epub
 
падключыць
слоўнікі

Аляксей Карпюк

Погляд на мастацтва

Прывозіць мяне старшыня калгаса на поле ды аб’яўляе:

— У гэтым годзе, брат, здорава яравыя ўрадзілі! Ты разумееш: уволю даў мінеральных, хімікатамі лётчыкі прапалолі, дажджоў было дастаткова — збажына вырасла, аж страх! Бачыш, якая салома? Кладзіся на яе, а яна вытрымае!..

— Бачу, ураджай выдатны. Віншую!

— Не ты першы мне гэта кажаш!.. Думаеш, для гэтага я цябе вёз, каб пахваліцца адно? Намалюй ты, калі ласка, мне яравыя на карціне!

— Як гэта?! Гм... Мо лепш табе фатографа запрасіць?

— Не-е, псаваць эфекту не хачу! Мне трэба фарбамі! І карціну — як найбольшую! На цэлую сцяну ў новым клубе! Чаго рагочаш? Ты толькі падумай: адзін авёс дасць на круг — мы з аграномам падлічылі — па сорак пяць цэнтнераў з га, а ячмень, а пшаніца — яшчэ больш! Калі такое было, падумай?! Разбагацеем, грошы будуць, табе не пашкадую восенню! На мастацтва? Ніколі! Малюй хутчэй, покуль не перастаялі яравыя, покуль салома наліта сокам! У тым доме жыць будзеш, з гаспадыняй я ўжо дамовіўся, каб цябе карміла, як дачніка!..

Вядома, я адмовіўся.

Знайшоўся, аднак, аматар на грошы, жыццё дачніка і яравыя «намаляваў». На дваццаці трох квадратных метрах. Наша майстэрня выканала ўсе планы!

З таго часу ў вачах былога сябра я праслыў гультаём і чалавекам несучасным.


1962-1976

Тэкст падаецца паводле выдання: Карпюк А. Свежая рыба : Аповесці і апавяданні. Мн.: Маст. літ., 1978. - 368 с.
Крыніца: скан