epub
 
падключыць
слоўнікі

Аляксей Карпюк

Пераможца

1
2
3
4
5
6
7
8


1

Праз нямецкі горад на станцыю крочыў малады салдат. На ім былі шынель з эмблемай артылерыста, рэчавы мяшок ды новыя кірзачы. З-за густых ліп выглядала сонца, па вуліцы сяды-тады шмыгалі вайсковыя машыны ды рэдка паказваліся прахожыя. Батарэйца толькі што дэмабілізавалі, выпісаўшы з палявога шпіталя. Ён стаў вольным казаком і даўно не адчуваў сябе так добра. Малады салдат ужо быў упэўнены, што і бацькоў застане дома жывымі-здаровымі. А мо і брат з’явіўся з няволі, тады ў іх будзе ўсё, як да вайны. Эх, каб не гэтае калецтва!..

Ён быў яшчэ слабы. Пасля паўгадзіны хады адзенне, неабношаны абутак ды кілаграмаў з пятнаццаць ладунку даканалі яго зусім. У шпіталі яму заўсёды было холадна, таму надзеў і шынель,— цяпер гэты шынель аказаўся лішні: на дварэ ўсё ж такі стаяў жнівень.

Салдат звярнуў у скверык, распрануўся ды прысеў на лаўцы пад грыбком. Па жвіровай дарожцы за ім пахаджвала прыемная з выгляду немачка з дзяўчынкай. Пасля бальнічнага ложка батарэец і секунды не мог вытрываць, калі ў яго знаходзіўся хто за спіной — ён зараз жа паварочваўся плячыма да сцяны ці плота або закладваў руку за спіну, прыкрываў месца, дзе пад гімнасцёркай ля лапаткі быў правал.

Цэлулоідны падкаўнерык змакрэў і ліпнуў да шыі; салдат расшпіліў аплічкі пад барадой, гузікі гімнасцёркі і паганяў за пазухай каўняром паветра. За чатыры месяцы лячэння ён зусім адвык ад ботаў. Салдату надта карцела зняць яшчэ кірзачы і даць адпачынак нагам, аднак з-за немкі рабіць гэтага не стаў.

«Перакусіць, ці што?» — падумаў салдат, развязваючы рэчавы мяшок, дзе на пакункі ў яго накладзены быў сухі паёк на пяць сутак: кансервы, хлеб ды загорнутае ў марлечку сала.

Адрэзаўшы кавалак хлеба і крылец старога сала, салдат пачаў жаваць, незычліва азіраючы клумбы з чырвонымі кветкамі ды такую чысціню на дарожках, што не знайсці было там і смяцінкі. Нагадаліся яму беларускія хаты, ад якіх засталіся адно абсмаленыя каміны і дрэвы з абгарэлым лісцем; батарэйцу пад горла падступіў камяк, расхацелася есці. Калі ў партызаны пайшлі і бацькі, яго хату немцы чамусьці не спалілі. Але ж можна сабе ўявіць, што засталося ад сялібы, пакінутай гаспадарамі. Знайдзі тут вінаватага цяпер...

Да ног яго падкаціўся стракаты мячык, і батарэец павярнуў галаву. Зводдаль застыла перапалоханая дзяўчынка з банцікам, не ведаючы, што рабіць. Ён падняў мячык, кінуў малой, сказаўшы па-нямецку:

— Лаві!

— Данкэ, пан салдат! — азвалася з лаўкі яе маці. У голасе жанчыны прагучала ўдзячнасць незнаёмаму за ўвагу да дачкі.— Грэта, падзякуй і ты пану рускаму!

Малая зрабіла кніксен.

Апанаваны сваімі думкамі, батарэец праз сілу ўсміхнуўся дзяўчынцы.

Тым часам немка не супакойвалася.

— О-оў, якая цудоўная пачынаецца восень, пан салдат, ці не праўда? — зашчабятала яна, заклікаючы да размовы.— Сонца і сонца, кожны дзень сонца, як на заказ, wunderbar!

Батарэец паходзіў з мясцовасці, дзе многія людзі добра гаварылі па-нямецку, умеў гэта і дэмабілізаваны салдат; заклік незнаёмай ён вымушаны быў прыняць.

З дзесяціметровай адлегласці немачка паспяшыла расказаць пра сябе. Робячы няшчасны выраз на пульхненькім тварыку з ямачкамі на шчоках, страляючы вільготнымі вачыма, на французскі манер картавячы «р», меладычным голасам яна паскардзілася яму на лёс. Муж яе служыў у афрыканскім корпусе Ромеля, але яшчэ ў 1942 трапіў да англічан у палон. Праз Чырвоны Крыж яна мала атрымлівала ад яго вестак — падумаць толькі, усяго па дзве паштоўкі ў месяц; цяпер пра яго і ўвогуле нічога не ведае. Работы па спецыяльнасці камендант ёй не дае, а тут яшчэ і малая на ўтрыманні. Што ёй рабіць, уяўлення не мае. Можна было б пайсці ў швачкі, ды яна ж — картограф, хіба для гэтага вучылася пяць гадоў у «гохшуле»?!

Жанчына ўсё гэта расказала міла, а далікатная скура на яе пульхненькім тварыку тонка паружавела. Батарэец з распешчанай немачкай раней не стаў бы нават і гаварыць, але, як і ўсе цяжка параненыя, пасля шпіталя ён узмужнеў, стаў мудрэйшы, больш разважлівы, яшчэ нават падараваў ёй банку тушонкі, мяркуючы ў гэты час сваё.

Як толькі батарэя ўвайшла ў Германію, іх артылерысты як адзін сказалі сабе: ну, гітлераўцы ў нас гвалцілі, рабавалі ды палілі, затое мы не такія! Калі хто-небудзь дазваляў сабе выхадку, навальваліся на таго ўсёй кампаніяй. Дэмабілізаваны захацеў пачуць пахвалу сябрам, і таму спытаўся пра гэта ў немкі.

— Пра што пан салдат гаворыць?! — здзівілася маладзічка.— Гэта нашы мужчыны не мелі права крыўдзіць рускіх жанчын — немцы кожнага паўгода з фронту дамоў на пабыўку ездзілі! Вас жа ўсю вайну не адпускалі, і калі дзе што і здарылася, то гэта ж натуральна — мужчына інакш не можа!

Салдату расхацелася больш гаварыць з немкай.

— Пан рускі, у тым доме зноў жыве нацы!* — звярнуўся да яго раптам нейкі падлетак у шортах.— Уцякаў з усімі да Рэйна, аднак, шэльма, вярнуўся!

— Мэклембург?! — з перабольшаным абурэннем спыталася жанчына.

— Так точна! — павярнуўся да яе падлетак і паказаў батарэйцу валасатыя лынды.

Толькі цяпер салдат убачыў: перад ім сталы мужчына, а маладзіць яго так вопратка.

— Разбірайцеся тут самі! — махнуў ён рукой.— Або заяві пра гэта каменданту!

— Так точна, пан салдат!

Адчуўшы незычлівасць салдата, мужчына ў скураных шортах, бы скаўт, лёгка пакрочыў далей. Немка прымусіла малую зрабіць яму кніксен і панесла дамоў падараваную ёй банку кансерваў.

 

* Так некаторыя немцы называлі гітлераўцаў.

2

Батарэец сабраўся хаваць сняданак. Побач на лаўцы ўжо размясціліся двое старых: таўсцяк у ялавых ботах, зашмальцаваным капелюшы і грубай куртцы — тыповы баўэр, а другі — невялічкі, шчупленькі паўінтэлігент. Раззлаваны немкай і «скаўтам», батарэец скрывіўся ад сала: ехаць яму недалёка, цяпер не зіма, на д’ябла яно яму здалося?! І тут салдат злавіў прагны позірк старога ды ўспомніў, як вясной вось такія, пад свіст куль, абступалі ў кювеце артылерыйскага каня з застылай ружовай пенай на зубах, адразалі кавалкі мяса ды клалі сабе ў торбы. Што зробіш, і ў іх быў тут не мёд, згаладаліся.

— Будзеш есці, фатэр? — злуючы на сваю дабрату, спытаўся батарэец па-руску.

— О-о, я-а!

— Вазьмі!

Баўэр жвава падскочыў, узяў пачастунак. Заадно ён захапіў і лусту хлеба, тады вярнуўся на месца. Таўсцяк і не падумаў дзяліцца з суседам, толькі паківаў галавой і прабурчаў:

— Та-кі-мі ка-вал-ка-мі рас-кі-ідацца, майн го-от!.. Нездарма ў сваёй Расіі яны там без портак ходзяць!

Насцярожаны ўжо, салдат хаваў у мяшок ежу, праставаў лямкі ды крадком сачыў за суседзямі. Тоўсты ўсё аплятаў пачастунак, трымаючы яго аберуч, а шчуплы сарамліва адводзіў вочы.

— Дык вы з Баварыі? — спытаўся праз хвіліну шчуплы.— Усе пруцца на Захад, а вы — на Усход?!

— У час вайны працаваў у мяне паляк Франак,— выцер баўэр далонню вусны ды змахнуў крошкі.— Часамі падонак выводзіў мяне з цярпення. Польскую свінню я тады хапаў за горла ды біў патыліцай аб сценку. Гэты няўдзячны сабака потым паскардзіўся амерыканцам. Але я памаліўся дзеве Марыі, і яна мяне абараніла — удалося ўцячы. Заскочыў дамоў, хапіў за руку старую і — сюды!

— О-о, гэтыя паршывыя сабакі цяпер расперазаліся! — згадзіўся шчуплы.

— Бо залагодна мы, немцы, з імі абыходзіліся, задобра было ім!..

— О-оў, шчырая праўда!..— заварушыўся на лаўцы ўсхваляваны шчуплы.— Лагоднасць нас і згубіла, я сваім гаварыў не раз!..

— Цяпер позна каяцца! — тоўсты сумным позіркам абвёў наваколле.— Думаю дзе-небудзь гаспадарку пашукаць...

— Кінутых хутароў цяпер хапае, уладкавацца можна! А покуль што згаворымся. Пажывяце ў мяне, бо камендант іхні ўсё роўна каго-небудзь упіхне. Вы католік? Не забудзьцеся падзякаваць дзеве Марыі.

— Сам ведаю: нельга царыцу нябесную толькі прасіць, трэба ўмець і аддзячыць. Адно ўладкуюся і пешшу схаджу да святой Гертруды ў Бельфаст!

«Божа, гэтыя пачвары так нічому і не навучыліся?!» — жахнуўся батарэец. Эх, з якім здавальненнем ён развярнуў бы сваю «палкавушку» ды ва ўпор смальнуў бы па гэтых гадах асколачным; ён ужо нават адчуў тугую сілу аддачы ад пасланага снарада. Салдат ад хвалявання пачаў задыхацца — давала пра сябе знаць пакалечанае лёгкае. Але намаганнем волі ён стрымаў сябе.

«Чаго тут дзівіцца? — падумаў толькі.— Мільёны гітлераўскіх галаварэзаў нарадзіліся не на пустым месцы — вось і таткі іхнія!.. Бедныя каменданты і тыя хлопцы, што з імі застаюцца, ото ж будуць мець тут работы!..»

Ён закінуў на плечы мяшок, на руку ўзяў шынель ды паплёўся зноў, адчуваючы ў душы дакладна такі настрой, як у час наступлення ў Памераніі, калі першы раз параніла і ён вымушаны быў пакінуць агнявыя — было і ніякавата, што ў разгар бою адпраўляецца ў тыл, і была ўпэўненасць — нічога, ёсць тут каму справу давесці да канца.

 

3

Гэта была не станцыя, а вялікае вяселле. Паралельна адзін да аднаго стаяла мо з дзесяць эшалонаў з дэмабілізаванымі. У адным поездзе ехалі сібіракі, у іншым — вайсковыя з Курска, а там — у Волагду... Усе вагоны расквечаныя зелянінай, у расчыненых праёмах тоўпіліся загарэлыя, паголеныя, гладкія ды ашалелыя ад радасці салдаты і выстуквалі нагамі. У паветры стаялі густыя пераборы гармонікаў, трафейных акардэонаў; грымелі бубны, пілікалі скрыпкі, а духавы аркестр, якога не было відаць, плаўна выводзіў «Амурскія хвалі»...

— Чужых не бяро-ом! — выхіліўся з дзвярэй, дыхнуў на батарэйца хмелем вусаты і вясёлы старшына з цэлым іканастасам ордэнаў ды медалёў на грудзіне.— Шукай, браток, сваіх!

З вагона старшыну пачуў афіцэр. Перакрываючы музыку і гвалт, ён зацікавіўся:

— Ты з кім там, Рысакоў?

Батарэец ведаў, што дэмабілізаваным загадана не браць нікога старонняга. Напэўна, ён упрасіў бы ветэранаў — хіба ж не падабралі б свайго, са шпіталя?! Але раніцой салдат дэмабілізаваў сябе і ў душы, а голас афіцэра вярнуў яго ў атмасферу падпарадкавання: у вагоне трэба было зноў дняваліць, на ўсіх гатаваць ежу, мыць посуд, дакладваць, адпрошвацца — «цягнуць лямку».

«У Германіі не пакінуць, хто-небудзь падбярэ!» — супакоіў ён сам сябе ды шпарчэй пакрочыў далей.

Калі з вялікай небяспекі чалавек выходзіць цэлы, ён адчувае сябе двойчы жывым: кожная частка цела, кожны рух, усё ў ім жыве, усім ён здзіўлены, не можа нічым нацешыцца.

Салдату прыемна было нават адчуваць пад нагамі дрэва шпалаў, крупінкі жвіру, перасякаць рэйкі, дзе ўздумаеш, лезці пад вагоны...

Салдат, былы партызан, прыглядаўся ўважліва да стрэлак, колаў паравоза і раз-пораз заміраў — вось! У партызанах ён узарваў усяго тры паязды ды дзве стрэлкі, але гэта патрабавала такога напружання псіхікі, што ў яго засеў трывалы рэфлекс: каля рэек пачынаў меркаваць, куды б засунуў міну і колькі б у яе запакаваў толу, каб «добра рванула». Ён ужо думаў, што звар’яцеў, ды ў батарэю трапілі іншыя партызаны, і ўсе яны прызнаваліся, што і ў іх такое адчуванне.

Праз хвіліну батарэец валокся ўздоўж эшалона з палоннымі. Немцаў таксама везлі на Усход, але там іх чакала работка.

«Кожнаму паводле заслуг!» — разважаў батарэец і наткнуўся на нямецкага фельдфебеля ды нашага сержанта. Дэмабілізаваны за каўбасу выменьваў коўдру. Ён даваў адзін вянок, а фельдфебель за новую ваўняную рэч хацеў два. Батарэец памог ім дамовіцца, пастаяў з немцам, покуль сержант бегаў па каўбасу. Здаралася, што ў гарачцы бою ён браў немцаў у палон, вадзіў на зборныя пункты, але першы раз тварам у твар сутыкнуўся з палонным пасля вайны.

На цёмна-русым трыццацігадовым мужчыне з банцікам рыжаватых вусікаў пад носам мундзір з усімі адзнакамі быў ахайны, бытта немец толькі што выйшаў з казармы на пабыўку. Ён трымаў сябе незалежна, стараўся не сустракацца з батарэйцам вачыма і, што было ў яго на душы,— нічым сябе не выдаваў. Нічога не дабіўся салдат і пытаннямі: немец адказваў — так альбо — не. Батарэец не курыў, але вёз падарунак бацьку. Каб падбіць немца на размову, выняў з кішэні партсігар з папяросамі:

— Калі ласка!

— Што?! — немец нібы прачнуўся.— Дзякуй, не куру! — адказаў ён так жа коратка і зноў перанёсся душой кудысьці далёка.

Больш батарэец не прыставаў.

Вярнуўся салдат з каўбасою, адбыўся абмен. Сержант батарэйца пахваліў:

— Але ты здорава лапочаш па-іхняму, як фрыц!.. Малайчына, што патрымаў мне яго, а то ўраз перахапілі б! Маім старым будзе падарунак! — памацаў ён пакунак з любасцю.— На Арлоўшчыне ў нас не хутка купіш такое!.. Таксама дамоў? Айда разам! — браўся новы сябар ужо за парэнчу, каб лезці ў вагон.— Зараз адпраўляемся!

— Я лепш на свежым паветры! — салдат палез на тармазную пляцоўку.

 

4

Яшчэ ўзрушаны размовай з сержантам, салдат адхіліў палічку на тугой спружыне пад ручкай тормаза і сеў. Перад вачыма ў яго ўсё стаяў немец.

«З’еў локшыну і яшчэ фанабэрыцца!»

Паўтары гады таму назад пад Ваўкавыскам ён, тады партызан, сядзеў у сакрэце ды назіраў за пераездам. На пераездзе пахаджваў франтаваты вартавы. Аднекуль вынырнуў на санях з цэглай дзядзька ў рыжым кажусе. Немец прыўзняў салому з цэглы, зазірнуў пад сані, ці не прывязана там што, і ўжо прапусціў чалавека, ды раптам спахапіўся. Ён загадаў селяніну здымаць кажух, а сам пачаў вымаць штых. Ні жывы ні мёртвы чалавек зняў кажух. Шырокім штыхом салдат адрэзаў у ім рукавы, кінуў іх чалавеку. Тады апрануў кажух сабе на шынель, зноў падперазаўся ды гыркнуў:

«Анцыген унд вэг, ферфлюхтэ гунд!»*

Збялелы чалавек нацягнуў рукавы і, ненатуральна ўсміхаючыся, задам падаўся да каня, не адводзячы загіпнатызаваных вачэй ад аўтамата...

Успомніўшы цяпер тую сцэнку, салдат з гонарам за сваіх хлопцаў падумаў:

«Плаціў бы гэтак фельдфебель нашаму палоннаму за коўдру, а як жа!.. А бачыш, і сержант які сур’ёзны — ужо цяпер думае, з чым прыедзе да сваіх на Арлоўшчыну!..»

І салдат нахіліўся над рэчавым мяшком, развязаў яго зноў. Пад сухім пайком ляжалі на самым дне ў скураных пераплётах тамы Шылера і Гётэ з залатым цісненнем гатычных літар. Батарэец зусім не быў аматарам паэзіі, кніжкі захапіў з пашаны да аўтараў, а яшчэ таму, што былі прыгожа выдадзены, ды і дасталіся яму дарма. На кніжках ляжаў наркомаўскі падарунак дэмабілізаванага: шэсць метраў палатніны — маці на сукенку, па два кілаграмы цукру і белай мукі ды пачак грошай на абсталяванне (яго гадавы аклад, плюс — палявыя!). Навёўшы ў мяшку парадак, ён завязаў яго зноў ды адчуў, што таксама мае з чым ісці да бацькоў — яшчэ ніколі не быў такі багаты.

Поезд ужо ішоў, і салдат з сумам пазіраў на чужыя прысады, вастраверхія дахі з чарапіцай маркоўнага колеру. Былымі мазалямі, тым потам, які затраціў, капаючы па Германіі агнявыя для гарматы, насыпаючы брустверы, поўзаючы на жываце з ровіка ў ровік, ды тымі магіламі ад Кюстрына да Берліна, дзе яшчэ ў свежанькіх гімнасцёрках ды галіфэ ляжалі яго сябры-батарэйцы,— ён быў так прывязаны да гэтай чужой зямлі, што раптам расхацелася ад’язджаць.

Тым часам поезд вынес яго ўжо на поле сярод хутароў. Усюды мірна і спакойна. Пасвіліся пярэстыя каровы. Ганяліся на веласіпедах падлеткі. Час ад часу мільгалі машыны. Эшалон набіраў хуткасць, пачало прадзімаць, і салдат, спахапіўшыся, накінуў на сябе шынель, затым падсунуў пад яго руку і пацёр параненае месца, каб не застыла.

«Будзеш цяпер мець цацку!..» — пакпіў ён, не могучы сабе дараваць, што так недарэчы падставіў тады бок пад асколак.

 

* Апрані і — прэч, паршывы сабака! (ням.)

5

У той дзень ён, наводчык, быў і за камандзіра гарматы. Рыхтаваліся да штурму, чакалі падвозу снарадаў. Грунт трапіўся цвёрды, яго не брала ні кірка, ні рыдлёўка, і салдаты ляжалі амаль на відавоку ў немцаў. Плошчу перасякаў супрацьтанкавы роў — самае лепшае сховішча ад куль. Наводчык клікнуў нумароў, і яны ўсе разам адным махам апынуліся ў рове. На дне доўгай яміны перад атакай драмалі пехацінцы. Шчаслівы, што ўдалося нарэшце выскачыць з-пад абстрэлу, батарэец кулём скаціўся за хлопцамі і апынуўся супроць камандзіра батарэі, капітана Кучэрына.

— Самі пахаваліся, а там нямецкія хлапчукі гарматы пакрадуць! — з’едліва сказаў камбат, пачакаўшы, покуль яго артылерысты аддыхаюцца.

— Якая карысць з іх, Іван Пятровіч, усё роўна няма чым страляць! — уставіў асцярожна наводчык, мяркуючы — гаворыць камандзір проста для парадку ці гоніць разлік назад?

— Ваша шчасце, што снарадаў няма...

І тут батарэец пачуў над сабой міну. Выдарылася б гэта ў адкрытым полі, ён пачуў бы яе здалёк, паспеў бы ўпасці. Цяпер жа яго калені ў бездапаможным адчаі пачалі толькі падгінацца, галава павярнулася да чаканага месца сутыкнення з зямлёй, як страшэнны выбух кінуў салдата носам на адхон. Пачуліся енкі, ад удару пасачак пад барадой лопнуў, каска пакацілася ўніз.

«Што гэта?! — са здзіўленнем разглядаў салдат пясчынкі жвіру перад носам ды без панікі разважыў: — Ага, настаў і мой час, я — забіты!.. Але ж чаму выразна так усё бачу?! Ага, пяхотная міна разнесла ніз, галава цэлая, мозг яшчэ дзейнічае, таму магу думаць і разважаць... Як лёгка стала дыхаць! Чаму?!»

Яму надта хацелася агледзецца, ды страшна было ўбачыць месіва — як міны разрывалі людзей, ён нагледзеўся. Салдата агарнуў нейкі жаль.

«Зараз дойдзе да галавы і наступіць смерць?! Я ж — у яму схаваўся! — пачаў ён бытта апраўдвацца, бытта таргавацца з лёсам.— Я ж — наводчык, хутка штурм будзе, камандзір гарматы свежыя снарады абяцаў! Я ж з братам не бачыўся! Як бацькі там будуць адны?»

«Ха, здаецца, магу варушыць пальцамі нагі, мо толькі паранены?» — з-за баязлівай забабоннасці, каб не абразіць, не спужаць таго, што давала кволую надзею, ён стлуміў радасць ды асцярожна павярнуў галаву назад. Фуфайка на спіне была цэлая. Далей убачыў пашчапаны прыклад аўтамата, палявую сумку ды — абцасамі ўверх — добра знаёмыя боты.

«Цьфу, панікёр!» — аблаяў ён сябе, абапёрся локцямі аб зямлю, каб усхапіцца, і толькі цяпер адчуў рэзкі, нечалавечы боль: бытта яму ў плечы раптам уваткнулі ні то вялікую стрэмку, ні то распалены шворан.

«Ага, чапіла!.. Нічога, нічо-ога, мяне толькі пара-аніла, не бяда-а! — паспрабаваў ён авалодаць болем.— Але ж чаму так лёгка дыхаць?! Паветра заходзіць праз плечы?! Лёгкае прабіта!» — уразіла здагадка, і ён кулаком заціснуў месца на плячах, адкуль разыходзіўся боль. Дыханне стала нармальным.

Ён асцярожна ўстаў і азірнуўся. Міна трапіла ў суцэльную масу людзей. Камбат пакрыкваў на салдат і клаў на плашч-палатку замковага з акрываўленым тварам ды падкурчанай нагой. Усюды варушыліся салдаты, енчылі, перавязвалі адзін аднаго, моўчкі падступаліся да забітых — да наводчыка нікому не было справы. Толькі ён і не крыўдаваў, ім авалодала дзіўная апатыя.

— Кучынскі, хапай за рог, нясіце Дашкіна ў санроту! — дайшоў да наводчыка голас Кучэрына.

«Чаго ён прыстае, і мяне ж чапіла!.. Ат, так і так, трэба ў санроту на перавязку!» — разважыў наводчык і, не адымаючы кулака ад раны, узяўся за плашч-палатку ды з трыма байцамі павалок на адхон замковага.

Наверсе ад брусчаткі рыкашэцілі кулі. Ледзь не кранаючыся насамі зямлі, салдаты паперлі па адкрытым месцы ношу ды ўпалі за мураванку. Батарэец толькі тут адчуў — у яго боце поўна крыві: аўтаматная куля прастрэліла яшчэ і лытку. Болю не было, заўважыў ён гэта абыякава, бытта праз сон, нібы параніла каго другога.

— Славяне, санрота — у падвале! — абвясціў ім нехта.

Апынуліся яны ў памяшканні, поўным насілак з параненымі. Праціснуліся з ношай па вузкім праходзе і апусцілі Дашкіна на цэментавую падлогу. Маладзенькая і шустрая медсястра правяла тампончыкам з перакіссю вадарода па драпінах на твары, разрэзала нагавіцы, пакратала на голені сіняк — больш у замковага нічога не было. Раззлаваная дзяўчына кірзачом праперла Дашкіна з палаткі, і тут яе спрактыкаванае вока заўважыла збялелага батарэйца. Малая кінулася да яго, бо чамусьці менавіта цяпер ён пачаў валіцца на цэмент. Апошняе, што ён пачуў, быў сярдзіты голас санітаркі:

— Нясіце жыва мне гэтага туды, дзе цяжкія!..

З таго моманту тыдні на два ён нібы праваліўся ў нейкую яму. Як праз сон, заўважаў бледныя твары ў белых халатах і заклапочаныя, уважлівыя вочы. Яго перадавалі з рук у рукі, бы нейкую эстафету,— раздзявалі, адзявалі, некуды валаклі, перавозілі, мылі, перакладалі з бока на бок, прыўзнімалі ды апускалі. Часамі яму надта балела — калі пілавалі рэбры; ён добра запамятаў, з якім бразгатам падалі ў таз косткі...

Паранены пачаў прыходзіць да памяці ад прыкрасці на агіднага ды надакучлівага тыпа, што хліпаў каля яго вуха, а батарэец усё яго супакойваў. Супакойваў чамусьці чужым голасам, гаварыў доўга, і так яму гэта было цяжка, што аж узмакрэў, а маладушны тып усё ныў. Не могучы даць яму рады, ён нарэшце зазлаваў. Поўны абурэння на мамінага сынка, ён раптам расплюшчыў вочы і азірнуўся.

Выяўляецца, што хліпаў ён сам. Батарэец ляжаў на бальнічным ложку з заплаканым тварам. Фактычна ляжаў не ён. Па нейкіх прыкметах батарэец адчуў, што ў яго цяпер вельмі тонкая шыя, ды ўбачыў свае тонкія, чамусьці без загару, пальцы. Батарэец быў нібы падменены — здзяцінелы, кволы і слабы. Захутаная ў бінты галава, што тырчала над ім, называла салдата па імені і супакойвала ўжо знаёмым голасам.

«Адкуль ён ведае, як мяне зваць?!» — падумаў батарэец, падаў голас, і чалавек узрадаваўся. Гэта быў старшына самаходкі, ён чакаў самалёта, які забіраў «чарапнікоў». Абодва яны ляжалі ў шпіталі. І вайна ўжо скончылася. Батарэйцу раптам захацелася спаць: не даслухаўшы старшыну, ён адразу заснуў.

Спаў салдат доўга і прачнуўся ноччу. Праз зашклёныя дзверы ў белую палату прасвечвала святло. Стаялі чатыры ложкі. На дальніх двух дыхалі ў глыбокім сне параненыя, а на суседнім панавала мёртвая цішыня. Батарэец з прыемнасцю заўважыў, як сон уліў сілы ў яго патанчэлае і слабое цела. Хацелася з асалодай пацягнуцца ўсімі мускуламі, як бывала толькі ў дзяцінстве, калі хварэў запаленнем. Ён так і зрабіў бы, ды раптам заўважыў, што ляжыць на левым баку, а яго правы — бытта адзеравянелы і да нечага прывязаны. Ён узяўся за яго рукой — туды быў устаўлены гумовы шланг. Аднак гэта яго не спалохала — ім валодалі спакой і ўпэўненасць.

«А дзе ж старшына самаходкі?!» — спахапіўся батарэец ды азірнуўся яшчэ раз на суседні ложак.

На адлегласць выцягнутай рукі ад яго ляжаў нябожчык. З белага скафандра бінтоў выставаў толькі востры нос і кадык.

 

6

Поезд цягнуўся гадзін з шэсць, але час салдату здаўся імгненнем. У яго на душы панавала здавальненне, што канчалася важная старонка яго жыцця, ім было зроблена ўсё, што можна, толькі ён ведаў — яму будзе нялёгка. Выпісалі салдата толькі таму, што ён надта прыставаў да начальніка шпіталя з аргументам: пачынаецца навучальны год у інстытутах, ён хоча яго не страціць, лячыцца будзе дома. Але як будзе на самай справе?!

Адарвала яго ад думак Варшава — поезд далей не ішоў. Былы наводчык забраў свае рэчы і павалокся ў тое, што засталося ад польскай сталіцы. Седзячы на нейкім фундаменце над берагам Віслы, ён раптам успомніў, што ў сярэдзіне студзеня ўжо тут быў. Батарэя ішла тады ў трэцім эшалоне. Покуль коні па слізкім пад’ёме ўзвалаквалі ад пераправы гарматы, па вытаптанай у глыбокім снезе сцежачцы наўпрасткі ён пайшоў сюды ды прысеў на гэты самы мур, каб паправіць абмотку. Наш лётчык вось там трымаў за руку зарумзаную польку ды казаў:

«Паплач, Ганка, я цябе разумею! У мінулым годзе таксама вярнуўся я ў Мінск, а там — ні аднаго цэлага дома! Паплакаў, і палегчала адразу!..»

Праз хвіліну яны пайшлі ўздоўж Віслы, і батарэец яшчэ чуў, як лётчык даваў польцы настаўленне:

«Ступай толькі туды, дзе ўжо станавілася нага чалавека — след у след, бо ахне міна — і не будзе каму вяртацца да нашага «кукурузніка»!..»

Толькі цяпер батарэец разабраўся: фундамент гэты — усё, што засталося ад Каралеўскага замка, якім так ганарыліся да вайны палякі. На плошчы перад сабой ён убачыў рынак. Батарэйцу кінуўся ў вочы малады паляк-прыгажун, які расклаў тавар на брызенце і гандляваў гузікамі. Палякам батарэец нават сімпатызаваў. Быў з імі ў партызанах. Каля Шнайдэмюле яго батарэя ратавала польскі батальён ад разгрому, дзе наводчыка першы раз параніла. Палякі тады рухаліся па шашы, і на іх напала унтэр-афіцэрская школа, якая прабівалася з акружэння на поўнач. Батарэец запомніў маладых дзяўчат у «рагатыўках», якіх накасілі з аўтаматаў немцы: у амерыканскіх шынеліках і англійскіх чаравічках валяліся яны ўздоўж і папярок на мокрым асфальце нейкай аўтастрады. Успомніўшы ўсё тое, батарэец не змог доўга глядзець на прыгажуна з гузікамі і адправіўся на станцыю.

У машыніста ён даведаўся, які з таварнякоў неўзабаве адправіцца на Усход, і палез на дах бліжэйшага вагона. Там было ўжо жанчын з мяшкамі і рукзакамі, якія вярталіся з гандлю. Выбраўшы месца, дзе вальней, ён апусціўся на пакатую бляху. Дарогі хапала на цэлую ноч, можна было добра выспацца, і салдат пачаў меркаваць, як лепш уладкавацца, каб у сне не паляцець пад адхон.

Уздоўж вагона дах па цэнтры ўзвышаўся сантыметраў на трыццаць. Салдат падоўжыў лямкі, і не здымаючы мяшка з плячэй, закінуў яго на другі бок хрыбта, выцягнуў ногі ды паклаў на край мяшка галаву. Такім чынам прымацаваны на доўгіх лямках да плячэй, цяжкі мяшок зараз служыў у яго як бы падушкай-якарам: калі цяпер вагоны ляснуць буферамі, салдат не рызыкаваў паляцець уніз. Расшпіліўшы на сабе гузікі, адпусціўшы папругу, батарэец параненым бокам улёгся так, каб не муляла і паравоз быў ззаду, бо інакш у вочы заносіла б з коміна вугельчыкі.

Гэтак грунтоўна ўладкаваўшыся, змардаваны за цэлы дзень салдат стаў чакаць, калі зморыць яго сон. Ён нагадаў сержанта з коўдрай і падумаў — як добра, што цябе ніхто ноччу не абудзіць на варту. Перад вачыма была густая цемра, а навокал чулася гутарка гандлярак. Галасы жанчын нагадалі шпіталь, і ён пачаў успамінаць пра яго.

 

7

Батарэец быў пэўны, што выжыў толькі дзякуючы медсёстрам. Металёвыя асколкі загналі ў лёгкае яшчэ і некалькі кавалачкаў дрэва з прыклада: ён лічыўся «грудніком»—трэцяй, самай цяжкай, групы: з адкрытым пнеўматораксам, з гумовым шлангам у баку, з прымацаваным да шланга посудам.

Пасля таго як у шпіталі ён прыйшоў да памяці, аслабелы яго арганізм распачаў марудную барацьбу за існаванне. «Груднікі» надта капрызныя, бо адзін выгляд дрэнажнай трубкі, па якой днём і ноччу сцякае ў бутэльку гной ды праходзіць у лёгкае паветра, давядзе ледзь не да вар’яцтва і самага здаровага чалавека, зробіць яго згрызлівым, бы схварэлае дзіця.

У шпіталі салдат высах да таго, што важыў трыццаць восем кілаграмаў. Ленінградка Нюра лёгка брала яго на рукі, выносіла ў садок ды клала пад вішні ў гамак. Бывалі дні, што не хапала ў яго сілы, каб узняць да рота руку, і сястра тады карміла яго з лыжачкі. Ленінградка пісала яму дамоў пісьмы, аднекуль прыносіла апельсіны, якія батарэец першы раз у жыцці бачыў, заглядвала ў раны:

«Ну, як мы зажываем? — з мацярынскай заклапочанасцю пыталася яна.— О-о, якія ружовыя рубчыкі!.. Ну-у, цяпер мы будзем мы-ыц-ца!..»

Халат у яе часамі быў прыадхілены; калі яна дакраналася да параненага незнарок грудзямі, месца тое ў яго потым гарэла. Нюра прылятала да салдата і са сваімі радасцямі ды бедамі. То знайшлася яе маці! То аб’явілася сястра! То прыйшла вестка, што бацька загінуў яшчэ ў сорак першым.

Што яна цяпер робіць? Далечвае астатніх. Абяцала пісаць на бацькаў адрас...

На гэты раз Нюра прыбегла да яго без халата ды спрытна падсунула пад яго гумовае кола ад пролежняў. Затым дзяўчына лягла побач, ад чаго панцырная сетка моцна ўвагнулася і Нюра ўся аж навалілася на яго. Ён адразу адчуў, як далікатная цяплынь памалу пачала ахінаць яго з галавы да ног. Шчаслівы, ён баяўся нават павярнуцца, каб не вылез дрэнажны шланг з раны, у той жа час яму было весела. Доўга яны гэтак ляжалі і нават дурэлі, а батарэец усё думаў — абняць яе ці не?..

А калі пакрыўдзіцца і ўцячэ?..

Раптам нешта стукнула, заляскаталі буферы, і ён прахапіўся.

Выяўляецца, батарэец ляжаў не ў шпіталі, а на вагоне. Ніякага дрэнажу не было. Ды і рана, куды ўстаўляўся шланг, зарасла ўжо даўно — два месяцы назад. Паварушыцца баяўся ён не з-за яе, а каб не зляцець з пакатага даху. Стаяла глыбокая перадасенняя ноч. З паравоза агністай грыўкай праляталі над ім іскры. Паабапал пуці рухаліся назад даўзёрныя контуры будынкаў.

Цяпло яму ішло ад таго, што ён кагосьці трымаў у абдымках.

Салдат насцярожыўся.

Пад шынялём дыхала яму ў гімнасцёрку жанчына. Рука незнаёмай абдымала яго за спіну, а гарачыя ногі былі выцягнутыя ўздоўж яго ног. Батарэец выразна адчуў, што жанчына не спіць, нечага чакае і добра ведае, што не спіць ужо і ён. Памалу, не кажучы ні слова, ён стаў нібы нацягваць жанчыне на спіну край шыняля і сваю далонь перавёў непрыкметна ёй на плечы.

Жанчына не толькі яго не адштурхнула, а прытулілася яшчэ больш.

І батарэец, адчуваючы ў сабе раптоўны выбух дрыжыкаў, даў волю сваім рукам, адначасова не забываючы, што яму нельга прыўставаць, бо зверне ўвагу людзей на вагоне, злуючыся на якар-мяшок, што скоўваў яго рухі.

— Не рві-і, я сама-а! — нібы з таго свету, раптам пачуў ён ля вуха ўсхваляваныя словы маладзіцы.

Праз хвіліну батарэец ужо ляжаў без руху. Было такое ўражанне, бытта ён доўга цярпеў смагу, але вось дапаў да халоднай крыніцы і цяпер яе жыватворчая сіла разыходзілася па яго жылах у кожную клетачку спрагнёнага цела, даючы шчасце асалоды і моц. Па-ранейшаму трымаючы адну руку на плячы жанчыны, ён маўчаў, а маладзіца ляжала спакойна і таксама маўчала.

Эшалон набіраў хуткасць з гары, паравоз, чуваць было, ехаў на халастым ходзе, навокал перагаворваліся жанчыны.

— А нех яго! — пачуў ён раптам бясхітрасную скаргу маладзіцы: — Як прывыкнеш дома ўжо да гэтага, так і ў дарозе, калі прыйдзе той час, табе ўжо здаецца — аніяк не абыдзешся!..

Ёй было сорамна — яна так апраўдвалася. Яшчэ ён па гаворцы распазнаў у ёй тутэйшую маладзіцу з-пад Беластока — дакладна такую самую, якія яму не раз давалі ў партызанах есці, хавалі, мянялі бялізну ці вішчалі ды лямантавалі, каб ён з сябрамі хутчэй уцякаў, пашкадаваў яе дзяцей, бо унь, за ўзгоркам, пруцца на «равэрах» немцы. Трэба было з удзячнасцю падтрымаць яе хлусню ці хоць крыху прылашчыць, ды размовы весці ён не ўмеў, а хлусіць — тым больш не збіраўся.

Тым часам маладзіца разумела яго таксама і нічога не патрабавала. Раптам рука яе пад гімнасцёркай намацала правал пад лапаткай, і жанчына стрымала дыханне.

— Бе-едны! — пачуў ён праз хвіліну яе сардэчнае спачуванне.— Ну, паспі-і, паспі-і шчэ, табе мо-ожно, а мне — пара!..

Яна адхілілася, надта чула і старанна падаткнула пад яго шынель, прыкрыла твар каўняром, паправіла на сабе адзенне, села ды, прытворна пазяхаючы, пракрычала камусьці ў цемру:

— Броня, ужэ Фасты праехалі, трэ збірацца! Пасядзім на вакзале, покуль каменданцкі час пройдзе, як думаеш. Досыць вылежвацца, рыбачка, паднімай нашых бабаў!..

На даху раптоўна загрукатала, бытта на яго ўзвялі падкаваных коней; пачуўся скрыгат — цягнулі нейкія скрыні, мяшкі ды чамаданы.

 

8

Прыбылі яны на станцыю Беласток-Цэнтральны яшчэ зацемна. Гурба бабаў з мяшкамі і рукзакамі на спінах паваліла на вакзал. Як ён ні прыглядаўся, але ў натоўпе, асветленым цьмянай лямпай на слупе, спадарожніцы сваёй разгледзець не змог.

У бок Ваўкавыска, куды яму трэба было адпраўляцца, поезда покуль што не было. Ісці ў горад? Панаваў яшчэ каменданцкі час, і з патрулямі лепш было не звязвацца. Ля кубавой нейкія мужчыны палілі са старых шпалаў вогнішча, салдат падышоў да іх, прыслухаўся. Пажылыя і юнакі караталі сабе час, успамінаючы выпадкі з вайны. Дзівакі, яшчэ мала ім?! Перасычаны ўсё тым жа адчуваннем здавальнення і бадзёрасці ва ўсім целе, салдат пакрочыў на вакзал. Яго як магнітам цягнула зірнуць на спадарожніцу пры святле.

Яе батарэец заўважыў здалёк. У заваленай мяшкамі ды чамаданамі пачакальні сядзела мноства жанчын — хто з іх драмаў, хто браўся за снеданне, хто застыў, згорблены, у тупым забыцці. Яна сядзела ў цэнтры на белым мяшку і некага выглядала, вочы яе аж гарэлі. Спаткаўшыся нарэшце з ім позіркам, шчасліва ўзрадаваная маладзіца запрамянела яшчэ больш ды аблашчыла яго вачыма, поўнымі мацярынскай ласкі і спагады. Ён толькі на секунду затрымаў свой позірк на гэтым багацці прыемных адценняў ды адчуў, як душа яго поўніцца ўдзячнасцю да гэтага чалавека. У батарэйца нібы выраслі крылы: ён зрабіў энергічнае — кругом! — і пакрочыў назад.

Пачынала світаць. Ля вогнішча даўно не голены дзядзька з захапленнем казаў:

— А Саколе як ЯНЫ файно раскалашмацілі! Захапілі станцыю, варту звязалі, а поезд разнеслі мінай ушчэнт! Немцы перлі якраз на фронт зброю; яны падагналі сотні дзве фурманак, наладавалі аўтаматаў, кулямётаў, гранат. Спалілі станцыю і — у лес! Шчэ і запіску пакінулі з намаляванай фігай!..

Батарэец спахапіўся, што апавядаюць якраз пра яго партызанскія прыгоды. Толькі на самай справе ўсё было не так. Саколе не станцыя, а — паўстанак. Пад поездам пералажылі стрэлку, і эшалон усяго саскочыў з рэек. Варты тады вязаць не трэба было, бо тры немчыкі з «вахі», пачуўшы партызан, уцяклі. Ніякай і зброі тады не здабылі — вагоны былі з параненымі. Паўстанак жа толькі падпалілі — у хлопцаў не хапіла бензіну. Не фігу, а цэлае пісьмо вывелі крэйдай на дошцы для немцаў...

«Ладна, няхай і так будзе! — пасмяяўся салдат у душы.— Але ж — ты глядзі, людзі ўжо стварылі легенду! »

Ён раптам адчуў сябе шчаслівым, яму зрабілася ўсё ясна і стала зразумела, як жыць. Не ўвязваючыся ў размову, напоўнены радаснай энергіяй, салдат закінуў рэчавы мяшок на плечы ды энергічна пайшоў яшчэ раз шукаць поезд. Разглядаючы ў бадзёрым бляску раніцы знаёмыя сілуэты будынкаў і вакзальных таполяў, батарэйцу ўжо здавалася, што адгэтуль на фронт ён і не ад’язджаў, а ва ўсім целе адчуваў такую мускульную радасць, што пра сваю рану забыўся зусім.


1962-1977

Тэкст падаецца паводле выдання: Карпюк А. Свежая рыба : Аповесці і апавяданні. Мн.: Маст. літ., 1978. - 368 с.
Крыніца: скан