epub
 
падключыць
слоўнікі

Аляксей Карпюк

Інструкцыя

Дванаццатая гадзіна ночы. У рэстаране — імяніннікі, камандзіровачныя, а мо нават — звычайныя гультаі. Усе ў касцюмах, пад гальштукамі...

Нясмела ўваходзіць у бліскучай ад саляркі спяцоўцы пажылы мужчына. Афіцыянткі не пускаюць яго да стала, і ён кліча адміністратара.

— Я — экскаватаршчык,— стомлена ўздыхае чалавек.— Прыгнаў у ваш горад экскаватар з Цярнопаля, з Заходняй Украіны. Чацвёра сутак у дарозе!.. Халерную машыну заносіла, цэнтроўка ў ёй няправільная!.. Быў увесь час на сухім... Хацеў у сталовую ды, ліха на іх, усе зачыненыя!.. Мне б якой-небудзь стравы крыху ды чаю пару шклянак...

— У такім вы-ыглядзе?! — прыходзіць у жах франтаваты адміністратар.

— Прабачце, вопраткі іншай не маю — не вазіць жа яе мне з сабой!.. Вы мяне ў куточак прымасціце куды-небудзь, я ўсё разумею, ніхто мяне не ўба-ачыць!..

Адміністратар б’е сябе кулаком у грудзі:

— Не маю права!

— Хто вас цяпер таго права стане пытацца?

— У мяне інструкцыя!

Ад думкі, што і тут застанецца ні з чым, экскаватаршчыку захацелася есці яшчэ мацней. Ён з роспаччу абводзіць вачыма хмельныя твары, рухомыя сківіцы, што ляніва перажоўваюць адбіўныя ды чагосьці рагочуць, і яму пачынае здавацца: ён сніць, што на віду ў людзей тане, а праз сон да яго далятае смех і нечые словы:

«Не маю пра-ава!.. Інстру-укцыя!..»


1962-1976

Тэкст падаецца паводле выдання: Карпюк А. Свежая рыба : Аповесці і апавяданні. Мн.: Маст. літ., 1978. - 368 с.
Крыніца: скан