epub
 
падключыць
слоўнікі

Аляксей Карпюк

Нараджэнне паэта

Сержанта Гаўрылу з пярэдняга краю паслалі ноччу ў разведку. Ён пранік праз лінію фронту, разведаў што трэба, але заблудзіў і вырашыў пачакаць раніцы, каб разгледзецца. Разведчык не меў ні ежы, ні вады, ды лепш было дзень перацярпець і да сваіх прабірацца ноччу, чым па-дурному трапіць немцам у лапы.

Акапаўся салдат па статуту, травой прыкрыў пясок, чакае.

Калі развіднела, хлопец ад жаху абмёр. Кусцікі, сярод якіх ён выкапаў прыстанішча, аказаліся зусім рэдкімі, а ззаду — адкрытае поле. Крокаў за сорак перад ім, у гушчары — прытаілася стальная аграмадзіна «фердынанда» з зялёна-шэрымі разводамі камуфляжа на пакатых баках, а бяздонны зеў яго стоміліметровай гарматы скіраваны быў сержанту проста ў душу.

Днём з-за брані асцярожна выглядвалі зялёныя каскі, немцы паказвалі нешта адзін аднаму ў яго бок. Некалькі разоў над вежай бліскаў сонечны зайчык ад перыскопа, затым варушыўся ствол — артылерыст, мабыць, яго даводзіў да цэлі, пасля чаго ўсё навокал як бы прытойвалася ды замірала, і тады сержанту здавалася — самаходка вось-вось грымне агнём і распаленым жалезам, ад яго не застанецца нават і следу.

Ці немцы сваім стрэлам не адважваліся сябе выдаць, ці яны ўсё ж такі сержанта не заўважылі, а разглядалі што-небудзь за ім — хто іх ведае. Але што тады Гаўрыла да вечара перажыў, што перадумаў, як перахваляваўся, перацярпеў — апісаць, мабыць, немагчыма...

Потым яшчэ многа разоў сержант хадзіў у разведку і з баямі прайшоў з тысячу франтавых вёрст. Пад канец вайны хлопца з арміі дэмабілізавалі па інваліднасці — пяхотная міна выпаліла яму вочы.

Пасля вайны Гаўрыла Шутэнка пасяліўся ў Навагрудку і знайшоў у сабе сілы, каб не толькі жыць інвалідам,— ён стаў паэтам. Першыя паэтычныя радкі яго былі такія:

 

Вот если бы орудие стволом,

Смерть затаив, в упор бы посмотрело —

В глаза молодчиков, что нам грозят огнем,

Тогда б они войны не захотели!


1962-1976

Тэкст падаецца паводле выдання: Карпюк А. Свежая рыба : Аповесці і апавяданні. Мн.: Маст. літ., 1978. - 368 с.
Крыніца: скан