epub
 
падключыць
слоўнікі

Аляксей Карпюк

Галгофа сваякоў

1
2
3
4
5
6
7
8
9
10
11


1

Маміны дзядзькі — Волесь і Юляк — жылі ў маленькай вёсачцы Папоўцы.

Яна ляжала ад майго Страшава на палавіне дарогі ў Беласток. Ад нас да яе было аж дваццаць кіламетраў, таму маміных сваякоў перад вайной даводзілася бачыць рэдка.

Браты аднойчы прыехалі на вялікдзень у госці. Папоўскія бабы адразу адправіліся на кухню да мамы хваліцца дзецьмі, а мужчыны засталіся на падворку. Юляк з бацькам прысеў ля калодзежа на цэментавую балейку і павёў размову пра палітыку. Затое сухі і высокі, як дрыль, яго старэйшы брат пачаў жыва ды голасна, каб чулі нават суседзі, правіць нам, як у «царскую» вайну ён абдурыў генерала, а такі быў стралок з вінтоўкі, што «з калена» біў і зайцоў.

Маміны дзядзькі ад’ехалі, і бацька даў ім такую апінію:

— Юляк — хлапец фартовы і — «сімпатык»1. А Волеся адно слухай. Ён табе нагаворыць — «сем вёрст да нябёс і дарога ўсё лесам»! А наогул — і ён чалавек людскі.

Калі зусім пацяплела ды зазелянела трава, бацька прывязаў да воза гадавалую цялушку, пасадзіў у палукашак мяне з братам, і ў госці да маміных дзядзькоў адправіліся цяпер мы.

У Папоўцы я налічыў усяго шэсць дамоў. Паводле надпісаў над вокнамі, у пяці жылі Дзянісікі, а ў самай крайняй хаце — сям’я Майсакоў.

Вёску з трох бакоў ахінаў Жэдненскі лес, да чацвёртага — прытыкаў роўны прасцяг поля з балоцечкам. На балоцечку пасвіліся каровы, і там прабягала грэбля шашы Беласток — Ваўкавыск.

З братам мы ўзяліся распрагаць каня, а бацька з Юлькам прыселі на бервяно ды сталі адразу «палітыкаваць» зноў. Выйшла з пінжаком адно крыху маладзейшая за нас дзяўчынка, загадала:

— Тату, накіньце сабе на плечы, бо з балоцечка сырасцю цягне! А шчэ мама казалі, каб вы доўга на сонцы не вэндзіліся, не пяклі галавы!

Дзядзька Юляк хварэў на сухоты, пра яго гэтак клапацілася дачка Лена. Затое нас яна дзічылася, як дзічыліся яе мы.

Каня распрэглі.

Адвязалі цялушку ды паперлі на поплаве пасвіцца на цэлае лета з папоўскім статкам.

Заглянулі ў студню — ці глыбокая.

Як мы ні ўзіраліся на захад, а Беластока з яго камінамі відаць не было. Полем і лесам нас не здзівіш. Размова пра палітыку, якую вялі мужчыны, не цікавіла. Дзядзькі Волеся з яго байкамі ўсё няма. Што нам рабіць?

У Папоўцы мне і брату вельмі хутка зрабілася сумна. Давай церабіць бацьку за рукаў, каб ехаць дамоў.

Потым, калі ўжо Дзянісікаў не стала, я не раз сябе касціў, што некалі так легкадумна ставіўся да папоўцаў і нават не прыгледзеўся як след да дзяцей Юлька і Волеся — няшчасных чалавечых парасткаў, галінку мамінага роду, на якой абарваўся ланцужок пакаленняў.

Ніколі ўжо не даведаюся, што папоўскія сваякі хацелі крыкнуць у апошнім бліску свядомасці. Зрэшты, не так ужо і цяжка ўявіць сабе гэта з тысяч падобных сітуацый. Гітлераўцы з папоўцамі распраўляліся пры сведках. Падрабязнасці галгофы сваякоў я збіраў па крупінках ад людзей, якія былі каля няшчасных з самага пачатку трагедыі да канца.

 

1 Так у Заходняй Беларусі называлі тых, хто дапамагаў падпольшчыкам, не будучы членам кампартыі.

2

У першую ваенную зіму каля Папоўкі атабарылася падпольная група акружэнцаў — салдат і цывільных.

Пры адступленні нашай арміі Дзянісікі пераапраналі вайсковых, прыхавалі зброю і потым усё вайсковае дабро перадалі лясным хлопцам. Адправілі да іх і байцоў, якіх вылечылі ад ран. Усе гэтыя людзі абсталявалі сабе прасторную цёплую зямлянку і доўгі час жылі ў дастатку ды так бяспечна, што перасталі нават выстаўляць і варту.

Прамысловы і адміністрацыйны цэнтр Беласток прыцягваў увагу нашай разведкі. З лесу ў вялізны горад адразу не пойдзеш, для гэтага партызаны пачалі выкарыстоўваць жыхароў Папоўкі. Неўзабаве маміны дзядзькі мусілі бываць у горадзе кожны дзень ды вазіць і прывозіць фурманкай падпольшчыкаў, а ў саломе — ладунак.

Так мінулі вясна, лета і восень.

У другую зіму да дзядзькі Юлька зацясаўся ў давер мацёры правакатар яшчэ з часоў санацыйнай Польшчы — Бівойна Яўген1. Ён праз Дзянісіка пранік і ў атрад.

Малады нягоднік пражыў у зямлянцы ля Папоўкі аж чатыры месяцы. Бівойна ўсё разведаў, разнюхаў, разгледзеў, а затым, нібыта па справе, адправіўся ў горад.

Пятнаццацігадовы партызан Вася Грэсь на другі дзень знікнення правакатара сабраўся ў сваю вёску Пясчанікі да бацькоў. Адразу каля лагера хлопец сутыкнуўся з ротай немцаў ды ахнуў: салдаты ўжо выцягваліся ў ланцуг, каб акружыць зямлянку, а куды немцам ісці, паказваў Бівойна, з якім учора яны яшчэ побач адзін з адным спалі.

Вася дабегчы да сваіх паспеў.

Групе без панікі ўдалося з пасткі вышмыгнуць, пакінуўшы немцам адно тое, што партызаны пад гарачую руку палічылі малавартасным.

Немцы падабралі ў зямлянцы хлеб. Узялі буханкі з папоўскіх хат, параўналі іх ды ўбачылі: усё, што гаварыў Бівойна, спраўджваецца.

 

1 Клічкі нямецкага агента: «Кароль 04-А-32», «Вацэк». Пасля вайны апынуўся ў ЗША. Скончыў архітэктурны інстытут, жыве ў Мініполіс, штат Мінасета. Зараз пішацца Бівона Яўген (Аляксандр Амільяновіч, «Заніканцэ эха». С. 235, выд. МОН, 1977 г., Варшава).

3

Такім чынам, зямлянку разграмілі.

У наступны дзень з Беластока ў Папоўку прыбыло дваццаць пажылых немцаў з «ляндсвера». Афіцэр загадаў дзядзьку Волесю з сям’ёй перабрацца ў гумно, дзеркачом добра вышараваць і вымыць памяшканне, затым у доме старэйшага Дзянісіка пасяліліся салдаты. Афіцэр ля ганачка паставіў варту. На дарожкі вакол вёскі паслаў патрулі.

Атрупянелыя папоўцы не маглі надзівіцца: міналі дні, а немцы нікога не арыштоўвалі, не білі, не валаклі на допыт, здавалася, нават мала чым цікавіліся. Днём і ноччу вакол вёсачкі хадзілі патрулі, усё разглядалі, бы турысты, ды нешта запісвалі, пазіраючы сабе на гадзіннікі. Калі ж ім было надта сумна, ставілі на валуны бляшанкі ад кансерваў і білі па іх з пісталетаў.

У Волесевым доме толькі дзяжурны сядзеў у поўным абмундзіраванні ды з паперак, якія прыносілі патрулі, нешта старанна выпісваў у тоўсты сшытак. Вольныя ж ад службы салдаты сноўдалі ў расхрыстаных кашулях ды шлёпанцах без заднікаў, ляніва чысцілі вопратку ці абутак альбо, прывалокшы аднекуль патэфон, запускалі савецкія пласцінкі ды слухалі песні.

З Калоднага і Пясчанікаў спачатку мужыкі падсылалі ў Папоўку на разведку пастушкоў. Затым і самі адважыліся заходзіць. Немцы ўсіх прапускалі, ветліва пагутарыўшы. Вясковыя, хто хацеў, мог сабе ехаць, куды душа жадала.

У папоўцаў пасялілася надзея.

Адзін дзядзька Юляк не паверыў такой ідыліі. Ён пасадзіў у фурманку жонку, траіх дзяцей. Яшчэ заладаваў сякі-такі посуд, мяшэчкі круп ды сабраўся пераязджаць у Пясчанікі да жончыных сваякоў. Лену адправіў туды пехатой яшчэ з раніцы.

За вёскай падводу спаткалі патрулі. Пажылы немец, які крыху размаўляў па-польску, Юлька спыніў і пацікавіўся:

— Куды сабраўся?

Немцы паводзілі сябе добразычліва, са стрыманай ветлівасцю, і ў Юлька вырвалася само:

— А халера яго ведае!.. От, еду куды вочы глядзяць!.. Дачакаешся тут дабра хіба?!.

— Ты — партызан?

— Не!

— То чаго табе баяцца?

— ...

— Дурань, вяртайся!

І немцы, з усім вайсковым рыштункам, павалакліся па дарожцы далей, нават не цікавячыся, як сябе будзе паводзіць фурман.

Калі патрулі аддаліліся, Юлькава жонка — цётка Марыся — здзівілася:

— Гы, нават нічога не сказалі, што збіраемся пакінуць вёску, ты ба-ачыш?!

— А ты перад імі адразу і растапырся, павер!

— Вачэй у цябе няма?! Паміркоўныя лю-удзі, Юляк! Ім самім тут, бедным, не соладка — гэткая цяплынь, а яны ва ўсім суконным і ў ботах ды абладаваныя жалязякамі, бы вярблюды!..

— Вядома, служба ў іх сабачая!..

— А я пра што кажу?.. Слухай, Юляк, мо адвязі нас дадому, а ў Пясчанікі едзь сам. Ты — справа іншая: заўсёды палітыкаваў, за польскім часам на тайныя сходкі хадзіў, штрэйкбрэхераў у лесе ганяў, а ў чым вінаватая я з малымі, з Ленай?

— На вайне не вельмі шукаюць вінаватых...

— Ай! Колькі тут праходзіла воен, успомні, але ж дзяцей ды бабаў ці хто чапаў?

— Яно вядома... Але...

— Каму мы патрэбныя, слу-ухай?!. Бо ўсім вядома, што без нас і свет не можа існаваць!.. Доўга не думай — заварочвай каня назад!

Заінтрыгаваныя падарожжам малыя ўзнялі гвалт:

— Паедзем у Пясча-анікі, ма-ам!..

— Да ба-абы хацу-у!..

— А ў вас парады ніхто не пытае!

— Сціхніце! — абсадзіў дзяцей і бацька, збіраючыся сапраўды разварочваць падводу.

Вярнуўшыся ў вёску, Юляк застаўся і сам. Толькі выказаў непакой аб старэйшай дачцэ:

— Хай мо Лена адна там пабудзе?..

— Хай пажыве без нас,— падтрымала яго цётка Марыся.— Пабачым, дзе каму лепш будзе!..

 

4

Паводзіны немцаў тлумачыліся проста.

Аддзел барацьбы з партызанамі Беластоцкага бэцэрка ўпрасіў шэфа гестапа, Герберта Цымермана, дазволу, каб на прыкладзе Папоўкі прааналізаваць метады падпольшчыкаў і на аснове назіранняў для крайс і амтскамісарыятаў ды камендантур выдаць спецыяльную кніжку — інструкцыю.

Папоўцам і ў галаву не магло прыйсці, што кожны іхні крок дзяжурны немец круглыя суткі запісвае ў спецыяльны журнал — калі, якая сям’я клалася спаць, хто днём прыязджаў, хто з малых ці дарослых, па якой прычыне і як надоўга пакідаў вёсачку, што выносіў, прыносіў, вёз, што і якім чынам перадаваў.

Эксперымент немцам даў мала.

І астатнім папоўцам — не толькі Юльку — у гэтыя дні раптам адхацелася куды-небудзь ад’язджаць.

Юлькавай жонцы — цётцы Марысі — надышла пара забіраць ад беластоцкай краўчыхі для дачкі, нявесты Лены, бялізну. Марысіну маці ў аптэцы даўно чакала лякарства. Ва ўсіх пяці дамах Дзянісікаў і ў Маштака выйшла газа, запалкі і соль. На поплаве паспела для касьбы трава...

Усё цяпер людзям здалося малаважным.

Папоўцы, якія, бывала, і дня не маглі пражыць без Беластока, зараз пра яго цалкам забыліся. Вопытныя падпольшчыкі Дзянісікі рэдка куды адпраўлялі і пасланцоў. Людзі з навакольных вёсак некалькі разоў, падаслаўшы пастушкоў, заглянуўшы да іх і самі, далі папоўцам «спокуй»,— сачылі за вёсачкай зводдаль.

А яны сядзелі вечарамі ў цемры. Пастушкі нават не гналі далёка ад будынкаў кароў. Усе раптам адчулі патрэбу быць разам. Нават сабакам было дазволена заходзіць у хату. Жанкі даглядалі мужыкоў, мужчыны парабіліся рахманымі, дзеці слухаліся бацькоў. Старыя і то не маглі ўцягнуцца ў работу.

Марысіна маці каторы раз бралася прарэджваць расаду, але кідала яе, як непатрэбны занятак, ды з чуласцю ласкала ўнукаў, прыгаворваючы:

— Ах, мае вы ры-ыбанькі, як не ў час вы на свет з'яві-іліся! Калі б мамка ваша ве-едала, ці ж спяшалася б раджа-аць вас у такую хві-ілю?!.

Хоць і падлашчваліся некаторыя немцы, папоўцы парабіліся сур’ёзнымі і не вельмі ўступалі з імі ў размову.

Вось вольныя ад «вахі» салдаты паздымалі кашулі, паклаліся ў агародчыку дзядзькі Волеся ды пачалі на сонцы драмаць. Салдат у касцы, што стаяў на пасту, давай заляцацца да Лены. Але гэтая ладная васемнаццацігадовая нявеста была не ў настроі. Яе якраз аблаялі бацькі, што самавольна вярнулася з Пясчанікаў. Лена з сумам зараз глядзела некуды цераз плот ды машынальна церабіла ў сябе на грудзях русую касу.

Немец нарваў пад штыкецінамі крапівы, паклаў зялёныя сцябліны сябрам на голае цела.

Салдаты скрозь дрымоту неўзабаве пачалі мычэць, раздзіраць сабе кіпцюрамі валасатыя грудзі. Вартавому гэтага і трэба было. Ён зарагатаў, заахвоціў вачыма пасмяяцца разам і дзяўчыну. Аднак курносенькі, загарэлы яе твар ды лоб з маленькімі прышчыкамі заставаліся ўсё гэтаксама сур’ёзныя.

Што ж, Лена немца пазнала. Менавіта ён сказаў бацьку: у зямлянцы знайшлі з Папоўкі хлеб, пра сувязь вяскоўцаў з партызанамі ім вядома, як і ведаюць пра тое, што Дзянісікі лячылі раненых байцоў.

Гэтым часам паголеныя, апранутыя ў святочныя кашулі, пінжакі ды ў начышчаных ботах папоўскія мужчыны сабраліся на пругмені каля Юлькавага гумна. Усе курылі, пазіралі на немцаў ды абменьваліся заўвагамі:

— Чамусьці вартавы сёння ў «бляшанай шапцы», як кажуць мае малыя.

— І патрулі каскі напялілі, адпраўляючыся ранкам на дарожкі — раней гэтага не было.

— Пра свае мазгі пачалі дбаць.

— А што думаеш? Стрэліць хто з куста, і чэрап потым не заклеіш...

— Покуль стрэляць у іх, яны панішчаць нас.

— Вядома, панішчаць, няма сумнення.

— А што рабіць?.. Падацца ў Пінскія балоты?.. З малымі і бабамі?.. Мая кабета і слухаць не хоча!

— І маёй пра гэта нават не заікайся...

— А мо не панішчаць?.. Пасля Сталінграда немцы якіясьці ўжо больш рахманыя і ветлівыя?.. Нават параўнання няма з тымі немцамі, што былі летам сорак першага!..

— Ну! Унь, вакол Белавежы спалілі аж восемдзесят восем вёсак, аднак людзей не панішчылі — павывозілі ў Беласток!

— Хіба Гітлер дурны нішчыць і іх? Яму цяпер нявольнікі патрэбныя!

— І шчэ колькі — кожны работнік цяпер у яго мусіць быць на ўліку!

Працавітыя папоўскія мужчыны былі надта практычныя.

А яшчэ яны ўсе, як на падбор, былі рослыя, у сіле веку і не баязліўцы. Каб ваенкамат у свой час паспеў іх прызваць на вайну, гэта былі б, напэўна, вынослівыя, дысцыплінаваныя салдаты з дасканала вычышчанай зброяй ды з рэчавымі мяшкамі, дзе кожная казённая лапінка ці маслёнка занімала б сваё, адпаведнае месца. З такіх не бывае здраднікаў. З такімі ахвотна ідуць у разведку. А покуль жывыя, такія для ворага — зубы паломіш.

Пайсці папоўцам у лес, падаставаць прыхаваную зброю ды зашыцца ў прыцішаны сасновы пошум — прасцей простага, аднак пра гэта ніхто і не думаў. Верныя сваім жанкам і дзецям папоўскія мужчыны трапілі ў экстрэмальныя ўмовы. Яны зараз нагадвалі тых фермераў з амерыканскага баевіка, у якім гангстэры захапілі дом, узялі пад прыцэл дзяцей і кабет, не клапоцячыся пра гаспадароў, ведаючы аж занадта, што сялянская сям’я — адно цэлае.

 

5

Праз дзень пасля таго, як дзяжурныя надзелі «бляшаныя шапкі», у Папоўку прыкаціла крытая машына з новымі немцамі. Усе яны на галаве таксама мелі каскі.

— Ой, па каго яна?! — ускрыкнула цётка Марыся, убачыўшы цераз акно брызентавую буду.

Маці пляснула рукамі:

— А я ўсю раніцу гадаю: чаму гэта дзісь сніліся мне мама?!. Даўно мне не з’яўляліся, а сёння — бы наяву! Усё мяне клікалі: «Хадзі да нас, дочачка, хадзі-і!..»

— Няўжо, думаеце, прыехалі нас страляць?

— Ніц не зробіш, Марысечка, што ўжо будзе!.. Што бог дасць людзям, тое і нам!..

У гэты момант вялізны нямчыска ў рагатай касцы адчыніў ботам дзверы, зароў:

— На, русішэ швайн, р-р-раус!.. Шнэль, выходзіць!.. Але-е!.. Вшыстко, вшыстко!.. Лё-ос!..

— Ну во-о, як каму, а нам — бог ужо даў! — з адчайнай злосцю сказала Марыся ды кінулася да дзяцей.

Калі Юляк садзіў сям’ю на фурманку, немцы ўжо некуды валаклі пастраляных свіней. Дурныя куры дзяўблі сцежачкі акрываўленага пяску, а салдаты, рагочучы, шчоўкалі іх па адной з пісталетаў ды піхалі сабе ў брызентавыя сумкі. Бойкі певень узляцеў на паркан, па-свойму падаў курам сігнал трывогі, але куля змяла і смельчака. У будзе скуліў перапалоханы Бобік...

Праязджаючы ўздоўж дома, Юляк праз вокны паспеў убачыць, як той самы вялізны немец у яго «велькай хаце» з вазонамі напіхаў ужо пад стол саломы з выпатрашаных матрацаў, а зараз цягаў з ікон ільняныя ручнікі ды кідаў туды таксама. Практычны гаспадар з гарачкі, таму яшчэ і без шкадавання, падумаў:

«Што ж, дом зусім новы, крыты дахоўкай, падпаліць яго не так і проста!.. Ат, халера яго бяры, збудуем сабе новы, абы жывымі пакінулі!»

Сабралася іх шэсць фурманак — з кожнага дома па адной. Усё гэтак жа ў касках, з пісталетамі ды гранатамі за халявамі немцы на трох пясчаніцкіх падводах трымаліся зводдаль.

Вакол папоўскіх фурманак круціліся на ровэрах паліцаі з Гарадка — усе сем чалавек. У нашай мясцовасці немцы мундзіраў такім не выдавалі. Паліцаі былі ў белых кашулях, нават пад гальштукамі і ў святочных пінжаках — выглядалі на паўпанкаў са стрэльбамі за плячыма, якім уздумалася пакатацца на вольным паветры ды ў кампаніі.

Ніхто з папоўцаў не прасіўся, не лямантаваў, не плакаў, не прамаўляў ні слова — нават дзеці на тварыках захоўвалі выраз суровай пакоры.

У такім настроі ўсе выехалі на Беластоцкую шашу і павярнулі ў бок Ваўкавыска.

— У Гарадок едзем!..— сталі папоўцы перадаваць адны адным, але адразу змоўклі.

Толькі тут, з высокага грэбеня шашы, яны раптам убачылі, што над лесам, дзе павінна быць якраз іхняя вёсачка, ляніва ўзнімаюцца клубы шэрага дыму.

Жанчыны паціху заенчылі ды пачалі хрысціцца.

Бах! — глуха прагучаў вінтовачны стрэл.

У кювеце слаба віскнуў сабака і задрыгаў нагамі ў перадсмяротных канвульсіях. Паўпанкі на ровэрах зарагаталі.

Аж на шашы, цягнучы за сабой доўгі кавалак ланцуга, дагнаў Юлькаву фурманку Бобік, і яго застрэліў паліцай Дэц. Нехта запрапанаваў стралку ўзяць на памяць ланцуг, і таму паліцаям зрабілася весела.

 

6

Памясцілі іх у Арчыкавай мураванцы.

То быў дом у Гарадку, дзе немцы трымалі арыштантаў у час допыту, перад расстрэламі ці адпраўкай у турму (і мы з братам сядзелі ў ім да вывазу ў канцлагер Штутгоф). Дзеля гэтага ў будынку фабрыканта Арчыка немцы выламалі перагародкі, закратавалі вокны, абнеслі падворак цаглянай сцяной. Людзей трымалі на падлозе, засланай саломай.

Папоўцы жылі ў Арчыка з тыдзень. Вартавалі іх толькі паліцаі і за гарэлку ўсіх пускалі да арыштантаў.

Мае страшаўцы папоўцам насілі махорку.

Заходзілі да іх проста пагутарыць, падтрымаць дух.

З Пясчанікаў кожны дзень прывозілі ім малако, хлеб, дровы, каб варыць страву.

Каб сваякі былі хоць крыху спакайнейшыя, наша мама з’ездзіла ў Беласток да краўчыхі, прывезла цётчынай Лене бялізну, Марысінай маці — лякарства; Юлькава дачка папрасіла туалетнага мыла, каб памыць галаву, мама заадно купіла і яго.

Мужчыны збіраліся ў кутку Арчыкавага падворка ды зноў ламалі галаву:

— Уцячы? Зусім нявелькі фокус! Паліцаю, што унь стаіць у браме на варце, нас абсалютна не відаць. Узлезь адзін аднаму на плечы ды перавалі за мур!..

— Ну! А там гарадоцкімі агародамі дапаўзеш да рэчкі, перабрыдзеш Супрасль і — у лес, на волю!

Дзядзька Юляк паддаў жару:

— Дэц, халера, сёння чамусьці да маіх ботаў надта прыглядаўся — бытта я ўжо стаў пакойнікам. Мо ведае што?

— Уцячы — то ўцячэш, але хіба за табой пойдзе баба? Скажа — балотам смярдзіць і камароў там поўна, куды з дзецьмі я павалакуся?!.

— Хлопцы, дальбог, трэ пачакаць. Бачыш, і на фронце запанавала цішыня!

— Але! То ўсё немцаў перлі, а то — замерла!.. Чакалі ўжо два гады таго вызвалення, а сколькі цяпер яго чакаць — пяцьдзесят, сто?!.

— О-о, гэта, напэўна, будзе няхутка!.. А з намі, мажліва, усё яшчэ ўладзіцца, няма чаго панікаваць. Успомніце: і з белавежскіх вёсак спачатку народ звязлі ў Гайнаўку ў тартак, бы нас сюды, але потым усіх адправілі да Беластока, у пустыя яўрэйскія кватэры! А што Дэц так гаворыць? Разбэсціўся, падла, вочы так і бегаюць па арыштанту, калі ўбачыць на чалавеку што-небудзь ладнае, каб яму іх выперла!

І мужчыны насцярожана змоўклі.

Яшчэ больш устрывожаныя былі жанкі. Глядзелі яны на малых, а сэрцы кабет абліваліся крывёю. Бо дзеці і ведаць не хацелі пра тое, якая навісла пагроза,— у іх зараз дзейнічаў адвечны механізм прыроды: малым надта ж патрэбна было, каб сардэчкі іхнія біліся, лёгкія качалі кісларод, вочы пазнавалі свет, а самі яны адчувалі мускульную радасць ды падалі ад знемажэння.

Калі сваёй беганінай малыя апрыкралі і паліцыі, ім дазволілі вылятаць на вуліцу — да гарадоцкіх дзяцей. Цяпер мацяркі хоць і палахліва, але нават з замілаваннем ды гонарам пачалі назіраць цераз краты насцеж адчыненых Арчыкавых венецыянскіх акон, як іхнія пацехі гуляюць у «вайну», бяруць «у палон немцаў», «лечаць раненых», даючы з бутэлечкі папіць «ёду».

Іхняе замілаванне працягвалася нядоўга.

Юлькаў малы неўзабаве прыляцеў з вуліцы ды з непасрэднай дзіцячай цікаўнасцю прыстаў да Марысі:

— Ма-ам, праўда нас будуць расстрэльваць?.. калі-і?.. Хутка ўжо, ма-ам?

Марыся анямела — сын прынёс плётку з мястэчка ці там што-небудзь ведаюць?

Яе маці пацвердзіла:

— У горадзе, дочачка, пра ўсё вядома. Ну, во, настае нам і кане-ец! — старая ўздыхнула і перахрысцілася.— Што зробіш, застрэляць, то чалавек хоць адмэнчыцца.

— Што вы вярзеце, мамо, мы ж тут з малымі?! — Марыся забегала па саломе, не ведаючы, за што хапацца.— Ой, трэ хоць Юлька падгаварыць, каб уцякаў!.. Ну, во-о, дапалітыкава-аўся!..

 

7

У наступны дзень два хлопчыкі з Пясчанікаў прывезлі якраз папоўцам свежае малако, як зноў з’явіліся немцы ў касках — чалавек з трыццаць.

Здарылася гэта трэцяга чэрвеня 1943 года цёплым летнім днём.

Арыштаваных — усяго 43 чалавекі (з пясчаніцкімі: іх немцы ўжо не адпусцілі, як хлопчыкі ні прасіліся) — пасадзілі на падводы, аддзельна мужчын ад жанок, ды накіраваліся на конскія могілкі. Зараз сюды прывозілі на расстрэл уцекачоў з лагера ці — беглых з Германіі.

Прыбыўшы на месца, немцы скінулі з фурманкі лапаты і павялі частку мужчын капаць яму. Афіцэр наском бота адкрэсліў на пяску квадрат — шэсць метраў на два, гыркнуў папоўцам, каб браліся за работу, ды пайшоў ставіць салдат у ачапленне. Размясціўшы сваіх немцаў, астатніх папоўскіх мужчын паклаў адзін да аднаго ўпрытык носам на зямлю, рукі загадаў ім узняць на патыліцу ды паставіў над імі аўтаматчыкаў. Малады афіцэрык рабіў усё без лішняй паспешлівасці, але ўпэўнена, рашуча,— як чалавек, які ва ўсім гэтым мае вопыт і ведае толк. Па ім было відаць, што немец паспытвае ціхую радасць за сваю сумленную стараннасць ды ад таго, што ўсё ідзе покуль што як належыць.

Папоўскія мужчыны, здавалася, капалі яму вельмі звычайна і без нервознасці, але што ў іх было на душы, апісаць не бяруся. Пэўна адно: не адзін з іх цяпер, вядома, касціў сябе за тое, што займаўся самаашуканствам, слухаўся жонкі і не спрабаваў шукаць ратунку, калі яшчэ было магчыма. Толькі на краі магілы яны выразна ўбачылі: можна ж было параспіхваць дзяцей, жонак па сваяках і знаёмых у суседнія вёскі, а самому ісці — куды хочаш. Цяпер заставалася здаволіцца тым, што жыццё сваё яны скончаць разам з сем’ямі. Зрэшты, гэта было не так і мала. Толькі ў падобных сітуацыях чалавек здольны адчуць: роднасць мае сілу большую за смерць.

Акружаныя паліцаямі жанкі з малымі ў гэты час чакалі свайго жахлівага моманту ў хваінках. З застылымі слязамі на вачах жанчыны стараліся забавіць малых, давалі ім з бутэлечак малако, паілі вадой, адна з адной развітваліся, старыя маліліся, і ўсе — як бы набіралі духу перад канцом.

Цяжка паверыць, але некаторыя дзеці, уткнуўшыся мацяркам у прыпол, самым звычайным чынам... спалі.

Знаёмы Дзянісікам пажылы салдат, пашаптаўшыся з маладым афіцэрам, накіраваўся раптам да кабет. Усе замерлі, бо падумалі — немцы будуць іх гвалціць. Вось каска салдата металам зазвінела аб цяжкія галінкі сасонніку, заскрыгаталі на жвіры цвікі яго падэшваў, і немец апынуўся каля іх.

З цеснага жаночага клубка салдат за руку вырваў Лену, піхнуў яе ў сасоннік, загадаў:

— Вэг!

Заплаканая дзяўчына няўцямна паўзіралася на немца, на сваіх.

— Вэг! Р-р-раус!..— зароў ужо салдат ды замахнуўся прыкладам.

Жанчыны салдата зразумелі першыя і дружна падхапілі:

— Ён цябе, мусіць, адпускае!.. То ідзі-і!..

— Я адна не хачу-у!..

— Ідзі-і, Леначка, ідзі-і!.. Ратуйся хоць ты і будзь шчаслівая!!

— Шчэ пясчаніцкіх хлопчыкаў адпусціце! — пракрычала немцу Майсачыха.— І ўсіх нашых малых!..

— Фэрфлюхтэ руссэ!!.— з грымасай пакрыўджанага дабрадзея, які пакутавае з-за свайго характару, салдат са здзіўленнем паціснуў плячыма, бытта сказаў: «Ты глядзі, а ім, выходзіць, гэтага яшчэ мала?!.»

Дзяўчына знікла, а жанчын бытта прарвала. Яны сталі галасіць, абзываць немцаў катамі, вылюдкамі і звярамі. Паліцаі прыняліся малаціць іх прыкладамі. Мужчыны з лапатамі кінуліся жанкам на падмогу. Афіцэр падаў каманду — салдаты адкрылі страляніну і навялі парадак.

Праз паўгадзіны магіла была гатовая.

Усім загадалі распрануцца, вопратку класці мужчынам асобна ад жанчын, збоку ставіць абутак, а яшчэ далей — акрываўленае адзенне. Мацяркі выпрасілі ў афіцэра дазволу ды сыры халодны пясок у яме выслалі цёплымі хусткамі, на іх паклалі сонных дзяцей, пасадзілі большых ды, як наседкі, падабралі малых пад сябе. Зверху жанок абнялі мужыкі (калі мой бацька з матчынымі братамі потым іх раскапалі, каб перахаваць на могілкі, целы так і ляжалі, а зверху ўсіх — дзядзькі Юляк і Волесь).

Стралялі папоўцаў у патыліцы, спіны. Над страшнай крывавай бойняй зноў узняўся жаночы лямант, але паступова згас.

Па немцаў неўзабаве прыкаціла брызентавая буда. З кабіны выбраўся тоўсты фельдфебель з каністрай і адмераў салдатам па кубачку шнапсу, выдаў па кавалку каўбасы. Тады афіцэр папёр паліцаяў звалакчы ў яму і тых, каго забілі ў час страляніны, прысыпаць папоўцаў пясочкам, і пазабіраў лапаты. Затым ён пасадзіў салдат у кузаў, і грузавік ад’ехаў.

Паліцаі адправіліся ў Гарадок на ровэрах. У мястэчку ў гэты дзень яны пахваліліся, што, калі папоўцаў засыпалі, яшчэ варушыўся пясок ды выразна было чуваць, як у яме пішчыць дзіця.

 

8

І чацвёртага чэрвеня прыпякала гэтаксама летняе сонца.

У гэты дзень за Пясчанікамі пастушкі ўбачылі якуюсьці дзяўчыну ў мокрай сукенцы ды з распушчанымі русымі валасамі. Яна брыла па Супраслі супроць цячэння, выбіраючы, дзе глыбей. Напаткаўшы яму, садзілася ў яе, але, убачыўшы, што вада толькі па шыю, усхоплівалася ды брыла зноў.

Згледзеўшы хлопчыкаў, дзяўчына раптам віскнула злым, істэрычным голасам:

— Пацаны, ану — марш адгэтуль! Каму кажу? Марш усім!! Я не хачу, каб вы на ГЭТА ўзіраліся!!

Па голасу дзяўчыну пастушкі адразу пазналі і сыпанулі ў вёску.

— Там Лена — папоўскага Юлька — утапіцца ў Супраслі хоча! — залямантавалі на ўсе Пясчанікі.

Умомант збегліся да рэчкі мужчыны. Але як яны ні шнырылі па кустах лазы, ні паролі тычкамі ў рачныя яміны, як ні глядзелі за купіны — ні дзяўчыны, ні цела не знайшлі.

Мужчыны ўжо ведалі, што з усяе Папоўкі засталася толькі жывой Юлькава Лена. Той-сёй заўважаў, як учора пад вечар ды сёння раніцой сукенка нейкай дзяўчыны мільгала цераз палоскі. Бабы яе нават клікалі, але незнаёмая людзей дзічылася. Цяпер, калі ўпэўніліся, хто гэта быў, усе пачалі шкадаваць, чаму не затрымалі.

Пясчаніцкія мужчыны на балоце пастаялі ды абмеркавалі выпадак. Да паводзін дачкі Дзянісіка адносіліся ўсе з разуменнем. Кожны ўслых выказаўся нават, як бы сябе паводзіў і ён, калі б на вачах забілі ўсю радню ды ён застаўся на свеце адзін, як кол. Быў бы на фронце ці ў партызанах, то пры таварышах, напэўна, забыўся б трохі ў баі ці папрасіўся б на самае небяспечнае заданне і адвёў бы душу, але ж тут?!.

Простыя сяляне ў даным выпадку выйсця для Лены не бачылі. І праўда, ёй, беднай, хоць ты ідзі ды і ўтапіся. Аднак, разыходзячыся, мужчыны доўга яшчэ шукалі па кустах і пералесках, спадзеючыся ўсё ж такі ўбачыць дзявочую постаць ды Лену пацешыць, абагрэць, накарміць ды як-кольвек ратаваць.

А яна аб’явілася толькі аж сёмага чэрвеня ў Гарадку. Дзе гэтыя тры дні прападала, ніхто не ведаў, адно пэўна — ні да сваякоў, ні да знаёмых заглядаць нават не спрабавала.

 

9

Ля камендатуры ў той момант стаяў у начышчаных да бляску хромавых Юлькавых ботах паліцай Дэц. Дзяўчына да яго падышла і надзвычай проста праказала:

— Здрастуйце! Гэта зноў я!

Дэц не паверыў сваім вачам:

— Ты-ы?!.

— Ну.

— Вярнулася?!

— Ага.

— Жыць табе надаела?!

— Надаела.

— Я-ак?

— А — так,— яна ўздыхнула.— Хай і са мной будзе ўсё тое, што было з мамай, татам і ўсімі нашымі. Хачу, каб мяне таксама расстралялі.

— Ты — усур’ё-оз?!.

— Усур’ёз.

У гэты момант на ганак выйшаў апісаны ўжо мной у «Пушчанскай адысеі» амтскамісар, які лупцаваў кульбай бацьку за падсвінкаў. Дэц імгненна паправіў гальштук, абцягнуў пінжак, стаў смірна ды пачаў тлумачыць падзею. Па-нямецку гаварыў ён слаба, а тут служака яшчэ спяшаўся, бо яму хацелася надта ўразіць начальства.

Шчуплы, бялявы, сярэдніх год вайсковец у чыне фельдфебеля слухаў, слухаў яго балбатню ды не вытрываў. Немец паклікаў за перакладчыка яўрэя з тых, што рамантавалі ля камендатуры вуліцу.

Рыжы барадач, выслухаўшы ўважліва дзяўчыну, немцу аб’явіў:

— Вар’ятка яна, гэр шэф!

Фельдфебель нездаволена ўзняў бровы на паліцая ды рэзка пракрычаў:

— На-а?!1

Раззлаваны Дэц трэснуў перакладчыку ў зубы ды пачаў камісару тлумачыць ужо больш талкова:

— Брэша ён, гэр шэф! З той самай Папоўкі яна! З бандыцкай вёскі, што ліквідавала на мінулым тыдні «айнзатцгрупа» з Беластока. З конскіх могілак уцякла, з-пад расстрэлу... Просіцца цяпер, каб яе таксама расстралялі... Чатыры дні швэндалася недзе і кажа — надаела... Адумалася, ха!..

— Ах, зо-о?!.— здзівіўся ўжо і фельдфебель ды прыгледзеўся да дзяўчыны, бытта хацеў яе прызнаць ці лепш запамятаць. На дробным бялёсым тварыку яго з’явілася на момант нават літасцівая грымаса.

Дэц не зводзіў з шэфа адданых вачэй, а камендант хвіліну маўчаў. Можна было нават чытаць яго думкі:

«Пасадзіць бандытку пад арышт ды адаслаць у Беласток дакладную з пытаннем — што з ёю рабіць?»

«Заводзіць валакіту! Месяц давядзецца чакаць адказу — беластоцкія бонзы хіба табе паспяшаюцца?!.»

«Ага, нехта ж дакладваў, што слізняк-афіцэр з «айнзатцгрупы» адпусціў на волю прыгажуню бандытку!.. Расплыўся перад славянкай, гаўнюк!.. Шчэ прыпруць камісію для праверкі і афіцэрыку — трыбунал!..»

Камендант раптам махнуў рукой за агароды і свайму цэрберу закамандаваў:

— Вядзі туды і прыкончы!

— Яволь, гэр шэф! — з гатоўнасцю падхапіў паліцай ды энергічна стукнуў абцасамі.

 

1 Тут у значэнні — і што ты на гэта? (ням.)

10

Дэц вывеў дзяўчыну за платы і пакрочыў з ёю ўздоўж загонаў бульбы да балота. Гледзячы на іх здалёк, ніхто, напэўна, і не здагадаўся б, куды так спакойна ідзе дзяўчына з хлопцам пад гальштукам, у якога цераз плячо вісіць ствалом уніз руская вінтоўка — дакладна гэтак паляўнічыя носяць стрэльбы.

Спакой дзяўчыны, вядома, быў вонкавы.

На душы ў маёй няшчаснай сваячніцы, напэўна, адбывалася тая самая барацьба з сабой, што перажывалі папоўскія мужчыны, разважаючы — кінуць жонак з дзецьмі ды нырнуць у лес ці выпіць горкую чашу разам з імі. Дакладна пра гэта разважалі і пясчаніцкія мужыкі над Супрасляй. Вось і Лена ўсе гэтыя дні з жахам думала пра адно: ратавацца? Але ж як потым глядзець людзям у вочы? Як стане жыць? Як потым будзе глядзець у вочы сваім дзецям?!

Не-е!!! Не-е!!! Не-е, так жыць не хачу-у-у!!! — крычала ў ёй душа, хоць і было вельмі страшна. Бытта ноччу бегла адна з Пясчанікаў праз цёмны лес у сваю Папоўку, хутка перабіраючы нагамі, стараючыся думаць толькі пра тое, што вось-вось дападзе да першай папоўскай хаты і — па ўсім страху. Яна спадзявалася — зараз так будзе і тут...

Адным словам, і ў гэтай здаровай сумленнай маладой сялянкі сувязь роду была гэткая магутная, што пераход для яе ад быцця ў іншую стадыю здаваўся ўжо цяпер надта жаданым ды прагным — бы абязводжанаму ўшчэнт чалавеку з засмяглымі вуснамі, які не можа дачакацца, калі дападзе да сцюдзёнай крыніцы.

Яны дайшлі да самага поплаву, дзе маладое бульбянішча закрывала ўжо чалавека да калена. Дэц кіўнуў дзяўчыне, каб спынілася. Дастаў у цэлафанавай абгортцы пачку цыгарэт «Юньён», запалкі ды стаў закурваць.

Лена зажмурылася, уцягнула ў плечы галаву, прыціснула да грудзей кулакі.

— Што, баішся, ага-а?! — паздзекаваўся паліцай, крытычным вокам агледзеў яе маладое сакавітае цела і зацягнуўся цыгарэтай.— А хто цябе прасіў з’яўляцца?!. К-ка, к-ха!..— закашляўся.— Цяпер — цярпі-і!.. Нічога, я раблю гэта быстра, не пачуеш нават!

Дзяўчына з зажмуранымі вачыма ўся ў напружанні моўчкі чакала стрэлу.

Дэц узглянуў на камендатуру, падумаў, што праз вокны можа глядзець на яго камендант, і ўстрывожыўся. Паліцай скінуў з пляча вінтоўку ды рэзка клацнуў затворам — загнаў у казённік патрон. Набіраючыся злосці, скамандаваў:

— Ану. ...тваю маць, недабітая бандытка, кладзіся!

Лена пакорна ўпала носам у бульбу, закрыла рукамі вушы, патыліцу і адчула, што ў яе агалілася сцягно. Дзяўчына хуценька пацягнулася рукой, каб паспець адзёрнуць сукенку, але ў гэты якраз момант бабахнуў стрэл, і яна аж падскочыла.

Дэц ботам перавярнуў дзяўчыну тварам уверх і над трупам закурыў яшчэ раз. Прыгледзеўся. Толькі цяпер паліцай убачыў, што забітая яшчэ амаль дзяўчынка — і стала бы меншая.

— А ладная, зараза!..— паківаў галавой.

Раптам стала яму весела:

— «Надаела мне жыць!..» Бачыш ты яе?.. Ха!..

Паліцай пакрочыў да камендатуры, стараючыся не ступаць на мокрыя груды, каб не брудзіць ботаў. Паклікаўшы яўрэя-перакладчыка, загадаў:

— Бяры, жыдзе, лапату, марш туды і закапай яе!.. Не лянуйся толькі, глыбока завалі!.. Ды памятай: я шчэ да цябе, рыжая морда, дабяруся, шчэ прыпомню табе тваё ашуканства, юда!.. Ты шчэ не на балоце?.. Адна нага твая тут, другая — там, рук-цук, бягом!..

 

11

Толькі пасля вызвалення, калі Дэц на допыце паказаў следчым, дзе закопана дачка Юлька Дзянісіка, яе перавезлі на могілкі да папоўцаў.

 

1979


1979

Тэкст падаецца паводле выдання: Карпюк А. Выбраныя творы. У 2 т. Т. 1. Данута: Аповесць. Апавяданні. Публіцыстыка / Прадм. У. Калесніка.— Мн.: Маст. літ., 1991.— 463 с.
Крыніца: скан