epub
 
падключыць
слоўнікі

Аляксей Карпюк

Мая Джамалунгма

1
2
3
4
5
6
7
8
9
10
11
12
13
14
15
16
17
18
19
20
21
22
23


1

Яшчэ ў часы прыгону адзін памешчык выменяў недзе на поўдні на гончую сабаку краўца па прозвішчы Карпюк, прывёз яго ў сваю вёску Страшава, Ваўкавыскага павета, і ажаніў з цяжарнаю пакаёўкай.

Калі адмянілі прыгоннае права, кравец атрымаў вольную. Пачаў абшываць вёску. Зойдзе да адной хаты, пажыве з тыдзень, пакуль не скончыцца работа, тады ідзе да другой.

Страшаўскія бабкі нам, малым, апавядалі, які кравец быў жартаўнік:

— Дзеці, прынясіце жменьку попелу, будзем іголку вастрыць!

Тыя прыносяць. Ён водзіць, водзіць па попеле іголкай,— раз! і ўколе ў руку: «А што, вострая?..»

А то ў адной хаце нявесткі пачалі варыць абед і пасварыліся. Гаршчок сабе кіпіць, нявесткі ходзяць за нечым то з хаты, то ў хату, маўчаць, надзьмутыя, а спытацца адна ў адной, ці пасолена страва, не дазваляе гонар.

Вярнуліся мужчыны з малацьбы. Пасела сям’я снедаць. Прытчэйшыя зачэрпнулі па лыжцы стравы ды тут жа скрывіліся і выплюнулі яе.

— То хіба і ты саліла? — вінавата спыталася адна маладзіца ў другой.

— Саліла...

— Што ж ты нарабі-іла!..

Стары кравец іх перабіў:

— А я падумаў, сёння такое свята: бачу — усе соляць, пасаліў і я!

У краўца было два сыны. Старэйшы быў заядлы паляўнічы і адчайны чалавек.

Аднаго разу малодшы пасвіў валоў і заснуў. Валы залезлі ў панскае жыта. Пан загадаў адмераць пастуху дваццаць бізуноў.

Вяртаецца паляўнічы з пушчы, а яго брат ляжыць у гумне на саломе і енчыць: у яго спаласавана ўся спіна. Зазлаваў старэйшы брат і пайшоў у маёнтак.

Пан з ганка пытаецца:

— Каго табе?

— Цябе! — адказаў хлапец.

Ён узяў за рулю стрэльбу ды так жарнуў пана па жываце, што той тут жа і памёр.

З таго часу старэйшы сын краўца некуды знік, і пра яго больш ніхто не чуў нічога. А гэты, малодшы, па імені Аляксей, і стаў маім дзедам.

Аляксей стаў потым лесніком і служыў гадоў сорак. Жалаванне капіў, а калі распрадавалі ў Страшаве маёнтак, купіў сабе ўчастак зямлі. Памёр у 1897 годзе.

У майго дзеда было два сыны: мой бацька Нічыпар, 1892 года нараджэння, і на пяць гадоў старэйшы Аляксей. А яшчэ дзед меў пяць дачок. Старэйшы сын падаўся ў Беласток на заробкі, стаў прыказчыкам. Потым адтуль пераехаў у Маскву і жыве там да сённяшняга дня.

У першую сусветную вайну сям’я Карпюкоў, ратуючыся ад немцаў, эвакуіравалася ў Расію.

Майго бацьку ўзялі на фронт. Вайну ён праслужыў наводчыкам трохдзюймовай гарматы, два разы быў ранены. У 1918 годзе, пасля дэмабілізацыі, бацька знайшоў у Расіі маці з сёстрамі, завёз іх у Страшава. Хацеў вяртацца назад у Савецкі Саюз, ды к таму часу ўстанавілася цвёрдая граніца паміж Польшчай і Савецкім Саюзам.

Так ён і застаўся ў сваім Страшаве.

Праз год бацька ажаніўся з Марыяй Міхайлаўнай Дудзік, з суседняй вёскі Бялявічы.

Хутка бацькава маці памерла. Сёстры павыходзілі замуж, параз’язджаліся. І бацька застаўся адзіным гаспадаром на даволі вялікім кавалку зямлі.

У бацькоў было нас два сыны: я, з 1920 года нараджэння, названы ў памяць дзеда Аляксеем, і на два гады маладзейшы брат Валодзя.

У 1932 годзе мы з вёскі пераехалі на хутар, пад лес Ліпнікі, ля самай чыгункі Беласток — Ваўкавыск.

 

2

Мы мелі 18 гектараў зямлі і 13 — балота. Зямля была пясчаная, камяністая,— каб невядома якая ліла навальніца, а лужаў не бывала нават у барознах. І балота — суцэльны тарфянік. Наколькі я памятаю, мы заўсёды трымалі аднаго каня, дзве-тры каровы, пяць-шэсць авечак і некалькі свіней. Зямлю абраблялі сваёй сям’ёй. Толькі часамі ў дажджлівую восень наймалі жанчын капаць бульбу.

Успамінаючы дзяцінства, я сябе амаль не бачу сярод равеснікаў за гульнямі. Толькі запомнілася, як у спякотнае лета ные спіна, салёны пот засцілае вочы, а ты з перавяслам у руках з сумам і надзеяй пазіраеш на неба: калі ж, урэшце, пойдзе той дождж, каб можна было залезці ў бабкі, паляжаць... А то, памятаю, хацелася захварэць, каб адпачыць, выспацца.

А ўвосень ці зімою варта было мне ўцячы да сяброў, каб пакатацца на санках ці пагуляць у пікара, маці крычала з акна:

— І не сорам табе! Няхай ужо яны галёкаюць... Ты ж у школу ходзіш, а паводзіш сябе бы невук! Марш дамоў, а то бацьку паклічу!

І я вяртаўся з вуліцы, сёк дровы ці браўся за кніжку.

Ад нашага хутара да бліжэйшага мястэчка Гарадок было 6 кіламетраў. Там мы вучыліся з братам.

Ішлі ў школу толькі тады, калі напасвім кароў. І ішлі не з аднымі кніжкамі. Кожны дзень мы неслі ў горад па 6—7 літраў малака. А з бутэлькамі гэта — паўпуда! Насілі дзень у дзень, зімой і восенню, і гэтак да сёмага класа.

Я тады часта прастуджваўся, і ад хранічнага катару ў мяне зусім атрафіравалася абанянне. З дванаццаці год і да сённяшняга дня кветкі і бензін для мяне пахнуць аднолькава.

У маім класе з сялянскіх дзяцей вучыліся толькі я ды Сашка Кандрусік з Гарадка, а рэшта былі сынкі польскіх чыноўнікаў, яўрэйскіх фабрыкантаў, крамнікаў і іншай дробнай буржуазіі. Зрэбная кашуля, розныя гузікі на ёй, босыя ногі ці не так вымаўленае польскае слова выклікалі ў маіх аднакласнікаў насмешку.

Мною ў класе ганьбавалі. Настаўнікі глядзелі на мяне з цікавай варожасцю, як на выхадца са славутай вёскі, якую паліцыя называла «чырвоным гняздом». Я ўзненавідзеў і школу, і настаўнікаў, і тое, чаму яны вучылі. Хадзіў туды, бо баяўся бацькі. Глядзеў на сваю вучобу, як на няшчасце, нешта часовае, і ўсё чагосьці чакаў, чакаў...

 

3

Бліжэйшым культурным цэнтрам ад нас было мястэчка Гарадок. Яно мела і гміну. Не раз прыязджалі прадстаўнікі польскай улады, збіралі сялян, нагаворвалі іх прылучыцца да гміны ў Гарадку, але маім землякам выгадна было трымацца ад улады на дыстанцыі. Мужыкі моўчкі слухалі прамоўцаў, курылі, уздыхалі. Калі ж справа даходзіла да галасавання,— дружна паднімалі рукі супраць.

За якіх трыццаць пяць кіламетраў ад нашага Страшава знаходзіўся Беласток. У рэвалюцыю 1905 года на яго барыкадах казакі арыштавалі некалькі страшаўцаў з чырвонымі бантамі. Гэтыя людзі вярнуліся з катаргі загартаванымі рэвалюцыянерамі толькі ў грамадзянскую вайну. Потым яны адышлі на ўсход, калі Чырвоная Армія адступала з-пад Варшавы, але пакінулі тут рэвалюцыйны дух.

На хутары страшаўцаў перасялялі з паліцыяй.

Падаткі спаганялі таксама з паліцыяй.

Многія мае аднавяскоўцы былі дзёрзкія да ўрада, бо ведалі: на ўсходзе ёсць магутныя заступнікі. Пагражала хлопцу турма за палітычную дзейнасць — ён уцякаў на ўсход. З гарачкі ажэняцца маладыя, убачаць, што ў іх ні кала, ні двара, ні работы — бягуць на ўсход; там усім хопіць і работы і прытулку. Тыя, хто ўцячы не мог, пацяшалі сябе: нічога, тут Пілсудскі, але і ў нас ёсць Радзіма.

Ва ўяўленні нашых людзей Радзіма тая была раем на зямлі, дзе цякуць малочныя рэкі, людзі ходзяць у шаўках і жывуць у палацах. Ого, савецкія людзі ўсё могуць.

Нельга было выжыць пырнік з палёў, то скрыжавалі яго з пшаніцай і здымаюць па сто цэнтнераў з гектара!

Пачынаецца засуха ў якім-небудзь раёне? Нічога! Рускія вучоныя пашлюць туды дажджавыя хмары.

Пагражаюць бальшавікам японцы? Няхай заварушацца толькі! Савецкія інжынеры выкапаюць канал, пусцяць па ім Ледавіты акіян і японцаў прымарозяць!

Маўчаў бы лепш і немец, бо толькі загадаюць Тэльману — і заўтра ж будзе ў Германіі рэвалюцыя!

І Пілсудскаму паголяць вусы, няхай толькі паткнецца!..

Вера людзей была святой да наіўнасці, упартай да смерці, часамі гранічыла з сектанцтвам.

І мой бацька ў сваёй веры быў цвёрды да слепаты. Ён рэвалюцыйны дух прынёс яшчэ з арміі, у вёсцы арганізаваў ячэйку кампартыі, потым — камсамола.

Памятаю, за мяжу ўцёк стары халасцяк Раман з суседняй вёскі Зубкі, але праз два месяцы вярнуўся. Прыйшоў да бацькі пануры, маўклівы, пастарэлы. Я сядзеў ля печы, стругаў палена: мяне мужчыны не таіліся.

— Ну, расказвай, як там? — спытаўся бацька.

І Раман пачаў расказваць, што ў Саветах жанчыны ходзяць у галёшах на босую нагу... А ў магазінах — чарга... за чорным хлебам...

— А-а, мярзотнік, ужо купілі цябе паны! — абарваў яго бацька.— Прэч з маёй хаты, прадажная шкура!

Раман заплакаў і пайшоў.

Паліцыянты азалацілі б Рамана, каб ён згадзіўся расказваць публічна, што бачыў за мяжой. Толькі ён не сказаў больш нікому ні слова, але сам не мог перанесці душэўнага разладу. З нашай хаты ён пайшоў за зубкоўскія гароды і ўтапіўся. Аб сіле яго волі можа сказаць толькі рэчка, у якой ён, цвярозы, прыняў смерць. Ёй людзі не прыдумалі нават назвы. У самым глыбокім месцы яна мела семдзесят сантыметраў глыбіні — сам мераў.

 

4

Тады і здарыліся выпадкі, якія на ўсё жыццё ўразілі маю душу.

Выпадак першы. Як звычайна, валокся я з бутэлькамі малака ў школу. Са мной крочыла Ніна — дачка найбагацейшага страшаўца, Ігнатавага Арсэніка. Якраз ноччу падпольшчыкі спалілі гумно ў аднаго дзядзькі, бо ён купляў з распрадажы рэчы, якія забіралі за падаткі. Пад Гарадком, ля спаленага гумна, мы раптам убачылі на вярбе чырвонае палотнішча сцяга. Калі мы прайшлі яшчэ крокаў сто, нас спаткаў на веласіпедзе доўгі, як п’яўка, у сінім мундзіры паліцыянт Лукашэвіч з Гарадка. Ніна ішла ўперадзе мяне, і ён яе спытаўся, ці не бачыла сцяга. Апусціўшы вочы, Ніна кінула:

— Не!

Тады ён пад’ехаў да мяне і спытаўся пра тое самае. Мяне нібы загіпнатызавалі. Я адчуў яго ўладны позірк, мая воля раптам растаяла, і я сказаў, дзе вісіць сцяг.

Ніякага значэння маё прызнанне не мела, бо паліцыянт праз мінуту ўбачыў бы сам чырвонае палотнішча на фоне зялёнай лістоты, калі ўжо пра яго ведаў і ехаў здымаць. Але для мяне тут была справа прынцыповая. Потым што б я ні рабіў у падполлі, у партызанах, у салдатах, я ўспамінаў хвіліну сваёй слабасці на пясчаным тракце пад Гарадком, і кожны раз мне здавалася, што зрабіў мала, каб акупіць свой ганебны ўчынак.

Выпадак другі. У Страшаве самым распаўсюджаным педагагічным сродкам, якім бацькі дабіваліся належнага выніку ў выхаванні сваіх нашчадкаў, была папруга. Бацька наш быў суровы, і мы з Валодзькам каштавалі яго папругі даволі часта.

Аднаго разу за нейкую шкоду бацька накруціў мне добра вушы ды яшчэ ўзяўся за яе, але я ўцёк да суседа — халасцяка Антончыка. Там было некалькі мужчын. Увайшоў яшчэ адзін хлапец ды стаў апавядаць навіну, бытта падпольшчыкі атрымалі інструкцыю, каб ачысціць рады партыі і камсамола ад кулакоў. Не бачачы мяне, нехта заўважыў, што найбольш зямлі мае Нічыпар Карпюк — сам сакратар партарганізацыі. Я не ведаў, што ў бацькі былі і асабістыя ворагі. Яны цяпер і пачалі злараднічаць:

— Ага, арганізаваў ячэйку, а самога выключаць з партыі!

— Так яму і трэба, разумнаму надта!..

Вярнуўся я дамоў, а тут бацька мне даў папругі яшчэ і за тое, што недзе лётаю і не вучу ўрокаў. Але цяпер я не заплакаў, а кінуў помсліва:

— Ага, а цябе з партыі выкінуць, бо ты — кулак!

І раптам я ўбачыў, як ад маіх слоў бацька змяніўся ў твары. Ён паглядзеў на мяне так, што маё сэрца ледзь не разарвалася.

— Дык што ты ведаеш? Што? — прашаптаў ён бы не сваімі вуснамі.

Я аб усім сказаў і заплакаў.

Відаць, найбольш пакрыўдзіць бацькоў могуць толькі дзеці. Усё жыццё ў мяне стаіць перад вачамі пакрыўджаны бацькаў твар... Не цешыць і тая ісціна, што на памылках вучымся.

 

5

Гады 1932, 1933, 1934-ты былі гадамі самай актыўнай дзейнасці КПЗБ у нашай мясцовасці.

Вакол Страшава сінелі лясы, у Гарадку існавала з дзесяць тэкстыльных фабрычак. Забастоўкі лесарубаў, возчыкаў, забойствы правакатараў, сутычкі з паліцыяй былі тады звычайнай з'явай. Усе падзеі адбываліся на маіх вачах. Часамі прымаў у іх удзел і я.

Зімой за арганізацыю забастоўкі лесарубаў, якой кіравала КПЗБ, мой бацька быў першы раз пасаджаны ў ваўкавыскую турму.

Цэлую зіму гаспадарыла адна маці, а я з Валодзькам ёй памагаў як толькі мог. Незнаёмыя людзі прывозілі нам на хутар дровы. Малацілі нашае збожжа. Збіралі бацьку грошай на адваката. Нават заставаліся ў нас нанач, каб не баяліся мы спаць.

Той час, калі гэтак выразна адчуў людскую салідарнасць і спагаду, цяпер успамінаецца мне як нейкае вялікае шчасце.

Скончыў я сямігодку.

Каб вучыцца далей, трэба было мець шмат грошай. Вучоба ў гімназіі каштавала з утрыманнем прыкладна 70 злотых у месяц, многа гэта ці мала? Столькі каштавала тады адна карова...

Пра гімназію мне нельга было і думаць, і я задумаў уцячы ў СССР.

Начытаўшыся Ната Пінкертона і Шэрлака Холмса, летам 1934 года я падгаварыў Васю Курцэвіча з Валіл, з якім некалькі год сядзелі за адной партай. Мы запасліся харчамі ды падаліся на ўсход.

Граніцы перайсці мы не змаглі. Шукаючы яе, цэлы тыдзень праблукалі ў палескіх балотах ля Ганцавіч і Морачы. Згаладалых, абарваных і да крыві скусаных камарамі нас злавілі польскія пагранічнікі ды перадалі паліцыі.

Суд у Клецку даў нам па тры месяцы ўмоўна. Крыху патрымаўшы у нясвіжскім замку і ўсыпаўшы як след на дарогу, нас адправілі дамоў.

Вярнуўся я ў Страшава героем. Падпольшчыкі цяпер мяне адразу прынялі ў камсамол.

І пацякло маё ранняе юнацтва. Я памагаў бацьку на гаспадарцы, займаўся падпольнай работай. У апошнім, вядома, тады я бачыў толькі рамантыку.

Ноччу мы недзе збіраліся — у лесе, на балоце. Кудысьці ішлі на спатканне з чалавекам, якога потым ніколі ў жыцці не бачылі.

Хавалі ў гумнах, перапраўлялі ў суседнія вёскі нейкіх людзей.

Пераносілі пакеты кніжачак, брашур, пракламацый. Браліся не раз калектыўна чытаць падпольную літаратуру, ды мова яе была для нас занадта вучонай. Не даслухаўшы, мы прымалі ўсё на веру. Толькі нямногія хлопцы на ляту схоплівалі доўгія вучоныя фразы, потым імі бравіравалі, а мы, слухаючы іх, заміралі ад таямнічага і незразумелага сэнсу і зайздросцілі.

Затое ўсе мы дружна білі правакатараў, падпальвалі іхнія будынкі. У Страшаве нас было 5 камсамольцаў, а на нашу вёску і Бялявічы — 4 члены партыі, але менавіта мы задавалі тон цэлай акрузе.

Мы давалі клятву ніколі не піць гарэлкі і не курыць — і клятву нашую падхапілі сяляне.

Аднойчы калектыўна зарабілі грошай ды купілі радыёпрыёмнік. З той пары, выставіўшы варту ля дома, цэлай вёскай слухалі перадачы з Мінска, Масквы.

 

6

Раптам папаўзлі чуткі, бытта былыя катаржнікі са Страшава, што ўцяклі ў СССР, ворагі народа! Людзі дзівіліся, спачатку паціскалі плячамі.

— Мусіць, так трэба. У Маскве разумнейшыя за нас. Ведаюць, што робяць — уздыхаючы, пацяшалі тады сябе мае землякі.

Непрыкметна для саміх сябе некаторыя таксама пачалі прыглядацца адзін да другога і недавяраць. Сталі шукаць ворагаў і ў сябе. Сусед пачаў насцярожана прыглядацца да суседа, брат — не верыць брату, сын бацьку.

Маім ідэалам падпольшчыка быў сын нашай суседкі Сахарыхі — Цішэўскі Юлек. Гэты дужы і разумны хлапец не лез у кішэню за словам, займеў паважанне ў старых, сімпатыю і любоў у моладзі, а дзяўчаты дык усе былі ў яго закаханыя.

Юлека паважалі і баяліся нават паліцыянты з Гарадка і Ялоўкі.

Аднаго разу Юлека арыштавалі, але не было доказаў віны, і яго мусілі выпусціць.

Тады нехта подла шапнуў:

— А-га, выпусцілі! Думаеш — так?.. Мусіць, прадаўся і гэты!

З бруднай падазронасці Юлекавы ворагі ўраз зрабілі праўду. Гарачыя галовы вызваліся пакараць «здрадніка».

Аднаго вечара гэты страшаўскі самародак і шчыры камуніст праз акно атрымаў кулю ў скроню ад свайго былога сябра.

Мне цяжка было зразумець паспешнасць, з якой людзі паверылі ў здраду чалавека, перад якім яшчэ нядаўна пакланяліся.

Зрэшты, уся трагічнасць выпадку дайшла да мяне значна пазней, калі я стаў разумным разам з іншымі. Тады ж я з жахлівым недаўменнем стаяў над труною Юлека Цішэўскага і не хацеў верыць, што свет такі жорсткі.

Але хутка маю ўвагу заняло іпшае. Пачаўся 1935 год. Дэфензіва добра падрыхтавалася і ў адзін дзень правяла масавы арышт падпольшчыкаў.

Арыштавалі мяне і бацьку. Першую ноч мы правялі ў Юлека Кушняровага ў Бялявічах. На падлогу Юлек наслаў саломы, нас паклалі ўсіх у рад, і сышчык з наганам стаў на варту.

У хату да Юлека прытэпала мая бабка і стала прасіць:

— Пане, ну навошта трымаеце майго ўнука? Хіба ён бандыт? Хіба каго забіў, зарэзаў?

— Матко, ён горшы,— адказаў сышчык.— Бандыт зарэжа аднаго чалавека, а твой унук замахнуўся на цэлую дзяржаву!

Для мяне гэта быў найвялікшы камплімент, які толькі можна прыдумаць. Слухаў я свайго ворага і рос...

У Ялоўцы на пастарунку пачалася расправа. Некаторыя нашыя хлопцы не вытрымалі, пачалі «сыпаць» — дзе, што і як. Я паспрабаваў першую горыч здрады тых людзей, ад якіх найменш спадзяваўся.

Ад мяне не дабіліся нічога.

Мы чакалі суда.

Кампанія ліквідацыі КПЗБ і КСМЗБ адбылася па ўсім Беластоцкім ваяводстве. Каб усіх перасаджаць, ураду не хапіла б турмаў. Прыгаворы з турэмным зняволеннем суддзі выносілі толькі сакратарам ці тым падпольшчыкам, якіх абвінавачвалі ў забойстве. Астатніх падвялі пад амністыю. Бацька атрымаў невялікі тэрмін, а мяне, малалетняга, амністыравалі. Памятаю, калі мне сказалі пра гэта, я расплакаўся: надта хацелася, каб засудзілі, як іншых.

Настаў цяжкі час. Лепшыя людзі апынуліся ў турмах. КПЗБ і КСМЗБ распусцілі. На свеце запахла порахам. У Іспаніі выбухнула грамадзянская вайна.

Аднойчы вясной 1937 года прыехалі да мяне з Гарадка былыя падпольшчыкі і школьныя сябры. Саша Кандрусік з Толем Пятэльскім прынеслі загад — збіраць па хатах дапамогу для рэспубліканцаў.

Цэлы год я вечарамі збіраў жыта, каўбасы, грошы і адпраўляў у Гарадок. Часамі пытаўся сам у сябе: як гэта ўсё перапраўляюць у Іспанію? Ну, грошы можна пераслаць, а жыта — прадаць. Але ж як адпраўляюць каўбасы?

Між іншым, і да сённяшняга дня мяне мучыць сумненне: ці ўсё сабранае тады даходзіла да гераічных іспанцаў? Не Сашка і не Толя, але іншыя людзі, якія кіравалі такімі зборамі, часамі былі падазроныя. Некаторыя, як выявілася ў 1941 годзе, былі проста шарлатаны, п’яўкі і нажываліся на народным патрыятызме. Але гэта ўжо тэма цалкам іншая...

Дарэчы, я тады імкнуўся паехаць дабравольцам у Іспанію. Ды трэба ж было так здарыцца, каб адказным за вярбоўку ў нашай акрузе быў мацерын брат, дзядзька Мікалай Дудзік з Бялявіч. Ён, вядома, расказаў бацьку, і мая авантура скончылася вялікім сямейным скандалам.

 

7

Чырвоная Іспанія канала. Станавілася відавочна, што нашая дапамога яе не уратуе.

Цяпер я страціў і той адзіны занятак, у якім знаходзіў маральнае задавальненне. Цяжкая праца на гаспадарцы не мела ніякай перспектывы. Я першы раз па-даросламу спытаўся ў сябе: што ж мне рабіць?

Хоць бліжэйшым горадам у нас быў Беласток, але культурным цэнтрам па-ранейшаму лічылася Вільня. Яшчэ з часоў Кастуся Каліноўскага, а мо і раней, многія пакаленні нашай моладзі імкнуліся туды, каб вярнуцца адукаванымі людзьмі, вопытнымі рэвалюцыянерамі. Памкнуўся туды і я. Дома мой праект падтрымалі.

Летам 1938 года я прыбыў у Вільню і паступіў у вячэрнюю школу пры гімназіі імя «адукацыі народовэй». У гэтай школе двухгадовую праграму праходзілі за год.

Такім чынам да наступнага лета я скончыў два класы гімназіі. Харчы прысылалі бацькі, грошай на вучобу зарабляў: быў пасыльным у гімназіі, разносіў па кватэрах малако.

Нямецка-польская вайна ў верасні 1939 года застала мяне дома. Тады і ўбачыў я першы раз салдат вермахта. Яны паціскалі нам, беларусам, рукі, запэўнялі:

— О-о, Москаў гу-ут! Нікс крыг!

Цяжка было не верыць шчырым запэўненням салдат, і — памяталася крывавая расправа фашыстаў з рэспубліканцамі ў Іспаніі.

Пачалі мы збіраць польскія вінтоўкі, каб павярнуць іх супроць прышэльцаў з заходу, ды надышло 17 верасня.

Ад Страшава недалёка пралягала граніца. Там ужо накоплівалася гітлераўская армія. Начамі пачалі гарэць у аколіцах будынкі, масты, гінуць людзі...

Як потым выявілася, акты дыверсіі выконвалі разведчыкі вермахта.

Гэтым часам я паступіў у Навагрудскае педвучылішча і да лета 1941 года скончыў два курсы. У педвучылішчы падаў заяву, каб мяне прынялі ў камсамол. Мне адмовілі, бо бацька мой меў многа гектараў зямлі (між іншым, вярнуў мне заяву з адмоўным адказам сакратар камітэта камсамола Мароз, які потым стаў ... паліцаем!).

Горкая крыўда і пачуццё асабістай абразы не дазволілі мне збіраць доказы, што я — сын падпольшчыка, а не кулака, і сам не быў пасіўным сведкам падпольнай барацьбы ў буржуазнай Польшчы.

Зрэшты, адкуль такія доказы я ўзяў бы.

З-за гектараў пацярпеў і мой бацька. Яго абклалі кулацкім падаткам. Ён таксама нікуды не пайшоў са скаргай.

Ды наваліліся падзеі куды важнейшыя.

 

8

Навагрудак фашысты занялі толькі пасля двухтыднёвых баёў. Вучняў педвучылішча гэты час ваенкамат выкарыстоўваў як пасыльных. Затым арганізаваў з нас каманду лавіць нямецкіх парашутыстаў, ды настаўнікі-камандзіры павезлі сем’і на ўсход, і каманда распалася.

Я са сваім блізкім сябрам Мікалаем Жураўлёвым папрасіўся на фронт.

— Куды я вас падзену? — адказаў стомлены ваенком, капітан Волкаў.— Навагрудак абкружаны. Зброі няма ніякай. Вы лепш не блытайцеся пад нагамі, валяйце дамоў і чакайце. Вас знойдуць, калі спатрэбіцеся.

І я павалокся дахаты. Немцаў спаткаў каля Дзятлава. Яны прыпаднялі маю шапку, пабачылі, што галава не пастрыжаная — не салдат,— і адпусцілі.

Вярнуўся я ў Страшава. Якраз вярнуўся і бацька — ён з падпольшчыкамі таксама адступаў на ўсход, але немцы іх абагналі.

Прывалокся ўвесь у пухірах на пятках і падэшвах мой брат Валодзька. Ён вучыўся ў Мінскім тэхнікуме сувязі, адышоў найдалей — яго немцы дагналі за Барысавам.

Ажылі мы крыху і агледзеліся. Ваколіцы Страшава немцы часта бамбілі. Па палях, лясах і дарогах стаялі дзесяткі цэленькіх і новенькіх танкаў, гармат, якія часамі не зрабілі ні аднаго стрэлу па праціўніку. Якіх-небудзь пяцьдзесят задрыпаных немцаў па шашы вялі калону ў некалькі тысяч дарэшты знясіленых палонных...

Усё здавалася нібы сном. Была такая моц і яе не стала! Ніякія весткі не даходзілі ў нашае Страшава. Мы сталі глыбокім тылам. Усюды былі толькі выпешчаныя, самаўпэўненыя нямецкія салдаты і афіцэры.

Наўрад ці можна параўнаць франтавыя, лагерныя і партызанскія нягоды з тымі маральнымі пакутамі, якія давялося перанесці тады, у першыя месяцы акупацыі.

Я тады перажыў самыя чорныя дні ў маім жыцці.

 

9

Нашу тэрыторыю немцы далучылі да трэцяга рэйха. Увялі строгую сістэму падаткаў і адміністратыўнай улады. Жандармерыя правяла дзеля страху некалькі арыштаў. У вёсках, якія раскінуліся вакол Гарадка, некалькі чалавек было расстраляна. Але ў Страшаве нікога не кранулі. У вёсцы праявілася выхаванае ў страшаўцаў яшчэ ў часы падпольнай барацьбы пры буржуазнай Польшчы пачуццё салідарнасці і ўменне трымаць язык за зубамі ў момант небяспекі.

Ішлі дні, тыдні, месяцы. Людзі памалу пачалі распрамляцца. Сталі даходзіць радасныя весткі пра баі пад Масквой. У нас нібы адкрыліся вочы. Убачылі, што ў немцаў кудысьці падзелася ранейшая фанабэрлівасць.

У нас зарадзілася надзея, захацелася змагацца.

Восенню 1941 года я з братам у Ліпніках каля свайго хутара выкапалі зямлянку. Мы пачалі зносіць туды радыёпрыёмнікі, зброю.

У маленькай вёсачцы Папоўка жылі Дзенісюкі, радня маёй бабулі. Ля Папоўкі прытаілася ў вёсцы ўзброеная групка вайсковых і цывільных людзей пад камандай старшыні войск НКУС Міцькі Высоцкага. У кастрычніку Дзенісюкі завялі мяне да Высоцкага.

На просьбу забраць нас з братам у групу старшына сказаў: — Калі вы можаце яшчэ быць дома, дык будзьце! А каб немцы не вывезлі ў Германію, паступіце працаваць на чыгунку.

Усю зіму 1941—1942 гг. я быў чорнарабочым на чыгунцы ў сваёй вёсцы. Некалькі разоў Міцька Высоцкі выклікаў мяне з братам на дыверсіі.

Мін спецыяльных тады не мелі, пускалі цягнікі фокусам.

Бывала, прыйдзе ноччу Высоцкі з дзесяткам чалавек, папрыходзім і мы. Рэйкі на чыгунцы Ваўкавыск — Беласток немцы прымацавалі не кастылямі, а шрубамі. Мы, чыгуначныя рабочыя, прыносілі з сабой тарцовыя ключы. Калі адыходзілі патрулі, усе вылазілі на пуць, адвінчвалі рэйкі, сцягвалі іх набок і ўцякалі.

Часамі наступныя патрулі заўважалі разабранае палатно і ўзнімалі трывогу. Аднак разы са два нам усё ж удалося пусціць цягнік пад адхон, пакуль немцы ўздоўж пуці не сталі выстаўляць сялян з кіямі.

Летам 1942 года я трапіў на вока нямецкаму начальству. Яно выбірала з моладзі тых, хто ведаў нямецкую мову, і ставіла стрэлачнікамі ды дзяжурнымі па станцыі. У лік гэтых людзей трапіў і я.

У Валілах — бліжэйшай станцыі — навучылі нас азбуцы Морзе і парассылалі на паўстанкі дзяжурыць. Я трапіў на паўстанак у сваю вёску.

Да восені 1942 года нашы хлопцы ў лесе сталі сапраўднымі партызанамі. У іх пабывалі прадстаўнікі Штаба партызанскага руху з Масквы. Група Высоцкага атрымала толавыя шашкі, магнітныя міны, друкаваныя лістоўкі. На чыгунцы падабралася шмат надзейных людзей, і мы рабілі сваю справу.

Напрыклад, Высоцкі дасць магнітную міну замаруджанага дзеяння, я яе перадаю свайму стрэлачніку. Калі ідзе цягнік з цюкамі прасаванага сена, я яго наўмысна прытрымліваю на паўстанку, пакуль нашыя хлопцы не напіхаюць у сена бутэлек з нафтай і берталетавай соллю ў паперцы. Альбо гэтаксама прытрымліваю цягнікі з бензінам, покуль стрэлачнік прылепіць міну да жывата цыстэрны. Потым чуем — недзе ў Ваўкавыску, Слоніме ці Баранавічах згарэла частка эшалона з сенам ці бензінам. Аднак быў такі час, што нават я, дзяжурны, не мог дакладна ведаць, што робіцца на суседняй станцыі, і праверыць чуткі не было магчымасці.

На фронце ішлі цяжкія баі за Сталінград. Да таго часу многія брыгадзіры рамонтных брыгад, стрэлачнікі і дзяжурныя ад Беластока да Ваўкавыска былі нашымі людзьмі. Я з імі трымаў сувязь. Высоцкі задумаў вывесці са строю адразу ўвесь адрэзак чыгункі ў сто кіламетраў, з паўстанкамі, вакзаламі, вадакачкамі. Пасля гэтай дыверсіі нам дазвалялася ісці ў партызаны.

Здарылася непрадбачанае.

Групе Высоцкага спатрэбілася батарэйка для прыёмніка. Тады ўмудраліся для гэтай мэты прымяняць акумулятары з аўтамашын. Міцька з сябрамі пайшоў ноччу на шашу паляваць грузавік. У лесе Ліпнікі машыну затрымалі. У грузавіку было толькі два салдаты, яны стрэлілі з вінтовак па аднаму разу, але нямецкая куля забіла Высоцкага.

Намеснік Высоцкага забраў групу і павёў пад Брэст, у бяспечнае месца. Гэтак мы страцілі і кіраўніцтва, і падтрымку, і сувязь з партызанамі і месяцы два не ведалі, што рабіць.

У лютым 1943 года мяне арыштавалі. Адначасна немцы ўзялі яшчэ людзей. Забралі і майго бацьку з братам.

 

10

Цяпер у мяне ёсць падставы лічыць, што немцы тады мяне арыштавалі не ў сувязі з маёй падпольнай работай, бо ў такім выпадку забралі б і яшчэ каго-небудзь з чыгункі.

Усе арыштаваныя са мной былі пажылыя сяляне з навакольных вёсак. Нас прывезлі ў гестапа 60 чалавек. Дваццаць з іх расстралялі, дзесяць пусцілі дамоў, астатніх вывезлі ў лагер смерці.

Я добра ведаў расстраляных. Некаторыя з іх былі далёкія ад палітыкі, яны толькі і ведалі поркацца на гаспадарцы. Чатырох з іх гестапаўцы схапілі за тое, што гулялі ў дурня. У ліку расстраляных былі і такія, якіх мы баяліся, як правакатараў. Няйначай, справа выглядала так: нейкаму фашыстоўскаму начальніку далажылі, што наш раён — гняздо партызан. Начальнік адразу выклікаў карнікаў, тыцнуў пальцам у карту і загадаў — з-пад Гарадка столькі людзей забраць, з іх столькі расстраляць, столькі адлупцаваць і адпусціць, а столькі выслаць. Карнікі выканалі загад з нямецкай педантычнасцю, не надта разбіраючы, хто ў чым вінаваты.

Пасля арышту ўсіх нас павезлі ў Гарадок. Афіцэр гестапа паклікаў мяне на допыт. Гутарылі мы на нямецкай мове. Гітлеравец даволі ветліва спытаўся пра сям'ю, пра работу. Пытаўся і пра партызан, але яго пытанні былі наўгад, я іх лёгка адвёў. І наогул, гэта хутчэй была свецкая гутарка, а не допыт.

Я ў афіцэра асмялеў і разыграў наіўнага вясковага прастака, які не ведае, чаго ад яго патрабуюць, не надта і разбіраецца, што навокал робіцца.

На допыце мяне і не білі. Калі прыводзілі і выводзілі з кабінета афіцэра, я толькі бачыў, як мучаць іншых, і адчуваў сябе як бы вінаватым перад імі.

Я ўжо думаў — нас адпусцяць! Але дзе там!

З Гарадка ўсіх, шэсцьдзесят чалавек, перавезлі ў беластоцкую турму. Праз два месяцы бацьку выпусцілі з турмы, а мяне з братам і сотнямі іншых арыштантаў заладавалі ў вагоны і павезлі ў лагер смерці Штутгоф, у Заходнюю Прусію. Там мне і Валодзьку выдалі стандартныя бланкі, дзе пад нашымі прозвішчамі ў графе «род злачынства» стаяла «бандытызм»! І яшчэ: там, дзе звычайна ўказваўся тэрмін асуджэння, у нас стаяла: «бестэрмінова».

 

11

Лагер смерці Штутгоф быў арганізаваны і пабудаваны па ўзоры Асвенціма, Майданака, Бухенвальда. Тут загінула 80 000 чалавек,— меней, чым у іншых, бо лагер быў невялікі. Пабывала ў ім вельмі шмат людзей з Заходняй Беларусі.

А наогул, у Штутгофе сядзелі людзі розныя: палякі, рускія, чэхі, французы, італьянцы, датчане. Было шмат і немцаў — зладзеі, рэцыдывісты.

Аднак большасць з іх былі палітычныя.

Некаторыя члены Нямецкай кампартыі сядзелі ў Штутгофе з першага дня арганізацыі лагера! А мой сусед па нарах — дваццацігадовы здаравяк — сядзеў толькі за тое, што, прыехаўшы з Усходняга фронту на пабыўку, меў любоўныя зносіны са служанкай-полькай. Рослы, малады тып, якому б якраз валачыць на фронце кулямёт, цяпер за спробу зганьбіць «арыйскую расу» таміўся ў лагеры.

Немцы адно звонку ахоўвалі лагер. Улада ў ім была арганізавана па прынцыпе самакіравання. Закаранелыя бандыты, цынічныя садысты — пераважна нямецкай нацыянальнасці — стаялі на чале каманд і называліся «капо». Гэткія ж кіравалі жылымі блокамі, сачылі за парадкам. Адзінай мовай у іх быў кій.

Іншыя капо спаборнічалі, хто з аднаго маху саб’е з ног арыштанта. Часамі ад няма чаго рабіць яны забівалі дубінай чалавека, і агонія ахвяры выклікала ў іх цынічны рогат і задавальненне.

Лагер быў разлічаны на пэўную колькасць людзей. Кожны дзень сюды прыбывалі сотні новых. Каб захаваць у лагеры аднолькавую лічбу едакоў, эсэсаўцы забівалі за дзень столькі людзей, колькі прыбывала. Вечарам жыхары блокаў выстройваліся ў калоны, паміж радоў праходзілі эсэсаўцы, і арыштаваным, якія не маглі стаяць на нагах, тыцкалі пальцам у грудзі. Тыя рабілі два крокі ўперад, ведаючы, што іх зараз павядуць у газкамеру, а потым штабялі іхніх жоўтых трупаў ваганеткамі адвязуць у крэматорый.

Усе арыштанты працавалі. Хто будаваў новыя баракі, хто карчаваў пні, расчышчаў пляцоўку, хто — на кухні. У спецкамандах рабілі ложы для вінтовак. Выраблялі для нечага чалавечую скуру. Сартыравалі вопратку і абутак памершых.

Першыя тыдні мы з Валодзькам працавалі ўсюды. Пачалі худзець. Нам памаглі нямецкія камуністы — старажылы лагера. Аднаго з іх я потым спаткаў у партызанах. Яго звалі Рыхард Шэмуксніс. Гітлер яго пасадзіў яшчэ ў 1933 годзе за тое, што Рыхард кіраваў камсамольскай арганізацыяй у сваім горадзе Інстэнбургу.

Па нейкім часе і дапамога камуністаў ужо перастала дзейнічаць: мы ледзь трымаліся на нагах. Ды раптам прыйшло збавенне. У нас з’явіліся харчы!

У Штутгофе панаваў такі парадак: калі хто з родных уведаў нумар арыштаванага і прыслаў на яго харчовую пачку, то яе аддавалі.

Аднаго разу невялічкую нашу групу вывезлі з лагера працаваць на завод — насіць бярвенні. Там былі рабочыя з усёй Еўропы. Я пераміргнуўся з адным рускім. Пад цэглай хлопец пакінуў мне кавалачак паперы і аловак. Я напісаў бацьку некалькі слоў, а рускаму — страшаўскі адрас. Паклаў назад паперку пад цэглу.

Не вядомы мне таварыш зрабіў усё астатняе.

Нямецкая пошта працавала спраўна. І ў той дзень, калі Валодзька ўжо млеў на нагах і я ад недаядання ледзь трымаўся, а сябры нас увечары хавалі ад вачэй эсэсаўцаў, мы раптам атрымалі па пасылцы. Адразу аджылі.

Атрымаўшы ад нас пісьмо, бацькі гаспадарку ператварылі ў майстэрню загатоўкі харчовых пачак: для таго, каб дайшла адна, трэба было паслаць некалькі! Такім чынам бацькі нам на нейкі час застрахавалі жыццё. У маладым узросце, у цёплую пару года, пры нармальным харчаванні можна было перанесці і цяжкую работу і здзек, ды яшчэ і дапамагчы сябрам.

 

12

З першага дня арышту мяне займала толькі адна думка — як уцячы. Была магчымасць выскачыць з вагона, калі нас везлі з Беластока ў лагер. Часамі цягнік ішоў ноччу памалу, яго ахоўвалі ў асноўным такія самыя беларусы з Гарадка, пераапранутыя ў нямецкія мундзіры. Некаторых канваіраў я добра ведаў, з імі вучыўся у «паўшэхнай» школе, і я сумняваўся, што такі пацэліў бы ў мяне на хаду цягніка ў цемры. Ды гестапаўцы вярнуліся б у Гарадок, адыграліся б на бацьках. Чакаў больш спрыяльнага выпадку.

Штутгофскі лагер быў абнесены калючым дротам, да дроту падведзены ток. На вышках дзень і ноч вартавалі вахманы з кулямётамі. Арыштанты насілі нагавіцы клёш і фрэнч з тоненькай тканіны ў чорна-белую палоску. На грудзях і на правай штаніне над каленам нашываўся нумар арыштанта: першая літара яго нацыянальнасці і вінкель, колер якога залежаў ад роду твайго «злачынства». Напрыклад, палітычныя мелі колер чырвоны, бандыты — зялёны, баптысты — фіялетавы...

Галовы ў лагеры ўсім стрыглі пад машынку, ад ілба да макаўкі выбрывалі палоску на два пальцы шырынёй. У такім выглядзе ўцячы было не проста. І каманды, якія выходзілі часамі за лагер на работы, мелі дастаткова канваіраў з сабакамі.

Усё ж пры мне са Штутгофа некалькі людзей спрабавалі ўцячы. Адзін рускі ў час работы ў лесе папрасіў сяброў прысыпаць яго пяском і прыкрыць галінкамі. Паляк, які падстрыгаў газоны ў садку камендантавага лагера, залез у басейн з вадой, высунуў нос пад ліст вадзяной лілеі і прытаіўся. Абодва меліся дачакацца вечара, калі знімуць пасты.

Вахманаў не здымалі цэлую ноч, пакуль не знайшлі ўцекачоў. Абодвух павыцягвалі са сховішчаў сабакі і разарвалі на кавалкі.

Пакуль ішлі пошукі, тысячныя калоны арыштантаў стаялі перад сваімі баракамі па камандзе «смірна!». Раніцой па чарзе калоны праходзілі ля акрываўленага чалавечага месіва, якое кінулі на коўдры пасярод лагера.

Наглядзеўшыся на ўсё гэта, мы з Валодзькам рыхтаваліся да ўцёкаў вельмі старанна. Назбіралі табакі, каб засыпаць след, сабралі харчоў. Раздабылі нажы, нават — запалкі. У нас былі сябры — механікі савецкага танкера «Данбас», які немцы затапілі ў Баранцавым моры. Яны вельмі добра ведалі павадкі сабак, умелі арыентавацца без компаса і вучылі ўсяму гэтаму нас.

Першая спроба ўцёкаў скончылася няўдала.

Хадзілі мы тады на цагельню, якая абслугоўвалася арыштантамі. Печы цагельні падыходзілі да шырокага канала, на беразе стаялі вахманы.

Умудрыся, перайдзі незаўважаным паласу вады, і ты — на волі!

Мы з Валодзькам падрыхтавалі доўгія трубкі, каб, узяўшы іх у рот, перайсці па дне канала нагамі, выпаўзці на бераг і нырнуць у кусты. На жаль, дно занесла такім густым ілам, што мы адразу ўгразлі і ледзьве сябе не выдалі. Прыкінуліся, што нам прыйшла фантазія пакупацца ў вопратцы і абутку. Атрымалі па дваццаць пяць бізуноў, і на гэтым усё скончылася.

 

13

Настала восень. Аднойчы ў нядзелю ў лагер увайшлі шэсць вахманаў з фельдфебелем і пачалі адбіраць дабравольцаў на станцыю, каб нешта там ладаваць. Папрасіліся ў каманду і мы з братам. Фельдфебель глянуў нам на грудзі, прачытаў літару «Р» (у Штутгофе беларусы, рускія і ўкраінцы насілі адну літару) і заявіў, што рускіх не бярэ, бо яны, маўляў, уцякаюць. За нас заступіліся, і стары фельдфебель здаўся.

Ад’ехаліся мы ад лагера 18 кіламетраў на станцыю Тыгенгоф. Ужо цямнела, калі нам загадалі грузіць дошкі ў вагоны. Над намі свяціла 500-ватная лямпа. Свежы снег пакрыў зямлю роўнай коўдрай. Свяціў месяц. Шанцаў на ўцёкі было мала, і мы з братам вырашылі: рызыкаваць толькі аднаму.

Калі вахман загадаў нам злазіць з вагона і паслаў на замену іншых, я палез не на зямлю, а — паміж вагонаў, стаў на буфер. Там быў цень. Убачыўшы, што ніхто за мной не сочыць, я нырнуў пад вагон, прапоўз пад ім, выскачыў у цёмнае месца і кінуўся з усяе сілы бегчы — цераз платы і агароды.

Цэлую ноч я ішоў па палях і балотах, арыентаваўся па месяцы і па ветры. На світанні залез да баўэра ў гумно і да вечара праспаў. Тады падаўся далей. Пачуўшы на дарогах рускую ці польскую мову, я загаворваў з людзьмі,— гэта былі рабочыя, якіх прымусам вывезлі ў Германію. Мне ахвотна паказвалі дарогу, кармілі.

Між іншым, у адным бараку, дзе жылі рускія дзяўчаты, пасадзілі мяне за стол. Толькі я ўзяўся за лыжку, як зайшоў немец. Дзяўчаты мяне запіхнулі ў шафу з адзеннем, і гэта мяне выратавала.

У Мальбургу на стрэлках я пачапіўся на таварняк і даехаў да Дойчэ Эйлаў. Перадняваў у стозе саломы ля нейкай будкі. Вечарам загаварыў з прахожымі. Адзін паляк з Млавы, па прозвішчы Кавальскі, у свайго шэфа-немца ўкраў новенькі мундзір з залатымі кантамі на пагонах, нагавіцы, чаравікі і шапку машыніста з вялізным рондам і свастыкай. Было холадна, таму ўсё гэта я напяліў на арыштанцкую паласатую вопратку. Кавальскі яшчэ мне даў марак, завёў на вакзал.

Немкі мяне, як чыгуначніка, пачалі неўзабаве пытацца пра паязды, мяне гэта падбадзёрыла, і я адразу увайшоў у сваю ролю. Развітаўся з польскімі сябрамі, купіў білет да Беластока і паехаў.

Ніхто мяне ні разу не пытаўся, куды я еду і хто я такі. Па дарозе нават, памятаю, паспеў закахацца ў кандуктарку — сімпатычную немачку і ледзь не пагарэў.

Як пан, прыехаў я пасажырскім у Страшава і тут ледзь зноў не папаўся. Я не ведаў, што ў нас цяпер жыло дваццаць нямецкіх салдат, якія ахоўвалі чыгунку. З паўстанка зайшоў я на кухню, поўную немцаў...

На маё шчасце, бацькі спалі. Я з салдатамі па-нямецку прывітаўся і спытаў, дзе жыве брыгадзір Антончык, наш сусед. Адзін салдат ахвотна мяне вывеў на двор, паказаў. Мы яшчэ мірна хвіліну пагутарылі, развіталіся, і я пайшоў прэч са свайго падворка. Бацькоў пабачыў толькі на другі дзень.

Невялічкая групка партызан восенню 1943 года вярталася з-пад Беластока да сябе ў лагер пад Брэст, у Гута-Міхалінскі лес. Праз нашага лесніка бацька яе знайшоў і перадаў мяне партызанам. Пачалася лясная эпапея.

 

14

Трапіў я ў атрад імя Аляксандра Матросава, які арганізаваўся за час майго прабывання ў Штутгофе з групы Міцькі Высоцкага. Але цяпер там былі ўжо незнаёмыя камандзіры і партызаны: я для іх быў чалавекам невядомым, якому падазрона лёгка ўдалося ўцячы з нямецкага лагера смерці, адкуль яшчэ ніхто ані разу не ўцякаў. Нейкі час не ведалі, што са мной рабіць, тады перадалі ў дэсантную групу капітана Арлова.

У Арлова я ўдзельнічаў у дыверсійных аперацыях, надта дробязных, пра якія нават сорамна цяпер і ўспамінаць. Напрыклад, Арлову захацелася ўзарваць у адной вёсцы драўляны мост на Зельвянцы. Мы яго ўзарвалі, добра ведаючы, што па ім толькі сяляне возяць мяшкі жыта да млына і за такую «дыверсію» высмеюць нас. Але для справаздачы ў Маскву Арлову, мабыць, падыходзіў і такі.

У пачатку 1944 года ў Гута-Міхаліну прыбыў з брыгадай імя Каліноўскага падпалкоўнік Вайцяхоўскі — вельмі адважны, ініцыятыўны камандзір, тонкі псіхолаг і абаяльны чалавек. Ён і ўзяў мяне да сябе: ад Арлова я ўцёк.

У красавіку прыбылі мы ў страшаўскія лясы. Вайцяхоўскі назначыў мяне камандзірам атрада імя Каліноўскага. Мне і рабочаму з чыгункі — Косцю Карповічу — камбрыг загадаў арганізаваць атрад з мясцовай моладзі.

Атрад мы арганізавалі і да прыходу Чырвонай Арміі, за чатыры месяцы, правялі вакол Гарадка некалькі даволі ўдалых баявых аперацый і дыверсій. Нашаму поспеху садзейнічала глеба, якую там падрыхтавалі старыя падпольшчыкі — два іхнія пакаленні. Усе навакольныя сяляне былі нашымі памочнікамі.

Немцы даведаліся, што я ў партызанах, і намерыліся арыштаваць бацькоў. Сувязны з Гарадка прымчаў да старых раней за паліцаяў. Бацька і маці ўцяклі ў лес. Стары стаў атрадным разведчыкам, а маці варыла нам ежу. Гаспадарку паліцаі расцягнулі.

 

15

Летам 1944 года мы злучыліся з Чырвонай Арміяй у Каралёўскім лесе пад Беластокам. У атрадзе ўжо было 54 чалавекі. Абком партыі тады ўсіх партызан накіроўваў на арганізацыю Савецкай улады. Бацьку паслалі ў Ваўкавыск адбудоўваць лесапілку, а мяне назначылі інспектарам абласнога сабеса. Работа была не па душы, я пачаў шукаць іншай.

Набіралі групу дэсантнікаў у Польшчу і Прусію. Папрасіўся туды і я, але мне адмовілі. Выявілася, што ў мяне «заплямленая» біяграфія: я быў у Штутгофе, мой бацька меў шмат гектараў...

Папрацаваўшы некалькі тыдняў інспектарам, я зайшоў у ваенкамат, папрасіўся на фронт, і мяне аформілі — выпісалі позву.

Як і мой бацька ў першай сусветнай вайне, цяпер і я стаў наводчыкам 76-міліметровай гарматы славутага 756 стралковага палка, якому потым выпала штурмаваць рэйхстаг. З баямі прайшоў я ад Варшавы да Берліна.

Палкавая артылерыя тады на перадавой страляла прамой наводкай, таму такім артылерыстам даставалася больш за пехацінцаў, бо як ты ні маскіруйся, як ні закопвай, а гэткую мішэнь відаць усё роўна. За два месяцы разбілі ў мяне дзве гарматы: адну на Одэры, другую за мястэчкам Флатаў у Заходняй Прусіі.

За Флатавам мяне раніла. Гэта здарылася 16 лютага 1945 года. Раніла мяне другі раз у Берліне, на вуліцы Мольтке. Першы раз куля толькі чырканула па плячы. Цяпер жа я атрымаў у лёгкія тры асколкі — мяне чакала доўгае лячэнне і барацьба за жыццё.

 

16

У канцы жніўня 1945 года мяне выпісалі з вайсковага шпіталя, далі ІІ групу інваліднасці. Я паступіў у Гродзенскі педінстытут на англійскае аддзяленне.

Хутка знайшоўся і Валодзька. Пасля таго, як я ўцёк са Штутгофа, яго фашысты моцна катавалі, выбілі зубы, суткамі трымалі ў бункеры без ежы, аднак ён усё перанёс. Пры эвакуацыі лагера Валодзька ўцёк з-пад канвоя, трапіў у нашу армію, ваяваў, яшчэ нават паспеў быць паранены. Цяпер дэмабілізаваўся і паступіў у Мінскі політэхнічны інстытут.

Такім чынам мае сямейныя справы ўладзіліся. Усё было б вельмі добра, калі б не праклятыя асколкі...

Мабыць, больш за вучобу я палюбіў грамадскую работу. Спачатку я быў камсоргам, потым старшынёй прафкома. Тут мне ніхто ні разу не напомніў аб мінулым.

У 1947 годзе мяне прынялі ў члены КПСС. Дзесьці ў той час я і падружыўся са студэнткай літфака Інай Цыгельніцкай. Бацька і маці яе былі віднымі кіраўнікамі кампартыі ў часы буржуазнай Польшчы. Бацьку яе, сакратара ЦК Польскай кампартыі Анатолія Адамавіча Альшэўскага, у 1937 годзе берыеўцы арыштавалі, і ён з лагера не вярнуўся. Маці, Фаіна Абрамаўна Цыгельніцкая, прасядзела сем год у польскіх турмах, цяпер працавала ў райкоме. Іна ўсё жыццё правяла ў дзіцячых дамах. Шмат чаго перажыла і пабачыла. Па натуры была мне блізкай.

Тады ў педінстытуце вучыліся амаль толькі дзяўчаты. Нават мужчын-інвалідаў было мала, і яны «стаялі ў цане».

Яшчэ не паспеў я скончыць інстытут, а ўжо абком і Міністэрства асветы падабралі мне пасаду загадчыка Сапоцкінскім раённым аддзелам народнай асветы, нават не пытаючыся, ці пад сілу яна мне. Зрэшты, каб і спыталіся, то я, відаць, не адмовіўся б. Маё пакаленне на працу не «ўладкоўвалася», а — паступала, прытрымліваючыся лозунга: «Не по силам цель выбирай, а по цели силы напрягай!»

У ліпені 1949 года я атрымаў дыплом настаўніка англійскай мовы 8—10 класаў, ажаніўся з Інай і, перапоўнены энергіяй, аптымізмам і маладой пыхлівасцю, сабраўся на работу, па наіўнасці думаючы, што ўсе цяжкасці перажыты. Мінская студыя кінахронікі нават зняла на плёнку, як я, з ордэнамі ды медалямі на грудзях, у актавай зале інстытута атрымліваю дыплом, саджуся ў вагон і з гродзенскага вакзала адпраўляюся пасажырскім поездам у Сапоцкіна.

Калі потым у горадзе паказвалі гэты часопіс, то ўсе з мяне надта смяяліся: з Гродна да Сапоцкіна чыгунка не пракладзена, як прыдумала фантазія сцэнарыста М. П. Фраймана.

 

17

У Сапоцкінскім раёне тады было вельмі цяжкое становішча. Па вёсках і лясах яшчэ гойсалі банды, забівалі актывістаў, гвалцілі і тэрарызавалі людзей. У гэты раён працаваць ехалі неахвотна. Праштрафіцца хто-небудзь, скажам, у Віцебскай вобласці, здымуць яго з работы і ў пакаранне пашлюць у Сапоцкіна.

Першым сакратаром райкома працаваў тады т. Яцкевіч — сумленны камуніст, але вельмі абмежаваны чалавек. Да людзей адносіўся падазрона і бачыў у іх толькі кепскае, ведаў адну методу кіравання — павышэнне голасу. Мяне ён адразу западозрыў у палітычнай нядобранадзейнасці на той падставе, што мой бацька меў шмат гектараў зямлі, а я быў у нямецкім лагеры,— тады гэта лічылася страшным грахом. Памятаю, на адным бюро райкома ён выставіў супраць мяне нават і такі аргумент, што я... не выпіваю, як іншыя!..

Аднак я быў камуністам, накіравала мяне на работу Міністэрства асветы і абком, і лёгка выжыць мяне з раёна было нельга.

І вось пацяклі мае першыя працоўныя тыдні. Многія тады тапілі свае цяжкасці у гарэлцы, а я знайшоў вялікае здавальненне ў рабоце. Іна заканчвала педінстытут, нарадзіла дачку Лену. З Сапоцкіна да Гродна — 24 кіламетры. Ніякія рэйсавыя аўтобусы тады не хадзілі. Вечарам я браў кій і праз чатыры гадзіны быў у Гродна. Раніцой заяўляўся ў якой-небудзь школцы ці сельсавеце.

У школах тады не было нават парт. Замест шыбаў часамі ўстаўлялі фанеру. Не хапала і настаўнікаў. Так што працы загадчык райана меў непачаты край. Агортвала крыўда, калі сваё начальства, замест таго каб памагчы, перашкаджала прычэпкамі.

Аднаго разу зайшоў я ў вёску Шэмбелеўцы, дзе школа размяшчалася ў гнілой прыватнай хаціне. Сяляне там якраз сабралі грошы, каб купіць ксяндзу дом. Мне неяк даволі лёгка ўдалося ўгаварыць людзей купіць на гэтыя грошы зруб для школы, які прадавала ўдава. Пры мне сяляне заплацілі ўдаве, я, шчаслівы, вярнуўся ў Сапоцкіна і пахваліўся сакратару райкома Яцкевічу.

На маё здзіўленне, першы сакратар забараніў мне браць гэты зруб на баланс. Тады я звярнуўся ў ЦК КПБ. ЦК, вядома, мяне падтрымаў, сакратару райкома давялося адмяніць свой загад. Адмяніць яго адмяніў, але і зуб на мяне займеў.

Было лета 1950 года. У нас рыхтаваўся пленум райкома партыі з парадкам дня: «Прычыны адставання калектывізацыі ў Сапоцкінскім раёне». Работнікі савецкага і партыйнага апарата былі прыезджыя, а я добра і ведаў і адчуваў мясцовых людзей, як і ўмовы, таму вырашыў выступіць на пленуме.

Паколькі маё выступленне паслужыла пэўнай вехай у маім жыцці і ў ім ёсць цікавыя факты, якія характарызуюць цяжкасці таго перыяду і могуць у пэўнай меры паказаць, наколькі вырасла ў нас за апошнія гады ўнутрыпартыйная дэмакратыя, я дазволю сабе прывесці з яго некаторыя вытрымкі:

«Вось тут, з гэтае трыбуны некаторыя даводзілі, што сапоцкінскія сяляне таму не ідуць у калгас, бо добра жывуць. Абсурд! Наўрад ці знойдзецца яшчэ такі куток у вобласці, а то і ва ўсім Саюзе, дзе б так бедна жылі сяляне. У нас жа ні ў адной вёсцы няма лазні! Не памятаю, каб хоць у адной хаце, дзе я быў, на ложку ляжаў сяннік, замест яго ўсюды салома, гарахавінне, на іх так і спяць, накрыўшыся лахманамі! У хатах жывуць усе разам: куры, парасяты, людзі...

У Сапоцкіне маецца адзін рынак, на яго раз у тыдзень з'язджаецца 40—50 фурманак. Паглядзіце, якая мізэрная колькасць тавараў там бывае! Калі б райспажыўсаюз падлічыў, колькі ў яго прадаецца цукерак, цукру, мыла, газы на душу насельніцтва ў раёне, то атрымалася б, відаць, лічба, найменшая ва ўсім Саюзе!

Такім чынам, матэрыяльны ўзровень нашых сялян такі нізкі, што ніжэй і быць не можа, і з такога становішча іх можа вывесці толькі калгас. Сяляне гэтага яшчэ не разумеюць, а мы ім недастаткова вытлумачылі.

Вось чаму яны не ідуць у калгас!

...Учора прынеслі ў райана выпіску з рашэння нашага суда, дзе мне было загадана ўзяць на патранаж дзяцей удавы Кавалеўскай, якую асудзілі на 10 год за самагонку. Цёмная, непісьменная жанчына, нідзе не працавала, гадавала шасцярых дзяцей. Каб пракарміць малых, яна гнала самагонку на праданне. Мы не маглі дапамагчы ёй стаць на працу, а ўзялі дый асудзілі, як злачынцу, а шасцярых малых зрабілі сіротамі і павесілі дзяржаве на шыю,— я іх аддаў у дзіцячы дом. А тыя, хто п’е гэтую самагонку, засталіся непакараныя,— нават суддзя Растоўцаў. Растоўцаў жыве побач з Кавалеўскай, купляў у яе самагонку і не садзіўся за стол абедаць, не выпіўшы з паўшклянкі. Гэта я добра ведаю, бо жывём на кватэры ў аднаго гаспадара.

Дзе ж логіка, таварышы камуністы?!»

Калі я скончыў, у зале наладзілі мне авацыю. Але тут здарылася нечаканае. Слова ўзяў Яцкевіч і заявіў, што я, распісваючы, як цяжка і бедна жывуць сяляне, зрабіў гэта дакладна так, як некалі рабілі ворагі народа, што мая прамова — прамова тыповага бухарынца...

Цяпер, з пункту гледжання дэмакратычнага 1964 года, усё гэта здаецца такім дзікунствам!

Пасля таго як Яцкевіч абвінаваціў мяне ў бухарынстве, уся зала раптам замерла — бытта і не раўлі яны ў захапленні ад маіх слоў. Яцкевічу запярэчыла толькі некалькі напалоханых галаскоў, і то — з задніх месц. Гэта было страшна!

Пад выглядам ачысткі кадраў ад непажаданага элемента ў пагранічным раёне Яцкевіч дабіўся майго звальнення з работы.

Апынуўся я ў Ваўкавыскім раёне — дырэктарам Біскупіцкай сямігадовай школы.

 

18

Яшчэ ў Сапоцкіне, пасля ўсяго, што здарылася, я, можа, першы раз у жыцці сур’ёзна задумаўся: а што ж мне рабіць? Перспектыва настаўніка англійскай мовы мяне не вабіла, а надта хацелася пакараць тых, хто мяне нядаўна пакрыўдзіў, ды так, каб іх перакасіла.

Раптам зарадзілася дзёрзкая думка — давай напішу кніжку пра ўсё, што бачыў ды перажываў.

І я ўзяўся за работу.

— Гэ, паглядзі, а ён яшчэ і вершыкі папісвае! — здзекліва пасмяяліся нядобразычліўцы, калі ў абласной газеце пачалі з’яўляцца інфармацыі пра маю спробу пяра.

Гэта мяне толькі падахвоціла.

Я даверыў свой сакрэт даваеннаму сябру яшчэ з Навагрудскага педвучылішча — Валодзю Калесніку, і ён вызваўся мне дапамагчы: пазнаёміў з Янкам Брылём.

Першая сустрэча з Іванам Антонавічам так уразіла мяне, што я раптам адчуў сябе нічым у параўнанні з сапраўдным пісьменнікам. Мне здалося, што задумаў немагчымае, і стала нават сорамна за нясціплы намер. Але мінуў тыдзень-другі, і мяне зноў пацягнула да пісання. Тады я і зрабіў для сябе важнае адкрыццё: гордасць, нездаволенасць сабой, упартасць, нават у нейкай ступені злосць, зайздрасць, жаданне даць здачы, помсціць — дабрадзействы для чалавека: яны з цябе могуць дабыць, што ты ніколі і сам ад сябе не спадзяваўся.

У той час трапілася мне на вочы аповесць Дабравольскага пра студэнтаў «Трое в серых шинелях». У ёй усё было напісана не так, як бы мне хацелася. І здарыўся цуд. Раптам я пераадолеў у сабе пачуццё ніжэйшасці, і мне здалося, што ў цэлым свеце ні Дабравольскі, ні Брыль, ні хто іншы, а толькі я адзін ведаю сапраўдных студэнтаў, і ведаю, як пра іх пісаць!

Я ўжо бачыў нават кніжку напісанай і тое, як зелянеюць мае ворагі з Сапоцкіна, калі трапляе ім у рукі мой твор! З гэтага моманту я ўжо не проста пераводзіў паперу. Я ўзяўся працаваць над пэўнай тэмай.

У Біскупцах мяне абралі сакратаром калгаснай, затым сельсавецкай партарганізацыі. Аднак і грамадская работа, і школьная, і будаўніцтва цяпер былі таксама нішто ў параўнанні з клопатамі загадчыка райана — я меў шмат часу пісаць. Меў я і кваліфікаванага майстра літаратурнай справы, які мне памагаў.

Між іншым, у жыцці мне шанцавала на добрых людзей. Янка Брыль, як некалі Вайцяхоўскі, даваў штуршок майму ўяўленню, стаў эталонам, на які трэба раўняцца, у каго вучыцца, і быў тым, хто ў мяне паверыў, шчыра і бескарысна памог. Успамінаючы цяпер непісьменныя рукапісы, якімі я завальваў Івана Антонавіча і ў якіх ён умудраўся нават знаходзіць яшчэ штосьці каштоўнае, я не перастаю захапляцца душэўнай шчодрасцю гэтага чалавека, яго педагагічным талентам.

 

19

Такім чынам з дапамогай новых сяброў я стаў працаваць над аповесцю, а гэта, як выявілася неўзабаве, было справай надта нялёгкай. Мове роднай я ніколі не вучыўся. Адна справа словы і сказ у паточнай гутарцы, а іншая зусім — літаратурная форма. Затое браў я ўпартасцю — пісаў і перапісваў адно і тое самае безліч разоў. Адначасова займаўся калгаснымі справамі. Наводзіў парадак у школе, будаваў новую. На жаль, ярлык «бухарынца» прыехаў са мной і ў Біскупцы. Я з жахам заўважыў: што б карыснае ні зрабіў, некаторыя людзі нечакана паварочвалі справу так, што яна паўставала супроць мяне самога.

Ладны кавалак зямлі прышкольнага ўчастка ўсе дырэктары да мяне выкарыстоўвалі пад сваю бульбу і агарод. Я вырашыў пакончыць з гэтай традыцыяй. Разам з вучнямі мы апрацавалі поле. Дзеці па жменьцы прынеслі пшаніцы, і мы яе засеялі, каб восенню мець за што з’ездзіць на экскурсію ў Белавежскую пушчу. Хто скажа, што намер кепскі? А што з гэтага выйшла!

Прыбіральшчыцай у нашай школе лічылася жонка сельсавецкага начальніка, якая не хацела працаваць, а толькі камандавала ў настаўніцкай, за што яе ненавідзелі. Я яе звольніў і на месца скандалісткі ўзяў старую жанчыну, у якой адзіны сын загінуў на фронце.

Неўзабаве ў раённай газеце з’явіўся хлёсткі фельетон «Гісторыя з курыцай». У ім расказвалася, як курыца прыбіральшчыцы зайшла «на ўчастак пшаніцы дырэктара школы Карпюка» і ён за гэта звольніў бедную жанчыну з работы.

Ніхто цяпер не хацеў верыць, што пшаніца школьная. Сорамна было паказацца вучням на вочы: выходзіць, я іх ашукаў, зярняты жменькамі яны зносілі для мяне!

У школу ў той дзень я прабіраўся, як злодзей, агародамі...

Пасля ўрокаў, поўны злосці і абурэння, я сеў на веласіпед ды адправіўся ў Ваўкавыск шукаць праўды. Зайшоў у рэдакцыю, райком, нават — у суд. Усюды мне заяўлялі аднолькава, бытта перад гэтым змовіўшыся:

— Таварыш Сталін нас вучыць, калі ў якім-небудзь крытычным выступленні ёсць хоць пяць працэнтаў праўды, дык такую крытыку трэба вітаць. Не разумееш? А яшчэ дырэктар школы, парторг калгаса!..

Я вытрымаў і гэта.

Памалу ўсё ўляглося. Дзякуючы Янку Брылю, я надрукаваў сваю першую аповесць «У адным інстытуце».

Пасля выхаду ў свет першага твора, паехаў я ў Гродна. Падзеі аповесці адбываюцца ў гэтым горадзе, там жылі мае прататыпы, і мне чамусьці здалося, што ўвесь горад павінен святкаваць сваё ўвекавечанне і быць мне надта ўдзячны. Тым часам ішоў я з вакзала па вуліцы Ажэшка і з расчараваннем бачыў, што і дамы гэтаксама стаяць, як раней, і гэтаксама бягуць па тратуарах заклапочаныя людзі.

Ля піўнога ларка стаяў мой сябар — адзін з герояў аповесці.

— Валодзя, здароў! — крыкнуў я з пераможнай радасцю.

— А-а, гэта ты? — чамусьці нахмурыўся сябар і адставіў куфаль з півам.— Дык што ты там пра мяне набрахаў у сваёй кніжцы?..

І пачаў закасваць рукавы.

 

20

Скончыў я будаваць школу. Іна нарадзіла мне сына, Ваню. Першы мой літаратурны твор пахвалілі...

Ад усяго гэтага настрой у мяне быў бадзёры, аптымістычны. Толькі недзе на дне душы ў мяне, сялянскага сына, ляжаў каменьчык. Мучыла і мучыла сумленне за непаладкі ў калгасе, якіх мы, вясковыя камуністы, не мелі сілы выправіць. І захацелася непаладкам даць бой.

У чэрвені 1953 года я паслаў на імя першага сакратара ЦК КПСС Маленкова пісьмо наступнага зместу:

«Таварыш Маленкоў!

У нас, на Беларусі, ідуць дажджы. Ужо добра выкаласілася жыта. Яравыя выйшлі ў трубку. Буйна ўзышла бульба. Але калі падумаеш, што здабытае цяжкай працай калгаснікаў некаторыя бюракраты зноў могуць загубіць, то не можаш знайсці сабе месца. І самае трагічнае ва ўсім гэтым тое, што ты нічога не можаш зрабіць, каб утрымаць яўныя антыдзяржаўныя ўчынкі некаторых бязглуздых чыноўнікаў.

Вось факты.

У мінулым годзе не ўрадзіла бульба. Пасля забуртавання яе на насенне нашаму калгасу не было чаго здаваць у дзяржпастаўкі. Але мы мелі лішняе збожжа. Замест таго каб прыняць у нас збожжа за бульбу, з райкома і райвыканкома прыйшоў загад: раскрываць бурты! І сяляне вымушаны былі раскопваць іх ды вазіць насенную бульбу на спіртзавод, а вясной не было чым садзіць.

Лета мінулага года. Паспела жыта. Мы на партсходзе размеркавалі рабочую сілу, і калгаснікі дружна ўзяліся за жніво. Але нейкаму начальніку ў раёне спатрэбіліся лічбы. Ён прыслаў упаўнаважанага, які зняў лепшыя сілы з уборкі, і пачаўся экстранны абмалот ды здача хлеба на нарыхтоўчыя пункты.

Сяляне ледзь не з плачам пытаюцца ў мяне:

— Таварыш сакратар партарганізацыі, што ж гэта робіцца? Хіба ж гэта па-гаспадарску? Хіба ж мы самі не ведаем, што трэба здаць хлеб дзяржаве? Але ж дайце раней зжаць збожжа, убраць снапы з поля, а малаціць мы можам са сцірт!

Гэта ясна ўсім. Толькі да такой безгаспадарлівасці няма справы начальніку з прахладнага кабінета. Яго не цікавіць, што будзе заўтра, ён жыве сённяшнім днём, праводзіць «уборачную кампанію». І ў такі момант ты нікому не давядзеш, што так рабіць нельга, што рабіць гэтак — шкодна. Паспрабуй пра гэта пікнуць у райкоме ці выканкоме, і там здзівяцца:

— Няўжо ты не разумееш, што першы хлеб трэба здаваць дзяржаве?

А будзеш даводзіць сваё, то абвінавацяць цябе чорт ведае ў чым.

І перасыхала на корані жыта, асыпаліся каласы, а людзі тоўпіліся ля малатарань: дзе трэба было 15 чалавек, ставілі — 60! дзе трэба 4 кані, там — 10! а яшчэ столькі стаяла ў запасе: усіх знялі з уборкі ўсемагутныя «ўпаўнаважаныя».

Дзе тут да захавання элементарных законаў агратэхнікі, дзе тут да павагі статута сельгасарцелі! І хоць ты ні аднаго зярняці не паклаў у свіран на насенне, і хоць ужо верасень, а ў цябе палова жыта стаіць у полі, але калі ты разлічыўся з дзяржавай, то пра цябе будуць пісаць ва ўсіх газетах, гаварыць па радыё, бо ты герой,— няважна, калі ты ўвесь астатні ўраджай скарміў вераб’ям!

Вось чаму наш калгас у мінулым годзе яравыя жаў у кастрычніку, жаў пустую салому, і авёс даў нам усяго па 4 цэнтнеры з гектара!

З-за такога стылю кіраўніцтва наш калгас каторы год не можа ніяк выйсці са стадыі арганізацыі. На палях бывае і добры ўраджай, але ў засекі няма чаго засыпаць, няма чым карміць жывёлу, няма чаго даваць калгаснікам на працадзень. Такія парадкі адбіваюць у людзей ахвоту працаваць.

Дакуль будзем гэта цярпець?

Дакуль некаторыя кіраўнікі вонкава прыгожым лозунгам — першы хлеб дзяржаве! — будуць прыкрываць антыдзяржаўныя ўчынкі!

Я не называю тут прозвішчаў, бо справа не ў асобных людзях. Такая з’ява — тыповая для ўсяе Беларусі. Трэба зараз жа яе ліквідаваць і каб гэтае жніво ўпаўнаважаныя не займаліся злачынствам. Неабходна ўстанавіць цвёрды парадак уборкі і разліку. І трэба асудзіць антыдзяржаўную практыку «выбівання» хлеба з калгаснікаў, гэтым мы падбадзёрым сялян, уселім у іх веру, дамо ім ахвоты да працы!

Вёска Біскупцы Ваўкавыскага раёна, 15 чэрвеня 1953 г.

Сакратар сельсавецкай партарганізацыі А. Н. Карпюк».

Каб цяпер, у 1964 годзе, дзе-небудзь у калгасе тварылася такое беззаконне і каб я напісаў такое пісьмо, дык яго надрукавала б кожная газета, а такі начальнік, мабыць, развітаўся б са сваім партбілетам, бо кампанейшчыну і гэткіх «упаўнаважаных» партыя асудзіла. Гэта цяпер. А тады...

Мінуў месяц, як паслаў я ў Маскву пісьмо, але адказу ўсё не было. Затым мяне і першага сакратара Ваўкавыскага райкома партыі тэрмінова выклікаў сакратар ЦК КПБ Аўхімовіч. Ён тонам пракурора, які гутарыць са злачынцай, узяўшы маё пісьмо ў Маскву, коратка спытаўся:

— Так ты адказваешся ад яго ці — не?

Вярнуўся я ў раён, а мяне чакаюць новыя непрыемнасці. Некаторыя ўспомнілі маё «бухарынскае» выступленне ў Сапоцкіне. Пачалі капацца ў маёй біяграфіі. Аднойчы выклікалі ў ваенкамат і адабралі кніжку афіцэра запасу. Начальнік IV часці палкоўнік Фількоў на вачах у мяне парваў яе і заўважыў:

— Ты яе не варты!

Трэба было з раёна ўцякаць.

Мне якраз прапанавалі работу ў інстытуце. А бацьку ў гэты час, бытта спецыяльна, каб мне аблегчыць душу, аднавілі падпольны стаж у партыі аж з 1928 года.

 

21

У верасні 1953 года я паступіў працаваць на кафедру педагогікі Гродзенскага педінстытута. Перавёз у Гродна і сям’ю. Надрукаваў у мінскіх часопісах яшчэ некалькі твораў — на гэты раз з жыцця ў Ваўкавыску.

Пісаў я тады надта многа, хоць толку было мала. Галоўным чынам перапісваў. Наогул пісанне давалася і даецца мне вельмі цяжка, ад чаго творы паўстаюць надта марудна.

Восенню 1954 года раптам памерла мая маці. Самае трагічнае ў яе смерці тое, што, каб трэба было зноў мне ці брату памагаць, каб мы з Валодзькам, напрыклад, трапілі ў турму ці ў бальніцу, яна знайшла б у сабе сілы да жыцця, зноў насіла б нам перадачы, клапацілася б і хвалявалася. Але Валодзька скончыў інстытут, паехаў у Чэлябінск працаваць, там ажаніўся. Кожны з сыноў цяпер быў заняты сваімі справамі, мала ўдзяляў ёй увагі. І ў маці раптам паявілася хвароба, якую ў іншым выпадку можна было б вылечыць, але цяпер яе арганізм як бы знайшоў магчымасць самаліквідавання з-за непатрэбнасці.

Як крыўдна мацяркам нашым, што дзеці іх па-сапраўднаму ўмеюць шанаваць і цаніць, калі іх, бедных, ужо няма ў жывых!

 

22

Восенню 1954 г. з педінстытута мяне выжылі — усё цягнуўся за мной хвост «бухарынца» і варожага элемента, які, маўляў, не мае права выхоўваць маладое пакаленне, таму не пажаданы ў вышэйшай навуковай установе. Але, на маё здзіўленне, мяне прынялі на работу ў партаддзел рэдакцыі «Гродзенскай праўды» — органа абкома і гаркома партыі!

Я заўсёды дзівіўся логіцы ў кадравай палітыцы некаторых нашых устаноў!

У канцы 1957 года мяне перавялі карэспандэнтам «Літаратуры і мастацтва» па Гродзенскай і Брэсцкай абласцях. З гэтай пасады праз два гады я паехаў у Маскву на Вышэйшыя літаратурныя курсы. У 1961 годзе іх скончыў, вярнуўся дамоў, дзе мяне назначылі загадчыкам агенцтва УАТ «Інтурыст» у Гродне, дзе і працую па сённяшні дзень.

Я ўжо сказаў, што пісаць мне надта цяжка, я вельмі многа перапісваю свае рэчы. Апошняе выданне «Дануты» перапісана 30 разоў, і цяпер мне зноў хочацца засесці за гэтую аповесць. «Пушчанскую адысею» перарабляў 18 разоў, але яе лічу найбольш незакончанай і буду правіць яшчэ і яшчэ.

Доўгі час думаў, што я вымушаны так пацець над сваімі рэчамі ад бяздарнасці, і саромеўся аб гэтым нават каму-небудзь заікнуцца. Але, наведваючы архіў Л. Талстога, я з радасным здзіўленнем убачыў там адну рэч, перапісаную графам Львом Мікалаевічам 105 разоў!

Калі гэтак рабілі геніяльныя людзі, дык што ж застаецца нам, грэшным...

Да сённяшняга дня на роднай мове выйшлі такія мае кніжкі: «Дзве сасны», «Мая Гродзеншчына», «Данута» і «Пушчанская адысея». Некаторыя рэчы перакладаліся на іншыя мовы, выходзілі за мяжой без майго ведама.

Без фальшывай сціпласці заяўляю: пісьменнікам сябе не лічу. Усё думаю: вось знойдзецца разумны крытык, які аб’явіць цэламу свету, што я прымазваюся да іх,— от будзе вялікі канфуз! На маю глыбокую думку, пісьменнікамі становяцца пасля смерці.

На працягу свайго жыцця я змяніў шмат прафесій, і з усіх найбольшае задавальненне дае мне пісанне. Яно мяне захапіла цалкам.

Для чаго чалавек жыве? Мабыць, для барацьбы за Праўду. У мой век Праўда знаходзіцца ў вялікіх ідэях камунізму, я за іх змагаўся, як толькі мог. Канечне, часамі рабіў гэта няўмела, а часта груба, але гэта ішло ад неразумення і ўзросту. У сваё апраўданне я прывяду словы Л. Талстога: «...Чтобы жить честно, надо рваться, путаться, биться, ошибаться, начинать и бросать и вечно бороться... А спокойствие — душевная подлость...»

Ад таго, што жывеш на свеце, трэба каб і другім людзям лягчэй было жыць. Сустракаючыся з чытачамі, атрымліваючы ад іх пісьмы, я адчуваю, што нешта даю людзям, і вельмі шкадую, што пачаў пісаць позна, ужо ў сталым узросце, і ўпусціў тыя гады, калі звычайна нараджаюцца літаратары.

Пісанне стала маім лёсам. Я знайшоў спосаб, як найбольш быць карысным людзям. Я спазнаў шчасце, я ведаю, як мне жыць!

 

23

Маё Страшава цяпер за граніцай. Туды я езджу ў госці.

Бацька мой — пенсіянер, жыве ў Ваўкавыску. Брат пераехаў у Гродна і кіруе будаўніцтвам высакавольтнай лініі ў вобласці. На вуліцах Гродна я з кожным трэцім-чацвёртым прахожым вітаюся не проста як са знаёмым. Гэта былыя сябры-падпольшчыкі часоў буржуазнай Польшчы, партызаны, франтавікі, настаўнікі, савецкія і партыйныя работнікі, з якімі мы разам працавалі і змагаліся за перамогу нашых ідэй, за чыстату нашай справы. Жыць сярод іх і адчуваць іх дружбу для мяне гэтак жа неабходна, як дыхаць паветрам.

 

1964


1964

Тэкст падаецца паводле выдання: Карпюк А. Выбраныя творы. У 2 т. Т. 1. Данута: Аповесць. Апавяданні. Публіцыстыка / Прадм. У. Калесніка.— Мн.: Маст. літ., 1991.— 463 с.
Крыніца: скан