epub
 
падключыць
слоўнікі

Аляксей Карпюк

Няўрымслівасць

Лена прыйшла да нас у педінстытут проста з партызанскага атрада. Баявая і сімпатычная. Хоць рэктару, хоць дэкану дзяўчына магла сказаць, што думала, таму начальства яе асцерагалася. На курсавых занятках зводзіла сваіх выкладчыкаў пытаннямі.

— І навошта прыдумалі гэтыя коскі? У нямецкай мове — іх ставяць так, у англійскай — гэтак, у рускіх, кітайцаў — яшчэ інакш!.. Пісалі ж людзі ўвогуле без іх шмат стагоддзяў!..

— Чаму такія нудныя раманы выпусціў класік М., другой работы не меў? Дык пры чым тут студэнты, за якія грахі нам іх перачытваць?!

У двары інстытута рэктарава цешча пасадзіла агарод. Нам патрэбна была пляцоўка для гульні ў валейбол. Я, старшыня прафкома, заікнуўся рэктару пра гэта, а ён, бедны, пачаў скардзіцца, якая ў яго злая цешча. Учула гэта Лена, арганізавала зараз жа студэнтаў з рыдлёўкамі, і праз дзесяць хвілін ад агарода не засталося і следу, а хлопцы на свежаперавернутай зямлі ўкопвалі ўжо слупы.

Лена не баялася самога чорта і разводзіла ноччу па кватэрах сябровак па разбураным і вымерлым горадзе, дзе тады можна было спаткаць усялякае. Да падсобнай гаспадаркі інстытута ў Ліцвінках было кіламетраў з васемнаццаць, там працавала яе маці, партызанская сувязная; у цёплую пару Лена туды лётала кожны дзень пехатою.

Аднойчы дамовілася з зубрылам Пташкоўскім: калі ён здасць марксізм на пяцёрку, то частуе марожаным колькі яна захоча. Я падышоў, калі Лена далізвала дванаццатую порцыю бела-сіняга ласунку, у якім тады быў у асноўным лёд. Я нават з абаіх пасмяяўся ды пайшоў сабе далей, а назаўтра мусіў ад імя прафкома ісці на кватэру да Лены з гасцінцам — дзяўчына захварэла запаленнем лёгкіх.

І вось скончылі мы інстытут, раз’ехаліся на працу.

Мінула чатыры гады.

Аднаго разу стаю ля кінатэатра ў Мінску, збіраюся паглядзець якуюсьці там серыю «Тарзана». Раптам чую ўзрадаваны, меладычны знаёмы голас:

— Лё-ошка, ты-ы гэта, няўжо-о?!

І міргнуць не паспеў, як Лена прарвалася праз натоўп ды ледзь не павіснула, шчаслівая, у мяне на шыі.

— Дзе-е ты цяпер?! Няўжо і ты-ы жывеш — так, бы ўсе?! І ажаніўся, і маеш дзяцей, і ходзіш кожны дзень а дзевятай на работу?

— Што зробіш...

— Ой, гэта ж сумо-ота!

— Ну, а ты як? Расказвай, дзе і што робіш!

— Ведаеш, а я — на Камчатцы! Цудоўны край, не змяняю ні на што на свеце: калі гаварыць пра рай, то ён — там!.. Ой, Лёшка, мілы, паслухай, якая ў мяне трагедыя! Ты толькі глянь, якая бяда здарылася!

— З мамай мо? — устрывожыўся я за нашу партызанскую сувязную.

— Не-е, мама шчэ здаро-овая, жыве са мной!..

— Дак што ж там магло такога выдарыцца?

— Паслухай! Толькі вылецела з Петрапаўлаўска, а па радыё перадаюць — Ключэўская сопка выбухнула і на пяць кіламетраў радыусам заліла ўсё навокал кіпучай лавай! Ці можаш ты сабе ўявіць такое?! Мы так упрошвалі лётчыка, так усе яго малілі — ледзь яму рук не цалавалі, пяць скрынь шампанскага фундавалі, але ён, бюракрат, не захацеў павярнуць самалёт назад!.. Разумееш, столькі там пражыла — вулкан маўчаў як зачараваны! Варта ж было мне толькі ад’ехаць і — на табе! Лё-ошка, ты адно падумай, як не пашэнціла мне ў жыцці!..


1962-1976

Тэкст падаецца паводле выдання: Карпюк А. Свежая рыба : Аповесці і апавяданні. Мн.: Маст. літ., 1978. - 368 с.
Крыніца: скан