epub
 
падключыць
слоўнікі

Аляксей Карпюк

Пакрыўджаная маці

У бабкі Агаты заквактала Чубатка. Агата паклала ў кошык сена, шэсць качыных яек і пасадзіла квактуху.

Мінула чатыры тыдні, і курыца выседзела качанят. Новую сям’ю бабка пусціла ў агародчык.

Гора было Чубатцы з дзецьмі. Адганяла катоў. Білася з варонамі. Прыблудзе Бобіку выдзеўбла вока. Калі на малое паўзлі кузурка або чарвяк, качаня, дурное, уцякала. А то брала ды дзяўбло сабе цень ад лістка...

Трэба было малых і ўсяму навучыць і — абараніць. Аднак качанят яна зберагла і падвучыла. Малыя густа зараслі шэрай поўсцю, акрэплі і ўжо на ноч не змяшчаліся пад квактухай.

Цёплай раніцай Агата адхіліла ў плоце дошку ды выпусціла сямейку на волю.

Чубатка з гонарам павяла дзяцей па загонах. Качаняты наравілі ў бок балота. Маці забегла ім наперад, грэбнула горбу свежага гною. Дзеці спыніліся ля горбы, але ненадоўга. Маці пайшла за імі, поўная недаўмення: чаго яны, няўмекі, туды пруцца? Калі ж убачыла, што набліжаюцца да мокрага, узняла такі гвалт, бытта ляцела варона. Качаняты пасталі. Тады Чубатка скочыла да зямлі, якую вывернуў крот, пачала клікаць дзяцей. Клікала так доўга і соладка, што качаняты хоць і неахвотна, але вярнуліся. Маці ўзяла ў дзюбу каменьчык, запрашаючы і дзяцей. Але тыя паўзіраліся на курыцу з недаўменнем. Бліжэйшае для ветлівасці скубанула травінку, прыязна нешта прапішчала.

З неба паляцелі кроплі. Чубатка панічна кінулася пад акап хлеўчыка, пазвала дзяцей. Ужо ліў добры дождж, курыца клікала і клікала. Качаняты нерашуча пасталі, здзіўлена аб нечым пасудачылі, аднак жоўтым ланцужком падаліся на возера.

Чубатка забылася, дзе зніклі дзеці. Пасля дажджу пайшла шукаць іх у агарод.

Рэдка трапляліся ёй такія ўдачы. Разадрала купіну з чырвонымі мурашкамі, паклікала дзетак. Яны ўсё не ішлі, і мурашкі пахаваліся ў норкі. Выкапала адразу некалькі дажджавікоў, але дасталіся яны нахабным вераб’ям. Высахлую Чубатку вецер перакульваў на загонах, але яна ўзнімалася ды зноў клікала малых.

А вечарам, калі растаўсцелыя качаняты, перавальваючыся з нагі на нагу, вярталіся ад возера, яны сустрэлі Чубатку, як чужыя.

Назаўтра дзеці зноў пакрочылі на балота. Як ашалелая, з настабурчаным пер’ем, Чубатка лазіла па агародах, падворках, задзіралася. Напалохала прывязанае да коліка цяля. Разагнала парасят. Кацяняты грэліся на сонцы, прыстала да іх. Кошка прагнала, і яна падышла да куранят, што лазілі з квактухай у крапіве. Дзве маці счапіліся біцца — аж паляцела пер’е! Гаспадыня грудай прагнала Чубатку ды пайшла скардзіцца бабцы.

Агата злавіла Чубатку і акунула ў вядро з халоднай вадой.

Да вечара паніклая і мокрая Чубатка абыякава прастаяла ля калодзежа з настабурчаным пер’ем на шыі, што прыдавала ёй выгляд задумёнай, пакрыўджанай.


1962-1977

Тэкст падаецца паводле выдання: Карпюк А. Свежая рыба : Аповесці і апавяданні. Мн.: Маст. літ., 1978. - 368 с.
Крыніца: скан