epub
 
падключыць
слоўнікі

Аляксей Карпюк

Гімн прыгажуні

Кожная жанчына хоча быць прыгожай.

— Мяне, вядома, завуць Маняй,— прызналася адна,— але ў душы я — Брыжыт Бардо!..

Другая запэўніла:

— А мне куды прыемней было б пачуць ад міністра, што я прыгожая, чым атрымаць вестку, што мяне назначылі міністрам!

І вы не смейцеся!

Гэтай уласцівасцю прырода надарыла жанчын, каб абуджаць у нашага брата творчасць для прадаўжэння роду. Таму для стварэння Жанчыны нябёсы ўжылі ўсялюткія запасы, якія знайшлі ў сваіх свяшчэнных скарбонках.

Кажуць, у Індыі багі калісьці сабралі вялізны кансіліум барадатых брамінаў, і тыя доўга ламалі свае сівыя галовы — з чаго ж яе, гэтую самую Жанчыну, зляпіць? Параіўшыся, яны ўзялі журботнасць Месяца, трапятанне сцяблінак травы, голас салаўя, чароўную красу кветак, прыцягальную сілу магніта, лагодную форму слановага хобата, вясёлую радасць сонечных промняў, солад мёду, позірк лані, гарачыню галавешак, нясмеласць трусіка, цвёрдасць дыямента, вернасць дзікай качкі, а тады яшчэ — учэпістасць вусікаў уюнка, згуртаванасць пчалінага рою, плач ліўневых хмар, ганарлівасць павы, холад снегу, гаркату палыну, мсцівасць асы, майстэрства павука, халодную мігатлівасць зорак, хітрасць лісы, дурман опіуму, вераломства жураўля, лютасць тыгрыцы...— і яшчэ шмат чаго — і ўсё гэта старанна перамяшалі, перамяшалі — усе гэтыя семдзесят тры шчадроты — і вылепілі Жанчыну ды падарылі свету.

І вы толькі гляньце, што атрымліваецца!

Жыве сабе такі зухаваты фарсун. Бойка круціць абаранак самазвала, спрытна шліфуе на станку дэталі ці ўпарта грызе граніт навукі, ходзіць на танцы, у кіно...

А трапіць яму раптам на вока дзяўчына — і пацягне з беднага залатыя нітачкі!

Праз дзень успомніць ён усмешку, завіток валасоў ды са здзіўленнем адчуе ў сабе перамену. Хлопцу хочацца завалодаць гэтым скарбам! Але ж розум падказвае — ну, куды ж табе, такому няўклюдзе, завалодаць незямным цудам?!

І пачынаюцца пакуты ды сумненні, покуль ён не скісне ды не апусціць носа так, што і сяброў не заўважае! І от, скажыце, парадокс: прыродзе патрэбны былі мільёны гадоў эвалюцыі, каб чалавек стаў чалавекам, а такая сабе гарэзлівая рагатуння знявечыла ўсё тварэнне прыроды ў адзін момант!

Нарэшце хлопец сабе кажа: ну, няхай гэтая прыгажосць недаступная, дык можна ж марыць аб ёй: сон і мроі — адзінае, адкуль цябе ніхто не прагане! І ён акунаецца ў шчаслівыя мары.

Тым часам хараство дзяўчыны абудзіла ў былым фарсуну і высакародныя пачуцці. Яму неўзабаве хочацца стаць слаўным, каб яна хоць раз зірнула ў яго бок. З-за гэтага ён ужо свет перавярнуць гатовы!

Так, браточкі, самы звычайны цяльпук ператвараецца ў генія.

Каханая выявіла патэнцыю хлопца. Кранутая яго слабасцю, захацела ім апекавацца — абдарыла незямнымі шчадротамі. Наступіла збліжэнне.

Толькі ж рана хлопец узрадаваўся. Не скончыліся, далёка не скончыліся яго пакуты. Яму патрэбен стымул, калі мужчына змірыцца з усім, то табе ляжа і памрэ або сап’ецца. І жонка потым ўсё жыццё яшчэ пілуе, зліць мужа — будзіць у яго энергію да дзеяння:

у інтарэсах сям’і,

для барацьбы за праўду,

на змаганне з ворагамі Радзімы.

Няма дзяўчыны, у якую не закахаўся б хлопец. Бывае — ва ўсім свеце адно ён убачыць яе прывабнасць. Бо кожная Жанчына становіцца прыгажуняй у перыяд здольнасці да мацярынства.

Мой гімн прыгажуні — гімн Маці.

Няважна, што які-небудзь пустальга свой каштоўны дар выкарыстоўвае для іншай мэты; такія падобны на атлёта, што сілу траціць на ламанне саломінак.

То няхай у нас менш будзе векавухаў, якія точаць зубы на дзяўчыну, калі тая падкароціць спаднічку, лішні раз паглядзіцца ў люстэрка або сэканоміць на хлебе ды купіць модную кофтачку: гэта птушкам прырода раз і назаўсёды дала прывабныя пёркі, а прывабнасць кабеты залежыць і ад яе самой! З-за чароўнай Алены загінула Троя, з-за Евы праперлі Адама з раю, з-за прыгажунь былі братазабойчыя войны, але ж прыгажуні далі і пачатак шэдэўрам.

О сімпатычныя, усемагутныя Яраслаўны!

Покуль існуюць на Зямлі людзі, смялей давайце волю святому інстынкту прадаўжэння роду і — скарайце, на ратныя подзвігі натхняйце гэтых грубых, непаваротлівых, таўстаскурых і цельпукаватых мужчын, каб яны ўволю паспыталі:

пакутаў сумнення,

барацьбы,

пошукаў!

Няхай у Вас ніколі не пакрыюцца пылам усе семдзесят тры шчадроты мудрых брамінаў — насіце «міні», апранайце «максі», выдумляйце прычоскі, так і гэтак чапляйце свае банты, мяняйце ўзоры на панчохах, а вашыя хітраватыя вочы няхай то падманваюць позіркам лані, то абдаюць холадам ільду, то прамянеюць сонцам рафаэлеўскай мадонны, то скоўваюць прыцягальнай сілай магніта — нават каханне без узаемнасці вельмі карысна нашаму брату!

Мамы, не бойцеся за сыноў! Няхай яны па вушы ўлюбляюцца ў прыгажунь! Няхай тыя цягнуць з іх залатыя ніткі, і тады болей стане Ньютанаў, Рэпіных, Курчатавых і Шолахавых!

Няхай не будзе скульптараў, якія страцілі пачуццё прыгажосці і запрудзілі, унь, нашы паркі спартсменкамі-сланіхамі!

Дырэктары тэатраў, артысты, стаўце п’есы пра сапраўдных Жанчын, і ў вас будуць перапоўненыя тэатры!

Пісьменнікі і паэты, пішыце творы з Наташамі Растовымі ды Аксіннямі Астахавымі — і вашы кніжкі не залежацца!

Мастакі, хочаце славы? Малюйце прыгожых жанчын!

Зняць усім шапкі перад Жанчынай! Яна на свет пусціла, выкарміла ды на залатых руках вынасіла сакратара абкома і настаўніка, інжынера і будаўніка, касманаўта і ўвесь свет — хвала ёй і павага мужчын цэлай планеты!

Як сказаў Расул Гамзатаў:

 

О Женщины!

Мне Ваши косы чудятся тугие,

Мне Ваши речи нежные слышны.

Но все, что здесь сказал Вам, дорогие,

Храните в тайне от моей жены!


1962-1977

Тэкст падаецца паводле выдання: Карпюк А. Свежая рыба : Аповесці і апавяданні. Мн.: Маст. літ., 1978. - 368 с.
Крыніца: скан