epub
 
падключыць
слоўнікі

Аляксей Карпюк

Па кветку шчасця

Уступ
  І
  ІІ
  ІІІ
  IV
  V
Раздзел першы
  1
  2
  3
  4
  5
  6
  7
  8
  9
  10
  11
  12
Раздзел другі
  1
  2
  3
  4
  5
  6
  7
  8
  9
Раздзел трэці
  1
  2
  3
  4
  5
  6
  7
  8
  9
  10
Раздзел чацвёрты
  1
  2
  3
  4
  5
  6
  7
  8
  9
  10
Раздзел пяты
  1
  2
  3
  4
  5
  6
  7
  8
  9
  10
Раздзел шосты
  1
  2
  3
  4
  5
Раздзел сёмы
  1
  2
  3
  4
  5
  6
  7
  8
  9
  10
  11
  12
  13
  14
  15
  16
  Раздзел восьмы
  1
  2
  3
  4
  5
  6
Эпілог


 

 

Светлай памяці свайго

бацькі прысвячаю

 

 

Уступ

 

 

І

Мая вёска завецца Страшава. У ёй сорак восем двароў, раскіданых на пяцістах гектарах, або пяці кіламетрах квадратовых,— каля лесу Ліпнікі.

За страшаўскімі хлявамі праз рачулку перакінута дубовая кладка. На груба абчасанай і набрынялай гэтай бэльцы чарнелі выразанае прозвішча, праваслаўны крыж і дата смерці пачынальніка нашага роду — Кучынскіх. Нам, дзецям, гаварылі, што надпісу мо сто, а мо і больш гадоў.

Яшчэ на вёсцы казалі, што Кучынскі і быў першы страшавец. Чалавек гэты стаў мне блізкі, а ўсведамленне, што наш род заснаваў цэлае селішча, напаўняла мяне гонарам.

Я — незвычайны страшавец.

Радаслоўная нашай сям’і вядома толькі да чацвёртага калена. Пачынаецца з прадзеда, які служыў краўцом у пана Златніцкага.

Калі адмянілі прыгоннае права, прадзед не асеў на зямлі, а пайшоў на заробкі. Ён заходзіў да каго-небудзь у хату, жыў там тыдзень-два, покуль усіх не абшываў, тады кіраваўся далей.

Страшаўскія бабкі расказвалі, як кравец любіў жартаваць.

— Дзеці, прынясіце жменьку попелу, будзем іголкі вастрыць!

Тыя прынясуць. Ён нібы водзіць па попеле іголкай — раз! — і ўколе ў руку.

— Што, вострая?

А то ў адной хаце нявесткі пачалі варыць абед і пасварыліся. Гаршкі сабе кіпяць, а кравец, падкурчыўшы ногі, сядзіць і шые. Нявесткі то заходзяць, то выходзяць, надзьмутыя, маўчаць, а спытацца адна ў адной, ці пасолена страва, не дазваляе гонар.

Вярнуліся мужчыны з малацьбы. Села сям’я снедаць. Толькі паднеслі лыжкі да рота, і ўсе разам выплюнулі страву.

— То хіба і ты саліла? — вінавата спыталася адна маладзіца ў другой.

— Саліла...

Кравец дадаў:

— А я думаў, сёння такое свята. Бачу — усе соляць. Узяў зачэрпнуў жменю солі са збанка, кінуў у вар і я!

Краўцоў сын — мой дзед — гадоў сорак служыў лесніком. Ён амаль не начаваў дома. Дзень і ноч з кіем і сабакам, а зімой на лыжах праводзіў на службе. Памятаючы, як бацька пабіраўся па мужыцкіх хатах і прыкідваўся дзіваком, каб пракарміць з іголкі сям’ю, ён упарта, настойліва імкнуўся зрабіць сваіх пяць дачок (маіх цётак) і двух сыноў (майго бацьку і брата яго, Аляксея) незалежнымі. Дзед не піў, нікуды з вёскі не выязджаў. Збіраў грошы год, два, дзесяць, дваццаць...

Нарэшце, калі ў нашым Страшаве распрадавалі маёнтак пана Златніцкага, на саракавым годзе службы, дзед на ўсе грошы купіў зямлі і адразу памёр,— жывіце, дзеці, мацуйце наш род, бо я сваё зрабіў.

Зямлю пан прадаў, вядома, у палосках, ды падаспела Сталыпінская рэформа. У Страшаве з’явіліся каморнікі і выдзелілі гаспадарам асобныя надзелы для хутароў.

Леснікова ўдава, мая бабка, за нешта пасварылася з каморнікамі, і тыя са злосці далі ёй вялізны ўчастак, але дурны — пясчаную гару і балота.

Покуль перамервалі зямлю, цёткі павыходзілі ў суседнія вёскі замуж. Дзядзька Аляксей адправіўся ў Маскву служыць прыказчыкам. Памерла і бабка.

Мае продкі — вялікія гаротнікі, сумленныя людзі, няхай пухам ім будзе зямелька.

 

ІІ

Паабапал рэчкі Супраслі раскінулася мястэчка Гарадок.

Недзе ў ХІ стагоддзі ў глыбіні Блудаўскай пушчы, дзе крыжаваліся гандлёвыя шляхі, узнік умацаваны гарадок, якому чамусьці людзі не прыдумалі назвы.

У Гарадку хаваўся ад брата Вітаўт, і мястэчка тады было за сталіцу літоўскаму магнату.

У 1498 годзе беларускі князь і навагрудскі ваявода Аляксандр Хадкевіч пабудаваў тут манастыр Іаана Багаслова. З Афонскай гары, з Кіева-Пячорскай лаўры ваявода прывёз манахаў, якія пачалі жыць па ўзору ўсходніх схімнікаў.

Манахі жылі ў раскіданых па лесе келлях і толькі па суботах і на святы збіраліся ў манастыры на малітву. Калі ж Хадкевіч пабудаваў тут яшчэ і мураваны замак, суседства буяністага ваяводы і разгульнай світы стала манахам перашкаджаць.

«Трудно было,— гаворыць старажытны летапіс,— блюсти строгости иноческого жития ради докуки мирской». Хадкевіч дазволіў перанесці манастыр у іншае месца.

Паводле даўняга звычаю, манахі кінулі ў рэчку драўляны крыж, які меўся паказаць, дзе ставіць новую святыню. Крыж панесла вадой, «інакі» ішлі па беразе і сачылі, куды яго прыб’е.

Так узнік новы, славуты ва ўсёй Цэнтральнай Еўропе — Супрасльскі, Благавешчанскі манастыр.

Потым перасяліўся ў Беласток і сам Хадкевіч, а Гарадок заняпаў. З колішняй яго славы засталася легенда ўзнікнення мясціны і Замкавая вуліца. Ад магната Хадкевіча і былога манастыра дайшоў да нас адно ўзгорак, зарослы буйным лопухам.

Кожнай келлі ў лесе манахі для выгоды далі сваю назву. Людзей прыбывала. Яны ўсё далей ад Гарадка высякалі пушчу. Але мясціны, дзе маліліся схімнікі, яшчэ доўга выклікалі пашану. Назвы келляў людзі перанеслі на вёскі — Грыбаўцы, Скраблякі, Зубкі, Зубры, Страшава, Бялявічы, Меляшкі, Валілы...

Яшчэ з тых часоў захаваліся на вёсках паўднёваславянскія прозвішчы, перайначаныя людзьмі для лепшага вымаўлення,— Цішэўскі, Дудзік...

 

 

ІІІ

У часы санацыі пры ўездзе ў Гарадок віднелася шыльда, а на ёй было акуратна напісана: «Мястэчка мае 2764 жыхароў, у тым ліку 1402 іудзеі, 615 праваслаўных, 521 католік і 226 іншых веравызнанняў. Жанчын — 1963, мужчын — 1715».

Ішлі гады, і людзі паміралі, нараджаліся, жаніліся ды пераходзілі ў другую веру, а лічбы на шыльдзе не мяняліся. Толькі потым я зразумеў — войт з Гарадка гэтым паказваў, які ў яго гміне парадак.

Без Гарадка нашыя сяляне не ўяўлялі свайго жыцця.

Пыхцела там каля дзесятка фабрычак сукна.

У Гарадку былі кузня, млын, воўначасалка, пошта і школа.

Там жыў доктар.

У мястэчку можна было прадаць масла, збожжа, цяля ці выменяць малако на флёкі для сенніка.

У Гарадку чалавек мог купіць і селядзец, і чаравікі, і сшыткі, і нават — з-пад палы — набоі для паляўнічай стрэльбы.

Між іншым, для мяне Гарадок яшчэ — мясціна, дзе я ўбачыў свет.

Аднойчы паехалі нашы часаць воўну — і ў маці пачаліся роды. Бацька завёў яе ў бліжэйшую краму, палажыў на тапчан. Маёй павівальнай бабкай стала гаспадыня крамы, прапахлая селядцамі і газай тоўстая Броха.

 

IV

І на мястэчка і на вёску ўплываў прамысловы Беласток, куды ад Страшава — сорак адзін кіламетр.

Каліноўскі ў Беластоку друкаваў «Мужыцкую праўду».

Забастоўкі рабочых там пачаліся яшчэ ў 1870 годзе.

З беластоцкіх школ выйшлі генерал Парыжскай камуны Валеры Урублеўскі, забойца Аляксандра II— Ігнат Грынявіцкі.

У недалёкім Заблудаве Іван Фёдараў выпускаў свае першыя кніжкі...

Паўстанні 1831, 1863 гадоў пакінулі па нашых лясах такія назвы ўрочышчаў: Стойбішча, Вісельнік...

Хаты ў нас даўно на гарадскі лад: крыліся чарапіцай, сцены гладка габляваныя, з шаляванымі вугламі, а вокны — вялізныя, на тры шыбіны. Замест печаў людзі ставілі ўжо пліты, а для цяпла — з белай кафлі грубкі. Па два, па тры і нават па чатыры пакоі мелі страшаўцы.

Гэта з аднаго боку. А з другога...

Вісельнікам называўся лясок ля Свіслачы. У 1831 годзе Мураўёў павесіў у ім вучняў Свіслацкай гімназіі...

Маіх продкаў лясок уражваў не таму, што ў ім загінулі змагары за народ. Праязджаючы ля сосен на кірмаш, яны заміралі ад жаху — на гэтых суках віселі людзі. Заміралі б гэтаксама, калі б там віселі звычайныя бандыты.

Мужыкі нашыя доўга лічылі цара бацькам, які не ведае, што твораць мясцовыя начальнікі, а рэвалюцыянераў называлі з насмешкай — «цацалістамі».

У 1905 годзе праз Гарадок ішла дэманстрацыя. Абураныя рабочыя неслі на тычцы акрываўленую кашулю ахвяры самадзяржаўя. Нейкі Самойлік залез на свой дом і стрэліў па «цацалістах» з дубальтоўкі соллю.

У Страшаве ён праслыў героем.

У 1914 годзе рускія войскі з Заходняй Беларусі і Украіны эвакуіравалі ад немцаў у глыбіню Расіі чатырнаццаць мільёнаў людзей. Адзіным страшаўцам, якому ўдалося схавацца ад казакаў і не паехаць у тыл, быў стары Лукаш. Чалавек адстаў ад суседзяў на цэлую эпоху.

Пасля вайны бацька спаткаў ля Гарадка фурманку.

— Сцяпан, я вазіў бульбу ў Беласток! — спыніў дзед каня.— І бачыў там нейкіх, мусіць, бальшавікоў, ісціны бог!

— Чаму вы, дзядзьку, думаеце, што гэта былі бальшавікі?

— Бо трубілі ў трубы і ішлі ў сінім... А трубы бліскучыя, аж агнём гарэлі!

Дзядзька бачыў аркестр пажарнай каманды.

(Адсталасць дзядзькі перадалася, няйначай, і дзецям: яго сын Іван не вылазіў з турмы за кражы.)

Астатнія страшаўцы папаездзілі па свеце, і ў іхніх галовах адбылася грунтоўная перамена.

 

V

На дзедавай спадчыне, у Страшаве і Гарадку, у наваколлі Беластока, і праходзіла маё жыццё — яшчэ не напісаная аповесць, якой я даю назву «Па кветку шчасця».

Ці люблю я свае родныя мясціны? Гэта не тое слова.

Я мераю, буду мераць да смерці і вучу сваіх дзяцей мераць усё на Страшава: плошчу, дамы, людзей, іхнія ўчынкі, сумленнасць, прыгажосць ды брыдоту, подласць, памеры цярпення, бяду і радасць. Бо кожны чалавек — родам са свайго маленства.

 

Раздзел першы

 

 

1

У нас ля акна вісеў кішэнны гадзіннік. Яго бацька атрымаў за выдатную стральбу з гарматы ў царскім войску і ганарыўся ім. Надта хацелася мне яго пакруціць. Дабраліся мы з братам Валодзькам да гадзінніка і сапсавалі.

Першае, што цьмяна памятаю ў сваім жыцці,— як страляе спружына гадзінніка, як мяне лупцуюць. Тады ўжо ідуць вобразы больш выразныя.

Праз вёску пара коней вязе брычку з памешчыкам Шастаковічам. Карычневая брычка блішчыць, гойдаецца на рысорах (нават не думай на яе пачапіцца!) — памешчык з Вераб’ёў едзе ў Гарадок да касцёла.

Вось поўная наша кухня кудзельніц. Вурчаць бадзёра калаўроткі. Гляджу на маміны пальцы, яна слініць іх, спрытна скубе кудзелю з прасла, а з-пад рук яе цячэ на шпульку тоненькая нітачка. Кудзельніцы пяюць. Чую толькі мамін зычны голас. Яна спявае, што хутка настане вечар, яна выйдзе на вуліцу, а там чакаць будзе яе мілы друг і яна на яго абапрэцца.

«Друг» для мяне — слова незнаёмае, але я ведаў падобнае па гучанні — дручкамі абнесены нашыя агароды. Уяўляю, як мама выходзіць з дома і абапіраецца на дручок ля нашай капусты...

Мама бачыць мяне, раптам змаўкае і з цікавасцю і гордасцю пытае:

— А ты разумееш, пра што спяваем?

— Ну! — адказваю ўпэўнена.

Жанчыны смяюцца, а мне надта крыўдна: чаго ж тут не разумець?

Памятаю, як на вёсцы дзівіліся, што наш бацька не можа даць рады дзікам. Яны з Ліпнікоў панадзіліся ў бульбу. Бацька і воўчыя ямы капаў, і бітае шкло сыпаў, каб ад месяца блішчала — дзікі рылі загоны ўсё роўна.

Дзядзька Салвесь, наш сусед, параіў яму правераны спосаб.

Бацька ўкапаў слупы з перакладзінамі. Да перакладзіны дротам прывязаў старыя чыгункі ўверх дном. У кожны чыгун падвесіў кавалак жалязякі — нібы язычок у званку. А да жалязяк прымацаваў анучы.

«Вецер анучамі будзе махаць, жалезіны па чыгунах зазвоняць, і дзікі збаяцца!» —абяцаў дзядзька Салвесь.

Выразна памятаю раніцу.

Мы толькі што паўставалі. Праз акно заглядае сонца. Ля пліты ўстрывожаная мама даварвае снеданне і часта ўспамінае мацер божую. Мама гэтым разам не пабіла збан з малаком, не знайшла ў кумпяку чарвей, свіння не сцягнула з плота яе спадніцы — сёння бацька не начаваў дома.

— Бо-ожа, бо-о-ожа, што са Сцяпа-анам?! — гаворыць яна сама да сябе ўслых.— Дзе ён так доўго?! Рабі, рабі на гэтых пясочках дзень і ноч без толку, потым вартуй іх ды яшчэ невядомо, што цябе там спаткае!.. Халера на такую зямлю!.. Вунь у Рыжаго Ігната — і канюшына расце ўсюды, і ад лесу далёка!.. Ісусе Хрысце, мацер божая, чаму такая несправядлівасць на свеце?! Што нам далей рабіць?!

Але мы з Валодзькам сядзім сабе на падлозе, расцягваем каленьмі начныя кашулькі, грэемся на сонцы, як каты, і толькі робім выгляд, што трывожымся таксама. Мы перапоўненыя свежасцю ўспрыняцця, адчуваем нават баразёнкі на кончыках пальцаў. Нам цікава, што будзе.

Нарэшце заходзіць бацька, вінавата апраўдваецца:

— Вечарам набліжаюсо да поля — штось бомкае, а ветру няма! Ліхо на яго, чэрці звоняць, ці што?! Падыходжу да загонаў — дзікі, халера, панажыраліся бульбы, чухаюцца сабе аб слупы. Перакладзіны трасуцца, а чыгункі звоняць!.. А ты ведаеш, колькі іх там у лесе яшчэ жыве?.. Мусіў заставацца на ноч вартаваць. Заснуў раніцой, ну і праспаў...

І ўжо здаецца, зусім нядаўна ў Цішэўскага Івана памерла грудное дзіця. Паклалі дамавіну на фурманку, і з падворка Цішэўскіх людзі накіраваліся на могілкі. За фурманкай пайшлі заплаканыя жанчыны. Іван узяў свежавыгабляваны крыж, паклікаў мяне:

— Алёшка, панясеш праз вёску. Ідзі наперадзе фурманкі і трымай перад сабой... Ды не бяжы надта, азірайся на каня!

Аслеплены шчасцем ад такога даручэння, хутка я асвоіўся, і мне надта захацелася пахваліцца. Забег на падворак да Грушэўскіх, закрычаў сябрам:

— Ага, а ў мяне во што!

Плакальшчыцы накінуліся на Івана:

— Ачмурэў? Каму даў несці крыж?!

Іванаў брат, Юлік, спакойна падышоў да мяне, паспачуваў:

— Ну, замучыўсо, нябось, і рукі памлелі? То дай, панясу ўжо я... О-о, халера, які цяжкі! Як ты яго толькі валок?!

А далей ужо запомніліся страшаўскія падзеі.

Наша вёска на хутары не раз’язджалася — бунтавала. Гаспадары з пясчанымі ўчасткамі патрабавалі новага раздзелу зямлі, але ім адмаўлялі.

— Ёсць жа на свеце справядлівасць! — пераконвала бацьку мама.— Ты быў у той час у салдатах!.. З-за таго, што хітранькі Рыжы Ігнат сумеў падпаіць каморнікаў, а твая маці іх аблаяла, дык ужо і мэнчыцца табе ўсё жыццё?! Хлопцы ў цябе растуць, трэба падумаць, з чым іх пакінеш!

Нездаволеных было шмат. Яны прыходзілі да нас, пісалі ў суд новую скаргу, выбіралі бацьку ў сталіцу хадатаем ды дзялілі, дзялілі лужкі і нізінкі. Малых нудзілі такія размовы, і мы ўцякалі з хаты, шукалі цікавы занятак. А яго лёгка было знайсці.

 

2

Тады ў нашым Страшаве часта «абнаўляліся» іконы.

Пайшла чутка па вёсцы, што абнавілася мацер божая і ў Кавальцоў. Марцінаў Сашка, Рыгарулькаў Косця, я і мой брат Валодзька паляцелі ў канец вёскі і замерлі ў Кавальца на парозе.

У хаце былі толькі гаспадары. Нахмураны дзед Кавалец згорбіўся на лаве і курыў. Цётка Кавальчыха палажыла сабе на калені далонямі ўверх, як чарпакі, жылістыя рукі і сядзела на куфры. Над цёткай у покуце вісела з пятнаццаць ікон — у тым жа парадку, як яны віселі ў кожнай страшаўскай хаце: пасярэдзіне галава святога, абкладзеная ручніком, а па баках у счарнелых рамках — меншыя святыя. Старыя, мабыць, нядаўна пасварыліся, і нас нават не заўважылі.

«Дзе ж той цуд... каго спытацца?»

У Кавальцову хату ўвайшла адна цётка, другая, трэцяя...

Заходзілі яны насцярожаныя, прытыкаліся да лавы і перашэптваліся. Кавалец зыркаў на жанчын спадылба і адно бурчаў сабе пад нос.

Калі сабралася столькі, што не было на чым ужо і сядзець, і яны выціснулі нас, малых, у сені, Кавалец выбіў аб лаву муштук, схаваў яго ў кішэню, плюнуў са злосцю і пайшоў з хаты.

У доме адразу ўзняўся гармідар. Асмялелыя жанчыны ўставіліся на маленькую іконку, якая вісела асобна, і заахалі.

— Ты глядзі, як ззяе! — сказала цётка Настуся і азірнулася — падахвоціла астатніх.

— Няўжэ-э! — падтрымала яе Салвесіха.

— Як сонцо! — падхапілі іншыя.

— А вакол яе — зоркі, зоркі, зоркі...

Жанчыны стараліся не адстаць адна ад адной.

— Шчэ ўчора можно было сказаць — тут штось здарыцца! Вечарам выбегла я па ваду, глянула ў гэты бок, а над Кавальцовай хатай, ах, Езу — вогненны слуп!

— То анёлы па ім сыходзілі!

— Ах, бо-ож...— не ведала, як сябе паводзіць разгубленая мая мама, прыляцеўшы сюды таксама.

— І, скажыце, каб у каго багатаго?! Такое выдарэнне, і ў гэтай хаціне...

— Мацер божа заўсёды да такіх больш літасцівая!..

Кавальчыха сядзела ўжо на куфры з выразам фанатычнага шчасця на твары. Хоць яна і па-ранейшаму нікога не бачыла, але цяпер, як заведзеная, цвердзіла:

— А я ўсё жыццё маліласа, і бог мяне пачуў... Я ўсё жыццё маліласа, і бог мяне пачуў...

Мы глядзелі на ўсё здзіўленымі вачыма.

І вогненны слуп, і крылатыя анёлы (якія так і снуюць па ім: то ўніз, то ўверх, то ўніз, то ўверх!!) кружылі галаву, забівалі дыханне, прымушалі заміраць сэрца. Ды мы з Валодзькам дзівіліся: абноўленая ікона — такая ж самая, як іншыя, няўжо і мама не бачыць?! Мо дарослым відаць тое, чаго дзеці не бачаць?!

З пугай у руках у хату ўваліўся Настусін муж — Доўгі Мікалай. Жанчыны прыціснуліся да сцен, замерлі. Прыгінаючыся, каб не чапляць столі, Мікалай азірнуўся па хаце, знайшоў вачыма жонку, ускіпеў:

— Няма табе іншай работы?!

І выцяў з усяе сілы цётку Настусю гнуткім пугаўём — раз! другі! трэці!

— Цяпер у Ліпнікі пешшу ідзі, вярціхвостка, а я — паехаў!

Калі Доўгі Мікалай выбег і не стала чуваць пад акном яго фурманкі, абураныя бабы кінуліся шкадаваць Настусю:

— Ля, як ён табе распаласаваў твар!

— Хто гэто ба-ачыў, каб так бры-ыдзіцца пры народзе!

— Шрам так і выступіў!

Мама суседку не любіла, але тут і яна нахілілася над Настусяй, пашкадавала яе:

— Бо-ожа, ну і мужык у цябе, Настуся, ці ж так мо-ожно!.. Я і дня не жыла б з такім!..

Хтосьці сунуў канец хусткі ў Кавальцова вядро і прыклаў да шчакі жанчыны. Настуся не плакала і не скардзілася. Была шчаслівая тым, як з ёю муж абыходзіўся, выстаўляла свой крывавы шрам, яшчэ і ўсміхалася.

— Дурна-ая будзеш, Настуся, калі цяпер пабяжыш за ім. Няхай адзін у лесе пуп сабе надрывае, тады ведацьме! — раілі жанчыны.

— О-о, я свайго правучыла б ху-утко. Убачыў бы ён мяне ў Ліпніках пасля гэтага, рыхтык!..

Настуся іх не слухала. Яна паправіла хустку, ускочыла з лавы і з паказной ахвотай пабегла за мужам.

Доўгі Мікалай сапсаваў усім песню. Разгубленыя бабы паўздыхалі яшчэ некалькі хвілін ды паразыходзіліся па хатах.

 

3

Болей пра абноўленую мацер божую ў Страшаве ніхто не гаварыў. Затое слава аб ёй пакацілася па суседніх вёсках.

Назаўтра з Меляшкоў, Грыбаўцоў, Вейкаў ішлі і ехалі людзі паглядзець на цуд. У Кавальцоў кампаніі нам не было, малых цяпер туды не пускалі. Мы тырчалі то на падворку, то на бруку і з вялікай цікавасцю спатыкалі і праводзілі кожнага госця.

Ашалеў Рыгораў Бобік. У вёску прыслалі двух паліцыянтаў пастраляць сабак. Паліцыянтам таксама захацелася паглядзець на цуд. Падыходзячы да Кавальцовай хаты, яны нават пазнімалі свае круглыя шапкі з сярэбранымі нумарамі.

У Кавальцоў паліцыянты забавіліся нядоўга. Выйшаўшы, зноў надзелі шапкі, і я чуў, як адзін кінуў па-польску:

— Яка цемнота!

Сябар пакруціў галавой і ўздыхнуў.

І вось тут Валодзька, што бегаў дамоў па хлеб, падляцеў да нас:

— Хутчэй, і ў Настусі абнавіласа!

Мы надта любілі справядлівасць. Страшава было намі падзелена на дзве палавіны. Калі адны з нас хваліся, што найлепшыя коні ў іхнім канцы, другія зараз жа знаходзілі не горшых і ў сваім канцы вёскі.

— Ура! — і мы будзем мець сваю абноўленую ікону.

Ад Кавальца нас нібы ветрам панесла.

Прыбеглі мы да Настусі ў хату. У паўзмроку нашая равесніца Вера калыхала сястру і насцярожана зыркала ў покуць. Там кленчыла яе бабка — маці Доўгага Мікалая. Таго, што старая нас не праганяла, не заўважала, малілася сярод белага дня ў будзень, было дастаткова.

Як апантаныя паляцелі мы па вёсцы і закрычалі з хаты ў хату:

— Цётку, і ў Настусі абнавіласа!

— Хутчэй, дзядзьку, ідзіце да Доўгаго Мікалая, і ў яго ікона ўжо пачала свяціцца!

Цэлы дзень Мікалаева маці ў покуце біла паклоны, а мы — разносілі навіну. На дзіва, да Настусі не пайшоў ні адзін чалавек.

— Старая знарок пусціла погаласку! — гаварыла мама за вячэрай, хочучы зацікавіць бацьку.

А ён якраз правёў цэлы тыдзень у Варшаве — судзіўся за зямлю — і цяпер наводзіў парадак у гаспадарцы. Выслухаўшы маці, ён адно на хвіліну ўзняў галаву над міскай і буркнуў:

— Што ж, захацелася і ёй славы!.. Каб Мікалай быў разумнейшы, то ўчора панадаваў бы вам усім!..

Я шкадаваў Верыну бабку, высокую, касцістую, насатую, з маршчынамі і чорнымі вусамі — сапраўдная ведзьма. Яе мне было шкада, як Бабу Ягу, якую Ясь пад канец казкі ўкінуў у кацёл з варам.

Бацька еў, а маці гаварыла і гаварыла пра старую — як яна за ўсімі шпіёніць, падглядвае, які ў яе дрэнны характар.

Між іншым, бацька наш знахарак не прызнаваў, але мама вадзіла да старой лячыць Валодзьку, насіла рэшата жыта. Старая сеяла над братам попел, перацягвала праз хамут...

«Здагадаецца тата ці не? Калі даведаецца пра жыто, пабяжыць да старой. За яе заступіцца сын! Мужчыны пачнуь біцца! Цікаво, здужае наш бацька Доўгага Мікалая ці не? Пэўна, зду-ужае!..»

 

4

У Беластоку жыла наша сваячка Гануля. Яна Настусі даводзілася стрыечнай сястрой. Чаму ж тады мы з Настусяй не лічымся сваякамі?

Чаму пра суседку ў нас заведзена было гаварыць або кепскае, або не гаварыць зусім нічога?

Зразумеў я ўсё потым, ужо дарослы.

Гэта пачалося яшчэ перад імперыялістычнай вайной. К таму часу бацька стаў кавалерам, паспела і дзеўка Настуся. Мяркуючы па тым, якое яна насіла імя (не Настуля, не Анастася, Настася, а — Настуся), у дзяцінстве бацькі песцілі яе, любілі. І выгадавалі — дужую, рухавую, галасістую і вясёлую.

Аднойчы хлопцы, сярод якіх быў і мой бацька, упіхнулі дзяўчыну ў гумно, завязалі вышэй галавы спадніцу. Жанчыны пачулі крык, папрыбягалі з поля...

Што там у гумне было, ніхто толкам не ведаў. І, калі гаварыць па-справядлівасці, Настуся найменш вінавата. На дзіва, асудзілі не буянаў, а якраз бедную дзеўку, якая бытта бы не змагла сябе зберагчы.

Жанчын злавала, што Настуся пасля таго выпадку не плакала, не апраўдвалася, а паводзіла сябе так, нібы ўсе бабскія размовы — з зайздрасці.

Праз нейкі час Настуся паехала ў Беласток служыць да паноў, дрэнная слава пра яе разраслася. У горадзе бытта бы да яе на ноч прыходзілі салдаты і плацілі грошы.

Мінуў год-другі.

Нечакана Настуся вярнулася ў вёску назаўсёды ды прывезла з сабой беластачаніна. І такога, што ўсе ахнулі: чарнявага, белазубага, высачэзнага, прыгожага.

На вяскоўцаў прымак глядзеў звысоку, нібы каланіст на тубыльцаў. Але і страшаўцы яму адплацілі. Празвалі — Доўгім.

Доўгі Мікалай падпёр з усходу дручкамі хаціну, якую заходнія вятры моцна нахілілі, і больш не ўбіў нікуды і цвіка. Якімі пакінуў пасля сябе Настусін бацька гумно і хлеў, так яны і засталіся стаяць.

 

5

За Настусяй у адной хаце жылі браты Грушэўскія: Марцін і Салвесь.

Калісьці наляцела на вёску бура, паваліла гумны, пазрывала стрэхі, павыварочвала з карэннямі дрэвы. Віхор падняў малога Салвеся і занёс за вярсту ў поле. Дзіця знайшлі потым, калі яно, выплакаўшыся, спала ў баразне. На малым не было і драпінкі, але з той пары Салвесь пачаў заікацца. Бацькі надта шкадавалі сына, дрыжалі над ім, і ён вырас да смешнага чуллівы.

За нашымі агародамі чарнелі яміны, дзе мачылі каноплі. Летам тут вадзіліся жабы. Калі вада ў ямінах высыхала, Салвесь збіраў малых дзяцей і насіў з імі ў ямы ваду з калодзежа, пакуль з малых апалонікаў не вырасталі жабы і не распаўзаліся па балоце.

Ваду насілі каля Настусіных вокнаў. Убачыў нас Доўгі Мікалай, давай дзівіцца:

— О, дурны заіка дае жабам цыцкі!

Пакрыўджаны дзядзька як вёў за руку сваю маленькую Нінку, так і павёў яе далей. Адно сагнуўся, нібы яго ўдарылі ззаду. І ў гэты дзень да нас не прамовіў ні слова.

Неяк зімой дзядзька Салвесь саматугам валок Рыжаму Ігнату санкі. Мама несла ад Грушэўскіх вуголле ў збанку, і ёй захацелася падурэць. Яна ўпала ў палукашак, закрычала:

— Но-о, Салвеську, вязі-і!

Дзядзька гульню падхапіў, крутануў аглоблі — і палукашак перакуліўся. Доўгі Мікалай схапіў збанок, высыпаў вуголле на салому, зарагатаў. Мама з Салвесем кінуліся завальваць палукашак снегам.

Калі чалавек арэ, сее ці ўкопвае слуп, не будзеш сунуцца каля яго моўчкі, нібы свіння. Доўгі Мікалай паслаў бы таго к чорту, хто сказаў бы яму «памагай бог!».

Для Доўгага Мікалая не было ніякіх аўтарытэтаў.

Дзядзька Аляксей — былы прыказчык — з Масквы прыслаў нам чырвонцы і пісьмо. Прачытаў бацька яго і зазлаваў. Выяўляецца, Аляксей — «нэпман», кепскі чалавек.

Бацька адказаў брату на чыстай старонцы пісьма і чырвонцы адаслаў назад. Яго на вёсцы сталі паважаць яшчэ больш. Адзін Доўгі Мікалай смяяўся, што Сцяпан дурны — адмовіўся ад грошай.

Ад Доўгага наш бацька меў нямала клопатаў.

Ноччу мужчыны вартавалі вёску. З вечара да раніцы адзін чалавек у кажусе тэпаў сабе па бруку і сачыў, каб не было пажару, не швэндаліся чужыя. Раніцой вартаўнік «шыльду» дзяжурнага заносіў суседу пад акно: «Сёння, браце, на варту табе».

Калі пад сваім акном бацька бачыў знаёмую дошчачку, то бег да Грушэўскіх на разведку, бо Доўгі Мікалай часта яго абдурваў: Мікалаю раніцой «шыльду» прыносіў Салвесь ці яго брат, а хітранькі Доўгі дошчачку адразу ж сплаўляў нам...

Доўгі, казалі, з Лукашовым Іванам у Беластоку лазілі па кішэнях. Івана пасадзілі ў турму, а ён неяк выкруціўся. Свае замашкі прынёс Доўгі і ў вёску.

Аднаго вечара бацька зазірнуў чагосьці ў гумно, а ля горбы сечкі — чорная постаць. Уцякаць незнаёмаму не было куды. Ён забляяў бараном, кінуўся на снапы, адтуль — да шчыта, выбіў дошку і выскачыў на двор.

На вёсцы ведалі нават, што ў суседа варыцца на абед, а не толькі пазналі б яго мяшкі. Бацька са здзіўленнем падняў з тока чужы мяшок — «Настусін, здаецца?! Але ж у Мікалая свая сячкарня?! От, халера, гультай!..»

Але часамі ў словах Верынага бацькі была жудасная логіка.

Прыглядаючыся, як мужчыны зыходзяцца да нас, каб зноў выбіраць хадатая ў Варшаву, аднойчы Мікалай мне, бытта не пра майго бацьку мова, сказаў:

— Заладзілі!.. Ну, даб’ецца свайго Сцяпан, адбярэ хутар у Ігната, тады Рыжаму судзіса?..

Мяне так уразіла справядлівасць яго слоў, што я аж пахаладзеў.

Бессардэчна абыходзіўся Доўгі Мікалай і са сваімі. Мама часамі вярталася ад калодзежа з вядром вады і аб’яўляла дома:

— Доўгі зноў таўчэ Настусю!

Мікалаевы дзеці і жонка толькі і мелі клопату — дагаджаць яму.

Уся вёска ведала, якія рукавіцы пашыла мужу Настуся, якія звязала шкарпэткі. Мікалай заязджаў на падворак, а яго Верка кідалася валачы ў сені дугу, збрую. Старая маці жыла ў халупе, бытта толькі каб сачыць за нявесткай і ўнучкамі ды паддаваць іх сыну на расправу.

Лупцоўку Настуся пераносіла з нейкім радасным цярпеннем, пра Мікалая не давала сказаць кепскага слова. Яна з захапленнем расказвала, як яны з мужам добра жывуць.

— Бабы, а здаро-овы ён, а ду-ужы!.. Калі ноччу праз сон выцягне руку, паложыць на мяне — не паварушыцца, так і прасплю да самай раніцы!..

Апрача Веры ў Настулі былі яшчэ дзве меншыя дзяўчынкі. Але покуль Мікалай не захварэў, я ніколі не бачыў, каб ён з імі гуляў ці хоць падвёз калі малое на возе.

Чацвёртае дзіця — сын — пажыло адно пару месяцаў. Казалі, Мікалай таму так уз’еўся на жонку, бо не мог дараваць смерці сына.

Настуся мела гектар пясочку, на ім нават жыта расло слаба. Мікалай наняўся працаваць у лесніка. На карай кабылцы са збруяй, прыбранай, як на вяселле, чырвонымі стужкамі, Доўгі ездзіў кожны дзень у Ліпнікі на леснікова поле. Як мірыліся з лесніком, як разлічваліся, мала каго ў вёсцы цікавіла.

Мае бацькі да Настусінай сям’і адносіліся незычліва. Мама не магла дараваць бацьку грэх, і гнеў свой пераносіла на Настусю. А бацька цярпець не мог такіх людзей, як Доўгі.

 

6

Я і не заўважыў, хто ўбіў мне ў галаву, што кожны страшавец— «мужык». Ён цяжка працуе, рыхтуе мяса, малако, масла, а сам гэтага не есць. У гарадах жывуць паны, яны толькі балююць ды жаруць тое, што нарыхтуе ці выгадуе мужык. Страшаўцам вельмі крыўдна. Мне, сыну мужыка Сцяпана, рабілася крыўдна таксама.

— Ух, паны, свалата, толькі пачакайце, няхай адно вырасцем з Валодзькам!..

Прытаіўшыся ля камення пад плотам, мы з братам слухалі, як людзі чыталі з «Маланкі»:

«Век дваццаты — век харошы, абы грошы, толькі б грошы!.. От бы мець іх хоць з паўпуда, ну й зрабіў бы ж тады цуды! Накупіў бы рыбы, мяса, кіло кракаўскай каўбасы, хлеба белага з паўторбы і, дальбог, адзін упёр бы!.. Дзе ўзяць грошай, вось пытанне. Ад світання да змяркання льецца пот, працуй, цягайся, за ўсё бульбай аддувайся! Бульба парана, пячона, бульба сёння, бульба ўчора, мой трыбух стаў як калода, дый без бульбы ж няма ходу!.. Век дваццаты — век харошы, абы грошы, толькі грошы!»*

Якраз у тыя гады, калі ў малога глыбока ўкараняецца сэнс і значэнне новага слова, суседчын сын, Сахарышын Юлік, мне растлумачыў: мы не толькі «мужыцкія» дзеці, а яшчэ і беларусы. Нас, беларусаў, вельмі многа, палова з іх жыве ў Саветах, там ім вельмі добра, а мы ў Польшчы мэнчымся. Ды галоўны польскі начальнік Пілсудскі — наш закляты вораг.

Фатаграфіі Пілсудскага з даўжэзнымі вусамі і страшэннымі брывамі былі ва ўсіх газетах. Гэта яму на баляванне і курорты мужыкі прадаюць усё да кроплі малако, масла, свіней і плацяць падаткі. Гэта яго легіянеры нас адарвалі ад Саветаў. Яго паліцыянты страляюць сабак і наводзяць жах. Ён паслаў і жулікаў пабіць нашага пасла Валошына.

Сказаў Юлік слова — бы нешта ва мне запаліў.

Я не проста Алёшка, мужыка Сцяпана сын, а яшчэ і беларус, чаго ніхто ўжо не адменіць. Нават ні сам Пілсудскі, ні яго паліцыянты.

А галоўныя беларусы нікога не баяцца. Нашы паслы Тарашкевіч, Рак-Міхайлоўскі, Мятла, Дварчанін паехалі аж у Варшаву і кінулі акрываўленую кашулю Валошына гэтаму Пілсудскаму пад нос: на, паглядзі і панюхай сваю работу!

От бы стаць такім адважным!

Што такое пасол, вядома, я не разумеў. Але па тым, як пра іх гаварылі, як вымаўлялі незнаёмае слова, сугучнае з услонам, паслоў я ўяўляў сабе магутнымі, дужымі волатамі.

Найболей запомніўся Валошын. Можа, таму, што прозвішча яго было мяккае, свойскае — нібы ў жытах валошка. Абвязаны бінтамі твар абышоў усе газеты, выклікаў спачуванне.

У Страшаве стварыўся гурток «Грамада»**. З уздымам мужчыны зацягвалі па вечарах:

 

Ад веку мы спалі, і нас разбудзілі,

Сказалі, што трэба рабіць,

Што трэба свабоды, зямлі чалавеку,

Што трэба буржуяў пабіць!..

 

 

Уздым перадаваўся і мне. У час спеву я бачыў сябе на полі сярод узбуджанага такога дужага і магутнага натоўпу, што не Пілсудскаму заводзіцца з намі.

Доўгі Мікалай прыглядаўся да «Маланкі», прыслухоўваўся да спеваў і смяяўся з мужчын:

— Знайшлі сабе гульню і гуляюць, бы дзеці. Бапты-ысты!

 

* Верш Міхася Васілька.

** Беларуская сялянска-работніцкая Грамада. Прагрэсіўная арганізацыя ў Заходняй Беларусі ў 1925—1927 гг. карысталася вялізным аўтарытэтам, налічвала каля 100 000 чалавек.

7

Адміністрацыйную ўладу над вёскамі мелі гміны*. У гміне памяшчаліся войт, паліцыянты, была халодная.

Бліжэйшая гміна ад нас знаходзілася ў Гарадку, але мы належалі да Ялоўскай, а да яе ад нашай вёскі кіламетраў з дваццаць.

Наша вёска давала ўраду нямала клопатаў.

Апрыкрала ялоўскім паліцыянтам ездзіць далёка, і яны з войтам адправіліся ў Страшава далучаць вёску да Гарадка. Склікалі сход.

— Што вам Ялоўка? — ганіў сваю мясціну войт.— Глухая вёсачка без мінулага і будучага, а Гарадок — каля станцыі, старажытны, яму ўжо тысяча год!

Потым ляснік таксама стаў даводзіць, што Гарадок бліжэй.

Страшаўцы адно слухалі прамоўцу, ківалі галовамі, уздыхалі.

Лесніка падтрымаў Доўгі Мікалай:

— Пакуль да Ялоўкі даедзеш, з Гарадка ўжо вернешся і забудзеш, а вы, цемната, яшчэ ўпіраецеса!

— Ве-едам, што блізка!

— Блізка — аж занадта!

— То-то і яно!..

Калі дайшло да галасавання, мужчыны дружна паднялі рукі супроць. За прапанову войта быў толькі Доўгі з лесніком.

— Няхай ужэ нам, цёмным, гміна будзе ў глухой вёсачцы, куды нам да Гарадка,— пакпіў Марцін Грушэўскі.

— Дажыве-ем і гэ-этак...

Доўгі павёў раззлаваных гасцей да сябе. Яны ў Настусі цэлую ноч пілі.

Назаўтра сабраліся ў нашай хаце мужчыны абмяркоўваць сход.

Добра, што ўчора не паддаліся. Адно пачні выконваць панскія загады — ногі выцягнеш.

Май пабелены комін, плот. А навошта? Каб лашчыла вока пану, як будзе праязджаць у брычцы? Табе так хочацца — сам і бялі!

Каля студні зямлю выкладзі брукам, каб свінні ў лужыне не купаліся. І чаго ты, пане, брыдзішся? Нябось, сала ці кумпяк жэрці любіш! А зімой куды брук дзяваць — бабы ногі паломяць на абледзянелым каменні, калі пойдуць па ваду.

Не будзе сабака на прывязі — штраф. Ці ты таго сабаку заўсёды ўтрымаеш на прывязі?

Да воза чапляй бляшаную шыльдачку з адрасам. Яна мусіць быць без плямкі, з аднолькавымі памерамі літар. Каб набыць такую шыльдачку, цэлую курыцу трэба прадаць. На якую халеру селяніну гэтая шыльдачка — гной вазіць на поле? Калі ён раз у месяц прыедзе на кірмаш, а ты захочаш ведаць яго прозвішча — у цябе ж язык у роце!

Махорка дарагая. За пасаджанае каліва тытуню дваццаць пяць злотых штрафу. З якой рацыі! Каб нажыліся на ёй фабрыканты?..

Найгорш з падаткамі. Не заплаціш — прыедзе секвестратар і забярэ, што знойдзе: карову, швейную машыну, сувой палатна, што баба выткала на кашулі, мяшок зерня... Пабыць ва ўсіх, хто не плаціць, ён не можа. Секвестратараў пасылаюць толькі для страху, Далёка ад гміны ехаць яны лянуюцца.

Бялевічы належаць да Гарадоцкай гміны: ім, бедным, ні днём, ні ноччу няма спакою. У іх і падаткі заплачаны, і шарварак** выкананы, і пабелена ўсё...

Рыгарулька яшчэ ні разу не ўнёс падатку. Іншыя страшаўцы па некалькі гадоў не выходзілі на шарварак. У нас і тытунь у капусце расце, а — жывём. А там, глядзі, і перамена якая-небудзь прыйдзе.

— Добра зрабілі, што не паслухалі! — са здавальненнем і пашанай да сябе сказалі мужчыны.

Успомнілі і Доўгага Мікалая.

— Ліха яго ведае, ці ён знарок, ці не разумее? — дзівіўся бацька.— Столькі ўжо ў Страшаве — пара б і навучыцца!

Наш ляснік калісьці быў легіянерам, яго паны прыслалі з-пад Варшавы, каб сачыў за вёскай. Усе яго баяліся і ненавідзелі.

— Гэ, Сцяпан, разумее ён не горш за цябе! — азваўся Марцін Грушэўскі.— Толькі што за карысць яму ісці з табой?! Нябось ведаў з кім знюхацца — з легіянерам!

— Яму напляваць на тое, чаго людзі дамагаюцца! — уздыхнуў ужо бацька.— Ы-ых, без карысці чалавек жыве, цьфу!

— Горшы за лесніка! — падхапілі мужчыны.

— Той ідзе адкрыта. А гэты — нібы свой, здаецца, і з бедных, а — бачыш!

— Калі такі прадасца — бяда!

— Гарадскі фраер!

Настусінага мужа цярпелі як непаразуменне, як нешта чужое.

Мяне Доўгі Мікалай уражваў сілай — ішоў насуперак вёскі, быў з паліцыянтамі, Пілсудскім. Яго лаялі, не любілі, а Доўгі — хоць бы што.

І вось гэтаму дужаму ў маім уяўленні чалавеку выпала ўразіць мяне неўзабаве бядой, трагедыяй зменлівасці, няўстоўлівасці чалавечага жыцця.

 

* Воласць.

** Дарожная павіннасць.

8

Пра ўсё карцела ведаць. Бацька дома бываў рэдка, і мы прыставалі да мамы:

— А што на небе?

— А як рыбы спяць?

— А чаму сонцо раніцой жоўтае, вялікае, а днём — белае і малое? І як гэто брычка Шастаковіча едзе ўперад, калі колы яе круцяцца назад?

— А ці праўда: капай і капай зямлю — дакапаешся да Амерыкі?

Яна не ўмела адказаць і часам злавала.

Каб не заміналі ў рабоце, пачала пасылаць нас да сваёй мамы, у вёску Бялевічы. Ішлі мы туды ахвотна.

Наша бабка, удава Дудзічыха, мела яшчэ трох сыноў і дачку: жанатага Мікалая, кавалераў Івана і Валодзьку ды дзеўку Вольгу. Зямлі ў іх было мала, жылі бедна, але дружна. Гаспадарку абрабляў Мікалай з жонкай. Валодзька хадзіў некуды на сталярку, Вольга — на заробкі то ў лес, то да суседзяў, а Іван дома вучыў... англійскую мову.

Іван намерваўся ехаць у Амерыку, каб адтуль уцячы ў Савецкі Саюз.

Каб выехаць за акіян, патрэбны загранічны пашпарт, а яго, вядома, паліцыя дзядзьку не дала б — Іван не прайшоў яшчэ службы ў войску. Ды існавала магутная трансакіянская фірма «Рэд стар лайн» — мацнейшая за паліцыю і некаторыя ўрады. Абы грошы. За тое, што чалавек купіць у фірмы білет на карабель, яе агент дабудзе табе любы дакумент.

Уся сям’я зарабляла грошы Івану на дарогу.

Хоць баба нас занадта перасцерагала — моцна не дзьмі, а то будзе расшырэнне лёгкіх; не скачы, бо расцягнеш жылы на нагах; не наядайся вельмі, а то будзе расцяжэнне жывата, калі прышывала на мне гузік, давала ў зубы трымаць клубок, каб не «прышыць» памяць,— аднак яна была добрая і многа цікавага ведала. Пра ведзьмаў, «цацалістаў», Расею...

Гэта баба расказала, што ў цэнтры Беластока зусім няма платоў. Мы з Валодзькам дзівіліся і спачувалі беластаччанам: як жа яны, бедныя, без платоў там жывуць?!

Яшчэ яна апавядала, як некалі памешчыкі прадавалі людзей, а аконам збіў яе дзеда, бо той не хацеў ажаніцца з дзеўкаю, якую пан яму вызначыў. Эх, каб тады жылі мы з Валодзькам — ну і паказалі б крывасмокам!

Бабцы трэба было на ўсю сям’ю наварыць, наткаць, усіх абшыць. Ёй часта таксама было не да нас, яна давала ўнукам свабоду. Нават аднойчы адправіла далёка ад дому.

У дзядзькоў была сучка — старая, глухая і ад слёз нічога не бачыла. Цяпер ля буды сядзеў сын яе, якога дзядзька Іван назваў Брытанам.

Бабка загадала нам суку завесці да сабакара, прадаць і купіць сабе што-небудзь.

Сабакар жыў за Гарадком, пад Валіламі. Мы валаклі суку на вяроўцы паўдня і меркавалі, што купім, калі разбагацеем.

Нарэшце, наводшыбе, убачылі хаціну. Мы адчулі раптам подласць, якую задумалі зрабіць. Але было позна. Выйшаў сабакар, прывязаў суку да плота, паклікаў нас у хату. Узяў з падаконніка скрыначку з ніткамі і гузікамі, выграб мядзяк, падаў.

Нейкі час брылі мы праз пясчаны ўзгорак у Бялявічы. Замучаны Валодзька хліпаў. Я быў расчараваны.

Вось тут неба сыходзілася з гарой, калі глядзець з нашага падворка. Мне ўсё карцела дабрацца сюды, прасунуць галаву праз хмары і паглядзець, а што ж там вышэй?.. Цяпер яно тут было гэтаксама недасяжна высока, затое хмары ледзь не краналі хутароў у у Страшаве, Бялявічах. Выходзіць, усё мана?

Успомніў я пра грошы і павёў Валодзьку ў краму Брохі па цукеркі. Старая яўрэйка накінулася на мяне:

— Ты — Сцяпанаў сы-ын?! Мой унучак?.. Гэткі ўжо вялікі?! Уй, пакажыся!.. Ой-вэй, які кірпаты — як бацька!.. Голда, Рыва, комт а гэр!..

Я вырваўся з яе халодных рук і павалок Валодзьку на двор.

Апынуліся мы за мястэчкам. Брат расплакаўся зноў: шкадаваў сучку. Ды лёс злітасцівіўся над намі.

Ля бабінай хаты дагнала нас Брытанава маці з вяроўкай на шыі. Мы кінуліся яе абдымаць.

Потым дзядзька Мікалай паехаў да млына ў Гарадок, сука ўвязалася за возам. Пакуль ён малоў, яна збегла ў лапухі і прывяла там шчанят. Дзядзька пра гэта не ведаў: паклікаў, яе, паклікаў і вярнуўся дамоў адзін.

Назаўтра ўстала баба раніцой, выйшла на падворак, а пад парогам — ляжыць нежывая сука, па ёй лазяць пяць сляпых шчанят. За ноч перанасіла іх на свой падворак (да Гарадка — тры кіламетры), сама ад натугі здохла.

— Ах, бо-ожа...— успляснула яна рукамі і кінулася ўсіх будзіць.— Дзеці, хутчэй уставайце, паглядзіце, паглядзіце, што здарыласо на падводку!

Павыходзілі дзядзькі, дзядзіна, цётка Вольга, мы з Валодзькам. Пашкадавалі сучку, пастаялі над ёй.

— Ты глядзі, як любіла дзяцей! — дзівіўся вінаваты Мікалай. Яму было няёмка, што не пашукаў яе ў Гарадку.

— Ну,— згадзілася дзядзіна Зося,— з-за любові да іх і памерла.

— Я бачыла, як сука ад Лявіцкіх прывалакла дохлае парася,— падхапіла цётка Вольга.— Брытан паленаваўся нават прачнуцца. Нешта раблю сабе на падворку, а яна ўсё сядзіць ля яго буды. Зганяе з парасяці мух, цярпліва чакае і не зводзіць вачэй з сына.

— Такая ўжо наша мацярынская доля! — уздыхнула баба і пагнала дзяцей да работы: каго кароў даіць, каго араць, каго дровы сячы.— А ты, Вольга, пазбірай шчанят у прыпол і занясі ў крыніцу, няхай не мэнчацца. Амэрыканец яе пахавае...

Дзядзька Іван узяў рыдлёўку, закапаў сучку за хлявом і ўбіў асінавы колік.

— Бо сабакі — не людзі, крыжоў ім на магілу не ставяць! — растлумачыў уражаным пляменнікам.

Заехаў на падворак бацька, загадаў:

— Хлопцы, збірайцеся дамоў, мамка кліча!

Даведаўшыся, чаго мы тырчым утрох за гумном над свежым капцом, ён пакпіў з Івана:

— Каб ты скіс, швагру, няма табе чаго рабіць, як шкадаваць сабак! Вунь па турмах маладыя людзі гніюць!.. У нашага Доўгага Мікалая дактары прызналі гарлавую сухоту!..

 

9

Сухоты на вёсцы лічыліся невылечнымі: хворым куплялі лякарствы, але ў іх ніхто не верыў.

Перад Настусінай хатай тырчаў счарнелы слуп, укапаны яшчэ да першай сусветнай вайны. Цяпер ужо Мікалай з раніцы да вечара стаяў перад сваёй хатай, паклаўшы локці на гэты слуп. Жонка адзела яго ў святочнае. Як усе сухотнікі, Мікалай нічога не рабіў — выглядаў сваю смерць.

Мікалаю давялося кінуць леснікоўства, карую кабылку прадаць на дактароў і паязды. Цяпер на сям’ю зарабляла па суседзях адна цётка Настуся.

Змірылася яна — што зробіш, так бог даў. Бяду цётка Настуся прыняла яшчэ і па-свойму: надарылася магчымасць паказаць, якая яна клапатлівая жонка.

У цёткі абудзілася новая энергія.

На ўсю вёску ў нас быў адзін багацей — Рыжы Ігнат, якому пашэнціла пры раздзеле маёнтка пана Златніцкага. Ігнат трымаў служанку, парабка. Настуся яму, а ён Настусі не падыходзілі. У Ігната трэба было забыцца на ўсё і з раніцы да вечара рабіць. Настуся ж патрабавала працы на свой характар.

Страшаўскія бабы — сардэчныя, спагадлівыя. Адразу пайшлі ў небыццё ранейшыя плёткі пра Настусю. У кожнай гаспадыні знайшоўся ёй занятак. Той трэба было перабраць мяшок бульбы, той — нацерці паўкапы льну, іншая клікала Настусю памагчы снаваць кросны...

І цётка ўсюды паспявала: заўсёды быў новы слухач і спагадлівец. Ва ўзаемных охах і ахах неўзаметку праходзіў дзень, пад вечар цётка несла дамоў кавалачак сала, кошык бульбы ці торбачку круп.

Застаючыся ў хаце, Доўгі адрабляў мінулае, гуляў з дзецьмі. Вера дома мела шмат работы (бабка некуды знікла), але сярэдняя і зусім малая дзяўчынка праводзілі час з бацькам ля слупа.

 

10

Мне ўжо было гадоў восем.

Вярнуўшыся са школы, я ўцякаў з-пад бацькоўскага вока — імчаў пад Настусіну хату. Было страшна, але цягнула да Доўгага Мікалая як магнітам. Па многіх прычынах.

Я ведаў, што гэты чалавек хутка памрэ. Хацелася зразумець жудасную таямніцу смерці.

Надта карцела папрасіць Доўгага Мікалая:

«Дзядзьку, разяўце рот, пакажыце сухоту!»

Тады ў мяне ішлі ўжо звычайныя пытанні:

«Ці праўда, што ў Беластоку на адным доме надбудаваны яшчэ дамы? І што там няма платоў, свіней?.. Праўда, што горад такі вялікі, як страшаўскае поле?»

«Ці праўда, што вы ў горадзе з Лукашовым Іванам лазілі людзям у кішэні? — мяне надта цікавіў сам працэс такой «работы».— Раскажы-ыце, дзядзьку Мікалай, як гэта залезці, каб чалавек не пачуў?!»

Мне было вельмі шкада дзядзькі Мікалая. Я адчуваў, як яму сумна, цяжка, як ён пакутуе, перажывае, і мне здавалася — сваім прыходам раблю яму палёгку.

Доўгі спатыкаў мяне ахвотна, гаварыў, як з дарослым.

Пад плотам у Грушэўскіх ляжалі гранітныя глыбы — вулічны «клуб». На каменнях сядзелі, сабраўшыся, людзі і пра што-небудзь гаварылі.

І вось мы стаім удвух каля слупа. Я не ведаў, што рабіць з рукамі, намагаўся быць сур’ёзным. Пад нагамі ў Мікалая, як пад аркай, шмыгаюць малыя. Мікалай сяды-тады мірыць дачок, выцірае ім насы і ўсё сочыць за камянямі.

І мне цікава, што там робіцца.

На граніт прысела цётка Кірыліха. У эвакуацыі Кірыліха была на Каўказе, наш Валодзька яе атакаваў:

— Цётку, а што бывае на горах?

— Цякуць рэчкі, расце лес.

— Гы!.. На баку гары лес расце?!

— Ну!

— І не зваліцца з яе?

— Не зва-аліцца, укаранеў! О-о, ліха на яго, яшчэ які лес — аж буяе, што наш лопух!

— Гы!.. А больш там што?

— Анічога!

Ад нашага Валодзькі адчапіцца не так лёгка.

— Ну, а калі перайсці лес, рэчкі, лезці і лезці на гару, то што ў ёй на самым-самым версе?

— Адны свечкі ўжо толькі гараць! — незадумваючыся, кідае цётка.

— Ы-ы-ых! — уцягвае ў сябе паветра Валодзька.— І на кожнай гары?!

— Ну. На іншай яшчэ па дзве, тры!..

Брат заклапочана ўздыхае:

— Многа свечак трэба!

— А няўжо ж, мно-ога! — ахвотна згаджаецца Кірыліха.

Доўгі Мікалай не заўважае, як яго штурхаюць малыя. Ён шукае майго позірку. Я паслужліва задзіраю, як да вежы, галаву. Мікалай з іскрынкамі ў вачах хмыкае. Падрабляюся і я пад яго — хмыкаю таксама. Мяне распірае шчасце, што адзін аднаго разумеем.

З хаты выходзіць Верка з кубкам вады, ад слупа мерае цень, дае бацьку пілюлю:

— Тату, выпіце, мама казалі, калі цень будзе тры крокі!

Доўгі Мікалай глытае лякарства і запівае вадой так хутка, што я зноў нічога ў роце не паспяваю ўгледзець, хоць і чакаў гэтай хвіліны.

Дачка адыходзіць. Ён даверліва і з гідлівасцю мне скардзіцца:

— Фу, гарката якая!.. Не даводзілася каштаваць?

— Не-а! — трасу галавой.

— Праглынеш — нібы палыну з’ясі, цьфу!.. І колькі мне яшчэ яго...

Мікалай змаўкае на паўслове, а я ківаю галавой са спачуваннем, па-мужчынску стрымана. Гэты вялізны, таямнічы і страшны чалавек становіцца мне блізкім-блізкім — як Валодзька. Аж дух забівае ад нейкага шчасця.

Зноў назіраем.

Па лісцях над намі забарабанілі кроплі. Малыя зрываюцца з камянёў, узрадавана крычаць:

— Дождж! Дождж!..

Мікалай выцягвае руку, ловіць кроплю і таксама нібы дзівіцца, нібы пытаецца:

— Гэ, падае?!

Я з апошняй сілы стрымліваю сябе, каб не сарвацца з месца і не памчаць як апантанаму разам з Валодзькам насустрач хмарам і дажджу.

 

11

Калі Доўгі Мікалай захварэў і пачаў выходзіць да слупа, мужчыны на камянях пачалі збірацца як бы часцей.

Бацька абвясціў навіну:

— Лукашоў Іван, кажуць, дабіраўся да золата ў Супрасльскім манастыры. Ужо выдраў іканастас, але манахі пачулі.

— От, зараза, і ведаў куды дабірацца, скажы ты!..

— І нічога не баіцца!

— Стары Лукаш ляжыць пры смерці, нават вады няма каму падаць, а сын, глядзі,— усё сваё!

Лукашоў Іван сябраваў з Доўгім. Усім было вельмі цікава пагаварыць пра багацце манастыра, але з-за Мікалая загаварылі пра другое.

Вярнуўся стары Кот з млына і прывёз навіну:

— Аптэкар зноў ездзіў у Беласток сала зразаць з жывата!

З аптэкаравай дачкой я хадзіў у школу. Маленькая шустрая Фаня была вельмі сяброўскай. Бацька яе цярпеў на сэрца, не раз бываў пры смерці, але ў Страшаве гэта тлумачылі па-свойму: калі чалавек тлусты, значыць — пан. Па таўшчыні пана вызначалі, колькі ён выпіў народнае крыві.

— Ну. У яго трыбух ужо быў у тры полкі! — падтрымаў бацька Ката, і ўсе дружна загаварылі:

— От крывасмокі! У цябе кішкі ад работы і пустой бульбы да крыжа папрысыхалі, а яны ўсё тлусцеюць!..

— На нашым поце і крыві!

— Калі на іх згіненне прыйдзе!

— Прыязджаў сёння войт і напаў на Рыгора, што ў яго ёсць зямля, дзве рукі, а падатку не плаціць. Рыгарулька слухаў, слухаў і кажа: «Пано-очку, бярыце мае абедзве рукі, зямлю і рабіце з імі што сабе хочаце!»

Мужчыны засмяяліся.

— Саветы, нарэшце, разбілі кітайцаў на Далёкім Усходзе! — паведаміў Сахарышын Юлік.

Зыркнуўшы на Доўгага Мікалая, пераканаўшыся, што слухае, Марцін паставіў кропку.

— Цяпер яны і ўнукам закажуць не зачапляцца з рускімі!

Нагаварыўшыся пра тое, як буржуі баяцца бальшавіцкага духу, пачалі ўспамінаць хто пра што.

— І это, і это, стаялі мы тады пад Пярэмышлем,— успамінаў Салвесь.— І-і пы-перад наступленнем паасадзілі мяне да палявога апарата. Сы-сяджу. Ды-дзяжуру. І это, звоніць тэлефон: «Пы-перадай камандзіру, што ў Петраградзе — абдыкацыя цара Мікалая!» От, думаю сабе, мо так называецца баль, бяссонніца ці панос у цароў?! І это, зайшоў камандзір. Я: ваша благароддзя, так і так! Афіцэр мой збялеў што палатно. «Маўчы», — загадаў. Чы-чорт зы табой, па-памаўчу. А яны, сы-волачы, каб не сарваць наступленне раніцой, утаілі перад палком. Сколькі паспелі загубіць яшчэ народу зра! Даведаліса нашы толькі ад палонных немцаў, што людзі цара скінулі. Мы-мне, халера, было першаму вядома, але я, і это, дурань яловы, маўчаў!

Дзядзька добра ведаў — яго пярэмышальскую гісторыю людзі чулі сто разоў. Ён яшчэ ведаў — пакуль яго, заіку, даслухаеш, у цябе на лобе выступіць салёны пот. Гісторыю дзядзька апавядаў сто першы раз знарок. Няхай Доўгі Мікалаў ведае, што ён, Салвесь, не ўсё жыццё насіў з малымі ваду на балота жабам, хаваў з дзецьмі дохлых вераб’ёў і ластавак, што і ад яго, заікі, нешта залежала, нават — лёс цэлага палка.

Слухачы ўсё разумелі і яго нават падтрымлівалі — накіравалі гутарку пытаннем:

— Выходзіць, немцы ведалі лепш, што робіцца ў Расеі?

— Усё-о ведалі! — запэўніў падбадзёраны Салвесь і не прамінуў даць зразумець Доўгаму Мікалаю яшчэ і пра тое, што ён бываў не толькі ў Беластоку: — І это, у немца, халера на яго, не толькі ў гэтым парадак! І это, калі мы з войскам увайшлі ў Прусію, на ўласныя вочы бачыў, у іх ля кожнай хаты — свой нужнік!

Ігра мужчын захапіла і мяне. З гонарам за дзядзьку Салвеся я адчуў (а мо мне толькі так здавалася?), што апошні аргумент прымушае Доўгага Мікалая скарыцца.

Памалу людзі загаварылі пра лясы, звяроў.

Страшаўскі лес на поўдні пераходзіў у Белавежскую пушчу. Многія пакаленні страшаўцаў лес карміў, адзяваў і абуваў, а ўсё іхняе жыццё праходзіла на дзялянках, ля смалярань і каля сажняў дроў.

— Карчавалі аднаго разу пні для смалярні,— правіў ужо дзед Кавалец,— жылі ў шалашы, ежу варылі самі, ваду насілі з крыніцы. Дзе тая крыніца, ведаў толькі адзін я. Бывала, прыйдзем з работы, усё разбаліцца, камары пякуць, хоць ты гвалт крычы. Мае сябры пасядуць сабе ля вогнішча і чысцяць бульбу, а мне — цягніса па ваду. Павячэраем, яны палягуць на саломе, а мне зноў смалі да крыніцы — трэба ж мыць посуд! «Хлопцы, хадзем са мной, будзеце ведаць, дзе вада!» Не ідуць. Хітранькія, бачыш. Ладна, буду і я такі. Скончылі працаваць, узяў чайнік, прывалокся да крыніцы, давай крычаць: «А-ей, рату-уйце!» Пастаю, паслухаю ды зноў: «А-ей, ратуйце!» Праз мінут пяць, чую, мае хлопцы ламацяць праз гушчар. «Што з табой?» — пытаюцца, здышаныя, а ў руках — сякеры. «Во крыніцы, бачыце?» — і паваліўся на мох, рагочучы.

Мікалаю надта хацелася да людзей (ці мне толькі так здаецца?), якіх ён лічыў за нішто, рабіў ім шкоду. І бачыў я (мо мне так хацелася бачыць?), што Верын бацька перажывае, пакутуе, а я не магу яму памагчы.

 

12

Памёр Доўгі Мікалай нечакана.

Вярнуўся я са школы, і мама загадала гнаць кароў на пашу.

Перакусіўшы на хаду, паляцеў я да Марцінавага Сашкі дамаўляцца гнаць быдла ў зуброўскі хвойнік. Хвойнік быў перапаласаваны старымі акопамі з першай сусветнай вайны. Калі пагрэбацца ў іх, можна знайсці рускія і нямецкія патроны і нават гранаты. А мінулы раз там знайшлі мы нямецкі браўнінг. І самы сапраўдны.

Ля Настусінай хаты чамусьці сабралася шмат прыціхлых баб. Праз акенца кінулася мне ў вочы галава Мікалая — ён ляжаў на лаве і чамусьці з падвязаным падбародкам, нібы яму разбалеліся зубы.

Адчыніў да Грушэўскіх дзверы.

На кухні — падлога выслана свежымі стружкамі. У горбе жоўтых ланцужкоў купалася Салвесева Нінка. Яе маці з Марцінавай жонкай у бакоўцы плялі вянок з кветак. Надта сур’ёзны Сашка сядзеў на парозе і паспешліва падчышчаў міску.

Яшчэ ў хаце былі ссунуты абедзве лавы, Марцін трымаў дошку за канец, а Салвесь шоргаў па ёй гэблікам і плакаў. Мяне мужчыны не заўважалі.

— Доўгаму Мікалаю труну робяць! — шапнуў Сашка.

 

Раздзел другі

 

 

1

Дагэтуль беды здараліся з другімі. У дзесяцігадовым узросце кранулі і мяне. Я, наіўны, думаў, што найбольшая трагедыя — смерць блізкіх і знаёмых. Зусім не так.

Атрымаўшы за нешта ад бацькі лупцоўку, я, пакрыўджаны, уцёк з хаты і забраўся да суседа-халасцяка — Івана Антончыка.

Зайшоў да Івана хлапец і прынёс навіну — падпольшчыкі атрымалі інструкцыю, каб ачысціць рады партыі і камсамола ад кулакоў. А вызначаць іх проста — па колькасці зямлі.

Хтосьці абрадавана заўважыў — найбольш зямлі мае сам сакратар партячэйкі. Я не ведаў, што ў бацькі былі ворагі, яны сталі злараднічаць.

— Ага, дастукаўся Сцяпан!

— Арганізаваў ячэйку, а яна яго самога выжане з партыі, гэ-гэ-гэ!..

— Так яму і трэба, надта разумны!..

Вярнуўся я дамоў, а бацька ўсыпаў дзягі яшчэ і за тое, што недзе лётаю, не вучу ўрокаў.

Раптам я адчуў сябе Паўлікам Марозавым і ўжо не заплакаў, а кінуў помсліва:

— Ага, а цябе з партыі выключаць!

— Як? За што?

— Бо ты — кулак!

Мабыць, наймацней пакрыўдзіць бацькоў могуць толькі дзеці.

Я раптам убачыў, як бацька мяняецца з твару. Ён паглядзеў на мяне так, што ад жаласці ледзь не разарвалася маё сэрца.

— То што ты ведаеш, што? Кажы...— прамовіў бацька змененым голасам і нешта з цяжкасцю праглынуў.

Я стаяў з апушчанай галавой.

— Гавары ўжо, калі пачаў! — насцярожылася і маці, спыняючы калаўротак.

Я ўсё расказаў і расплакаўся. Але слова не вернеш.

Ішоў мне дзесяты год. У школу мы з Валодзькам хадзілі ў Гарадок.

Аднаго разу валокся я з кніжкамі. Са мной крочыла Ніна — унучка Рыжага Ігната, найбагацейшага страшаўца. Часу па дарозе хапала. Уяўленне і фантазія ў мяне былі. Перад Нінай я выхваляўся, выстаўляў сябе героем.

Якраз ноччу падпольшчыкі спалілі гумно бялявіцкаму Ёзіку Госціку, бо ён купляў з распрадажы мужыцкія рэчы, забраныя за падаткі. Ля спаленага гумна на вярбе мы ўбачылі чырвонае палотнішча з лозунгам «ТАК БУДЗЕ ЎСІМ ХРЫСТАПРАДАЎЦАМ!».

Калі прайшлі паўдарогі, нас спыніў доўгі, як п’яўка, у сінім мундзіры паліцыянт з Гарадка, Лукашэвіч. Ніна ішла паперадзе. Ён спыніў веласіпед і спытаўся ў яе, ці не бачыла яна дзе чырвонага палотнішча.

— Не бачыла!

Тады паліцыянт пад’ехаў да мяне і паўтарыў пытанне.

На хвіліну я забыўся, што перада мной вораг. Яго ўладарны позірк старэйшага чалавека нібы загіпнатызаваў мяне.

З жахам я пачуў свой голас:

— Вунь, на крывой вярбе!

Ніякага значэння маё прызнанне не мела, паліцыянт праз мінуту заўважыў бы і сам палотнішча, бо ехаў яго здымаць. Але для мяне тут справа была прынцыповая.

Здарылася — і не вернеш. Ніяк!

 

2

У той самы дзень выкінуў я такое і ў школе.

У аднаго вучня нашай школы, Дыгендышавага сына, вока сядзела ледзь не пасярод ілба, і страшна было глядзець на хлопчыка. У першым і другім класе наша настаўніца, прывабная варшавянка пані Стражынская, апрача клопату, каб мы добра вучыліся, былі ўсе роўныя, хадзілі пастрыжаныя і памытыя,— мела яшчэ клопат бараніць хлопчыка ад здзекаў.

Бараніла, пакуль ён усіх нас не ўразіў лютасцю.

За доктаравай дачкой Соняй Цукерман увязаўся белы коцік. Соня ніяк не магла яго адагнаць. У перапынак выбеглі мы на падворак, а коцік вісіць на плоце на вяровачцы.

— Гэта ён зрабіў! — першакласнікі паказалі на касавокага.

— Ы-ых, Цыклоп! — з нянавісцю назваў яго так нехта ўпершыню..

Саша Шусцік з нашага класа аж падскочыў ад радасці:

— Дай мне! Дай мне! — схапіў ён нежывога ката і пагнаўся за дзяўчатамі.

Раней Сашка ўстройваў цэлыя спектаклі над Дыгендышыным сынам. Цяпер Цыклоп як бы здаў Шусціку экзамен і стаў яго правай рукой.

Калі ўваходзіць у Гарадок са Страшава, направа відаць мураванка. Вакол будыніны — ні кусціка, ні штыкеціны, ні агародчыка. Там жыла мнагадзетная ўдава з брыдкім прозвішчам. Нейкі пан пад п’яную руку ці для забавы такой абразлівай мянушкай абазваў свайго прыгоннага. Мянушка перайшла ў прозвішча і прыстала як кляймо.

Ніхто столькі не перацярпеў у школе, як дочкі няшчаснай удавы.

Дзіцячыя забавы і жарты не ведаюць мяжы. Бедныя сёстры не вытрымлівалі, кідалі школу з трэцяга класа. Пані Стражынская намагалася, каб дачка ўдавы Зося скончыла хоць чатыры класы.

Але найбольш варшавянцы даставалася ад жуліка і хулігана Шусціка.

Бацька яго быў адданы багамол у царкве і толькі пра тое і клапаціўся, каб людзі бачылі, што ён першы прыйшоў на малебен, стаіць найбліжэй да алтара, а бацюшка яму давярае ключы ад царквы.

Не вылазіла з паперці і Шусцікава жонка.

Пакінуты сам сабе, іхні Сашка здзекаваўся з яўрэек. У класы вячэрняй змены запускалі з Цыклопам варон. Адбіралі ў малых снеданне. І ўжо беднай Зосі не давалі праходу, смакавалі яе прозвішча ў розных варыянтах.

Выбрыкі хлопчыкаў не абыходзіліся без мяне. Ад пачуцця сваёй віны я дома расказваў пра Шусціка і Цыклопа, але пра сябе маўчаў. Пасля суровай ацэнкі бацькамі хуліганаў я выкрэсліваў з памяці свае ўчынкі, і на душы станавілася лёгка і шчасліва.

Паказаўшы паліцыянту палотнішча, у школу я прыйшоў як заведзены: у крыках і бегатні, мабыць, стараўся заглушыць пакуты сумлення.

Налілі мы вады ў калідоры на цэмент і коўзаліся. Шусцік штурхануў мяне, я стукнуўся галавой аб падлогу.

Пані Стражынская была нам, як маці, хацелася паскардзіцца, аблегчыць душу яе ласкай. На ўроку я падняў руку і, трымаючыся за гуз, расказаў пра здарэнне ў калідоры.

У малых — свая мараль. Калі б паскардзілася Зося, яе ўсе падтрымалі б. І аптэкараву Фаню падтрымалі б, скажы яна, што Цыклоп свіным салам намазаў ёй вусны. Але ж мы з Шусцікам коўзаліся разам!

З усіх бакоў пасыпалася здзіўленае абурэнне:

— Ы-ых, дано-осчык!

— Пла-акса!

Сардэчная настаўніца заступілася за мяне, але клас ужо мяне знішчыў, затаптаў. Падбадзёраны Шусцік з задняй парты адважна глядзеў пані Стрыжынскай у вочы, а на мяне — з пагардай.

І праўда — я паводзіў сябе як даносчык і плакса. Так мне і трэба! Я таго варты!

Выпадак хутка забылі, але не забыў яго я. Чалавек сябе ашуквае, што ён адзін. Малы ты ці стары, а ў табе заўсёды сядзіць нехта і вядзе ўлік тваім учынкам, ад яго нікуды не дзенешся. Прырода табе дала гэтага суддзю назаўсёды. Аблегчыць душу, расказаць аб усім бацькам таксама не мог: яны хацелі бачыць сына інакшым. І насіць у сабе такую бомбу не пад сілу. Агортваў страх, што выкідваю сябе з кампаніі страшаўцаў, бацькі, дзядзькі Івана.

Разбірала роспач — як у сне, калі топішся і няма табе ратунку.

Вярнуўшыся цяпер са школы, уцякаў я ў гумно ці хаваўся на ганак за дзікі вінаград і наследаваў маму. Падаў на калені, складваў далоні ды шчыра шаптаў:

— Я — кепскі, кепскі, кепскі, нікчэмны — не люблю, ненавіджу сябе!.. Бо-ожа, бо-о-ожа, чаму, чаму-у я такі?! Ісусе Хрысце, што рабіць? Мацер божая, ратуй, дапамажы — што хочаш табе за гэта зраблю!..

І ўжо ніколі, ніколі, ну, ніколі, павер, не ўчыню гэтак, от пабачыш, толькі даруй!.. Хочаш, сёння за гэта вячэраць не буду, хочаш?.. Або парэжу сабе руку, хочаш?!

Гэта былі скаргі маёй душы, якія не вытлумачыш халоднай логікай, разважаннямі, пошукамі цвярозага сэнсу. Яны ачышчалі і супакойвалі.

 

3

У Страшаве стварыўся вобраз ідэальнага чалавека, яшчэ прывезенага з эвакуацыі ў першую сусветную вайну з Савецкай Расіі. Кожны яго разумеў па-свойму, але назву меў агульную — камуніст. Бабкі яго сабе ўяўлялі падобным да Ісуса Хрыста. Старэйшыя — разумным і багатым натурай волатам, як Тухачэўскі, Блюхер, Варашылаў, Чапаеў...

З Савецкай Расіі прывезлі і ўпэўненасць — вялікую, раз і назаўсёды засвоеную: у СССР робіцца тое, што трэба простаму чалавеку.

Пілсудскі разграміў Грамаду, але заставалася ў падполлі моцная Кампартыя. Недзе каля 1928 года і ў Страшаве ўзнікла ячэйка, яе сакратаром абралі майго бацьку. Нашым сялянам было не ўсё роўна, што рабіў з імі ўрад.

На хутары страшаўцаў перасялялі пад прымусам.

Падаткі выдзіралі з дапамогай паліцыі.

Людзі да ўрада адносіліся дзёрзка, бо ведалі: на ўсходзе — магутныя плечы.

Валошына, Тарашкевіча, Мятлу, Рак-Міхайлоўскага і Дварчаніна Пілсудскі засудзіў, а бальшавікі іх выменялі на ксяндзоў, нацыянальныя героі паехалі ў СССР. Усе газеты змясцілі фота, як яны ў Стоўбцах перасякаюць польска-савецкую граніцу — у купэйных вагонах, бы паны.

Пагражала хлопцу турма за палітыку — ён уцякаў на ўсход.

З гарачкі пажэняцца маладыя, убачаць, што ў іх — ні кала, ні двара, ні работы,— падаюцца за Баранавічы...

За граніцай — краіна, дзе ўсім хопіць і занятку, і страхі над галавой. Абзавесціся можна сямʼёй. Толькі рамантык дзядзька Іван надумаўся ўцякаць туды праз Амерыку, іншыя рабілі гэта прасцей.

З аднаго прымака з-пад Беластока, мабыць, і цяпер яшчэ пацяшаюцца людзі.

Прымака-недарэку цешча выгнала з хаты. Пакрыўджаны мужчына зайшоў да маці, тая дала яму торбу ежы, і ён накіраваўся на ўсход шукаць долі. Ішоў цэлы тыдзень. За Баранавічамі распытаў людзей пра граніцу. Тыя растлумачылі: будзе моцная агароджа з калючага дроту, за ёю лясок, а там — СССР.

Ноччу прымак наткнуўся на высокі плот з калючым дротам, лёг пад ім чакаць світання. Раніцой наламаў ядлоўцу, паклаў на дрот, пералез агароджу і заявіў чалавеку са стрэльбай:

— Таварышу, бярыце мяне, я цяпер ваш!

А гэта быў вартаўнік. Недарэка залез у Радзівілаў сад.

Уцякалі беспрацоўныя, спецыялісты, студэнты, дапрызыўнікі, салдаты...

Хто ўцячы не мог, суцяшаў сябе: нічога, тут Пілсудскі, але ў мяне ёсць радзіма.

Ва ўяўленні страшаўцаў Савецкая Беларусь была раем на зямлі.

— У СССР прыязджаў з Лондана самы галоўны міністар,— прынёс да нас нехта навіну.— Англічане надта фанабэрлівыя і зайздросныя. Пахадзіў лорд па Маскве, па Мінску, паездзіў па краіне і сабраўся дамоў. «Ну, як?» — пытаюць яго. Ён уздыхнуў: «Крыўдна, што такую файную сістэму прыдумалі першыя не мы!..»

Я развесіў вушы, стараўся не прапусціць і слова. Дзядзька Марцін заўважыў у мяне падручнік:

— Вучыш, бедны, урокі: баішся, што цябе выкліча настаўніца?

— Ну!..

— А ў Саветах дзеці ўрокаў не зубраць. Выходзіць да дошкі адзін стараста і адказвае за цэлы клас!..

Практычная мама адразу ацаніла такі парадак:

— І дзіця мае час памагчы ў хаце, не трэба яму выседжваць над сшыткамі!.. А-а, падумайце, як добра, калі людзі самі сабой правяць!

К таму часу ўсе ўжо асвоіліся з думкай, што суды за перадзелы хутароў — недарэчная задума, бо як ні дзялі страшаўскую зямлю, а нездаволеныя будуць. У Савецкай Беларусі прыдумалі іншае выйсце. Людзі аб’ядналіся ў калгасы, працуюць на агульным полі, а за работу атрымліваюць залежна ад працаднёў.

Страшаўцы адчулі сябе праз калгас уладальнікамі тлустых палеткаў Рыжага Ігната. Калі б ім такую сістэму — працавалі б дзень і ноч!

Калі чалавеку цяжка, калі ў яго душы — беспрасветная цьма і няма перспектывы, яго запаўняюць міфы аб збаўцах, усемагутных героях, цудах.

Пілсудскі стварыў цэлае ведамства, якое ўзамен «Маланкі» стала выпускаць ужо іншыя беларускія газеткі і рассылала сялянам бясплатна. А там — розная лухта пра Савецкі Саюз.

— Бачыце, як занепакоіліся паны?! Ой, мужчыны, там, відаць, пайшло дзело!.. Сталі б паны псаваць дарэмна грошы на прадажных пісак і на паперу!..

Гэтак пракаменціраваўшы газетку, людзі працягвалі сваё:

— Селі італьянцы ў цыпелін ды на чале з Нобіле паляцелі шукаць Паўночны полюс ды і разбіліса. Мусаліні да ўсіх звярнуўся за дапамогай, толькі СССР абмінуў. І амерыканцы, і французы, і немцы браліса ратаваць іх — усё панскай пароды, далікатныя, куды ім!.. Саветы глядзелі, глядзелі на гэта месяц, другі і не вытрывалі — ведайце нашых! Ледакол «Красін» выйшаў у Ледавіты акіян, іграючы, паздымаў з ільдзін адубянелых макароннікаў, прывёз іх у Архангельск і — у лазню!

— Ого, савецкія людзі ўсё могуць! — захапляўся Рыгор, Косцяў бацька.— Нельга было выжыць пырнік з палёў, спалучылі яго з пшаніцай і здымаюць па пяцьсот пудоў з гектара!.. А я сваё поле дзяўбу, дзяўбу бараной, выграбаю, выграбаю пырай на мяжу!.. Наваліў горы цэлыя, і што з гэтага? Толькі грыжу сабе нажыў — нават на падсцілку не прыдатны. Высахне — палю. Палічы, мэнш, колькі пшаніцы кожны год пускаю ў неба з дымам!..

Вера ў Савецкую ўладу была светлай да наіўнасці, упартай да смерці. І мой бацька быў у ёй гэтакі ж цвёрды.

За Беластокам недзе паліцыянты падпаілі падпольшчыка ды выпыталі ўсе таямніцы. Тады бацька сабраў сваіх камуністаў і камсамольцаў ды прыняў у іх клятву — ні ў якіх выпадках не піць гарэлкі.

Недзе каля 1930 года за мяжу ўцёк халасцяк з суседняй вёскі Зубкі — Раман, але пасля двух месяцаў чамусьці вярнуўся. Бацька запрасіў яго да нас. На цікавую гутарку прыбег і Турак — бацькаў знаёмы з далёкай Ярылаўкі.

Раман заявіўся разбіты, пануры, маўклівы і пастарэлы. Я вучыў урокі. Мужчыны мяне не таіліся, лічылі маленькім і дурным. Пасадзіў бацька госця за стол, выгодна рассеўся сам, сабраўся слухаць:

— Ну, то расказвай, як там!

Раман доўга маўчаў ды ўздыхаў. Тады пачаў расказваць, што ў Саветах жанчыны на нагах носяць галёшы, склееныя з гумы. І быццам бы ён на ўласныя вочы бачыў, як там стаяць у чарзе па звычайны хлеб.

На хвіліну ў нашай хаце запанавала цішыня.

— А-а, мярзотнік, паспелі ўжо і цябе купіць паны! — раптам схапіўся з лавы бацька.— Прэч з маёй хаты, прадажная шкура!

Чалавек сумеўся, заміргаў вачыма і ўстаў.

— Прэч, прадажнік ты! — бацька заскрыгітаў нават зубамі і затупаў.

— Сцяпан, паслухай...— задрыжаў у чалавека голас.— Іване, выслухай мяне ты, мы ж сваякі нават з табой!

Турак разгублена ўсміхнуўся. Бацька ўжо сашчапіў кулакі:

— Прэч, нягоднік!

Раман толькі заплакаў і пайшоў.

Паліцыянты яго азалацілі б, каб Раман згадзіўся расказваць усім, што бачыў за мяжой. Аднак гэты чалавек не хацеў падрываць веры ў сваім народзе, кідаць цень на СССР. Ды ці сам не мог перанесці душэўнага надлому, ці — мянушкі здрадніка.

Нікому не сказаў Раман больш ні слова. З нашай хаты пайшоў на зубкоўскія агароды і ўтапіўся.

Між іншым, рэчачцы, у якой ён прыняў смерць, людзі не палічылі патрэбным нават даць назву — у самым глыбокім месцы яна не мела і метра глыбіні.

 

4

Вера ў Савецкую ўладу запаланіла і маё сэрца.

Мамін брат Іван выехаў-такі ў Канаду, паступіў на лясныя работы. Калі зарабіў грошай, купіў турыстычную пуцёўку. З Таронта паехаў па ёй у СССР і там застаўся назаўсёды.

З Бялявіч прымчаў на веласіпедзе дзядзька Мікалай і аб’явіў маці навіну:

— Манька, ад нашага Івана пісьмо. Ён ужо ў Саветах!

— Ну, дзякуй богаві! — ад хвалявання мама апусцілася на куфар.

Уздыхнуў з палёгкай і бацька. Расчараваны сваім братам «нэпманам» Аляксеем, усю надзею ён ужо ўскладваў на швагра. Ён нават быў прадаў бычка, унёс і свой уклад у «шыфкарту». Не, не дарэмнай была трата, швагер выйшаў на дарогу.

— І даўно: тры месяцы там жыве, а мы, бачыш, нічога не ведаем!

— А што робіць там?

— У казанскім інстытуце... Вучыцца на вецерынара...

— Ве-це-ры-на-ара? — жахнулася яна.

Акоціцца ў якога дзядзькі авечка і — на ўсю вёску навіна, а тут — гэткая сенсацыя! Збеглася палова Страшава. Разгубленыя людзі пачалі абмяркоўваць здарэнне.

Расчараваны быў і я. Дзядзьку хацелася бачыць лётчыкам, камандзірам, палярнікам, вучоным, але не доктарам, каторы лечыць кароў, коней і свіней.

— То няўжо ён не мог сабе падабраць што лепшае? — раззлавалася мама на брата.— Хіба ён здурэў?!

Маму падтрымалі суседкі:

— Такі файны, фартовы хлапец!.. Няхай бы лепш на чалавечага доктара вучыўся!

— Трэ было дзеля гэтага рвацца ў Расею?!

— Ваша маці столькі трацілася на яго, мэнчыла вас, у голадзе трымала!..

Дзядзька Мікалай даў кожнай выказацца:

— То сціхніце, бабы, не спяшайцеса яго здаваць на могілкі! У Гарадку Іванава пісьмо прачытаў фельчар і растлумачыў: «Калі чалавек захварэе, то табе сам скажа, што ў яго баліць. А вось карова або авечка не скажуць нічога. Тут, браце, галаву трэба паламаць, здагадацца самому!»

— Далібог, праўда! — адразу павесялелі жанчыны.

Раптам да людзей дайшла такая простая ісціна: з жывёлай працаваць цяжэй, ветэрынар важнейшы за чалавечага доктара. Значэнне, вартасць і сіла чалавека ў Страшаве вызначаліся па цяжкасцях, якія ён браў на свае плечы.

Усклалі і яны свае надзеі на Дудзікавага Івана.

З рук у рукі страшаўцы перадавалі кніжкі, часопісы пра СССР. Надрукаваныя на глянцаванай паперы «Новэ віднокрэнгі» дакладна пералічвалі, колькі ў Савецкім Саюзе трактароў, верацён у ткацкіх фабрыках. На прыгожых фатаграфіях у альбомах паказвалася, як шчасліва жывуць калгаснікі. Усё гэта ішло як бы ад мамінага брата.

У вачах равеснікаў мы з Валодзькам выраслі: наш дзядзька ў Саветах! Цяпер і гарадскія сябры прынялі нас, як роўных, да кампаніі.

 

5

Адной суботы жонка дырэктара школы паклікала мяне і Толю Пятэльскага нанасіць вады.

Не абы-якая падзея.

На дырэктаршу — строгую і пахучую ад парфумы паню — нават Стражынская глядзела, як на багіню.

Носячы з сябрам поўныя вёдры з калодзежа, я стараўся нічога не прапусціць на панскай кухні і ў калідоры — ото ж будзе пра што расказаць дома.

Усе сцены пабеленыя вапнай.

Кавалкі булкі разам са смеццем у вядры.

— Кухня і — ніводнага гаршка.

Паны па суботах мыюцца не ў балеі, а ў спецыяльнай пасудзіне, якая называецца ванна...

За работу мы ад дырэктаршы атрымалі па кавалачку цукру.

У той дзень і гэта было не самае галоўнае ў маім жыцці.

На перапынку ў школьны калідор убеглі задыханыя Сашка Кандрусік з Ванем Кулешай:

— Мальцы, хутчэй!

Мы вылецелі на вуліцу.

Наша школа стаяла ў канцы Гарадка. З мястэчка якраз выходзіла калона рабочых з тэкстыльнай фабрыкі.

Ткачы баставалі.

У вёсцы Пясчанікі была яшчэ фабрыка нейкага Готліба, але там ткачы не паслухалі свайго прафсаюза, выйшлі на работу. Гарадоцкія мужчыны цяпер ішлі разганяць штрэйкбрэхераў.

У кожнага рабочага быў здаровы кій. На нагах — лёгкі абутак: да Пясчанікаў — з пятнаццаць кіламетраў. Трымаючы кіі на плячах, мужчыны крочылі ў нагу і спявалі:

 

Ви-ихри вражде-ебные ве-еют над на-ами!..

 

Не паспелі мы нагледзецца на ткачоў, як аднекуль выскачылі два грузавічкі. «Варшавянка» абарвалася.

Машыны загарадзілі дарогу. З кузаваў выскачылі паліцыянты ў бліскучых, як у пажарнікаў, касках і з гумавымі палкамі кінуліся на калону. Узбіўся пыл. Узняўся лямант. Завішчалі жанчыны. Натужліва затупалі боты.

Мы назбіралі камення і таксама кінуліся да месца, дзе ўсё віравала.

Пакуль дабеглі, паліцыянтаў ужо загналі на падворак да Кандрусікаў. Утульваючы галовы ў плечы, яны праз плот скакалі ў садок. Узлаваны Сашкаў брат Сцяпан з мужчынамі шпурлялі ім услед каскі, крычалі:

— Падбярыце!

— Будзеце зноў выязджаць з Беластока — запасныя споднікі захапіце!

— Цюцікі Готлібавы!

Узрушаныя і падахвочаныя перамогай, рабочыя перавярнулі яшчэ грузавічкі і накіраваліся ў Пясчанікі.

Я доўга глядзеў ім услед. Паабапал калоны насіліся шчаслівыя хлапчукі. Яны маглі пайсці з ткачамі: у каго бацька, у каго брат быў у шэрагах. Я ж мусіў вяртацца ў школу, цешыць сябе тым, як буду дома апавядаць пра здарэнне, а брат пазайздросціць.

У той дзень у школе сынкі чыноўнікаў і крамнікаў — нібы вады ў рот набралі. Чамусьці пакрыўдзіўся і Шусцік. Стаў панылы, як бы меншы ростам...

 

6

Старэйшыя дзеці — другі светапогляд.

Цяпер нашы зрэбныя кашулі, запэцканыя ў чарніла пучкі суровых нітак на чаравіках выклікалі насмешкі ў аднакласнікаў. Панічы ахвотна гулялі з намі на перапынку, але сядзець за адной партай лічылі за абразу. Яны забаўляліся з намі, як з сабачкамі, з якімі потым не сядаюць за стол.

Купілі мне атлас.

Атласы былі дарагія. Такога яшчэ не мелі ні дачка доктара Цукермана, ні аптэкарава Фаня, ні сын каменданта паліцыі. Бацька знарок вазіў у Беласток прадаваць цэлы воз бульбы, патраціў на дарогу двое сутак. Затое на другі дзень са схаванай гордасцю гартаў я, шчаслівы, каляровыя лісты з картамі і так, каб усе чулі, нядбайна казаў Кандрусіку:

— Во, Францыя, Германія. А во — Расія... Глядзі, якая вялізная: вунь, вунь, аж сюды цягне, да Кітая!..

Самалюбівыя панічы не падавалі і выгляду, што іх цікавіць.

На мяне нечакана наляцеў Шусцік:

— Ну і што? Германія маленькая, а пойдзе вайной на тваю вялізную Расею, за тыдзень і заваюе ўсю!

Гаварыў ён з перакананнем, як гавораць не толькі сваю думку, але і тых, хто стаіць за плячыма. Я разявіў рот ад здзіўлення. Не верыць у плаціны, камунізм, высокія ўраджаі з гектара? Які ён варты жалю, сумны, нецікавы. Яшчэ злосны, не скажы і слова.

Мы былі тады яшчэ ў такім узросце, калі выражалі светапогляд сям’і, не свой выражаў і Сашка... А бацька казаў, што стары Шусцік — бяскрыўдны выскачка, хоча толькі быць на вачах у людзей.

Нібы сутыкнуліся два светы. За ўсіх страшаўцаў я ўзненавідзеў Шусцікавага сына.

Зрэшты, хутка яго я і зусім перастаў заўважаць — было не да Шусцікаў.

 

7

Зімой мама ўпрасіла бацьку, і ён мяне ўзяў на выправу, падобную да той, якую рабочыя арганізавалі ў Пясчаніках.

Беластоцкі буржуй Кацман купіў у Ліпніку дзялянку. Лесарубы сосны яму спілавалі, але бярвенне павінны былі падвезці ў Валілы да чыгункі сяляне. Вазілі лес тады толькі фурманкамі.

Нашым людзям зімой рабіць не было чаго. Дзядзькі ахвотна паехалі б на заробкі і за два злотыя за кубаметр, якія даваў купец. Але загаварыла ў іх злосць.

Кацман купляў лес, каб перапрадаць яго ў Беластоку другому купцу і зарабіць. Ах ты, абармот, яшчэ хочаш на нашых конях, нашымі мазалямі нажывацца?! Тады плаці нам па тры злотыя за куб!

Мужчыны забаставалі.

Кацман хацеў падкупіць возчыкаў. Паліцыя разумела, што ўсю заваруху зрабіла падпольная ячэйка, і паабяцала купцу падмогу.

За лесам ад Страшава была маленькая шляхецкая вёсачка Вераб’і. Шляхту тут калісьці насадзілі каралі, каб яна была носьбітам польскай культуры сярод беларусаў. За стагоддзі верабʼёўцы асіміляваліся, нават размаўлялі ўжо толькі па-нашаму, і хто цяпер на каго больш уплываў, нельга было разабраць.

Чатыры шляхціцы паддаліся спакусе заробку (штрэйкбрэхерам плацілі ў пяць разоў больш), павезлі лес на станцыю. Для бяспекі падводы з Ліпнікаў да Валіл праводзілі паліцыянты.

Ноччу, паскрыпваючы валёнкамі па снезе, прыйшлі мы з бацькам на дзялянку. Там ужо сабраліся сотні сялян у кажухах са Страшава, Скраблякоў, Грыбаўцоў, Бялявіч і Зубкоў. З сякерамі, піламі, дручкамі. Я аж жахнуўся — падобны малюнак ужо аднойчы бачыў! Пры святле месяца маляўнічае зборышча выглядала дакладна такім, якое я сабе ўяўляў, спяваючы некалі «Ад веку мы спалі...». Толькі гэтыя людзі кос і сярпоў не мелі.

— А мы з вамі знаёмы! — узрадаваўся я чалавеку з Зубкоў, які мяне часта падвозіў да школы.

— Знаё-омы...— нездаволена буркнуў дзядзька.— Вунь твая кампанія!

На такіх сходках не паказваюць адны адным, што знаёмыя.

Зубкоўскія і бялявіцкія мужчыны прывялі маіх равеснікаў. Я, прысаромлены, прыстаў да іх.

У ролі прамоўцы давялося бачыць бацьку.

Залез ён на пень, пачаў штосьці гаварыць, а мы слухалі.

Зрабілася няёмка, хоць ты праваліся ў сумёт. Мой аўтарытэт і пагроза стаяў цяпер на пні якімсьці нясмелым, а тое, як гаварыў, не вязалася зусім з тым, пра што гаварыў. Нібы сарамаціў Валодзьку за падраныя нагавіцы, нібы ўшчуваў маці. Але паступова ён набіраўся адвагі і голас яго мацнеў.

— Адным словам, хлопцы, хопіць мітынгаваць! — крыкнуў бацька раптам.— Трэба ўсім кагалам ісці ў Вераб’і і правучыць іх!

— Раз і назаўсёды! — падхапілі людзі.

— Дамо-о, гадам!

— Пайшлі-і! — аж затросся лес ад рашучых галасоў — з галін паляцелі пласты снегу, узнялі малочныя віхры.

 

8

Такую лавіну людзей на змёрзлым снезе, мабыць, было чуваць за тры кіламетры, і перапалоханыя шляхцічы даўно патушылі лямпы, пазаганялі ў сені сабак.

Хлопчыкаў мужчыны паслалі ў разведку. Шчаслівыя ад даручэння і робячы выгляд, што нам зусім не страшна, адзін перад адным бегалі мы ад хаты да хаты, прыстаўлялі вушы да шурпатых сцен і чулі, як у кожнай хаце прытаілася жыццё. Святло не гарэла нават у памешчыка Шастаковіча, яго доўгія будынкі выцягнуліся на сінім фоне, як крэпасць.

— Збаяліса, прадажнікі!..

Паліцыі не было нідзе.

Знайшоўшы каго трэба, мужчыны выбілі штрэйкбрэхеру вокны, папілавалі воз, сані.

Уваліўшыся на другі падворак, спаткалі растрапаную жанчыну. Яна выбегла з хаты босая нам насустрач, упала на калені, узмалілася:

— Лю-удзі, рабіце што сабе хочаце на падворку, толькі не біце вокан! У мяне дзе-еці хворыя, куды іх зімой дзену!.. Ко-оклю-шам зляглі!

Мужчыны пасталі ў нерашучасці.

— Шкадаваць тваіх бахуроў?! — напаў на яе Вінцак Грабцэвіч з Меляшкоў.— Каб павырасталі новыя прадажнікі?!

— Яны яшчэ надта малы-ыя!.. На мяне, рабі са мной што хочаш, толькі пакінь шыбы! — расхіліўшы на грудзях кофту, прапаўзла яна каленямі па снезе і ўшчаперылася Вінцуку ў валёнак.

— Вар’ятка, каму ты патрэбна, цьфу! — адскочыў хлопец, вырваўшы валёнак.

— Ла-адна, вокан чапаць не будзем! — супакоіў яе Сахарышын Юлік.

— Толькі скажы свайму дурню, калі заўтра выедзе ў Ліпнікі, то выражам яму гэта самае...— дадаў нехта.

— Я сама вочы яму выдзеру!

— Во, во! А цяпер — уставай, бяжы дахаты, не стой на снезе, пяткі памарозіш! — стаў падымаць яе Юлік.

Шляхцянка ўстала. Ад спагады соцень мужчын яна лёгка, як дзяўчынка, паляцела дамоў. Такая радасць адчувалася ў яе постаці, нібы шляхцянка дасягнула чагосьці самага галоўнага ў жыцці.

Цяпер ужо не так ахвотна пілавалі сані. З-за кабеты Вінцак Грабцэвіч зазлаваў на Сахарышынага Юліка. Я ўчуў, як Вінцак на яго зашыпеў:

— Што, выслужваешся, аўтарытэт сабе вырабляеш?!

— Ачмурэў?! — здзівіўся Юлік.

— Танны аўтарытэт!..

— Абсядзь, певень! — пасарамаціў бацька меляшкоўскага Вінцака.

Раздражнёны хлопец вывеў з хлява кабылу, пачаў лупцаваць яе кіем, прыгаворваючы:

— На, шкапа, на, здэхла, гэта табе за твайго вераб’я, каб болей не вазіла яго, на!

З натоўпу выскачыў дзядзька Салвесь, аперазаў хлопца кіем:

— Шы-то робіш, нягоднік?! І это, і это, і-і конь вінаваты, конь?!

— Дурань яловы!.. Дай яму, Салвесь, добра дай! — накінуліся на хлапца іншыя мужчыны.

Дзядзька завёў каня ў хлеў, палажыў яму сена:

— Еш, кы-коська, не бойса, еш...

І Грабцэвіч, які здзекаваўся з каня, і босая шляхцянка на снезе абяззброілі зусім яшчэ нядаўна так раззлаваных людзей. Ужо без ахвоты пайшлі яны да астатніх штрэйкбрэхераў. Там нерашуча, не да канца рэзалі збрую, секлі хамуты, а вокан не чапалі... Шкадавалі ўжо і саней.

 

9

Назаўтра ўразіла ўсіх навіна: штрэйкбрэхерам у лес ездзіў і Марцін Грушэўскі з сынам Сашкам, той самы дзядзька, які апавядаў, што ў СССР вучням не трэба рабіць урокаў. Аднак з Вераб’ёў ніхто не выехаў болей, і гэта ўсё вырашыла.

Баючыся, каб не сапсавалася санная дарога, бо тады за калёсную вывазку давядзецца сялянам плаціць удвая, Кацман здаўся.

Людзі дружна рынуліся ў лес ладаваць на свае сані гонкія ліпнікаўскія сосны. Ап’янелыя ад перамогі, не заўважылі нават арыштаў.

Баставаць мелі права адно тыя рабочыя, якія былі ў прафсаюзе. Сяляне, вядома, да прафсаюза не належалі, і забастоўка іхняя лічылася незаконнай.

Знайшоўся сабака, выдаў бацьку — Госцікаў Ёзік з Бялевіч расказаў пра ўсё паліцыі. За арганізацыю забастоўкі і за бунтарскае выступленне ў лесе суддзя падпісаў ордэр на арышт бацькі.

Ноччу прыехалі да нас з Ялоўкі паліцыянты, разбудзілі бацьку, зрабілі вобыск і павезлі яго ў ваўкавыскую турму.

Канец зімы і вясну жылі мы без бацькі. Незнаёмыя людзі прывозілі на хутар дровы, грошы на адваката, малацілі наша збожжа, нават заставаліся ў нас на ноч, каб мы не баяліся спаць ля лесу.

Той час, калі гэтак выразна адчуў я людскую спагаду і салідарнасць, я доўга ўспамінаў, нібы якоесьці вялікае і шчаслівае свята.

Абыходзячыся без бацькі, мы пакрысе запускалі гаспадарку.

— Нічога, прыйдзе з турмы тата, навядзе парадак!

Тым часам вярнуўся ён з Ваўкавыска і доўга не хацеў ні за што брацца. У гумне перамяшалася салома з сенам. Падворак быў завалены ламаччам... Бацька, пагаліўшыся, падправіўшы перад люстэркам шчотачку рыжаватых вусікаў, хадзіў па хаце і спяваў астрожныя песні. А то апавядаў суседзям пра бунты вязняў. Памаладзелая мама не то скардзілася, не то хвалілася Настусі:

— Ты паглядзі толькі — ён не супраць, каб трапіць туды яшчэ раз!

 

Раздзел трэці

 

 

1

Бацькі нас не песцілі.

Аднаго разу выгнаў я да студні быдла паіць і давай дражніцца з быком:

— Мацек, бу-у!

— Перастань! — закрычаў бацька ад гумна.

Я не паслухаў, быў у палоне жудаснага і заманлівага страху. Мяне ўсяго аж падмывала на небяспеку.

— Быська, бу-у!

Бык зазлаваў, рынуўся на мяне і прыпёр ілбом да плота. Убачыў я неба, учуў трэск штыкецін і страціў прытомнасць.

Бацька адагнаў раз’юшанага быка, нагнуўся нада мной. Паглядзеў, што я ўжо ачуняў і толькі выплёўваю кроў, падняў з зямлі мой кій ды давай мяне лупцаваць:

— Маеш, каб ведаў другі раз і не лез куды не трэ!..

Пачнём з Валодзькам варыць з вішнёвай смалы клей або ўцячом з Косцем ці Сашкам гуляць у пікара, як мама ўжо трагічным голасам крычыць:

— І не сорамна табе? Няхай ужо яны бібікі б’юць, але ж ты — да школы ходзіш, а паводзіш сябе бы Рыгарулькаў Міцька!

Косцеў брат, Міця, пачаў гаварыць толькі ў шэсць гадоў. Цяпер яму ішоў дзесяты, а ён усё яшчэ на падворку выкладваў чыгунку з дроў.

— Нябось, сын беластоцкай цёткі Ганулі ў пікара не гуляе! — упікала далей мама.

Надта ж рана яна хацела бачыць нас дарослымі! Няхітрым педагагічным прыёмам было ў яе — выстаўляць крайнасці: прыдуркаватасць Міці і — працавітасць цёткі Галены, якая бытта бы выбілася ў людзі з-за працавітасці і цяпер сабе жыла, як пані, у вялікім горадзе. З пэўнага часу ў прыклад ставілі ўжо і цётчынага сына.

Не могучы нічога адмяніць, я потым знайшоў выйсце.

Да школы было шэсць кіламетраў. Туды з Валодзькам адпраўляліся, калі напасвім кароў. Яшчэ насілі па шэсць-сем літраў малака на продаж, а з бутэлькамі — гэта паўпуда цяжару. Насілі дзень у дзень, восенню і зімой.

Ідучы ў школу, я на хаду чытаў кніжкі. З першых старонак забываўся на цяжар, быў у амерыканскіх прэрыях з траперамі ці ў джунглях.

На палявых работах кніжак чытаць не будзеш, і я выдумваў сабе розныя гісторыі. Станавіўся інжынерам, рабіў хітрыя машыны і раздаваў іх — Кірылісе, дзядзьку Кавальцу, Салвесю, Марціну, Настусі...

 

2

Калі я быў у пятым класе, бацькі перавезлі будынкі з вёскі пад Ліпнікі. Сталі мы жыць на хутары.

Ля нашага поля паставіў сваю хату Марцін Грушэўскі.

Цэлай вёскай страшаўцы памаглі скласці хаціну на новым месцы і Настусі. Не прымаў удзелу ў яе пераездзе толькі бацька. Уяўляю сабе, якую маці ўзняла б дома буру, каб наш бацька памкнуўся што-небудзь зрабіць для яе. Ён знайшоў апраўданне перад сваім сумленнем:

— Памагаць былой прыслужніцы легіянераў? Не дачакае яна! Няхай бы круціла менш хвастом!

Што ён хацеў сказаць гэтым «круціла менш хвастом», мы з Валодзькам не разумелі, а мама яго слухала ахвотна.

Настуся і па новых хутарах стала бегаць і адрабляць суседзям. Марціну — бо ў яго гумне клала на зіму збожжа. Кірылісе — за краўца. Нам — за каня ці за сячкарню.

Хоць Настусін вялікі круглы твар усё яшчэ прамянеў здароўем, усё ж пасля смерці мужа голас у яе прыцішэў, з’явілася дабрадушна-ліслівая ўсмешка. Суседак яна толькі слухала, падтаквала і падхвальвала.

Я, напрыклад, сядзеў на лаве з бойкай між каленяў і біў масла. Пры гэткім занятку думкі нікуды не накіруеш: можаш зламаць чаранок, выплюхаць смятану. Я паныла соваў калатоўкай і не ведаў, колькі яшчэ біць — паўгадзіны, гадзіну...

Адчыніліся дзверы, увайшла цётка Настуся.

— Дай мне!

Удава на хаду перахапіла бойку, гупнулася на лаву шырокім, туга абцягнутым рыжай спадніцай раздвоеным задам, і смятана пад калатоўкай у яе руках загаварыла на ўсю кухню. Я не дыхаў — мама магла паслаць да іншай работы, трэба было хітраваць. Зараз яна ўцягнецца ў размову, тады бяжы на двор і рабі што сабе хочаш...

Прыкінуўся галодным. Не спяшаючыся, аблупіў цыбуліну, ткнуў яе ў соль. Адрэзаў кавалак хлеба...

— Ах, як ваш Алёшка вырас, вы толькі гляньце! — падлашчылася Настуся.

— Растуць дзеці!..

— Мусіць, з яго будзе якісьці вучоны. Учора спаткала пад Гарадком — ідзе і кніжку сабе чытае. Вецер, дождж сячэ — вачэй не падняць, дарога кепская, а ён нават са сцежкі не саб’ецца!

Смех: чытаць кніжку на хаду і дурань зможа, абы ведаў літары.

Вось кліночак пад маму цётка і падбіла.

Мама глянула на мяне гэтак, як могуць зірнуць толькі мацяркі, а ты і праўда пачынаеш адчуваць жудасна-шчаслівы страх перад тым, што яна табе абяцала ў будучыні,— узнікала затоенае жаданне хутчэй быць такім, якім яна цябе бачыла.

— О, ужо такіх файных дзяцей, як ён у нас удаўся, і не знайсці! Самі са Сцяпанам мэнчымся, яны абодва няхай ужо вучацца, выходзяць у людзі!..

І тут без ніякага пераходу і сувязі мама з гонарам пахвалілася:

— Але ты паглядзі, Настусь: унучцы папа Вінаградава наш старэйшы на перапынку парваў фартух!

— О-о, да каго падбіраецца! — пахаладзела Настуся.

— Настаўніца на сходзе скардзілася — парваў! — аж сцішыла мама голас да шэпту, нібы ў маім учынку — вялікі сэнс, а папоўну я зачапіў не выпадкова.

Яна ўжо не заўважала, што Настуся пакрыўджана маўчыць. Мама пачала з захапленнем расказваць, як на бацькоўскім сходзе хвалілі Валодзьку.

Усё. Цяпер — ходу!

 

3

Калі Настуся з дачкой прыходзіла да нас капаць бульбу, Веру апранала, як да царквы, а сама была ў той самай вылінялай кофце і спадніцы нібы з іржавай бляхі.

Па дарозе прамчала брычка з памешчыкам Шастаковічам. Мама паглядзела на яго і сказала суседцы:

— Ты, бо, зірні. Такая цяплынь, а ён, далібог, пад гальштукам і ў пальчатках!.. Ой, як кепска жыць важным людзям: не ўсміхніса, не сядзь на траву, не парадуйса сонцу, бо-ожа!..

Капала цётка і гаварыла, што паны, халеры, затое мала робяць і колькі сабе хочуць жаруць цукру, мяса...

Памешчыкі ў нас распрадалі маёнткі яшчэ да імперыялістычнай вайны і выехалі ў горад. На іх землях і ўтварыліся мужыцкія надзелы. Адзіным памешчыкам на ўсю акругу быў пан Шастаковіч у Вераб’ях. Ён цяпер служыў у Варшаве рэферэнтам міністэрства, у маёнтак прыязджаў толькі на лета, але ў свядомасці страшаўцаў жыў і зімой, і восенню, і кожны дзень, і кожны час.

— Шастаковіч калі есць у абед мяса, то, падумайце, яшчэ і масла мажа на хлеб!..— паведамляла, зайздросціла Настуся.

— От, ліха на яго! — дзівілася мама.

— А Шастаковічыха есць булак колькі хоча — і ў свята, і ў будзень!.. Здаецца, накарміць бы ўволю булкамі дзяцей, наесціса б іх самой, тады ўжо нічога ў жыцці болей не хацела б! — уздыхнула яна, і бульба з-пад яе пальцаў ляцела ў кошыкі як стрэленая — дробная ў адзін, вялікая ў другі.

Мы з Верай слухалі і моўчкі грэбаліся ў сваіх барознах. Вера працавала лёгка, была поўная спакою і ўпэўненасці — нібы дачка каралевы, нібы ў Настусіным доме кожны дзень шакалад елі. А мне надта балела спіна. Я выглядаў дажджавыя хмары, Вера спачувала — з яе твару не сыходзіла спагада.

— Пастой, Алёша, крыху, боль мо адыдзе...

І павалакла да мяшка кошыкі, а я, абапёршыся на матыку, адпачываў.

Усё роўна ныла, агнём пякла спіна. Адкуль чакаць ратунку? Эх, каб дождж! Ды на небе — ні хмурынкі, паветра чыстае, сухое, аж звініць. Спакойна лунаюць белыя нітачкі бабінага лета, лезуць у вочы, у рот...

Работу маладзейшай за мяне на два гады сяброўкі правяраць не трэба. Я ж меў апраўданне: паду-умаеш, затое яна не чытае газет, не ведае, што робіцца на свеце, не хадзіла на Вераб’і біць штрэйкбрэхераў...

Высыпаючы ў мяшок бульбу, Вера запарушыла вока. Настуся — майстра на такія справы, хутка з-пад даччынога павека выняла парушынку языком. Вера паставіла ў разору парожнія кошыкі, згібам рукі выцерла слёзы, і мы зноў нагнуліся.

Цярпі да абеду. Мама толькі паставіла абед на пліту разам са свіной бульбай, наклаўшы пад гаршкі торфу, і прыбегла памагаць нам...

Забрахаў наш Бобік.

— Алёшка, падскоч паглядзі, хто там!

З палёгкай выпусціў я матыку, пабег дамоў.

Ля калодзежа трымаў за руль веласіпед, на багажніку якога стаяў куфэрак, касавокі і скуласты кітаец. Ён аб’язджаў хутары, прадаваў кілімчыкі з драконамі.

Паклікаў я маму.

Кінуў пад лесам кароў і адразу прыляцеў на двор Валодзька.

Разгубленая мама разглядала тавар і не ведала, што рабіць: шкадавала грошай. Госць з далёкай краіны напускаў таямнічасць, нешта па-кітайску лапатаў, не спяшаўся ад’язджаць і адчуваў сябе ў нас, як дома.

Не згледзелі, як чалавек на нашай пліце згатаваў у каструльцы рыс і пачаў яго спрытна палачкамі есці.

— Божа, які нешчаслівы чалавек! — разжаліў ён маму.— Хіба можа мужчына гэтага наесціса?!

Яна ўжо палезла па залатоўкі. Крыкнула ў адчыненае акно:

— Ты, Настусь, прышлі дачку, няхай таксама падзівіцца !

Праз хвіліну з сяней зыркнула пара цікаўных вачанят. Але Вера памятала, што яна ў людзей на рабоце, таму адразу вярнулася да бульбы.

Яна нават ела ў чужым доме з сарамлівай вінаватасцю.

 

4

Вучыўся я кепска. Польскай мовы не ведаў, дома не меў часу на ўрокі, астатнія вучні мяне апярэджвалі.

Яшчэ ва мне сядзела нейкая сялянская тупасць.

«Работа мужыка — такая цяжкая, як вол»,— напісаў я ў сачыненні і ніяк не мог зразумець, што ў маім сказе было кепскага.

Нягледзячы на гэта, у гадоў дванаццаць я адчуў у сабе якоесьці абуджэнне самасвядомасці.

Раптам ні з таго ні з сяго пачало мяне мучыць дзіўнае пытанне: хто ж я такі?

У Страшаве — дзвесце пяцьдзесят душ, і кожная з іх іншая. На ўсім свеце — два мільярды людзей. Навошта сярод іх яшчэ і я? Якая сіла здагадалася стварыць мяне? Для чаго ёй я спатрэбіўся? Чаму без мяне не маглі абысціся?..

Я стараўся залезці ў глыбіню свайго філагенезу, пачуць у сабе якія-небудзь флюіды — сляды таямнічай сілы і сэнсу. Але іх не знаходзіў. Тады ўспамінаў усё да дробязей, што некалі бачыў, што памятаю.

Сабраліся мужыкі і дзеляць страшаўскую зямлю. Мне і ўрокі трэба вучыць і цікава іх паслухаць...

Вось я яшчэ не хаджу ў школу. Цішэўскі Іван даў мне несці праз вёску крыж, і я гэтак абняславіўся, што сорамна і сёння.

Мужчыны пасмейваюцца з бацькі з-за дзікоў. Бацька вяртаецца з поля і апраўдваецца перад маці.

У нашай кухні пяюць кудзельніцы.

Праз Страшава імчыць брычка Шастаковіча, а я, дурань, доўга не мог зразумець, чаму колы ў ёй круцяцца назад.

Вобразы, нібы ў перспектыве, памяншаліся і памяншаліся...

Мы з Валодзькам накручваем гадзіннік, і страляе спружына...

За гэтым вобразам — нічога, хоць ты лопні ад думання. Калі хто апавядае пра ранейшыя здарэнні, я ўяўляю сабе іх як казку — нерэальнымі, несур’ёзнымі. Для мяне свет пачынаўся з маім паяўленнем.

Я куды-небудзь хаваўся, разглядаў свае грудзі, ногі, рукі.

Маё цела мне падабалася і было мілым, я так выразна адчуваў і бачыў, што адбываецца навокал...

Мо і праўду мама гаварыла — я асаблівы? Было на зямлі людзей многа, дык трэба ж нейкай сіле стварыць яшчэ і мяне!.. Мабыць, я — не такі, як яны.

І ведаў, што думаць так пра сябе нядобра, але ўжо нічога не мог зрабіць з сабой — аж задрыжаў ад шчасця. Толькі прыцішу ў сабе радасць — і зноў яна прарываецца.

Браты Грушэўскія раздзялілі будынкі і ніяк не маглі поўнасцю забудавацца — Салвесю не хапала дзерава на гумно, Марціну — на хлеў. Чырвонцы, якія бацька некалі вярнуў брату-нэпману, дзядзька Аляксей пераадрасаваў свайму хросніку, Рыгарулькаваму Косцю. Рыгарулька паставіў зруб, але жыў яшчэ ў хаціне, бо скончыць зруба дзядзькавых грошай не хапіла.

Я не выпадкам нарадзіўся: пачакайце, дзядзьку Салвесь, Рыгор, дастану вам дзерава!.. А вас, цётку Настуся, і астатніх страшаўцаў зраблю шчаслівымі і багатымі!..

 

5

Марцінавага Сашку і Рыгарулькавага Косцю вучыцца не пасылалі.

— Навошта мужыку вучоба? — даводзіў майму бацьку Рыгарулька, нібы яму вельмі шкодзіла, што мы з Валодзькам ходзім у школу.— Пабачыш, Сцяпан, яна толькі папсуе хлопцаў. Хіба мы з табой вучаныя? А, далібог, някепскія людзі, хай нашы дзеці будуць хоць такія!

Праз нейкі час я заўважыў, што бываць з Сашкам і Косцем сумна.

Пасвілі мы кароў, пачало грымець. З захаду на неба напаўзала чорная, як ноч, з сівой барадой хмара. Ад грому дрыжала зямля. Неспакойныя каровы збіліся ў кучу, вадзілі пысамі ў паветры, штосьці вынюхвалі.

Мой хросны брат, Косця, схаваўся пад куст і запальваў грамнічную свечку; я заўсёды памятаў — маскоўскі дзядзька Аляксей быў кумам на яго хрэсьбінах.

— Ці ж свечка не дасць, каб з хмар у зямлю праходзіла электрыка? — пасарамаціў я яго.

— Ты ведаеш, што куды праходзіць, ад чаго грыміць? — засланіў ён агеньчык.

— Ведаю!

— Ты ўсё ведаеш! Учора нават казаў, колькі да сонца вёрст!

— Бо гэта праўда.

— А ты мераў?

У непаразуменні я паглядзеў на сябра. У мяне нават бацька распытваў, чаму бывае зацьменне Сонца, Месяца, чаму грыміць, што такое маланка, электрыка.

— Ці хто другі залез на неба і памераў?! — не адставаў Косця.

На тры гады старэйшы за мяне, Марцінаў сын увогуле не прыслухоўваўся да нашай спрэчкі. Схаваўся пад куст і плёў сабе кошык.

А я ім хацеў расказаць яшчэ і пра расянку. На балоце яна жаўцела на кожнай купіне. Ніхто на вёсцы не ведаў, што блішчыць на ёй не кропля расы, а клей; валахатая раслінка ловіць ім мух. Пані Стражынская вадзіла нас на балота, мы назіралі...

Мяне наогул ледзь не разрывала ад навін, якія я насіў у сабе.

Настаўнік нямецкай мовы гаварыў, што навакольныя сяляне ўжываюць многа германскіх слоў. І праўда. Сёння прыходзіў да нас дзядзька Марцін і нават не заўважыў, што загаварыў ледзь не па-нямецку:

— Нічыпар, дай свайго гэбліка. У мяне дрыль, халера, скапуціўся ад фуры, трэ дапасаваць новы. Павязу фасовачку пшаніцы на кірмаш. Трэ купіць шыбу — Сашка, гіцаль, высадзіў на ганку. І пашукаю файныя цуглі, бо старыя конь перагрыз удыхт...

Нашу мясцовасць стагоддзяў пяць таму назад часта займалі крыжакі. Забіралі ў людзей быдла, коней, а вытканае жанчынамі кужэльнае палатно і сукны прышэльцы дзялілі паміж сабой, мераючы не на аршыны, сажні ці метры, а — на пікі. Мужчын крыжакі выганялі ў Прусію.

Людзі ўцякалі з няволі, прыносілі новыя словы, як Рыгарулька гаворыць «мэнш». Косцяў бацька пабыў у тую вайну ў нямецкім палоне і ўжо не заўважае, што паўтарае на кожным кроку гэтае слова.

Слухаць ад Стражынскага страшныя гісторыі было жудасна. Я са спачуваннем думаў пра нешчаслівых продкаў. Пачні апавядаць пра гэта Сашку і Косцю — не будуць слухаць таксама!

Шкода было Косцю і Сашку. Сумна з імі. Ужо лепш аднаму. Хадзі сабе за каровамі і выдумвай розныя гісторыі. А то разглядай хмары. Эх, як імчацца!..

Каб пазганяць хмары адна ў адну, закінуць на іх вялізную шляю і — панёсся б! Над Ліпнікамі, Скраблякамі... Толькі сабе глядзі зверху на вёску, палі, лясы... А хочаш — выводзь пальцам сваё прозвішча на яе баку...

Цікава, чаму наша такое?.. Сашкавы прадзеды, магчыма, даглядалі ў садку магната грушы, таму цяпер яны — Гуршэўскія. Лебядзінскія, мабыць, працавалі ў Златніцкага на ставах. Але чаму мы — Кучынскія?! Кучын... Ад кучы?!

Толькі з Настусінай Веркай я не сумаваў.

Не, ёй таксама нічога не расказваў. Яе даверлівасць і стрыманасць, пранікнутая верай і спакоем практычнасць мяне дзіўна супакойвалі. Пры Веры гадзіны праходзілі як мінуты. Ды Настуся часта Красулю сваю прывязвала да кіёчка на мяжы, а дачку пасылала да суседзяў адрабляць. Тады кароў на пашу я гнаў адзін...

Няпраўда, што непрызнанне, самотнасць губяць чалавека. Той факт, што ты маеш рацыю, хоць гэтага і не прызнаюць другія, дае ўнутраную сілу, фарміруе характар, служыць этапам твайго самасцвярджэння.

 

6

Калі хочаш, цікавы занятак знойдзеш заўсёды.

Страшаўскія палі рассякала чыгунка Беласток — Ваўкавыск. Па ёй хадзіў экспрэс Берлін — Варшава — Мінск — Масква. Не хадзіў — лётаў. Пусці паперку, і яна паляціць за апошнім вагонам, як голуб.

Пасля экспрэса на шпалах заставаліся сярэбраныя паперкі ад цукерак ды нейкія жаўтаватыя лушпінкі. У Страшаве ніхто не мог сказаць, ад чаго яны (апельсіны я ўбачыў толькі пасля вайны). Некалькі разоў браўся я скуркі тыя есці. Горкія, агідныя — не праглынуць. Што ж, буржуям на курортах абрыдла звычайная ежа, у такой Францыі, кажуць, жаруць нават смажаных жабаў і салёных слімакоў. Пасля жабаў, вядома, і такую дрэнь можаш з’есці!..

А часамі на пуці трапляліся цэлыя скарбы.

Ля чыгункі я падбіраў савецкія карабкі ад запалак, абрыўкі «Праўды» — яны абыходзілі потым усіх сялян навакольных вёсак, а я на некалькі дзён станавіўся героем.

У сухіх Багенцах быў круты паварот, цягнік ішоў памалу. З высокага адхону можна разгледзець усё, што робіцца ў купэ вагонаў.

Аднойчы кінуў я кароў і пабег да чыгункі — ішоў экспрэс. Праз адчыненае акно выразна ўбачыў таўставатага чалавека ў бярэце. Мне здалося, што гэта нарком замежных спраў Літвінаў. За некалькі секунд, пакуль чалавек быў у полі зроку, я так дакладна яго разгледзеў, што на цёмным і круглым твары ўбачыў кожную маршчынку.

Фатаграфіі Літвінава друкавалі ў газетах, памыліцца я не мог. Я не знаходзіў сабе месца. Падзяліцца з сябрамі? Сашка і Косця нават не ведалі, хто такі Літвінаў. Страшаўцам гаварыць — не павераць.

Крыўдна. У той жа момант я вырас у сваіх вачах: бачыў такое, чаго не бачыў ніхто са страшаўскіх мужчын.

Зімой у Вене фашысты разграмілі шуцбундаўцаў. Некалькі соцень аўстрыйскіх бунтароў праз Польшчу падаліся ў СССР. Газеты пісалі, як шуцбундаўцы па дарозе госцяць у рабочых Кракава, Лодзі, Варшавы... У Маскву ехаць ім — толькі праз нас.

Пасажырскія цягнікі цераз страшаўскае поле хадзілі па раскладу, па іх вёска настаўляла гадзіннікі. Аднойчы я здалёк убачыў пасажырскія вагоны няпланавага цягніка і паляцеў да чыгункі.

У вокнах — людскія галовы. Самавітыя мужчыны разглядалі наша поле і бедныя хутары сурова, насцярожана. Ім, няйначай, было сумнавата. Убачыўшы жывога чалавека, яны павярнулі да мяне галовы.

— Рот фронт! — крыкнуў я, шчаслівы і горды, падняўшы кулак.

Людзі нешта закрычалі. На іхніх тварах зацепліліся добрыя, паблажлівыя ўсмешкі бывалых людзей. Махалі яны рукамі, покуль цягнік не ўехаў у лес. Пэўна, гэта былі аўстрыйцы.

Шчаслівы, я вяртаўся дамоў — дакрануўся сэрцам да таго, што робіцца на свеце. Ля плота стаяла мама, радавалася разам са мной.

Мае разумныя бацька і маці!

У бацькоўскім захапленні дзецьмі праяўляецца вялікая мудрасць прыроды, векавы інстынкт. Дзіця, якое любяць і падхвальваюць, расце з верай у сябе, шчаслівае і духоўна падрыхтаванае праявіць потым свае здольнасці і лёгка пераносіць нягоды. Недагледжаныя дзеці часта вырастаюць потым на зайздроснікаў або на людзей, якія маюць жаль да ўсяго свету.

Сам таго не хочучы, дзядзька Марцін пасяліў у сына сумненне і нявер’е ў сваіх сілах, пасяліў у яго як бы комплекс непаўнавартасці.

Не мог даць таго, што трэба, і Рыгарулька свайму Косцю.

Адным словам, са страшаўскай кампаніі я вырастаў. Адно зайздросціў Валодзьку — яму нічога не перашкаджала дружыць з Сашкам і Косцем.

 

7

Скончыў я сямігодку.

Вучоба ў гімназіі з утрыманнем каштавала 70 злотых — столькі, колькі каштавала тады карова. Пра гімназію нельга было і думаць. А дзядзька Іван пісаў, што вучыцца ў казанскім інстытуце бясплатна, яшчэ атрымлівае і стыпендыю.

У школе сядзеў я за партай з Васем Курцэвічам з Валілаў. Згаварыліся мы з ім уцячы ў СССР, каб там вучыцца далей. Васеў бацька працаваў на чыгунцы, але паслаць сына ў гімназію таксама не мог.

Падрыхтоўку да ўцёкаў Вася пачаў з таго, што ўкраў у маці кавалак сырой цяляціны, распаліў у пліце і паклаў на дровы мяса пячыся:

— Так амерыканскія траперы рыхтавалі сабе ежу. І нам трэба прывыкаць. Думаеш, на граніцы хто дасць?

Вася быў на два гады старэйшы, а кніжак столькі перачытаў, што мне і не снілася. Я пранікся пашанай да сябра.

Ды Васева сястра, Нюрка, пачула смурод, уляцела з бакоўкі і ўзняла гвалт.

— З глузду з’ехаў? — трэснула яна брату па патыліцы.— Прэч з хаты!

Выхапілі мы цяляціну з агню, выбеглі на двор. Там нас чакала вялікае расчараванне. Мяса было такое нясмачнае, агіднае — не праглынуць. Што за дзівакі былі тыя траперы?!

Аднак ад задумы мы не адракліся.

Мама насушыла на дарогу сыроў, нарыхтавала кілбас. Бацька, хмыкаючы, склаў усё гэта ў вялізную кашолку, перавязаў вяровачкай (хмыкаў ён заўсёды, калі хваляваўся). Гаварыла адна мама:

— Тут дабра не дачакаешса, сынок, ідзі туды...

— Я ве-едаю! — не цярпелася мне.

— І не дурэй там, а — вучыса...

— О, пачняце ўжо зараз!

— Калі знойдзеш дзядзьку Івана ў Казані, то слухай яго.

— Ла-адна...

— Нябось, буду пра цябе ад яго ведаць усё-о, не думай, што мяне абдурыш!

— Трэба мне вам маніць, от вы-ыдумалі!

— Дык пішы, сыночак, з Расеі нам...— усхліпнула яна, цалуючы на развітанне.

Гэтую сцэну бачыў Вася, было сорамна перад ім.

— Ну, бу-удзе вам! — вырваўся я з абдымкаў.

— Ладна, не прыставай да чалавека! — заступіўся бацька.— Будзеш у Маскве, то адрас дзядзькі Аляксея ведаеш: Малы Галавін завулак... Але глядзі сам, як хочаш. Хлеба, Алёшка, я табе адно паўбаханкі паклаў, бо счарсцвее хутка — пераскочыў хутчэй ён на другое.— Хлеб танна каштуе, дакупі сабе ў Баранавічах, не забудзь, свежага.

— Дакуплю-у!

— Соль тут, у карабку ад запалкаў!

— Знайду-у!

— Ну, то валяй...

Пабралі мы харчы, рушылі на станцыю.

 

8

Да Баранавіч даехалі мы цягніком, а далей пабрылі пешшу.

Пару дзён праблукалі мы ў палескіх балотах за Ганцавічамі ля вёскі Колкі. Граніцай тут служыла рэчка Морач. Ні я, ні Вася плаваць не ўмелі і ледзь не патапіліся.

Заглянуўшы смерці ў вочы, выкараскаліся на купіны, пачалі абсыхаць. Мяне нібы токам ударыла — увесь дрыжаў і аслабеў так, што не мог падняць рукі да носа, сагнаць авадня.

Днём за рэчкай пачулася стракатанне матора. Гэта мог быць толькі трактар. І вядома, савецкі. Я ведаў нават, колькі цяпер трактароў у СССР. Адзін з іх перада мной! У Страшаве так многа пра іх гаварылі, спрачаліся, марылі, а я яго ўжо нават чую. Хутка — дакрануся рукой.

Дакупіць хлеба ў Баранавічах мы паленавалсія. Масла ад гарачыні расплылося, працякло праз анучку. З бацькавых харчоў у кашолцы атрымаўся тлусты камяк з сыра і кілбас, як макам, густа ўтыканы мурашамі. Здалося, есці гэта мы ўжо не зможам. Не бяда. Няхай толькі сцямнее, перабяромся цераз раку. А там, у Саветах, нас накормяць. Навошта насіць цяжар, хіба мы вярблюды?.. Не маленькія, да вечара вытрываем.

— Вася, кідаю кашолку з сырам, усё роўна хлеба няма! — сказаў я да старэйшага.

— Глядзі, каб пагранічнікам след не пакінуць!

— Не вучы вучонага!

Цяжар плюхнуў у ваду, я закідаў яго купінамі.

Пасля нам давялося яшчэ трое сутак блукаць па кустах і дрыгве, успамінаць матчыны харчы. Хоць бы кавалачак сыру, кілбасы, хоць бы размоклы, з мурашамі, чарвівы... Нам бы цяпер тую цяляціну, што з Васем смалілі на дровах!

Сябра пачаў лаяць мяне. Я зазлаваў: «Ты яшчэ параіў, каб схаваць ад салдат!»

Мы ўжо ледзь не біліся і гэтак узненавідзелі адзін другога, што не маглі глядзець. І разысціся не маглі — аднаму было страшна.

Тым часам голад не меншаў.

— Во, зноў ягады! — каторы раз нагінаўся Вася.

Ягадамі так напоўнілі жываты, што ні дыхнуць, ад аскомы не паварушыць сківіцамі.

Спрабавалі есці кару, травы — горкія, не праглынуць.

Пілі балотную рудую ваду...

Урэшце выбіліся з сілы зусім. Блізарукі Вася да таго ж згубіў акуляры.

Ноччу ў лясным гушчары мне, скусанаму камарамі, прыснілася мама. Прачнуўся я і расплакаўся — страшэнна захацелася дамоў. А да дому было далёка! Навокал усё — чужое, дзікае...

На шчасце, Вася спаў і не бачыў маёй слабасці.

 

9

Бацька не вытрымаў, праз тыдзень суседзям абвясціў:

— Пайшоў Алёшка ў Расею. Ён у нас нічога не баяўся. Ноччу, бывала, забрэша сабака на панадворку, ён сабе ўстане, выйдзе на двор, пастаіць, паслухае (на самай справе я засынаў так, што не прачнуўся б, калі б нават гарэла хата!)... Цяпер мне самому даводзіцца ўставаць. Дома сумна, хоць вешайса!..

Покуль ён так хваліўся, я, згаладнелы і абарваны, у кустах чакаў змроку. Прыцямнела — нарвалі мы бручкі і пабрылі праз капуснае поле, каб яшчэ раз паспрабаваць шчасця перайсці граніцу ў сухім месцы. Дарога вяла ў невядомае. Валокся я неахвотна, трызніў домам.

Я ўяўляў, як у гэтую хвіліну на хутар прыйшла з пашы жывёла і ад кароў нясе такой роднай сытасцю, цяплом. Вось бацька з Валодзькам ганяюцца па падворку за дурнымі авечкамі, каб зачыніць іх у хлеў. Маці збіраецца даіць кароў. У кухні на пліце кіпяць гаршкі з вячэрай. На стале — прыкрыты ручніком бохан хлеба, а над ім прыкручана лямпа. Покуль згатуецца страва — адрэж лусту, пасып буйназярністай соллю, каб пад зубамі аж хрумсцела, набяры жменю зялёнай цыбулі ці што сабе хочаш...

За нашым домам здзіўленыя і пакрыўджаныя — Марцінаў Сашка і Настусіна Верка. Вера глядзела з папрокам...

Успомніўся плач мамы, калі яна мяне праводзіла,— толькі цяпер стала яе шкода.

Думка некуды ісці здалася ўжо такой недарэчнай, наіўнай, што я сам сабе паказаўся вялікім дурнем. Захацелася завярнуцца і на крылах паляцець дамоў. Толькі што скажаш там у апраўданне? Нябось, усё Страшава ўжо ведае пра маё знікненне!

Раптам на фоне неба я выразна ўбачыў пагранзаставу і вартавога ў браме: мы ішлі проста на іх. Зямля стала ўжо роснай, мяккай, нас не чуваць. Звярні між радкоў капусты з завяззю, абыдзі пост і зноў растанеш у цемры.

Але я ўзрадаваўся: калі вартавы нас затрымае, то накіруе дамоў, зноў будуць хлеб, ежа, маці, бацька, страшаўскія сябры, Валодзька...

Далей са мной адбылася дзіўная рэч.

Нібы ўжо не я крочыў па дарожцы проста на пагранічніка і вёў сляпога Васю. Гэта рабіў нехта чужы, хто сядзеў ва мне, а сам я тым часам аднекуль ці збоку, ці зверху з жахам назіраў за ўсім і думаў аб выніках. На заставе будуць нас біць. Я раблю подласць таварышу. Так несумленна. Бацькі ўкладалі ў мой паход столькі надзеі. На білет бацька вазіў у Гарадок бычка прадаваць...

— Стой, не варушыцца! — крыкнуў пагранічнік і асвяціў нас батарэйкай.

Найсамперш я здзівіўся, што святло такое рэзкае, яно асляпіла мяне, нібы ўдарыла па галаве, раздзела, і я адчуў сваю нікчэмнасць.

— Кідай што ў руках! Рукі ўверх! — крычаў па-польску.

Я выпусціў бручку і падняў рукі.

Усё было скончана так нечакана і хутка, што я не паспеў ні спалохацца, ні ўзрадавацца ад таго, што мяне злавілі. Толькі недарэчы... пашкадаваў бручку.

 

10

На пагранзаставе пры вобыску ў мяне знайшлі стары кішанёвы гадзіннік — той самы, які я некалі з Валодзькам паламаў. Было відаць, што ім ужо гадоў дзесяць ніхто не карыстаўся, але якраз гэта і насцярожыла начальніка заставы.

Афіцэр мучыў нас пытаннем — навошта мы ўзялі з сабой непатрэбную рэч? Не атрымаўшы тлумачэння, паручнік разабраў механізм да вінціка, да калёсіка. Узяў нават лупу і не мог надзівіцца — усе дэталі нікудышныя. Тады ён прыстаў да нас з пытаннем пра шыфр.

Бедны, ніяк не мог уцяміць — паламаны гадзіннік мы ўзялі проста для рамантыкі.

З пагранзаставы нас даставілі ў часць. Там адразу абкружылі салдаты. Сонныя, аслабелыя і абыякавыя да ўсяго, бачылі мы іх нібы праз слой вады, праз імглу.

— А-а, бальшавікоў захацелася вам?! — узяўшыся ў бокі, пачаў кпіць з нас нейкі тып.— Папа-аліся, птушачкі!

— Дурань! — абрэзаў салдата капрал.— Яны не чаго-небудзь, а вучыцца туды ішлі, зразумеў? Не шкодзіла б і табе розуму дзе-небудзь прыкупіць!.. Бяры, афэрма, два кацялкі, бяжы на кухню і прынясі супу. Ды — мігам: адна нага тут, другая — там!

З казармы перавезлі нас у Клецк. Там суддзя вызначыў нам па тры месяцы ўмоўна.

Крыху патрымаўшы нас абодвух у каталажцы на хлебе і вадзе, паліцыянт у цывільным павёў нас у нейкі склеп.

— Грошай выдзеляць, каб дамоў даехаць! — шапнуў Васіль па дарозе.

Бацькі на білеты грошай далі толькі ў адзін канец. Не ісці ж нам цяпер усе трыста кіламетраў! Паліцыянт меў элегантны шэры касцюм, твар — панскі, сур’ёзны. Я Васю і паверыў. Толькі чаму грошы даюць у склепе?

Унізе было пуста. За акенцамі ля столі мільгалі шматлікія ногі гараджан. Пакуль мы на іх дзівіліся, паліцыянт з шафы выняў бамбукавы кіёк.

— Хадзі сюды, хадзі, золатца,— пячатак настаўлю табе на развітанне,— яхідна паабяцаў пан.

Вася не паспеў і апамятацца, як пан жоўтым туфлем падчапіў за пад’ём яго нагу пяткай уверх і з усяе сілы стаў біць кіем у падэшву. Сябра, дзівак, сыкаў і цярпеў.

Калі дайшло да мяне, я ўзняў крык, нібы з мяне здзіралі скуру. Праходжыя спыняліся, заглядвалі ў вокны, і паліцыянту давялося бамбук хаваць за спіну.

— А ну, сціхні! — зашыпеў ён.

Паліцыянт доўга мяне лаяў. Але варта было яму ўзяцца за бамбук, як я пачынаў верашчаць зноў. Так ён і мусіў адпусціць мяне без хрышчэння.

— Ты што, не мог таксама схітраваць?! — з большым, чым трэба, абурэннем напаў я на сябра, калі мы засталіся адны.

Разгублены Вася вінавата маўчаў.

Увесь час я сябе абзываў нікчэмнасцю, здраднікам: падгаварыў Васю ісці за мяжу, першы ўбачыў заставу, здалёк разгледзеў і пагранічніка, але паддаўся наўмысна, подла выдаў таварыша. Цяпер жа ўміг сябе ўпэўніў: Вася размазня, так яму і трэба.

 

Раздзел чацвёрты

 

 

1

Вярнуўся я дамоў — і раптам вырас у вачах сваіх людзей. Падпольшчыкі адразу прынялі мяне ў камсамол.

Сакратаром нашай ячэйкі быў кравец Валодзька Цішэўскі — сын цёткі Кірыліхі. Мне лесціла, што і Кірылішын Валодзька, і іншыя хлопцы — шмат старэйшыя, а вось я ім раўня.

Кірылава хата стаяла ля самага лесу, як і наша.

З браўнінгам у кішэні, які мы з Сашкам калісьці знайшлі ў зуброўскім хвойніку, дабіраўся я да Валодзькі кустамі, а тады асцярожна, каб не чуў сабака, прабягаў пару загонаў поля, прытойваўся ля сцяны. У бакоўцы пад акном Валодзька карпеў над швейнай машынай — са зрэбніны шыў нагавіцы, пінжакі (краўцом ён быў неважнецкім, мама аддавала шыць на мяне і брата ў Гарадок). Я кідаў у шыбу жменю пяску. Валодзька адчыняў акно, памагаў мне ўлезці і слухаў маю справаздачу.

Потым мы з Валодзькам кудысьці ішлі на спатканне з чалавекам, якога пасля ніколі ў жыцці не бачылі. Хавалі незнаёмых у гумне, насілі ім ежу. Былі людзі, якія перапраўлялі іх далей, за мяжу. Сляпыя і глухія ад шчасця, якое іх спаткала, нас такія нават не заўважалі, чакалі толькі, каб загаіліся пабітыя ў дыфензіве пяткі.

Аднаго разу ноччу пастукаўся да нас у акно Турак Іван з Ярылаўкі. Ён быў сакратаром падпольнага райкома партыі. Яго з сябрамі паліцыянты завезлі ў Ялоўку, кінулі ў халодную. Тураку пагражала пятнаццаць гадоў турмы. Арыштанты выламалі краты, вылезлі з халоднай і прыбеглі ў Страшава. Бацька склікаў ячэйку, яна вынесла пастанову — сабраць хлопцам на дарогу грошай і адправіць у СССР.

Я ўжо забыўся, як плакаў на граніцы ў балотах, як страшэнна хацелася дахаты. Няўжо я сам здаўся пагранічнікам? Стараўся выкінуць свой учынак з памяці і таксама зайздросціў Тураку. Шчаслівец, ідзе ў казачную краіну, дзе Днепрагэсы, Кузбасы, трактары, а дзядзька Іван у Казані не дачакаецца пляменніка — бацькі намякалі ў пісьмах пра мяне...

Праз пару тыдняў вярнуўся Турак, схуднелы і абарваны. На граніцы ўзнялася страляніна, сябры мяжу праскочылі, а ён не паспеў.

Ячэйка зноў выносіла пастанову, збірала грошы. Бацька цяпер для маскіроўкі даў хлопцу касу і торбачку з ежай. Гэты раз Турак граніцу перайшоў.

 

2

Пераносілі мы і пакеты з кніжкамі, брашурамі, пракламацыямі. Гэтую літаратуру браліся не раз чытаць, але яна была напісана такой цяжкаю для нас мовай, што мы хутка пачыналі драмаць, прымалі ўсё на веру. Таксама адносіліся да дакладаў на сходках.

Сходкі адбываліся ў лесе, дзе-небудзь на паляне.

Людзі папрыходзілі з вёсак, з Гарадка. Прыйшла і мая кампанія — Міша Толуць, Мікалай Яроцкі, з якімі хадзілі біць штрэйкбрэхерам вокны ў Вераб’ях, з Ванем Кулешам, Сашкам Кандрусікам, Толікам Парэмскім — вучыліся. Іхніх твараў у цемры не пазнаць, але кагосьці шукаць нам не дазвалялі законы канспірацыі.

З’яднаная напружаным чаканнем і ўсведамленнем сваёй значнасці гурма ўзбуджана калыхалася, шастала сухой травой, напаўняла змрок нервовым шэптам. Усё было таямніча, незвычайна, да жудасці рамантычна і незабыўна, давала прастор рызыцы, будзіла фантазію, пачуццё салідарнасці.

У гушчы змоўшчыкаў, з’яднаных адной мэтай і небяспекай (удзельніку сходкі пагражала чатыры гады турмы), сваіх сяброў я адчуваў толькі сэрцам.

— Ты чаму шапку не зняў! — вынырнуў з цемры Вінцак Грабцэвіч і збіў з мяне кепку.

— Навошта ён так?

Вінцак — нібы яго бацька. Ішоў я калісьці са школы, а стары Грабцэвіч ехаў паражняком. Толькі я пачапіўся на задок, а Грабцэвіч мяне — пугай!..

Але кепку трэба было зняць самому, я вінаваты. Добра, ніхто нас не бачыў. Такі тут важны, а от браўнінга не маеш!..

Не паспеў яшчэ я праглынуць крыўду ад Вінцака і прыдумаць помсту — Цішэўскі Юлік нешта аб’явіў. Стогалосы шэпт і шорганне ботаў раптоўна сціхлі. Яшчэ малады інтэлігентны мужчына абапёрся плячыма аб сасну, нацягнуў для канспірацыі шапку на вочы, пачаў лекцыю. Словы яго паліліся гладка, нібы ён чытаў з паперкі.

Гэтую працу Леніна я асвоіў толькі пасля вайны, у інстытуце. Лектар гаварыў пяць, дзесяць, дваццаць хвілін, а я ўсё нерухома сядзеў на траве, разявіўшы рот, як іншыя, і быў заварожаны магічнасцю незразумелых слоў, упіваўся такой глыбокай вучонасцю, што аж кружылася галава.

Прызвычаеныя да канкрэтных разуменняў сялянскія галовы абстракцыі не ўспрымалі. Але і астатнія слухачы пранікліся да сябе пачуццём значнасці з-за справы, якой сябе ахвяравалі. Зноў адбывалася магічнае яднанне душ і людзей.

Зачараваныя, узбуджаныя, мы забываліся на камароў, слухалі чалавека.

«От жа-арыць!.. І хто? Не поп, не ксёндз, не пан нават, а наш, з ЦК, з СССР! Прывядзі сюды самога войта і — ні шыша не зразумее!»

Лектар скончыў. Цішэўскі аб’явіў:

— Хто да таварыша мае пытанні?

Дзівак, хіба яны могуць быць? Пытацца — ставіць пад сумненне. Гэта ж — словы Леніна: крыштальна чыстая, неўміручая, адзіная і канчатковая праўда.

— Ну, каму што незразумела?

Ліха яго ведае, задасі пытанне, пакажаш, які з цябе дурань...

Пакуль загадаць разыходзіцца па адным рознымі дарогамі, Юлік з цеплынёй сказаў:

— Дзякуй вам, таварыш...

Усім сэрцам адчулі мы промні, якімі праз гэта слова дакрануўся ён незвычайнай асобы.

Каб Юлік загадаў памерці за тое, пра што лектар гаварыў, або знікнуць са свету за камсамол, партыю, то кожны з нас палічыў бы гэта за вялікае шчасце.

Горды, шчаслівы, прабіраўся я з мітынгу напрасткі полем, ля застылых у глыбокім сне суседскіх хутароў. Ляцеў як на крылах, бо нават не пачуў мяне сабака Грушэўскіх. Справа маячыла хата Марціна, злева — Настусі.

Удава мела толькі адну прызваітую рэч — бляшаную шыльдачку для паштальёна, якая вісела на шчытавой сцяне хаты. Нумар Настусінага дома і прозвішча на шыльдачцы былі акуратна намаляваны белай фарбай на сінім фоне, польскія паліцыянты за гэтым сачылі. У астатнім — ні хлеўчыка, ні кусціка, ні калодкі не было ля Настусінай хаціны, бо нават дровы яна з дочкамі секла на парозе, ад чаго і высеклі ў ім за шмат гадоў седлавіну.

Браўнінг, які мы з Сашкам калісьці прынеслі з зуброўскага хвойніку, убачыў дзядзька Марцін і цацку адабраў. Нядаўна Сашка палез чысціць калодзеж, знайшоў яго і зноў прынёс мне. Малайчына, цяпер яго халоднае жалеза адтапырвала мне кішэню. Спі сабе, Вера, спі, Сашка. І ты спі, Косцік. Я займаюся справай і за сябе і за вас...

...Вынік чытанняў і слуханняў быў такі, што некаторыя хлопцы лавілі на ляту вучоныя фразы, потым імі бравіравалі, а мы зайздросцілі сябрам, лічылі сябе нікчэмнасцямі.

Дружна мы білі правакатараў на музыках або лупцавалі іх, падпільнаваўшы на вуліцы.

Падпальвалі будынкі прадажнікаў, іхнія стагі сена...

Не ў кожным выпадку браў я ўдзел. Але кожны выпадак я так перажываў, што мне здавалася, нібы і я быў удзельнікам.

 

3

Ацэньваючы сябе цяпер крытычным вокам сталага чалавека, я бачу, што падзеі для нас тады былі галоўным чынам гульнёй, выпадкам, каб быць на відавоку, паказаць сябе арыгінальным, самасцвердзіцца, без чаго жыццё юнака траціць сэнс. Над намі патрэбна была рука, але нашым бацькам было не да нас.

Парадак з намі трэба было навесці даўно. Я не ўпэўнены, ці рабіць тое, за што браліся, мы мелі маральнае права.

Мікалай Лявончык любіў бравіраваць фразамі з брашур і дакладаў, а мы яму зайздросцілі.

Мікалай не ведаў, як там было на самай справе на граніцы, глядзеў на мяне, як на героя.

Ляжалі адной нядзелі хлопцы пад бэзам і жарылі ў падкіднога. Як толькі канчалі гульню, Мікалай кожны раз уздыхаў:

— Хопіць, мусіць. Халера, трэба ісці ногі памыць, маці сварыцца будзе...

— Ла-адна, сходзіш яшчэ, здавай!

— Ну, хіба апошні раз...

Гэтак Мікалай дацягнуў да вечара. Там ужо не было сэнсу ногі мыць: раніцой на рабоце забрудзіш зноў, а нядзеля — прайшла.

Аднаго разу ішоў ён па вёсцы і ля Тадорыхі ўздумаў перадаць мне брашуру. Ён не падаўся са мной туды, дзе няма дамоў. Яшчэ здалёк сваім выглядам даў зразумець — нешта перадасць. Правай рукой залез у левую кішэню (хоць левая рука была свабодная) ды стаў набліжацца — напружана, нібы намерваўся секануць мяне шабляй.

Параўняўшыся, сунуў мне брашуру і са змоўніцкім выглядам пакрочыў далей.

Гэта ён рабіў дзеля Тадорышыных дзяўчат, якія, магчыма, глядзелі праз вокны хаты і бачылі, што ён не проста Мікалай, Міхалкавага Васіля сын, у якога яшчэ шасцёра мурзатых братоў і сясцёр...

Я таксама з-за Настусінай Веркі выкідваў конікі.

За вёскай, на скрыжаванні дарог, стаяў абеліск пану Златніцкаму, у якога некалі наш дзед купіў участак зямлі. Бабкі спыняліся перад абеліскам і маліліся, бо на ім стаяў чыгунны крыж з распятым Хрыстом.

Ішлі мы аднаго разу аднекуль кампаніяй, і я быў увесь заняты толькі тым — што-небудзь упароць.

— Валодзька, давай паб’ём крыж! — прапанаваў я брату.

Брат стараўся ад мяне не адстаць. Узяліся мы выдзіраць крыж і спяваць:

 

А мы і чорту скру-цім ро-гі,

Бо-огу вы-ырвем ба-ра-ду!..

 

Вера нас сарамаціла, упрошвала. І гэта мяне распаліла яшчэ болей. Я разбіў крыж аб камень на дробныя кавалачкі і радаваўся, што давёў дзяўчыну да плачу.

Праз акно нас убачыў дзядзька Салвесь, вылецеў з хаты і расплакаўся таксама. Я апамятаўся.

Дзядзька не пана шкадаваў. Ён быў і бязбожнік. Чалавек плакаў, што нягоднікі зганьбавалі сімвал, якому пакланяліся продкі.

Дома нас чакала лупцоўка ад мацеры.

Салвесь завёз кавалкі чыгуна да каваля ў Гарадок, яўрэй Мэндаль узяў іх у клямары, дзядзька ўставіў крыж у камень, заліў яго цэментам. Толькі тады ў мяне адлягло ад душы.

 

4

Раптам па Страшаве папаўзла жудасная вестка: быццам былыя беларускія паслы Валошын, Тарашкевіч, Мятла, Дварчанін, Рак-Міхайлоўскі, якія паехалі ў СССР,— ворагі народа!

У нашу хату пранікла чутка, што ў казанскім інстытуце арыштавалі дзядзьку Івана, бо ён быццам бы — амерыканскі шпіён.

— Та-рашке-евіч? — не верылі людзі.

— Ён пра-да-аўся?!

— Яго ж ведалі і ў Парыжы, і ў Вене!

— Во, во! Ездзіў па Парыжах і Венах за нашыя грошы і знюхаўся там!

— Не можа гэтага быць, хлопцы, брахня ўсё!

— То паслухай, што людзі гавораць! Дыму без агню не бывае!

— Няўжо прадаўся?! Такі, здаецца, правераны, свой...

— А Павел Валошын? Калі яго жулікі пабілі, то мы, пабраўшы сякеры, праводзілі яго на фурманцы да доктара. Павел думаў, што памрэ, і перад смерцю ўсё прасіў: «Хлопцы, толькі не паддавайцеся, каб не дарма была пралітая наша кроў!»

— А выходзіць?!

— Каму ж тады можна даверыцца, калі ўжо такія прадаюцца?!

— Не магу, не магу паверыць! Усё гэта паны, сволачы, выдумалі, каб збіць людзей з тропу!

— Не трэба слухаць, што брэшуць пілсудчыкі. Правакацыю пускаюць! Іхнія газеты што хочуць, тое і пішуць!

— Правака-ацыя, па-твойму?! Мне ўчора ў Беластоку, думаеш, брахалі людзі?!

Мужчыны ледзь не бралі адзін аднаго загрудкі.

— Не ведаю, як там вашыя паслы, але наш Іван пайсці супраць сваіх не мог! — цвердзіла мама.— Не мог пайсці супраць сваіх людзей, не мог быць шпіёнам, каб невядома што там было!

Прайшоў яшчэ нейкі час, і ўжо з’явіліся ў польскіх газетах артыкулы.

— Брэшуць паны, свалата...— няўпэўнена спрабаваў яшчэ бараніцца бацька.

Вёска яшчэ доўга не магла паверыць. Пра ворагаў народа загаварылі і па радыё з Масквы і Мінска. Імі сталі ўжо і Тухачэўскі, Блюхер... Дыктары паведамлялі з такой упэўненасцю, абурэннем, што мароз па скуры праходзіў.

— Што натвары-ыласа!

— Мусіць, так трэба. У Маскве — разумнейшыя за нас, ве-еда-юць, што робяць...— з болем, уздыхаючы, мірыліся землякі.

— Сталіна не правядзеш, ён усё-о бачыць...

— І навядзе парадак са шпіёнамі, як навёў з буржуямі і нэпманамі!

А з гэтым паверылі ў подласць, здраду. Пачалі адзін да другога прыглядацца, адзін аднаго баяцца, не давяраць.

Страшаўскія камуністы, камсамольцы і сімпатыкі сталі шукаць ворагаў вакол сябе. Сусед пачаў насцярожана прыглядацца да суседа, таварыш не верыць таварышу, а сын — бацьку. Настаў спрыяльны момант для парахункаў. Уступіў у дзеянне механізм самаабароны нашай псіхікі — у асабістым ворагу хутка мы пачынаем бачыць і ворага грамадскага.

 

5

У дзяцінстве мне давялося бачыць дзіўную з’яву.

Паяўляўся ў вёсцы значны чалавек — і вёў яе за сабой. Людзі да яго гарнуліся, пераймалі. Галоўную ролю тут, мабыць, адыграла імкненне да лепшага. З маленства маці вучыць цябе браць прыклад з чалавека, у якім яна мо падсвядома адчувае штосьці асаблівае.

Такім героем зрабілі ў нас людзі Юліка Цішэўскага. Самі яго зрабілі, самі потым з ім і расправіліся.

...Вярталіся аднаго разу нашыя хлопцы ноччу праз стойбішча ў Каралёўскім лесе. Юлік чагосьці адстаў, і ў гушчары на яго накінуўся згаладнелы ці ашалелы воўк. Покуль сябры дабеглі, Юлік задушыў звера голымі рукамі. Пра здарэнне нават пісала беластоцкая газета і паслала хлопца на бясплатныя ўколы ад шаленства.

— Што-што, а ваўкоў ведаю до-обра,— апусціўшы галаву, казаў мой бацька.— Хлусяць усе. Юлік сабаку задушыў.

Пры людзях бацька маўчаў. Як бы і ён знаходзіў выгоду, здавальненне і прыгажосць у Юлікавым гераізме.

Бацька таксама лічыў, што з мужчын Юлік найлепш ведае, што робіцца на свеце, не палезе ў кішэню па слова ні перад войтам, ні перад паліцыянтам.

Аднойчы з Юлікам счапіўся Іван Антончык. Бацька хлопцаў расцягнуў. Разняў іх лёгка, як кацянят. Праўда, Юлік за бацьку ростам быў ніжэйшы, але бацька лічыў яго асілкам.

Летам мы вячэралі. Зайшоў Юлік, і бацька запрасіў хлапца да стала.

— Ужо вячэраў. Ледзь не тры талеркі морквы на малацэ выхлябаў, жывот — як барабан!

Адкуль брацца той сіле?

Страшаўцы трызнілі веласіпедамі, ды машыны былі надта дарагія.

— У Беласток прывезлі савецкія — амаль задарма! — прынёс аднойчы Юлік вестку з Гарадка.

Хлапцу надта хацелася мець свой веласіпед, і ён паверыў плётцы. Паверыў лёгка, як цётка Кірыліха.

Запомніўся яго погляд і на літаратуру.

Аднаго разу я вярнуў Юліку нудны для мяне томік. Хлапец выслухаў маю крытыку і ажывіўся:

— Разумееш,— не спадабаласа і мне!.. Прывёз яе з Гарадка, вечарам сеў чытаць і бачу — прыпсаваная. Усё ідзе ў ёй добра, добра, і раптам пісьменнік пачне выводзіць заход сонца, і, здаецца, ты бачыш, як сядае яно за гарызонт!.. Спахапіўся — цьфу! Каму гэта патрэбна?.. Не меў, далібог, чалавек што рабіць!

Адным словам, Юлік быў крыху больш разумнейшым страшаўцам, ды на яго долю выпала пачэсная роля быць прыкладам, духоўнай апорай людзям. Хлапец гэта добра адчуваў і, шануючы веру землякоў, не даваў прычыны для расчараванняў.

Збяруцца жанчыны ў нядзелю пад плотам і зайздросцяць сяброўцы:

— Цётко Сахарыхо, як гэта вам, удаве, на пяці гектарах пясочку ўдалоса выгадаваць такога файнага сына?

Сухая жылістая Цішэўская з гордасцю маўчала. Толькі яе вочы свяціліся маладым шчасцем.

І вось закахалася ў Юліка Казлова Надзя з Бялявіч — непрыгожая, мо яшчэ «мікалаеўская» дзеўка. Яна працавала ў Беластоку служанкай у багацеяў. Юліку яна не падабалася. Ён пакахаў Надзіну сяброўку і ажаніўся.

Аднаго разу паліцыя арыштавала Юліка, але не было доказаў віны, і мусіла выпусціць. Тады нехта подла шапнуў:

— А-а, выпусцілі!.. Думаеш, так?! Бо, мабыць, Юлік ім прадаўса!

Ніхто чамусьці не хацеў заўважаць, што найбольш старалася разнесці па людзях гэтую чутку помслівая і зайздросная Надзя Казлова.

Як бы настала такая мода. Некаторыя нібы гэтага толькі і чакалі, з бруднай падазронасці ўраз зрабілі «праўду» і паверылі ёй.

Пасаромлены некалі Юлькам меляшкоўскі Вінцак Грабцэвіч надта любіў уладу. Ён прагна хацеў яе. Яго раздражнялі Юлікава разважлівасць і аўтарытэт. Цяпер Грабцэвіч аж узрадаваўся:

— Памятаеце Вераб’і?! — нагадаў ён усім.— Памятаеце, як Цішэўскі абараняў шляхту, не даваў біць ёй вокны?! Я ведаў — ён яшчэ тады знюхаўся з панамі!

І фанатычная галава вызвалася пакараць «здрадніка». Яшчэ спрабавала ўцягнуць і мяне ў злачынства.

Аднаго зімовага вечара паіў я ля студні быдла і ўбачыў, што ад чыгункі нехта ідзе. Адставіў я вёдры, пайшоў да брамкі.

Увабраўшы галаву ў кажушок, да нас крочыў сваёй спружыністай паходкай меляшкоўскі Вінцак Грабцэвіч. Ля плота ён спыніўся, насцярожана абвёў вачыма падворак. Пераканаўшыся, што мы ўдваіх, хлапец павярнуў да мяне хударлявы твар, кіўнуў на прывітанне галавой ды прыступіў да справы.

— Алёшка, браўнінг у цябе?

Я адразу здагадаўся, што ён задумаў, і амярцвеў. Не змог выціснуць з сябе нават слова.

— Маеш яшчэ браўнінг? — нецярпліва паўтарыў ён пытанне.

— Не-а! — матнуў я легкадумна галавой.

— Брэшаш? — ужо больш рашуча і з пагрозай прыстаў Вінцак.

— Даўно ўжо не маю, што-о ты!..— стаў я апраўдвацца.— Ён быў не мо-ой, я мусіў адда-аць!..

Хлопец адразу страціў да мяне цікавасць.

Вінцак не развітаўся, а, нездаволены мной, павярнуўся і пакрочыў да пераезда сваёй энергічнай паходкай.

 

6

Страшаўскага самародка забілі ноччу.

Юлік сеў за стол вячэраць. Падняў лыжку са стравай да рота — і ў той жа момант ад стрэлу ва ўпор з паляўнічай стрэльбы пырснулі падвойныя шыбы, згасла лямпа. Юлік атрымаў кавалак волава ў скроню ад былога сябра, з якім правёў не адзін мітынг, разам сядзеў у халоднай на пастарунку.

Вінцак яшчэ ў тую самую ноч, не астыўшы ад забойства, стаў новым сакратаром падпольнага райкома.

— Сабацы — сабачая смерць! — з жахам пачуў я ад Марціна каментарыі да трагедыі.

— Запаганіў адно вёску, заменак,— са шкадаваннем падсумаваў бацька.— Дагэтуль Страшава прадажнікаў не мела!

А я ў яго хацеў для Юліка шукаць ратунку!

Бацька на нейкі час мне стаў чужым і страшным, як тады, калі выгнаў з хаты Зубкоўскага Рамана.

Страшаўцы былі не такія кепскія людзі, я бачыў, як сардэчна адносіліся яны да хворага Доўгага Мікалая.

Немагчыма было зразумець паспешлівасць, з якой людзі паверылі ў здраду чалавека, перад якім яшчэ ўчора схіляліся. Мне было крыўдна, мучыла бяссілле, што нічога не зменіш.

Не звышпразорлівасцю і не асаблівым талентам я дайшоў да таго, што Юлік невінаваты. Часамі ў складаных і заблытаных справах дастаткова звычайнага дзіцячага ўспрымання (як з Кавалішынай іконай), каб адрозніць фальш ад праўды.

Зрэшты, уся трагічнасць выпадку дайшла да мяне значна пазней, калі я сам сабе зарубіў на носе, што жыццё — суровая барацьба за праўду, да якой увесь час заблытанымі і цяжкімі шляхамі імкнецца чалавецтва.

Адразу пасля стрэлу заляцеў я адным з першых у асірацелую хату Цішэўскіх і з жахлівым недаўменнем застыў над трупам свайго настаўніка і друга.

Ён валяўся на падлозе ў лужыне крыві з прастрэленай галавой.

Ніяк не хацелася паверыць, што свет такі бесталковы, бязлітасны, помслівы і суровы.

У хату ўвайшоў паліцыянт Бурсевіч, які выпадкам апынуўся ў вёсцы. Паліцыянт патрымаў хлапца за запясце, паспачуваў:

— Юлік, Юлік, да чаго давяла цябе палітыка... Ці я табе не раіў кінуць усё да д’ябла?!

У наступную ноч стараста вёскі вызначыў людзей вартаваць труп. Чарга выпала на нашу хату і Настусіну. Бацька на варту выправіў мяне, а Настуся паслала дачку. У кампаніі страшаўцаў паўночы прахадзілі мы з Веркай у Цішэўскіх пад акном, у якім замест шыбаў тырчалі падушкі.

Перад зменай наблізіўся я да Сахарышынага акна. У хаце нехта натужліва шастаў нажоўкай.

— На, ты пілуй, а то я ўвесь спатнеў! — пачуўся голас фельчара з Гарадка.— Ну і моцны ж быў хлапец — як корч!

Камісія ўскрывала Юлікаў чэрап.

Мокрыя шніты нажоўкі і захапленне працавітага медыка засталіся ў маёй памяці назаўсёды, як крык недарэчнай ахвяры.

 

7

Занятыя звядзеннем разлікаў людзі зусім забыліся, што ўрад пілсудчыкаў не дрэмле. А ён ужо даўно ў Беластоцкую акругу КПЗБ заслаў правакатара — Якава Стральчука.

Выхадзец з-пад Бельска, гэты тып, будучы сакратаром падпольнага райкома камсамола, яшчэ ў 1928 годзе завербаваўся на службу ў дэфензіву — тайную паліцыю.

Якава Стральчука як віднага камсамольскага дзеяча ў 1931 годзе паслалі нават у СССР на вучобу. Вярнуўшыся з Мінска, стаў ён ужо інструктарам ЦК. На гэтай пасадзе правакатар за пару гадоў выведаў і вынюхаў многае.

У хатах, дзе Стральчука, інструктара ЦК, хавалі ад паліцыі, кармілі яечняй і скваркамі, нягоднік пакідаў пасля сябе след, каб потым, вярнуўшыся сюды з паліцыяй, было лёгка дзядзьку абвінаваціць, калі той пачне адмаўляцца. Гаспадары пакідалі яго аднаго ў хаце, а мярзотнік запіхваў у шчыліну запіску або перакульваў стол і на дошцы алоўкам выводзіў: сёння, такога дня, тут быў сход камуністаў, на ім прысутнічалі...

Падрыхтаваўшыся гэтак, дэфензіва ў адзін дзень правяла масавыя арышты. Членаў партыі і камсамола забралі з усяе акругі. Толькі Вінцаку Грабцэвічу ўдалося ўцячы.

Арыштавалі мяне, бацьку.

Першую ноч правялі мы ў Кушнерчынага Юліка ў Бялявічах. На падлогу Юлік наслаў саломы, нас паклалі ў радочак, апрануты ў цывільнае паліцыянт з наганам стаў на варту. Пакуль што я не адчуваў бяды. Ляжаў і думаў. З кухні даходзіць цьмянае святло ад газовачкі — там плачуць дзеці. За намі прыглушана шапталіся страшаўскія і бялявіцкія мужчыны. Ля дзвярэй — дрэмле на табурэтцы паліцыянт з наганам. Так і ў Меляшках, кажуць, драмаў ён, а Вінцак цішком дапоўз да дзвярэй і — нырнуў у цемру, толькі яго і бачылі!

Адчыніліся дзверы. Увайшла ўжо старэнькая маміна маці, давай прасіць:

— Пано-очку, навошта вы трымаеце майго ўнука, га? Ну, старэйшых — толькі тае бяды, пацерпяць, але малога?.. Ён жа не цацаліст які і не бандыт, не злодзей, не забіў нікога, не абакраў!

— Матко, ён горшы! — пачаў ёй тлумачыць паліцыянт цярпліва, як малому дзіцяці.

— Чаму?

— Бандыт зарэжа аднаго чалавека, ну, няхай — пяць. Твой жа ўнук замахнуўся на цэлую дзяржаву!

— Ах, бо-ожа, то чаго ён такога там навырабляў, гіцаль?! — не на жарты спалохалася бабка.

Мужчыны зарагаталі.

— Хацеў адрэзаць частку Польшчы і прылучыць яе да бальшавікоў.

— Адрэзаць?..

Бабка развязала вузельчык у хустцы, падала мне залатоўку. Я адмаўляўся ад грошай і аж захлынаўся ад шчасця.

Я, шкет, быў такой важнай персонай для ўрада?

Тып з наганам і не падазраваў, якім кампліментам мяне ўзнагародзіў.

 

8

У Ялоўцы на пастарунку (так называўся паліцэйскі ўчастак) адбылася расправа.

Укінулі мяне ў халодную з нашым камсамольцам Максімам.

Яшчэ я не мог цвёрда трымаць і касы, а ён ужо быў дужы мужчына. Быў нават самастойным гаспадаром, частаваў мяне ліманадам, калі мы ездзілі на веласіпедах у Беласток. Са мной яшчэ дзяўчаты не хацелі і танцаваць на музыках, ён жа лічыўся відным страшаўскім кавалерам. Да ўсяго быў заядлы паляўнічы.

І вось гэта чалавек вярнуўся з допыту, упаў побач са мной на падлогу, хапіўся за галаву і расплакаўся:

— Навошта, ну, на якую халеру, на якога д’ябла ўсё гэта мне?

— Ты чаго, Максім? — спалохаўся я.

— Каб жа мы ведалі, што так усё скончыцца, хіба ўступалі б у гэтыя праклятыя камсамолы?!

Ад здзіўлення я не знайшоў што і адказаць — паляўнічыя былі сімвалам мужнасці і вытрымкі.

Другім вярнуўся з пастарунка пабялелы Мікалай Лявончык.

— Хлопцы, я падпісаў! — аб’явіў паціху, каб не чуў вартавы.

— Што? — не зразумеў я.

— Паперу, што буду ім дакладваць пра ўсё...

Мікалай нібы выстаўляў сябе на суд: вось які я агідны, рабіце са мной што хочаце.

То была першая ў жыцці горыч ад здрады.

Затое ад мяне паліцыянты не дабіліся нічога. Хопіць, што некалі паказаў паліцыянту, дзе вісіць палотнішча, што падвёў Васю да пагранзаставы!.. Усё жыццё чакаў гэтага моманту, каб давесці сабе, людзям, усяму свету, хто я такі на самай справе. Мне можна даверыць. Можаце давяраць найбольшую таямніцу, вы яшчэ не ведаеце, які я!

Гэты самы паляўнічы на допыце сказаў, што я даваў яму грошы на МОПР. Колькі паліцыянты мяне ні таўклі, я не прызнаваўся. Тады зрабілі нам вочную стаўку.

— Аляксей, ты ж мне даваў дваццаць грошаў, калі мы ішлі ноччу з музык, хіба не памятаеш? — паныла, нібы выпрошваў у мяне прызнанне, увесь у сіняках і драпінах, хлапец.

Як і трэба было, я не прызнаваўся ні пра камсамол, ні пра ўдзел у сходках, мітынгах. Аб мопраўскім узносе я ўжо мог бы прызнацца, гэта не парушала этыкі падпольшчыка, але цяпер справа была ў прынцыпе. Я цвёрда стаяў на сваім.

— Не-а.

— Ну, прыпомні!..

— А што я маю прыпамінаць?

— Во, тады яшчэ за намі ішла босая Ясечкава Манька...

— А-а, у грыбаўскім хвойніку? — нібы раптам дайшло да мяне.

— Во-во!

— Калі ў Манькі на танцах адваліўся абцас?

— Ну.

— А яна яшчэ туфлі ў руках несла?

— Несла.

— Дык ты ж, Максім, не гаварыў мне, што на МОПР іх бярэш! Ты проста папрасіў пазычыць дваццаць грошаў, я табе іх і даў! У мяне якраз яны былі!..

— Ну да?!

— Ну да-а!

Так шчыра і эмацыянальна пераконваў я хлапца, што ён ужо стомлена і абыякава прамовіў:

— Не гаварыў?

— Не-а!

— Праўда, не гаварыў?

— Пра-аўда, Максім, ты толькі прыпомні добра! Ну, падумай, успомні...

— А мо і не гаварыў, чорт яго ведае...

Следчаму давялося здымаць з мяне і гэтае абвінавачанне.

 

9

Да суда нас адпусцілі на волю. Абавязалі хадзіць па два разы на тыдзень у Ялоўку на рэгістрацыю. Мяне чамусьці вылучылі з кампаніі і загадалі прыходзіць на пастарунак аднаму. Хутка я даведаўся прычыну.

У гэты дзень да Ялоўкі прыехаў я фурманкай. Ля доміка над рэчачкай стрымаў кабылу, прывязаў да плота лейцы і зайшоў, каб распісацца ў рэгістрацыйнай кнізе.

У пакоі застаў цэлы ялоўскі пастарунак — усіх чатырох паліцыянтаў. Не было толькі начальніка.

Паліцыянты атрымлівалі па 360 злотых на месяц, матэрыяльны дастатак прабіваўся нават у іхнім выглядзе. Ладныя цёмна-сінія мундзіры. Бліскучыя, «са скрыпам», боты. Элегантныя манеры. Гладкія панскія твары...

Убачыўшы мяне, паліцыянты зыркнулі адзін на аднаго і змоўклі. Устанавілася атмасфера, нібы вось-вось мела нешта здарыцца важнае.

— Пазвані шэфу! — як бы асцерагаючыся мяне, шапнуў нехта з іх.

Агорнуты трывогай, я папрасіў журнал, каб хутчэй распісацца і ўцячы.

— Потым! — сказаў дзяжурны і націснуў чорны гузік на стале.— Прысядзь!

— Калі ласка! — другі «пастарунковы» падставіў мне крэсла.

Такая ветлівасць насцярожвала яшчэ больш.

У час арыштаў паліцыянтаў памянялі. Ялоўскіх накіравалі ў Гарадок, яны паказвалі сваё майстэрства там. У Гарадку на допытах нехта з іх ліў Сашу Кандрусіку і Толю Пятэльскаму ў нос ваду. Цікава, каторы?..

Ялоўскія паліцыянты ездзілі ў Гарадок і на першамайскія дэманстрацыі памагаць мясцовай уладзе. Мінулы раз камендант нашага пастарунка сябе абсмяшыў.

Сталі рабочыя ў калону, і старшыня фабкома зачытаў, якімі вуліцамі дазваляецца ісці, якія можна спяваць песні. Назваў таксама «Інтэрнацыянал». Ялоўскі камендант на поўным сур’ёзе падказаў старшыні:

— Толькі не трэці, а — другі!

Людзі выбухнулі рогатам.

Нават я ведаў, што дзяленне «Інтэрнацыянала» на першы, другі і трэці адносіцца не да песні.

За тое, што аскандаліўся перад народам, каменданта адразу перавялі кудысьці аж на Украіну.

...На пастарунку мяне ўсё ўгаворвалі:

— Сядай, Кучынскі, сядай, будзь, як у сваім доме!

Сам не свой апусціўся я на крэсла, пачаў азірацца.

Дом быў раздзелены на дзве палавіны калідорам. Мы сядзелі ў першай палавіне, а ў другой была кватэра каменданта. Туды насцеж былі адчынены двое дзвярэй, за імі віднеліся фікус, этажэрка з кніжкамі і дзіцячай лялькай, калыска, пабеленая сцяна. Я нават паспеў заўважыць, што сцяна гэтая была пабеленая вапнай, як у дырэктара Гарадоцкай школы; у нас бялілі мелам, бо вапна маме рукі раз’ядала.

Праз хвіліну цераз адчыненыя дзверы ўвайшоў энергічны чарнявы мужчына ў балахоне, перавязаным шоўкавай вяровачкай, і сеў ля мяне. Ні то ў жаночай, ні то ў мужчынскай, ні то ў ксяндзоўскай вопратцы. Я абмёр.

Толькі цяпер я пазнаў нашага новага каменданта, грознага Клявітара.

Не гледзячы на мяне, некуды спяшаючыся, ён заявіў:

— Прыехаў адзін? Добра! Ты думаеш, мы цябе адлучылі ад кампаніі так сабе? Будзеш нам дакладваць, што робіцца ў вёсцы.

За бар’ерам над аркушам паперы сядзеў напагатове паліцыянт і, бытта я ўжо меўся гаварыць, а ён запісваць, нядобра ўсміхаўся да мяне, спытаў:

— Хто круціць у вас радыё на Мінск?

Наступіла напружанае маўчанне.

Я адчуў, што чырванею. Было няёмка, нават сорамна за іх, дарослых дзядзек, якія падбіваюць мяне, шкета, на ганебную справу.

Праходзіла хвіліна за хвілінай, я ўсё больш чырванеў, мяў пальцамі шапку і не ведаў, куды падзець вочы. Глянуў на падлогу і ўбачыў... валасатыя сінія лыткі каменданта і палатняныя туфлі без заднікаў.

Клявітар адчуў мой позірк, і ўпэўненасць яго адразу некуды знікла. Ён нават прыкрыў ногі палой халата.

За некалькі секунд здарылася нешта важнае. Было ўжо зусім не страшна. І — не сорамна. Мяне ўсяго распірала ад радасці: як пасля допыту, калі яны нічога не дабіліся. Я пранікся гордасцю, пашанай да сябе — я быў самы дужы, шчаслівы чалавек на свеце! Я зыркнуў на вокны. Усе — насцеж. За імі — цяплынь, спявалі птушкі, чуліся галасы ялоўскіх яўрэяў, і я асмялеў да дзёрзкасці.

Паліцыянты зрабілі выгляд, што ніякай прапановы не было.

— На, падпісвайся ў рэгістрацыйнай кнізе! — паклікаў адзін з іх і паўзіраўся на мяне так уважліва, бытта вобраз мой ён захацеў запомніць на ўсё жыццё.

 

10

Не здолеўшы нічога дамагчыся такім чынам, Клявітар перамяніў тактыку. Па дарозе дадому загадаў мне падвезці ў Вейкі Бурсевіча.

Бялявіцкі даносчык Ёзік Госцік разам з Бурсевічам быў у Расіі ў эвакуацыі, ён і завербаваў Ёзіка для паліцыі, а цяпер ездзіў да дзядзькі па весткі. Хітранькі. У Вейках дачакаецца цямна, адтуль — у Бялявічы... З насцярожанай цікавасцю прыглядаўся я да паліцыянта.

— Ты не злуй, Кучынскі, і не дзівіся,— загаворваў ласкава, даверліва ён.— Думаеш, нам прыемна людзям рабіць прыкрасці? Чорта з два! Але ж, холера ясна, мусіш часам. Сэрца, разумееш, баліць, сумленне грызе, а ты — мусіш. Бо мы — патрыёты, слугі Польшчы. Няўжо і ты не патрыёт сваёй бацькаўшчыны? Ты ж вучыўся ў школе, быў гарцэжам*, скончыў сем класаў, пся крэў, адукаваны. Жыды-камуністы муцяць у нас тут ваду, няўжо мы павінны раўнадушна глядзець на гэта?

«А-а, вунь ты як!.. Дулю бачыў? Я табе не Госцік!.. І не ўнук Юды Іскарыёцкага!»

Бурсевіч якраз тры гады таму назад прыязджаў са старым камендантам забіраць у ваўкавыскую турму майго бацьку за забастоўку лесарубаў. Аж задрыжаў я ад радасці, калі гэта ўспомніў:

— А вы майго тату арыштавалі з-за чаго? Мо ён выступаў супраць Польшчы?.. Супраць беластоцкага буржуя, яўрэя Кацмана! Дык чый вы слуга?!

Нечакана для мяне Бурсевіч зарагатаў. Немалады ўжо і дабрадушны таўсцяк адкінуў галаву, паказаў устаўныя зубы і аж затросся ад смеху:

— Хо-олера ясна, ну і чло-овек з цябе! — штурхнуў мяне яшчэ ў бок.

Нарагатаўшыся ўволю, паліцыянт, як роўнаму, пачаў расказваць анекдоты.

Крыўдна было — нясцерпна крыўдна, што нас ніхто не чуе са Страшава. Хоць бы сядзеў тут паліцыянт Лукашэвіч з Гарадка. Або — Ігнатавага Арсэніка Нінка ці Настусіна Верка, наш Валодзька...

...Бацька мяне астудзіў:

— Пра гэта нікому ні слова! — устрывожыўся ён, калі я расказаў пра сцэну на пастарунку.— Памятаеш, што было з Юлікам?! То і маўчы!

 

 

* Грамадская арганізацыя школьнікаў у Польшчы.

Раздзел пяты

 

 

1

Ліквідацыя КПЗБ і КСМЗБ адбылася адразу на цэлым ваяводстве. Каб перасаджаць камуністаў і камсамольцаў, ураду не хапіла б і камер. Прыгаворы з турэмным зняволеннем суддзі выносілі адно сакратарам ячэек і тым падпольшчыкам, якія западозрылі ў забойствах правакатараў.

Бацька не быў ужо сакратаром і атрымаў невялікі тэрмін, да таго ж умоўна. Мяне з-за малалецтва нават не выклікалі на суд. Я расплакаўся. Надта хацелася, каб засудзілі, як Кірылішынага Валодзьку, а потым і пра мяне ўсе гаварылі б як пра героя.

Лепшыя людзі апынуліся за кратамі. Пайшла чутка, што Камінтэрн распусціў КПЗБ і КСМЗБ, бо яго кіраўніцтва быццам бы складалася з адных ворагаў народа.

Ці не зашмат гэтых ворагаў? — пачалі сумнявацца людзі. Ну, Стральчук. Ну, яшчэ было пару шпіёнаў і правакатараў. Але ж нашыя хлопцы ўвесь час на людзях, калі ж маглі прадацца? І за віну аднаго-двух нельга караць усіх.

У польскіх газетах пісалі, што ў СССР арыштавалі шуцбундаўцаў.

— Не ведаю, як вашыя паслы, як тыя аўстрыякі, але наш Іван не мог, не мог прадацца, каб тут невядома што! — упарта цвердзіла сваё мама.— Сцяпан, ты ж яго добра ведаеш, скажы?!

Бацька маўчаў. Толькі курыў цыгарку за цыгаркай. Відаць, задумаўся над гэтым па-сапраўднаму.

Сяляне, да якіх даходзілі адгалоскі падзей, цяпер, як сто, як дзвесце гадоў таму назад, думалі пра сваё — адкуль узяць грошай на запалкі, соль, мыла, падаткі. Паміралі, спраўлялі хрэсьбіны, вяселлі, гналі самагонку, напіваліся...

Вясной сабраўся жаніцца Сляпенькі Іван і прыйшоў прасіць бацьку за свата. Жаніх з яго неважнецкі — бедны, у дзяцінстве выпараў сабе вока, да таго ж яму даўно пераваліла за трыццаць,— страшаўскія дзеўкі выходзіць за яго не хацелі.

У Меляшках нявесце давалі ў пасаг толькі карову. У Грыбаўцах — яшчэ і парася, авечку. Але ж Сляпенькаму патрэбна была гаспадыня з возам, канём — не толькі з каровай. Падахвочаны мамай, бацька запрагаў кабылу — і адпраўляліся яны з Іванам на цэлую ноч шукаць па вёсках такую князёўну.

Людзям было сумна жыць без мэты.

Мо толькі такія, як Настуся, не мелі расчараванняў і былі далёка ад усяго, што адбывалася.

...Мне мінула шаснаццаць гадоў, я нібы павіс паміж небам і зямлёй.

Праца на гаспадарцы не задавальняла. Асалода здабывання плёну зямлі, творчасць селекцыянера прыходзіць да вяскоўца разам з яго сталасцю, калі чалавек здольны на цярплівае і мудрае чаканне. Паэзія і смак земляроба паспытваў мой бацька, а для мяне, нецярплівага верхагляда, работа на гаспадарцы была нуднай.

Капай бульбу, вазі ў склеп, кармі жывёлу, а вясной цягай мяшкі на поле, зноў садзі бульбу.

Цэлы май капай торф, каб за зіму спаліць і ў наступным годзе брацца капаць зноў.

Не было рамантычнага занятку, зніклі кіраўнікі, аўтарытэты, не хапала рызыкі, не было з-за чаго хвалявацца, не было чаго выглядаць.

У мае гады ўвагу можна хутка пераключыць з аднаго на другое.

Зрабіў дэтэктарны прыёмнік.

Ноччу чытаў кніжкі, покуль бацькі дазвалялі.

Фантазіраваў. То з лютасцю варочаў віламі карычневыя пласты гною з-пад кароў, кідаючы іх на воз, паспытваў ап’яняльную мускульную радасць.

Але чым бы я ні займаўся, усё думаў, думаў і думаў пра Настусіну Верку.

 

2

Цёплай вясной на нашым падворку адбылася нязначная размова, якая для мяне абярнулася цэлай падзеяй.

Аднаго разу адчыніла брамку будачнікава жонка — Шпітонава Гандзя — і, як надзвычайную навіну, паведаміла:

— Цётко Маруся, ці вы бачылі, якой красуняй стала Настусіна дачка?.. Я ад пераезда ішла за ёю. Ах, бо-ожа,— што карціна! І, скажыце вы,— адразу!

Покуль адказаць суседцы, мама толькі разгублена і з трывогай азірнулася на мяне і Валодзьку.

Тым часам Гандзя аж захлёбвалася:

— Вочы — бы ў цыганкі — карыя, вялікія, як каштаны! А зу-убы, а бро-овы! І стройная якая, а хале-ра!.. Нават мой мужык казаў, што рэдка бачыў такую красуню, якой Верка расце!.. Я ёй сёння нават шаль падаравала, што з Расеі прывезлі. Дачок у мяне няма, сынам — не трэба, ужо і так моль дзірак нарабіў... Нічога, яшчэ файная: зацыруе сабе і будзе насіць!.. От шчаслівая Настуся, такую красуню выгадаваўшы.

— Гандзя, але што ў яе ў галаве? — непрыязна, як бы маму пакрыўдзілі, азвалася яна праз хвіліну.

— Я не прыглядаласа, што там,— насцярожылася суседка.— Але, здаецца, галава чы-ыстая...

— Не пра гэта я! Ці ты падумала, якія мыслі ў ёй?.. Пуста ў галаве, во што я хацела сказаць!

— А-а...

Да Гандзі толькі цяпер дайшоў сэнс мамінай варожасці: яна ўважліва прыгледзелася да мамы, зыркнула вачыма на мяне і Валодзьку.

— А вы чаго сланяецеся без работы! — накінулася на нас маці.

Расчараваная Гандзя яшчэ пагутарыла пра тое-сёе ды, пакінуўшы маму ўстрывожанай, пайшла да Грушэўскіх шукаць разумення ў Марцінавай жонкі.

Усё, пра што гаварыла Гандзя, я ведаў.

У Верцы ў апошні час раптоўна абудзілася жанчына, Верка не ведала, што рабіць. Прычасаная і апранутая ў святочнае, са смешнай сарамлівай сур’ёзнасцю яна ўжо некалькі дзён пахаджвала па дарозе — ад сваёй хаты да пераезда, нібы напаказ. Калі ж хто трапляўся насустрач, Верка бянтэжылася і паварочвала назад. Я цераз плот усё бачыў.

Узрадаваная Настуся нават вызваліла Верку ад работы. Цяпер зычны Настусін голас далятаў аж да нашага падворка.

У мяне было штосьці карыслівае да Веркі. Яшчэ і сам не ўяўляў сабе дакладна, чаго хачу ад Веркі. Толькі часамі выразна бачыў, як са звярынай лютасцю сціскаю яе, цалую і мну, як воск,— мну, мну, покуль не заплача. Ад гэтага жадання нельга было нікуды падзецца, яно зацьмяла жаласць, развагу і сумленне. Здавалася, авалодаю ёю, падпарадкую сабе — і ўсе іншыя справы вырашацца самі сабой.

Гандзя мяне як бы падштурхнула.

Цяпер я ваўкавата, з дзікай настойлівасцю і энергіяй стаў вартаваць Верку. Адлучыцца з хутара было не проста. То бацькі, то Валодзька глядзелі на мяне, і здавалася, яны добра ведаюць, куды я рвуся.

 

3

Падпільнаваў я Верку пад вечар у нашым хвойніку.

Паказалася знаёмая постаць. Верка несла бутэльку і насцярожана азіралася.

— Рукі ўверх! — не прыдумаў я нічога лепшага, як выскачыць з-за куста і напалохаць браўнінгам.

— Ду-урань! — з перапуду Верка аж прысела, але, каб не пакрыўдзіцца, сілілася ўсміхнуцца.

— Чаго ноччу швэндаешся па лесе?

— Цётцы Кірылісе...

— Чаго лазіш тут?!

— Цётцы Кірылісе малако...

— Пытаю, чаго ходзіш ноччу па нашым полі? Штраф атрымаць хочаш, га?!

— Цётцы Кірылісе малако носім за паліто...

Мне здавалася, што я надта вялікі, дужы і жартую вельмі арыгінальна.

— А-а, малако-о?!

— Яшчэ засталоса на два тыдні...— трамовіла яна даверліва, нібы тыдні гэтыя я лічыў, нібы мяне супакойвала, што ўжо так іх мала засталося.

— А-а, малако-о?! — працягваў я сваё.

І страціў розум да рэшты.

Толькі цьмяна разумеў, адчуваў, што бессэнсоўна балбачу ды нязграбна, бокам, набліжаюся да Веры. Яна насцярожылася. Яе расшыраныя вочы глядзелі ўжо з дзіцячай пакорай і здзіўленнем, плечы ўзняліся, бытта я меўся яе ўдарыць па галаве.

Я апамятаўся, калі сядзеў на зямлі і трымаў Веру ў абдымках. Яна нязграбна сядзела на маіх выцягнутых нагах. Вера баялася, што аддушыць мне ногі, падперлася ззаду рукамі, таму перахілілася назад. Седзячы гэтак невыгодна, старалася мяне супакоіць:

— Ну, хо-опіць, Алёшка, навошта ты так?! — гаварыла Вера, як гавораць п’янаму ці малому — з мяккім папрокам, цярпліва, аднастайна.

Перад маім носам — пацеркі, няроўныя і патрэсканыя, зблізку жаўтаватыя. У рэштках дзённага святла я ўбачыў, што кофта яе звязана са звычайных нітак: неаднолькавай таўшчыні, грубых, месцамі парваных. Аднак кожная пацерка, кожная складка і нітачка мелі для мяне дзіўны сэнс і зманлівую чароўнасць.

Я ўспомніў, што павінен цалавацца. Зблізку яе твар паказаўся худым, бледным, і ці таму, ці па іншай прычыне мне ўжо цалавацца не хацелася. Я дакрануўся рукой да яе нагі. Верына нага была халодная, цвёрдая і непрыемная.

І вось не стала ў мяне ўжо ні ўзбуджанасці, ні дрыготкі, ні ўпартасці, з якой я пачынаў прыставаць. Я нібы прачнуўся. Нібы ў мяне раптам адлажыла ў вушах, і я пачаў нармальна чуць. Ужо зрабілася няёмка, сорамна за свае ўчынкі і за тое, што нязручна, ненатуральна сядзім — бытта кагосьці малпуем.

Адчуўшы гэта, Вера лёгка вызвалілася з маіх абдымкаў, ускочыла на ногі і пачала папраўляць косы.

— Уставай!..— кінула мне з ласкавай заклапочанасцю.— Не валяйся, як пан Шастаковіч!

Хоць я быў расчараваны, але не злаваў. Наадварот, за тое, што Вера не крыўдзілася, нічым мяне не абразіла і менавіта яна не дала зрабіць нейкае глупства, я адчуваў да яе ўдзячнасць. Расчараваны быў не Верай, а тым, што ад нас не залежала. Тое прыйдзе пасля...

Першы раз я сам сабе прызнаўся ў пачуццях да дзяўчыны, і нічога дрэннага не здарылася. Наадварот! Я пераадолеў нейкі псіхалагічны бар’ер. На душы зрабілася лёгка, святочна, сам я стаў дужы, дарослы...

Ух, як я ўзрадаваўся!

Я любіў сваё Страшава, поле, гэты хвойнічак, увесь свет, мы з імі мелі таямніцу — яны трымалі для мяне ў запасе шчасце.

Захацелася падскочыць да хмар.

— Пабі-ілі, эх...— засмучаная Вера падняла з зямлі шыйку ад літроўкі з драўляным коркам.

Злётаць цяпер да каморы, узяць такую самую бутэльку і зноў прыбегчы сюды — немагчыма, адразу дома мяне разгадаюць. Але цяпер не было для мяне перашкод. Ап’янелы ад шчасця, я запрапанаваў:

— Хочаш, прынясу з хаты літар цэлы, хочаш?

— Не, не трэ-эба. Мама заўважыць, што мяне так доўга няма,— уздыхнула Вера.— Скажу — упала... Толькі шкло трэба пазбіраць са сцежкі, напорацца хто...

— Давай мне, схаваю!.. На корак, згодзіцца...

Падышлі мы да ямы, якую бацька некалі выкапаў на дзікоў, пакідалі шкло. Як не хацелася, але трэба было разыходзіцца.

— На Купала прыйдзеш? — успомніў я.

— Калі мама пусціць...

— Прыхо-одзь! — запрашаў я шчыра, нібы шмат чаго абяцаў.

 

4

З часоў паганства дайшло да нас свята Купалы.

Яшчэ з вясны сушылі мы карчы і дровы. У ноч на Яна, 24 чэрвеня, як звычайна, на гары ля рэчкі хлопцы і дзяўчаты раскладвалі вогнішча. Дурэлі, спявалі, пускалі па рэчцы вянкі... Апоўначы ішлі шукаць папараць-кветку, якая ў гэты момант бытта бы толькі і цвіла. Той, хто кветку знойдзе, мог быць навекі шчаслівы.

У легенду верылі ўсе.

Цётка Кірыліха расказвала, як тая кветка цвіце і свеціць усімі фарбамі вясёлкі. Цётка вучыла, як шукаць гэты цуд, як да яго падысці, каб не спужаць. Апавядала, як будзе табе добра, калі яго знойдзеш.

Шчыра верыў у легенду Кірылішын Валодзька, сакратар нашай ячэйкі; ён так і сеў у турму з гэтай верай.

Верыла мая мама, суседзі...

Свята Купала існавала і для другога: хлопцы заляцаліся да дзяўчат.

То было публічнае, узаконенае шматвяковай традыцыяй спаборніцтва: хто спраўнейшы, хто лепшы, галаснейшы і больш здольны.

На вольным паветры, у цёплую пару, ноччу чакала цябе зманлівае шчасце з любай пад руку блукаць па лесе ў пошуках папараць-кветкі, якая дзесьці ззяла промнямі незямнога святла ў жудасна-таямнічым гушчары побач з ваўкамі, зубрамі і вужакамі.

Ці знайшоў хто гэты цуд, назаўтра нікога не цікавіла: увесь смак быў у зборах, вечары і шуканні.

 

5

Пасля размовы з будачнікавай Гандзяй Настусіну дачку мая мама нават не пускала на свой падворак, а гордая ўдава забараніла дачцэ са мной размаўляць. Але што значыць пры каханні забарона бацькоў?..

Надыходзіла першае маё Купала. І ў мяне была ўжо дзяўчына, з якой я мог шукаць папараць-кветку.

На Купалу Веру вадзіла за сабой старая дзеўка — Лушка з Бялявіч, — былая нявеста Вінцака Грабцэвіча; Лушка такім чынам старалася прывабіць да сябе хлопцаў, бо яе кавалер, уцёкшы тады з-пад арышту, перабраўся ў Чэхаславакію.

Не бяда, што Вера з Лушкай.

Поўны дапытлівай цікавасці позірк Веры і на адлегласці хваляваў мяне, будзіў надзеі, рабіў мяне апантаным.

Ля вогнішча я цэлы вечар быў у руху.

То па-змоўніцку шаптаўся з былымі камсамольцамі, то так скакаў цераз полымя, што асмаліў бровы і задымілася вопратка.

Пад самы канец свята я зразумеў сваю нікчэмнасць. Многія хлопцы скакалі за мяне і вышэй і далей.

Адчуваючы на сабе пару цёмных і гарэзлівых вачэй, я сеў зводдаль і стаў прыкідвацца маўклівым і задуманым. Нашы позіркі сустракаліся, я бачыў у яе заахвочванне, прыхільнасць і яшчэ нешта няяснае і хвалюючае.

Шурка Казёл з Меляшкоў зацягнуў новую савецкую песню:

 

Дан приказ: ему на запад, ей — в другую сторону,

Уходили комсомольцы на гражданскую войну!

 

 

Нашы галасы дружна паплылі ў маўклівую летнюю ноч, напаўняючы нас хмелем.

 

Уходили, расставаясь, покидая тихий край,

«Ты мне что-нибудь, родная,

На прощанье пожелай!»

 

 

Я выразна бачыў сябе з вінтоўкай на Валілскай станцыі — развітваўся з Веркай. На вайне могуць забіць, аднак я мушу ехаць — абавязак!

 

А родная отвечала: «Я желаю всей душой,

Если смерти — то мгновенной, если раны — небольшой!»

 

 

Верка гаварыла мне гэта сардэчна, чула, і такая разбірала жаласць да сябе, што хацелася плакаць.

 

А всего сильней желаю

Я тебе, товарищ мой,

Чтоб со скорою победой

Возвратился ты домой!

 

 

«Я вярнуся, абавязкова!» — крычаў я ёй праз грукат колаў.

Наступіў момант той душэўнай еднасці і спакою, які дае людзям харавы спеў. Хвіліну ўсе пасядзелі, памаўчалі. І тут нехта спахапіўся — дванаццатая гадзіна ночы, запаветны час!

Пары накіроўваліся ў цемру лесу.

Я не пабег за імі, як некалі, каб з узбуджанай цікавасцю выглядваць за хлопцамі і дзяўчатамі.

Але і не асмеліўся за цэлы вечар падысці да Веры, сказаць ёй хоць слова...

 

6

Па бялявіцкай дарозе плёўся я з Купалы апошнім.

Узышоў месяц. У цьмяным яго святле пад бэзам сядзела Лушка.

— Кіруй сюды, Алёшка, яшчэ зойдзеш!

Ад яе ласкавага і настойлівага голасу зрабілася страшнавата. Некуды падзелася стома.

І тут я перапалохана падумаў пра Грабцэвіча, але ўжо нічога не мог з сабой зрабіць. Я з жахам убачыў, як мае ногі міма маёй волі зварочваюць з дарогі, а я ўвесь аж устрапянуўся ад чакання.

— Прысядзь, адпачні! — паказала яна на лаўку каля сябе.

У Лушчынай хаце вокны адчынены насцеж; адтуль чуваць, як храпе яе бацька.

І Верка спіць там? Трэба ўцякаць.

Але я насцярожана, баязліва сеў. Валасы ў Лушкі былі распушчаны, з-пад расхрыстанай кофты відаць была бессаромная белізна. Убачыў я гэта, і ўсё астатняе для мяне перастала існаваць. Сядзеў я ўжо ў нейкім узбуджаным стане, слухаў ласкавы, мацярынскі голас і не мог паварушыць нават рукой. Адно нешта бясконца гаварыў. Гэта было трызненне чалавека ў ліхаманцы... «Лушка слухала мяне паблажліва, па-апякунску.

Нейкай часцінкай мозгу я добра разумеў трагізм дзяўчыны. Яны з Вінцакам гулялі гадоў чатыры. Вінцак не хацеў вянчацца ў царкве, а на іншы шлюб старыя нявесты не згаджаліся. Нарэшце Лушка бацькоў угаварыла, рыхтавалі ўжо вяселле, ды паляцела ўсё к д’яблу. Ці Грабцэвіч калі вернецца, невядома, а каму патрэбна такая дзеўка? За цэлы вечар ні адзін хлапец не прамовіў да яе і слова, ніхто яе не праводзіў. Лушка ўзрадавалася і мне. Але якраз мяне гэта і абражала. Хацелася давесці — я такі ж, як і ўсе, хлапец, і не патрабую скідак: адукаваны, два разы мяне паны судзілі, было так, што на граніцы трое сутак нічога не меў у роце...

— Бо-ожа, як ты прапах дымам увесь! — перабіла яна мяне, нахілілася, пацягнула носам.

І зноў я плёў нешта далей, і ўсё здавалася — мала.

Гэтак выхваляючыся, я схлусіў, што маю не абыякую звычку — гавару праз сон. Праз сон якраз гаварыў Лушчын брат, а яе маці выпытвала ноччу ў сына, што хацела.

— Чаму ты мне ране-ей не сказаў? — з жахам адсунулася дзяўчына.

Я зразумеў: яна збаялася маёй мамы. Усхапілася з лаўкі і прагнала такога кавалера дамоў.

Ішоў я далеў і трывожыўся — Лушка раскажа Веры ці не, што сядзеў з ёю на лаўцы? А калі не вытрывае, пахваліцца?..

Спатканне з Лушкай я ўспамінаў ужо з непрыемнасцю, як кепскі сон. Валокся ў Страшава і сярод бляску вогнішча бачыў толькі жывы тварык з бліскучымі ад цікавасці ды напалоханымі вачыма.

Я не дамоў ішоў! Мы шукалі папараць-кветку, былі толькі ўдваіх на свеце, нам было жудасна добра, а ў твар свяцілі — мяккія промні.

А гэта ўзышло сонца.

Я і не заўважыў, што з-за нашага плота падае таямнічыя знакі напалоханы Валодзька.

У брамцы з адкляпанай касой у руках чакаў мяне ашалелы ад злосці бацька.

— Дзе ты валэндаешся цэлую ноч? Ты што — Шастаковічаў сын?!

— Дай яму добра, Сцяпан, няхай другі раз ведае, валацуга! — ад калодзежа азвалася маці.

Я не паспеў адскочыць, і бацька мяне нечым перацягнуў па плячах.

 

7

Зімой, як гром з яснага неба, уразіла ўсіх вестка.

У Віленскім акруговым судзе, калі Стральчук зноў сведчыў супроць камуністаў, з залы выйшаў хлопец і стрэліў у правакатара. Не забіў яго толькі таму, што Стральчук насіў пад пінжаком панцыр. Зваць героя — Сяргей. Паліцыя ўсадзіла ў яго шэсць куль — пяць у ногі, адну ў жывот,— але хлапец яшчэ жыве.

— Дахтары вылечаць, нічо-ога! — з надзеяй гаварылі сяляне,

— Ты ж яго ведаеш, Алёшка! — спахапілася мама.— Далібог, той высокі Сяргей, якога бацька раз прыводзіў, а я давала есці. Захацелася яму заціркі на малацэ, яшчэ бегала да Грушэўскіх мукі пазычаць!..

Мама ўзрадавалася, што хоць нешта добрае зрабіла для такога чалавека.

Прыгадаў і я хударлявага, у шэрым плашчы, хлопца. Наўрад ці быў гэта той самы Сяргей — падпольшчыкі ўжывалі псеўданімы.

Цяпер хлопца трэба было ратаваць, яму пагражала шыбеніца.

Выразна я ўжо бачыў, як мы з Верай забіраемся ў поезд, хаваемся ў тармазную будку, едзем у Вільню...

Газеты пісалі — Сяргей сядзіць у Лукішках, дзе некалі трымалі Кастуся Каліноўскага перад павешаннем. Нічога, гэтага выбавім! Столькі ёсць спосабаў! Можна пераапрануцца — я за паліцыянта, Верка за манашку...

Стражнікі на смуглую манашку загледзяцца, пачнуць з ёю вытанцоўваць, я тым часам з ключамі... Стражнікі спахопяцца — позна! Дастаю пісталеты — бэнц! бэнц! бэнц! — усе трое вылятаем з турмы ў поле, адтуль — у лес.

А можна зрабіць падкоп...

Можна і па вераўчанай лесвіцы.

Там побач з турмой — касцёл. У цёмную ноч залажу на касцельную вежу, адтуль кідаю лесвіцу на дах турмы. Вера ля брамы загаворвае вартаўнікам зубы, я гэтым часам — дахам, дахам дабіраюся да коміна. Вузкая гарлавіна, не праціснуцца. Разбіраю цэглу — во, далей чалавек пралазіць!.. Апускаю вяроўку...

Фантазіі мае былі лішнія.

Па Польшчы пракаціліся дэманстрацыі. У Варшаву пасыпаліся пратэсты з усёй Еўропы. Прэзідэнт Масціцкі замяніў Сяргею смяротны прыгавор на турму.

 

8

Выбухнула грамадзянская вайна ў Іспаніі.

Набіралі добраахвотнікаў у інтэрнацыянальную брыгаду. З Гарадка за Пірэнеі ўжо адправілася некалькі чалавек. Як даведацца, хто вярбоўшчык? Што няма семнаццаці, яшчэ нічога не значыць: я ўжо дарослы, можна мне верыць!

Пакуль знайду вярбоўшчыка, трэба рыхтавацца.

Бацька завёў пасеку. Пчолы ўзятку на хутары мелі добрую, мёду насілі многа. Пакрыху стаў я насіць у Гарадок на продаж мёд. Купляў пістоны, майстраваў патроны, вучыўся страляць з рэвальвера.

Цэліў у бутэлькі, банкі, а потым нават трапляў у варон на ляту. Пачынаў страляць, калі на мяне глядзелі з Настусінага падворка.

У «Газеце беластоцкай» змясцілі рэпартаж з Іспаніі. Карэспандэнт апісваў, як франкісты збілі савецкі самалёт і ў штаб прывялі русавалосага лётчыка са звязанымі рукамі.

— Хто ты і адкуль? — праз перакладчыка прыстаў да яго фашыст.

Лётчык толькі хмыкаў і пераступаў з нагі на нагу.

Афіцэр ударыў лётчыка па твары, збіў з яго фуражку:

— Будзеш гаварыць?

Палонны паўзіраўся ў фашыста прыжмуранымі вачыма.

— Не хочаш — не трэба. Няма часу з табой важдацца.

Афіцэр кінуў паставому:

— Завядзі яго за скалы і шлёпні!

Лётчыка павялі.

Праз мінуту за акном прагучаў стрэл. У штабе фашыст заняўся абедам. Ля яго ног валялася перавернутая вайсковая фуражка. На шоўкавай падшэўцы віднеўся авальны штамп з надпісам:

«Фабрика «Спартак» Лениградского военторга».

Газету з рэпартажам зачыталі ў Страшаве да дзірак.

Я доўга не мог знайсці сабе месца. На фоне выпаленых сонцам скал стаяў перад вачыма савецкі лётчык. Трэба было зараз жа дабірацца да Іспаніі, там б’юць нашых!..

Вярбоўшчык — які-небудзь падпольшчык. Няўжо нас не прыме? Мусіць паслаць, калі мы самі хочам. Верка згодзіцца, чаго яна тут не бачыла? Трэба пагаварыць...

Некалькі выпешчаных амерыканскіх паненак засыпалі абісінскага пасла ў Вашынгтоне заявамі, каб той стварыў з іх батальён амазонак і паслаў на барацьбу з фашыстамі. Бедны пасол доўга ламаў сабе галаву, як адчапіцца ад шукальніц прыгод. Нарэшце знайшоў спосаб. Аб’явіў, што толькі тых прыме ў батальён, якія па прыкладу амазонак апошняга караля Дагамеі згодзяцца адрэзаць сабе правыя грудзі*. Паненкі адразу перасталі дакучаць паслу.

Я гатовы быў адсячы сабе палец, каб мяне толькі узялі на такую гераічную справу.

Не зможам з Веркай паехаць па вярбоўцы, дабяромся «на зайца». Газеты друкавалі інфармацыі з Германіі, Францыі, Італіі, як там паліцыя выцягвала з вугалю на паравозах, з карабельных трумаў згаладнелых і брудных хлопцаў і дзяўчат, якія ехалі памагаць чырвоным. А калі не трапіць паліцыі ў лапы?..

Каля нашага хутара на платформах павезлі з Масквы ў Парыж на сусветную выстаўку велізарны брус нержавеючай сталі і скульптуру Мухінай — рабочага і сялянку. Набяры толькі ежы, вады, схавайся на станцыі ў такі вагон і праз пару дзён даедзеш ледзь не да самых Пірэнеяў!

З’яўляемся ў Іспаніі. Смуглявую Веру прымаюць за мясцовую сялянку, пры ёй і я не кідаюся ў вочы. Нібы пытаемся пра работу, ідзём на захад шукаем інтэрнацыянальную брыгаду. Я станаўлюся кулямётчыкам, Вера — медсястрой...

— ...Прыйшлі аднойчы Саша Кандрусік з Ванем Кулешам і Толем Пятэльскім. Сашу і Ваню, гэтак як і мяне, брала дэфензіва, і хлопцы таксама не прызналіся, хоць Кулешу паліцыянты адбілі печань, ён толькі што выйшаў з бальніцы. Наогул я ўжо іх з год не бачыў.

Сябры ўзмужнелі, выцягнуліся, басілі, і ў кожнага пад носам чарнелі смешныя вусікі. Хлопцы прынеслі навіну: працуе зноў падпольны цэнтр і ад яго ёсць загад збіраць сродкі для іспанскіх рэспубліканцаў.

Ледзь дачакаўшыся вечара, пайшоў я з мяшком па хатах. Шкода — не паклічаш на зборы Верку. Яна, мажліва, і не чула пра вайну ў Іспаніі!..

...Нарэшце ўдалося высачыць чалавека.

Добраахвотнікаў у нашай акрузе вербаваў мамін брат, дзядзька Мікалай з Бялявіч.

Прыстаў я да дзядзькі з просьбай. Ён расказаў пра намер пляменніка бацькам, і ўсе мае старанні скончыліся сямейным скандалам,

 

* Амазос — па-грэчаску бязгрудая.

9

У Польшчы мелася нешта здарыцца.

Забаставалі рабочыя фабрыкі гумовых вырабаў «Сэмперыт» у Кракаве. Іх з кулямётаў расстраляла паліцыя. Праз два дні ў Кракаў хлынулі сяляне. На пахаванне ахвяр выйшлі сто тысяч чалавек. Нават да труны Пілсудскага не прыходзіла столькі.

Усе чакалі грандыёзнага выбуху, але хітрая паліцыя пахавалася, аддала горад у распараджэнне рабочых. А тым запалу хапіла на паўдня. Памітынгавалі, паспявалі рэвалюцыйныя песні, пахавалі таварышаў і разышліся.

Схітраваў і ўрад. Ён зняў з пасады ваяводу Свідэрскага і каменданта паліцыі і гэтым супакоіў народ.

Толькі ўляглося ў Кракаве — выбухнула на ўсходзе.

У Львове камуністы арганізавалі мітынг. Разганяючы яго, паліцыя застрэліла рабочага Уладзіміра Казака. Прафсаюзы арганізавалі пахаванне. Выстраіліся калоны і з жалобнымі сцягамі панеслі труну на Яноўскія могілкі.

Працэсію перапыніла паліцыя і адкрыла па натоўпе агонь. Пападалі мёртвыя і параненыя, труна грымнулася аб брук. Яе падхапілі жывыя. Адны адбіваліся ад паліцыі камянямі, другія бегма неслі Казака на могілкі.

Увесь час насядала паліцыя. Многа разоў таварышы ля труны мянялі забітых, покуль яе — зрашэчаную кулямі і пасечаную шаблямі — данеслі да могілак. Там раз’юшаныя людзі павырывалі з магіл жалезныя крыжы, прэнты, адагналі паліцыянтаў і пахавалі падзіраўлены кулямі труп.

У гэты дзень у Львове паліцыя забіла і параніла каля паўтысячы чалавек.

Выпадак ускалыхнуў Польшчу. Мяне цягнула акунуцца ў віхор падзей. Нават згарэць пры гэтым здавалася вялікім шчасцем. Я з дня на дзень чакаў — у краіне вось-вось успыхне рэвалюцыя.

Праходзіў тыдзень, другі...

Але ў Польшчы зноў стала спакойна.

 

10

Рэспубліканская Іспанія памірала.

Камінтэрн сапраўды распусціў Кампартыю Заходняй Беларусі і камсамол з крыўдным абвінавачаннем. Зрабілася нечага шкада, нібы памёр хтосьці родны. Заставалася цяжкая праца на гаспадарцы. Жыць стала нецікава.

Да таго часу і Валодзька скончыў школу. Яго душа таксама рвалася далей ад капання торфу, свіней — на гаспадарцы спраўляліся мы ўдваіх з бацькам.

Пайшоў брат з Сашкам і Рыгоравым Косцем карчаваць дзялянку для пасадак. Работы хапіла на два з палавінай дні.

Атрымаў Валодзька першую ў жыцці палучку, сеў на веласіпед і купіў у Беластоку лупу. Бацька злаваў і пляваўся. Мама і радавалася і таксама шкадавала грошай. Валодзька займеў забаву. Разглядаў праз лупу мух, пясчынкі, травы... Яго таксама мучыла трывога — што рабіць далей?

Бацькі жахнуліся — гаспадарка, здаецца, і вялікая, аднак адзін сын на ёй — лішні. Вырашылі паслаць старэйшага вучыцца — няхай шукае сваёй дарогі ў горадзе.

— У Вільню еду, вучыцца,— аб’явіў я Веры, падпільнаваўшы яе на дарозе.

Вера таксама пахвалілася:

— І я еду, Алёшка, у горад! Мама пасылаюць мяне ў Беласток служыць!

Я не зразумеў, пра што яна гаворыць.

— За служанку быць!.. Мама ў гэтых паноў служылі яшчэ да вайны, калі дзеўкай былі! — як бы супакоіла яна мяне.— Багатыя надта. Фабрыкі маюць свае, на куро-орты ездзяць...

Мяне кальнула якаясьці рэўнасць. Не ведаў, пра што і гаварыць.

— Пасажыркай паедзеш?

— Дзядзька Марцін вязуць бульбу ў Беласток і мяне забіраюць.

— Фурманкай?..

— Ну і што? Накрыюся ад дажджу, дабяруся, а цётка Галена мяне завядуць да іх!

Яе радасць раздражняла яшчэ больш.

— Во, будзеш цяпер беластоцкая пані...

— Ну...— ахвотна згадзілася яна і шчасліва ўсміхнулася.

Веры не да мяне: ад радасці не магла ўстаяць на месцы.

— Паедзеш...

Я чуў пра паводзіны служанак у горадзе, пра прастытутак. Зноў укалола якаясьці рэўнасць. Ад неспакою і трывогі аж павяло ў галаве.

— Купіш сабе рыдыкюль і будзеш шпацыраваць па Ліповай вечарамі...

— Мама сво-ой даю-уць, яшчэ зусім добры, толькі замок не зачыняецца! Каб хто адрамантаваў?..

— ...І маляваць вусны бу-удзеш...

— Яшчэ няху-утка... Алёшка, а мама казалі, у гэтых паноў сабака проста ў пакоях жыве!

— Во, во. Будзеш яго выводзіць на двор кожны дзень!.. І жараных жабаў есці, салёных вустрыц...

Вера зноў шчасліва засмяялася.

Я яе дакараў, падкусваў, здзекаваўся і ведаў — паедзе яна на мяшках бульбы, ухутаная дзяругай, якой Марцін у Беластоку накрые каня. У горадзе чакае яе ганебная работа служанкі, а яна, дурніца, яшчэ радуецца. І радасць шчырая, ніякія словы да яе цяпер не дойдуць.

Я злаваў, пагарджаў ёю — і шкадаваў.

 

Раздзел шосты

 

 

1

Над Польшчай навісла пагроза агрэсіі. Другі раз у Вільню збірацца не было чаго і думаць.

У жніўні 1939 года польскі ўрад аб’явіў мабілізацыю. Мужчыны павалілі на прызыўныя пункты. Кожны страшаўскі дом атрымаў разнарадку на бульбу, фасолю, гарох... І нам прыйшла папера везці харчы ў гродзенскую казарму.

Ладавалі мы з бацькам мяшкі на фурманку і ўпершыню не лаялі распараджэнняў ненавіснага ўрада. Успаміналі, як збіралі харчы для Іспаніі.

Урэшце надышло фатальнае першае верасня 1939 года. Прыпала яно на пятніцу.

У гэты дзень ля палудня над нашым полем праляцела тры дзіўныя самалёты. Імчалі яны незвычайна хутка, упэўнена і на крыллях замест чырвона-белых шашачак мелі чамусьці чорныя крыжыкі. Нямецкія? У Гітлера, здаецца, эмблема — свастыка?

Яшчэ не паспеў я астынуць ад трывожнага здзіўлення, калі ўваліўся да нас Марцін і прымусіў мяне наладзіць дэтэктар.

Немцы перайшлі польскую граніцу...

Праз пару дзён вярнуўся з Гарадка бацька і стаў плявацца. У мястэчку не было ўжо ні войта, ні паліцыянтаў, а крамнікі пазачынялі крамы. Працавала адна пошта, ды ў ёй ніхто нічога не ведаў.

Яшчэ праз некалькі дзён з Захаду хлынулі ўцекачы. Пастушкі прынеслі навіну — з турмы з’явіўся Лукашоў сын і застрэліў у Ліпніках паляка.

Выслухаўшы пастушкоў, мы з Валодзькам кінуліся ў Ліпнікі. Месца расправы знайшлі самі.

Рассыпаныя і ўтаптаныя ў лясны чарназём папяросы...

Каляіны дарожкі здратаваны глыбокімі слядамі ботаў, быццам мужчыны тут піхалі воз з каменнем.

Выразны адбітак пратэктара вузенькай шыны і — ямка, выбітыя рулём, калі падаў веласіпед.

— Алёшка, глядзі! — перапалоханы брат паказаў у лес.

Між сосен нібы прылёг на ягадніку якісьці мужчына ў адной бялізне. Малады, чарнявы, з інтэлігентным тварам. Аслупянелыя, стаялі мы хвіліну, дзве, чалавек усё не варушыўся — і толькі тады да нас дайшло, што ён нежывы.

Хто гэта — студэнт, настаўнік? Жанаты, кавалер? Як яго прозвішча?

Асцярожна падышлі мы бліжэй.

Цёмныя і густыя валасы ў чалавека рассыпаліся на два крылы, і аж не верылася, што яны — у нежывога. Пад носам забітага закрэп чырвоны згустак. Над вухам ля скроні цямнела дзірачка. Не такая, як у Юліка. Круглая, з акуратнымі краямі і маленькая, што кузурка, якая паўзла па твары.

Другі раз за свой кароткі век бачыў я ахвяру нашай вясковай цемры.

 

2

Неўзабаве ля Гарадка з’явіліся нямецкія салдаты, З Веркай, Сашкам, Косцем і Валодзькам пабеглі мы ў мястэчка.

У наш Гарадок уязджалі перадавыя часці генерала фон Бока.

Першыя немцы былі добра дагледжаныя, рашучыя і фарсістыя юнакі. Яны нагадвалі рамантычных, ап’янелых ад поспеху спартсменаў. З рысоўкай, з ледзь стрыманым здавальненнем і спартыўнай лёгкасцю салдаты насілі сталёвыя каскі, падагнаныя да фігуры новенькія мундзіры і з гэткай жа свабоднай лёгкасцю трымалі бліскучую ад лаку зброю ды рабілі выгляд, што нас не заўважаюць.

На пярэднім матацыкле з салдатамі ў зялёных касках тырчаў хлопец у мундзіры ні то швейцара, ні то цыркавога клоўна. Нешта як бы знаёмае — і раптам я здагадаўся: Лукашоў Іван!

Мяне здзівіла: калі ён паспеў? Нядаўна ж толькі быў дома, забіў бязвіннага паляка.

За матацыкламі павалілі разведчыкі на сытых і вялізных конях і — таксама юнакі — салдаты першага эшалона. Затым пайшлі тылы. Гэтыя салдаты былі ўжо самавітыя і падцягнутыя бюргеры, рабочыя і крамнікі, узятыя па мабілізацыі. Яны сталі падыходзіць да нас, ціснуць нам рукі:

— Вайсрусіш?.. О-оу, Москаў гу-ут!

— Нікс крыг!

— Гітлер унд Шталін — оу!

— Фрондшафт!

— Дрюжба!

І паказвалі газеты і фатаграфіі, на якіх новы нарком замежных спраў Молатаў зняты ў час гутаркі з Рыбентропам.

Тады падаставалі фота сваіх жонак, дзяцей...

Цяпер ужо звярнулі сваю ўвагу на нас і маладыя. Яны падлабуньваліся да Веркі — так жа, як гэта рабілі нашы хлопцы.

Але чаму з імі Лукашоў Іван?..

А крывавая расправа з рэспубліканскай Іспаніяй?!

Няма чаго ім верыць! Во, з такімі я меўся спаткацца за Пірэнеямі. Яны прыйшлі сюды...

Буржуазнай Польшчы не стала. Для Страшава адышла яна неяк лёгка, без болю і ўспаміналася ўжо, нібы сон. Але што будзе далей?

Дзесьці па-геройску яшчэ змагалася абкружаная Варшава. Паранены, які прыехаў адтуль, бачыў Кірылішынага Валодзьку з падпольшчыкамі. Выйшаўшы з турмы, хлопцы добраахвотна засталіся бараніць польскую сталіцу ад фашыстаў...

Вярнуўшыся з Гарадка, мы з Валодзькам адправіліся ў Ліпнікі збіраць польскія вінтоўкі.

Семнаццатага верасня рушылі з усходу да нас савецкія войскі. Паляцела чутка, што Чырвоная Армія заадно ўдарыла і па гітлераўцах, вызваліла блакіраваную Варшаву, маршыруе на Берлін. Мы згаварыліся ноччу напасці на нямецкі гарнізон у Гарадку.

Нарэшце нехта здагадаўся ўключыць радыё на Мінск. Дыктар пералічваў, дзе адбылася мірная сустрэча нашых войск з нямецкімі: у раёнах Брэста, Беластока, Гродна...

 

3

Праз тыдзень немцы спакавалі свае абозы, паздымалі кулямёты з агнявых пазіцый і адышлі.

Яшчэ пасля іх не абсеў у Валілах пыл, як на маленькіх і шустрых мангольскіх конях выскачылі з Ліпнікаў насцярожаныя і пранырлівыя разведчыкі Чырвонай Арміі.

Следам за разведкай павалілі бранявікі, танкеткі і танкі, машыны — грузавыя і легкавыя. Мы з Валодзькам пабеглі да страшаўскай дарогі, ва ўсе вочы прыглядаліся да іх, хацелі знайсці сляды куль з-пад возера Хасан, Халхін-Гола. Машыны былі новенькія, пакрытыя свежай зялёнай фарбай. Так жа пафарбаваны гарматы на прычэпе ў машын і ствалы счацвяроных кулямётаў у кузавах.

Неба запоўнілі незлічоныя эскадрыллі самалётаў.

Цяпер ехала на машынах матарызаваная пяхота. За бартамі ў кузавах у строгіх цесных радочках — тысячы шэрых шынялёў і будзёнавак, адкрытых і запыленых, ды як бы даўно знаёмых, славянскіх твараў, маладых і сталых мужчын.

Разбягаліся вочы, не ведаў, на чым спыніць увагу.

Самае галоўнае ў маім жыцці адбылося!.. Вось Чырвоная Армія!.. На пілотках, фуражках, папругах, самалётах — пяцікутныя зоркі, серп і молат.

На душы рабілася лёгка, утульна і бяспечна.

Калоны байцоў у шэрых шынялях і вастраверхіх будзёнаўках, незлічоныя машыны, магутнае выццё матораў, таўшчыня гарматных ствалоў і лістоў сталі на танках, чорныя фігуркі грозных самалётаў — цяпер твае плечы, моц, апора. Гэ, зараз не толькі ялоўскія паліцыянты — ніхто ў свеце табе не страшны!

Каля Грушэўскіх спыніўся танк. З яго вылез малады танкіст, і мяне ўразіла, што рукі яго замазучаныя і рудыя ад масла.

У мяне быў даўно вынашаны вобраз савецкага камандзіра — элегантнага мужчыны ў скуранцы, у начышчаных да люстранага бляску ботах, з чырвонай кукардай на фуражцы і з маўзерам на баку.

На самай справе камандзіры цяпер зусім былі не такія. Шынялі, фуражкі, планшэты і партупеі мелі і сапраўды новыя, але самім было не да форсу. З заклапочанай дзелавітасцю меркавалі, кудой лепш праехаць, дзе размясціць людзей, дзе нарыхтаваць харчоў, як не нарвацца на засаду...

Я быў і расчараваны і ўзрадаваны.

Гэтыя камандзіры былі бліжэйшымі, выклікалі пашану, спагаду. Не любавацца імі хацелася, а дапамагчы.

 

4

Мінуў дзень-два — і ўжо закіпела ўсюды работа.

Гаваркія і прыветлівыя вайскоўцы ўзяліся за рамонт дарогі. Ставілі ўказальнікі, пракладвалі тэлефонныя кабелі, укопвалі трыганаметрычныя вышкі.

У калодзежы сыпалі нейкі парашок — дэзінфіцыравалі ваду.

Тэрмінова аж на дзевяць сантыметраў пашырылі пуць. Замянялі рэйкі, шпалы. Умацавалі насып — вагоны сталі хадзіць пяцідзесяцітонныя. Аграмадны «Сярго Арджанікідзе» валок эшалон з такіх вагонаў ледзь не на кіламетр даўжынёй.

Паадкрываліся школы — бясплатныя і са стыпендыяй. Валодзька Кірылішын і Вінцак Грабцэвіч паехалі на курсы...

На жаль, для маёй сям’і не пашэнціла.

Па колькасці зямлі нашу гаспадарку абклалі кулацкім падаткам. Бацька не пайшоў нікуды ні скардзіцца, ні апраўдвацца. Сцяўшы зубы, пачаў прадаваць, што можна, з хаты. За выручаныя грошы купляў на рынку збожжа, вазіў здаваць на Свіслацкую станцыю.

Недалёка будавалі аэрадром. Патрэбны былі каменні, за іх плацілі. Дабра гэтага валялася ў нас цэлае поле. Бацька ладаваў каменнямі воз, ехаў зарабляць грошы на вучобу сынам і на падаткі.

Гаспадарка гэтым часам запускалася.

Бацька жыў бліжэйшым днём: здабываў грошы, разлічваўся і зноў думаў пра грошы.

Я вучыўся ў Навагрудскім педвучылішчы ў адным горадзе, Валодзька — у тэхнікуме сувязі — у другім. Прыязджаючы дадому па харчы, я бачыў, што бацьку цяжка, але, ап’янелы ад перамен, захоплены тэмпам жыцця і далей купляў дарагія кніжкі, чысціў зубы толькі пастай, а хлопцы завялі моду хадзіць у цырульню мыць галаву. Не адставаў і я.

Бацька счарнеў увесь і высах. Апранаўся абы-як, хадзіў босы, не галіўся, амаль не гаварыў з суседзямі, а да сябе азвярэў. Калі аднойчы зашчымеў яму зуб, зайшоў у хлеўчык, дзе былі сталярныя інструменты, узяў абцугі і выдраў сам сабе гэты зуб.

Я ўжо думаў — бацька не рэагуе на тое, што адбываецца. Але памыліўся.

Вярнуўся, як звычайна, ён са Свіслачы запылены і ўчарнелы. Я выйшаў распрагаць кабылу, але ён не даў. Дастаў нешта загорнутае ў газету, таямніча і па-маладому мне загадаў:

— Сам распрагу! А ты на, прыбі над сталом!.. Удалося купіць!..

Я разгарнуў паперу. Там былі новенькія партрэты Леніна і Сталіна, вышытыя на шоўку.

Да нашай хаты быў прыбудаваны хлеў, дзе стаяла кабыла. Там за фундамент мы з Валодзькам хавалі падпольную літаратуру і зусім забыліся, што там і цяпер яшчэ ляжала добрая пачка.

Аднаго разу забегла ў хлеў свіння. Бацька яе адтуль прапёр, ды чамусьці сам застаўся. Я пакратаў дзверы — зашчэплены з сярэдзіны. Устрывожаны, падкраўся я да акенца без шкла і ўбачыў дзіўны малюнак.

Уся зямля ўслана белымі паперкамі — прызывамі выходзіць на дэманстрацыю і ратаваць Сяргея, які страляў на судзе ў правакатара. Іх са схованкі дастала свіння і растрэсла па саломе. Бацька сядзеў на парозе, браў гэтыя паперкі, выпростваў, праглядаў і беражліва складваў у стосік ды нешта гаварыў. Ён яшчэ з той вайны вярнуўся глухаваты, і падслухаць яго заўсёды было лёгка. Я стаіўся.

— Кепска, кепска, кепска!..— стагнаў, ледзь не плакаў ён.— Цяжка!.. Ой, як цяжка!.. А што ты прапануеш?!. Калі камуніст — мусіш вытрываць!..

Дагэтуль я не бачыў бацьку павержаным. У спрэчках з мамай ён заўсёды выходзіў пераможцам. Ледзь не кожны страшавец звяртаўся да яго за парадай. Часамі з далёкіх вёсак прыязджалі заплаканыя сёстры са сваёй бядой і ад’язджалі ад яго супакоеныя. У мяне склалася думка, што ён вельмі цвёрды і ўсё гэта яму надта лёгка даецца. Нават не міргнуўшы вокам, адмовіўся ад роднага брата, калі той стаў «нэпманам»!.. Выяўляецца, я кепска ведаў бацьку. Стары ўмеў хаваць свае раны, таму мог быць лекарам,

 

5

З таго моманту, калі праз акенца ў хляве ўбачыў я так прыбітага бацьку над лістоўкамі, ён стаў мне блізкі, як мама. Зрабіўся нават як бы святы. Я стаў нібы часткай яго цела і нерваў.

Землякі нас разумелі, спачувалі, а бацьку ўсё гэта злавала. Ён нават не даваўся пра гэта гаварыць і пасылаў усіх да д’ябла.

Не быў бы я яго сынам, каб не рабіў тое ж самае.

Вывезлі нашага асадніка-лесніка. Пачало асыпацца на пні леснікова жыта. Страшаўцы без каманды, па адвечнаму і няпісанаму закону сабраліся грамадой ратаваць тое, што гінула. Мужчыны пабралі косы, жанчыны — збанкі з вадой і рушылі ў лес на дзялянку касіць палетак.

Пакасіўшы, прысеў я на сноп перадыхнуць. Да мяне падышла Настусіна Верка са збанком — у ім для кіслаты плавала скарынка хлеба.

— Алёшка, на, напіса.

— Не хачу!..

— Хало-одная, я пад кустом трымала...

У яе ціхім голасе было столькі гатоўнасці і жадання прыслужыць мне, пашкадаваць, зрабіць прыемна, і ўсё гэта ішло з такой глыбіні, што на хвіліну яна стала блізкай-блізкай, нібы мама (мабыць, каханне і трымаецца на тым, што хлопец у дзяўчыне бачыць нейкія рысы сваёй маці!).

— На, пі!

Выходзіць, і яна ўсё разумела, што адбывалася з нашай сям’ёй?! Пакутую не адзін — разам перажывае блізкі чалавек?

Ад жалю сціснула ў горле, забіла дыханне. І зараз жа загаварыла бацькава гордасць, самалюбства.

— Ты чаго прыстала да мяне?! — ускіпеў я і ўсхапіўся са снапа.

Каб не заплакаць, каб не зараўці, я кінуўся ў фальшывую злосць.

 

Раздзел сёмы

 

 

1

Быў звычайны поўдзень 22 чэрвеня 1941 года — бясхмарны, спякотны і з густым летнім паветрам.

Настаўнік вайсковай падрыхтоўкі нашага педвучылішча ў Навагрудку, яшчэ царскай службы афіцэр, старэнькі і сівы Іваноў, вывеў вучняў за горад і размясціў нас паабапал пыльнай шашы Наваельня — Навагрудак.

Вестка, што на СССР напалі немцы, абудзіла нас раніцой, і, хоць яшчэ не было відочных прыкмет вайны, за палову сутак мы мелі час зжыцца з навіной. Цяпер мы вартавалі нямецкіх парашутыстаў, каб яны не асядлалі важную дарогу, і баранілі горад ад іх з поўдня.

Дзеля гэтага ўсёй нашай групе з ваенкамата далі ручны кулямёт з двума запаснымі дыскамі і тры вучэбныя вінтоўкі з прасвідараванымі патроннікамі. Як з такімі вінтоўкамі ваяваць, ніхто не задумваўся. Усе былі ў палоне рамантыкі. Хацелася зрабіць нешта гераічнае, незвычайнае. У вылоўліванні парашутыстаў мы покуль што бачылі страшэнна цікавы занятак. Калі я сабе ўяўляў, як будзем іх, гадаў, вязаць, забівала дыханне.

Сябры мае акапаліся, выслалі вывернутую зямлю травой і са святочным хваляваннем азіраліся навокал. Я быў з кулямётам і сваю ячэйку абклаў нават дзёрнам, паслаў напарніка — аднакурсніка Ложачніка — на хутар адносіць рыдлёўку, а сам пачаў азірацца таксама.

Перад намі за шашой зелянела дуброва. Адтуль мы чакалі парашутыстаў. Злева ў летнім марыве раставалі ўзгоркі. Справа віднелася панарама Навагрудка. Там на гары ў прысадах бялелі тэрасы дамоў, вежы касцёлаў. Зіхацелі на сонцы пазалочаныя цыбуліны царквы. Выставіў два амшэлыя зубы замак Вітаўта. З жоўтай лысінай пяску на самым версе маўкліва ўзвышаўся курган Адама Міцкевіча. Я адчуў да яго цёплую спагаду, любоў.

Будзьце спакойны, там, у горадзе, парашутыстаў не дапусцім!

Поўны рашучасці і нейкай унутранай сілы ад слушнасці сваёй справы, я зноў павярнуўся да дубровы і шашы.

Была нядзеля.

На хрыбце Наваельненскай дарогі вярталіся з горада па-святочнаму апранутыя сяляне. Тарахцелі на каменнях фурманкі. Ішла моладзь, дзяўчаты мільгалі лыткамі: туфлі і панчохі па адвечнаму звычаю неслі ў руках. Усе вярталіся з горада крыху расчараваныя. Ужо ўсім вядома было пра вайну, людзі спадзяваліся ў горадзе пабачыць яе праявы, а даводзілася вяртацца ў вёску ні з чым. І тут на полі ў ровіках — ні то вайсковыя, ні то цывільныя.

Людзі з прагнай цікаўнасцю вылуплівалі на нас вочы. Мае сябры адчувалі гэтыя позіркі і раслі. Хлопцы стараліся захаваць шык.

Вунь Лёве Васілеўскаму прыліпла да калашыны травінка, ён трэпле штаны, папраўляе старанна адпрасаваны кант. Коля Жураўлёў — сірата, уся яго вопратка на ім. Каб не запэцкацца ў сыры пясок і гліну, ён падкладае пад сябе газеты, лісткі сшыткаў.

Тыя, што далей, дражніліся з дзяўчатамі.

Не какетнічалі толькі старшакласнікі. Гэтыя ляжалі групкай недалёка ад мяне і стрымана гаварылі.

— Што робіцца, што робіцца!..— не мог супакоіцца Валодзя Арцюх.

— Чорт адзін ведае! — абураўся сталы мужчына Нос.— Вярнуўся мой бацька з Брэста: сваімі вачыма стары бачыў на станцыі, як у Германію ішоў эшалон пшаніцы!

— Гады! Нажэрліся нашага хлеба і пайшлі на нас вайной!

— Яшчэ невядома. Ведаеш, колькі ў Германіі было камуністаў? Шэсць мільёнаў галасоў атрымалі яны на выбарах! А з сем’ямі палічы, колькі людзей будзе! Нямецкі народ не дапусціць да яе.

— А гэта па-твойму — што?

— Генералы.

— Ха, «генера-алы»!

— Яшчэ пабачым, як яны ўтрымаюць сваіх салдат. Тыя ж усе — з рабочых і сялян. Пяройдуць на наш бок і хто ваяваціме?

— Можна адурманіць.

— Адурманіш аднаго-два, не мільён!

— Учора пасля экзаменаў пабралі мы з Вольгай плашчы ды пайшлі ў лес на цэлую ноч... Цёпла так, камароў яшчэ мала, салаўі заліваюцца... Ідзём назад ды раптам недзе ў Слоніме — бум! бум! бум!.. Прылятаем у горад — манеўры, кажуць. Мы, дурні, і паверылі. Разышліся па пакоях спаць...

— Мане-еўры! Колькі нашых самалётаў ляснула ў Лідзе на аэрадроме адразу!

— А ты бачыў? — на курсантаў наляцеў абвешаны значкамі «Варашылаўскага стралка», ГПА, АСАВІЯХІМА сакратар камітэта камсамола Мароз — чорны, як жук, вёрткі і нізенькі вучань першага курса.

— Параненыя казалі. Сам чуў, калі іхняя машына спынілася ля фінтэхнікума...

— Слухай, што скажуць. А будзеш плесці глупства — пагаворым з табой у іншым месцы!

— Паду-умасш, начальства мне такое!

— Ну і начальства табе сёння, зразумеў?

— Куды там!

— Пакудыкай... А ты сядзіш?

Апошнімі словамі разагрэты Мароз звярнуўся ўжо да мяне і адвёў вочы: у нас з ім асабістыя парахункі.

— Сяджу! — сказаў я з выклікам і яшчэ мацней сціснуў выглянцаваны прыклад, каб Мароз не ўздумаў часамі адабраць кулямёт.

— То глядзі до-обра! — варожа заявіў ён і пайшоў аглядаць іншых.

— Няма горш, калі выскачку назначаць начальнікам! — вылаяўся Нос.

І мне было непрыемна слухаць яго палоханні.

Нядаўна падаў я заяву ў камсамол, і мне адмовілі. Старая гісторыя: бацька меў шмат зямлі, для камсамола не падыходжу. І няважна, што я быў падпольшчыкам, што бацька сядзеў у турме пры Польшчы і лічыўся членам партыі: гэта яшчэ горш, бо КПЗБ была распушчана, ёй кіравалі ворагі народа ды шпіёны. Вярнуў заяву якраз гэты самы Мароз, яшчэ зазначыў: у яго бацькі зямлі было ў дзесяць разоў меней, ён пра гэта не забудзе.

З сённяшняй раніцы адбылася магічная перамена.

Я ўраз забыўся на абразы. Іваноў яшчэ і раней адчуваў да мяне сімпатыю. У яго я бываў запявалам, правафланговым. Ён даручаў мне групу на вучэнні. Цяпер пачцівы стары вырашыў, што і на кулямётчыка я больш падыходжу, чым выскачка Мароз, які вунь бегае ды прыдзіраецца да хлопцаў. Горды такім даручэннем, я прыліп да прыклада, не вельмі на каго ўзіраўся і не надта прыслухоўваўся.

 

2

Мінула гадзіна, другая, а ў нас нічога не мянялася. Я ўспомніў бацькоў. Яны былі адгэтуль за дзве сотні кіламетраў — ля самай савецка-германскай граніцы. Што там робіцца?

Што робіць бацька? Мо ў абоз забралі...

Паўсталі перад вачыма нямецкія часці, якія ўвайшлі ў маё Страшава ў верасні 1939 года. Арганізаваныя, падцягнутыя. Згуртаваныя адной мэтай, падпарадкаваныя камандзіру і халодна ветлівыя, па-вайсковаму фарсістыя і закаханыя ў зброю...

«Пяройдуць на наш бок? Чакай! Занадта ўпэўненыя і самаўлюбёныя былі яны тады. А пасля занялі Францыю, Бельгію, Галандыю, Балканы...»

Наша каманда з дзіравымі вінтоўкамі здалася да смешнага слабой. Недзе пад сэрцам узрадзіўся і пачаў разыходзіцца па целе жудасны страх.

«Аднак паміж намі і немцамі — сцяна савецкіх войск з танкамі, самалётамі!» — пераконваў я сябе, ведаючы, дзе стаяць нашы часці на працягу двухсот кіламетраў. І хоць гэтыя тысячы вясёлых хлопцаў у шэрых шынялях яшчэ не мог уявіць сабе ў суровых ваенных абставінах, але ўжо адзінкай магутнай арміі адчуваў сябе і я. Калі хто з фашыстаў і прарвецца праз такую сцяну, то няхай лезе на акоп — перад маім кулямётам будуць класціся покатам, як снапы...

Покуль я сабе так разважаў, маладзейшыя хлопцы пачалі ўжо дурэць, ганяць адзін другога па полі. З ноткай зайздрасці пачалі чапляцца і да мяне:

— Толькі зірні на яго!

— Аляксей, яшчэ карані пусціш!

— Чаго маўчыш?

Сябры лічылі мяне крыху фанабэрыстым. На самай справе з-за крыўды я проста быў замкнёны, маўклівы.

— Лепш памаўчаць, калі няма чаго сказаць!

Лёва запусціў у мяне грудай, але я не звярнуў увагі.

Вярнуўся Ложачнік.

Аб ім чамусьці склалася думка як аб хлопцу несамастойным, ніхто да яго сур’ёзна не ставіўся. Каб не блытаўся па полі, Іваноў вызначыў Ложачніка да кулямёта другім нумарам. Занёсшы на хутар рыдлёўку, хлопец цяпер упаў ля торбы з дыскамі, насцярожана і ваўкавата азірнуўся, ці яго не бачаць. Тады дастаў з кішэні чарэшні, пачаў есці. Пасля вагання некалькі ягадзінак працягнуў мне:

— На!

Чарэшні былі зусім няспелыя, а ў Ложачніка рукі — брудныя, з бародаўкамі.

— Не люблю кісляціны.

— Як сабе хочаш...

Зводдаль з чырвоным крыжам на сумцы перакладала бінты Зіна Маслоўская. Яна ўжо служыла санітаркай у нямецка-польскую вайну, і цяпер твар у дзяўчыны быў заклапочаны, сур’ёзны, як у сталага чалавека, які перажыў не адну бяду і вось — чакае наступнай.

Зіне памагала пляменніца нашага Іванова — Люся.

Ля дзяўчат прымасціўся Валодзя Касцюк. Адзін гэты хлопец ведаў мае таямніцы і разумеў.

Зіна з Валодзькам больш чым сябравалі. Цяпер яны нічога не бачылі і адчувалі толькі адно аднаго. Касцюк, паклаўшы ля сябе вінтоўку, рысаваў Зіну і агрызаўся з хлопцамі, якія цераз яго рукі заглядалі ў блакнот.

Валодзька мяне раўнаваў да Зіны. Дарэмна. Ні Касцюк, ні хто іншы нават не падазравалі аб існаванні асобы, якой была занятая мая душа. Уласная таямніца яшчэ больш паднімала мяне ў сваіх вачах.

З далёкага ровіка Жураўлёў зацягнуў:

 

 

Heimat Land, kein Feind soll dich gefehrden!..*

 

 

Нямецкія словы надта прыйшліся да густу. На ўроку замежнай мовы, як на тое, вызубрылі іх усе групы вучылішча, і цяпер дзесяткі галасоў падхапілі песню, агорнутыя хваляй патрыятычнага ўздыму.

Каб дасаліць Жураўлёву, Лёва Васілеўскі пачаў з пафасам скандзіраваць:

 

 

Ты ме-ня, Ро-ди-на, в бой пос-ла-ла!

В пер-вой боль-шой вой-не!

Ты мне вин-тов-ку в ру-ки да-ла —

Цель у-ка-за-ла мне!

 

І тут вучні раптам сціхлі,

 

* Широка страна моя родная!.. (ням.)

3

Як толькі змоўклі галасы, я павярнуў галаву.

На шашу ўзбіраўся Іваноў. Ён узлазіў на яе задыханы, махаў рукамі і крычаў нам:

— Во-оздух! Во-оздух!..

Гэтае слова стала потым на вайне страшным. Пачуўшы яго, ты аўтаматычна і з усяе сілы кідаўся ў роў ці ў яму. Тады ж яно яшчэ ў нас не вырабіла рэфлексу. Мяне нават здзівіла — што стары мае на ўвазе, які «во-оздух»?

Запанавала напружаная цішыня.

Прыслухаўся і я. Заліваліся жаўрукі. Звонка і на адной ноце звінелі конікі. Ляскацелі колы фурманкі па бруку. І раптам у гэтыя гукі ўварвалася гудзенне.

— Самалёт? — віскнуў нехта з радасным, даўно чаканым здзіўленнем.

Усе ўскочылі з месц, пазадзіралі галовы і з узбуджанай цікаўнасцю сталі дапытвацца:

— Дзе, хто бачыць?

— Во-о, шпарыць!

— Гарыць!

У нервозных галасах хлопцаў адчувалася пераможная радасць — чаго так чакалі цэлым педвучылішчам, убачылі першыя.

— Падбілі, сволачы!

— Нічо-ога, на сваёй тэрыторыі, сядзе!

Нарэшце ўбачыў самалёт і я.

Машына дзіўнай канфігурацыі — тонкая, няскладная, з цёмнай афарбоўкай — імчала проста на нас, валакла за сабой чорны і доўгі хвост дыму. Ад яе раптам аддзялілася якаясьці кропка, пачала аддаляцца.

— О, штосьці выпала!

— Вымпел!

— Лётчык выскачыў!

— Жывы-ы!

Сапраўды, кропка ўжо знерухомела на небе, а над ёю ўзняўся белы парасон.

Самалёт апісаў вялізную дугу і грымнуўся ў дуброву. Там бухнула, бытта разарвалася бомба. Над дрэвамі ўзняўся шэры грыб дыму і ляніва пачаў распаўзацца на бакі.

Да нас спакойна спускаўся парашутыст. Стала ціха, і здалося — мы чуем, як над галовамі шархацяць стропы белага парасона. А яшчэ здавалася, што парашутыст выскачыў тут спецыяльна і спяшаецца да нас, каб нешта пільнае сказаць. Усё было нечаканым, розум не мог звязаць бачанае ў адно цэлае, інакш можна было б падумаць — тады навошта лётчык даў самалёту ўпасці?!

Чалавека ветрам адносіла за дарогу. Калі ўжо можна было разгледзець падэшвы на ботах парашутыста, вучні сарваліся і памчалі да месца прызямлення.

Усё, што звязана з авіяцыяй, для мяне было напоўнена надзвычайнай рамантыкай і прывабнасцю. Мая мара — хоць дакрануцца да самалёта, хоць паўзірацца на яго зблізку. Я разумеў, што павінен заставацца ў ровіку, бо дам лішні повад Марозу лаяцца, але нічога не мог з сабой зрабіць. Нястрыманая сіла падмыла мяне таксама.

Я схапіў «дзягцяр», не адчуваючы нават цяжару, паляцеў за хлопцамі.

Грэбень дарогі перашкаджаў мне бачыць момант прызямлення. Калі я ўзабраўся на шашу, парашут на раллі паволі ўжо патухаў і ператвараўся ў разасланую на траве для прасушкі бялізну. Уражала — не такі ён і белы зблізку. Хутчэй — шэры, як суравое палатно.

Падзівіўшыся з парашута, стаў я разглядаць яго гаспадара.

Вайсковец ужо скончыў адчапляць лямкі. Першыя хлопцы, якія да яго даляцелі, перапалохана рванулі назад.

Лётчык падняў рукі, гэта быў — немец!!!

Мяне таксама агарнуў страх, падагнуліся ногі. Ля мяне застыў Іваноў: і ён быў ашаломлены.

Першым ворагам аказаўся малады атлет, апрануты ў чужога пакрою уніформу, з сярэбраным арлом і свастыкай на грудзях, чатырма чайкамі на лацканах і з бліскучымі жоўтымі папругамі. Паднятая далонь лётчыка крывавіла, спалоханы твар сіліўся ўсміхнуцца.

Іваноў закрычаў:

— Ну, чаго стаіце, абяззброіць!

Касцюк выставіў на немца штык вінтоўкі з прасвідраваным патроннікам.

— Адбірайце пісталет, ну!

На першым курсе вучыўся мужчына са смешным прозвішчам — Нос. Ён скочыў да лётчыка і нязграбна, хвалюючыся, пачаў расшпільваць жоўтую папругу з кабурой. Нос быў з Касцюком з адной вёскі. Валодзя яго супакоіў:

— Коля, не спяшайся!

Па ўзбуджаным голасе Касцюка было відаць — сам ён хвалюецца не менш.

Каля мяне прытаіліся анямелыя дзяўчаты.

— Маслоўская, зірні, што ў яго! — загадаў выкладчык.

Зіна кінулася з насыпу, узяла немца за руку. Люся хапілася адкрываць у Маслоўскай сумку.

— Ы-ых, як разарвала далонь! — паспачуваў нехта.

— Es schmerzt?* — скрывілася Зіна, бытта пакалечыла далонь сама.

— О-оў, на-айн! — узрадаваўся немец.

Ад таго, што загаварылі з ім па-нямецку, ён адразу пасмялеў, стаў як бы яшчэ вышэйшым.

— Асцяро-ожна ты яго! — раіў нехта Зіне.

— Яму баліць жа! — закрычалі ўжо з усіх бакоў.

Лётчык прыязна ўсміхаўся, перавёў позірк са штыка на Зіну, на яе рукі, якія з паспешлівасцю бінтавалі далонь, на Люсю. Вакол моўчкі тоўпіліся вучні, у іхніх вачах я заўважыў не толькі здзіўленне, але і захапленне.

Яшчэ я злавіў сябе на тым, што калі мы адышлі ад перапуду і ўсвядомілі — з неба ўпаў нам у рукі жывы нямецкі лётчык,— нам страшэнна захацелася перад ім паказацца, якія мы культурныя, гуманныя і незлапомныя.

— Не тапчыце парашута! Васілеўскі, збяры яго! — закамандаваў Іваноў ды кінуўся з шашы таксама.

Пасыходзіліся ўжо і сяляне. Дзядзькі таксама глядзелі, як Зіна перавязвала немца. Каторыя стаялі бліжэй, шапталіся, нібы не хацелі немца абразіць. Маладая жанчына ў сіняй сукенцы падняла дзяўчынку гадоў чатырох:

— Во, Манечка, немец, глядзі!

— А чаму ён — не-емец?

— Такія людзі, дачушка, так называюцца...

Селянін з бутэлькай алею ў кошыку заўважыў кабеце:

— Ты бачыш, як на ім усё блішчыць?! Халера яго не ўзяла, ладны, нічога не скажаш...

— Але, фа-айны! — згадзілася і маладзіца.

Дзядзька папрасіў Зіну:

— Сястра міласердзя, спытайся ў яго па-нямецку, чаго яны супроць нас вайной ідуць, якога ражна ім трэба?

І тут мяне нібы ўкалолі.

Вось цяпер і настаў той момант, з якога пачалася для нас вайна.

 

* — Баліць?

4

Ля сонца я хутчэй адчуў, чым убачыў, злавесныя цені, і ногі самі панеслі мяне з шашы. Я паспеў толькі віскнуць нейкім танклявым і не сваім голасам:

— Самалёты!

І зараз жа пачуў за сабой напружаную і напалоханую тупатню.

Не памятаю, як даляцеў на агнявую. Калі падаў у ровік, над намі ўжо раўлі чужыя самалёты. Паспеў яшчэ заўважыць, як злева з разбегу ныралі ў ровікі хлопцы — нібы яны былі гумавыя. Іншыя лёталі па полі, не ведалі, куды падзецца. Я зараз жа страціў сяброў з вачэй, забыўся пра іх — пачало адбывацца нешта жудаснае.

У момант паветра напоўнілася злосным выццём, дымам і пылам. Страшэнна забухала, ходырам захадзіла зямля і застагнала, бы перапалоханы чалавек:

— Ух! Ух! Ух! Ух!..

Наступіў канец свету.

Рэшткамі свядомасці я адчуў, як у мяне мутнее розум, знікае воля, а душы цесна ў целе ад бяссілля, што нічога не магу зрабіць, каб адхіліць гэтае страхоцце. Здавалася, самалёт са смяротным ладункам наязджае менавіта мне на плечы. Я нават злаваў, чаму пясок не расступаецца, не дае магчымасці глыбей залезці ў зямлю. Ля вуха адчуў цвёрды прыклад кулямёта, мільганула кволенькая, як цень, думка — дзеля чаго ён тут, ды нехта подлы і ўсемагутны, бязжаласны і злы з лёгкасцю гэтую думку змахнуў ды прымусіў клапаціцца толькі аб сабе. Ногі былі наверсе, я ўцягнуў іх у ровік, галаву накрыў рукамі.

Не ведаю, колькі часу быў у палоне жаху.

Праз грукат і землетрасенне, памалу, вельмі памалу мной авалодала здагадка, што з цэлага педвучылішча на ўсім гэтым прасцягу поля паміж дубровай і Навагрудкам толькі ў мяне кулямёт, і трэба з яго страляць.

Я паступова прачынаўся ад страху.

Ну і што, калі бамбяць? Неяк жа страляюць і пры такіх умовах!.. Праз суцэльнае выццё і грукатанне я ўжо стаў вылучаць выбухі, шастанне кінутых з магутнай сілай веерчыкаў пяску, мяккі ўдар грудак. Стала не так страшна.

Я ўжо нават спалохаўся за баязлівыя думкі і паніку і тут жа ўзрадаваўся — ніхто іх не бачыў. Пацягнуў «дзягцяр», адчуў цяжкасць жалеза і вагу поўнага дыска, прыставіў адпаліраваны прыклад да пляча.

Адразу зрабілася лягчэй.

Чамусьці не на стрэльбішчы, а толькі цяпер так сваім нутром адчуў сілу, скрытую ў мікраскапічнай дакладнасці сталёвага механізма, у жоўтых патронах са злосна наёжанымі чорнымі кулямі, якія эканомна сціснула затоеная спружына ў талерцы дыска. Ужо нецярпелася, каб сіла гэтая сіганула ўверх па самалётах. Я сеў, развёў ногі, узняў рулю і стаў угары шукаць ворага.

Нарэшце ўбачыў цэль: ля сонца — маленькі чорны крыжык. Ліха на яго, няўжо гэты пыл і грукат праб’юць кулі і даляцяць вунь туды і зробяць яму шкоду?! — закралася сумненне.

З узнятым кулямётам цэнтр цяжару прыходзіўся мне па плячы — корпус валіла назад, задзіраліся ногі. Пры стральбе будзе яшчэ аддача. Не цалкам перакананы ў карысці таго, што раблю, узлез на бруствер і сеў. Тады ўпёрся наскамі чаравікаў у сценкі ровіка, паклаў локці на жывот і пачаў вадзіць ствалом за машынай, трымаючы мушку, як мяне вучылі, на цэлы корпус самалёта ўперад...

Ліха на яго, мушка таўсцейшая за чорны крыжык!..

Стрымаў дыханне, націснуў спуск. Прыклад не ўздрыгануў, кулямёт не стрэліў.

Ужо забыўся на страх. Я быў у палоне азарту. Адчуваў страшэнную прагу пырснуць усю сілу дыска па ворагу. Паспешна пастукаў кулаком па затворы, здзьмуў з яго пясчынкі, пацягнуў нават па ім рукавом, прыцэліўся яшчэ раз і зноў націснуў спуск.

І цяпер кулямёт не стрэліў.

Я нават заглянуў у рулю — мо не чуў чаргі?.. У канале ствала блішчалі кроплі масла.

У адчаі я азірнуўся.

Каля мяне валялася торба з дыскамі, а побач — ні адной душы. Па-ранейшаму ўзляталі слупы чырванаватай і тлустай зямлі. Пясок ляцеў у вочы, секлі па твары каменьчыкі, а праз усё гэта, як дэманы, па небе снавалі чорныя цені.

Я зноў узяўся за кулямёт. Спускавая скаба спружыніла, я даціснуў яе да адказу.

Стрэлу не атрымалася.

 

5

Паступова ўсё сціхла. Некуды падзеліся самалёты. Абсела зямля. Стала чуваць, як звініць у вушах. Нада мной вырас Іваноў. Настаўнік падабрэлым і змененым голасам спытаўся:

— Алёшка, ты страляў?

— Кулямёт адмовіў!

— Не можа быць, я сам яго правяраў, пакажы!..

Стары павярнуў яго ў руках, шчоўкнуў засцерагальнікам.

Толькі цяпер я ўбачыў сваю памылку і ад сораму ледзь не згарэў.

— На! — са спачуваннем вярнуў мне зброю настаўнік.— Нічога, вайна толькі пачынаецца, другі раз напэўна не забудзеш!.. Але што ты зробіш такой зброяй ім — зенітку трэба!.. А дзе твой напарнік?

На самай справе, дзе ён?

Крануты прадчуваннем, пачаў трывожна азірацца. Хлопца нідзе не было.

Навокал дыміліся яміны з жоўтым і белым пяском на дне. Чуўся моцны смурод серы, гарэлага жалеза, бітага каменя. Над полем лена ўзнімаліся празрыстыя сіняватыя хмаркі з усечанымі конусамі. На тэлеграфным дроце гойдалася нейкае ашмоцце. У прыдарожных вербаў голле было перакручанае, лісты вывернуты, вербы здаваліся раптам пасівелымі. Па дарозе імчаў конь і ашалела хроп. У яго хамуце тырчалі кавалкі аглабель, канцы якіх бялелі свежым дрэвам.

Бомбы рваліся ўсюды, але ў ровікі не трапіла ніводная. З вучняў не хапала толькі майго напарніка. Засыпала выбухам, няйначай. Да Ложачкіна я адчуў братэрскую спагаду і жаль. Дзе яго засыпала? Перакопваць усю выварачаную зямлю не было сэнсу.

З ровікаў павылазілі ўсе нашы. Сябры выплёўвалі пясок, абтрасаліся і не верылі сваім вачам, што жывыя. Якім жа далёкім і наіўным здаліся цяпер тыя клопаты і разуменні, якімі жыў кожны з нас усяго якіх сем-восем хвілін назад!

Жыццё стала дзяліцца раптам на два перыяды — да бамбёжкі і пасля яе.

З-за шашы выглянулі дзяўчаты — запэцканыя, змененыя, ледзьве іх пазнаць. Убачыўшы свайго дзядзьку, Люся прыстала да старога з істэрычным плачам, нібы да галоўнага вінаваўцы:

— Чаго вы тут стаіце? Чаму нашых самалётаў не выклікаеце?

— Люська, ты жывая? — кінуўся да яе Іваноў, толькі цяпер успомніў пра сваячку.

Тая яго не слухала. Вочы дзяўчыны блішчалі дзікім абурэннем.

— Чаго, чаго-о вы тут стаіце?! Чаму нашых самалётаў не выклічаце? Дзе нашы самалёты?! Чаму вы нічога не робіце, каб іх выклікаць? — стала яна роспачліва малаціць кулакамі дзядзьку ў грудзі.

— Вало-одзя! — з надрывам ускрыкнула Зіна і кінулася да Касцюка.

Хлопец злавіў яе ў абдымкі.

— Паглядзі, што на шашы робіцца!.. Я нічога ўжо там не магу дапамагчы!.. Бо-ожа мой, бо-ожа, што натвары-ылі!

Мы ўзляцелі на насып і анямелі.

На бруку ляжаў селянін. З яго бутэлек павольна цякла залацістая вадкасць і тлустым пухіром збіралася паміж каменняў. Побач у сініх абрыўках і ў мокрай рудой пляміне ляжала без ног жанчына. Рот яе то адкрываўся, то закрываўся — нібы ў рыбіны, якую вынялі на лёд. З-за кювета крычала дзяўчынка:

— Мамка-а, я баюся-а! Мамка-а, у мяне кроў на ножцы-ы!..

Я з жахам здагадаўся, якую жанчыну кліча малая.

— Во дзе яны! — ужо з варожасцю сказаў Нос і паказаў у бок Навагрудка.

Над горадам, не спяшаючыся, кружылі самалёты. Яны заходзілі адзін аднаму ў хвост, выцягваліся ў ланцужок, прыцэльваліся і пікіравалі на цэль. Скінуўшы бомбы, з-над зямлі машыны рэзка ўзмывалі ўверх, натужліва вылі маторамі. У Навагрудку дуднела, бытта там хто скідаў агромністыя лісты жалеза. У пару месцах над дамамі ўзнімаліся слупы ні то пылу, ні то дыму.

Ага, трапіць у цэль яму не так і проста, трэба раней рабіць складаны манеўр. І сектар, якому пагражае самалёт бомбай, зусім маленькі. На фоне ўсяго абшару — от, такія сабе іголачныя ўколы: адзін дом, адзін падворак, шырыня вуліцы...

Самалёты ўжо былі для мяне звычайныя варожыя машыны, якія прыперліся сюды нахабна і вось хочуць нашкодзіць нам. Я адчуў сябе страшэнна вінаватым — гэта ж я іх адпусціў жывымі!.. Хоць лажыся і цяпер выпусці ў іх дыск. Хіба толькі, каб апраўдацца, бо да цэнтра горада адгэтуль кіламетраў з тры.

 

6

Праз хвіліну я з Касцюком вёў у Навагрудак палоннага. Кулямёт узяў Нос, цяпер у мяне — Касцюкова вінтоўка з прасвідраваным патроннікам, а ў Валодзі — нямецкі пісталет.

Хутка на шашы ўбачылі мы наладкаваную мэбляй і дамашнім скарбам машыну. Сярод усяго гэтага дабра, абняўшы люстры, тырчала ў зімовым паліто разапрэлая, з распушчанымі валасамі жанчына. Няйначай, машына ішла здалёк, з-пад граніцы. Ля колаў машыны ляжаў чалавек у саматканым пінжачку. Адна рука ў яго была выкінута ўперад, далонь ляжала на пакеце, абшытым палатнінай. На баку гэтай, мабыць, пасылкі старанна выведзены хімічным алоўкам адрас: «Магадан, п/я 76 648, Корзуну Михаилу Васильевичу».

Я ўбачыў, як у ноздры чалавеку бяспечна палезла бойкая зялёная муха, і ўсё зразумеў.

Да кузава з апошняй сілы валокся баец. Твар у крыві, замест падбародка — крывавая рана, ён прытрымліваў яго жменяй, а ў другой была вінтоўка. Баец замычаў, замахаў вінтоўкай — прасіў узяць яго ў кузаў.

— Васька, хутчэй, нягоднік, заводзь машыну, запэцкае мне ўсё крывёю! — залямантавала жанчына і забарабаніла ў шафёрскую будку.

Машына папырхала маторам, скрыганула каробкай хуткасці і стала аддаляцца, пакінуўшы ашаломленых салдата, мяне і Валодзьку. Я гатоў быў невядома што зрабіць, а тут яшчэ ўзіраўся палонны. Немец глядзеў з цікавасцю, з вінаватым адчуваннем.

— Стой! Сто-ой... тваю маць! — закрычаў аж пасінелы ад абурэння Валодзька і хапіўся за жоўты кабур.

Машына набірала хуткасці, уз’язджала ўжо на пагорак.

Касцюк нязграбна выняў парабелум і са злосцю пачаў яго тузаць. Нарэшце ўзвёў.

Тах! Тах! Тах! — не надта моцна, як з пугача, у густым застылым паветры пачуліся пісталетныя стрэлы.

Машына была ўжо на гары. Затым яна пачала хутка правальвацца, нібы яе знізу падсякалі.

— Гады! — у бяссіллі ледзь не заплакаў Касцюк і затрос кулаком.

Над дарогай яшчэ патырчала, нібы самавар, самотная жаночая фігура, але раптам правалілася некуды і яна.

Узялі мы параненага і павалакліся ў горад.

 

7

Немцы доўга не заглядвалі ў Навагрудак. Яны прарваліся з поўдня па дарозе Баранавічы — Мінск, з поўначы — па шашы Ліда — Маладзечна, утварыўшы такім чынам «навагрудскі кацёл». Пачалася запозненая эвакуацыя. У педвучылішчы не стала настаўнікаў — яны павезлі сем’і на ўсход.

Некалькі дзён мы самі сабе шукалі занятак. Нарэшце я з вучнем другога курса Мікалаем Жураўлёвым накіраваліся ў ваенкамат.

Ваенкома, капітана Волкава, атакавалі жанчыны:

— Сынок, што я на гэтых шаснаццаць рублёў зраблю? — дакарала яго нейкая бабуля, трымаючы за рукі дзве заплаканыя дзяўчынкі.— Мы выскачылі з дому як стаім, ад самага Гродна і расінкі ў роце не мелі, а колькі нам яшчэ ехаць!..

— Мамаша, рускім языком кажу — больш выпісаць дапамогі не маю права! — цярпліва тлумачыў стомлены ваенком.

— Скажыце, калі, нарэшце, пададуць машыны? — пыталіся жонкі афіцэраў.— Мо нам лепш самім дабірацца? Так і аб’явіце народу!

— Вечарам адпраўлю. Вечарам... Авіяцыя цяпер лютуе...

— Адправіце, праўда?

Нам было шкада старой, яе ўнучак, жанчын. Мы спачувалі і капітану. Таму слухалі і цярпліва чакалі. Нарэшце падвартавалі момант і звярнуліся да яго.

— Куды я вас дзену, хлопцы? — цяжка ўздыхнуў ён.— Я не ведаю, куды адправіць нават мабілізаваных. Сувязі няма, дарогі перарэзаны... Сам чорт не разбярэ, дзе тут што...

Капітан сказаў гэта так, каб не чулі жанчыны. Нам палесціла, што ён заводзіць з намі сакрэты, гаворыць, як з людзьмі са сваёй кампаніі.

— То што ж мы павінны рабіць? — ужо смялей падступіліся мы да яго.

— Лепш валяйце дадому, не блытайцеся пад нагамі,— разгневаўся ваенком.— Там і чакайце загаду!..

Лёгка яму сказаць! Мая вёска за дзвесце кіламетраў на захад. Там ужо даўно немцы. А Мікалай — сірата, яму зусім ісці няма куды.

Але болей мы не рашыліся прыставаць да ваенкома. Павярнулі ў інтэрнат. Там сабралі торбы і ўліліся ў натоўп, які плыў дзень і ноч на ўсход.

 

8

Праз некалькі дзён дарога мяне так стаміла, што навакольнае даходзіла да маёй свядомасці нібы праз сон.

Пад Стоўбцамі забрылі ў апусцелую вёску піць ваду. Чамусьці нас агарнула трывога, і мы сталі азірацца.

За гумнамі па дарозе Баранавічы — Мінск упэўнена, не надта спяшаючыся, валілі незвычайныя машыны з салдатамі ў зялёна-шэрым адзенні і добра вядомых мне яшчэ з 1939 года касках.

Салдат абганялі матацыклісты.

З кароткімі хобатамі гармат сярдзіта раўлі маторамі танкі.

Па ўзбочынах з закасанымі да локцяў рукавамі і з засаджанымі пад пагон пілоткамі рытмічна крочылі ў калоне па тры салдаты ды высвіствалі на тры галасы мелодыю.

Харавы свіст, незвычайнай канфігурацыі танкі, машыны і тое, што гэтая чужая лавіна так спакойна і ўпэўнена валіла менавіта на ўсход, дзе дагэтуль былі ўсе твае думкі, вярнула да жудаснай рэчаіснасці.

Вось яно, пачынаецца!

— Ком! Ком! — ад кулямёта пад плотам паклікаў нас нямецкі заслон, які мы толькі цяпер заўважылі. Салдат з царскай упэўненасцю падзываў рукой.

Мяне агарнуў страх, горла здушыў камяк: тваё толькі да плота, а далей — няволя, чужы свет, вораг!..

Аднак і я і мае сябры пайшлі.

Салдат прыўзняў нам шапкі, паўзіраўся, ці не стрыжана галава. Зазірнуў нават у кашулі, пашукаў вайсковых штампаў і толькі тады перадаў нас другому немцу. Той завёў усіх на суседні падворак і напісаў пропуск — адзін на ўсю кампанію, закрычаў па-нямецку:

— Марш дадому! Жаць, малаціць, сеяць! Марш з вачэй, толькі хутка!

Колькі было знявагі ў яго словах! Ён нават нікому не глянуў у вочы, абыходзіўся, бы з жывёлай. Не ведаў і слова па-нашаму, а рабіў табе ласку, дазваляў хадзіць па тваёй зямлі!..

Сябры паразыходзіліся па сваіх вёсках. Я і не заўважыў, калі застаўся адзін. З роспачы, атупення і недасыпання свет стаў бачыць нібы праз слой вады, якую яшчэ і пагойдвалі. Нібы цябе перавярнулі дагары нагамі і ты глядзеў на ўсё з такога нязвычнага становішча.

Пацягнула мяне, пылінку, у родныя мясціны і пачало кідаць на хвалях падзей.

Пад Карэлічамі апрытомнеў ад стрэлаў.

Паабапал дарогі — перакопанае ровікамі жыта. Толькі што адгрымеў бой. У збэрсанай саломе цямнела і жаўцела вывернутая выбухамі зямля. Валялася некалькі забітых немцаў. Пад магутнай таполяй ляжаў радок параненых байцоў. Над імі ўзвышаўся малады унтэр-афіцэр. Немец, не спяшаючыся, цэліў з пісталета і страляў хлопцам у галовы.

Тах! Тах! Тах! — метадычна чуліся на полі пісталетныя стрэлы.

Параненыя не прасілі ў ворага літасці. З нейкай зацятай упартасцю і выклікам аскальвалі белыя зубы ў страшнай і адчайнай усмешцы — і моўчкі паміралі.

Ад жаху і бяссілля ў мяне падкасіліся ногі.

 

9

Пару дзён таму назад пакідалі мы Навагрудак, ахоплены пажарам, а цяпер застаў я паабапал вуліцы абгарэлыя сцены.

На плошчы ў ценю павялых ад полымя акацый стаялі танкі з чорнымі крыжамі на бартах. У аднаго на брані вісела зялёнае вядро з рускім надпісам: «Противопожарное». Зверху машыны былі зацягнуты вялізным кавалкам чырвонага шоўку з чорнай свастыкай у белым коле. Чырвоны колер палотнішча паспеў стаць для мяне святым, абуджаў асацыяцыі з дзяцінства, з дэманстрацый падпольшчыкаў у мястэчку Гарадок, ніяк не вязаўся ў маёй галаве з павучыным знакам свастыкі і немцамі.

Побач са мной разважалі двое сялян:

— Прыкрыліся — каб свае самалёты не зблыталі.

Чалавек нават нагнуўся і паказаў суседу гачыкі, якія трымалі шоўк:

— Глядзі, прадбачылі, халера на іх, яшчэ да вайны!

— Сваё вядро немец згубіў, то, мабыць, у Лідзе здабыў сабе на аэрадроме...

— Разведка ў іх уся або на матацыклах, або на машынах, коней ужо вывелі!..

— Падрыхтаваліся, гады, як след! Не тое што нашы...

У голасе дзядзькоў адчуваўся дакор да сваіх і зайздрасць да ворага, абурэнне: чаму б нам не быць лепшымі?!

У ценю важна вылежваліся немцы. Гэтыя былі не тыя, зусім не тыя, што ў верасні 1939-га ўступалі ў нашу вёску. Ужо — нахабіста-ўпэўненыя, бяспечныя і вясёлыя да пустаты. Яны, не спяшаючыся, апляталі каўбасу, кансервы, здаволена рагаталі і ад шчаслівага свайго ап’янення ўжо не бачылі ні прахожых, ні горада.

На вежы танкіст заводзіў патэфон. Унізе ля гусеніц стаялі дзяўчаты і скалілі да яго зубы. Бытта ў насмешку, патэфон захрыпеў:

 

Если завтра война, если враг нападет,

Если черная сила нагрянет...

 

 

Немцу нешта не спадабалася. Ён выняў пласцінку і запусціў яе ў паветра, яна чырканула па галінцы і рассыпалася на чорныя кавалачкі.

Дзеўкі паслужліва захіхікалі.

Яшчэ зусім нядаўна, калі Іваноў вёў нас з дробнакаліберкамі праз горад на стрэльбішча, а я запяваў такую ж песню, укладаючы ў яе душу, магчыма, гэтыя самыя дзяўчаты стралялі на нас вачыма, таксама двухсэнсоўна, заманліва хіхікалі і паказвалі зубкі.

З люка вылез белабрысы танкіст, куснуў яблык, заіграў на бліскучым акардэоне і заглушыў патэфон.

У гэты момант два салдаты і цывільныя тыпы з вінтоўкамі правялі па вуліцы хлопца. Арыштаваны здаўся мне надта знаёмы. Збялелы, босы, са звязанымі назад тоўстай вяроўкай рукамі хлопец жаласліва азіраўся, сустрэўся са мной вачыма, нібы прасіў ратунку.

Гэта ж — міліцыянер, я яго часта бачыў на плошчы!.. Толькі ён без гімнасцёркі і таму здаецца маладым, меншы ростам...

Аднак я не кінуўся бараніць арыштаванага. Я нават злавіў сябе на тым, што не зводжу вачэй з белабрысага танкіста з бліскучым акардэонам, і сам на сябе зазлаваў.

 

10

На лесвіцы педвучылішча нейкая жанчына прыгіналася ад цяжару.

Яшчэ за тыдні два да вайны ў падвале нашага будынка размясцілі вайсковы шпіталь. Медсёстры раскладвалі там бялізну, а для нас настала новая забава — прыставаць да іх. Дзяўчаты нібы злаваліся, кідалі ў нас што трапляла ім пад рукі і какетліва рагаталі... Немцы сюды яшчэ не заходзілі. Жанчыны цяпер разбіралі бялізну. Калі падумаць, то лепш бы гэтыя рэчы дасталіся сваім людзям, але для мяне тут было ўсё святое.

— У такі час аб нажыве думаеш?! — зазлаваў я.

— Мы не зна-алі, што няможна! — з напускным плачам занылі кабеты ды пакідалі клункі на ступенькі.

— Хтосьці вам паверыць!

— Дальбо-о, не ве-едалі!

Аднекуль вынырнуў няголены чалавек з кіпай вайсковых ватнікаў.

— А ты, камсамолец, чаго стараешся?! — накінуўся ён на мяне з налёту.— Ты што сабе думаеш?! Скончылася ўсё тваё нябось!..

— Але, міну-ула тваё, го-одзе! — асмялелі бабы і пабраліся за клункі.

— Адкрыча-алі сваё, хо-опіць!

— Адкама-андавалі!

У мяне адняло мову.

Тып прыставаў:

— Хочаш, камсамолец, я цябе зараз запяку ў турму, хочаш? Там такіх — ого!..

— Бабы тыпу падтакнулі.

Узбуджаны і злосны, крочыў я далей па вуліцы і здзекаваўся сам з сябе. Хіба не гэтага трэба было чакаць?! Камсамолец! А што? У душы я даўно быў камсамольцам — і гатоў быў за гэта адказваць.

Хацелася некага біць, лаяцца.

Крыху ніжэй нашага педвучылішча — драўляная будыніна фінтэхнікума. На двары яго праз плот я ўбачыў дзіўны малюнак і спыніўся.

За плотам сядзела напагатове з дзесяць хлопцаў у новых касцюмах і ў белых кашулях. На руках яны мелі павязкі з нямецкімі надпісамі: «ГІЛЬФСПОЛІЦАЙ». На вытаптаным валейбольным полі нямецкі афіцэр дрэсіраваў іхніх сяброў.

Чатыры хлопцы таксама ў святочным адзенні і з гэткімі ж павязкамі трымалі савецкія вінтоўкі без штыкоў і старанна выконвалі каманды: зварот улева, направа, бралі вінтоўкі да нагі, на плячо... Першы стаяў з вінтоўкай... наш Мароз!

— Лажысь! — па-руску закрычаў немец і, бытта вось-вось наступіць канец свету, напружана, паступова павышаючы голас, пагнаў іх: —Па-пластунску, марш!

У мой бок поўз Мароз. Яго вочы блішчалі радасным захапленнем і якойсьці сабачай адданасцю немцу, бытта казалі — от, ліха на яго, дае-е!

Каб мяне ніхто з паліцаяў не пазнаў, я павярнуў галаву і паплёўся па тратуары ўздоўж плота, яшчэ больш уражаны.

Дагнала мяне задыханая прыбіральшчыца з нашага інтэрната, глухаватая цётка Нюра. Яна хапіла мяне за рукаў і адцягнула ў нечы двор.

— Уцякай адгэтуль, уцякай, хутчэй! — зашаптала ўсхваляваная кабеціна.

— Чаму-у, цё-отку?!

— Спаткала ля станцыі толькі што Ложачніка з немцамі!

— Ло-ожачніка?!

— Ну да!

— Дак ён — жывы-ы?!

— Пытаўся пра цябе і Касцюка! Я сказала, што ты пайшоў на Валеўку...

Ногі мае нібы прыраслі да зямлі.

— Яны вас шукаюць за лётчыка!

— Ло-ожачнік?! — я ўсё не мог яшчэ паверыць.

Але яна больш не сачыла за маімі вуснамі, не старалася зразумець, пра што гавару.

— Бяжы, з бо-огам!..

А мы ж Ложачніку нават магілку насыпалі на тым месцы, дзе ён ляжаў.

 

11

Часці гітлераўскага генерала фон Бока так імкліва занялі Беласток і нашу мясцовасць, што людзі апамятацца не паспелі.

Яшчэ да вайны нашы хлопцы параз’язджаліся. Валодзька Кірылішын застаўся ў Кузбасе. Сашку Марцінавага і Рыгоравага Косцю ўзялі ў армію. З маладых на вёсцы засталіся толькі я ды наш Валодзька. Пачалі мы з братамі Яроцкімі з Бялявіч меркаваць, як быць далей, ды прыляцела на наш хутар навіна: Яроцкіх разарвала выбухам! З Валодзькам пабеглі мы ў Бялявічы.

Немцы выгналі людзей вазіць каменне на шашу. Мікалай Яроцкі з малодшым братам Іванам і сястрой-калекай заехалі на поле, пачалі кідаць на фурманку каменне. Адзін камень не даляцеў да воза, трапіў якраз на міну.

На стале — шырокая труна, у ёй прыкрытыя посцілкай целы братоў. Ля дамавіны кленчылі прыбітыя горам бацькі. На ложку сядзела гарбатая і памешаная дачка. Яна радавалася, нібы на вяселлі, і шчасліва выхвалялася:

— А я таксама была на полі разам, але мяне не забіла!

Мы з Валодзькам патапталіся ў сенях, паўзіраліся скрозь адчыненыя дзверы на гэты жах і, як асірацелыя, папляліся ў Страшава.

Надышлі дні адчаю і пакутлівага роздуму.

У Меляшках жыў Шурка Казёл — душа Купалаўскіх вечароў і музык. Згаварыліся мы з ім сабраць надзейных хлопцаў, хто яшчэ застаўся, і падумаць, што рабіць.

— Зайшоў я да таварыша праз пару дзён у Меляшкі, а маці яго пахвалілася:

— Дзякуй богаві, свайго Шурку мы з бацькам угаварылі. Паехаў-такі ўчора на заробкі ў Германію.

Вось гэта навіна для мяне.

Некаторыя акружэнцы папрыставалі да ўдоў.

У Ліпніках я трапіў на групу нашых салдат. Яны прабіраліся аднекуль з-пад Ломжы і зусім выбіліся з сілы. Адны, абняўшы вінтоўкі, стомлена драмалі, іншыя тупа глядзелі ў вогнішча. Быў холад, церусіў дождж, дровы не хацелі гарэць, і дзяжурны падкладваў пад іх пачкі чырвонцаў.

Па лясах і вёсках блукалі групкі са зброяй. Яны нікога да сябе не прымалі, а калі ўжо немцы заціснуць, што не вырвацца, бараніліся з адчаем смяротнікаў.

Гэтак загінула група на хутары пад Мастаўлянамі, другая — ля Пілатоўшчыны. Хлопцы адстрэльваліся, покуль былі патроны. Немцы падпалілі хаты. Пад Мастаўлянамі байцы выскоквалі праз вокны, босыя па снезе беглі з нажамі на кулямёты. Ля Пілатоўшчыны, калі не стала чым адстрэльвацца, пабраліся за рукі і спявалі «Інтэрнацыянал», покуль не абваліўся дах.

Здавалася, ты ў сне. Была такая моц — і яе не стала. Ніякія весткі з усходу не даляталі. З нямецкіх газет нічога не даведаешся — фашысты знарок не пісалі, дзе праходзіла перадавая, каб весткі не выкарыстала савецкае камандаванне. Мы сталі глыбокім тылам. Усюды былі толькі дагледжаныя нямецкія салдаты і афіцэры.

Няўжо зноў давядзецца пачынаць усё з гурткоў, з пракламацый на папяроснай паперы, з падпольных рэдакцый, патаемных сходак?

 

12

Ішлі дні, тыдні, месяцы, а нічога не мянялася.

Нашу тэрыторыю немцы далучылі да трэцяга рэйха, да правінцыі «Ост Пройзэн». Усім дарослым выдалі «аўсвайсы». Цяпер маё існаванне пацвярджалася дакументам з арлом і свастыкай.

У Гарадку віселі каляровыя плакаты, на якіх Гітлер ціснуў рукі абарваным дзецям, вясковым кабетам, прыязна ўсміхаўся, а пад фатаграфіяй стаяў подпіс на трох мовах: «Вашай асобе нічога не пагражае, калі будзеце добра працаваць!»

Аднойчы я падабраў на шашы нямецкую газету «Фолькішэр беабахтэр». З артыкула выходзіла, што Беласточчына і Гродзеншчына аж па Зэльву — старажытная нямецкая зямля, яна стагоддзямі чакала вызвалення і, нарэшце, вось дачакалася. Артыкул падмацоўваўся фатаграфіяй знаёмага да дробязей Зэльвенскага вакзала ўжо са свастыкай і чорным арлом над будынкам, а пад фатаграфіяй стаяў катэгарычны подпіс: «Ад сённяшняга дня і назаўсёды ў лоне Гаймлянду».

Немцы ўвялі нечувана жорсткія законы. Было аб’яўлена, што за непадпарадкаванне мясцовым уладам чалавека чакае расстрэл.

У Страшаве покуль што не кранулі нікога. Праявілася ўменне трымаць язык за зубамі ў момант небяспекі.

 

13

Як некалі апрычнікі Івана Грознага лічылі за ганьбу гаварыць з мірскімі людзьмі, а рымскія патрыцыі — з нявольнікамі, так цяпер фашысты размаўлялі з намі толькі рухамі пальцаў, галавы, у крайнім выпадку — камандай.

Фашыст не мог адчыніць дзверы ў хату інакш як нагой. Гонар адразу знікаў, калі фашыст бачыў, што можна пажывіцца.

У мацерыным куфры ляжаў гадзіннік, які мы з Валодзькам сапсавалі яшчэ гадоў семнаццаць таму назад. Польскія паліцыянты неаднойчы рабілі вобыск, але яго пакідалі. За падаткі апісвалі ў нас і вывозілі ў гміну рэчы, а на пачарнелую металічную сплюснутую «цыбуліну» ніхто не паквапіўся. Не паквапіліся на такую рэч і польскія пагранічнікі, калі мы з Васем Курцэвічам, уцякаючы за мяжу, захапілі яе з сабою.

Зайшоў салдат вермахта, дастаў з куфра бацькаву памятку з першай сусветнай вайны — і апусціў сабе ў кішэню. Яшчэ накрычаў на бацьку, чаму сапсаваная.

У Гарадку малыя дзеці навалаклі патронаў. З кожнай хаты, дзе знайшлі хоць адну такую цацку, немцы пабралі мужчын, вывелі іх з рыдлёўкамі ў поле. На выгляд такі сабе дабрадушны і мірны фельдфебель з пухлым тварам паспрабаваў рыдлёўкай зямлю, выбраў, дзе менш камяніцы, ботам нарысаваў на раллі квадрат, загадаў мужчынам капаць. Людзі добрасумленна ўзяліся за работу.

— Для зеніткі пазіцыі робім! — тлумачылі.

Калі яма была гатова, фельдфебель, не спяшаючыся, пазавязваў мужчынам вочы, выстраіў над ямай у радок, даў каманду салдатам, і тыя ўсіх пастралялі.

Спыніліся ў Гарадку маладыя эсэсаўцы начаваць і загадалі яўрэйскай абшчыне — «Юдэнрадзе» — прывесці ім на ноч чатырох дзяўчат. Абшчына загад выканала.

Праз дні два я ўбачыў пакутніц — Соню Цукерман, аптэкараву Фаню...

Былы даносчык — Ёзік Госцік — выйшаў з нашай ваўкавыскай турмы і зноў, ужо пры трэцяй уладзе, узяўся за свае справы.

Няўжо чалавецтва топчацца па замкнутым коле?!

Мы тут ужо болей не беларусы і не палякі, а — тубыльцы.

Школы для дзяцей тубыльцаў адкрыюць толькі пасля вайны, у іх вучыць будуць адно чытаць, пісаць, лічыць да сотні. Вышэй навука — толькі для немцаў. І не цікаўся, чаму так. Будзеш шмат думаць і дапытвацца — расстраляюць або адмераюць дваццаць пяць гумаў. Глянеш скоса на афіцэра — атрымаеш таксама. Ты не толькі тут лішні, але ты абразіў гэтых звышчалавекаў, бо карыстаўся тутэйшай вадой, паветрам, лесам, зямлёй...

Адным словам, дзяленне на гаспадароў і нявольнікаў стала афіцыйнай нормай.

Не стала ніякай справядлівасці. Няма куды скардзіцца. Для цябе, нявольніка, адзін закон — тэрор.

Было боязна ступіць і крок па сваёй зямлі. І гэта яшчэ — адно пачатак.

Нас, нявольнікаў, немцы будуць прарэджваць — як лес. Покуль што пакінулі ў спакоі, бо ў іх цяпер справы важнейшыя. Сяк-так жыві і памятай, што ты ў «Вялікай Германіі», у бастыёне культуры Заходняй Еўропы, якой гісторыя наканавала ганаровую місію — ратаваць чалавецтва ад некультурных бальшавікоў.

Табе ноччу нельга хадзіць ля сваёй хаты. Нельга чытаць газет — яны не для цябе. Нельга мець радыё, веласіпед. За ўсё — расстрэл.

І мыш прыродай створана так, што пры небяспецы кусаецца. Фашысты ж не прызнавалі за табой нават біялагічнага права бараніцца.

Пра жудасці першага паўгода акупацыі не расказаць, іх і не апісаць. Здавалася — чалавек гэтак не зможа пражыць і гадзіны. Аднак людзі жылі. Многія сумняваліся, цярпелі, трацілі веру, паступова перамагалі сябе, а гэта значна цяжэй, чым таму, хто не сумняваўся ні хвіліны.

Зрэшты, цярпелі па-рознаму. Узровень пакут залежаў ад інтэлектуальнага ўзроўню.

Некаторыя ў вайне, у акупацыі бачылі толькі невыгоду, што не стала музык, што ў Гарадку не купіш таго, што трэба...

Немцы пачалі браць моладзь на работу ў Германію. Покуль што бралі халасцякоў і незамужніх (хопіць гэтых, да вясны вайна з бальшавікамі скончыцца!). Дарослыя — юнакі і дзяўчаты — параз’язджаліся яшчэ ў мірны час — хто на Урал, хто на Данбас. Людзей не хапала, а старасты вызначаную колькасць павінны былі даць пад пагрозай смерці. Пачалі яны ў спісы ўключаць малалетніх.

Па вёсках пайшла паніка. Сяляне падкуплялі старастаў, паліцаяў, жандармерыю, каб сына ці дачку выкрэсліць са спіса. Моладзь стала «хварэць», нават калечыць сябе.

Бялявіцкая Лушка заехала ў гродзенскую бальніцу, паскардзілася — баліць «сляпая кішка». Хірург ускрыў брушную поласць, убачыў, што яго абдурылі, і зазлаваў:

— А, ты гэ-этак?! Цяпер апендыкс выражу ўсё роўна, каб ведала другі раз, як маніць!

Лушцы толькі гэтага і трэба было. Покуль немцы вывозілі яе сябровак, яна праляжала ў бальніцы.

Найбольш лёгкім спосабам застацца дома была жаніцьба. Бацькі згаворваліся, везлі сваіх дзяцей у Гарадок, вянчалі ў царкве, а потым «маладога» бацька забіраў да сваёй хаты, а «маладую» —да сваёй, а даведку аб шлюбе неслі ў камендатуру.

Гэтак выходзілі замуж і жаніліся пятнаццаці-шаснаццацігадовыя. Стрыечныя сёстры бралі шлюб са стрыечнымі братамі. Што будзе, калі «маладыя» падрастуць, ніхто не думаў, бо надоўга не загадвалі — абы пражыць да вечара.

І вось у такі час на полі мяне дагналі сані. Ехаў стары ПІусцік з сынам. Сашка служыў паліцаем, але цяпер апрануты быў у новае цывільнае паўпальтка з бабровым каўняром, у такой жа вушанцы, на нагах меў бліскучыя хромавыя боты. Царкоўны вартаўнік таксама выфранціўся, як на вяселле.

— Тррр, халера! — затрымаў ён каня і назваў мяне, па звычцы вясковых старых, па бацьку: — Добры дзень, Сцяпан!

Саступіўшы з дарогі ў снег, я адказаў на прывітанне, насцярожана чакаў.

Стары, мабыць, выпіў, бо ўвесь чырванеў, а вочы молада блішчалі. Затое сын сядзеў сур’ёзны, прыціхлы, як бы яго штосьці гняло. Школы ён так і не скончыў, выключылі яго з шостага класа. Падросшы, буяніць перастаў.

Гэта ён мяне некалі піхнуў на лёдзе, а я ганебна паскардзіўся настаўніцы. І дзіва! Калі потым даводзілася нам спатыкацца на музыках, я перад Шусцікам заўсёды адчуваў сябе вінаватым. Мне і цяпер перад ім было няёмка.

— Здаецца, Алёша яго зваць? — спытаўся стары ў сына і павёў са мной гаворку: — Пастой, Аляксей, мы цябе хочам спытацца пра нешта!

Цікава, які інтэрас маюць Шусцікі ў Страшаве?

Вылез я са снегу на дарогу, абапёрся аб сані.

— Аляксей, вы жывяце побач з Настусяй?

— Ага...

— Скажы нам праўду, як яе Верка?

Толькі цяпер я ўбачыў у санках кошык з бутэлькамі самагонкі і пахаладзеў. У мяне хочуць адабраць Верку, а я не магу гэтаму перашкодзіць!

— Пра што вы, дзядзьку, хочаце даведацца? — як бы з таго свету, пачуў я ні то свой, ні то чужы голас.

— Ну, як яна наконт таго... Ну, ці на баку ні з кім нічога ніякага, бы той казаў... Хэ-хэ-хэ-хэ!

— Та-ату, што вы ка-ажаце! — з павагай да старога сказаў сын.

Трэба было што-небудзь сказаць, штосьці прыдумаць, чаго я стаю як слуп? Трэ ўмяшацца, перашкодзіць, адгаварыць ад Настусінай дачкі. Але як? Мо аблаяць яе, абгаварыць, абы толькі паехалі ні з чым, дзяўчат на вёсках многа, ім усё роўна якая.

Трэба было, яшчэ не позна. Але я, нікчэмнасць, стаяў і маўчаў. Нават адчуў на сваім твары як бы павуцінне ўсмешкі — у тон старому.

 

14

Дні праз два зайшла да нас Настуся.

Цяпер яна не лесціла маме. Яна пахвалілася, што аддае сваю Верку замуж.

У гэты момант сядзеў я ў другім пакоі, і мама нават знарок прачыніла дзверы — во, слухай: ці не добра рабіла, калі не давала табе з ёю гуляць?!

Амярцвелы, я лавіў толькі асобныя фразы.

— А што — дзевятнаццаты год тваёй дачцэ, дзякуй богаві, самы раз замуж ісці! — ухваліла мама, здаволеная, што цяпер ужо не будзе каму круціць галаву яе сыну.

— І ў Германію не забяруць! — уздыхнула Настуся.

Мама любіла казаць людзям праўду ў вочы, не выцерпела і цяпер:

— Толькі ж, бо-ожа, чаму за паліцыянта?!

— А што? — узялася Настуся бараніць зяця.— Ён не з такіх. Нікога не забіў, не абрабаваў... От, пастаіць дзе з вінтоўкай на каравуле над яўрэямі ці палоннымі. Каб не стаяў ён, то стаяў бы хто іншы — кожнаму вядома... Чатырнаццаць гектараў зямлі мае. І зямля куды лепшая за вашу — канюшына расце, пшаніца... Двое коней, чатыры каровы, адзін сын у бацькі...

— Ну, ну, пабачым...

Настуся маму не слухала. У яе, удавы, нават прабілася гордасць — во, і яе, забітую, бедную, заўважылі: бярэ дачку чалавек заможны, якога нават усе баяцца ў акрузе. Нават ты, Сцяпаніха, прызнайся, баішся, хоць была заўсёды такая ганарыстая...

— Да нас жа прыдзіраліся гэтак жандары з-за тых байцоў, што мы з Верай перавязалі і завалаклі ў ельнік, а ён ураз ублажыў амскамісара... Калі што якое, то нават зможа за вашага Алёшку, Валодзьку ці Сцяпана закінуць пару слоў перад немцамі! — шчодра абяцала наіўная ў сваёй веры кабеціна.

Было непрыемна. Мама і сёння яшчэ не магла дараваць бацькаў грэх з ёю, сваю непрыязнасць пераносіла і на дзяцей удавы.

Я цётку Настусю шкадаваў нават і цяпер. Усё жыццё яна бадзёрылася, цярпліва чакала лепшае долі і бегала па суседзях, адрабляла,— пры ўсіх васьмі ўладах, якія за век яе змяніліся ў Страшаве.

Настуся паводзіла сябе, як той замуляны наравісты конь, які валок сані з цяжарам, а калі яму заставалася ўжо зусім блізка да мэты, дык занатурыўся. На думку забітай і непісьменнай сялянкі з агрубелымі рукамі, ёй трапляўся зяць з зямлёй, багаты, самастойны. Служыць у паліцыі? Няхай сабе, покуль што паходзіць са стрэльбай, каб не вывезлі ў Нямеччыну, хлопцы заўсёды любілі зброю.

— «Закі-іне». Ат, мілая. Думаеш, немцы з такімі лічацца? От за дурняў сабе іх маюць! — з перасцярогай заўважыла мама.

Але ўдава была ў клопатах пра вяселле:

— Купіла цэлага барана. Выгнала два вядры самагонкі... Навару мяса, настаўлю на сталы кіслай капусты з журавінамі, натру рэдзькі — няхай ядуць. А што я ім другое дам?

— Не бяду-уй, Настуся, нажаруцца і капусты з мясам і рэдзькі, чорт іх не возьме, абы гарэлкі было ўдосталь...

Удава прапусціла міма вушэй рэзкія словы мамы пра яе гасцей і ўздыхнула:

— І я так думаю. Няма дзе толькі танцаваць маладым, хата ў мяне замалая... От каб мець такую, як у вас...

Мама адразу дала зразумець, што яе гэта не турбуе: Настусіны сваты і свацці няхай танцуюць, дзе сабе хочуць.

 

15

Праз тыдзень спаткаўся я з Веркай.

Быў ціхі марозны дзень. Неба зацягнула высокімі і нерухомымі хмарамі. У полі ад марозу аж зліпаліся ноздры, а недалёкая хваінка пабялела ад шэрані. Вера ішла ў зграбным вышываным кажушку — падарунку жаніха. Пры яе паяўленні ў мяне і на гэты раз ажно падкошваліся калені, затуманіла ў галаве.

Мы набліжаліся. Убачыў я жахліва-хвалюючую глыбіню цёмна-карых вачэй і застыў як слуп.

Падвесіўшы на локаць, яна перла вялізны клунак з ватнай коўдрай і з кужэльнымі навалачкамі.

— Што, гаспадарку заводзіш? — хацеў я пакпіць, але ў мяне атрымаўся нейкі бесклапотны і пусты жарцік.

— У геце панашывала,— сказала яна зусім сур’ёзна, расчырванелая ад хадзьбы.

Покуль жаніх не прыехаў да Настусінай хаты са сватам, Верка яго не бачыла і нават пра яго не чула. Мяне заўсёды дзівіла, калі выходзілі замуж і жаніліся вось так, без сімпатыі і кахання — нібы на кірмашы выбіралі коней.

На хвіліну я авалодаў сабой, глянуў на Верку, як на звычайную дзяўчыну, але зноў анямеў.

З-пад цёплай хусткі непакорна выбіваліся на лоб заінелыя цёмныя пасмы. Смуглы прадаўгаваты твар быў распрамянёны, жывыя прыадкрытыя вусны пылалі, і над імі іскрылася на пушку некалькі расінак. Аж свяціліся роўныя зубы. Дагэтуль у яе позірку было нешта палахлівае, дзікае. Цяпер жа вільготныя і жывыя, разумныя, вялікія і свежыя — як толькі што вылушчаныя з лупіны дзіўнай чысціні спелыя каштаны — вочы блішчалі энергіяй і рашучасцю.

Верынай шыі было горача ў расхрыстаным каўняры з жоўтай аўчынкі. Голыя пальцы свабоднай рукі, нягледзячы на мароз, мякка і ласкава гладзілі коўдру. Нейкая грацыя, лёгкасць і сіла ішлі ад яе гнуткай і так знаёмай мне постаці.

— Алё-ошка, ты прыйдзі-і на маё вяселле! — загаварыла яна пакрыўджана, нібы я абяцаў прыйсці і вось толькі яна даведалася, што не хачу выканаць абяцанне.

Удалечыні грукатаў па рэйках цягнік з цыстэрнамі: немцы на фронт валаклі бензін. У нашых Лыпніках з’явілася партызанская група Міцькі Высоцкага, я нёс хлопцам у лес брусок сала, загорнуты ў мацерыну хустку. У гета, адкуль Верка перла пашыты запалоханымі яўрэямі пасаг, учора раніцой Дыгендышаў сын — Цыклоп — застрэліў аптэкараву Фаню, Цукерманаву Соню...

Я быў поўны роспачы, злосці і бяссілля.

Няўжо ты не разумееш, што тваё шчасце — нібы гэты кракаўскі кажух, садраны паліцаем, мажліва, з такой жа дзяўчыны, як ты? Чаму тое, што навокал адбываецца, для цябе такое далёкае?!

Я не змог стаць вышэй асабістай крыўды і хоць параіць, каб не слухала мацеры, не выходзіла замуж за паліцая. Я стаяў і маўчаў.

— Хто ж тады да мяне пры-ыйдзе? — упрошвала яна.— Сашкі Грушэўскага няма, Косці Рыгоравага — таксама. З нашай кампаніі засталіся толькі ты ды Валодзька... Паба-ачыш, будзе добра. І наша цётка Галена з Беластока прыедуць з мужам... Я нікога вельмі не запрашаю, бо мама не даюць доўга гасцяваць — толькі адзін вечар...

Выходзіць, усе мае мары былі пустым фантазёрствам: я для яе нібы любы другі хлопец?!

Дзіва! Ужо, здаецца, я зразумеў, што мы зусім розныя людзі, а душа ўсё не хацела мірыцца.

 

16

Хутка я пачаў працаваць на чыгунцы і мог ездзіць цягніком без пропуска.

Аднаго разу муж Шпітонавай Гандзі падлавіў мяне і шапнуў:

— Чалавек з Навагрудка хоча цябе бачыць...

Па інтанацыі голасу, па насцярожаных вачах я зразумеў сур’ёзнасць прапановы.

— Прыцямнее — заходзь да мяне, падыдзем у лес... Толькі глядзі, каб жонка нічога не зразумела. Скажаш — на работу выклікаюць.

Вечарам зайшлі мы ў Ліпнікі. Ля вогнішча — невялікая група прамёрзлых, з сіплымі галасамі, няголеных, але бадзёрых хлопцаў. Пажылы камандзір адвёў мяне ўбок, адхіліў крысо пінжака і асцярожна з падшэўкі выняў шэрую лапінку з выціснутымі тушшу літарамі. Ад хвалявання я не запамятаў нават, што там напісана. Болей адчуў, што гэта — упаўнаважаны Вялікай зямлі і чалавеку можна верыць, як сабе.

Мы разгаварыліся.

Група прыйшла з Налібоцкай пушчы, каб праз сваіх людзей накупіць у Беластоку стрэптацыду, бінтоў, паперы для рэдакцыі...

...Першае партызанскае заданне я выканаў лёгка. Аблазіў беластоцкія магазіны, аптэкі і чорныя рынкі, выдаткаваў усе маркі і з пакункамі накіраваўся да цёткі Галены.

Яшчэ пры цары пятнаццацігадовай дзяўчынай Галена пайшла да беластоцкіх багацеяў служыць і больш у вёску не вярнулася. У нашай сям’і ўспаміналі яе як сумленную гаротніцу, якая выбілася ў людзі. Калі мы з Валодзькам ленаваліся, бацькі прыводзілі ў прыклад Галену — жыве сабе ў горадзе, як пані, сына вывучыла на афіцэра...

На самай справе цётка жыла ў нэндзы. Маленькі пакойчык — ён і кухня, і спальня, і прыхожая. Паветра спёртае, са сцен ад сырасці абваліўся тынк. На яе мужу — латаныя-пералатаныя лахманы. Галена была як надзьмутая: рукі паадставалі ў бакі, бытта яна збіралася ўзляцець.

Я прынёс Галене гасцінца ды прыдумаў версію, што ў горадзе заказаў сабе шыць касцюм і вячэрнім цягніком збіраюся вярнуцца ў Страшава.

— Не хочацца швэндаць па вуліцы, мазоліць немцам вочы, лепш пасяджу ў вас...

— Сядзі, хаты не шкода! — запэўніў гаспадар, рамантуючы абутак.

Цётка Галена, на дзіва, не пыталася ні пра вёску, ні пра бацькоў, ні пра сваячку Настусю. Яна і гаварыла са мной на беластоцкім жаргоне — бытта і не паходзіла са Страшава.

Падабрэлыя ад гасцінца старыя пачаставалі мяне гарадскімі навінамі. Пахвалілася сынам Олекам (па-нашаму — Сашкам). Сын у іх быў падпаручнікам. Калі паступаў у афіцэрскую школу, Галена з мужам мусілі перайсці з праваслаўнай у каталіцкую веру. Олеку пашэнціла: ён адступаў праз Румынію на захад яшчэ ў 1939 годзе і цяпер знаходзіўся ў Англіі. Праз польскае падполле хлопец прысылае адтуль бацькам пісьмы. Я адчуў сімпатыю да падпаручніка-сваяка.

Нарасказваўшы, які іхні Олек разумны, як за ім бегалі беластоцкія паненкі, старыя перайшлі да вайны. У чэрвені пры адступленні нашых з Беластока тут заставаўся склад з кансервамі. Старыя не маглі дараваць, што са склада людзі развалакалі кансервы, а ім нічога не дасталося.

— Праз нейкага нацмэна, каб яго чэрці мэнчылі на тым свеце! — заўважыў стары.

— Усё навокал гарыць, а гэты азіят з вінтоўкай тырчыць ля склада, нікога нават і блізка не падпускае! — паскардзілася яго жонка.— Мы яго палохаем: «Уцякай, немцы блізка», а ён: «Не твая мяне паставіла, не твая і здыме!» Калі хто хоча падысці да склада, настаўляе вінтоўку і страляе! Заб’е, паршывец, думаю, ну яго да д’ябла!

— І забіў бы, нягоднік. Такі і бацькі роднага не падпусціць! — зноў уставіў муж, заганяючы цвікі ў падэшву.

— Паляцела на Палескую станцыю і там набрала мяшок сухароў,— разварушаная ўспамінамі, нібы я яе аднадумец, апавядала цётка далей.— Валаку назад, а нацмэн — ужо мёртвы!.. Вінтоўка са штыком валяецца, і склад гарыць: Ха-алера, мне праз яго ледзь сэрца не разарвалася — бегала чорт ведае куды!

З жахам я падумаў: во, з такога балота — Доўгі Мікалай. Галена і пасватала яго Настусі.

Калі Верка служыла ў Беластоку, вось гэтая кватэра была для яе прыстанішчам, домам...

Разбірала злосць на сябе. Стала шкода сыру і масла, што ляжалі на брудным стале, якія хутка гэтыя пачвары будуць жэрці.

 

Раздзел восьмы

 

 

1

Яшчэ летась з гродзенскага лагера выводзілі немцы палонных ачышчаць вайсковыя склады. На савецкіх складах ляжалі дзесяткі тысяч пар валёнкаў. Палонныя вывалаквалі іх на двор, скідвалі ў горбу, аблівалі бензінам і падпальвалі.

Палілі палонныя навюткі абутак і дзівіліся — дзе славутая нямецкая прадбачлівасць, гаспадарлівасць? Яшчэ ж прыйдзе зіма!

Салдаты ўпэўнена ім заяўлялі:

— Шайзэ. Праз месяц вайна капут, усе мы цурык нах гаўзэ!

Надышлі халады. Вясковым старастам з камендатур прыйшоў загад: збіраць па хатах кажухі, валёнкі, воўну...

Фюрэр звярнуўся да салдат: цярпіце, у наступную зіму я вас ўсіх апрану ў стандартную цёплую вопратку. У газетах пад зваротам былі здымкі. Нямецкі салдат у пробным экземпляры такога адзення лезе ў спецыяльную камеру з марозам у сорак градусаў. На наступным здымку — салдат відзён праз ілюмінатар, ён у халадзільніку спіць. Далей — вылазіць ужо з камеры, смяецца, закурвае...

Нямецкія вартавыя з чыгункі зайшлі ў нашу хату пагрэцца. Доўга разглядалі фатаграфіі і цешыліся, нібы дзеці. Потым развялі дыскусію. Мы з Валодзькам са здзіўленнем пачулі:

— Бальшавікі, фэрфлюхтэ, знарок паддаваліся ў фінскую вайну, каб нас абдурыць!

Салдаты ўжо ні то абураліся, ні то захапляліся хітрасцю бальшавікоў. Ім у Валілах лётчык з эшалона гаварыў, што савецкі салдат — не французскі і не бельгійскі: ён табе не кіне ў час бамбёжкі зенітку, не пабяжыць у бомбасховішча.

Нечакана прыляцела вестка — за Смаленскам наша армія затрымала фашыстаў. І тут усіх людзей акрыліла такая ясная, простая і бясспрэчная ісціна: якая ж гэтая армія магутная, калі ёй нішто не значаць такія страты, і якія ж немцы дурні, што палілі валёнкі перад зімой, думалі — хутка вайне канец.

Пачаліся маразы. Немцаў з-пад Масквы паперлі. Нехта ў Страшава прынёс з Гарадка анекдот:

— Чулі? Гітлер паслаў у Францыю генералаў, каб тыя тэрмінова знайшлі план адступлення Напалеона з Расеі!

Па беластоцкай шашы на ўсход паваліла зноў нямецкае войска. Цяпер ужо не на машынах. Валаклося на фурах, ехала конна. Гэта былі старыя салдаты, захутаныя жаночымі лісінымі каўнярамі, хусткамі. Салдаты ішлі пад Маскву ратаваць сваіх. Яны не дамагаліся ўжо яек, масла і курэй, як летам, а былі шчаслівыя, калі дзядзька даваў ім кошык бульбы.

Людзі адышлі ад гіпнатычнага жаху. Ім як бы адкрыліся вочы. Спахапіліся: і раней не ўсё было кепска!

На аэрадромах згарэлі нашы самалёты? Бо на іх напалі знянацку.

Не было гаручага і снарадаў, таму пакідалі танкі і гарматы. А што было рабіць з мёртвым жалеззем?

Людзі пачалі з захапленнем успамінаць прыклады гераізму, якія ў агульным хаосе раней не заўважалі.

За Вераб’ямі, уздоўж рэчкі Свіслачы, ляжыць вёска Баброўнікі. У трагічныя дні адступлення па шашы апошнімі ішлі чатыры чырвонаармейцы з «максімам». Ад Баброўнікаў пачыналася голае поле — аж пад станцыю Бераставіцу, да вёскі Цецяроўкі. Дарога тут адна — цераз мост. Чырвонаармеец засеў на шашы з кулямётам прыкрываць адыход сяброў.

Паказаўся батальён немцаў. Салдаты з ранцамі, скаткамі, кацялкамі і біклажкамі, з закасанымі рукавамі крочылі ў калоне па трое і бяспечна спявалі.

Галава калоны была ўжо ад яго крокаў дваццаць — хопіць.

Баец націснуў гашэтку і не адымаў пальцаў ад яе, покуль не выкасіў батальён. Тады забраў кулямёт і ля Цецяроўкі дагнаў сваіх.

Засталіся пад Баброўнікамі ля шашы 64 бярозавыя крыжы з нямецкімі каскамі. Цэлыя могілкі зрабіў адзін чалавек, а параніў — у тры разы болей.

Адным словам, узнімаўся настрой, зараджалася надзея. Хацелася змагацца.

Злосць брала, што так мала можаш.

 

2

У лютым мяне, Валодзьку і бацьку арыштавалі. Адначасна немцы ўзялі многіх.

Я адразу заўважыў, што немцы арыштавалі нас не за сувязь з партызанамі. У такім выпадку забралі б яшчэ каго-небудзь з чыгункі. Большасць арыштаваных былі пажылыя сяляне з навакольных вёсак. Мы дзівіліся і гадалі: па чыім жа даносе мы селі?

Другі раз перайшоў дарогу Стральчук.

Будучы ўжо памочнікам шэфа гестапа баластоцкага бецырка, доктара Герберта Цымермана, цяпер Стральчук ездзіў па былых ачагах падпольнага руху і рабіў спісы польскіх камсамольцаў, камуністаў і іхніх сімпатыкаў. Часамі нягоднік спісы складваў па памяці, таму сярод арыштаваных трапіліся людзі выпадковыя.

Пасля арышту завезлі нас у Гарадок.

Афіцэр гестапа выклікаў мяне на допыт. Гаварылі мы на нямецкай мове. Наша гаспадарка была не толькі вялікая па плошчы, але і з вуллямі, садком, малатарняй — гэта ў немцаў выклікала павагу.

— Столькі гектараў поля і балота! — шчыра дзівіўся ён.— А яшчэ пры Польшчы быў асуджаны за бальшавізм. Як гэта разумець?

Перад фашыстам выдаваць сябе высакародным рыцарам — неразумна. Можна было лёгка і лагічна давесці яму, што мы — не тыя, за каго нас прымаюць. Ды язык не паварочваўся адмаўляцца ад таго, што табе святое.

Я схітраваў.

У руках у афіцэра была папка з падшытымі даносамі. Аднаго аўтара паперкі — бялявіцкага Ёзіка Госціка — я, здаецца, пазнаў і паказаў на паперку вачыма:

— Між іншым, пан афіцэр, тыя самыя людзі, якія мяне з бацькам выдавалі пры Польшчы паліцыі, у саракавым годзе даносілі ў НКВД на маю сям’ю, што мы — кулакі!

— І гэта ведаю! — пацвердзіў маю здагадку немец. Ён, нібы з агідай, адсунуў папку і прыняў гульню.

Немец даволі ветліва спытаўся, хто ў мяне яшчэ ў сям’і. Пацікавіўся ўмовамі на чыгунцы. Пра партызан пытаўся нешта агульнае, і размова наша на гэтым скончылася. Калі мяне выводзілі з кабінета, я бачыў, як здзекаваліся з другіх, адчуў сябе нібы ў нечым вінаватым.

Вартавы вывеў мяне на двор. Свяціла сонца. Побач была гарадоцкая дарога — знаёмая да кожнага каменя, да кожнага сучка ў штыкеціне. «Не фашыст, а — граф Монтэ-Крыста?!» —дзівіўся я, успамінаючы допыт; афіцэр абудзіў надзею, хацелася на волю, а мы тым часам ішлі ў халодную.

— Сюды! — паказаў вартавы, калі я ў змрочным калідоры пераблытаў дзверы.

Голас паліцая здаўся знаёмы.

Шусцік!..

Я разгубіўся і адскочыў ад яго як уджалены.

— Ты пачакай! — загаварыў ён да мяне чамусьці гнеўна, з абурэннем.— Алёшка, паслухай!.. Ты не думай, што я... Можа, і мне... Можа, і я таксама, разумееш?

Я не разумеў нічога. І разбірала дзіва. Калі табе няёмка, што служыш паліцаем, калі шкадуеш нас, дык чаго злуеш?

Было звыш сіл стаяць перад ім. Змрочная халодная, дзе чакала невядома што, здавалася ўжо збавеннем. Разгублены, я прамармытаў нешта і шуснуў у дзверы. Ужо ў камеры адчуў, як у мяне часта б’ецца сэрца, як мне горача, дрыжаць ногі, хоць не дрыжалі перад гітлераўскім афіцэрам!

З Гарадка перавезлі ўсіх у беластоцкую турму і цэлую групу — 60 чалавек — змясцілі ў адну камеру. Каб людзі не задыхнуліся, удзень і ўночы не зачынялі закратаваныя вокны.

 

3

Калідорным на нашым паверсе быў Лукашоў Іван (трапіў за пакражу і ў нямецкую турму!). Цяпер ён над намі ўзяў апеку.

Пацягнуліся турэмныя дні — доўгія, трывожныя. Мы насцярожана чакалі і слухалі навіны, якія прыносіў у нашу пастку калідорны зямляк.

Немцы злавілі на вакзале англійскага разведчыка, кінулі ў адзіночку. Праз паўгадзіны афіцэры зайшлі паглядзець на палоннага, а ён павесіўся.

Прывезлі нямецкага салдата-дэзерціра, ён павесіўся таксама.

Нехта ўцёк. Прывялі яго ў канцылярыю на допыт, чалавек выскачыў праз акно з другога паверха на вуліцу, падняўся з зямлі і знік. Не верылася ў такія ўцёкі. Там жа таксама закратаваныя вокны, па вуліцы ходзяць людзі, другі паверх... Немцы паслалі ў партызаны лазутчыка. Але як пра гэта перадаць на волю?

На турэмным двары з’явіліся цыганкі з дзецьмі...

Аднак найбольш абурала дзейнасць Стральчука.

У турму прывозілі новыя партыі сялян — былых капэзэбоўцаў, іхніх сімпатыкаў.

Стральчук памагаў іх забіраць.

Ён, вырадак, да таго быў крыважэрны, што ў сваёй вёсцы Крывой пад Бельскам нават выдаў эсэсаўцам на расстрэл хлапчукоў, якія ў яго бацькі кралі яблыкі.

Нашы арыштанты пачалі пакрысе нібы мірыцца з лёсам.

Мужчыны гаварылі пра жонак і дзяцей. Бацькоўскія сімпатыі і чуласць выражалі наймаладзейшаму ў камеры. Сваім любімцам мужчыны выбралі Мішу Толуця з Зуброў. Міша быў высокі, хілы, танкашыі, валасы чорныя; жарты мужчын толькі і круціліся вакол яго першых вусікаў, каханай, якая недзе сохне ў Зубрах...

А то арыштанты напаўголасу спявалі «Волгу-Волгу», «Лучыну», «Валачаеўскія дні» — зладжана, на два-тры галасы, як ніколі дагэтуль, мабыць, і не спявалі.

Яшчэ гулялі ў самаробныя шашкі, шахматы. Адсыпаліся. Успаміналі выпадкі з жыцця.

 

4

Турмы немцы перапоўнілі, і кожны разумеў — хутка нешта будзе.

Аднойчы нехта выглянуў на двор і крыкнуў:

— Во, хлопцы, ён!

Калі глядзець з вокнаў зводдаль і асцярожна, то з вуліцы ў паўзмроку цябе не ўбачаць. Людзі ў момант ссунулі нары і згрудзіліся на іх, як на сцэне. Убіўшы галаву між чужых спін, выглянуў на падворак і я.

Мы былі на другім паверсе. Перад нашымі вокнамі — крокаў за трыццаць, у турэмнай сцяне — ніша з варотамі. У ёй стаялі два паліцаі і курылі.

Ля варот на муры расло некалькі пасмаў дзікага вінаграду. Сюды даходзіла сонца, тут цяпер грэліся яшчэ два тыпы.

Адзін з іх — эсэсаўскі афіцэр. Такі сабе звычайны. У фуражцы з вялікай туліяй. У свежым мундзіры — яснейшага, чым у армейскіх афіцэраў, колеру. На адной пятліцы меў ён кубікі, на другой — лацінскія літары «СС» у выглядзе зігзагаў-маланкі, а на фуражцы — чэрап і дзве скрыжаваныя косці. Адзнакі на ім былі новенькія, боты — начышчаныя да бляску, галіфэ — адпрасаванае.

Другі быў Стральчук. Нават не ведаю, па чым яго пазнаў. Мабыць, проста — здагадаўся.

«Дык вось які ты!»

Чамусьці хацелася бачыць свайго ворага здаровым грамілай, упэўненага ды магутнага, прынамсі — роўнага немцам. Тым часам перада мной пахаджваў замухрышка. Малога росту. З кірпатым носам. Хоць на пятліцы ў яго, як і ў немца,— тыя самыя маланачкі; на другой па дыяганалі — тры кубікі, ды на фуражцы — чэрап, але адзнакі горшай якасці, цьмяныя.

І мундзір меў Стральчук іншы, жаўтаваты, з бавоўны. Якраз з такога матэрыялу было адзенне і ў паліцаяў, якія курылі ў нішы варот.

І гэтая нікчэмнасць нарабіла гэтулькі бяды?!

Абодва яны жмурыліся ад сонца. Стральчук пра нешта гаварыў. Немец забаўляўся са скуранымі пальчаткамі. То нацягваў іх на руку, то падносіў да вачэй, як разглядаў. То здымаў і ляпаў сябе па халяве, то махаў імі на вераб’ёў у вінаградзе. І ўвесь час з застылым выразам твару — нібы думаў, нібы слухаў. Стральчук жа з нейкай ап’янелай усмешкай усё гаварыў, гаварыў і гаварыў. Было відаць — гаворыць пра такое, што не мае адносін ні да нас, ні да вайны. От, абодва кагосьці сабе чакаюць, ён і забаўляе немца.

Людзі стаялі на нарах і насцярожана маўчалі. Успаміналі, мабыць, як прымалі да вайны ў сябе гэтага тыпа, нібы дарагога госця, як частавалі...

— Ён. Я яго до-обра ведаю...— з перакананнем уздыхнуў нехта.

Стральчук павярнуўся да нас правым бокам, ад вуха да рота ў яго быў шрам.

— Гэта Прытыцкі зрабіў яму цацку яшчэ ў трыццаць шостым годзе на судзе ў Вільні! — заўважыў хтосьці зларадна.

— Кажуць, нядаўна партызаны яму нагу прастрэлілі, але не кульгае, здаецца...

— Скажы-ы ты, які жывучы!

Паліцаі пра нешта гаварылі, насцярожана зыркалі на немца і Стральчука, чакалі загадаў.

Праз хвіліну ўстрывожаны калідорны крыкнуў нам у дзірачку ад ключа:

— Землякі, слухайце! Слухайце ўсе: на кухні снедання загадалі варыць напалавіну менш!

Я аблізнуў перасохлыя раптам губы, абвёў вачыма застылыя твары.

«Не можа гэтага быць!» — роспачна страпянулася ва мне ўсё ўнутры.

Калідорны ведаў, што казаў. Палавіна з нас заўтра не будзе жыць. Няўжо сярод іх і я?

 

5

На дзіва, хоць з пачуццём страху, аднак пасля адбою я змог нават заснуць. І хоць пякучую льдзінку адчуваў і сплючы, але яшчэ, мабыць, ніколі ва мне сон не аднаўляў так сілы, не асвяжаў цела. Толькі працэс аднаўлення быў прыспешаны.

Прачнуўся я ў чатыры гадзіны. Уставалі і ўстрывожаныя сябры, лезлі да адчыненага акна. Кінуўся да кратаў і я.

На дварэ стаяла ціхая і цёплая раніца. Збіралася ўсходзіць сонца. На высокім небе — ні хмурынкі. Палаў ружовымі фарбамі ўсход. Шчабяталі птушкі. Вуркаталі галубы. Мякка, на нізкіх абаротах, гулі маторы, ды нехта вішчаў. Усё было такое прыгожае, пасвяжэлае, спакойнае, што я нават здзівіўся — адкуль ва мне трывога? Чаму на душы льдзінка і што гэта за такі недарэчны віск?

Прыгледзеўся лепш: у нішу брамы задам заязджала машына з брызентавай будай, там эсэсаўцы вязалі дротам рукі раскалмачаным і звар’яцелым цыганкам.

Як толькі ўсё гэта я ўбачыў, жыццё маё ў момант пацякло ў нейкім нерэальным ліхаманкавым тэмпе.

З трывогай нешта пытаўся ў мяне Міша Толуць з Зуброў. Мне было не да яго. Хацеў я Толуця абарваць — і не паспеў.

З ляскам адчыніліся дзверы. Уварваліся салдаты СС, адціснулі нас у глыбіню камеры, панастаўлялі аўтаматы.

Уляцеў энергічны сухарлявы афіцэр СД у шапцы, як у лыжнікаў, і са спіса, які трымаў у руцэ, пачаў выклікаць людзей. Тое, чаго з такой пакутай і трывогай чакалі, пра што столькі наслухаліся, надышло.

Усё! Канец!

Камера застыла. Чуўся толькі вісклівы і востры, як каса, голас афіцэра, які рабіў націскі ў прозвішчах на першым складзе:

— Цівуньчык Міхаль!

— Дудзік Аляксандр!

— Пецельскі Леон!

— Пецельскі Іван!

Людзі яшчэ не верылі сваім вушам, адказвалі нервозна, глуха, не сваімі галасамі. Раз’ятраны афіцэр пералічваў іх са злосцю і нецярпеннем, нібы яны забілі яго жонку, зарэзалі дзяцей, а ён даведаўся пра гэта і па гарачых слядах прыбег сюды расквітацца са злачынцамі. Называў іхнія прозвішчы, імёны з помслівай асалодай і на нямецкі манер — змякчаў «л», блытаў націскі.

— Новіцкі Алексей!

— Толюць Міхаль!

Міша паспешліва зрабіў крок ад мяне, азірнуўся. Я з сутаргай праглынуў сліну ў перасохлым горле.

Афіцэр на секунду заблытаўся ў спісах. Мы не дыхалі.

Вось-вось выкліча і тваё прозвішча, а ты — энергічны, здаровы і так сабраны, што адчуваеш кожную клетку свайго, раптам такога блізкага цела — не заткнеш яму горла, не абароніш сябе, пажылога бацьку, малодшага брата, непісьменных дзядзькоў.

Пра такія моманты я не раз думаў. Не верылася, што нельга нічога зрабіць. Кідайся на фашыста, вырві аўтамат і ратуйся!

Дзіцячыя фантазіі!

Фашысты стаялі зводдаль, уздоўж сцяны, пальцы трымалі на спусках і глядзелі нам не ў вочы, а ў жываты, адчувалі нас як масу, як мішэні.

У такім стане, калі зацьміла розум, а жудасны страх роспачліва і ліхаманкава маляваў табе абсурдныя, утапічныя планы ратунку, я ўсё ж такі выкінуў бы нешта і эсэсаўскі аўтамат скасіў бы мяне сярод камеры, каб не бацька. Ён абняў нас з Валодзькам ды ціха, якімсьці падабрэлым і мяккім голасам сказаў:

— Хлопцы, не вешайце насоў, мы — разам!.. Адно не паддавайцеса!! Алёшка, Валодзька, вы што? У-ух, вы-ы! Не паддавайцеса, ну?!

І дзіўна. Інтанацыя слоў і дрыжанне ўпэўненага і моцнага бацькавага голасу раптам узрадзіла ў нас новую сілу. Калі немец пачаў называць новыя прозвішчы, мы ўжо смела глядзелі на афіцэра і слухалі — ну, нягоднік, выклікай, мы гатовы!..

— Парэмскі Семен!

— Здановіч Максім!

— Грыцук Васіль!

Кучынскіх не назвалі.

Афіцэр скончыў. Проці нас цяпер стаяла дваццаць сяброў і знаёмых — далёкіх на цэлую смерць. Мы ж адыходзілі ад жаху, з затоенай радасцю тапталіся, апускалі вочы, перарывіста дыхалі, нібы толькі што неслі непасільныя ношы.

— Айн, цвай, драй, фір, фюнф...— ашалелы ў сваёй бесцырымоннай рашучасці, лічыў афіцэр, праходзіў уздоўж шэрага, тыкаў кожнаму смяротніку пальцам у грудзі.

Нас гэта ўжо не абыходзіла.

Салдаты цяпер рулі аўтаматаў наставілі на выдзеленых дваццаць чалавек, але мы былі далёкія ад таго, каб кідацца на фашыстаў, выручаць хлопцаў, а яны, здаецца, і не чакалі цуду. Можа, над магілай потым трымалі сябе з выклікам, горда. Але тут, на захопленых знянацку, у першую хвіліну пасля прыгавораў, на гэтых шэрых сялянскіх тварах маляваліся жах, здзіўленне, бяссільная пакора лёсу. Некаторыя мужчыны яшчэ і пазяхалі якімсьці нервовым скурчам сківіц, нібы рыбіны, якіх выкінулі на бераг,— глядзець на гэта было непрыемна. Міша Толуць стаяў да мяне спіной, добра, што не трэба пазіраць яму ў вочы.

Толькі цяпер мы адчулі — тое самае адбываецца і ў іншых камерах. Праз адчыненыя дзверы відаць было, як па калідоры правялі суседзяў.

— Лёс, лёс, фэнрфлюхтэнэ гундэ, р-р-раўз! — прыкладамі і ботамі пагналі эсэсаўцы людзей з камеры.

Калі зачыніліся дзверы, камера стала большай, пустой, асірацелай...

Падкраўся я да акна, выглянуў на двор.

Людзей да машын падводзілі праз шэрагі салдат. Эсэсаўцы стаялі поруч з паліцаямі. У вочы кінуўся Настусін зяць з вінтоўкай. Па загаду таго самага афіцэра ў скураных пальчатках Шусцік ткнуў руляй у грудзі пярэдняму чалавеку, затрымаў. З калідораў эсэсаўцы выштурхоўвалі свае ахвяры на двор. Людзі бязладна і перапалохана ціснулі на пярэдніх, падпіралі Шусціка.

— Куды ён прэ, паглядзіце?! — як бы скардзіўся пярэднім паліцай.

Тут былі Шусцікавы знаёмыя з Гарадка. Паліцай інтанацыяй паказваў немцу, які ён службіст, і заігрываў з землякамі:

— От людзі!.. Ты рабі ім лепш, а яны — во!.. Куды лезеш, цюрык!.. Думаеш, мёду там дадуць, не паспееш?!

 

6

Пасля таго як частку людзей расстралялі, бацьку і іншых старых выпусцілі.

К абеду паадчынялі турэмныя камеры, павыганялі ўсіх на двор. Арыштаваным загадалі ісці ў канцылярыю ды разбіраць свае дакументы і рэчы.

Было ясна — нас некуды адправяць і, вядома, не на смерць, інакш зрабілі б гэта тут разам з іншымі. Нас агарнула адчуванне блізкай свабоды.

— Паедзем у Германію на работы,— цвярдзілі шчаслівыя людзі, якія яшчэ на досвітку глядзелі смерці ў вочы.— Немцу патрэбна такая маса нявольнікаў, хіба ён дурны іх нішчыць?!

З першага дня арышту нас з Валодзькам займала толькі адно: як уцячы? Каб не бацька, можна было б паспрабаваць шчасця, выскачыўшы з машыны ў лесе, калі нас везлі ў Беласток...

Добра, што тады не ігралі з лёсам. Падыходзіў больш зручны момант.

З’явіліся нейкія тыпы — бытта з міністэрства працы. Гэтыя цывільныя — кульгавыя і гарбатыя арыйцы з абшарпанымі партфельчыкамі — мацалі нашы мускулы, нібы ў коней на кірмашы, заглядалі ў рот, лічылі зубы, нешта пісалі сабе ў блакноты.

Мацай-мацай, заглядай-заглядай, халера,— няхай табе вылезуць на лоб слепакі. Будзеш ты, заменак, там бачыць нас, як сваё вуха...

Заехала ў двор грузавая машына з харчамі. Выдалі па баханцы хлеба і па вянку кілбасы з каніны — наядайся, каб мог добра працаваць на «Вялікую Германію».

Няхай. І пад’есці трэба.

Шэсцьсот чалавек, у тым ліку і мяне з Валодзькам, раніцой загналі на станцыі ў таварныя вагоны, закруцілі дротам дзверы. Эшалон адправіўся на захад.

— Ну, Германія... тваю маць, прымай работнічкаў, ужо ж мы табе і напрацу-уем! — узбуджана крычалі ў натоўпе.

— Толькі пыл пойдзе!..

— Прыкусі язык! — абрывалі аптымістаў.

У вагон напхалі чалавек сто, можна было толькі стаяць. Праціснуліся мы з Валодзькам да шчытавой сценкі, стаў я на плечы брату і выглянуў праз шчыліну на свет.

Вагонаў з нявольнікамі было ўсяго шэсць, а сёмы — службовы. Калі мы ўз’язджалі на крывую, можна было бачыць, што ў іх робіцца.

З намі ехала ўсяго некалькі немцаў. Астатнія вартавыя — нашы прадажнікі з Гарадка ў брудна-жоўтых мундзірах.

На прыступках тармазной будкі сядзеў Настусін зяць. Адкрыўшы нямецкім штыком бляшанку, ён аплятаў кансервы, я бачыў яго рукі, разварочанае мяса ў бляшанцы, верх пілоткі са светлай акантоўкай, калені і звешаныя з прыступак ногі ў салдацкіх ботах. З-за пляча ў Шусціка тырчала вінтоўка, яна была ад мяне так блізка, што я выразна бачыў мушку і бляск варанёнай сталі.

«Нікога не забіў, не абрабаваў... От, пастаіць дзе з вінтоўкай на каравуле над яўрэямі ці палоннымі...»

Супрацьлеглы бок вартаваў Цыклоп. Ён трымаўся за парэнчы і страшнымі асіметрычнымі вачыма глядзеў уздоўж вагонаў. Вінтоўка яго таксама вісела за плячыма, а за папругу была засунута граната з драўлянай ручкай.

Цыклоп і Шусцік пра нешта гаварылі. Гулі колы, у вагоне стаяў гоман, іхніх слоў я не разабраў. Шусцік ужо выкінуў бляшанку і цяпер аплятаў пачку галет; адказваў сябру ды з цікавасцю разглядаў вёскі, хутары. Аўтаматаў у іх не было, аж падмывала ўцякаць.

На хаду цягніка, ды яшчэ калі надыдзе змрок, не ім у нас пацэліць, а покуль цягнік затрымаюць, іх занясе далёка. Адарваў дошчачку ў акенцы і вывальвайся з вагона ды сцеражыся, каб не ўдарыцца аб слупок.

Мала радасці... Ахова вернецца ў Гарадок, і гэтая самая пачвара адыграецца на бацьках. Трэба пачакаць, мо надарыцца лепшы выпадак.

Так яно і атрымался: выпадак надарыўся, але гэта ўжо іншая тэма...

 

Эпілог

Я ўжо каторы год працую журналістам у Гродна.

Бацькі мае пасля вайны аселі ў Ваўкавыску. У мірны і спакойны час нечакана памерла мама.

Пахаваўшы маму, ішоў я сам не свой праз Ваўкавыск.

— Дзень добры! — як праз сон, даляцеў да мяне жаночы голас.

Таўставатая, грудастая маладзіца перайшла дарогу. Я хацеў абмінуць кабету, але дарэмна.

— Здрастуйце! — маладзіца бліснула вачыма.— Не пазнаяце?! — не адводзіла яна вачэй.

У Ваўкавыску было шмат людзей, якія добра ведалі мяне і бацькоў. Для сялян, што эвакуіраваліся з маёй мясцовасці і тут аселі, я — ледзь не герой.

— Прабачце...— выціскаю з сябе ўсмешку.

— Я адразу ўбачыла, што не пазнаяце! — нібы ёй гэта рабіла вялікую прыемнасць, пахвалілася маладзіца.— А я — Аня з Гарадка! Вы вучыліся з нашай Зосяй і заходзілі да нас часта, памятаеце? Мы жылі каля Кулешы, у мураванцы! Нас сямёра сясцёр, я самая меншая!

«Бо-ожа, ты з той нешчаслівай сям’і?!»

Я забыўся на сваю бяду, зрабіўся пакорлівым і вінаватым — нібы за ўсіх тых, што калісьці так крыўдзілі гэтую істоту.

— Зойдзем да мяне, паглядзіце, як жыву! — просіць яна, шчаслівая, што яе такі прыпомніў.— Зо-ойдзем!

Адмовіцца я не мог.

— Дзякуй. А дзе ж вашы сёстры, мама?

— Надзя з Зосяй — у Магнітагорску, Лена з Валяй у Данбасе. Усе чатыры замужам таксама. Толькі Кася з Нінай не вярнуліся з Германіі. Адны людзі кажуць, што трапілі пад амерыканскую бомбу, другія — што павыходзілі замуж за французаў... Мама жывуць у Польшчы, не захацелі эвакуіравацца...

Гэта яе сёстры цярпелі з-за брыдкага прозвішча. Па вуліцы яны не хадзілі, а бегалі. Нацягнуўшы хустку на вочы, апусціўшы галаву, ляцела каторая-небудзь з іх па Гарадку, куды пасылала маці, і дзяўчыне здавалася — з-за кожнага плота кпяць з яе местачковыя хуліганы.

У агародчыку, засаджаным буракамі і вяргінямі,— маленькі домік. Уваходзім у яго.

— Мой муж шафёр на самазвале, а я на ліцейным раблю. Маем ужо сына... Шкода, не пабачыце — у садзіку!.. А цяпер я — Гапонік! — зямлячка паказвае пакой з нікеляваным ложкам пад пакрывалам, з лебедзямі на цыраце.

Маладзіца спрытна і на хаду папраўляе складкі бліскучай капы на ложку, падбірае з падлогі галубінае пёрка, камечыць яго ў вялізнай далоні.

— Заляцела толькі што праз акно! — тлумачыць вінавата.

Як чалавеку мала трэба!

Яе аптымізм перадаецца і мне. На душы зрабілася спакойна, я ўздыхнуў. Камедыя! Сам у горы, а ў другіх узнімаю дух. А мо на гэтым і свет трымаецца?!

Аня, мабыць, часта ездзіць да маці ў госці, яна пра ўсіх там ведае.

— Вы не памятаеце Дыгендышавага сына? — пачынаю здалёк.

— Цыклопа? — паважнее маладзіца.— Яго расстралялі. За тое, што паліцаем служыў...

— Я не чуў...

— Адразу, як толькі нашыя ўвайшлі ў Гарадок...

Цыклоп гэтага заслужыў. Мяне не ён цікавіў. Але болей пытацца ў Ані не змог. Перапоўнены ўражаннем, я развітаўся.

Я меў закаранелую з дзяцінства звычку — дзяліцца з мамай перажываннямі. Ад Гапонік я пайшоў ледзь не подбегам, але зараз жа спахапіўся — дарэмна лячу. Няма ўжо каму выкладваць назіранні, няма каму выліць свае радасці і гора.

І ўсё жыццё несці гэты груз?

Немажліва!

Толькі цяпер я адчуў усю глыбіню непапраўнай страты.

У юнацтве я ўсё чагосьці чакаў, сярод прахожых выглядаў асаблівых твараў і верыў, што мой самы шчаслівы дзень наперадзе. Цяпер стаў рэалістам, шчасце разумею інакш. Аднак, мабыць, у асноўным я не змяніўся.

Расказаў я тут фрагменты з жыцця. Каб апісаць жыццёвы шлях кожнага мужчыны і жанчыны майго ўзросту, матэрыялу было б не меней. Быў такі час, і людзей кідала ўсюды.

З дзяцінства я верыў у сваю выключнасць і марыў навесці на свеце парадак, ашчаслівіць людзей. Здзейсніў я што-небудзь?

Адзін — не. «Чалавек — частка агульнага чалавечага цела», і ў масе свайго пакалення мы тварылі гісторыю. Але мары мае ішлі не ад нясціпласці. Толькі цяпер разумею: прырода адарыла чалавека такой уласцівасцю, каб даць яму стымул да дзеяння.

Не ў асаблівым розуме, не ў нараджэнні вундэркіндам моц чалавека, а ў мэце яго намаганняў, у паняцці свабоды, жыцця і гуманнасці.

Жыццё наша — імгненне ў вечнасці. На каго той падобны, хто жыве адно сваім, асабістым? І жывёліна здольна толькі паравацца, жэрці...

Хто я? Хто ты? — будзе заўсёды пытацца ў сябе чалавек, не абыходзіць цяжкіх шляхоў, бо, толькі адольваючы іх, ён шчаслівы. Перагародак на маёй дарозе было многа.

Для чаго жыве чалавек? Для барацьбы за праўду. Самую вялікую радасць прыносіць гэты хмель барацьбы, калі ў чалавека праяўляецца патрэба творчасці.

Праўда ў мой век — у вялікіх ідэях камунізма, якім аддало сябе маё пакаленне. Ім аддаваў сябе і я.

Так здарылася, што мая вёска яшчэ ў 1944 годзе адышла пад Польшчу, і Страшава апынулася за восем кіламетраў ад граніцы, калі ехаць па шашы Ваўкавыск — Бераставіца — Беласток. Толькі нядаўна туды я наведаўся ў складзе групы партызанскіх камандзіраў, якія дзейнічалі на Беласточчыне.

Пад’ехалі мы на машыне да Валіл.

Тыя самыя контуры ўзгоркаў, прысад — нібы я і не адыходзіў ад іх столькі гадоў.

Вунь там жыў некалі валілскі сабакар, мы да яго прыводзілі сучку.

На гэты ўзгорак мне калісьці гэтак карцела залезці і дастаць да хмар...

Гарадок. Хата Кандрусікаў не змянілася. З Сашкам Кандрусікам разам правучыліся сем гадоў, хадзілі на масоўкі, збіралі грошы і кілбасы для Іспаніі... Потым яго ўзялі ў Чырвоную Армію, больш нічога пра яго не ведаю. Яго брат, Сцяпан, які некалі пуляў каскі за паліцыянтамі праз гэты плот, загінуў у партызанах...

— Аляксандр наш пайшоў у царкву! — кажа Сашкава жонка.— Панёс сабраныя грошы. Збіраюцца рамантаваць храм, а ён — галоўны закапёршчык!

Гарадоцкая царква — суседка славутага Супрасльскага манастыра. Толькі ж няхай бы ёй ужо цікавіліся гісторыкі, а яна вось і зараз палоніць містыкай простыя душы. Нават непадкупны падпольшчык, Сашка Кандрусік,— ужо багамол, падмяніў старога Шусціка?! Ну і ну!.. Чаму ён не ідзе, напэўна, яму далажылі ўжо, што я чакаю?..

Мабыць, Сашу цяпер няёмка сустракацца са мной?.. Ладна, паехалі.

Тут некалі жыў Ваня Кулеша, не вынес ён франтавых ран, даўно памёр; трэба выкраіць час, заскочыць да яго бацькоў.

Во дзе стаяла крама Брохі...

Адгэтуль пачаўся я?.. Чаму тады мясціна не выклікае ва мне ніякіх біятокаў?..

Гарадок пасля пажару яшчэ не адбудаваўся. Вакол запусценне, адно ўзвышаецца царква.

Вось і страшаўская дарога.

Замест таго каб упасці на пясок і на каленях паўзці па знаёмай да жвірынкі зямлі, я ехаў у камфартабельнай машыне. Элегантны юнак-капітан пачціва нахіліўся да майго вуха, прашаптаў:

— Нех пан Кучынскі адчувае сябе так, як дома. Пану і валасінка не спадзе з галавы, я за гэта адказны!

— Эх, малады чалавек!..— засмяяўся я, паляпаў фарсуністага юнака па плячы. Капітан не абразіўся.

На страшаўскай дарозе спаткалі старую.

Яшчэ здалёк разгледзеў я ў згорбленай пытальным знакам бабулі цётку Кірыліху. Папрасіў я спыніць машыну, павітаўся. Бабка мяне не пазнала. Яна, здаецца, нікога ўжо не пазнавала. У яе вычарпаным гадамі і змардаваным жыццёвымі нягодамі мазгу захаваўся толькі цэнтр, які кіраваў рухам ды яшчэ пару цьмяных ачажкоў.

Асцярожна ўзяў я старую на рукі і панёс у «Варшаву». Трымаў я адны мошчы. Божа, да чаго ж высах жывы чалавек?!

— Цётко, і зубровы пояс пазычалі людзям, і вучылі нас, як папараць-кветку знайсці, а самой нічога не памагло...

Кірыліха маўчала. Цьмяныя і паблеклыя вочы глядзелі насцярожана, неспакойна. Халодныя, з сінімі жыламі пальцы трымалі мяне панічна, учэпіста, бытта я бабку апусціў не на мяккае сядзенне, а ў рэчку, і яна баялася ўтануць.

Сын яе да вайны завербаваўся ў Кузбас.

— Цётку, а ваш Валодзька піша вам?

— Як прыслаў адно пісьмо адразу пасля вайны, так і няма болей ад яго,— раптам ажыла яна.— Не мае часу, мусіць...

— Во, во. Вы, мацяркі, заўсёды знойдзеце нам апраўданне!

У машыне бабцы было страшэнна нязручна, а галоўнае — яна не ведала, чаго ад яе хочуць.

Кірыліха пачала дзевяты дзесятак. Жыла яна адно таму, што кожны дзень прыдумвала сабе работу. Вось і сёння ўгаварыла сябе, што ёй трэба схадзіць да дачкі. Тэпала б да сваёй Мілашкі паўдня, мы ж заехалі да бабчынага зяця за некалькі хвілін, пакрыжавалі старой усе планы. Як мы часам любім дарыць, бо нам гэта прыемна, і не думаем, ці будзе прыемна гэта чалавеку?

А можа, я падвозіў бабку Кірыліху, уносіў і выносіў яе з машыны, адчуваючы, як заўтра Страшава будзе абгаворваць кожны мой крок?

І найбольш стараўся з-за аднаго чалавека.

У Страшаве — электрыка, трактары, асушаныя балоты. На нашых дохлых тарфяніках, дзе ніколі нічога не расло,— добрая збажына, а па хатах хоць і ўчарнелыя ад сонца, вымаражаныя маразамі, сухарлявыя ад працы, але задаволеныя сяляне.

У будні дзень мяне спаткалі, нібы героя, са сцягамі, букетамі, падарункамі, прамовамі, песнямі. Як зачараваныя людзі разглядалі мой пінжак, гальштук, кашулю і кожны мой гузік. Было страшэнна няёмка, сорамна, хацелася збегчы.

Цяпер я тут не толькі Сцяпанаў Алёшка. Страшаўцы ва мне бачылі прадстаўніка казачнай і магутнай Савецкай краіны, якой яны шмат абавязаны,— мне трэба было вытрымаць ролю.

Завялі ў новы клуб на трыбуну. Глянуў я на загіпнатызаваныя вочы, твары і разгубіўся, не вытрымаў афіцыйнага тону.

Ля сцяны маячыў дзядзька Салвесь — родны, блізкі і з такімі самымі, гатовымі заплакаць ад сарамлівасці, вачыма.

А вось перада мой — малады чалавек. Валасы і абрысы галавы ў яго надта знаёмыя. Хто такі можа быць?..

Гэтая ў маёй памяці дзеўка, але на лаве — бяззубая бабуля.

Побач з Салвесем — прамы, нібы слуп, Лавіцкі. Прытэпаў нават з Бялявіч.

Мо яшчэ і цяпер ляжыць у яго на акне грэбень з зубровага рога?

Аднак хто гэта перада мной?.. Рыгораў Косця? Толькі ж ён, ведаю, напэўна, памёр у шпіталі ад ран, атрыманых на вайне! А калі б і жыў — павінен выглядаць на пакаленне старэйшым!

Косцеў пляменнік — сын Міці!

Шкада...

Я пазіраю і ўсё прагна, упарта, з заміраннем сэрца, не прызнаючыся нават самому сабе, шукаю і шукаю, выглядаю і выглядаю адну жанчыну і не магу знайсці. У хустках знаёмыя твары, кожны выклікае балючы ўспамін, але не той, галоўны.

— Ну, пазнаеш нас? — закрычалі з глыбіні залы.

— ?!

— Гэта ж я, Мікалай! Мы з табой раслі разам! Ты яшчэ быў нават на маім вяселлі сватам!

Няўжо я калі-небудзь і сватам быў?!

— Памятаю...

— А цяпер глянь сюды. Няўжо ты мяне не пазнаеш, Алёшка!

Заслала вочы, я нават перастаў бачыць людзей. Нешта падкацілася пад горла.

— Пра што б вы хацелі даведацца ад нашага госця? — паспрабаваў дапамагчы мне малады настаўнік.

З-пад адной хусткі азвалася да болю знаёмая старая (на дзіва, жанчыны да старасці захоўваюць ранейшы голас!):

— Алё-ошачка, а ты раскажы нам нешта такое, каб мы сабе тут паплакалі!

Я на хвіліну разгубіўся.

— Ды няўжо мы спаткаліся дзеля гэтага? Мабыць, нешта вясёлае трэба вам?!

— Гэта ім, маладым, а нам — паплакаць бы ўволю.

Я са здзіўленнем паўзіраўся ў залу.

— Ува-аж ты ўжо нас, дурных бабаў...— падхапілі просьбу іншыя.

— Але ж пра што-о, цё-отко? — пачаў я ўжо намагаць памяць, нават успамінаць партызанскія і франтавыя гісторыі.

І тут раптам я нутром адчуў, чаго хочуць.

Хацелі яны чагосьці мудрага і жыццёвага — ні то прытчаў, ні то трагедыяў, як пра велікамучанікаў Хрыста ці мацер божую. Яны прагнулі дастаць навонак яшчэ раз цярпенні і боль, якіх яны столькі паспыталі — у дарослага ўстанаўліваецца фізіялагічная ці псіхалагічная патрэбнасць трэніраваць душу болем.

Я мог бы дапамагчы аблегчыць ім яе — ведаў столькі трагічных гісторыяў, якія не менш уразілі б, чым тыя, што ў Евангеллі.

Мог бы адкрыць вочы на Юліка Цішэўскага, які на вёсцы некаторымі так і лічыцца прадажнікам...

Мог напомніць лёс Тарашкевіча, Валошына, Дварчаніна, Мятлы, Рака-Міхайлоўскага.

Мог нарысаваць ім складаную душэўную драму, вартую пяра геніяльнага Дастаеўскага,— расказаць пра зубкоўскага Рамана, які ўтапіўся ў плыткай рэчачцы, але не здрадзіў сваім.

Урэшце, мог знайсці фарбы, адкрыць ім вочы на долю Настусі — уся яе гаротнасць праходзіла побач з імі...

З трыццацігадовай дыстанцыі людзі глянулі б на падзеі іначай, убачылі б часамі жахлівую сваю ролю, перахварэлі б, сталі б чысцейшымі.

Але гэтага я не зрабіў.

Не хапіла ўнутранай культуры, такту, вынаходлівасці, шырыні душы. Мая мама, наш партызанскі камбрыг Вайцяхоўскі, ведаю, у даную хвіліну не разгубіліся б. Чалавечнасць, спагада і сардэчнасць узялі б у іх верх над асабістым, чаго не магла зрабіць мая неўраўнаважаная натура.

Стаў я землякам хваліцца, як разграміў нямецкі батальён у Перацёсах. Расказваў пра гэта на сустрэчах, многа разоў і сам страціў пачуццё, дзе ў апавяданні праўда, дзе плён фантазіі.

Не трэба, не трэба было плесці гэтай гісторыі. Перацёсы недалёка ад Страшава, пра ўсё людзі ведалі самі. Але я ўжо стрымацца не мог.

Людзі бачылі, што праўлю глупства, аднак з ветлівасці з цярплівым расчараваннем сядзелі і слухалі.

Калісьці ў гэтым месцы было грамадскае поле, яго называлі — школьніска. З усяе вёскі збягаліся мы сюды гуляць у пікара, покуль не бачылі мацяркі, не гналі да работы.

А яшчэ тут была яма, адкуль людзі бралі пясок на печы, а мы з Верай пяклі ў ёй пірагі — гулялі ў гаспадара і гаспадыню. Вера ведала ўсё, што і як трэба рабіць, я выконваў яе загады, пераносіў апякунства...

Цікава, дзе яна тут сядзіць у зале?..

Пасля майго выступлення ў клубе пачаліся танцы.

Як і калісьці, так і цяпер, для землякоў танцы былі радасцю мускулаў, сродкам выражэння пачуццяў пры дапамозе рытму і рухаў здаровага цела — мовай для іх не менш выразнай, чым словы.

Заігралі польку, і страшаўцы затупалі з ярасцю, з захапленнем — аж дрыжала падлога, заміргала лямпа. Пра мяне ўжо забыліся.

З капітанам і настаўнікам накіраваліся мы да выхада, як раптам мяне агарнула жахлівая роспач.

«І ўсё? Так і не пабачу ЯЕ?»

Дваццаць тры гады прыкідваўся, што мне ўсё роўна, ні з кім не адным словам нават не абмовіўся пра яе, і ўсё было мана. Верка ў душы маёй неяк ужывалася побач з іншымі дзяўчатамі, якіх я кахаў, побач з жонкай, маімі дзецьмі і рознымі клопатамі і радасцямі. Адной з прычын, чаму я так ахвотна паехаў з дэлегацыяй, была таксама яна.

«Так нічога і не даведаюся?»

Варта было задаць адно пытанне настаўніку, каб супакоіць душу: бар’ер быў мне не пад сілу.

Бліскаючы свежай фарбай, якой звычайна малююць пажарныя машыны, на шырокіх пратэктарах па страшаўскім бруку каціліся сабе два трактары — нашы «Беларусы». Пра іх было столькі гутаркі калісьці ў вёсцы...

— Дзядзька, а там аўчар пахаваны! — запынілі мяне малыя.

— Які аўчар? — усё азіраўся я і азіраўся.

— Шавечкі. Ён не даваў немчам машыны.

— Вунь, дзе крывая дарога...

Толькі цяпер успомніў, як пры адступленні нашых войск праз вёску з ночы на дарозе ля Міхалковага Юліка засталася трохтонная цыстэрна. Ля яе ляжаў сабака і нікога не падпускаў. Сабаку застрэліў немец.

— А, памятаю!.. Што ж, экскурсаводы, вядзіце, паказвайце.

— А во — патрон, ім па фашыстах вы стралялі!

Рыжаваценькі, з кірпатым носам хлопчык — чый ён? — падаў гільзу.

— У Ліпніках знайшоў, дзе вы стаялі, на Стойбішчы. Там іх валяецца яшчэ мно-ога!

Бяру падарунак. Ты глядзі, якая счарнелая гільза. Нібы з тых, якія знаходзілі мы з Марцінавым Сашкам у зуброўскім хвойніку пасля першай сусветнай вайны.

Пабылі ў месцы, дзе пахаваны аўчар. Патапталіся яшчэ крыху на дарозе. І я ўсё роспачліва азіраўся і азіраўся, да болю ў шыі круціў галавой.

Ад’язджаў з капітанам у Беласток неахвотна, з жалем, нібы не выканаў самага галоўнага.

Раніцой з беластоцкай гасцініцы паехаў я яшчэ раз у Страшава без праважатых.

Заглянуў на свой хутар.

Звычайная вясковая хаціна, ужо ледзь не па вокны ўлезла ў зямлю, дах выгнуўся седлавінай ад цяжару чарапіцы, так і глядзі праваліцца. І чаму яна калісьці здавалася такім палацам?.. Як жа, я не мог нарадзіцца ў звычайнай. Чорт на яго, як можна паддацца самаашуканству. Яшчэ знайшліся разумнікі, якія бацьку некалі кулаком аб’явілі...

За намі — Сахарышына поле. Юліка забілі. Іван рана памёр. Цішэўскія вырадзіліся; пяць іхніх гектараў зараслі хваінай.

У падпраўленай Настусінай хаціне цяпер — яе сярэдняя дачка з сям’ёй. Дзе Верка і які яе далейшы лёс, я зноў не пасмеў ні ў кога спытацца, але для мяне пытанне ўжо здавалася ясным. Дзе ж паліцаевай жонцы быць? На гаспадарцы мужа, а Шусцік быў адзіны сын у бацькі.

Учарашняя атмасфера параднасці не дазваляла хадзіць па страшаўскіх хатах — было сорамна. Няхай гэты раз пабыўку скончу, у наступны прыезд буду разумнейшы.

За вёскай папрасіў шафёра спыніцца і пайшоў у Хмель — такая сабе альшанка на балоце за рэчачкай. Пайшоў туды шукаць кладку з выразаным на ёй надпісам, якую мае продкі, па старадаўняму звычаю дрыгвічоў, паклалі на памяць аб першым Кучынскім. Ішлі многія пакаленні касцоў па кладачцы, глядзелі сабе пад ногі на надпіс і ўспаміналі чалавека. Дзень, калі я ўжо сам прачытаю таямнічыя словы са стараславянскімі выкрутасамі на пацямнелай ад часу і вады калодцы, здаваўся калісьці такім далёкім, недасяжным.

Надта цягнула глянуць на кладку праз чвэрць стагоддзя вачыма сталага чалавека. Цяпер я ведаў цану такім рэчам. Хацелася прывезці падарунак. Беластоцкаму краязнаўчаму музею — у Гродна кладку не возьмеш.

Дарэмныя надзеі!

У Хмелі рэчачка цякла гэтаксама, але яе паглыбілі, кладка апынулася над вадой. Высахшы, дуб пачаў лушчыцца і абсыпацца. Надпісу на ім ужо не было. Цяпер наогул не пазнаць кладкі. От, чамусьці ляжаў сабе над вадой ад берага да берага нікому не патрэбны вузлаваты і патрэсканы дубовы слупок. Побач з ім людзі праклалі мосцік з аполкаў.

За мосцікам — гладкае поле чарназёму. Якая тут была дрыгва! Па хрыбет правальваліся каровы, а на купінах расла расянка... Людзі перамянілі мясцовасць усяго за якія дваццаць гадоў. Перамянілі, але ўжо без мяне...

Затое і ў Ліпніках цяпер — Стойбішча — месца, дзе стаяў наш атрад. Будуць мяняцца пакаленні, а назва застанецца. І цяпер будзе іх дзве. Адна — у Каралёўскім лесе, другая — каля нашага хутара...

А наогул — усё цячэ, усё мяняецца.

Расчараваны, я ўжо збіраўся ісці да машыны, як убачыў сялянку. Яна набліжалася да мосціка.

І тут я пазнаў жанчыну: гэта была Яна!

Каб выказаць словамі мову нашых здзіўленых, уражаных і разгубленых позіркаў, выглядала б так:

«Ты-ы?.. Не можа бы-ыць?!»

«А гэта ты-ы?! Бо-ожа, што з табой зрабіў час: замуляная, патанчэлая, са счарнелымі і высушанымі кісцямі рук... Што з табой здарылася?..»

Не так, зусім не так уяўляў я сабе нашу сустрэчу.

Стаім, не ведаем, пра што гаварыць. Колькі ў нас агульнага, недагаворанага, нявысветленага, перажытага. Але якое цяпер гэта мае значэнне?

— Вось мы і спатка-аліса...— кажу я.

— А я іду і думаю — хто ж гэта тут такі стаіць! Чула, што ты выступаў у святліцы ўчора, але каб на балоце...

— Та-ак. Вось мы і спатка-аліса...

— Памагала Лебядзінскім складваць сена. Скончылі, іду і бачу — такі файны пан... Яшчэ сабе падумала — мо з ваявудскай рады хто...

— Гэта — я...

— Выходжу з Хмелю і бачу...

Спахопліваюся — Верка вось-вось заплача.

— Ну, Вера, расказвай — як жывеш? — паспяшыў я з дапамогай. У мяне задрыжаў голас.

Яна як бы пагасла, бездапаможна ўздыхнула:

— От жыву...

Зноў стаім і маўчым.

Чыстая белая хусцінка на яе галаве завязана назад. Твар — хударлявы, яшчэ малады і па-дзіцячы бездапаможны. Зблізку яна — непрыгожая.

— Мама жыве?

— Памерлі. Два гады назад...

Пра што спытацца яшчэ?

— А ў мяне, Алёшка, сухо-ота,— раптам успомніла яна і нібы пахвалілася. — Я егдзіла ў санаторыюм ад ваявудскай рады нарадовай.

Словы «ваявудскай», «санаторыюм» вымаўляла лёгка, правільна — нібы радавітая полька.

— Ого, у санаторый!

— Тры гады таму назад, яшчэ пры маме.

— Малайчына, што ездзіла. І добра, што цябе паслалі. Ну і як?

— Лепей...— у яе адпала ахвота гаварыць пра гэта.

Не хвароба для яе галоўнае. Веры было куды важней, што людзі ўдзялілі ёй увагу.

— Глупства,— успомніў я Доўгага Мікалая, які ад туберкулёзу памёр.— Хваробу тваю цяпер вылечваюць лёгка. Галоўнае — не падай духам.

Маім словам Вера не прыдала значэння. Яна спяшалася выказаць усё.

— Дзякуй табе за кніжку, што напісаў пра мяне ў ёй, не забыў...

— Ты чытала?!

Вера апусціла галаву.

Выходзіць, кніжка дайшла і да яе, непісьменнай?!

Даў паглядзець ёй страшавец ці сама знайшла?

Асобныя выпадкі з нашых адносін я апісаў у сваёй кнізе. Вера выступае там пад выдуманым прозвішчам. Апісаў падзеі не дакладна, як мяне прымушалі законы літаратурнага твора, падказвалі сюжэт і кампазіцыя. Там толькі дух таго, што было на самай справе. Гэта магла ўлавіць адна Вера. Улавіла.

Верыны вялікія вочы колеру намочанага каштана былі такія ж глыбокія, поўныя таямніцы і сілы. Калі б не прыбітасць і апусценне... Колькі ёй, тонкай, слабой, давялося перанесці?! Сама недзе гадавала дзяцей, дваццаць гадоў цярпела ганьбу суседзяў.

Чаму, чаму жыццё некаторых — адна суцэльная пакута?!

— Глупства, няма за што дзякаваць. Пра каго ж тады мне пісаць, як не пра блізкіх, як ты...

— Ай, не кажы, мог бы і не ўспомніць! — уздыхнула яна з сумам і задумалася.

Зноў памаўчалі крыху.

Успомніўся яе муж.

— Скажы, куды дзеўся Шусцік?

— Загінуў у шахце.

— Колькі ж ён прасядзеў?

— Тры гады ўсяго.

Не ведаю, пра што пытацца больш.

— Толькі пад канец вайны ён не жыў са мной, знайшоў сабе немку! — запэўніла яна, бытта гэта мела значэнне.

Зайшлі мы да яе на кватэру.

Хаты сваёй Вера не мела. Ад самай вайны наймала пакой з кухняй, адрабляла за гэта летам гаспадару.

У пакоі засталі мы дзвюх дарослых дзяўчат. Кінулася ў вочы, што яны надта злосныя на маці ад нейкай даўняй і закаранелай крыўды. Не саромеючыся чужога чалавека ў сваім доме, дзяўчаты вызвяраліся на маці, не слухалі яе. Няўжо яны сябе паводзілі так з-за мяне?!

Вярнуўшыся з сяней, Вера пачала паспешліва пілаваць тупым нажом сухі сіні і жылісты кумпяк.

Я не мог болей глядзець на Веру. Зрабілася страшэнна яе шкада. Ды нічога нельга было вярнуць, адмяніць ці хоць пераканаць гэтых дзяўчатак, што жыццё — складаная вельмі штука і нельга быць такімі эгаісткамі.

Я не мог, ніяк не мог тут заставацца — нават хвіліны. Пачаў развітвацца.

У Веры выпаў з рукі нож, яна бяссільна апусцілася на лаўку.

— Ганьбу-уеш?! — жаласліва папракнула яна, нібы брытвай паласнула па сэрцы.

І не разумела, што вінавата менш за мяне: я хадзіў, закаханы, і ўздыхаў, як семінарыст. А што зрабіў, каб вызваліць Веру, чым ёй дапамог?!

Пусты фантазёр!

 

1959—1969 гг.


1959-1969

Тэкст падаецца паводле выдання: Карпюк А. Свежая рыба : Аповесці і апавяданні. Мн.: Маст. літ., 1978. - 368 с.
Крыніца: скан