epub
 
падключыць
слоўнікі

Аляксей Карпюк

Какетка

У купэ з намі — сімпатычная кабетка. Кофтачка на ёй модная, прычоска зроблена з густам, твар і шыя — свежыя, голас прыемны і маладжавы. Але ж маладзічка... гарбатая. У кампаніі з ёю мы з таварышам едзем у Маскву.

На дзіва, жанчына заігрывае з намі. І што вы думаеце? Ад суседкі ідзе такая абаяльнасць, што мы паступова перастаём заўважаць яе калецтва. Робімся галантнымі, пачынаем адказваць на залёты. Справа даходзіць да таго, што пад канец падарожжа мы бессардэчна топім адзін аднаго, абы паказацца перад спадарожніцай.

І вось поезд наш спыняецца на Беларускім вакзале. Пасажыры выходзяць. Выходзім і мы, вырываючы адзін у аднаго суседчыны чамаданы. Яна спераду плыве каралевай.

На пероне нас сустракае яе муж — высокі і стройны хлопец.

— Прыехала? — пытаецца ён без энтузіязму.— Ну, як дарога, не стаміла цябе надта?

— Цудо-оўна! Ой, Рома, ведаеш, мне трапіла такая кампанія элегантных маладых людзей, мы так выдатна правялі час, нам та-ак было весела!..— І нявінна кажа: — Знаёмся, мае новыя сябры!..

Убачыўшы нас, твар у мужа насцярожана выцягваецца, а вочы ад здзіўлення шырока раскрываюцца.

І тут мы абодва зразумелі, як яна нас абвяла: усе яе намаганні ў купэ былі дзеля аднаго гэтага позірку.


1962-1976

Тэкст падаецца паводле выдання: Карпюк А. Свежая рыба : Аповесці і апавяданні. Мн.: Маст. літ., 1978. - 368 с.
Крыніца: скан