсе ў горад. Парэкамендаваў заняцца вольнымі — істэрыка адразу. Стукнула дзвярыма, пайшла.

Заходжу да яе ў пакой. Ужо накурылася, хоць і клялася, што больш папяросу ў рот не возьме. Фыркнула:

«Ну, расстроілі мяне, свайго дабіліся? Не хачу вас нават бачыць, выйдзіце!..»

У той самы дзень вечарам:

«На трэніроўку валаку на сабе мат. З намі едуць трэнеры і японцы. Японцы толькі разміналіся. Цікавыя практыкаванні. Оля адна (больш з нашых не займаўся ніхто). Рабіла саскок з бервяна з паваротам. Надта ж кепска. Вельмі за яе баюся. Загадаў папрацаваць над ім — нуль увагі. Вымушаны заявіць, што гэта — самае слабое месца ў камбінацыі. Адразу псіханула зноў:

— Вам бы толькі мяне палохаць!

Аднак саскок паўтарыла разоў з трыццаць. Ужо куды лепш.

З вольных — некалькі разоў сальта і асобныя элементы. Загадаў выканаць новы саскок — давядзецца рабіць яго ў фінале, каб ён насіў імя Корбут.

Усе адразу схапіліся за камеры.

На брусах два разы абавязковая — добра, нават японцы ахалі. Скачок з паваротам на 360 градусаў — тры разы не кепска, аднак горш, чым дома. 360 + 360 — адзін раз добра, хоць і праз сагнутыя рукі. Бурныя апладысменты. Уся японская каманда ад уражання ажно села.

Яшчэ раз. На гэты раз — надта кепска, зарана пачала другі паварот, без адцяжкі. Абавязковая — выдатна! Усе ў захапленні. Чалавек з дванаццаць стракочуць кінакамерамі.

Вярталіся ў добрым настроі. Оля адразу к Дронавай. Стукаю — зачыніліся ў туалеце і кураць так, што аж дым праз шчыліны валіць. Дронава нявінна:

— Мы яблыкі там елі.

Пачынаю іх пясочыць...»

20 кастрычніка.

«...У Олі слёзы. Фыркае на мяне і паказвае, што нічога не можа. Загадваю быць вясёлай і чую:

— Буду шчэ вам усміхацца! Самі смейцеся, бо мне не хочацца!

— Ды не мне, а якраз табе патрэбна гэта, калі хочаш мець перавагу над Турышчавай! Глядзі, і ў яе не клеіцца!

Людзе якраз не паддаваўся брус. Турышчава саскочыла і з плачам паляцела ў раздзявалку. За ёю пабеглі Растоцкі з Латынінай. Оля адразу ўстрапянулася і ўзялася за працу».

Пасля Мюнхена вядомы фотарэпарцёр расказваў:

— Я здымаць пайшоў — фота ў газету да зарэзу спатрэбілася. «Пастой хоць мінуту спакойна!» — кажу. А яна мне: «Усе вы абрыдлі мне, як горкая рэдзька!» Уяўляеце? Гэта ў яе гады!

Абурана і доўга скардзіўся яшчэ бывалы чалавек, які прызвычаіўся даўно, што сусветныя славутасці пруцца, самі лезуць у бліскучы акуляр фіялетавага аб’ектыва, абы толькі ўплывовы майстра зрабіў ласку — «пстрыкнуў» іх.

Такія паводзіны Олі — капрыз разбэшчанай увагай асобы?

Хутчэй — паводзіны чалавека, які часта сумняваецца, падае духам, робіць памылкі, аднак увесь у пошуку, гарыць прагай да дзеяння і тварэння, не можа цярпець паказухі, якая збівае з панталыку, гамуе рытм. Вось таму, мабыць, маленькі бунтар з Прынёманшчыны перад фотакорам і ўзарваўся.

Калі спартсменка выйшла на памост «Чыкага стадыён», 16 тысяч амерыканцаў,— як было ўжо сказана Кнышам,— у экстазе раўлі, свісталі ды ламаталі нагамі. Варта ж было Олі прыкласці да вуснаў пальчык, вачыма папрасіць цішыні перад выступленнем, і, паводле слоў трэнера, зала раптоўна замерла, цішыня настала так нечакана, бытта ў долю секунды застыў сам вадапад Ніягара. Я спытаўся ў Рэнальда Іванавіча, ці вучыў ён гэтаму сваю падапечную. Не, не вучыў. Нельга ўсе выпадкі прадбачыць інструкцыямі. Такія паводзіны можа падказаць толькі сэрца і на гэта трэба мець талент. Вось яшчэ і таму гэтае дзіця так нам прывабнае.

Олю падпільноўвалі спакусы. Да яе ліплі з непатрэбнымі парадамі сапраўдныя і ўяўныя аўтарытэты, а ўжо надакучлівая апека «добразычліўцаў» атакавала на кожным кроку.

— Што вы мэнчыце дзяўчыну? — напала аднойчы на трэнера блізкая для Олі асоба.— Чаму вы ёй курыць не дазваляеце, чаму забараняеце нават выпіць? У манашкі запісалі, так?!. Якое маеце на гэта права?!

Іншы салідны «апякун і добразычлівец» доўга не адставаў ад спартсменкі з надта заманлівай парадай:

— Оля, кі-дай ты гэтага Кныша, хопіць яму нажывацца на табе! Кі-дай зараз жа, я з цябе вялікую артыстку зраблю! З такім талентам? Гэ-э!.. З маёй дапамогай будзеш выступаць праз год-другі ў самім МХАЦе!

Аднаго разу я назіраў у паліклініцы, як Олю дружна абкружылі пажылыя медсёстры, сталі над ёй охаць ды ахаць і гэтак жа дружна ёй лесціць.

— Олечка, навошта табе патрэбны гэтыя коскі?! — пасарамаціла яе даволі прызваітая бабка ў белым халаце.— Ты ж такая маладая, прыгожая паненка, ты ж ужо і грошы свае маеш — зрабі сабе прычоску, як іншыя, будзь як усе!..

Не паддавацца спакусам, якія б яны бліскучыя ні былі, вытрываць, не «быць як усе», заставацца пры любых абставінах самім сабой — мабыць, самая складаная штука ў жыцці.

 

11

Такім чынам, вяртаючыся яшчэ раз да Олінай пошты і таго фурору, што спартсменка выклікала за морамі ды акіянамі, мы можам цвёрда сказаць:

Вольга Корбут — цэлая грамадская з’ява і здабытак нацыі. З’ява нарадзілася і дасягнула свайго апагея ў мяне, гродзенскага старажыла, ледзь не на вачах. Я не раз вельмі шкадаваў, што не змог прадбачыць усяго загадзя, не сачыў за яе развіццём паслядоўна, крок за крокам, па дробязі і цяпер, спрабуючы выкласці незвычайную кар'еру зямлячкі на паперы, апісваю яе рэтраспектыўна.

З пасляваеннага часу ўспамінаюцца мне толькі два моманты, якія мелі ўскосныя адносіны да будучай спартсменкі, а мне давялося быць іх сведкам.

Летам 1944 г. у Гродна, дзе яшчэ дагаралі нямецкія склады і курыліся абсмаленыя руіны будынкаў, услед за савецкімі войскамі прываліла з лесу наша партызанскае злучэнне. Неўзабаве ўсіх здаровых партызан ваенкамат выклікаў для адпраўкі на фронт. Тады і запомніўся мне дваццацігадовы Валянцін Корбут з брыгады Неўскага.

Партызан гэты ледзь не плакаў, што з-за пашкоджанай рукі прызыўная камісія яго забракавала. Якраз гэты хлапец потым стаў бацькам славутай спартсменкі.

Неўзабаве мы з ім яшчэ раз спаткаліся пры незвычайных акалічнасцях.

Позняй восенню 1945 года мы, студэнты Гродзенскага педагагічнага інстытута, пад кіраўніцтвам інструктара гаркома камсамола Валянціна Корбута адправіліся на электрастанцыю праводзіць суботнік. Нашую ЦЭЦ пабудавалі ў 1913 годзе шведы, а немцы, адступаючы, узарвалі ў турбінах нейкія часткі, і святло гораду пакуль што даваў электрапоезд. Студэнты пачалі дужацца на пляцоўцы са скрынямі з абсталяваннем, пакуль не заўважылі дзіва.

Узарваныя мясціны на дзвюх турбінах былі старанна абстаўлены фанернай будкай, і сам дырэктар ЦЭЦ сачыў, каб ніхто, барані бог, не заглянуў пад фанеру. Таямніца ў юнакоў толькі распаліла цікаўнасць. Паступова праз шчыліны мы разглядзелі белабрысых маладых мужчын у шыкоўных куртачках ды жоўтых гамашах. Неўзабаве выдалася і таямніца.

У Скандынавіі нашы закупілі пашкоджаныя дэталі для ЦЭЦ, але фірма паставіла ўмову — устанаўліваць іх будуць толькі шведы. Каб ніхто з нашых не падглядзеў тэхнічных сакрэтаў фірмы, рабочая пляцоўка мусіла быць старанна загароджанай (уся магутнасць той ЦЭЦ з яе дзвюма турбінамі, смех сказаць,— 1,4 мегавата!). І вось нашы хлопцы зацікавіліся будкай. Такую ж цікаўнасць выклікалі паступова нашы студэнты і ў шведскіх майстроў. Госці стоўпіліся ля дзвярэй, а нашы хлопцы — у машыннай зале; адны і другія замерлі ў нямой сцэне.

Красамоўным быў тады выраз нашых твараў. Каб выказаць словамі той маналог, які кожны з нас гаварыў вачыма, ён прагучаў бы прыкладна так:

«Вы што, апупелі?! Нам жа электрастанцыю фашысты пашкодзілі! Яшчэ добра, сапёры былі п’яныя ці мо не хапіла ім аманалу, а то на гэтым месцы ляжала б толькі гара цэглы ды металалому!..

Ах, праўда, сыты галоднага не разумее!..

Прыглядаецеся, гэтак цікава? Глядзіце, глядзіце, халера вас бяры! На нас толькі зашмальцаваныя шынялі ды стаптаныя кірзачы, мы не маем нават кашуль, аднак нам ані не сорамна! Усё ў нас па картачках, і нават хлеба ўволю не ядзім, бо нашы гарады ляжаць у руінах, вёскі папалены! Бачыш, якія вы гладкія ды выфранчаныя — бы галівудскія кінаакцёры!..

Ці гэтак выглядалі б вы, калі б фашысты і да вас дайшлі? Покуль мы падстаўлялі грудзі пад нямецкія кулі, вы і інстытуты паканчалі, напэўна, змаглі і пажаніцца, а тысячы нашых нявест у брацкіх магілах ляжаць! У нас вашага ўзросту мужчыны ўсе параненыя і перакалечаныя! Унь са шрамамі на твары — карэкціроўшчык артдывізіёна Ігар Павароў, ён пад Ясамі даў каманду сваім гаўбіцам і выклікаў агонь на сябе, а вы, мажліва, не разумееце нават, што гэта азначае! А во з перабітымі нагамі прыйшлі кантаваць скрыні Соламаў, Панасік, Немец!.. Брышу, Увараву, інструктару гаркома Валю Корбуту разрыўныя кулі перабілі рукі! Астатнія — з асколкамі ў лёгкіх, у мускулах ды з траўмамі на душах ад страчаных бацькоў і сясцёр!.. Прыглядзіцеся да іх добра: калі б мы не стрымалі фашысцкую навалу, прыкладна такімі ж выглядалі б і вы са сваімі землякамі!..

Нас вешалі, расстрэльвалі, гвалцілі, рабавалі, палілі ды смажылі, мы цярпелі і паміралі за агульную справу — нездарма ў іншых краінах сустракалі нас як збавіцеляў! Мы вымушаны прыйсці сюды на суботнік! Каб наварыць стравы, у інтэрнаце хаваемся ад каменданта, бо ён штрафуе нас за электрапліткі — энергапоезд дае мала току, турбіны патрэбны гораду да зарэзу! А вы, шведы, буржуям прадаліся?!. Ах, гады, мала вас той Пётр Першы лупцаваў некалі пад Палтавай!»

Аднак нікога з замежных гасцей наш нямы крык душы не крануў. Валя Корбут пачаў гнаць студэнтаў да работы, і мы, злосныя, разбрыліся па двары.

З той пары з бацькам спартсменкі не бачыўся гадоў з трыццаць.

 

12

Значна пазней на маіх вачах здарыўся яшчэ адзін выпадак,— ён меў прамыя адносіны да гераіні нарыса.

У канцы пяцідзесятых гадоў малады трэнер па гімнастыцы атрымаў грашовую прэмію. Што на яго месцы зрабіў бы іншы такі мужчына? Напэўна, купіў бы сабе матацыкл або модны касцюм ці проста звадзіў бы сваю кампанію ў рэстаран. Хлапец жа ўвесь час перажываў, што яго навучэнцы не маюць дзе трэніравацца. Атрымаўшы прэміяльныя, ён загарэўся дзёрзкай ідэяй — пабудаваць за іх спартзалу. На ўсю суму трэнер накупіў цэглы, вапны, рознага дыяметра трубак. Выпрасіў у лясгасе месца ў прынёманскіх Пышках. Прыступіў да справы.

Многія гродзенцы, напэўна, і цяпер яшчэ памятаюць, як дзесяткі хлопчыкаў і дзяўчынак з гімнастычнай секцыі пасля ўрокаў альбо ў нядзелю адпраўляліся ў прыгарадны лес капаць фундамент ды ставіць каркас. Мае дзеці якраз займаліся ў секцыі плавання, але з салідарнасці з сябрамі па двары ездзілі, між іншым, туды і яны, прымусіўшы бацьку даставаць рыдлёўкі. Я па-харошаму пазайздросціў незнаёмаму чалавеку, што менавіта яму ўдалося ў маіх наследнікаў узрадзіць любоў да фізічнай працы, чаго аніяк не мог у іх выклікаць родны бацька.

Хутка мяне зацікавіла: хто ж той таленавіты арганізатар і педагог? Ім аказаўся сын камісара партызанскага атрада, паважанага ўсімі ў горадзе чалавека і такога ж самага бессярэбраніка Івана Пятровіча Кныша — Рэнальд.

Дзеці хадзілі ў лес з лапатамі месяц, хадзілі другі, покуль не даведалася гарадское начальства. Пасаромленае, яно самадзейную будоўлю стрымала і неадкладна пачало «выбіваць» у міністэрстве для спартсменаў горада тыпавую будыніну.

Неўзабаве ў Гродне і вырас цэлы спартыўны комплекс — палац з гімнастычнымі заламі, раздзявалкамі, сушылкамі і душавымі, са стадыёнам ды басейнам. У новым памяшканні Кныш праз кароткі час падрыхтаваў чэмпіёнку СССР гімнастку Тамару Аляксееву, а затым — пераможцу Алімпійскіх гульняў 1964 у Токіо Алену Валчэцкую.

У 1966 г. Валчэцкая, працуючы ўжо трэнерам, парэкамендавала свайму настаўніку вучаніцу чацвёртага класа 10-й сярэдняй школы — худзенькую і дробную, але надта настырную ды з вялікім жаданнем дабіцца свайго — Олю. Пад кіраўніцтвам выдатнага майстра Корбут і стала праз некалькі гадоў чэмпіёнкай БССР, СССР, а ў 1972 годзе атрымала адразу аж тры залатыя медалі на Алімпіядзе ў Мюнхене ды прызнанне ўсяго свету.

Я ўжо паказваў у цытатах з дзённіка Кныша, колькі цярпення, тактоўнасці спатрэбілася трэнеру нават для такой таленавітай вучаніцы, як Корбут. Рэнальд Іванавіч, напрыклад, на трэніроўкі для сваёй падапечнай цягаў мат праз замежны горад на сабе (Р. Кныш — чалавек слабы і хворы на сэрца!). Каб паказаць іншы бок яго цяжкасцей, працытую яшчэ дзве вытрымкі з дзённіка трэнера.

Варна, 1974, 25 кастрычніка.

«Спаборніцтвы скончыліся. Оля прайшла роўна, хоць суддзі ацэнку яўна занізілі... Я і не спадзяваўся, што так добра пройдзе. Гледачы адчулі, што Турышчавай завышаюць, а Олі заніжаюць. Гэта для Олі нават карысна — каб аднавіць рэпутацыю. Мяне не пусцілі ў Палац спорту, але Оля адчыніла акно, і я туды пралез праз яго (падкрэслена мной.— А. К.) і паглядзеў на спаборніцтвы...

27 кастрычніка.

«Спаборніцтвы скончыліся. Оля прайшла роўна, хоць і без бляску, акрамя скачка. На скачку Турышчава — 9,5, а ёй — 9,8!! Оля адразу ўстрапянулася. Проста гарыць. Супакойваю яе зверху. Мне сёння далі нарэшце білет на трыбуны, відаць, стала ім сорамна, што да гэтага часу выстаўлялі за дзверы і ў залу Палаца кожны раз я залазіў праз акно (падкрэслена мной.— А. К.). Пасля мяне там паставілі міліцыянера...»

 

13

У Англіі выдавецтва «Падынгтон прэс» выдала кніжку пра Олю Корбут. Аўтар — журналіст Джыстан Бічэм — не пашкадаваў для нашай спартсменкі красамоўных слоў. Бічэм не палічыў нават патрэбным прыязджаць па матэрыял у Гродна, бо фактаў пра спартсменку і яе трэнера, пра спартыўныя прыёмы славутага Кныша і яго таленавітай вучаніцы хапала: у сусветнай прэсе з’явіліся тысячы артыкулаў, адно не лянуйся, пішы.

Пры ўсёй аўтарскай сімпатыі да Олі, спартсменка ў душы Бічэма не зрабіла такога перавароту, як у Чэка Г. з Нью-Йорка, у галаве якога Корбут «перавярнула ўсё дагары нагамі». Закаранелы ў сваёй варожасці да нашай ідэалогіі ці мо беспрынцыпны па характару, Бічэм для бестселера паспрабаваў зрабіць з Олі маленькага чароўнага Робін Гуда без роду-племені, якога натхняе дзікая прырода. Пра наш абласны цэнтр, які налічвае 200 000 жыхароў ды з’яўляецца прамысловым і культурным вузлом, дзе адных студэнтаў пражывае і вучыцца аж 15 000, а прадукцыя заводаў гродзенскіх разыходзіцца па 60 краінах зямлі, гэты аўтар піша так:

«Жыхароў Гродна мае прыкладна 80 000. Большая частка працуе на вінакурных і тытунёвых фабрыках ці займаецца традыцыйным рамяством — вытворчасцю мыла ды свечак. Глухая правінцыя. Не надта цікавае месца для жыцця, сумны куток для моладзі. Таму Оля Корбут свабодны час любіць праводзіць у дрымучым лесе — Белавежскай пушчы, што знаходзіцца побач з горадам і заселена зубрамі і іншымі лютымі звярамі...»

Дагаджаючы непатрабавальным густам пэўнай катэгорыі сваіх чытачоў, буржуазны пісака не прыслухаўся да разважлівых слоў «Нью-Йорк Таймс» (з якой я прыводзіў доўгія цытаты), не назваў людзям сапраўдных прычын поспехаў савецкіх спартсменаў, а даведку аб Гродна для сваёй кніжкі Джыстан Бічэм, як потым выявілася, спісаў са старой англійскай энцыклапедыі, дзе яшчэ не паспелі ўвесці змен, што адбыліся ў БССР на працягу аднаго пакалення.

Яшчэ за маёй памяццю па вёсках Гродзеншчыны распаўсюджаным заняткам у жанчын было «ісканне» адна адной у галаве.

Людзі на худых пясочках перабіваліся на бульбе ды крупніку.

Запалкі нават у нашым доме — на гаспадарцы серадняка — дзялілі на дзве палавінкі.

Дзеці цукар бачылі толькі ў вялікія святы.

Калі пад адкрытым небам кінаперасоўка паказвала фільм, дзе на экран імкліва наплываў паравоз, жанкі і бабкі хапалі дзяцей ды з жахлівым віскам кідаліся наўцёк.

Тое ўсё было гэтак нядаўна, што яшчэ напэўна хто-небудзь са скандынаўскіх спецыялістаў, якія ў 1945 годзе замянялі пашкоджаныя дэталі турбін на гродзенскай ЦЭЦ, нават і на пенсію не пайшлі! І я не раз шчыра перажываю за іх, нагадваючы той выпадак. Мне чамусьці здаецца: тыя мужчыны, седзячы вечарам перад каляровымі тэлевізарамі, назіраючы выступленні гродзенскай німфы, чытаючы пра спартсменку і нашы дасягненні, аж чырванелі ды не знаходзілі сабе месца ад таго, што менавіта тады, наетыя і абласканыя лёсам па чыста гістарычнай выпадковасці, уратаваныя намі ад карычневай чумы гітлерызму, бы танныя гандляры, хаваліся за фанеру.

 

14

З уласнага жыццёвага вопыту ведаю, што нічога на свеце проста так не бывае і не родзіцца на пустым месцы, усякая з’ява мае свае глыбокія карані, а кожнае грамадства заслугоўвае якраз тых герояў, якіх мае, бо яго кумір — яго і люстэрка, у ім людзі дакладна могуць разглядзець свае рысы.

Разважаючы цяпер пра з’яву Олі Корбут, я прыходжу да вываду, што вытокі яе ляжаць у адвечным, з пакалення ў пакаленне, жаданні — выбіцца з галечы, прымітыву і шэрай забітасці, у якія быў загнаны гістарычнымі абставінамі мой народ.

Тысячы разоў меў рацыю Іван Бурсаў, сказаўшы пра свой родны край:

 

Сколько слёз и сколько пота на нее уронено,

Сколько ссадин на ее груди...

Здесь, где столько сильных похоронено,

Слабое не может прорасти!..

 

Такім чынам Оліны дасягненні — цэлае перапляценне прычын.

Яны ідуць ад упартай працавітасці і ахвярнай стойкасці ды непаўторнай самабытнасці яе народа.

Іх вытокі — у партызанскай дзёрзкасці такіх, як Олін, бацькоў.

Яны — і ў самаахвяраванні ды неадольным жаданні давесці справу да канца яе трэнера-бессярэбраніка, які здольны не толькі перці на сваім гарбе праз увесь загранічны горад маты на трэніроўку для сваёй вучаніцы, а нават палезці праз акно ў Палац спорту, каб юная гімнастка не адчувала сябе адзінокай.

Яны — і ў спрыяльным мікраклімаце, створаным савецкім урадам для сваіх грамадзян. Оля — яскравы паказнік, як пры адпаведных умовах уся нацыя можа ўзняцца да сусветных стандартаў і вышыняў.

Усё пачалося недзе ў Айчынную вайну, калі Беларусь разам з іншымі братнімі рэспублікамі здзівіла свет стойкасцю ды ўразіла сваімі ахвярамі, панесенымі ў змаганні з магутным ворагам. На працягу аднаго пакалення ўзняліся з руін усе гарады і сёлы. Не паспелі мы нават агледзецца — і вось ужо беларускія трактары аруць і ў Тэхасе, МАЗы коцяць па дарогах спякотнай Сірыі, Аргенціны, прадукцыя нашых заводаў разыходзіцца ў 80 краін свету, ураджаі збожжавых патроіліся, беларуская проза, драматургія ды паэзія ўзняліся да сусветных вышынь, нашыя вучоныя прымаюць удзел у міжнародных сімпозіумах, а голас беларускіх дыпламатаў гучыць і ў Савеце Бяспекі ААН.

Адпаведна не адстаюць і спартсмены. Сённяшнія дасягненні гімнастаў, напэўна, у 1945 годзе мала каго кранулі б: паўгалодных, разутых і раздзетых, у разбураных хатах — людзей хвалявала зусім іншае.

Спорт, як трапна заўважыў Леў Касіль,— штука крыху ўмоўная. Тут уладарна праяўляюцца нашы захапленні, вызваляюцца рэфлексы, якія мільёны гадоў дрэмлюць у чалавечым родзе (і вельмі малая надзея, што мы хутка вызвалімся ад генетычнай спадчыны). Але якія б водгукі азарту старажытнага паляўнічага і воіна, якія б эмоцыі ні віравалі на футбольным полі, рынгу, дыване, бегавой дарожцы, турніку, трыбунах, якім бы вялікім ні было імкненне да перамогі, усё гэта замкнута ва ўмоўным коле правіл ды пэўнага сэнсу гульні: сапернік, якога трэба адолець, ніякі не вораг, а ўсяго ўяўны праціўнік.

Спорт — радасць мускулаў, шчаслівае адчуванне здароўя, гульня сілы і спрыту, імкненне да самаўдасканалення. Юнак перажывае напал барацьбы і трыумф перамогі, каб, будучы дарослым, не паддавацца скепсісу, эрозіі душы,— каб самасцвердзіцца як чалавечая адзінка. Таму наша дзяржава не шкадуе сродкаў на стадыёны, спартыўныя школы, на падрыхтоўку трэнераў, правядзенне спаборніцтваў. Лёгкія, як мала што іншае, для ўспрыняцця людзьмі спартыўныя дасягненні сучасныя сродкі інфармацыі і прапаганды здольны імгненна данесці да кожнага дома і ў кожную сям’ю.

Зрэшты, балельшчыкамі спорту з’яўляюцца і сотні мільёнаў далёка не маладых людзей, а ідзе яно, гэта захапленне, не проста ад дзівацтва. Наша жыццё наладавана непераадольнай прагай перамогі, мы ўвесь час за нешта змагаемся — з сабой, на рабоце, дома, і менавіта таму людзі, падатлівыя на перажыванні, заўсёды за што-небудзь «балеюць» там, дзе справа заключаецца толькі ў бескарысным — каб адно выйграць.

Народу даўно абрыдлі войны. Цяпер мы апрануты, накормлены, жывём у абсталяваных памяшканнях. Што дзіўнага, калі ў людзях рознага ўзросту патрабавальна дае аб сабе знаць прага да той самай своеасаблівай гульні,— няхай жа яны і паспытаюць у ёй асалоды, радасці і захаплення, няхай адчуюць сябе маладымі.

Адным словам, здаровая, не разбэшчаная дабротамі жыцця нацыя, з толькі што загоенымі крывавымі мазалямі ад цяжкай працы, з рубцамі перажытага нядаўна гора, калі загінуў кожны чацвёрты грамадзянін, калі жанчыны выконвалі абавязкі «другога фронту» і замест коней месцамі цягалі плугі і бароны ля святых папялішчаў, дзе яшчэ нядаўна ў вогнішчах з хлявоў і гумнаў гарэлі іхнія дзеці,— гэтая нацыя выбралася на вялікую дарогу.

Оліна жыццё — адна з алмазных успышак у грамадскім і культурным жыцці яе суайчыннікаў.

Новы час надаў майму шматпакутнаму народу такую пачатковую хуткасць, што ён упэўнена выйшаў на глабальную арбіту і таленавітыя яго прадстаўнікі каштоўнымі дыяментамі заблішчалі аж на сусветным небасхіле. Нам вельмі прыемна, што нашая бывалая планета (якую, здавалася б, нічым ужо не здзівіш) гэтак сардэчна, па-мацярынску цёпла прыняла, прывітала і сваё таленавітае дзіця — Олю Корбут. Няважна, што на Алімпіядзе-76 у Манрэалі яна ўжо была не першай. Надзя Каманечы да перамогі ішла праз «школу Корбут». Слаўную гараднічанку па паказальных выступленнях гімнастак у Лондане пасля Манрэаля людзі сустракалі з ранейшым энтузіязмам.

Зусім нядаўна мне надарылася магчымасць пераканацца зноў, наколькі Оля Корбут папулярная ў народзе.

Оля з групай гімнастак давала паказальныя выступленні ў Малайзіі... Калі вярталіся дамоў, адну гімнастку ў Маскве паклалі на лячэнне: яна нечым атруцілася. Клапоцячыся аб зорках нашага спорту, урачы ўзнялі паніку. Не паспела Корбут з’явіцца ў Гродна, а ўжо паліклініка атрымала са сталіцы загад — праверыць, ці не атруцілася і яна. Олю з вакзала «хуткая дапамога» даставіла ў бальніцу.

Па горадзе адразу шуганулі чуткі:

— Вольга мелася выйсці замуж, хлапец яе кінуў, і яна выпіла атруту!

— Ну! На вяселле ўсяго накупілі, пашылі надта дарагі вэлюм. Ужо і сталы накрылі. Сабраліся госці, а малады ў загс не з’явіўся!

— Бо трапіў пад машыну, і ў бальніцу паклалі!

— Няпраўда! Зламаў ключыцу на матацыкле! Бедная нявеста падумала, што забіўся насмерць, і жыць не захацела!

— Учора вечарам пры смерці была!

— Ужо памерла! Па радыё сёння перадавалі — сама чула!

— І я чула! Заўтра пахаванне!

Я ў гэты час кожны дзень сустракаў у горадзе Валянціна і па яго здаволеным твары разумеў: мана,— народ сваіх куміраў любіць абкружаць рамантычнымі гісторыямі. Аднак у чутках было столькі лютасці да ашуканца-жаніха, так шчыра шкадавалі спартсменку, што паступова пачаў трывожыцца і я.

Нарэшце я спытаўся ў бацькі, што ж усё-такі здарылася з яго дачкой.

— Людзі развялі плёткі! — паскардзіўся стары ветэран.— У бальніцу звоняць гарадскія і прапануюць сваю кроў пераліць Олі! Мне на кватэру тэлефанавалі ўжо нават з Лондана, пыталіся, ці праўда, што дачка трапіла ў аварыю! Кнышу званілі з ФРГ — там у жалобных рамках з’явіліся ў газетах яе партрэты!..

— ?!

— Праходзіла праверку. Заўтра выпісваюць з бальніцы. Выходзіць замуж за «песняра»... Во, прыходзь абавязкова на вяселле...

 

1978


1978

Тэкст падаецца паводле выдання: Карпюк А. Выбраныя творы. У 2 т. Т. 1. Данута: Аповесць. Апавяданні. Публіцыстыка / Прадм. У. Калесніка.— Мн.: Маст. літ., 1991.— 463 с.
Крыніца: скан