epub
 
падключыць
слоўнікі

Аляксей Карпюк

Пакуты кахання

Вучылася я тады ў пятым класе.

Рыжы Ваня, что сядзеў цераз парту, на лісціку напісаў: «Ніна, я цябе кахаю». Але ж хіба прызнанне такое хлопец мог проста аддаць ёй у рукі? Зрабіць гэта ён папрасіў суседку. Тая першым чынам, вядома, прачытала запіску сама ды на цэлы клас засмяялася. Убачыла класная і паперку забрала.

Кожная праява жыццядзейнасці вучняў мае глыбокі сэнс. Настаўніцы варта было задумацца над запіскай ды аднесціся да яе з тактам і мудра, але яна, на жаль, на такое не была здольнай.

Класная адразу залямантавала:

— А-а, то вы такі-ія?! Ах, распу-утнікі вы, хто б на вас мог падумаць?! А ці ведаеце, чым усё гэта скончыцца можа?! Не-е? Я вас зараз жа да дырэктара завяду!.. Бацькоў паклічу!..

У гэты самы дзень на школьнай сцяне нехта крэйдай вывеў:

«Ніна + Рыжы = любоў!»

Бацькоў клікаць настаўніца паленавалася, літары неўзабаве змыў дождж, пра выпадак паступова ўсе забыліся, толькі не забыла Ніна.

Ішлі гады. Рыжы сусед больш на свае пачуцці не паспеў нават і намякнуць, не падыходзіў да Ніны і блізка. Але дзяўчына заўсёды памятала — у школе ёсць хлопец, для кога яна нешта значыць. Ніна гэтым надта ганарылася. Свет зрабіўся цікавейшы, а таямніца, якую Ніна не паведаміла б нікому ні за якія скарбы, узнімала дзяўчыну ў сваіх вачах і самасцвярджала. Калі хлопец потым перавёўся ў другую школу, яна не знаходзіла сабе месца, покуль сябе не пераканала: адлегласць абсалютна нічога не мяняе, бо як адбывалася таямніца вярчэння Зямлі, незалежна ад таго, што б яна ні рабіла і дзе б ні знаходзілася, так існаваў недзе той, хто пра яе безупынна — яна ведала пэўна — думае.

Нарэшце Ніна атрымала атэстат.

Аднойчы сяброўка шапнула:

— Рыжага бяруць да войска... Просіць цябе прыйсці на станцыю...

У запаветны час яны з маці палолі моркву ў агародзе, а бацька рамантаваў плот. Зірнуўшы цераз акно на ходзікі, Ніна пачала непакоіцца, сюды-туды мітусіцца, а потым пажалілася на боль спіны. Ці ж магла яна сказаць проста так бацькам, для чаго ёй трэба адлучыцца?

З-за спіны яе, вядома, не адпусцілі. Тады дзяўчына з гарачкі прыдумала, што мусіць абавязкова бегчы ў магазін — вось зараз жа, у гэтую хвіліну.

Паводзіны дачкі здаліся падазронымі, і маці паклікала старога.

— Куды-ы?! Ве-едаем мы гэтыя магазіны! — накрычаў ён на сваю дачку.— Згаварыцца хочаш, каб вечарам на танцулькі ўжо ляцець? А хто рабіць будзе?! Ты глядзі ў мяне, каб з агарода — ні на крок!

Цяпер Ніна вырашыла, што ўсё скончана і няма сэнсу больш на свеце і жыць. Некалькі сутак яна не ела, не спала і нікога не хацела бачыць. Маці прыдумала ёй хваробу, пачала рабіць дачцэ націранне, паіць настоем траў. Вінаваты бацька паклаў на табурэтку перад Нінай пяцьдзесят капеек на танцы і папрасіў прабачэння, што на хворую накрычаў.

Старыя, як часта здараецца з усімі бацькамі, так ні аб чым і не здагадаліся.


1962-1977

Тэкст падаецца паводле выдання: Карпюк А. Свежая рыба : Аповесці і апавяданні. Мн.: Маст. літ., 1978. - 368 с.
Крыніца: скан