epub
 
падключыць
слоўнікі

Аляксей Карпюк

Голас

Мне скончылася шаснаццаць гадоў. Пачала хадзіць у сіняй блузе ды чырвонай касынцы. Стала ўжо неспакойна ўздыхаць, цікавіцца танцамі ды чагосьці чакаць, выглядваць...

Аднойчы вешаю на двары свой мокры камбінезон ды раптам чую голас.

Гэта — ЁН! — устрапянулася ва мне нешта, і я абмерла.

Адразу і закахалася.

Ён быў п’яніца і, здаецца, распуснік, хадзіў заўсёды з брудным каўняром на плашчы, у зашмальцаванай кепцы, але мне, такой чысцюлі, чамусьці не перашкодзіла гэта ані трошкі. Наадварот, усё ў ІМ здавалася мілым, чароўным, прывабным і значным. І стала я цяпер кожны дзень мыць ды выносіць сушыцца свой камбінезон, бялізну, абы пачуць ЯГО яшчэ раз.

Нарэшце ЁН зрабіў ласку — звярнуў на мяне ўвагу. Падараваў нават яблык. Толькі сам чамусьці ніколі больш на нашым двары не з’явіўся; мажліва, што яго ўзялі ў армію, а мо трапіў і ў турму — не было мне ў каго спытацца.

Маленькае чырванабокае яблыка я паклала ў запаветнае месца і ледзь не малілася на яго, покуль яблыка не згніло і не стлела зусім.

З той пары праляцела ўжо больш як сорак гадоў. Я ніколі не даведалася нават, як ЯГО зваць. Але выразна памятаю ЯГО голас. Памятаю яго з усімі адценнямі і нюансамі. Часамі і цяпер яшчэ імі жыву.


1962-1976

Тэкст падаецца паводле выдання: Карпюк А. Свежая рыба : Аповесці і апавяданні. Мн.: Маст. літ., 1978. - 368 с.
Крыніца: скан