epub
 
падключыць
слоўнікі

Аляксей Карпюк

Ля казармы

Ля аграмадных варот — паласаты «грыб». Побач двое вартавых трымаюцца за рамяні ад аўтаматаў ды фліртуюць з дзяўчатамі. Нядзеля, камандзіраў блізка няма, а тут яшчэ цёпла, радасна свеціць сонца, шчабечуць ластаўкі.

Весела, гулліва, з выклікам бліскаюць вочы і зубы.

Зводдаль назіраюць за фліртам яшчэ два салдаты. Ім таксама хочацца, каб дзяўчаты зірнулі на іх. Толькі як жа ты гэта зробіш? І хлопцы пачынаюць спаборнічаць, хто з іх... даўжэй выстаіць на адной назе.

Я гляджу праз акно з клуба часці, і мне з трэцяга паверха добра відаць, як абодва салдаты стаяць з падкурчанымі нагамі, нібы буслы. Стаяць дзве хвіліны, тры...

У памяці маёй адразу ўзнік выпадак з мінулага года. Ішлі мы з дачкой па Варшаве, а перад намі крочыў юнак — ды неяк ненатуральна, хістка, нібы па дроціку ці хто яго спутаў.

«Тата, глядзі!» — пырснула раптам дачка ды паказала на ногі паляка.

Хлопец ішоў на жаночых «шпільках».

Ад таго, што мы заўважылі яго арыгінальнасць, твар худзенькага юнака аж расплыўся ў шчаслівай усмешцы.

А зусім нядаўна назіраў я і не такое дзіва.

Супроць нашага педінстытута сустрэў я трох волатаў з буйнымі шавялюрамі ды расхрыстанымі кашулямі. Мускулістая грудзіна ў крайняга кідалася ў вочы здалёк, а з яго магутнай шыі звісалі канцы нейкага шнура. Хлопцы крочылі памалу, упэўнена, ні на каго не пазіраючы, аднак сустрэчныя дзяўчаты чамусьці з жахлівым віскам кідаліся ад іх у бакі, а потым праводзілі кавалераў вачыма, у якіх гарэла ўжо вясёлае захапленне.

Толькі падышоўшы ўпрытык, я разгледзеў, што за «шнурочак» у крайняга волата. На ружовым целе атлета спакойна разлёгся балотны вуж, пытальным знакам выгнуў тонкую шыйку, выставіў раздвоены язычок ды блішчастымі вочкамі глядзеў на свет.

Прыйшлі мне на памяць і свае конікі, што я выкідваў у юнацтве.

Прайшло хвілін дваццаць, я зноў выглянуў праз акно, а салдаты ўсё так і стаялі з падкурчанымі нагамі. Ужо нават пачалі, бедныя, хістацца.

Перавёў позірк на вароты, а нездагадлівыя дзяўчаты з вартавымі па-ранейшаму нешта шчабечуць.

Захацелася выбегчы ды накрычаць на іх:

«Бессардэчныя, зірніце вунь туды!»


1962-1976

Тэкст падаецца паводле выдання: Карпюк А. Свежая рыба : Аповесці і апавяданні. Мн.: Маст. літ., 1978. - 368 с.
Крыніца: скан