epub
 
падключыць
слоўнікі

Аляксей Карпюк

«Класік»

Гэты літаратурны клешч трыццаць гадоў таму назад выдаў адну брашурку памерам у два аркушы. З таго часу ездзіць па ўсім Саюзе ў творчыя камандзіроўкі, жыве ў найлепшых гасцініцах, харчуецца ў дарагіх рэстаранах і кожны год па тры разы бывае ў дамах творчасці: Перадзелкіне, Малееўцы, Каралішчавічах, Дубултах, Адэсе. Малы, хілы, зморшчаны...

Пра яго ходзяць анекдоты, але я да сённяшняга дня не меў магчымасці пераканацца, наколькі яны праўдзівыя.

Зараз ён прыехаў да нас на пленум, жыве ў люксе і вядзе мяне да сябе ў нумар.

Заходзім.

На крэслах ватнія халаты.

На этажэрцы акуратна ў папках складзены рукапісы (?). На стале штук восемдзесят кніжак, якія яму падарылі аўтары на працягу трыццаці гадоў.

У кубачках — з дваццаць востра заточаных алоўкаў. Тут жа розныя гумкі, клей, нажніцы, пачкі выдатнай паперы, партатыўная друкарская машынка...

Пад настольным шклом чытаю лозунгі:

ТОЛЬКІ САМАЕ ГАЛОЎНАЕ, НІЧОГА ЛІШНЯГА!!!

УЛАДАЮ ДНЁМ СВАІМ!

Гаспадар бачыць, што я ўважліва ўсё разглядаю, прамянее ад радасці ды паказвае надпісы на халатах:

— Гэта — падарунак узбекаў з 1954. А гэта — казахі далі ў 1956. А то — бурка ад асяцінцаў...

І ўсё гэта ён валочыць з сабой у камандзіроўкі? Божа, мілы!..


1962-1976

Тэкст падаецца паводле выдання: Карпюк А. Свежая рыба : Аповесці і апавяданні. Мн.: Маст. літ., 1978. - 368 с.
Крыніца: скан