epub
 
падключыць
слоўнікі

Аляксей Карпюк

Як мяняецца час

Сяджу ў Шарамецьеўскім аэрапорце, чакаю пасадкі, з увагай азіраюся, разглядаю аэрадром.

На гарызонце — са страшэнным ды глыбокім, як акіян, громам уразаецца ў неба сталёвая і бліскучая сігара, і вось ужо за ёй толькі расплываецца інверсіўны след — гэтае «факсіміле стагоддзя».

Бліжэй агромністыя скрэперы ды бульдозеры раўняюць пляцоўку.

Вунь наш МАЗ з зубром на радыятары ўчапіўся за вялізнага ТУ і, як кузурка слана, валачэ, валачэ, валачэ яго да стартавай паласы.

А там два МАЗы прыладжваюцца ўжо да наступных сігар. Адна з іх, мабыць, мая...

Дзіва! У часы майго дзеда чалавеку з якой-небудзь Тулы ў Маскву трэба было мэнчыцца ў карэце цэлымі суткамі, а ўжо да нашага Мінска ці Гродна людзі брылі па лужах, трасліся на лясных калдобінах з добры тыдзень, а то і два. Я ж нават не палячу — куды там! Мяне во гэтаксама зараз выстраліць у нябесную высь такая ж сігара па балістычнай траекторыі, і я з імклівасцю аднаго маху, усяго за гадзіну дабяруся дадому, а за гэты час на мяне не паспее сесці нават і пылінка.

— Ліха на яго, якая выгода, якая тэхніка! — дзіўлюся ўголас.

— Што-о? — насцярожваецца малады і барадаты мой сусед з моднай папачкай на каленях.

— Тэхніка, кажу, каласальная, што нельга асягнуць і душой! Як мяняецца час, з якой выгодай людзі сталі падарожнічаць!..

— Тэхніка?

— Хіба ж не?! Азірніцеся вакол, малады чалавек!.. А што будзе яшчэ праз адно пакаленне, з якой раскошай і хуткасцю нашыя ўнукі будуць лётаць? Не ўяўляю сабе!

Сусед на мяне глядзіць, як на вар’ята.

— Гм, знайшлі чым захапляцца! — бурчыць ён.— Роўна ў восем гадзін мне, хоць памры, трэба чытаць лекцыю на сімпозіуме ў Ленінградзе, а я тут цэлых паўтары гадзіны чорт ведае чаго тырчу і ніяк не выберуся! А колькі туды? Якіх-небудзь няшчасных шэсцьсот кіламетраў, цьфу!..


1962-1967

Тэкст падаецца паводле выдання: Карпюк А. Свежая рыба : Аповесці і апавяданні. Мн.: Маст. літ., 1978. - 368 с.
Крыніца: скан