epub
 
падключыць
слоўнікі

Аляксей Карпюк

Маруся

Выйшла яна з лесу на сувязь з падпольшчыкамі ў Мінску. У кошык паклала магнітную міну, накрыла яе ягадамі, кавалачкам сала. Падумала — што яшчэ піхнуць? І паклала дзесяць яек (адно спецыяльна разбіла ды развэдзгала жаўток, каб выклікаць агіду ў ворагаў), шпулечку нітак ды пачку сахарыны.

— Стой, партызанская шкура, што нясеш? — затрымаў яе на мінскай шашы замухрышкаваты паліцай.

— Ой, дзядзечка, насіла, дальбо, у вёску тое-сёе вымяняць, во!.. Дома — мужык, дзеці, усіх карміць трэба, усе есці хочуць, а няма чым, дальбо, дык во я і схадзіла з дзяўчатамі!.. Яны ідуць, і я падумала — давай схаджу...

— Брашы, брашы-ы, так я і паверыў!

— Ісціны бог!.. Пашкаду-уйце мяне, дзядзечка, пусці-іце!

Паліцай пачаў грэбацца ў кошыку. Маруся выставіла яму дваццаць рублёў. Бобік з гідлівасцю абцёр ад жаўтка палец, хапіў грошы і ўдарыў яе нагой:

— Яшчэ пэцкаць, зараза, будзеш?!

Маруся не чакала ўдару, адляцела і ўпала, а кошык перакуліўся. Партызанка роспачліва згрэбла ўсю ношу прыгаршчамі ды — зноў! зноў! зноў! — у кошык усё! Бобікі так нічога і не заўважылі.

Адыходзячы, яна чула, як паліцаі гаварылі між сабой.

— Ну і пашкадаваў жа ты яе!

— На ўсе дваццаць! — пахваліўся недаростак.— Але ж і ногі задрала — аж кашуля бліснула!..

Бобікі здаволена заржалі.


1962-1977

Тэкст падаецца паводле выдання: Карпюк А. Свежая рыба : Аповесці і апавяданні. Мн.: Маст. літ., 1978. - 368 с.
Крыніца: скан