epub
 
падключыць
слоўнікі

Аляксей Карпюк

Перыпетыі пошукаў

1
2
3
4
5
6
7


1

Восенню 1953 года перасяліўся я ў Гродна і паступіў на працу лабарантам кафедры педагогікі. Паўгода таму назад у часопісе «Полымя» надрукаваў я першую сваю аповесць «У адным інстытуце», і многім з правінцыяльнага гарадка гэта дало падставу вітаць мяне як пісьменніка.

Мяне запрашалі на канферэнцыі чытачоў і сустрэчы са школьнікамі. Я адчуў павышаную цікаўнасць да маёй асобы. Вучні пільна прыглядаліся да маёй вопраткі, твару, вывучалі лоб, шукаючы нейкага таямнічага сэнсу. Настаўнікі заводзілі гутарку пра якіх-небудзь сюррэалістаў ці эпоху Адраджэння. Іншыя расказвалі мне анекдот пра класікаў ці пікантныя факты з біяграфіі таго ці іншага пісьменніка,— каб я ведаў, што і яны докі ў літаратурных справах. Мне перад імі было страшэнна няёмка.

Лічачы як бы сваім абавязкам памагаць новаму аўтару не вядомая мне дагэтуль студэнтка другога курса прынесла аднойчы мяшок з дзённікам і пачкамі пісем сваёй сястры Шуры і яе мужа. Матэрыялы прачытаў я залпам, і мяне адразу паланіў вобраз маладой пары. Тут прыйшло на памяць: стоп, я ж іх аднойчы на ўласныя вочы бачыў!

Калі ў вёсцы Біскупцы мы праводзілі кампанію па пазыцы, ад хаты да хаты разам з намі хадзіла і гэтая самая пара — Шура з вайскоўцам. Мы, сельскі актыў, заклапочана звяралі спісы, падбівалі лічбы, прыдумвалі карацейшую дарогу ў бліжэйшыя вёскі, а закаханыя, прысланыя з Ваўкавыска на падмогу, былі заняты толькі сабой — іх так і цягнула ў цёмны кут, каб пацалавацца. Ён — высокі лейтэнант са скрыпучымі рамянямі, што ладна абхоплівалі яго стройную фігуру, а яна — на цэлую галаву ніжэйшая, але зграбная, загарэлая, з тых, пра каго кажуць — кроў з малаком...

У дзённіку, у пісьмах гэтай самай Шуры і яе суджанага было поўна дэталяў і трапных думак, яны аж прасіліся ў твор,— адно не палянуйся, прывядзі матэрыял у адпаведную сістэму. Чаму мне не пасядзець над ім?

І раптам я адчуў у сабе сілу для такой работы. Ну, дакладна, як, прабуючы закінуць на плечы мяшэчак бульбы, ты бачыш,— не толькі справішся з цяжарам, але можаш падняць яго нават яшчэ і з фокусам — пакруціць над галавой ці перакінуць з пляча на плячо. Угледзеў аповесць я ўжо гатовай, і мяне нібы токам ударыла.

Выходзіць, я — аўтар не аднаго твора?

Здагадка так ашаламіла, што я адразу пазакрываў свае кніжныя шафы, датэрмінова замкнуў кабінет і пайшоў на выхад.

Неўзабаве я ўжо быў за горадам. Куды ісці?

Наогул я люблю віхуры, завеі, вятры, навальніцы, грамы, а тут, як па заказу, дзьмуў рэзкі сівер, жорсткая крупа секла неміласэрна па вачах, сцябала па твары. Я, сагнуўшыся, упарта сунуў па бруку, палявымі дарогамі, па шпалах. У галаве ўкладваліся дэталь за дэталлю новага твора, а на душы ва унісон віхуры гучала: «Выходзіць, я цяпер буду пісаць і пісаць? І гэта ніхто ўжо не адменіць?!

Ух, як здорава! Такі занятак — самы прыемны з усіх, што я паспытаў!

Людзі, я знайшоў шчасце, я ведаю, як мне жыць!!!»

Да канца дня і за ноч дашпарыў я аж да Мастоў і толькі там адчуў стому. Ніколі не спадзяваўся, што мае ногі яшчэ здольны на такі марафон (з Гродна да Мастоў — 63 км!). Світала, а да Ваўкавыска заставалася яшчэ 33 км; у абед трэба з’явіцца на кафедры. Побач чыгуначны вакзал, ды я больш не здольны быў зрабіць і кроку.

У гасцініцы знайшлося месца. Я ўпаў на ложак і заснуў як камень.

 

2

І праўда, «Дзяўчына з Ваўкавыска» пісалася лёгка і за два тыдні была гатова. Падобныя тэмы ў той час лічыліся надта моднымі,— упершыню ў нас з’явілася многа неўладкаванай моладзі пасля сярэдніх школ. Аповесць ахвотна надрукавалі б, а мяне ўжо агарнуў адчай.

Пра што яна? Пра тое, як ваўкавыская школьніца паехала ў Мінскі «пед» здаваць экзамены, як не прайшла па конкурсу, як, едучы дамоў, пазнаёмілася з афіцэрам ды выйшла за яго замуж. Банальна. Бы ў легкадумных фільмах, дзе з першых кадраў ужо ведаеш, чым ён скончыцца, тады пачынаеш плявацца ды злаваць: чаму ў такіх выпадках нельга падысці да касы і забраць назад свае грошы,— тавар жа ў магазіне прымаюць, абы квіток быў.

Паўгода я пакутаваў, бытта мне вельмі балелі зубы, покуль мяне не асяніла, як скончыць аповесць.

Пасля надрукавання твора тая самая студэнтка выказала аўтару такую заўвагу:

— Штосьці ў вашай аповесці свайго таты і мамы я не пазнаю. Не пыталася ў Шуры, бо яна з мужам жыве цяпер у Адэсе, але і сястра, напэўна, вам сказала б, што старыя з вашых старонак падобныя на кагосьці другога.

Давай я цярпліва тлумачыць дзяўчыне, што бацькі ёсць і ў мяне і, па незалежнаму ад нас закону, у в’етнамскіх, напрыклад, мастакоў Ленін падобны на в’етнамца, а ў японскіх — на японца, і нічога ўжо не перайначыш.

Дзяўчына змірылася.

Затое з «Данутай» справа была больш складаная.

 

3

Восенню 1938 года адправіўся я ў Вільню паступаць у вячэрнюю школу. Вучоба ў буржуазнай Польшчы каштавала не абы-якіх грошай, а я яшчэ быў пераростак, таму мой учынак выглядаў авантурай. Мае бацькі менш думалі пра сынаў дыплом, яны мяне выпхнулі з хаты, каб я хоць пацёрся па свеце ды сёе-тое пабачыў.

У вялізным і чужым горадзе, на вуліцы Паплаўскай пад нумарам «31-б» жонка краўца прапанавала мне пакойчык за тое, што буду насіць ёй ваду з яра. Каб яшчэ не плаціць і за навуку, наняўся я ў ліцэй пасыльным.

Уся наша вуліца ганарылася, што на ёй жыве сам генерал. Але дом яго знаходзіўся бліжэй да цэнтра, куды даходзіла сістэма гарадской каналізацыі і водаправода. Дачка генерала, з якой я потым выпадкова пазнаёміўся, была непрыгожая — хударлявая і сухая. Мяне якраз схіляла ў другі бок.

Па суседству з домікам краўца выцягнуўся асабняк багатага пана Пішчыка — начальніка пошты. Пішчык меў дзве дачкі, і маладзейшая, панна Ядзя, пацягнула з мяне гэтыя самыя залатыя нітачкі. Пацягнула паненка іх з першага дня — ды так, што не толькі вучоба не палезла ў галаву, я сабе ўжо не знаходзіў месца.

Я вартаваў паненку ў горадзе і ў ліцэі. Не зводзіў вачэй з яе вокан і нават выбіўся са сну. Калі ўжо з-за сімпатычнай суседкі я забыўся пра цэлы свет, мяне агарнула авантурыстычная ідэя — прабрацца да сваёй «багіні» ў палац, а там — што ўжо будзе.

І вось я адправіўся ў дом пана Пішчыка.

З таго моманту мінула роўна сорак гадоў. На маіх вачах пяць разоў мянялася ўлада, і з-за перажытых падзей памяць мая блытае элементарныя факты. Аднак таго моманту не змагло нічога сцерці. Вось ён.

Сваю «багіню» з маці я застаў у сенцах каля палічак са шклянымі слоікамі. Быў верасень — пара нарыхтовак салёных гуркоў, грыбоў, і Пішчыкі, выходзіць, да зімы рыхтаваліся грунтоўна. Шкляных пасудзін на паліцах стаяла некалькі соцень — такую прорву слоікаў яшчэ я ніколі не бачыў. Жанчыны былі ў халатах у чырвоную гарошыну, а на галовах мелі касынкі з такой самай матэрыі. Абедзве ўзіраліся на мяне, як на прывід, і стараліся прыкрыць грудзі. Фея мая, пра якую я так мроіў, на каго маліўся — божа мілы! — трымала ў руцэ слоік і збіралася з яго якраз высыпаць у вядро... здохлых мух.

Убачыў я гэты малюнак — і вобраз багіні адразу растаў, расплыўся, некуды знік ды застаўся там, на вуліцы, у змрочных закутках ліцэя, у марах бяссонных начэй. Я ўжо надта пашкадаваў, чаго ішоў да Пішчыкаў.

Не магло потым нічога змяніць і наша знаёмства з паннай Ядзяй.

 

4

Ішлі гады, мільгалі падзеі, і я пачаў заўважаць, што з віленскіх часоў сядзіць ува мне якісьці душэўны мазоль — упарты, цвёрды і сталы. Мазоль гэты заўсёды пра сябе напамінаў, мяне непакоіў, я нікуды ад яго не мог падзецца. Расказаць бы пра той выпадак каму, добра выспаведацца, але хто цябе будзе слухаць?

К таму часу свой душэўны настрой я ўжо прызвычаіўся выкладваць на паперу, таму аднойчы задумаўся — а ці не вылажыць па паперу і ўсё тое, што ўва мне накапілася за год жыцця ў Вільні? Не абавязкова для друку, а — каб паспытаць асалоду ад новага кантакту з вобразамі мінулага. І не прытрымлівацца дакументальнай праўды, а зірнуць цяпер на падзеі крытычна, з гумарам, падысці да іх з вышыні сённяшніх ведаў і вопыту. Павінен быць страшэнна прыемны занятак.

Неўзабаве і настаў той дзень, калі я, каб не насіць у сабе непасільны цяжар, узяўся за работу.

Я меўся перадаць толькі дух пэўнага часу, і сапраўднае прозвішча не падыходзіла аніяк. Свайму герою адразу знайшоў прозвішча — Барташэвіч Янка і адчуў — гэтаму сялянскаму хлапцу матэрыялу ў тайніках маёй душы хоць адбаўляй. Гераіню з дома начальніка пошты для кантрасту перанёс у дом генерала, падабраў і ёй прозвішча — Янкоўская Крыся. Тут спахапіўся — мала ведаю быт людзей з такога асяроддзя, у генеральскім доме на Паплаўскай быў толькі ў адным пакойчыку і чамусьці нічога характэрнага ад тых візітаў у галаве не засталося...

На падмогу прыйшло нахабства.

За адзін вечар я абышоў кватэры ўсіх генералаў, якія тады жылі ў Гродне. Здзіўленыя гаспадыні ахвотна мне паказвалі сваё багацце, нават запрашалі прыходзіць зноў.

Адным словам, сеў я за стол. Восем месяцаў работы над аповесцю праляцелі як адзін дзень. Я надта люблю перыяды, калі пішацца,— іх можна параўнаць толькі са станам, калі ты закаханы. Зноў я перастаў заўважаць падзеі, надвор’е і нават тое, што рабілася ў сям’і (мабыць, таму празаікі не ідэальныя бацькі і мужы!).

Між іншым, тады і заўважыў я ўпершыню дзіўную з’яву. Справа ў тым, што празаіку даводзіцца многа сядзець над рукапісам ды шмат разоў яго перарабляць і перапісваць. Потым я падлічыў: «Дануту» перапісваў 32 разы (да чэшскага выдання)! Перапісванне — не механічная работа. Кожную фразу зноў як бы прапускаеш праз аголеныя жылы ды ўсё мацней сябе ўзвінчваеш. Дык вось, у тыя дні, калі заканчваў перапісваць новы варыянт аповесці, кожны раз пачынала ў мяне ўзнімацца і тэмпература. Будучы на Вышэйшых літаратурных курсах у Маскве, я зайшоў са скаргай у літфондаўскую паліклініку. Нічуць не здзівіўшыся, мажны сталічны доктар мяне супакоіў:

— Так памёр Блок.

У Гродне сябравалі мы сем’ямі з Мікалаем Іванавічам Арынчыным. Яго сардэчная жонка Таіса Васільеўна — загадчыца кафедры медінстытута — зацікавілася маім станам ды намерылася прыставіць да мяне групу студэнтаў, каб вывучыць дзіва бліжэй. На жаль, акадэміка Арынчына неўзабаве перавялі ў Мінск, а я так і застаўся ў няведанні — праўду гаварыў маскоўскі самавіты доктар ці загаворваў зубы. Але ўсё гэта было потым.

Перарабляючы і перапісваючы рукапіс, я нарэшце сваёй гераіні выбраў і канчатковае імя — Данута. Мне яно спадабалася свежасцю, хоць на Гродзеншчыне тады называлі так амаль кожную трэцюю дзяўчыну.

К таму часу мне ўжо вядомы былі і элементарныя законы мастацтва. Напрыклад, я ўжо разумеў, што, каб ажаніў Леў Мікалаевіч свайго Вронскага з Аннай Карэнінай, каб паслаў гэту пару на цёплыя воды ў Неапаль, каб скончыў на гэтым раман,— твор людзі забылі б яшчэ ў мінулым стагоддзі. І каб Шолахаў выдаў Аксінню замуж за Грышку Мелехава, зрабіў яе старшынёй сельсавета, а яе казака — кіраўніком Вёшанскага валвыканкома і гэтым скончыў твор,— не было б «Ціхага Дона»...

Я ўжо цвёрда засвоіў — літаратура павінна браць чытача за душу, таму канец у аповесці вырашыў даць суровы. Пры гэтым не парушалася і жыццёвая праўда. Колькі ведаю харошых дзяўчат, якія таксама, як і мая гераіня, склалі свае светлыя галовы за вялікую справу.

 

5

І вось аповесць у асноўным скончыў. Для пэўнасці яшчэ раз і два начыста перапісаў, покуль мне твор не спадабаўся цалкам. Хацелася перад кімсьці пахваліцца, але перад кім? Якраз атрымаў з часопіса запрашэнне на сюжэтную рэч і ў адказ, не надта верачы ў поспех, адправіў свежы рукапіс у «Маладосць».

Праз пару тыдняў заехаў чагосьці ў Мінск ды зайшоў у рэдакцыю «на разведку». Мой твор прачытаў ужо намеснік галоўнага рэдактара. Ён з таямніча-строгім выразам на твары павёў мяне ў калідор, пасадзіў на канапу.

— Аляксей, што ты нарабіў? — раптам з абураным шкадаваннем напаў ён на мяне.

— ???

— Ці ты здурэў, ці якое ліха табе?! Ай-яй-яй, аж так не ведаць задач літаратуры!

— А ў чым справа? — Я ўсё нічога не разумеў.

— Узяў ты харошага нашага хлапца, ды ў каго ж ты яго ўлюбіў? У дачку рэакцыйнага генерала-легіянера! Што, дзяўчыны сваёй яму не мог ты падабраць, ці якая халера?! Разумееш, куды павяла цябе твая наіўная блізарукасць? На трыста старонак з гакам адбухаў цагліну, столькі ўбіў у яе часу, перавёў паперы, і ўсё дарма, ай-яй-яй-й!..

Я тады адчуваў сябе яшчэ правінцыялам. Рэцэнзент пачынаў здавацца мне ледзь не абсалютным знаўцам літаратуры, яго імя трапіла нават у школьныя падручнікі, і душа мая ад жаху аж у пяткі ўвайшла. Пачаў я сябе касціць прыкладна так:

«На самай справе, што стрэліла мне ў галаву такое пісаць — пра буржуя-генерала, яго жонку і ад’ютанта, пра охі і ахі?! Ага, пісаў жа для сябе, пра друкаванне нават і не думаў. Тады — на якога д’ябла паслаў у такі адказны орган? Прыемна было сядзець над рукапісам, цешыцца даўняй атмасферай,— ну і цешыўся б сам, размочваў бы свой «мазоль». Ім патрэбны матэрыялы з вялікай палітыкай, на якіх самавітыя рэцэнзенты выводзяць цэлыя тэорыі ды замацоўваюць іх потым у хрэстаматыях. Пры чым тут нейкая генеральская дачка-фіфачка, пры чым ні рыба ні мяса яе Барташэвіч?!»

Адчытваў я сябе так у душы і адначасова слухаў сталічнага крытыка. А намеснік рэдактара ўсё чытаў і чытаў мне натацыі. Затым стаў апавядаць пра свой выпадак.

Выяўляецца, і ён некалі без памяці кахаў адну фею, якая паўтара гады дарыла яго платанічнай ласкай. Потым ён з жахам даведаўся, што ўвесь час, покуль ён марыў аб ёй ды ўздыхаў, а яна строіла яму вочкі, нягодніца жыла з абармотам-капітанам рачнога парахода. Толькі ж каму гэта цікава ды якую з гэтага факта выведзеш ідэю?..

А скончыў суровы крытык маналог так:

— На, Аляксей, свой опус і нікому больш не паказвай. Адпраўляйся ў сваё Гродна ды паспрабуй зрабіць нам нешта на тэму надзённую — бясспрэчна, пісаць ты, старык (гэтае слоўца тады якраз уваходзіла ў моду), можаш!

Між іншым, калі потым «Дануту» адзначылі ў друку і пачалі аповесць перавыдаваць, рэцэнзент, хоць і з неахвотай, аднак прызнаў, што ў творы тады не разабраўся. Затое цяпер, калі займеў ён шмат тытулаў, на поўным сур’ёзе пры мне заявіў, што ўдачу аўтара ён заўважыў тады самы першы. Але няхай гэта будзе на яго сумленні.

 

6

Такім чынам, у першай рэдакцыі аповесць маю раскрытыкавалі. На ватных нагах павалокся я на вакзал і некалькі тыдняў у Гродне не знаходзіў сабе месца. Героі з «Дануты» ў сне мне жаліліся. Ідучы куды-небудзь, як з жывымі, я гутарыў з імі і бытта бы суцяшаў іх. Бачыў кожнага выразна і не мог ад іх адмовіцца аніяк. Найбольш — ад Дануты.

«Ну і што, калі яна дачка буржуазнага генерала — паненка ж загінула за вялікую справу! А Барташэвіч які файны хлапец?!. Рэцэнзент сам цагляны опус!..»

Дарэчы, галоўны герой аповесці б’ецца з эндэкамі, калі ў зале Снядэцкіх выступае Максім Танк. Раздзелы гэтыя не выдуманыя. Мне самому дасталося тады «на арэхі». Потым на вёску прыслалі бацьку ад хірурга рахунак на 15 злотых — недзе і цяпер яшчэ ляжыць у мяне квіток аб уплаце. Давай пашлю рукапіс Танку, няўжо не крануць яго тыя родныя яму мясціны?»

Другі раз запакаваў я твор ды адправіўся на пошту.

Дакладна праз тры дні ад Танка прыйшла паштоўка. Яўген Іванавіч не толькі віншаваў мяне з удачай — «Полымя» бралася аповесць друкаваць.

Далей не ўсё пайшло так гладка.

Перад самай здачай у набор пачалося ў аддзеле. Рэдактар, бачыце, сам пісаў раманы са станоўчымі героямі, з надзённымі тэмамі, і ніхто гэтага подзвігу чамусьці не заўважае, а тут нейкі аўтар з правінцыі намаляваў буржуазную фіфачку, хлапца ні тое ні сёе, і яму такая ўвага! Дзе ж справядлівасць?!.

Дзякуй богу, усё абышлося. Са скрыпам, з вялікай неахвотай, аднак рукапіс у друк ён здаў.

 

7

Калі «Данута» ўжо выйшла і па-руску, я адразу паехаў у Вільнюс, каб сваю кніжку падараваць прататыпу. Шчыра кажучы, ішоў я па знаёмых мясцінах і хваляваўся, як малы. Мяне нават разбіралі дрыготкі. Адначасна было і цікава — якая цяпер Ядзя?..

У Вільнюсе мяне напаткала вялікае расчараванне. Адразу пасля вайны Пішчыкі пераехалі жыць у Польшчу. Дзе цяпер жыла пані Ядзя, ніхто сказаць не мог.

Да сённяшняга дня «Данута» мела дванаццаць публікацый, аповесць перакладзена на іншыя мовы, выдавалася і за мяжой. Многа чытачоў прыслала свае водгукі. Пісьмы былі двух гатункаў. У адных — людзі звярталіся да аўтара і выказвалі свае адносіны да твора.

Іншыя ж на канвертах пісалі так:

«г. Гродна, аблана. Інспектару Янку Барташэвічу (свайго героя пад канец аповесці я «змясціў» на працу інспектарам)».

Інспектар па кадрах М. П. Кузняцова пісьмы такія збірала ў пакеты ды адпраўляла мне на кватэру — маўляў, разбірайся з імі сам, бо інспектара такога ў нас няма.

Чаго толькі не было ў тых пісьмах! Нейкая кабета з-пад Кобрына пісала:

«Дарагі тав. Барташэвіч! Вы столькі перажылі, і хоць маеце жонку, а засталіся адны. Сумую вельмі адна і я, хоць і замужам. Давайце пачнем перапісвацца...»

Другая пісала:

«Калі ласка, прышліце, дарагі Янка Барташэвіч (даруйце, не ведаю, як Вас па бацьку!), мне фота сваёй Дануты. Я павешу яго над ложкам і буду заўсёды глядзець на яе вобраз — устаючы і кладучыся...»

А настаўніцы са Смаргоншчыны катэгарычна патрабавалі:

«Вырашылі мы зрабіць экскурсію ў Вільнюс ды пакласці на Дануціну магілку кветкі. Выязджаем сваім аўтобусам 5 ліпеня ў 6 гадзін раніцы. Просім Вас, дарагі тав. Барташэвіч, к нам далучыцца. Калі ўжо не зможаце з намі паехаць, то тэрмінова напішыце нам, прынамсі, дзе яе магіла...»

У Маскве на ВЛК ад выкладчыкаў я пачуў, што ў Англіі ёсць горад, у якім каля старэнькага тэатра стаяць унікальныя два помнікі. Ім па трыста гадоў, да іх водзяць турыстаў (шкада, не запісаў назвы горада!). У XVII стагоддзі для мясцовага гарнізона ставілі там Шэкспіра. Калі на сцэне Атэла пачаў душыць Дэздэмону, адзін салдат закрычаў, каб раўнівец адстаў ад жанчыны. Гэта, вядома, не памагала. Тады абураны салдат ускінуў лук, нацягнуў цеціву ды прашыў артысту сэрца стралой. Салдата пакаралі. Аднак помнік паставілі і яму — як ідэальнаму гледачу.

Я не Шэкспір, ды крыху падобны чытач знайшоўся і ў мяне.

Аднойчы шаноўная Маргарыта Пятроўна прыслала мне з аблана новую пачку пісем. Сярод іншых адна чытачка пісала:

«Бартошевич!

Я очень довольна, что ты в живых и тебе можно влепить в лоб все то впечатление, что произвело на меня после прочтения книги «Данута». Кончив читать, я вслух кричала: Сволочь! Сволочь! Идиот! Хуже того Рыжего, что лупил тебя на сцене! Мало он тебя лупил! Ведь ты коварнее его! Любил ты Дануту, когда она тебе была недоступна, когда же она тебе стала доступной — ты стрелял ее! За что, фриц ты?! (Тут ідзе фраза не да друку, я вымушаны яе апусціць...) А Дануту, свою любовь, не удалось самому удушить, и ты оставил ее на растерзание немцам, зверюга ты!

Мои пожелания тебе: пусть светлая и чистая любовь Дануты живет в твоем сердце, как червь, до глубокой старости твоей, а когда придет к тебе твоя смерть, чтобы она была похожа на смерть Дануты! С такими же пытками и ты был таким бессильным и беззащитным, какой ты оставил ее —

Придурок ты!

Ольга Т».

Калі наша задача ў тым, каб узяць чытача за сэрца, то лёгка сабе ўявіць маю радасць пасля прачытання гэтага «крыку» душы. Во ўзяў за жывое. Каб гэтая самая «Вольга Т.» жыла ў Гродне, а ў нашым аблана і праўда працаваў такі Янка Барташэвіч, то, мабыць, яна знайшла б яго і, прынамсі, вочы яму выдрала б.

Такое было маё першае ўражанне.

Потым стала сумна. Усё ж такі мы жывём не ў XVII стагоддзі і ўспрымаць кніжку мастацкай літаратуры як нейкі дакумент — трохі наіўна.

 

1977


1977

Тэкст падаецца паводле выдання: Карпюк А. Выбраныя творы. У 2 т. Т. 1. Данута: Аповесць. Апавяданні. Публіцыстыка / Прадм. У. Калесніка.— Мн.: Маст. літ., 1991.— 463 с.
Крыніца: скан