epub
 
падключыць
слоўнікі

Аляксей Карпюк

«Пагашаныя» яблыні

Цёплай восенню Т. накіраваўся да аднаго дзядзькі па матэрыял для нарыса. Гадзін шэсць прасядзелі яны ў садку. За гэты час мужчыны абгаварылі пра ўсё на свеце. Т. уважліва выслухаў пра выпадкі, якія здарыліся ў гэтай вёсцы ў час вайны; хоць здарэнні былі значныя, але ж даўно ўжо апісаныя іншымі. Журналіст усё ніяк не вывуджваў ад чалавека такога, што б ярка яго характарызавала, не знаходзіў той крупінкі, якая дае іскру аўтару, а матэрыялу — аснову, сэрцавіну. Ну, хаваў ды лячыў параненых. Ну, вадзіў партызан на жалезку, ездзіў па іх заданні ў гарнізон, як ездзілі многія, пераправіў у лес тры вінтоўкі і аўтамат.

Мужчыны выпілі ўжо не адну чарку. Паелі ўсю смажаную рыбу. Т. перакаштаваў яблыкі з кожнага дрэва, даведаўся, які гатунак найбольш стойкі ад чарвякоў і ад марозу, а які дае ўраджай кожны год...

Сядзяць яны далей ды маўчаць. Т. пачаў у душы сябе лаяць, што дарэмна пёрся ў гэтую вёску. Ён падумаў з роспаччу — трэба развітвацца, ці што? Але ж як разлічыцца з камандзіроўкай? Т. з тугой у вачах павёў вачыма па вялізным садку, у якім цяжкія галіны з налітымі яблыкамі падпіралі сучкастыя рагулі.

— Гм, а як жа вы, дзядзьку, давалі сабе рады ў вайну з гэткай прорвай фруктаў? — пацікавіўся Т.— Іх жа тут, мабыць, столькі, што ў вагон не ўбярэш!

Гаспадар ажывіўся.

— Ай, не кажыце! Сэрца разрываецца, калі ўспомню пра той час! У 1942 яблыні, як ніколі, далі многа цвету. Прыпёрся з гарнізона амтскамісар на машыне, пахадзіў па садку, пахадзіў, палічыў дрэвы ды запісаў сабе ў блакнот.

«Гут! — гаворыць і паказвае на дошкі, што ляжалі ў мяне пад акапам.— Пойдуць на тару. Калі возьмеш да восені на што-небудзь хоць адну дошку, пасаджу адразу ў Калдычава, фэрштэен?»

«Фэрштэен, пан,— кажу яму, а сам сабе думаю: — Табе гадаваць яблыкі? Дачакаешся, гад, але — трасцы ў бок!»

Амтскамісар, паехаў, а я нарабіў лесвічак, узяў жонку, дзяцей і — на дрэвы! Цэлы тыдзень начамі гасілі яблыні: зрывалі квецце ў кошык ды валаклі закопваць у яму!

— І «пагасілі»?! — жахнуўся журналіст ды так паглядзеў на гаспадара, бытта ўпершыню яго ўбачыў.

— Усе-е пагасілі! — уздыхнуў са шкадаваннем дзядзька і паказаў рукой: — Унь там брацкая магіла таго квецця. Цэлага ўраджаю. А буйное было — як ружы!.. Прыязджае восенню амтскамісар, дзівіцца:

«Нікс яблык?»

«Нікс, пан,— прыбядняюся я.— Усю завязь халерны мароз пабіў!..»

Але Т. больш не слухаў. З пачуццём шчаслівага чалавека, якому пашэнціла раптам знайсці скарб, ён усхапіўся ды памчаў пісаць нарыс.


1962-1977

Тэкст падаецца паводле выдання: Карпюк А. Свежая рыба : Аповесці і апавяданні. Мн.: Маст. літ., 1978. - 368 с.
Крыніца: скан