epub
 
падключыць
слоўнікі

Аляксей Карпюк

Як я ставіў тэлефон

Перабраўшыся на новую кватэру, пачаў я думаць, як мне паставіць тэлефон. Усе, ад каго гэта залежыць, добра знаёмыя людзі. Кожны пры мне некуды звоніць і загадвае неадкладна знайсці свабодны нумар ды тэрмінова ўстанавіць пісьменніку К. апарат. Звоніць гэтак адзін, звоніць другі, трэці, але нічога не дапамагае.

Не верачы больш у нешта рэальнае, заходжу да начальніка гарадской канторы сувязі. Бачу яе ўпершыню і шчыра здзіўляюся:

— Гм, ніколі не падумаў бы, што вы — начальніца!

— Чаму-у?

— Такая маладая, прыгожая...

— Скажаце вы...

Сімпатычная жанчынка разгубілася. У той жа час я выразна бачыў, што мае словы зрабілі ёй вялікую прыемнасць і яна ўся аж засвяцілася ад радасці. Мы пагаварылі некалькі хвілін.

У горадзе я трохі затрымаўся ды пра выпадак забыў. Вяртаюся дамоў — і сам сабе не веру: у маёй прыхожай блішчыць новенькім пластмасавым корпусам тэлефонны апарат!


1962-1976

Тэкст падаецца паводле выдання: Карпюк А. Свежая рыба : Аповесці і апавяданні. Мн.: Маст. літ., 1978. - 368 с.
Крыніца: скан