epub
 
падключыць
слоўнікі

Аляксей Карпюк

Грыбы

Жыў я ў доме творчасці і выбраўся па грыбы.

У лесе спатыкаю з кошыкам у руках свайго рэдактара. Гляджу, а ён ледзь не наступіў на два баравічкі і, як нічога не бывала, паўзе сабе далей — от сляпак!

— Ай, Уладзімір Мікалаевіч, прамазалі! — папракаю яго ды ныраю падбіраць грыбы.

— Ну цябе к чорту! — раззлаваўся не на жарты чалавек.— У мяне свая сістэма збірання, я яшчэ хацеў ісці назад і падабраў бы, ды нанесла цябе якраз!

Заўтра нам давядзецца сядзець разам над маім рукапісам. Халера, каб не пашкодзіла мне гэта для кніжкі?!

— Ладна, бярыце, калі так...

Але ён паказвае фанабэрыю — маўчыць і да грыбкоў не падыходзіць.

— Тады няхай нікому не будуць! — уздыхаю са шкадаваннем.

— Ну і няхай застануцца тады! — адыходзіць абражаны рэдактар.— Вечна ты ўлезеш не ў сваё ды сапсуеш песню!

Але, скажыце, які магутны ў чалавека інстынкт збірання! Адышоўся я крыху — і мяне разабрала. На якое ліха паддаюся, чаму іх пакінуў? Ну і што, калі ён — рэдактар? З-за гэтага зарэжа мне кніжку? Хай толькі паспрабуе! А грыбы мае! Хто іх першы ўбачыў? «У мяня свая сістэ-эма!..» Проста ты слепаваты, табе дома сядзець, а не па лесе хадзіць!.. І куды гэта я ўлажу, якія песні псую?! З табой яшчэ паваю-у-ю!..

Асцярожна выбіраюся з гушчару ды крадуся да баравічкоў. Яшчэ здалёк бачу іх белыя карэньцы ды бардовыя шапкі. Зірк — а з другога боку ледзь не папластунску паўзе да іх і... фанабэрлівы рэдактар. Паўзе нязграбна, насцярожана ды ўважліва разглядаецца. Раптам бачыць мяне.

Нямая сцэна!


1962-1967

Тэкст падаецца паводле выдання: Карпюк А. Свежая рыба : Аповесці і апавяданні. Мн.: Маст. літ., 1978. - 368 с.
Крыніца: скан