epub
 
падключыць
слоўнікі

Аляксей Карпюк

На выканкоме

Дырэктар гарпарку робіць справаздачу аб рабоце з дзецьмі і цярпліва пералічвае: правялі дзень птушак і павесілі сто шпакоўняў, школьнікі пасадзілі сем тысяч кустоў, нарыхтавалі тры мяшкі каштанаў, зрабілі яшчэ тое, зрабілі гэта...

На заканчэнне дырэктар хваліцца, што з Ленінграда для малых ён выклікаў цырк звяроў.

— Каб не думалі, што ліпа, вось вам фота з мерапрыемства!

Вялікія здымкі пайшлі па руках. На фота пацешныя мішкі катаюцца на шарах, ездзяць на веласіпедах, а вакол з усмешкамі да вушэй — шчаслівая дзятва. Члены выканкома разглядаюць іх, салідна маўчаць. Наступае хвіліна, калі трэба камусьці выказаць першую думку.

Дырэктар мясакамбіната, вядомы сваёй прыдзірлівасцю, нападае на дакладчыка:

— Думаю, што яму нельга дазваляць і далей кіраваць важным участкам ідэалагічнай работы! Паглядзіце, таварышы члены выканкома, куды ён хіліць! Замест таго каб весці арганізацыйна-массавую работу сярод піянераў — сярод нашай змены! — замест таго каб цесна ўвязаць іхнюю дзейнасць з сучаснасцю, надзённымі пытаннямі, чым мы ўсе жывём, дырэктар парку вядзе іх да звяроў, у тайгу, да мядзведзяў!

У падтрымку таварыша кінуў рэпліку яшчэ адзін разумнік. Стаіць бедны дырэктар, пераступае з нагі на нагу, уздыхае.

— А вы чаго маўчыце? — пытаецца старшыня выканкома.

— Думаю.

— Аб чым?

— Што б сказалі мядзведзі на гэтую дэмагогію.

Выбухае дружны рогат. Далей абмеркаванне ідзе ўжо зусім у іншым напрамку.


1962-1976

Тэкст падаецца паводле выдання: Карпюк А. Свежая рыба : Аповесці і апавяданні. Мн.: Маст. літ., 1978. - 368 с.
Крыніца: скан